Кузьма Чорны

Шарлатанскі зброд на службе ў нямецкіх акупантаў

Вераломства, ашуканства і авантура — не толькі форма, але і змест нямецкай, з дазволу сказаць, палітыкі. Подкупы, шпіёнства, зладзейства, жорсткасць, бессардэчнасць, здзек — усё гэта жывая натура гэтай палітыкі. Скарыстаць дзеля сваіх мэт усякіх прайдзісветаў, абармотаў і жулікаў — гэта нязменны спосаб дзеяння нямецкіх захопнікаў. Вось чаму каля нямецкіх акупацыйных улад заўсёды знаходзілі і знаходзяць сабе месца цёмныя асобы, у якіх за душой няма нічога святога.

У часы акупацыі Беларусі ў 1918 годзе немцы стараліся жульніцкім спосабам стварыць як-небудзь дакумент, якім яны маглі б пахваліцца, што быццам бы на Беларусі іх вельмі любяць. З гэтай справай яны вельмі спяшаліся, бо ўсюды па Беларусі ўзнімаліся супраць іх народныя паўстанні.

Акупанты знайшлі ў Мінску трох ці чатырох шарлатанаў, якія далі ў Берлін кайзеру Вільгельму тэлеграму, у якой дзякавалі яго за тое, што немцы акупіравалі Беларусь. Гэтых асоб ніхто не ведаў і нічога пра іх ніколі не чуў. Яны падпісалі тэлеграму пад тытулам «беларускія міністры».

Сярод гэтай жульніцкай кампаніі «прэм’ер-міністрам» назваўся канавал Іван Серада, які займаўся сваім рамяством у ваколіцах Мінска і аціраўся па панскіх кухнях. Натурай сваёй гэта быў тыповы лакей. Да «міністэрскага партфеля» неіснуючага міністэрства ён дайшоў праз рэкамендацыю старой мінскай княгіні Радзівіл, у якой ён некалькі год быў чымсьці накшталт дамашняга доктара яе ўлюбёных сабачак. Самадурка княгіня мела сувязі з акупацыйным начальствам і, дазнаўшыся, што немцам спатрэбілася авантура з тэлеграмай Вільгельму, захацела пацешыцца і парагатаць з таго, як яе прыдворны сабачы лекар назавецца «беларускім прэм’ер-міністрам». Яна яго і парэкамендавала на гэты «высокі пост».

Прыкрыўшыся тэлеграмай Вільгельму так званых «беларускіх міністраў», немцы «ўзаконілі» крывавыя расправы з беларускім народам. Чым скончылася гэтая авантура,— мы ведаем. Народны рух супраць акупантаў увесь час шырыўся. А неўзабаве немцы ўжо выносілі з Беларусі ногі.

Тыя ж самыя жульніцкія спосабы «ўзаконення» свае крывавай улады над беларускім народам нямецкія акупанты практыкуюць і сёння.

Праводзячы сваю так званую зямельную рэформу, гэта значыцца, адабраўшы ад беларусаў зямлю і зрабіўшы сялян прыгоннымі бяспраўнымі парабкамі, нямецкія акупанты прыдумалі авантуру, вельмі падобную на тую тэлеграму Вільгельму. Яны знайшлі некалькі жулікаў, якія назваліся прадстаўнікамі беларускага сялянства і ездзілі ў Берлін дзякаваць Гітлера за зямельную рэформу. Сярод гэтых «сялян» такія «земляробы», як ксёндз Гадлеўскі і сын царскага чыноўніка Антон Адамовіч, бацька якога, служачы цару верай і праўдай, скалаціў сабе хабарніцтвам і іншымі падобнымі спосабамі круглы капіталец і набыў у Мінску ўласны дом. Радзіўшыся і вырасшы ў гэтым доме ў Мінску, яго недапечаны сынок з белымі ручкамі, здаўна ўжо нямецкі шпік, знайшоў сабе лёгкі хлеб. Ён ніколі не жыў у вёсцы, ніколі не бачыў, як аруць і сеюць, убачыўшы авёс, кажа, што гэта жыта, думае, што булкі, якія ён жарэ на нямецкай кухні, зайшоўшы туды з чорнага хода,— гатовымі растуць на полі. Але яму акупацыйнае начальства сказала назвацца селянінам і падзякаваць ад «імя беларускіх сялян» Гітлеру. Ён гэта зрабіў з такой жа шчырасцю, з якой бы поўз ракам цераз увесь Мінск, каб яму гэта загадалі немцы.

Не памогуць немцам ніякія авантуры! Ніколі яны ім не памагалі. Наконт падобных спраў наш народ склаў прымаўку: «Круцячы, свет пройдзеш, але назад не вернешся». Не будзе дарогі назад ні акупантам, ні ўсякім шарлатанам, якія каля іх аціраюцца! Здружыўшыся, яны астануцца ў цеснай блізасці навекі, пад трыма аршынамі магільнай зямлі.




Беларуская Палічка: http://knihi.com