epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Супраць звера

На перасыльным пункце палонныя немцы некалькі дзён чакалі адпраўкі ў глыбокі тыл. З палоннымі гаварылі людзі, якія сабраліся паглядзець на іх. Прыйшлі сюды і чырвонаармейцы, сярод якіх былі і рускія, і беларусы, і ўкраінцы, і казахі. Мясцовы настаўнік сказаў да палонных такія словы:

— Мы хочам, каб народы ўсяго свету жылі ў дружбе. Каб чалавек чалавеку быў брат.

Пачуўшы гэта, чырвонаармейцы з яснымі тварамі пераглянуліся. У вачах іх свяцілася гордасць за гэтыя словы, сказаныя савецкім чалавекам. З насцярожанасцю яны павярнулі твары да немцаў — што яны на гэта скажуць, ці хочуць яны, каб чалавек быў чалавеку братам?

Немцаў было каля трыццаці, і толькі два з іх (адзін аўстрыец) праясніліся тварамі і пачалі ківаць галовамі, як толькі перакладчык растлумачыў ім сказаныя словы. Усе ж астатнія са змрочнай злосцю апусцілі вочы ў падлогу і так і застылі ў гэтай звярынай паставе. Тое, што яны пачулі, было чужое ім і непатрэбнае.

І вось чырвонаармейскія твары пачалі хмурнець. З вачэй спала надзея на тое, што ў нямецкага салдата асталіся нейкія рэшткі чалавечнасці. Не. Усё чалавечае яму чужое. Гэта толькі звер з воўчымі зубамі і свінячай натурай.

Губы ў чырвонаармейцаў сціснуліся. Вочы сталі суровымі. І суровасць ператварылася ў непрымірымую нянавісць.

Гэтую карціну я наглядаў у другім месяцы пасля пачатку вайны. З таго часу прайшло ўсяго паўгода, але з нямецкім салдатам адбылася вялікая змена. Цяперашні палонны немец не падобен на таго, які быў у пачатку вайны.

Цяперашняму палоннаму немцу можна гаварыць, што хочаш, нават тое, што яго маці ёсць пярвейшая сука. І немец ужо не будзе з пагардай і самаўпэўненасцю глядзець у падлогу, як калісьці. Цяпер ён, як збіты сабака, будзе лісліва зазіраць табе ў вочы і, цярэбячыся за каўняром ад вошай, будзе згаджацца з усім.

Аднак жа ніякіх чалавечых рыс у ім не з’явілася. Ён астаўся той жа двуногай жывёлінай, толькі бітай, абскубленай і апаршыўленай. Яго самаўпэўненасць выбіла з яго наша артылерыя, наша авіяцыя, наш штык. К таму ж яго яшчэ падмарозілі нашы марозы. Цяпер яму не да таго, каб думаць, што ён быццам бы лепшы за ўсіх на свеце. Цяпер ён выскаляецца ўсёй мордай і робіць выгляд, што быццам бы нічога і не здарылася: што ён не грабіў і не забіваў, не гвалціў і не кідаў у агонь нявінных дзяцей. Наша наступленне і нашы пабеды здорава прыпяклі яму.

На яго наступае і яго б’е вялікая сіла. Няма чаго і казаць, што Чырвоная Армія моцная сваёй зброяй. Наша авіяцыя ўжо даўно давяла сваімі баявымі справамі, што яна пануе над ворагамі па ўсім фронце і ў нямецкіх тылах. Наша артылерыя наводзіць жах на гітлераўскія дывізіі. І нашы танкі, і нашы штыкі ёсць грозная для ворага зброя. Чырвоная Армія бязлітасна знішчае нямецкія полчышчы і гоніць іх з савецкай зямлі. На Заходнім фронце ад немцаў ужо цалкам ачышчаны Маскоўская, Тульская вобласці. Чырвоная Армія падышла ўжо да самай Беларусі, і хутка пачнецца ачышчэнне ад немцаў нашай роднай Беларускай зямлі. На Паўднёвым і на Паўднёва-Заходнім франтах наша армія б’е і гоніць ворага. Ачышчаецца ад немцаў Украіна. Вораг убачыў, што нас ён не пераможа, і ў дзікай злосці, перад сваёй пагібеллю, яшчэ заядлей чыніць свае зверствы, на сваёй галаве адчуваючы сілу нашай зброі.

Але ў нас ёсць і яшчэ адна сіла, недаступная немцам. Гэта — чалавечнасць і патрыятызм. Наша Чырвоная Армія носіць у душы імкненне да брацтва ўсіх народаў, а на вялікія подзвігі і гераізм яе натхняе найвялікшае замілаванне да сваёй радзімы і да свайго народа. З нашага сэрца гэтага не вырвеш, і гэтым тлумачыцца тое, чаму Чырвоная Армія — гэта армія герояў, здольных перамагчы ўсякія выпрабаванні і давесці вайну да поўнага знішчэння ворагаў, усіх да аднаго.

Гэтай сілы няма ў немцаў. Там толькі кругавая парука забойцаў і шэльмаў. Які там к чорту патрыятызм, калі кожнаму нямецкаму ваяку ўбіта ў галаву, што ён пасля вайны будзе мець маёнтак на заваяванай зямлі. Заўважым: натхняючы сваіх салдат на вайну, бандыт Гітлер не шукаў у немцаў пачуцця радзімы, а пачуцця грабежніцтва і нажывы на чужым. Так крывавы забойца Гітлер выхаваў сваю салдатню, дык інакш і быць не магло, бо ён сам ёсць прайдзісвет і злая шэльма.

І ў гэтым пагібель яго і яго войска. Вашывы і паршывы палонны немец не мае ў сваёй душы якога б там ні было апірышча для свайго спакою. Гэта злодзей, якога злавілі, збілі і якому няма чым апраўдацца.

Так ідзе іх пагібель. Так у імя брацтва народаў, у імя шчасця свайго народа, любві да роднай зямлі, у імя высокага, благароднага патрыятызма кожны чырвонаармеец — герой.

Так набліжаецца наша перамога і гібель гітлераўскай Германіі.

Будзем ведаць усе гэта. І дзеля нашай чалавечнасці будзем знішчаць і душыць кожнага немца, аж пакуль на нашай зямлі сляды яго не расплывуцца пад дажджамі і вятрамі.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан