Кузьма Чорны

Сумліцкая хроніка

I
ІІ
ІІІ


 

I

Тры новыя вуліцы пашырылі мястэчка Сумлічы на поўдзень яшчэ ў першыя гады пасля рэвалюцыі, калі Сумліцкі маёнтак пана Залеўскага быў скасован і ўся зямля пайшла пад мястэчка. На ёй, пры самым мястэчку, і пачалі будавацца перш за ўсё самі сумлічане, тыя, што мелі ў мястэчку цесныя і невыгодныя пляцы або што зусім не мелі ні пляцоў, ні хат, а жылі кутнікамі па людзях. Не сказаць каб многа, але хапала іх на Сумлічы. Найбольш гэта былі рамеснікі і палавіннікі на чужых гаспадарках, і калі пабралі зямлю, пачалі забудоўвацца і перайначваць сваё жыццё, то адразу нейк стала відно на ўвесь шырокі свет, што ў іх натурах каранілася не толькі тое, да чаго калі хацеў сабе і штодзённа мог даступіцца кожны. Усё, што адбылося, зачапіла самыя патаемныя куткі іхніх душ.

Адным з такіх сумлічан быў Юзя Целяфун, сапраўднае прозвішча якога было Паступовіч Язэп. Што ж да яго мянушкі, то яна прыдалася яму змалку дзён, і выйшла так што ні яму, нікаму іншаму не было патрэбы зменьваць яе і ў сталыя яго гады. І малы, і сталы, ён нязменна гаварыў так нячыста і шпарка сыпаў словамі, што трэба было толькі здагадвацца, што ён кажа. Да таго ж ён замест «о» выгаварваў «ё», а замест «э» — «е». Гэтая акалічнасць і паспрыяла таму, што ён на ўвесь свой век не астаўся без мянушкі. Убачыўшы раз, што на вочапе пры студні намёрз добры кавалак лёду, ён шпарка прагаварыў: «а браткі, лядзяк целяфун». Хоць усе ведалі, што ён хацеў сказаць «лядзяк цэлы фунт», аднак жа «целяфун» прыліп да яго назаўсёды. Ён быў палавіннік. З першых год маладосці і да рэвалюцыі ён вырабляў за палавіну ўраджаю чужую зямлю і кавалак хлеба меў, але рабіў на яго ўдвойчы больш, як хто на сваёй зямлі. Такім парадкам само ўжо так ішлося, што ён быў працавік з цямна да цямна і не меў калі аглядзецца, каб падбаць хоць бы сабе аб сваёй зграбнасці. Нават і ў святыя дні ён адзяваўся як прыходзілася толькі што адарваўшыся ад работы: у шарачковых портках і ў жакетцы з свойскага сукна, а ў летнюю задуху ў зрэбнай кашулі — такі ён быў заўсёды і, здавалася, ані не дбаў аб сабе. Унураны выглядам і думкамі ў тым, што яму трэба рабіць сёння і што пачынаць заўтра, гэты чалавек здаваўся на ўсе Сумлічы нейкім як бы занадта ўжо дробным і без інтарэсаў, якія былі б цікавыя каму-небудзь апроч яго самога. Чацвёра дзяцей яго памерла ў самым маленстве, і ён астаўся бяздзетны. Ужо яму ішоў сорак першы год, калі прыйшлося браць зямлю кожнаму, хто толькі хацеў. Зямля надзялялася на лік душ у сям'і, дык і тут Юзя Целяфун аж сумеўся з прыкрасці і гора: ён і жонка, вось і ўсе яго душы. Абмеркаваўшыся сам з сабою і з жонкаю, ён надумаўся як мае быць прыдбаць сабе ў сям’ю хоць адну яшчэ душу. Тут яму якраз і ўзялося на шчасце тое. Сумлічы стаяць бадай што на самым вялікім скрыжаванні старон Маскоўска-Варшаўскае шашы з грунтавым вялікім шляхам паміж поўднем і паўночным захадам, і ў тысяча дзевяцьсот пятнаццатым годзе праз гэтае мястэчка праехала незлічонае мноства выгнаных вайною людзей. Як успамін аб гэтым вялікім людскім руху, каля Сумліч асталося многа магіл, а ў Сумлічах яшчэ больш выгнанскіх сірат. Юзя Целяфун нагледзеў сабе адну такую сірату і ўзяў яе сабе за дачку. Гэтай дзяўчынцы было тады год дванаццаць, і звалі яе Вікця, а то яшчэ і Віктуся, але ні бацькоў, ні прозвішча свайго яна не ведала. Без бацькоў яна асталася ля Сумліч на дарозе, калі ёй было год шэсць. Толькі ведала яна, што жылі яны непадалёку ад Брэста. Юзя ўпісаў яе на сваё прозвішча, яна пакінула бадзяцца з хаты ў хату, а адразу набыла жыццё і аселасць у дробнай Целяфунавай хаціне, дзе хоць і вокны малыя і парахня з сцен сыплецца, але гэта ўсё больш і больш рабілася сваім родным домам. Пануры Юзя атрымаў зямлю, пачаў абжывацца і забудоўвацца. Старая хата яго стаяла на чужым пляцы, заарандаваным чатырма бяспляцнымі пад забудову на пяцьдзесят год. Так што там стаялі чатыры хаты, і пры кожнай выгараджаны дварок як упхнуць задам каня з драбінамі. Юзя адразу вывез з Залеўскага леса дрэва і за мястэчкам пачаў часаць бярвенне. Яго сэрца дрыжэла з радасці, калі Віктуся сказала раз яму:

— Тата, а хата наша будзе большая за старую?

— Большая, дачушка,— адказаў ён і прыгарнуў да сябе Віктусю. Якраз у гэтыя часы, калі ў яго ўсё пайшло добрым ладам, ён адчуў вялікае шчасце мець дачку. Гэты момант як бы зрушыў яго з месца. Сумліцкія цесляры нядоўгім часам паставілі сцены да крокваў, а лаціў, накрываў, століў і шкліў ён сам. Яго хата была адна з першых тых, што пачалі тры новыя вуліцы ў Сумлічах. Юзя Паступовіч з жонкай і Вікцяй, разам усе яны былі такой сям'ёй, што перш за ўсё прывыкла дбаць аб хлебе, і таму прайшло гадоў са два, пакуль Паступовічыха ўжо ніяк не магла абысціся без таго, каб не абсадзіць кожную вясну ўсё хатняе падваконне кветкамі. Да таго часу падрасла і Віктуся. Юзя Целяфун пасля першага ўраджаю добрай практыкай убачыў, як лёгка робіцца жыць, калі забіраць сабе ўсё, што нарабіў, і не даваць палавіну таму, на чыёй зямлі сядзіш. У яго стала больш часу і ў свята, то гэта ёсць ведама, але і днямі буднымі надвечар людзі пачалі заўважаць яго на лаўцы пры хаце. Ён паседжваў сабе, управіўшыся з работаю. Гэта была навіна, бо заўсёды здавалася, што ён і з работаю ніколі не ўправіцца. Яшчэ праз нейкі час ён дастаў з самага дна зялёнага куфра свой шлюбны гарнітур — пінжак і нагавіцы з чорнага кангеру — і кожную нядзелю быў у ім. Некаторым пачало здавацца, што ён стаў як бы павальнейшы ў хадзе і гаворцы. Раней ён усё як бы некуды спяшаў і аб гэтым толькі думаў. Ёсць ведама: каб узяць хлеба з пяці дзесяцін, яму трэба было вырабіць дзесяць. Позірк яго стаў шырэйшы, а то ён усё глядзеў у адзін пункт кудысьці сабе пад ногі. Год за годам Віктуся вырастала, і, можна сказаць з упэўненасцю, яна стала свайму названаму бацьку тым, чаго не абмінеш і без чаго не абыдзешся. Ён так не думаў, ён жыў сабе з дня ў дзень, але каб хто сказаў яму: «магло ж быць, што ты не ўзяў бы яе сабе за дачку і жыў бы цяпер без яе»,— то ён, няйначай так было б, ахапіўся б жахам і цяжкаю думкаю. Здавалася: чым больш праходзіла часу, тым цясней ён прывязваўся да яе. У ім жыла прага даць ёй для жыцця ўсё, што ён можа даць. Можа гэта была запабеглівасць наперад: калі мінецца яе маленства і пачне праходзіць першая маладосць, тады можа яго душу апануе гора, што ўжо няма як яму прыхіліцца да яе дзіцячай душы. І ён як бы стараўся на ўвесь абдым узяць шчасце свайго бацькоўства. Яна яшчэ толькі выбілася ў падросткі, а ён, не ведаючы меры, пачаў спраўляць ёй уборы, і гэта бадай што было зарана, бо пасля яму прыйшлося шмат разоў навучаць яе: «калі ты, дачушка, у новай сукенцы садзішся на бервяно, то паглядзі раней, ці няма на ім смалы, або падсцялі хустачку». Што ж да яе, то тут мела месца адчуванне той вялікай праўды, што ўсё на свеце такое, якое яно ёсць. У малыя гады ў яе было сіроцтва, яно сплыло ў нябыт і згубілася без следу ў мінуласці. У яе сям'я, бацька і маці, і штодзённы занятак каля дому і на полі, і ўсё ідзе сабе добра і слаўна. Гэта вырастала натура роўная і без якіх бы там ні было раптоўнасцей і нечаканых рухаў. У такіх людзей прывычкі ўкараняюцца навек і сталасць натуры не зменьваецца ніколі. Тут дружба і адданасць навекі. Але гэта не тое, што ў Вікці фармавалася якая-небудзь занадта ўжо разважлівая, можа нават халодная натура і без вялікіх, а можа і малых парываў. Гэта была як бы сталасць у маладосці, а ў такіх выпадках маладосць пакідае свае рысы і на сталасць.

Як бы там ні было, хата Юзі Паступовіча ніколі не мела ў сабе вялікіх навальніц чалавечай душы, тут нязменна панавала задаволенасць кожнага, хто жыў тут. Так жа распускалася і даростала ўлетку да свае поўнасці густое зяленіва перад вокнамі гэтай хаты, насаджанае Вікцяю. Выгараджаны перад вокнамі ад вуліцы дубовымі пруткамі агародчык на расаду і кветкі злучаўся загараддзю з пышным палісаднікам суседняй хаты, як і Паступовічава такой жа простай, новай і зробленай менш на хараство і больш на мацунак і на выгоду. Хата гэтая пастаўлена была на год пазней за Паступовічаву і ставіў яе Міхал Сцяпура, чалавек у той час ужо добра пажылы, родам тутэйшы, але так, як калісьці і яго бацька, без якога б там ні было ўласнага аселішча, таму ён і быў як бы прышлы ў Сумлічах. Як некалі бацька, так і ён праз усё жыццё да самай рэвалюцыі жыў па чужых кутках, а калі жыў сталей, то гэта азначала, што арандаваў дзесяцін колькі зямлі ў адным з маёнткаў таго ж пана Залеўскага, жыў дзе траплялася і зямлю рабіў добра: каб не запускалася зямля, якое было больш як трэба, Залеўскі і выпускаў частку яе на дробную арэнду. На гэтай арэндзе і застала Сцяпуру рэвалюцыя. Можна сабе ўявіць, з якой радасцю і ахвотай пайшоў гэты чалавек на асталяванне ў Сумлічах. Можна сказаць, што за ўсё існаванне гэтай фаміліі яна бачыла перад сабою ясныя прасторы на далейшае. Чалавеку давалі зямлю, пляц і лес на будоўлю. Ён, доўга не думаючы, і перацягнуў на новае месца сваю маёмасць, усялякія там кубёлкі, цабэркі, куфэркі, кажушкі і ватоўкі. Пакуль да ўласнае хаты, то ён, як і раней, астаўся ў падсуседзях і бадай што адзін сабе хату і скідаў з акоранага кругляка.

Сям'і ў яго ўсяго і было, што адна дачка Ліда. Ёй было тады ўжо васемнаццаць год. Старэйшая ж дачка яго была ўжо замужам, а сын недзе з’ехаў далёка, астаўся там і ўмацаваўся жыць.

Хата толькі што была накрыта і застолена, і Ліда, поўная захаплення, нанасіла кашом гліны і замест падлогі збіла пранікам ток. Роўна было, і суха стала. А падлогу бацька пакладзе абжыўшыся. Не ўсё ж разам. Дамоўка даводзілася да ладу, калі ўжо як мае быць відно стала, што за час гэтай будоўлі і новага суседства нейкае дзіўнае сяброўства пачалося і вырастала паміж Сцяпуравай Лідай і Паступовічавай Віктусяй, хоць паміж імі няроўнасць у гадах была вялікая. Ліда была старэйшая за Вікцю гадоў на шэсць, у кожным разе на пяць. У суседстве яны бачыліся штодзень, і ўсялякія дробныя справы ім даводзілася рабіць разам. Разам яны абмяркоўвалі справы сваіх кветнікаў перад вокнамі, будзілі адна адну, каб зранку паспець выгнаць каровы, або думалі, што пасеяць перад хатнімі вокнамі. Нейкае падабенства агульнасці ў інтарэсах і справах пачалося ў іх, і сапраўднае сяброўства іх глыбілася. Запабягаючы наперад, трэба сказаць, што ўжо на пачатку Віктусінага юнацтва сяброўства паміж імі было сапраўднае і вялікае, яно асталося назаўсёды, і ў сталыя іх гады не парушылася грознымі падзеямі.

 

ІІ

Далей у новую вуліцу памежна з Міхалам Сцяпурам пачаў забудоўвацца ўжо сапраўды прышлы ў Сумлічы чалавек: Мікалай Хадыка, выгнаны вайною ў свет чалавек з Горадненшчыны. Пакуль цягнулася вайна, ён даволі-такі пастарэў, каб шпарка варочацца на роднае попелішча і аднаўляць там разбуранае вайной жытло. Да таго ж, Сумлічы апошнімі тымі гадамі сталі яму як бы наседжаным месцам яшчэ да таго, калі рэвалюцыя выдзяліла яму з Сумліцкага маёнтка зямлю і лес. Польскую акупацыю ён праседзеў у падсуседзях у кагосьці з сумлічан, а ў дваццаць першым годзе ён ужо як мае быць наважыўся астацца тут. «Невядома за што там, вярнуўшыся, брацца,— казаў ён сам сабе, каб цвярдзей угрунтаваць свае намеры.— Там жа ўсё з зямлёй зраўняна. З чаго там хату рабіць?»

Калі гэта была толькі халодная развага, то ў дадатак да яе было яшчэ штосьці і іншае. Ён усё думаў сам сабе, а раз і выказаў свайму новаму суседу Міхалу Сцяпуру:

— Тут у Сумлічах на могільніку пахована жонка і чатырохгодні сынок. Дык мне б ужо трэба было б адвыкаць ад Сумліч. А дамоўку тут мне лягчэй будзе рабіць, як там, а яна мне патрэбна калі не на цяпер, дык на потым, майму Максіму, ён жа выростаць будзе. Калі жонка і той малы памерлі, дык гэтаму, колькі жыць буду, старацьмуся спрыяць.

— Праўду кажаш,— падаў сваю развагу ўзрушаны Міхал Сцяпура,— дзеля будучыні дзяцей трэба жыць. Хто ведае, як яно там павернецца на далейшае, а жыць дзецям трэба будзе.

Вельмі можа быць, што яны абодва, і выгнанец Хадыка і вечны арандатар Сцяпура так за свой век пабачыліся горкай асалоды, што схільныя сталі да ўсёй светабудовы апынуцца ў стане недавер’я і адмаўляць усялякую лёгкую веру нават і ў бясспрэчнасць.

— Толькі што сам зробіш,— гаварыў Сцяпура,— дык будзеш пэвен, што яно ёсць на свеце.

Так паддаючы адзін аднаму ахвоты, думаючы аб сваіх дзецях, аб Максіме і Лідзе, яны сталі сумлічанамі. Хадыкаваму Максіму тады было год пад трынаццаць, гэта быў блізка што Вікцін аднагодак. Гэтая маладая, яшчэ дзіцячая натура фармавалася ў атмасферы таго, што бацька часта тлумачыў яму, як трэба шкадаваць чалавека, бо не кожны чалавек радзіўся на гатовае шчасце. «Заўсёды на свеце было больш бяды, як радасці». Тут трэба ведаць адну найцікавейшую рысу ў натуры гэтага тагачаснага зялёнага хлапчаняці: ён справядліва адчуў у бацькавых словах больш самога свайго бацьку, чым наогул нейкага там чалавека. І пакуль да таго чалавека, то ён ужо любіў і шкадаваў свайго бацьку. Любіў ён бацьку можа нават і з нейкім заўчасным недзіцячым узрушэннем.

Сам Мікалай Хадыка быў высокі, лысы, худы, драбнатвары і як бы вечна ў штосьці ўдумлівы. Яны з сынам, яшчэ ў часе нядаўнай смерці маці тут, на выгнанні, адразу зблізіліся былі не як бацька і сын, а як сябры, хоць адзін быў стары, а другі малы. Пасля, калі пачуцці ўраўнаважыліся сталымі думкамі, Максім Хадыка казаў: «Мой бацька для мяне ёсць увасабленне чалавека, да якога падобным я сам хачу быць». Да канца гэта праўдзіва ці не, але такая думка, выказаная Максімам Хадыкам ужо ў юнацтве, даводзіць, што сумліцкае маленства яго ішло ў фармаванні замілаванасці да бацькі.

Што ж да Сцяпуравай Ліды і Паступовічавай Вікці, то ў іх сяброўстве пачалі з’яўляцца рысы такой узаемнай блізкасці, што як бы гэта былі родныя сёстры. Васемнаццаць і якіх-небудзь трынаццаць год! Юнацтва і бадай што яшчэ маленства! У іх ёсць шмат агульнага. Парывы юнацтва маюць карэнні з маленства. Юнацтва, не абцяжаранае клопатам цяжкіх дзён, больш належыць мастацтву, чым само маленства, калі яно мае на лбе маршчыну старасці, што часта здараецца ў гэтую чвэрць нашага стагоддзя па ўсім свеце, асабліва ў гэтыя нашы дні. Што маршчына старасці на дзіцячым ілбе набыла правы грамадзянства, бліскуча давялі дзесяцігоддзі пышнага развіцця навукі і тэхнікі, і довад гэты з вялікай дасканаласцю завяршылі немцы за апошнія гады тры, усюды, дзе б яны ні з'яўляліся.

І Ліда, і Віктуся ў той час перажывалі парывы чакання кожнага наступнага дня, а ён заўсёды ўяўляўся ім ружовым і ясным. Яны мелі шчасце ад свае кожнадзённасці. Дзень быў падобен на дзень, а разам усё добрае. Гэтыя дзве простыя маладыя душы, незачэпленыя злом цяжкага смутку, маглі б быць увасабленнем чалавечых вобразаў, кожнаму, хто хоча як найлепш і найшчырэй сказаць аб людзях.

Сцяпурава хата была гатова за год часу. На другім годзе вымаляваліся ў жоўты колер вокны, і бярвенчатая пуня стала за хатаю. Пакрысе забудова абцяглася загараддзю. Перад вокнамі да самых замаразкаў цвілі вяргіні. Блакітнае бабіна лета вытрымлівала першы снег і гінула толькі ў сапраўдны мароз. Півоні і астры, кракос і аксаміткі, браткі і завушніцы цвілі пад вокнамі Сцяпуравай, а пасля і Паступовічавай хаты.

На другую восень пасля таго, як Сцяпура паклаў першы вянок свае хаты, у пуні ўжо ляжала цэлая старана ячменю і жыта з зямлі свае, а не заарандаванай. І авёс звешваў цераз заперыну цяжкія мяцёлкі. Часам у іх пракідалася сухая травіна і ўзімку абуджвала ў чалавека ўспаміны аб леце. Бывала, у першыя гады жыцця на новым аселішчы Міхал Сцяпура, управіўшыся за дзень з работаю, перад тым, як зачыняць пуню, падоўгу прастойваў перад якою-небудзь травінай у гузыры снопа, быццам бачачы ў ёй усю шырыню свету. Гэта быў час, калі Міхал Сцяпура радаваўся, як малое дзіця, сам сабе. Ён складаў саломіну да саломіны, зерне да зярняці. Так складаў сваё новае жытло і быў шчаслівы ад кожнага лістка на дрэўцах, якія ён пасадзіў перад сваёй хатай. Здавалася, ён так улёг у штодзённую заклапочанасць, што толькі і жыве гэтым. На трэці год такога яго жыцця тут, у раннюю вясну, над сенечнымі дзвярыма яго хаты, на вешале над ганкам падсыхалі ў яго на сонцы і ветры шынкі, каўбасы і паляндвіцы. І ён думаў: вось і жыццё прайшло і, божа мой, чаму цяпер няма са мною ўсіх маіх дзяцей! Часта ён сядзеў дзе-небудзь адзін, аддаючыся ці то думкам, ці то адчуванню таго, што ён жыве на свеце. Усе тыя гады ён жыў так, быццам песню спяваў. Але Ліда не ведала, што галоўная яго думка была аб ёй — дарослай і сталай, і да таго ж разумнай і прыгожай, як казалі ўсе ў Сумлічах.

Ён не быў схілен да кідання і пошукаў, ён стала і цягавіта з дня ў дзень імшыў сцены, ставіў загарадзі, трос салому, часаў дрэва і расколваў на плашкі. Юзя Паступовіч любіў сваю ўзятую дачку Віктусю моцна. З такой жа сілай Мікалай Хадыка любіў свайго Максіма. Але ў Сцяпуры замілаванасць да свае Ліды была своеасаблівая. Ён гатоў быў занядбаць свае сталыя гады і падацца ў турботы замест яе. Гэта не была якая б там ні прыйшлася хваравітасць і не надрыў гэта быў. Можа ў ім жыла душа паэта, якая ўспрымае ўсё, што толькі ёсць, вастрэй, як гэта бывае ў іншых. Ліда бачыла гэта і шукала прычын адказваць бацьку вялікаю сваёй увагаю. Можа, такія дачыненні паміж імі былі і не зусім звыклыя ў Сумлічах і сярод сумлічан, але яны аставаліся нязменнымі. Можа, тут мела месца і ранейшая арэндная бяздомнасць, а збліжэнне іх пайшло яшчэ больш, калі яны ўладкоўвалі сваю хату і сялібу, у якой, так, як і ў Паступовічавай, усё было дагнана да месца, абгледжана, абсаджана, падмецена і выгладжана. Вельмі скора і Сцяпурава і Паступовічава сялібы былі даведзены да завяршэння і парадку.

Што ж да Мікалая Хадыкі, то яго аселішча з пункта погляду гаспадарлівага Сцяпуры, да поўнага парадку даведзена не было. Мікалай Хадыка быў чалавек ужо не падобны на самога сябе тады, калі выбіраўся з свайго дому на выгнанне. Там ён мог бы быць гаспадарлівым дамаседам, цяпер, пасля гэтулькіх год бадзяння, ён як бы не мог навек прышрубавацца да аднаго і таго ж на кожны дзень.

Міхал Сцяпура малаціў цэпам у сваёй пуні як быццам бы песню складаў. Мікалай жа Хадыка за гады выгнання налажыўся да цяслярства і сталярства і так з сякерай і гэблем хадзіў па людзях і адыходзіў з дому, здаралася, на цэлыя тыдні і больш. Сяліба і хата ў яго станавілася не тое што каб цешыцца з яе, а каб перадняваць, пераначаваць у ёй і так жыць дзень за днём. У хаце не было жанчыны, а з гэтай прычыны пры хаце не цвілі кветкі і не зелянеліся грады. Двор заростаў травой, а ў пуньцы ляжала начынне і стаяла калода, на якой гаспадар курыў, седзячы перад сном пасля работы. Хоць у хаце і была дасканалая падлога з шчыльна дагнаных адна да адной дошак, але перад дзвярыма ў сенцы, замест ганка, ляжаў пабіты млынавы камень, і з дзіркі яго рос пук травы, хоць гаспадар і быў сам сталяр.

Такім парадкам, думаючы аб тым, каб пакінуць свайму Максіму гатовую хату і сялібу, Мікалай Хадыка не вельмі дбаў аб яе дасканаласці, і ўсё было як бы няскончанае. Вельмі можа быць, што прычын гэтаму трэба шукаць у тых новых думках, якія раптам з’явіліся ў яго наконт сына. Калі ён ужо да паловы давёў сваю будоўлю, Максім вучыўся тады ў сумліцкай сямігадовай школе. Сумліцкі настаўнік, вялікі прыхільнік матэматычных навук, вынайшаў у Максіма Хадыкі быццам бы талент да матэматыкі і ўзяў яго пад сваю настаўніцкую апеку. Ён не спускаў свайго вучня з вока і раз прыйшоў да Хадыкі і пераканаў таго што б там ні было вучыць пасля школы далей Максіма. Гэтая думка і апанавала Мікалая Хадыку. Далей-болей, і ён ужо спадзяваўся бачыць свайго Максіма нейкім вялікім вучоным, які ніколі ў жыцці не будзе жадзён кавалку хлеба і, прыязджаючы час ад часу ў Сумлічы, будзе абуджаць да сябе агульную пашану.

У той меры, у якой ішоў час, такая мара аб сыне набывала больш выразныя формы. Аднак жа павевы новага часу яшчэ не да канца скалынулі ранейшыя погляды Мікалая Хадыкі. Ён і цяпер падумваў аб тым, што натое, каб вучыць сына, трэба многа мець грошай. І ён занядбаў сваю новую хату і сялібу, аскупеў адразу і збіраў грошы.

Гэта быў час, калі бурна ўзнікалі тэхнікумы і рабфакі. А што да горада Мінска, то ў яго з Беларусі адусюль імкнулася моладзь. У Мінску ўжо быў універсітэт. Максім Хадыка неўзабаве апынуўся ў Мінскім педагагічным тэхнікуме, і да некаторай ступені гэта вырашыла яго далейшы лёс. Трэба ведаць, што ў той час кожны малады чалавек, які трапляў вучыцца ў Мінск, неўзабаве пачынаў гаварыць сабе: «я беларус і ганаруся гэтым». Цэлая плеяда маладых беларускіх паэтаў і раманістаў выйшла ў той час з мінскіх тэхнікумаў, інстытутаў і універсітэта. Таксама як усюды, усё аднаўлялася пасля вайны і забудоўвалася нанава, як пачыналі выростаць новыя вёскі, пашырацца мястэчкі (як тыя Сумлічы) і перайначвацца гарады, як скідалася з плеч чалавека дзіравая сярмяга і з ног лапці, так выростала ў моладзі нацыянальная свядомасць прыналежнасці да свайго народа і гордасць за свой народ. Рэвалюцыя вяла на вялікую дзейнасць новыя сілы. Душа Максіма Хадыкі, які датуль ведаў толькі хараство сумліцкай прыроды, а Мінск яму здаўся найвялікшым у свеце горадам, душа яго свабодна аддалася на тое, каб у ёй старанная рука напісала веру ў Бацькаўшчыну. Перад ім яшчэ стаяла юнацтва.

У маладога і наіўнага яшчэ Максіма аднак жа хапіла сілы, каб згадзіцца з тым, што кожнаму паэту патрэбен талент, і што яшчэ невядома, ці гэты талент у яго ёсць. Такую ацэнку яго вершаў і паэм даў вядомы пісьменнік і аўтарытэт для моладзі. Як гэта часта бывае, жаданне стаць паэтам ператварылася ў Максіма ў вялікую замілаванасць да роднай літаратуры, а замілаванасць да роднай літаратуры вырасла ў яго ў высокі беларускі патрыятызм. Вядома, вызначаць глыбіню і грунтоўнасць гэтага патрыятызму трэба ў залежнасці ад узросту самога патрыёта, які тады толькі яшчэ выходзіў з падросткаў. У кожным разе, у некаторых выказваннях Максіма было тады яшчэ многа дзіцячай наіўнасці, таксама як і ў яго парывах. У такім духу і адбылася аднойчы яго гаворка з бацькам. Гэта было ўвосень, перад Максімавым ад’ездам на другі курс тэхнікума. Былі першыя дні верасня месяца, і надвор’е стаяла наўздзіў яснае. Цішыня і спакой восеннай задумёнасці ляжала на вялікіх прасторах. Цвіў верас, і жаўцеў беразняк. Вада ў рэчках плыла ціха, поле апусцела, грыбоў у лясах было яшчэ многа, і яшчэ было горача на сонцы. Той дзень Максім быў у адзіноце. У нязвыклым настроі ён абышоў сумліцкія лясістыя і палявыя куткі і поўніўся сумам, як бы гэта ён развітваўся навек з роднай мясцінай, якую любіў як той адзіны кут, з якога толькі аднаго льга глядзець на цэлы свет. Цяпер, калі ён увайшоў у сваё юнацтва, і адчуванні яго ўжо зліваліся з спелымі думкамі, і ён ужо наконт далейшага меў нейкія свае планы і намеры, ён думаў, што неўзабаве ён будзе тут толькі госцем. Цэлы дзень ён развітваўся з сумліцкім хараством, таямніцы якога ён прывыкаў ведаць з маленства. Ён хадзіў і кіламетраў за шэсць ад мястэчка, дзе за вялікім Скіп’ёўскім лесам цякла дробная рачулка, з-пад вёсак Калодзезнага і Калоўкі і ўваходзіла ў лес. Алешнік стаяў над ёю яшчэ зялёны, але вербы ўжо сыпалі на вецер сваё жоўтае лісце. Ён бачыў на дне рэчкі затопленае карчэўе, і вялікі камень ляжаў пад дрэвам на беразе. Праз усе свае гады Максім бываў тут час ад часу. Які б вялікі гром ні быў на свеце, а тут усё роўна стаяў ціхі шэпт травы і лісця. Гэтае месца называлася «камень», і быць тут гэта значыла быць «пад каменем». У пагодныя дні тут многа было ясных адценняў з падлеснага неба. Але громы вайны, колькі год таму, дайшлі і да гэтага месца. У дваццатым годзе, калі адыходзілі акупанты, тут быў цэнтр гарачага бою. Максім памятаў, як у дзевятнаццатым годзе акупанты тут расстралялі пяцярых маладых сумлічан і трупы іх паўдня ляжалі непахаваныя ля самага каменя, і бацька не пусціў Максіма ісці глядзець. Маткі і сёстры расстраляных плакалі, галасілі і пракліналі тутэйшага пана Залеўскага і ўсё польскае панства, якое ў вобразе пазнанцаў у жандарскай форме франціла па Сумлічах. Нават будучы яшчэ малым, Максім, у моманты цяжкіх уражанняў, прыходзіў «пад камень» і быў тут адзін. Так ён быў тут у той дзень, калі пахавалі маці. І ў гэты дзень развітання з Сумлічамі яго душу ўраўнаважылі — камень, бяроза над ім, плынь вады і цішыня ляснога шэпту. Ён думаў, што гэта дзень развітання з Сумлічамі да вясны, а пасля ўспамінаў гэты дзень, як развітанне з рэшткамі маленства, як пачатак свае самастойнасці і парог паміж былым і далейшым — дзейным і ўласцівым даросламу чалавеку. Ён сумысля быў тут да вечара, каб спаткаць на захадзе сонца бацьку, які будзе гэтай дарогай спяшацца дадому з работы, каб назаўтра зранку паехаць з сынам на чыгуначную станцыю. Бацька сапраўды ішоў лясной дарогай, калі першае змярканне слалася на зямлю. Ён быў расчулен заўтрашнім ад'ездам Максіма, а Максім усім адчутым і перадуманым за той дзень. Пакуль ішлі да Сумліч, гаварылі аб самым нязначным: Мікалай Хадыка ішоў з гэблямі і піламі. Ён убачыў на дарозе Максіма і здзівіўся:

— Чаго ты так далёка ходзіш?

Дрэнна ж ён ведаў свайго Максіма, калі так пытаў.

— Развітваўся з лесам,— адказаў Максім.

Мікалай Хадыка нават не паглядзеў на сына: вядома, ён жартуе або гэта проста кплівы адказ бацьку. Як памыляўся бацька! Ён не ведаў, што якраз у гэты дзень больш як калі Максім поўніўся вялікім замілаваннем да яго.

Быццам бы ўцяміўшы, што прыйшла пара гаварыць з бацькам аб сабе, Максім сказаў:

— Бацька! Ты не ведаеш, што мне цяпер адкрылася! Вялікая мне будзе радасць, калі я так паднімуся, што буду працаваць дзеля ўсёй Беларусі. Але я заўсёды буду глядзець на ўвесь свет з Сумліч і чуць поблізу цябе.

Нельга сказаць, што бацька зразумеў ясна ўзвышаную тыраду свайго ўзрушанага сына, але па-свойму ён зразумеў яе і адказаў:

— Ты, сынку, хочаш высока ўзняцца. А што з таго? Чалавеку трэба стаяць на адным месцы, зусім малым, і ўмець угадаць гэтае сваё месца. Бог даў чалавеку адно жыццё, дык яго трэба пражыць шануючы яго. Ці ведаеш ты, якая мне радасць габляваць дошку і пасля ісці дадому гэтай дарогай. Шукай радасці ў сабе і ў людзях, а не ў славе на ўвесь свет. Слава бывае і злая. Калі ты пачуеш у сабе зайздрасць — перастаўляй сваю натуру. Хто шчыра дбае аб малым кавалку хлеба, той дастане і вялікі кавалак.

— Бацька,— адказаў Максім,— на табе відна беларуская доля. Ты быў выгнаны з дзецьмі ліхой бядой з роднай хаты, і я адзін у цябе астаўся. Дык я не на дарма вучуся. Я хачу працаваць так, каб ніякая бяда не тапталася больш па нашай роднай зямлі.

Бацька зразумеў з гэтага толькі тое, што сапраўды вайна выгнала яго з хаты, і Максім у яго астаўся адзін. Гаворку свайго сына ён палічыў за выяўленне яго вучонасці і падумаў: «Вось жа свет настаў: хлопец вучыцца і грошай не каштуе гэта». Ён задумаўся над тым, што дарэмна ён не давёў да ладу хату і сялібу, а ўсё запасіў грошы на сынаву навуку. Штосьці ўразіла яго душу.

— Колькі буду жыць,— сказаў раптам Максім, гэты ўражаны навакольнымі павевамі, неспрактыкаваны ў жыцці і рамантычны юнак, яшчэ нават без першага пуху на верхняй губе.— Колькі буду жыць, то буду служыць Беларусі і дбаць аб табе.

Мікалай Хадыка ўздыхнуў, і душа яго стала гатовай да сентыментальнага парыву. Яны ўжо ішлі моўчкі. «Як гэта выразіць у паэме ці вершы сённяшні дзень?» — ныў Максім, і ў вушах яго, у рытм хадзе, гучаў Янка Купала: «Не шасцяць каласы, звон не сыплецца з касы...» Ён пачынаў ужо самую непасрэднасць адчуваць праз паэзію. Гэта ў яго было аж да таго часу, калі бязлітасная неабходнасць не павяла яго на іншую дарогу.

Назаўтра, перад самым выездам, ён па-суседску пабег развітацца ў Сцяпураву хату. Ён падфранціўся. Ён любіў як толькі мог дасціпна і добра адзецца. Хударлявы хлапчына, з цёмнымі валасамі, ён быў заўсёды стройны і дасціпны. У Сцяпуравай хаце ён першую ўвагу накіраваў на дзяўчат: у Сцяпуравай Ліды была Паступовічава Віктуся. Ён здзівіўся, як гэта ён не заўважаў дагэтуль Вікці: перад ім стаяла зусім ужо развітая дзяўчына, пры тым жа прыгожая і, ужо, бадай, і можна так сказаць, у яго гусце. Як яна вырасла за гэтыя гады! Яна толькі што адарвалася ад работы, была босая і ў злінялай залатанай сукенцы і сумелася перад ім. Што ж да Ліды, то яна, убачыўшы, што Максім завярнуў да іх у двор, шпарка пабегла ў бакоўку, уссунула на босыя ногі чаравікі, надзела і ледзьве паспела зашпіліць блакітную ад сінькі кофтачку і чорную шарсцяную спадніцу. Яна была старэйшая за Максіма на год пяць, калі не на шэсць, і цяпер стала перад ім з ветлым упіканнем: чаму ён ніколі да іх не заходзіць. Яго ўразіла пышнае Лідзіна хараство, і ён падумаў: «Дзеля кожнае з іх варта сюды кожны дзень заходзіць. І калі я зноў тут буду? Вельмі доўга чакаць, некалькі месяцаў». І зноў сум па Сумлічах агарнуў яго, і разам з тым, нязнаны і нечаканы, сум па гэтых дзвёх дзяўчатах. Так ён і паехаў. Бацька правёў яго за мястэчка і вярнуўся назад узнепакоены: хоць ён, бывала, пасля гаворкі з сумліцкім настаўнікам і марыў бачыць свайго сына або вялікім на ўвесь свет матэматыкам (што такое матэматык, ён не ведаў, а «на ўвесь свет» гэта ўяўлялася яму, каб яго ведалі і ў Слуцку, і ў Мінску, і ў Бабруйску). Або каб сын быў сумліцкім настаўнікам. Цяпер жа Максім набывае сталасць нейкую асаблівую: у яго свая мара аб нейкай вялікай дзейнасці. «А ў гэты час ён можа і стаць такім, якім хоча. Цяпер жа «хто быў нічым, той стане ўсім». Мікалай Хадыка ў тыя дні засумаваў па сыне. Ён мучыўся ад думкі: «высокасць — рэч не трывалая, калі яна дасягнута не праз навуку і разумную галаву». Ён занудзеўся і надумаўся напісаць у Мінск пісьмо Максіму з угаворам, каб ён пільнаваўся толькі навукі і думаў, каб быць пасля ў мястэчку настаўнікам. Але ці здолее ён напісаць такое пісьмо, дзе трэба многа тлумачыць і даводзіць, і так, каб не пакрыўдзіць Максіма? Нарэшце ён надумаўся: «Я пайду да гэтага Целяфуна, у яго Вікця скончыла сямігодку і добра піша». Паступовіча ён тымі ж днямі не ўзлюбіў за тое, што, калі выязджаў Максім, Віктуся прыбегла да іх на двор і стаяла, пакуль Максім перавязваў на ганку свой чамадан. Трэба думаць, што ў час, калі Максім хадзіў развітвацца да Сцяпураў, ён і Віктуся паспелі штосьці, зразумелае ім абаім, сказаць адзін аднаму вачыма, такія іх былі годы. Мікалай Хадыка падумаў цяпер, бачачы Вікцю ў сябе на двары: «Знойдзе Максім сабе і ў Мінску, вучоную». Нейкая непрыязь да ўсіх Паступовічавых заварушылася ў ім.

У нядзелю ён пайшоў да Паступовіча, каб папісаць пісьмо. «Вікця ў Сцяпуры»,— сказаў Паступовіч. Ён рушыў да Сцяпуры і ўбачыў там Вікцю: яна сядзела за сталом поплеч Ліды і каля іх малады, крыху як бы таўсматы хлопец у сінім фрэнчы, з выгляду старэйшы за Вікцю і як бы Лідзін аднагодак. Ён жартаваў, рагатаў і як мог увіхаўся каля дзяўчат. Убачыўшы Хадыку, ён дастаў з кішэні газету «Чырвоную змену» і прачытаў: «На Мінскай раённай канферэнцыі камсамола выбран новы райком». І прачытаў спіс новавыбраных членаў райкома. У гэтым спісе быў і Максім Хадыка. Прачытаўшы, малады чалавек падцягнуў да кален хромавыя халявы ботаў і зарагатаў, гледзячы на Хадыку: у таго на твары не адлюстравалася ніякага пачуцця. Твар гэты быў штучна-халодны, і гэта было ім сумысля так выстарана, і той, у сінім фрэнчы, бачыў гэта. Раптам Хадыкаў твар пачырванеў і губы перасмыкнуліся. Наглядальны чалавек мог бы здагадацца, што стары Хадыка стрымлівае сябе, каб не сказаць што-небудзь зняважлівае хлопцу ў сінім фрэнчы.

Але тут была справа не ў рогаце гэтага хлопца. Тут была іншая акалічнасць.

 

ІІІ

Ёсць людзі з падвойнымі прозвішчамі, а тут было аж патройнае, і склалася яно апошнімі часамі, але тут трэба ведаць што-нішто пра мястэчка Сумлічы. Гэтае мястэчка стаіць вельмі блізка ад старое Маскоўска-Варшаўскае шашы, праз самае ж мястэчка праходзіць шырокі гасцінец з захаду на ўсход. Тут, навокал Сумліч, у полі і лясах і ў самым мястэчку ў тысяча дзевяцьсот пятнаццатым годзе, увосень, была вялікая папаска бежанцаў. З фурманкамі і набыткам людзі стаялі тут падоўгу. Між іншага, з гэтай стаянкі астаўся тут назаўсёды Мікалай Хадыка. Стоячы тут, людзі давалі ціхі час памерці сваім хворым, хавалі памерлых, спродвалі адзежу, набытак і жывёлу. Выбраўшы далейшы шлях, людзі пускаліся ў яго, хто без маёмасці, а хто без блізкіх і родных. Такім парадкам сумліцкае поле і ўзлескі за той час укрыліся магіламі і крыжамі. Сумліцкая зямля чула на сабе енк і плач людзей, якія ўпершыню бачылі яе. Так праехала тут Заходняя Беларусь, польскае сялянства, і траплялі сюды людзі з Холмшчыны. У тую восень і з’явіўся сюды з параконным возам нейкі чалавек з прозвішчам Сінябрыцкі. Быў з ім хлапчук, ужо добры падростак. Ніхто ніколі не ведаў, адкуль Сінябрыцкі быў родам і дзе тая мясціна на зямлі, да якой ён навек прывязан душой. Гаварылі, што ён недзе не то з-пад Бранска, не то з-пад Крычава. Але калі так, то чаго ён заехаў сюды на захад, калі тады якраз усе ехалі з захаду на ўсход? Як бы там ні было, ён з пустым сваім параконным возам стаяў месяцаў два ў самай бежанскай гушчы, і калі бежанцы прадавалі што маглі, то ён купляў у іх. Накупляўшы паўнютка, ён ад’язджаў праз Слуцк і Бабруйск на Гомельшчыну, там усё перапродваў і варочаўся зноў у Сумлічы купляць, і так многа разоў. Расказваюць, што за тую восень хлопец яго вельмі падрос, а сам ён так нажыўся, што да самага канца вайны і першы час пасля рэвалюцыі жыў з гатовага, палец аб палец не выцяўшы. Нейк ён усім убіўся ў вочы, заўсёды заклапочаны мітусіўся то ў мястэчку, то на бежанскіх стаянках, то чагосьці ездзіў то ў Мінск, то ў Магілёў, то мог праседзець нерухома цэлага паўдня на высокім ганку сумліцкіх крам. Усюды ён мог дапасці і «ўставіць свае тры грошы». Адным словам, без яго і Сумлічы не былі б Сумлічамі. І нарэшце ён тут астаўся і жыць. Трэба думаць, што або тут яму спадабалася, або пакінула падабацца там, дзе ён дагэтуль жыў ці быў. І тут выявілася нейкая дзіўная рэч: хто гэта сказаў, што гэтага чалавека прозвішча «Сінябрыцкі», калі, астаўшыся ў Сумлічах, ён пачаў пісацца «Папсуеў», і спачатку пусціў погаласку, што ён родам з Клімавіч, а пасля, што з-пад аршанскіх Горак? Аднак жа неўзабаве пачалі гаварыць, што ён і не з Горак, і не з Клімавіч, а з Клінцоў, хоць, праўда, былі і такія, што выводзілі яго паходжанне з сяла Вялікі Двор, што каля Паўлавага Пасада. Не можа быць, каб сумлічане самі выдумалі гэта. Хто з сумлічан ведае, што ёсць на свеце такое сяло? А калі хто і ведае, то чаму канешне выдумляць, што Сінябрыцкі-Папсуеў адтуль родам? Мусіць, гэта ён сам, калі-небудзь з-за сваіх інтарэсаў дапаў быў да гэтага сяла, уведаў яго і цяпер пахваліўся, што ён тамашні. Таксама, як цяпер, пабыўшы ў Сумлічах, ён мог бы дзе казаць, што ён сумліцкі. Але не паспеў ён на ўсю сваю моц разгарнуцца ў Сумлічах, як немаведама адкуль пайшла погаласка, што «які ён там к чорту Папсуеў, калі ён проста «Папсуй», і не з Вялікага Двара, а з-пад той станцыі за Оршай, якая называецца Хлюсціна. А што сумлічанам да таго, адкуль з'явіўся да іх Папсуй? І ці не ўсё роўна — Папсуеў ён ці Сінябрыцкі? Так яго і звалі заўсёды: «Сінебрыцкі-Папсуеў-Папсуй». І няхай сабе ён будзе хоць «з багна-балота-сухога-чарота». Яго рухавасць вызначыла яму і далейшы лёс у Сумлічах. Сакавік і красавік семнаццатага года ён займаўся арганізацыяй у Сумлічах спажывецкага таварыства, старшынёй якога сам і зрабіўся. У гэтай кааперацыі ён прадаваў і свае ўласныя тавары, якія заўсёды меў зручнасць недзе даставаць. Неўзабаве, аднак, ён кінуў кааперацыю для новай дзейнасці. Сын яго Вацік Папсуеў к гэтаму часу яшчэ больш выцягнуўся, хоць быў яшчэ зусім зялёненькі і хадзіў у галіфэ і фрэнчыку з кааперацыйнай мануфактуры і шаўровых боціках. Хто ведае, да чаго рыхтаваў яго бацька і аб якой будучыні для яго дбаў тады, калі Мікалай Хадыка і Міхал Сцяпура дзеля будучыні сваіх дзяцей заводзілі сталыя дамоўкі, каб і сабе на старасць і дзецям на доўгі век. Праз кароткі час Папсуеў стаў начальнікам местачковай міліцыі, але не ўбыў тут доўга: у хуткім часе пачалі гаварыць, што ён нейкаму засцянковаму шляхціцу прадаў канфіскаваны ў яго ж самагонны апарат. Прыйшлося ўжыць увесь спрыт, каб выкруціцца з бяды. Справу ўдалося замяць, але і з пасады начальніка міліцыі паляцець. Але ці мала на свеце спосабаў жыць? Папсуй-Сінябрыцкі пачаў чакаць. А тым часам Сумлічам суджана было перажыць нямецкую і польскую акупацыі, а пасля, кіламетраў за дванаццаць ад Сумліч, прайшла граніца з Польшчай. Многія сумлічане, што павыходзілі былі замуж у той бок, раптам апынуліся навек адгароджанымі ад блізкіх і родных. Браты родныя, што жылі адзін ад аднаго за чвэртку кіламетра, атрымалі страшны лёс век не бачыць і не чуць адзін другога. На сотні кіламетраў людзі пракліналі гэтую граніцу. Сумлічане бедавалі, што, можа, гэта так астанецца на ўвесь іхні і іх дзяцей век. СінябрыцкіПапсуй быў чалавек не тутэйшы, блізкіх і родных тут у яго не было. Граніца аднак жа аставалася граніцай, і Папсуй-Папсуеў накіраваў сваю ўвагу на тую акалічнасць, што пагранатрад затрымліваў на граніцы кантрабандыстаў і ўсялякіх іншых падазроных асоб. Сінябрыцкі падумаў: калі гэтая асоба ёсць і калі насельніцтва заклікаецца да пільнасці, то не можа быць, каб з гэтых асоб і з пільнасці каля іх няможна было хлеба есці. Можа, дакладна ён так і не думаў, але, у кожным разе, узяў сабе за занятак кожнага сумлічаніна падазраваць у якім-небудзь пагранічным граху, хоць яго ніхто на гэта не ўпаўнаважваў і не прасіў. У той меры, у якой ішоў час і падрастаў малады, як казалі сумлічане, Вацік Папсуйчык, станавілася цяжка ўдакладніць, дзе канчаецца стары Папсуй і пачынаецца малады Папсуйчык. Бо сын неўзабаве перавысіў бацьку. Яно і вядома, малады ўвішнейшы за старога і на ногі, і на мазгі.

Дзе стары павінен убачыць на свае вочы, там малады або здагадаецца, або сам прыдумае. Такім парадкам не было такога сумлічаніна, на якога б не было ўскладзена Папсуямі-Папсуевымі-Сінябрыцкімі падазронасці ў шпіёнстве, кантрабандзе, падробцы пашпартоў, перакідцы за граніцу немаведама якіх асоб і падрыхтоўцы ўзрыву шаснаццаці мастоў на рацэ Сумлі, на якой было чатыры масты. Аб усім гэтым пісалі даносы ў форме: «не сцвярджаю, але падазраю, бо чаму ж, калі не так, Язэп Паступовіч так позна, і не адзін раз, варочаецца з поля дадому, гадзін у дванаццаць ночы».

Спачатку Вацік Сінябрыцкі нідзе не вучыўся, а пасля падаўся ў адзін з апошніх класаў сямігодкі і скончыў яе. Ён умеў добра і бегла пісаць, складаць афіцыйныя паперы (ніхто не ведаў, дзе ён гэтаму так навучыўся, калі каму трэба было чаго-небудзь і дзе-небудзь хадайнічаць, ён ахвотна браўся за гэта, сказаўшы: «мы гэта крэпенька, што называецца, правярнём і ўміг прапясочым». Ён быў рухавы хлапчына, і каб штосьці не сапсавала яго ў першыя маладыя гады, з яго мог бы выйсці чалавек, а то з яго выйшла вялікае зло. Пасля, калі па сумліцкіх вуліцах і па сумліцкім полі здорава-такі патапталася нямецкая навалач і калі ўсё тое, што служыць зместам майго апавядання (і я пішу гэтую хроніку), калі ўсё адбылося і крывавым чынам зачапіла блізкіх маёй душы людзей, якіх я выводжу і хачу, каб чытач вызнаў іх за людзей добрых, справядлівых і вартых увагі, цяпер нават і сам Ахрэм Ракавіцкі, галава ўсяго таго раёна, дзе Сумлічы, пра якога я яшчэ не казаў і пра якога зараз скажу, цяпер ужо і гэты чалавек убачыў, што яму трэба было глядзець не на двух Папсуёў, а якраз на тых, да каго ён праз Папсуёў стаў задам. Ахрэм Ракавіцкі ўбачыў, што самы верны спосаб пазнаць чалавека, гэта прыгледзецца, колькі добрага ён зрабіў людзям, а не колькі ён пасеяў зла. Вялікая памылка заўсёды была ў таго, хто думаў праз нянавісць ажыццяўляць добрыя ідэалы. Сумліцкі Папсуй быў жывым увасабленнем заядлай нянавісці нават і да таго, каго ён і ў вочы не бачыў ніколі. Сумлічане жылі і азіраліся: а ці не накіравана да мяне Папсуева вока? Яго баяліся тым больш, што ён не быў ніколі якой-небудзь афіцыйнай ці службовай асобай, ён быў толькі ахвотнікам да «дзейнасці» і «пільнасці», і на яго і скардзіцца не было каму і як.

Гэтым можна вытлумачыць тое, што Мікалай Хадыка запячатаў свой твар холадам маўчання, калі Вацік Папсуйчык вычытваў яму з газеты пра Максіма. Страшна было што-небудзь сказаць або выявіць да чаго сваё дачыненне. Сінябрыцкі-Папсуй усё вытлумачыць, як захоча, у свой бок. На гэтым і скончылася Хадыкава жаданне пісаць пісьмо свайму Максіму. Праз некалькі дзён аднак жа ён вельмі радаваўся, што не напісаў таго пісьма. Шчаслівыя думкі яго сыходзіліся на тым, што ён тым сваім дурным, як сам цяпер лічыў, пісьмом не збіў Максіма з дарогі. Справа такая, што ў тыя дні прыйшло ад Максіма поўнае радаснага захаплення пісьмо. Шпаркімі і разгоністымі літарамі Максім пісаў: «Бацька! Будзь вясёлы і шчаслівы! Зайдзі да Сцяпуры і перакажы яму і Лідзе ад мяне прывітанне, а таксама Паступовічу і яго Вікці. Каб ты ведаў, як у мяне ўсё добра ідзе! Перш за ўсё скажу табе, што я ўжо, як самы сталейшы («з яго робіцца нейкі хвалько!» — з прыкрасцю падумаў Хадыка), выступаў на адкрыцці навучальнага года, і я гаварыў, каб ніхто з гэтых маладых студэнтаў не забываўся, што ён належыць да вялікага беларускага народа. А калі ён мае свае вочы, каб бачыць, і вушы, каб чуць, то ён не можа не належаць партыі, @lt якая змагаецца @gt за шчасце свайго народа. Мая прамова зрабіла на ўсіх вялікае ўражанне». Ён хваліўся, гэты зялёны юнак, сваімі поспехамі. Дачытаўшы пісьмо, недаверлівы бацька ўзнёс да бога шчырае слова: «Божа, дай яму быць добрым настаўнікам і не аддаляй яго ад мяне». Пасля ён падумаў: «Ён думае аб дзяўчатах — Лідзе і Віктусі». Але дзіўная рэч: невядома з чаго нейкая трывога лягла на душу Мікалая Хадыкі, і гэта нейкім чынам ядналася з Сцяпуравай Лідай і Вацікам Сінябрыцкім. Ён быццам адчуваў, што ў сувязі з імі нейкае няшчасце і яму будзе. Хоць беспрычынная трывога яго неўзабаве і прайшла, але думкі пра Сінябрыцкіх не выходзілі ў яго з галавы. Ён яшчэ больш іх узненавідзеў, але не за іх справы, якіх ён на сабе не спрабаваў, хоць і яны мелі тут месца, можа з іх усё і пачыналася. Сінябрыцкія жылі, як бяздомныя птушкі, якія круцяцца ля чужых гнёздаў. Тады калі Хадыка, Сцяпура, Паступовіч і не менш сотні іншых сумлічан і прышлых сюды людзей узводзілі з паўднёвай сумліцкай стараны будоўлю і, разам усе, стварылі новыя тры вуліцы, Сінябрыцкія займаліся сваімі справамі і не шманалі. Яны арандавалі нейкую трухлявую даміну пры местачковым рынку, і некалькі гадзін штодзень стары Сінябрыцкі праседжваў на ганкавых усходах свае кватэры. Што ж да Ваціка, то гэты, здавалася, адначасна мог быць відзён па ўсіх местачковых канцах, і заўсёды з рогатам і жартам. У простых людзей з веку ў век была нянавісць да таго, хто рагоча і гуляе, калі ўсе займаюцца работай. Бяздом’е бывае вымушанае, з гора, але бывае і з-за нядбайства. Але гэта да Сінябрыцкіх не належыць. Нядбайнікамі яны не былі. Яны дбалі так, што за сваё жыццё маглі хваліць бога. І бяздомнікамі яны не былі. На галаву ім дождж не ліў, і вецер не дзьмуў ім у косці. Кватэры яны, праўда, часта мянялі, але жытла паспрабавалі і ў новых дамах, пастаўленых у гады рэвалюцыі, і ў старых, пастаўленых дзядамі цяперашніх сумлічан. Яно і так, калі падумаць: той, хто паставіў дом, даўно памёр, а дом стаіць. Трэба ж, каб у ім хто-небудзь жыў. А тым часам тры новыя сумліцкія вуліцы даходзілі да свайго завяршэння. Хаты трох пачынальнікаў іх ужо скрыліся сярод маладых садоў, новых дамоў і хат. Ужо высока ўзнімаліся пасаджаныя скрозь клёны, бярозы, каштаны і ясені. Вясною густа цвілі маладыя ігрушы і яблыні. Улетку, здаецца, вецце гнулася ад вішань, у жнівені цэлымі начамі стукалі яблыкі, падаючы з дрэў у траву. Пасля жніва і прыборкі з поля і да халадоў за садамі і агародамі ў полі аж бялелася ад гусіных чародаў. З іржышча і паплавоў гусіны гергет чуўся аж па другі бок мястэчка. Зімовымі вечарамі аж да трэціх пеўняў ніяк не магла асталявацца цішыня на гэтых трох вуліцах: духавы аркестр сумліцкай пажарнай дружыны бесперапынна развучваў свае маршы. Вацік Папсуйчык тут граў на самай большай трубе, якая вухае і грукае і тоўстым колам ускладаецца музыканту цераз плечы і грудзі. Можна сказаць, што гэта быў адзіны занятак, якога малады Папсуйчык упільчыста трымаўся, а то ён усё скакаў, як верабей, з месца на месца.

Новыя тры вуліцы сумлічане чамусьці назвалі Сумліцкі Прысынак, а пасля проста Прысынак, можа таму, што гэты пасёлак, як хлапчук да маткі, прытуліўся да старога мястэчка. Але якая б там назва ні была, на Прысынку заўсёды было добра і весела. Вясною тут пахла садамі і яблычным цветам, улетку полем, увосень садавінай, а ўзімку смольнай хвояй з Сумліцкіх лясоў. Але прысынкаўскія пахі гэтым не канчаліся. З канца сакавіка і па май месяц тут трымаўся пах, які ў кожнага новага чалавека неміласэрна гнаў сліну. Бадай што на кожным агародзе курылася вяндлярня, і дух ад венджаных шынак, каўбас, паляндвіц і сальцэсонаў забіваў далікатную духмянасць яліны і хвоі на ўзлессях і лясных дарогах аж за некалькі кіламетраў ад Сумліч. Чым больш праходзіла часу, тым больш Прысынак тануў у гушчырні дрэў і больш абростаў садамі, агародамі, кветнікамі, выцягваўся ў поле загарадзямі, сцежкамі і прыбудовамі. І ўсе прысынкаўцы заўсёды былі на воку адзін у другога. Відзён быў заўсёды павольны і разважлівы Міхал Сцяпура, цягавіты, працавіты, спакойны, сталы, удумлівы, заўсёды схільны ўміліцца душой над вялай ад спёкі травінай. То ён часаў бервяно, то дніў кадушку, то рабіў колы, то правіў загарадзь. Юзя Паступовіч стаў любіць сябрыну і кампанейства. Ён вельмі шкадаваў, што Сцяпура не курыць: у кампаніі з суседам ахватней курылася б. К гэтаму часу Целяфун стаў нейкі як бы па-дзіцячаму наіўны. Расказвалі пра яго, што ён мог цяпер добрую гадзіну прыглядацца да рухавай ад ветру аўсянай мяцёлкі і раптам, адумаўшыся, ірвануцца да якой-небудзь работы.

Што да Мікалая Хадыкі, то да таго часу, калі яго Максім у поўнай маладой сталасці з’явіўся ў Сумліцкім Прысынку, як ацэншчык усіх тут справаў і з’яваў, з старым Хадыкам адбылася змена. Яго нянавісць да Сінябрыцкіх перавысіла ўсе межы. Раптам ён агледзеўся і жахнуўся: «Сінябрыцкі жыве на чужым і на гатовым, нават кала сам не зачасаў. Дык і я ж, як той пустадомак, так і асталося ўсё ў мяне не даведзенае да ладу: я не канчаў дому свайго, а збіраў грошы на Максімаву навуку, а Максім без грошай вучыцца». Хадыка ўстрапянуўся, як уражаны жахам. Быццам бы ўсяго і мэты было на свеце ў чалавека, каб не быць падобным да Папсуевага-Сінябрыцкага. Хадыка габляваў дошкі, заганяў цвікі, вычэсваў клінне, выпілоўваў штыкеты, акорваў жэрдкі, дзёўб пазы ў шуллі, умацоўваў карантышы на штылёх, падганяў ліштвы, прыстоліў сенцы і нават вешала прыбіў над ганкам. Якой дамавітасцю дыхнула цяпер ад яго рамесніцкай сялібы!

Можна было падумаць, што Мікалай Хадыка раптам надумаўся вярнуць раней страчанае праз сваё абібоцтва, так ён дзень пры дні стараўся каля дому, і дзіўна было, што не відно тут жанчыны. Такая на гэтага чалавека напала руплівасць, што, здавалася, ён абсеўся вялізарнай сям’іскаго, якая ўся і сядзіць на яго шыі. Тым часам явіўся і Максім. Ён даўно не быў у Сумлічах, нешта гадоў са два. Ён часта пісаў бацьку, але і з гэтых частых пісем відно было, што ён стаў скупейшы на слова. Яно і вядома, ён сталеў з ходам часу, і цяпер ужо бацька не пачуў бы ад яго наіўных тых словаў аб замілаванні, аб народзе, аб удалым выступленні на пачатку навучальнага года. Стары Хадыка хадзіў чытаць гэтыя пісьмы і да Сцяпуравай Ліды, і да Паступовічавай Вікці. Абедзве яны заўсёды пыталі яшчэ, а што так, без пісьма, чутно пра Максіма і чаму ён падоўгу не прыязджае. Бацька адчуваў, што яго Максім стаў перайначвацца, а як і што — не яму было ўцяміць. Даходзілі, праўда, чуткі, што Максім і адно і другое лета выязджаў кудысьці з Мінска. Ён і сам пісаў: «Выязджаю на цэлае лета ў экспедыцыю». У якую гэта «экспедыцыю»? І што такое «экспедыцыя»? Цяпер Максім прыехаў. Высокі, тонкі, смуглявы, у чорным гарнітуры, які на Прысынку здаўся ўсім шыкарным. Ён галіўся два разы на тыдзень, хоць і без пільнай патрэбы. Стары Хадыка наглядаў за ім і бачыў, што ён часта сядзе, паглыбіцца ў думкі і так сядзіць і гадзіну і дзве. Бацька не вытрымаў:

— Скажы ты мне, куды ты гэтыя леты ездзіў і на каго ж ты, урэшце, вучышся?

— Ездзіў я па ўсёй Беларусі вышукваць і глядзець помнікі і сляды беларускай гісторыі. Мне ўдалося далучыцца да дзяржаўнай экспедыцыі. Педагагічны тэхнікум я скончыў і ўжо маю права быць пастаўнікам, хоць бы сабе і ў Сумлічах. (Ён ведаў патаемныя думкі бацькі і, любячы яго, сказаў апошнія словы.) Але я ўжо на першым курсе універсітэта. На гістарычным факультэце. Я хачу быць гісторыкам.

Бацька заўважыў, што сын ужо не выварочвае перад ім свае душы, а зніжаецца ў гаворцы да яго ўзроўню. І ён уздзякваў бога, што Максім вырас, і самастойны чалавек.

— А гарэлку ты п’еш? — сказаў Хадыка.

— П’ю,— адказаў Максім.

Бацька дастаў гарэлку, і з сынам удвух яны выпілі. Усю ноч пасля шчаслівае ўзбуджэнне не дало заснуць Мікалаю Хадыку. Адчуванне таго, што ніякі клопат не гняце яго, было ў яго. З таго дня Мікалай Хадыка пачаў інакш жыць, быццам ён дзеля самога сябе ніколі не жыў і цяпер, успомніўшы гэта, стараўся злавіць уцёклае. Смешна было б глядзець старонняму чалавеку. Хаваючыся ад Максіма, ён штодзень даставаў з поўнай збожжам кадушкі адпітага паўлітра і каштаваў гарэлку «нашча, на апетыт і на здароўе, бо жыць і не хварэць трэба доўгія годы, жыць добра стала». Максім пажыў у бацькі з месяц і паехаў. Бацька астаўся адзін. Выгляд яго нейк змяніўся. Ён стаў павальнейшы, цяслярскае работы не браў, а сталярскую выбіраў, каб не абы-якая, а тонкая, далікатная, і неўзабаве пачаў рабіць толькі мэблю, шуфляды аконныя, зрабіўся майстрам на веранды і ганкі. Вельмі можа быць, што з лёгкай Хадыкавай рукі сумлічане ўзялі моду будаваць дамкі з верандамі. Усе тыя гады мястэчка ўсё забудоўвалася. Усе сумліцкія веранды былі пароблены Хадыкавымі рукамі. У яго ўжо і заваду не было той ранейшай патрэбы рабіць дзеля кавалка хлеба, і ён пачаў вымышляць: ужо і сталярства занядбаў, а стальмахом стаў: малатарні ставіў і млыны рабіў. Сваю хату ён перарабіў нанава. Сенцы і клець перасыпаў і пераімшыў, павырэзваў вокны, вымаляваў падлогу, і выйшлі два пакоі, і столь у хаце падняў на два вянкі. Пераставіў печы і ўсюды філянковыя дзверы. Ён ужо курыў добрыя гатунковыя папяросы, і ў яго абудзілася рэўнасць да славы свайго сына перад тымі, хто таксама сачыў за Максімам. Аднойчы Сцяпурава Ліда і Паступовічава Вікця прыйшлі да яго з газетай. Адна перад другой навыперадкі яны сказалі:

— Пра Максіма.

І Ліда прачытала: «Малады гісторык, студэнт гістарычнага факультэта Максім Хадыка, зачытаў на навуковым гістарычным таварыстве даклад: «Помнікі беларускай гісторыі як паказчыкі вялікасці беларускага народа». Гэтыя дзяўчаты былі ўражаны тым, што знайшлі Максімава імя. І ў душы старога Хадыкі абудзілася рэўнасць. Ён выпісаў газету і кожны дзень чытаў, але больш як год не спаткаў там нічога пра Максіма, а там зноў быў падобны на той першы допіс. Ліда і Вікця часта прыходзілі да яго пытаць, што піша Максім, і чыталі яго пісьмы. Хадыка бачыў: абедзве яны любяць Максіма. І гэта была праўда. Вось якое месца занімаў Максім у душах гэтых дзяўчат. З імі ён бачыўся бадай штодзень, калі апошні раз быў у Сумлічах. Гады яго былі такія, што ён выехаў з Сумліч з сумам па іх абедзвюх, па ўсіх сумліцкіх дзяўчатах, па саміх Сумлічах, па сумліцкіх зорных ночах, летніх днях, бацькавай хаце і па ўсім тым, што кожную хвіліну магло ўразіць яго душу. Як ён паехаў, і Ліда і Вікця адчулі, кожная па-свойму, што ён быццам штосьці адарваў ад душы і павёз з сабою. Тым часам ішла восень, і дзень за днём беглі, і агледзецца цяжка было, як прыйшлі доўгія ночы. Гэта якраз і была тая восень, у якую Ліда ўпершыню засумавала, што ёй ужо не васемнаццаць год. Ёй не спалася начамі, але ж ёй і не гулялася разам з усімі сумліцкімі дзяўчатамі. І нават блізкая ёй, як сястра родная, Паступовічава Віктуся, не заходзіла па яе, каб разам ісці гуляць на мястэчка. Віктуся, калі не заўважала, то здагадвалася і адчувала, што Лідзіна душа неспакойная, што яна трывожыцца і мае непатрэбныя думкі. І чамусьці яна старалася, каб не сустракацца так, як раней, часта з Лідай, і ёй было нядобра глядзець сваёй старэйшай дружбоўцы ў вочы. Чаму? З чаго? З якой прычыны? Хіба гэта злачынства перад Лідай думаць пра Максіма Хадыку? Але тут якраз і выявілася вельмі выразна тое, што яны не роўныя гадамі, што адна з іх маладзейшая за другую на некалькі год. Вікця вельмі нядоўга была ў такім настроі і з лёгкім сэрцам ужо адна хадзіла на мястэчка, не прапускала ніводнага танцавальнага вечара і самая першая ў Сумлічах пераняла таемную навіну: факстрот, які камсамолкі танцавалі ўкрадкам, каб ніхто не паглядзеў і каб не даведаліся ў райкоме.

Можна было падумаць, што Лідзе раптам вельмі спадабалася адзінота. Восень тая была ціхая і цёплая. Доўгімі начамі льга было выстаяць босаму ў тумане на мокрай зямлі і не мерзнуць. Ужо ўсё спустошвалася да зімы. Здавалася, што ўвесь Сумліцкі Прысынак засыпаўся жоўтым і чорным лісцем з ігруш і яблынь. Мокрая саломіна з пустым коласам звісала дзе-небудзь з-пад страхі і як бы сведчыла, што парадку ў сялібе і ў полі не будзе аж пакуль не падзьме веснавы вецер. Босая, у кароткай ватоўцы, у гаматной вялікай хустцы на галаве, Ліда вельмі часта заседжвалася адна на лаўцы пад ігрушамі ў глыбіні двара. Часамі з задумёнасці яе выводзілі першыя пеўні. Яна ўваходзіла ў сонную хату і запальвала лямпу і яшчэ і тут сядзела доўга, тады бацька казаў ёй:

— Чаму ты ўсім як ёсць ганьбу даеш. Табе ж ужо, сказаць, на трыццаць год ідзе.

Раз яна яму адказала На гэта горача і злосна:

— А што ж, мне не даваць ім ганьбы?! Можа, мне за гэтага Папсуйчыка пайсці, якога ўсе людзі знявідзелі? А можа, за Антося Трундзіцкага, які дзесятае слова стараецца на польскі лад выгаварыць? Ці, можа, за Ахрэма Цівунчыка, што з скуры лезе, каб не быць так сабе чалавекам, а каб начальнікам, хоць дзе ў пажарнай дружыне, абы камандаваць, а не жыць з людзьмі. Мне гадка глядзець на яго гэтую кіраўнічую зялёную рубашку з раменным поясам! Ці, можа, за Юліка Гультая?

— Нашто ж ты Юліка Гультая сюды прыплятаеш? Ён адзін, а каля яго паўсотні да цябе сватаюцца. А Віктар Цяслёнак?

— А Віктар, а Віктар!..

Яна нічога не магла сказаць на Віктара Цяслёнка, і гэта было ёй тым горш і балючай.

Што да Віктусі, то нейк так ішлося, што яна ўсё больш аддалялася ад Ліды і нейк зыначвалася. Падыходзілі і ў яе гады да спелай маладосці, і нават больш. Ці даўно яшчэ Віктуся, вёрткі падлетак, ганяла прутам гусей па ржышчы, а гэта, хоць і да факстрота была падкая, але і хада яе ўжо набывала сталую роўнасць. Але і гэта ўсё — як каму здаецца. Некаторыя казалі, што Вікця ў гэтыя годы стала не тое што легкадумнай (глыбакадумнай яна ніколі не магла дагэтуль быць, бо толькі цяпер вырасла), але заўважалася, што яна як бы цалкам належыць да1

1 На гэтым рукапіс абрываецца.




Беларуская Палічка: http://knihi.com