epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Васіль Сымонавіч Кедрык

Кіламетраў за шэсць ад Чырвонай Слабады, на Случчыне, сярод бязмежных калгасных палеткаў стаіць вялікая вёска Бучаціна — цяперашні калгас імя Войкава. Жыты навакол яе аж сінеюць — такія яны ўдалыя. На захад ад Бучаціна сінеюць лясы. Гэта блізкі лясны далягляд ужо на той бок граніцы — там Польшча.

З года ў год калгас цярпеў вялікія няшчасці. Свінні на ферме былі заражаны чумой. Коні хварэлі на анемію. І спатрэбілася доўгае і вялікае напружанне, каб выратаваць жывёлу ад пагібелі.

Вораг арудаваў умела і спрытна. Раённы ветэрынар Андруковіч някепска выконваў заданні сваіх гаспадароў з-за блізкай граніцы. Аднойчы адтуль явіліся ў Бучаціна двое людзей. Яны перайшлі граніцу там, дзе добра ведалі мясцовасць. Гэта былі бучацінскія кулакі, якія ў часы калектывізацыі пайшлі ў Польшчу. Яны мелі заданне ад тых жа самых гаспадароў, якія кіравалі і Андруковічам. Заданне гэта было яснае: спаліць Бучаціна. Каб заблытаць сляды, яны надумаліся грабці жар чужымі рукамі: яны злавілі дванаццацігадовую дзяўчынку і — то грозьбаю, то абяцанкамі на падарункі — угаварылі яе зрабіць падпал. У Бучаціне згарэла 43 сялібы. Гэта было ўлетку 1933 года. Праз месяц бучацінцы напоўнілі свае гумны ўраджаем. І вось зноў пачаўся пажар. Гэты раз згарэла каля пяцідзесяці поўных гумён.

У такой абстаноўцы трэба было ставіць на ногі калгасную гаспадарку, а для таго, каб мець тут поспех, трэба было знайсці ворагаў і вывесці калгас з жудаснага стану. І вось старшынёй калгаса стаў Васіль Сымонавіч Кедрык, тутэйшы калгаснік.

Васіль Кедрык нарадзіўся ў 1901 годзе ў сям’і бедняка, які на сваім дробным кавалачку поля рабіў прыхваткамі, а найбольш ліў пот на зямлі пана Ліпніцкага. З дзесяці год Васіль Кедрык пачаў пасвіць жывёлу на хутары Вайцахоўка, у кулака Кныша. За лета Кныш плаціў Васілю 9 рублёў.

Зімой, спрацаванае за лета, напалоханае горам, няшчаснае дзіця рвалася да навукі. У парваным халаціку Васіль хадзіў у трохкласнае вучылішча. І калі ён пасля гэтага вучылішча захацеў вучыцца далей, бацька паглядзеў сыну ў вочы і з сумам сказаў, што ніякай рады на гэта няма, бо і так ледзьве можна пражыць на свеце. Васіль пайшоў у вёску Садавічы вучыцца на шаўца.

Калі адбылася Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, Васілю было 16 год. З таго часу і да 1929 года Васіль Кедрык працаваў на зямлі, выключаючы час, калі ён быў у Чырвонай Арміі.

У 1929 годзе ў Бучаціне арганізаваўся калгас, і адным з першых яго заснавальнікаў быў Васіль Сымонавіч. Ён працаваў на полі шчыра і аддана, і вось калгаснікі робяць яго брыгадзірам. Яго брыгада стала перадавой і ўзорнай.

Аднойчы, калі няпрошаныя госці з таго боку граніцы спалілі вёску Бучаціна, некаторыя хісткія і слабавольныя людзі з калгаса, напалоханыя і даведзеныя няшчасцем да адчаю, не хацелі выходзіць на працу, махнуўшы рукою нават на тое, што на полі асыпаецца пераспелае жыта. У гэты цяжкі момант брыгадзір Васіль Кедрык здолеў арганізаваць сваю брыгаду на ўборку хлеба з поля. Ураджай выратавалі.

Калгаснікі выбралі Васіля Кедрыка намеснікам свайго старшыні, а пасля і старшынёй праўлення калгаса. Так у працы і змаганні вырастае чалавек, якога грамада любіць і якому давярае.

Калгас з поспехам выйшаў з шматлікіх няшчасцяў, якія прынеслі яму дыверсанты. Летась ужо калгаснікі атрымалі на працадзень збожжа каля двух кіло.

У гэтым годзе чакаецца вялікі ўраджай і яшчэ больш важкі працадзень.

Так выйшла вёска Бучаціна на добрую дарогу. Так яна ідзе далей па гэтай шчаслівай дарозе.

Блізасць граніцы накладае адмысловую пячаць на яго працу як старшыні калгаса. Памятаючы сваё пакутнае маленства, успамінаючы беднасць і гора, у якіх гадаваліся і раслі яго таварышы, у якіх жылі бацькі і дзяды, бачачы, што з-за блізкага лесу можа ў кожны момант з’явіцца агідны госць з атрутай для жывёлы і з куляй для чалавека, Васіль Сымонавіч не шкадуе сваёй энергіі на тое, каб якое-небудзь новае чорнае здарэнне не парушыла спакойнага жыцця радзімы.

Змяркаецца. Лес на даляглядзе зацягваецца сіняй смугою. Калгаснікі пасля працы збіраюцца на кароткі момант на двор праўлення калгаса. Сярод іх і Васіль Сымонавіч Кедрык. Ён паведамляе аб тым, што атрымана новая падзяка ад начальніка пагранатрада за добрую дапамогу пагранічнікам у змаганні з дыверсантамі.

Вялікая адказнасць ляжыць на старшыні калгаса. Ён гэта адчувае. Ён не спіць часам начамі. Ён больш за ўсіх адказвае ў сваім калгасе за спакой, за ўраджай, за тое давер’е, якім яго абкружылі аднавяскоўцы.

Васіль Кедрык ад узбуджанасці не можа заснуць. Ён выходзіць на двор. Пачынаецца світанне. Прасторы поўняцца пахам жыта, якое сцяною стаіць навакол хат, усё ў красе. Добра кусціцца ярына. «Будзе ўраджай,— думае Васіль Кедрык.— І калі будзе наша пільнасць, то будзе шчасце і спакой».

— Старшыня нас не падвядзе. Ён дапаможа нам ісці па правільнай дарозе,— сказаў стары калгаснік тав. Гарбуз на тым сходзе, дзе Васіля Сымонавіча вылучалі кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР.

І гэта сапраўды так. Чалавек, які ўсёй сваёй істотай звязан з народам, заўсёды будзе верным яго сынам.




Беларуская Палічка: http://knihi.com