epub
 
падключыць
слоўнікі

Кузьма Чорны

Жэня Палтаўская

Яна яшчэ толькі ўвайшла ў сваё юнацтва, у самую лепшую пару чалавечага жыцця. Вырасла яна ў савецкія часы. Эксплуатацыі чалавека чалавекам, прыніжэння чалавечай асобы яна не бачыла і не ведала. Як патрэба вады ў гарачую смагу, як спелы колас у канцы лета — так шчасце жыць у сваёй Радзіме было натурай для Жэні Палтаўскай, народнай гераіні, ясны вобраз якой зліваецца з вобразам усяго народа, з душой народа. Маладое жыццё яе загубілі гітлераўскія вылюдкі, жыццё яснае і радаснае, якое дала ёй Савецкая краіна. У пару самых лепшых маладых імкненняў і падзей перад Жэняй Палтаўскай паўстала суровая неабходнасць аддаць жыццё за родную Савецкую краіну. Толькі так магла стаяць справа: у душы пакалення гэтай маладой савецкай дзяўчыны жыве праўда таго, што чалавечае жыццё мысліцца толькі як жыццё ў такой краіне, якую чалавек пазнаў з маленства пасля Кастрычніка 1917 года.

Камсамолка Жэня Палтаўская была студэнткай мастацкага вучылішча. Пачалася вайна. Вораг ірваўся на Усход. Пад Смаленскам тысячы савецкіх людзей узводзілі ўмацаванні. Жэня добраахвотна пайшла на гэтую неабходную радзіме справу. Дзень пры дні яна працавала з рыдлёўкай на земляных работах. З ранку да вечара бачылі яе сярод занятых цяжкай работай людзей. Сваёй рыдлёўкай яна то пад спёкай, то пад дажджамі выкідала наверх грунт.

Надышла восень. Вораг люта рваўся да Масквы. Жэня была цяпер у Маскве. Савецкія патрыёты бралі зброю і ішлі на дапамогу Чырвонай Арміі. Яшчэ не сышлі мазалі з Жэніных рук пасля земляных работ. У іншы б час спрацованыя рукі і плечы прасілі б адпачынку, але цяпер маці-радзіма клікала сваіх дзяцей на вайну супроць крывавага чужынца. Жэня Палтаўская ўзяла ў рукі вінтоўку і разам з групай моладзі пайшла да лініі фронту. Гэта было 4-га лістапада 1941 года.

Восем маладых герояў, сярод якіх была і Жэня, мелі на ўвазе перайсці лінію фронту і зайсці ворагу ў тыл. Фронт перайшлі. Пайшлі далей, браліся да штаба нямецкага войска. Непадалёку ад Валакаламска, на могільніку, наткнуліся на нямецкую засаду. Немцаў было ў дзесяткі разоў больш, аднак жа маладыя героі не здаліся ворагу. Пачалася перастрэлка. Біліся, пакуль былі патроны. Немцы выклікалі падмацаванне, акружылі і забралі ўсіх, калі ў іх не было ўжо чым страляць і некаторыя былі ранены. Палонных павялі ў Валакаламск. Паставілі ўсіх на двары, далёка адзін ад другога. На допыт уводзілі ў дом па адным. Дапытваў нямецкі генерал. Жэня не ведала, як і аб чым дапытвалі тых, каго ўводзілі раней за яе. Яна не ведала, і што адказвалі таварышы на допыце. Яна нічога аб гэтым не ведала. Яна маўкліва чакала свае чаргі. Нарэшце ўвялі ў дом і яе.

Генерал сказаў ёй:

— У вас, мусіць, ёсць маці.

Гітлераўскі гад, пачынаючы допыт, думаў разварушыць душу маладой дзяўчыны, якая вялікай практыкай апошніх месяцаў пазнала жыццё ва ўсіх гранях яго суровай праўды, але на твары і ў вачах якой так многа было яшчэ дзіцячай наіўнасці. Чыноўны нямецкі кат думаў давесці да смутку аб жыцці і да болю маладую душу, каб тады залезці ў яе сваімі гадаўскімі капытамі.

— Так, у мяне ёсць маці,— ціха адказала Жэня.

— Вам шкода сваёй маці? — спытаў гітлераўскі генерал.

— Вы лепш сябе пашкадуйце,— адказала Жэня.

— Хіба вы не баіцеся смерці? — спытаў немец.

— Хочацца жыць,— адказала Жэня,— але калі трэба памерці за Радзіму — памру.

Усе помыслы гітлераўскага прахвоста разбіліся аб мужную душу савецкай дзяўчыны, як аб цвёрдую скалу. Нічога ён не дазнаўся. Нічога яму ніхто не сказаў, нічога ён не выпытаў. У страшнай ярасці ён загадаў пакараць усіх восем чалавек смерцю.

Усіх паставілі ў шарэнгу. За іх плячыма сталі нямецкія салдаты. Стрэлілі. Сем чалавек упалі. Восьмы павярнуўся тварам да людзей, якіх немцы сагналі глядзець на гэты крывавы малюнак.

— Дарагія, не пакутуйце за нас, знішчайце фашыстаў праклятых! Не бойцеся. Чырвоная Армія прыйдзе! — крыкнуў ён людзям.

Некалькі раненых паднялося і з імі Жэня.

— Няхай жыве наша Радзіма!

— Смерць нямецкім катам!

Такі быў перадсмяротны кліч герояў. Зноў залп з аўтаматаў. Немцы пачалі расстрэльваць камсамольцаў, а пасля пацягнулі іх да шыбеніцы. З шыбеніцы іх знялі чырвонаармейцы, калі выгналі з Валакаламска нямецкую навалач. Чырвонаармейцы іх і пахавалі. Восем герояў пасмертна ўзнагароджаны ўсе ордэнамі Леніна.

Жэня Палтаўская!

Слаўная дачка савецкага народа!

Хіба, можа, словы народнай пахавальнай песні, створаныя вякамі ў нетрах народа, могуць вычарпаць глыбіню болю нашай душы, глыбіню замілавання і пашаны да твае светлай памяці:

«Ніц падаю лістам у лесе» — перад памяццю аб табе, перад тваім імем!

Ты — гордасць народа! Ты — слава яго — і цяпер, у вялікім змаганні, і ў блізкай будучыні нашай, калі разбітае Чырвонай Арміяй нямецкае звяр’ё сваімі касцямі ляжа пад нашы ногі.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Чорны К. Збор твораў у васьмі тамах. Том восьмы. Публіцыстыка, крытычныя артыкулы, дзённік, летапіс жыцця і творчасці, алфавітныя даведнікі твораў, паказчык імён. Мн., "Маст. літ.", 1975.
Крыніца: скан