epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Спатканні з васпаватым чалавекам

Як чысцілі загадчыка культасветнай працай на заводзе, Явіч папрасіў слова і пачаў гаварыць.

 

* * *

Жанчына сышла з трамвая.

Пасля ўсяго гэтага Явіч успомніў, што ў тую хвіліну ён бачыў яе ля трамвая. Цяпер гэтая постаць засталася толькі ўваччу. Дзесьці прапала яна ў натоўпе, і Явіч, не думаючы пра яе, ішоў далей.

Звыклы шум яшчэ стаяў у галаве ад вялікага сходу, уваччу яшчэ стаялі высокія сцены, задымленыя пры столі, чорныя з жаўтаватым водлівам, машынная аліва па жалезных прэнтах і калёсах. Твары блізкіх людзей, уедлівы ў памяць твар новага чалавека — кіраўніка грамадска-культурнай работай.

Усё гэта кожнадзённае, блізкае, яшчэ не выйшла з воч, думак і адчуванняў, пакуль Явіч узышоў на той самы трамвай, з якога злезла жанчына, і пакуль ехаў праз увесь даўжэзны вулічны рэйс. Пасля, на драўлянай гарадской ускраіне, дзе два коміны заводзікаў ледзь дымілі ў неба, дзе ўжо ішла з поля ветравая свежасць, сплывала ўражанне.

Падыходзіў вечар, і трэба было спяшацца.

Явіч быў яшчэ гадзін пяць дома, была гаворка пра гэты ад’езд, пра нездароўе маленькай дачушкі, пра блізкую вясну... Анэта наказвала пісаць, а ён гаварыў заўтра ж зноў выпісаць доктара да малой.

А на вакзале зноў! Жанчына стаяла ля білетнай касы.

Вось цяпер Явіч і ўспомніў, як надвечар, ідучы з развітальнага сходу, пакінуўшы за сабою на тры месяцы звыклы штодзённы шум завода, убачыў гэтую жанчыну, калі яна сыходзіла з трамвая. Цяпер яна як бы ўкалола яго думкі чымсьці далёкім і ўедлівым. Хто гэта? Калі гэта і дзе было штосьці такое, што гэтак трывожыць цяпер? З чым гэта ўсё звязана?

Явіч ехаў на тры месяцы на працу ў вёску.

Цягнік прыпыняўся на станцыях на дзве ці на тры хвіліны, толькі пад дзень ужо на вялікай станцыі стаяў ён хвілін дваццаць. Тады Явіч выйшаў у буфет і зноў убачыў яе. Яна несла з буфета на столік шклянку моцнай гарбаты. Явіч у буфет не пайшоў, а стаяў колькі хвілін ля дзвярэй, гледзячы на яе твар. Адзета яна была звыкла яму. Гэтак адзяецца Анэта. Падрапаная за доўгі час скураная жакетка на футры, чорны шаль, гаматно накручаны на галаву і шыю. Яна здавалася задумёнай; доўга мяшала лыжачкаю гарбату, гледзячы кудысьці ўніз навылёт шклянкі. Што гэта ў гэтым твары? Твар як бы да таго пра штосьці гаворыць, што аж пакутная трывога апаноўвае чалавекам! І гэтая напорнасць думкі, жаданне ўспомніць перавышала ўсё — саплівасць змрочнага вагона, рух кустоў за вокнамі, світанне ў полі. Нейкая гармонія складалася ў чалавеку. Жаданне ўспомніць, жанчына, гэтае поле з рухавымі гаямі і хмызнякамі, з узгоркамі і лагчынамі — злівалася ў адно, вырастала і рабілася вялікім і важнейшым ад усяго.

Явіч успомніў, што на некалькі момантаў падобнае было з ім, калі колькі дзён таму на завод заявіўся новы кіраўнік грамадска-культурнаю часткаю. Спаткаўшыся першы раз тут, яны ад нечаканасці падаліся на крок назад адзін ад аднаго, пасля той, крыху збянтэжыўшыся, працягнуў руку:

— Ты тут? Працуеш? Даўно ты тут?

— Дзе тут?

— Ну, тут, у гэтым горадзе, на гэтым заводзе.

— З самага канца вайны.

— А-га... А я, бачыш, да вас. З другой акругі перакінулі...

Пасля таго яны яшчэ сказалі колькі слоў. Гаварыць ім было няспрытна, яны тут жа развіталіся. І кожны дзень, спатыкаючыся на працы, віталіся, рабілі выгляд, што кожны вельмі заняты, на гаворку няма часу. Гэта нават пачало рабіцца ўжо звыклым, хоць ненармальным. І мучыла Явіча.

Але спаткаўшыся з ім, Явіч не ўспамінаў. Чалавек быў гэтакі знаёмы, гэтак яго Явіч ведаў, што разам з ім адразу ж цэлыя фантасмагорыі адмысловага свету паўсталі ў ім. Тое, што было, што мінула і што засталося навек.

Хмурны дзень у чыстым полі. Восень. Меркнуць лясы. Вісіць смуга над зямлёй. Неба — поўна самоты і цішыні. Яно споўзвае ў далячынь. Праз яго цэдзяцца ясноты далёкага сонца. А лясы! Яны пакалечаныя і змагаюцца са смерцю. Выкарчаваныя парахавымі і дынамітавымі ўзрывамі, дрэвы корпацца над сваімі ямамі. Лясы застаюцца ў страшэнным калецтве паволі залечваць свае раны. А зямля! Скрываўленая, здрасованая, яна маўчыць. Але мо ўсяго дзень прайшоў ад вялікага штурму, а ўжо відаць: яшчэ колькі дзён, і кроў пачне зарастаць травою.

Каля лесу курацца галавешкі ад мужычых хат. Нават панскія палацы за лесам падрапаны, нават сцяна адна ў іх ушчэнт рассыпалася. І тут, у гэтым разбурэнні!.. Яму не важна, што ён увесь у зямлі. У закарэлых дзіравых лахманах. Ён не ведае, што твару ў яго няма, а ёсць пакута, а ў гэтай пакуце гараць два агні. Яны аглядаюць дарогу, і даўно ўжо (свет зжываў сябе, і вякі праходзілі тут у хвіліну) спапялела ў іх усялякая думка пра смерць. У крывавай траве кіпіць ужо жыццё, ужо сокі зямлі зноў твораць расцвітанне. У гэтай жудаснай цішы чалавек жыве! Ён чуе адно тупое тузанне болю ў плячы і адзін у гэтым ціхім утрапенні паўзе. Чалавек поўз, адпачываў, шукаў дарогі. Плячо не давала яму ўзняцца на ногі. Пасля яго напаткалі людзі — свае ці чужыя — але ён быў рад ім. Можа гэта і смерць, бо так туманіцца пачала галава і — дзіўна! — разам з тым такая яснасць думкі. Прагнасць жа жыць фарбавала ў ружовыя колеры калецтва зямлі і самотнасць неба.

Сапраўды кроў зарасла травою, і па ёй ляглі даўно ўжо рэйкі для новага экспрэса гісторыі. Цяпер гэта мінулы свет, а тады думкі не былі гэтакія ясныя, як цяпер, пра гэта.

Ішла ноч. Абяссілены чалавек, лежачы на прыемным холадзе зямлі, заўважыў над сабою васпаваты твар.

— Нежывы,— сказаў васпаваты твар сам сабе ціха,— вочы расплюшчаны і ашклянелі.

І засвістаў чалавек ціха, свістаў дзеля разрыўкі, дзеля нейкай сваёй упэўненасці. Толькі вочы ў неспакоі бегалі па зямлі, па траве, купаліся ў далечыні зямнога спустошання. Свіст яго быў адмысловы, ціхі, сухі, кароткі.

Вось калі новы чалавек з’явіўся на завод і падаў Явічу руку, калі яны пазналі адзін аднаго — як адзін ляжаў на зямлі, а другі стаяў пад ім — Явіч успомніў гэты свіст той хвіліны. Васпаваты твар пастарэў, але не змяніўся. Гэтаксама віжуюць вочы, і ад гэтага цераз твар праходзіць рыса застыласці. Ужо ўночы, калі на небе радасна гарэлі зоры і ажылі ночныя птушкі, Явіч прачнуўся. Плячо ныла, боль сцішыўся. Явіч першы раз, пасля ўчарашняй параненасці, узвалокся на ногі. Ціхутка, роўна льга было ісці. І ён пайшоў па той зямлі, якая праз усе стагоддзі залечвала ўсе свае раны ад сутычак народаў, па якой праязджалі імператары на белых конях, прымаючы хвалу «Віват, імператар!». Шмат слядоў загладзіла зямля на сабе. Салдаты якой імперыі не клялі гэтую, гэтакую далёкую ад радзімы зямлю, па якой гэтак цяжка ісці і выцягаць з яе свае цяжкія салдацкія боты?!

Разбітыя гарматамі панскія палацы бялелі за лесам, як здань. Дым з пажарышча слаўся нізка над зямлёю — датлявалі мужычыя хаты. Наводдалек жа ад пажарышча, на пакалечаным узлеску, захавалася штосьці цэлае: у белым змроку стаяла чалавечая ўтульнасць. «Нікога там няма»,— думаў Явіч, і слабець пачаў за брамаю. Але на ганак ён узышоў. Прысесці яму было цяжка. Ноч была глыбокая, і цішыня навокал была жудасная.

Ён як стаяў, прыпёршыся здаровым плячом да вушака, здалося яму, што дзесьці гавораць. Гэта была радасць — чалавечы голас!

Пасля ён успамінаў, што, як прачнуўся ён — была раніца, было сонца і навокал жыццё. Хтосьці дзесьці выразна гаварыў, і пасля зноў той самы!

— Вас моцна ранілі,— сказаў чалавек, уваходзячы ў цёмную клець.

Твар у яго быў гэтакі знаёмы — гэта ж ён учора нагінаўся над Явічам у полі. Васпаваты твар!

— Я вас бачыў учора на полі,— гаварыў усё чалавек.

— Што тут робіцца?

— Як? Дзе?

— Дзе фронт, дзе палякі, дзе нашы?

— Я думаў, што вы нежывы, калі глядзеў на вас учора,— сказаў чалавек з жорсткім спакоем.

Губы яго толькі злёгку задрыжалі.

— Слухайце...

— Ах, вы пра фронт?.. Нашы адступілі, мы на польскай тэрыторыі.

Явіч узняў галаву, кінуўся назад — страшна ад гэтага руху тузануўся боль у плячо.

— Чаго вы,— страшна ўсміхнуўся чалавек,— вы баіцёся? Вы хіба камуніст? Гаварыце смела ўсё, мяне можаце не баяцца, я такі ж самы, як і вы, палонны, толькі я здаровы, а вы паранены.

Явіч успомніў: учора на полі ён быў у дрэнным чырвонаармейскім шыняльцу. Шынялец быў распораны ўнізе па ўсіх швах, вывалены ў зямлі. Цяпер паверх чырвонаармейскага абмундзіравання, зношанага ў паходах, на ім быў пацёрты аксамітавы фрэнч.

— Вам цяжка гаварыць ці вы не хочаце? Тут пуста, але я думаю, зараз тут з’явяцца людзі. Можа варочацца ўцекачы пачнуць, хто астаўся жывы. Пэўна, улада хутка з’явіцца... Вы баіцёся?

— Мне страшна рана баліць.

— З’явяцца людзі і палечаць... Вы з якой часці?

— Дзе мы знаходзімся?.. Тут гэта бой быў?

— Тут самы цэнтр быў бою. На шмат вёрст толькі, мусіць, і засталіся два гэтыя хутарцы... Дык што вы думаеце цяпер рабіць?

Явіч нічога не казаў.

— Самае важнае — не бойцеся. Мы на той тэрыторыі, дзе большая сіла. Я думаю, што фронт ужо далёка: нічога нідзе не чуваць. Польская артылерыя яшчэ ўчора мінула гэтае месца, далёка ўжо, мусіць, увагнала ўпярод. Бальшавікі пайшлі назад. Вам непрыемна?

І памаўчаўшы:

— Хоць прыемна, хоць не, але нічога не зробіш. Не ўдалося, відаць. Я не стратэг, але думаю, што палякі цяпер выйгралі. А там — і ўнутры Расіі — непарадкі. Голад і холад яшчэ большыя будуць.

— Ну, дык што?

— Я і сам не ведаю, што. Я астаўся з бою, змучыўся я.

Ён чуць збянтэжыўся з сваіх слоў, здалося Явічу,— нават пачырванеў крыху.

— Мяне кантузіла, прысыпала зямлёю,— паправіўся ён.

Але збянтэжанасць яго была яшчэ колькі хвілін. Ён задумёна пастаяў крыху над Явічам, пасля засвістаў знаёмым ужо Явічу свістам, ні слова не кажучы, выйшаў. Явіч астаўся ляжаць адзін на саломе. «Хто мяне палажыў сюды?» — думаў ён. Нейкі страх быў у яго ад таго, што васпаваты чалавек можа зноў прыйсці сюды. Яго мучыў голад, яму страшна хацелася піць, яму хацелася быць цяпер на сонцы, у спакоі, у пэўнасці. Страшна балела плячо. «Мусіць, так зайдуся ад раны і голаду»,— думаў ён.

Васпаваты чалавек зноў прыйшоў. Ён прынёс у салдацкім кацялку есці.

— Я тут як за гаспадара якога,— усміхнуўся ён.

— Тут нікога няма з гаспадароў?

— Ёсць тут...

— Хто?.. Гаспадарская сям’я асталася?

— Ешце,— сказаў васпаваты чалавек.

Явіч папрасіў вады, і той прынёс. Ён карміў і паіў Явіча. Явіч аслабеў, сілкуючыся.

Явіч зноў пакутаваў у гарачцы і непрытомнасці. За дзень ён колькі разоў прыходзіў да памяці. Апоўдні сонца праз малюсенькае акенца засвяціла яму ў твар. Трывога яго і боль узняліся больш.

Надвечар у клець увайшла жанчына.

— Гэта вы?.. Слухайце... гэта вы мяне палажылі тут?

— Я з вашым таварышам.

— З якім?

— А ён жа даглядае вас тут.

— Таварыш?..

— Але...

— Вы гаспадыня?

— Цяпер як бы гаспадыня. Адна я тут.

Явіч гаварыў з пакутаю, але ён шукаў пэўнасці.

— Гэта ваш хутар?

Жанчына адказала не адразу. Яна маўчала, плакала, глядзела Явічу рану. Гаварыла нясмела, недаверліва, але Явіч адразу пачуў яе забітасць, жудасць тут, страх, сіроцтва, шуканне жывога чалавека.

«Яна адна. На багатым хутары ў далёкага дзядзькі яна была як за наймічку. Бацька забіты яшчэ на ранейшай, імперыялістычнай, вайне. Маці даўно памерла. І нічога пасля рамесніка-бацькі не асталося. Багатага дзядзьку-хутаранца, тутэйшага гаспадара, пазаўчора гарматны набой змяшаў з зямлёю».

— Вунь там, за грушаю, не ўспеў у пограб ускочыць,— паказала яна праз вузенькае акенца.— Ён не хацеў хутара кідаць, чакаў, што навала пройдзе і дабро ўпільнуе.

Яна плакала ціха і доўга:

— Божа мой, божа, я адна.

Яна была маладая.

— Можа я памру,— сказаў Явіч,— дык я прашу вас: дастаньце ў мяне з кішэні ў канверце ліст, там мой адрас дадому. Калі ўсё мінецца, хоць праз колькі год, напішаце, як і дзе я памёр.

— Я непісьменная,— сказала яна.

Цёмная і забітая была гэтая дзяўчына.

Дапамога прыйшла нечакана. Назаўтра зямля навокал пачала ажыўляцца. Варочаліся людзі. На хутар прыгналі раненых палонных, мо нават з гэтага самага поля. У хаце, сенцах і клеці зрабіўся шпіталь палонных. Васпаваты чалавек з паўдня пахадзіў на хутары, пасля знік.

— Вашага таварыша забралі,— сказала дзяўчына Явічу.— Пагналі ў горад, дзе ўсе палонныя, каторыя здаровыя.

— Якога таварыша?

Явіч чуў сябе лепш. Павязкі ляжалі на ране. Боль утаймаваўся. Кулю доктар дастаў.

— А ён жа ўсё казаў, што вы яго таварыш, што вы разам служылі, што вы ведаеце добра адзін аднаго.

Явіч нічога не адказаў.

Але праз колькі часу, дзён мо праз два, васпаваты чалавек з’явіўся назад на хутар.

— Пусцілі на работу, пад нагляд,— сказаў ён. І ўзрадаваўся: — Фронт далёка!

Ён колькі разоў спачатку падыходзіў да Явіча, пасля пакінуў. Знаёмства спынілася.

Колькі палонных памерла. Явіч ачуньваў. Васпаваты чалавек пачынаў хадзіць па хутары, як гаспадар. Явіч пачаў заўважаць: яны гаспадарылі разам з гаспадыняю, кудысьці ён пачаў ездзіць, і гаспадыня больш не падыходзіла да Явіча.

Але аднойчы чалавек выказаў страшэнны непакой. Явіч чуў, як ён пасвістваў, ходзячы, прыглядаўся да людзей. Ён як бы пачуў што трывожнае. У той жа дзень зноў загулі першыя гарматы.

— Фронт ідзе,— радасна зашапталі палонныя.

Але наступныя дні больш не радавалі іх. Фронт ці спыніўся, ці адышоў назад зноў. Васпаваты чалавек паспакайнеў.

Гэта было тады, калі фронт трымаўся блізка, але невядома было, куды ён пойдзе.

Явіч быў у змове: палонныя рыхтаваліся ўцякаць.

Васпаваты, нядаўны чырвонаармеец, быў у іх на хутары за гаспадара, і гэты гаспадар падслухаў і выкрыў змову. Я віла пагналі з хутара разам з усімі. Тады ён ачуньваў добра, і думкі пра ўцёкі не пакідалі яго. Але ўсё адбылося само сабою. Калі фронт рушыў зноў у глыб тэрыторыі, што была пад палякамі, палонных не ўспелі адвесці. Быў прарыў фронту, быў пярэпалах. І зноў Явіч пайшоў ваяваць. Тады ён яшчэ раз спаткаўся з васпаватым чалавекам. Ён зноў быў у чырвонаармейскім шыняльцу і, калі фармавалі нядаўных палонных у роту, загаварыў з Явічам:

— А я думаў — палякі верх бяруць. Памятаеце, як я вас карміў параненага?

— Памятаю.

— Я не стратэг. Я тады казаў сам.

— Каб вы былі стратэг, вы не выкрылі б змовы.

Чалавек пабялеў:

— Не, не я. Што мне з таго было б, вы падумайце.

Аднак палонныя заўважылі нядаўнага гаспадара з хутара. Явічу пасля пісалі некаторыя з іх, што папалі ў адну часць з васпаватым, што яго будуць судзіць. Да яго прыязджала развітвацца жонка, дзяўчына з хутара, плакала, нудзела,— так пісалі Явічу.

Явіч цяпер не мог спаць у вагоне. Мучыла яго страшэнная ўзбуджанасць: чаму гэта незнаёмая і разам з тым гэтакая знаёмая жанчына вярнула яго думкі да васпаватага чалавека? Гэта яна з таго далёкага часу, з таго жудаснага поля, з таго хутара? Явіч некалькі пралётаў стаяў усё ля акна, чакаючы вялікай станцыі, а на ёй выйшаў шукаць жанчыны. Ён зноў знайшоў яе на станцыі.

Цяпер ён бачыў — гэта яна. Ён адразу пайшоў да яе. Ад яе зірку павеяла на яго тым далёкім.

— Вы родам з...

Ён назваў тую мясцовасць.

Твар яе гэтак дзіўна стаў ясным.

— Хто вы? Як жа вы ведаеце?

— Значыцца, вы адтуль?

Яна здзівілася, захвалявалася, разглядала яго.

— У мяне было плячо ранена, як вы адны былі асталіся там.

Яна маўчала.

— Я тады прасіў вас, калі памру, напісаць пра мяне маім...

— Штосьці ўспамінаецца мне,— сказала яна.— Я тады ліст ваш узяла дзеля адраса, а сама пісаць не ўмела... Так вы пасля таго і зніклі былі.

Яна хвалявалася, чагосьці трывожылася.

— Якая сустрэча!.. Ліст той ваш захаваўся ў мяне, дзесьці ляжыць дома.

— Дзе ж ваш дом цяпер?

— У N.

— Я непадалёку буду там, тры месяцы...

Яна хоць і гаварыла спакойна:

— Дык заедзьце да мяне, вось вам я напішу свой адрас цяпер.

Але Явіч бачыў: яна толькі стараецца разагнаць сваю трывогу і не ўдаецца ёй.

— Вы едзеце адтуль, адкуль і я... Я цяпер прыпамінаю, як днём бачыў вас ля трамвая, тады ўжо хацеў пазнаць вас...

— Я была там.

Ідучы ўжо ў вагон поплеч з ім, яна дзіўна ўсміхнулася.

— Я да мужа ездзіла.

Пасля паправілася яшчэ з больш дзіўнаю ўсмешкаю:

— Да былога мужа... Калі так, можа і яго ўспамінаеце. Васпаватага свайго таварыша помніце?

— Вы і тады на хутары называлі яго мне маім таварышам.

— А хіба не?

— Не, я толькі першы раз убачыў яго, лежачы на зямлі, як ён хадзіў па полі.

— Шукаў хутара? — засмяялася яна.

Явіч не распытваў пра ўсё. Толькі чуў ён, што можа цяпер смела запытаць:

— Яго ж судзілі тады?

— Не.

— А мне пісалі.

— Апраўдалі. Ніхто не давёў выразна. Недаведзенае абвінавачванне!

Цяжкая, як зямля, навала думак, зусім новых, заварушылася ў Явіча. Жанчыне ён не сказаў, што зноў сустрэўся з васпаватым чалавекам.

Цягнік тады прыйшоў быў да апошняй яго станцыі апоўдні. Жанчына ехала далей яшчэ да наступнага паўстанка. Явіч падышоў да акна яе развітацца. Яна чакала там яго задуменым зіркам сваім.

Была глуш. Явіч ехаў яшчэ вёрст сорак коньмі.

— Вы ж заедзеце? — сказала на развітанні жанчына.

— Хіба ніяк не трапіцца!

Колькі часу яшчэ Явіч упарта супроць волі сваёй думаў пра дзіўнае спатканне, пра дзіўныя нечаканасці ў гэтыя дні. Але неўзабаве не гэтакімі вострымі сталі адчуванні усяго гэтага.

Глуш жыла!

Былі тут новыя знаёмствы. Явічу здавалася, што гэта ўсё старыя яго знаёмыя, блізкія людзі...

У канцы трэцяга тыдня Явіч напісаў знаёмай жанчыне пару слоў пра тое, што, мусіць, неўзабаве давядзецца яму быць там. Ён чакаў гэтай сустрэчы; чулася яму, што ўсё гэта павінна нешта высветліць, давесці да пэўнасці нават тыя трывогі, тую можа, як ён сам называў, хваравітасць, сляды якой палажылі на яго ўсе гэтыя крывавыя жудасці парахавога дыму, крывавага поля, мёртвай адзіноты спустошанай зямлі. Была там не толькі параненасць у плячо, мог быць там зранены ўвесь чалавек — і думкі і сэрца. Гэта, каб чалавек быў мякчэйшы!

Явіч спыніўся на тым паўстанку,— таварны цягнік стаяў на пераездзе. Явіч злез з саней, прайшоўся паўз вагоны.

Зіма дажывала апошнія дні свае. Навокал было поле, снег макрэў, хоць бялеў яшчэ скрозь, не зачэплены сонцам. Дыхала прастора воляю, ветравою свежасцю. Сінеў лес на ўзгорку, далягляд навісаў тонкаю празрыстасцю.

Поезд пайшоў, і Явіч ужо хацеў садзіцца ў сані, ехаць далей, як раптам прыгорбленая крыху постаць зацікавіла яго. Не было ў ёй нічога незвычайнага, проста высокі чалавек у бравэрцы, пацягненай вышмальцаваным кортам.

Хто гэта? На якім з сходаў, гэтых бурных сялянскіх паводак, быў гэты чалавек?

Твар яго ўбачыў Явіч у профіль.

Твар быў востры, немалады, нервовы.

Явіч рушыў ужо ў дарогу, як чалавек прывітальным махам рукі спыніў яго. Явіч папрасіў свайго фурманшчыка пачакаць чалавека.

Той працягнуў Явічу руку:

— Я вас пазнаў.

— Я вас дзесьці бачыў, усё думаю дзе.

— А на тым тыдні ў...

Ён назваў вёску.

— ...Сход я праводзіў, і вы пасля прыехалі.

Явіч назваў яго. Настаўнік адтуль, куды цяпер едзе ён!

— Пехатою іду, як бачыце.

— Адкуль?

— Справы ўсё. А вы куды?

— Садзіцеся разам са мною.

— Я то сяду, але думаў, дагоніць мяне наша сельсавецкая працаўніца. Я яе чакаў на паўстанку, а дале пайшоў... нагоніць, думаю.

Колькі хвілін маўчалі.

— Яна ў нас дзіўная.

— Хто?

— А от што я гаварыў, сельсаветчыца.

Явіча цікнула. Ён стаў распытваць.

Яна самая!

— Яна адна жыве?

— З сынам, год дзесяць хлапцу.

— Даўно яна ў вас?

— Колькі год ужо.

— А муж яе?

Явіч запытаўся назнарок.

— Прыехала яна сюды адна была, з хлапчуком. Страшэнна змучаная была... гады тады галодныя былі. Забітая была, цёмная... Муж у войску, гаварыла.

— А пасля?

Явіча зноў агортвала дзіўная трывога.

— А пасля і ён прыязджаў, толькі не армеец быў.

— Ён быў і армейцам, я ведаю.

— Вы ведаеце яго?

— Яго?

— Сапраўды ён армеец быў?

— Быў.

— Вы добра ведаеце?

— Я з ім спаткаўся на вайне быў.

— А пра яе?..

— І пра яе.

— Што?

— І яна адтуль.

— Адкуль?

— З вайны.

— Як?

— От толькі цяпер і сам пачынаю разумець, здагадвацца, чаму гэтак рабіў ён.

— Як жа яна, з вайны, вы кажаце?..

— На багатым хутары яна адна асталася была...

— Так, так.

— Гаспадар не ўсцярогся і згінуў, а яна, далёкая сваячка, асталася на польскай тэрыторыі адна за поўную гаспадыню.

— Далёкая сваячка, за парабчанку была, раптам робіцца за гаспадыню?

— Выходзіць так.

— І хутар аставаўся ёй у спадчыну?

— Здаецца, так.

— Вы, як кажуць, льеце святло на гэтую справу.

— А ён тут як прыязджаў сюды?

— Да яе.

— Але?

— Як муж... але...

— Ненадоўга, вы хочаце сказаць.

— Ненадоўга.

— А як жа ўсё адбылося?

— За штосьці яго меліся судзіць, справа нейкая была за ім, пакуль яна цягнулася, работы не меў, не было дзе дзецца, дык...

— Па той справе яго даўно, тады ж яшчэ, апраўдалі, не даведзена было, я чуў.

— Гэта так, але пасля пачалі нанава, мусіць, матэрыял новы быў.

— А гэта не яна падавала новы той матэрыял?

— Яна ж, калі прыехала сюды, вестак пра яго ніякіх не мела, анічога не ведала. Ён прыехаў неспадзявана, як яна пачала ўжо чалавекам рабіцца. Я гавару «чалавекам» у пэўным сэнсе.

— Разумею.

— Як яна ўжо даслужвала за парабчанку апошнія, можна сказаць, дні.

— Але ж ён як жа мог ведаць пра гэта?

— А ён адразу не з’явіўся. Гэта дык я ўжо ведаю. Ён пааціраўся так раней у гэтай мясцовасці.

— А як жа ён знайшоў яе тут?

— Знайшоў жа нейк, шукаць, відаць, што яму трэба, умее.

— Значыцца, і другі раз з справы ён чысты выйшаў?

— Выходзіць, што так.

— Доўга ж ён тут быў?

— Не. Мала пабыў тут.

— Што ж, разышліся яны цяпер зусім?

— А пэўна ж.

— А я тыдняў тры таму ехаў з ёю разам у цягніку, дык яна гаварыла, што ад яго едзе. Можа жартавала?

— А, мусіць, такі ад яго.

— Як жа так?

— Ну, не зусім ад яго, але адтуль. Яна нядаўна з жаночага з’езда вярнулася. Ну, пэўна, ён, калі ведаў, пастараўся бачыцца з ёю. Ён цяпер ніжэй травы, мусіць, перад ёю.

— Чаму?

— Яна справу пачала цяпер сама.

— Сямейную, іхнюю?

— Усё тую ж, кажуць.

— Трэці раз?

— Але.

— Вы гэтую справу ведаеце?

— Не.

— А я ж ведаю.

Явіч расказаў пра змову палонных.

— ...На польскай тэрыторыі ён мог астацца ненаўмысля, хоць усё гэта наводзіць на пэўныя думкі. Але як убачыў, што льга сабе добрую аселасць зрабіць, што гэтакі залаты выпадак, дык — усё тут ляснула.

— Дык яна ў вас сельсаветчыца?

— Самая выдатная ў нас тут працаўніца. Што ж, парабкоўскае гора ведае.

Так прагаварылі да канца дарогі.

Перад імі зачарнела вёска.

Явіч убачыў яе толькі назаўтра. Як старога знаёмага, што ведае якуюсьці таемнасць у яе жыцці, спаткала яна яго.

— Учора прыехалі? — здзівілася яна.— Дзе начавалі?

— У настаўніка.

Явіч убачыў яе сына.

— У твары ёсць штосьці бацькоўскае. Праўда? — усміхнулася яна.

— Ёсць.

— Спадчыннасці не будзе!

Яна зноў усміхнулася.

— Я ў гэтым пэўна.

Явіч дзівіўся перамене ў ёй. Не тое, што яна можа і зашмат пастарэла за гэтыя год дзесяць, а зусім уся іншая стала.

Яна сама гаварыла:

— Дзесяць год гэтыя — вялікімі гадамі былі мне. Я жыла, перажывала ўсё, вучылася...

 

* * *

Пасля таго, як Явіч скончыў гаварыць, чыстку заводскага культасветніка адклалі, каб пачуць слова N-скай сельсаветчыцы.

Яна прыехала сама.


1929?

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том другі. Апавяданні. 1928-1944 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан