epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Сцяпанавы дзеці

Парой, блізкай да канца лета, я праязджаў праз тыя родныя мясціны, дзе нарадзіўся і вырас. Усё даўнейшае прайшло і мінулася, і я стараўся пазнаваць лясы і дарогі, вёскі і паасобныя дрэвы. Я ўспамінаў мінулае, думаў пра тое, як жылося тут раней, і сэрца маё сціскалася. Я акідаў вачыма ўсё навокал сябе, і мне захацелася даўжэй пабыць тут. І я задумаў прайсці пехатой праз некалькі вёсак.

Дарога была людная, шасейная, па ёй раз-поразу імчаліся машыны. Паабапал было поле, жоўтае ад іржышча, дзе-нідзе яшчэ даспяваў авёс. Бульба весела зелянела на сваіх загонах. Пройдзе яшчэ некалькі дзён, і тут, дзе нядаўна хадзіў камбайн і дзе жняяркі рэзалі збажыну, пойдуць трактары, заворваючы на зіму апусцелае поле. Я бачыў новыя пабудовы, вясёлыя твары людзей, чароды сытай жывёлы на пашы і ўспамінаў сваё маленства тут.

У гэтай самай мясцовасці, у гэтым кутку, быў у мяне тады блізкі друг маіх малых год, Сцяпанка. З таго часу прайшло многа год. Мы тады былі малыя. Я памятаю такую самую пару, як і цяпер,— быў канец лета. У нашу вёску прыйшоў чалавек, ён вёў за руку малога хлопчыка.

— Сцяпанка,— сказаў чалавек,— ідзі дзе-небудзь пасядзі ў цяньку, ты стаміўся, а я пайду пагавару з людзьмі.

Сцяпанка паслухмяна сеў на прызбу, а чалавек пайшоў у тую самую хату. Мы, дзеці, падышлі да незнаёмага нам хлопчыка і пачалі гаварыць з ім, распытвацца ў яго — хто ён і адкуль к нам з’явіўся. Вось што нам сказаў Сцяпанка:

— Гэта я прыйшоў сюды са сваім татам,— пачаў ён расказваць.— У нас няма нідзе свае хаты і няма ў нас зямлі. Нам няма дзе жыць. А мама мая даўно памерла, я сірата. Дагэтуль мой тата служыў у пана парабкам. Ён вельмі многа і цяжка працаваў, а пан вельмі мала яму плаціў, і мы галадалі. Ад цяжкай працы і ад голаду мой тата стаў хворы і ўжо не можа многа і цяжка рабіць. Дык пан нас прагнаў вон.

Нам стала сумна ад хлопчыкавага расказу, мы ўсе селі на прызбу ў рад, паабапал Сцяпанкі. Праз паўгадзіны Сцяпанка гуляў разам з намі тут жа на вуліцы. Мы пачаставалі яго хлебам і яблыкамі. Сцяпанкаў бацька хадзіў з хаты ў хату і гаварыў з людзьмі, а мы ўсе гулялі са Сцяпанкам на вуліцы. А пад вечар бацька прыйшоў к Сцяпанку і сказаў яму, што яны астаюцца тут у вёсцы жыць. Мы былі вельмі рады, калі пачулі гэта, бо мы паспелі ўжо здружыцца са Сцяпанкам. Бацька павёў Сцяпанку за руку, а мы вялікім гуртам ішлі следам. Мы бачылі, што Сцяпанка з бацькам увайшлі ў хату кулака Сымона Бірулі. Так у нашай вёсцы прыбавілася адна сям’я: Сцяпанка з бацькам сталі служыць парабкамі ў Бірулі. Бацька працаваў на Бірулевым полі, а Сцяпанка пасвіў Бірулевых кароў.

Я вельмі здружыўся са Сцяпанкам. Пасучы коні, я падыходзіў да яго на полі, і мы падоўгу былі разам. Мы любілі падоўгу сядзець каля рэчкі, на высокім беразе, пад маладой асінай. Тут была густая трава, цвілі ўсякія кветкі, унізе цвірчала крынічная вада, а каля крыніцы і на рачным беразе густа рос аер, чарот, мята.

Адзін раз, калі я, як і заўсёды, пасвіў па балоце коні, я ўбачыў, што Сцяпанка вельмі быстра падганяе ка мне Бірулевы каровы. Я пайшоў яму насустрач і ўбачыў, што твар яго заплаканы і ён сам нейкі не такі, як заўсёды. Калі ён пачаў гаварыць, я пачуў, што ён ад нейкага неспакою заікаецца:

— Што з табой, Сцяпанка? — запытаў я.

— Братачка,— сказаў ён,— я цябе папрашу, каб ты да вечара паглядзеў кароў, няхай яны паходзяць разам з коньмі, а я пабягу ў вёску.

— Чаго?

— Братачка, мой тата памёр.

— Як жа ён памёр?

— Ён ад панскай службы быў хворы, а рабіць і ў Бірулі яму цяжка прыйшлося. Ён не вытрымаў. Зранку ён яшчэ вазіў снапы, хоць яму ўжо і дрэнна было. А перад абедам яму стала вельмі кепска, і ён памёр. Я нічога не ведаў, але сам Біруля ехаў нядаўна паўз мяне з поля і сказаў мне. Я пачаў яго прасіць, каб ён дазволіў мне пабегчы дадому развітацца з нежывым татам, а ён не дазволіў. Дык я хачу сам. Братка, паглядзі маіх кароў.

— Бяжы! — адказаў я.

Сцяпанка кінуўся бегчы к вёсцы.

Назаўтра, прыгнаўшы з раніцы жывёлу, мы са Сцяпанкам пайшлі на свежую магілу яго таты. Я назаўсёды запомніў гэтае месца: магіла была пры самай агароджы, непадалёку ад вялікай бярозы. Вецер разгойдваў бярозавае вецце, а мы са Сцяпанкам рукамі выраўнілі магілу і пасадзілі на яе куст белых кветак.

З таго часу я яшчэ больш здружыўся са Сцяпанкам. Абодва мы былі падобны адзін да аднаго. Мы былі босыя. Ганяючыся ў полі за жывёлай, мы натыкаліся на карчы і каменне; пальцы на нагах у нас былі пазбіваныя, у струпах. Але самае страшнае гэта было ўставаць да ўсходу сонца і гнаць на пашу жывёлу. Кожны з нас аддаў бы ўсё самае найлепшае і жаданае за тое, каб хоць паўгадзіны яшчэ паспаць. Так хацелася спаць у гэтыя першыя мінуты надыходзячай раніцы!

Адзін раз Сцяпанка пачаў успамінаць мне пра свайго бацьку:

— Мой бедны тата заўсёды ўсё думаў пра тое, каб мець сваю хату, хоць старэнькую, хоць малую, хоць трухлявую і гнілую, але каб спакойна ў ёй жыць, каб ніхто ніколі нас адтуль не выганяў, каб мы жылі смела. Але тата так і памёр, не прычакаўшы свае хаты.

Мы былі малыя. Прайшло многа год, мы павырасталі, я выехаў жыць у іншае месца.

І вось цяпер зноў у родным кутку, іду і думаю пра мінулае, успамінаю майго прыяцеля Сцяпанку. «Ён ужо вырас,— думаў я,— ён ужо такі самы дарослы чалавек, як і я. Я павінен або ўбачыцца з ім, або, калі ён тут ужо не жыве, дазнацца ад людзей, дзе ён і што з ім».

Вось знаёмыя чатыры дрэвы. Тады яны былі яшчэ маладымі дрэўцамі, а цяпер пад імі ўжо густы цень. Гэта ўжо тоўстыя дрэвы. Як яны выраслі! Вось хвойны лес, а за ім і вёска, дзе мы са Сцяпанкам жылі малымі. Я завярнуў у лес. Запахла грыбамі. Многа год таму назад я тут са Сцяпанкам збіраў грыбы. Я ўспамінаў, як у гэтую самую пору, у канцы лета, бывала тут многа грыбоў. Ночы ўжо робяцца даўжэйшымі, і грыбны запах асабліва адчуваецца пасля ночы. На лясных дарогах, проста над самымі каляінамі, відны сыравежкі, а ўбок, у лес, дзе мох, пажаўцелая трава і прэлае лісце,— красуюцца баравікі. Чырвонагаловікі і бабкі хаваюцца ў высокай траве на палянах.

Я ўвесь быў захоплены хараством лесу. Быццам маленства маё вярнулася, і я зноў перажываю ўсё тое, што калісьці перажываў тут. Ад усяго жудаснага і цяжкага, што было ў маленстве, сціскалася маё сэрца. Ад усяго слаўнага, чым цешылася душа, павявала на мяне спакоем. Навокал мяне спявалі лясныя птушкі. Недалёка той час, калі яны будуць збірацца ў зімовы адлёт. Ціха было і спакойна пад стагоднімі хвоямі. Дзе-нідзе ў хвойніку пракідалася бяроза, часамі траплялася асіна. Дарога вывела мяне на прылесны поплаў, а вось там за ім знаёмыя клёны, і, нарэшце, павінен быў быць уезд у знаёмую вуліцу. Я памятаю, што першая ад поплаву стаяла маленькая трохаконная хатка нашага вясковага каваля. Я пайшоў хутчэй.

Зялёная арка ўзвышалася над уездам у вуліцу. За ёй я ўбачыў новы дом на восем акон. Шуфляды і рамы ў вокнах былі пафарбаваны жоўтай фарбай. Перад вокнамі, за нізкай агароджай, цвілі вяргіні. Далей у вуліцы скрозь стаялі падобныя дамкі і новыя хаты. Тых, знаёмых мне, старых хат было ўжо зусім мала.

Я падышоў да першага дома, узышоў на ганак. З глыбіні двара пайшла да мяне дзяўчынка, гадоў ёй на выгляд было дзесяць. За дзяўчынкай ішоў меншы за яе хлопчык. «Як жа мне назваць ім таго даўнейшага Сцяпанку, каб яны пазналі, пра каго пытаю, і каб паказалі, дзе ён жыве? — думаў я.— Можа, яго называюць тут «дзядзька Сцяпан», а можа як інакш?» Але я не паспеў нічога запытаць, а адразу пачаў прыглядацца да хлопчыка, што ішоў следам за дзяўчынкай. Я здзівіўся, гледзячы на яго, а пасля цьмяная здагадка з’явілася ў мяне. Перада мной стаяў якраз той самы Сцяпанка. Я быццам ашаламаніўся, не раздумаўшыся, я ўзяў хлопчыка за плячо і сказаў:

— Добры дзень табе, Сцяпанка.

— Я не Сцяпанка, а Толя! — бойка адказаў мне хлопчык.

Я паглядзеў на дзяўчынку, з твару яна была падобна да Толіка.

— А ты як завешся?

— Я завуся Насця.

— Гэта ты яго сястра?

— Сястра.

— А як завецца ваш тата?

У гэты самы час аднекуль збоку я пачуў тоненькі пявучы галасок:

— Наш тата завецца Сцяпан.

Я глянуў у той бок і ўбачыў зусім малюсенькую дзяўчынку. Яна была поўненькая, кругленькая, чысценькая. Ёй было можа гадоў тры, можа чатыры, не больш. Адразу я яе не заўважыў,— яна стаяла пад кустом вяргіні, уся схаваная ў зеляніне і кветках.

— А як жа ты сама завешся?

— А я завуся Надзька.

— Гэта наша меншая сястра,— сказала Насця.

— Яна баіцца нашага сабакі, а я яго не баюся,— бойка прагаварыў Толя і падбег да мяне бліжэй.

Я ўжо быў упэўнен, што прыйшоў на двор да таго майго былога прыяцеля і што гэта яго дзеці. Асабліва ўпэўніваў мяне ў гэтым Толікаў выгляд,— як дзве кроплі вады ён быў падобен да свайго бацькі тады, калі ён быў малы. Быццам той самы Сцяпанка цяпер стаяў перада мной. Толькі што Толя быў у чыстай рубашцы і новых сініх штоніках. Ногі яго не былі ў струпах і нарывах, твар яго быў свежы і вясёлы, а не цьмяны і змучаны ад бессані. Валасы яго былі коратка падстрыжаны. Насця была ў сіняй сукенцы з паяском.

— А дзе ваш тата?

— Наш тата цяпер на полі, але ён зараз прыйдзе, бо ўжо вечар скора,— праспявала тоненькім галаском Надзька.

— Калі вам трэба ўбачыцца з нашым татам, то вы пачакайце ў нас у хаце,— сказала Насця і адчыніла перада мной дзверы.

— Ты, Насця, вучышся? — запытаў я, увайшоўшы за ёю ў дом.

— Я ўжо ў трэцім класе,— адказала яна.

— А я ўвосень буду ў першым,— не сцярпеў, каб не абазвацца, Толя.— А восень ужо скора.

— А я дык буду лётчыцай,— праспявала Надзька.

— А я такі, як наш тата, буду,— сказаў Толя.— Я калгаснікам буду.

— А ты, Насцечка, кім хочаш быць?

Насцечка падумала і задуменна адказала:

— А я яшчэ не думала пра гэта.

— А лёгка стаць тым, кім хочаш? — запытаў я.

— Трэба вучыцца,— адказала Насцечка.

— А калі каму няма як вучыцца?

— Як гэта няма як? — не зразумела Насцечка.

Я хітра сказаў:

— А калі каму няма дзе жыць, няма чаго есці, калі хто хворы, а трэба цяжка працаваць?

— Дык гэта было тады, калі наш тата быў малы,— сказала Насцечка.— Гэта было тады, калі яшчэ не было рэвалюцыі.

— І гэтага ўжо больш ніколі не будзе, Насцечка.

Тут у гаворку ўмяшаўся Толя:

— А Насця раз казала, што яна хоча стаць доктарам. А я дык буду такі, як тата.

— А ты ведаеш, які быў твой тата, калі быў такім малым, як ты?

— Пра гэта нам сам тата расказваў казку,— праспявала Надзька.

— Я вам раскажу,— хутка сказала Насцечка і пачала гаварыць:

— Быў хлопчык Сцяпанка, у яго быў хворы тата, а пан і кулак Біруля прымушалі яго цяжка працаваць і не давалі хлеба. У Сцяпанкі з татам не было дзе жыць, яны жылі па чужых людзях, яны не мелі прытулку...— хворы Сцяпанкаў тата памёр... А калі ўміраў, то плакаў, што ў Сцяпанкі няма хаты, каб дзе жыць...

— А вы ходзіце на магілу Сцяпанкавага таты? — перабіў я Насцечкіну «казку», якая ў гэтым доме і перад гэтымі дзецьмі гучала як сапраўдная далёкая казка, як выдумка.

— На той магіле цвіце купчасты рамонак, блакітныя астрачкі, а півоня ўжо адцвіла. Гэта я сама саджу там кветкі.

— Калі я малы быў, я сам бачыў Сцяпанку малога,— сказаў я.

— А які ён быў? — задуменна ні то запытала, ні то так сказала Насцечка.

У расчыненых дзвярах ужо стаяў Сцяпан, бацька Насцечкі, Толі і Надзькі. Ён неўзаметку ўвайшоў, стаяў і слухаў. Гэта быў ужо «дзядзька Сцяпан». Яго дзеці стаялі пры мне. Я кінуўся да яго і абняў яго.

Праз гадзіны дзве было ўжо цёмна, мы ўсе сядзелі за сталом і елі смачную вячэру. Пасля дзеці мылі перад сном ногі, клаліся спаць у чыстыя пасцелі. А назаўтра было вельмі яснае і цёплае надвор’е. Дзеці ўсталі позна, выйшлі ў большы пакой снедаць, а пасля праводзілі мяне. З самім Сцяпанам я развітаўся ў доме, ён быў заняты ў калгасе, а дзеці пайшлі са мной. Мы ішлі палявой дарогай, пасля выйшлі на ўзлесак. З травы і зелля сыпалася спелае насенне, але кветкі яшчэ цвілі. Рамонак і чабор, кмен і дзіванка, павой і дзікая астрачка і многа ўсякіх іншых кветак яшчэ пышна красаваліся. Яны будуць цвісці і ўвосень. А дзікая астрачка, высокая, сцеблаватая, з блакітным венчыкам і жоўтым сэрцайкам, будзе цвісці да самай зімы. Бывае, што без марозу, у самым канцы лістапада, падае першы мокры снег, пасля растане, а блакітная астрачка горда цвіце, напамінаючы аб жывым жыцці і харастве прыроды.

Ідучы поплеч мяне, дзеці рвалі кветкі, а Насцечка віла з іх вянок. Каля лесу я развітаўся з дзецьмі, і яны пайшлі назад, туды, дзе за поплавам відны былі будынкі іх роднага калгаса. Уваходзячы ў лес, я азірнуўся. Тры белавалосыя галоўкі відны былі пасярод зяленіва. Сонца стаяла ўжо высока, усё цвіло і пахла.

Як добра і хораша!


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан