epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Спатканне ("Была восень...")

Была восень.

Пачынала развідняцца, і было спакойна на вясковай вуліцы. У белаватым змроку блішчала нерухомая дажджавая вада; у абложаных картаплянікам хлявах спявалі пеўні. Маўчалі клёны і грушы каля хат, трымаючы на абсохлым за апошнія пагодлівыя дні голлі сваім астаткі пачарнелага лісця.

У гэты час дрэнна адзеты чалавек прыйшоў у вёску. Ноч была толькі змрочная, белаватая. Цяпер жа, пад дзень, яшчэ відней было, і дрэннае адзенне чалавека было прыкметным: падпяразаная суконная жакетка калмацілася ўнізе сваёю няроўнаю абарванасцю, лапці шморгаліся па вільготнай дарожнай зямлі — чалавек, відаць, быў утомлены.

Такім от стомленым крокам чалавек падышоў да вёскі і вельмі ўважліва агледзеў новыя крайнія хаты. Тут месцамі ляжала яшчэ не скарыстанае пры будоўлі дрэва, пахла свежымі, кагадзе напілаванымі, дошкамі. Новым зрубам бялела здалёк студня. Яшчэ пахла ралля і з’едзеная жывёлаю да самых карэнняў паплаўная асенняя трава.

Далей на вуліцы было цямней — хаты стаялі тут гусцей, чарнелі платы і гусціліся дрэвы. У шмат якіх хатах свяціліся вокны, шастанне ж сячкарні недзе ў гумне не парушала спакою і цішыні безутрапёнага рассвітання.

Па вузенькім тратуары, з тонкіх аполкаў, чалавек прайшоў канец вуліцы, агледзеўся вакол і звярнуў у вузкі двор каля панурай хаты. Кудлаты і нязграбны малы сабака папробаваў бурчаць, пасля сціх. Пасярод двара ляжалі наколаныя дровы, і недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё.

Чалавек пастукаў у дзверы. Неўзабаве жаночы голас запытаў з сяней:

— Хто?

Чалавек адказаў:

— Я, Антось...

Голас у жанчыны раптам стаў здзіўленым і як бы радасна ўзбуджаным раптоўнаю навіною.

— Антось, няўжо! Братка, як жа гэта?!

Жанчына адчыніла дзверы, прапускаючы чалавека ўпярод, у хату.

У сенцах пахла мукою і сырою бульбаю; у хаце было трохі душна і цемнавата. Малая лямпачка стаяла на стале сярод хлебных скарынак і лыжак, не прыбраных яшчэ ад вячэры. Лямпа давала чырванаватае святло, і ў ім хмурыліся пабеленыя сцены, кагадзе абмазаная глінаю печ... Стары гадзіннік, вырысоўваючыся на сцяне шырокаю лапінаю, вельмі павольна і няроўна адбіваў свой такт. Вокны, застаўленыя ўсялякімі дробнымі рэчамі, сінелі пачаткам маладога дня.

— Братка, Антоська! — зноў сказала жанчына.

І, памаўчаўшы трохі, заплакала.

— Чаго ж ты?!

— Горка мне неяк.

— Чаго?

— Аб табе... ці здароў ты хаця?

— От бачыш жа, здароў, калі прывалокся сам. Пеша ішоў.

Чалавек быў малады. Толькі старыла яго няголеная нейкі час барада. Ён сеў на лаву, палажыў каля сябе свой невялікі клунак і пачаў скідаць растаптаныя лапці. Анучы ў лапцях былі мокрыя.

Жанчына стаяла пасярод хаты, падпёршы твар левай рукою, і глядзела на яго.

— А я чакала раней цябе, думала, што ты неўзабаве як-небудзь прыбудзеш, як толькі тады тую вестку прыслаў. Ажно толькі цяпер... мусіць, цяжка вельмі...

— Нічога. Толькі пакуль дакуманты справіў... А так усяго было. Вядома, што гараваць даводзіцца... А тут змены нейкія, канец вёскі адбудован новы.

— Гэта паадсяляліся з вуліцы — цесна вельмі.

Жанчына выцерла твар ад слёз і села побач на лаву.

Яна на выгляд была старэйшаю за брата. Сялянская задумёнасць і заклапочанасць была ва ўсёй яе постаці. Яна моцна пазяхнула, паправіла на галаве валасы і, усё яшчэ неяк устрывожана, ціха гаворачы з братам, пачала мыць бульбу ў вялікім дзеравяным вядры.

Пачаўся дзень. Зрэдку з вуліцы чутны сталі галасы, скрыпела коваратам студня і зусім блізка ржаў маладым голасам конь. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. З вулічнага акна відаць стала: за пустым агародам — незабудованым пляцам на тым баку вуліцы — ападаў тонкі асенні туман над паплавамі. Скрозь яго разарваны засціл абрысоўваўся лес ці кусты; нехта хадзіў там па агародах, высокі, апрануты ў кароткі кажух. Змрок ночы хутка распоўзваўся.

Не пакідаючы гаварыць з сястрою, Антось глядзеў на акно і далей, што было за ім.

— Тут усё, як і было, на самай вуліцы,— сказаў ён сам сабе.— А от хата гэтая Янкава толькі знесена.

Сястра заўважыла:

— Янка памёр, а сыны павыязджалі, недзе вучацца. Дык пляц цяпер Мікалаю Крываногаму аддалі — гаспадара на яго не было: тыя як паехалі, дык так і пуставаў і ён. Мікалай хату будзе некалі на вясну ставіць.

— А хто аддаў пляц? Янкавы сыны?

— Не, уся вёска, на сходзе.

— А сыны?

— А нашто ім пляц? Яны можа сюды доўгі час і вачэй не пакажуць. Іх галовы іншым заклапочаны.

Жанчына пайшла даіць карову. Антось падвесіў на вешала над комінам анучы, каб прасохлі.

Кароткая асенняя раніца. На вуліцы ўжо крычалі дзеці, бегучы ў школу.

 

Тут, у гэтай знаёмай хаце, мала што з вонкавага боку змянілася за апошнія некалькі год. Сцены бяліліся, мусіць, некалі летам — яны пацямнелі трохі. Каля печы было натупана вільгаці; стаялі кашы з бульбаю, ляжала бярэма насечанага дробна і звязанага перавяслам лому. Антось глядзеў на вокны, пазастаўленыя ўсялякімі дробнымі рэчамі, і пазнаваў выразы рам, больш толькі пачарнелых з таго часу... Унь у двары суседняя сцяна, да яе прыроблена падпаветка, пад якою складзены непілованыя дровы. Такі выгляд мела гэтая сцяна і тады.

Але тады іначай усё было ў самога Антося. Тады ён быў зусім маладым хлапцом, як пакідаў хату гэтую, знаёмую з малых дзён, для таго каб застацца ў маёнтку Рымашах за парабка. Бо на адной дзесяціне поля нельга было нічога зрабіць, і Антось пакінуў і хату і дзесяціну гэтую сястры сваёй, якая была замужам за чалавекам з-пад тых жа самых Рымашоў — Хвёдарам Маліноўскім — чалавекам гультаяватым і горкім п’яніцай. Наймаўся ён на падзённую работу, і сястра з дамашняга гора папала ў другое. Тады Антось нават нічога не захацеў браць ад сястры — адмовіўся ад сваёй часткі з хаты і дзесяціны, выбіраючыся за парабка ў маёнтак і пакідаючы ўсё сястры.

Аднак жа нават і пасля гэтага, калі да дзвюх дзесяцін Хвёдаравых далучылася дзесяціна жончына,— і тады нічога не змянілася. Хвёдар піў яшчэ больш і штодня катаваў Агату. Агата пачала хварэць.

Маёнтак Рымашы быў далёка, і Антось усяго толькі некалькі разоў быў у сястры сваёй Агаты. Пачуццё братняй блізасці да яе было амаль заўсёды загублена ў навале штодзённых клопатаў і работы з цямна да цямна. Пасля, як маёнтак Рымашы быў аддзелены ад роднай вёскі дзяржаўнай мяжою, з тых часоў толькі адзін ліст атрымала Агата ад брата. Апошні ж раз бачыліся яны, калі Антось вярнуўся з царскай вайны. Тады некалькі дзён прабыў у роднай хаце — у прыглушанай бядотамі і мужам-п’яніцай сястры. Пасля пайшоў назад у маёнтак — дзяліць яго між усімі парабкамі. Але праз некаторы час — парабак застаўся парабкам і так, як і раней, кожны вечар прыходзіў дадому раззлаваны і стомлены на панскім полі. І ўсё грэў у сабе думку як-небудзь вярнуцца да сястры, як-небудзь узяць сваю частку з той хаты і дзесяціны, што-небудзь прыкупіць на выплатку і пачаць жыць іначай. Бо гады праходзілі, і не хацелася дажываць веку так у парабках. Родная ж вёска моцна цягнула яго да сябе.

…............................................................................................................................................................

— Дзе ж Хвёдар? — запытаў Антось, раптам успомніўшы.

Агата чуць усміхнулася, пільна гледзячы ў вочы брату.

— Няма Хвёдара.

— А дзе?

— Другі год няма ўжо... Разлучыліся з ім. Не магла жыць больш.

— А дзе ж ён цяпер?

— Не ведаю. Недзе работу знайшоў і выехаў з вёскі. Прысуджаную сваю частку з маёмасці прадаў і так паехаў. Не вельмі даўно паехаў, а то трохі тут жа ў хаце жыў, пасля ў суседа трохі. Суд хату мне прысудзіў, бо сын са мною застаецца і падрастае, зараз гаспадаром будзе. Цяпер лепш жывецца мне.

— А гаспадарка?

— Зямлі прырэзалі. Дык я адна ўсё і ўпраўляюся. Уладзіку трынаццаты год ідзе... ты яго, мусіць, не памятаеш. Вучыцца цяпер.

— Дык табе лепш жывецца?

— Лепш. Я ажыла проста. Можна стала разлучыцца лёгка з Хвёдарам, поля больш стала, толькі што самой рабіць давялося.

— А Хвёдар хіба не дамагаўся ўсяе гаспадаркі?

— Дамагаўся, але толькі частку, і то меншую, яму. А то хацеў мяне зусім прагнаць, каб я ішла немаведама куды. Тады ён проста прапіў бы ўсё, такая натура ў яго... Але самае важнае, што нейк іначай пачуваю сябе... Цяпер, летам гэтым, паднаўляць хату буду, ужо запісалася на дзерава, адпускаць будуць. Пад вясну буду каня пераменьваць, стары дрэнна робіць. Таксама дапамогі папрашу, мусіць дадуць мне як удаве.

Агата ўсміхнулася ізноў, пры слове «ўдаве».

Уладзік усхваціўся з пасцелі і хутка адзяваўся. Ён быў тонкі і рухавы. Схваціўшы са стала хлеба, ён, прыціскаючы пад пахаю кнігі, пабег у школу.

— Сястра,— сказаў Антось,— а я думаў, што ты таксама сохнеш ад жыцця, як і тады, калі бачыў і ведаў. І сам дзіўлюся, як гэта мог я думаць нават, ведаючы пра тое жыццё, браць якую-небудзь часць з тае беднае гаспадаркі. Усё інакшым цяпер здаецца мне. Я не ведаю, што і як буду я рабіць цяпер, чым займуся, але рад я чуць ад цябе ўсё гэта.

…............................................................................................................................................................

Пасля поўдня Уладзік з дзядзькам Антосем выбраліся ехаць у лес. На дварэ падмарожвала. Чулася блізкая зіма. Тонкая пялёнка лёду лажылася на ваду. Як выехалі за вёску — лёгкім холадам пацягнула з поля. Конь паволі ішоў па прымёрзлай трохі гразі, па сушэйшых месцах прабаваў бегчы. Хлапчук весела патузваў лейцы. На грэблі праламалі калясьмі плыткую лужыну, якая паспела ўжо зацягнуцца трохі лёдам. Пробаваў ісці ледзьве прыкметны, дробны і сухі снег.

 

 


лістапад 1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан