epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Жаночая праўда і мужчынская крыўда

І
ІІ
ІІІ
IV


 

І

— Чаму ты, Тодар, не п’еш?

— Чаму ж не п’ю?! Што ты гэта, Сідор, вочы сапсаваў, што не бачыш, ці якое табе ліха? Я ж, дзякуй богу, п’ю, і яшчэ як сіберна п’ю!

— А чаму ж у бакі не гойдаешся?

— Бо ў мяне, значыць, нутро здаровае. У мяне нутро, як у вала рогі,— усё яно табе перагэтае. Я магу, браце Сідор, гарнец выцягнуць, і хоць бы што. Нашчот нутра, дык у мяне ого-го!.. Будзь здароў, Сідор!

— На здароўе!

— Ах, каб яе агні спяклі, каб яе! — паморшчыў твар Сідор, выцягнуўшы адначала з Тодарам шклянку.— Здаецца, не маладзіком гнаў падлу, а якая, ліха на яе, моцная, аж язык у самую глыбіню пайшоў! От бо, значыць, што да чаго вызначана, здаецца, глянуўшы, што тут такое ў ёй, можа быць вада вадою на погляд, а якую, падла, моц мае!..

— Э, чудзіла ты,— адказаў Тодар,— ці гэткая моцная бывае! Вунь у Малых Прусах шляхціч Купрыян Свінацяробскі гоніць, дык хоць замест газы палі — далібог жа гарыць, а калі трохі хлебанеш, дык аж вочы на лоб лезуць, гэткую моц мае. У тую нядзелю, як у Фабіяна Падхвастовіча радзіны спраўлялі, дык Франц Парасяціч ад дзвюх чарак ракам стаў ды пападлавіччу цэлы дзень поўзаў. Так яго, небараку, забрала.

— Што ты кажаш? — радасна зацягнуў тоненька-хрыплым галаском Сідор.— От каб як гэта такое калі к святу выгнаць, от бы за мілую душу выпілі б. А-я-яй! Не спадобіў мяне бог быць такім майстрам. От бо бываюць механікі на свеце!

— Гэта ад прыроды талент да гэтага бывае,— сказаў Тодар.— Вунь у вёсцы Кабыляцічах у шаптуна Сабасцьяна Ракуціка хлапец мае ўсяго гадоў трынаццаць, не больш, а такую самагонку гоніць — за мілую душу.

— Што ты кажаш?!

— Яй-права... ну, давай яшчэ па чарцы сцебанем!..

— Давай!..

Яны «яшчэ сцебанулі па чарцы» і налілі яшчэ па адной. У Сідора — гаспадара хаты — дробненькі і плюгавы твар зусім ужо счырванеў, пруткія, як дрот, віхрастыя і рыжыя валасы раскудлычыліся і рассыпаліся ва ўсе бакі, як шчэць на надворным япруку.

— Колькі гэта мы ўжо выпілі? — падаў галасок Сідор.

— Ды ўжо, здаецца, у трэцяй да дна дабіраемся.

— Я бо гляджу, што мне ўжо свет здаецца чорт ведае чым. Печ з комінам — абразамі здаецца, дзверы — засланкаю, а лава з гаршкамі — жонкаю...

— Хаця ўжо мяне не чапай,— абазвалася жонка Алена, мыючы каля дзвярэй міскі,— мала таго, што абы вочы прадраў, дык ужо за гэтую атруту бярэшся, дык яшчэ мяне памінаеш!..

— Маўчы,— запішчаў Сідор,— а то калі шыбану гэтым ботам, дык з цябе і духі вылезуць! Разумная знайшлася, бач ты яе! Вучыць мяне яна будзе! Я тут гаспадар, а ты ўсяго жонка і больш нічога! Так, Тодар, ці не?!

— Так,— адказаў Тодар,— жонку вучыць трэба, бо, вядома, бабская галава. Вунь як мая нябожчыца Марыля жыва была, дык я яе не так вучыў. Эх, як я яе вучы-ыў!..

— Каб не вучыў, то можа і цяпер яшчэ жыла б,— сказала ціха Алена.

— От, каб ёй зарвала! — зноў запішчаў Сідор.— Не можа памаўчаць ніяк, ды хто гэта тут гаворыць табе — мы ці сабакі брэшуць?!

— Калі ты, Сідор, станеш чалавекам? — загаварыла Алена.— Годзе ўжо смактаць гэтую злыбеду.

— Дык, значыць, па-твойму, я не чалавек? — выскачыў з-за стала Сідор.— Ах ты гадаўка, каб на цябе агні... Н-на! — і ён даў Алене па шыі.

Алена заплакала і ўцякла з хаты.

— Ты, браце Тодар, плюнь на ўсё гэта,— замармытаў зноў Сідор,— вядома, баба, давай яшчэ вып’ем, калі да меркі яшчэ не дабраў.

— Да меркі каб я дабраў?! — адказаў Тодар.— Я ж кажу, у мяне нутро, як бочка і валовыя рогі — і вялікае і моцнае. Давай тры гарцы, я вып’ю і хоць бы што, камар носу не падточыць!

— Ну, трох гарцаў то ты не вып’еш, гэта ты ўжо, брат, выдумляеш!

— Не вып’ю я трох гарцаў?!.

— Не вып’еш!

— Вып’ю!!

— Не вып’еш, я табе кажу!

— Эх ты, мазюр свінячы!

— Хто, я мазюр?!. Сам ты мазюр!

— Ах, трасца ж тваёй мацеры! — ускіпеў Тодар усхватваючыся.— Зараз я табе пакажу мазюра, я табе зараз пакажу такога мазюра, што ў цябе ў вачах змазюрыцца!..

— Не лішне я спалохаўся,— гукнуў Сідор, адскочыўшы ад стала і хватаючы бутэльку,— калі што якое, дык калі лупяну гэтаю бутэлькаю, дык адно чарапы з яе ў патыліцу паўлазяць!

— Ты яшчэ апраўдвацца?! — зароў Тодар, хватаючы шклянку з недапітаю самагонкаю.— Маўчы, бо калі ліну ў рыла, дык вочы высмалю!..

— Ну лінь жа, папробуй!

— Н-на! — ухнуў Тодар, бэўтнуўшы Сідору ў твар.

Сідор, і без гэтага п’яны, закруціўся на адным месцы, як верацяно, абціраючы рукавамі твар.

— Гвалт, людзі, ратуйце! — закрычаў ён немым голасам.— Вачэй чуць не высмаліў!..

— Я табе пакажу мазюр! — весела абазваўся Тодар і шмыгануў скоранька з хаты, чуць не пакаціўшыся на парозе ад моцнага хмелю ў галаве.

 

ІІ

Сідоравай дзяўчынцы Насці трынаццаць год... Прынесла яна раз у хату газету аднекуль, а Сідор зразу з бацькаўскім словам:

— От маладзец, дачушка, для бацькі курыць паперы прыстаралася. Дай, адно, сюды газеціну.

— Ай,— адказала Насця,— як давалі мне, дык казалі, каб прачытала.

— Я табе прачытаю! — тупнуў нагою Сідор.— Малае вашанё, а ўжо газеты чытаць збіраецца. Давай сюды! Можа яшчэ ў канцамолы запішашся?!

— Няхай пачытае,— сказала Алена,— чаго ты прыстаеш да яе. Быў бы рад, што хоць чытаць навучылася...

— Я з газеты хлеба есці не буду,— гукнуў Сідор.

Насця з плачам кінулася з хаты. Маці выйшла за ёю.

— Дзе ты ўзяла газету? — запытала яна.

— Там раздавалі ў школе, з горада прывезлі.

— Ну, пачытай.

Насця пачала паволі чытаць, і зацікавілася газетаю Алена.

— Ну, канчайце чытаць ды давайце мне,— сказаў Сідор, выходзячы на ганак і ўжо трохі паспакайнеўшы.

— Я яе схаваю,— адказала Алена.

— Схаваеш?! Яшчэ ўздумала, будучы бабаю, з газетамі справу мець!

— А што, баба не чалавек хіба, ці што?

— Баба не чалавек, а жонка чалавеку,— сказаў упэўнена Сідор.— Давай газету!

— Эх ты, дурань,— загаварыла Алена,— паглядзі на сябе, ці хаця ты чалавек. Дзень пры дні ў самагонцы мокнеш, звязаўшыся з гэтым п’янчугаю Тодарам, лаешся, усё ў цябе загэтым з рук валіцца, а ты ўсё не чалавекам мяне лічыш за маю ціхасць ды бабскую слабасць.

— Пачакай, я табе пакажу тваё бабскае права, я яго табе з галавы выб’ю.

І пайшоў Сідор да Тодара мірыцца за чаркаю самагонкі.

— От жыццё, каб яно згарэла,— сказала Алена, заплакаўшы.

— Там гаварылі, што тут напісана і аб жанчынах,— сказала Насця і, пакапаўшыся ў газетных карэспандэнцыях, пачала чытаць аб жанаддзеле, дэлегатках... Аб тым, як у адной вёсцы старшыня сельсавета — жанчына.

«От,— думала Алена,— гэта ж так цяпер жанчына пайшла ўгору, а мы тут жывем у такой дзікасці».

Тады пайшла Алена ў школу, прынесла сама некалькі газет, заставіла Насцю чытаць іх, а сама ўсё аб нечым думала...

Вечарам п’яны Сідор зноў буяніў у хаце, зноў прыйшлося Алене плакаць, а Насця ціхенька сядзела на печы і баялася абазвацца.

 

ІІІ

— Да чаго ты, Сідор, дапусціў жонку сваю,— сказаў Тодар, чухаючы бараду, з хітрай усмешкай паглядаючы на Сідора.

Сідор вінавата ўхмыльнуўся, усунуў рукі ў кішэні і, засаромеўшыся, адказаў:

— Братка, не магу рады даць. Нейкі, браце, жанаддзел уведала — там яе і абарона. Раз дык я калі захадзіўся — хацеў, значыць, адвучыць яе ад гэтых бабскіх правоў, а яна, значыць, часта прыязджае, дык яна мне калі сказала такое слова, што ў мяне злосць прайшла, а з’явілася кроўная крыўда. Ты, кажа, дзядзька, павінен жонку сваю шанаваць і, калі дурнейшы за яе, дык у яе вучыцца, як жыць на свеце. А то, кажа, калі будзеш хоць крычаць на жонку, дык бяда будзе,— мы цяпер, кажа, бабы, сталі баявым народам.

— Дурны ты,— закрычаў Тодар, не даслухаўшы яшчэ да канца,— ды ты ведаеш, што табе трэба было рабіць: табе трэба было не слухаць гэтае гадаўкі, а боўтнуць ёй па карку, каб ведала, як з сталымі мужчынамі заводзіцца. А ты маўчаў, як цялё... Ды ежалі б гэта на мяне такое здарэнне, дык я калі трахнуў бы ёй, дык яна б у мяне нагамі накрылася...

— Я пасля вечарам за гэта жонку адлупцаваў,— пастараўся апраўдацца Сідор.

— Жонка жонкаю, а тая сучка таксама павінна была сухою не выйсці з твае хаты. Гэта жартачкі — твая ўласная жонка абароны шукае недзе за хатаю ад свайго мужыка. Ах, каб цябе ж агні спяклі, такую работу!.. Хадзем хіба, Сідор, вып’ем за тую крыўду ці якое нам ліха.

— Хадзем, братка,— ціха адказаў Сідор, пасмоктваючы свае рыжанькія вусікі.

Хутка за імі ляпнулі дзверы Тодаравай хаты, а цераз паўгадзіны Сідор выйшаў на вуліцу, звесіўшы ўскудлачаную галаву і абціраючы пальцамі над носам. Ківаючыся ў бакі, ён ледзьве дабраўся да свае прызбы, зваліўся па яе і ўсё лаянкаю адганяў мух, якія ўсмакавалі яго мокрыя вусы і губы і, як пчолы на ліпу, ліплі на іх.

— Дзядзька Сідор,— крычалі малыя хлопцы,— у вас мухі ўжо верхнюю губу ад’елі ды ўжо за ніжнюю бяруцца.

— Р-р-раз-з-зайдзісь, нар-р-род! — пішчаў Сідор, паднімаючы голаў.— Тут вам не жанаддзел, а сталы мужчы на аддыхае.

Хлопцы пачыналі рагатаць, а Сідор весела падміргваў падгніўшаму слупу, на якім некалі трымаліся вароты яго двара.

Хутка каля яго сабралася грамада народу — было нейкае свята, і людзі мелі час.

Алена завяла Сідора ў хату, а ён, трохі працверазіўшыся, усё лупаў вачыма ды крычаў, каб яму аддалі курыць усе газеты, якія ў Алены і Насці былі ў хаце.

Вечарам, зусім працверазіўшыся, Сідор, звесіўшы голаў, слухаў, як малыя хлопцы — «падшывальцы» — дражніліся з ім каля акна за п’янае здарэнне на прызбе.

— А што, дабраў да меркі,— пачала гаварыць Алена,— нават дзеці малыя на смех паднімаюць. От табе твая і галава тая вельмі разумная. У сваёй хаце дык ты вельмі разумны, а ў людзях — дык бачыш што. А калі я хачу жыць па-людску, выбірацца на лепшую дарогу, дык ты гвалт паднімаеш. І сям’ю сваю мучыш і сябе...

І тады нешта пачало скрабці за нутро ў Сідора. Ён апусціў вочы і пайшоў у гумно спаць.

 

IV

З той самай вясны ўсё іначай пайшло ў Сідоравай хаце. Раз у тыдзень, нядзелямі, Алена хадзіла ў школу вучыцца грамаце і к лету ўжо пачынала патроху разбіраць кніжкі.

Нейкі як бы парадак з’яўляўся ва ўсім. Варочаўся ён позна з поля, адчуваючы, што дома чакае яго ціхі аднапачынак пасля цяжкай працы, і неяк больш прыемнаю яму стала свая сям’я, хата пачала здавацца больш прытульнаю.

А то часам зноў ён пачынаў крычаць без патрэбы на Алену і Насцю; тыя сыходзілі з хаты, і ён цягнуўся к суседу Тодару выпіць і паскардзіцца на сваё горкае жыццё.

— А гэта ўсё ад таго, што баба твая стала вельмі ўжо разумнаю,— гаварыў Тодар,— я табе казаў, не давай ты ёй волі. згубіць яна цябе. А што, не на маё выйшла?

— А чорт яго ведае,— махаў рукою Сідор, блытаючыся ў думках,— тым часам не магу разабрацца, што і к чаму.

— Чаму то ты раней мог ва ўсім разбірацца,— крычаў Тодар,— сапсаваўся ты, брат.

Нешта зноў пачынала рабіцца ў думках і пачуццях Сідора, і ён ішоў дадому і маўчаў ужо цэлы вечар.

А Алена ўсё больш і больш пачынала чытаць кніжкі, разам з Насцяю хадзіла заўсёды на сходы, а адзін раз, у нядзелю, пад вечар папрасіў яе Сідор, каб яна пачытала яму што-небудзь.

 

Засеяныя шчыраю рукою палі вакол вёскі роўна зелянелі маладымі ўсходамі. У дзень адпачынку па іх межах сям-там хадзілі людзі, аглядаючы свае засевы. Усходы часам былі чыстыя, а часам папалам з пырнікам выглядалі яны ды чарнелі пустатою зямлі каля шырокіх меж.

Была тады ўжо ў вёсцы думка — зусім знішчаць межы і вузкія палосы. І ўся вёска часта ўспамінала, як гэтую думку першымі пусцілі бабы.

Шчыра апрацаваныя палі рыхтавалі к лету ўраджай і радавалі людское вока.

У вёсцы было ясна ад сонца і шумна ад людзей. Сядзелі людзі на прызбах, адпачывалі пасля тыднёвай працы. Дзеці бегалі па вуліцы, паднімаючы пыл.

Вялікая грамада людзей была ў канцы вуліцы. Сядзелі і стаялі цесна і ціха.

На бярвеннях дзерава сядзелі жанчыны і дзяўчаты. Алена чытала там моцна газету. Цеснай сцяною ўсе стаялі вакол. А збоку стаяў Сідор і радасна слухаў.

 


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том першы. Апавяданні. 1923-1927 гг. Мн., "Мастацкая літаратура", 1972.
Крыніца: скан