epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

«Выхваляўся, выхваляўся ды і здох»

Кажуць, што раз воўк бляваў лыкам. Не таму, што гэта яму вельмі падабалася, а таму, што ў яго не было чым іншым апаражніцца. Цягаўся ён па шырокім свеце і ўсюды рваў зубамі, дзе што трапіцца. Адусюль яго гналі, усюды ненавідзелі, і ён завалокся ў такую пустэчу, дзе не было ніякай спажывы. З вялікага голаду гэтая схуднелая падла нажэрлася лыка так, што аж назад вярнуць пачало. Пасля гэтага воўк узяў ды і здох.

Якраз тое самае здарылася з нямецкім фюрэрам. Гэты прахвост абышоў палавіну Еўропы, усюды рваў дзе што мог, усюды ліў чалавечую кроў, мінулай зімой атрымаў на савецкім фронце па сваіх вышчараных зубах і 26 красавіка выступіў у рэйхстагу з прамовай. Дзе дзелася яго ранейшая ганарыстая заўзятасць, калі ён, бывала, у кожнай прамове выхваляўся, што заваюе для немцаў увесь свет? Цяпер ён не выхваляўся, а ныў і скуголіў, быццам не гаварыў, а, як той воўк, раскідаў лыка.

Зімой нямецкія дывізіі навекі клаліся ў нашы снягі. Тады Гітлер цешыў немцаў блізкай вясной. Прыйшла вясна, і цяпер ён баіцца і ўспомніць пра яе. Ён сказаў: «Пакуты, якія мы перанеслі зімой, сталі для нас урокам. Намі ўжываюцца захады, каб танкі, бронемашыны і матарызаваны транспарт мог бы працаваць у зімовых умовах».

Вясна не прынесла немцам уцехі, і фюрэр пацяшае іх новай зімой. Нямецкія салдаты крычаць, што яны па горла наеліся вайны, а фюрэр абнадзеіў іх, што збіраецца ваяваць яшчэ і зімой.

Чырвоная Армія выбіла з немцаў дурное шаленства, і многія з іх раптам убачылі, што іхні фюрэр ніякі не асілак, а проста жулік і абармот. Свету ён не толькі не заваяваў, а крывавай дарогай давёў сваё абдуранае двуногае быдла да грані пагібелі. Быдла не хоча гінуць і з грымасай глянула на фюрэра. Фюрэр спалохаўся гэтай грымасы. Ён пачуў і злое маўчанне нямецкага народа. І ён, тонам злоўленага злодзея і з авечым выглядам, спрабуе ў сваёй прамове апраўдвацца. Няўдачы сваіх армій ён узвальвае на зіму. І раптам пачынае пагражаць. Каму? Таму, хто не здаволен, хто маўчыць, хто непаслухмяны!

Адным словам, змучаны вайной нямецкі народ падпаў пад новую няміласць свайго фюрэра. «Зімой я дзейнічаў рашуча»,— крычыць фюрэр. Гэта ён гаворыць пра тое, як распраўляўся з нездаволенымі ім генераламі. Так будзе і з кожным! — чуецца ў яго прамове. Ён запатрабаваў ад свайго рэйхстага неабмежаваных паўнамоцтваў рабіць, як яму ўздумаецца, над кожным расправу. Ён будзе ўмешвацца ва ўсё сам,— гаворыць ён. З усіх сіл ён стараецца адцягнуць страшны дзень развалу і гібелі свайго фашысцкага парадку. І няма чым яму апраўдвацца за зло і страты, якія набліжаюць катастрофу, дык ён спасылаецца і на зіму, і на нездаволеных ім, і на іншыя цяжкасці. Перапалоханыя няўдачамі на фронце, яго падручныя ў рэйхстагу «ўзаконілі» яго паўнамоцтвы на нямецкі народ. Голад і пакуты вайны, новыя горы нямецкіх трупаў на фронце! І хто будзе ў Германіі нездаволен гэтым, фюрэр з тым расправіцца па-свойму.

Апраўдваючыся і каб паказаць сябе разумным дзяржаўным дзеячам, ён, нарэшце, сказаў: «Лёс народаў і дзяржаў не можна давяраць вар’ятам». Святая праўда! Нямецкія акупанты на сваёй уласнай скуры ўжо адчуваюць гэта. Іх шалёны фюрэр у часы свайго назаўсёды сапсаванага настрою, сам таго не думаючы, даў сам сабе найвышэйшую ацэнку перад сваім канцом.

У прамове яго гучаў унылы тон асуджанага забойцы і імкненне хапацца за якую-небудзь надзею.

Ёсць прыказка: «Выхваляўся, выхваляўся ды і здох».

Да гэтага ідзе.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан