epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Заўвага да перакладаў мастацкае літаратуры

Наша Дзяржаўнае выдавецтва распачало цяпер выданне перакладных на беларускую мову кніг. Гэтая добрая справа ў нас ёсць справаю новаю; у нас няма яшчэ практыкі, што да перакладаў, пэўных навыкаў у гэтай маруднай і цяжкай працы. Больш за ўсё перакладаецца з мовы расійскае. У слоўных карэннях расійская мова, можа, бліжэй да беларускай, як да ўсялякае іншае мовы. Але гэтага нельга сказаць пра тую безліч адценняў, якая ёсць у фразах і словах кожнае мовы, якая часта вымагае нават адмысловае інтанацыі, рознае сілы і вышыні голасу дзеля аднае і тэй жа фразы і слова,— гледзячы што трэба сказаць, выказаць. Вось гэта і ёсць галоўная цяжкасць у справе перакладу. Тут ёсць некалькі думак. Адны трымаюцца «даслоўнага перакладу», гэта значыцца, перакладу слова ў слова. Вядома, асаблівасці моваў (напр., неўласцівасць беларускай мове «деепричастий», якія ёсць адна з выдатных асаблівасцей расійскае мовы) прымушаюць парушаць гэта. Але прынцып такі: «даслоўны пераклад». Другія трымаюцца тае думкі, што важна ў перакладзе не пераказванне ці ператлумачванне літаратурнай рэчы слова за словам, як у арыгінале, а важна, хоць і не дакладным парадкам словаў, але перадаць самую рэч з усімі ўласцівымі ёй адценнямі ў разуменнях, думках, сэнсе. На маю думку, гэты другі спосаб найлепшы, ён дазваляе як мае быць, з усёй паўнатою, перакласці, ці, лепш, ператлумачыць літаратурную рэч. (Вядома, тут гутарка ідзе пра рэчы літаратуры мастацкай.) Які-небудзь артыкул можа і не вымагаць ад перакладчыка вялікага досціпу, даволі ведаць толькі жывую беларускую мову, а не штучную мёртвую мову сучасных часамі беларускіх газет і некаторых часопісаў. Не «даслоўны пераклад», а «бліжэй да арыгінала» павінна быць, на маю думку, прынцыпам у перакладзе мастацкай літаратуры. І разам з гэтым, першая ўвага — сэнсу фразы, яе пачуццёвасці і адценню моўных выразаў у ёй.

Я падам колькі выразных прыкладаў, якія я мог узяць з перакладных рукапісаў і кніг. Напрыклад, у расійскім тэксце: «Через щели в заборе доглядел Володька запустение»... Было перакладзена: «Праз шчыліны ў плоце ўбачыў Валодзька спустошанне»... Як бачым, тут выйшла зусім не тое. Цэнтр цяжкасці ў гэтым сказе слова «доглядел». А гэта зусім не тое, што «ўбачыў». «Убачыць» можа кожны, хто мае вочы, а «доглядеть» не кожны можа, дзеля гэтага трэба быць вельмі дасціпным і вельмі ўсюды даходным. Значыцца, тут слова «доглядел» выконвае дзве ролі — адна (другарадная), што там было спустошанне, і другая (галоўная) — характарыстыка самога Валодзькі. Такім чынам, каб гэтыя дзве ролі слова ў гэтым сказе «доглядел» не страціліся ў перакладзе, лепш за ўсё, па-мойму, сказаць: «Праз шчыліны ў плоце дапаў Валодзька вокам да спустошання». (Калі не ўжыць «даглядзеў», што няўдала, бо ёсць «дагледзець жывёлу». Слова «спустошанне» не перадае «запустение», бліжэй тут будзе ўжо слова «пустка», але дзеля мэты гэтага прыкладу гэта няважна.)

Такі спосаб перакладу дазволіць захаваць і перадаць беларускаю моваю стыль расійскага пісьменніка, дазволіць беларускаму чытачу мець поўнае ўяўленне пра пісьменніка, самы перакладзены твор паставіць бліжэй да арыгінала.

Вось яшчэ адзін прыклад. Расійскі тэкст: «Он тебя слушать будет, но о твоей беде не всплакнет». Перадасць гэты сказ з усімі яго адценнямі і сэнсам, напрыклад, вось які пераклад: «Ён цябе слухаць будзе, але слязы па тваёй бядзе з вока не спусціць».

Я выбраў два цяжкія прыклады ў сэнсе далёкасці іх расійскага тэксту ад даслоўнага беларускага, у сэнсе вялікае цяжкасці пераказаць тое самае ў іх расійскім тэксце тэкстам беларускім. Вядома, што такі пераказ не можа парушыць прынцыпу некаторае «даслоўнасці», якая заўсёды ёсць, можа і павінна быць у перакладах расійскага на беларускае. Але гэтая «даслоўнасць», разумеецца, умоўна і не павінна яна быць непарушным прынцыпам.

Такі спосаб перакладу шмат зробіць палёгкі і ў такой цяжкай справе, як пераклад на беларускую мову расійскага тэксту, што пабудаваны, напрыклад, на «деепричастиях», якія неўласцівыя беларускай мове.

Мне давялося азнаёміцца з перакладам на беларускую мову кнігі апавяданняў расійскай пісьменніцы Ларысы Рэйснер. Стыль кніг гэтае пісьменніцы цалкам пабудаваны на «причастиях» и «деепричастиях»; доўгія ад гэтага перыяды, вельмі шмат нанізаных адзін на аднаго сказаў. У арыгінале стыль гэты прыгожы, хоць і не лёгкі. Але ў беларускім тэксце зусім іншае. Перакладаў гэтую кнігу, як відаць, хтосьці, хто ведае беларускую жывую мову. Перакладзена гэтая кніга добра. Аўтару часта даводзілася карыстацца метадам, пра які я кагадзе гаварыў. Але ўсё ж у перакладзе кніга шмат страціць, бо ўсё ж даводзілася перакладчыку пільнавацца «даслоўнасці». А пры гэтакім цяжкім стылі даслоўнасці не лішне шмат патрэбна. Гэта не тое, што патрэбен быццам «вольны пераклад». Але бліжэй да арыгінала не пільнавацца даслоўнасці там, дзе яна не можа перадаць «душы» і сэнсу фразы, поўная ўвага адценням і ролі кожнае фразы — вось, па-мойму, што важна ў перакладзе. А адсюль — які лепш тэрмін — «перакласці» ці «ператлумачыць»?

Буду рад, калі таварышы, што маюць практыку ў гэтай галіне, дапоўняць мае думкі або пакажуць на лепшыя спосабы гэтае працы.


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан