Кузьма Чорны

Забіяцкі пык

Прызнацца вам, дык я хаваў у сваім хляве ад немцаў калгаснага быка. А жыву я ў лесе. А ў Мінску адзін гаўляйтарскі рэферэнт, нейкі «беларускі» дзеяч Сымон Пхайчык, заныў душой: а ці возьмуць яго немцы з сабою, калі будуць уцякаць з Беларусі. Дык ён пачаў так падлабуньвацца пад гаўляйтара:

— Чаму б вашай гаўляйтарскай ласцы не паехаць на паляванне?

— А партызаны?! — аж затросся гаўляйтар.

— Я вам пакажу такое месца, дзе няма партызан. Вы там убачыце не кранутыя бальшавіцкім уплывам народныя беларускія тыпы.

Вось яны і прыкацілі ў мой бок. Цягаліся цэлы дзень і, апроч схуднелай вароны, нічога не ўпалявалі. Тут раптам яны пачулі, што зароў бык. А вядома, што немец,— які б ён ні быў: ці просты фрыц, ці сам гаўляйтар,— найлепшы паляўнічы ў чужым хляве альбо пры курыным седале.

— Што гэта? — натапырыў вушы гаўляйтар.

— Бык,— адказаў дзеяч.

— Пык! А дзе ён?

Пхайчык з паўдня разнюхваў, пакуль знайшоў у маім хляве на прывязі быка.

І вось з’яўляюцца — наперадзе фрыцы з аўтаматамі, далей гаўляйтар, а морда ў яго — як млынавы камень! От, думаю, раз’еўся, каб цябе чэрві раз’елі! А за гаўляйтарам — Пхайчык. «Прападзе бык»,— падумаў я, а яны проста ў хлеў чэшуць. Адчынілі хлеў і глядзяць на быка.

— Адвязвай быка,— сказаў мне «беларускі» дзеяч пры гаўляйтары Сымон Пхайчык, а сам баязліва схаваўся за бычыны зад.

— Лепш вы станьце перад быком, бо ён мае кепскую натуру: брыкаецца, ліха яму.

Бачу — стаў Пхайчык перад быком, і сам гаўляйтар падышоў бліжэй, каб бачыць лепш.

«Ратуйся, бычок»,— падумаў я і так хапіў ззаду за казытнае месца, што той, не вытрымаўшы козыту, чмыхнуў і рынуўся з хлява. Ён, напэўна, падумаў, што гэта яго хочуць павесці ў Берлін, каб ён падзякаваў Гітлеру за зямельную рэформу ў Беларусі, і так папёр, што збіў з ног Пхайчыка, а гаўляйтара рагамі падхапіў над зад, і той імчаўся так ад хлява і аж да варыўні. Там гаўляйтар грымнуўся вобземлю і ледзьве выскрабся пасля. Сымон Пхайчык падпаў ад гэтага пад нямецкую няласку і баіцца паказвацца гаўляйтару на вочы. А гаўляйтар як пачуе, што салдаты забралі дзе-небудзь у вёсцы быка і прывялі на гаўляйтарскі двор, зачыняе на замок дзверы і тлумачыць сваім падначаленым:

— Пык — гэта такая забіяцкая штука, ад якой доўга баляць рэбры.




Беларуская Палічка: http://knihi.com