epub
 
Падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Заработак

 

Як бы ні верыў,

Абы намераў...

 

К. Крапіва

 

 

Царкоўны стараста Міхал Шабалдзей глянуў па пустой вуліцы ўправа, глянуў улева, пасля, не спяшаючы, уцягнуў у пачырванеўшы ад холаду нос з вусоў вялікую каплю нечага густога і слізкага і сцебануў сурамцоваю пугаю каня.

— Ну, каб цябе ваўкі ўклалі, воўчае мяса,— раўнуў ён на ўсю вуліцу і яшчэ раз чмыхнуў носам.

Конь страсянуў грываю і пацягнуў цяжкія сані.

— Тпр-рр,— абазваўся цераз паўхвіліны Міхал.

Конь стаў. Міхал улажыў пальцы рук у рукавы і прысеў на край саней.

— На, Міхал, сып,— сказаў Змітрок Шапавал, цягнучы паўасьміну жыта.

Міхал Шабалдзей усыпаў жыта ў мяшок і зноў сцебануў каня. Конь зноў падцягнуў сані на некалькі крокаў.

— Ну як, Міхал? — сказаў весела бацюшка, выходзячы ў сіняй рызе і з крыжам у руках з суседняга двара.

— Дзякуй богу, даюць, ужо ледзьве конь плішчыць,— бойка адказаў Міхал.

— Ну і добра,— сказаў бацюшка і паблытаў у суседнюю хату чытаць малітву.

А на вуліцы, каля Міхала з саньмі, пачаў збірацца гурт. Ішоў з гумна Сідор Апенька ды стаў пагаварыць з Міхалам. За Сідорам падышоў закурыць чужой табакі Паўлюк Храпа. А к гэтым падышло яшчэ некалькі, і хутка за народам не відаць стала ні Міхала, ні саней, ні каня. Міхал з генеральскім выглядам узлез на сані дый пад’язджаў паволі па вуліцы, услед за бацюшкам, які шпарка перабягаў з хаты ў хату. А пасля папрыбягала аднекуль малых хлапчукоў, і стала весела на вуліцы.

— А браткі ж,— шапталіся ззаду хлапчукі,— чаму гэта ў дзядзькі Міхала Шабалдзея вельмі вусы мокрыя?!

— А чорт яго ведае,— адказвалі другія,— мусіць, гэта ў яго з носу.

— Дык жа на дварэ мароз, не павінна цячы,— шуцілі трэція.

— Ха-ха-ха-ха,— заліваліся ўсе гуртам вясёлым рогатам і падыходзілі бліжэй.

— Дзядзька, чаму ў цябе на губе мокра? — запытаўся з рогатам у Міхала Грышка Марылін, самы прахвост і зладзюга на ўсю вёску.

— Няхай у цябе ў калошах будзе мокра,— адказаў сярдзіта Міхал і зноў сцебануў каня. Мужчыны і хлопцы падышлі ўслед за санямі.

— Чаго ж ты злуеш? — сказаў Міхалу Сідор.— Важнае дзела — малы шчанюк дзяўкнуў, а ён ужо злуе.

— Чаго вы работы якое не робіце ды цягаецеся за мною? — абазваўся сярдзіта Міхал.

Мужчыны зарагаталі.

— Тфу,— плюнуў Міхал,— усё роўна, як блазны якія.

— Ну, Міхал саўсім ужо ганаровым стаў,— сказаў Сідор,— як пахадзіў паўгода каля папа, дык і гаварыць не даецца.

— А што, браткі, думаеце? — адказаў Паўлюк Храпа.— Як яшчэ ён паходзіць каля папа месяцаў два, дык гатоў за дыякана выйсці.

— А-я-яй, а гвалт, ха-ха-ха-ха! — гранулі ўсе рогатам.— От будзе дыякан!..

— Пайшлі к... ядронай мацеры! — раўнуў Міхал і шалыгнуў цутальнём каню па хвасце. Конь пацягнуў сані, а мужчыны з рогатам засталіся.

— От будзе дыякан... ха-ха-ха-ха!..

— А голас, голас! ценарцом будзе кандакі выспеўваць!..

— Ён тады яшчэ гатоў, падла, папа абярнуць, калі шмарганецца аб яго!..

Хлапчукі пастаялі каля мужчын ды пасля зноў пабеглі па вуліцы, прыглядаючыся, хто што выносіць для бацюшкі. Хутка прымецілі яны, што ўдава Аўдоцця вынесла цэлую кілбасу. Міхал Шабалдзей весела ўзяў кілбасу, патрос у руцэ, пасля выцягнуў з саломы на санях вялікую торбу і сунуў туды кілбасу.

— Вось назбіраў, халера, цэлую торбу кілбас ды сала,— загаварылі хлопцы.

— Чаму ты, цётка, кілбасу папу даеш, няхай бы сама з'ела, а то цэлы век посціш? — запытаў Грышка.

— Тфу, каб на вас халера, канцамолы чортавы,— адказала Аўдоцця,— бацюшка за кілбасу богу моліцца, малітву ў хаце чытае.

— А без кілбасы не чытае?

— А няхай ужо нечага над вамі псалтыр пачытаюць,— адказвала Аўдоцця і шмыганула скоранька ў двор.

— Няма на вас лому якога,— забубніў Міхал Шабалдзей, седзячы на санях.— Гэта жартачкі, бацюшка парафію з малітваю аб’язджае, а яны зубы вышчараюць. А каб вы папруцянелі, смаркачы аблезлыя!..

— Дзядзька, не злуй!

— Ідзі, дзядзька, пакоўзаемся каля калодзезя!

— Няхай ты бокам коўзайся,— прабубніў Міхал, хаваючы новую кілбасу ў торбу.

Грышка падкраўся к саням і глянуў у развязаную торбу. Аж сліна ў яго пацякла. «От, каб яго растрыбушыла,— падумаў ён,— пройдзе падла-гультаіна з крыжам па вуліцы, дый мае на цэлы год. А гэта малаці-малаці з бацькам ды заўсёды цыбулю з квасам еш».

На вуліцы пачуўся крык і свіст. Грышка азірнуўся і ўбачыў, што хлапчукі гналі па вуліцы паповага сабаку Лыску. Лыска бег, хвост падтуліўшы, а хлопцы аж енчылі з рогату, бегучы ззаду.

— Гэта ж Лыска бацюшкаў! — крыкнуў Міхал, саскочыўшы з саней.— Ах вы прахвосты, сукіны сыны. На, цю, на, каб ты здох!

Хлопцы сталі, а Лыска падбег да саней і лізнуў у твар знаёмага Міхала Шабалдзея.

— О так, о,— усміхнуўся Міхал,— бегаеш, падла, па чужых дварах; няма, каб пільнаваўся сваіх.— Чаго ты круцішся, каб на цябе дохлая,— дадаў Міхал, угледзеўшы, што Лыска нешта вакол саней увіхаецца.

— Хлопцы,— зашаптаў Грышка ў кучы,— Лыска бацюшкавы кілбасы знюхаў. От каб як гэта дзядзьку Міхала адазваць на момант ад воза.

— Дзядзька Міхал,— сказаў ён моцна,— ідзеце закурэце, у мяне вельмі бесарабчык добры, я ў бацькі ўзяў трохі.

— Ка’аш, добры? — працягнуў Міхал.

— Добры. Такі моцны, што мой бацька калі закурыць, дык ва ўсіх, хто нюхае дым, аж язык у гэтае ўцягвае.

— Ну?!

— Яй-права.

— Ну, Лыска, сцеражы воза,— сказаў Міхал, пагладзіўшы Лыску па шыі.

Лыска падскочыў вышэй Міхала, а Міхал, ускінуўшы і каню на спіну лейцы, падышоў к хлопцам.

Лыска, адчуўшы сябе гаспадаром, гоцнуў на воз, упіліўся зубамі ў торбу з кілбасамі ды звалок яе на снег. Некалькі кускоў сала вывалілася на зямлю, а торбу Лыска павалок у зубах па снягу. Па дарозе яшчэ некалькі кілбас вывалілася, і з астаткамі Лыска ва весь дух драпануў па вуліцы.

Бацюшка праз акно з хаты ўгледзеў сабачыя справы каля саней і, не кончыўшы малітвы, выскачыў на вуліцу. Міхал сама што ўсмак зацягнуўся моцнаю табакаю і аж павесялеў.

— Міхал,— крыкнуў бацюшка, выскачыўшы на вуліцу,— чаго ты глядзіш?!

— Што? — абазваўся перапалоханы Міхал.

— Вунь, бачыш?!

Міхал глянуў, аж абамлеў. Далёка ўжо ад саней, падтуліўшы хвост, пёр Лыска з торбаю ў зубах. За ім бегла яшчэ некалькі сабак і нават яго рыжая сучка. А ззаду маршыравала некалькі свіней, выцягнуўшы лычы.

Пакуль Міхал агледзеўся, бацюшка, як стаў у аблачэнні з крыжам у руках, кінуўся ва весь дух за Лыскам адбіраць кілбасы. Міхал шмыгануў услед. На вуліцу навыбягала людзей. Падняўся рогат і крык...

Лыска, дабегшы да ваколіцы, драпануў на агароды. Бацюшка вярнуўся назад к возу, сарваў са злосці з сябе ў рызу, кінуў на воз і аблаяў Міхала.

— За што ж вы, бацюшка, лаецеся?

— А няхай цябе перуны, гэтакі заработак,— гукнуў бацюшка,— маліўся, маліўся цэлы дзень, дый хвост сабачы вымаліў. Няма рахунку больш хадзіць, згарыць яно няхай!..

І бацюшка ўзабраўся на воз, шалыгнуў ляйчынаю каню па нагах і паехаў дадому, не кончыўшы малітвы.

Міхал Шабалдзей стаяў пасярод вуліцы, чмыхаў носам ды, апусціўшы вочы, слухаў, як над ім рагатала грамада людзей.

— Ну, можа за дыякана хутка будзеш высвенчвацца? — пыталі ў яго.

— Згарыць яно няхай і з дыяканствам, і з стараствам. Я больш царкоўны не прычэтнік!




Беларуская Палічка: http://knihi.com