epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

У імя будучыні

Шчаслівы час маленства! Залатыя гады! У гэты час жыцця і ўражанні глыбейшыя, і ўспрыяцці жыццёвых з’яў непасрэдныя! І пачуццё Радзімы пачынаецца ў гэтыя годы. Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма. Блізасць і замілаванне да роднай прыроды, да роднай зямлі, да самага важнага — да свайго народа — пачынаецца з малых і маладых год.

Дзяцей нашага народа, беларускіх дзяцей, у лепшыя годы іх яснага маленства спасцігла вялікае няшчасце ўбачыць сваю Радзіму пад жудаснай акупацыяй. Дзіцячая душа на ўсё жыццё захавае ў сабе малюнак залітай крывёй травы, попел пад ветрам на месцы роднай хаты і трупы замучаных. А часта — гэта труп бацькі ці маці.

Дваццаць чатыры гады таму назад адбылася Вялікая наша Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая шырока адчыніла перад нашымі дзецьмі дзверы ў жыццё, у будучыню. Чалавек вырастаў як чалавек, як вольны гаспадар таго, што яму роднае, што з самых малых год на векі вечныя стала жыць у душы як радасць і шчасце. Родная зямля! Радзіма! Ад аднаго гэтага слова пачынае мацней біцца сэрца! І адразу раптоўна паўстала над нявінным дзіцём змрочная постаць азвярэлага чужынца.

Тое, што не пад сілу было б перажыць самаму моцнаму духам і целам мужчыну, на тое асуджае нашых дзяцей подлы нямецкі прышэлец. Што адчувала няшчаснае дзіця настаўніцы Кустановіч, з Петрыкава, калі нямецкі афіцэр укінуў яго ў агонь?

Нашы дзеці бачылі, як тлела ў агні хараство роднай зямлі. Нашых дзяцей расстрэльваў немец з самалётаў, калі яны з маткамі ішлі дарогамі, шукаючы ратунку ад нямецкай навалы. Нашы старэйшыя дзеці неслі на руках меншых, калі падала ад нямецкай кулі маці.

Сутнасць нямецкай акупацыі відна на муках, на енках кінутага ў агонь дзіцяці і на парыве жывой маці, якая ў гэты момант стаіць над агнём і душа якое папялее на векі вечныя.

І тады беларускае дзіця старэйшага пакалення становіцца героем. Няма нічога страшнейшага, калі на дзіцячым ілбе мы бачым маршчыну старасці. Але няма нічога больш вялікаснага за тое, калі дзіця, на хвалях пакут і змагання сваіх бацькоў, свайго народа, узнімаецца да сапраўднага гераізму. Мы ведаем хлопчыка Сашу са Жлобіна, які адпомсціў немцам за смерць сваіх бацькоў тым, што ўзарваў гранатай нямецкую штабную машыну з афіцэрамі і пры гэтым загінуў сам.

Нямецкі фашызм пагражае нашым дзецям не толькі знішчэннем. Нямецкая гадзіна яшчэ мае намеры залезці ў душы нашых дзяцей. Выцягнуць душу, спустошыць яе, пасеяць у ёй атруту абыякавасці да роднай зямлі. Гітлераўская навалач будзе спрабаваць анямечыць нашых дзяцей і пустошыць, і аддаваць на згубу і забыццё роднае, беларускае.

Будзем усімі сіламі берагчы нашых дзяцей! Нашы дзеці — гэта дзеці вялікага гераічнага народа. Гэта дзеці бацькоў і ўнукі дзядоў, якія заўсёды змагаліся за сваю чалавечую годнасць. Савецкая Беларусь будзе жыць! Нямецкія арміі будуць знішчаны да апошняга салдата. Заваёвы Кастрычніка жылі і жыць будуць на Беларусі! І аб гэтым мы скажам сваім дзецям.

Скажам ім аб нашым вялікім замілаванні да роднай краіны, да памяці бацькоў і дзядоў нашых. Скажам нашым дзецям аб нашай любві да родных дарог, да жоўтых асенніх лясоў, да азёр і рэк нашых. Спынім іх увагу на яснотах сонечных праменняў, калі яны кладуцца ціхім хараством на траву і верасы, на бярозы і хвоі. Давядзём і пакажам нашым дзецям справамі нашымі, як мы любім іх. Няхай справы нашы пакажуць, што наша адданасць Радзіме зліваецца з нашым замілаваннем да нашых дзяцей. Паможам нашай Чырвонай Арміі вынішчыць усіх нямецкіх акупантаў у імя нашай будучыні. Час вызвалення блізак. Будзем яшчэ больш любіць, берагчы і ратаваць нашых дзяцей; адпомсцім нямецкім гадам за скалечанае маленства!


1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў. У 6-ці т. Т. 5. Апавяданні, аповесці, публіцыстыка, 1941-1944. - Мн.: Маст. літ., 1990.-398 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан