epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Варочаецца жыццё

У канцы жніўня 1941 года нямецкія генералы палажылі пад Гомелем восемдзесят тысяч сваіх салдат. Гомель абышоўся ім дорага. Прагнучы заняць гэты цудоўны беларускі горад, яны, як саранча, лезлі на сваю пагібель. Не ў сілах з бою ўзяць яго, яны з паветра падпалілі яго і разбамбілі. Гомель гарэў і разбураўся. У значнай сваёй частцы ён ужо ляжаў у руінах, калі нямецкая навалач увайшла ў яго.

Адзін нямецкі афіцэр пісаў тады ў Германію з Гомеля: «Мы блукаем па пажарышчах і заходзім у гомельскія сады. Дарма. Сады пустыя. Усё абабрана і дзелася немаведама куды. Падвозу пакуль няма. Мы галодныя».

Гітлераўскі прахвост думаў, што ён будзе баляваць у Гомелі. Пакідаючы свой горад, гамельчане знішчылі тое, што не маглі забраць з сабою. Здавалася, што на каменнях вулічнага бруку людзі пакінулі сляды свае нянавісці да ворага. Руіны і пажарышчы заклікалі да помсты. Нямецкая ўлада ўжо была ў Гомелі, а горадам уладалі гомельскія партызаны.

Нямецкае афіцар’ё сабралася ў гомельскім рэстаране, што на Савецкай вуліцы, на свой нейкі ўрачысты банкет. Партызаны ўзарвалі ў паветра ўсё гэта гадаўскае зборышча. Ад партызанскіх куль падала немчура на гомельскіх вуліцах, у парках, у прыгарадах. Гомель змагаўся, ён не скарыўся.

Гэта быў адзін з самых індустрыяльных і самых прамысловых беларускіх гарадоў. Другая па велічыні паліграфічная база ў Беларусі — «Палесдрук», Гомсельмаш, паравозавагонарамонтны завод... Эвакуіраваная ў далёкі тыл гомельская прамысловасць поўным размахам працуе на армію, на абарону, на перамогу.

Гомель быў цудоўным злучэннем індустрыяльнага, прамысловага горада з горадам-садам. Гомель стаяў у фруктовых садах. У Гомелі быў цудоўны вялікі парк. Берагі ракі Сож! «Мельнікаў луг»! Гарадскія прысады! Бульвары і скверы!

Немцы разбурылі, спалілі і запаскудзілі горад. Яны «ўпрыгожылі» гомельскі пейзаж шыбеніцамі. Але Гомель і яго ваколіцы ўпрыгожыліся таксама і магіламі нямецкай навалачы. Гэта ўжо здабытак нашай гісторыі і навек напамінак нямецкім ахвотнікам да чужых гарадоў: не лезь не ў сваё!

Наша родная Чырвоная Армія перайшла раку Сож. Чырвоная Армія заняла Нова-Беліцу, прыгарад Гомеля. І нарэшце доўгачаканы момант:

Наша войска заняло Гомель!

Слаўны наш Гомель вызвален ад нямецкіх акупантаў! Трупы нямецкіх прышэльцаў яшчэ валяюцца на подступах да горада. Яшчэ скалечаны нямецкі танк, як пачварнае страшыдла, са свастыкай і разяўленай жалезнай ляпай тырчыць на ўездзе ў гомельскую вуліцу. Нямецкія грузавікі і гарматы плазам ляжаць на дарожных абочынах. Мошкі, чэрві і груганы яшчэ не паспелі апанаваць мёртвых фрыцаў. Яшчэ свежанькімі мерцвякамі яны ляжаць, гэтыя гітлераўскія крывавыя пасланцы на нашу зямлю.

А па гомельскіх вуліцах праходзяць байцы. Гомель вызвален дзеля адбудовы і жыцця.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан