Кузьма Чорны

Вінгель

Цяперашнія перадавыя ўдарнікі — Гімпалевіч з такарнага цэха і Весялоўскі са зборачнага цэха — летась пазналі былі раз старога знаёмага. Спатканне адбылося на тэрыторыі завода, на вузкім заводскім двары. Раўла сірэна. Вячэрняя змена заступала дзённую. Гімпалевіч і Весялоўскі, сышоўшыся ля фабкомаўскага ганка, рушылі ісці ў сталовую, а адтуль дадому. Раптам заўважылі як бы знаёмага чалавека ля шырозна адчыненых дзвярэй у ліцейны цэх. Чалавек быў танклявы крыху, сярэдніх год, даволі высокі. Закуродымленая кепка была нацягнена на лоб, і з-пад казырка пазіралі ясныя вочы на спрытны рух пальцаў з махорачнаю папераю: ён закурваў.

— Эгэ-гэ, бачыш? — штурхануў Весялоўскі Гімпалевіча.— Прыгледзься адно, ты нідзе не бачыў гэтага чалавека? І здаецца, ён тут новы, бо няўжо ж дагэтуль я не спаткаў бы яго тут дзе?

— Чаму не бачу,— адказаў Гімпалевіч,— нешта нейкае было ў мяне з ім... Чакай жа, хто ж гэта можа быць?!

Яны падышлі бліжэй, і Гімпалевіч, каб пачаць гаворку, працягнуў руку:

— Дай, таварыш, паперы, закурыць.

І ўжо ўсадзіў руку ў кішэню і набраў у тры пальцы махоркі, як той спакойна сказаў:

— Паперы? Калі ласка.

І сам стаў прыглядацца да Гімпалевіча. У гэты момант Гімпалевіч і Весялоўскі яго і пазналі. Пазналі з голасу.

— Вінгель? — сказалі яны абодва разам.

— Я і сам да вас прыглядаюся. Гімпалевіч? Весялоўскі?

Спакойна, без жаднага здзіўлення, ён працягнуў ім абодвум руку і стаяў з імі нядоўга: сірэна пакінула раўці, апошнія фармоўшчыкі выйшлі з ліцейнага цэха; там штосьці бляшанае забразгала, хтосьці моцна загаварыў...

— Ну дык я іду, браткі,— сказаў Вінгель і адразу пайшоў, сказаўшы толькі: — Дык гэта вы тут? Гэта старое месца ваша? Той самы даўнейшы Хукманаўскі завод, што тады гаварылі?..

— Але.

— А я тут нядаўна... Ну, іду.

Назаўтра, раніцою, чакаючы хвіліны заступаць на сваю змену, Весялоўскі ўспамінаў пра ўчарашняе спатканне. Успамінаў не таму, што ўсім хацелася вельмі пачуць пра Вінгеля — усе, хто слухаў яго, Вінгеля не ведалі, і яшчэ не было прычыны як-небудзь іначай ад усіх, адмыслова, уведаць яго. Весялоўскі гаварыў, так сказаць, дзеля свае прыемнасці, бо любіў ён успамінаць свае ранейшыя прыгоды; і такі пагаварыць часам любіў. А гаворыць ён удала, на язык востры, калі скажа слаўцо ды прыкажа, дык доўга будзеш памятаць, навылёт ён пройме цябе сваім словам. Здаецца, і словы тыя самыя, што і ва ўсіх нас, а калі ён гаворыць, скажам, пра стральбу, дык, здаецца, порахам навокал пахне.

Слухаючы яго ў тую раніцу, усе, хто сам валачыўся калі-небудзь з вінтоўкаю па лагчыністых дарогах і цудоўных узлесках, уявілі сабе, як жывы, той дзень, калі Весялоўскі і Гімпалевіч першы раз былі спаткаліся з Вінгелем.

«Невядома куды бегла сцежка — праз дубняк, праз асіннік, цераз ручаіну пад крушыннікам, цераз паўзлесную дарогу і зноў у лес — у дубняк, у асіннік... Ядловец астаўся на ўзлеску, крушыннік згусціўся над самаю ручаінаю. Драсён рос у самай чысцюсенькай вадзе. Страшэнная моц, як біла ў нос лесавая вільгаць. Пахла восень. Птушкі даганялі сонца. Бусел цындаўся па той бок лесу ля ядлоўцу. Даўно пара яму вылецець! Сцежка вяла проста. Пад крушыннікам было ціхутка. На дубах спелі жалуды. Асінавы кусток тросся і лепятаў. Дробныя птушкі пстрыкалі навокал, грыбны водар цёк з зямлі, верасы цвілі скрозь над імхамі. Дробны каршачок плаваў над асіннікам, вавёрка імчалася цераз дубы. Лес маўчаў. Сонца жыло на яго вершалінах...»

— От там мы гэтак і спаткалі яго, Вінгеля. Цяпер я вам гэтак расказваю ўсё і сам веру, што гэтак прыгожа было навокал. Але гэта я толькі цяпер успамінаю. А тады дык зуб на зуб у нас не пападаў з Гімпалевічам. Што ж, так сказаць, без аховы закона — смальнуў хто з-за куста, дастаў душу — дык яшчэ яму падзякуюць, што звёў з свету здрадніка «айчыне». (Весялоўскі з вобразным прыціскам сказаў апошняе слова.) Адным словам, мы з Гімпалевічам былі дэзерцірамі з царскай арміі. Гэта была апошняя восень перад рэвалюцыяй. Немцы растрэслі нашу часць, дык мы, прызнацца, не лішне і бедавалі. Немцы займалі мясцовасць шпарка, а мы ледзьве ногі валаклі. Няхай будзе што будзе,— падумалі мы і падаліся ціхом з шырокай дарогі ў гэтую сцежку. Я то яшчэ сяк-так, а мой небарак Гімпалевіч дык проста, можна сказаць, канае ідучы. Гімпалевіч мой родам з Беластока, там яго сям’я, а Беласток даўно ўжо ў немцаў! От ён і адважыўся — хоць, кажа, у палоне буду, але на адной тэрыторыі з дзецьмі і жонкаю. Як мае быць наспела ў яго думка, як засмаліў быў яму ў вуха за нешта фельдфебель. А генерал трымаў прамову: «...кто убьет изменника отечеству, суду не подлежит!..» «Ну дык чорт жа тваю матару бяры з тваім «ацечаствам»,— сказаў Гімпалевіч і пацягнуў мяне за сабою. Самае важнае, каб як ціха фронт перайшоў. Апошнія дзён два дык нават ужо і гарматы пакінулі раўці, немцы ціхом па пятах смалілі і ўсё. Вінгеля мы ўбачылі ў самай гушчырні кустоў. Ён пераабуваўся. Мы як наткнуліся на яго, дык адразу сумеліся. Сядзіць сабе салдат і анучу на нагу накручвае, а навокал ціха сабе, як дома... Ну, але далей другім разам...

І Весялоўскі рушыў у свой цэх. А пасля ўсе дазналіся канец гэтага расказу.

Вінгель кінуў к чорту вінтоўку і назіркам ішоў дадому, таксама недзе пад Беласток. Яны ўтраіх шчасліва перасядзелі ў блізкім лесавым хутарку фронт, праседзелі пад руінамі, на попелішчы. А там — разышліся: Вінгель дадому, а Гімпалевіч пацягнуў ціхом Весялоўскага ў Беласток. Там іх і ўзялі ў лагер палонных, як былых вайскоўцаў. От пакуль што і ўсё, што пачулі ад Весялоўскага. Пасля, як пачала ўмацоўвацца сістэма спрэс усёй вытворчасці брыгадамі і як Вінгель на тым памятным сходзе быў увесь ажыў і ўстрапянуўся, Весялоўскі ўспомніў момант іхняга развітання з Вінгелем тады, у Беласточчыне. Адзін момант астаўся ў памяці Весялоўскага і прыйшоў на памяць цяпер. Тады ўжо яны здружыліся з Вінгелем. І от калі развіталіся, Вінгель зачырванеўся ўвесь раптам, відаць, нейкае хваляванне працяла яго. І гэта было нечакана і Весялоўскаму і Гімпалевічу, бо дагэтуль ён быў маўклівы, нават пануры, найбольш усё згаджаўся і ніколі не спрачаўся, як бы хацеў, каб усё было ціха і добра. У яго была нейкая падатлівасць, мяккасць, своеасаблівая цікаўнасць да ўсяго, але вялікага ажыўлення тут не было. Ён павольна і ціха рабіў сваю справу — ішоў сабе, гаварыў, калі трэба было гаварыць, стаў за падарожнага таварыша, але не сказаць, каб льга было думаць, што ён надоўга пасля развітання пакіне ў памяці гэтае знаёмства. Гэтак думалі Гімпалевіч і Весялоўскі. Дзесьці ўсё глыбока схавана ў ім. Ад яго павявала заўсёды гэтакім роўным настроем, які гнаў ад сябе ўсялякае ўтрапенне. Можа таму гэтак і лёгка было з ім ісці ў гэтакія трывожныя хвіліны: ён заспакойваў і абнадзейваў... Дык на развітанне ён усхваляваўся:

— Вы ведаеце, браткі, от як усё адно ўжо няма чаго больш чакаць. Хоць не думай ні пра што, хоць на свеце не жыві! Цяпер куды іду? Можа чорту лысаму ў лапы! Можа на здзекі! Можа дзяцей дзе ўжо разарвала з гарматы, можа адно косці дзе асталіся! А можа, яшчэ горай, калекамі дзе асталіся! Можа галодныя сядзяць! А што я ім прынясу? І па што я сам іду? Нічога я за сабою не пакінуў, нічога і не знайду там, куды іду. Навошта іду? Па шчасце?! Куды мяне гналі? Што і каму адваёўваць я быў павінен? І за плячыма, і перад вачыма ўсё адно. Як на свеце і прытулку нашаму брату няма! Змалку быў як госць на свеце, гэтак і ўсё далей. Нехта за нешта ваюе, нехта нешта мае і мець будзе... Што гаварыць! Бывайце!

Ён аж пацалаваўся з таварышамі. І, ужо адыходзячы, успомніў:

— Вінтоўку кінуў. Можа дарэмна. Можа трэба было хоць штыхам каму грудзі пранізаць.

Весялоўскага цікнула. І ён сказаў адразу:

— Калі ты ўвесь час будзеш ля Беластока, дык будзеш бачыцца з намі; і вінтоўка яшчэ знойдзецца. Яшчэ ўсяго будзе.

І з запытаннем паглядзеў на Гімпалевіча. Той быў тут большы тубылец. Вінгель пайшоў. Ён меў недзе поблізу тут прыгарадную хату, нейкае капеечнае рамяство ў руках...

Гімпалевіч і Весялоўскі былі ў палоне аж да самага замірэння. Тым часам Вінгеля больш не спатыкалі. Не маглі знайсці нават і тады, як іх выпусцілі на волю.

Рэвалюцыя ішла шпарка. А пасля — польская вайна. Пасля вызвалення з палону ўжо Весялоўскі пацягнуў Гімпалевіча сюды, у свой горад, сам спяшаў на ранейшую работу ў свой зборачны цэх. Заводчыка Хукмана да гэтага часу як вадою змыла. Але завод неўзабаве зацягнуўся дрымотным жахам: з палавіна людзей пайшлі ваяваць з палякамі, з палавіна расцярусіліся недзе. Весялоўскі як вярнуўся з вайны, завод стаяў, як мярцвяк: палякі, адступаючы, паразбівалі яго. Весялоўскі, а пасля і Гімпалевіч, былі адны з першых, што ўзяліся разварушваць завод. Доўга яшчэ завод ледзьве дыхаў. Але год за годам... І от цяпер... Але цяперашняе пачалося, можна сказаць, з леташняга года. І нават не з леташняга, а крыху пазней, як пайшоў другі год пяцігодкі. Рабілі сабе на заводзе, рабілі; хто рабіў, а хто калупаўся; але на другі год пяцігодкі раптам дайшло да вушэй, як з грому: прарыў! І пайшло рваць страшнае слова. Нават не прарыў ужо гаварылі, а правал! Тут, праўда, крыху перабольшвалі, але гэта можа і добра. Слова, калі яно там дзе трэба і добра ўжыта, заўсёды падганяе людзей. Гэтак і тут. Усе заварушыліся. Ячэйкі, партыйная, камсамольская, фабкомаўцы, рэдактары цэхавых насценных газет... Спачатку, вядома, найбольш гаварылі, а пасля і за справу пачалі брацца. Завод у нас сярэдні, да двух тысяч рабочых не дацягвае, але Весялоўскі і Гімпалевіч доўгі час не бачылі тут Вінгеля. Ён, як пасля выявілася, працаваў ужо тут, да таго спаткання, месяцаў са тры. А пасля спаткання яны ўтраіх, старыя таварышы, часта пачалі бачыцца. Не было аніводнай хвіліны, каб Вінгель стаў калі падобны на самога сябе гэтакага, які быў тады, калі яны развітваліся на Беласточчыне. Ён быў ціхі, спакойны, гаварыў мала, нічому ніколі не дзівіўся, ціха рабіў сабе ў сваім ліцейным цэху — прыходзіў увечары заліваць формы. Гэтакі ён быў у тую хвіліну, калі яны ўбачылі яго першы раз у лесе пад крушыннікам. З гэтакай сталай пільнасцю ён тады пераабуваўся. І, здаецца, нічога ніколі не ўзварушыць яго, а тое хваляванне на развітанні было выпадкам. Ён расказаў, як тады, дома, жыў сабе ціха, прыхоўваючыся ад немцаў, каб не папасціся ў палонныя, а пасля ваяваў з палякамі і, як скончылася вайна, застаўся тут і пачаў клапаціцца, каб сям’ю сваю дастаць сюды з-за новай мяжы. Сям’я, нарэшце, прыехала.

На рабочых сходах ён галасаваў за добрыя прапановы, сам нічога не прапанаваў, рабіў акуратна, работы абы-як і дзе не кідаў...

Раз на сходзе, пасля таго ўжо іхняга спаткання ля дзвярэй ліцейнага цэха, Весялоўскі даў прапанову працаваць тры пяцідзёнкі без выходных дзён, каб хутчэй расправіцца з прарывам. Хтосьці з камсамольцаў паправіў Весялоўскага — не тры пяцідзёнкі, а дзесяць пяцідзёнак! Сход падтрымаў. Гімпалевіч правёў гэта ў сваім цэху. Большасць згадзілася. Згадзіўся і Вінгель і працаваў, але здавалася, што гэта ён разам з усімі, каб не астацца. Хто яго ведае, што ў яго за думкі былі тады. Працавалі ўсе заўзята, час ішоў, неўзабаве канчаўся другі год пяцігодкі, прарыў паменшыўся, была надзея, што яго след зараз згладзіцца. Усё было апланавана, і вядома было, што да канца гаспадарчага года прамфінплан будзе даведзены да канца. Выйдзем без прарыву! І от некаторыя зноў пачалі калупацца, хоць гэтакіх усё ж, сказаць праўду, у нас цяпер стала менш. Тым часам і восень нахапілася. Новы год от зараз на завод награне! У нас рыхтаваліся да Дня ўдарніка. У тыя дні адбыўся вялікі агульны сход рабочых. Гэта проста была масавая вытворчая нарада. У тыя дні складаліся кантрольныя лічбы, самакрытычная мятла вымятала з самых цёмных кутоў усялякую шушамець. На новы год збіраліся новыя прапановы ад рабочых. Разгортвалася кампанія за кантрактацыю да канца пяцігодкі, шукалі лепшых сістэм у рабоце, блізіўся момант разгарнуць вытворчыя манеўры, заводская шматтыражка і насценгазеты смалілі па летунах. Да гэтага сходу камсамольскія ўдарныя брыгады работнікаў завода пакінула ісці самапасам: увабраць яе ў сістэму, у планы! Пасля цэхавых абгаварэнняў было тут агульнае абгаварэнне сустрэчнага прамфінплана. Рабочыя падавалі свае лічбы норм вытворчасці, большыя за тыя, якія падавала адміністрацыя. Дык раптам падняўся на сваім ціхім дагэтуль месцы Вінгель. Весялоўскі і Гімпалевіч пасля расказвалі, як у першую хвіліну яны падумалі, што гэта Вінгелю надакучыла сядзець тут на сходзе і ён збіраецца ісці, каб пасля згадзіцца з усімі пастановамі сходу і выконваць іх сумленна і цягавіта, без уласнай тут ініцыятывы. Што ж, гэтакі чалавек Вінгель! Але ён не пайшоў, а папрасіў слова. І гэта выйшла ў яго няспрытна з непрывычкі гаварыць перад вялікім натоўпам. А як пачаў гаварыць, нясмеласць яго пачала згладжвацца, пасля зусім прапала, толькі лілося з слоў і вачэй жаданне сказаць штосьці, што як бы ўсё не ўдавалася яму выказаць дагэтуль.

— ...Я вытворчыя манеўры разумею гэтак,— гаварыў ён, прыжмурваючы вочы,— што гэта — каб не спыняць іх праз нейкі малы ці нават можа вялікі час. Гэта не кампанія якая-небудзь. Гэта вам не тое, што адбыў і ўсё тут. А чаму? Таму што мы не летуны якія-небудзь, што сёння тут, а заўтра там, бегай, мяняй работу, лётай з канца ў канец!..

Было відаць, што ён нездаволены сваёю гаворкаю, што мацней і больш выразную думку ён стараецца выказаць. Ён вадзіў пальцамі па лбе, жмурыў вочы.

— ...Я скажу пра сябе. Я рабіў дагэтуль дрэнна. Не апошняя ж я тут спіца ў калясе! Я сваю норму вырабляў, нават яшчэ больш. Але я сам ведаю, гэтага мала. І кожны лятун, нават прагульшчык часам можа сваю норму вырабіць. Я на якім грунце стаю тут?..

Зноў было відаць, што занадта слаба ён уладае словам, каб выказаць свае моцныя думкі.

— ...От калі я калісьці спаткаўся быў з Весялоўскім і Гімпалевічам у лесе, чорт ведае дзе, блізкі свет адсюль!.. Яны ведаюць... Дык чаго мяне дрэнчыла тады?.. Чаму мне тады было хоць тапіся?.. Яны ведаюць, могуць расказаць...

Весялоўскі і Гімпалевіч успомнілі тады, як Вінгель развітваўся з імі на Беласточчыне. Гэтаксама ён гаварыў тады: штосьці хацеў выказаць большае, вялікае, а толькі расхваляваўся і нарэшце, махнуўшы рукою, пацалаваўся і зачырванеўся ўвесь.

— Тады я чаго глядзеў, да чаго ішоў, чаго шукаў і за што ваяваў? Ні ўзад падацца, ні ўперад. Усё адно, як у моры шукаеш цвёрдай зямлі пад нагамі... Я гавару, таварышы, што я цяпер павінен стаяць за тое, што трымаю ў руках! Сам жа сябе я павінен бараніць ці не?!

Тут яго думку ўсе зразумелі. Хтосьці падказаў:

— Ну, адным словам, ты заклікаеш усіх да няспыннага ўдарніцтва.

— Але! Гэта і ёсць, па-мойму, тыя самыя вытворчыя манеўры. Гнаць і гнаць работу наперад, аж пакуль не будзе перадышка дзе-небудзь.

— Дзе-небудзь на першым паўстанку сацыялізма,— кінуў радасна хтосьці з камсамольцаў.

— Але, але!.. Таварышы,— падняў высока тут голас Вінгель,— я гавару от што: першае—заступаць змене пасля змены адразу, не спыняючы варстату, каб работа ішла кругла цэлы дзень. Другое — увесь цэх, скажам, разбіць хутчэй на ўдарныя брыгады, і кожная брыгада каб мела, скажам, сваю перадатачную брыгаду зверху, а гэтаксама і знізу. От, скажам, брыгада такарнага цэха мае сваю папярэднюю брыгаду ў ліцейным, а пасля ў зборачным...

— Перавесці завод на сістэму скразных брыгад!?

— Але! Я гэтак думаю. Бо калі ты ў брыгадзе, калі ты ўдарнік, дык гэта ўжо адно будзе падганяць цябе. Тваё сумленне не будзе даваць табе спакою.

Вінгель гаварыў пасля гэтага нядоўга. Ён неўзабаве зноў пачаў выяўляць нездаволенасць сам сваімі словамі і нарэшце сказаў некалькі слоў зноў пра ранейшае сваё блуканне ў пустэчы поўнага свету. Але гэта дзейнічала мо нават лепш за доўгія прамовы спрытнага прамоўцы. Яго разумелі ўсе. Ён сваёю прамоваю паддаў агню сходу. Пайшлі заявы пра закантрактаванне да канца пяцігодкі, пра падвышэнне лічбаў вытворчасці. Пайшло — пра новую сістэму (хоць яна і не была новаю, але была ў заняпадзе дагэтуль).

З Дня ўдарніка частка завода пачала выпрабоўваць новую сістэму. Вінгель склаў першую моцную гэтакую брыгаду ў сваім цэху. Ён проста-такі змяніўся. Стаў больш рухавы, але больш і пануры. Яшчэ менш стаў гаварыць. Ён гнаў работу неміласэрна. «Гэта не кампанія,— гаварыў ён,— гэта не кампанія!»

Яго брыгада і на манеўрах, і пасля іх ішла наперадзе.




Беларуская Палічка: http://knihi.com