epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Заплацім пану і яго паслугачу

Пайшоў другі год, як у Мінску з’явіўся начальнік нямецкіх бандытаў на Беларусі гер Кубэ. Гадавіну крывавага нямецкага панавання над беларускім народам гэты Кубэ адзначыў, як «гадавіну ўстанаўлення цывільнай нямецкай улады ў Мінску».

Гэты год астаецца ў нашай гісторыі, як самы жудасны час за ўсе доўгія вякі жыцця беларускага народа. На кожным кроку немцы прыніжаюць нацыянальную гордасць беларусаў і фізічна знішчаюць беларускі народ. У адным толькі Мінску расстраляна і павешана звыш 85 тысяч чалавек.

Самую тэрыторыю Беларусі немцы разглядаюць не як тэрыторыю краіны, а як «няяснае геаграфічнае паняцце, з хісткімі межамі». Так сказаў аб Беларусі Кубэ. А аб насельніцтве Мінска ён сказаў, што ў Мінску з 300 тысяч чалавек асталося ўсяго 100 тысяч.

У гадавіну сваёй крывавай улады Кубэ выступіў у друку. Ён назваў сябе «прыхільнікам беларусаў». Гэты няпрошаны прыхільнік прыхіліўся да беларускага народа як соль да раны. Раз-поразу ён напамінае, што «беларусы няздольны кіраваць самі сабой». Вядома, нямецкія банды для таго і навалакліся на Беларусь, каб адабраць у нашага народа ўсе правы, ператварыць беларусаў у рабочае паслухмянае быдла і жыць на нашай шыі.

Каля гера Кубэ круціцца кампанія «тутэйшых» прахвостаў і жулікаў. Кубэ даў ім сякую-такую службу каля сябе, у той меры, у якой іхнімі рукамі яму зручней душыць і зневажаць беларускі народ. Але вышэй іх не пускае.

Ён распарадзіўся свайму падбрэхічу нейкаму Юрду даць ім зразумець іх сапраўднае месца. І ў крывавую гадавіну «цывільнай нямецкай улады ў Мінску» гэты Юрда напісаў у мінскай газеце:

— У Беларусі немцы павінны «моцна трымаць лейцы ў руках». У Беларусі былі такія «скруцігаловы, якія хацелі самі кіраваць», але ім паказалі на іх сапраўднае месца.

Гэтае месца вядома дзе — на шпіёнскім і лакейскім сметніку. Пасля таго, калі гер Кубэ выкарыстае іх да канца і калі яны ўжо стануць яму непатрэбныя, ён выкіне іх на гэты сметнік.

Наш народ ненавідзіць гэтых чорных махляроў у такой меры, у якой ненавідзіць і крывавага гера Кубэ, і ўсю нямецкую банду. Гнеў народа разліваецца бурным акіянам і змяце з твару роднай зямлі нямецкую погань і ўсіх, хто ёй служыць.




Беларуская Палічка: http://knihi.com