epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Усяму свой час

У цёмнай сялянскай хаце, прыткнуўшыся грудзьмі к сталу і развярнуўшы перад сабою жмут розных папераў, сядзіць наркамземаўскі інструктар па рыбалоўству — малады хлапец, гадоў пад дваццаць два. Валасы на галаве яго зачэсаны «пад польку», ад чаго твар яго прымае нейкі лукавы выгляд; разглядаючы свае паперы, ён раз па разу прыжмурвае сваё правае вока, і здаецца, што знае ён нешта смешнае, але не хоча гаварыць, а толькі збіраецца падмаргнуць некаму дзеля гэтага выпадку.

Проці яго, на вузенькай лаўцы, засланіўшы плячыма, як засланкаю, акно, сядзіць сам гаспадар хаты — Антось Канатопскі — сухі, як трэска, увесь шэры чалавечак, абросшы гразнымі валасамі, нячэсаны і, мабыць, нямыты.

Інструктар выпадкова даведаўся, што Антось, не маючы патэнта, ловіць рыбу ў рэчцы, і явіўся сам к яму, каб выведаць, у чым справа. Антось ніяк не можа зразумець, чаго хоча ад яго інструктар і якое яму дзела да таго, што ён, «спрадвеку ўсім вядомы рыбалоў», ловіць рыбу. Інструктар, у сваю чаргу, не разумее Антося — ён дзівіцца з таго, што Антось не ведае, што гэта такое патэнт.

— Дык, кажаш, патэнту няма ў цябе? — пытае ён Антося.

Антось часта міргае вачыма, гладзіць рукою па лбу, чэша ў патыліцы, моцна сапе, як бы цягнучы што-небудзь цяжкае, і стараецца як-небудзь дадумацца, што гэта такое патэнт. Памаўчаўшы так хвілін з тры, ён дадумваецца вось да чаго:

«Калі я не ведаю, што гэта такое патэнт, то напэўна яго ў мяне няма».

Паважна, не спяшаючы, прапусціўшы праз свае мазгі гэтую думку, Антось кідае пагляд на інструктара і рашуча гаворыць:

— Не, мы абыходзімся без патэнту. Такой штукі ў нас няма.

— Дык, значыцца, так і ловіце без патэнту? — пытае зноў інструктар.

«Што за ліха,— думае Антось,— я зроду не чуў, каб дзе лавілі рыбу нейкім там «патэнтам». Гэта, мусіць, нейкая рыбалоўная прылада,— дагадваецца ён,— мусіць, бальшавікі прыдумалі».

— Так і ловім,— адказвае ён інструктару,— мы ўсё найбольш сеткаю або венцярамі. А «патэнту» ніякага мы не маем. Нават «трыгубіцу» мала калі пускаем у ход, хіба калі трапіцца вялікі дождж ды разальецца рэчка...

«Ён або прыкідваецца дурнем,— думае інструктар,— або сапраўды не ведае, што гэта такое патэнт. Але мне ўсё роўна, абы ён прызнаўся, што ловіць рыбу, не маючы патэнту. Больш мне нічога і не трэба».

Інструктару зрабілася весела ад таго, што ён «пакрыў аднаго злодзея».

— Вы думаеце, таварыш,— гаварыў тым часам Антось,— што ў нашых рэчках вельмі вялікае разгарненне? Куды к чорту! Я ж кажу, «трыгубіцы» нават не ведаем, а не то што, як вы кажаце, «патэнту». Вунь на што ўжо мой сусед Якуб, Сідараў брат, добры рыбалоў, а і той найбольш усё сеткаю арудуе.

— А тут і больш у вас ёсць рыбаловы? — настаражыўся інструктар.

— Чаму не! Уга-а-а... Колькі хочаце!..

— І ўсе без патэнтаў?

— Ну, няўжо ж з патэнтамі! Найбольш з сеткамі.

Цяпер не толькі інструктар, але і сам Антось стаў вясёлы: ён быў рад, што найшоўся чалавек, з якім можна пагаварыць на любімую тэму.

«Відаць, цікавіцца гэтым дзелам,— падумаў Антось,— бач, як, падла, дапытваецца. Мусіць, сам рыбалоў».

І весела Антось загаварыў далей:

— Часам, святым днём або павольным часам, як выйдзем учатырох — я, Якуб, Сідараў брат, сам Сідар ды Габрусь Скіп’ёўскі, ды як прабяром у дзве сеткі ўсю рэчку ад «Лукаў» ды аж у самыя «Пераснікі», дык што набяром гэтых шчупачкоў — страшэнная моц! Так, ліха ім, і круцяцца ў сетцы, як чэрві. Такія, пане мой, таварыш, сытыя, каб на іх упадкі, як парасяты. А часам, ліха яму, як уб’ецца пад бераг, дык лупім-лупім боўтам, аж засапёмся, пакуль яго адтуль выганім. Мы ўсё з Сідарам найбольш сеткі застаўляем, а Габрусь з Якубам боўтаюць. Так злаўчыліся: сам боўт, здаецца, у руках у яго ходзіць... А жабы адно пазіраюць з-пад карчоў, вочы вытрашчыўшы!..

— А патэнту вы ніколі не думалі браць?

— А дзе ж яго возьмеш? Мы ніколі нават і не чулі пра гэтую штуку; у нашай старане, мусіць, няма іх.

Панізіўшы голас, Антось закончыў:

— А скажыце, таварыш, якога ўстройства гэты патэнт? Можа б з ім лаўчэй дзела пайшло б?!

— І многа лаўчэй,— весела адказаў інструктар.

— А-а-а... бачыце?! Няўжо лепш нават за «трыгубіцу»?! Нашто ўжо мая «трыгубіца» слаўная, а і то, кажаце, лепш. Вось гэта дык штука!..

Інструктар пачаў пісаць пратакол.

Цераз тры тыдні ў валасным іспалкоме старшыня сказаў дзелаводу:

— Прыйшла, браце, з Наркамзема папера, каб узыскаць штраф з Антося Канатопскага і яшчэ з трох другіх мужчын за тое, што ловяць рыбу, не маючы патэнту. Напішы аб гэтым старшаму міліцыянеру.

— Добра,— адказаў дзелавод,— напішу. Ды трэба яшчэ разаслаць па сельсаветах загад Наркамзема аб гэтых самых патэнтах, каб усе, хто займаецца рыбалоўствам, атрымаў патэнт. Ён ужо, гэты загад, даўно мне рупіць, тры месяцы ўжо валяецца ў шафе, ды ўсё ніяк не прыбяруся...

— Верна, браце, зрабі і гэта. Хай усё будзе зроблена ў сваю пару.

— Ды яно ж гэтак; усё трэба рабіць у свой час,— адказаў дзелавод і стаў шукаць на дне шафы, у кучы розных папераў, загады Наркамзема аб патэнтах для рыбаловаў.


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан