epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Рэальная шматграннасць і філасофскае адзінства

 

Рэальная шматграннасць і філасофскае адзінства 1

 

...Уявім сабе кнігу мастацкае літаратуры на тэму аб пабудове электрастанцыі на тарфяным балоце. Як быццам мы маем справу з вытворчым жанрам. І гэта сапраўды так. Будзем ісці ў гэтым плане. Магутнасць гэтай электрастанцыі прадбачыць вялікую лішніцу электраэнергіі ў тым выпадку, калі прадпрыемствы — спажыўцы энергіі — не пабольшацца паводле велічыні самое электрастанцыі. А калі пачаць з росту фабрыкі, дык гэты рост можа быць толькі тады, калі адначасна будзе рыхтавацца крыніца электраэнергіі. Так што адна тэма цягне за сабой другую. Тут жа выростае і трэцяя тэма — сырэц. Уявім, што фабрыка тэкстыльная, і пашырэнне фабрыкі патрабуе павелічэння колькасці льну. Значыцца, вырасла трэцяя тэма — пра зямлю. Сам гэты план прадбачыць гэтае ўзаемадзеянне тэм, іх адзінства і раўнацэннасць — індустрыяльны гігант, гарадская прамысловасць, зямля (вёска, калектывізацыя). Мы знаходзімся ў сферы аднаго плана: перад намі адзнакі вытворчага жанру.

Паказаць толькі голае, і само па сабе, будаўніцтва індустрыяльнага гіганта — гэта значыцца яшчэ нічога не паказаць. Бо і электрастанцыя, і фабрыка, і ўсялякая машына не ёсць нейкая самамэта, рэч высокай тэхнічнай выдатнасці, што створана на тое, каб вечна захапляцца ёю і каб яна ўзвышалася над людзьмі, што яе стварылі. Машына цікавая толькі як сродак. Такім парадкам пераходзім у сферы іншых планаў таго ж самага творчага замыслу. Перад намі людзі.

Будаўніцтва электрастанцыі, або выкананне промфінплана на фабрыцы, або ўмацаванне калгаса, мы не можам паказаць без ударнікаў. А героі пяцігодкі, гэтыя энтузіясты сацыялістычнага будаўніцтва, не ёсць нейкія адмысловыя людзі, што ўзяліся немаведа адкуль. Гэтыя людзі ёсць спадчыннікі, якія крытычна засвойваюць вялікае напластаванне вякоў, яны не з неба зваліліся. Хто, напрыклад, прыходзіць на пустое і дзікае балота будаваць электрастанцыю? Сярод усёй масы рабочых мы тут знойдзем таксама масу тых жа самых нядаўніх сялян. Можа, былых местачковых рамеснікаў. Калектывізуючы сваю зямлю, сяляне спрэс і да самага карэння зменьваюць самы твар зямлі і ўсё жыццё на ёй. Яны прыходзяць на будаўніцтва, развітаўшыся назаўсёды з сваёю гэтакаю зямлёю, якую яны аралі спрадвеку і якая спрадвеку ляжала страшным цяжарам на іхніх плячах.

Што пакінулі ўсе гэтыя людзі, прыйшоўшы на будаўніцтва, за сваімі плячыма? Яны прыйшлі разбураць старое і будаваць новае. А што гэта такое гэтае старое? У такой меры, як мы гаворым, што мала паказаць толькі адно голае будаўніцтва, у такой меры мы не можам мець дачынення і да старога, паказваючы яго, як якую-небудзь толькі вузкую палоску поля, пакорпанага дрэнным плугам, гнілую хату або цвілое сутарэнне рабочага. Трэба не забываць, што ўсе гэтыя бядоты, усялякая эксплуатацыя чалавека чалавекам заўсёды вельмі ўдала ўгрунтоўваліся філасофіяй эпохі, усяею ідэёваю накіраванасцю каштоўнасцей культуры, створанай нявольніцкімі вякамі культуры, калі ўзяць яе ў цэлым, без асобных яе кампанентаў, паганай. Але, можа, гэта не так? Можа, тыя «вечныя» ідэі, якія пралетарыят разбурае, ёсць чыннікі і сэнс чалавечага шчасця? Можа, напрыклад, высокія цемрашалы — кіраўнікі якіх бы там ні было рэлігійных плыней, пачынаючы ад каталіцызма і канчаючы будызмам, шчыра клапоцяцца пра шчасце людзей, прапаведваючы вечную праўдзівасць ідэі бога? Мы маем прыклады, калі царква ў некаторых праслойках нават рабочага класа — за межамі нават яшчэ і цяпер — трымае свой уплыў. Дык вось, паказваючы новых людзей, будаўнікоў новага жыцця, новай культуры, трэба паказаць і тыя працэсы, што адбываюцца ў іх і навокал іх, калі яны адпіхаюцца ад старых ідэй, ад старога свету і дзейна руйнуюць тое, што ў папярэднія вякі было як «вечнасць», вечнасць нявольніцкая і паганая. Маючы на ўвазе тут разбурэнне рэлігіі, мы такім парадкам уводзім твор у новы план: у план раскрыцця існасці рэлігіі. Твор перарастае свае вытворчыя рамкі і ўваходзіць у сферу філасофіі. Энтузіяст сацыялістычнага будаўніцтва не толькі будаўнік сацыялізма, гэтай новай культуры, якая самым фактам свайго росту знішчае старую культуру, убіраючы ў сябе ўсё, што ў ёй ёсць каштоўнага, ён і знішчальнік усіх павеваў нявольніцкае гісторыі. Прычым ён усё гэта знішчае і ў самім сабе. Ён здымае замкі з «вечнасці». І гэтыя замкі з «вечнасці» павінна здымаць і літаратура.

Разам з тым, як зменьваецца ўсё, нават сама мясцовасць, зменьваюцца дачыненні паміж асобнымі людзьмі, зменьваюцца ў чалавеку густы і запатрабаванні. Адбываюцца змены ў побыце, перафармаванні ў сям’і. Такім парадкам твор уваходзіць у яшчэ адзін план: план сямейнабытавы.

У нас вельмі часта і паказ герояў сацыялістычнага будаўніцтва і паказ будаўніцтва і росту гігантаў сацыялістычнае прамысловасці робіцца ў мастацкіх творах ізалявана ад усіх гістарычных працэсаў, як штосьці гэтакае, што нейк раптоўна ўзнікла, без гістарычнае падрыхтаванасці. А гэта зніжае каштоўнасць твора. Калісьці і ў нас, у БССР, пачалі былі гаварыць пра гісторыю заводаў і пра гісторыю грамадзянскай вайны. Гэтую гісторыю, як і наогул гісторыю, мы павінны ведаць і заўсёды быць у яе сферы, калі пішам свае творы. Гэтага патрабуе хоць бы сабе момант выкрыцця існасці феадальнай і буржуазнай культуры, якую мы разбураем, будуючы культуру новую. Гісторыя заводаў, гэта ёсць гісторыя пралетарыята. А мы толькі тады здолеем напісаць паўнацэнныя творы, калі будзем ведаць гісторыю пралетарыята. (Таксама і гісторыю буржуазіі.) Нашы творы, значыцца, уваходзяць яшчэ ў адзін план: план гістарычны. Павевы гісторыі павінны быць у літаратуры.

Класавы вораг. Як ён змагаецца за свае ідэалы, як трымаецца за права на эксплуатацыю і як у новыя формы пераходзіць класавае змаганне. Класавае змаганне, нянавісць да класавага ворага і змаганне з ім павінна прасякнуць увесь твор пісьменніка.

Можа, вельмі ўмоўна я называю тут шматпланавасцю гэтакую распрацоўку матэрыялу, што калі, напрыклад, твор напісаны на тэму аб пабудове электрастанцыі і гэтая пабудова паказана, як героіка будаўнікоў, дык з гэтым цесна пераплецена у творы і ёсць яго неадменны кампанент і змена мясцовасці тут, і змена псіхікі і жыцця тутэйшых людзей і таксама саміх будаўнікоў, і адміранне рэлігіі, станаўленне новай маралі, нараджэнне новых крыніц, з якіх вырастаюць новыя масы будаўнікоў-энтузіястаў. Паказ усялякіх катэгорый і разуменняў. Паказ змены самога жыцця замест ізаляванага паказу будаўніцтва. Аднак тэма аб пабудове электрастанцыі ставіць і распрацоўвае шмат праблем: дружба і варожасць, замілаванне і нянавісць...

Разам з тым, як пралетарыят чуе за сваімі плячыма змрок мінулых вякоў, ён рыхтуе ясноты вякоў наступных. Гэтай шырокай перспектыўнасці мы павінны дамагацца і ад сваіх твораў.

У святле ўсяго гэтага выразна вырысоўваецца вузкасць такіх твораў, як, напрыклад, мая «Вясна». Адной толькі тэматыкай адставанне літаратуры ад эпохі не знішчаецца. Калектывізацыя не ёсць толькі калектыўная апрацоўка зямлі і збор ураджаю. Калектывізацыя ўмешваецца і ў справы тае «вечнасці», пра якую вышэй гаварылася. Або ўспамінаецца яшчэ апавяданне (не маё) пра калгасніка Трыхона Жаролу. Гэты чалавек з чорнай мінуўшчыны прынёс у калгас з сабою сваё сапраўды хрысціянскае «смирение». Ён абураецца ўчынкам аднаго калгасніка, які сказаў, што ў калгаснай сталоўцы абед дрэнны. Як? У калгаснай сталоўцы можа быць дрэнны абед? Гэта ж «святотатство»! Новы чалавек пачнецца там, дзе скончыцца «смирение» і «славословие».

Адставанне літаратуры ад задач сацыялістычнага будаўніцтва ў тым, што наша рэчаіснасць расправілася з старою «вечнасцю», што яна пазрывала заскарузлыя дзяругі ідэй, народжаных нявольніцкімі вякамі, што яна дала тып ударніка, тып бальшавіка, тып сучаснага новага чалавека. А наша літаратура часта яшчэ ўсё на гэтага новага чалавека нацягвае назад — то дзяругі рамантызма, то мяшчанскага дабрабыту. А то гэтага шырокага і глыбокага сваім вырашэннем вялікіх задач, сваёю дзейнасцю чалавека паказвае як чалавека вельмі вузкага.

Мы павінны дамагацца, каб кожная новая кніга, што выходзіць у свет, ішла ў арсенал бальшавіцкае зброі. Літаратура накіроўвае, паказвае, вучыць. А няма лепшага настаўніка, як сама рэальнасць. І от кожны літаратурны твор павінен быць гэтакім шматгранным як сама рэальнасць. Сіла літаратуры ў яе вялікай ідэёвасці, у зямной яе рэальнасці, у яе агні і напорнасці.

Агнём і полымем замілавання і нянавісці дыхаюць творы Віктора Гюго, на мяжы з навукай стаіць аналіз у творах Бальзака. Але не таму мы ўспамінаем гэтых класікаў, што нібы цераз іх мы раптам зразумелі патрэбнасць нашай літаратуры агню («страстности» вобразаў і рэалізму), розуму, навукі. Наша літаратура не будзе на вышыні нашай эпохі, калі не будзе мець у сабе гэтых якасцей, і от, ідучы ад свае эпохі, ад свае літаратуры, ад сваіх задач, мы заўважаем на фоне старое культуры лепшых яе прадстаўнікоў, ні на хвіліну не забываючы таго (канкрэтна ў гэтым выпадку), што Віктор Гюго не разумеў сіл ходу гісторыі, што Бальзак ніяк не выйшаў з рамак свайго (буржуазнага) класа, які ён так высмейваў і крытыкаваў.

Шматграннасць літаратуры прадбачыць многасць спецыфічных прыёмаў, кірункаў, якія развіваюцца ў межах адзінага творчага метаду марксізма-ленінізма. І калі мы будзем спрыяць размежаванню літаратуры на гэтыя кірункі, дык мы гэтым самым будзем спрыяць росквіту нашай літаратуры...

1 Свае «пісьменніцкія нататкі» пішу адначасна з новымі творамі і на іх матэрыяле. К. Ч.


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6 т. Т. 4. Раман, аповесці, п'еса, публіцыстыка, 1930 - 1940.- Мн.: Маст. літ., 1989.-463 с., [4] л.іл.
Крыніца: скан