Кузьма Чорны

Што пасееш — тое і пажнеш

Абармот і злодзей стараецца жаць там, дзе ён не сеяў. А фрыц — дык той яшчэ танчэй удасканаліў гэтыя абармоцкія замашкі: ён хоча жаць там, дзе ён усё спаліў.

У Віцебску немцы прапануюць аграбленаму насельніцтву арандаваць у іх пад гароды віцебскія пажарышчы. Аб гэтым даводзіць да ведама віцеблян фашысцкі «сельскагаспадарчы лісток».

«Гарадская ўправа прапануе ў арэнду пад гароды ўчасткі на пажарышчах. Гэта вельмі добрая справа».

Дзіва што добрая! Прыцягнуўся, спаліў табе хату і бярэ за горла: арандуй у мяне месца, дзе стаяла твая хата.

А далей тлумачыць, чаму трэба віцеблянам арандаваць пад гароды свае пажарышчы:

«Вельмі востра стаіць пытанне, як жа забяспечыць сябе хоць бы самымі неабходнымі прадуктамі, каб захаваць жыццё... Спадзявацца, што германскае камандаванне забяспечыць насельніцтва прадуктамі, трэба менш за ўсё».

Можна сабе ўявіць, да чаго давялі фашысты віцеблян, калі нават самі яны вымушаны пісаць, што трэба думаць, як бы захаваць ад голаду жыццё.

Вядома, не аб «захаванні жыцця» тут ідзе гаворка. Немец «ахоўвае» жыццё віцеблян на шыбеніцах. Там гэтае жыццё задушана вяроўкай. Ён хоча пажаць на пажарышчах і зжэрці. Бо той жа лісток тут жа, побач друкуе такі зварот:

«Давядзіце здачай як магчыма большай колькасці малака, што вы добра ўяўляеце сабе свае задачы і заслугоўваеце назвы свабодных людзей».

Дзіва што ўявіць сабе свае задачы такі «свабодны чалавек». Ён сабе іх і ўявіў. Свабодны ад дома, ад хлеба, ад свабоды чалавек вырашэннем сваіх задач і займаецца. І ад гэтага фрыцаўская морда дрыжыць і азіраецца, каб не спаткацца з партызанам.

Цяжка прахвосту жаць там, дзе ён паліў. І яшчэ цяжэй яму будзе дацягнуць ногі туды, адкуль ён прыцягнуўся.




Беларуская Палічка: http://knihi.com