Кузьма Чорны

Слуцкія сурвэты

Год за дзесяць да скасавання паншчыны, у радзівілаўскіх маёнтках на Случчыне пачаў развівацца выраб сурвэт. Пэўнай частцы прыгонных кіраўнікі радзівілаўскіх уладанняў давалі павіннасць: замест працы на княжым полі — вырабляць пэўны лік сурвэт. Пачалося з таго, што прыгонны чалавек з вёскі Агароднікаў (цяпер Капыльскага раёна) Міхалевіч недзе навучыўся сурвэтнай справе. Ён стаў сапраўдным майстрам. У тых жа Агародніках, пад яго наглядам і паводле яго планаў, Радзівіл пабудаваў вялікую сурвэтную майстэрню, дзе прыгонныя ткачы выраблялі сурвэты. У гэтай майстэрні не толькі выраблялі сурвэты, але Міхалевіч навучыў ткачоўскай справе маладых хлопцаў і дзяўчат. Майстэрня была сама сабой, а маладым ткачам давалася павіннасць у сябе дома ткаць сурвэты і здаваць князю штогодна пэўную колькасць іх.

З цягам часу ткачоўскае рамяство шырылася па ўсёй Случчыне. Ткачы адбывалі паншчыну не на зямлі, а ў сябе дома або ў Агародніцкай майстэрні. Яны развілі сурвэтны выраб да вялікай дасканаласці. І з’явіліся першакласныя майстры гэтай справы. Сурвэты ішлі не толькі на панскі ўжытак, але і прадаваліся панствам у далёкія мясцовасці. Яны вывозіліся ў Польшчу і ў Германію. Пасля скасавання прыгоннага права былыя прыгонныя ткачы не атрымалі зямельных надзелаў, як гэта было з тымі сялянамі, якія адбывалі паншчыну на зямлі. Кожны ткач атрымаў на выплату толькі адну дзесяціну зямлі. Такім парадкам і сталася тое, што на Случчыне аж да самай рэвалюцыі было многа так званых «дзесяцінных» гаспадарак. Гэта былі напалову земляробы, напалову рамеснікі-ткачы. Увесь час на Случчыне было многа саматужнікаў-сурвэтнікаў. Яны бралі заказы на выраб сурвэт з нітак заказчыка. Былі цэлыя мястэчкі і сёлы, дзе займаліся больш ткачоўствам, чым зямлёю. Сяло Жавалкі, мястэчка Цімкавічы, вёска Пляшывічы да самых нашых дзён выраблялі сурвэты.

Сурвэтнае майстэрства перадавалася з пакалення ў пакаленне. Выпрацаваліся спосабы вырабу, формы варштатаў, дасэні і памеры сурвэт. Сурвэты ткаліся шырокія, на ўсю шырыню вялікага стала. Варштат меў дванаццаць панажоў (ці, як там казалі, «падножак») і дванаццаць нітоў. Кожны ніт складаецца з дзвюх самастойных палавін — нітоў. Дасэні рэзка дзяліліся на два самастойныя гатункі — «просты» і «павучковы». Кожны з гэтых дасэняў меў дваццаць чатыры «паддасэні». «Просты» дасэнь меў у сваёй аснове народны арнамент, складзены з квадратаў. «Павучковы» дасэнь з’явіўся на аснове народнага арнамента не квадратовага, а з крывых ліній. Гэта ўжо былі формы кветак, лісткоў, цэлых раслін. Першапачатковай жа асновай гэтых дасэняў быў рысунак круглай кветкі, ад якое разыходзіліся карэнні навокал. Гэта нагадвала форму павука з растапыранымі лапамі. Адсюль і назва — «павучковы» дасэнь. За адзін пастаў на варштаце выраблялася звыш сарака сурвэт. На просты дасэнь і на павучковы ніткі ўкідаліся ў ніты па спецыяльных рысунках, у якіх мог разабрацца і якія рабіў самы спрактыкаваны майстар. Бёрды вырабляліся з чароту. У сувязі з гэтым на Случчыне аж да самай рэвалюцыі, калі ткачы атрымалі надзелы зямлі, былі берднікі, варштатнікі і майстры вязаць ніты. На Случчыне сеялася многа льну. Сурвэты ткаліся з шэрых суравых нітак. Або аснова клалася шэрая, а ўток з беленых нітак або з белай крамнай бавоўны. Але, паводле спецыяльных жаданняў заказчыка, сурвэты рабіліся любых колераў і рознакаляровыя. Варштат быў даволі складаны і часткова механізаваны. Ён складаўся з мноства дробных дэталей, драўляных і жалезных. Кожная дэталь мела сваю назву — шаўграт, шпаруты, чапёлкі, пругі... Былі шліхтавальныя шчоткі: мачулкі, якімі змочвалася пража, і шліхты, якімі пража націралася.

За дзесяцігоддзі на Случчыне і далёка за ёю назапасілася ў людзей вельмі многа сурвэт. Былі нават такія, што збіралі калекцыі іх. У час незадоўга да імперыялістычнай вайны арандатар маёнтка Дошнава (цяпер Чырвонаслабодскага раёна) чэх Валек павёз да сябе на радзіму ў Чэхію вялікую калекцыю слуцкіх сурвэтаў. Апошнімі гадамі сурвэтная справа на Случчыне занепадала. Сурвэтнікі пераходзілі на земляробства. У 1914 годзе ў мястэчку Цімкавічы памёр выслаўлены майстар слуцкіх сурвэт Міхал Парыбак. Перад смерцю ён перадаў усе сакрэты гэтага майстэрства (укіданне нітак у ніты дзеля кожнага дасэня) свайму маладому земляку Клемансу Хрысцінічу, які ўвесь час і быў галоўным настаўнікам і кансультантам усіх ткачоў на Случчыне. Клеманс Хрысцініч жыве цяпер у мястэчку Цімкавічы, Капыльскага раёна. Выдатная сурвэтніца, дачка Міхала Парыбка, Глікерыя, прозвішча па мужу Раманоўская, памерла ў 1921 годзе. Пасля яе астаўся вялікі сшытак, дзе былі вырысаваны бацькам і братам яе ўсе дасэні, якія толькі былі. Усяго было зарысавана звыш двухсот дасэняў — простых і павучковых. Гэты сшытак купіў Сальвесцер Шаравар з вёскі Крывасёлкі, Капыльскага раёна. Ён ткаў сурвэты да самых апошніх часоў.




Беларуская Палічка: http://knihi.com