epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Замест паштовае скрынкі

Маладыя аўтары, што прысылаюць свае творы ў рэдакцыю, вельмі мала клапоцяцца пра мову сваіх твораў, пра стыль. Мова і стыль — гэта тыя формы, у якіх падаецца чытачу думка твора. Дык формы гэтыя павінны быць прыгожымі, удасканаленымі. Нямецкая літаратура мае свае адмысловыя формы, яна напісана на нямецкай мове. Расійская літаратура мае свае формы, яна на расійскай мове. Гэтаксама і ўкраінская літаратура, і японская, і ўсякая іншая. Тое ж самае — беларуская літаратура. Нашы аўтары павінны клапаціцца, каб іх літаратурныя творы былі літаратурным мастацтвам. Яны павінны пісаць чыстаю беларускаю моваю. І трэба заўсёды вывучаць сваю мову, прыслухоўвацца да народных гутарак. Гэтакі вялікі расійскі мастак слова, як Леў Талстой, усё сваё жыццё вывучаў расійскую мову — гэта значыцца, тую мову, якая была для яго роднаю і якою ён пісаў.

Некаторыя нашы аўтары, ведаючы добра літаратурную расійскую мову, калі пішуць свае творы, дык у галаве іх фармулююцца сказы ў расійскай мове, і тут жа, пішучы, яны перакладаюць іх на беларускую мову. Вядома, што стыль гэткага твора не будзе мець прыгожасці і сілы, а мова будзе няправільная.

Вось, дзеля прыкладу, сказ з аднаго рукапісу:

«Ноч бясшумна спусцілася на зямлю... Тысячы зор асвяцілі прастор ласкавым мігаючым светам і з халодным нямым пытаннем заглядваюць у душу, у глыбіню істоты, туда, дзе сэрца і нервы новазагартованым молатам адчыканіваюць гукі жыцця».

І яшчэ з таго самага апавядання словы і моўныя звароты:

«Выпаў снег», «састарэўся», «усё бачыўшай, усё адчуўшай рукой», «шчэлачку», «жалка»...

Калі аўтар піша беларускаю моваю, дык ён трэба, каб ведаў добра народную беларускую мову. Тады яго творы будуць мець беларускія нацыянальныя формы.

Тав. Сталін, гаворачы пра нашу, савецкую літаратуру, вызначыў, што яна павінна быць пралетарскаю ў змесце і нацыянальнай у форме.

Заўсёды аўтару гавораць: трэба апрацоўваць творы. Гэта значыцца, што трэба, каб аўтар не стараўся толькі абы-як выказаць думку свайго твора або абы-як паказаць у творы якіх-небудзь людзей, расказаць пра што-небудзь. А павінен аўтар глядзець на тое, як ён выказвае, як паказвае. Мова твора павінна быць па-мастацку простаю, жывою — гэтакаю, якою яна жыве, а не прыдумліваецца. Адзін аўтар пісаў: «вецер распаўсюджваў пах кветак». Расійскае «распространять» у нас пішуць «распаўсюджваць» («распаўсюджваць газеты», «распаўсюджваць абліцыі»). У інструкцыі, у пратаколе, нарэшце ў артыкуле, дык гэткая мова яшчэ — паўбяды; але ў мастацкім творы, дык гэта вельмі суха і непрыгожа. Куды прыгажэй было б напісаць проста — «пахлі кветкі» або «дзьмуў вецер, і пахлі кветкі».

Некаторыя аўтары, захапіўшыся гэткаю моваю і думаючы, што для кніг яна патрэбна, пішуць, напрыклад, «зачыніў вочы», замест «заплюшчыў вочы» і да гэтага падобнае.

Трэба, каб творы пісаліся моваю жывою.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан