epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Смерць гаўляйтара ў Мінску

Нямецкае радыё паведаміла, што ў Мінску партызаны забілі гітлераўскага «генеральнага камісара» Беларусі Вільгельма фон Кубэ.

Даскакаўся-такі гаўляйтар да свайго канца. Гэты тоўсты гер з’явіўся ў Беларусь неўзабаве пасля таго, як нямецкія ваенныя зграі прайшлі праз разбураны імі Мінск і ўжо на ўсход ад яго палілі, расстрэльвалі, грабілі і забівалі. Кубэ прыехаў з Берліна ўстанаўляць на Беларусі «цывільную нямецкую ўладу».

Ён адразу абсталяваўся ў Мінску і пачаў наводзіць «новы парадак». Каб пакора і паслушэнства навакол яго давалі яму ўпэўненасць, што ён на ўсё жыццё знайшоў сабе важнецкі кавалак хлеба, ён упрыгожыў Мінск у трох месцах шыбеніцамі.

На Тэатральным скверы стаялі дзве шыбеніцы, на бульвары пры Заходнім мосце таксама дзве, а за Брэсцкім мостам — адна, але вельмі трывалая: не было такога дня, каб яна не трымала на сабе павешанага чалавека. Але мілыя нямецкаму воку гарадскія пейзажыкі з шыбеніцамі і павешанымі на іх людзьмі пачалі дапаўняцца трупамі нямецкіх салдат.

Мінскія партызаны іх забівалі штоночы. Гер Кубэ задумаўся. Ён пачаў закідваць у народнае мора свае вуды. Вясною 1942 года ён ездзіў у Койданава і выступіў там з прамоваю перад людзьмі, якіх паліцаі сілком пазганялі на плошчу. Там стаялі асірочаныя гітлераўцамі беларускія дзеці. Кубэ закаціў вочы і назваў іх «вясною беларускага краю».

Ён сабраў каля сябе кучку прахвостаў і шарлатанаў і заявіў, што гэта ёсць «Беларуская Акадэмія навук», а ён яе прэзідэнт. Адначасна ён і вешаў людзей і падлізваўся да іх. Ён калаціўся ад страху. Ён называў сябе «прыхільнікам беларускага народа», папісваў артыкульчыкі ў фашысцкую «Беларускую газету», у якой пісаў, што «немцы апякуюцца над беларускай мовай». І нават пускаўся ў лірыку: «Пад нямецкай апекай беларускае жыццё асвеціцца залацістым сонцам». Дзіва што!

Вешаць людзей — гэта аднак жа было для гітлераўскага гера Кубэ толькі дробнай забаўкай. Ён любіў дзейнасць у вялікіх маштабах. Так на Камароўскай ускраіне Мінска пад яго нагляданнем і з яго распараджэння было расстраляна адразу каля сотні тысяч людзей. Іх звалілі ў канаву і засыпалі. Вялікая частка іх была яшчэ жывая. На некалькі кіламетраў зямля гэтай жудаснай, небывалай у свеце магілы варушылася больш як паўсуткі. Нямецкія аўтаматчыкі па загаду Кубэ расстрэльвалі натоўпы асірацелых дзяцей, бацькі якіх былі раней расстраляны. Па загаду Кубэ салдатня ўпрагала беларускіх вучоных у бочкі і вазіла на іх у свае казармы ваду.

Адным словам, берлінскі дзяржыморда пускаўся на ўсе хітрыкі, абы-толькі ўціхамірыць «перадкрай Нямеччыны», як называў ён Беларусь. Уціхамірваў ён Беларусь, уціхамірваў — і шыбеніцамі, і расстрэламі, і артыкульчыкамі, і дзяржымордаўскай «лірыкай», а на Беларусі кіпеў народны гнеў, і партызаны штодзень пускалі з рэек нямецкія паязды і адпраўлялі на той свет усё больш і больш акупантаў.

Па ўсёй Беларусі штодзень каціліся пад адкос нямецкія паязды, на дарогах узрываліся грузавікі з салдатамі, абозы з прадуктамі і танкавыя калоны. У раёне Мінска партызаны разграмілі і адправілі ў магілу нямецкае абласное кіраўніцтва, у Віцебску адправілі на той свет рэдактара фашысцкай газеты Брандта. Дзесяткі тысяч гітлераўскіх бандытаў знайшлі сабе магілу ад караючай рукі народных мсціўцаў.

Вялікі беларускі народ ніколі не цярпеў і цярпець не будзе на сваёй шыі крывавых катаў, няпрошаных апекуноў, усялякую чужаземную навалач, ахвотнікаў на чужы хлеб, якія да таго ж называюць сябе прыхільнікамі народа і прыхіляюцца да народа, як соль да раны.

Партызаны гэтымі днямі адправілі да магільных чарвей гітлераўскага гера фон Кубэ. Народная справа зроблена. Сабаку сабачая смерць. І калом яму зямля.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан