epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Тэатр з будучыняй

Пра наш «Тэатр рабочай моладзі» (ТРАМ) цяпер ужо трэба гаварыць няйначай, як пра сталы, сапраўдны тэатр, які з поспехам прайшоў час свайго вучнёўства і ўваходзіць у сям'ю нашых асноўных тэатраў.

Спектакль «Працяг будзе» паклаў канец вучнёўскаму перыяду тэатра. Тэатр пачаў быць самастойнай адзінкай. У гэтым выдатная роля М. А. Зорава, мастацкага кіраўніка тэатра, аднаго з нашых лепшых акцёраў. Яго роля ў справе росту ТРАМа вельмі вялікая.

М. А. Зораў развіваўся і ішоў да свайго акцёрскага майстэрства ў калектыве Першага Дзяржаўнага тэатра (БДТ-1). На шляху свайго росту тэатр гэты перамог шмат цяжкасцей. Тэатр перамагаў нацдэмаўскія ўплывы, а маналітна з гэтым і правінцыяльныя метады фармальнага парадку (натуралізм, бытавізм). І от у гэтым змаганні за ідэалагічную чыстату і вышыню мастацкіх форм у калектыве БДТ-1 вырасла і сфармавалася шмат акцёраў-майстроў, кожны з сваімі яскрава выяўленымі індывідуальнымі творчымі рысамі. І гэта найважнейшая справа, гэта перадумовы для развіцця шматграннасці ў тэатральным мастацтве.

Мне ўспамінаюцца некаторыя персанажы з спектакляў БДТ-1, напрыклад, у «Бацькаўшчыне» Леапольд Гушка (Ул. Уладамірскі) і Евель Цывін (М. Зораў). І адна, і другая, гэтыя ролі выконваліся па-майстэрску, выкананне было на вышыні. І разам з тым, кожная з гэтых ролей выконвалася ў інакшым плане. Фармальны кірунак быў не адзін і той жа. Тое самае, па-мойму, можна сказаць і пра ігру Ул. Уладамірскага і У. Крыловіча ў «Жакерыі». У спектаклі гэта, вядома, парушае цэласць стыля, але ў самым гэтым факце, як такім, ёсць дадатнасць, бо гэта паказвае, што нашы тэатральныя сілы выраслі і можна ўжо гаварыць пра беларускі савецкі тэатр, як пра тэатр пэўнага свайго кірунку. І мы гэта бачым на прыкладзе БДТ-1.

Сацыялістычны рэалізм якраз і прадбачыць багацце розных кірункаў.

М. А. Зораў — майстар акцёрскай ігры, з яскрава выяўленай сваёй творчай індывідуальнасцю. І ўласцівы яму кірунак ён развівае як і рэжысёр. Стыль сцэнічнага вобраза Евеля Цывіна і стыль сцэнічнага вобраза прафесара ў спектаклі «Працяг будзе» — у выкананні М. А. Зорава — гэта адзіны стыль.

Трэба сказаць, што тэкставы матэрыял у «Евелі Цывіне», дадзены аўтарам, не багаты. Роля «прафесара» мае больш матэрыялу, але таксама няшмат. Але М. А. Зораў знаходзіць для свае ігры моманты ў глыбіні самога вобліка персанажа, там, дзе часта рух адбываецца ўнутры чалавека і вонкава можа выяўляцца мала. І гэта з выдатным майстэрствам выконваецца Зоравым там, дзе гэта трэба. Пачуццё меры і такту — гэта адна з уласцівых аднаму Зораву рыс.

Чаму ж так даводзіцца гаварыць пра М. А. Зорава, калі справа ідзе пра спектакль ТРАМа? Таму што тут відзён уплыў Зорава як рэжысёра.

Вядома, ніякім парадкам нельга гаварыць пра спектакль «Працяг будзе» як пра дасканала вытрыманы спектакль. Па-першае, як было сказана, тэатр толькі што пачаў існаваць як такі, дагэтуль ён праходзіў першае сваё вучнёўства. Цяпер тэатр увайшоў у паласу далейшае свае вучобы, вучобы ўжо вышэйшай. Цяпер справа ідзе аб набыцці майстэрства ў самых падрабнейшых дэталях. А гэта доўгая, няспынная і цяжкая работа. Але ўжо і цяпер льга заўважыць, што маладыя акцёры, нядаўнія яшчэ вучні, ужо маюць адчуванне пэўнага аднаго плана; відно, што ў іх ужо закладзены тэндэнцыі да далейшага развіцця якраз у адным кірунку. Гэта аспова. І таму, мне здаецца, тэатр пры далейшым добрым мастацкім кіраўніцтве здолее развіцца як тэатр свайго пэўнага кірунку, і ў гэтым заслуга М. А. Зорава.

У гэтым маладым тэатры ёсць здаровае таленавітае ядро маладых акцёраў, і гэта будзе жывым цэнтрам росту тэатра. Багацце жанраў, фармальных кірункаў на аснове сацыялістычнага рэалізму, прывядзе да ўзнікнення і развіцця новых прыёмаў акцёрскай ігры; якраз і трэба ўжыць усе захады, каб малады тэатр набываў свой творчы твар.

І гэта ўжо відно з работы ТРАМа.

Невыпадкова, што тэатр выбраў для пастаноўкі п’есу такую, дзе менш за ўсё можна, кажучы хадзячай фразай, «узяць публіку» якім-небудзь знадворным эфектам. Тэатр перанёс цэнтр увагі на чалавечыя персанажы.

Такі кірунак кладзе ў аснову не тэатральны тэкст, як такі, ён не падкрэслівае сцэнічнай умоўнасці, а стушоўвае яе. І гэта глыбей дзейнічае на гледача. Там жа, дзе ўмоўнасць падкрэсліваецца, там увага гледача раздвойваецца: сваё ўспрыняцце спектакля глядач дзеліць папалам з бесперапынным адчуваннем, што ён у тэатры, а ў тэатры, значыцца, чаго не бывае!

Ёсць у спектаклі «Працяг будзе» адзін цікавы, з боку мастацкага выканання, персанаж (адзін з іншых цікавых), гэта хлопчык, самы малады з удзельнікаў «клуба беспартыйных».

Ён астаецца ў памяці не таму, што ў п’есе ён мае якое-небудзь важнае значэнне. Гэты персанаж эпізадычны. Але ён астаецца ў памяці з прычыны таго, што здольны малады выканаўца ўведзен у цікавы і адпаведны яго нахілам план ігры. Гэта я ўспамінаю для ілюстрацыі таго, як рэжысёр адчувае індывідуальныя нахілы выканаўцаў ролей, ставіць іх у магчымасць іх індывідуальнага развіцця і ўсё гэта трымае ў плане свайго замыслу, свайго кірунку.

Нельга не адзначыць выканання ролі Густа (акцёр С. Клікман), Трэйнчке (Драздоў) і Фрыдль (Яноўская) — усе яны, пры сваіх індывідуальных асаблівасцях, ідуць у адным плане.

На такі шлях пастаўлены ўсе асноўныя сілы маладога тэатра.

Нельга не адзначыць Е. Д. Міронавай. І не толькі з прычыны яе таленавітай ігры ў спектаклі «Працяг будзе» (яе майстэрства мы ведаем з яе працы ў БДТ-1), а і з прычыны таго, што яна сваім удзелам у маладым тэатры памагае маладым акцёрам расці і развівацца. У гэтым заслуга Е. Д. Міронавай.

Я не ставіў сабе задачу ў гэтых кароткіх заўвагах даваць які-небудзь падрабязны аналіз спектакля «Працяг будзе». Я хачу толькі выказаць свае ўражанні і перакананні ў справе ўзнікнення ў нас новага тэатра.

Тэатр ужо мае свайго гледача. Яго спектаклі праходзяць пры перапоўненай публікай глядзельнай зале. Глядач да канца спектакля не зніжае свае ўвагі.

Малады і цікавы тэатр павінен быць абкружан самай чулай увагай, яму павінны быць створаны самыя лепшыя ўмовы — для таго, каб яго далейшы рост і фармаванне ішлі з поспехам і скора.

Думаю, што асабліва цяпер важнае значэнне для маладога тэатра мае выбар адпаведнага рэпертуару, такога, які спрыяў бы росту акцёраў. П’еса аб нашай рэчаіснасці, з вострымі канфліктамі і яркімі персанажамі — гэта быў бы ўдзячны матэрыял.


1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан