epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

За блізкіх і родных

Быў ён бацька чацвярых дзяцей. Зосьцы пачаўся пятнаццаты год, Лідзе адзінаццаты, а Толік і Стась былі яшчэ зусім малыя. Ён ужо некалькі месяцаў ляжаў хворы на раматус ног. Ён ледзьве мог паварушыцца, і Зоська не адыходзіла ад яго, памагала яму і глядзела яго.

Лета жыло быццам без людзей. Людзі жалі жыта ўкрадкам, сярпамі, каб ніхто не бачыў, бо калі дойдзе да нямецкіх вушэй, тады трэба будзе аддаваць немцам у паўсотню разоў больш, чым ты нажаў. Праўда, немцаў тут блізка не было, але ўстаноўленая імі ўлада пільна сачыла за кожным чалавекам. Зоська заўважала, што занадта нешта ўжо часта адзін з тутэйшых, праз увесь ранейшы час шукальнікаў «лёгкай службы», Фамкоў, дапытваецца ў яе:

— А ці праўда, твой бацька хворы, а можа ён так ляжыць?

Так зразумела Зося фамкоўскія допыты. На гэта бацька сказаў ёй:

— Прыйдзецца, дачушка, дзе-небудзь у лесе ляжаць, бо гэты чорт з’есць мяне. Успомніш, Зоська, маё слова: ён калі не служыць яшчэ ў немцаў, то пойдзе да іх на службу.

Зоська ціхом ад бацькі пачала раіцца з маткаю, што рабіць. Няшчасная жанчына, на галаву якое ўпала няшчасце карміць сям’ю і лячыць мужа ў такі цяжкі час, адразу ж дайшла да думкі, што мужу не трэба ляжаць у сваім доме. Было ясна: Фамкоў да нечага рыхтаваўся.

Усё адбылося, аднак жа, куды хутчэй, чым спадзявалася жанчына са сваёю белагаловай Зоськай.

У познюю раніцу ў хату ўвайшоў Фамкоў і з ім паліцэйскія. Нават і дзень добры не сказаў, а адразу ў бакоўку да хворага:

— Ну, чаго глядзіш так, я стараста! Нямецкая ўлада мяне паставіла на гэта. Прыйдзецца цябе патрывожыць.— Тут ён павярнуўся тварам да паліцаяў: — Гэта ляжыць той самы Іван Іванавіч Пракопенка, пільна абсачыць якога вам загадана. Пачынайце.

Потым ён звярнуўся да Пракопенкі:

— Табе прыйшоў канец. А ці памятаеш ты, як стараўся аб калгасе, і ў сельсавеце, і ў райкоме ты быў сваім чалавекам? Кайся! Прасіся!

Пракопенка маўчаў. Дзеці плакалі.

Ледзьве прычакалі ўсе яны вечара. Як толькі стала цёмна, Зоська пабегла да людзей і выпрасіла на паўгадзіну каня з возам.

У цемені ночы і ў вялікай цішыні маці і Зося паклалі хворага на воз і павезлі ў лес.

Іван Іванавіч ляжаў у лесе пад кустом.

— Накажы нашым людзям, Зоська,— сказаў Пракопенка. — А ты,— ён глянуў на жонку,— ідзі дадому ды прыходзь сюды з малымі.

На захадзе сонца Зоська была ўжо зноў пры бацьку і гаварыла яму:

— Уночы прыйдуць да цябе партызаны.

— Як жа ты знайшла іх?

— А я пайшла пад Доўгі лес і заспявала песню. Нейкі чалавек выйшаў да мяне з лесу, пачаў распытваць мяне. Мы адразу згаварыліся. Але таксама я дазналася, што Фамкоў шукае цябе. Я пры табе пабуду, пакуль маці з малымі прыйдзе. Яна зараз будзе тут. А тады я пайду ў разведку, дзе што робіцца.

Змеркла, і вечар скончыўся, і ноч настала глыбокая, а жанчыны з дзецьмі не было. Зоська пабегла ўстрывожаная і не вярнулася. Ужо зоры пайшлі на раніцу, як пачала ў лесе абзывацца птушка, якая ў гэты час звычайна спіць. Пракопенка здагадаўся і перагукнуўся з птушкаю. Неўзабаве над ім схіліўся чалавек:

— Па цябе едзе фурманка. А тут у вёску немчуры панаехала, як плоймы. Фамкоў водзіць іх і паказвае, дзе ў каго жывёла ці хлеб. Забіраюць усё пад мятлу.

— Нешта з маёю сям’ёй сталася, ніхто не прыходзіць,— сказаў Пракопенка.

Неўзабаве яго павезлі ў другі лес, а партызан пайшоў шукаць яго сям’ю. Гэта быў малады хлопец, Пракопенкаў аднавясковец. Чатыры дні ён не меў спакою, пакуль не ўзбіўся на след. Пракопенкава сям’я ўся была арыштавана немцамі. Фамкоў напісаў данос, што Пракопенка савецкі актывіст.

Праз дзень той жа малады партызан ішоў праз суседні пасёлак. Немцы з гэтых мясцін выехалі далей, забраўшы ўсю жывёлу і хлеб. Пасёлак быў пусты. Нідзе ні душы. Раптам хлопец убачыў страшны малюнак. Пракопенкава жонка і ўсе яго дзеці ляжалі мёртвымі. Засохлая кроў была на іх тварах і адзежы. Мёртвая маці трымала ў абнімках малога Стася. Толік і Ліда ляжалі цесна адзін пры адным. Асобна ад усіх ляжала Зоська, густавалосая, белатварая. Вецер ускінуў на яе мілы тварык высахлую травіну...

Пачалося ўпартае змаганне з хваробаю. Хутчэй устаць на ногі! Хутчэй адпомсціць! Пракопенка яшчэ звыш двух месяцаў ляжаў у лесе і перамог хваробу.

Увесь верасень месяц ён правёў у пошуках Фамкова. Знайсці гадзіну стала яго мэтай.

І аднойчы партызаны ўбачылі, як Пракопенка вёў злоўленага нягодніка. Фамкоў не хацеў ісці, але яго падганяў задумёны і суровы позірк Пракопенкі.

Усе, хто быў тут, сышліся выказаць свой прысуд паганцу-здрадніку. Фамкоў не глядзеў у твар людзям: ён раптам упаў на калені перад Пракопенкам. Пракопенка сціснуў зубы і адвярнуўся.

Партызанскі суд прыгаварыў Фамкова да смерці.

Праз некалькі дзён разведка высачыла, што па шашы будзе ехаць нямецкі генерал. У забалочанай дарожнай абочыне ляжалі ў засадзе два партызаны. Бадай-што двое сутак яны праляжалі тут. Сонца рушыла ўжо к захаду, як на шашы відны сталі тры нямецкія машыны. Першая прайшла без злой прыгоды паўз засаду: яе прапусцілі, здагадаўшыся, што гэта генеральская ахова. Калі падышла другая машына, з густой і высокай травы мільгануў на момант Пракопенкаў твар і махнулася яго рука. Граната рванулася пад самай машынай. Задняя машына шпарка пайшла назад.

— Самае важнае тут засталося,— сказаў Пракопенка, падыходзячы блізка і гледзячы на кавалкі нямецкага генерала і яго машыны.

Іван Іванавіч Пракопенка помстай душыць свой смутак па сям’і.

Помста чужынцу за блізкіх і родных гоіць раны чалавечай душы.


1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан