epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Шаўцоў Янка (З апавядання)

...Чуць не палавіну хаты займала печ, і напроці гэтае печы, каля самых дзвярэй, было цясней, як дзе. Там ляжалі і дровы, і прылады ўсякія хатнія, там стаяла карыта, і часамі па некалькі дзён смяццё адтуль не выносілася, бо не было нікому часу займацца гэтым. Маткі цэлымі днямі не было дома — заўсёды была яна на падзённай рабоце і толькі зімою часцей заставалася ў хаце...

Летам дні былі зусім слаўныя. Доўгія яны тады, нейкія шырокія, вольныя. І гэта была самая лепшая пара для Янкі і Мінькі. У хаце, каля печы, было прыстроена некалькі дошчак, дзе зімою даводзілася падоўгу сядзець, бо бацьку здавалася, што калі хлапчук будзе пабольш сядзець на адным месцы, мала бегаць і крычаць, дык з яго некалі выйдзе сталы і разумны чалавек. Дык вельмі ж надакучаў гэты цесны кут каля печы. А гэта тут жа, перад самаю хатаю, была вуліца, на якой было так слаўна ад паднятага калясьмі пылу і так весела ад таго, што там і ў драбінах, і конна ездзілі; там можна было і крычаць, і свістаць. А калі хацелася імчацца некуды ад нейкай вясёласці або падскочыць вышэй страхі, і не можна было і таго і другога зрабіць так, як бы хацелася, дык можна было тады набраць поўную шапку пяску і сыпануць яго вышэй галавы. Пясок падляціць угору, а там вецер як хваціць яго ды калі панясе слупам, дык і Янка, і Мінька, і Юзік там, і ўсе іншыя глядзяць угору ды крычаць:

— Весела-а-а!

Адзін раз у гэтую хвіліну праходзіў па вуліцы стары Лейба з нейкім мяшком за плячыма, дык Мінька ні з таго ні з сяго і гукнуў у Лейбы перад носам:

— Лейба, ганяй вецер!..

І тады якраз здарылася тое, што доўга памятаў і Мінька, і Янка, і ўсе, хто быў там. З хаты выскачыў бацька з папружкаю ў руках і хваціў Янку за рукі. Мінька пабег на агароды, а Янка быў заведзен у хату.

— Татачка, гэта не я крычаў, гэта Мінька крычаў! — галасіў Янка, а бацька, са злосці ў тую хвіліну на ўсё, што толькі было на свеце, правёў Янку скрозь цёмныя сені ў цесную хату і паставіў яго перад сабою. Пасля нагнуўся, каб узяць больш цвёрды рамень, і раптам рассыпаў з скрынкі дробнае сваё шаўцоўскае начынне.

Аж скрывіліся ў яго губы ад злосці, аж пабялеў цёмны твар. І ён рвануўся, каб схваціць абы-што і даць Янку ім, але Янка раптам нек ціхенька заплакаў. Апусціў уніз рукі і заплакаў. Не крычаў, а плакаў буйнымі слязьмі.

Бацька выпрастаўся, пачухаў нябрытую даўно бараду і нешта як бы падумаў. Пасля, як вельмі ўтаміўшыся, абяссілеўшы, пайшоў моўчкі ў куток, дзе маленькае акенца выходзіла на вузкі двор, а Янку здалося, што гэта ён нешта там схваціць, раптам замахнецца і з усіх сіл ударыць моцна і балюча.

Тады рвануўся Янка з месца, прамчаўся па хаце ў цёмныя сені, дабег да дзвярэй і там уцяміў, што дзверы бацька ўзяў на засаўку, а яна высока і не дастаць яе, каб адчыніць іх...

З самай яшчэ вясны ў сенцах стаялі парасяты. Хацелася ім страшэнна павылазіць на двор, і яны рыліся, пасля прарылі-такі пад падрубай нару і павылазілі. Пасля Янка і Мінька больш праграблі гэтую нару і ўпіхалі праз яе, каб бацька не бачыў, нанач часамі нейкага рыжага валачашчага сабаку. І цяпер гэтая нара паслужыла шырокай дарогай самому Янку. Ён, як стаяў, кінуўся на зямлю, шмаргануўся жыватом аб яе, халодна-вільготную, і палез на двор. Быў у яго страх, вялікі вельмі ў тую хвіліну, калі сам ужо быў на двары, а ногі былі яшчэ ў сенцах. Пранізала яго голаў вострая думка: гэта ж дагоніць бацька ды схваціць за ногі і ўвалачэ назад у сенцы; нават хватае ўжо, нават хваціў ужо...

Янка рвануў нагамі і быў ужо на двары. Тады стала яму ясна нек, што бацька гэта не хватаў яго за ногі, нават у сенцы не выбягаў. Але побач з гэтаю думкаю была і вялікая трывога. Моцна калацілася сэрца, галава была мокрая ад поту, а твар ад слёз. І як толькі вылез Янка з нары ды ўскочыў на ногі — кінуўся бегчы на агароды, куды не выходзілі вокны з хаты, дзе нікога не было, каб убачыў яго.

 

................................................................................................................................................................

Прыйшоў Янка дадому назаўтра ў паўдня. Мінька з’явіўся тады ж, пад вечар, а Янка, як ішоў дадому, дык увесь быў ахвачан як бы таею халоднаю вільгаццю, якая была за хлявом у агародзе, у раўку між градамі табакі, дзе ён пралежаў ноч.

Бацька спаткаў яго моўчкі: панура глянуў на яго, нек вінавата бліснуў вачыма і сказаў глуха:

— Ідзі еш...

Была ў яго голасе і крыўда некая на нешта, і злосць, і жаласць, і слёзы... Тое ж самае было і ў Янкі: і крыўда вялікая, і жаласць да некага — ці да сябе, ці то да бацькі.

Хацелася яму заплакаць, ды баяўся нек. Ён папрабаваў есці; пасёрбаў трохі на лаве каля дзвярэй халоднага крупніку з вялікага гаршка, а пасля палажыў лыжку, выйшаў у цёмныя сені, сеў там на зямлі за куфрам і заплакаў. І чым больш ён плакаў, тым усё лягчэй яму рабілася. І тады дзяцінымі думкамі сваімі дайшоў да бацькавае чорнае, спрацованае постаці і стаў думаць аб бацьку. Успомніў раптам, як вясною была халодная гразь з снегам, а ў бацьккі не было ботаў, і хадзіў ён у некіх старых хадаках. Тады ўстаў Янка з свайго цёмнага кутка за куфрам і глянуў у хату праз прачыненыя трохі дзверы. Бацька сядзеў за сваім нізенькім столікам на перавернутай бокам калодзе і абгладжваў шклом абцас у новым боце. Тады нек, дзяцінаю душою сваёю, некім глыбокім пачуццём як бы дагадаўся Янка, што ўсё тое нядобрае, пакутнае, што было, не ад самога бацькі-шаўца, не ад самога яго — Янкі ці Мінькі, не ад старога Лейбы, які з мяшком прайшоў па вуліцы, не ад таго сваволля, з якім яны сыпалі ўгору шапкаю пясок, а ад нейкай неналаджанасці жыцця. Ад таго, што бацька сядзіць адзін у хаце, нікуды ў людзі не ходзіць, як воўк, сам з сабою, заўсёды за сваімі ботамі, што матка дадому прыходзіць для таго толькі, каб пераначаваць ды зварыць крупнік у вялікім гаршку...

Ад усяго гэтага нек тое нядобрае робіцца...

................................................................................................................................................................

 

Усе тыя дні панурым хадзіў Янка. Бачыў, як бацька некуды два разы хадзіў днём, а сам стаяў каля агарода моўчкі ды глядзеў на грады цераз плот, прыпёршыся плячом да сцяны хлява.

І яшчэ ў той дзень не ведаў ён аб тым, аб чым ужо даведаўся яго бацька: што тут жа блізка тое патрэбнае і важнае. Што апрача дратвы ды малатка, неабходных для жыцця, ёсць яшчэ і само жыццё...

Шавец выйшаў з сяней і, сагнуўшыся сваёю шырокаю спіною, пайшоў па двары. Каля дзеравянай сцяны ўзяў ён каравымі рукамі за плечы Янку, прыгарнуў яго да сябе і пагладзіў пальцамі па галаве і шыі. І раптам, як бы чаго засаромеўшыся гэта, адышоўся.

І сперш падумаў быў Янка: «Гэта ж, мусіць, бацька біць будзе ці за вушы круціць»,— але нек не хацелася яму ўцякаць, а з’явілася раптам задорная думка: «Ну што ж, бі, муч!..»

А як бацька, пашкадаваўшы яго, адышоўся, стала яму раптам і сумна, і радасна.

Ён ужо з уздымам пачуццяў стаяў пасярод двара і глядзеў, як вецер узнімаў па вуліцы сухі пыл...


1925?

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан