epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Сіла нашай культуры — у інтэрнацыяналізме

Мінуў год з часу апублікавання пастановы ЦК ВКП (б) аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый. Гэты год фактамі паказаў, якое вялікае значэнне мае гэтая пастанова для развіцця савецкай мастацкай культуры. Пастанова з’яднала для творчай працы лепшыя савецкія літаратурныя сілы, гэта дало выдатныя вынікі. Пастанова шырока адчыніла дзверы для дзейнасці ў літаратурным руху тым пісьменнікам, якія раней мелі ў сваёй творчасці буйныя памылкі і зрывы, а часам і сістэму непралетарскага мыслення.

Але яны ў выніку руху ўсёй краіны на вялікі сацыялістычны наступ, а значыць, і на канчатковую ліквідацыю эксплуататарскіх класаў, рашуча сталі на шлях перабудовы, раз і назаўсёды вызначылі сваё месца ў гэтым вялікім працэсе. БелАПП недаацаніў гэтай з'явы і пакінуў быў гэтых работнікаў як бы па-за літаратурным рухам.

БелАПП змагаўся за генеральную лінію партыі ў літаратуры, але не ўбачыў перабудовы лепшых пісьменнікаў, што знаходзіліся па-за БелАППам, не ўбачыў таго, што значная частка гэтых пісьменнікаў пачала пераростаць у дзейных змагароў за лінію партыі, і трымаў перад імі зачыненыя дзверы для выхаду на гэтую дзейнасць. Гэтыя дзверы адчыніла пастанова ЦК ВКП (б) ад 23 красавіка 1932 г. Савецкія пісьменнікі за гэты год прарабілі вялікую працу ў сэнсе творчасці і ў сэнсе працы над тэорыяй марксізма-ленінізма. Цесна з’яднаўшыся ў працы з пралетарскім пісьменніцкім крылом былога БелАППа, яны разам усе стаяць на шляхах да стварэння вялікіх каштоўнасцей бальшавіцкае літаратуры.

За гэты год савецкі літаратурны рух БССР даў выдатныя факты савецкай літаратуры. Але не толькі з’яўленнем гэтых новых твораў мы павінны мераць рост нашай літаратуры. Пленум Аргкамітэта ССПБ паказаў, што наш літаратурны рух узняўся на вышэйшую ступень. Павевы вялікай культуры відны ў нашым літаратурным руху.

Беларуская сацыялістычная культура расце як культура вялікая: яна найбагацейшыя свае элементы, у выглядзе створаных вялікіх каштоўнасцей, нясе ў сацыялізм, у вялікую інтэрнацыянальную культуру. Уся вялікасць беларускай савецкай культуры ў тым, што яна ўжо даўно «заваявала» ўвесь свет, бо ў ёй ставяцца і вырашаюцца праблемы, цікавыя і патрэбныя ўсяму чалавецтву. Гэта не тая «заваёва», пра якую марылі нацдэмы, гэта не тая «культура», якая ў канечным сваім развіцці павінна душыць культуры іншых народаў, гэта не тая беларуская культура, што тоіць у сабе зерне беларускага вялікадзяржаўніцтва.

Наша беларуская культура — не культура ўціску і эксплуатацыі. Наша савецкая беларуская культура — культура вялікага і адзінага прагрэсу. Наша беларуская культура праціўная культуры нацдэмаўскай Беларусі, той Беларусі, шлях якой быў бы адзін: стаць у шэрагі міжнародных жандараў. Наша савецкая беларуская культура — гэта тая культура, якая расце толькі ў бязлітасным змаганні з другою беларускаю культураю — «культураю» нацдэмаўскаю, «культураю» беларускіх эксплуататарскіх класаў. Наша культура развіваецца раўналежна з развіццём брацкіх культур працоўных іншых народаў.

Перад намі, савецкімі пісьменнікамі, стаяць найвялікшыя і найадказнейшыя задачы. Маса каласальных пытанняў, вялікіх праблем стаіць перад нашай літаратурай. Яны выцякаюць з таго працэсу, які адбываецца па ўсім свеце: яны выцякаюць з працэсу сацыялістычнага будаўніцтва.

Мы павінны распрацаваць у літаратурнай спецыфіцы ўсё багацце вобразаў нашай сучаснасці, а таксама і часта нечапаныя яшчэ літаратурай напластаванні гісторыі. Стварэнне найвялікшых сваёю сілаю вобразаў бальшавіцкай літаратуры — вось тая мэта, дзеля якое мы ёсць удзельнікі савецкага літаратурнага руху. А дзеля гэтага нам патрэбна шмат літаратараў. Таму наша кожнадзённая творчая праца павінна ісці ў маналітнасці з выхаваннем маладых пісьменнікаў, з выхаваннем ударнікаў, закліканых у літаратуру. Гэтую працу мы павінны так праводзіць, каб у нашай літаратуры заўсёды адчуваўся прыток новых моцных пісьменніцкіх індывідуальнасцей.

Ва ўсёй гэтай працы мы павінны трымаць на ўвазе той момант, што літаратура, так сказаць, «справа тонкая», таму тут да тонкасці павінна даходзіць і наша класавая пільнасць. Нам трэба навучыцца больш тонка разбірацца ў ідэёвасці літаратурных твораў, бо бывае, што пад маскай савецкай літаратуры крыецца ідэя супроцьсавецкая. Будзе смешная наіўнасць, калі каму пачне здавацца, што ўжо адышлі ў нябыт мары пра тую беларускую «культуру», аб якой я вышэй успамінаў.

Таксама не скончылася нянавісць да беларускай савецкай культуры і з боку тых, хто жадаў бы бачыць усюды «единорусскую» культуру, гэта значыць, вярнуць нацыянальнае і сацыяльнае падняволенне ўсіх народаў СССР.

Хочацца ўспомніць, якое ўражанне на некаторых людзей была зрабіла пастанова ЦК аб перабудове літаратурных арганізацый. Былі такія людзі з літаратурнага асяроддзя, якія хацелі бачыць у гэтай пастанове спыненне класавага змагання ў літаратуры. Ім было не лёгка бачыць, што гэтая пастанова адзначала, фактычна, узмацненне фронту сацыялістычнага наступу на класавых ворагаў у літаратуры. Фронт савецкай літаратуры пашырыўся. І калі гэта для іх стала ясна, яны на свае нацдэмаўскія ідэалы нацягнулі «савецкую» маску.

На пленуме Аргкамітэта ССПБ мне даводзілася ўспамінаць пра аднаго літаратара, які пакутаваў ад наяўнасці «цікавае формы і адсутнасці тэмы». «Я прыдумаў,— казаў ён часта,— вельмі цікавую форму для твора, але толькі не ведаю, пра што пісаць». Я не веру, што гэтаму чалавеку няма пра што пісаць. Прычына тут у тым, што чалавек стаіць на пазіцыях тае беларускае культуры, якая праціўна беларускай культуры савецкай. Справа толькі ў гэтым, бо які-небудзь твор, накшталт «Цеснаватай куртачкі» выкрывае самога яе аўтара: яму якраз ёсць пра што пісаць.

Наша літаратурная крытыка, узмацняючы класавую пільнасць, авалодваючы марксісцка-ленінскай метадалогіяй, павінна асвоіць як мага глыбей літаратурную спецыфіку. Бо іначай яна будзе бяссільным змагаром з ворагам. Пустым словам нічога не зробіш. (Ды і не толькі таму. Калі наша літаратура дарасла да высокае свае ідэёва-мастацкае культуры, дык і крытыка не павінна ад яе адставаць.)

Не прыходзіцца верыць у тое, што быў бы росквіт хоць які-небудзь у таго пісьменніка, які «пакутуе ад бястэм’я», калі б ён апынуўся, скажам, дзе-небудзь хоць бы ў Заходняй Беларусі. Там, праўда, дазволена з поўнаю воляй падтрымліваць фашызм і змагацца супроць рэвалюцыі. Там, праўда, дадзена поўная свабода прапаведваць і падтрымліваць рэакцыю і рэгрэс. Гэта ўсё праўда. Нягледзячы ж, аднак, на такую свабоду, гэтая літаратура там стаіць у такім заняпадзе, у такой убогасці, што часта наогул яе цяжка аднесці да катэгорыі мастацкай літаратуры. І гэта ясна чаму. Ад буржуазнай культуры адыходзяць усе лепшыя сілы і становяцца ў шэрагі рэвалюцыі, каб змагацца з капіталістычным светам. Бо там сапраўды ўжо няма пра што пісаць, хіба толькі аб смерці, аб сконе. Бо ўся сістэма капіталістычнага свету ідзе да свае пагібелі.

І перад гэтаю пагібеллю капіталізм яшчэ стараецца выратавацца, душачы ўсялякія выступленні рэвалюцыі. І вось беларуская контррэвалюцыйная нацдэмаўшчына ўсімі сіламі хоча ператварыць Беларусь у вернага жандара міжнароднага капіталізму. Іхняя Беларусь, іхняя беларуская культура вельмі моцна пахне чарнасотніцтвам, яўрэйскімі пагромамі, парабкоўскім бяспраўем. Гэтая нацдэмаўская паршывая навалач варта вялікадзяржаўніцкіх гадаў, якім таксама не да густу беларуская савецкая культура.

Сіла беларускай савецкай культуры ў яе інтэрнацыяналізме. Факты нашай культуры ёсць здабыткі культуры агульнапралетарскай, агульначалавечай.

Мы, савецкія літаратары, ідзём шляхам вялікіх тэм, вялікіх праблем, вялікіх пытанняў, вялікіх магчымасцей і перспектыў. Ніколі літаратары не мелі такіх перспектыў у сваёй працы. Нашы кнігі, нашы тэатральныя паказы ўжо ёсць вялікі здабытак культуры. І сваю работу мы павінны паглыбіць, каб бесперапынна тварыць усё новыя каштоўнасці бальшавіцкай інтэрнацыянальнай культуры.


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан