epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Сям'я Юрыя Гарэйкі

Вайна адышла наперад. Цяпер ужо фронт ні гадзіны не трымаўся на адным месцы: палякі адыходзілі шпарка, і лесавая дарога вось ужо тры дні жыла нашым паходам. Мы прайшлі Наваградчыну за хмурныя дні, а на Гародзеншчыне мы адчулі сухую спёку ліпеньскага сонца.

Цэлую ноч мясілі мы сухі пясок, жорсткі, калючы, па дарозе гэтай губілі мы свае сілы і чулі, як вырастае ў нас непераможная патрэба кінуцца на зямлю і тут жа забыцца на ўсё. Але мы ішлі, думаючы, калі скончыцца пясок. Цвёрдая зямля ўжо здавалася нам за той самы салодкі сон на зямлі. З самага вечара мы мінулі мястэчка Ражанае ці Ражаны; наш зводны, таварыш Скабакоў, глядзеў на карту, але не знайшоў яго і сказаў назву гэтак, як сам пачуў,— невыразна. За поўнач пясок пачаў мінацца, а напярэдадні зачарнелі лясы і над імі месяц. Мы б адчулі гэтае хараство ночы (ціхае хараство ў вайну!), але дрымота і здранцвеласць цела туманіла нам галовы і зацягвала сэрца карою абыякавасці. Чацвёртую пору мы не спалі.

Мы дайшлі да лесу, яшчэ не пачынала світаць, і тут нам быў загад спыніцца. Мы маглі цяпер перадыхнуць; вартавых зменьвалі часта і прычакалі гэтак дня. Досвіткам дазналіся, што будзем чакаць тут наступнай ночы, тады рушым далей, а цяпер — мы ўсе ўпокат ляжалі за паўзлеснымі хмызнякамі, на мяжы лесу і поля. Гэтак застаў нас сонечны дзень.

Ён зіхацеў над зямлёю, гэты сонечны дзень. Мы ж яго не чулі і не бачылі. Варушыцца пачалі мы тады, як сонца стаяла коса над лесам, святло яго ружовілася ўжо; лес і поле маўчалі.

Мы адыходзілі ў тыл і чакалі, пакуль прамаршыруюць паўз нас дагэтуль тылавыя каманды. І яны маршыравалі, спешна, не спыняючыся надоўга і шкадуючы пакідаць за сабою гэткі прывабны і прытульны куток.

Поле было перад лесам шырокае — спрэс усё адзін палетак, а далей, за жытам і бульбаю — чырвоніўся дах палаца, абрысы ж усяго маёнтка, можна сказаць, зусім хаваліся ў вясёлым зяленіве таполяў і клёнаў. Мы тут жа высыпалі на поле шукаць бульбы. Нас не лішне было шмат — у Наваградчыне мы мелі гарачую сутычку, і пасля гэтага ў нашай роце засталося чалавек сорак. Пасля гэтага мы слаўна выканалі марш свой аж дагэтуль, і толькі адзін з нас, Юры Гарэйка, зусім выбіўся з сіл, зваліўся з ног, і мы развіталіся з ім у паходным шпіталі: ён падняў руку ўгару і памахаў ёю, пасля палажыў яе ўздоўж тулава і адразу задрамаў. Вядома, не ўсе мы выкопвалі штыкамі і цесакамі бульбу, з палова нашых яшчэ адлежвалася на гэтакай мяккай і жаданай зямлі.

Поплеч са мною ішоў цяпер, сагнуўшыся і арудуючы цесаком, мой паходны друг і таварыш, Скабакоў, высокі, здаровы і адважны хлапец. Мы адпачылі і някепска (праспаць маглі б яшчэ ночай дзве засаб, але на вайне зусім сваё, асаблівае, адмысловае разуменне адпачынку, спакою, трывогі, гадзіны ночы...) — дык мы чулі сябе цяпер добра. Скабакоў спрытна біў цесаком у зямлю, выварочваў бульбяныя карчы, а бульба тая была яшчэ дробная, вадзяная — спела яна толькі ўвосень. У ім бушаваў уздым і ахвота да слова. Апошнюю ноч і дзень ён быў ужо нязвыкла маўклівы — утома прымусіла яго маўчаць і гэтак, сціснуўшы зубы, мясіць жвірыстую дарогу.

На Наваградчыне, пасля таго як нас засталося чалавек сорак, ён сабраў нас перад нашым рухам наперад:

— Ну, цяпер пойдзем, малайцы. Дарогу прачысцілі, работа была гарачая, але добра, што сонца не пякло, усё менш поту вылілі.

Жартаваць ён не ўмеў, не быў да гэтага здатны. Але мы ведалі яго натуру і былі ўдзячны яму за гэтыя «жарты». Гэтакімі няспрытнымі «жартамі» ён бадзёрыў нас, гэтак мы чулі ад яго жаданае нам слова. Проста сказаць — мы яго любілі. Некаторыя з нас былі босыя — спрэс растаптаныя чаравікі зусім пазлазілі з ног, і ён, вось ужо больш за тыдзень, цешыў нас кожны дзень.

— Мы самі вінаваты. Даўно пара нам адбіць дзе-небудзь хвост польскага транспарта.

Перад гарачаю наваградскаю справаю мы паабедалі былі гэтакім чынам: у дрэнным пазнанскім маёнтачку знайшлі былі ў гумне паўскірты жытніх снапоў. Зараз жа паабівалі зерне аб ток і сцены і варылі кашу. Елі і хвалілі, але ці льга раўняць той абед з цяперашняю бульбаю?

— Мы і забылі.

— Што мы забылі?

— А ну, успомні. Ну, успамінай. Паглядзі навокал і ўспамінай... Эх ты, дзівак! Галаву і сэрца не згубіў яшчэ? Ну, от глядзі цераз поле, упоперак на гасцінец. З самае Наваградчыны мы прыйшлі сюды гасцінцам. Так? Ну, а пасля пяскоў за мястэчкам увайшлі куды? У лес! Гасцінец увайшоў у лес, усё роўна як ён рассунуў гэты лес папалам. Памятаеш, як ён казаў: «Гасцінец рассоўвае лес папалам». Перад лесам, збоку крыху ад гасцінца, маёнтачак у таполях і клёнах.

— Успомніў. Ну і таварышы ж мы!

Але Скабакоў гаварыў да канца:

— ...Цяпер яшчэ скрозь паўз лес, між ельнікам і хмызняком, дарога пойдзе ўлева, калі стаць тварам да лесу, дарога — як з калясьмі праехаць. Ну?

— Ну, я ўспомніў,— з прыкрасцю нейкаю да самога сябе сказаў я.

Я чуў, што Скабакоў упікае і мяне і сябе.

— Прайсці крокаў з тысячу ад гасцінца, і ў ельніку будзе хата.

Гэта я ўжо запабягаў наперад перад Скабаковым.

— Шпіталь едзе павольна. Ён можа праз некалькі дзён усяго будзе тут, калі куды ўбок не зверне,— задумёна сказаў Скабакоў.

— Добра. Да захаду сонца яшчэ добры кавалак часу. Успеем да ночы. Ліст захаваўся?

— Згубіў! — панура паздзекаваўся з мяне Скабакоў.

Пасля абеду мы пайшлі туды. Нам трэба было спраўляцца шпарка — мы спадзяваліся, што пад поўнач будзе нам загад рушыць далей. Дазвол нам быў дадзен на гадзіну ўсяго.

За дзень вайна адышлася далёка наперад. Перафармаванне нас у новыя часці павінна было адбыцца праз дзён тры, пункт быў назначаны кіламетраў за сто адгэтуль. Пра гэта мы дазналіся пасля полудня. Тут ужо спакайнела ўсё, быў ужо тыл. Мы бачылі, як у спаленай вёсцы сяляне, са звыклаю павольнасцю сваёю, выбіралі на попелішчах асмаленае бярвенне, як ужо браліся дажынаць пераспелае жыта.

Мы прайшлі паўз ельнік не тысячу крокаў, як думалі, а мо ўсяго пяцьсот. Адразу ж зірнула на нас з узлеску, за хмызняком, прысадзістая хата, старая, старасвецкага смольнага бярвення.

— Ці не тут? — сказаў Скабакоў.

— Можна запытаць.

Скабакову давялося нагнуцца, каб глянуць у акенца. Спачатку ён нічога там не ўбачыў. Ён пастукаў у шыбу. Ніхто не адазваўся. Мы ўвайшлі ў двор — звыклы сабе сялянскі двор, з хлевушкамі, павеццю, весніцамі на прыгуменне. Ля парога ў сенцы ляжаў камень — палова вялікага млынавога каменя. Дзверы ў сенцы былі адчынены. Там сядзеў стары чалавек і спакойна глядзеў на нас. Ля яго стаяла конаўка з квасам, корч зялёнай цыбулі і тоўстая луста хлеба. Мы спачатку і не заўважылі, што ён вельмі стары — відаць, ён галіўся або нізка выстрыгаў бараду і вусы; была на твары толькі нізкая сівая шчэць. Твар быў шырокі, але паморшчаны і худы. Ён агледзеў нас спакойна і холадна сказаў:

— Нічога няма. Ідзіце, таварышы, далей. А калі вам паначаваць, дык таксама няма як,— у хаце ў нас хворая ляжыць, а ў пуні нідзе саломы каліва няма. Хіба ў садку, але ж лепш ужо ў лесе.

— А нам нічога і не трэба,— сказаў я.

— Гэта Гарэйкава хата ці не? — запытаў Скабакоў.

Тут чалавек ажывіўся крыху. Ён высока ўзняў твар, цяпер мы заўважылі, што ён вельмі стары. Вочы яго былі чырвоныя, за жыццё, відаць, папсаваныя, лоб высокі, прыгожы, і нізкі сівы чубок тырчаў над ім.

— Што ж вы за людзі, служывыя, што нашу хату ведаеце? А адкуль вы?

— Далёкія,— пачаў гаварыць Скабакоў,— я алонецкі.

— Не чуў ніколі,— затрос галавою стары.

— Далёка гэта, на поўнач, усю Расію трэба прайсці.

— О-ё-ёй!

— Дык от,— гаварыў Скабакоў,— мы разам служым з Юрыем. Ён змарыўся і на некалькі дзён лёг у паходны шпіталь. Ён адстаў ад нас і напісаў вам ліст. От ён.

— Юры — гэта мой сын.

Стары сказаў гэтак спакойна, што нам дзіўна гэта здалося. Юры гады два як разлучыўся з сваімі, мы гэта ведалі. Нават расчараванне агарнула нас. Мы падумалі — аддалі ліст і пойдзем.

Стары трымаў ліст у руках. Ён стаяў, і мы бачылі, што гэты стары — высокі, сухі, калісьці, мусіць, быў вельмі моцны... Маўчанка цягнулася з хвіліну. І тут у хаце пачуўся жаночы голас.

— Тата, тата!

Стары адчыніў дзверы ў хату, і мы адчулі адтуль душны змрок. Пасля разгледзелі, што на пасцелі ляжыць укрытая кужэльнаю коўдраю жанчына. Стары, здавалася, забыўся на нас у гэты момант. Ён падаў жанчыне ў мядзянай конаўцы квасу, яна памачыла губы і піць не захацела. Стары штосьці зашаптаў ёй, ківаючы ў наш бок галавою. Мы прыселі ў сенцах на лаве. Стары неўзабаве вярнуўся, але мы бачылі, як у хаце пачаўся неспакой: жанчына дзіўна заварушылася, падушка з-пад яе галавы з'ехала на самы край ложка, коўдра сцягнулася на ногі, яна зноў паклікала бацьку. Бацька цяпер даў ёй у рукі ліст, яна паднесла яго да воч і пачала прыглядацца. Пасля з вінаватаю ўсмешкаю працягнула назад старому. Той кіўнуў у хату нас.

— Ну, дык прачытайце хто-небудзь,— сказаў ён,— я не ўмею.

Скабакоў узяўся чытаць ліст. Юры апісваў свае два гады. Мы самі з цікавасцю даведваліся яго гэтую гісторыю.

Таму назад з год мы сышліся разам у сваёй роце. Ён быў добры дружака, але пра сябе гаварыў неахвотна, не любіў лішне займацца сабою, не любіў расказваць. Мы дружылі з ім вельмі, але ўсяго і ведалі пра яго, што ён з тэрыторыі, занятай палякамі, што ўцёк адтуль, але як і што — не гаварыў ніколі. І вось цяпер мы, разам з яго роднымі, даведаліся гэтую гісторыю.

Ён пачынаў апісваць з таго, як сядзеў ужо ў польскім астрозе. Да гэтага, вядома, у хаце ведалі ўсё.

Была ноч, як у астрозе ён даведаўся, што яго будуць страляць. Перад гэтым яго білі, раздзелі і ўвапхнулі ў астрожную камеру толькі ў адных сподніках, нават без сарочкі. Быў на дварэ вецер, ранняя зіма, зямля была яшчэ голая, але замерзлая, і сыпаўся зверху снег-крупа. Змерклася, было рана, ноч цягнулася доўга; з другога паверха, дзе была камера, праз акно відаць было поле за астрожнаю агароджаю. Цэментовая падлога ў камеры намерзла, босыя ногі пачалі карчанець, і ён скінуў споднікі і падаслаў пад ногі. Цяпер ён чуў, што пакуль застрэляць, дык з холаду зойдзецца. Раптам ён заўважыў, што краты ў акне як бы пагнутыя крыху, мусіць, хтосьці спрабаваў ужо свайго шчасця. З роспачы скочыў ён на акно і скалынуў крату. З правага боку яна ледзьве ўпіралася ў мур, два гвазды былі выцягнуты. Ён павіс усім целам на ёй і ўпёрся нагамі ў мур. Колькі разоў гэтакай патугі, і крата сагнулася. Ён раскалываў яе яшчэ, і ўжо льга было пасадзіць у дзірку галаву і плечы. Ён хапіў свае споднікі, калоцячыся, ледзьве ўздзеў іх і палез у дзірку. Пад акном была вартаўнічая будка з бляшаным дахам, а адтуль крокаў чатыры да агароджы, на ёй таксама бляшаны дах. Іншага нічога не было ўжо выбіраць, і ён скочыў на вартаўнічую будку, а адтуль на агароджу. З агароджы ўжо скаціўся на мерзлае поле, скрываўлены аб краты і бляху. Яму самому потым дзіўна было, як гэта шпарка ўсё адбылося. Як адбегся ўжо крокаў дзвесце ад астрожнай агароджы, пачуў, як там пачалася трывога, выстралілі, закрычалі. Ён пабег шпарчэй, задыхаючыся. Сухі снег сек яго голае цела, і гэтак ён даскочыў да ляска. Там ужо зусім аслабеў. Забівала дух, халодны пот змачыў яго ўсяго. На ўзлеску ён перадыхнуў самы найкарацейшы момант і пабег далей, але не ў лес, а паўз яго, дзе, як праз туман, вочы ўбачылі будынак. Тады ўжо снег пакінуў сыпацца, бялявае месячнае святло лягло на зямлю.

У хаце гарэў агеньчык. Ён застукаў у шыбу.

— Жаўнеры не стаяць тут?

— Не,— адказаў з хаты мужчынскі голас,— а што?

Тады ён убег у хату. І адразу прызнаўся:

— Я ўцёк з астрога. З-пад расстрэлу. Бачыце, які я.

— Лезь на печ,— адказаў чалавек.

На печы ён адчуў, як забалела моцна раптам у нагах.

— Гэта па табе стралялі? Чуваць было,— пытаўся мужчына.

— Па мне.

— Здорава ж ты бег, за хвілін якіх пяць даскочыў сюды... Ты ж доўга не сядзі тут, а выбірайся. І табе самому і мне... На, выпі малака і ідзі... Пашукай яму чаго апрануцца (гэта да жонкі).

Баба прынесла з гары старую кажушаную, усю аблездую, шапку, каравыя старыя нагавіцы, кажушок без воўны і каўняра і лапці. Начапіла яшчэ на яго торбу і палажыла туды акраец хлеба. Цяпер гэта быў сапраўдны старац. Гэтак ён і рушыў у дарогу. Ішоў ён да фронта начамі, туляўся па лясах, здолеў перабрацца цераз фронт і от...

Жанчына нервавалася. Пакуль Скабакоў дачытаў ліст, твар яе быў мокры ад слёз, і нам толькі дзіўна было, чаму стары як дзеравяны ўсё адно. Холадам веяла ад яго твару.

— А дзе цяпер той шпіталь? — запытала жанчына.

Голас яе дрыжаў ад хворасці, быў слабы і хрыпаваты.

— Дзе шпіталь — мы цяпер не ведаем. Ён можа нават тут праехаць, а можа ўбок куды падацца, як патрэба будзе.

— Першая вестка ад яго з самага таго часу,— сказала жанчына.

Нас дзівіла вельмі халоднасць старога. Здавалася, што ён думае пра штосьці сваё, перад чым уся гэтая важная яму навіна пра сына — нішто.

Мы пачакалі крыху, нам здавалася, што мы павінны пра штосьці тут даведацца, пачуць, высветліць. А пасля нехаця паспрабавалі развітацца, але жанчына тады спыніла нас:

— А вы яго будзеце бачыць?

— Цяжка сказаць. Калі паправіцца хутка — дагоніць нас, а калі не — можам і не ўбачыцца.

— Няўжо ж ён дадому не гляне? -

— Як выйдзе. Калі тут праходзіцьме.

— А так? Няўжо не мог бы, каб хацеў, збочыць з дарогі, хоць на дзень сюды?

У голасе яе была хворая раздражненасць, але тут жа яна прымусіла сябе зрабіцца інакшаю. Як бы адчуванне вінаватасці засвяцілася ўваччу яе. Стары гэта заўважыў. І мы тут аж сумеліся, як убачылі гэта: халодны гэты стары гэтак чула ўспрымаў кожны рух пачуцця і думкі маладой жанчыны.

Стары патупаў ля парога, паглядаючы на нас, пасля пакашляў у сенцах. Мы не здагадаліся выйсці. Дык ён паклікаў нас.

— От што, вы яго таварышы,— загаварыў ён, садзячыся ў сенцах на сваё ранейшае месца,— вы яго трэба каб убачылі. Скажыце яму, што я ўсяго гэтага так не пакіну... Дык от... Пасля таго як яго тут злавілі і як ён уцёк быў цераз фронт туды, яе забралі, і яна сядзела доўга. Іх ганялі ўсіх, што сядзелі, убіраць ельнікам дарогу, па якой варочаўся назад пан, выгнаны паўстанцамі (і наш Юры там быў) з маёнтка. Пан як варочаўся, дык яго ахоўвалі салдаты. Ехалі на конях, а мужыкоў усіх выгналі ісці спатыкаць. Нас гналі цераз поле, снегам нацянькі і загадалі яшчэ здалёк зняць шапкі. Пан праехаў у фаэтоне, а мы ззаду ішлі без шапак. І я ішоў без шапкі. Не далі мне нават і апрануцца цяплей: я, стары, увесь адубеў. Тым часам у двары нас выбралі некалькі чалавек — выбіралі з кожных дзесяцёх аднаго. Якраз папаўся і я. Нас пагналі ў скарбовае гумно, а там адсцябалі лазою. Пан сам то не прыйшоў глядзець на гэтую сваю пацеху, а прыслаў аконама свайго. Той глядзіць ды адно прыгаворвае: «Лес панскі секлі, а лазы і не здагадаліся спляжыць. Усё адно як наўмысля, каб было чым вас сцёбаць»... Але не з гэтага ўсё. От яна,— паказаў у хату на жанчыну,— прыйшла дадому з астрога зусім хворая. Там яна ў холадзе і голадзе ўсе сілы пакінула. Абы за работу цяпер возьмецца, зараз і... Унь жа пазаўчора гэта на полі цэлы дзень рабіла, а сёння ўжо ляжаць ёй цалюткі дзень трэба. Я дзве ночы і два дні вартаваў ля дарогі ў хмызняку на тым тыдні, як пан выязджаў зусім адгэтуль. Я не пашкадаваў бы сябе, звёў бы яго з свету, а сам тады хоць памёр бы спакойна. Але ён выехаў гэтак, што і доступу да яго не было — за ім з дваццаць вайсковых коннікаў. Ну, як я даступіўся б! Так яму ўсё і раскажыце, няхай тады што хоча думае. Рана вы прыйшлі сюды, каб яшчэ яны тут крыху пабылі, можа я што яшчэ і прыдумаў бы... Я яшчэ яго спасцігну дзе! Як вы думаеце, яны яшчэ сюды вернуцца ці не?

— Хто? — мы адразу нават разабраць не здолелі.

— Паны.

Мы бачылі: у старога пануе адна думка. Ён дыхае помстаю.

— Хто ж у вас больш у хаце ёсць?

— Хлапчуку дванаццаты год, каровы пасе,— абазвалася ўжо гэта жанчына з хаты,— а дзяўчына, сястра Юрасёва, жыта жне сёння. Пазаўчора мы з ёю ўдзвюх жалі.

Мы бачылі — яна была рада цяпер пагаварыць з людзьмі. Мы стаялі ля парога, стары варушыўся штосьці ў сенцах і неўзабаве сціх. Мы бачылі ў ім адно — вялікі цяжар крыўды, панаванне над усім ідэі помсты і бунту ў гэтай перапоўненай бядотамі істоце.

Мы праз якіх мо хвілін пятнаццаць пайшлі адгэтуль, больш як добрыя знаёмыя, блізкія людзям у гэтай хаце, а над дзень пакінулі зусім гэтую мясцовасць, каб больш не праходзіць ужо тут. Уночы мы прайшлі паўз самую хату (абыходзілі лес берагам, дзе за ім загінаўся ўлева гасцінец). Усё было ціха ў двары, хату ледзь заўважылі пад высокімі пнямі чорнага лесу. Тут, на хвойных карнявішчах, пахла адсырэлым за ноч жвірам, нага часам пападала ў жвірыстую каляіну.

— Ці не пясок зноў будзе? — хтосьці сказаў з прыкрасцю.

Але пяску больш не было. Мы некалькі дзён ішлі цвёрдым гасцінцам, пераходы былі цяпер меншыя, адпачынкі — большыя. Мы дайшлі да месца фармавання новых часцей так на дзень пяты. Пункт гэты быў у баку ад гасцінца кіламетраў за сорак, там ужо ішла чыгунка. Вакзал быў спалены, пажарышча было яшчэ свежае, усё ў белым попеле, сама ж чыгунка не была папсавана, тут чакалі цяпер першага цягніка. Гэта быў эшалон такіх самых, як мы, чырвонаармейцаў. Мы пазайздросцілі ім; на зборны пункт яны не ішлі пеша. Тут нас і дагнаў Юры.

Цяпер, калі ўсё ўжо гэта адышло ў час і толькі ўспаміны хвалююць сэрца, больш, як тады, адчуваю я тую змену, што раптам у тую хвіліну адбылася ў Юрыя. Як пачуў ён, што мы ліст аддалі, што самі нават яго чыталі, што былі ў яго хаце, ён страціў адразу сваю панураватасць, страціў яе надоўга, аж да таго самага выдатнага моманту, што вызначыўся праз некалькі дзён, у хмуры здаровы адвячорак, за межамі ўжо Гародзеншчыны. Мы пазналі, які сапраўды Юры жыццярадасны чалавек, і як мы не разумелі дагэтуль яго, думаючы пра яго як пра «панураватага». Нейкая інтымнасць цяпер між намі зусім раскрыла яго нам. Мы ўжо зусім зблізіліся.

— Дык вы бачылі і старога, і жонку, і сына? — гаварыў ён, увесь загарэўшыся.— Ну, а як бацька? Ох, зазнаў ён гора за век свой. За парабка быў, аратага, у двары цэлы век свой і нас там павыгадоўваў. Гэта я ўжо з парабкоўства вылез як бы... Ну, а як спаткалі вас?

Скабакоў нехаця расказаў пра наша спатканне з яго роднымі. І тут от выявілася яго падабенства з бацькам, гэтак, як стары, ён неяк холадна спаткаў навіну пра хворасць жонкі, пра астрог, пра панскі двор. Можа гэта з таго, што прывык ёнда цяжкіх падзей і навін?

Ажыўленне яго мінулася, але маўклівасць не варочалася. Мы ўтраіх трымаліся разам усе дні да таго адвячорка.

Фронт трэці дзень стаяў на адным месцы. Мясцовасць была скрозь узгоркаватая, з рэдзенькім хмызнячком у лагчынах — там, дзе мы, перафармаваныя часці, стаялі. Гэта было яшчэ крыху ў тыл, але мы выходзілі на той бок хмызняку, дзе трымаўся фронт. Пасля наваградчынскай сутычкі мы не бачылі ўжо больш засцілаў бою. На вайне дзень часта — эпоха, мы прывыклі да спакойных пераходаў і цяпер зноў разварушваліся. Памятаю, як Юры ляжаў поплеч са мною на пескавым беразе дробнай рэчкі. Бераг быў пляскаты, вада за намі была плыткая: хмурны цёплы вецер нават не мог раскалыхаць яе, яна дробна дрыжала, а ўсё ж і ад яе ішоў водар! Ён здаваўся нам вельмі моцным, вельмі вострым,— жыццё адчувалі мы цяпер з падвоенаю сілай.

Мы ляжалі доўга, цэлы ланцуг шэрых людзей. З паўдня аж да змроку.

— Няўжо яна не паправіцца? — ціха сказаў мне Юры.

— Хто?

— Жонка. Як ты... ты ж бачыў яе, гаварыў з ёю...

Што я мог сказаць, сам нічога не ведаючы.

— Бацька дзівак,— гаварыў Юры,— ён думае, як адпомсціцца аднаму пану, дык і ўсё на свеце выратуе. Няхай бы лепш паменш думаў пра гэта, а...

Ён не скончыў, не могучы, мусіць, упікнуць бацьку.

— Ён чалавек мяккі, мой бацька. Крыўды заўсёды пераступаў... Як ты думаеш, будзем мы ісці сёння наперад ці чакаць?

Узгоркі заслаліся змрокам, і мы адчулі, як прабегла па ўсіх нас адно адчуванне чагосьці блізкага. Мы пачулі: далёка дзесьці вельмі загаварылі кулямёты, і неўзабаве перад намі абазваліся вінтоўкі. Зараз мы будзем выбірацца на той бок рэчачкі.

Перад намі ішла ўжо гарачая работа, як мы рушылі туды з рэзерва. За намі яшчэ беглі, ад гэтага моманту залежала ўдача. Як і заўсёды ў гэтакія хвіліны, мы бачылі толькі тое, што было блізка ля нас — зямлю пад нагамі, хмызнячкі, узгорачкі перад намі. На небе запальваліся зоры, але нам было не да іх, мы іх не бачылі. Неўзабаве нам давялося заняць першую лінію, і там мы пачалі недалічвацца аднаго за адным сваіх таварышаў. Мы беглі ўсё наперад, аж пакуль не пачулі каманды лажыцца. Лежачы, мы стралялі. Быў самы гарачы момант. Налева быў адзін куток, дзе больш, як усюды, сыпаліся варожыя кулі. Там сакатаў наш кулямёт, і раптам мы пачалі заўважаць, што ён змоўк. Юры кінуўся туды, там было пуста — ляжалі параненыя і нежывы кулямётчык. Юры нарыхтаваўся ў момант, кулямёт адсунуў наперад, нежывы кулямётчык астаўся за ім. Праз колькі доўгіх хвілін кулямёт зноў загаварыў. Тут мы зноў пабеглі, пасля пайшлі і ішлі ўжо ўсю ноч, займаючы шырока мясцовасць. Але Юры астаўся. У той момант, калі мы рушылі, калі ўсё ўжо было зроблена, адна з апошніх варожых куль урэзалася яму ў руку ля локця. Я сам яго ўжо не бачыў, але хто быў ля яго, расказвалі, што тады ён гукнуў немым голасам: «Ну, цяпер не магу». І споўз крыху ўніз з узгорачка.

Перад світаннем мы ішлі ўжо ў цішыні. Цяпер мы заўважаць пачалі зоры — яны тухлі на палавым небе, і ўсход засцілаўся бялявымі прасторамі.

Мы ішлі ўсе наступныя дні. Сяляне выходзілі спатыкаць нас. Партызаны далучаліся да нас. Нас цешыла гэта і вітанне сялянскіх натоўпаў.

Я цяпер не ведаю, дзе Юры і што з ім. Таксама сышоў з майго далягляду і Скабакоў. Ён недзе там, на сваёй поўначы Савецкага Саюза. Каб я ведаў яго адрас, я напісаў бы яму, што вычытаў нядаўна ў нашых беларускіх газетах. Перадавалася паведамленне з польскіх газет: успаміналіся прозвішчы кіраўнікоў першамайскіх дэманстрацый у Заходняй Беларусі. Іх вінавацяць у камуністычнай дзейнасці. Сярод іх вычытаў я імя Паўла Гарэйкі.

Я ўспамінаю: у тую часіну, як распытваў Юры — як спаткалі нас у яго хаце і каго мы там бачылі,— ён гаварыў:

— А сына майго не бачылі? Паўла? Паўлючка, майго сына?


чэрвень 1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан