epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Скіп'ёўскі лес

І
ІІ
ІІІ
IV


 

І

Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Сцены з яе стаяць доўга. Ёсць будынкі з тоўстага бярвення, век якіх ідзе блізка не за сто год. Невялікае селішча Скіп’ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп’ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі. Дваццаць пяць год не кранулі перабродаўскіх будынкаў ні трухлінай, ні зменай колеру. Яшчэ і да самай Айчыннай вайны яны захавалі свой мацунак і свежы колер гладка вычасанага бярвення. Адно смала выступіла скрозь жоўтымі пацеркамі, якія за гады выветралі, высахлі і пачырванеліся. Усюды відна добрая работа, мацунак шчыльна прыпушчанага адно да аднаго бервяна і добры догляд. Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Усе дваццаць дзве хаты Скіп'ёўскага Пераброддзя паабрасталі вішняком і арабіннікам. За хатамі спеюць улетку антонаўкі, папяроўкі і слуцкія бэры, і да самых замаразкаў вісяць у голлі чырванабокія «цыганкі». Да самых маразоў пад вокнамі цвіце бабіна лета. З канца зімы і да лета пры кожнай хаце дыміцца вяндлярня, і па селішчы стаіць пах вэнджаных каўбас і шынак. Праз усё лета на вешалах пад застрэшшамі сушацца тварожныя сыры. Усюды крычаць гусі і крэкчуць качкі. Спяваюць аж разлягаюцца пеўні, і па хлевухах стогнуць ад гультайскай асалоды ружовыя ягамосці з кірпатымі лычамі і закручанымі ў тонкі абаранак хвастамі. Япрукі тут кормяцца пудоў па васемнаццаць. Дык якое дзіва, што вяндлярны дым на добрыя тры месяцы на год перабівае пах смалы, што шырокай хваляй вечна плыве з густых хвояў Скіп’ёўскага лесу.

У Скіп’ёўскім Пераброддзі аселі і забудаваліся пасля восені дзевяцьсот семнаццатага года тутэйшыя беззямельцы і бясхатнікі. Можна было б расказаць пра кожнага з гэтых людзей, як жылося і што перажываецца цяпер і хто нарадзіўся на свет, каб стаць наступнікам і спадчыннікам таго, хто ставіў у новым часе новую хату. Гэтыя дваццаць дзве гісторыі маглі б навучыць жыццю ў працы, у сумленні або паведаміць аб хцівасці і няўдачах, аб злосці і зайздрасці, аб шчасці мець вялікую душу, сяброўства, злагаду з людзьмі і ясны розум. Мы маглі б убачыць, як поўніцца шчасцем чалавек са справядлівым сэрцам і замілаванасцю да роднай зямлі і роднага неба. І як сохне і марнатравіцца натура без сэрца і сумлення. Але ўсё гэта ўжо выходзіць за межы гэтай невялікай хронікі з жыцця перабродаўца Марціна Прыбыткоўскага.

У тыя гады, калі толькі яшчэ забудоўвалася Скіп’ёўскае Пераброддзе, Марцін Прыбыткоўскі быў яшчэ зусім малады чалавек, высокі, хударлявы, невялікі ахвотнік да слова і нядаўна жанаты. Жонка яго тады вельмі была падобна да дзяўчынкі. Зусім маладая, вельмі рухавая, нават трапяткая і не тое каб малая ростам, але паводле росту свайго Марціна яна здавалася малая. Яна звалася Магдалена, і якраз неўзабаве, пасля таго як Марцін паклаў падваліны на новую хату, нарадзіла дачку. Прыбыткоўскія назвалі сваю дачку Ганна. Гэта было першае дзіця. Праз тры гады нарадзіўся сын. Яму далі імя Канстанцін. Праз чатыры гады пасля Канстанціна нарадзілася Галена. Яе звалі Гэля. У той меры, у якой ішоў час, Марцін Прыбыткоўскі, здавалася, станавіўся яшчэ больш ціхманы, як быў. Ён і зза*маладу не быў раскідака, а цяпер, казалі, нават як бы аскупеў. Усе яго думкі былі цяпер аб дзецях. Замілаванасць яго да дзяцей з гадамі яшчэ больш вырастала. На гэтым пункце адбылося поўнае ўраўнаважанне дзвюх натур — Марціна і Магдалены. Бо адразу пасля шлюбу ў іх нешта не ладзілася добрая згода.

Магдалена была здатная на раптоўныя ўражанні, на ўспышкі пачуццёвасці і нават на нечаканыя ўчынкі. Яна была маладзейшая за Марціна намнога. Пайшла яна замуж толькі выбіўшыся з падлеткаў. Што да Марціна, то ён як бы ўцяміў тую праўду, што свет даўно ўжо стаіць на месцы і трапятаннем яго з месца не зрушыш. Марцін Прыбыткоўскі ў спакойным сабе одуме араў і сеяў, спускаў і часаў дрэва, і калі ішоў з поля, то заўсёды прыносіў дадому знойдзеную на дарозе ламачыну або палавіну коласа з зярнятамі. Ён вельмі часта і чыста галіўся і нізка падстрыгаў вусы. Хударлявы ён быў заўсёды і сілу меў у плячах. Магдалена любіла многа пагаварыць. Ён моўчкі слухаў яе. Калі ж заходзіла справа аб дзецях, ён ажыўляўся і гаварыць мог не менш за Магдалену. Тут яны абое рабіліся роўныя, натура ў натуру. У хаце яна камандавала ўсім. Але як? Гаспадарлівыя планы і раптоўныя намеры ў яе ішлі адзін за адным. Яна была ўздумала, што льга ў адзін год забагацець на гусях. Меркаванне тут яшчэ ішло аб дзвюх дочках. Кожная з дачок, пакуль вырасце, павінна мець не менш як шэсць падушак. А няма на свеце лепшых падушак, як з гусінага пуху і пер’я. Праз нейкі час каля хаты Прыбыткоўскіх стаяў такі гусіны лямант, што Марцін затыкаў вушы і праклінаў гусіную пароду. Дзевяноста шэсць гусіных горлаў дзерлася на ўсю сілу. Дзюбастая птушка хваліла прыгоства свайго жытла на свеце не зусім далікатным голасам. Дзяўчаты і сама Магдалена збіліся з ног, бегаючы па выганах і пакошах. Казалі, што Магдалена бегла, каб падняць кожную пушыну, якую дзе-небудзь у полі губляла гусь. У Пераброддзі склалася была прымаўка: «З трапятання карысці, як з Магдаленінага пуху». Пасля ў Магдалены з’яўляліся іншыя планы. Быў план прадаваць штогод па тры кормныя япрукі, а самім сесці па малако. Марцін буркнуў сабе пад нос: «Аб малаку я ног не павалаку». Планы зменьваліся так, як зменьваліся і гады. І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося, добра працавалася і слаўна дыхалася цудоўным скіп’ёўскім паветрам. І само сабой сталася, што калі дзяўчаты павырасталі, то ў кожнай з іх была гара падушак і поўная шафа адзення. Магдалена штодзень відна была ў клопаце на Перабродскім селішчы, невялікая ростам, гаваркая, крыху занадта шумлівая і цікаўная ўсюды і да ўсяго. У яе быў драбнаваты твар і валасы, закручаныя ў высокую куксу пад хусткай. Так яна і не заўважыла, як мінуўся малады яе век і сталасць добра ўвайшла ў сярэднія гады, якія ўжо мяжуюцца са старасцю. Але ўсё гэта быў знадворны бок справы. Можна сказаць з пэўнасцю, што замілаванасць да дзяцей была тым самым большым з усяго, што жыло ў душы гэтай жанчыны. Вясёлая заўсёды, гаваркая, рагатуха, Магдалена Прыбыткоўская была, аднак жа, лёгкая на слязу, калі хто-небудзь з дзяцей захалоджваўся і пачынаў кашляць. Але і тут была адна акалічнасць.

Магдалена Прыбыткоўская насіла ў сабе вечнае пачуццё кожнай жанчыны: мець асаблівую замілаванасць да свайго меншага дзіцяці. Чым больш жанчына мае дзяцей, тым гэтае пачуццё мацнейшае. Але яно мае сілу ў той меры, у якой жанчына старэе. Гады даводзяць гэтае пачуццё да найвялікшага ўздыму. Першыя дзеці ёсць адзнака маладосці жанчыны. Апошняе дзіця ёсць адзнака сталасці перад старасцю. У Магдалены Прыбыткоўскай самае глыбокае матчына пачуццё кіравалася да Галены (Гэлі). Галена была як бы вечным напамінкам Магдалене аб мінулай яе маладосці. На шчасце, тут усё склалася так, што лёгкая на жальбу і слязу Магдалена бадай што не мела ўтрапення сваёй чулай душы. Як на тое ішлося: Галена мела моцнае здароўе. Перахварэўшы ў маленстве на адзёр, яна пасля нават і не кашлянула ніколі. І чым больш яна вырастала, тым больш магла б быць увасабленнем дзявочага здароўя і сілы. Разам з тым яна рабілася ўвасабленнем і дзявочай прыгажосці. Гэта была прыгажосць фізічная, пышная і заўсёды прывабная. Галена Прыбыткоўская была і вясёлая, і рухавая, і спрытная да ўсяго. Голас яе звінеў па Пераброддзі заўсёды. Калі яна збірала ягады або шукала грыбоў, то гэта адразу ўсе і ведалі. Ёй няйначай трэба было спяваць або гукаць, каб слухаць па лесе рэха ці перадражніваць птушак. Можна было б падумаць, што ніколі маршчына старасці не кране лоб гэтай асобы, хіба, можа, толькі тады, калі ёй будзе год дзевяноста. Валасы ў яе былі чорныя і густыя. Вочы вялікія і быстрыя. Гаворка шпаркая, цвёрдая і рост добры. Мажная рагатуха і ўпраўная на рукі, яна, здавалася, не закідала думкамі далёка наперад, а жыла, як жылося, і (можна гэта смела сказаць) цешылася сама з сябе і з усяго, што толькі бачылі яе вочы. Вядома, такая, як мае быць, яна стала з часу свайго юнацтва. Юнацтва яе бралася ў сілу ў часе, калі ўжо ішла Вялікая Айчынная вайна. На восьмым месяцы вайны ёй стала роўна семнаццаць год. І хоць яна была заўсёды такая здаровая, Магдалена часамі сама сабе тужыла, што нішто на свеце не вечна і ці мала што бывае: хвароба якая, «не тут кажучы», наваліцца ці так якое няшчасце, і прыйдзе бяда. Аднак жа гэта не азначала, што Магдалена Прыбыткоўская мела ў аснове свае душы схільнасць да смутку і безнадзейнасці. Гэта было не так, нават наадварот. Тут усё залежала ад таго, што Галена была самая меншая з дзяцей.

Самая старэйшая з дзяцей, Ганна, і з натуры, і з усяго аблічча, была вельмі непадобная да сваёй маладзейшай сястры. Гэта была натура з нахілам да задумёнай разважлівасці, да ціхай задумы і да павольнага наглядання навокал сябе. Рагатала яна толькі з сапраўды смешнага. Вядома, з усіх гэтых прычын яна не была занадта рухавая. Яна рабіла ўсё з грунтоўнай сталасцю, хоць і павальней. Змест яе душы Марцін Прыбыткоўскі ўцяміў яшчэ з самага яе маленства. Гэтым ён і кіраваўся каля яе. Калі яна скончыла сямігодку, ён першы падаў ёй думку, за якую яна і ўхапілася. Ён сам завозіў яе ў педагагічны тэхнікум і прыехаў назад з радасцю ў душы. Тое, што яго Ганна будзе настаўніца, цешыла яго вельмі. Прайшло ўсяго два дні, а ён напісаў ёй пісьмо. Часам нават і без пільнай патрэбы, але ён пісаў ёй часта. Паміж імі пачаліся дачыненні, падобныя да таго, што было ў Магдалены да Галены. Яны зблізіліся вельмі.

Ганна Прыбыткоўская мела цёмныя валасы, але не чорныя, як у Галены. У яе былі вочы спакойныя і голас ціхі. З постаці яна была дробная, тут яна мела падабенства да свае маці. Калі пачалася вайна, ёй неўзабаве павінна было скончыцца дваццаць чатыры гады. Да гэтага часу ў яе жыцці адбыліся вялікія змены. Усё шпарка ішло адно за адным. І ўсё гэта змяніла жыццё сям’і Прыбыткоўскіх, а яе самую вывела ў новыя абсягі думак і паклала новую пячаць на ўсё яе аблічча.

Скіп’ёўскае Пераброддзе стаіць за сем кіламетраў ад вялікага мястэчка Якубавіч. Паміж горадам, дзе вучылася Ганна Прыбыткоўская, і Якубавічамі хадзіў аўтобус штодзень. Апошнім годам Ганнінай навукі аўтобус вазіў нейкі Тодзік (Тодар) Рамашка, зусім яшчэ малады хлопец, на гадоў два старэйшы за яе. Пасля ўсё стала вядома як мае быць. Гэты Тодзік меў натуру гарачую і ў яго маладыя гады не зусім ураўнаважаную. Ён быў родам недзе адтуль, дзе на Уздзеншчыне шлях паміж Слуцкам і Мінскам праходзіць праз раку Лошу. Бацька яго Сабастыян Рамашка меў многа дзяцей, і ўсе ўжо былі ў ладу. Дзяўчаты былі замужам, а хлопцы добра выйшлі кожны на сваю дарогу. Шчыры і добры чалавек, Сабастыян Рамашка, выпіўшы чарку, любіў пахваліцца сваімі дзецьмі:

— У мяне адзін сын вучоны прафесар і акадэмік у Мінску, а другі найгалоўнейшы бухгалтар над усім Слуцкам. Колькі з Слуцку вывозяць вагонаў ігруш, яблык, сала, жыта, ячменю, яец, гусей, кнырчукоў на племя, то пакуль ён не запіша ў кнігу і не паставіць лічбу, дык ніводзін вагон з месца не кранецца. А яшчэ тры сыны і пяць дачок яшчэ больш таго. Даволі вам сказаць, што ўсе мае дочкі замужам за такімі людзьмі, якімі можна толькі хваліцца. Адзін мой зяць выдумаў такую машыну, якая ходзіць сабе па лесе, выкарчоўвае ўсялякую крывую непатрэбшчыну і сама глядзіць: калі дзе добрае месца, дык пасадзіць новае дрэва і пайшла далей. А яшчэ ёсць зяць, пад паглядам якога марынуецца штогод на вываз за граніцу тысяч семдзесят бочак грыбоў. Уся заграніца есць тыя грыбы і хваліць.

Тодзік быў самы маладзейшы з усіх Рамашкавых дзяцей. Ён прайшоў шафёрскія курсы і пачаў жыць сам сабою. Як бы ўвесь свет яму сышоўся ў аўтамабільным механізме. Яму ніколі не было часу. Ён калі не ехаў, то займаўся разборкаю і зборкаю аўтобуснага механізма. Хоць прыйшоў час, што ён нешта абвяў да гэтага свайго прафесіянальнага занятку. У яго з’явіліся іншыя думкі і новыя трывогі. Яму спабачылася нейкая задумёная дзяўчына, якая даволі-такі часта ездзіла ў яго аўтобусе да Якубавіч і назад у горад. Перш за ўсё ён дазнаўся, што гэта студэнтка з настаўніцкага вучылішча. Нарэшце ён ужо добра прывык да таго, што абы якія-небудзь два дні свят, то яна няйначай будзе ехаць да Якубавіч. А пасля свят назад. Перад святам ён сам чакаў з машынай каля тэхнікумаўскага інтэрната. І калі пасажыры давалі яму наконт гэтага заўвагі, ён адказваў цвёрда, але дзеля далікатнасці са знарочыстым гумарам:

— Тут жа яшчэ студэнтачка будзе ехаць.

Вядома, што такое першае каханне, калі яшчэ на верхняй губе і пуху людскага няма. Тодзік Рамашка нарэшце пачаў даводзіць аўтобус да Якубавіч праз Скіп’ёўскае Пераброддзе, хоць і даваў дзеля гэтага кругу. Улетку, калі «студэнтачка» была дома, у яго якраз бо каля яе хаты што-небудзь псавалася ў аўтобусе, а рамонт зацягваўся доўга. Так што яму трэба было і рамонт рабіць і адгырквацца ад чорствых душой пасажыраў, усе помыслы якіх ішлі толькі на тое, каб хутчэй даехаць да Якубавіч. Нарэшце Марцін Прыбыткоўскі здагадаўся, а Магдалена як мае быць прыгледзелася да Тодзіка Рамашкі. «Які мілы і залаты хлопец, — падумала яна. — Як ён завіхаецца каля машыны і які рухавы. Аж твар чырванее ад руху». Тодзік Рамашка быў рослы, здаровы і чарнявы хлопец. Прыбыткоўскаму штосьці не падабалася ў тым, што каля яго хаты бадай штодзень рамантуецца аўтобус. Раз ён разгаварыўся з шафёрам:

— Сам адкуль?

— З Лошаўскага Перавозу.

— О, далёка, ад нас вёрст пад пяцьдзесят. Дык, кажаш, адзін і жывеш? Мусіць, ці не жаніцца думаеш?

— Мусіць-такі трэба, — насцярожана адказаў Тодзік, напускаючы на сябе выгляд нясмелага і вельмі ўжо сталага чалавека, якога злая неабходнасць прымушае жаніцца.

Ціхманы Марцін Прыбыткоўскі хітра паглядзеў на Тодзіка Рамашку.

— Што ты, браце, вярзеш? Так і кажы, што закахаўся ў дзяўчыну. А то выдумляеш. Табе яшчэ рана жаніцца. Няхай яшчэ раней пух на губе ацвярдзее. Яно і так сказаць, будзеш жа ты браць не старэйшую за сябе, а маладзейшую. Значыцца, ты дзіця горкае зробіш сабе за жонку.

Тодзік нічога не адказаў і нешта вельмі хутка скончыў рамонт і паехаў. Устрывожаны Марцін пачаў гаварыць з Ганнаю:

— Гэта ён дзеля цябе тут спыняецца? Што? Вы ўжо згаварыліся? Ты яшчэ павінна пабыць настаўніцай, а тады ісці замуж. Чакай, дай сказаць, от бо натура!

Пасля гэтага Ганна пачала глядзець у акно. Марцін пачаў крышыць свой тытунь, а Магдалена выцерла рогам хусткі вочы і сказала:

— Вось і вырасла Ганна, а мы пастарэлі.

— Вырасла? — адарваўся ад тытуню Марцін. — Малая яшчэ зусім. Гэта свет такі настаў цяпер. Ты ж маці, ты ўгавары яе, няхай яшчэ добрых пяць год пачакае.

Магдалена тым жа вечарам пачала ўгаварваць дачку. Гэтае ўгаворванне скончылася тым, што яны ўдвух, абняўшыся, на ўсю ноч заснулі. А зранку Ганна напісала Тодзіку пісьмо: «Тодзік, каб ты толькі ведаў, што я выцерпела ўчора! Я не ведаю, як гэта бацька дазнаўся. Ён не дазваляе мне ісці замуж. А маці таксама. Маці мне сказала: я, кажа, пайшла замуж на два гады маладзейшая, як ты цяпер, і ўсё вельмі добра праз усё жыццё было, а ты не ідзі, бо ты занадта маладая. Дык мне так горка стала, і я плакала палавіну раніцы». У гэтым пісьме яна сумысля націскала на сваю трагедыю, на слёзы, на горач паняверкі і расчаравання. Але не менш было трагедыйнага націску і ў яго пісьме, якое ён назаўтра пакінуў ёй у Якубавічах. На ўвесь ход машыны праімчаўся ён па Скіп’ёўскім Пераброддзі і нават не спыніўся, даручыўшы ўсё сіле выстылізаванага пісьма: «Ганна, я таксама не ведаю, адкуль твой бацька дазнаўся. Ён на мяне наваліўся і пачаў спавядаць мяне, калі я правіў ля вашай хаты аўтобус. Я першы раз бачу такога чэрствага чалавека. Ён здзекаваўся з мяне, што ў мяне яшчэ вусы не выраслі. Чаму мой бацька, дык ён узрадаваўся, калі ўведаў, што мы згаварыліся пажаніцца. Ён вельмі хоча пабачыць цябе, якая ты. Я таксама засумаваў. З нуды я скурыў учора дзве пачкі папярос, каб на душы было яшчэ гарчэй. Можа, хіба горач вытруціць мой смутак па табе». Ганна сумысля пакінула гэтае пісьмо на стале, і Марцін прачытаў яго. Вынік з гэтага быў такі, што ён сказаў Ганне:

— Няхай бы вы запаветрылі абое, дзеці горкія! Вам гэта гульня. А гэты Тодзік проста-такі малады дурань.

Ёй было непрыемна і брыдка гэта слухаць, але яна бачыла, што няма тае меры, якою льга было б вымераць бацькаву замілаванасць да яе. Ёй стала прыкра і сорамна. Яна адчувала сябе так, быццам бы нарабіла вялікай бяды. Розум падказваў ёй, што яна, як хітрае дзіця, сваім дурным пісьмом увяла сама сябе ў фальш. Значыцца, у галаве яе было больш сталых думак, чым нясталых учынкаў. Усё гэта рабілася ў палавіне лета. Да самай восені яна не магла так чыста і проста, як раней, глядзець бацьку ў вочы. Гэтым жа летам бацьку нешта забалела нага. Ганна пачала ўгаворваць яго колькі дзён паляжаць і нічога не рабіць. Ён усміхнуўся: нага забаліць, дык хіба гэта хвароба? А потым ён падумаў, што гэта яна шукае ранейшай блізасці з ім. І ён пачаў думаць, што, можа, трэба было з ёю як-небудзь інакш абысціся? Яна ўгаварыла яго пайсці ці паехаць у Якубаўскую амбулаторыю. Ён вярнуўся адтуль з рэцэптам, але не з лякарствам. У якубаўскай аптэцы лякарства тое выйшла на той час. Тады яна цвёрда сказала, што заўтра сядзе ў Якубавічах на аўтобус і паедзе з рэцэптам у горад. Ён ведаў: аўтобус жа павядзе Тодзік Рамашка. Але ён нічога не сказаў: ён бярог яе ласкавасць да сябе. Назаўтра яна паехала і ў той жа дзень увечары павінна была вярнуцца. Але прайшла ноч, новы дзень, яшчэ ноч і яшчэ дзень, і толькі яшчэ цераз адну ноч, удзень, яна вярнулася дадому. Але як? Да хаты пад’імчаўся каштанавы жарабок, запрэжаны ў маляваныя драбінкі. З драбінак саскочыла Ганна, а за ёю злез ужо ў добрых гадах чалавек, з вусамі ўніз і адзеты як бы па-святочнаму: шнурочак з кутасікамі на шыі пад адкладным каўняром вышыванай кашулі, кангеровы пінжак на камізэльцы і хромавыя боты. Ганна ўбегла ў хату, паставіла на стол лякарства і села, збянтэжаная, маўклівая, сама не свая. Бацька маўчаў у няпэўным одуме, які быў Ганне прыкры. Магдалена выцерла рогам хусткі слёзы і пачала гаварыць:

— Што з табою было? Дзе гэта ты дагэтуль? Чаму гэта так выйшла? Мы перадумалі, перачакаліся, перакалаціліся. Гэля бегала ў Якубавічы пытацца, ці не прыходзіў аўтобус. А з якім гэта ты чалавекам прыехала? Хто гэта? І чаму гэты жарабок у пене ўвесь? Як бы ён на ўвесь дух паўсотні вёрст без аддыхі імчаўся? О, ён у двор заязджае, жарабка распрагае, да сена паставіў. Выцірае жарабка посцілкаю. Хто гэта?

— Мама, выйдзіце, пагаварыце з гэтым чалавекам і папрасіце яго ў хату, — дрыжачым голасам прагаварыла Ганна і, як бы хаваючыся ад усіх, спусціла вочы ў падлогу.

Больш нічога ўжо і не трэба было гаварыць. Марцін і Магдалена здагадаліся адразу. Марцін заварушыўся, узняўся з месца, затупаў па хаце і гукнуў:

— Гэля! На чорта гэты пук травы тырчыць з-за люстэрка? Выкінь!

— Гэта шоўкавая трава, — адказала Гэля, але Марцін ужо не слухаў. Ён ачышчаў стол ад свайго тытуню, і крышанага, і ліставога. Магдалена ўжо чутна была на двары. А ён, той самы, ужо ўваходзіў у хату, і Магдалена следам за ім. Ён увайшоў у хату і зняў шапку. Галава яго аж бліснула: яна спрэс была лысая, толькі над вушыма і на патыліцы былі валасы.

— Дзень добры вам у хату, — моцна і па-гаспадарску сказаў ён. — Я Сабастыян Рамашка, Тодзікаў бацька. Як той казаў, што маладыя да мітрэнгі здатныя, то гэта ўжо век вяком чыстая праўда. Але нічога благога не скажу. Тодзік хлопец залаты. Працавітасці, здатнасці, развагі і сталасці ў яго хапае, каб жыць, як чалавек. Але ж маладыя яны абое. Прыехала яна аўтобусам у горад, адразу ў аптэку, узяла гэтае націранне ад болю ў назе, а Тодзік пачакаў, пакуль пасажыры высадзяцца, і трэба ставіць аўтобус на доўгі рамонт. Дык ён адпрасіўся ў начальства на двое сутак дадому. І Ганну ўгаварыў праехацца, каб з намі пазнаёміцца. Бо я ж вельмі прагну, каб убачыць яе. Я ж даўно ўжо ведаю пра яе. Мы з старою так былі рады, што яе ўбачылі! Гэта ж свая родная робіцца. Прыехалі яны на дробным грузавічку. Вячэра ў нас зацягнулася да дзвюх гадзін ночы. А на раніцу Ганна ўпала ў сумны одум, ірвецца дадому, душа яе не на месцы: у яе ж лякарства, якое дома так патрэбна! Тут яна пачала ўпікаць Тодзіка, што ўгаварыў яе ехаць. А ў таго і грузавічок прыпсаваны, і бензіну таго толькі як панюхаць. Пакуль Тодзік круціў мазгамі, што рабіць, мы з старою ўгаварылі Ганну не сушыць думкамі галавы і неспакоем сэрца, паглядзець нашага жытла, пагуляць да вечара, яшчэ пераначаваць ноч, а там раніца, а там снеданне, а там, як той казаў, нешта ж будзе. Самае важнае, каб чалавек уночы выспаўся, а зранку паснедаў. Дык яна, залатая галава, паслухала. А я яе суцешыў, што ўсё адно аптэчнае лякарства болю ў назе адразу не ўтаймуе, і я сам паеду і нараю такога лякарства, што ўжо выпрабавана як мае быць. І мне ж самому даўно карціць пабачыцца і пагаварыць з вамі. Мы з старою не ведалі, як дзякаваць ёй, што яна асталася яшчэ. Пакуль там старая завіхалася каля печы, я павёў Ганну паказаць, як у агародзе шалеюць буракі і капуста, пасля паказаў ёй вешалы з вэнджанымі шынкамі і каўбасамі. Я ёй сказаў проста: перабірайся, кажу, хутчэй да нас, памагай есці, бо ратоў у мяне мала на гэтулькі надобасці. А тым часам у мяне ў хляве яшчэ два япрукі, як стагі сена, ляжаць. Аднаго буду калоць увосень, а другога ўзімку. Як той казаў, свіная маці не звялася. Потым Ганна стала з старою каля печы і люба-міла было глядзець, як яна ўпраўлялася. Залатыя рукі! Хто ж цябе, кажу, і выгадаваў такую? Напяклося ўсяго, насмажылася, наварылася, а як змеркла, папрыходзілі сваякі і сябрына ўся, і калі пачалі мы гаману за сталом, дык елі, пілі і гаманілі да трэціх пеўняў. А як толькі Ганна заснула, то мы выйшлі з старою з хаты і вокны завесілі, каб ёй была цішыня спаць. Мы з старою начавалі ў пуньцы. Дык Ганнуся да паўдня і праспала. Аж уміленне брала, як яна раскашэльвалася сабе на падушках. Ну, а потым жа пачалося снеданне. Ужо каровы збіраліся на дзень другі раз выганяць, як ад стала адкаціліся. Тут я ўзяў у калгасе жарабка вольнага, і мы з Ганнусяй селі сабе ў драбінкі і рванулі з месца. Вось і ўсё. І Ганнуся дома, і лякарства дома, і я на яе наглядзеўся, і да вас завітаў на добрае знаёмства, сваяўство і лад. Праўда ці не?

І ён так паглядзеў на Ганну, што Марцін Прыбыткоўскі адчуў нешта ніколі раней нязнанае. Душа яго раздвойвалася. Вялікае шчасце, што Ганну так любяць і так рады ёй, поўніла яго душу. І разам з тым смутак апаноўваў яго: Ганна ўжо толькі госця ў сваёй хаце. Магдалена выцерла вочы і пачала завіхацца ля стала.

— Гэля, памагай маці! — гукнуў Марцін.

Галена і Магдалена ўзнялі ў хаце вялікі рух, ставячы ўсё на стол. Але Сабастыян Рамашка так адразу за стол не сеў. Раней ён распытаўся, хто яшчэ ёсць у сям’і. Дазнаўся, што ёсць яшчэ хлопец Кастусь і што ён недзе на рабоце ў полі. Прыйшлося чакаць Кастуся. За стол селі толькі на самым змроку, калі вярнуўся з поля Кастусь, прыйшоў Магдаленін родны дзядзька Самусь Крамарэвіч і прыйшоў Марцінаў сваяк і сябар, швагер яго стрыечнага брата Мікалай Разважнік. І яшчэ хто-ніхто прыйшоў. Як узялі па першай чарцы, дык захацелі і па другой. Сабастыян Рамашка даваў волю сваёй натуры і стараўся, каб не залежваліся на языку словы. Але ён гаварыў не так сабе абы-што, а ўсё патрэбнае і практычнае. Ён памятаў, што Ганна не знаходзіла сабе спакою, каб хутчэй завезці бацьку лякарства ад болю ў назе.

— Ага, дай божа памяць, — сказаў Сабастыян адразу пасля першай чаркі. — Што гэта ў цябе, браце ты мой, з нагою?

— Хто яго, або захаладзіў, або падверадзіў, — адказаў Марцін.

— Э-э, дык аптэчнае лякарства тут не заўсёды і паможа. Я табе нараю такіх лекаў, што напэўна памогуць і ад захалоду, і ад падвяроду. Ты, пане браце, вазьмі бутэльку і налі ў яе крыху ў дно свежага салодкага малака. А тады занясі бутэльку ў лес і пастаў у мурашнік так, каб бутэлька роўна ўся была схована і каб рыла яе прыходзілася роўна з верхам мурашніка, а можа, і ніжэй крыху, дык гэта назе не зашкодзіць. Мурашкі, як шляхта на фэст, мой пане, рынуцца ў малако. Іх адразу стане поўная пляшка. Ты іх там заткні і прынясі дадому, пастаў у цёплую печ, каб яны затхнуліся, а тады высып у макацёр і ператры качалкаю, каб яны сокам накрыліся. А тады, разам з сокам, зноў у бутэльку і налі даверху спірытусу. Няхай яно яшчэ дзень пастаіць, перамяшаецца, нацягне, састоіцца як мае быць, а тады налівай сабе на далоню і вышмароўвай нагу. Чуеш? Не пі, а шмаруй. Гэта лякарства павярхоўнае. Бо практыка паказала, што пітвом тут нагі не вылечыш.

— А хто ж гэта дзе практыкаваўся? — зацікавіліся за сталом.

— Як гэта хто? Уга! У Цімкавічах быў такі Савасцей Панебра, дык у яго таксама нешта з нагою было. Я яму і нараіў шмаравацца спірытусам з мурашкамі. Але ён быў такі ласунчык, што пакуль вышмараваць нагу, дык няйначай адпіваў яшчэ з бутэлькі. Натуру меў такую, што не мог вытрымаць. Нарэшце ўжо так у яго і пайшло: калі садзіцца шмараваць нагу, дык кладзе каля сябе закуску. І пакуль ён тую нагу лячыў, дык так уцягнуўся, што ўжо і нага пакінула балець, а ён не мог і дня пражыць каб паўлітра не выпіць.

— З мурашкамі? — аж устрапянуўся за сталом швагер Марцінавага стрыечнага брата, Мікалай Разважнік.

— Не, цяпер ужо без мурашак. Нашто ж яму тыя мурашкі, калі ўжо нага не балела. Бачыць жонка, што бяда з Савасцеем; трэба якую раду даваць, бо сап’ецца, як чорт ведае што. А там была такая Разэля з-пад Клецка, што ўсё на свеце ведала і вельмі добра вылечвала ад скрыпу ў касцях і ад свербу ў пятах. Савасцеіха пабегла да тае Разэлі: як вылечыць Савасцея ад магнасці да гарэлкі, а тая нараіла напаіць яго гарэлкаю, у якой вады больш як на тры чвэрткі і ў якой шэсць тыдняў мок нежывы крот. Ну што ж, кожны ратуецца як можа. Узяла Савасцеіха вады, боўтнула туды крыху гарэлкі, каб гарэлачны пах ішоў, і паклала туды мачыць на шэсць тыдняў крата. Праз шэсць тыдняў пачаставала Савасцея. Той як хапіў шклянку, дык каб яшчэ трохі, то богу душу аддаў бы. Два дні яго рвала, здавалася, што вантробы з яго вывальваюцца. Аднак жа памагло.

— Няўжо-такі памагло? — аж заглушыў Мікалай Разважнік рогат усяго застолля.

— А як жа! Ад таго часу Савасцей ні разу не ўзяў у рот і кроплі гарэлкі з мочаным кратом.

— А так? А без крата? — паўгіналі ўсе галовы ў стол, каб не рагатаць, хоць пакуль Сабастыян скончыць сваю гаворку.

— А без крата то браў як мае быць. І цяпер ужо меў на гэта прычыну: яму трэба было ачышчацца ад таго паскудства, якім яго былі пачаставалі.

Сабастыян Рамашка пачаў тут расказваць, як Савасцей Панебра пасля надумаўся быў чым-небудзь падобным адчаставаць жонку, але пеўні ўжо так спявалі недзе за Марцінаваю хатаю, што Сабастыян з устрывожаным выглядам сціх, падумаў і сказаў:

— Няўжо гэта пеўні? А я ж яшчэ не сказаў самага патрэбнага.

— А скажы ты, браце, ці гэта ўсё, што ты казаў, было, ці магло быць? — запытаў Мікалай Разважнік.

— Ці было, ці магло быць, пытаеш? — заклапочана абазваўся Сабастыян. — А ліха яго, прызнацца вам, ведае. Здаецца, было недзе. А калі ты чалавек бывалы, то ты павінен ведаць, што добра ўсё тое, што гладка ідзе.

— А братка ж ты мой, от жа я люблю слухаць, калі хто вясёлую лухту вярзе!

Сабастыян паглыбіўся ў нейкую сваю задумёнасць. І ўжо здавалася, што ён і ўвесь час быў такі маўклівы. Займалася на дзень. Усе выйшлі з-за стала, і ніхто не ведаў, ці гэта праўду расказваў Сабастыян Рамашка, ці выдумляў. У яго праўда выходзіла, як выдумка, а выдумка, як праўда. Але шчыра нарагаталіся ўсе. Ён і дома быў такі.

Гэта была ўжо трэцяя ноч, калі Ганна позна заседжвалася. Цяпер яна адразу пабегла ў сена і кінулася спаць. Дрымота навалілася на яе ў той жа момант. Праз сон яна чула, як шастала сена і нехта хадзіў, але ёй цяжка было падняць галаву. А гэта была маці. Яна лягла шчыльна поплеч Ганны і пачала шаптаць:

— А ты ж у мяне ўжо толькі ў гасцях, а не дома... А ці памятаеш ты, Гануся, як, малая яшчэ, ты гнала босая карову ад калодзежа і прабіла была аб востры корч нагу да самай касці. І як ты ляжала напалоханая, і як бацька тужыў, што табе баліць, а ты прасіла, каб цябе вынеслі на двор...

Магдалена, лежачы пры Ганне, успамінала і шаптала. Праз гэты шэпт прайшла і маладосць самой Магдалены, і маленства Ганны, і ўсё вялікае і значнае, і малое і нязначнае, але што жыло ў чулай душы маці, якая выгадавала сваю дачку. Ганна спала вельмі моцна, а Магдалена, пакуль узышло сонца, нашапталася сама сабе ўволю. Душа яе раздвойвалася. Больш, як калі раней, уся яе істота хілілася да Ганны, думкі і сэрца поўніліся ёю. І шкада было Гэлі, якая перад Ганнаю быццам ужо занядбаная аставалася.

Усё адразу змянілася. За адну ноч устанавілася ў хаце нешта новае. Адчуванне таго, што Ганна толькі госцяю стала, было ў кожнага і ў самой Ганны. У яе шчымела ў грудзях. Сабастыян Рамашка паехаў пасля дванаццатай гадзіны, і ўсе адчулі, што як бы чаго не хапае. Дзіўна было: толькі ўчора яго ўпершыню бачылі, а здавалася, што век вечны яго ведалі і што не было такога часу, калі ён не бываў у гэтай хаце і калі Прыбыткоўскія не ведалі, што ён ёсць на свеце. Паехаў ён адсюль, як блізкі свой, і сам быў рад гэтаму. Усё было скончана. Марцін адчуваў, што Ганнін лёс ужо вызначыўся як мае быць. Сышлі на няма-нішто думкі, што Ганне яшчэ рана ісці замуж. Ужо і Тодзік стаў зусім добры і як свой. Ён зноў вадзіў аўтобус, кожны раз даваў кругу, выкіроўваўся на Пераброддзе і штодзень бачыўся з Ганнаю. Цяпер ужо добра яго ведалі. Як гэта раней не заўважалі, што ён не які-небудзь абы-хто, а працавіты і шчыры хлопец? Пад канец лета ён прывёз Ганне паперу: яго той брат у Мінску, «прафесар», выстараўся, што яна назначана настаўніцай у Лошаўскі Перавоз, а не куды інакш. Тодзік быў рад: зараз прыйдзе восень, і хіба можна цяпер адкладаць шлюб? Трэба зараз жа пераязджаць у той Перавоз.

Вяселле было на пачатку ранняй восені. Усё Скіп’ёўскае Пераброддзе і палавіна Якубавіч гуляла на вяселлі. Як толькі ў музык з аркестра якубаўскай пажарнай дружыны цэлыя асталіся шчокі? Два дні бесперастанку яны дзьмулі ў дудкі і трубы. На трэці дзень музыкі сталі ў браме і зайгралі марша. У Прыбыткоўскіх у хаце стала ціха.

 

ІІ

 

Усё сышлося разам, і Магдалена Прыбыткоўская ўбачыла, што вялікі клопат яе жыцця ўвайшоў у новую сваю квадру. Ганна першая пакінула бацькоўскую хату. Другі за ёю быў Канстанцін. Калі было Ганніна вяселле, ён толькі яшчэ дарастаў да ранняга свайго юнацтва. Але да гэтага часу натура яго ўжо выраўнялася як мае быць. Чалавек, чулы на здогадку, пазнаўшы яго крыху, ужо і цяпер мог бы сказаць, які ён будзе ў сталыя свае гады. Можа, льга было б у ім убачыць духоўнае падабенства да Ганны. Але гэта было б павярхоўнае ўражанне. Ганна была сталае дзіця, схільнае да задумёнасці, і толькі таго. Канстанцін жа быў схільны не да задумёнасці, а да думання. З гадамі пячаць думкі вельмі выразна пачала вызначацца на рысах яго твару. Праўда, пасля так усё пайшлося яму, што думка няйначай павінна была стаць першай адзнакай усяго яго аблічча. Але да гэтага прайшло яшчэ колькі часу. Пакуль да тых падзей, то ў Скіп’ёўскім Пераброддзі ўсё было добра і шчасліва. Кастусь Прыбыткоўскі любіў гэты кут, дзе ён нарадзіўся і вырас. Тут было многа прасторнай зямлі, неба, дрэў, вады. Тут бытавала паэзія простай працы. Чуламу чалавеку магло здавацца, што пад ціхім, роўным і вечным шумам у вяршалінах густых хвояў Скіп'ёўскага лесу цяжкае ўтрапенне не кране чалавечай душы. Калі праўда, што ў кожным чалавеку льга знайсці частачку душы паэта, то гэта магло мець дачыненне да Канстанціна Прыбыткоўскага. Раз ён сказаў быў бацьку: «Скіп’ёўскі лес стары. Дарога паўз яго ўжо, можа, дзвесце год такая, бо прыдарожныя дубы там маюць свайго веку не адну сотню гадоў. Дык магло быць, што мой прапрадзед, у такія самыя свае гады, як я цяпер, стаяў на той самай дарозе і глядзеў на тое, што я цяпер бачу? Мне нават страшна падумаць пра гэта».

Як той казаў, кожны знойдзе тое, чаго шукае. Магдалена Прыбыткоўская вельмі востра заўважала гэтую рысу ў натуры свайго сына. Яна думала пра яго, што ён маўклівы ахвотнік да адзіноты. Можа, гэта і была праўда, але яна не песціла ў сабе ўсёй Канстанцінавай натуры. Сваяк Марціна Прыбыткоўскага і яго добры сябар, на многа год за яго маладзейшы, перабродавец Мікалай Разважнік вельмі заўзята трымаўся іншай думкі. Гэта быў чалавек, дробны з твару і постаці. Ён гаварыў высокім, тонкім голасам і шпарка сыпаў словамі. Ён вельмі любіў парагатаць з чаго-небудзь смешнага і з гэтай прычыны так казаў пра Кастуся Прыбыткоўскага: «Гэты Прыбыткоўшчык вельмі здацен на слова. Я страх які лёгкі раблюся на ногі ў той бок, дзе добрую лухту вярзуць. Дык колькі разоў я бегаў на другі канец вуліцы рагатаць, як Прыбыткоўшчык прастарэкуе. А зялёненькі ж яшчэ. Губа яшчэ голая, як шкло на дажджы. Калі камар сядзе, дык за вярсту з губы відзён». Тут магло быць дзіўна: дзве зусім супрацьлеглыя думкі. Але і тая, і другая мелі ў сабе добрую трываласць. Канстанцін быў багаты душой малады чалавек.

Здавалася, што ён быў вельмі прывязаны душой да Скіп’ёўскага Пераброддзя і нікуды вельмі адсюль не імкнуўся. Ён найдасканалейшым парадкам ведаў тутэйшую мясцовасць на самую шырокую акругу. Ён меў здольнасць востра заўважаць і назаўсёды пакідаць у памяці раз бачанае ці чутае. Чалавек жа не жыве на свеце так, як ляжыць на месцы ўрослы ў зямлю камень. Ад самых зялёных год сваіх Кастусю Прыбыткоўскаму даводзілася бываць тут дзе-нідзе. Але ён, у жывым сваім уяўленні, пакідаў не толькі тое, што сам бачыў, але і ўсё, што чуў. У яго памяці назапашваліся і карціны мінуўшчыны, і падзеі сучаснасці, і абліччы малавядомых яму людзей, і дробныя здарэнні. Была і яшчэ адна асаблівасць гэтай натуры. Нешта занадта рана, сам сабе, ён даў ацэнку матчынай асобе. Яму пачало ўяўляцца, што яна імкнецца мець ад яго падтрымку і спагаду. Ён як бы меў ужо такую сілу, што з вышыні яе глядзеў на сваю маці. Практыка наступных год паказала, што Магдалена Прыбыткоўская была не зусім такая, як уяўлялася яна свайму сыну. Аднак жа наконт існасці яе душы ён не памыліўся. Усё збіралася і назапашвалася. Прыйшоў час, і неўзабаве гэтыя простыя душы скаланула небывалая катастрофа. Тады некаторыя моманты з таго, што ведаў і трымаў у сваім уяўленні і памяці Кастусь Прыбыткоўскі, сталі мець дачыненне да яго душы і дзейнасці і пэўным чынам спляліся з яго лёсам. Што-нішто з таго тут трэба ўспомніць.

Ён ведаў, што кіламетраў за сорак ад Скіп’ёўскага Пераброддзя ёсць немалы лес, які завецца Богараўшчына. Гэтую Богараўшчыну рэжа напалам вузкая дарога, няроўная, крывая. Яна цягнецца на кіламетраў сем. Па трэцім кіламетры ад пачатку лесу дарога вялікім кругам абыходзіць лясное азярцо, берагі якога спрэс з дрыгвы. Там стаіць прасторная хата на дзве палавіны паабапал сянец. Вокны ў хаце вымаляваны чырвонаю фарбаю. У той хаце жыве дзевяць родных братоў Ярмаліцкіх. Самаму старэйшаму з іх сорак два гады, а самаму маладзейшаму дзевятнаццаць. Бацька іх, Антось Ярмаліцкі, мае цяпер год шэсцьдзесят тры. Ён перажыў дзвюх сваіх жонак, ад іх і меў сваіх сыноў. Да рэвалюцыі Антось Ярмаліцкі быў лесніком на ўсю Богараўшчыну. Пасля рэвалюцыі асталіся тут за леснікоў два яго старэйшыя сыны, а ён сам толькі араў і сеяў сабе зямлю пры самым лесе, дзе стаяла вёска Вынь, у калгас якой і ўваходзілі ўсе Ярмаліцкія. Тры старэйшыя Ярмаліцкія пажаніліся былі ў адзін год. Другім годам ажаніліся яшчэ два. Наступным годам яшчэ адзін, а далей ужо як хто калі. Якраз цяпер кожны з іх ставіць сабе хату. Так што вёска Вынь вырастае на добрую чвэртку. А ў старой хаце пакуль што стаіць яшчэ такі дзіцячы гармідар і тлум, што Антось Ярмаліцкі рагоча і прыгаворвае: «От жа Ярмаліцкіх распладзілася, сказаць у добры час. І чарнявыя, і бялявыя, і даўганосыя, і кірпатыя. Адзін абзываецца з калыскі, другі з-за коміна, трэці думае, каб як гэта хутчэй з пялёнак вылезці, чацвёрты стараецца падвучыцца, каб як гэта самому порткі зашпільваць, а вунь дзеўка ўжо навучылася рогам хусткі нос абціраць. А дзяўчат навырастае! Божа літасцівы, дзе гэта будзе музык набрацца! Кожнай жа прыйдзецца некалі вяселле граць». Неўзабаве ўсе Ярмаліцкія пазабудоўваюць хаты і павыбіраюцца ў іх, а ў старой астанецца стары Ярмаліцкі з маладзейшым, яшчэ нежанатым сынам.

Кіламетраў з дзевяць ад Скіп’ёўскага Пераброддзя, на самым бярозавым гасцінцы, акрай вялікага сяла Ціхаміраўшчыны, жыла Нахама-мельнічыха, бяздзетная ўдава. Ёй было тады, калі яна заўдавела, гадоў пад трыццаць пяць. Пасля смерці мужа ёй асталася хата і млын-вятрак. З вятрака яна жыла, а дзяцей у яе не было ніколі. Яна наняла сабе ў млын малоць і прымаць завознікаў ціхаміраўца Юліка Сцяпуцкага, якога яна даўно і добра ведала. Гэты Юлік быў нежанаты хлопец гадоў пад сорак і гаспадаркі свае не меў, таму і не жаніўся. Нахама была вельмі мажная і здаровая асоба і добра спабачылася Юліку Сцяпуцкаму. Усё гэта рабілася ў часе польскай акупацыі дваццатага года. Юлік Сцяпуцкі таксама ўпаў у Нахаміны вочы. Трэба думаць, што тут было шчырае і даўгавечнае каханне. Доўгімі зімовымі начамі Юлік малоў у ветраку, а Нахама, замест таго каб спаць у хаце, сядзела штоночы ў млыне на мяшках, каб быць поблізу Юліка Сцяпуцкага. Як там усё ў іх ішлося, але пад сярэдзіну лета дзевяцьсот дваццатага года Нахама нарадзіла дачку. Імя ёй далі Люба. Юлік Сцяпуцкі быў у тыя месяцы ў Чырвонай Арміі і загінуў у баях на рацэ Бярозе пад Барысавам. Нахама адна гадавала Любу. Абнімаючы сваю малую адзіную дачку, Нахама памерла ад запалення лёгкіх у дваццаць сёмым годзе, калі Любе было поўных сем год. Пад апекаю ўсяго сяла Ціхаміраўшчыны Люба выгадавалася і вырасла, і ў юнацтве сваім жыла адна ў матчынай хаце на гасцінцы. Хаце гэтай было ўжо год пад восемдзесят, калі Люба дарасла да свайго юнацтва. Але хата яшчэ стаяла моцна, з усімі сваімі бакоўкамі, «спіжарняю» і прасторнымі сенцамі, хоць столь у ёй стала ўжо крыху нізкаватая.

Наконт гэтай Любы ўсе, хто ведаў яе, на ўсёй найшырэйшай акрузе, сыходзіліся на адной думцы: не тое што яна была вельмі прыгожая, але яна была вельмі своеасаблівая. Яна яшчэ толькі нядаўна выйшла з падлеткаў, як пляменнік Мікалая Разважніка са Скіп’ёўскага Пераброддзя, малады хлопец Уладзя Арцёмчык, дамогся-такі таго, што яна пайшла за яго замуж. Такім парадкам гэтая Люба цяпер мела прозвішча Арцёмчык і жыла ў Скіп’ёўскім Пераброддзі. З той прычыны, што яна вельмі рана, яшчэ не даросшы паўналецця свайго, пайшла замуж, да пачатку Вялікай Айчыннай вайны яна ўжо мела даволі падгадаваную дачку Лізавету. Гэтай Лізавеце на пачатку вайны канчаўся нешта год шосты, а самой Любе было крыху менш за дваццаць тры гады. У сваім апавяданні я тут запабег наперад, але пра ўсё гэта трэба ведаць і не выпускаць з памяці, пакуль апавяданне не дойдзе да самых важных сваіх падзей.

Кіламетраў за шэсць ад таго горада, дзе вучылася ў настаўніцкім вучылішчы Ганна Прыбыткоўская, пры самай вялікай дарозе стаяў нізкі і доўгі дом, складзены з круглага бярвення. Дом быў стары, але яшчэ моцны. Калісьці, яшчэ задоўга да рэвалюцыі, у гэтым доме была так званая «станцыя земскіх коней», тыповая на той час транспартная ўстанова. Цяпер у гэтым доме жыў вядомы на ўсю шырокую акругу вінакур Язэп Уздышкевіч. Тут даволі-такі густа па мястэчках і сёлах стаялі невялікія бравэркі, вінныя заводзікі, на якіх калгасныя таварыствы гналі, і на продаж, і сабе на патрэбу, віно з яблык, ігруш, вішань, сліў, з лясных і агародных ягад, з арабіны і дзікіх ігруш, якіх тут былі цэлыя зараснікі. Язэп Уздышкевіч увёў тут гэтую вінагонную справу, і пад яго наглядам тут працавала цяпер больш за дзевятнаццаць такіх вінагонак. Сын яго недзе канчаў універсітэт, а дачка, вельмі яшчэ маладая, жыла дома. Яна звалася Волька. Кастусь Прыбыткоўскі яе ведаў. Колькі разоў яму даводзілася ехаць гэтай дарогай на аўтобусе, і ад яго вока нічога не ўхавалася. Ён усё ўжо ведаў як мае быць. Гэтай Вольцы мала было таго, што яна зіхацела тут сваім хараством. Дык не. Ёй яшчэ трэба было выстаўляць напаказ свае таленты. Тут штодзень хадзілі аўтобусы з пасажырамі і часта спыняліся каля Уздышкевічавага дома набіраць ваду. Студня з помпаю была тут жа. Пасажыры выходзілі размяць ногі і заўсёды бачылі Вольку. Яна стаяла ля свайго дома ў сіняй спадніцы і белай вышыванай кофтачцы і або вышывала, або пляла з нітак прошвы, кружава ці што іншае. Трэба было дзівіцца, як спрытна ходзяць яе пальцы. Адным словам сказаць, усе бачылі: яна і прыгожая, і ўдалая. Маладыя пасажыры адразу даставалі з кішэняў люстэрачкі, папраўлялі на сваіх галовах «полькі», «боксы» і абкружвалі Вольку. Старыя пасажыры бубнілі сабе пад насы, седзячы ў аўтобусе:

— Зноў гэтая чартоўка хваліцца, што вышываць спрытная. Усё ўдаласці свае паказвае. Усё жаніха нейкага чакае, як бы тут ёй сваіх хлопцаў мала. О, ужо і шафёр стаіць перад ёю, бач як пакручваецца. Цяпер гатоў які рамонт выдумаць і да вечара рамантавацца будзе.

Кастусь Прыбыткоўскі сам колькі разоў быў у ліку тых маладых пасажыраў і разам з усімі стаяў перад Волькаю і гаварыў з ёю. Пявучы, мяккі і прыемны яе голас назаўсёды астаўся ў яго вушах. А вобраз яе пакінуў у яго душы смутак. Ён быў яшчэ занадта малады на тое, каб гаварыць з ёю аб сваіх пачуццях і каб усвядоміць тое, што гэта самыя першыя пачаткі першага кахання. Як бы там ні было, але смутак па той Вольцы ён павёз у душы ў сваю далёкую дарогу, калі пакідаў Скіп’ёўскае Пераброддзе ўвосень дзевяцьсот трыццаць восьмага года.

У тую восень ён прызываўся ў армію на службу. І яшчэ месяцаў за тры да гэтага Магдалена як бы забыла нават, што самая ўлюбёная ёю з усіх дзяцей гэта Галена і што Ганна недзе там у Лошаўскім Перавозе даўно ходзіць цяжарная і было б добра, каб быць пры ёй заўсёды. Магдалена проста як не рвалася на часткі. Не такую яна мела натуру, каб хоць на момант спусціць з вока хату і гаспадарку. І да Ганны штодзень душа яе рвалася. І прагла яна быць увесь гэты час блізка пры сваім Кастусю. У яе хапала ног на тое, каб пешкам, калі не траплялася машына ў дарогу, колькі разоў хадзіць да Ганны. Бадай што подбегам яна кожны раз спяшалася ў Лошаўскі Перавоз, а пасля так жа імкнулася назад, каб хутчэй быць з Кастусём, які рыхтаваўся неўзабаве пакінуць бацькаўскую хату. Апошнія два тыдні перад Кастусёвым ад’ездам Магдалена ўжо не думала пакідаць сваю хату. Сваю трывогу аб Ганне яна сцішвала развагаю, што «там жа жыва і здарова Тодзікава маці, і сам Сабастыян Рамашка не дае на Ганну і ветру падзьмуць». Яна наважыла цвёрда: не адысці ад Кастуся да самага апошняга моманту, пакуль ён ужо не сядзе на воз або ў машыну. Яна перамагла сябе і сумысля старалася не думаць пра справы ў Лошаўскім Перавозе. Аднак жа часамі яе апаноўвала трывожная нецярплівасць. Ёй хацелася кінуць дома ўсё і як мага імчацца туды, дзе Ганна чакала свайго моманту, калі ёй прыйдзецца адчуць першы боль з таго, што яна дае жыццё чалавеку. У такія хвіліны ўзбуджанай трывогі Магдалена, з ясным розумам у галаве, старалася ачысціць душу ад непатрэбных парываў. Нарэшце настаў дзень. Гэта было на пачатку кастрычніка месяца. Кастусь ад паўдня і да вечара прасядзеў у хаце, і ціха ў яго ішла гаворка з бацькам. Назаўтра зранку ён паехаў. Марцін да самай зімы не мог прывыкнуць да таго, што Кастуся няма дома. А пасля ўстанавіўся цвёрды парадак: заўсёды тыдняў праз два прыходзіла ад Кастуся пісьмо. Усё ўвайшло ў звыкласць.

Магдалена ж увесь час аніяк не магла выйсці з трывогі і клопату. Як толькі выехаў Кастусь, яна пачакала хвілін дзесяць і гукнула да Галены:

— Гэля! Бяжы на дарогу, пільнуй, можа якая машына трапіцца на Лошаўскі Перавоз!

Галена дзве гадзіны стаяла на вялікай дарозе, кіламетраў за два ад Пераброддзя. І такі прыгаварыла падарожнага шафёра, што якраз гнаў машыну яшчэ далей за Перавоз. Ён ахвотна завярнуў свой грузавік на Скіп’ёўскае Пераброддзе, яшчэ ахвотней пасадзіў каля сябе ў кабіну Гэлю, не менш ахвотна выпіў добра і не кепска закусіў разам з Марцінам.

— Толькі што сын мой паехаў у войска служыць, — гаварыў незнаёмаму шафёру Марцін, — а ў Перавозе дачка сабралася дзіця раджаць. Нейк усё сышлося адразу як з-пад маланкі. А самі адкуль едзеце і куды з пустою машынаю так далёка?

— Еду з Пералушчавіч у Кажушкавічы. Гэта наш калгас купіў там бугайчыка, дык забраць трэба.

— Ператрасецца ў дарозе гэты ваш бугай. Блізкі свет!

— А што яму зробіцца! Будзе адно пазіраць наўкола ды думаць: куды гэта мяне так імчаць?

Шафёр абцёр хустачкаю губы, страсянуў Марціна за руку і пабег да свае машыны. Магдалена рушыла за ім і села поплеч яго ў кабіну.

— Як, гэта не яна паедзе?! — кіўнуў шафёр галавой у бок Гэлі, якая стаяла ў браме.

— Не, гэта я паеду, — адказала Магдалена, і машына рванулася з месца. Магдалена сядзела ўнурыўшыся. Можа, ехалі дзве хвіліны, а можа, дзве гадзіны, яна не заўважыла. Па той бок Лошаўскага моста яна сышла з машыны, а шафёр паімчаўся далей. Яна рушыла да Рамашкавай хаты, адчуваючы, як сэрца распірае ёй грудзі, і стрымліваючы хаду сваіх ног, каб не пабегчы. Колькі ўжо разоў яна падыходзіла так да гэтай хаты, і кожны раз ёй здавалася, што падыходзіць яна да зусім новага, яшчэ не бачанага раней месца. Тут ад усяго павявала ёй свежай навіною, і было вольна, прасторна, прыемна, утульна. Рамашкава хата відна была здалёк. Вяз і арабіна раслі з вуліцы перад яе вокнамі. Брамка з завостраных шчыкецін, вымаляваная зялёнаю фарбаю, была адчынена. Куры грэбліся ў падмарожаным жвіры перад ганкам. Пукі сухога кмену, кропу і мяты тырчэлі з-пад страхі свіронка з высокім ганкам. Гусіны гвалт чуўся з саду. Хата была не новая, але дагледжаная, абшалёваная і абаткнутая. Пачынаўся час пасля паўдня. Дзень выбіваўся на яснасць. Магдалена нясмела і з трывогай адчыніла дзверы з сянец у знаёмую кухеньку. Там палала печ, і хлебнае цеста рвала ўгару века з дзяжы. Магдалена пераскочыла праз кухню трыма крокамі і ў большым пакоі ўбачыла за сталом Сабастыяна Рамашку. Ён сядзеў і нешта думаў. Магдалена перажыла пякельную пакуту. Ёй хацелася крыкнуць: «Дзе ж Ганна, што з ёю?» А яна перамагла сябе і сказала:

— Дзень добры вам, вы сёння з хлебам?

Сабастыян усхапіўся і падаў Магдалене руку:

— Але, сёння хлеб пяком. Я нікуды не іду, пільную, каб печ напалілася і каб цеста дзяжы не парвала.

— А дзе ж бабы?

Такім парадкам Магдалена падблізілася да таго, каб распытваць пра Ганну. А то яшчэ фацэтны Сабастыян падумае, што яна не верыць, што Ганне тут лепш, як у Скіп'ёўскім Пераброддзі. Ён вельмі заўзяты да таго, каб усе ведалі, што Ганне тут лепш, як у родных бацькоў. Твар яго расплыўся ад спакойнай усмешкі так, што вусы пайшлі далёка ў бакі, і ён сказаў:

— Ну, што ж, мая Анэта за раніцу намыла цэлую гору пялёнак і пайшла цяпер паласкаць на раку.

Магдалена ўздрыганулася і пабялела тварам.

— Ганна! — выгаварыла яна адразу ахрыплым голасам.

Сабастыян адчыніў дзверы ў бакоўку, і Магдалена ўбачыла Ганну. У гады свае маладосці Магдалена нарадзіла трое дзяцей. Але яна не магла бачыць, якая пячаць ляжала на яе твары праз многія дні пасля таго, як у яе нарадзілася Ганна, першае яе дзіця. Ганна ляжала ў пасцелі, уся пад лёгкаю коўдраю, і Магдалене здалося, што яна зараз скажа: «Як даўно было тое, калі я была малая! Прыйшоў час самой узяць на плечы вялікі клопат. Маці, не адыходзь ад мяне». Губы ў Магдалены задрыжэлі, і яна прыпала сваім ілбом да Ганнінага лба. Па твары ў Ганны прайшла вельмі рухавая рыса і знікла. Вось якая гаворка адбылася паміж Ганнаю і Магдаленай:

— Ганна, што гэта, дзе ж тваё дзіця?

— Мама, чаму ты пяць дзён таму не была тут?

— Дзе ж дзіця?

— Тодзік на двор панёс, як толькі выбліснула сонца.

— Дык чаму ж ты адразу не кажаш?.. А як ён, Тодзік, з табою цяпер? Глядзіць ён цябе? Шкадуе?

— Няўжо ж яшчэ пытаць пра гэта трэба? — як бы з крыўдай у голасе абазваўся Сабастыян. Ён праз увесь час стаяў у дзвярах, быццам бы без яго нагляду гэтыя дзве жанчыны павялі б гаворку не ў той бок.

— А можа, і трэба пытаць! — даволі-такі заўзята адказала Сабастыяну Магдалена. — Ганна ж не гаворыць сама. Гэта ж натура!.. А што, Ганнуся, хлопец ці дзяўчынка?

— Хлопец, мамачка.

— Дык чаму ж ты адразу сама не сказала!.. Ну, а як усё было, цяжка было ці нічога?

— Ой, а тады якраз дождж паўдня ліў, дык я і падумала была, што, можа, гэта ты дзе ў дарозе ад дажджу прыхавалася. А перад вечарам расчысцілася і высвеціла сонца, а цябе ўсё няма.

— Ганнуся, гэта ўсё ведаеш чаму? Я не магла адхіліцца. Сёння зранку Кастусь паехаў у войска служыць. Гэта ж на два ці на тры гады.

— А невядома яшчэ, у якія часці? — абазваўся Сабастыян Рамашка. — Можа, у артылерыю? Бо гэта, відзіце, я чаму пытаю? Я сам служыў у артылерыі. А на тым тыдні Тодзіка пазывалі ў ваенкамат, дык пералічылі яго ў танкістыя. Вы тут сабе гаварыце, а я пайду знайду Тодзіка.

— Мама, — сказала Ганна, — а што бацька пра мяне гаворыць? Ці прыедзе ён сюды?

Гэта і быў той момант, калі Магдалена вельмі выразна адчула, што клопат аб дзецях не зменшыўся, а ператвараецца ў штосьці большае, усёабдымнае. У гэтым адчуванні было месца на вялікую радасць: Ганна нязменна астаецца з ёю. Магдалена адразу выйшла з свае ўражанасці і як бы нерухомасці. Яна заварушылася і акінула вачыма ўсё. Яна ўвайшла ў гаспадарлівы рух, і разам з тым ліўся струмень яе слоў:

— Чаму ў цябе падушкі так пад галавою збіліся? Дай папраўлю. Гэта іхняя падушка з прошваю? Няхай бы ты на сваёй ляжала, што з дому. Нашы павінны быць мякчэйшыя. Я адмысловы пух дабірала. Я пры табе і астануся на тыдняў тры. А пасля бацька пад’едзе. Павінна быць неўзабаве пісьмо ад Кастуся. Падыміся плячыма, дай падушку паправіць. О, так. Добра. Ляжы. Цяпер пайду ў кухню, у іх жа хлеб сёння, а нікога няма. Можа, пара печ вымятаць.

Але сама што яна намерылася стаць пры печы за гаспадыню, як адчыніліся з сянец дзверы, і ў хату ўвайшлі: сама Сабастыяніха, Тодзік з дзіцем на руках і Сабастыян. Магдалена ўбачыла Тодзіка ў новым яго абліччы. Хто мог калі думаць, што ён такі будзе? Здавалася, ён ніколі і не пускаўся на тыя наіўныя хітрыкі, каб рамантаваць аўтобус ля хаты Прыбыткоўскіх, каб хоць на хвіліну пабачыцца з Ганнай. Можна было падумаць, што век меў ён гэтае сваё дзіця і так заўсёды насіў яго, спакойна і з роўным настроем. Сіла простай натуры ідзе ад прыроджанага ўмельства быць у спакойнай раўнавазе з першай жа хвіліны, як толькі праходзіць час маладога свавольства і пачынаецца патрэба быць сталым. Тут вялікую сілу мае ясны розум і развага простага чалавека. Што ж да парываў маладой душы, то яны вечна знойдуць сабе вялікі прастор у шчаслівым зліцці гэтага чалавека з навакольным светам. У наймаладзейшыя свае гады ён будзе думаць аб сталасці жыцця, а не аб своеасаблівых прынадах легкадумнай уцехі. Працавітасць яго пачынаецца з маленства. Магдалена Прыбыткоўская чулай сваёй душой зразумела да канца ўсе гэтыя рысы ў натуры Тодзіка Рамашкі. Яна была рада і шчасліва. Ёй была радасць якраз з яго рук браць у свае рукі дзіця свае Ганны. Аднак жа радасць яе яшчэ пабольшылася, калі яна знайшла ў Ганнінага сына рыс ад Ганны больш, як ад Тодзіка. Адным словам, у душы Магдалены забытавала поўнае шчасце і, самае важнае, добры спакой. Але не надоўга. Яна намервалася быць тут тры тыдні, а ледзьве выбыла тыдзень. У Ганны ўсё было добра, дык Магдалену пачала смактаць трывога, што там ужо недзе ёсць пісьмо ад Кастуся і яна не ведае, што ён піша. Выйшла якраз так, што тымі днямі аніякай падарожнай машыны на Скіп’ёўскае Пераброддзе не натрапілася, а калгасныя коні былі дзень пры дні ў раз’ездзе і на пільнай рабоце. Магдалена наважылася ісці пешкам. Сабастыянавы ўгаворы нічога не памаглі. На пачатку другога тыдня Магдалена рванулася ў дарогу. У душы яе панавала радасць. Клопат гэты быў ёй прыемны. Яна шпарка ішла сухою прамарожанаю дарогаю і дзівілася шпаркай хадзе часу. Ужо ж неўзабаве будзе каля двух год, як было Ганніна вяселле. Усё цешыла яе вочы: прыдарожныя дрэвы, і сухая травіна над каляінай, і сіняе «акно» ў неба ў глыбокім прарыве паміж хмар. Душа яе імкнулася абняць увесь свет і мець шчасце ў гэтым яднанні з усім жывым і ўсім тым, што існуе.

Калі яна прыйшла дадому, то ёй прыйшлося расчаравацца адразу: ад Кастуся пісьма яшчэ не было. Яно прыйшло толькі яшчэ праз тыдзень. Кастусь напісаў толькі некалькі радкоў з дарогі. Толькі цяпер ён ехаў на сталае сваё месца. Другое пісьмо было ўжо з горада Рыльска. Ён хваліў ціхі горад Рыльск на Куршчыне, «адно што хвоі тут няма, як у Скіп’ёўскім Пераброддзі. А навокал поле. На стрэльбішча ходзім далёка ў поле». Марцін разоў пяць моцна перачытаў гэтае пісьмо, і Магдалена зноў паімчалася ў Лошаўскі Перавоз. Там Ганна гадавала дзіця, а сюды прыходзілі пісьмы ад Кастуся і ўрастала ў вялікую сілу здаровая, як бура, Галена. Магдалена не магла разарвацца. Ёй усюды трэба было паспець. Мікалай Разважнік наконт гэтага так казаў:

— Магдалена Прыбыткоўская цяпер жыве на два асэдасы. Два тыдні сядзіць у Пераброддзі, а два ў Перавозе. От бо натура! Каб прыйшлося, то яна можа вытрымаць клопат аб усім свеце.

Мікалай Разважнік любіў пасмяяцца. Магдалена Прыбыткоўская не заўважала яго смеху. Душа яе ў гэтыя часы імкнулася да чагосьці, яшчэ невядомага ёй, у што яна верыла і чаго чакала. Гэта павінна быць шчаслівая дабрыня. Падрасце Ганніна дзіця, дарасце да паўналецця Галена, і праз два гады вернецца ўжо зусім сталы Кастусь. Праходзілі месяцы, прыходзілі ад Кастуся пісьмы, і Магдалене было добра адчуваць, што тое, чаго яна чакае і што няйначай прыйдзе, усё бліжэй падыходзіць.

Можна сказаць пэўна, што Кастусёвы пісьмы, каб узяць іх усе, якія ён толькі напісаў з Рыльска ў Скіп’ёўскае Пераброддзе, маглі б паказаць, што натура і ўсё духоўнае аблічча яго вельмі цвёрда даходзілі цяпер ужо да свае сталай паўнаты назаўсёды. За ўвесь час, пакуль толькі льга было пісаць у Скіп’ёўскае Пераброддзе, ад Кастуся прыйшло сорак сем пісьмаў. З першых пісьмаў дваццаці льга было б уведаць, што ён вельмі многа думае аб Скіп’ёўскім Пераброддзі, аб Ганне і аб бацьку, аб Скіп’ёўскім лесе і аб усім, што ў гэтым баку робіцца. «Я служу ў артылерыі, але ўжо і з вінтойкі добры цалок... Мусіць, ці не даслужуся да сяржанта». Не раз у гэтых пісьмах адзначалася, што «артылерыя — цяжкая справа». Часта ў пісьмах гаварылася пра тамашнюю зямлю, як і што сеюць, і якія лясы, у якіх «хочацца ўбачыць хвою». Дубы пры дарогах і таполі. Апісвалася дарога з Рыльска на Льгоў і выезд з Льгова на вялікі бярозавы гасцінец да Курска. Усё ён заўважаў і як бы да ўсяго меў інтэрас. А пасля яго пісьмы пачалі рабіцца скупейшыя на знадворныя ўражанні і апісанні. З’явілася жаданне ведаць больш аб бацьку і маці. Пачала гучэць нота, што як быццам бы ён урастае ў свядомасць таго, што можа быць апекуном іх усіх і здолее пакіраваць жыццём іх. Магдалена гэтую ноту ў пісьмах сына вельмі востра адчула і колькі разоў з радасным утрапеннем сэрца, сама сабе ціхом, выцірала рогам хусткі вочы. Пасля пісьмы сталі яшчэ скупейшыя. Ён або апаноўваўся нейкімі новымі думкамі, або, можа, пачыналася ў яго замыканне самога ў сабе? Ці, можа, ён пачаў жыць новым імкненнем і жаданнем? Сапраўды-такі здараюцца духоўныя перавароты ў маладых людзей, здаецца часам, што перайначваецца ў чалавека натура. Нічога, аднак, наконт гэтага выразнага ў Канстанцінавых пісьмах не прарывалася. І нельга было ўгадаць, у які новы бок пачала гарнуцца яго думка.

Праўда, было пісьмо, самае апошняе з усіх прысланых, у якое трэба было б учытацца. Але ў яго ніхто не ўчытваўся, бо яно прыйшло ўжо за адзін дзень да вялікай трывогі і за шэсць дзён да страшнай катастрофы. Вось гэтае пісьмо. Яно было адрасавана Ганне. «Сястрыца, ужо ідзе трэці год, як я жыву далёка ад вас усіх. Я стаў салдатам і прывык быць дома там, дзе ёсць пад галавою неба. Толькі што хіба столь у гэтым доме здаецца мне занадта высокая, калі густа свецяць зоры. Сваю службу я ўжо закончыў і збіраюся назусім дадому. Я намнога зыначыўся і сам гэта бачу. З гэтай прычыны мне здаецца, што жыццё маё дома пойдзе нейк інакш, як раней. І не толькі гэта таму, што мне прыбавілася веку больш як два гады. А Гэля ўжо, мусіць, зусім стала дарослая... Шануйце бацьку і маці ад усялякіх прыкрасцей. Нешта апошнімі часамі на мяне находзіць одум пра нашу маці. Гэта прыкра і нядобра, але, як бы я наперад адчуваю, што яна ўпадзе ў гора за нас. Я ведаю: гэта ўсё ад таго, што я даўно яе не бачыў, а яна такая дбайная аб усіх нас. Вось якія непатрэбныя ў мяне думкі. Дык трэба хутчэй быць дома і ўбачыць маці ў добрым жыцці. Ад'езду свайго я чакаю праз тыдняў пяць, а калі праз сем, то гэта найбольш. Я цяпер сяржант. Калі часамі вайна, то буду мець пад сваёй камандай гармату. Але дзеля практыкі мне на занятках даводзілася камандаваць і батарэяй. Усё ішло ў мяне як мае быць. Гэта практыка па тое, калі часамі на вайне выйдзе з строю камандзір батарэі, дык каб сяржант мог стаць на месца лейтэнанта. Але табе гэта нецікава і непатрэбна. Хоць за ўвесь гэты доўгі час тут і не было вельмі калі, але я перачытаў гэтулькі кніг, што аж самому дзіва, колькі чалавек можа ўсяго перачытаць. Так што я вярнуся дадому з прывычкай многа чытаць. Ты адно гэтага пісьма не вельмі многа паказвай, а то маці, калі прачытае пра сябе, то будзе рогам хусткі выціраць вочы. А цяпер маленькая просьба да цябе, Ганнуся. Калі ты вучылася ў настаўніцкім вучылішчы, то часта ездзіла дадому і назад. Не даязджаючы да горада кіламетраў шэсць ці восем, каля доўгага і нізкага дома пры самай дарозе, аўтобусы часта спыняліся набіраць ваду. Той дом яшчэ ад старых часоў завецца «земская станцыя». Дробная вёсачка там збоку завецца Янаўшчына. Мне трэба туды напісаць пісьмо аднаму чалавеку, але я ніколі не ведаў, ці ёсць там у іх паштовае аддзяленне, ці трэба пісаць на горад. І які ў іх сельсавет, калі трэба на сельсавет пісаць. Дазнайся і напішы, бо я не хачу, каб маё пісьмо хадзіла па руках. Вось і ўся мая просьба. Твайму Тодзіку зрабіць гэта вельмі лёгка. Перакажы ў Скіп'ёўскае Пераброддзе, што перад самым сваім выездам я падам тэлеграму. Хутка будзе наша сустрэча. Цалую цябе моцна, сястрыца. Твой брат Канстанцін Прыбыткоўскі».

Ганна не паспела дазнацца і паслаць яму адрасу. Не да гэтага ўжо было. Пасля гэтага пісьма Ганна адно падумала, што Кастусь ужо ў новым абліччы вернецца дадому; гэта як мае быць пачаўся зусім сталы чалавек. Гэта ўжо не той хлапчук, які тады пакінуў Скіп'ёўскае Пераброддзе. І яна адразу забылася на гэтае пісьмо: пачалося вельмі шпаркае зыначанне жыцця. Што ж да Кастуся, то ён ужо і не чакаў таго адраса. Адрас стаў яму не патрэбен адразу, праз колькі дзён пасля таго, як паслаў ён Ганне тое пісьмо. Справа была такая: ён сапраўды пісаў на Янаўшчыну ці на «земскую станцыю» «аднаму чалавеку», і чалавек гэты быў — Уздышкевічава Волька. Ён і прыехаў у Рыльск са смуткам аб ёй. Але гэта быў толькі пачатак і гэта магло б прайсці само сабою. Але яно не прайшло, а разраслося ў яго пакуты. Жанчына, у вобразе гэтай, малавядомай яму, а таму яшчэ больш прывабнай дзяўчыны, усё больш, мацней і ўпарцей стаяла ў яго ўяўленнях і думках. У той меры, у якой ішоў час, яго думкі аб ёй ператвараліся ў прагу. Пачаліся ночы з трывожнымі снамі. Фізічная пачуццёвасць распальвала яго фантазію, і ён сам стварыў сабе яе закончаны вобраз, які лагічна і дапоўніў жывую і сапраўдную постаць Уздышкевічавай Волькі. Можна было б сказаць, што ў гэтыя часы ўсе яго думкі і мары сыходзіліся на гэтым жаночым вобразе. Нарэшце ён не вытрымаў і пачаў пісаць ёй. У першым пісьме ён вельмі дакладна апісваў, як і калі адбылося іх знаёмства: «Аўтобус стаяў, і дзьмуў вецер з пылам, а вы вышывалі. Я быў у зялёнай шапцы. Вы вельмі многа рагаталі, калі я стараўся абсмяяць нейкага бялявага кавалера каля вас. А пасля мы яшчэ колькі разоў бачыліся і ўжо без смеху гаварылі». Ён пісаў, што гэтым пісьмом дае толькі напамінак аб тым, што ёсць такі чалавек, які пра яе заўсёды думае. Праз месяц пасля гэтага пісьма ён паслаў другое, ужо больш выразнае. А пасля і трэцяе. У апошнім пісьме ён ужо гаварыў выразна. Ён так проста і пісаў, як яно сапраўды было: ён пра яе толькі і думае. Яна вечна стаіць перад яго вачыма. Ясна адно: гэта праверана ўжо доўгім часам, што тут вялікае, сапраўднае каханне. Вядома, ён аніяк не думаў, што яна адразу адкажа яму. Гэта так заўсёды, што шчыра закаханы, сам таго не думаючы, ставіць сябе ніжэй за тую, да якой імкнецца. Яна не адказала на ўсе тры яго пісьмы. Яна магла толькі пасмяяцца з яго пісьмаў. Але ж яны маглі і не дайсці да яе: ён не ведаў дакладнага адраса. Спачатку ён думаў, што больш нават і не будзе трывожыць яе, але пасля трэцяга пісьма прайшло даволі часу, і ён зноў не вытрымаў. Ён папрасіў Ганну дазнацца дакладны адрас. Але якраз у тыя дні прыйшло ад Волькі пісьмо. (Ад пасылкі ім першага пісьма прайшло ўжо месяцаў сем) Значыцца, пісьмы яго дайшлі да яе, дарма ён думаў, што пісаў недакладны адрас. Яна проста з нейкіх прычын марудзіла з адказам. Усё было добра, але пісьмо не прынесла яму спакою. Яно яшчэ больш паглыбіла яго ўражанасць. У такой жа меры і яго пісьмы выбілі яе з штодзённай звыклай раўнавагі. Пакуль што цяжка было б яшчэ сказаць, якія струны ў яе душы былі закрануты яго пісьмамі. Можа, тут найбольшае месца мела простая жаночая цікаўнасць. Але відаць, што было і штосьці іншае апроч цікаўнасці, можа, пачатак шчырага пачуцця. Бо яна сапраўды-такі памятала яго, і вельмі добра. Памятала дакладна ўсе сустрэчы і гутаркі і пра гэта цяпер пісала. Вельмі можа быць, што яна пра яго думала часта, і тры пісьмы падагрэлі тое, што толькі драмала ў душы. Яна яшчэ была вельмі маладая, яшчэ толькі дарасла да паўналецця. Ёй было цяжка пісаць гэтае пісьмо. Многа разоў яна яго пачынала і ўсё не магла выбіцца на патрэбны тон. Усё выходзіла не тое, што яна хацела б напісаць. Нарэшце, праз вельмі доўгі дзеля такой справы час, яна напісала тое, што вісела над душой. Яна імкнулася да вялікага пачуцця, і яно магло ўспыхнуць у яе душы з непераможнай сілай. Такі тон льга было адчуць у яе пісьме. І Канстанцін Прыбыткоўскі зразумеў усё. Пісьмо прыйшло зранку. Увесь той дзень і ўсю ноч да наступнай раніцы ён быў як у чадзе. Ніколі яшчэ яго пачуццё да яе не даходзіла да такой сілы. Прага хутчэй бачыць яе не адыходзіла ад яго ні на момант. Уночы ён не заснуў аніяк. Як толькі пачаўся дзень, ён пачаў пісаць ёй доўгае пісьмо. Тут ужо гаварылася ўсё адкрыта. Ён ужо быў з ёю ў душэўнай змове. Першыя радкі былі аб вечным і ўсёабдымным пачуцці. Яно будзе нязменнае заўсёды. Ён цяпер у гэта верыў. Пісьмо ён скончыў на пачатку адзінаццатай гадзіны ад ранку. А роўна ў адзінаццаць прыйшоў і быў абвешчан загад: рыхтавацца да раптоўнага выезду з горада Рыльска. Гэты дзень быў — дваццаць другога чэрвеня дзевяцьсот сорак першага года. Настаў час. Так, як і ўсіх, Кастуся Прыбыткоўскага агарнулі новыя турботы. Аднак жа пісьмо да Уздышкевічавай Волькі ён паспеў яшчэ паслаць. Але гэта ён зрабіў ужо нейк механічна. Жаночы вобраз, які так доўга панаваў над яго душой, сцьмеў і адышоў. На пачатку шостай гадзіны таго самага дня артылерыйская часць, дзе служыў Канстанцін Прыбыткоўскі, пакінула сваё абжытае месца і выехала з горада Рыльска.

 

ІІІ

 

Дваццаць шостага чэрвеня дзевяцьсот сорак першага года па ўсёй прасторы заходніх абласцей Савецкага Саюза стаяла яснае і гарачае надвор’е. Пад чацвёртую гадзіну таго дня артылерыйская часць, як толькі магла развіць свой рух, была на маршы. Сонца ўжо далёка схілілася з паўдня, але спёка стаяла вялікая. Яшчэ ўночы часць выгрузілася з цягніка і стала на колы. Гэта было не на станцыі і нават не на якім-небудзь глухім паўстанку, а проста пасярод дарогі, дзе машыніст спыніў цягнік.

Перш за ўсё гэта было так з той прычыны, што далей ужо не было куды ехаць. За два кіламетры наперад ад таго месца чыгуначнае палатно было паразрывана бомбамі з нямецкіх самалётаў. Усю ноч і ўвесь гэты дзень тыя самалёты бадай што бесперастанку шнырылі ў небе, і шматпакутны цягнік, нагружаны артылерыяй, павінен быў выбіраць зручныя моманты на свой рух. Машыніст глядзеў менш наперад у дарогу і больш у неба. Дзе чыгунка ішла чыстым полем, цягнік браў самы шпаркі свой рух. Дзе ж чыгунка ішла лесам ці паўз яго або толькі ўсяго паўз доўгі гі зараснік дрэў, там цягнік стаяў і чакаў, пакуль не ачышчаліся далягляды на небе. Гэта была пакута. У машыніста з твару праз увесь час не сыходзіла рухавая рыса. Яна перасмыквалася то пад скроняю, то пад вокам, а найчасцей каля губ. Камандзір часці сам стаяў на паравозе. Як мага ён стараўся хутчэй давезці часць да месца. Цягнік стаў там, дзе па адзін бок чыгункі быў малады бярозавы гай. Далей ужо дарогі не было. Гэта была першая прычына, чаму тут пачалі выгружацца.

Другая прычына была тая, што якраз адсюль ішла не кепская для артылерыі дарога на тое вялікае сяло, дзе і павінна была часць заняць сваю пазіцыю. Немцы з паветра рыхтавалі мясцовасць пад свой далейшы рух. Праз кожную паўгадзіну з усіх бакоў зводдалеку чуліся разрывы авіяцыйных бомбаў, і часта відны былі плывучыя дымныя засцілы і ўскідзістыя ўгору слупы ўзарванай зямлі і пылу. Ад месца выгрузкі да вялікага сяла было кіламетраў пад дваццаць. А там ужо ішла шаша, кірункам паміж захадам і ўсходам. Гэтай шашою рваўся на ўсход нямецкі «клін». Камандзір артылерыйскай часці меў перад сабой задачу. Часць зойме пазіцыю і возьме пад абстрэл шашу. Біць жа па шашы артылерыя пачне тады, калі па ёй пойдуць немцы. Гэта будзе азначаць, што немцы прарваліся адтуль (дзесяць кіламетраў на захад ад сяла), дзе зранку таго дня пачаўся і цяпер ішоў бой з імі. Артылерыя імчалася палявымі дарогамі і кіравалася на тое вялікае сяло. Пакуль адбываўся гэты марш, сонца ўжо добра сышло да захаду, але гарачы пыл яшчэ раз’ядаў людзям твары. Сонца яшчэ не зайшло, як камандзіры батарэяў і гарматных разлікаў пачалі ставіць гарматы і тэлефаністы пацягнулі тэлефонныя правады.

Канстанцін Прыбыткоўскі, сяржант і камандзір гарматы, не ўяўляў сабе ўсёй карціны таго, што тут адбывалася. Ён не ведаў і поўнага дачынення свае артылерыйскай часці да таго, што называецца фронтам. Ён толькі збольшага ведаў, у якой мясцовасці ён цяпер апынуўся. Гэта было дзесьці ў зоне тых сёл і мястэчак, каля якіх лінія былой польскай граніцы на Беларусі пераходзіла на Украіну. Пасля выявілася, што лінія граніцы была кіламетраў за сорак на ўсход ад таго сяла, каля якога стала артылерыйская часць. Батарэі занялі вялікую разлегласць. Мясцовасць была з кустамі і невялікімі лясамі і шмат дзе была забалочаная. Чырвонаармейцы капалі зямлю, а на доўгую лінію паабапал шашы і тут усюды ўжо загадзя былі пастаўлены надаўбы. Сярод байцоў ішла гаворка, што страшнае непаразуменне неўзабаве скончыцца і змятушаныя ў баях нямецкія зграі рынуцца назад і больш ужо наперад не пойдуць. Аб гэтым думаў і Кастусь Прыбыткоўскі ўвесь час, пакуль улягоўвалася на месцы яго гармата і пакуль ён быў у клопаце каля яе. Як зусім зайшло сонца, на захадзе доўга ляжала чырвоная істужка пад бледнымі рэшткамі хмары. У гэтыя моманты небывалы ніколі за ўсё жыццё смутак па Скіп’ёўскім Пераброддзі запаланіў душу Канстанціна Прыбыткоўскага. Прыстрэлачныя выбухі з гармат на шашу былі ў хвіліны поўнага згасання дня. Пасля гэтага гарматы ўсюды былі пастаўлены ў наводку па шашы, і пачалася ноч. Батарэі стаялі раскідзістым парадкам і за бярозавым гайком, і на ўзбалоцці ў кустах, і ў штучнай маскіроўцы на паплаўным грудзе, і далёка за скрыжаваннем дзвюх палявых дарог. А яшчэ адна батарэя стаяла зусім далёка ад усіх астатніх. Тут была шырокая прастора поля з нейкім запушчаным поплаўчыкам у адным месцы. На полі ўсюды рос ячмень, а на поплаўчыку многа было чубоў густога шыпшынніку. Тут і стаяла тая батарэя. У гэтай батарэі і быў Канстанцін Прыбыткоўскі. Ячмень усюды быў рослы, на ўзроўні гармат і часта дзе вышэйшы. Вузкая палявая дарога, як праехаць з калясьмі, ішла паўз самую батарэю і гублялася ў ячменным полі. Гарматы стаялі ў зарасніках шыпшыны. Камандзір гэтай батарэі меў загад: на той выпадак, калі прыйдзецца зняцца з месца ўсёй часці і адыходзіць, батарэя астаецца на месцы і сваім агнём прыкрывае ўсю часць, пакуль яна не выберацца на шырокую грунтавую дарогу, што была перад ляском, сінявы малюнак якога відзён быў удалечыні. Вялікая шаша, на якую былі наведзены гарматы ўсіх батарэяў, хавалася ў полі і хмызняках, на тарфяніках і ў дробных лясках, дзесьці на поўдзень адтуль.

Людзі пакідаліся спаць. Але не ўсе, хоць тыя дні і змучылі ўсіх. Постаць вартавога заўважалася поблізу. Хтосьці адзін сядзеў на зямлі і курыў. Два артылерысты спалі пры самай гармаце. Гул бою чуўся выразна з таго боку, дзе зайшло сонца. І там працавала артылерыя. Канстанцін Прыбыткоўскі мучыўся смуткам, і здавалася, што ўнімку не будзе гэтай пакуце. Ён як бы вярнуўся ў сваё, даўно мінулае, маленства. Незабыўныя малюнкі таго, што было, з вялікай сілай паўставалі перад ім. Вечна клапатлівая маці з’яўлялася ў яго думках. Нарэшце яму ўдалося задрамаць, і, можа, усяго на колькі хвілін. Яго пабудзіла цішыня. Ён доўга скідаў з сябе дрымоту, пакуль не дайшоў да поўнай свядомасці таго, дзе ён і што з ім. Ноч была з ціхім водсветам зорнага бясхмарнага неба. Панавала вялікая цішыня. Думка, што там недзе скончыўся бой, скаланула яго. Гэта і быў той момант, калі ён як мае быць выйшаў з дрымоты, і цяпер скончыўся яго смутак. У яго асталася толькі вострая трывога. І адна думка заўладала ім з вялікай сілай: невядома, як там скончыўся бой. А што, калі разбітыя нямецкія часці рушылі ўжо на захад?

У тую ноч ён больш не драмаў і не спаў. Невядома, колькі было часу, але зоры на ўсходняй старане неба не былі ўжо такія зыркія, як раней. Гэта толькі той мог заўважыць, хто змалку прывык бачыць, як зменьваецца зорнае неба ўночы. І Кастусь Прыбыткоўскі заўважыў гэта. Час ішоў дзіўна, ён не заўважаўся. Дзве ракеты ўзляцелі ў неба, далёка. А можа, гэта цемень ночы зыначвала разлегласць. Незнаёмае, нязведанае ніколі раней пачуццё з’явілася ў кожнага з усіх тут. Яно пачыналася з думкі, што немцы ўжо на шашы, вось тут, недзе поблізу. Грукат іхніх машын не мог быць чуцён тут. Пасля ракет не больш як праз хвіліну пачалі страляць усе гарматы. Гармата Канстанціна Прыбыткоўскага стаяла крайняя злева ад усёй батарэі. Яна стрэліла адна з усіх першых. Цемень ночы ўздрыгвала пругкімі хвалямі, і ўспышкі рухавых водсветаў раз-поразу асвятлялі на момант траву, і куп’істую зямлю, і прыхілены ад плыні паветра ячмень, і чорную ваду ў крынічышчы на паплаўцы. І кожны раз, як толькі ўспыхваў водсвет, цемень адбягала далей на ўсе бакі і адразу ж зноў насоўвалася. Усё грукала і рвалася ў рух. Несціханы гул на высокай ноце бесперастанку імкнуўся ў бесканцовую прастору. Зоры не паспявалі з’явіцца ўваччу, як успышка святла зноў тушыла іх. Ноч стала чорная.

Гэта была вялікая работа. Людзі працавалі моўчкі. Час ішоў. Пачало світаць. На ўсходзе неба пачало ружавець. Ветру не было. Чорны дым паволі валокся над зямлёю. Нават не валокся, а вісеў і ўзнімаўся ўгару. Але дзень ужо вызначыўся. Ён пачынаўся ясным сонцам. Гарматы білі бесперастанку. І раптам секанула ў куст з густым зялёным лісцем. Яго зрэзала, як касою. Пасля слуп зямлі рвануўся ўгору. Гэта была чарната і грукат. Кастуся Прыбыткоўскага шатнула ўбок і дало ў твар і плечы. І на момант устанавілася цішыня. У наступныя хвіліны Прыбыткоўскі заўважыў, што яго гармата пачала ўязджаць коламі ў раскоўзаную зямлю, што яго наводчык ляжыць без палавіны твару, а на гарматным ствале павісла адарваная ад куста галіна шыпшыны з густым лісцем і ружовымі кветкамі. Гэта было дзіўна: як тут яшчэ магло існаваць на свеце зялёнае лісце і ружовы колер кветак? Ахоплены страшным утрапеннем, Прыбыткоўскі стаў на наводчыкава месца. Як і раней, ён пераймаў з батарэі каманду і камандаваў свайму разліку і стаяў на месцы наводчыка. Батарэі грымелі без канца.

Пасля вядома стала, што адбылося за тую раніцу на шашы. Пад канец ночы нямецкі «клін» вырваўся праз засцілы бою і рушыў па шашы кірункам на ўсход. Спачатку прайшло многа танкаў, за імі грузавікі з аўтаматчыкамі. Дзве ракеты ўночы былі сігналам ад наглядальнікаў, што танкі ўвайшлі ў прыстрэленыя на гарматны агонь мясціны. Артылерыя з свае пазіцыі накрыла тады агнём усю тую калону. Праз увесь час кананады карэктыроўшчыкі ўладалі тэлефоннымі правадамі, і гарматы колькі разоў зменьвалі прыцэлы. Такім парадкам за час світання і за першыя гадзіны дня артылерыя заліла сваім агнём некалькі кіламетраў шашы і шырокую прастору паабапал яе. «Клін» больш не пацягнуўся на ўсход. Танкі асталіся на месцы. Што ж да аўтаматчыкаў, то яны кінулі грузавікі і разбегліся ў поле. Яны ляжалі ў ямах, у равах, грабліся ў зямлю і не маглі выбрацца з гэтага месца смерці. Нямецкі рух на шашы спыніўся. Новая нямецкая калона абмацвала сабе іншую дарогу. Тут стаяла артылерыя і з ночы да позняй раніцы біла па шашы і змяшала з зямлёю галаву ўсяго «кліна». Новая «галава» шукала, як выйсці на ўсход, тады, калі часці Чырвонай Арміі, з якімі быў бой уночы, адышлі кірункам на ўсход і там умацоўваліся на новых пазіцыях. Некалькі нямецкіх танкаў яшчэ аставаліся ў баі. Яны білі з усіх сваіх гармат і кулямётаў, але самае цяпер важнае ў іх было тое, што яны стараліся адысці на захад, выйшаўшы дзеля гэтага з абсягу агню. Іх было шэсць. Іншая рада ім не служыла, як ісці напрапалую, біцца адкрыта. Яны спаўзлі з шашы і, падмінаючы пад сябе дрэвы і кусты, выйшлі якраз на батарэю, дзе быў Прыбыткоўскі. Ячменным полем яны імчаліся проста на гарматы. Батарэя перанесла агонь на іх. Але біла нямецкая танкавая артылерыя, і з танкаў і з-за іх пачалі з’яўляцца немцы-аўтаматчыкі. Яны і паўзлі, і падбягалі, гнучыся каля сваіх танкаў, і ўсё білі і білі з аўтаматаў. Артылерысты пачалі біць у іх простай наводкай. З дымных засцілаў вырысоўваліся адразу нямецкія аўтаматчыкі і крычалі на мноства прарэзлівых галасоў. Яны вылі. Трэба думаць, што гэта была іх апошняя спроба. У іх аставалася ўжо толькі тры танкі. І адзін быў ужо вельмі блізка ад батарэі. Ён кідаў на батарэю бесканцовы струмень агню і раскрышанага гарачага металу. Адначасна далі ў яго з дзвюх гармат. Ён ускінуўся ўгару перадам і так астаўся, быццам бы сеў, а астатнія два пайшлі назад і зніклі з вачэй.

Вось які быў агульны малюнак падзей і спраў у тым кутку вайны. Тая калона нямецкіх танкаў і матарызаванай пяхоты, што цягнула па шашы на ўсход увесь «клін» і прабівала яму дарогу, на некалькі кіламетраў ляжала мёртвым плазам на самай шашы і паабапал яе. Сама ж шаша на ўсе тыя кіламетры была ўжо такая, што па ёй нельга было ехаць. Нават і пешаму трэба было б ужо абыходзіць гэтае месца. Усялякі рух тут мог быць толькі вялікім аб’ездам. А тут якраз ішла вялікая грунтавая дарога, раўналежная да шашы, кіламетраў за шэсць, а ў некаторых мясцінах і менш ад яе. Пры самай гэтай дарозе і стаялі батарэі. Больш тут на вялікую разлегласць добраязджалых шляхоў не было ў кірунак з захаду на ўсход. Па гэтай грунтавой дарозе і намерылася прайсці тут новая галава нямецкага «кліна». Але гэтае месца немцы яшчэ не разведалі. Як пасля стала відаць з нямецкіх паводзін, планы іхнія, на гэты момант, тут былі такія: як бы там ні было, а прайсці грунтавой дарогай, каб пасля зноў выбіцца на шашу. А перад гэтым праштурмаваць шырокім авіяцыйным налётам мясцовасць. Пасля гэтага будзе танкавая разведка і зноў пачнецца рух на ўсход.

З нашага ж боку тут ажыццяўляўся такі план. Гэтае месца ўжо стала тым, што заўсёды завецца фронтам. Новая часць, што адышла з захаду ад таго вялікага сяла, займала пазіцыю (рыхтавала яе сабе) крыху ўсходней ад артылерыйскай часці. Часць жа ўжо здымалася з месца, каб умацавацца на новай пазіцыі кіламетраў за дзесяць на поўнач, дзе немцы ўсю ноч і раніцу вялі сваю разведку. Батарэя, дзе быў Прыбыткоўскі, аставалася на месцы прыкрыць адыход свае часці. На батарэі гэта стала вядома праз колькі хвілін пасля таго, як яна адбіла ад сябе апошнія нямецкія танкі. Адна за адной гарматы ўсюды выязджалі на дарогі і сыходзілі на лясісты шлях. Чорны дым ужо знік адусюль. І шырокі малюнак вырысоўваўся перад вачыма ўсіх. Шырокая лагчына была наперадзе, і на ёй гойдаўся ячмень і над ім пабітыя нямецкія танкі. Яны стаялі бокам і перадам у зямлю. Прыбыткоўскі бачыў блізка перад сабою танк. Ён сядзеў, узняўшы нагнутае чэрава. Гэта быў той самы, апошні, у які далі адразу з дзвюх гармат. Вельмі хутка, бадай што адразу, з’явіўся прыглушаны прастораю гул. У небе пачалі з’яўляцца нямецкія бамбардзіроўшчыкі. Яны ішлі вялікімі плоймамі. Батарэя стаяла ў добрай маскіроўцы, але гэта не мела тут аніякага значэння. Немцы бамбардзіравалі з паветра ўвесь гэты куток на ўсю яго разлегласць. Бамбардзіроўка ішла наўдагад, ёю накрывалася зямля крок за крокам. Так няйначай павінна была знішчыцца артылерыя, што так спыніла тут увесь рух на ўсход, абы толькі каб гэтая артылерыя аставалася дагэтуль на месцы.

Людзі з батарэі ляжалі ў зямлі, дзе толькі былі ямы, вывараты з-пад дрэў, акопы і насыпы. Ратунак мог быць толькі на месцы. Бамбардзіровачныя хвалі ішлі шырокімі кругамі і з усіх бакоў. Інтэрвалы паміж бомбавымі разрывамі бадай што ўжо і не заўважаліся. І ўсё гэта адбылося за вельмі кароткі час. Цяжка было б угадаць, колькі прайшло часу. Магло здавацца, што ўсё адбылося за адну хвіліну. У такія моманты час як бы пакідае існаваць. Навала прайшла, і стала ціха. У небе аддаляўся і заціхаў гул. Ён тузаўся, як бурклівае гырканне раздражненага злога стварэння. Батарэйцы паднімаліся з зямлі. Твары ў іх былі чорныя ад дыму і вочы ў чырванаце ад змарнеласці. Усяго сабралася адзінаццаць чалавек. Не было і камандзіра батарэі. Дзве крайнія гарматы справа былі папсаваны і ўжо выйшлі са строю. Там былі тры разрывы. Трэцяя гармата ляжала зусім скалечаная. Аставалася адна, Прыбыткоўскага. Яна стаяла, як і раней, на ўвесь вобад коламі ў мяккай раскоўзанай зямлі, пасярод змятага і ўбітага ў зямлю ячменю. Камандзіра батарэі ўбачылі мёртвага пад земляным насыпам. Каго не было — іх трэба было шукаць, раненых ці забітых. Навокал, як вокам акінуць, былі чорныя выбоіны ў чыстым і гладкім полі. Немец сцярогся кожнага кроку. Па ўсім шырокім полі густа ўзнімаліся ўгару струмені дыму, і ўсюды мігцелі агні. Было падобна, што нехта ўпарты раскладвае тут агонь на ўсё поле і падпальвае поле ўсюды адразу. Але быў дзень, і зіхацела сонца, агні былі блеклыя. Гэта яшчэ больш надавала ўсёй прасторы выгляд незвычайнага. Бо ўсё было відно шырока. І самі людзі не мелі ўжо свайго звыклага выгляду. Кастусь Прыбыткоўскі кожнаму з тых людзей, што ведалі яго даўно і што ўвесь час цяпер былі разам з ім, здаваўся больш высокім ростам, як ён сапраўды быў. За гэтыя колькі дзён і за апошнюю ноч і паўдня ён звастрэў тварам і пабыстрэў вачыма. Гэтае ж самае ён заўважаў і ў сваіх блізкіх. Блізкімі яму цяпер сталі ўсе тут. Разам з імі ён жыў гэтулькі часу ў Рыльску, але гэтыя дні нанава зблізілі іх. Быў тут каля гарматы чырвонаармеец Ціхон Мішурын са Смаленшчыны, з-пад самага горада Дарагабужа. Цэлымі гадамі ён быў добра знаёмы, а цяпер стаў, як брат родны. Былі моманты, што Кастусю Прыбыткоўскаму хацелася расказваць гэтаму Мішурыну аб сваіх сёстрах і аб маўклівым бацьку. Ён ірваўся душой гаварыць яму аб Скіп’ёўскім Пераброддзі. Такі стаў за гэтую раніцу Кастусь Прыбыткоўскі. Разам з тым у яго душы не пакідала ісці вялікая работа. Такія хвіліны часам варты цэлых гадоў. Яны могуць змяніць натуру і вызначыць яе фармаванне там, дзе яна яшчэ не ўсталявалася. Таксама, як чалавек можа часам ссівець за адну ноч, Кастусь Прыбыткоўскі здаваўся цяпер хударлявы тварам і скуласты ў скронях, рухавы і маладзейшы сваіх год. Незаўважным парадкам і пакрысе, за тую ноч і за палову гэтага дня, у яго збіраліся цвёрдыя думкі, каб ацаніць тое, што адбылося. Да гэтага моманту, калі ўся артылерыйская часць ужо была на дарогах па той бок лесу, а тут асталася толькі адна гармата і адзінаццаць чалавек каля яе, у яго ўжо як мае быць склалася свядомасць таго, што настаў час вялікага няшчасця, з якога трэба ратавацца: настаў пералом ва ўсім жыцці, усё ўжо будзе пасля не такое, як было раней, і да канца зыначыцца. Кастусь Прыбыткоўскі адчуваў цяпер з вялікай сілай, як сапраўдны змест жыцця не падобен да яснай паэзіі дзён былога яго маленства і пары, калі пачыналася яго маладосць у цудоўным кутку на свеце — Скіп’ёўскім Пераброддзі. Усё тое шчасце так было яшчэ нядаўна і так яно было ўжо далёка. Яму паклаў канец невядомы прышэлец, якога ён яшчэ па-сапраўднаму не бачыў. Нямецкія аўтаматчыкі нядаўна відны былі толькі абрысам сваіх постацей. Але ў іх жа ёсць нейкія рысы на тварах і нешта такое павінна быць напісана ў іх позірках. Цвёрдыя думкі ў Кастуся Прыбыткоўскага збіраліся, ясней фармаваліся, з’ядноўваліся ўражанай душой і гатовы былі ператварыцца ў адну ўсеабдымую ідэю. Цяпер быў кароткі момант чакання далейшых падзей. І раптам як бы электрычным токам страсянула яго: што б тут ні адбылося — усё ляжыць на яго клопаце. І ўсе зараз будуць глядзець на яго, як на таго, хто пакіруе ўсіх на шчасце. На яго будуць спадзявацца. Добра, што тут блізка гэты Ціхон Мішурын! Гэта быў чалавек высокі ростам, тонкі і малады. Першая рыса яго душы, што кідалася адразу кожнаму, гэта тое, што ён адразу даваў сваю ацэнку перад усімі кожнай рэчы. Напэўна што ў яго думках не было нічога такога, што аставалася б усім навокал невядомае. Вылезшы з земляной нары, адразу як толькі скончылася нямецкая бамбардзіроўка, ён сказаў Прыбыткоўскаму:

— Хочацца мець цяпер у руках жывога немца і тыцнуць яго носам у нашу зямлю, каб ён больш не ўстаў з яе.

Ён сказаў гэта праз сціснутыя зубы, і Прыбыткоўскі адчуў сябе так, што гэта яны як бы ўдвух змовіліся аб усім.

Усё пайшло вельмі шпарка. Чатыры нямецкія танкі высунуліся з далечыні і ішлі сюды зялёным ячменем. У Прыбыткоўскага схаладзела пад сэрцам, і рухавая рыса прайшла цераз губы. Шпаркім позіркам ён знайшоў Мішурына. Той глядзеў на яго збянтэжаны. І тут Прыбыткоўскі ўбачыў, што і ўсе не зводзяць з яго вачэй. Сэрца яго яшчэ больш схаладзела. Стук яго аддаваўся ў вушах. Кастусь Прыбыткоўскі ў гэты апошні момант меў адчуванне, падобнае да адчування смертніка, які ведае, што сваёю смерцю ён выратоўвае тых, хто яму даражэй за ўласнае жыццё. Адразу ён змяніўся з твару і паставы. Ён крыкнуў каманду біць простай наводкай. І цяпер усе заварушыліся. Твары ўсіх паяснелі: з’явіўся камандзір, якога так прагла душа ў такую страшную хвіліну. Цяпер кожны з радасцю браў на сябе працу, роўную пакуце. Усе зноў працавалі. Прыбыткоўскі крыкнуў сабраць усе гранаты і працаваць каля гарматы з аўтаматам на плячы. Танкі ішлі адзін за адным. Можна было думаць, што яны ўжо не спадзяваліся напаткаць тут каго жывога. Гармата стрэліла, і Кастусь Прыбыткоўскі выраўняўся настроем, ураўнаважыўся душой, перажыў момантную ўспышку радасці, і спакойная развага прыйшла да яго, ён падумаў, што камандзір часці калісьці тлумачыў усім: салдат у баі можа прапасці, калі будзе паддавацца ўспышкам радасці або смутку. Трэба холадна і шпарка думаць.

Гармата дала ў пярэдні танк. Цяжка было змагацца з уласнай радасцю. Яна ахапіла ўсіх. Відно было: танк гарэў. Усе пачулі голас Ціхона Мішурына:

— А братцы мае, танк! Гарыць!

Угнуўшыся перад высокім кустам травы, як бы гэтая трава магла засланіць яго ад смерці, Кастусь Прыбыткоўскі зноў крыкнуў каманду і сам кінуўся да гарматы. Ён сам наводзіў яе на цэль кожны раз, і гармата біла раз-поразу. Людзі распоўзваліся і зноў споўзваліся, працуючы каля яе. Тры нямецкія танкі ішлі сюды, але не проста, а зігзагамі і раптоўнымі рыўкамі з лагчын і з-за ўзгоркаў. Яны манеўравалі і слалі сюды струмені агню і расплаўленага металу. Апроч таго, ад іх недзе білі сюды з мінамёта. Навокал на шырокай гнутай лініі ўспыхвалі рухавыя агні і ўзнікалі павольныя струменьчыкі дыму. Бляск сонца, дым і агні стваралі малюнак таго, што як бы гарыць увесь свет.

Адзінокая гармата сярод гэтага, рухавага на ўсю шырыню поля, бляску пачала здавацца ўсім тут малюсенькай. Людзі пра гэта не думалі, але ўражанне адкладалася ў іх памяці на далейшае. Раз ад разу гармата ўздрыгвалася і слала агонь насустрач тых прышэльцаў. Усе мелі такое адчуванне, што адтуль, з танкаў, глядзіць на іх і сочыць варожае вока, і кожны прагнуў бачыць, як тое вока, разам з танкам, парвецца агнём. Прага біць, ірваць, страляць панавала над усімі. Адзінокая гарматка здавалася жывою істотаю. Яна рвалася наперад. Кожны раз, калі чуўся яе грукат, яна парывалася назад і наперад на колькі сантыметраў. Колы яе раскоўзвалі зямлю і ўязджалі ў яе. А тым часам там і другі танк адразу нейк акамянеў на месцы, і полымя з дымам выбухнула з яго. Два астатнія танкі пайшлі адразу назад, зніклі, і ўсё стала ціха.

— А братцы мае! А родныя! — як бы праспяваў голасам, узнятым радасцю да высокіх нот, Ціхон Мішурын.

Высокі і малавядомы Прыбыткоўскаму артылерыст шпарка падняўся з зямлі і пацалаваў яго ў губы. У тую ж секунду тыя два танкі зноў з’явіліся і на ўвесь свой ход імчаліся сюды.

— Дзе Прыбыткоўскі?! — пачулася аднекуль злева і зводдалеку.

Гэта абазваўся артылерыст Якубоўскі, магілёвец, вясёлы чалавек, схільны да гаворкі і шпаркай змены ў настроях. Прыбыткоўскі не паспеў нават скамандаваць. Танкі ўжо не хаваліся і не манеўравалі, яны секлі перад сабою агнём. Гарматка стрэліла. Танкі былі ўжо тут, і адзін падмяў гармату. У тую ж секунду з танкаў пачалі саскакваць на зямлю аўтаматчыкі. Невядома, колькі іх было чалавек.

Ужо ніхто не мог заўважыць гэтага. Тут не было і не патрэбна было каманды. Здаровая развага, момантнае меркаванне пакіравалі ўсімі. Кастусь Прыбыткоўскі толькі ў першы, самы найкарацейшы момант убачыў, што Мішурын шпурнуў гранату пад танк і сам кінуўся на зямлю і ўтуліўся ў яе. Якубоўскі таксама шпурнуў гранату. Разанец Касмачоў ляжаў жыватом на зямлі і страляў з аўтамата. Іван Арышчанка з сяла Баландзіна, што каля Чыгірына на Кіеўшчыне, закрычаў і кінуўся з паднятым штыком на вінтоўцы да немца. Быў тут яшчэ недзе Васюковіч з-пад Мінска, які ўсё чытаў у Рыльску кнігі аб гатунках яблынь і ігруш. Быў і Рамушкоў з Арлоўшчыны, тонкі, рухавы і вялікі ахвотнік гаварыць пра коні. Яшчэ і Максімецкі быў з Оршы і Шкадарэвіч з-пад Слуцка. Праз нейкую частку секунды ўсё гэта прайшло праз свядомасць Кастуся Прыбыткоўскага, і ён убачыў перад сабою ворага. Упершыню быў перад ім блізка немец! Твар яго быў доўгі і з круглым носам. Ён бег, стаў на адно калена і пачаў біць з аўтамата. Вочы яго бадай што нічога не адлюстроўвалі ў сабе. Ён страляў туды, дзе некалькі чалавек кідалі пад танкі гранаты. Кастусь Прыбыткоўскі трымаў у левай руцэ аўтаматычную вінтоўку, а правай даставаў з пояса гранату. Гэта рабілася нязручна. Ён падняў аберуч за рулю над галавою вінтоўку і падбег да немца. З усяго размаху ён даў вінтоўкаю па нямецкай галаве. Немец хістануўся, выпусціў з рук свой аўтамат і аб’ехаў на зямлю левым плячом, не варушачыся. Усё тут грукала, трашчала, ускідалася ў рух. Чалавечы крык і выгукі слоў, якіх ніхто не разабраў бы. Гранаты рваліся бесперастанку раз за разам, і дробна стукалі аўтаматы. Быў момант як бы непаразумення ў Кастуся Прыбыткоўскага пасля таго, як нерухомы немец пачаў карчанець: што ж далей рабіць? Усё гэта было ўпершыню ў жыцці і занадта вялікай нагрузкай лягло на душу. І пачуццё, блізкае ад шчаслівага задавалення, нарадзілася і пачало вырастаць у яго душы. Можна сказаць пэўна: гэта быў момант, калі Кастусь Прыбыткоўскі ўжо ясна ўсвядомліваў сваю вялікую нянавісць. Разам з усімі ён яшчэ хвілін тры кідаў гранаты, страляў з сваёй аўтаматычнай вінтоўкі, узмахваў над галавою вінтоўкай, хапаючы яе за рулю, і цяжка біў па плячах высокага і заядлага немца, які хапіў за шыю Шкадарэвіча. І раптам усё пачало аціхаць. Адзін танк ужо гарэў, і з яго стараўся выскачыць немец. Ён выцягнуў адну руку ўгару і махнуў ёю, а другою хапаўся за жалезны край свае нары. Раптам ён упаў у прорву свае ахопленай агнём машыны і знік там. Другі танк манеўраваў. Ён кідаўся ў бакі і грукаў з сябе гарматнымі выбухамі, паміж якімі шалела кулямётная страляніна. За яго хаваліся і, гнучыся, бегалі пры ім аўтаматчыкі. Шэсць чалавек байцоў Прыбыткоўскага глядзелі на яго і сачылі за ім адсюль, дзе толькі хто мог прыхавацца. Мішурын ляжаў ніцма па левы бок танка, прыцэльваўся ў яго з вінтоўкі і страляў раз-поразу. Проста перад танкам разарвалася граната, не даляцеўшы да яго. І Прыбыткоўскі кінуў гранату. І яна не даляцела. Усё ж такі танк быў далёка.

— Бліжэй да яго! З гранатамі! — закрычаў Прыбыткоўскі, і, напэўна, што яго голасу ніхто не пачуў. Прыбыткоўскі рвануўся і папоўз да танка напагатове з гранатаю ў руцэ.

— Кастусь! А братка! — выгукнуў з другога боку Ціхон Мішурын і папоўз пад танк. Прыбыткоўскі як мае быць пачуў яго голас. Абодва яны паўзлі, і над імі бушавала кулямётная стральба з танка. Спераду ж паўзлі да танка Шкадарэвіч і Арышчанка. Нямецкія аўтаматчыкі або асмялелі, або (напэўна, што так было) страх пагнаў іх наперад: яны пачалі выбягаць з-за танка, і іх аўтаматы пачалі бушаваць. Першы бег прысутулены тонкі немец і выў на адной ноце, перарываючыся і задыхваючыся. Шпаркім рухам у яго стрэліў Рамушкоў, і ён грымнуўся левым бокам і галавою аб правую старану танка, ад якой яшчэ не асмеліўся адысці. Гэта быў пераломны момант. Прыбыткоўскі ўсхапіўся на ногі, рынуўся на два крокі і шпурнуў гранату. Чарната рванулася пад танкам і адразу ж следам яшчэ два гранатныя разрывы спераду: гэта былі ўжо каля яго блізка Арышчанка і Шкадарэвіч. Нешта ў сярэдзіне танка шаргацела і стукала, але ён ужо не мог зрушыцца з месца. З яго выскачылі два немцы. Адзін пачаў круціцца на месцы, як ашалелы, а другі кінуўся на Мішурына, які ўжо на яго прыцэліўся. Мішурын стрэліў, і немец упаў. Але два аўтаматчыкі секанулі па Мішурыну. Прыбыткоўскі, як праз туман, заўважыў, што Мішурын пачаў хіліць набок галаву і раптам зваліўся на ўмяты ў зямлю зялёны ячмень. Як цьмяны сон, гэта дайшло да свядомасці Кастуся Прыбыткоўскага, і смутак здушыў яго душу. Нямецкія аўтаматчыкі вылі і мітусіліся, і Прыбыткоўскі, намерваючыся гранатай, кінуўся на іх. Яму здалося, што іх чалавек з дзесяць, а можа, больш. Ён яшчэ ўбачыў, як Касмачоў абхапіў аберуч нямецкага аўтаматчыка і грымнуў яго галавою і плячыма вобземлю і як Максімецкі адстрэльваўся ад двух немцаў, якія з прарэзлівым крыкам насядалі на яго. Абліваючыся крывёй (мусіць, ён ужо быў ранены), Максімецкі ўсхапіўся, хапіў сваю вінтоўку за рулю, размахнуў ёю навокал сябе і палажыў на месцы аднаго немца, а другі кінуўся наўцёкі і недзе знік адразу. Сам жа Максімецкі выпусціў з рук вінтоўку, падагнуў ногі і, як бы хапаючы рукамі паветра, упаў па зямлю. Кастусь Прыбыткоўскі збочыў улева. Некалькі немцаў нешта там — ці беглі сюды, ці мітусіліся на месцы. Яны трымаліся блізка, разам. Прыбыткоўскі размахнуўся і шпурнуў туды сваю апошнюю гранату. Да яго свядомасці яшчэ дайшоў грукат і ўскідзісты слуп рухавай чарнаты там, дзе былі немцы. У наступныя моманты штосьці рванула яго ўсё цела і востры боль, як быццам бы дзесьці ў глыбіні грудзей і галавы, шпарка з’явіўся і ператварыўся ў адчуванне вялікага цяжару. Яму цяжка стала перадыхнуць, і, бадай, гэта было апошняе, што ён цяпер адчуў у сабе. Шпарка трацячы свядомасць, ён прабег колькі крокаў, і хада яго адразу аслабела. Ужо ён ішоў паволі, абвялыя яго ногі чапляліся за зямлю і траву, ён хістануўся і ўпаў. У тую ж секунду яго пакінула апошняя іскра свядомасці на ўражанні, што ўвесь свет поўніцца громам і зіхаціць вялікім бляскам.

Яшчэ далёка было да заходу сонца, і спёка стаяла страшэнная. Над змятым пакорпаным разрывамі і закуродымленым полем ужо вісела поўная цішыня. Яна была яшчэ большая ад звінючага шоргату конікаў і бзыкання мух. Але яшчэ нідзе ні разу не абазвалася аніводная птушка.

Кастусь Прыбыткоўскі ляжаў тварам угару, у сонца, адкуль, як з распаленай печы, дыхцела гарачая задуха. Вочы яго былі заплюшчаныя і нават запалыя, ішлі гадзіна за гадзінай. І ён ні разу не паварушыўся. Яму ўжо было ўсё роўна, што далей рабілася на гэтым пакалечаным ячменным полі, дзе ячменнае калоссе, яшчэ зялёнае, плазам ляжала, прытаптанае і прыплясканае да зямлі, і дзе ўсё ж такі жылі яшчэ нейкія рэшткі чалавечага руху. Спачатку, адразу пасля таго як упаў Кастусь Прыбыткоўскі і як пакрысе заціхаў і знік грымучы шоргат і грукат бою, пакуль раставаў у прасторы і зусім разышоўся дым і яго ўедлівы пах, тады ні адтуль ні адсюль чуўся часамі стогн і енк; не адзін, але як бы і адзін: узнікаў дзесьці з прасторы і зноў знікаў. А пасля, калі прайшло ўжо колькі гадзін, калі сонца ўжо схілялася да захаду, відны былі на полі чалавечыя постаці. Моцна прыпадаючы на адну нагу, апіраючыся, замест кія, на вінтоўку, клыбаў полем высокі і танклявы чырвонаармеец. Каб хто глядзеў на яго з таго месца, дзе ляжаў Кастусь Прыбыткоўскі, то доўга, можа, больш за гадзіну, мог бы бачыць, як стараецца выйсці з гэтага поля ранены чалавек. Пасля і другі быў відзён. Гэтага вадзіла ў бакі, праз кожныя крокаў пяць ён садзіўся на зямлю і падоўгу адпачываў. Так што сонца ўжо нізка спусцілася над даляглядам, а ён яшчэ ўсё быў на ячменным полі. Трэці ў самую спёку праходзіў тут. Твар яго быў бледны і губы шэрыя. Ён ішоў вельмі шпарка і прыціскаў абедзвюма рукамі крывавае месца на правым баку. На адной ноце і роўна ён праз кожныя крокаў дзесяць выгукваў: — Кастусь! Прыбыткоўскі! Абзавіся! — Неўзабаве ён апынуўся там, адкуль ужо яго і разглядаць было б цяжка. Там ужо сінеў далёкі лес. Магло быць, што і яшчэ тут праходзілі людзі. Як бы там ні было, але ўсё гэта аставалася ўжо Канстанціну Прыбыткоўскаму ў небыцці. Яму ўжо нічога гэтага не існавала. Было б няпраўда, каб сказаць, што ён у нейкай меры адчуваў толькі адну спёку, гарачую задуху і бляск сонца. Гэта не было адчуванне. Гэта былі толькі нейкія, самыя найменшыя адзнакі адчування, і нават менш таго. Да свядомасці яго не даходзіла і не магло абудзіць яе. Блізка было да таго, што гарачыня, бляск і задуха дзейнічалі над чалавекам, як яго пакута, паглыблялі пакуту змучанага і параненага цела, і ўсё гэта станавілася адчуваным з сярэдзіны, з самой глыбіні чалавечай істоты, а не ад усяго таго, што існуе і жыве навокал чалавека. Гэта было падобна да сну, да кашмару, які тлеў, як іскра пад попелам, і не меў дачынення да думкі і поўнага пачуцця. Кашмар цягнуўся доўга, і гэта была непрытомнасць. У той меры, у якой ішоў час, пачалі з’яўляцца слабыя, зусім цьмяныя адзнакі ўяўлення таго, што гэта ўсё цягнецца гарачы і турботны дзень дваццаць шостага чэрвеня. Бо і цяпер так жа было горача і ясна, і бляск сонца чуўся нават і заплюшчанымі вачыма. І так жа трывожная турбота гняла душу. Але нават і з гэтым, хоць вельмі невыразным, уяўленнем непрытомнасць не канчалася. У ёй Кастусь Прыбыткоўскі быў да самага канца дня і ўвесь вечар. Пачалася ноч. Стала холадна. На траву лягла раса. Яна была такая густая, што зямля ад яе завільгатнела. Халодная вільгаць, мокры холад і абудзілі Кастуся Прыбыткоўскага. Праз некалькі гадзін ён выходзіў з свайго кашмару і варочаўся да свае свядомасці. Вельмі многа прайшло часу, пакуль ён, мучачыся ад болю і холаду, ясна пачаў думаць, дзе ён і што з ім. Ён усё ляжаў у той самай паставе, тварам угару, раскінуўшы рукі і выцягнуўшыся. Цяпер ён ужо расплюшчыў вочы. Вельмі можа быць, што ён не менш як тры гадзіны [ляжаў тварам] угару, пакуль падумаў, што гэта перад ім ноч і неба, і пачынаецца світанне, і ясныя палосы пачынаюць вызначацца на ўсходзе, і зоры тухнуць. І ён ляжыць адзін на полі пасля бою. Яму баліць, але дзе — ён выразна не мог бы сказаць. Холадна, мокра, гняце пакута, мучыць адзінота, сушыць смага, вялікая цішыня вісіць над светам, і яна нязвыклая пасля таго грому і грукату, і да яе трэба яшчэ прывыкнуць. Нарэшце думка яго падышла да таго, што ён, мусіць, ранены. А датуль ён быў змарнелы, стомлены, ад утрапення не еў колькі дзён і, апроч раны, яго яшчэ кантузіла. Ён як бы і цяпер яшчэ адчуваў той густы і дрыжачы рух паветра, яно ў адзін момант дало яму ў галаву і твар. Можа, гэта і быў той момант, калі ён тады адчуў боль і ўпаў. Цяпер ён мог ужо ўспамінаць, што тады боль з’явіўся ў галаве. Думка яго працавала ўжо як мае быць. Яснота на ўсходзе расла і шырылася. Ужо ўвесь край неба там палаў ружовым водбліскам, і хоць сонца яшчэ не было над зямлёю, але птушкі ўжо бачылі яго і спявалі, узнімаючыся высока. Тут прыйшоў вялікі смутак. Гледзячы на неба перад усходам сонца, Кастусь Прыбыткоўскі думаў аб ясных днях у Скіп’ёўскім Пераброддзі і як там за Скіп’ёўскім лесам заходзіць сонца. Горкая думка, што ўсё гэта ўжо далёка ад яго і недзе як бы за той мяжой, якую ён не пераступіць, — думка гэтая скаланула яго. Прага хоць раз яшчэ ў жыцці ўбачыць маці была цяпер самым большым яго пачуццём. Колькі год ён ужо яе не бачыў! Якая яна цяпер? Ці такая ўсё, як раней, рухавая і клапатлівая? Якія турботы цяпер апаноўваюць яе? Пачалося фізічнае і духоўнае ўзбуджанне ўсёй істоты. Ён пачаў спрабаваць свае сілы. Ад учарашняга дня гэта быў першы момант, калі ён паварушыўся, а то ўсё быў нерухомы. У гэтую хвіліну ён быў упэўнен у праўдзе свайго пачуцця, што самае важнае, вечнае і патрэбнае яму на свеце гэта тое, каб кожны дзень бачыць усход і заход сонца, адчуваць тварам вецер, чуць пах зямлі, травы і прасторы свету. Але ж цяпер усё гэта ёсць, і якраз перад яго вачыма ўсходзіць сонца. Аднак жа гэта не тое. Адбылося ў жыцці нешта такое, што ўсё зыначыла і зняпраўдзіла. Ён адчуваў вялікі боль, слабасць і смагу, але было яшчэ большае: калі льга так сказаць, то як бы ўся душа яго была стаптаная, здрасованая і ныла заструпелая. Смутак быў востры і не даваў спакою. Ён заглушваў сабою фізічную пакуту. Кастусь Прыбыткоўскі заплюшчыў вочы сумысля, каб не бачыць усяго таго, што ўжо здавалася больш недаступным яму. Гэта была слабасць яго душы. Але неўзабаве ён зноў пачаў глядзець у неба. Уся істота яго рвалася не быць тут, а ісці, шукаць, старацца і ратавацца. Ён падумаў, што ўставаць трэба асцярожна, і падняў галаву. Ён адчуў страшны боль у вушах і цемень у вачах. І падумаў, што трэба не паддацца. Ён абапёрся далонямі рук на зямлю і сеў. Сядзеў ён, можа, з паўгадзіны. Цемень у яго вачах кружылася, і ўсяго яго хіліла на левы бок. Галава яго і цела прывыклі да такога стану, боль зменшыўся, у вачах пасвятлела, і ён сеў вальней. Зноў ён сядзеў доўга, а пасля і пачаў уставаць. Тут ён заўважыў, што сухі і востры боль у баку як бы цягне яго ўніз. Інстынктыўна ён зірнуў туды і ўбачыў, што рубашка там у сухой крыві, прыліпла да цела і не дае яму ўзняць угару плячо і ўстаць. Значыцца, ён ранен у бок і напэўна страціў многа крыві! Станавіўся на ногі ён вельмі доўга. Найбольш было таго, што ён баяўся ўразіць сваю рану. Ужо астойваючыся на нагах, ён убачыў, што месца, дзе ён ляжаў, было чырвонае ад крыві. Бачачы і адчуваючы ўсё навокал сябе як бы па той бок рэальнага, сапраўднага, ён, нарэшце, пачаў ісці. Хада яго была страшная. Яму цяжка было перастаўляць ногі. Яго вяло ў правы бок, і ён не ішоў проста, а даваў круг. Сашчаміўшы зубы, ён наважыў выпрабаваць гэты апошні і першы ратунак і ішоў, растапырыўшы рукі і пальцы на іх, як бы стараючыся трымацца за паветра. Пакрысе ён разышоўся, і гэты пакутны рух стаў яму праз нейкі час аднастайнаю, крок за крокам, неабходнасцю, якая можа цягнуцца гады. Вельмі многа ён збочваў і не заўважаў гэтага. Пасля шырокая, пратаптаная ў жытах сцежка павяла яго проста. Сонца паднялося ўжо высока і ўжо смаліла і ліло бляск і задуху, і зноў яму стала ўяўляцца, што гэта цягнецца ўсё той самы ўтрапёны дзень дваццаць шостага чэрвеня. Калі ўжо ён гатоў быў упасці ад слабасці, сцежка адразу скончылася на зялёным абрыве ўніз. Гэта быў адкос паўз вялікую дарогу. Кастусь Прыбыткоўскі дайшоў да той вялікай шашы, па якой так многа біла артылерыя і, разам з тым, яго гармата. Сонца ўжо даўно рушыла з паўдня. Адчуваючы, што левая палавіна цела цяжэйшая за правую, Кастусь Прыбыткоўскі сеў на адкосе і спусціў ногі ўніз. Боль, смага і задушлівая калатня сэрца не маглі заглушыць прыемнага ныцця, якое раптам прайшло цераз усё цела.

 

IV

Перад яго вачыма была шаша, і ён глядзеў туды. Адкос узвышаўся, і Кастусь Прыбыткоўскі ўглядаўся ў дарогу зверху ўніз. Там было ўсё змешана, згрувашчана і паразварочвана. На сярэдзіне дарогі стаяў схілены набок і абкуродымлены пажарам нямецкі танк. Нізка над танкам схіліўся звіслы на правадах тэлеграфны слуп. Ногі нямецкага салдата ў вялікіх ботах тырчэлі ўгару ужо добра ўпруцянелыя. Немец сканаў на адкосе галавою ўніз. Нейкая гнутая жалезіна ўзнімалася побач танка, і на ёй матлялася крысо з нямецкага мундзіра, а сам немец, укарчанелы і скручаны, як бы сядзеў збоку, угнуўшы ў грудзі галаву. Гэты немец ліпеў на самым краі ямы, выверненай на шашы артылерыйскім разрывам. З далечыні тхнула асмалкамі. Валялася яшчэ афіцэрская шапка, і на самым дне адкосу ляжаў доўгі нежывы немец жыватом угару, прыкусіўшы ніжнюю губу і скурчыўшы пальцы. На правай скроні ў яго закарэла кроў.

Кастусь Прыбыткоўскі адчуваў і смагу, і пясок у роце, і цемень уваччу, і боль, і слабасць, але пакуты не заглушалі новага пачуцця: няхай гэтыя прышэльцы ўсюды енчаць і карчанеюць, як тут, на гэтым месцы. Будзе шчасце ад іх смерці і пакут. Аднак жа трэба было шукаць выразнейшай уцехі. Над ім панавала вялікае няшчасце. Яго тачыў смутак. У яго не было здароўя. Ён не ведаў, што дзе рабілася навокал яго. Ён апынуўся ў адзіноце і адарваўся ад усяго таго, чым жыла яго душа дагэтуль. Позірк яго пачаў кідацца паверх таго, што было тут блізка, і ён убачыў, што полем паўз шашу ішла жанчына. Пад нагамі ў яе быў роўны папар з дробнаю травою і рэдкімі калівамі рыжага шчаўлюку. Кастусю Прыбыткоўскаму гэтая жанчына здалася даволі-такі высокай і з шырокім размахам рук пры хадзе. Твар яе быў не тое што вельмі худы, але нейкі змарнелы і да таго ж асмалены сонцам: напэўна, што яна, можа, цэлыя дні не бачыла ценю і ўсё ішла або так была дзе пад спёкаю. Але было і яшчэ адно ў яе твары, і гэта ўжо ішло з яе душы. На ўсім яе абліччы ляжала пячаць таго, што ёю апанавала вялікая турбота. Здавалася, што яе есць адна думка, ад якой няма ратунку. Кастусь Прыбыткоўскі не зводзіў з яе вачэй. Яна ж углядалася ў дарогу на ўсход і на захад. Нічога, мусіць, сабе патрэбнага жанчына не ўбачыла, колькі ні прыглядалася, прыклаўшы да лба далоню ад сонца. Шаша не мела на сабе аніякага руху. Тады жанчына ўзышла на шашу і пачала разглядаць усё каля сябе. Яна акінула вачыма нежывых немцаў, закарэлую кроў на зямлі, нейкую паперыну, прыбітую паветрам да рулі перавернутай гарматы, і пасля ўбачыла Кастуся Прыбыткоўскага. Яна як бы здзівілася ці ўзрадавалася. Рухавая рыса прайшла па яе твары. Яна адразу шпарка падышла да яго і сказала так, быццам бы даўно яго ведала:

— Ты тут адзін? Сядзіш? Жывы?

Голас у яе быў мяккі, пявучы, добры. Здавалася, што голас гэты гучыць там, дзе пануе шчасце.

— Ці даўно ты тут сядзіш? А ці не бачыў ты тут на дарозе: можа, праходзіў чалавек не вельмі з выгляду рослы, гладка выгалены, без вусоў, з паголенай галавою і ў чорным пінжаку паверх белай рубашкі. А то, можа, хлапчук блудзіў тут? Год на шэсць, такі хлапчучок. Але ж дзе табе прыглядацца да шырокага свету, калі ты сам з душою ледзь не разлучыўся. Не бачыў, мусіць, нікога? Ах, божа мой, божа!

— Я нікога тут не бачыў, — сказаў Кастусь Прыбыткоўскі, і тут выявілася, што ён не ўладаў сваім голасам: ён гаварыў хрыпатым пошапкам.

— Ты тут чакаеш чаго? Не? Сам не ведаеш, куды і як? Ідзі са мною. Паспрабуй. Нам абы дайсці да вялікай мяжы. Божа, якія ў цябе губы, аж да крыві асмяглыя. О так, трымайся за мяне, пакуль разгойдаешся ў хадзе.

Ён за яе трымаўся мала. Найбольш яна трымала яго пад плячо і вяла. Можа, яно так і было, што яна, у новым сваім клопаце, пачала адрывацца ад ранейшай свае задумы. Здавалася, што на твары яе жылі і перасмыкваліся шматлікія рысы, аднак жа яны не знімалі сумнай пячаці ад вялікай турботы. Чым больш ішлі, тым больш яна пачынала гаварыць. Яна камандавала, дзе як ступаць, дзе будзе няроўная зямля, дзе пачнецца сцежка. Напэўна, што яна была тутэйшая і добра ведала гэтае месца. Нарэшце яна сказала:

— Вось мы і прыйшлі. Гэтая шырокая мяжа даходзіць унь аж да таго ляска. Бачыш? Божа мой, які ты. Ты ж ледзьве ногі цягнеш. Ты тут садзіся або я памагу табе прылегчы. І чакай мяне, я па цябе прыеду. Я не забаўлюся. Тут блізка, кіламетраў шэсць і ўсё, там, дзе вялікае сяло гарыць. Ты ваяваў, ты павінен ведаць. О так, ляжы. А калі той чалавек часамі праходзіцьме тут каля цябе, то напэўна запытае, ці не бачыў ты мяне. Скажы яму, што я дарма хадзіла. На след не напала. А калі хлапчанё будзе, пакінь пры сабе, я зараз прыеду.

Твар яе перасмыкнуўся, і яна шпарка пайшла і знікла. Кастусь Прыбыткоўскі ляжаў на шырокай мяжы, падобнай да дарогі, і чуў пах чабору і падбелу. Не больш як праз гадзіну жанчына вярнулася. Яна прыехала на нейкім няскладным вялікім возе, у які быў запрэжаны высозны і худы конь. Адно біла ў возе было гнутае, фармальна зробленае, другое простае, з яловай жэрдкі. Адным словам, тут нешта не так было ў гаспадарцы, хоць жанчына здавалася сапраўднай сялянкай і добрай гаспадыняй. З добрым умельствам яна завярнулася паўз высокую мяжу і спыніла каня. Воз стаяў так, каб Прыбыткоўскаму было як найзручней узлезці на яго. На возе ляжала салома, пярэбірка са два. Кастусь Прыбыткоўскі аддаўся на чужую волю. Выявілася, што жанчына мае вялікую фізічную сілу. З сваім хворым яна ўправілася вельмі шпарка, проста-такі адразу, у адзін момант. Кастусь Прыбыткоўскі не меў вялікай натугі, покуль апынуўся на возе і ляжаў на саломе. Яна ўсё зрабіла сама. Можна сказаць, яна траха не падняла яго на рукі і ўмошчвала на саломе. І адразу яны паехалі. Вельмі мала ён што заўважыў навокал. Лежачы, ён бачыў толькі ўзнятую перад вачыма саломіну, пасля пачало праходзіць перад ім рэдкае стволле ялін і хвояў, сягды-тагды, дрэва за дрэвам. Калі гэта быў лес, то вельмі рэдкі, хоць і стары. Можа, толькі рэшткі вялікага лесу. Адчувалася, што дзень хмурнее, але гэта не быў яшчэ вечар. Жанчына ішла побач воза. Ехалі доўга, разоў у тры даўжэй за той час, пакуль жанчына паспела была схадзіць па каня і вярнуцца. Сюды яна, мусіць, моцна гнала каня. Калі прыехалі на месца, было ўжо блізка вечара. Але і так дзень ужо зусім быў хмурны. Збіралася на дождж. Яны спыніліся ў нейкай беднай сялібе, якая здавалася вельмі неўпарадкаваная. Больш таго. Тут нават былі адзнакі таго, што чалавек пачынаў паднаўленне старога і будаванне новага. Але не толькі да канца не давёў, але і пачаць як мае быць яшчэ не паспеў. Дзіўным парадкам усё гэта кідалася ў вочы адразу.

Сяліба была глухая і стаяла яна поблізу рэштак велізарнага лесу. Стары хвойны лес быў высечаны. Скрозь тырчэлі счарнелыя ўжо ад вільгаці пні з пацеркамі смалы. Паміж пнёў стаялі нечапаныя хвоі. Лес высякаўся на будаўнічы тавар, а гэтыя не падышлі пад вызначаную меру: каторая хвоя была крывая, каторая не вельмі выносістая, а ў якой і хапала цягласці, дык стромкасць зрабіла яе тонкай, і спрактыкаваны прамысловец на яе не паквапіў. На кіламетраў шэсць цягнуўся гэты рэдкі лес, у якім хвоя ад хвоі стаяла на метраў пяцьдзесят ці часам сто і ў якім было больш пнёў, як дрэваў. Паміж пнёў буяў верас і купчасціўся ядловец. Скрозь паўз край гэтага хвойніку стракацілася і вузейшымі і шырэйшымі палосамі поле. Жыта межавалася з бульбаю, ячмень з грэчкаю, і пры аўсе ліпела палоска льну. Так тут уроскідку стаялі і забудовы. Стаялі добрыя дамкі і з імі дробныя хаціны. Былі навейшыя, былі і зляжалыя гнілым бярвеннем. Усё гэта цягнулася на кіламетраў два. Гэта не была вуліца. Вялікае селішча мела падабенства да сабраных разам дробных хутарцоў ці да зборных выселак. Сяло было крыху далей, за ўзгоркам. Адтуль тхнула пажарышчам, і там яшчэ ўсё куродымелі асмалкі: ужо другія суткі пажар не мог аніяк суняцца. Там якраз і было тое вялікае сяло, што служыла за арыенцір артылерыйскай часці, калі яна займала сваю пазіцыю. Артылерыйскія разрывы ў часе бою і падпалілі сяло.

Сяліба, куды прывезла жанчына Кастуся Прыбыткоўскага, стаяла ў суседстве дзвюх малых і вельмі падобных адна на адну хацін, у якіх артылерыйскі бой вытрас усе шыбы з вокан. У сялібнай хаце таксама не было шкла ў вокнах. Хата — вялікая, з дробнымі прыбудоўкамі, з садам, у якім яблыні былі яшчэ ў самай сіле. Свіронак трухлявы, пуня з праваленаю страхою і навожанае на нейкую будоўлю адборнае дрэва, папрэлае і ссінелае пад карою. Гаспадар не меў сілы ці часу яго акарыць і хоць пачаць будоўлю, і яно пайшло на глум пад дажджамі. Такім жа парадкам ужо добра пайшлі ў вільготную трухліну падваліны нейкай дробнай будынінкі, на якіх так і не былі ўзведзены сцены. Відаць, што несамавіты лёс тут як мае быць марнатравіў жыццё. Але Кастусь Прыбыткоўскі ў гэты момант не мог яшчэ акінуць сваёю думкаю і наглядальнасцю ўвесь гэты шырокі малюнак. Як праз туман заўважыў ён, што жанчына спыніла каня пры сенцах вялікай хаты, а пасля доўга адмыкала дзверы і рабіла ўсё вельмі марудна, было падобна, што вялікая стома гняце яе. Нарэшце яна не так увяла, як унесла Кастуся Прыбыткоўскага ў тую вялікую хату. Тут было прасторна і нейк усё як бы да часу. Былі адчынены дзверы ў бакоўку, і там відзён быў стол, а тут стала не было. Варыстая печ, тапчаны, насценны гадзіннік (стрэлкі паказвалі сем гадзін надвечар), чыстая падлога і вазоны на вокнах: лэска, геранім, альяс і бальзамін. Жанчына ўвяла свайго госця ў бакоўку, зняла з яго салдацкую абмундзіроўку, разрэзаўшы дзеля гэтага рукавы ў гімнасцёрцы. Бок быў увесь у закарэлай крыві. Жанчына паківала галавою і прыгатавала пасцель на ложку ў цёмным кутку бакоўкі. Яна паклала дзве падушкі і накрыла хворага лёгкаю коўдраю. Праз колькі хвілін яна паіла свайго госця малаком, а пасля недзе зусім знікла. Ужо як мае быць пачало змяркацца. Прайшло вельмі мала часу, стала бадай што зусім цёмна, і пайшоў дождж. З хаты чутно было, як шуміць вада ў дрэвах за вокнамі.

Можна сказаць, што з гэтых момантаў і ўражанняў і пачалося новае бяспамяцтва ў Кастуся Прыбыткоўскага. Шум дажджу ўжо ледзь даходзіў да яго свядомасці, а пасля і зусім знік. Адно што сухі і пякучы боль у баку быў такі моцны, што калі-нікалі чуўся нават і ў часе вялікага забыцця, хоць і ўспрымаўся ён не як боль, а як нейкая іншая пакута. Праз такія ж самыя зыначаныя формы адчувалася і яшчэ адна пакута: пачалася, узнікла аднекуль цяжкая валтузня. Яго пераварочвалі на другі бок, перакладалі на іншае месца, корпаліся ў балючым месцы, свяцілі ў самыя вочы, а то раптам рабілі цемень, пасля чаго зноў усё загарвалася агнямі і зіхацела. Яны хадзілі, шапталіся, і невядома як гэта ўсё і калі скончылася. Зноў пачалося забыццё. Калі ён дайшоў да памяці, то перш за ўсё падумаў, што прайшло ўсяго некалькі хвілін ад таго, як трапіў у гэтую хату і лёг на гэтую пасцель. Бо ўсё так жа сама змрочна, быццам змяркаецца добрым адвячоркам, і ўсё ідзе дождж: ён шуміць недзе ў дрэвах, і нават у шыбы засякаюць кроплі. Ён доўга прыходзіў да памяці, пакуль думкі яго сталі ясныя як мае быць. Тады ён пачаў заўважаць, што недзе зусім блізка гавораць людзі: жаночы і мужчынскі галасы. Трэба думаць, што яны даўно ўжо гавораць, але гаворка іхняя не даходзіла яшчэ да яго свядомасці. Бо заўважыў ён іх гаворку з паўслова. Не чуўшы пачатку, ён з канца здагадаўся, што гэта мужчына даводзіць жанчыне, што малы хлопец не загінуў, у кожным разе тут поблізу:

— Сёння ўжо трэці дзень пачаўся, як я ўсё шнырыў на ўсіх дарогах і, дзе льга было, у полі і ў лесе. Я ўсюды быў, дзе аставаліся сляды якога-небудзь чалавечага прыпынку або ваенных сутычак ці нямецкага налёту зверху. І так па ўсёй акрузе кіламетраў пятнаццаць ушыркі. Нідзе ніякага следу. І ў людзей усюды распытваў. Нідзе не чуваць было, каб хлапчук такі загінуў. Крыві-то многа пралілося. На шашы, яшчэ на захад ад таго месца, па якім біла наша артылерыя, ратаваліся з нейкага мястэчка жанкі і дзеці, то наляцеў зверху немец і абстраляў гэты натоўп з кулямёта. Больш палавіны ўсіх і перастраляў. Я сам быў на тым месцы і сядзеў там на прыдарожным каменні з даволі-такі ўжо стараватым чалавекам, які знайшоў там труп сваёй семнаццацігадовай дачкі. Ён быў пры тым і ўсё мне як мае быць расказаў. Усе былі пабеглі і рассыпаліся былі па полі, а немец, як бы сказаць, ганяўся за імі і страляў зверху. Я сам налічыў там трыццаць два трупы. Ты думаеш, гэта я так сабе такі цікаўны? Я ж усё яго шукаў, жывога ці мёртвага. Ёсць яшчэ надзея, што яго маглі падхапіць на сваю машыну чырвонаармейцы. Гэта часта здаралася ў той дзень.

— А што дзе робіцца? Ці ідуць дзе баі і дзе ўжо немцы? На Старынскай забудове нямецкія салдаты прыходзілі па малако і казалі, што вайна гэтая скончыцца праз дзён пятнаццаць.

— Хто ведае. А на мінскім гасцінцы сеў вялікі нямецкі дэсант, нават людзі ведаюць месца тое: гэта якраз там, дзе з аднаго боку два бярозавыя гаі перад вёскай Дабрынёй. Па другі бок гасцінца жыта ўсё здрасована і патаптана ўшчэнт на тры кіламетры. З бярозавых гаёў уночы ўчора людзі чулі кулямётную стральбу. Той дэсант, можа, там і даўно сядзеў. Але тут немцам не пашанцавала. Не памог і дэсант. Тут стала артылерыйская часць і змятушыла на шашы нямецкі танкавы клін. Па шашы немцам ходу не было. Дык яны ішлі абходам, кіламетраў за трыццаць пяць адсюль. Я тое месца на шашы бачыў, дзе біла артылерыя. А пасля яшчэ тая самая артылерыйская часць заняла другую пазіцыю і там другі нямецкі клін накрыла. А тут на ячменным полі аставалася некалькі чалавек, дык яны дакончылі і рэшткі нямецкага кліна. Яны ўміралі, а трымаліся. Так што немцы абышлі ўсю нашу мясцовасць вельмі далёкім кругам, так мы асталіся ўжо ў нямецкім тыле, немцы ўжо далёка на ўсходзе. Мы на занятай немцамі зямлі. А тут яшчэ бродзяць раненыя, нашы і немцы. Учора я сустрэў двух лейтэнантаў, адзін ранены ў руку, а другі — у галаву. Пабраліся на ўсход, каб выйсці па той бок фронту. Хочуць ваяваць, не вераць, што немец возьме верх. Яшчэ бачыў я і чырвонаармейца, раненага ў шыю. І той браўся на ўсход. Бачыў я і немца: ці ён які хворы, ці ранены, але валокся полем, азіраўся і кульгаў, угнуўшыся сабе ў жывот. А на шашы ўсё завалена забітымі немцамі. А то яшчэ аднаго немца я ўбачыў вось тут ужо зусім блізка, за нашым лясным выцерабам, на той бок старога ельніку на самай Какорыцкай дарозе. Даволі яшчэ малады чалавек, афіцэр з жалезным крыжам на грудзях. Ляжыць ботамі на дарожнай каляіне і галавою ў ядлоўцавы куст. Нагавіцы яго на сцёгнах у крыві, і рот як бы залеплен чым. Ён вельмі часта міргаў вачыма, калі я праходзіў паўз яго. Я ўбачыў, што ён жывы, і мяне ў першы момант пацягло было сарваць з яго падручную зброю і прыстрэліць яго: чаго ён тут, хто яго прасіў сюды? Я ўжо нават быў памкнуўся, але адумаўся ў апошні момант браць на сябе ганьбу, страляючы ў ляжачага раненага. Я адвярнуўся і пайшоў. Ён наглядаў за мною. Можа, ён думаў, што я памкнуўся быў, каб памагчы яму. У апошні момант, калі я ўжо адыходзіў, ён штосьці прамармытаў. Я па-нямецку добра магу, але ён, відаць ад слабасці, ясней не мог выгаварыць. Калі я азірнуўся, ён ужо ляжаў з заплюшчанымі вачыма. Я пайшоў. Праз крокаў дзесяць я знайшоў на дарозе вось гэтае пісьмо, адрасаванае ў Германію. Напэўна, што гэта ён прыгатаваў яго і не паспеў адаслаць і згубіў, валтузячыся апошнімі хвілінамі, пакуль упасці ад раны. Бач, якое пісьмо змятае. От зараз я яго прачытаю, я па-нямецку добра магу. Слухай, я буду гаварыць табе, што напісана, па-беларуску: «Мілая Міна! Ты сабе і ўявіць не можаш, што мы ўсе перажываем. Ідзе пяты дзень, як пачалася вайна, а мы ўжо забралі многа іхняй тэрыторыі. Нямецкая зброя робіць цуды. Цяпер нам усім ясна, што вайну мы закончым за бліжэйшыя тыдні. Тут адбываецца тое самае, што і ў Заходняй Еўропе. Я сам там бачыў, бачу і тут. Перад намі ўжо ўвесь свет адкрыты. Праз некалькі тыдняў убачыш мяне дома. Тады наша радасць будзе большая за ўсе радасці свету. Мы лёгка пераносім маленькія цяжкасці гэтай вайны: гарачыню і пыл на тутэйшых дарогах. Мы ўсе ў захапленні ад саміх сябе. Нашы душы на ўздыме. Мы ідзем наперад так шпарка, як успыхвае іскра маланкі. Я перажываю радасць вайны і шчасце нашай будучыні. Праз некалькі дзён я напішу табе новае пісьмо ўжо з якога-небудзь тутэйшага вялікага горада. Уся гэтая зямля на тысячы кіламетраў ужо наша. Тут цудоўныя сады. Я заўсёды быў аптымістам і цяпер бачу, як правільна я разумеў свет. Мы ідзем вось ужо пяць дзён, і ніхто нам яшчэ не стаў на дарозе. Праўда, я не на першай лініі, а на другім эшалоне. Але ж і перад намі таксама ідуць. За ўвесь час я ўбачыў толькі аднаго нашага раненага. Ён стагнаў, але ў нас выдатныя медыкі. Мы прысягнулі адпомсціць за пакуты нашага салдата. Канчаю. Сігнал рушыць далей. Цалую. Твой Фрыдрых. Дваццаць сёмага чэрвеня дзевяцьсот сорак першага года».

— Ну, чула? Якім шчасцем і захапленнем дыша гэтае пісьмо? Яшчэ і прозвішча яго стаіць тут збоку. Нейкі Фрыдрых Гаузэ. Яму здаецца, што ён будзе жыць на свеце яшчэ дзвесце год. Ён прывалокся сюды і яшчэ хоча помсціць за свайго раненага салдата. Увесь свет яму здаецца ружовым ад яснага шчасця, якое належыць толькі яму аднаму. Ён напісаў гэтае пісьмо дваццаць сёмага і ў той жа самы дзень, можа, нават праз некалькі хвілін, упаў абязвечаны ўпоперак Какорыцкай дарогі. І цяпер яшчэ там ляжыць, і ніякага шчасця і захаплення на яго твары не напісана. Пакута сціснула яму зубы, і ён глядзіць на мяне, як перацягнены кіем сабака на гаспадара. Твар яго белы, і губы ссінелі і ўсё нешта мыляюць, нібы што ён шэпча. Вось цана яго аптымізму і самахвальству.

Пасля гэтых слоў чалавек сціх, і Кастусь Прыбыткоўскі быццам бы пачуў, што плача жанчына. Праўдзівей сказаць, самога яе плачу ён не чуў. Пачуў толькі, як мужчына заўважыў ёй:

— Няўжо ты яшчэ і цяпер можаш так горка плакаць, як бы табе не сорак, а дваццаць год!

— Гэта таму, — адказала жанчына,— што праз усе гэтыя пятнаццаць год я ні разу не заплакала. Я сохла і душой і целам, але ад усіх сіл старалася, каб мне асталася прага чакаць і каб не згаснуць душой.

— Ну, але ж апошнія шэсць год ты ўжо не чакала ўсяго, чаго прагла раней? Ты і сама мне казала.

— Мы, здаецца, пра гэта ніколі і не гаварылі.

— А ў тую восень трыццаць дзевятага года!

— Мала мы тады гаварылі. Дык вось. У гэтыя шэсць год я не была без спадзявання.

— На што ж ты ўжо спадзявалася?

— Ні на што. Але ў мяне ўжо сталася прывычка навек думаць, што рана ці позна прыйдзе поўнае і яснае шчасце.

— І цяпер таксама?

— Цяпер не.

І тут Кастусь Прыбыткоўскі пачуў ужо сапраўды і як мае быць, што жанчына такі плача. Раптам ірвануўся яе плач. Моцным пошапкам яна прыгаварвала, быццам гэта было галошанне: «Ты ж толькі адзін і аставаўся ў мяне! Можа, ты дзе бадзяешся па чужых і далёкіх дарогах! А можа, сканаў дзе на ветры ў адзіноце і пакуце!»

Гэта сапраўды было галошанне пошапкам. Заплюшчыўшы вочы, льга было ўявіць сабе сялянку ў горы. Уяўленне ўжо нарысавала Кастусю Прыбыткоўскаму поўны яе вобраз. Але тут не толькі мела месца гэтае галошанне. У яго памяці аставалася ўражанне таго, як яна пад’язджала на драбінах, як заварочвала і паганяла каня, як упраўлялася з возам, як выкіроўвалася каляіністымі і карчакаватымі дарогамі ў лесе і паўз яго. Рукі ў яе былі моцныя і агрубелыя ад працы, твар загарэлы і абветраны, хада размашная, голас на высокіх нотах і гаворка пявучая, з націскам на галосных гуках. Такі спосаб гаварыць выпрацоўваецца ў сялянак, якім трэба голасам і словамі перамагаць прастору ў полі, вецер і рэха ў лесе. Росту яна была даволі высокага. Рысы твару былі такія, што, убачыўшы яе, не хацелася думаць, што ў маладосці яна была вялікай прыгажосці, а хацелася сказаць, што яна цяпер вельмі прыгожая. Неўзабаве пасля свайго плачу, хвілін, можа, праз дзве, жанчына адчыніла дзверы з большай хаты ў бакоўку і ўвайшла. Ніякіх слёз ад плачу на яе твары ўжо не было. Гэта зноў быў як бы нават і халодны, суровы і затурбаваны твар. Ціха падышла яна да Кастуся Прыбыткоўскага і пільна паглядзела на яго. Ён увесь час глядзеў на яе, яшчэ ўсё не ведаючы, вечар гэта ці ноч, ці світанне, ці дзесяць хвілін прайшло, ці дваццаць ад таго, як яго паклалі на гэтую пасцель.

— А, ты ўжо глядзіш, але вочы твае ўсё яшчэ каламутныя, — праспявала жанчына. — Можа ты хацеў бы, каб святла больш было, дык я з акна прасцірадла здыму. Я тады была завесіла, каб табе ад мух цямней было, дык так і вісіць ужо два дні. Хто цябе ведае, ці ты гэтулькі часу спаў, ці без памяці быў. Я падыду, зірну, бачу — ляжыць сабе і не пацягнецца. Што ж турбаваць цябе. Я і адыдуся. Баліць табе што? Хочаш чаго? Зараз я цябе накармлю. Ці здалёк жа ты хаця родам, адкуль ты?

Яна адвесіла акно, і дождж знадворку зашумеў мацней. Быў дзень, хмурны і мокры. Але ўжо недзе блізка хадзіла сонца, напроці акна раслі дрэвы, і над імі пачынала яснець неба. Хмары рассмоктваліся, і дзень мог выбіцца на яснасць. І першыя адзнакі яснасці на небе абудзілі ў Кастуся Прыбыткоўскага думкі аб ясным небе над лесам у Скіп’ёўскім Пераброддзі, і зноў пачаўся смутак і прага знайсці цвёрдую надзею і ўпэўненасць. Жанчына доўга карміла яго. Хоць яна і падганяла яго, быццам ёй трэба было кудысьці спяшацца, аднак жа сама марудзіла. Але гэта магло быць уласцівасцю яе натуры. Выпрацоўваюцца такія натуры, у якіх ніколі рука не ўздрыганецца, каб зрабіць што трэба хутчэй нават і пры вялікім спяшанні. Тут ёсць своеасаблівая прывычка бачыць горкую праўду таго, што як не старайся і не рвіся, а адзін, сам сабою, хады справаў не зыначыш. Гэта кладзе свой след нават на самыя дробныя справы чалавека і найдрабнейшыя яго ўчынкі. Тады самы порсткі чалавек можа здавацца вялікай марудай. Можа, і тут было тое самае. Як бы там ні было, але можна здагадвацца ці адчуць, што тут жыццё ішлося нейк насуперак жаданняў і прагі чалавека і прывяло яго калі і не да трагічнай развязкі, то да горкай прыкрасці. У кожным разе, першыя адзнакі думак пра гэта пачалі ўжо з’яўляцца ў Кастуся Прыбыткоўскага.

Два дні ў пасцелі пад добрым доглядам і спакоем памаглі Прыбыткоўскаму. Ужо і цяпер пачынала ясней працаваць яго думка і было лягчэй трымаць вочы расплюшчаныя. Жанчына вельмі шпарка выйшла і недзе знікла. Тады ў бакоўку ўвайшоў мужчына. Кастусь Прыбыткоўскі ўбачыў яго і здагадаўся, што гэта той самы, пра якога тады на полі пыталася ў яго жанчына. Ён быў у чорным пінжаку па белай рубашцы. Чорныя нагавіцы навыпуск і росту не вялікага, але і не малога. Галава яго была чыста выгалена, і ён здаваўся лысы. Быў бледнаваты тварам, і гэта заўважалася нават і праз загар ад сонца. Здавалася, што ён рухавы і нават порсткі. Таксама, як і ў жанчыны, і на яго твары ляжала пячаць вялікай турботы, хоць тут было многа рухавых рыс, твар гэты зменьваўся, па ім праходзілі адзнакі таго неспакою, якім поўнілася душа. Тут шпарка маглі ісці думкі і будзіць утрапенне ўпартых пошукаў. Жанчынаю ж як быццам апанавала адна думка і адну рысу трымала на твары. Быстрыя і глыбокія вочы гэтага чалавека спаткаліся з запалым і ціхім позіркам Кастуся Прыбыткоўскага, і так, можа, хвілін тры яны глядзелі адзін на аднаго.

— Скажыце вы мне, як вы пачуваецеся? — сказаў чалавек.

— Часам мне здаецца, што лепш, як тады на полі, часам, што горш, — прашаптаў Кастусь Прыбыткоўскі.

— Колькі вам гадоў?

— Ідзе дваццаць пяты, нядаўна пачаўся.

— Дык вы ведайце, што вашу рану перавязаў і давёў да парадку доктар. Усё пройдзе добра і следу не пакіне, рана так сабе, глупства. Як бачыш зажыве, а кантузія можа патрымаць вас яшчэ ў пасцелі. Да гэтага будзьце гатовы. Гаспадыня мне расказвала пра доктара, якога яна вам знайшла тут. Вам пашанцавала натрапіцца на вочы гэтай жанчыне, гэта вялікая душа... А я толькі прыйшоў, мяне ўвесь час не было. Я тут таксама госць. Але хто сёння разбярэ, хто дзе госць, а хто гаспадар. А пакуль што ваша справа ціха ляжаць і правіцца. Гэта вы з тых некалькіх чалавек, што бадай што ўсе паляглі, а не далі ходу немцам з іх танкамі і да канца давялі смяртэльны канец нямецкага кліна? Пра гэта перадавала ўжо радыё з Масквы, у аднаго яшчэ захаваўся быў радыёпрыёмнік. Ужо ходзіць погаласка. Вас трэба на руках насіць. На героях трымаецца жыццё народа. На вялікі жаль, чалавецтва яшчэ на такім стане свайго развіцця, што лепшым людзям трэба ісці на ахвяру сваім жыццём за агульнае шчасце. Прыйдзе час, што з’яўленне Гітлера будзе немагчымым... Ляжыце спакойна і праўцеся.

Чалавек гэты адагнаў з твару Кастуся Прыбыткоўскага муху і выйшаў. Пачалася цішыня ў доме і за вокнамі. Хмарнасць сышла з неба, і перад вечарам з’явілася сонца. Акно з гэтай бакоўкі было якраз на захад, і хворы бачыў, як разаслаліся на небе над дрэвамі ружовыя палосы. Гэтае вечнае хараство ўціхамірыла яго душу. Ён перасіліў боль і свой неспакой і, калі ўжо зусім змеркла, сцішыўся ў сне ці ў глыбокай дрымоце. Ён не заўважыў і не чуў, як чалавек у чорным пінжаку два разы папацёмку заглядваў у бакоўку, бачыў, што хворы ляжыць ціха, і адразу выходзіў. Каб Кастусь Прыбыткоўскі быў здаровы і як мае быць мог наглядаць усё каля сябе, ён, маючы прыродную наглядальнасць, напэўна, заўважыў бы, што невядомы яму чалавек у чорным пінжаку не можа аніяк утаймаваць свайго неспакою, трывогі, узбуджання. Не можа перамагчы сваіх думак. Гэты чалавек папацёмку сядзеў доўга ў большым пакоі пры вакне, многа курыў, выходзіў па двор і стаяў падоўгу пры хаце ў одуме, пасля зноў варочаўся ў хату. Нічога гэтага Кастусь Прыбыткоўскі не заўважыў. Пайшла ноч, гадзіна за гадзінай. Уваходзіла ў большы пакой жанчына і моцным шэптам казала чалавеку:

— Божа мой, я не магу заснуць. Што мне рабіць! Дзе падзецца! Небарак малы стаіць перад маімі вачыма. Я павінна некуды ісці і нешта рабіць... Ты казаў, што на Какорыцкай дарозе, пры самым лесе, канчаецца, а можа, і не канчаецца, а так ляжыць, немец. Дык жа гэта хвіліна хаду адгэтуль! Бяда будзе тут усім людзям. Мне расказвалі, што каля Турца нямецкі афіцэр доўга, больш за суткі, ляжаў, і ніхто яму раны не перавязаў, нічым не памог. Дык пасля праходзіла там другая нямецкая1

 

 

1 На гэтым рукапіс аповесці абрываецца


1941-1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 6. Раманы, аповесць. - Мн.: Маст. літ., 1992.-464 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан