epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Рэдакцыйны госць

Адзін раз да нас у рэдакцыю прыйшоў быў шчуплы і нізкарослы чалавек. Кароткі кажушок яго быў цесна падперазаны шырокім раменным паясом, а зімовая шапка вельмі ссунута была назад і адкрывала нізенькі лоб, спацелы і аблеплены рэдкімі мяккімі валасамі.

Ён зморшчыў нос, прыжмурыў вочы, палажыўшы гэтым на твар свой плаксівы выраз пакрыўджанага чалавека, і падаў некалькі лісткоў паперы, дробна спісаных сінім атрамантам.

У карэспандэнцыі гаварылася аб тым, што старшыня сельсавета не мае на яго вока і любіць выпіць. А выпіўшы заўсёды бывае п’яным. А пасколькі п’яны, пастолькі няправільна дзела вядзе.

— Я вам паясню,— сказаў чалавек, калі карэспандэнцыя пачала прачытвацца,— я не магу не сказаць. Ён не савецкі элемент і не мае ў сабе ні каплі праўды. А ўсё, што ён робіць, належыць да абжалавання. Так! Чытайце, там усё сказана.

Далей у карэспандэнцыі гаварылася, што старшыня сельсавета ў нядзелю ніякіх захадаў не зрабіў, бачачы, як хлапцы і мужчыны рэзаліся ў тэфталя, а пасля перайшлі на рамс. Нават сам узлёг на спіны мужчын ззаду і нейкі час глядзеў, хто найбольш аграбае банкаў... Пасля гэтага, замест таго, каб пачытаць газету, пайшоў дадому ды лёг спаць. Наогул дрэнны чалавек, не савецкі элемент.

— Прашу друкаваць,— сказаў чалавек.

— А за што на вас старшыня вока не мае?

— Я яму ў косці ўеўся.

— А нашто вы яму ў косці ўядаліся?

— Вялікае дзела. Доўга расказваць. Гэта яшчэ з тых часоў, як ён у сельсавеце не быў. Па няправільнаму даносу, па злабе, значыць, усадзіў бы мяне ў астрог, каб я штрафам не пакрыў усяго.

— А за што ён вас так?

— Злабу меў. І маючы злабу, выдумаў і данёс, нібы я ганю самагонку.

— То можа вы і гналі?

— Што я вам, не сказаў бы? Каб гнаў, то сказаў бы.

— А за што ж вас аштрафавалі?

— Я ж кажу — па злабе... Знайшоў быў я нек на дарозе трубку нейкую — можа яна і ад апарата, чорт яе ведае. Я не лішне прыглядаўся там да яе, а ўзяў ды і закінуў у куток — у гаспадарцы, думаю, на што-небудзь скарыстаецца. А тут яны да гэтага і прычапіліся.

— Ну дык чаго вы хочаце?

— Надрукаваць.

— Для чаго?

— Каб нанава дрэва перадзялілі.

— А як яны яго падзялілі?

— Няправільна. Мне, напрыклад, усяго два пні далі, тады калі я маю права больш атрымаць.

— Чаму вы маеце права больш атрымаць?

Ён доўга тлумачыў аб самагонцы, аб злабе, аб несавецкіх элементах.

А праз два дні зноў прыйшоў у рэдакцыю і заявіў:

— Калі вы яшчэ не надрукавалі таго, што я вам пазаўчора падаў, дык не друкуйце — там выйшла памылка, а я от новыя факты сабраў.

У новай карэспандэнцыі было напісана, што старшыня не вядзе дзела.

— З чаго гэта відаць?

— Ваабчэ.

Праз тыдзень ён ізноў зайшоў у рэдакцыю і заявіў, што хоча быць сталым селькорам. Папрасіў тых ранейшых допісаў не друкаваць, а падаў новы. У гэтым было напісана, што евангелісты збіраюцца маліцца, а старшыня ніякіх захадаў не робіць і глядзіць на гэта скрозь пальцы. А яшчэ праз тыдзень ён прынёс верш, у якім гаварылася аб усім раней пісаным — аб самагонцы, евангелістах і старшыні — адразу.

І цяпер пачалася бяда — ён кожны амаль дзень заходзіў у рэдакцыю сварыцца, чаму не друкуецца яго верш. Абяцаў нават прынесці нейкі прыгавор з подпісамі грамадзян усяе вёскі... Што ён рабіў у горадзе — хто яго ведае.

Праз нейкі час на яго пасыпаліся ў рэдакцыю карэспандэнцыі, што ён пасек лес, а старшыні заявіў, што лес гэты мясцовага значэння і калі што — дык памятай! Я селькор!..

Пасля гэтага ён недзе знік і больш не прыходзіў.




Беларуская Палічка: http://knihi.com