epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Воля рве ланцугі

Дваццаць шэсць год Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі! Ідзе другая чвэрць стагоддзя з часу ўстанаўлення на прасторах былой царскай імперыі свабоднай дзяржавы вызваленых народаў, вялікага саюза нацыянальных рэспублік.

Мінулая чвэрць стагоддзя была для Беларусі залатым часам яе гісторыі. Гэта быў час вялікага росту нацыянальнага ўсведамлення беларускіх народных мас, росту беларускіх гарадоў, развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі, з’яўлення новых пластоў беларускай інтэлігенцыі, развіцця навукі, літаратуры і мастацтва. На арэне еўрапейскай і ўсясветнай гісторыі Беларусь заняла сярод усіх народаў пачэснае месца. Беларускі чалавек пакінуў быць «простым тутэйшым чалавекам» і стаў героем-барацьбітом за сваё нацыянальнае жыццё і сваю родную зямлю, радзіму, тэрыторыю.

І гэта асабліва выразна паказала Вялікая Айчынная вайна з нямецкімі захопнікамі.

Новыя асновы жыцця, устаноўленыя Кастрычніцкай рэвалюцыяй, грунтуюцца на павазе да кожнага народа, да кожнай нацыі, і гэта прывяло да ўзняцця вялікага патрыятызму ўсіх савецкіх народаў. Нацыя, якая прыгнечвае іншую нацыю, сама не можа быць свабодная. Гэты ленінскі прынцып ляжыць у аснове нашай дзяржаўнасці.

Сілы, варожыя прынцыпам Кастрычніцкай рэвалюцыі, у той час, калі будавалася вялікая Савецкая дзяржава, зрабілі марную спробу ўстанавіць сваю дзяржаву, аснованую на заняволенні народаў і крывавай акупацыі чужых тэрыторый. На чале гэтых цёмных сіл стала фашысцкая Германія з самай змрочнай асобай у гісторыі — крывавым Гітлерам.

Нага нямецкіх фашыстаў ступіла і на беларускую зямлю. Немцы стараліся заняволіць беларускі народ і гарматамі, і самалётамі, і бомбамі, і пажарамі, і расстрэламі, і шыбеніцамі, і, нарэшце, падсалоджаным словам. Нічога з гэтага не выйшла. Беларускі народ, як шчыльная сцяна, стаў навокал вялікага правадыра Сталіна.

Пакуль Чырвоная Армія гартавала сілы да наступу і пачала наступаць, беларускія партызаны бязлітасна знішчалі нямецкую навалач у яе тыле. Не дапамаглі і прысыпаныя соладам угаворы гітлераўскага намесніка на Беларусі Вільгельма Кубэ. Гэты дурань казаў, што ён вельмі ж ужо вялікі прыхільнік беларускага народа, а шыбеніцы па Беларусі — гэта так сабе, цаца, каб весялей было. За такую прыхільнасць да беларускага народа беларускія патрыёты так прыхіліліся да яго самога, што ён галавою налажыў. Коратка і ясна. Беларуская зямля стала яму магілай, як і многім дзесяткам тысяч нямецкіх заваёўнікаў.

На нямецкай мове гэта называецца «капут». Гэты «капут» сядзіць цяпер у вушах і горле кожнага немца. Ён прыйшоў на месца той ганарыстай пахвальбы, з якой немцы імчаліся на злом шыі, каб заваяваць савецкія землі. Заваёўвалі яны чужыя землі, а заваявалі свой «капут».

Нямецкі «капут» пачаўся ў краіне Кастрычніка і скончыцца па ўсёй Еўропе, дзе толькі ступіла нямецкая нага. Пачалося пад Сталінградам, прайшло па Кубані, Каўказу, ідзе па Украіне і Беларусі. Надышоў час уставаць з руін да жыцця беларускім гарадам. Ніколі не будзе ў ланцугах той, хто паспрабаваў волі і жыў у ёй.

Паганай нямецкай навалачы падыходзіць «капут». Воля, у якой мы пражылі чвэрць стагоддзя, ірве нямецкія ланцугі.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан