epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Творчая ўдача тэатра

Зусім натуральна, што нашы драматургі, працуючы над стварэннем у драматургіі вобраза Леніна, пачыналі працу як бы нясмела, першыя іх крокі ў гэтым кірунку мелі характар спробы, хоць часта і даволі ўдалай. І гэта не дзіва. Стварыць у літаратуры вобраз Леніна, чалавека, у якім умяшчаецца ўсё чалавецтва,— гэта задача, вартая такога гіганта літаратуры, як Леў Талстой.

Першай удалаю спробаю стварыць у драматургіі вобраз Леніна была п еса М. Пагодзіна «Чалавек з ружжом». Там толькі эпізадычна з’яўляўся Ленін. «Крамлёўскія куранты» — гэта ўжо вельмі значны крок наперад у справе стварэння вобраза Леніна. Тут дадзен не статычны момант. Тут мы пачынаем адчуваць жывыя рысы душы не параўнанага ні з кім чалавека.

Паводле прызнання самога драматурга М. Пагодзіна «Крамлёўскія куранты» — гэта п’еса, дзе аўтар імкнуўся даць толькі адзін момант з жыцця Леніна. Гэта праўда, але гэты «момант» ужо выводзіць нас за межы ранейшай статычнасці.

Мы бачым Леніна ўначы ў садзе пры Крамлёўскай сцяне. Зорная ноч. З пасяджэння, якое вельмі позна зацягнулася, Ленін выйшаў сюды. Ён ходзіць паўз сцяну і марыць. У яго марах і думках — і зорная ноч, і змучаная войнамі і разрухай Расія, і многамільённы народ, і электрыфікацыя краіны. Тут жа ён гаворыць з трамвайнымі рамонтнымі рабочымі; тут жа ён гаворыць і з жабрачкай, пасля гаворкі з якой так сказаў:

— Гэта ж жах! Нават жабракі жывуць горш, чым да вайны. Па вёсках людзі жывуць пры лучыне... І далей: «Я даўно размышляю аб электрыфікацыі Расіі...» А перад гэтым Ленін гаварыў з персанажам п’есы Рыбаковым аб каханні:

— А добра кахаць? Пачуццё цудоўнае!

Вось таму «Крамлёўскія куранты» і здаюцца мне новай драматургічнай з’явай у справе стварэння вобраза Леніна, што тут драматург працуе ў плане раскрыцця мнагаграннасці асобы Леніна.

Наша драматургія створыць вобраз Леніна з такой сілай, што перад намі заззяе асоба неўміручага генія ўсімі гранямі сваёй усеабдымнай душы. І гэта справа можа нават недалёкай будучыні. «Крамлёўскія куранты» ёсць цікавы вопыт у распрацоўцы «вялікай ленінскай тэмы» ў драматургіі.

П'еса М. Пагодзіна цікавая для тэатра тым, што тут ёсць многа жывых рысаў. Ужо і роля Леніна тут для акцёра, як «жывая роля», з усімі адзнакамі жывога характару, не гаворачы ўжо аб такіх ролях, як, скажам, Забелін, Рыбакоў...

«Крамлёўскія куранты» ў Віцебскім драматычным тэатры вельмі цікавы спектакль. Гэта адзін з тых яркіх спектакляў, дзе раскрываюцца вялікія творчыя магчымасці тэатра. Народны артыст БССР Малчанаў іграе ролю Леніна на ўсю сілу свайго таленту. Бачачы і слухаючы Леніна ў выкананні Малчанава, мы верым у тое, што сапраўды была такая зорная ноч, калі Ленін выйшаў з Крамля ў сад са сваім цяжкім раздум’ем аб тым, у якую беднасць увяла Расію вайна, якія пакуты перажыў народ. Мы верым, што ў гэту ноч Ленін пад яснымі зорамі позняй ночы марыў аб вялікай будучыні краіны і народа. Мы верым, што ў адну з такіх мінут ленінская мара аб электрыфікацыі набывала рэальныя рысы канкрэтнай справы, гатовай ужо да свайго выразнага ажыццяўлення.

Бачачы ў першай дзеі Малчанава ў ролі Леніна ў той момант, калі ён жартуе з сялянскімі дзецьмі, мы верым у гэту рысу ленінскага характару. І з кожнай мінутай у нас усё больш вырастае веданне таго, колькі аптымізму было ў ленінскай душы. Гэтаму аптымізму не было граніц. І разам з тым мы думаем — як многа слаўнага гумару меў Ленін у быту, ва ўзаемаадносінах з навакольнымі людзьмі. А пасля, у сцэне з англійскім пісьменнікам, мы думаем аб тым, як гэта бытавы гумар вырастаў у гумар і сарказм філасофскі. І так, праз гэту адну рысу мы выразна пачынаем уяўляць сабе, як слаўны, добры чалавек, які як магнітам цягне да сябе ўсё лепшае і яснае, што ёсць у людзях, раптам паказваецца перад намі новай гранню сваёй натуры: мы бачым вялікага дзяржаўнага дзеяча з ясным розумам, вялікай упэўненасцю і непахіснай воляй. І ўсе гэтыя рысы, пачынаючы з мяккага бытавога гумару перад дзецьмі і канчаючы суровым сарказмам перад самаўпэўненым англічанінам, які з’явіўся на прыём к Леніну як ненавіснік ленінскай справы,— усе гэтыя рысы зліваюцца ў адно гарманічнае цэлае вялікай натуры.

Гледзячы «Крамлёўскія куранты», мы ва ўсё гэта верым, а значыць, акцёр Малчанаў у гэтай ролі яшчэ раз паказаў свой выдатны талент і сваю акцёрскую культуру. Так, Малчанаў выдатны артыст.

Другой яркай роляй, бліскуча праведзенай акцёрам, ёсць роля інжынера Забеліна. Заслужаны артыст рэспублікі Сяргейчык выконвае яе таксама з вялікім майстэрствам. Гэта роля збітага з тропу інтэлігента, які варожа спаткаў рэвалюцыю, як відаць, таму, што нічога ў ёй не зразумеў. Гэты буйны спецыяліст электрыфікацыі займаецца тым, што прадае запалкі на вуліцы. Ён бачыць разруху, ён бачыць, што замоўклі крамлёўскія куранты, і яму ўяўляецца, што прыйшоў канец усёй культуры. Гэта не мысліцель, які розумам дойдзе да разумення сэнсу рэчаў, гэта, тым больш, не той чырвонаармеец, які паблізу яго на вуліцы купляе ў гандляркі ляльку, каб хоць што-небудзь прывезці «з вайны» сваёй малой дачушцы і які гаворыць Забеліну проста і адкрыта, што яго за контррэвалюцыйныя словы трэба «да сценкі прысланіць». Забелін толькі вузкі спецыяліст, вучоны майстар электрычнасці.

У спектаклі, на вачах у публікі, адбываецца ператварэнне гэтага чалавека, калі сам Ленін даручае яму пачынаць у самых канкрэтных формах справу электрыфікацыі. Гэта правобраз той тэхнічнай інтэлігенцыі, якую поспехі рэвалюцыі і сацыялізма перацягнулі на свой бок і якая пасля перапоўнілася энтузіязмам вялікага будаўніцтва.

Гэта вельмі цяжкая роля. Яна ўся ў супярэчнасцях. Ёсць мясціны ў ёй, дзе глядач павінен больш адчуваць, чым бачыць і чуць. Чалавек, які толькі займаўся тым, што выказваў сваё нездаволенне рэвалюцыяй, спачатку ашаламіўся, а пасля бярэцца за справу, але не ведае, з чаго пачынаць, бо ўсё трэба рабіць на пустым месцы. І вось тады да яго прыходзіць на дапамогу камуніст-матрос Рыбакоў.

Вобраз Забеліна, можа, не такі яркі ў тэксце п'есы, у выкананні яго Сяргейчыкам на сцэне вырастае ў адзін з самых важных персанажаў спектакля. Талент Сяргейчыка выступае тут з вялікай сілай.

Інжынер Забелін выклікаецца ў Крэмль як спецыяліст па электрычнасці. У кабінеце Леніна з ім гавораць Ленін, Сталін і Дзяржынскі. Ідзе гаворка аб тым, дзе можна будаваць у Расіі вялікія электрастанцыі. Вобраз Сталіна не выпісан у п’есе ў такім плане, як вобраз Леніна. Дадзен толькі адзін статычны момант. Гэта акалічнасць — скупы тэкст ролі — ставіла перад акцёрам многа цяжкасцей, калі не гаварыць ужо аб тым, якая вялікая адказнасць ускладаецца на акцёра, якому выпала працаваць над вобразам Сталіна. Народны артыст БССР Ільінскі цікава правёў гэту ролю, ён вельмі добра справіўся з пастаўленай перад ім задачай. Ігра Ільінскага поўна шчырасці.

Спектакль «Крамлёўскія куранты» ёсць творчы поспех, творчая ўдача Віцебскага драматычнага тэатра. Пры жаданні, можа, тут і можна знайсці якія-небудзь паасобныя дробныя недахопы, але ўсё пакрываецца агульным тонам спектакля, усім яго гучаннем. Яшчэ раз трэба сказаць — Віцебскі драматычны тэатр мае ў сабе вялікія творчыя магчымасці.


1940

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан