epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Ваўкі ратуюць скуру

Драпежнае звяр’ё так ідзе на здабычу: спачатку бягуць львы і тыгры. Гэтыя смокчуць свежую, яшчэ гарачую, кроў. За імі цягнецца ўжо драбяза. Бягуць шакалы, валачэцца крывазадая гіена. Дзікае сабач’ё бродзіць у пошуках аб’едкаў. Ваўкі шныраць пратаптанымі сцежкамі. А пасля ўжо драпежная птушка кружыцца чародамі над акрываўленым месцам. Сцярвятнікі. Груганнё. Гэтыя аб’ядаюцца без доўгіх пошукаў і клопату на месцы крывавага піру сваіх папярэднікаў.

Спачатку праз Беларусь на ўсход пёрлі нямецкія генералы. Ганарыстыя, атупелыя. Гэтыя ўладалі агнём і жалезам. Яны гналі перад сабою зграі салдатні і афіцар’я. Гэта быў першы крывавы пір нямецкай навалачы на беларускай зямлі. Расправа з людзьмі была куляй, на месцы. Гэта быў час, калі, ачмурэлая ад гітлераўскай прапаганды і шалёнага руху наперад, немчура напіхала танкі жаночым абуткам і адзеннем, садраным з ног і плеч нашых жанчын і дзяўчат.

Яшчэ не астылі трупы і не высахлі слёзы і кроў «заваяваных людзей», як на Беларусь пацяглася навалач другога гатунку. Гэта былі зямельныя арандатары з-пад Брэслаўля і Мюнхена, дробныя чыноўнікі, якім не ўдалася кар’ера па службе і якія з скуры вылазілі, каб пагрэцца каля фюрэра. Тут быў і шпіён, які цэлыя годы збіраў па Еўропе патаемныя весткі фюрэру. Дыверсант жа пасля першых тыдняў вайны тут і застаўся чакаць дакляраванай фюрэрам здабычы. На Беларусь пацягліся з-пад Берліна і Лейпцыга дробныя землеўласнікі, няўдалыя камерсанты, гандлёвыя жулікі і махляры ўсіх гатункаў, банкруты ад сваіх нячыстых спраў і ўвішныя прайдзісветы з падазроных цёмных хаўрусаў, дазволеных Гітлерам.

Усё гэтае груганнё верна выслужвалася перад сваім фюрэрам і меркавала за свае шпіёнскія і махлярскія заслугі перад Гітлерам пажывіцца на беларускай зямлі.

«Генеральны» гер Кубэ, які нядаўна здох у Мінску ад партызанскай кулі, выдумаў нават «зямельную рэформу», каб прыгрэць гэты зброд. Сутнасць гэтай «рэформы» была ў тым, што лепшыя землі на Беларусі аддаваліся гэтым прышэльцам. Беларусы зганяліся з зямлі, каб даць месца немцу з тоўстым задам і лупатай жонкай, якая ахвотна з’явілася сюды «ўладаць» і таўсцець.

На адной толькі Случчыне немцы стварылі больш за сотню такіх маёнткаў. Яны папрывозілі з сабой з Германіі жонак, дачок і цяжарных сук, каб нават і сабачую пароду на Беларусі анямечыць. Яны тут думалі пладзіцца і размножвацца і мець беларусаў за сваіх бяспраўных парабкаў.

Што з гэтага выйшла, вельмі ясна відно ў гэтыя дні, калі Чырвоная Армія ідзе па беларускай зямлі.

Але яшчэ і раней лёс гэтай навалачы вызначыўся як мае быць. У Заляддзе, саўгас на мяжы Чырвонаслабодскага і Слуцкага раёнаў, прыехаў нейкі Тоўхарт з жонкай. Тутэйшыя людзі адразу пазналі яго: гэта быў сын таго самага Тоўхарта, які да той першай вайны быў упраўляючым радзівілаўскім маёнткам «Клярымонты», што ў Капыльскім раёне. Усе гэтыя «ўпраўляючыя», што прыязджалі з Германіі, былі шпіёнамі. Тоўхартаў сынок з’явіўся цяпер сюды як уладар залядскага маёнтка. Не пражыў ён тут і чатырох месяцаў, як уночы залядскія мужчыны ўвайшлі ў дом і звалаклі «ўладара» з пасцелі так, што ён ужо больш не ўстаў з падлогі. Тоўхарціха вылезла з цёплай пасцелі, і яе павялі ў партызанскі атрад. Так яна і не паспела нарадзіць тут малога тоўхарціка на далейшае ўладанне залядскім маёнткам.

Закалаціўшыся ад страху, калі наша Чырвоная Армія ўвайшла ў Беларусь, не трапляючы зубам на зуб, прэ з беларускай зямлі ў сваё нямецкае логава нямецкае ваўкаўё. Як сабакі з падтуленымі хвастамі, пруць са сваіх наваспечаных маёнткаў заграбастыя нямецкія ахвотнікі да чужой зямлі і да чужой працы. Даюць яны драла з-пад Гомеля і Віцебска, з-пад Магілёва, Оршы і Барысава, заварушыліся пад Мінскам і Слуцкам, пад Бабруйскам, Баранавічамі, пад Лепелем і Навагрудкам... Ныюць і пруць, пускаюцца ў дарогу і думаюць аб нядаўнім канцы свайго гаўляйтара ў Мінску і грозным наступе Чырвонай Арміі. Ірвуцца на захад, ратуючы скуру.

Вось і прыходзіць канец нямецкай брыдзе на Беларусі.




Беларуская Палічка: http://knihi.com