epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Свята працы і свету

І
ІІ
ІІІ


 

І

Разляглася вясна над зямлёй яснымі днямі ды цёплымі вятрамі. Ужо дарогі пачыналі пылець ад вятроў, ужо на межах ды паплавах выглядала трава, а на палявых дарогах стукалі сялянскія калёсы ды ржалі коні.

Вёска грэлася на сонцы, гледзячыся ў рэчку з узгорка, і кожны дзень усход сонца сустракала яна шумам працы — галасамі людзей, стукам конскіх капытоў ды калёс, скрыпам варот. А то яшчэ на сонцы каля хат крычалі, смяяліся ці плакалі дзеці — і бесклапотныя, і разам з тым поўныя свайго дзяцінага клопату.

За гэтыя дні ў вёсцы абчысціліся ад зімовай іржы ўсе плугі ды бароны аб сырую зямлю ў палях; і людзі, і коні надыхаліся вольным паветрам вясновага поля.

Вясёлая праца вялася ў вёсцы... Вуліца была доўгая і шэрая ад дзеравяных хат. Цяпер хаты амаль што пуставалі цэлымі днямі — не то што зімою, калі і старыя і малыя мнуцца ў хаце...

Якраз год таму, летась, па прасохшых сцежках, напрамік цераз поле, прыйшоў быў з суседняй вёскі — Цёмнага Бору — шчуплы і худы чалавек — Сцяпан Кірык. Прыйшоў ён з папераю ў кішэні, і загэтым усе, ведаючы яго, прабавалі смяяцца:

— Ці не начальствам ты зрабіўся, Кірык?

— А гэта, значыць,— адказваў Кірык, жмурачыся на сонцы,— я ад сельсавету пасланы перапісаць няграматных, пакольку я, значыць, можна сказаць, на ўсю вёску Цёмны Бор чуць не адзін у граматных састаю.

— Дык што ж гэта ты на старасці год грамаце абучаць нас будзеш?

— А мне што? Я ў Цёмнаборскую школу аддам спіскі, няхай там настаўнікі па сваёй, значыць, часці ў гэтай справе, і больш нічога...

Кірык абышоў тады ўсе хаты і запісаў няграматных.

— Божа мой, божа,— уздыхалі тады старэнькія бабулькі,— і што гэта будзе, ці не чорныя спіскі на нашы грэшныя душы пішуць...

Якраз цяпер, вясною, успамінаюць усё тое здарэнне. З таго часу зімою, з перарывамі, хадзіла многа старых тры разы ў тыдзень у Цёмнаборскую школу за паўвярсты. І многія глядзелі на гэта са смехам. Фармальна пачалося гэта было летась Першага мая. Якраз тады прыехалі былі з горада рабочыя і прынялі шэфства над вёскай. І быў закладзены ў вёсцы тады пункт знішчэння няграматнасці.

 

ІІ

У хаце было цесна, была хата яшчэ дзедаўская, і ў ёй было заўсёды многа таўкатні і клопату.

Смяяліся і плакалі замурзаныя дзеці, шамяталі мышы на печы ў вешалах цыбулі, па сценах тараканы шчупалі паветра вусамі. У сонечныя дні сцены блішчалі асвечанаю вапнаю, і вясёла было ў хаце.

Як закрычаць на печы дзеці, Мар’я кіне работу ды да іх, а як стала цёпла — выпусціла яна іх на вуліцу і сама адна таўклася ў хаце і каля хаты. Мужчыны дзень пры дні выязджалі ў поле, бо начакалася зямля за зіму плугоў.

Летась, як Першага мая залажылі былі ў вёсцы пункт па знішчэнню няграматнасці, Мар’я першаю запісалася вучыцца. Былі ў Мар’і розныя думкі, і вясёлыя і нудныя, у жыцці, а аб гэтым была думка радасная.

Ды толькі мала было такіх, як Мар’я. Запісаліся было ўсяго некалькі жанчын, а то ўсё мужчыны, ды і тых нямнога. «Што гэта выдумалі, на старасці год»,— гаварылі многія. Пасля больш стала хадзіць вучыцца — зімою часта прыязджалі з горада шэфы і бралі раз з сабой некалькі чалавек дэлегатаў — падшэфных з вёскі — паказаць сваё жыццё. Рабочыя былі з слясарні, і кіпела наша ў іх праца жывою крыніцаю — якраз тады рыхтавалі ў слясарні плугі. Вяскоўцы аглядалі тады і іншыя заводы і прадпрыемствы. І як вярнуліся ў вёску, думалі аб тым, што ў рабочых і праца і ўсё арганізавана, усё падлічана і ўсё лепш ідзе.

Лепшая тады была адчулася блізасць між вяскоўцамі і рабочымі, бо і там і тут праходзіла жыццё адналькова — у працы.

К канцу зімы пачала Мар’я ўжо паволі прачытваць кніжкі і вельмі шкадаваць стала, што няма ёй як адарвацца ад хаты ні на хвіліну, каб пабыць у горадзе, паглядзець на жыццё ды працу горада.

Больш стала яшчэ ў Мар’і думак. І стала тады прымячаць Мар’я: яно, паглядзеўшы, як бы таксама нудна і паволі плыве ў вёсцы каламутная рэчка жыцця. Канец зімы прынёс туманныя дні і цёмныя вечары. Вечары праходзілі ў жанчын за пражаю, а за пражаю вяліся доўгія і нудныя гаворкі з просценькімі жартамі, з абгаворамі суседзяў. Ды толькі сярод гэтага блісне часам нешта іншае. Загавораць раптам аб горадзе, аб тым, што некаторыя з вяскоўцаў граматнымі робяцца, што прывезлі аднекуль у горад рабочыя жалеза і нешта для вёскі куюць. І часам было, што пакідалі прасніцы ды ішлі гуртам на сход, хадзілі за паўвярсты ў Цёмнаборскую школу глядзець, як дарослыя вучацца, а пасля больш стала запісвацца.

А то часам усё гэтае як бы замрэ, як бы затопіць яго сабою ўсё, што дагэтуль панавала ў вёсцы. Так схвацілася ў бойцы новае з старым.

У цёмныя вечары, седзячы часам адна дома, Мар’я перадумвала аб маладых гадах ды аб горы і бядзе, перажытых за ўвесь час. Цьмяны агеньчык газоўкі як бы меў нейкую пэўную мэту: панура падміргаў цёмным сценам, ганяў па іх цені, як бы стараючыся зрабіць хату царствам старых павольных думак, аднальковай часці нуднага жыцця, ціхіх і баязлівых слоў...

І ў Мар’і звярнулася вялікая і праўдзівая думка:

«Усё гэта канчаецца, адыходзіць у нябыт. Бо ўжо відны адзнакі новага, лепшага, да чаго ўжо ясна дарога шырокая».

Не можа яшчэ ў словах сказаць аб гэтым падрабязна Мар’я: было гэта пакуль што толькі ў думках ды пачуццях жанчыны...

 

ІІІ

Мужчыны аралі поле, рыхтаваліся к сяўбе, аглядалі жытнюю рунь. Кабеты ў гэтыя дні даставалі насенную бульбу з паграбоў ды капцоў. У гэты ж час у горадзе прывозілі паязды жалеза, вату, дрэва, развозілі падводы і аўтамабілі ўсё гэта па заводах і фабрыках, а там сотні і тысячы рабочых пускалі ў ход машыны, і з жалеза выходзілі плугі ды бароны, з ваты — паркаль ды палатно.

У вёсцы на полі спяваў свае песні вясёлы вецер, яго людзі заглушалі песнямі, стукам калёс ды дрэва, а ў горадзе стукалі звонка машыны, спявалі жалезную песню калёсы, свістала пара ў катлах ды гаварыла аб сваёй магутнай сіле, накіраванай чалавекам сабе на карысць.

З вёсак у горад кожны дзень прыязджалі людзі, і кожны дзень паязды развозілі ў глухія куткі, у шэрыя вёскі, што прытуліліся між палёў, з заводаў усё, што выходзіла з рук рабочых.

І так па ўсёй краіне бушавала віхрамі праца. У вёсцы свая, у горадзе свая. І цесна ў працы звязаліся горад з вёскай як бы ад пэўнай думкі, што праца горада без вёскі — мала дасць, праца вёскі без горада — таксама.

У працы людзі былі блізка адзін аднаму. Таміліся за дзень, з радасцю сачылі за вынікамі сваёй працы. Праходзілі дні хутка — быстраю рэчкаю беглі ў вечнасць. Было ў людзях імкненне да нечага большага, лепшага, і ў гэтым была вечная сіла.

І бурліла ў людскіх пачуццях жаданне як бы крыкнуць усёй зямлі, сказаць усяму, што ёсць, аб радасці дзён, аб песнях і звонах жыцця.

І як маладою зеленню ўсміхнулася зямля, а сонца цеплынёю глянула ўніз — у нястрыманых уздымах выяўлялася людская маладая жыццёвая радасць.

* * *

Вясна ўсміхнулася маем. І Першага мая як бы сабрала яна ў зямлі і ў людзях усю сваю маладосць. У гэты дзень сціхлі ў горадзе станкі і машыны, пакінула звінець жалеза. Горад упрыгожыўся, зазвінеў песнямі і музыкай. К гэтаму дню паслаў горад у вёску рабочых і работніц.

Па пыльнай дарозе, што шэраю істужкаю перарэзала поле, прыехалі рабочыя-шэфы ў вёску. У Цёмным Бары спаткалі іх сходам. За паўвярсты ў вёсцы былі яны чаканымі гасцямі.

Вёска і не ўбіралася к Першаму маю. Ды не ў гэтым справа. Яна была ўвабрана вынікамі працы ды выхадам на новую дарогу.

Першага мая плугі не ўздымалі раллі, бо людзі адпачынкам і падлікам дасягненняў спаткалі гэты дзень.

Вялікі сход быў у вёсцы Цёмны Бор. Вакольныя вёскі выслалі туды сваіх людзей, і рабочыя-шэфы расказалі, колькі за год зроблена імі плугоў ды кос, колькі машын для вёскі заказана за граніцаю, колькі вёска дала прадуктаў і матэрыялаў, каб у горадзе не спынялася б праца і каб вёска ўсё мацней і мацней станавілася на новай дарозе...

У той дзень многа было гаворак у вёсцы надзвычайных. Работніцы ў хатах расказвалі аб сваім жыцці і працы. Прыйшлі сюды жанчыны з суседніх глухіх вёсак, дзе не маглі пабываць рабочыя з горада.

І была тады ў многіх вясковых жанчын думка:

«На горад наша надзея, толькі цераз яго пазбавімся цёмных вечароў за нуднаю пражаю пры цёмным свеце газнічкі, пазбавімся ад хвароб, што цемра жыцця іх прыносіць...»

Вечарам у Цёмнаборскай школе настаўнік гаварыў, колькі сялян і сялянак за год сталі граматнымі, і выяўлялася, наколькі за гэты год вёска стала святлейшаю.

У Цёмнаборскай школе вечарам сход быў вялікі.

* * *

У шырокіх палях стаяць родныя вёскі. Над імі вятры спяваюць свае вечныя песні, а ў іх людзі твораць сваю новую, зычную, вясёлую песню. Горад зазваніў у родных вёсках жалезам, дапамагае людзям там шырока размахнуцца ў радасці жыцця. Дні імчаць к свету... Годы — лічаць вялікія дасягненні. Здаецца, тыя самыя дзеравяныя шэрыя сцены, ды ўжо новае туліцца за імі. Новае ў іх, новае ў людзях. Можа зразу яшчэ часам непрыметнае, але ўжо моцнае.

І гэтае моцнае ў блізасці шырокага поля з дымным заводам...

У Цёмнаборскай школе, на сходзе адчувалася гэта людзьмі.

— Таварышы, дайце сказаць мне!

Гэта Мар’я, ужо граматная перадавая жанчына вёскі, праходзіла к сталу, каб у нязграбных ад непрывычкі гаварыць перад вялікаю грамадою словах расказаць тое, што адчувала і думала аб вялікім дні Першага мая — свяце працы і свету.

 


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан