epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Верная дачка беларускага народа

Яна была заўсёды жыццярадасная і энергічная. Яна любіла быць на людзях, быць у атмасферы вясёласці. Вырасла яна ўжо ў савецкія годы, і маладосць яе не бачыла змрочных часоў старога свету, калі чалавек прыходзіў у жыццё з страшнымі думкамі: дзе знайсці месца ў жыцці і як пражыць на свеце. Свае жыццёвай долі Шура Луковіна-Грыбкова не шукала. Ясная доля была знойдзена і дадзена рэвалюцыяй. Шурына маладосць была светлай маладосцю, нішто не абмяжоўвала яе шчырых і ўзвышаных парываў.

Шура вучылася ў мастацкім вучылішчы, яна была камсамолкай, яна любіла працу. Усё, за што яна бралася, даводзілася да канца старанна і дасціпна.

Добра было жыць і працаваць у мілай вольнай радзіме.

Калі пачалася вайна, Шура пайшла працаваць на фабрыку. Трэба было замяніць людзей, якія пайшлі на фронт. Пайшоў на фронт і Шурын брат. Шура пісала пісьмы брату, і самой ёй здавалася, што яна, камсамолка, студэнтка, працуючы на фабрыцы, усё ж занадта мала робіць для радзімы ў часы цяжкай і вялікай Айчыннай вайны. Такая гэта была натура — благароднай, скромнай савецкай дзяўчыны. Яна была патрабавальная да сябе — гэтая чыстая душа. І вось яна піша заяву:

«...Прашу паслаць мяне ў Дзеючую Армію».

Так склаўся невялікі атрад з 8 чалавек моладзі, які перайшоў лінію фронту і накіраваўся на баявую работу ў варожы тыл. У гэтым атрадзе была і Шура і яе падруга-студэнтка таго ж мастацкага вучылішча Жэня Палтаўская.

Каля горада Валакаламска атрад наткнуўся на нямецкую засаду. Немцаў было ў многа разоў больш, але 8 смельчакоў пачалі бой. Біліся да апошняга патрона. Двое былі ранены.

Пачыналася раніца. За асеннімі туманамі адчувалася сонца. Нямецкія аўтаматчыкі выклікалі падмацаванне і акружылі 8 герояў. Павялі ў Валакаламск.

Іх дапытваў генерал. Усякімі спосабамі ён стараўся выпытаць у Шуры, хто яны, усе 8 чалавек. Спосабамі хітрага шэльмы і бессардэчнага ката ён стараўся выпытаць пра чырвонаармейскія часці, пра ўзбраенне. Страшны допыт цягнуўся доўга, і Шура вытрымала. Яна не сказала ні слова. Разам з усімі яе павялі страляць.

Сваю апошнюю дарогу да страшнага месца пакутнай смерці ад рук гітлераўскіх забойцаў Шура прайшла, абняўшыся з сваёй падругай Жэняй Палтаўскай. Думаючы аб жыцці і Радзіме, маладыя героі цвёрда прыйшлі на месца і ў апошнюю сваю хвіліну, прабітыя ўжо кулямі катаў, знайшлі ў сабе сілы крыкнуць:

— Няхай жыве наша Радзіма!

— Смерць нямецкім катам!

І памерлі пад кулямі. Іхнія трупы немцы павесілі. Чырвонаармейцы, заняўшы горад Валакаламск, знялі іх з шыбеніцы і пахавалі маладых герояў з воінскімі почасцямі.

Так загінулі ад рук подлых нямецкіх акупантаў 8 герояў. Так аддала сваё маладое жыццё за Радзіму слаўная дачка беларускага народа, яго гордасць і слава, Аляксандра Луковіна-Грыбкова.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан