epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Шчанюк з берлінскай сабакарні

Шчанюк навучаецца ў старой спрактыкаванай сукі. Лёкай пераймае манеры свайго пана. Дурны хамула, які паслужыў у пана за прыганятага над парабкамі, стараецца і да ветру хадзіць так, як ходзіць пан. К таму ж услужлівы папіхайла стараецца хваліць таго, з чыіх рук ён есць хлеб.

Пісака з мінскай «Беларускай газеты» ад імя кучкі «мясцовых» прахвостаў піша: «Нас згуртаваў нямецкі жаўнер... Ён прыйшоў як носьбіт новага светапогляду, што сцэментаваў усю Нямеччыну, даў ёй сілу, якую яна выкарыстоўвае для перабудовы Еўропы».

Вельмі ж падабаецца яму нямецкая «перабудова» Еўропы! Паводле гэтага ўзору ён усімі сіламі стараецца памагаць немцам «перабудаваць» і Беларусь. Гэтая «перабудова» ідзе сапраўды па-нямецку. Стаіць сабе шыбеніца, на ёй вісіць беларус, яго ахоўвае нямецкі жаўнер, той самы «носьбіт новага светапогляду», а збоку гэты малойчык, якога ён «згуртаваў», тутэйшы хамула, што праходзіў навуку ў берлінскай сабакарні. Вельмі ж да смаку яму прыйшоўся «новы нямецкі светапогляд».

— Які цудоўны нямецкі дух,— мармыча ён.— І так гэты дух гладка прыйшоўся да майго носа! З якога б месца вашай нямецкай ласкі гэты дух ні ішоў,— мне ён як пітво ў смагу.

«Цяпер мы павінны кансалідавацца, — піша ён,— але не паводле дэмакратычнага прынцыпу, а на асновах новага, агульнага ўсім беларусам светапогляду. Гэты светапогляд мусіць быць светапоглядам таго тыпу адроджанага нацыяналізму, які ў Нямеччыне выкрышталізаваўся ў нацыянал-сацыялізм, у Італіі ў фашызм і г. д.».

Адным словам, куды тата, туды і я. Каб раптам канакрадства было абвешчана ў Германіі адзіным светапоглядам, гэты малойчык, вокам не міргнуўшы, заявіў бы, што канакрадства — гэта светапогляд беларуса. Ён так думае: я сам перабудаваўся паводле вобраза і падабенства нямецкага. А ўсе беларусы мусяць стаць такімі, як я. Бо калі гэтага не будзе, дык я ж страчу ласку ў немца. Няхай беларус стане, кім захоча немец.

І ён пнецца, каб быць падобным да нямецкага салдафона. Падвучваецца мардабойству, вісельнай справе. Навучыўся брахаць і красці. А звыш гэтага — віляць хвастом, лізаць немцу зад і спускаць з свайго запаганенага языка слова «Беларусь».

Нямецкая ўлада стаіць перад ім у падбітых жалезам ботах, у галіфэ з награбленага ў Еўропе сукна. Морда яе падобна да млынавага кола. Гэтая асоба смокча тоўстымі губамі цыгару, вырваную з рота неасцярожнага француза. А ён ляпеча:

— Я ёсць вашай нямецкай ласкі собскі спадар. Мне хоць бы крыху быць падобным да вас. Бо сам я не маю свайго нацыянальнага твару, ды ён мне і не патрэбен. Толькі клопату тады не абярэшся. А так лягчэй. Не трэба думаць, а толькі скачы сабе ў той бок, куды лясне ваша ласкавая пуга. К таму ж не трачу надзеі, выпадкам чаго, схавацца ад беларускага народа за вашай пазухай.

Брэша, дрыжыць і скавыча.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан