epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Семнаццаць год

I
II
III
IV
V
VI


I

 

Увосень тысяча дзевяцьсот пятнаццатага года салдат расейскай арміі Пятро Тадаровіч быў лёгка ранены ў нагу: блізка ля яго разарваўся гарматны снарад. Нават ён спачатку думаў, што яму толькі дало ў ногі сухою зямлёю, а пасля, ачомаўшыся, агледзеўшыся, убачыў на левай назе, пад каленам, кроў. У тым месцы было холадна, кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Пачало балець, але ён не спыніў работы: як і ўсе, ён акопваўся ў бясконцай першай лініі. Акопвацца - гэта ратавацца. Таму ён з усіх сіл налягаў на рыдлёўку. Ён з строя не выйшаў - нельга было гэта зрабіць. З строя выйшаў ён праз дзень, калі была ўжо ноч.

Першая расейская лінія пасля атакі акопвалася на новай пазіцыі. Германцы білі з гармат, напэўна, перад сваёю атакай. Атака гэтая можа быць уночы, а цяпер толькі што ўзышло сонца. Раптам германцам адказалі расейскія гарматы і ўжо не сціхалі ўвесь дзень. Салдаты праляжалі ў зямлі ўвесь гэты дзень і пачатак ночы, а пасля, не чакаючы германцаў, іх пагналі зноў у атаку. Пятро Тадаровіч наперад не рушыў, хоць і меў сілы гэта зрабіць. Ён ляжаў тварам на зямлі ў сваёй яме, ныючы ўсёю істотаю сваёю ад блізкасці грымучай смерці. Ён чуў, як папацёмку цераз яго прапаўзла наперад другая расейская лінія, а пасля і трэцяя, і пасля ўжо гэтага гэты блізкі шоргат больш не турбаваў яго спакою.

Узышоў месяц, лагчыны пачарнелі; вайна чулася ўжо толькі дзесьці далёка, а тут вельмі стала ціха. Ранены салдат мог цяпер смела стаяць або ісці. Адно, што ён не ведаў, куды яму падацца: падацца да санітараў, дык рана завельмі лёгкая, некалькі дзён пратрымаюць яго, а пасля зноў пхнуць на фронт. Даганяць фронт - гэта быў жах. Ну, можна было пабыць там дзе-небудзь яшчэ дзень, ну два, а больш - салдат стаў бы ўжо дэзерцір. А за гэта жорстка пакараюць. І от у гэтыя хвіліны цяжкіх думак салдат паклыбаў па няроўным полі, сам не ведаючы куды, ён ішоў паўз пустую лінію акопаў. Месцамі гэтыя акопы былі зруйнаваны гарматным агнём: зямля з краёў паабсыпалася; бясформенная чарната была ў гэтых правалах. Ля адной з гэтых акопных руін салдат спыніўся: дзесьці далекавата ён пачуў чалавечыя галасы. Ён прыгледзеўся і пачаў заўважаць, як у некалькіх месцах пстрыкалі святлом электрычных ліхтарыкаў. Санітары забіралі раненых, ходзячы па полі. Салдат прысеў на краі акопа. Ці ісці да санітараў, ці што рабіць? У гэтую хвіліну яму хацелася, каб рана яго была большая, каб ён доўга мог праляжаць далёка ад вайны ў шпіталі, без думак, як бы кожную хвіліну ўратавацца ад смерці. Даволі было яму аднаму пабыць гэты малы час тут, на ціхім полі, у ціхую ноч, як тое пекла, што адышло кудысьці наперад, зноў паўстала перад ім з усёю сваёю сілай. А куды яна пайшла, вайна, салдат не ведаў і не хацеў ведаць. Нават думаць пра гэта яму было страшна.

Ён быў слабы, змучаны і бязвольны, гэты чалавек.

Так, як прыгінаўся ён разам з усімі на першай лініі, пачуўшы, як нямецкі гарматны «чамадан» рэжа паветра, так і цяпер ён як бы прыгнуўся перад жалезнаю хадою падзей: усё робіцца само па сабе, незалежна ад яго, і яму толькі астаецца чакаць - можа, і міне яго страшная навала; ну, або старацца быць далей ад усяго і бліжэй да самога сябе; сам сабе чалавек не вораг!

Сам сабе чалавек не вораг! Гэты салдат, што сядзеў цяпер перад чорным акопам, уночы, адзін, пад зорным небам, каб мог выразна запытацца сам у сябе пра гэта, не сказаў бы, дзе канчаецца ў чалавека вораг самому сабе і пачынаецца прыязнь. Ён, бадай, так сфармуляваў бы сваё разуменне свету: свет вялікі, і ў свеце незлічонасць усялякіх падзей і здарэнняў. Некаторыя з іх добрыя чалавеку, некаторыя варожыя. І кожны чалавек імкнецца ўнікнуць варожага, злога і мець дачыненне з добрым. А чалавечая дзейнасць? Чалавек стараецца дзейнічаць сабе на дабро; і гэтае дабро чалавек сабе зробіць, прыдбае, калі чалавеку пашанцуе. Гэтакі чалавек можа быць, напрыклад, багаты - ён не гаруе на свеце. Але найчасцей чалавека апаноўвае гора. Таму большасць людзей могуць расцаніць жыццё як бесперапыннае і бясплённае змаганне з пакутамі. А што такое вайна? Вайна таксама ўваходзіць у той жалезны шэраг няшчасцяў, што адвеку ўсталяваны і час ад часу сыходзяць на чалавецтва, як сыходзяць голад, хвароба, смерць, і кожны чалавек ратуецца і трапечацца, як можа, жывучы на свеце. І от ён, Пятро Тадаровіч, цяпер жыве ў самай чорнай навале няшчасця. Калі ўсё жыццё яго было як змрок, у якім сягды-тагды высвечвалі зоры, дык цяпер ніякія зоры нідзе не свецяць. «Божа, выратуй мяне», - прасілася ўся істота гэтага чалавека. Свет стаяў навокал яго, над ім і пад ім усім багаццем сваіх праяў; стаялі пад месяцам чорныя лясы, халадзіла чалавечае цела ціхім і радасным холадам зямля. Неба палавела, і на ім папялелі зоры, і на іх месцы высвечвалі новыя і ўсё тлелі і тлелі. Ішла няспынная плынь часу, цякла ў бездань без канца і пачатку. «Гэты свет і плачучы пераплачаш, а той - і скачучы не пераскочыш» - як грозная практыка асуджанасці, стаяла над чалавекам нявольнічная філасофія. Праўда, ні пра які «той свет» чалавек не думаў, але «гэты свет» увесь губляўся ў чорнай безнадзейнасці.

Дзесьці на ўсход сонца ад таго месца, дзе сядзеў цяпер салдат, неяк ліпела на свеце яго сям'я. Ён думаў пра дзяцей тады, калі адыходзіла ад яго няшчасце: вайна! Гэта было за ўвесь гэты час, калі даводзілася быць у тыле арміі або калі доўга цягнуўся спакой на самым фронце. У гэтакія ж дні, як гэты апошні, чалавек выходзіў з роўніцы ўсіх з'яў і адно сам сабе і ў сабе вырастаў як супрацьлегласць усяму, што толькі ёсць на свеце. Жывая істота прагла жыць!

Санітары з ліхтарыкам ішлі ў гэты бок паўз акопы. Яны падышлі зусім блізка, і яны ўжо былі салдату як ворагі якія: яны яго вернуць у той жудасны свет, з якога ён нядаўна выйшаў. Не думаючы, салдат споўз у акоп, і санітары прайшлі паўз яго далей. Чуваць былі іхнія ціхія галасы, пасля за імі ціха і павольна прагрукалі колы, фыркнулі коні, і зноў усё стала ціха. Салдат у роспачы зноў заўважыў над сабою безнадзейныя зоры і халоднае неба. Ён выразна чуў, як штосьці дзесьці недалёка глуха шаравалася, як аб сухую зямлю, нешта ўсё паскрыпвала; пасля яму пачало здавацца, што нехта стараецца выгаварыць слова, а выходзіць усяго паўслова і ўсё шпаркім шэптам, хворым і нежывым. Салдат шмат чуў гэтага людскога шэпту і шмат бачыў, як каналі людзі з гэтакім шэптам і енкам. І ён адразу пазнаў, што тут, дзесьці паблізу, блізка да смерці ранены.

Пятро Тадаровіч далёкі быў і заўсёды, а яшчэ больш цяпер, у гэтыя хвіліны, ад таго, каб да роспачы напінаць нервы і забывацца на тое, што над ім вісіць смерць. З такою думаю можна звыкнуцца, але ўсё адно чалавек звычайны тут не пераступіць мяжы, за якою пачалася б абыякавасць да свайго жыцця. Таму Пятро Тадаровіч лёгка прывык да смерці сотняў і тысяч людзей навокал сябе. Перадсмяротныя шэпты нейкага невядомага цяпер у акопе не здзівілі яго. Ён адно падаўся крыху глыбей, прылёг плячыма да спусцістай, разбуранай гарматамі акопнай сцяны і маўчаў так колькі хвілін. Чалавечы няясны, можа нават непрытомны, шэпт ішоў крыху зводдалеку. Раптам Пятро Тадаровіч пачаў заўважаць асобныя словы ў гэтым шэпце, выразна ён ужо чуў:

- Хто там? Хто там? Сюды. Сюды.

Пятро Тадаровіч, не думаючы лішку, падаўся ў цемень акопа. Яму дзіўна стала, што чалавек шаптаў не зусім ужо гэтак блізка ад яго, як яму раней здавалася. Яму прыйшлося ступіць акопам не менш, можа, як дваццаць пяць крокаў. Падышоўшы блізка, ён пачуў, што хтосьці шэпча, і не гэтак ужо непрытомна і слаба: можна было добра разбіраць і словы, адно што яны раней заглушаліся адлегласцю.

- Хто? Хто? - шаптаў хтосьці невядомы.

- Салдат, - сказаў Пятро Тадаровіч і на ўсялякі выпадак дадаў, падумаўшы: - Ранены ў нагу.

- Памажыце мне, - сказаў невядомы. - Я палкоўнік і ранены ў жывот.

Па-першае, гэта быў палкоўнік. Па-другое, ён гэтак маліў, прасіў. Значыцца, усё пераблыталася, ніякіх ранейшых устанаўленняў. І незвычайнасць найшла на гэтага радавога салдата, нявольніка, слаба раненага ў нагу, Пятра Тадаровіча. Без усялякіх чыноў, а так проста і разам з тым спелячы ў сабе пэўныя думкі, што пачалі ўжо набываць выразнасць, ён пачаў гаварыць з палкоўнікам.

- Што ж мне зрабіць, як памагчы?

- Вынесці мяне з акопа на гару, калі больш нічога не можаш. Тут акопы назаўсёды астануцца пустыя, ніхто сюды не загляне, і мне тут давядзецца кончыцца. На гары, можа, мяне заўважыць хто-небудзь. Калі ж можаш, занясі, ці як, да санітараў. Або заўваж месца і ідзі скажы, што тут ляжыць ранены палкоўнік. Ты хадзіць можаш?

- Магу, я няцяжка ранены.

Палкоўнік доўгія хвіліны маўчаў, стагнаў і адпачываў ад сваёй нядаўняй гаворкі. Як варушыўся - новыя рамяні паскрыпвалі на яго плячах.

- Я табе даклярую, - захрыпеў ён зноў, - белы білет...

- Значыцца, я ўжо тады ніколі не буду на вайне?

- Ніколі... Апроч гэтага, я дам табе зямлі, з свайго маёнтка выдзелю...

- Значыцца, вы белы білет можаце выклапатаць?

- Што гэта мне значыць! Урэшце, я магу даць табе гэтулькі грошай, што ты сам можаш купіць сабе белы білет. Нясі. Бяры мяне і нясі... Не бойся. Ты астанешся, калі баішся, пры мне. Ты мой дзяншчык, і больш нічога.

Салдат рашуча пайшоў у акопную цемень, абмацаў палкоўніка. Гэта быў грузны чалавек.

- Далікатна, далікатна бяры, памалу, - застагнаў ён, калі салдат, крэкчучы і ўсё ж адчуваючы і сваю рану ў назе, узваліў яго на плечы. Рамяні скрыпелі на палкоўніцкіх плячах.

Самае цяжкае - гэта было вынесці яго на гару. Прыйшлося спусціць яго на зямлю, узяць пад пахі і гэтак выцягнуць, плячыма па зямлі, галавою ўгару. Пасля гэтага і салдат, і палкоўнік ляжалі хвілін дзесяць на зямлі і абое аддыхваліся. Нарэшце салдат прыгледзеўся, заўважыў далёка ўжо ад сябе рухавае святло санітарскіх ліхтарыкаў, зноў узваліў на плечы палкоўніка і рушыў у дарогу. Ішоў ён паволі, ні то няроўным полем, ні то купістым узбалоццем. Ногі яго ўязджалі ў зямлю. Чорныя нерухомыя абрысы ночы сталі навокал. Далёка маўчаў фронт. Зоры ўсё гэтаксама свяцілі на халодным небе.

 

II

 

Салдат Пятро Тадаровіч атрымаў белы білет. Ён калаціўся з радасці, адчуваючы ў сваёй кішэні гэтую паперку. Гэта ўсё адбылося вельмі шпарка, як нават ён і сам не думаў. Палкоўнік з дапамогаю гэтага свайго «дзеншчыка» праз вельмі малы час быў ужо ў шпіталі ў прыфрантавым гарадку. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Паны! Яны прыехалі з маёнтка. Гэты палкоўніцкі маёнтак быў у паласе вайны, але ад фронту даволі яшчэ далёка. Можна сказаць, што гэта была тая самая паласа, калі браць раўналежна фронту, дзе была радзіма і салдата Пятра Тадаровіча. Палкоўнік адно падпісаў кароткі ліст, што быў напісаны маладым чалавекам да нейкага знаёмага начальніка мабілізацыйнымі нейкімі камісіямі. Самога ліста Пятро Тадаровіч не чытаў, але ведаў, што там наконт белага білета. Ён хадзіў з гэтым лістом, да каго ён быў напісаны, і праз некалькі дзён меў цудоўную паперку. Ён цяпер назаўсёды развітваўся з вайною! Больш таго. Палкоўнік адно малы час будзе ляжаць у шпіталі, пакуль можна стане яго перавезці. Хіба пан будзе лячыцца ў шпіталі, калі ў яго маёнтак, пакоі, слугі, грошы, усяго цераз горла валіцца? Тыдняў так праз два палкоўнік будзе дома, тады Пятро Тадаровіч з'явіцца да яго па дакляраваную аддзяку.

І ён з'явіўся. Ён атрымаў тое, што дакляраваў палкоўнік. Але перад гэтым - гэтакія хвіліны ціхай радасці, ніколі за ўсё жыццё незнаёмыя яму, перажыў гэты небарака салдат.

Гэта было тады, калі ён дабіўся дадому. Рана яго дазволіла яму пусціцца ў дарогу адразу ж. Ён ехаў, ішоў. Усё яму было цяпер лёгкая справа. Вайна цяпер ужо справа не яго! Няхай там хто сабе хоча і за што хоча (ці за што, ці за нічога!) ваюе. Няхай там сабе свецяць зоры ўначы над халодным і страшным полем, а на тым полі пад агністым громам і свістам канаюць і стогнуць людзі. Ці на гэтым баку яны будуць уміраць, ці на тым - што цяпер да ўсяго гэтага і да ўсіх гэтых людзей шчасліваму чалавеку Пятру Тадаровічу! У яго ёсць ціхі кут, з вайны ён вырабіўся, і больш нічога. Нікога ён чапаць не будзе, і яго ніхто цяпер ужо чапаць не будзе. Вайна - бядота, няхай сабе бядота агульная, але ж яму пашанцавала з яе выйсці. Галоднае жыццё дома? Цяпер ён будзе лепш жыць, палкоўнік жа яго аддзякуе за тое, што ён выратаваў яго. Назаўсёды, значыцца, Пятро Тадаровіч выйшаў з шэрагаў шэрых людзей на вайне, нават і так ён як бы выйшаў з усялякіх людскіх шэрагаў. Ён сам будзе сабе пан.

Які ён шчаслівы цяпер!

Быў пагодлівы адвячорак, калі Пятро Тадаровіч з'явіўся дадому. Накульгваючы яшчэ крыху на хворую нагу, ён падышоў да дома, увесь трасучыся ад вялікай узбуджанасці. Ён сапраўды чуў нават, як пахне трухлявы плацец каля хаты пад чырвонаю рабінаю. Сонца свяціла ў сляпыя шыбы роднай хаціны. Пад паветкаю насупраць хатніх акон ляжаў лом. Мала яго было, але ён быў складзены рупліваю рукою. Пасярод двара нейкія гнілыя, разламаныя начоўкі ну проста-такі ўсцешылі сэрца гэтага чалавека.

- Тата прыйшоў! - закрычалі дзеці.

І хвілін пяць была радасная ўрачыстасць. Пасля адразу чалавек пайшоў аглядаць свае вуглы, усе закуткі ў двары. Сям'я не адставала ад яго ні на крок.

З таго ж самага дня чалавек пайшоў у работу. Ён зграбаў нейкую салому на таку, скасіў нейкі ўзмежак на агародзе, малаціў нейкі мізэрны ўраджай - так пудоў дзесяць жыта на год намалаціў! А пасля падаўся да палкоўніцкага маёнтка. Гэта было нават і не лішне далёка. Там ён цёрся, зняўшы шапку, на кухні. Яго пачаставалі астачаю ад абеду панскіх слуг. Нарэшце яго павялі да палкоўніка. Той ляжаў на верандзе, а каля яго доктар пераглядаў газеты. Доктар, мусіць, ужо ведаў гэтую гісторыю, бо далікатна падаўся ў сад.

- Ах, гэта ты, - сказаў палкоўнік.

- Як ваша здароўе, ваша...

«Дзяншчык» цвёрда і выразна выгаварыў палкоўніцкі чын.

Пра сваё здароўе палкоўнік, аднак, нічога не сказаў салдату. Ён некаторы час глядзеў кудысьці паверх усяго, здавалася, што ён раптам забыўся на салдата і слухае ціхі шум дрэваў у старым садзе. Салдат вокам не зміргнуў, стаяў і цярпліва чакаў.

- Ах, гэта ты, - зноў сказаў палкоўнік. - Дык чаго ты хочаш? Зямлю хочаш ці... ці, можа, даць табе добрую службу ў мяне пры фабрыцы? У мяне фабрыка не тут, а ў горадзе, вёрст за дзвесце адсюль. А зямля тут, у маёнтку.

- Як ваша ласка будзе.

- Ну, дык што хочаш, выбірай. Доўга не думай. На фабрыку хочаш?

- Вельмі далёка, паночку. Ды нейк у горадзе я ніколі не жыў.

- Ну, дык зямлі?

- Зямля ж панская тут.

- Тут. А ты дзе хацеў?

- Таксама далёка мне з дому перабірацца. Турбатня вялікая, і кішэня не вытрымае.

- Дык як я табе павінен наравіць? Ну, гавары.

Салдат анічога не мог сказаць у тую хвіліну.

- Ты можаш жыць там, а тут зямлю выпусціць. Ты і гэтак не хочаш?

- Хачу, паночку, хачу!

- Ну, дык...

Палкоўнік, злосны і зняможаны, адкінуўся на падушку, з пакутніцкім выглядам заплюшчыў вочы.

Аднак жа салдат маўчаў. Ён не ведаў, што гэтак будзе стаяць справа, ён уяўляў сабе палкоўніцкую аддзяку так сабе, адцятую ад усяго. Ён не парадзіўся з жонкаю, з суседзьмі, можа, нават. З суседзьмі?! Не з усімі, вядома, суседзьмі: як трапіў у рукі белы білет, пра гэта трэба было маўчаць. Але адзін ці два з суседзяў ці з сваякоў маглі знайсціся, якім льга было сёе-тое расказаць і пакарыстацца іхняю парадаю ў гэтай заблытанай справе.

Палкоўнік з стогнам прыўзняў галаву з падушкі і ткнуў пальцам у нейкую кропку. Уваскочыў лёкай.

- Няхай мой камісар, - сказаў палкоўнік, - выдзеліць гэтаму чалавеку з маёнтка пяць дзесяцін зямлі. Без грошай. На вечную яго ўласнасць.

Салдат падзякаваў і пайшоў следам за лёкаем у камісарскую афіцыну.

Нешта дзён два яшчэ пасля гэтага Пятро Тадаровіч цёрся ў панскім маёнтку: чакаў усё фармальнай паперкі на зямлю. Сказаць праўду, дык за гэтыя два дні ён апрыкраў там маёнтаўскім службоўцам: усё дапытваўся і правяраў, ці моцная гэта будзе паперка, ці не трэба яшчэ будзе праз усялякія там гарадскія канцылярыі праводзіць яе. Даючы яму на рукі паперку на зямлю, яму сказалі, што яна ўжо як мае быць аформлена.

На трэці дзень увечары (пазнавата ўжо было) Пятро Тадаровіч вярнуўся дадому. Цэлы дзень ён ехаў з адным салдацкім абозам. Трохі дзіўна яму было, што салдацкі абоз раптам у гэтай мясцовасці з'явіўся, але і ў лішнюю гаворку з салдатамі не ўдаваўся. Кіламетраў за шэсць ад дому яму трэба было злезці з фурманкі. Ён пайшоў пешшу. Цяпер гэта ўжо быў зусім іншы чалавек, як тады, яшчэ нядаўна, калі блытаўся ён пад халоднымі зорамі на пустым полі, ля чорных акопаў. Цяпер ужо на задні план адышоў ён сам сабе, а клопаты пра зямлю, пра гаспадарку нёс ён у сабе. Гэтакі ён быў усю дарогу. Але як злез ён з фурманкі і прайшоў крыху пад дом полем, адбылося штосьці гэтакае, што нагадала яму ўвесь час, калі ён толькі дбаў, як бы ўратаваць на плячах галаву. У першую хвіліну ён не паверыў, толькі стаў і прыслухаўся. У наступную хвіліну валасы на галаве яго заварушыліся.

Вечар даўно ўжо агарнуў зямлю. Было ціха. Гэтак было ціха, што чуваць было, як з палявых дзічак, дзе-небудзь паўз дарогу, падала лісце на зямлю. Узышоў восенны месяц. Ад гэтага спакойнага святла яшчэ цішэй здавалася на зямлі. Дзесьці далёка брахаў сабака, піснула палявая мыш. І раптам... Але спачатку чалавек не паверыў. Не можа быць! Вайна асталася далёка, чалавек на векі вечныя выратаваўся ад яе. Няхай там хто сабе хоча ваюе, каго сабе хочуць гоняць на смерць - што цяпер яму, Пятру Тадаровічу! Яму пашанцавала, і ён адгарадзіўся ад усяго свету! Але ўжо ў наступную хвіліну ён хапіўся за галаву: сапраўды ён выразна чуў артылерыйскую кананаду. Гукі гэтыя ён добра ведае! Цяпер яму ясна стала, чаму ў гэтай мясцовасці з'явіўся вайсковы абоз. Як нежывы, дайшоў чалавек дадому. На двары ён яшчэ пастаяў, паслухаў. Кананада пачыналася здорава. З гукаў можна было меркаваць, што яна далёка, - але ж яе чуваць, а гэтага тут раней яшчэ ніколі не было. Дома ўсе спалі і нічога не чулі. Ён не пайшоў у хату, а падаўся на ток, на салому. Ён трывожна прадрамаў цэлую ноч. Раніцою было ціха, але апоўдні з новай сілай, мацней, як уначы, бліжэй, значыцца, чуваць было вайну. Яна, значыцца, даганяла чалавека, не давала яму атрапаць ад яе рук! Яна гналася за чалавекам свежым следам, і нічога іншага чалавек не мог тут парадзіць.

Можа, яшчэ прайшло якіх два ці тры дні. І за гэты кароткі час аж, здаецца, сама мясцовасць змянілася: зноў пайшлі дарогамі ўцякацкія фурманкі, і гэта ўжо былі тутэйшыя людзі, з гутаркі можна было адразу пазнаць і з выгляду (раней, быў нядаўна час, ехалі людзі з Польшчы). А яшчэ праз некалькі дзён упартага гарматнага грому дзесьці далёка войска заняло ўсю мясцовасць.

Пятро Тадаровіч нацягнуў ужо на свае растрыбушаныя драбінкі верх з пасшываных старых мяшкоў. У тыя дні ён выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабою адно - чорную навісь смяртэльнай навалы. У кішэні яго ляжала добра зашытая моцнымі ніткамі паперка на пяць дзесяцін зямлі з панскага маёнтка. Вайна гналася следам за ім. Яму давялося змяшацца з тысячамі ўцякацкіх фурманак на восеннай дарозе. Як ён ні ратаваўся з таго агульнага гора, яно ўсё адно спасцігла яго.

 

III

 

Наступным годам, а можа, і двума, бачылі чалавека на брудных вакзалах, там, дзе было цясней, брудней, чарней, бяздольней. Можна было думаць, што чалавек нічога іншага не ведае, ніколі не бачыў, - гэтак спакойна і панура ён увечары клаўся спаць дзе-небудзь ля сцяны, на цэментовай заплёванай падлозе, або, калі дазваляла надвор'е, на стаптанай траве ці на апыленым лопусе. Усю сваю маёмасць чалавек падсцілаў пад сябе і падкладаў пад галаву. Часамі яго бачылі, і даволі доўгі час, як ён дзень пры дні стаяў на шумных праходах з працягненаю рукою, часамі чалавек даставаў работу і рабіў вельмі цягавіта. Пануры чалавек любіў работу! А колькі ён зарабляў - пра гэта невядома. Відаць было адно тое, што ён вельмі чорны і нейкі зямлісты. Пры ім быў яшчэ хлопчык. Калі бацька быў на рабоце або калі, не маючы работы, стаяў з працягненаю рукою, хлопчык быў дзесьці сам па сабе. Варочаўся да бацькі ён увечары. Спаць яны клаліся разам, акрываючыся ўдвух адным салдацкім шынялём. Пасля ўсходу сонца бацька ўставаў: ён пачынаў дбаць пра будучыню, ён не мог згуляць аніводнай хвіліны. Кожная хвіліна павінна была даць што-небудзь у скарбніцу той будучыні.

Гэты чалавек быў нешчаслівы, але ён не заўважаў таго няшчасця - гэтак моцна і ўпарта не паддаваўся ён сённяшняму дню, каб прыдбаць сабе тое, што прыйдзе пасля. Ён як бы не заўважаў самога сябе і ўсяго, што было навокал яго: усё гэта калі-небудзь павінна мінуцца, бо нічога ж няма вечнага. І не толькі самога сябе не заўважаў чалавек. Было падобна да таго, што ён не заўважае і свайго сына. Так, раз на тыдзень папытае яго, дзе ён ходзіць і што ён робіць. Сын жа жыў ужо сваімі інтарэсамі і, здаецца, гэтаксама мала цікавіўся бацькам. Гора збліжае людзей, гэта факт. Але тут чалавекам апанавала адна ідэя. І ўсё іншае пайшло ёй у ахвяру. Гэта была ідэя таго, што трэба перабыць, перагараваць гэтыя дні і зрабіць сабе тое, за што можна будзе ўхапіцца, калі цяперашняе гора пройдзе. Аднойчы паміж бацькам і сынам адбылося вось што. Сын (яму было цяпер год дванаццаць) не прыходзіў да бацькі больш за тыдзень. Апошнія дні гэтага тыдня бацька пачаў тужыць - дзе дзеўся хлопец. Хлопец прыйшоў апоўдні і знайшоў бацьку за вакзалам, на чыгунцы. Бацька біў каменне велізарным молатам.

- Зноў работу дастаў? - сказаў хлопец.

- Дастаў, - адказаў бацька.

- Я табе хачу сказаць... - загаварыў хлопец.

- Пачакай, - перабіў яго бацька, - зараз будзе перапынак на полудзень, дык тады скажаш. А то гаварыць пры рабоце нязручна. Старшыня будзе крывіцца.

Хлопец паслухмяна адышоўся ўбок і праседзеў з паўгадзіны на адкосе. Бацька заўважыў, што за гэтую паўгадзіну сын скурыў чатыры папяросы.

- От што, - сказаў хлопец, калі бацька сеў палуднаваць, - я табе скажу, што я зусім заўтра паеду адгэтуль.

- Куды?! - устрывожыўся чалавек. - Хочаш есці? На хлеб, еш.

- Не, я палуднаваў, - адказаў сын. - Я даўно ўжо жыву каля сапёрнае работы. Кожная вайсковая часць мае пры сабе аднаго-двух гэтакіх, як я. А цяпер рота выязджае адгэтуль, дык і я з ёю.

- А можа, яна выязджае на фронт? - зусім ужо ўстрывожыўся чалавек.

- Гэта вайсковы сакрэт. Самі салдаты нават не ведаюць да апошняга моманту... Я ўжо не буду гэтакі абарванец, як цяпер. Мне салдат шые з старога шыняля на мой рост шынялец. Таксама будзе гімнасцёрка, боты, а шапка ўжо ёсць.

Бацька глядзеў на сынаву галаву і сапраўды ўбачыў новую салдацкую шапку, на хлопчыкаву галаву якраз, а на шапцы салдацкая цэшка.

- Пагоны ў мяне таксама будуць, - пахваліўся малы.

- Як жа ты паедзеш ад мяне? Падумай ты, салдат ганяюць з месца на месца, ты можаш мяне зусім страціць. Можа, мы ніколі не знойдзем адзін аднаго.

- Знойдзем. Я табе буду пісаць, а ты мне адказваць будзеш. А там я затое не галодны. Я салдацкай кашы і баршча ем колькі захачу.

- Гэта-то добра, мой сынок, гэта добра, што добрыя людзі цябе кормяць. Але мне страшна цябе пускаць ад сябе.

- Што я тут буду пры табе рабіць? А так я паміж людзей вытруся.

- Ты ў мяне адзін астаўся, з усёй нашай сям'і. (Вочы ў чалавека пачырванелі ад слёз.) Матку мы сваю пахавалі пры дарозе, як мы ехалі сюды ад вайны, на ўцякацтва. Праехаўшы вёрст сто яшчэ далей, пахавалі ў адзін дзень тваіх меншых братку і сястру. (Чалавек ужо зусім плакаў.) А праз тры дні пасля гэтага ўжо больш ехаць не было на чым - конь кончыўся, і ўсё на дарозе кінуць трэба было: хто ў такія часы мог купіць у нас усё, што там на возе ляжала. Вайна даганяла нас. Нам трэба было ратавацца.

- Пусці мяне ехаць.

- Цяпер як мы жывом? Мы цяпер жывом, абы пражыць дзень, перагараваць. І што-небудзь трэба каб асталося ў нас на той дзень, калі вайна скончыцца, усё ўпарадкуецца, можна будзе вярнуцца дадому назад і пачаць там жыць па-чалавечы. Я табе, сынку, скажу, ты быў у мяне яшчэ зусім малы і мала што можаш памятаць. Мы ўвесь свой век з тваёю маткаю і з вамі малымі (зноў слёзы) - не жылі, а гнілі. Мы жылі на гэтакім маленькім кавалачку зямлі, на якім хіба адно агарод можна было зрабіць, а не хлеб сеяць. Мы жылі без хлеба, без адзежы, як старыя якія.

- Гэтак як цяпер.

- А можна сказаць, што і мала лепш... Пасля мяне забралі на вайну. Няшчасце на ўсіх людзей найшло: адным ваяваць, другім кідаць усё сваё і выязджаць ад вайны ў чужы свет. Мне было пашанцавала на фронце. Я вынес з акопа раненага палкоўніка і панёс яго да санітараў. Каб не я, ён бы там зайшоўся б адзін. Палкоўнік быў якраз багаты пан, у яго і маёнткі свае, і фабрыкі свае. Дык ён мне за гэта аддзякаваў: ён мне пяць дзесяцін зямлі адрэзаў з свайго маёнтка. Вось папера на гэтую зямлю. (Чалавек дастаў з-за пазухі паперу, паглядзеў на яе і шпарка схаваў назад.) Дык я цяпер збіраю кожную капейку, кожны грош. Я лепш галодны пасяджу, а капейкі не страчу. Калі няма работы, я стану, працягну руку і ў людзей прашу, абы мне кожны дзень хоць крыху што-небудзь дадаў да таго, што ў нагавічнай паясніцы зашыта. Бо прыйдзе час, пасля вайны, калі спакойна можна будзе вярнуцца дадому. Там пяць дзесяцін зямлі, свае, уласнае (папера за пазухаю) чакае. Там нанова гаспадарка пачнецца, пагаруецца і што-небудзь выгаруецца. А на пачатак справы патрэбны грошы.

- Дык мы будзем ведаць адзін пра аднаго. Не навек жа мы разлучаемся.

- Цяпер восень. Я выхлапатаў сабе ў камітэце на зіму месца ў бараку. На цябе і на сябе... Я ўжо нават сёння начаваў у тым бараку. Добра. Дождж на галаву не лье і вецер не дзьме. Барак мураваны, раней нейкія крамы там былі. Народу хоць многа там, але перазімаваць там можна будзе. На зіму печы там паставяць. А тым часам не можа быць, каб вайна на зіму не скончылася. Вайна ўсім у косці ўелася...

- Ну, дык я з табою зранку заўтра яшчэ развітаюся. Ты заўтра робіш? Дзе ты будзеш заўтра?

- Заўтра нядзеля, работы няма.

- Дык прыйдзі на вакзал зранку. Заўтра наша часць выязджае.

Хлапчук паважна і стала сказаў гэта і пабег. Пасля пайшоў паволі, два разы азірнуўшыся на бацьку. Бацька ўжо біў з-за вуха молатам у камень.

Назаўтра зранку чалавек убачыў свайго сына.

Гэтае малое хлапчанё мела такі выгляд, як быццам бы не будзь ён паміж салдат на вакзале, дык у адзін момант зруйнуецца ўвесь свет. Хлапчанё было - у мініяцюры салдат расейскай арміі: шынялец, боты (праўда, у адзін той бот можна было яму зараз дзве нагі ўсаджваць), пагоны з сіняга сукна, учарашняя цэшка на шапцы, шырокая папруга па шынялі пад хлясцік. Малы з гордаю знявагаю да ўсяго, што толькі было перад ім, трымаўся навыцяжку, браў рукі па швах...

- Здароў! - сказаў ён бацьку.

- Не забывай мяне, сынку. Ты яшчэ малы, ты яшчэ дзіця...

Салдаты рушылі на перон, малы з імі. Ён нават меў за плячыма нешта накшталт салдацкага ранца. Бацька паспеў адно развітацца з сынам. На перон ужо яго не пусцілі. Ён выйшаў з вакзала сумны. Штосьці пакутнае цяжка варочалася ў грудзях яго. Ён чуў цяпер сябе страшна самотным, як бы сярод мора на гнілой дошцы. Ён чуў, як прыходзілі і адыходзілі цягнікі, як маршыравалі салдаты, змучаныя коні цяглі гарадскімі вуліцамі гарматы, не менш змучаныя людзі, прыбітыя, прыглушаныя, штосьці рабілі каля гэтых гармат, штосьці адзін аднаму загадвалі, гаварылі, злавалі, лаяліся, маўчалі... Восеннае сонца пякло над горадам. Вуліцы былі пыльныя. Народу было на вуліцах поўна. Званілі ў царкве. Гук быў густы, моцны, не гэтакі, як калісьці там, адкуль выгнала вайна. Адчуванне самотнасці ў чалавека было большае, як тады, калі ён астаўся адзін на вайне ля зруйнаваных акопаў. Ён прабадзяўся з паўдня па гораду, заходзіў у царкву, стаяў пад гіпнозам імшы, вярнуўся ў барак, лёг на сваё месца і маўчаў. Навокал адчувалася вайна: салдаты, уцекачы, бядота, смерць (не толькі там, на фронце, салдацкая смерць, але і тут, яшчэ страшнейшая, у ціхіх кутках, у трантах, у брудзе, у вошах). Ён нічога не думаў больш у той дзень. Ён не мог знайсці ні пачатку, ні канцоў, ні прычын - нічому: ні вайне, ні смерці, ні голаду. Як муха ў вадзе. Ён нічога не разумеў на свеце.

У наступныя дні ён зноў хадзіў на работу. Быў яшчэ больш пануры і з яшчэ большай упартасцю абмацваў паперку на пяць дзесяцін зямлі за пазухаю і грошы ў нагавічнай паясніцы.

Ад сына ніякае весткі ён больш ужо не меў. Можа, той і пісаў бацьку што, але бацька ў бараку доўга не быў. Ён неўзабаве, мокрым і халодным восенным днём, прамок і захаладзіўся на рабоце. Назаўтра на работу ён не выйшаў, а на трэці дзень быў у вялікай гарачцы. Яму пашанцавала: праз дзён дзесяць яго завезлі з барака ў больніцу. Там ён і пракачаўся вельмі доўга, нешта аж усю зіму, да самай вясны. Калі адбывалася рэвалюцыя, ён ужо хадзіў па больнічным пакоі, падоўгу прастойваў ля акна, глядзеў на залітыя сонцам тратуары і сцены. Чалавек быў гэтымі часамі вясёлы. Перш за ўсё рэвалюцыя. Як бы ён ні разумеў яе, якую б яе ні бачыў ці, праўдзівей, адчуваў, але ведаў ён адно цвёрда і ясна: яна за яго, яна ідзе на дапамогу гэткім людзям, як ён. Як клаўся ён у шпіталі, ён вельмі старанна выбраў з паясніцы грошы, далучыў да іх паперку на пяць дзесяцін зямлі, усё гэта завязаў у хустачку і паклаў пад падушку. Хоць быў ён і ў гарачцы, але на гэта ў яго знайшлося яшчэ сілы і яснасці ў галаве. З гарачкі ён усё гаварыў пра гэтыя грошы, пра пяць дзесяцін зямлі, пра дамоўку, пра тую часіну, калі ён зноў возьмецца націраць спакойна мазалі на руках і нагах і ціха сабе ліць сёмы пот на зямлі. Больш нічога яшчэ не трэба. І нікога яму не трэба. Увесь свет па сабе, і ён па сабе. І от прыйшла аднекуль рэвалюцыя. Што такое гэтая рэвалюцыя? Яна ёсць дадатак да грошай у нагавічнай паясніцы і да паперкі на пяць дзесяцін зямлі. Цар ваяваў - цара скінулі. Буржуазія была багатая, яна магла нават здароваму салдату выстарацца белы білет. Яна ўсё можа! А бедны, просты чалавек гараваў. Дык рэвалюцыя дала ці дасць па шапцы гэтай самай буржуазіі, на карысць беднаму чалавеку. Дык няхай жыве рэвалюцыя! І Пятро Тадаровіч кожны дзень абмацваў пад сваёю падушкаю малюпаценькі пакуначак у бруднай насатцы. Там былі папяровыя грошы, але найбольш яны былі перагнаны на золата. Як і дзе чалавек даставаў гэты метал - ён сам ведаў. Ратуючыся сам у сабе, з сабою і сваімі спосабамі ад усялякай навалы, ён выпрацаваў у сабе панурасць, праз панурасць прафільтравалася жалезная практыка.

Ужо калі выйшаў ён з шпіталя, горад кіпеў першымі месяцамі рэвалюцыі. Чалавек ахвотна і з цікавасцю хадзіў слухаць на мітынгі, сам адчуваў у сабе тую самую рэвалюцыю, праўда, па-свойму, і з вялікаю радасцю бачыў, што сапраўды вайна дайшла да канца. Зараз ачысціцца ад вайны тое месца, адкуль ён родам, дзе тыя пяць дзесяцін яго ўласнай на векі вечныя зямлі. А да гэтай зямлі рэвалюцыя яшчэ дадасць больш зямлі. Як тады не жыць чалавеку. У такія хвіліны чалавек быў блізкі да таго, што заплача; ён думаў пра загубленую на ўцякацтве сям'ю. Ён астаўся адзін. Адзіны жывы сын яго прапаў дзесьці без вестак! У яго вачах паўставалі тыя хвіліны, калі каналі на дарозе яго малыя дзеці, яго жонка - матка гэтых дзяцей. Няхай жыве рэвалюцыя, яна скончыла вайну, яна супроць той буржуазіі, якая ўшчала вайну! (Пра гэта ён ужо наслухаўся.) Зараз ён рушыць дадому!

Ён не ведаў таго, што ў барак яму прыйшло было за зіму некалькі лістоў ад сына. Але ў бараку думалі, што яго ўжо няма жывога. Калі б нават думалі і інакш, дык не ведалі дакладна, у якім шпіталі яго шукаць. Ды, урэшце, хто гэта будзе браць на сваю галаву ці, праўдзівей, на ногі гэтакі клопат? І лісты тыя марнавалі, губілі. Чалавек, як выйшаў з больніцы, заходзіў у барак, але нічога там не дазнаўся. Цяпер ён перабраўся жыць у іншы канец горада.

 

IV

 

Ужо ў вайну з белапалякамі той мураваны барак быў зруйнаваны ўшчэнт. Усе тыя кватэры ля вакзала былі папалены і паўзрываны. Пятро Тадаровіч гэтага ўжо не бачыў. Яго тут ужо больш ніхто не спатыкаў пасля таго, калі ён пытаўся ў бараку пра сына або пра лісты ад яго.

Раз увосень, калі канчалася вайна, малады чырвонаармеец хадзіў у гэтым месцы і прыглядаўся да асобных будынкаў, што нейкім парадкам асталіся пасля гэтакай калатні. Ён нічога тут не пазнаў, нават самы вакзал стаяў, як шкілет: без вокан, без страхі, абсмалены, абкураны. Цягнікі хадзілі, але спыняліся яны ўжо крыху далей, дзе да часу выбудавалі нейкую паветку з дошчак. Пад гэтай паветкай малады чырвонаармеец і чакаў раз пад вечар свайго цягніка. Ён быў не адзін. Нешта было з ім яшчэ чалавек трох вайскоўцаў, старэйшых за яго. Заходзіла сонца, была восень, суха было, ясна. Наводдалек шумеў горад. Адгэтуль відаць былі маўклівыя коміны спыненых заводаў, разбураныя вайной муры. Свежыя сляды вайны яшчэ не зацягваліся часам і чалавечаю працаю. На ўзгоркавым полі, за горадам, часамі відзён быў чалавек з плугам. Праходзілі людзі сцежкамі ў поле і ў горад...

Паміж вайсковымі адбылася гэтакая гаворка:

- Я хадзіў, хадзіў, - сказаў самы маладзейшы чырвонаармеец, - і дарэмна.

- Я табе казаў, - адказаў другі, - гэтулькі часу прайшло, і вайна гэтак тут пастаралася. Ты або неразумна ўпарты, або наіўны, як дзіця.

- Ты нічога не разумееш, каб у цябе самога што-небудзь было падобнае, тады б ты мог зразумець.

- Я і так разумею.

- Не, не разумееш. Ты сабе можаш уявіць, што я, скажам, зусім забыўся на свайго бацьку, ну, зусім, ніколі нават і не ўспамінаю яго. А ён жа пра мяне думае...

- Не, я гавару не пра гэта, а пра тое, што ты ўсё адно не мог яго так знайсці і гэта сам наперад ведаў, а аднак пайшоў вандраваць па папялішчах на цэлы дзень, нават больш.

- Я распытваў, заходзіў у тыя сем'і, дзе яго ведалі... Але не гэта важна тут у мяне. Я і сам ведаў, што не знайду яго, але...

- Але сам сабе давёў, што шукаў яго, што сумленне тваё перад бацькам чыстае?

- Няхай сабе і гэтак. Справа, бачыш, вось у чым. Ты не забыўся яшчэ, вядома, калі мы забіралі тую мясцовасць, дзе было вельмі шмат партызанаў. Там, дзе нам было б вельмі цяжка, каб не памаглі нам партызаны. Дык от у той мясцовасці праходзіць гасцінец. Памятаеш? Мы з табою ляжалі ўначы ля самага гасцінца, у мокрай ад расы траве, пад змрочным святлом маладога месяца. Там ля дарогі ляжала куча камення, у тым месцы, дзе палетак узбягае, здаецца, на самы гасцінец. Я табе тады быў паказаў на тое каменне, а ты быў падумаў, што я там заўважыў нейкі рух і пачаў прыглядацца...

- Памятаю. Ну, ты мне тады гаварыў, што там пахаваны твае малыя брат і сястра, каля тых каменняў.

- Ты пачуў гэта як факт. І гэта зусім натуральна. Але мне гэта больш як факт. Я тады быў малы, але самы большы з дзяцей майго бацькі. Я памятаю ўсё. І гэтае «ўсё» - трэба, каб ты зразумеў. Чалавек хавае сваіх дзяцей, зараз двое. А за некалькі дзён да гэтага ён пахаваў сваю жонку - маці гэтых дзяцей. І от, калі ён ужо засыпаў сваіх дзяцей зямлёю, калі ўжо назбіраў каменьчыкаў і на гэтай магіле гэтак, як рабілі яго бацькі і дзяды, вылажыў з гэтых дробных каменняў крыж, тады глянуў на мяне, на дзіця, на ўсё тое, што асталося ад яго сям'і. Справа не ў тым, што ён плакаў ці не плакаў, што ён енчыў, кідаўся на гэтую магілу тварам. Справа ў тым, што ён быў як малое дзіця. Ён анічога не разумеў, што гэта з ім і з людзьмі робіцца. Ён тады, паглядзеўшы на мяне, сказаў мне, гэта я назаўсёды памятаю: «Чалавека апаноўваюць з усіх бакоў няшчасці, і хто здолее выратавацца, той шчаслівы. А таксама трэба спагадаць людскому гору. Цяпер нам будзе добра, каб хто нам, сынку, з табою паспагадаў». Мы ў той дзень да самага вечара прасядзелі з бацькам ля гэтай магілы. Я, малы, назаўсёды памятаю тое месца: паласу вёсак, глухі горад непадалёку, камяністы ўзгорак, на ім кучка хвойніку і ўбаку маёнтак. Я табе пасля тае начы паказваў той маёнтак. Мясцовасць тую я пазнаў адразу, як толькі наша часць падышла была тады і злучылася з партызанамі. Але я адышоў ад таго, пра што расказваю. Дык от, як сонца пачало заходзіць, мы з бацькам сабраліся рушыць далей у дарогу. Вайна гналася следам за намі. Мы паехалі на сваім здохлым канючку. Памятаю, я сядзеў унурыўшыся, у лахманах, бацька ў перадку. Я ўсё, памятаю, хацеў дачакацца зручнага моманту, запытацца ў бацькі, калі мы і дзе зноў спаткаем і возьмем з сабою сваіх, тых, што пазакопвалі ў магілах пры бітай дарозе, але ўсё баяўся запытацца, бо ведаў, што бацька ад гэтага яшчэ горш гараваць пачне. А ў гэтым кірунку ішлі тады мае дзіцячыя думкі таму, што, калі ўмірала на возе маці, яна сказала мне: «Не плач, маё дзіця. Я гэта на кароткі час пакіну вас, пасля, нават хутка, мы зноў спаткаемся». От і ўсё, чым яна магла ў тую страшэнную хвіліну пацешыць мяне. Пекла гэта ці не, калі цэлыя пакаленні гэтак жывуць і ўяўляюць сабе свет? Сама што мы выехалі і далучыліся да цэлага шэрагу ўцякацкіх незнаёмых фурманак, як убачылі, што з маёнтка на тракт выязджаюць два аўтамабілі. Бацька мой у гэты момант гаварыў мне: «Што ж, хто багаты, таму што! У таго ніхто не памрэ гэтак у дарозе. Чорт яго не возьме гэтакага. Таму ў горла мядовыя рэчкі самі цякуць. Таму вайна не страшна». У гэты самы момант бацька, яшчэ не скончыўшы гаварыць, раптам змоўк і рвануў з галавы шапку. Крыху прыўзняўся з свайго месца і скланіўся з прыніжанасцю малога чалавека перад вялікім. Гэта два аўтамабілі праязджалі паўз нас. Здаецца, чалавек з пярэдняга аўтамабіля пазнаў майго бацьку, бо (я тады гэта добра заўважыў) кіўнуў галавою на яго прывітанне. Але не спыніўся. Аўтамабілі адно бліснулі паўз нас. Бацька шукаў разрыўкі. Ён ішоў з суседам па фурманцы збоку дарогі і расказваў яму, што гэтага пана ён выратаваў на вайне нядаўна. Пан гэты палкоўнік нядаўна быў, а цяпер, мусіць, ад вайны з свайго маёнтка выехаў. Але чаго ён з гэтага маёнтка выехаў?

- А гэта ж таксама яго маёнтак, - адказаў сусед. - Я ведаю. У яго маёнткі скрозь паўз гэты гасцінец.

- Дык вайна ўсе яго маёнткі пазаймае.

- Халера яго не возьме. У яго фабрыкі па гарадах. І банкі пад яго абладаю.

- Праўда, чорт яго не возьме, - стала згадзіўся бацька.

Я не магу не шукаць бацькі. Я павінен яго знайсці. Мы от скончылі вайну. Я адчуваю цяпер сябе гэтак, як можа адчуваць сябе гаспадар на разбуранай гаспадарцы. Ён ведае, чаму і як разбурана гаспадарка, як яе падняць на ногі і з чаго пачынаць. І я цяпер думаю пра свайго бацьку гэтак, як калісьці, напэўна, ён думаў пра мяне, калі я, малое дзіця, адно асталося на яго растрыбушаным возе. Я шукаю цяпер бацькі, думаючы пра яго гэтак, як можа думаць бацька пра малое дзіця...

- А можа, ён цяпер нават апярэдзіў цябе. Рэвалюцыя і новая вайна прайшлі ўжо з таго часу. Не жыў жа ён у паветры...

Яны канчалі гутарку ўжо ў цягніку.

 

V

 

Пятро Тадаровіч назаўсёды пакінуў у памяці хмурны дзень позняй вясны, калі ён з'явіўся «дадому». Хаты ён там не знайшоў, ледзьве пазнаў тое месца, дзе яна калісьці стаяла. Цалюткі той дзень ён прасядзеў на камені. Камень астаўся на месцы, раней ён падпіраў з вуліцы хатні вугал. Ён кідаўся то ў вялікую роспач, калі думаў пра адзінага свайго сына, які дзесьці «бадзяецца па свету», думаў пра сям'ю, што загінула на чужых дарогах, пра сваё адзіноцтва; то апаноўвала яго радасць і ўздым да працы і дзейнасці, калі абмацваў ён у кішэні грошы і паперку на пяць дзесяцін зямлі. Цяпер трэба пачынаць усё спачатку.

І ён пачаў усё спачатку, адзін. Дзень той першы прайшоў як бы ў нейкай суглядальнасці. Змеркла. Ён сядзеў, пасля ўстаў і пайшоў дарогаю. Вярнуўся назад, выбраў месца на зямлі, лёг, прадрамаў сяк-так ноч, узняўся раней за сонца і пакінуў назаўсёды тое месца. Ён падаўся на месца тых пяці дзесяцін. Палова маёнтка была зруйнавана, але пан пачынаў ужо яго адбудоўваць. Зямлю сваю ён атрымаў, як толькі паказаў палкоўніцкую паперку. Але самога палкоўніка ён ужо не застаў у маёнтку. Якраз у тыя самыя дні палкоўнік выехаў камандаваць палком легіянераў. Пачыналася савецка-польская вайна.

Пятро Тадаровіч вельмі шпарка выкапаў сабе зямлянку на той сваёй зямлі. І як толькі начаваў у ёй першую ноч, адчуў, што гады прайшлі, сям'я загінула, вялікая самота пануе над ім, што ўсё адно не ўцёк ён ні ад вайны, ні ад усіх іншых няшчасцяў; гэтыя няшчасці якраз у той самай меры навісалі над ім, як і над усёю рэштаю людзей на свеце. Як быццам бы ўжо нейк і нецікава яму стала займацца гэтымі пяцьма дзесяцінамі зямлі. Нашто яму ўсё гэта? Але ён не мог сядзець рукі склаўшы, ды і трэба было жыць. І ён варушыўся на сваіх пяці дзесяцінах. Ён пусціў у ход з кішэні дарагі метал - сваю кроў і мазалі, і паставіў нейкую хаціну; у першы год пасеяў палавіну поля, набыў нейкага канючка. Ён чапляўся за зямлю, за традыцыі працавітага простага чалавека, за жыццё. Ужо да таго моманту, калі вайна была на пераломе, у самыя гарачыя яе часы, ён ужо меў сабе другую жонку - добрую, працавітую жанчыну. Усё пайшло лацвей; вырастала перспектыва новай сям'і. Чалавек ажыў, забыўся на свае ранейшыя сумныя трывогі. І зноў ён стараўся не думаць пра вайну. Няхай сабе ваююць! На ўсялякі выпадак ён яшчэ хаваў белы білет з ранейшай вайны. Але аднойчы ён зноў пачуў гарматны гул. А праз некалькі дзён выехала з маёнтка панская сям'я. І толькі. Больш ніхто не выязджаў, хіба адно панскія, не простыя, слугі. Пятро Тадаровіч усё яшчэ думаў, што вайна неяк пройдзе паўз яго. Але аднойчы зранку легіянеры выгналі яго ў абоз. Ён пачаў быў адмаўляцца, але нейкі старшы над гэтымі салдатамі (чына Пятро Тадаровіч не ведаў) сцебануў яго нагайкаю цераз плечы. Цяжарная жонка яго кінулася ратаваць мужа, але яе той самы начальнік збіў гэтак, што яна ледзьве дапаўзла да пасцелі. Так ён і пакінуў яе зусім хворую, без догляду. Ён павёз нейкае вайсковае дабро. Яго мучыла думка пра хворую жонку, пра яе цяжарнасць, пра яе адзіноцтва - мучыла тое, што зноў вайна не мінула яго; чапае няшчасце ўсіх людзей, чапае і яго. Раз уначы ён паспрабаваў уцячы. Ён ціха вывеў з аглабель каня, як усе паснулі, правёў яго крыху, а пасля паехаў конна на ім. Яго заўважылі, вярнулі і збілі да паўсмерці. Так білі, што ён паспрабаваў, сцяўшы зубы, бараніцца: ён пхнуў кулаком у грудзі вайсковага начальніка. Пасля гэтага ён сам ужо далей ехаць не мог. Каня і фурманку пагналі без яго, а ён праляжаў дзён тры ў кустах ля дарогі, а пасля пачаў блытацца па ўсёй мясцовасці, не могучы прабіцца праз фронт туды, дзе была яго хата і дзе ўжо стаялі бальшавікі... Дабіўся ён дадому праз немалы час, калі ўжо зноў легіянеры занялі тую мясцовасць. Там ён знайшоў жонку зусім хворую - збітая тады вайсковым начальнікам, яна нарадзіла нежывое дзіця і сама з таго часу ледзьве хадзіла. На трэці дзень пасля таго, як Пятро Тадаровіч з'явіўся дадому, хату яго абкружылі вайскоўцы. Хату гэту вінавацілі ў тым, што ў ёй мелі прытулак партызаны: хата стаяла за маёнткам, ля лесу, з яе стралялі па маёнтку тады, калі з яго выязджаў на вёску карны атрад польскай арміі.

- Мяне тады нават дома не было, - пачаў прасіцца Пятро Тадаровіч.

- Значыцца, ты сам недзе з імі быў!

Чалавека забралі і пагналі немаведама куды.

 

VI

 

У тысяча дзевяцьсот трыццаць другім годзе зімой даволі-такі стараваты, але яшчэ моцны з выгляду чалавек хадзіў па панскіх дварах, апытваючы, ці не можна дзе астацца за парабка. Мясцовасць была - паўднёвая частка Заходняй Беларусі. Чалавек хадзіў доўга, нарэшце яму пашэнціла: за парабка яму неяк усё ж удалося астацца. Ён закватараваў у агульнай парабчанскай афіцыне - сям'і ў яго не было.

- Дзе ж твая сям'я, чалавеча? - запыталі ў яго парабкі.

- Ат, - адказаў чалавек, - няма сям'і. За войны ўсё пагінула. Я ад вайны ўцякаў, па Расеі бадзяўся...

Парабак быў гэтакі самы, як і ўсе. Гэтаксама рабіў, гэтаксама бедаваў, што, можа, давядзецца астацца без работы, бо збяднелыя людзі прагнуць абы-дзе астацца на службу, абы не памерці з голаду, а работы нідзе няма. Дык парабкам зменшваюць і так малы заработак. У каго сям'я, дык хоць кладзіся ды канай.

- Дык чаго ты вярнуўся сюды? Парабкаваць?

Чалавек не расказаў пра тыя пяць дзесяцін зямлі. Ён гаварыў гэтак:

- Тут таксама людзі патрэбны.

- Нашто яны тут, і так рабіць няма чаго, - ні то жартаваў, ні то стала сказаў хтосьці.

Парабак загаварыў:

- Работа ёсць, колькі хочаш. Адно рабі.

- Хіба панскія двары паліць? (Нібыта жарт, але зусім не жарт.)

- Нашто паліць? За гэта па астрогах цягаць пачнуць.

- А каб не цягалі?

- Дык тады і паліць не трэба было б.

Так і дайшлі з гаворкі неўзаметку да таго, што трэба паліць панскія маёнткі.

- Чаго ж ты ўсё-такі варочаўся сюды, чалавеча? Калі варочаўся, дык, значыцца, дамоўку тут маеш. Дзе ж яна, што ты ў парабкі пайшоў?

Чалавек, калі ўжо зжыўся добра з усімі парабкамі, калі ўжо ўведаў усіх, расказаў усё як мае быць пра сябе.

- Мяне як пагналі былі другі раз, дык жонка памерла, з нуды, з хваробы пасля нежывога дзіцяці. Я думаю, што хата мая ўжо не стаяла доўга на тых пяці дзесяцінах зямлі. Калі я на трэці год вярнуўся, пяць дзесяцін адышлі пад асадніка. Я стаў жабрак. Я пайшоў па свету шукаць работы. Меў я крыху работы ў горадзе. Пасля сюды падаўся. Нічога цяпер не маю. Рукі свае адно.

- Каб ты ведаў, што давядзецца табе гэтак, дык не ратаваў бы тады на вайне таго палкоўніка.

- А можа б, ты, чалавеча, - сказаў другі, - цяпер як-небудзь дабіўся да таго самага палкоўніка. Ты ж яму быў тады зрабіў, не жартуючы сказаць, вялікую ласку, як сам расказваеш. Няхай ён цяпер цябе нанава аддзякуе. Ён астаўся, з твае ласкі, жывы, каб панаваць, а ты яго выратаваў, каб гараваць. Ліха яго не возьме, калі і цяпер табе дасць, як жыць на свеце. Ён цябе павінен успомніць, дабіся адно да яго. Жыве, як у раі. Магнат. Маёнткі, фабрыкі.

- Дык, можа, ён мне паможа, каб не гараваць на свеце. Ну, дык што з гэтага? Я пакіну, скажам, гараваць, але ж табе ад гэтага не стане лепш. Мільёны людзей гаруюць, так і астануцца гараваць. Так ці не?.. Вы ведаеце, што цяпер вырабляюць яго гэтыя фабрыкі, фабрыкі гэтага самага майго знаёмага пана палкоўніка? (Ён цяпер напэўна ўжо ў большых чынах.) Ён сваю фабрыку пусціў на выраб вайсковых матэрыялаў. Чаго ён, значыцца, хоча? Вайны. Каму вайна - смерць і гора, а яму - заработак. Думайце самі...

Парабак не ўбыў доўга на адным месцы. Неўзабаве ён ужо зноў хадзіў па маёнтках, шукаючы службы, і па вёсках, шукаючы работы. Пасля ён быў нейкі час у горадзе - і там усё шукаў работы.

Раз загарэўся панскі маёнтак. Праз тры дні згарэў другі. Каля таго самага часу сяляне выгналі з вёскі падатковага чыноўніка. Карны атрад адразу з'явіўся на месца. Ён арудаваў шмат дзён і выехаў пасля ўжо таго, калі спустошыў і ажабрачыў людзей. Як толькі атрад выехаў, адразу ж з'явіўся туды, неўзаметку, той самы парабак.

- Работы ў горадзе я не дастаў, - сказаў ён, - буду спрабаваць шчасця зноў тут.

Праз некалькі дзён зноў загарэўся панскі маёнтак.

Той самай зімы, пад вясну, на хімічнай фабрыцы, у горадзе, баставалі рабочыя. Да хімікаў далучыліся рабочыя ўсіх гарадскіх фабрык і заводаў. Шматтысячная дэманстрацыя сышлася на пляцы і стала на мітынг. Пасля мітынгу, калі ўжо з'явілася войска і паліцыя, выйшаў вялікі вайсковы чын. Ён хацеў штосьці сказаць.

- Я гавару вам ад імя гаспадароў тых прадпрыемстваў, дзе вы робіце забастоўкі, ад імя арміі Жэчы Паспалітай і ад імя дзяржаўнай улады...

Камяні і кавалкі цэглы пасыпаліся ў яго. Ён шпарка рушыў у свой закрыты аўтамабіль. Дэманстрацыя рынулася ў бакавыя вуліцы. У першым шэрагу першай калоны ішоў Пятро Тадаровіч. Ідучы, ён гаварыў свайму суседу:

- Я яго адразу пазнаў. Гэта той самы палкоўнік. Мне страшна хацелася кінуцца да яго і палажыць яго на месцы. Я яго калісьці выратаваў, я яго і забіў бы.

 

У тыя самыя дні, на тым месцы, дзе калісьці быў той уцякацкі барак, чалавек праглядаў газеты. Ён сядзеў у малым пакоі. З акна відаць быў даўно ўжо адбудаваны вакзал. На месцы колішніх прывакзальных драўляных дамкоў і хат быў заліты асфальтам пляц. На месцы барака і ў глыб вуліцы вырас велічэзны хімічны завод. Чалавек, што праглядаў газеты, сядзеў у дырэктарскім кабінеце гэтага завода. Перад ім ляжала зводка заказаў на штучныя ўгнаенні. Спачатку ён толькі праглядаў газеты, пасля палажыў газеты на стол і пачаў чытаць пра паўстанні, забастоўкі, дэманстрацыі, расстрэлы за межамі. Прачытаўшы, ён задумаўся. Пасля ціха сказаў, апусціўшы галаву на рукі:

- А бацька ўсё калісьці думаў пра тыя пяць дзесяцін зямлі... Калі жыве ён, дзе і як мне знайсці яго?

 

1932


1932?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая