epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Стварэнне тыпаў і вобразаў жыцця

Дзіўна ўспомніць той час, калі да пастановы ЦК ВКП (б) аб перабудове мастацкіх арганізацый бытавала самая заядлая групаўшчына, гэты сапраўдны біч усялякай творчасці. Групаўшчыну мы цяпер зжылі і зжываем самыя апошнія яе рэшткі. Наша літаратура развіваецца вельмі шпарка і з вялікім уздымам. Беларуская савецкая літаратура за гэтыя тры гады стала на высокі пункт уладання самымі высокімі мастацкімі формамі рамана, драмы, навелы, апавядання, паэмы. Да вялікіх вышынь дайшла наша савецкая лірыка. Наша проза і драма стварылі выдатныя ўзоры тыпаў і вобразаў.

У чым галоўная перамога нашай літаратуры? У разгроме класавага ворага. Хіба гэта не перамога, што наша лірыка адзываецца поўным сугучным водгукам у савецкім грамадстве, што наша проза і драма далі чалавечыя тыпы і вобразы, мастацкая яркасць якіх сапраўды манументальная! Абсалютна нельга параўноўваць, нават і для кантрасту, гэтых напластаванняў нашага літаратурнага мастацтва з убогасцю сентыментальнага стылька нацдэмаўскай прозы і жабрачага лірніцкага скрыпу напдэмаўскай паэзіі.

Перад намі, савецкімі літаратарамі, высіцца скала, якую мы павінны распрацаваць — выплавіць з яе руды дарагі метал. Тыпы і вобразы сучаснасці і мінуўшчыны, ва ўсіх сваіх жыццёвых выяўленнях, просяцца ў нашы творы, і мы не былі б савецкімі пісьменнікамі, мы не выканалі б свайго абавязку, калі ў самы бліжэйшы час з нашых твораў не выйдзе ў жыццё новая галерэя вялікіх тыпаў нашых дзён. Такіх літаратурных тыпаў, якія былі б сваёй мастацкай сілай варты жыццёвых сваіх прататыпаў — правадыроў партыі, наркомаў, калгаснікаў, ударнікаў, рабочых, чэкістаў, камандармаў, камандзіраў арміі, вучоных — тыпаў з нашага жыцця, літаратурны вобраз якіх быў бы своевіднай літаратурнай скульптурай.

Падзеі і сітуацыі! Маляўнічая відовішчнасць! — узнікненне новых сацыялістычных гарадоў, фармаванне і рост сталіц, фармаванне новых душ, фармаванне чалавечай годнасці, прыход к сапраўднаму жыццю ранейшых нявольнікаў жыцця!

Класавы вораг! Ён яшчэ не дабіт. Стварэнне літаратурных тыпаў хоць бы такой разнавіднасці ворага як нацдэмаў — хіба гэта не павінна быць зроблена ў мэтах удару па гэтаму ж ворагу.

Мінуўшчына! Вобразы яе мы павінны даць у літаратуры, паказаць яе твар, даць тыпы і вобразы нашых папярэднікаў і папярэднікаў нашых ворагаў. З нашых твораў і наша пакаленне і будучыя пакаленні павінны пачуць звон разрываемых ланцугоў закаванага ў феадалізм і капіталізм чалавецтва.

Скалу нечапанага матэрыялу мы будзем з большай яшчэ заўзятасцю і ўпартасцю пераплаўляць.

Мы на самым высокім пункце свету. Адсюль мы бачым да шырокіх даляглядаў наперад і да самага змроку жыцця першабытнага чалавецтва — назад. Наш светапогляд бязмежны, усечалавечы. З бальшавіцкіх вышынь мы бачым навылёт і душу чорнай фашысцкай рэакцыі і супрацьлеглую ёй душу вялікага прагрэсу.

Тых магчымасцей і перспектыў, якія нам дадзены, мы не можам не апраўдаць.

За кожнадзённую, бесперапынную ўпартую працу! Мы не можам не быць працаўнікамі.

На вялікія вышыні нас паставіла бальшавіцкая партыя.


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан