epub
 
падключыць
слоўнікі

Леанід Гаўрылкін

Не магу без цябе

Частка першая
Частка другая
Частка трэцяя


 

Частка першая

Лузько здавалася, што на буравой хвалюецца толькі ён.

Бурыльшчык, яго памочнікі працавалі, як і заўсёды, без той таропкай і крыху бязладнай мітусні, якая звычайна і выдае хваляванне. Ды што яны! Сам майстар Шкварнік зусім адышоўся і сядзеў на лавачцы ля жалезнай бочкі з сухім пяском, укопанай у мяккую тарфяністую зямлю, і ў нейкім супакоена-паглыбленым задуменні пацягваў цыгарэтку, пацягваў рэдка, нават неяк далікатна, каб тая толькі не патухла зусім. Праўда, ён зрэдку паглядваў на гадзіннік, кожны раз падносячы блізка да вачэй руку і падоўгу ўглядаючыся ў цыферблат, нібы сумняваўся, ці рухаюцца стрэлкі. Відаць, марыў, каб хутчэй скончылася гэтае выпрабаванне, каб потым пайсці і адаспацца. Вядома, майстар мог пайсці паспаць і цяпер, але як ты пойдзеш, калі сам старшы геолаг участка тут, бегае вакол буравой, ніяк не дачакаецца, пакуль хлыне тая нафта.

Сярод нямногіх геолагаў, што амаль фанатычна верылі ў беларускую нафту, быў і Лузько. Пасля заканчэння універсітэта яму прапанавалі паступаць у аспірантуру, але ён папрасіўся на Палессе, дзе толькі пачыналася разведка на нафту. Яму хацелася быць сярод першаадкрывальнікаў... Але ў жыцці складвалася ўсё зусім не так, як марылася. Як прыехаў сюды геолагам участка, дык вось ужо дзесяты год ім і працуе. Не вырас болей. Толькі на галаве пачалі пракідвацца сівыя валасы, ды і ўвесь ён прыкметна пасталеў, наліўся, пакруглеў і таму выдаваў яшчэ болей маларослым. І крыўдна часам было чуць, як склаўся лёс яго аднакурснікаў, якія цяпер загадвалі кафедрамі, сядзелі ў трэстах, глаўках... А ён,Лузько, самы, можа, здольны студэнт з усяго курса, кім быў, тым і застаўся.

Лузько падышоў да Шкварніка, моўчкі спыніўся.

Шкварнік дакурыў цыгарэтку, кінуў недакурак у пясок і затаптаў яго нагой, глянуў на геолага з-пад насунутай на самы лоб каскі, спытаў:

— Можа, хопіць чакаць, Адамавіч?

«І гэтаму не церпіцца, — уздыхнуў Лузько. — Канешне, навошта яму гэтая нафта? Ён, як і многія, дзеля доўгага рубля сюды прыйшоў. Праўда, бурыць ён можа, яго нават партрэт вісіць на Дошцы гонару ля канторы ў Прыпяцку. Ён і на тым партрэце ўмудрыўся так паламаць свае тоўстыя губы, што праходзіш міма, дык і здаецца, што пасміхаецца з цябе. Ды і цяпер паглядзець на яго, дык не майстар, а які гуляка, пакурвае цыгарэтку, нібы ў сваёй вёсцы выйшаў пасядзець на прызбе перад сном, і няма яму ніякай справы да таго, што, можа, зараз вырашаецца лёс нафтаразведкі на Палессі...»

— Дык, можа, не будзем болей чакаць, Адамавіч? — паўтарыў сваё пытанне Шкварнік.

— А можа, пачакаем? — засумняваўся Лузько.

— Ды што чакаць? Калі няма, дык і не будзе...

— А можа, яна вось-вось хлыне?..

— Пачакаем... — Майстар дастаў цыгарэту, пакруціў яе ў заскарузлых пальцах, зноў сеў па лавачку ля бочкі.

А Лузько не сядзелася. Ён абышоў буравую, прыглядваючыся да кожнага. Ні на адным твары не заўважыў трывожнага чакання. Некалькі рабочых сабраліся на падмостках, на сонейку, і нечаму весела смяяліся, ці не новаму якому анекдоту. Бурыльшчык жа сядзеў крыху асобна, абшчарэпіўшы калені рукамі, адваліўшыся спіной да сцяны. Здавалася, сон змарыў чалавека. Лузько спусціўся ўніз, дзе былі жалабы. Па іх павінна спачатку пабегчы вада, калі там, недзе ў глыбінях, прачнецца нафта. Але жалабы былі парожнія, па іх краях паспела пазасыхаць, аж патрэскалася, гліна.

Ён зноў вярнуўся да Шкварніка.

— Неверагодна, — нібы падумаў услых Лузько. — Глядзіш на людзей, і ўсе такія... Не, з такімі нафту не адкрыеш.

— А ведаеце, Адамавіч, ім проста ўсё гэта абрыдла. Ніхто з іх ужо не верыць у нафту.

— Чаго ж яны тут сядзяць?

— Заробак жа нядрэнны, Адамавіч.

— Прабачце, Ігнатавіч, і вы?

— І ў мяне сям’я, — адказаў Шкварнік і глыбока зацягнуўся. Дым не выпускаў доўга, як праглынуў яго, а потым шумна выдыхнуў праз нос.

— Дык, выходзіць, атрымаў свае рублі, і ўсё?

— Мы сваё зрабілі, Адамавіч, — адказаў цвёрда майстар.

— Загналі ў зямлю мільён... Ды за такія грошы можна ў той вёсцы, — ён кіўнуў на хаткі, што віднеліся ўдалечыні, за Прыпяццю, — кожнаму двухпавярховы асабняк паставіць.

— Не мы выбіралі месца для буравой, — сказаў нечакана лагодна Шкварнік: яму не хацелася крыўдзіць геолага, ён нават шкадаваў яго ў гэтую хвіліну. — Наша справа вядомая... Што залежыць ад нас, дык мы заўсёды, але... Вось я быў на стажыроўцы ў Татарыі. Дык бачыў, як яно, калі ёсць нафта. А тут дзесяць год свердзім зямлю, свердзім, і ... У мяне часам такое ўражанне, што мы шукаем дзе папала.

— Ну, ты кінь, Ігнатавіч, — запярэчыў Лузько. — Тут усё па навуцы. Вы нават не ўяўляеце... Але з такім настроем, як у вас, дык яно, канешне...

У гэты час на падмосткі выскачыў памбур Кіга, высокі, худы, у гумавых ботах, з закасанымі халявамі ледзь не да самай падэшвы, з растрапанай, даўно не стрыжанай чупрынай, размахваючы каскай, закрычаў:

— Нафта! Нафта!

Лузько спачатку не паверыў сваім вушам, сказаў майстру, ці не ашалеў гэты Кіга, што так крычыць, але Шкварнік хутка падхапіўся, штурхнуў глыбей у пясок свой недакурак і пабег на буравую, на хаду засоўваючы рукі ў рукавы брэзентавага плашча. За ім кінуўся і Лузько. Усе сабраліся ля жалабоў, па якіх тонкім струменьчыкам кацілася вада. Струменьчык яшчэ быў слабы, і ўсю ваду ўсмактвала высахлая гліна. Але вось вада пайшла больш напорыста, напаўняючы жалабы да краёў.

Усе рабочыя, як на якое цуда, глядзелі на гэтую ваду, перакідваліся вясёлымі жартамі, радасна і гучна смяяліся. Нават Шкварнік не хаваў свае радасці і толькі здзіўлена паглядзеў на Лузько, які стаяў сумны і спахмурнелы: ён адзін з усіх прысутных ведаў, што калі вада так імкліва вырываецца на паверхню, дык гэта зусім не азначае, што яе адтуль гоніць нафта. Калі б там была нафта, то вада паводзіла б сябе зусім інакш, пачала б выцякаць штуршкамі, пухірыцца. Ён не ведаў, колькі часу прайшло, стаяў і чакаў, усё спадзяваўся, хаця нечага было спадзявацца: тая вада, што была ў выпрабавальных трубах, даўно выцекла, а па жалабах усё струменіла і струменіла вада.

Шкварнік зачэрпнуў яе далонню, паспрабаваў на смак.

— Вада, Адамавіч. Салёная і пахне серай... Як у якой аптэцы.

Лузько нічога не сказаў, пайшоў у вагончык. Ён толькі цяпер адчуў, як стаміўся за апошнія суткі. Аблакаціўшыся на рацыю і палажыўшы галаву на рукі, ён нейкі час сядзеў у бяздумнай дрымоце. А потым уключыў рацыю, выклікаў Прыпяцк... Зайшоў Шкварнік. Ён моўчкі прысеў ля століка, вырваў з вахценнага журнала, які ўжо адслужыў сваё на гэтай буравой, чысты аркуш паперы, нешта доўга пісаў, старанна выводзячы кожную літару, каб лёгка было чытаць напісанае, а потым распісаўся, паставіў чысло.

— Адамавіч, калі едзеш у кантору? — спытаў у Лузько.

— Можа, заўтра з раніцы.

— Аддасі вось там. Заяву.

— Якую заяву?

— Абрыдла, Адамавіч, гэтая самадзейнасць. Як кажаш, толькі грошы ў зямлю заганяем... Я раней яшчэ задумаў, калі тут нафты не будзе, то ўсё... Знадаела, Адамавіч.

— Дзівак, — сказаў Лузько, якому ў сутнасці было ўсё роўна, што задумаў Шкварнік. — Ты ж не абы-хто, ты спецыяліст. Не проста майстар, а майстар-выпрабавальнік. Ты ж у нас адзін такі. Твой партрэт на Дошцы гонару. Колькі цябе разоў на ўсялякія курсы пасылалі, вучылі?..

— Вось таму і сорамна везці заяву ў кантору самому... Дык ты, Адамавіч, аддай там. А тут я ўсё перадам намесніку ды і паеду дамоў...

Дзівак, нібы толькі цяпер зразумеў яго Лузько. — Дзівак... Гм...

Я, Адамавіч, нядрэнным кавалём некалі быў у калгасе... А потым... Ведаеш, абрыдла без сям і жыць. Не бачыў, як і дзеці параслі, — уздыхнуў Шкварнік. — Дык каб было яшчэ для чаго, а то ж... Сам ведаеш. А так прыеду, дык хоць старую абрадую. Цяпер якраз і ў калгасе нядрэнна... Дык ты не забудзь аддаць заяву.

 

На самым краю вёскі Бабры, што шнурочкам расцягнулася на беразе ціхай і парослай сітнягамі затокі, якая ля прыстані злучалася з Прыпяццю, стаяла старэнькая, пабудаваная адразу ж пасля вайны хатка. Гаспадары гэтай хаткі з’ехалі даўно, хатку ж ніхто не захацеў купіць, і яна доўга стаяла з забітымі вокнамі, пакуль не з’явіліся ў вёсцы нафтаразведчыкі. Яны зашклілі яе, падлаталі шыферам дах, а на дубовае, збоку абгарэлае, яшчэ даваеннае шула, на якім некалі віселі шырокія вароты, прымацавалі бляшаную шыльду, якая апавяшчала, што ў хатцы размясціўся Баброўскі ўчастак Прыпяцкай канторы глыбокага разведачнага бурэння. Геолагі і рабочыя ўчастка ў большасці сваёй размясціліся на кватэрах у Бабрах. Лузько таксама здымаў пакойчык у мясцовага ветэрынара Пятра Іванавіча Дымка.

...Лузько заглянуў на ўчастак, але там, акрамя дзяжурнага радыста, нікога не было, і ён пайшоў па кватэру.

У двары ветэрынара стаяў конь, запрэжаны ў лёгкі вазок, на якім звычайна раз’язджаў Дымок. На вазку ляжала свежае сена, засланае даматканай посцілкай у чырвоную палоску. А на посцілцы, напалавіну асеўшы, чарнеў вялікі скураны чамадан, перавязаны белым кабелем, каб не расчыніўся дзе ў дарозе. Яшчэ ў сенцах, пачуўшы людскую гаману ў хаце, Лузько зразумеў, што там якраз кіпіць шматлюднае застолле. Ён не абрадаваўся гэтаму, бо марыў толькі пра тое, каб напіцца сыраквашы, якая заўсёды чакала яго ў высокім гладышу на кухонным століку, і адразу ж заваліцца спаць. Цяпер ён не думаў пра сыраквашу, абы толькі як праскочыць незаўважаным у свой пакойчык. Ён прыслухаўся, ці не тупае хто тут, на кухні, і, не пачуўшы нічога падазронага, асцярожна, каб не рыпнулі, адчыніў дзверы. І ў гэты момант якраз нечага выйшаў з залы гаспадар Дымок, крыху пакульгваючы на адну пагу, — ён заўсёды так хадзіў, пасля таго як перакуліўся на матацыкле і пашкодзіў сабе спіну.

— Пайшлі, Адамавіч, пайшлі, — дыхаючы ў твар цыбуляй, запрашаў у залу. — У мяне ж радасць, Адамавіч. Вялікі дзень у мяне, Адамавіч. Сын едзе паступаць вучыцца на ветэрынара. Я так марыў пра гэта, Адамавіч, так марыў... Ты толькі не крыўдуй, Адамавіч, але скажу шчыра — лепшай спецыяльнасці, чым мая, проста няма. І ўсё. Вось я колькі пражыў, п’ю кожны дзень, а здароўе — сам бачыш. А чаму, скажы? Ды таму, што я ветэрынар. Ну пойдзем, пойдзем...

— Ды я стаміўся, Пётр Іванавіч, — аднекваўся Лузько.

— Тым болей, тым болей, — не адступаў гаспадар.

Лузько адразу ж знайшлі месца, паставілі перад ім чыстую талерку і тут жа завалілі яе кавалкамі ружовага мяса, рыбай, зялёнай цыбуляй са смятанай.

— Штрафную, Адамавіч, — падаў Дымок яму поўную шклянку гарэлкі. — Не, не, Адамавіч, адмаўляцца нават і не раю, паложана.

— Адступаць некуды... — Лузько выпіў гарэлку і не адчуў яе, як ваду. Але хутка ў жываце запякло, і ён, каб патушыць гэты пякучы агонь, таропка кідаў у рот то мяса, то цыбулю. Галасы людзей даляталі да яго ўсё цішэй і цішэй.

— За ветэрынара яшчэ, Адамавіч, — цягнуўся да яго праз стол сам будучы ветэрынар Іван. У яго быў бледны твар, а вушы гарэлі, як нацёртыя снегам: відаць, хлопец хапіў лішняга. — Адамавіч! Адамавіч, ды вы ж ніколі ў жыцці не пілі за ветэрынараў. Мой бохан гаворыць, што ўвесь свет трымаецца на ветэрынарах. Адамавіч!

— Хопіць, Іван, — закруціў галавой Лузько. — Піць хопіць. А пра ветэрынараў твой бацька праўду кажа. Лепей быць ветэрынарам чым геолагам.

— Смяешся? — раптам уставіўся на яго пустымі, пабляклымі, як шклянымі, вачыма Іван.

— Чэсна кажу, Іван, — гаварыў Лузько і верыў у гэтую мінуту ў тое, што гаварыў. — Каб можна было памяняцца прафесіямі, дык хоць зараз.

— Мама! — шукаў вачыма Іван сваю маці. — Мама, чуеш? Адамавіч таксама хоча быць ветэрынарам. Ён мне нават зайздросціць, — засмяяўся Іван. — Слухай, Адамавіч, паехалі са мной разам. А што? Сям’і ў цябе няма, які яшчэ студэнт будзе! Экзамены хай не лякаюць... Мой бацька ўсіх вучоных ветэрынараў ведае. Удвух будзе весялей. Пяць год — і ты ветэрынар... Паехалі? Маці нам будзе каўбасы прысылаць. Паехалі, Адамавіч.

— Вань, Вань, пасёрбай кісленькага, — падавала яго маці Ірына Савельеўна праз стол місу з сыраквашай.

Іван узяў місу і перадаў яе Лузько.

— Сёрбай, Адамавіч, сёрбай. Калі стану ветэрынарам, дык у мяне гэтага дабра будуць цэлыя бочкі. Ты яшчэ не ведаеш, як жывуць ветэрынары.

Дымок, хаця сам быў пад мухай, адчуў, што сын пачынае загаварвацца, і, нягледзячы на тое, што да адыходу цеплахода было нямала часу, сказаў, што трэба ехаць.

Калі ўсе выйшлі ў двор, Іван ужо сядзеў на вазку на чамадане. Лузько спыніўся на ганку і стараўся часцей і глыбей дыхаць, хапаў паветра — адчуваў, што вось-вось стане блага.

— Адамавіч, ідзі садзіся! Нас бохан з вецярком прамчыць на сваім рыжым скакуне, — крычаў яму Іван, размахваючы рукамі.

Дымок, расчыніўшы вароты, узлез на вазок, тузануў за лейцы, конь махнуў галавой, як ад мух. Дымок сцебануў яго пугай.

Лузько насцеж адчыніў акно ў сваім пакойчыку, — у якім акрамя ложка з мяккім матрацам стаяў яшчэ шырокі стол і шафа з лекамі, — з агарода пацягнула сырым зялёным бульбоўнікам і ледзь улоўным мядовым водарам кветак гарбузніка. Санліва абзываліся куры, што купаліся ў пяску ля плота пад засенню шыракалістага дзядоўніка. Лузько адчуваў, што яму вельмі моцна хочацца спаць, але, як і заўсёды выпіўшы, ён ніяк не мог заснуць. А можа, гарэлка была і ні пры чым, можа, яму перашкаджала гаспадыня, якая насіла з залы посуд, грукала талеркамі, гучна шоргала нагамі па падлозе. «Ногі ўжо лянуецца падымаць», — непрыязна падумаў пра яе Лузько. Але вось у хаце стала зусім ціха, і ён непрыкметна заснуў. Але паспаць не давялося. Дымок, які, пасадзіўшы сына на цеплаход, вярнуўся дамоў і першым чынам пастукаў у дзверы да яго ў пакой, і, як заўсёды, не дачакаўшыся дазволу, — ён жа ў сваёй хаце! — зайшоў у пакойчык і плюхнуўся на крэсла, што стаяла блізка ля дзвярэй. Спачатку ён моўчкі сядзеў і паглядваў з-пад ацяжэлых і крыху апушчаных павекаў на кватаранта. Лузько прывык да такіх нечаканых візітаў і амаль на памяць ведаў, пра што будзе гаварыць Дымок, бо ён кожны раз гаварыў пра адно і тое ж. Лузько яшчэ заўважыў, што Дымок ніколі не клапаціўся, слухаюць яго ці не, абы не перашкаджалі, і таму цяпер, глянуўшы на гаспадара, зноў заплюшчыў вочы.

— Паехаў... — цяжка ўздыхнуў Дымок. — Канешне, я не гаварыў яму пра спецыялізацыю, пазней скажу. Хай курс бярэ на буйнарагатую жывёлу. Тут, я скажу табе, Адамавіч, перспектыва. Каровы будуць заўсёды. Я вось некалі не ўлічыў перспектыву.

І далей Дымок доўга і нудна расказваў, які ён вялікі спецыяліст па службовых сабаках, што ён дваццаць год свайго жыцця аддаў ім, калі служыў у пагранічных войсках, скардзіўся на свой лёс, які наканаваў яму вазіцца са свіннямі, авечкамі, шкадаваў, што на вёсцы зусім мала сабак, ды і тых ніхто не лечыць.

— Але нічога. Я потым сыну скажу, каб ён спецыялізаваўся адразу... — але Дымку перашкодзіла яго жонка.

— Чаго ты лезеш сюды? — за руку пацягнула яго Ірына Савельеўна з пакойчыка. — Чалавеку спаць не даеш.

— Ну чаго ты? — абараняўся Дымок. — Нельга ўжо і душу...

— Я табе як адвяду душу, дык забудзеш, як яна і называецца.

— Не, ты маю душу не чапай, чуеш? — даносіўся голас Дымка з залы.

Заскрыпелі пружыны старой канапы, яшчэ нечага доўга тупала па хаце Ірына Савельеўна, а потым зноў стала ціха.

Нехта на вуліцы, якраз насупраць хаты, уключыў на ўсю моц транзістар, і нечаканая сярод гэтай цішы і спакою незнаёмая чужая музыка напаўняла наваколле. Вось яна пачала аддаляцца. Недзе заспявалі дзяўчаты. Праз акно ў пакой прабівалася дрыготкае месячнае святло, падала на падлогу і на стол бледнымі таямнічымі плямамі. Сон пачаў ахутваць Лузько, але вось зноў пачуўся глухаваты, працяглы голас гаспадара.

— І-і-р-а-а! І-і-р-а-а!

— Ды што? — злавалася Ірына Савельеўна.

— Іры-на-а!

— Ну што? Заірыніў...

— Недзе муха лётае.

— Якая яшчэ там муха?

— Муха.

Чулася, як пстрыкнуў выключальнік, як затупала па хаце гаспадыня, хлопаючы па сцяне самаробнай мухабойкай — падэшвай старога галёша, прыбітай да доўгай палкі.

— Ну, забіла? — нерваваўся Дымок.

— Ды прыкончыла.

— Мне холадна, Ірына.

— Ты п’яны ці цвярозы? — хмыкнула Ірына Савельеўна.

— Цвярозы.

— Ну дык спі, а то... — зноў пстрыкнуў выключальнік.

— Іры-на-а!

— Спі, а то, як тую муху...

Лузько яшчэ доўга не мог заснуць. Чуў, як праспявалі першыя, а можа, і другія пеўні, як на рэчцы доўга і нудна гудзеў буксір — недзе ішоў супраць цячэння.

Думаў пра Ліду.

Ён пазнаёміўся з ёй яшчэ вясной у Прыпяцку. У чаканні цеплахода на Бабры Лузько хадзіў па беразе ракі. Убачыўшы на лаўцы дзяўчыну, падсеў да яе. У яе на каленях ляжала раскрытая кніга, а яна глядзела на раку, якая гойдала на сваіх шэрых хвалях верхавіны зарэчных вербаў. Ён і не думаў знаёміцца з дзяўчынай, такой яшчэ маладзенькай супраць яго, трыццацігадовага дзецюка, тым болей што яна сваёй знешнасцю не кінулася яму ў вочы — з кірпатым маленькім носікам, беленькая, кудлаценькая. Твар кругленькі, з выпуклымі, як у дзіцяці, шчочкамі. Ён тады яшчэ падумаў: калі яна ўсміхнецца, то на іх абавязкова з’явяцца ямачкі.

— Вы не ведаеце, чаму рака, калі выходзіць з берагоў, такая прыгожая? — не столькі спытала ў яго, колькі проста падумала ўслых.

А ён, сустрэўшы позірк яе чыстых сініх вачэй, нечакана разгубіўся.

— Не сказаў бы.

— А хіба не так?

— Вада каламутная.

— Пад старасць усе людзі такія прыземленыя? — спытала яна, не зводзячы з яго вачэй.

— Гэта пра мяне? — рассмяяўся Лузько.

— Не, не пра вас. Вы яшчэ смеяцеся, як юнак.

Разгаварыліся. На развітанне ён сказаў, што будзе чакаць яе ў суботу на гэтай жа лаўцы, пад вечар. Не верыў, што прыйдзе, а яна прыйшла. А потым кожны раз, калі яму даводзілася бываць у Прыпяцку, стараўся сустрэцца з ёй. Ліда не тое што была наіўнай дзяўчынай, але ж занадта верыла ў прыгажосць, захаплялася паэзіяй так, як ён ніколі ёй не захапляўся. У параўнанні з тымі жанчынамі, з якімі ў яго нямала было выпадковых і непрацяглых знаёмстваў, яна была як той першы веснавы падснежнік сярод мінулагодняй завялай травы... І, дзіўная рэч, у апошні час, асабліва калі яму не спалася, вось як цяпер, ён ні пра каго нават і не ўспамінаў, а думаў толькі пра Ліду.

Няўжо закахаўся? Дык у каханне ён даўно не верыў. Не, ён думае пра яе так часта таму, што ў яго з ёй нічога не было: ён усё шкадаваў дзяўчыну, такую шчырую, такую даверлівую. А відаць, дарэмна шкадуе яе — не ён, дык хто іншы... А можа, яна яго і чакае. А ён ля яе і сапраўды, як той школьнік...

Калі прачнуўся раніцай, гаспадароў ужо дома не было. На стале яго чакалі астылая яечня, аладкі пад ручніком, міса са смятанай і ў спацелым гладышы малако, відаць, прынесенае з пограба. Лузько снедаў без асаблівай ахвоты, думаў пра сваю работу, пра нафту, якой няма і, відаць, ніколі не будзе. Таму нечага тут дарэмна сядзець, трэба прасіцца куды на Поўнач ці нават на Сахалін. Яго, геолага з такой вялікай практыкай, усюды возьмуць.

Лузько яшчэ снедаў, калі прыбег пасыльны з участка і сказаў, што яго тэрмінова выклікае ў Прыпяцк сам Ступіч — галоўны геолаг канторы.

 

Ступіч сядзеў за сталом у сваім невялічкім кабінеце з адным акном. Акно выходзіла ў двор, які быў некалі завалены будаўнічым смеццем. Смецце паспела парасці палыном і дзядоўнікам, і толькі дзе-нідзе выглядваў кавалак счарнелай ад дажджоў дошкі ці абломак бетоннай пліты. Дзядоўнік сама цвіў. Фіялетавыя касматыя кветкі трывала сядзелі на дзябёлых сцяблінках. Ступіч павысоўваў шуфляды і пераглядаў паперы, якія накапіліся там за гады работы. Патрэбныя складваў стосікам перад сабой, а астатнія камечыў і кідаў у куток, дзе стаяў плецены з дроту кошык.

Лузько зайшоў без стуку, — калі так тэрмінова выклікаў, дык павінен чакаць, — павітаўся, сеў насупраць.

— Сандзень? — пацікавіўся.

— Ды нібы, — буркнуў Ступіч, не перастаючы перабіраць паперы. — Значыць, свідравіна сухая?

— Якраз мокрая, Ігар Трафімавіч, — засмяяўся Лузько — Ударыў фантан мінералізаванай вады.

— Ведаю, ведаю, — зусім абыякава гаварыў галоўны геолаг. — А наш дырэктар учора разы два забягаў да мяне, нерваваўся. Шкадаваў, што ніхто з нас не паехаў на выпрабаванне. Сам ірваўся, ды я адгаварыў. Маўляў, нечага хвалявацца, нафты не было і не будзе. Нельга атрымаць нафту там, дзе яе няма.

— А керн? — Лузько бянтэжылі такія катэгарычныя сцвярджэнні Ступіча. — Керн, Ігар Трафімавіч, быў зусім неблагі. Відавочныя сляды нафты.

— Слядоў не адмаўляю. Могуць быць. Але сляды яшчэ не нафта. Маю на ўвазе прамысловую нафту. Вось толькі не высветлена, ці былі тут раней запасы нафты ды разбурыліся ў сувязі з рознымі геалагічнымі катаклізмамі, сляды якіх, між іншым, на кожным кроку; ці, можа, у нетрах яшчэ ідзе працэс накаплення нафты...

— Дык навошта ж мы шукаем тады, калі яе няма? — Лузько ўпершыню чуў такія нечаканыя прызнанні галоўнага геолага.

— Па-першае, не ўсе так лічаць, як я, а па-другое, не ўсе ведаюць пра мае вывады. Вось калі даведаюцца, то тады... Тады паглядзім, як яно будзе.

— Значыць, пошукі нафты на Палессі не маюць ніякай перспектывы?

— Ніякай.

— Цікава, цікава.

— Што цікава? — упершыню з таго моманту, як Лузько зайшоў у кабінет, Ступіч пільна паглядзеў на яго.

— Я сёння раніцай якраз думаў пра гэта. Адчуваў, так сказаць, Ігар Трафімавіч. Думаю, нечага тут сядзець, нічога не выседзіш. Праўда, пра вашы меркаванні нічога не ведаў. Гэта ўсё ад учарашняга няўдалага выпрабавання, ды яшчэ майстар Шкварнік...

— А што Шкварнік? — Ступіч зноў пачаў корпацца ў шуфлядках.

— Падаў заяву аб звальненні: кажа, абрыдла яму такая самадзейнасць.

— А гэта ён дарэмна, — Ступіч разарваў нейкія паперкі на некалькі кавалкаў, пакамечыў іх і кінуў у куток. — Магчыма, пошукі нафты, можа, і спыняць. Але разведачнага бурэння наогул не спыняць. Прыпяцкая ўпадзіна вельмі дрэнна даследавана, і вучоныя ад яе не адступяцца. Тым больш што тут ёсць сляды іншых карысных выкапняў, так што Шкварніку хопіць работы на ўсё жыццё. Няхай я, дык у мяне зусім іншая справа.

— Вы таксама? — аж падняўся Лузько і пратупаў на сваіх кароценькіх ножках да акна, прыхінуўся там спіной да невысокага падаконніка. — Вы, Ігар Трафімавіч, паклікалі мяне сюды, каб толькі тое і рабіць, што здзіўляць.

— Ты адгадаў, — зачыніў ён апошнюю апарожненую шуфляду, а паперкі, што ляжалі перад ім на стале, схаваў у скураную папку, відаць, спецыяльна для гэтага прынесеную. — Я цябе паклікаў, каб паведаміць, што звальняюся, — ён раптам засмяяўся. — Мяне не звальняюць, улічы, а я сам. Бо я не маю больш маральнага права ўзначальваць разведку. Я напісаў кандыдацкую дысертацыю...

— Дысертацыю? — гэтая навіна была самай нечаканай для Лузько.

— Іменна, дысертацыю. Хутка абарона.

— Калі ж вы паспелі?

— Паспеў, — задаволена сказаў Ступіч. — Хто захапляўся жанчынамі, а хто займаўся навукай. Дык вось, у сваёй дысертацыі я даказваю, што нафты ў нас няма. Праўда, я не адразу прыйшоў да такіх вывадаў. Я нават спачатку і не падазраваў, што так атрымаецца. Але ёсць аб’ектыўныя факты, аб’ектыўныя заканамернасці, і з імі нічога не паробіш. Адным словам, навука. У інстытуце геалогіі згодны з маімі вывадамі. Так што ты павінен разумець, не можа ўзначальваць разведку чалавек, які не верыць у нафту. Не лагічна, так сказаць. А потым яшчэ ёсць тут і такая далікатная рэч, — як абаранюся, дык знойдуцца... пачнуць гаварыць, што я ў Прыпяцку не нафту шукаў, а пісаў дысертацыю, маўляў, выкарыстоўваў службовае становішча. Знойдуцца асобныя таварышы. Абавязкова знойдуцца. А я не хачу гэтага. Бо я якраз і не выкарыстоўваў сваю ўладу. Мне тут для дысертацыі спецыяльна нічога не рабілася. Карыстаўся фактамі з нашых справаздач. Толькі ты — выключэнне. Ты, можа, заўважыў, што іншы раз я ад цябе патрабаваў больш падрабязныя справаздачы, чым трэба было. Прызнаюся, ты мне нямала памог у рабоце. Так што і ты не стаяў убаку, а пытаешся, калі я паспеў.

— Раз начальству трэба, то я, калі ласка... — неяк расчаравана сказаў Лузько.

— Ты не вельмі вешай нос, — ён гаварыў далей так, што ясна было, іменна дзеля гэтай размовы ён яго і выклікаў. — Я чытаў твае даведкі і ўвесь час думаў пра цябе... Думаў... І цяпер думаю. З удзячнасцю! І мне хацелася для цябе нешта зрабіць, зрабіць прыемнае. Тут я прапаноўваў цябе на сваё месца. Дырэктар пагадзіўся. У гаркоме пагадзіліся. А ў Мінску не. Хочуць запрасіць сюды больш вопытнага нафтавіка, такога, які не раз знаходзіў нафту. Вось так. Значыць, там не думаюць спыняць пошукі, а наадварот — падняць на больш, так сказаць, высокі ўзровень. Хаця я перакананы, што з гэтага нічога не выйдзе. Але хай шукаюць, хай шукаюць.

— Відаць, трэба і мне падымаць якар, — сказаў Лузько. — Нічога тут не выседзіш.

На яго рэпліку Ступіч не звярнуў увагі.

— Я дапамагчы табе нічым пакуль што не магу... — Памаўчаўшы, ён паўтарыў яшчэ гэтае «пакуль што». — Але параіць, калі ласка, з радасцю... Калі чытаў твае даведкі, то гэтая думка прыходзіла мне не раз. Але тады я маўчаў. Цяпер скажу. У цябе, дарагі мой, відавочныя здольнасці да навуковага мышлення. Твае справаздачы заўсёды былі такія, што хоць адразу перапісвай у дысертацыю. Між іншым, некалькі разоў я так і зрабіў...

— Геолаг павінен рабіць адкрыцці, — нібы засаромеўся Лузько.

— Вось іменна, — падняўся з-за стала Ступіч, танклявы, як спартсмен, высокі, упэўнены ў сваіх рухах.

Лузько заўсёды зайздросціў Ступічу, яго пасадзе, яго росту, яго паставе, нават інтанацыі яго голасу і часта падражаў ёй у гаворцы са сваімі падначаленымі, зайздросціў, што ён насіў касцюмы чацвёртага росту, якіх вялікі выбар заўсёды быў у продажы, а цяпер зайздросціў, што ён вось напісаў дысертацыю і хутка будзе кандыдатам навук. І ў той жа час ненавідзеў сябе, ненавідзеў, што, як які хлапчук, колькі год добрасумленна ганяўся за нафтай, стараўся пісаць даведкі, думаў, ад іх карысць для разведкі будзе, а аказваецца...

— Я шчыра табе скажу, Адамавіч, што ты прыроджаны даследчык... Так што трэба падумаць над сваім лёсам. Ты можаш стаць нядрэнным вучоным. Шчыра кажу... Мне нават хочацца дапамагчы табе. Пакуль добрай парадай, а можа, потым і як-небудзь лепей... Ты мне заўсёды падабаўся. Я часта думаў пра цябе. Вось жа здольны чалавек, а колькі год робіць геолагам участка... Другі на тваім месцы, і ўявіць цяжка, дзе б ужо быў... А ты...

— Заўсёды ж думаеш: ну, з гэтай свідравіны нарэшце будзе нафта... І так кожны раз, а час, аказваецца, ляціць, — пашкадаваў Лузько.

— Ды ляціць жа... Дык я табе і кажу, што яшчэ не позна. А то прасядзіш тут усё жыццё, ніхто і дзякуй не скажа. Другому б я такое ніколі не гаварыў, толькі табе. Ды калі б яшчэ нафта тая была. А то ж... Няма яе тут. Вось так... Так што бяры кірунак на навуку. Пішы дысертацыю. І не заўважыш, як напішаш. Каму ж тады, як не такім, і ісці ў навуку? Твая практыка ды твае здольнасці... Вось так. Раю табе перайсці ў тэматычную партыю, там хаця заробак і меншы, але ж у цябе час будзе, і ў тваіх руках уся інфармацыя. Год-другі — і ў цябе дысертацыя. Я буду працаваць у інстытуце геалогіі, так што памагу табе яшчэ і не раз... Дарэчы, ты ўсё халасцяк? — раптам перамяніў гаворку галоўны геолаг.

— Халасцяк, вядома.

— Ёсць хто на прыкмеце?

— Ды як сказаць, — завагаўся Лузько.

— Хто яна?

— Медсястра.

— Мясцовая?

— Працуе ў Прыпяцку. Сама з вёскі. З суседняга раёна.

— Жаніцца не збіраешся?

— Не думаў.

— Не вельмі падабаецца?

— Маладая. І дваццаці ж яшчэ няма. Наіўная...

— А ты хочаш вопытную?

— Вопытную не вопытную, але ж... Рэальна павінна глядзець на жыццё, а не па-кніжнаму... Мне трэба добрая гаспадыня.

— Хе!.. А ведаеш, дарагі мой, — павучальна сказаў Ступіч, — гэта ж якраз і добра, што яна такая. Ты навучыш яе ўсяму, чаму захочаш. А го пападзецца якая прайдзісветка і будзе з цябе віць вяроўкі. Так што, дарагі мой, глядзі...

— Прызнацца, я і не думаў сур’ёзна, ну, каб жаніцца...

— Раю падумаць. Сур’ёзна... Справа ў тым, калі ты будзеш жанаты чалавек, дык я змагу перадаць табе сваю кватэру. Хіба табе яшчэ не абрыдла бадзяцца па прыватных кватэрах? Колькі ты так жывеш, больш дзесяці год? Нямала, нямала... Мне здаецца, ніхто супраць не будзе, заслужыў. Так што сапраўды падумай... Без кватэры нялёгка будзе пісаць і дысертацыю. Трэба ўмовы...

Лузько падабалася тая перспектыва, якую маляваў яму Ступіч. Але яму не верылася, што той шчыра зацікаўлен яго будучым лёсам. Відаць, нешта хавае, не дагаворвае.

— А ведаеш, чаму я раптам з такімі прапановамі да цябе? — як адчуў яго сумненні Ступіч. — Справа ў тым, што Прыпяцкая ўпадзіна яшчэ дрэнна асвоена навукай. Мы, практыкі, ведаем яе, можа, лепей вучоных. І сваё слова ў навуцы мы павінны сказаць. Мой навуковы кіраўнік Сіл Сілыч, хаця сам і чысты тэарэтык, але ў свой інстытут стараецца набіраць практыкаў... Вось так. Спадзяюся, ты мяне зразумеў.

 

Круглоў не спадзяваўся, што яго хто-небудзь сустрэне, і таму, сышоўшы з самалёта, скіраваў да пасажыраў, што збіраліся вакол жанчыны з чырвонай павязкай на рукаве. Ён выдзяляўся з усіх высокай і размажнелай постаццю. Пінжак, зашпілены толькі на адзін гузік на пукатым жываце, і штаны з прыкметнымі чашачкамі на каленях здаваліся яму цеснаватымі.

— Ты ці не ты? — падышоў да яго невысокі чалавек у чорным, добра адпрасаваным касцюме. Ён хлопнуў па плячы Круглова, паўтарыў: — Ты ці не ты?

— Дзімка? Бурдзіч? Чэсна, адразу і не пазнаў, нават і не падумаў... — Абняў Бурдзіча за шырокія плечы. — У шыр расцём, у шыр...

— Не адстаём ад цябе, Мікола, не адстаём, — і Бурдзіч, адступіўшы крок, яшчэ раз акінуў позіркам Круглова, нібы сумняваўся, ці той самы гэта Круглоў, якога ён чакаў. — Ну як пералёт? — пытаўся, калі яны ішлі ўжо да выхада.

— Даўно прывык, — адказаў Круглоў, не азіраючыся. Ён ішоў першым, перавальваючыся з нагі на нагу.

— А што ў цябе з нагамі?

— Старэе арганізм, — відаць, не вельмі хацелася яму расказваць пра свае хваробы. — Трэба збіраць даведкі на пенсію.

— Слухай, няўжо гэта мы з табой такія старыя? — смяяўся Бурдзіч. — Не, дарагі мой, ты не наганяй жаху тут. Рана пра пенсію, рана... Я цябе на пенсію не пушчу...

Як толькі яны спусціліся са ступенек аэравакзала, да іх бясшумна падкаціла чорная «Волга». Бурдзіч адчыніў Круглову дзверцы, пачакаў, покуль той усядзецца, абышоў машыну і сам сеў побач з другога боку.

Машына спынілася ля высокіх дзвярэй з цяжкімі металічнымі ручкамі, выслізганымі пасярэдзіне да жоўтага бляску. Бурдзіч першым выйшаў з машыны, адчыніў дзверцы Круглову.

— Калі ласка, Мікалай Міхайлавіч, прашу, — неяк жартліва раскланяўся Бурдзіч. — Падымемся да мяне, у нас яшчэ ёсць час пагаварыць.

У вялікім пакоі з высокімі вокнамі, захіленымі цяжкімі шторамі, так што сюды не даходзіў шум з вуліцы, сядзела некалькі чалавек у глыбокіх крэслах. Хто драмаў, хто чытаў газету. Яны заварушыліся, калі зайшоў Бурдзіч, але Бурдзіч, павітаўшыся скупым кіўком галавы адразу з усімі і не спыняючы свае ўвагі ні на кім асобна, на хаду сказаў сакратарцы бялявай бландзінцы, што сёння прымаць нікога е будзе, а калі ў каго што вельмі пільнае, то няхай ідуць да намесніка, і, адчыніўшы дзверы ў свой кабінет, прапусціў Круглова.

— Вось тут я і працую, — развёў ён рукамі, стоячы ў парозе вялізнага кабінета. Потым прайшоў па тоўстаму мяккаму дывану, спыніўся ля стала, на які момант завагаўся, ці пагаварыць з Кругловым за зграбным столікам у кутку кабінета (седзячы ў глыбокіх нізкіх крэслах, зручна выцягнуўшы ногі, дзе ён звычайна і гутарыў з найбольш блізкімі людзьмі і часцей не на афіцыйныя тэмы, і дзе было б вельмі натуральна пасядзець са сваім былым інстытуцкім сябрам), ці сесці за свой шырокі стол, за якім, між іншым, ён выглядаў больш афіцыйна, што цяпер, можа, і не будзе лішнім. А потым, акрамя ўсяго, яму хацелася і пакрасавацца перад Кругловым. Маўляў, няхай яго, Бурдзіча, як геолага ніхто і не ведае, але ў жыцці ён дамогся большага, чым славуты Круглоў.

А Круглоў не звяртаў увагі на гаспадара шыкоўнага кабінета, а, павесіўшы на нос акуляры ў просценькай пластмасавай аправе, разглядаў прабіркі, колбачкі, рознакаляровыя мінералы, якіх багата было на доўгіх паліраваных паліцах паўз глухую сцяну.

— А ў цябе нядрэнная калекцыя, — сказаў Круглоў.— Толькі чаму гэта мінералы неяк ненатуральна блішчаць?...

— Вось што значыць вока геолага, — засмяяўся Бурдзіч. — Гэта ж мой памочнік узяў ды пакрыў іх лакам, каб, значыцца, прыгажэй глядзелася. Але не кожны гэта заўважае.

Круглоў, нібы забыўшыся, што з ім павінны гаварыць, не адыходзіў ад паліц, уважліва вывучаў калекцыю. Бурдзіч жа нецярпліва коўзаўся ў крэсле, не ведаючы, як распачаць гаворку з геолагам. Запрасіць прысесці? Занадта афіцыйна. Выходзіць з-за свайго стала, а потым зноў садзіцца, таксама не вельмі хацелася. Бурдзіч прапанаваў Круглову закурыць.

— Не навучыўся курыць, — адказаў той, падышоў да стала, сеў, яшчэ раз агледзеў кабінет, шырокі стол, прылады на стале, тэлефоны на асобным століку. — А ты нішто сабе ўладкаваўся. Пакуль мы бурылі нетры, вы тут нядрэнна папрацавалі над асваеннем кабінетаў, — неяк стомлена гаварыў Круглоў і раптам зусім нечакана нават для самога сябе апетытна пазяхнуў і крыху пачырванеў.

«Які ён усё ж цяльпук», — падумаў Бурдзіч і сказаў з хітраватай, але задаволенай усмешкай:

— Каму адкрыцці і слава, а каму міністэрскія, між іншым, даволі нялёгкія партфелі... — памаўчаў і далей нечакана адкрыта і шчыра прызнаўся: — І ведаеш, дарагі мой Мікола, каб мне гэты партфель утрымаць у руках, трэба абавязкова знайсці нафту на Палессі.

— Што ж, прыйдзецца выручаць, — сказаў Круглоў. — Тым больш што вы тут дакладна ведаеце адрас нафты.

—Жарты жартамі, а на справе... — Бурдзіч раптам замаўчаў, аблізаў мяккія губы і далей загаварыў нізкім, густым баском, падкрэсліваючы манатоннай інтанацыяй голасу і строгім выразам твару, што пачалася іменна тая гаворка, дзеля якой яны і зайшлі ў гэты кабінет: — Ты ведаеш, што мы ўжо год дзесяць шукаем нафту. Што яна ёсць, падстаў колькі хочаш. З адной свідравіны, праўда, гэта было некалькі год назад, нават нацадзілі некалькі літраў. Сляды нафты ледзь не ў кожнай свідравіне. А пачнуць выпрабоўваць — сухая, або толькі якая вада. Колькі часу нашы геолагі ламаюць голаву над гэтым — і ніякай яснасці. Факт застаецца фактам, што прамысловай нафты няма. Да нас ледзь не кожны год прыязджаюць самыя аўтарытэтныя камісіі. Эканамісты далі заключэнне, што ў нас няма сэнсу працягваць разведку. Маўляў, калі нафта і ёсць на Палессі, дык на вялікай глыбіні, і нават калі яе знойдуць, то цяжка і сказаць, калі акупяцца затраты на яе пошукі. А прыедуць вучоныя, паглядзяць, і ні ў аднаго з іх рука не падымаецца падпісаць смяротны прыгавор разведцы... Вось так. Час ідзе, сродкі трацім, а вынікаў ніякіх. Гэта не вельмі прыемна, ды за гэта, урэшце, прыйдзецца адказваць, і ў першую чаргу мне. У нашым упраўленні ды і ў інстытуце геалогіі нямала людзей, што выступаюць супраць пошукаў. З імі нялёгка ваяваць, яны змагаюцца пад сцягам беражлівасці народных сродкаў. Разумееш, на Украіне амаль у такіх жа ўмовах маюць нафту, а мы не. Неверагодна? Неверагодна. Мне нямала давялося пазмагацца, каб даказаць адказным таварышам, што ёсць сэнс працягваць разведку. Я папрасіў у Маскве, каб мне далі вопытнага нафтавіка... Мне сказалі, што прышлюць такога, які або знойдзе нафту, або назаўсёды закрые яе.

— Вось іменна, — усміхнуўся Круглоў. — Мне так і сказалі ў міністэрстве.

— Мы хочам, Мікола, каб ты знайшоў нафту. Спыніць разведку мы зможам і без твае дапамогі. Створым табе ўсе ўмовы. Будзе падтрымка ва ўсім. Я нямала чытаў пра цябе, я табе не тое што давяраю, я ў твае рукі аддаю лёс нашай беларускай нафты. Так што... Жыць у Прыпяцку будзе нядрэнна. Гарадок спакойны, утульны, зялёненькі. Наконт хаты ёсць дамоўленасць. Дадуць табе кватэру ў новым доме на самым беразе ракі, так што з балкона можна рыбку вудзіць. А потым... А раптам іменна табе выпадзе сказаць новае слова ў разведцы?

Круглову не раз даручалі весці разведку ў самых складаных геалагічных умовах, і ён браўся і, як правіла, знаходзіў нафту. А калі не знаходзіў, то там яе ўжо ніхто не змог знайсці. За ім замацавалася слава шчаслівага адкрывальніка. Адзін толькі Круглоў не верыў у сваю славу, бо не бачыў асаблівых заслуг за сабой. Ён верыў толькі ў навуковыя факты, ну, можа, яшчэ быў болей, чым іншыя, карпатлівы, болей упарты. Адным словам, ён ніколі не быў легкадумным чалавекам. З таго, што і ў Маскве не маглі нічога канкрэтнага сказаць пра спецыфіку разведкі на Палессі, і тут, у Мінску, Бурдзіч таксама гаварыў наогул, ён зразумеў, што, відаць, нафту на Палессі шукалі не толькі не вопытныя геолагі, а можа, нават і не зусім сур’ёзныя людзі. Бач, галоўны геолаг сядзеў і пісаў дысертацыю. Пра якія сур’ёзныя пошукі можна тут гаварыць?

— Ну дык як, Мікола? — чакаў Бурдзіч. — Я лічу, што калі ты прыехаў, значыцца, прыехаў працаваць.

— Я сказаў у Маскве, што паеду, пагляджу...

— Ды кінь ты, Мікола. Што там глядзець? Усё ясна... Каб разабрацца, што там да чаго, некалькі месяцаў трэба. А што — не так?

— Ды магчыма...

— Ну вось... Дык, можа, напішам загад? А, Мікола?

— Ведаеш, Дзіма, гэта ўжо спецыфічна рабочае пытанне, — паглядзеў на гадзіннік Круглоў. — А ўжо даўно пачаўся абед.

— Што ж, тады зробім перапынак і мы, — пагадзіўся Бурдзіч.

 

— Не разумею, — развёў рукамі Чокан. — Няўжо табе, геолагу-практыку, хочацца сядзець у гэтай тэматычнай партыі і капацца ў паперках? Не разумею. — Чокан падняўся з крэсла, сабраў паперы, раскіданыя на стале, прыціснуў іх цяжкім, з шэрага граніту, прэспап'е. — Тым больш што ты патрэбен на ўчастку. Ну сам памяркуй, каго я пашлю замест цябе?

— Я згодзен, Павел Фёдаравіч. — Лузько стаяў перад сталом, сціпла, як які школьнік, апусціўшы галаву, і спадылба паглядваў вострымі вочкамі на дырэктара канторы. — Іменна каб цяпер, я не настойваю. Я, Павел Фёдаравіч, наогул... Канешне, на ўчастку яно і цікавей, і зарплата там... Але хочацца хоць трохі пасядзець на месцы. Хачу, Павел Фёдаравіч, ачалавечыцца, дык, ведаеце... Жонка ж уцячэ, калі дома начаваць не буду.

— Дык віншую, дарагі, віншую, з гэтага б і пачынаў... Даўно, брат, пара, даўно...

— Дык, можа, заяву падаць? Павел Фёдаравіч?

— Ды кінь ты... Мы ж свае людзі, заяву... — Чокан праверыў, ці замкнуты яго сейф і, прапускаючы перад сабой Лузько, скіраваў да дзвярэй. Але ў гэты час зазваніў тэлефон. Званілі з Мінска. З прыёмнай Бурдзіча паведамілі, што да іх выехаў новы галоўны геолаг таварыш Круглоў і што Дзмітрый Зосімавіч прасіў яго сустрэць так, каб у чалавека засталося самае найлепшае ўраяшнне. Для Чокана гэта навіна была нечаканая. Чаму ён, дырэктар, павінен сустракаць галоўнага геолага? І наогул, прызначылі чалавека, а яму, кіраўніку, нічога не сказалі... Гэта вельмі кранула самалюбства Чокана, і спачатку ён адказаў, што аркестра ў яго няма. «Ну як хочаце, але прасіў Дзмітрый Зосімавіч», — сказала жанчына і палажыла трубку. Канешне, калі прасіў сам Бурдзіч, дык сустрэць трэба. Але ж зусім неабавязкова гэта рабіць яму, Чокану, можна каму і даручыць ад імя, так сказаць, калектыву і прафсаюзнай арганізацыі.

— Слухай, Баціслаў, што ты сёння ўвечары робіш? — спытаў у Лузько. — Свабодны?

— Здаецца, — з гатоўнасцю адказаў той.

— Едзе да нас новы галоўны геолаг... Дык вось, можа, сустрэнеш?

— Пра што гаворка, — з радасцю пагадзіўся Лузько.

А праз які час у Прыпяцкую гасцініцу зайшоў Лузько ў светлым касцюме і ад таго яшчэ круглейшы, з акуратна прычасанымі валасамі. Ён даведаўся ў адміністратара, што Круглоў пасяліўся ў іх гасцініцы яшчэ ў абедзенны перапынак, увесь час быў у сваім нумары, а не так даўно пайшоў некуды, ключы не здаваў, так што павінен хутка вярнуцца. І цяпер Лузько (хаця яму можна было спакойна ісці дамоў, бо відавочна, што ніякая сустрэча Круглову непатрэбна) круціўся ля дзвярэй нумара.

Вось у калідоры паказаўся высокі ў расхрыстаным пінжаку і ў пакамечаных штанах чалавек, ішоў нетаропка, стомлена. «Не, гэты стары, — падумаў Лузько, — не можа быць Кругловым». Але калі незнаёмы пачаў адчыняць дзверы, за якімі назіраў Лузько, ён тады ледзь не падбег да яго і па сваёй звычцы, крыху схіліўшы галаву набок і падняўшы быстрыя вочкі ўверх на ўдвая вышэйшага за яго чалавека, чырванеючы, нясмела і неяк няўпэўнена спытаў:

— Вы Круглоў?

— Пяцьдзесят пяць гадоў Круглоў, — відаць, чалавек быў у гуморы.

— Вельмі прыемна, вельмі прыемна... А маё прозвішча Лузько... Баціслаў Адамавіч. Геолаг участка. Даручана вас сустрэць, але, бачу, спазніўся... Дык... — ён не ведаў, што яшчэ сказаць.

— Ну сустракайце, сустракайце, — усміхнуўся Круглоў. Нешта адразу не спадабалася яму ў гэтым маладым і не ў час распаўнелым чалавеку, але ён пастараўся адагнаць ад сябе гэтае пачуццё і даволі ветліва сказаў: — Заходзьце, заходзьце, малады чалавек...

Лузько падумаў, што Круглоў ці вельмі строгі чалавек наогул, ці, можа, не любіць, каб запабягалі яго, і цяпер не ведаў, пра што загаварыць, і, каб зусім не маўчаць, спытаў, ці падабаецца нумар.

— Здаецца, нішто сабе.

— Ну і цудоўна, і цудоўна. Мне якраз і было даручана пацікавіцца, ці падабаецца вам нумар. — Ён хуткім позіркам акінуў невялікі пакойчык, драўляны ложак ля адной сцяны з прыплясканай падушкай на ім і ля другой — старую канапу, на якой гарбаціліся пружыны, вузкае і высокае акно, за якім уверх крута падымалася сцяна зялёнага мурагу, — гасцініца стаяла якраз пад абрывам, — і спытаў, ці пе папрасіць для яго нумар больш святлейшы, з акном на гарадскую плошчу.

— Не, дзякую... Мне якраз тут падабаецца, ціха, — адчыніў Круглоў фортку, потым скінуў пінжак, павесіў яго на спінку крэсла, сеў на канапу. Лузько стаяў, не ведаючы, што рабіць. Сесці на крэсла, на якім вісеў пінжак, не асмельваўся, а каб сесці на канапу, трэба было прасіць старога крыху пасунуцца.

— А я паспеў пазнаёміцца з вашым горадам, — не заўважыў Круглоў яго няёмкасці. — Прыемны гарадок. Сама лета, а піва колькі хочаш. Ды якое піва! І чаргі няма. На плошчы ля бочкі... Т-а-ак... А ваша прозвішча, значыцца, Лузько? Та-а-к...

Лузько адчуў, што Круглоў якраз з тых людзей, што не любяць, каб ім навязваліся, і таму вырашыў зараз жа развітацца.

— Ну, адпачывайце тут, — узяўся ён за ручку ў дзвярах. — Перашкаджаць не буду.

— Дык куды ж вы? Пасядзіце. — Круглову спадабалася сціпласць Лузько. — Адпачываць мы яшчэ не збіраемся, мы яшчэ павінны схадзіць павячэраць. Вы не скажаце, дзе гэта можна зрабіць?

— Тут недалёка рэстаран «Палессе», нічога сабе, скажу вам. Калі вы зараз ідзеце, дык я якраз і давяду да рэстарана, мне ў той бок...

— Ды, можа, сходзіце са мной? — прапанаваў стары.

Лузько меў на ўвазе, яшчэ калі ішоў у гасцініцу, запрасіць Круглова ў рэстаран, але пры сустрэчы з ім зразумеў, што такое запрашэнне будзе занадта смелым, і цяпер ад нечаканасці аж крыху разгубіўся: нібы той прачытаў яго жаданне, і пачаў рашуча адмаўляцца, хаця праводзіць да рэстарана і не быў супраць. Ля рэстарана Лузько пачаў развітвацца.

— Не, не, дарагі мой, я нізашто вас не адпушчу, — узяў яго Круглоў за локаць. — Вы пойдзеце са мной. Раз вам грамадскасць даручыла сустрэць мяне, дык вы проста не маеце права пакінуць мяне. Ці, можа, у вас вельмі строгая жонка?

— Я халасцяк.

— А тады, мой дарагі, і думаць нечага.

— Ды няёмка...

— Глупства. Гэта мне няёмка ісці аднаму. З вашага боку будзе проста няветліва пакінуць мяне.

— Пад такім націскам устаяць не магу,— згадзіўся Лузько і, забягаючы наперад, адчыніў перад Кругловым дзверы.

У зале было людна і горача. Папяросны дым і пара з кухні цяжкім полагам віселі пад столлю, люстры блекла гарэлі, як у тумане. Грымела радыёла, заглушаючы бязладную людскую гаману. Некалькі пар танцавалі. Лузько папрасіў Круглова крыху пачакаць, а сам знік за шырмай і хутка выйшаў адтуль з мажнай жанчынай. Яна зацікаўлена змерала позіркам Круглова і папрасіла іх з Лузько прайсці на веранду. На верандзе сказала нешта двум хлопцам, што займалі столік у самым кутку, і тыя адразу аслабанілі месцы. Тут жа стол быў засланы свежым абрусам, на ім з’явілася ваза з кветкамі.

— Сярод людзей сваіх, — быў задаволены Лузько тым, што яму ўдалося прадэманстраваць перад Кругловым свае адміністратарскія здольнасці.

— А дзе ж меню? — пацікавіўся Круглоў.

— Прабачце, Мікалай Міхайлавіч, вы наш госць, так што і не турбуйцеся, калі ласка, пра меню. Дазвольце нам аставацца тут гаспадарамі. Як наконт мяснога, Мікалай Міхайлавіч?

— Ды пакуль, здаецца, не забаранялі, — сказаў Круглоў. — Але навошта мяса на ноч?

— А мы з вамі будзем вячэраць згодна апошніх медыцынскіх адкрыццяў, — смяяўся Лузько. — Згодна гэтых самых акрыццяў, цяпер можна есці ўсё, чым толькі гандлююць у магазінах, — і ўжо да афіцыянткі: — Вось што, Дорачка, памідорчыкі, асятрынку заліўную, адбіўную з костачкай, бутэлечку шампанскага для лепшай работы страўніка, а для апетыту каньячку армянскага. Раісе Анісімаўне скажаш, што для мяне. У яе ёсць, ведаю.

— Навошта ўсё гэта? — запратэставаў Круглоў, калі адышла афіцыянтка.

— Вы ж павінны разумець, Мікалай Міхайлавіч, што мне хочацца спадабацца начальству. Можа, начальства калі які грэх і даруе.

«Ці нахабнік, ці проста адкрыты хлопец», — падумаў Круглоў і больш пільна паглядзеў на Лузько, той не апусціў перад ім вачэй.

— Я, між іншым, не люблю падхалімаў.

— А я — не я, прашу гэта ўлічыць, Мікалай Міхайлавіч, а толькі прадстаўнік мясцовай геалагічнай грамадскасці. І вось ад яе імя і дазвольце вас вітаць на беларускай зямлі, — і ён папоўніў чаркі каньяком.

Гаворкі шчырай у іх не атрымалася. Лузько асцярожнічаў, баяўся сказаць абы-што, а таму і не мог нічога сказаць цікавага для Круглова. А Круглоў таксама не вельмі шчыраваў, бо не меў ніякага ўяўлення, што за чалавек гэты Лузько, якое месца ён займае ў калектыве канторы, не як спецыяліст, вядома, хаця і гэта цікава б ведаць, а як чалавек. І таму гаворка паміж імі была такая, як і бывае паміж людзьмі, што выпадкова сустрэліся.

 

— Вы пазнаёміліся з Мікалаем Міхайлавічам? — цікавіўся Бурдзіч.

— Вядома, Дзмітрый Зосімавіч, — рапартаваў па тэлефоне Чокан. — Я на дзесяць збіраю ўсіх супрацоўнікаў, прадстаўлю, так сказаць, калектыву, — на хаду прыдумваў дырэктар.

— Я вас папрашу, Павел Фёдаравіч, уважліва паставіцца да таварыша Круглова. Гэта вельмі добры спецыяліст. Прасачыце, калі ласка, каб там не марудзілі з кватэрай, а то ў нас іншы раз гэта могуць. І наогул — аказваць усякую падтрымку. Калі ён не прыжывецца там у вас, будзеце адказваць персанальна.

— Зразумеў, Дзмітрый Зосімавіч.

— ...І таму яшчэ раз прашу: максімум увагі. Калі ён не дапаможа нам выйсці з тупіка, тады... Вы самі разумееце, што тады.

— Разумею, Дзмітрый Зосімавіч, разумею...

— Жадаю поспехаў! — развітаўся Бурдзіч.

Першай думкай Чокана было паслаць зараз жа машыну да гасцініцы. Ды што паслаць! Трэба самому паехаць, іменна самому, вось толькі пазваніць у гасцініцу і даведацца, ці там яшчэ Круглоў. Калі там, дык папрасіць, каб перадалі — няхай пачакае. Але дзяжурная гасцініцы сказала, што Круглоў ужо даўно некуды пайшоў. Эх, каб ведаў Чокан, які з сябе гэты Круглоў! А можа, дзе тут Лузько? Але Лузько яшчэ на работу не прыйшоў. Трэба было самому ўчора сустракаць галоўнага геолага. Паслаць к д’яблу свой дырэктарскі гонар ды і ехаць. Можна было здагадацца і па ўчарашнім званку з Мінска, што Круглоў не абы-хто, а вядомы спецыяліст. І пакуль узрушаны Чокан стаяў у роспачы, барабанячы па стале пальцамі з кароткімі пазногцямі, у кабінет зайшоў высокі, непаваротлівы, у простай у клетачку сарочцы мужчына, — пінжак вісеў на руцэ, як звычайна носяць плашчы.

— Я Круглоў, — сказаў ён.

— Я адразу здагадаўся, адразу здагадаўся, — дырэктар скасавурыўся на паперку на стале, прачытаў там імя і імя па бацьку галоўнага геолага, — як толькі вы зайшлі, Мікалай Міхайлавіч. Я хацеў пад’ехаць да вас у гасцініцу, а мне сказалі, што вы яшчэ спіцё, ну, думаю, хай чалавек паспіць. З дарогі яно і паспаць хочацца. Я, звычайна, у камандзіроўку калі езджу, дык толькі ў гасцініцы і адсыпаюся, а дома то дзеці ў школу збіраюцца, то жонка на кухні патэльняй грыміць... Ну сядайце, Мікалай Міхайлавіч. Як даехалі? Як уладкаваліся? — Чокан счакаў, пакуль сядзе Круглоў, а потым сеў і сам.

— Дзякую за клопаты, за гасціннасць, — сказаў Круглоў. — Мы нядрэнна правялі вечар з вашым таварышам.

— Я сам хацеў вельмі быць, ды затрымалі ў райвыканкоме, — усміхаўся ветліва Чокан, і яго без таго круглы твар яшчэ болей круглеў. — Ды сказаў тут нашаму геолагу. Між іншым, ён самы старэйшы сярод нас, хачу сказаць, ён працуе ў нашай канторы даўно. Я тут больш пяці год, а ён і да мяне быў.

— Адчуваецца, вопытны малады чалавек, вопытны, — усміхнуўся Круглоў.

— У нас нядрэнны калектыў, Мікалай Міхайлавіч, — Чокан падняўся. — Можа, Мікалай Міхайлавіч, я вам пакажу ваш рабочы кабінет? Не спадабаецца, дык тады што-небудзь прыдумаем... Ну, а потым прадстаўлю вас калектыву...

Калі яны выходзілі з кабінета, то Чокан на хаду загадаў сакратарцы тэрмінова сабраць усіх, а потым павёў Круглова праз увесь калідор, дзе ў самым канцы быў кабінет галоўнага геолага. Гэты кабінет быў невялічкі, з акном у двор, дзе высока ўзняліся шызы палын і дзядоўнік. У кабінеце быў беспарадак. Стол стаяў з высунутымі шуфлядамі. На стале была высахлая чарнілка. На акне стаяў графік без вады, з рудымі падцёкамі, і побач шклянка, поўная пакамечанай паперы. Падлога была заслана такой вытаптанай дарожкай, што віднеліся белыя ніткі, не дарожка — а нейкая мешкавіна.

— Я нічога тут не чапаў, Мікалай Міхайлавіч, — апраўдваўся Чокан. — Думаю, бывае яшчэ не патраплю густу, так сказаць... Мы тут зробім усё так, як вы скажаце, а можа, знайсці які больш прасторны пакойчык?

— Не, мне падабаецца гэты, — за сваё вандроўнае жыццё Круглоў якраз прывык да такіх вось закуткаў, у якіх яму яшчэ болей засяроджана думалася.

— Тут дык тут, — не пярэчыў і Чокан. — Але мэблю, Мікалай Міхайлавіч, заменім, абавязкова заменім. Я прышлю да вас нашага загадчыка гаспадарчай часткі, і вы яму скажаце, што трэба.

— Дзякую, дзякую, мяне задавальняе ўсё гэта.

У кабінеце дырэктара сабраліся ўсе супрацоўнікі канторы. Яны сядзелі паўз сцены, а хто прама пасярод кабінета, прыхапіўшы крэсла з сабой.

— Вось што, дарагія сябры, — дырэктар, як ніколі, быў вельмі ветлівы. — Да нас накіравалі працаваць галоўным геолагам канторы Мікалая Міхайлавіча Круглова. Мікалай Міхайлавіч — вопытны геолаг, і ён нам дапаможа знайсці нарэшце нафту, якую мы з вамі шукаем каля дзесяці год... Так што, сябры мае, па ўсіх пытаннях геалогіі прашу звяртацца да Мікалая Міхайлавіча... Вось так. У каго якія пытанні, хто хоча што сказаць, калі ласка.

— Дазвольце мне, — падняўся Круглоў. — Няхай людзі не толькі пабачаць мяне, але і пачуюць. Я вось што хачу сказаць... Па-першае, дзякую ўсім за ўвагу, дзякую і вам, Павел Фёдаравіч, што мяне прадставілі калектыву. Думаю, што пастараюся апраўдаць ваш давер. Але, вядома, не так хутка, як, можа, вам хочацца. Я не чараўнік які, а звычайны геолаг, як і ўсе геолагі, — ён пільна агледзеў усіх і працягваў далей: — Я заўсёды лічыў і лічу разведку вельмі нялёгкай, вельмі цяжкай і вельмі складанай справай, якая патрабуе ад нас напружанай, навуковай, падкрэсліваю — навуковай працы. Без дакладнага ўяўлення пра геалагічныя ўмовы, пра геалагічнае асяроддзе мы нічога не знойдзем. І ў сувязі з гэтым, і ў сувязі з тым, што сказаў ваш дырэктар, я хачу сказаць, што працуйце, як працавалі. Забудзьце, што я да вас прыехаў, і не ўспамінайце да таго часу, пакуль сам не абзавуся, пакуль сам каго не паклічу. Я ў асноўным звяртаюся да геолагаў і не буду прымаць ніякіх рашэнняў, пакуль падрабязна не пазнаёмлюся з тымі матэрыяламі разведкі, якія вы тут паспелі накапіць.

— А вы гэта правільна, вельмі правільна наконт азнаямлення, — гаварыў Чокан Круглову, калі яны асталіся ў кабінеце адны. — Калі ласка, знаёмцеся, вывучайце, я ў сваю чаргу дам адпаведныя распараджэнні, і вам ніхто не будзе перашкаджаць.

 

Быў ціхі ў пачатку жніўня дзень. Недзе ў вышыні за густым яблыневым голлем у бяздонным сінім небе смаліла сонца. А тут, у садзе, быў цянёк, і толькі рэдкія жоўтыя зайчыкі падалі на траву праз густое лісце дрэў. Зрэдку з белага наліва зрываўся разамлелы яблык і мякка чмякаўся ў траву.

Віктар ляжаў пад яблыняй на саматканай пасцілцы. Гэтую пасцілку ў зялёную і жоўтую клетку памятаў з самага далёкага дзяцінства, калі яны, малыя, з сястрой Лідай днямі гулялі на ёй, разасланай на падлозе. Цяпер гэтая пасцілка, па-ранейшаму зырка стракатая, як новая, здавалася вельмі ўжо малой, так што Віктар, выцягнуўшыся, не месціўся на ёй. Ён ляжаў і нават фізічна адчуваў, як гэтая цёплая жнівеньская цішыня напаўняе яго спакоем, незвычайнай радаснай сцішанасцю. І здавалася, што не было службы ў арміі, працы ў геалагічнай экспедыцыі на Алтаі, не было вучобы ў інстытуце.

Недалёка ад Віктара на смалістым і сукаватым паленцы, на якім, як і помніць ён, усё секлі дровы, сядзела яго маці Кацярына Васільеўна і, трымаючы рэшата на прыполе, лушчыла ў ім яшчэ зеленаватыя стручкі фасолі. Віктар заўсёды любіў фасолевы суп, і цяпер, яна думала, гэты суп будзе для яго самым жаданым і смачным пачастункам.

Кацярына Васільеўна, часта паглядваючы на сына, распытвала пра ўнучку, як яна там вырасла, ці ўспамінае сваю бабу... Віктар адказваў не вельмі падрабязна, неяк нават абыякава і без ахвоты. Маці не столькі трывожылі сынавы кароткія адказы, колькі тое, як ён адказваў. Яна не ведала, што Віктар цяпер проста не ўспамінае пра сваю сям’ю. А Кацярыне Васільеўне думалася, што, можа, у яго там якія нелады, і яшчэ з большай упартасцю пра ўсё распытвала, жадаючы даведацца больш нават пра падрабязнасці, і толькі яшчэ болей пераконвалася, што сып сапраўды нібы хавае ад яе нешта, не прызнаецца.

— А можа, не мірыцеся там са сваёй Тамарай?

— Увесь час жылі мірна, — яму пачынаў надакучваць гэты допыт.

— А ты, сын, калі што, дык лепей памаўчы, — па-свойму разумела настрой старая. — Яна ж у цябе маладзічка і нядрэнная... Што ж зробіш, калі расла адна ў бацькоў, заўсёды і дагледжаная, і накормленая, а цяпер жа і самой нешта трэба рабіць.

— Нарабіла, — буркнуў Віктар.

— А я табе, сын, скажу, што без прывычкі дык яно і нялёгка. Не вельмі ганарыся, што мужчына, ды і памажы калі. Твой бацька мне заўсёды памагаў і памагае цяпер. Калі возьме ды і карову падоіць. У мяне іншы раз рукі баляць.

Віктар уявіў, як яго Тамара доіць карову, і міжвольна ўсміхнуўся. Кацярына Васільеўна падумала, што гэта ён так рэагуе на яе словы, і гаварыла далей яшчэ з большай сур’ёзнасцю.

— Твой бацька ўсё хатняе ўмее... І дроў наносіць, і па ваду сходзіць. Асабліва цяпер. Баіцца, каб раней яго не памерла, — яна памаўчала, зграбла шалупінне, высыпала яго пад вароты, дзе стаяла вада, пераграбла фасолю ў рэшаце, ці не застаўся дзе стручок які. — Вось і суп фасолевы будзе... А ў вас там расце фасоля? А то будзеш ехаць, дык насыплю рукаў, — старая паднялася, схапілася за сярэдзіну. — Гэта ж як пераседзіш, дык не разагнуцца. У храстках нешта разбаліцца, аж у галаве аддае... Ты, сын, таксама не ляжы доўга, а то зямля дарма што цёплая, а сырасць трымае. Не дай бог, якая немач прычэпіцца.

— А калі ж у Ліды вяселле? — спытаў Віктар, абы перамяніць гаворку.

— А маўчы, сын, — зноў села на паленца Кацярына Васільеўна. — Гора адно з гэтай Лідай. Гэта ж табе бацька не хацеў гаварыць. Яна ж маўчыць, нічога не гаворыць. І не ведалі б... А то павёз стары ёй там сыру, глыжку масла, — гэтага ж усяго хапае, дзяваць няма куды, жыве ж яна там, як якая студэнтка, колькі таго заробку, дык і адзецца ж трэба, — і даведаўся... Гаспадыня яе расказвала. Ходзіць, значыцца, да яе нейкі там геолаг... Нібы замуж будзе выходзіць за яго... Вось так і даведаліся. А то замуж выйшла б і не ведалі... — У голасе маці прагучаў дакор, але яна ўспомніла, што якраз так некалі ажаніўся яе сын Віктар, і загаварыла крыху інакш: — Што ж зробіш, калі цяпер такі час, калі ўсе маладыя так робяць. А я табе, сын, скажу, што яна дарэмна не паехала працаваць у вёску. У нас жа і больніца неблагая... Пагляджу, дык і нядрэнна тут жывуць урачы, многія і гаспадаркай абзавяліся. Фельчар нядаўна карову купіў. І малады зусім, а такі гаспадарлівы. А то што ў тым горадзе? Нагаравалася б, каб не вазілі ёй, не дапамагалі... Але мы не вечныя. А тут працавала б, дык жыла б дома, на ўсім гатовым... А то каму ж астанецца і хата, і садок?

— Нічога, мама, з Прыпяцка можна і дамоў прыехаць калі, не вельмі далёка.

— Ды яно так, — пагаджалася старая. — Ды каб жа яна ўвесь час у тым Прьтпяцку рабіла. А то ж ён — геолаг. Як і ты. Вам жа ўсё на месцы не сядзіцца.

— Чаму? Я пасля інстытута вось другі год на месцы. І можна ўсё жыццё на месцы прасядзець. Думаеш, як геолаг, дык абавязкова бадзяцца? Будуць у Прыпяцку жыць, атрымаюць кватэру... Ну ён будзе, вядома, у раз'ездах, дык не без таго...

— Каб жа яно так, а то, кажуць, геолагі не будуць болей тут жыць.

— Як не будуць?

— Не будуць, і ўсё. Нібы ўказанне ёсць, каб нафту болей не шукаць.

— Такога ўказання не можа быць, мама.

— Можа, не было, хто ведае. Але чаму ж тады Атрох Шкварнік сядзіць дома? Кажуць, што прыехаў насаўсім...

— Можа, у адпачынак?

— Ды не. Яго маладзіца бабам хвалілася, што нібы насаўсім... Казалі, што ў старшыні работу прасіў. Ведаеш, цяпер як хто ў калгасе на пастаяннай рабоце, дык і зарабляе добра,

— Не можа быць, каб Шкварнік... — не верыў Віктар. Калі ён вучыўся ў школе, Шкварніка запрашалі выступіць у іх класе.

— Хто ж яго ведае. Хто кажа, што прыехаў толькі на сенакос... Дык сенакос адышоў.

— А цяпер дзе ён?

— Можа, і дома. Схадзіць хочаш? — спытала Кацярына Васільеўна. — Схадзі. Адведай... Толькі доўга не будзь.

Шкварнік якраз быў дома. Даўно не голены, — сівае і рыжае шчаццё пакрывала яго твар, у майцы і саламяным капелюшы, босы, у падкасаных штанах, — ён сядзеў на ганку і з дубовых палачак выстругваў зубы ў граблі.

— А-а, Аляксандраў сын, — падняўся насустрач Віктару, абцярушваючы з прыполу стружкі і пацяруху, падаў сухую шурпатую руку. — У госці, ці як?

— Ды нечага выклікалі ў Маскву, у міністэрства. Дык заехаў дамоў на дзень-другі, так сказаць, крыху адхіліўся ад маршруту.

— Правільна зрабіў, старым хаця радасць, — ён зноў сеў на ганак. — А я вось граблі рамантую. Пакуль бадзяўся па свеце, дык жонка ўсе граблі паламала. Ну як ты там? Я ж чуў, ты геолаг? Нафту шукаеш, ці, можа, вугаль які?

— Як сказаць... На новых плошчах свідравіны робім.

Але нафта там усюды, так што і разведкай нашу работу не вельмі правільна будзе назваць.

— Ну гэта, відаць, лепей, чым шукаць і не ведаць, знойдзеш там што ці не...

— Якраз і не вельмі. Зусім нецікава. Усё ясна загадзя, ніякіх непаразуменняў. А як у вас тут?

— Ты ж бачыш, — засмяяўся Шкварнік. — Вось зубы ў граблі раблю... А што да нафты, дык яе проста няма ў нас. Была б, дык ужо натрапілі б. Цеперсь шукаем. Няма! У нас у канторы ўсе разбягаюцца. Чуў, што нават наш галоўны звольніўся. Вось так. Я некалі быў нядрэнны каваль. А тут, аказваецца кавалі не трэба, токара давай, фрэзероўшчыка... Дык вось і хаджу ў поле з граблямі, разам з бабамі...

— І не цягне на буравую?

— Ды як сказаць... Абрыдла мне там. Словам, зразумеў, што не сур’ёзна ўсё гэта. Прыйшоў дамоў, дык мая маладзіца аж танцуе ад радасці. Ведаеш, ёй таксама надакучыла самой гаспадарыць. З тыдзень пажыў спакойна, а потым... Прывычка. Хацеў ужо ехаць ды забраць назад заяву. А тут паштальён прыносіць пакет, пячатка сургучная. Працоўную кніжку прыслалі. І грошы. Поўны разлік. Ясна, што я ім болей не трэба. Вось так.

— Гэта для мяне навіна, — прызнаўся Віктар. — Калі мне маці сказала пра гэта, дык і не паверыў... Пасля інстытута на Палессе прасіўся, нават заяву пісаў у міністэрства. Сказалі, што з Беларусі няма заявак на спецыялістаў. Можа, і добра, што не паехаў сюды.

— Канешне, добра. У нас каля дзесяці год прарабіў геолагам гэты самы Лузько, што нібы сватаецца да вашай сястры, дык ён так і на вочы не пабачыў той нафты... — пачуўшы, як грукнула фортка, падняўся, пайшоў адчыніў. Увайшла карова, чапляючы капытамі аб перакладзіну. Кінулася да бочкі, што стаяла ў самым кутку двара пад танклявай бярэзінай, уткнула пысу ў бочку і доўга так стаяла, а потым, напіўшыся, падняла галаву. З губ тонкай ніткай збягала вада. Гледзячы на вокны хаты, ціха і коратка мыкнула.

— Ды чую, чую, — выйшла на ганак Акуліна, жонка Шкварніка, з даёнкай у руках. — Чую, чую... — і загадала мужчынам: — А вы тут не сядзіце. Атрох, вядзі чалавека ў хату... Здароў, Віктар. Я адразу дык цябе і не пазнала. Ідзіце, я хутка.

— Ды дзякую, цётка Акуліна... Мы тут пагаворым, ды... — аднекваўся Віктар. — Мяне ж і дома недзе чакаюць.

— Ідзіце, ідзіце, — не слухала гаспадыня Віктара. — Падаю карову, дык павячэраем... Ідзіце, а то мая карова не любіць, калі ў двары чужыя. Яшчэ ніяк не прывыкла да Атроха, думае, што таксама чужы, — засмяялася.

— Проста скаціна ў цябе нервовая, — сказаў Шкварнік. — Пойдзем, Аляксандравіч, у хату...

 

У аддзеле кадраў Віктар паказаў свой выклік сівой жанчыне з жоўтымі вачыма і бледным хваравітым тварам. Паглядзеўшы яго, тая сказала, што Віктара хацеў бачыць сам Алег Сямёнавіч.

— А навошта, не ведаеце?

— Вы ж некуды там прасіліся, — яна пакапалася ў паперах, што ляжалі на стале ў асобнай папцы. — Вось ваша заява... Ваша? Вы хацелі ехаць у Беларусь.

— Было некалі... Дык, можа, з-за гэтага?

— Вядома.

— Каб ведаў, не паехаў бы.

— Перадумалі?

— Даўно.

— Калі рашуча перадумалі, то я скажу Алегу Сямёнавічу... Але, малады чалавек, — яна дастала пачак цыгарэт, прыкурыла, шчоўкнуўшы запальніцай-пісталетам, — калі вы прыехалі, дык зайдзіце ўсё ж да Алега Сямёнавіча, пагаварыце. Можа, яшчэ для чаго іншага хацеў бачыць вас Алег Сямёнавіч, не ведаю. Толькі, малады чалавек, не марудзьце, бо сёння футбол, гуляе любімая каманда Алега Сямёнавіча, так што... — і жанчына па-змоўніцку дружалюбна падміргнула Віктару жоўтым вокам.

Алега Сямёнавіча Віктар ужо не застаў. Сакратарка сказала, што яго тэрмінова выклікалі. Куды выклікалі, яна, вядома, не ведала.

Аставацца начаваць у Маскве, шукаць месца ў гасцініцы, яму, стомленаму дарогай — ледзь не суткі давялося ехаць у агульным вагоне, — зусім не хацелася. Лепей за ўсё было б пайсці на вакзал, сесці ў вагон і паехаць дамоў, тым болей што зусім неабавязкова сустракацца з гэтым аматарам футбольных баталій; ён, Віктар, не збіраецца нікуды пераязджаць, а без яго згоды ніхто нікуды яго не пашле. Але ў той жа час Віктару цікава было і сустрэцца з Алегам Сямёнавічам: калі яго хочуць накіраваць у Беларусь, дык, значыцца, там і не збіраюцца спыняць разведку. Даведацца падрабязна пра гэта хаця б для таго, каб потым напісаць пісьмо таму ж Атроху Шкварніку, якому гэтая навіна будзе немаленькай радасцю. І, пераканаўшы сябе ў тым, што яму сапраўды варта застацца, ён паехаў у бліжэйшую гасцініцу, дзе якраз знайшлося месца на раскладушцы ў калідоры. Жыхары гасцініцы доўга не далі спаць раніцай, і ён ледзь не першым тралейбусам паехаў у міністэрства. Там нікога яшчэ, вядома, не было, і толькі прыбіральшчыцы цягалі шумныя пыласосы па дывановых дарожках у калідорах. Прыхінуўшыся да падаконніка насупраць дзвярэй у прыёмную Алега Сямёнавіча, стаў чакаць. Алег Сямёнавіч прыйшоў на работу значна раней свае сакратаркі. Высокі, танклявы ў таліі, у нейкім кароценькім і нібы вузкаватым пінжаку, нягледзячы на сівую галаву, Алег Сямёнавіч вельмі нагадваў цыбатага хлапчука, асабліва здалёк. Відаць, учора яго любімая каманда выйграла, і ён спытаў вясёлым голасам:

— Вы да мяне, таварыш?

— Да вас, — і Віктар пайшоў услед.

— Што за глупства? — цялёпнуў вузкімі плячыма Алег Сямёнавіч, выслухаўшы Віктара, — хто вам такога нагаварыў? Канешне, ёсць таварышы, якія лічаць, што пошукі нафты ў Беларусі бесперспектыўныя. Але аб тым, каб сапраўды замарозіць разведку, не было і гаворкі. Наадварот, мне здаецца, што ў Беларусі толькі пачынаюць па-сапраўднаму разведку. Беларусы запрасілі да сябе Круглова. Чулі пра такога?

— Нібы чуў, — не мог прыпомніць такога прозвішча Віктар.

— Пра яго жартуюць, што ён ніколі не едзе туды, дзе няма нафты. І ўяўляеце, ён заўсёды апраўдвае гэты жарт.

Калі нафта ёсць у Беларусі, дык ён яе знойдзе, а калі няма, дык няма... 3 Мінска прасілі накіраваць ім яшчэ каго з вопытных і таленавітых геолагаў. Вы самі з Беларусі?

— З Палесся. Але не вопытны і не таленавіты.

— Сціпласць, вядома, упрыгожвае чалавека, — усміхнуўся Алег Сямёнавіч. — У інстытуце вас памятаюць як здольнага студэнта, на рабоце пра вас таксама неблагой думкі... А што няма вопыту, дык у разведцы гэта не заўсёды дрэнна. Больш творча будзеце падыходзіць да справы... А потым... Ведаеце, папрацаваць пад кіраўніцтвам такога вопытнага геолага, як Круглоў — гэта, лічыце, вам пашанцавала. Каб я быў вашых гадоў, і хвіліны не вагаўся б, не пускалі, а я паехаў бы... Хаця навошта мне вас упрошваць? Вы ж самі прасіліся.

— А Круглоў паехаў?

— Загад аб яго пераводзе быў падпісан тыдні два таму... Ну, калі ў вас, таварыш Буткевіч, болей да мяне ніякіх пытанняў няма, то жадаю поспехаў.

— Дзякую.

І ў кабінеце Алега Сямёнавіча, і потым, калі Віктар насіўся па Маскве ў пошуках якіх падарункаў жонцы і дачцэ, ён ніколькі не сумняваўся ў правільнасці прынятага рашэння. Ваганні прыйшлі пазней, калі ён ужо ляжаў на верхняй лаўцы купэ і ўявіў, як успрыме гэтую навіну жонка, Тамара. Яна не абрадуецца. Праўда, Тамара ведала, што ён адразу пасля інстытута прасіўся ў Беларусь. Тамара пе пярэчыла. Жылі ў чужым горадзе, на прыватнай кватэры. Было ўсё роўна куды ехаць. А цяпер, калі яны жылі ў яе бацькоў, калі ў яе і ў яго была нядрэнная работа, калі яе старыя гадавалі іх дачку і больш за ўсё баяліся, каб яны не надумаліся толькі куды пераязджаць, калі Тамара была вызвалена ад усялякай работы дома і яны ўвесь вольны час маглі прысвяціць сваім забавам, адпачынку, для якога багата было магчымасцей у абжытым прыморскім гарадку, ён ведаў, што Тамара будзе супраць усялякага пераезду, асабліва ў Беларусь, ведаў, што нямала будзе кпінаў ад жонкі і з-за таго, што паехаў у Маскву, не сказаўшы ёй — чаго. Але паспрабуй цяпер дакажы, што і сам не ведаў. Нізашто не паверыць. «Спецыяльна не прызнаўся. Баяўся, што адгавару, запярэчу», — ён нават уяўляў, як яна скажа. I гэта будзе для яе адной з прычын не пагаджацца на пераезд. А калі гаварыць праўду, дык і ў яго самога не было такога жадання ехаць на Палессе, як адразу пасля інстытута. I ад адчування немінучага расстання з усім, што даволі моцна ўвайшло ў жыццё за два гады, яму было па-сапраўднаму сумна. І адчуваючы гэты сум, ён у той жа час усведамляў, як можа моцна прыкіпець чалавек да аднаго месца, разумеў, што калі пераязджаць, дык лепей пераехаць іменна цяпер, а не пазней, калі зусім ужывешся ў асяроддзе і іншага не захочаш ці проста не здолееш памяняць.

Віктар толькі адчыніў нізкія, з тонкіх пафарбаваных дошак, веснічкі, як па сцежцы паміж высокіх густых кустоў руж, якія якраз цвілі, бегла яму насустрач пяцігадовая Раечка. Падскочыла і павісла ў яго на шыі, абхапіўшы бацьку рукамі і нагамі, адразу ж стала распытваць, што ж ён прывёз з Масквы. Выйшла і Тамара. Галава яе была абвешана буйнымі алюмініевымі бігудзі, у кароценькім халаціку, з загарэлымі роўнымі нагамі.

— І чаго так доўга сядзеў у Маскве? — адразу ж спытала яна.

— У Маскве быў якраз нядоўга. Заязджаў да сваіх.

— Маленькі, не можаш пражыць, каб не пабачыць сваю мамачку, — яна агледзела цацкі, якія ён прывёз дачцэ, пакруціла ў руках падарунак — флакон духоў. — Здзівіў. Такога дабра і ў нашым горадзе колькі хочаш.

Віктар пакрыўдзіўся, сеў на лаўку і з зацікаўленасцю глядзеў, як Раечка расплятала ў лялькі косы.

— Ну, што сядзіш? — цяпер ужо абыякава сказала Тамара. — Ідзі мый рукі, ды будзем абедаць, — і крыкнула сваёй маці некуды ў сад: — Мама, ідзі, Віктар прыехаў!

Калі Віктар абдаўся цеплаватай вадой пад душам, — вада цякла з металічнай бочкі, што на высокай падстаўцы стаяла на сонцы за сенцамі, — то адчуў, што ані не пасвяжэў, а яшчэ болей разамлеў. Захацелася спаць. Але ён мусіў пайсці ў сталовую. Там Раечка ела манную кашу, размазваючы яе па талерцы, — не вельмі хацела. А Тамара ў квяцістай сукенцы раскладвала лыжкі і відэльцы. Віктар цяпер больш пільна, чым пры першай сустрэчы, акінуў позіркам яе постаць, яе зграбныя рукі і адчуў, што ў яго няма ніякай крыўды на жонку. А яна запусціла руку ў яго мокрую чупрыну, ласкава сказала:

— Паабедай, адаспіся, а то толькі вочы ад цябе і асталіся.

— Мама, а купацца? — заенчыла Раечка. — Ты ж казала.

— З’ясі ўсю кашу, паедзем, — паабяцала Тамара. — Тата толькі крыху адпачне...

— Я ў вагоне спаў, так што можна адразу і ехаць, — сказаў Віктар,

— Не, ты адпачнеш, — і звярнулася да дачкі: — Ты ж ведаеш, Раечка, што табе на вялікім сонцы нельга. Тата паспіць, а там і гарачыня спадзе.

Віктар бачыў, што цяпер, за абедам, ніяк нельга сказаць, чаго яго выклікалі ў Маскву. Не адважыўся ён прызнацца і тады, калі адпачываў у садзе, у альтанцы, густа аплеценай вінаградам, і да яго прыйшла Тамара, і была яна такая ласкавая, як і заўсёды пасля расстання; не сказаў і тады, калі, прачнуўшыся, яны, разамлелыя, ляжалі і гаварылі пра ўсялякую драбязу; не сказаў і калі яны ехалі тралейбусам на мора і купаліся там, пакуль сонца, разагрэтае за дзень да густой чырвані, не згасла ў сіняй вадзе далёка на гарызонце; не сказаў і тады, калі вярталіся назад прыціхлыя, а Раечка спала, седзячы ў яго на калене і паклаўшы чарнявую галоўку яму на плячо.

А калі настаў вечар, яны ўсёй сям’ёй сабраліся вячэраць у садзе пад старой чарэшняй, на суку якой вісела электралямпачка, пад старым, з настольнай лямпы, абажурам.

— Віктар, слухай, — звярнуўся да яго цесць Даніла Феафілавіч, калі Аксана Андрэеўна, цешча, пайшла па чайнік. — Бачыш сам, які вінаград выспявае. Прападзе, калі не падумаць што і як. А на Поўначы ды і ў той жа вашай Беларусі яго толькі дай. Ты, Віктар, пагавары са сваім начальствам... Каб які грузавік дзён на тры... Усё па закону разлічымся. А то цяпер гэтых машын нідзе... Ураджай ва ўсіх. Дык як, Віктар? Я табе скажу, нядрэнна можна зарабіць. Свайго на машыну не хопіць, прыкупім. Толькі каб хутчэй. Пакуль яшчэ не навезлі туды... Дык пагаворыш, Віктар?

Гэта было ўжо залішне... «Не, паважаны Даніла Феафілавіч, прыйдзецца вазіць табе свой вінаград на тачцы на мясцовы вінзавод ці ў кааперацыю...» Але Віктар ведаў, што калі адразу адмовіцца, дык пакрыўдзіцца стары.

— З радасцю я памог бы вам, Даніла Феафілавіч, — ён усё яшчэ не мог прымусіць сябе называць цесця бацькам. — Але, здаецца, нічога не выйдзе...

— У вас жа там машын процьма... Няўжо не могуць даць табе адну машыну? — Даніла Феафілавіч глядзеў на зяця чорнымі вачыма з-пад навіслых броваў.

— Можа б, і далі, — чырванеў Віктар, як вінаваты, — але мяне пераводзяць у другое месца. Дарэчы, з-за гэтага мяне і выклікалі ў Маскву, — сказаў ён жонцы, якая, здавалася, і не слухала іхнюю гаворку, а карміла ужо смятанай дачку.

— А куды гэта нашага тату пераводзяць? — спытала Тамара.

— Мне ў Маскве ўручылі загад аб пераводзе ў Беларусь, — усміхнуўся. — Там, аказваецца, без мяне не могуць знайсці нафту.

— Адмовіўся? — Тамара адпусціла Раечку.

— Спрабаваў, але не ўдалося.

— Не ўдалося?.. Гавары... Ты ведаў, ведаў, і не адмаўляйся, што не ведаў, чаго цябе выклікалі ў Маскву, і не сказаў. Я для цябе ніхто... Пра Раечку не падумаў. Ты... ты, — яна яшчэ нешта хацела сказаць, ды расплакалася.

— Тома, Тома! — прасіў супакоіцца яе Віктар. — Ты ж паслухай, як усё было.

— Што Тома? Ніколі не было ў цябе павагі да Томы! Ніколі! — закрычала яна. — Ты заўсёды жыў толькі для сябе і... — яна, закрыўшы твар рукамі, выбегла з-за стала.

— Ідзі супакой яе, Віктар, — папрасіла Аксана Андрэеўна, якая прыйшла з чайнікам і з талеркай варэнікаў. — У яе нешта з нервамі ў апошні час.

Віктар знайшоў Тамару на верандзе, дзе яна, улажыўшы спаць Раечку, сядзела перад люстэркам. Віктар узяў яе за плечы, і яна не адштурхнула яго.

— Ты паслухай мяне... Я, калі ехаў, нічога не ведаў. Каб ведаў, абавязкова ўсё сказаў бы табе. Чэсна. А там адразу павінен быў даць адказ... не тое што вельмі хачу ехаць, але ж яшчэ раней падаваў заяву, прасіўся, ты ж ведаеш. І цяпер я не сумеў адмовіцца.

— Ты толькі думаеш пра сябе! — Яна скінула яго рукі з плеч. — А пра мяне? Пра Раечку? Пра нашу сям’ю. Ды што пра нас... Ты нават не хочаш падумаць пра сваю будучыню. У цябе ж тут такая работа, такая перспектыва, цябе тут ведаюць, цэняць. А ты ад усяго адмаўляешся, адмаўляешся ад кар’еры...

— Ад якой кар’еры? Што за глупства?

— Твая жонка заўсёды гаворыць толькі глупства, адзін ты ў нас разумненькі, — цяпер яна гаварыла хоць і раздражнёна, але болей стрымана. — А пра тое, што рабіць мне ў тваёй Беларусі, ты не падумаў? А хто там тваю дачку глядзець будзе, таксама не падумаў? А дзе жыць там будзем, таксама не ведаеш? Я тут старалася, бегала па магазінах, каб усё было, як у людзей. А яму, аказваецца, нічога не трэба, яму...

— Тома, ты не тое гаворыш.

— Адзін ты толькі тое гаворыш, — яна сказала гэта раптам зусім спакойна. — Колькі жыву з табой і ўсё здзіўляюся — ніякай сур’ёзнасці. Каб хоць раз што зрабіў для сям і, дык не... Што ты за чалавек, не разумею.

— Павер мне, Томачка, — хацеў быць ласкавым Віктар. — Я заўсёды стараўся рабіць так, каб лепей было і табе і нашай Раечцы. Ты разумная ў мяне і павінна ведаць, што не ўсё ж і ад мяне залежыць. Я не думаю, што нам будзе горш, калі пераедзем у Беларусь. Павер мне, я ўсё зраблю, каб не было горш. І кватэра ў нас будзе там, і работа не горшая, чым тут, усё будзе, канешне, можа, толькі не адразу... Адным словам, мы, Тамара, яшчэ пагаворым пра гэта болей падрабязна... Потым. А цяпер пойдзем чай піць, а то пакінулі бацькоў...

— Ты заўсёды так. Спачатку да слёз давядзеш, а потым... Ну і характар, — яна выцерла вочы.

Даніла Феафілавіч і Аксана Андрэеўна сядзелі за сталом і, відаць, чакалі іх: разліты ў шклянкі чай стаяў не крануты.

— А можна яшчэ ўсё адмяніць? — спытала Аксана Андрэеўна.

— Загад падпісан, — дзынкаў лыжачкай у шклянцы Віктар, хаця цукар даўно растварыўся.

— Ён, вядома, тут ні пры чым, — сказаў аўтарытэтна Даніла Феафілавіч. — Ёсць улада, і яна думае, каб было як лепш для дзела... Вось што, Віктар. Вядома, загад трэба выконваць. Што ж будзе, калі мы перастанем выконваць загады?.. Вось што мы надумалі з Андрэеўнай. Вы, Віктар і Тамара, можаце ехаць, але ўнучку мы не аддадзім. Тут такі дом, такі сад, пад бокам мора — дзе можна знайсці што лепшае для дзіцяці? — стары разлічваў на тое, што Тамара без дачкі, без свае любімае Раечкі, таксама нікуды не паедзе, а Віктар доўга не наездзіць адзін, сярод чужых, без догляду. На крылах прыляціць.

— Каб я паехала без Раечкі? — абурылася Тамара. — Нізашто.

— Ты, Тамара, павінна ехаць з мужам, — стары быў задаволены. — Калі вы ўжо муж і жонка, дык трэба быць разам.

— Не, не, і не гаварыце... — не згаджалася Тамара. — Ды я без яе і дня не пражыву. Хай едзе куды хоча, а я без Раечкі нікуды.

— Паеду адзін, — пагадзіўся Віктар. — Пагляджу, як і што, а там будзе відаць.

— Правільна, — адобрыў Даніла Феафілавіч. — А калі што не так, дык мы, як кажуць, заўсёды рады. Для каго ж мы ўсё гэта расцілі ды будавалі? Для вас...

 

Цягнік ішоў доўга і марудна...

Здавалася, бясконца будуць знікаць густыя цяністыя дубровы, па балацянках — ядавіта-зялёны алешнік з чэзлымі бярозкамі ўперамешку. А то раптам раскінецца перад вачыма роўнае і шырокае поле, перарэзанае глыбокай канавай, утыканае кучкамі саломы — нядаўна камбайны скасілі збажыну...

На вакзале Віктар схапіў таксі і хутчэй паехаў у кантору: была субота, і супрацоўнікі маглі разысціся раней, чым звычайна. Ля канторы і ў калідорах нікога не сустрэў. Былі замкнёны ўсе кабінеты. Нават бухгалтэрыя. Выйшаў на ганак, агледзеўся, вырашыў крыху пачакаць.

Раптам з вуліцы прама ў канторку збочыла жанчына з папяровымі скруткамі ў руках.

— Вы да каго? — спынілася ля Віктара.

— У кантору.

— Да каго?

— Да якога-небудзь кіраўніка.

— Сёння нікога не будзе. Спазніліся.

— Як гэта? — ён зірнуў на свой гадзіннік.

— А хто вам з начальства трэба?

— Ды мне ўсё роўна.

— Сёння нікога не будзе. А вы хто самі? — насцярожылася раптам жанчына.

— Геолаг. Накіравалі да вас працаваць.

— Адразу і гаварылі б, — ажывілася незнаёмая. — А то думаю, можа, хто не свой... Нашы ўсе ў рэстаране «Палессе». Жэняць там аднаго.

— Павесілі б на дзвярах шыльду, што ўсе пайшлі на вяселле, — незадаволена сказаў Віктар.

— А мы так і зробім... Мяне таксама запрашалі, вось толькі прыму зводкі, — і яна, параіўшы Віктару прыходзіць у панядзелак, развіталася.

Віктар вырашыў зайсці да сястры, можа, яна не паехала на выхадны дамоў у вёску, дык каб паехаць разам. Але веснічкі ў двор былі зачынены, і, як ён ні грукаў, яму ніхто не адчыніў. Віктар сеў на лавачку, стаў чакаць. З суседняга дома выйшла маладая жанчына, Віктар і пацікавіўся ў яе, дзе ўсе падзеліся з хаты.

— Вы нікога сёння пе дачакаецеся, іх кватарантка замуж выходзіць. Дык усе на вяселлі, — адказала тая.

Дзверы ў рэстаране, аднапавярховай цаглянай будыніне з драўлянай прыбудовай, былі зачынены з сярэдзіны. Спачатку стуку ў дзверы ніхто не пачуў. Тады Віктар загрукаў мацней. Дзверы прыадчыніліся, паказаўся дзявочы тварык. Дзяўчына сказала, што рэстаран зачынен, і знікла, Віктар зноў загрукаў. На гэты раз выйшаў шыракаплечы дзяцюк у белай расхрыстанай на грудзях сарочцы, з расчырванелым, як з лазні, тварам.

— Грамадзянін, вам жа сказалі, што рэстаран зачынен.

— Мне ваш рэстаран не трэба...

— А што вам трэба?

— Ваша нявеста трэба.

— Што-о?

— Што чуеце.

— А болей ты нічога не хочаш?

— Паклічце тэрмінова, калі не хочаце, каб з міліцыяй прыйшоў!

Дзяцюк, відаць, ад здзіўлення ікнуў і хуценька зачыніў дзверы.

«Цікава, хто яшчэ выйдзе на перагаворы?» — весяліўся Віктар.

На гэты раз выйшаў невысокі, кругленькі, у чорным гарнітуры і белай кашулі пад зыркім гальштукам, чалавечак. Але, нягледзячы на свой невысокі рост, ён трымаў сябе да смешнага важнецкі і ганарліва. За ім ішло некалькі высокіх і даволі рашучых мужчын.

— Што вам трэба, грамадзянін? — спытаў таўсцячок нізкім баском.

— Нявесту!

— Як нявесту? — нягледзячы на вялікую самаўпэўненасць, на твары яго адбілася ўстрывожанасць. І па гэтай устрывожанасці Віктар здагадаўся, што перад ім сам жаніх яго сястры. Яму захацелася яшчэ болей разыграць гэтага «парсючка», як ён ахрысціў яго ў думках.

— Лідзію Буткевіч. Спадзяюся, яна і ёсць тут нявеста, — і Віктар рашуча і нават злосна сказаў далей: — Яна мне трэба тэрмінова, пакуль вы яшчэ не пракрычалі там сваё дурацкае «горка». У мяне да нявесты сур'ёзныя прэтэнзіі. Яна абяцала, што без майго ведама, больш таго, без майго дазволу, не стане выходзіць замуж.

Віктар з задавальненнем заўважыў, як таўсцячок разгублена пачаў азірацца, але, убачыўшы за сваёй спіной даволі моцную падтрымку, ваяўніча выставіў плячо паперад і працадзіў;

— Мал-л-ла-ды ча-ла-век! Я п-а-пра-шу...

— Па-п-п-прашу, па-п-п-прашу! — перакрыўляў яго Віктар. — Што вы мяне просіце? Якое маеце права? Я хачу бачыць нявесту і патрабую, каб яе паклікалі зараз жа. Вы яшчэ ўбачыце, як яна мне абрадуецца... — Віктар адчуваў, што яўна перагібае, але ўжо не мог спыніцца.

— Мы яму зараз... — падаўся наперад той самы дзяцюк, што выглядваў перад гэтым.

І невядома, чым бы скончылася гэтая недарэчная сцэна, ды выскачыла сама Ліда ў белым плацці з белай фатой на галаве і ўзрадавана закрычала:

— Віцечка! Які ты малайчына! — яна кінулася яму на шыю, а потым з радасцю сказала аслупянеламу жаніху: — Ды гэта ж мой брат Віктар. Баціслаў, знаёмся!

Дзяцюк, што пагражаў Віктару сваімі магутнымі кулакамі, першым кінуўся ў залу.

— Таварышы! — закрычаў ён. — На вяселле прыбыў родны брат нашай маладой. Аркестр, стрэчны марш!

Віктар, Ліда, Лузько зайшлі ў дымны ад цыгарэт і тлумны зал пад гукі марша і бязладныя ўсплёскі ўсіх гасцей, якія паспелі асушыць не па аднаму келіху. Віктара пасадзілі побач з сястрой, налілі яму поўную гранёную шклянку.

— Сябры, ды я ж тут выпадкова, я ж не спазніўся, дык завошта? — абараняўся Віктар.

— Хіба ты не атрымаў мае тэлеграмы? — спытала Ліда.

— Не. Я прыехаў у Прыпяцк. Працаваць накіравалі... Пайшоў у кантору, а там — нікога.

— Таварышы! — падхапіўся Лузько. — Хаця, можа, жаніхам і не паложана гаварыць тосты на сваім вяселлі, але я зараз выступаю не ў якасці жаніха, а ў якасці геолага Прыпяцкай канторы глыбокага бурэння. І тост у мяне будзе зусім рабочы, так сказаць, вытворчы. Да пас прыехаў не проста брат маёй жонкі, а геолаг Віктар Буткевіч. Яго накіравалі да нас. Дык павітаем жа, таварышы, нашага калегу, які сёння ўліваецца ў нашу дружную сям’ю. Ура!

Усе дружна закрычалі «ўра!». Пачуўся прарэзлівы жаночы голас.

— Не разгледзелі, хай пакажацца!

Віктар падняўся. Ён быў высокі, хударлявы, загарэлы. Валасы і бровы бялявыя, выгаралі на сонцы.

— Нічога сабе!

— Халасцяк? — спытаў нехта.

— Камандзірованы, — адказаў Віктар.

— Падыходзіць!..

І зноў пацякло вяселле па свайму рэчышчу. Усе неяк адразу забыліся пра нечаканага госця, і на яго болей ніхто не звяртаў увагі. Часта гаварылі сур’ёзныя і жартаўлівыя тосты, а найчасцей крычалі «горка». Лузько з Лідай ахвотна цалаваліся. А потым усё ж жаніх не вытрымаў, падхапіўшыся, пісклявым голасам ад натугі папрасіў, каб болей не крычалі «горка», а то яшчэ на вяселлі разлюбіць сваю жонку. На гэтую просьбу ўсе дружна зноў закрычалі «горка». Лузько падаў знак аркестрантам, і тыя, часта збіваючыся з рытму, зайгралі польку. Загрукалі крэслы, задзынкаў посуд на сталах — усе падхапіліся танцаваць.

Пасля доўгай бяссоннай начы ў перапоўненым курортнікамі вагоне, пасля выпітай гарэлкі, Віктару стала кепска, і ён выйшаў на веранду, на свежае паветра. Тут на сталах у бочачках з ільдом стаялі бутэлькі піва і розных напіткаў. Віктар залпам асушыў шклянку халоднага, як крынічная вада, хлебнага квасу, а потым, аблакаціўшыся на парэнчы, глядзеў туды, дзе праз хмызнякі блішчала спакойная роўнядзь Прыпяці. Да Віктара, неяк смешна валюхаючыся з нагі на нагу, падышоў высокі мужчына ў карычневым старамодным гарнітуры, — доўгія, як вушы ў зайца, лацканы пінжака, шырокія калашыны ў штанах, — назваўся Кругловым.

— А я чуў пра вас... У Маскве гаварыў Алег Сямёнавіч...

— Ведаю, ведаю, — нечаму ўсміхнуўся Круглоў. — Гэта ён мяне сасватаў у Беларусь.

— Мяне таксама, — прызнаўся Віктар. — Праўда, я падаваў заяву пасля інстытута, каб мяне, значыцца, накіравалі на Палессе, але тады не паслалі. І я працаваў на Поўдні, і мне там падабалася, ды і прывыкнуць паспеў. Прызнацца, дык цяпер і без асаблівай ахвоты паехаў. Ды і жонка... Ну, а як тут, Мікалай Міхайлавіч?

— Вы пра што? — не зразумеў Круглоў.

— Пра нафту.

— А-а... Вывучаю дакументы пакуль што... Насвердзілі тут многа... Ну, а чаго вы не танцуеце? — яму, відаць, хацелася перамяніць гаворку.

— Не хочацца. Я ж адразу з дарогі і сюды...

— А я любіў танцаваць, ды і цяпер не супраць, толькі што-небудзь такое ціхае, спакойнае: сэрца не тое... Так сказаць, адтанцаваў сваё.

— Прабачце, прабачце, — падкаціўся да іх Лузько. — Але на сваім вяселлі я нікому не дазволю гаварыць пра справы. Мікалай Міхайлавіч, вы мне прабачце, але вяселле таму і вяселле, каб усім весяліцца. Будзем спяваць і танцаваць.— І ён, схапіўшы нейкіх дзвюх кабет і ўручыўшы Круглову і Віктару па партнёршы, ледзь не сілком выштурхнуў іх у круг.

Ці сапраўды ад стомленасці, ці ад таго, што тут не было нікога з сяброў, не было з ім яго Тамары, Віктар не адчуваў унутранай раскаванасці, без чаго ніяк не мог аддацца бяздумнай весялосці, не мог танцаваць лёгка і імкліва, як заўсёды, а ледзь не вісеў, цяжкі і няўклюдны, на руках у партнёршы. Наступіўшы некалькі разоў ёй на ногі, папрасіў прабачэння, пайшоў шукаць сваіх бацькоў, з якімі так і не паспеў яшчэ пагаварыць. Але яго перахапіў хударлявы чалавек з нейкім маленькім тварам, глыбокімі вочкамі і з высокімі залысінамі над вострым ілбом.

— Прабачце, што затрымаў вас, — схапіў ён яго за руку. — Вы мяне, канешне, не ведаеце. Я Дзятлаў. Пётр Аляксеевіч Дзятлаў.

— Мне ваша прозвішча сапраўды нічога не гаворыць, — сказаў Віктар.

— І так усе, — пакрыўдзіўся Дзятлаў. — І не толькі сёння, на гэтым вяселлі. А і наогул. Многія з тых, каму маё прозвішча нешта гаворыць, робяць выгляд, што зусім не ведаюць мяне. Ды што мы тут стаім, дарагі таварыш. Прабачце, не запомніў ваша прозвішча, хаця і чуў, як аб’яўлялі. Віктар Аляксандравіч... Дык адыдзем убок, Віктар. Вы не пакрыўдзіцеся, думаю, на мяне, што я вас не па бацьку. Я так і ведаў. Вы разумны чалавек. Я адразу ўбачыў, што вы разумны чалавек. Але, прабачце, я вас вельмі не затрымаю, я вам толькі скажу... Дык правільна робяць, што мяне не заўважаюць. А за што? Што я зрабіў для разведкі з усім сваім газавым каратажам? Нічога. Прабачце, я не сказаў... Я тут узначальваю газавы каратаж, так сказаць, тэхнічны кіраўнік. У мяне людзей многа. А тэхніка якая! Вы і ўявіць не можаце, колькі ў нас той тэхнікі. Ну і што? Анічога. Пустое месца ўвесь наш газавы каратаж. Карысці ніякай. А чаму? Вы ведаеце, Віктар, чаму? З зямлі не выдзяляецца газ. Скажыце, што нам аналізаваць? Нечага. А дзяжурым, на кожнай буравой дзяжурым. Так сказаць, на вахце. Паложана. Дзяржаўныя грошы на вецер. Душа баліць. І як баліць! Уй! А што я магу зрабіць? Усюды, нават тут, вось у гэтай зале, усе глядзяць на мяне і думаюць — вунь дармаед. І правільна думаюць. Карысці ніякай. Душа баліць ад усяго гэтага. Я ж магу нешта рабіць карыснае. Магу!

А не атрымліваецца. Дык хіба я вінаваты ў гэтым? Пры чым тут я? А, Віктар? Прабачце, Віктар Аляксандравіч. Ну што вы мне на гэта скажаце?

— Прабачце, таварыш...

— Дзятлаў. Пётр Аляксеевіч.

— Прабачце, Пётр Аляксеевіч Дзятлаў, — хацеў як-небудзь пазбавіцца яго Віктар. — Я тут новы чалавек, так што, Пётр Аляксеевіч...

— Дык я ж вам расказваю... Я прашу мяне паслухаць. Я маю права выказацца ці не? Я і гавару, што сэрца на кавалкі разрываецца. Для чаго я жыву тут, для чаго? Уяўляеце?.. Дык вось было, ну, перабраў. Яно заўсёды так, калі паставіш перад сабой такое пытанне, што і адказаць ніяк нельга, дык тады і перабярэш. Ну і трапіў тады ў выцвярэзнік. Дык гэты падлюга дырэктар наш Чокан, — яго сапраўды нехта чокнуў, — хацеў мяне прагнаць з работы. Але яму не далі, калектыў не даў. Калектыў разумее, што ў чалавека бяда. Я маральна не маю права існаваць, бо ніякай карысці ад майго існавання. Дык гэта ж трэба разумець! Дык чаму з чалавекам такое, пытаюся я. Чаму?

— Баюся, што вам не дапамагу, — не ведаў Віктар, як і адвязацца ад яго. — Звярніцеся да Круглова, ён болей пажыў на свеце.

— Да галоўнага геолага я звярнуся і яшчэ не раз звярнуся. Але — на рабоце. А вы мне адкажыце на маё пытанне, — ён паварушыў губамі, як гэта часта робяць людзі ў роспачнай крыўдзе. — Да галоўнага... А ведаеце, што наш галоўны зашыўся ў свой кабінет і сядзіць. Думае. Вывучае. А вы ведаеце, што ён там вывучае? Нашы дурацкія справаздачы. Уяўляеце? А нафту не ў кабінеце шукаюць, не ў кабінеце. Я ад цябе адступлюся, Віктар, адразу, толькі адкажы на маё пытанне. Ты паважаеш газавы каратаж?

— Паважаю, паважаю. — адказаў Віктар.

— Вось табе, пяць, — ён працягнуў яму растапыраную далоню. — Вось няхай у мяне крыху пасвяжэе галава, я знайду цябе, тады пагаворым. А цяпер я пайду шукаць сваю Кацюшу... Ведаеш, якая ў мяне Кацюша? Я пайду знайду Кацюшу і паплывём дамоў, мне нечага тут рабіць з п’янымі, — і ён, крыху хістаючыся, балансуючы паміж танцучымі парамі, скіраваў да выхада.

Недзе апоўначы, калі горад спаў, вяселле нарэшце ўгаманілася. Гасцей паменела. Прынеслі тарты і кампоты. Аркестр стомлена і вяла сыграў развітальны марш. Госці купкамі, напаўняючы цёмныя пустынныя вуліцы вясёлай гаманой, разыходзіліся. Да рэстарана пад’ехалі дзве «Волгі». У адну машыну селі Лузько з маладой, у другую — Віктар з бацькамі. Неўзабаве спыніліся ля шматпавярховага дома. Падняліся на трэці паверх. Лузько адчыніў дзверы і чакаў, пакуль усе зойдуць у кватэру. У зале на ўсю падлогу ляжаў дыван. Пасярод залы стаяў стол, а па ім — бутэлькі шампанскага, цукеркі і торт.

— Вось тут і пасядзім, так сказаць, без чужых, усе свае, — шырокім жэстам запрашаў Лузько за стол родзічаў.

 

Хаця Лузько мог бы і не ісці на работу колькі дзён пасля вяселля, усё ж у панядзелак раніцай пайшоў у кантору разам з Віктарам. Ён мала верыў у тое, што Віктара могуць прызначыць у тэматычную партыю, бо сам жа Чокан паабяцаў перавесці туды яго, Лузько. Але дапускаў, што мог наблытаць новы галоўны геолаг, — хто ведае, якія планы ён выношвае. Ды не толькі каб напомніць Чокану пра яго абяцанне, пайшоў Лузько ў кантору, а каб як паўплываць, калі толькі з’явіцца хаця самая нязначная магчымасць, на прызначэнне Віктара наогул. Ён вельмі не хацеў, каб яго пакінулі ў канторы. Бо тады прыйдзецца Віктару жыць у Прыпяцку, а ў Прыпяцку яму жыць можна толькі ў яго, Лузько, больш няма дзе: сёння раніцай Ліда так і сказала брату, каб прыходзіў да іх, не саромеўся. І нічога не зробіш: не сварыцца ж з жонкай адразу пасля вяселля.

— Прывёў новую кадру, Павел Фёдаравіч, — сказаў Лузько, паціскаючы руку дырэктару. У іх адносінах адчувалася нешта панібрацкае.

— Нечага табе рабіць, бачу, — засмяяўся Чокан. — Лепей бы з гэтай новай кадрай паехаў на рыбалку, маладая жонка наварыла б юшкі, дык, можа, і я заглянуў бы на агеньчык. А то ў гэтым годзе так і не каштаваў сапраўднай юшкі. Смешна сказаць, жывеш на такой рацэ, а рыбы не бачыш...

— Дрэнны вы рыбак, Павел Фёдаравіч’...

— Ды гэта праўда. Я лаўлю рыбу толькі тады, калі няма грыбоў. Грыбы, грыбы — што можа быць лепей! — аж пацёр ад асалоды рукі дырэктар. — У гэтым годзе зусім нядрэнныя каласавічкі былі, зусім нядрэнныя. І хутка зноў павінны быць...

— Павел Фёдаравіч, на маім жа вяселлі была юшка і, здаецца, нядрэнная. Вось скажы, Віктар, хіба дрэнная была юшка?

— Юшка была добрая, — пагадзіўся Чокан. — Але адкуль у маю талерку трапіла галава звычайнага хека? З якога часу ў Прыпяці стаў вадзіцца хек? — і разрагатаўся задаволены.

— Спецыяльна вырасцілі для майго вяселля, — залажыўшы за спіну рукі і задраўшы вышэй галаву, хадзіў па кабінеце Лузько, а потым, спыніўшыся перад сталом дырэктара, нібы між іншым спытаў: — Павел Фёдаравіч, а як наконт майго пераводу ў тэматычную партыю? Ці, можа, забыліся на... — ён хацеў сказаць «на ваша абяцанне», але падумаў, што гэта будзе занадта смела, — на нашу гаворку?

— Не, не, што ты, — сказаў Чокан. — Але... Гэта неабходна ўзгадніць з галоўным геолагам, а ён, сам ведаеш...

— А я думаў, што...

— Ды не, — разводзіў рукамі дырэктар. — Шчыра табе гаварыў і гавару: я — за. Нічога не маю супраць вашага законнага жадання. Я вас вельмі разумею, — і ён цяпер гаварыў больш Віктару: — Чалавек каля дзесяці год бадзяўся чорт ведае дзе, цяпер хоча пажыць на месцы, тым больш — жонка маладая.

— Вось іменна, — падхапіў Лузько. — Ды не будзем пра мяне, тым больш што зусім не па гэта прыйшлі. Вось Віктар Буткевіч павінен недзе працаваць, дык не сядзець жа яму з вудай на Прыпяці, пакуль у Круглова дойдзе чарга да кадраў.

— Вядома, вядома, — стаў разглядаць Чокан Віктарава накіраванне. — Я ўжо гаварыў, што Мікалай Міхайлавіч пакуль кадрамі геолагаў не займаўся. Ён сказаў, што пасля зоймецца гэтым пытаннем, калі, канешне, узнікне неабходнасць. Можа, спатрэбіцца наогул як-небудзь інакш арганізаваць разведку. Так што, дарагі Віктар Аляксандравіч, гаворка можа ісці толькі пра часовае прызначэнне... Я так думаю, можа, пакуль пабудзеце вось разам з Баціславам Лузько на Быкаўскім участку? На пасадзе, вядома, геолага ўчастка. Я кажу, што пакуль, а там будзе відаць. Можа, і спадабаецца. Згода?.. А там Мікалай Міхайлавіч вызваліцца, і мы яшчэ пагаворым. Вы павінны, хлопцы, разумець, хаця я і дырэктар, але займацца кадрамі геолагаў без ведама Круглова не магу...

— Добры ў вас дырэктар, — сказаў Віктар, калі яны з Лузько выйшлі з кабінета.

— Свой хлопец, — даверліва прызнаўся Лузько і паглядзеў на гадзіннік. — Слухай, Віктар, мы яшчэ з табой паспеем на цеплаход. Праз гадзіну — і ў Бабрах. Спадзяюся, табе цікава будзе пабыць на ўчастку, пазнаёміцца з людзьмі.

Яны ўзялі білеты ў касе рачнога вакзала, сышлі з берага па хісткаму драўлянаму трапу на дэбаркадэр, ля якога ўжо стаяў цеплаход.

На верхняй палубе ля самага носа цеплахода, аблакаціўшыся на чамадан і ўглядаючыся некуды праз раку, сядзеў Іван Дымок.

— Каго бачу! — яшчэ здалёк закрычаў Лузько, а падышоўшы, паціснуў хлопцу руку. — Ну дык што, можа, павіншаваць? — і Віктару сказаў: — Гэта ж сын маіх гаспадароў, у якіх я жыў на кватэры ў Бабрах. Ну дык як, Іван? Што маўчыш? Віншаваць ці не?

— Можна. З вяртаннем дамоў.

— Паступіў?

— Не.

— І ты нібы рад? — здзівіўся Лузько.

— Канешне. Адпачну з годзік, — усміхнуўся Іван. — А ў вас што новага?

— Нічога асаблівага, — сказаў Лузько. — Вось вязу новага геолага. Знаёмся. Віктар Буткевіч. Дарэчы, я ажаніўся, Іван. Ачалавечыўся, так сказаць... Мне тры дні далі законных. Я не на работу, а вось з ім, пакажу толькі... Чалавек новы...

— Я магу і сам, — перапыніў яго Віктар. — Тым больш — спадарожнік адтуль...

— А гэта ідэя, — абрадаваўся Лузько. — Сапраўды, Іван пакажа ўчастак. Пакуль ты пазнаёмішся там, дык і я адгуляю свае законныя і прыеду. Дарэчы, Віктар, калі паспееш, то прыязджай да нас, а калі не, то ідзі і займай мой пакойчык. Я думаю, там не будуць супраць, як, Іван? Ну вось, бачыш, Іван не супраць.

— Канешне, табе нечага ехаць. Самі разбяромся, — і Віктар падаў яму руку на развітанне. — Ідзі, а то зараз паплывём.

— Ну, тады бывайце, — і ён паспяшыў з цеплахода на дэбаркадэр.

Цеплаход адплыў ад дэбаркадэра, на якім яшчэ доўга стаяў Лузько і махаў ім рукой.

— Цяжкія былі экзамены? — спытаў Віктар у Івана, каб як завязаць гаворку.

— Наадварот.

— Лёгкія?

— Лёгкія...

— Дык што здарылася?

— Не ўяўляю, што са мной зробіць бохан, калі даведаецца, — сказаў Іван пасля некаторага маўчання. — Ведаеце, Віктар Аляксандравіч, убіў ён сабе ў галаву, што лепшай прафесіі за ветэрынара няма на свеце. Ну і мяне хацеў ветэрынарам зрабіць. А я не паступіў. Хаця гэта не так і проста было.

— Не паступіць? — не зразумеў Віктар.

— Канешне... Ведаеце, Віктар Аляксандравіч, я і ехаў без ахвоты. Ну, стары хоча, думаю, паеду, каб не крыўдаваў ён, значыцца, на мяне. Мне ўсё роўна, куды было ехаць. Прыехаў я ў гэты самы інстытут, пахадзіў, паглядзеў, і мне так сумна стала ад думкі, што буду ўсё жыццё ветэрынарам. Хацеў забраць дакументы. Ды думаю: не, тады такая грызня пачнецца, што хоць з хаты ўцякай. Лепей будзе, калі ўзяць ды які экзамен заваліць. Пісалі спачатку сачыненне па рускай мове. Пісаў абы-як, нават не праверыў як след. Ну, думаю, пара забяспечана. І рэчы сабраў, каб, значыцца, дамоў ехаць. Схадзіў на вакзал, даведаўся, калі ідзе поезд на Прыпяцк. Прыносяць экзаменацыйны ліст, гляджу і вачам не веру. Чацвёрка! Нічога не зробіш, трэба здаваць наступны прадмет. Наступны — хімія. Канешне, не рыхтаваўся, нават кнігу з чамадана не даставаў. Як назло, папаўся зусім лёгкі білет. Адказваў так, што і сам сабе не верыў. «У вас усё?» — пытаецца выкладчык. «Усё», — адказваю. «Калі ласка, ідзіце», — і аддае мне лісток. Гляджу — пяцёрка. Ну, думаю, калі так пойдзе і далей, то прапаў, быць мне ветэрынарам. На трэці экзамен узяў і не пайшоў... Вось і ўся гісторыя. Віктар Аляксандравіч, пойдзеце адразу да нас? Я вам скажу — не тое што баюся, а проста стары пры вас не так злавацца будзе. Не люблю, калі злуецца. Добра, Віктар Аляксандравіч? А потым яму можна што-небудзь і сказаць такое, каб супакоіць. Мяне ён і слухаць не стане, а вас...

Цеплаход пагойдвала на хвалях пры сустрэчы з буксірамі.

Услед цягнуўся вузкі і доўгі пеністы хвост...

 

Ступіч праз сон пачуў тэлефонны званок. Ён не стаў падымацца: сама хацелася спаць. Учора вельмі позна зацягнуўся банкет, ледзь не да поўначы. Ступіч не думаў напівацца, ён і ні разу не выпіў поўнай чаркі, ён толькі браў па якому глытку кожны раз пасля якога тоста ці калі хто падыходзіў да яго і хацеў асабіста павіншаваць з поспехам... Па глытку, па глытку, а пакуль ісці дамоў, дык і добра набраўся. Доўга не мог заснуць, мучыла смага. Разоў колькі падымаўся, даставаў з халадзільніка бутэльку кефіра, піў халодны, аж стыла глотка, напітак. І толькі недзе пад самую раніцу моцна заснуў, як гэты недарэчны тэлефонны званок. Праз некалькі мінут ён паўтарыўся. Ступіч мусіў падняцца. Званілі з прыёмнай Бурдзіча. Бурдзіч хацеў бачыць яго, Ступіча, у дзесяць гадзін, не пазней і не раней. Ступіч ціха пахадзіў па пакоі, пагаліўся, памыўся пад халодным струменем вады, выпіў кубак моцнай кавы. Адчуў сябе лепш. Спачатку ён ішоў пешшу і, калі засталося мала часу, сеў у тралейбус і пад’ехаў некалькі прыпынкаў. Ступіч не ведаў, чаго яго выклікаюць, ды яго гэта асабліва і не хвалявала: пасля ўчарашняй бліскучай абароны дысертацыі ён зрабіўся цяпер практычна недасягальным нават для таго ж Бурдзіча... Пры абмеркаванні дысертацыі ўсе раскалоліся на два супрацьлеглыя лагеры. Выступалі не толькі афіцыйныя апаненты. Былі і такія, што выходзілі за трыбуну, каб толькі развесці рукамі, маўляў, калі так, дык незразумела, чаму да гэтага часу гробяць такія дзяржаўныя сродкі на пошукі нафты. Некаторыя не згаджаліся з яго доказамі, але абвергнуць іх нічым не маглі. Усе адзначалі вывады дысертацыі вельмі доказнымі, абгрунтаванымі. Навуковы кіраўнік дык той прама заявіў, што калі сабраць звесткі аб неразведаных структурах, якія магчыма яшчэ хаваюць вельмі нечаканыя для ўсіх сюрпрызы, то можа атрымацца даволі грунтоўная манаграфія пра некаторыя аспекты геалогіі Прыпяцкай упадзіны...

Ступіч, не забываючы на неабходную ў такіх сітуацыях сціпласць, але з адзнакамі незалежнасці і самастойнасці ва ўсёй сваёй паставе зайшоў у кабінет Бурдзіча, да якога яшчэ не вельмі даўно заходзіў заўсёды з нейкім здрадніцкім трымценнем у каленях.

— Заходзь, заходзь, — выйшаў яму насустрач Бурдзіч, павіншаваў з абаронай дысертацыі, запрасіў сесці ў глыбокае мяккае крэсла за невялікім столікам у кутку кабінета. Сам сеў насупраць, пільна і нібы іранічна агледзеў Ступіча, што таму аж няёмка стала, і са шчырым шкадаваннем упікнуў: — Дарагі мой Ігар Трафімавіч, ты і не ўяўляеш, якую свінню падлажыў нашай нафтаразведцы.

— Якую мог, Дзмітрый Зосімавіч.

— Мне ўжо званілі. Там ведаюць пра твае адкрыцці. Запрашаюць мяне. Як загадаеш растлумачыць там твае адкрыцці? Што я скажу?.. Што веру ў беларускую нафту? А чым я дакажу гэту сваю веру? Не ведаеш? Вось у чым цяжкасць, Ігар Трафімавіч. Адчуваю, які рэзананс будзе мець твая дысертацыя ў цяперашніх умовах. І не чыя-небудзь дысертацыя, а былога галоўнага геолага канторы. За яе схопяцца многія. І ў нас і вышэй. Там ёсць таварышы, якія скептычна глядзяць на нашу разведку. І не дзіўна. Столькі гадоў шукаем, а пахваліцца нечым. Мне ледзь удалося даказаць Дзяржплану, што ёсць сэнс шукаць нафту. Запрасілі некалькі вопытных геолагаў... Не мог ты пачакаць які год-другі са сваёй дысертацыяй, — Бурдзіч падняўся, узяў у сябе на стале цыгарэту, закурыў, вярнуўся, зноў сеў у крэсла, зацягваўся і моўчкі паглядаў на Ступіча, нібы чаго чакаў ад яго, а Ступіч не ведаў, што і сказаць, глядзеў, як у паліраваным століку адбіваецца бледнай плямай твар Бурдзіча, як адбіваецца там агеньчык цыгарэты, калі той зацягваўся. І яшчэ ён адчуваў, якая цяжкая ў яго галава і як яму раптам — ці не ад глыбокай цішыні кабінета — захацелася спаць.

— Адным словам, Ігар Трафімавіч, калі заўтра сур’ёзна падыдуць да вашых вывадаў, то на разведку нам не дадуць болей ні рубля. Вось так, — нібы паскардзіўся Бурдзіч. Ступіч яшчэ ніколі не бачыў яго такім бездапаможным, разгубленым.

— Гэта будзе абсалютна няправільна, — Ступічу хацелася не столькі давесці пра свой пункт гледжання на вывучэнне геалогіі Прыпяцкай упадзіны, колькі падтрымаць настрой Бурдзіча. — Абсалютна няправільна! Ну няхай я сапраўды даказваю, што нафты няма. Дык не наогул жа няма. Я гавару толькі пра разведаныя структуры. Яе сапраўды там няма. Ды хіба справа ў нафце? Шукаючы нафту, мы знайшлі дзесяткі карысных выкапняў. Больш таго, уся Прыпяцкая ўпадзіна — гэта такая кладоўка, пра якую мы маем яшчэ вельмі прыблізныя, вельмі недакладныя ўяўленні. Цяжка нават і сказаць, якія сюрпрызы нас там чакаюць. І гаворачы ў сваёй дысертацыі, што нафты на Палессі няма, адначасова я выступаю за далейшую разведку Палесся, але не за такую, якая вялася да гэтага часу, а больш шырокую, больш глыбокую, на якасна новым тэхнічным узбраенні. Шматлікія карысныя выкапні Прыпяцкай упадзіны павінны служыць чалавеку, служыць народнай гаспадарцы. Акрамя ўсяго, гэта неабходна геалагічнай навуцы. Я як вучоны... — гэта неяк міжвольна вырвалася ў Ступіча, і ён пачырванеў, але папраўляцца не стаў, а больш таго, паўтарыў, каб паказаць, што пачырванеў зусім не з-за гэтага. — Я як вучоны аналізую аб’ектыўныя факты і раблю тыя вывады, тыя прапановы, якія аб’ектыўна, падкрэсліваю, аб’ектыўна, напрошваюцца, а не тыя, якія мне хацелася б.

— Дарагі мой вучоны, — хаваючы іранічную ўсмешку, сказаў Бурдзіч, — я абсалютна не сумняваюся ў тваёй навуковай чэснасці. Але сёння ідзе гаворка не пра навуковыя адкрыцці, не пра якія іншыя карысныя выкапні, а пра адну толькі ўсё тую ж грэшную нафту. І нас, практыкаў, цікавіць — ёсць яна там ці не? Іменна для разведкі прамысловых запасаў нафты нам і адпускаюцца сродкі. І з кожным годам гэтыя сродкі адпускаюць усё з большым і большым скрыпам. Усё часцей нам задаюць пытанне: а дзе ж яна, ваша нафта? Скептыкаў нямала і ў нас, між іншым, і ў другіх арганізацыях. І раптам у такой складанай сітуацыі з’яўляецца не проста чарговы артыкул, якіх было нямала ўжо, у якім ставіцца пад сумненне разведка на нафту ў Беларусі, а навуковая праца, у якой усё даказваецца, і даказваецца так, што супраць пакуль што і сказаць нечага. Цяпер мае працаўнікі і скажуць мне, што навошта ж шукаць тое, чаго заведама няма. Разумна? Разумна. Але толькі ў тым выпадку, калі яе няма тут. А раптам яна ёсць? І дзе? Там, дзе цудоўныя дарогі, дзе вялікая прамысловасць. Ды гэта ж нафта, якой цаны няма. Вы гэта зможаце зразумець? — ад усхваляванасці Бурдзіч прыпадняўся, а потым сеў і неяк стомлена і нібы бездапаможна паглядзеў на Ступіча.

— Я дзесяць год аддаў пошукам яе, — нібы апраўдваўся Ступіч.

— Ведаю, ведаю... — на нейкі час Бурдзіч задумаўся, а потым загаварыў ціха, нібы і не са Ступічам, а сам з сабой; — І ўсё ж я не магу дапусціць, што яе ў нас няма. Бяздоказна? Бяздоказна. Можа, і смешна, асабліва вучоным, якія трымаюцца строгіх фактаў, толькі правераных вывадаў. А я... Чаму так? Можа, таму, што аднойчы паверыў у гэта і не магу адмовіцца? Не ведаю... — ён падняў вочы на Ступіча. — І ўсё ж, што б мне ні гаварылі, што ні даказвалі, я буду да канца стаяць на сваім... І мне падабаецца, Ігар Трафімавіч, што вы за працяг разведкі. І ведаеце чаму? Справа ў тым, што, калі сітуацыя ўскладніцца, я буду настойваць на стварэнні аўтарытэтнай камісіі. Хай яна вырашае лёс нашай нафтаразведкі. Калі камісія такая будзе створана, я хацеў бы, каб і вы былі яе членам. Вы не супраць?

— Вядома, не, Дзмітрый Зосімавіч.

— Добра, — ён кіўнуў на развітанне, і калі Ступіч у дзвярах азірнуўся, то Бурдзіч усё яшчэ сядзеў у крэсле стомлены і нібы разгублены... Ці так толькі падалося Ступічу?

 

Круглова ўсё часцей і часцей ахопліваў страх з-за сваёй бездапаможнасці. Чым больш ёп вывучаў матэрыялы папярэдняй разведкі, з якіх было відаць, што разведка вялася без усялякіх парушэнняў тых норм, якія былі выпрацаваны навукай і практыкай за апошнія гады і якімі карыстаўся ён, Круглоў, тым меней і меней аставалася ў яго веры ў сябе. Паступова Круглоў пачынаў разумець — ён пакуль што не можа і наогул не здольны даць беларускай нафтаразведцы якую-небудзь. новую жыватворную ідэю.

Адзінае, што кінулася ў вочы Круглову, гэта залішне вялікая канцэнтрацыя разведачных свідравін на асобных структурах, у прыватнасці, на Быкаўскай, праўда, самай вялікай структуры ў параўнанні з іншымі, у той час, як дзесяткі структур зусім абыдзены ўвагай разведчыкаў. Прапанаваць для разведкі новыя структуры? А каб прапанаваць новыя структуры, трэба даказаць, пераканаць усіх, што яны самыя перспектыўныя на нафту і газ. Канешне, яго рашэнне падтрымае Бурдзіч. Але Круглоў сам добра разумеў, што разведка новых структур — гэта не вырашэнне праблемы, а толькі часовы выхад з тупіка. І, канешне, хто-хто, а геолагі гэта зразумеюць. Калі ён чытаў шматлікія акты, пратаколы, справаздачы, у яго яшчэ жыла кволая надзея, што раптам, менавіта ў апошняй запыленай папцы, ён знойдзе тое, што так хоча знайсці, што так трэба яму: тыя пралікі, якія дапускаліся папярэднікамі.

І вось прагледжана апошняя папка, прагледжаны ўсе выпіскі, якія ён так старанна рабіў у тоўстым агульным сшытку. Болей яму ніяк нельга сядзець за зачыненымі дзвярыма, трэба браць разведку ў свае рукі, а яму нечага сказаць людзям. Аставалася адно — набрацца мужнасці і прызнацца ўсім тут, і ў Мінску, што разведка, нягледзячы на тое, што яе некалі распачыналі ў большасці сваёй маладыя і не вельмі вопытныя геолагі, вялася правільна.

Але ж яго, Круглова, праслаўленага Круглова, зусім не для гэтага запрасілі ў Беларусь...

Цяпер у кабінеце, у якім ён чэсна адседжваў свае рабочыя дні з кароткімі перапынкамі на абед заўсёды ў адзін і той жа час, рабіць не было чаго. А сядзець без справы Круглоў не любіў ды і не навучыўся.

Ён схаваў свае нікому не патрэбныя запіскі ў стале, падняўся, пастаяў, нібы ў нерашучасці, а потым замкнуў дзверы і выйшаў на вуліцу. Па вуліцы не пайшоў, бо тады б апынуўся дома раней часу, і яго жонка, Варвара Сіманаўна, якая прывыкла да яго строгага распарадку дня, устрывожылася б, а ён не хацеў трывожыць яе раней часу, пакуль сам не прыняў пэўнага рашэння.

Па завулку, часта перакапанаму канавамі, свежымі і даўнімі, што паспелі пазарастаць лебядой, паміж нейкіх новых фарбаваных і старых пахілых платоў, ён спусціўся да берага Прыпяці. Горад недзе быў уверсе, за домікамі, што шнурочкам ляпіліся над самым высокім абрывістым берагам, а тут было ціха, і толькі недзе далёка, за паваротам, чулася, як па мосце татахкаў цягнік. Круглоў ішоў па вільготным пругкім пяску, прамытым і прапаласканым хвалямі, паўз самую ваду, глядзеў, як гойдаюцца на вадзе вузкія лодачкі рыбакоў-гарошачнікаў. Саламяны капялюш нёс у руцэ, крыху размахваючы ім. Навокал было так ясна і светла ад вады, ад глыбокага неба над ёй, што і Круглоў прыкметна паспакайнеў, думаў пра сваё становішча з нечаканай яснасцю... Ён прабыў у Прыпяцку які месяц, яшчэ не позна і адмовіцца ад пасады і паехаць адсюль, нічога нікому не тлумачачы. Сказаць, што не спадабалася, і ўсё... А потым — ён не абавязан выварачваць нутро перад кожным. І ўрэшце, нічога страшнага, калі сказаць і праўду. Калі за такі час не знайшлі нафту, дык, відаць, яе і няма, і нечага яму, Круглову, толькі час марнаваць. І ўсё. Але тут жа падумаў пра сваю Варвару Сіманаўну, якая ўсё жыццё правандравала з ім, пераязджаючы з месца на месца, і ніколі не паскардзілася на сваё жыццё. І раптам тут, у Прыпяцку, калі ён прывёз яе ў новую кватэру — ордэр на яе ўручылі Круглову на другі ж дзень прыезду, — агледзеўшы тры пакоі, палюбаваўшыся з балкона неабсяжным размахам Прыпяці, з нечаканай рашучасцю заявіла, што цяпер адсюль нікуды не паедзе, а напіша дзецям, каб не пераводзілі дарэмна грошай на паездкі да мора, а прыязджалі сюды, дзе можна адпачыць лепей, чым дзе. Пра такое, каб пляж быў пад самым балконам, яна і не марыла ніколі...

Круглоў дайшоў да маста праз раку, ад якога адразу ж пачыналася галоўная вуліца горада. Спачатку яна, шырокая, цягнулася паўз самы бераг, а потым ля рачнога вакзала паварачвала, уступаючы месца гарадскому парку, што вузкай палоскай выцягнуўся, можа, болей чым на кіламетр. У газетным кіёску Круглоў купіў пачак газет, угледзеў на самым беразе лаўку, што тулілася пад прысадзістай вярбой, сеў. Спачатку сядзеў і неяк бяздумна глядзеў, як далёка, ледзь не ля таго берага, застылі ў нерухомасці яхты.

Потым, нібы раптам успомніўшы пра свае газеты, пачаў іх праглядаць. Зусім нечакана патрапіў на кароценькую інфармацыю пра абарону кандыдацкай дысертацыі маладым вучоным Ступічам. Аўтар заметкі, невядомая Ступічу кандыдат геалагічных навук Л. Гусева, пісала, што Ступіч, які прыйшоў у навуку ад практыкі, — доўгі час узначальваў пошукі нафты на Палессі, — аналізуючы ў сваёй дысертацыі шматлікія матэрыялы, прыходзіў да вельмі пераканальнага вываду, што нафты ў нетрах Прыпяцкай упадзіны няма. Гэта даказана і практыкай, і навукай. І здзіўляе той факт, што, нягледзячы на відавочную бесперспектыўнасць разведкі на нафту і газ, знаходзяцца кіраўнікі, якія, сыходзячы з вузкіх інтарэсаў мясцовага патрыятызму, упарта працягваюць пошукі, не задумваючыся над тым, у якую капейку абыходзіцца дзяржаве іх неразумная ўпартасць.

Круглоў, прачытаўшы заметку, аж абрадаваўся: аказваецца, справа зусім не ў яго бездапаможнасці, а ўвесь сакрэт у тым, што тут проста няма нафты. І нечага тады дарэмна ламаць галаву. Усё ясна. Цяпер Круглоў ведаў, што сказаць сваёй Варвары Сіманаўне...

Дома на ўсю кватэру пахла малінавым варэннем.

— Ой, ты ўжо на абед, — сустрэла яго Варвара Сіманаўна, босая, у сінім выцвілым халаце, расчырванелая ад гарачай кухні. — А я ж яшчэ не наварыла, як жа гэта я? — мітусілася яна. — Ці гадзіннік падвёў, ці што? — патупала хутка і цяжка ў залу, там паглядзела на гадзіннік, вярнулася. — Коля, можа, што здарылася на рабоце? Якая непрыемнасць?

— Нічога не здарылася, нічога не здарылася, Варвара Сіманаўна, — ён павесіў капялюш на вешалку ў калідоры, сеў у зале на канапу, глянуў на жонку, якая ішла за ім услед, не адступала. — Проста мне нечага было рабіць у канторы, я сабраўся і — дамоў.

— Так я табе і паверыла, — сказала Варвара Сіманаўна.

— Прачытай, — падаў ён ёй газету.

— Ой, маё варэнне недзе прыгарыць, — яна схапіла газету і пабегла на кухню. Праз які час вярнулася, прысела да мужа на канапу.

— Можа, гэта яшчэ, Коля, усё і не так?

— Што не так? — спачатку не зразумеў Круглоў.

— Ну ў газеце. Ведаеш, як яно іншы раз бывае?

— Тут памылкі няма, тым болей... — ён не даказаў свае думкі. Яго перабіла Варвара Сіманаўна, якая пакорліва спытала:

— Дык калі паедзем, Коля? Можа, збірацца? — уздыхнула, паправіла па галаве ссівелыя валасы, завязаныя ў тоненькі, як у школьніцы, хвосцік.

Яму нечакана стала шкада яе: праездзіла за ім увесь час і не зведала ўладкаванага жыцця. І цяпер, калі яна, здавалася, знайшла такі прытулак, пра які можна было толькі марыць, нягледзячы на свой узрост, гатова, як і ў далёкія маладыя гады, ехаць з ім зноў туды, куды едзе ён, нават не распытваючы куды.

— Даруй мне, — узяў ён яе за шурпатую руку. — Даруй... Пакуль я яшчэ пэўна нічога не ведаю, пакуль яшчэ нічога не ясна. Пачакаем. Можа, яшчэ і астанёмся тут, — гаварыў ён, хаця ведаў, што нечага чакаць.

Як і заўсёды, у дзве гадзіны Круглоў зайшоў у свой кабінет. Папрасіў карты геафізічнай разведкі структур Прыпяцкай упадзіны, дастаў тоўсты сшытак са сваімі запісамі і пачаў звяраць дадзеныя геафізікаў і вынікі разведкі, спадзеючыся знайсці якія-небудзь заканамернасці ў недакладнасцях геафізікаў хаця б для таго, каб перад геафізікамі паставіць больш канкрэтную задачу. Хто ведае, можа, іх памылкі перашкаджаюць і ім, нафтаразведчыкам.

Недзе ў самым канцы рабочага дня пазваніў з Мінска Бурдзіч.

— Ну, як справа, дзед? — па-сяброўску спытаў Бурдзіч. — Як поспехі?.. А ведаеш, я знарок табе так доўга не званіў, хацелася, каб ты мяне раптам ашаламіў якой нечаканай навіной.

«Добра пытацца пра поспехі, седзячы ў міністэрскім крэсле», — падумаў пра Бурдзіча Круглоў і адказаў:

— Якія поспехі, Дзмітрый Зосімавіч? Вы тут дзесяць год шукалі, і нічога, а ад мяне праз месяц чакаеце поспехаў?

— Мікола, што з табой? Ты зусім не ў гуморы...

— Не люблю, калі глядзяць на мяне, як на бога. Я звычайны геолаг, і толькі.

— Канешне, канешне, — пагадзіўся хуценька з ім Бурдзіч. — Я асабліва ні на што і не разлічваў. Але, можа, якія меркаванні ёсць?

— Меркаванні? Ды ніякіх. Абсалютна ніякіх.

— Як так?

— А так. Няма, і ўсё.

— Гэта таксама нешта значыць, — не вельмі весела засмяяўся Бурдзіч на тым канцы проваду. Ну доора... Я зусім па іншым пытанні званю. Вось што, дзед. Рыхтуйся сустракаць гасцей. Да цябе едзе вельмі прадстаўнічая камісія. Адзін акадэмік, два дактары навук і іншыя. Ёсць таварышы з Масквы... Вядома, і нашы, так сказаць, мясцовыя вучоныя. Камісія мае ўрадавае заданне: зрабіць заключэнне наконт перспектыўнасці разведкі на нафту і газ...

— Цудоўна! — міжвольна абрадаваўся Круглоў.

— Ты рады? — здзіўлена спытаў Бурдзіч.

— Адна галава добра, а сем лепей... Памяркуем разам, што рабіць далей.

— Ну добра, мяркуйце там...

Круглоў быў перакананы, што камісія будзе за працяг разведкі, а самае галоўнае, пакіне нейкія рэкамендацыі, якія застанецца толькі добрасумленна выконваць.

І Круглоў паспяшыў дамоў, каб супакоіць Варвару Сіманаўну.

 

У першыя дні работы на ўчастку Віктар засеў за прагляд дакументаў ранейшай разведкі, каб пазнаёміцца лепей з тым, што тут было да яго, каб лепей арыентавацца ў пакуль што мала знаёмай абстаноўцы. З дакументаў было відаць, што нафту шукалі ў падсалявых пясчаніках, адтуль часта падымалі керн, калі верыць апісанням, са слядамі нафты, выпрабоўвалі, у асноўным, таксама толькі пясчанікі, але нідзе, акрамя мінералізаванай вады ў асобных выпадках, нічога не атрымоўвалі. І на кожнай буравой адно і тое ж. Хутка яму абрыдла чытаць запыленыя пратаколы і акты, яго пацягнула на буравыя.

І вось у адзін з ясных сонечных дзён, калі яшчэ ніхто і на работу не прыйшоў на ўчастак, Віктар на дзяжурным «козліку» з вылінелым месцамі брызентам, паехаў па буравых. На буравой брыгады Шкварніка Віктар знайшоў аднаго толькі вартаўніка, які з калгасным пастухом — статак недалёка хадзіў у маладым алешніку, — прымасціўшыся на падмостках, гулялі ў дурня.

— А дзе брыгада? — пацікавіўся Віктар.

— Уся брыгада — гэта я, — адказаў мужчына ў сініх, з-пад спяцоўкі, штанах і ў капронавай карычневай сарочцы, не падымаючы вачэй ад карт.

— Як ты?

— Вось так. Я ўся брыгада і ёсць, — і паглядзеў на Віктара. — Я і ёсць уся брыгада, дарагі таварыш. Закурыць у вас няма? Шкада. Вось сяджу і берагу імушчаства. Загадана.

— А дзе астатнія?

— Хто дзе. Шкварнік, дык той звольніўся. Хто з бліжэйшых вёсак, сена дома косяць, а хто падаўся на іншыя буравыя. А мне сказалі быць тут, пакуль не пачнуць разманціраваць. Ды нешта болей месяца ніхто носа не паказвае. Другую калоду картаў з Васькам дабіваем.

— А кім ты тут быў?

— Старшым куды пашлюць. А цяпер адказным за імушчаства, — стараўся вартаўнік гаварыць не па-мясцоваму.

— А сам адкуль?

— Ды адтуля, — ён кіўнуў галавой у бок вёскі, што святлела шыфернымі дахамі далёка на гарызонце, у супрацьлеглым баку ад Баброў.

— У арміі быў?

— Сваё аддаў, — сказаў нараспеў вартаўнік. — А вы хто будзеце? Карэспандэнт які?

— Карэспандэнт, — пайшоў да машыны Віктар.

Наступная буравая была недалёка ад гэтай, адразу за жытнёвым полем, у маладым бярозавым гайку, і ад таго, здавалася, яшчэ вышэй узнімала свае карункі ў неба. Тут працавалі ўсе шэсць дызелей. Сіні дымок ад іх слаўся ў нізіне адразу за вышкай.

Не паспеў Віктар выйсці з машыны, як да яго падышоў невысокі шыракаплечы мужчына ў зялёным брызентавым пінжаку, расхрыстаным на ўсе гузікі, у чысценькай беленькай майцы, якая туга напіналася на мускулістых грудзях.

— Сяргей Антонавіч Чугуй, старшы майстар, — прадставіўся ён.

— Не чакалі? — спытаў Віктар, убачыўшы на твары майстра расчараванне, калі назваў сябе.

— Думаў, хто-небудзь з камісіі, а тут свой, — сказаў Чугуй. — Даўно ў нас?

— З тыдзень. Ну, як бурыцца?

— Хутка заканчваем, — адказаў майстар. — Можа, якіх сто метраў засталося да праектнай глыбіні.

— І як?

— Ідзём з перавыкананнем плана.

— А нафта?

— Хто ж яе ведае.

У гэты час на буравой загрымела «свечка», якую верхавы не паспеў перахапіць канатам.

— Ноч швэндаюцца па бабах, а потым спяць па вахце, — вылаяўся майстар і паспяшыў на буравую.

Віктару на буравой нечага было рабіць, і ён скіраваў да рабочых, што сядзелі на лавачках ля бочкі з пяском, укопанай у тарфяністую глебу, і курылі.

— Мне тэхнік-геолаг трэба, — спытаў ён ва ўсіх адразу.

— Недзе на вітаміннай падкормцы, — адказаў хлопец, гледзячы на Віктара з-пад зухавата насунутай на лоб каскі сінімі, нейкімі дзявочымі, вачыма. — Цяпер чарніц у лесе, хоць касой касі...

Падышоў хударлявы, высокі, з круглым тварам юнак. Каштанавыя валасы звісалі з-пад каскі над ілбом і шыяй. Буйныя арэхавыя вочы глядзелі адкрыта і крыху нахабна.

— Гавораць, тут чалавек з цэнтра? — засмяяўся ён, агаляючы рэдкія зубы. — Дык дазвольце прадставіцца. Кіга.

— Як, як? — добра не расчуў Віктар.

— Кіга.

— І ўсё?

— Кіга, і ўсё, — юнак сеў на лавачку насупраць Віктара. — Вы, відаць, заўважылі, што ў жыцці занадта многа слоў, болей, чым спраў. І вось у сябе я зрабіў скарачэнне. Скараціў прозвішча, імя... Застаўся Кіга. Проста, зручна, выгадна.

— А вы, бачу, вясёлы чалавек, — сказаў Віктар.

— Гумар — наша зброя, — сур’ёзна, без ухмылкі разважаў Кіга, абмацваючы Віктара арэхавымі вачыма. — Без гумару тут можна і капыты адкінуць. А смяешся, значыцца, жывы. А паколькі жывы, дык у мяне, таварыш з цэнтра, ёсць прэтэнзія, вельмі сур’ёзная прэтэнзія, бо як інтэлігентны чалавек прызнаю толькі сур’ёзныя прэтэнзіі. Дробязі мяне ніколі не цікавілі.

— Ну што ў вас там за істотная прэтэнзія? — Віктар на ўсякі выпадак дастаў маленькі блакноцік, а раптам будзе неабходнасць і сапраўды што запісаць.

— Я не люблю хаваць сваіх думак і таму адразу скажу, што ваш намер запісаць маю прэтэнзію выклікае павагу да вас, як да сур’ёзнага чалавека, — гаварыў Кіга, не спускаючы вачэй з Віктара. — Вось гэтыя, — ён паказаў на ўсіх, што сабраліся навокал і слухалі Кігу, ледзь стрымліваючыся, каб не пырснуць смехам, — яны ўсе амаль звычайныя вясковыя хлопцы з моцнымі, як з той слановай скуры, страўнікамі. Яны набяруць з сабой сала і жывуць, а потым едуць дамоў і адпіваюцца сыраквашай са смятанай, і ў іх арганізмах зноў прыходзіць усё ў норму. А я хаця, можа, часовы пралетарый, але чысты, у мяне няма ніякіх карэнняў у вясковым асяроддзі, мне няма дзе піць сыраквашу, таму мне трэба кожны дзень есці супікі, кашкі, піць кампоцікі, чаёк. Я ў пралетарыі не для таго запісаўся, каб гробіць сваё здароўе. Вось скажыце, няўжо не пад сілу наладзіць на нашай буравой які-небудзь харчпункт?

— Ну і любіш ты пагаварыць, — рассмяяўся Віктар,— сказаў бы адразу, што ў вас няма катлапункта.

— Яно б можна і адразу, але тады вы не зразумелі б усёй глыбіні маіх пакут. Вы б атрымалі проста голы факт, а трэба за фактам убачыць жывога чалавека, тады ён не проста факт, а з’ява, з якой трэба лічыцца... Акрамя гэтага, вы павінны зразумець, што я як прадстаўнік вядучага класа нашага прадпрыемства...

— Хопіць, Кіга, — абарваў яго Чугуй, які падышоў у гэты момант. — Вядучы клас на сваім рабочым месцы.

— А я што, не маю, можа, права пагаварыць з таварышам з цэнтра? — не вельмі паслухаўся яго Кіга і зноў звярнуўся да Віктара. — А, прабачце, калі не сакрэт, з кім я меў гонар размаўляць.

— Геолаг участка Буткевіч, — назваўся Віктар.

— Эх! — ударыў сябе па галаве Кіга. — Такую прэтэнзію і мясцоваму таварышу, — і ён, здавалася, нават раззлаваны сам на сябе, пад агульны смех паспяшыў па буравую.

— Бач, піжон, можа, з тыдзень як на буравой, а ўжо дыктуе тут, — кінуў услед яму Чугуй.

— Наогул, ён правільна гаворыць, — счакаўшы, пакуль усе ўгамоняцца, сказаў Віктар.

— Канешне, — згаджаўся з геолагам і Чугуй. — Калі дзе ў тайзе ці ў якой пустыні, там і катлапункты трэба, а тут... У прынцыпе я не супраць і сам, другі б раз і нядрэнна гарачанькага боршчыку... Але хто ў нас будзе ў тую сталоўку хадзіць? Усе рабочыя з бліжэйшых вёсак, харч з сабой бяруць... Дык чаго ён пойдзе ў нашу сталоўку, калі пасля змены будзе дома наярваць такі боршч, які мы ніколі не зварым.

— А раптам на новае месца пераедзеце? Што, людзі з вамі не паедуць, выходзіць? — упершыню з такім сутыкаўся Віктар.

— Некаторыя паедуць, а больш застануцца. Пойдуць на другія буравыя. А там ка мне новыя прыйдуць... Увесь час мы так і працавалі. У нас на Палессі, Віктар Аляксандравіч, свая спецыфіка.

Віктар захацеў паглядзець дакументацыю на буравой. Яны з майстрам па самаробнай лесвіцы з бярэзін падняліся ў невялічкі вагончык. У ім на табурэтцы, стаяла рацыя, столік з негабляваных шалёвак, аббіты цынкавай бляхай. На століку ляжалі нейкія паперы, стаяла запэцканая школьная чарнілка-невыліванка. На сцяне між двух невялічкіх акенцаў віселі размаляваныя шматлікімі чырвонымі сцягамі сацыялістычныя абавязацельствы.

— Як керн?

— Сухі, — адказаў майстар.

— Значыцца, нафты нечага чакаць?

— Здаецца, — без усялякага сумнення сказаў Чугуй.— Нічога там не будзе. Ды адкуль ёй тут узяцца? Вакол нас ні на адной буравой не было, так што...

Віктар успомніў, як Дзятлаў гаварыў яму на вяселлі пра бязмэтнае сваё існаванне і спытаў:

— А газакаратажнікі ў вас дзе?

— Яны заўсёды з намі, — сказаў Чугуй. — Толькі карысці з іх, як з таго казла малака. Можа, заўважылі, за буравой такая блакітная будачка на калёсах? Дык гэта яны... Што яны робяць? — развёў рукамі Чугуй. — Колькі яны ў нас, але так і не ведаю. Бегаюць на буравую з бутэлькамі па раствор...

— Схаджу пагляджу, — сказаў Віктар. — Калі прыйдзе ваш тэхнік-геолаг, дык хай пастараецца знайсці мяне, — і ён скіраваў да блакітнай будачкі, што стаяла за буравой у засені маладых бярозак.

Ля машыны на самаробнай лавачцы сядзела чарнявая дзяўчына ў квяцістай сукенцы і чытала.

— Працуем? — падышоў Віктар. — Ну, што цікавага?

— Анічога, — дзяўчына паднялася, загарнула кнігу, усміхнулася, паказаўшы белыя роўныя зубы. Чорныя круглыя вочы шырока глядзелі з-пад тонкіх выгнутых месячыкам чорных броваў. Крыху скулаваты, з вастраватым падбародкам, яе твар уражваў нечаканым спалучэннем падкрэслена зыркіх колераў: белая, здавалася, не кранутая сонцам, скура, чорныя косы і чырвоныя, як спелыя парэчкі, вусны.

— І адкуль вы такая ўзяліся? — не стрываў Віктар.

— З Уфы. Накіравалі пасля тэхнікума, — сціпла і сур’ёзна адказала дзяўчына.

— Будзем знаёміцца, — Віктар назваўся.

— Гайша Ібрагімава, — яна падала яму тонкую кволую руку.

— Выдатна... Ну што ж, расказвайце, таварыш Гайша, што прадвяшчае ваш газавы каратаж.

— Анічога ён не прадвяшчае, — яна запрасіла Віктара ў лабараторыю, дзе паўз сцены стаялі самыя розныя прыборы, падвяла да шырокай папяровай стужкі, на якой з левага краю цягнулася роўная тлустая палоска. — Вось бачыце, што пішацца. Ніякіх больш-менш інтэнсіўных газавыдзяленняў не назіраецца.

— Няма?

— Як сказаць... Прыборы вельмі дасканалыя, яны могуць зрабіць аналіз нязначнай колькасці газу... Але мы яшчэ не ўмеем улоўліваць газ, які выдзяляецца з раствору, калі яго вельмі мала. Іншая справа, калі яго многа... Між іншым, калі праходзілі міжсолевыя, газу нібы было і болей, але ўсё роўна мала, каб зрабіць дакладны аналіз.

— А які быў керн? — зацікавіўся Віктар.

— Ніякага.

— Як ніякага?

— Не падымалі.

— Як не падымалі? — не верыў Віктар.

— Я сказала вашым, што цікава б керн падняць, дык мяне абсмяялі. Бачыце, падымаць не паложана па праекту. '

— Хто так сказаў?

— Чугуй сам. І наогул...

— Што наогул?

— Мне здаецца, іх наогул нафта не цікавіць, абы болей метраў прайсці.

— Але ж вы павінны былі настаяць на сваім, нарэшце, паведаміць Дзятлаву, дабівацца. А як жа!

— Справа ў тым, што газаў было далёка не столькі, колькі іх павінна быць, калі бурыцца нафтаносны пласт.

— А адкуль вы ведаеце?

— Нас вучылі...

— А як вы асабіста думаеце?

— Тады я нічога не думала...Гэта цяпер падумала, пасля таго, як прачытала ў газеце адну заметку. Пад Саратавам таксама не маглі знайсці доўга нафту. Газапаказанняў ніякіх. А потым там прыдумалі нейкі прыбор, пры дапамозе якога з раствору выдзяляюцца газы, калі іх там і не вельмі. Аналіз газу і паказаў на нафту. Яе там і сапраўды знайшлі. Дык я і падумала, можа, і ў нас што тут падобнае? Хочаце паглядзець? — яна падала Віктару тоненькі часопіс.—Можа б, і нам такі прыбор, а то для нармальнага аналізу і газу не насабіраеш. Хіба гэта работа?

— Гэта, вядома, не работа, Гайша, — пачаў чытаць заметку Віктар.

Заглянуў у дзверы ўскудлачаны, з ігліцай у валасах, нібы пераляканы юнак, з пучком рыжых вусікаў пад доўгім тонкім носам.

— Мяне хто пытаўся? — пацікавіўся пісклявым галаском.

— А-а, гэта ты, Радзімаў? — адарваўся ад часопіса Віктар. — Можна гэты часопіс прыхапіць? — спытаў у дзяўчыны. — Я Дзятлаву пакажу. — І зноў звярнуўся да юнака. — Дык гэта ты, значыцца, Радзімаў? Слухай, Радзімаў, табе Гайша гаварыла пра керн у міжсолевых?

— Гаварыла.

— А ты?

— Майстру сказаў.

— А ён?

— Не паслухаўся.

— Як так?

— У праекце няма, і кропка. Ды што тады? Ён учора не падняў керн па праекту.

— А ты?

— А я што, страляць буду? Гаворыць, нечага час траціць на той керн, усё роўна там нічога няма.

— На ўчастак паведаміў?

— А што скардзіцца? Начальнік канторы заўсёды за майстроў.

— А геолагі?

— І кожны раз не паскардзішся. А потым, Чугуй заўсёды падымаў керн, калі было па праекту. Учора першы раз адмовіўся. Кажа, прыехала камісія зусім разведку закрываць, так што нікому той керн не трэба. Лепей план датэрмінова зрабіць, дык хоць прэмія хлопцам будзе. Ён кажа, што гэтага камення і так горы панадаставалі, а ўсё роўна толку ніякага.

— А вы запісалі ў вахценны журнал пра керн?

— Ды што запісваць...

— Што ж, паглядзім, як дзейнічае запіс, — Віктар схаваў часопіс у бакавую кішэню пінжака. — Дзякую, Гайша, жадаю поспехаў!

Чугуй сядзеў за столікам і афармляў нарады. Ён нават не глянуў на хлопцаў. Віктар таксама яму нічога не сказаў, узяў вахценны журнал, запісаў: «Тэрмінова падняць керн». Паставіў час, чысло, падпісаўся. Палажыў журнал на стол перад майстрам. Той паправіў акуляры на носе, прачытаў запіс, нетаропка сабраў паперкі ў замусоленую кардонную папку, сунуў яе ў шуфлядку стала і, захапіўшы каску, што вісела па цвіку ў парозе, выйшаў, не сказаўшы ні слова. Толькі ён прыйшоў на буравую, як верхавы, відаць было з акна, паспяшыў па лесвіцы на сваё месца.

— Бачыў, што такое запіс? — рашыў Віктар выказаць усё свайму малодшаму калегу тут, у вагончыку, дзе не так чуўся гул дызеляў. — Я не магу ўявіць, як гэта ты, геолаг, і такі абыякавы? Ну няхай майстру, гэтаму Чугую, трэба метры, а што табе гэтыя метры? Ты ў першую чаргу разведчык, шукальнік і павінен імкнуцца як мага болей даведацца, што там пад зямлёй. Калі Гайша сказала табе, што трэба падняць керн, — а яна ж не проста так сказала, — дык ты павінен быў усім тут горла перагрызці, а прымусіць гэтага Чугуя падняць керн. А раптам там нафта была? Уяўляеш?

— Я тут маленькі чалавек, — гаварыў вінавата, як вучань, Радзімаў.

— Эх, Радзімаў, Радзімаў... Ты сур’ёзна вырашыў прысвяціць сваё жыццё геалогіі?

— Закончыў тэхнікум. Буду ў інстытут паступаць...

— У інстытут... — уздыхнуў Віктар. — Не ведаю, можа, і паступіш... Але які з цябе будзе разведчык, калі ты пра сябе так будзеш думаць. Ды ніякі... Лепей ужо ісці ў пажарнікі, дык і там з такой псіхалогіяй можна праспаць усе пажары. І будзеш сядзець і апраўдвацца, што ты маленькі чалавек, што не было каманды тушыць пажар. Ты ведаеш, хто ты на буравой? Ты ж недарэмна завешся тэхнік-геолаг. Разумееш? Самы перадавы разведчык зямных нетраў... Вось што, Радзімаў, — загадаў на развітанне Віктар. — Як падымуць керн, адразу ж даложыш на ўчастак.

Віктар, яшчэ праглядаючы дакументацыю ў канцылярыі ўчастка, заўважыў, што ў міжсолевых не так ужо рэдка адзначаліся павышаныя газавыдзяленні, але тады ён нават не звярнуў увагі, а цяпер, калі пра гэта яму сказала і Гайша, ён з усёй сур’ёзнасцю падумаў, што, можа, тут, па Палессі, нафта якраз і знаходзіцца ў міжсолевых, дзе яе якраз ніхто і не чакае... Праўда, яму пападалася некалькі актаў аб выпрабаваннях свідравін і ў міжсолевых. А калі так, то, выходзіць, нехта думаў гэтак жа, як і ён. Значыцца, яго здагадка ўжо не такая і беспадстаўная. Але чаму ж тады ні разу не атрымалі нафту?.. Можа, таму, што свідравіну выпрабоўвалі, як правіла, пасля таго, як заканчвалі яе бурэнне. А значыць... Значыць, пакуль бурылі яе да праектнай глыбіні, дык гліністы раствор, — а ён, можа, яшчэ і цяжэй нормы быў, што трэба праверыць, — мог так закупорыць нафтаносны пласт, што адтуль ніякая нафта не змагла потым і паказацца...

Адна думка нараджала другую, і, пакуль ён ехаў да ўчастка, у яго галаве выспела даволі стройная тэхнічная ідэя. Пакуль што яна была няпэўная, без канкрэтных доказаў яе правільнасці, не ідэя, а хісткая здагадка, але Віктар ужо настолькі верыў у яе, што яму не цярпелася падзяліцца ёй з Кругловым. І ўсе свідравіны, што бурацца, паспрабаваць выпрабоўваць у час бурэння ў адкрытым ствале, тэстарам. Павінен жа быць у іх тут тэстар. Там, дзе Віктар працаваў да гэтага, вельмі шырока карысталіся ім. А калі ў іх яго няма, дык можна заказаць, урэшце, паехаць і прывезці.

Ля ўчастка стаяла «Волга» з мінскімі нумарамі, як сказаў шафёр. «Яшчэ лепш, можа, і сам Круглоў тут», — падумаў Віктар. У двары ён убачыў Лузько, які сядзеў на старым счарнелым пні ад ліпы. Ён быў чысценькі, ад галавы да пятак наадэкалонены, як і тады, на сваім вяселлі.

— А-а, гэта ты, — падняўся насустрач Лузько. — А я ўжо і да Дымка ездзіў, думаў — дома. Мне сказалі, што паехаў па аб’ектах. Прызнацца, не паверыў, думаю, што яму рабіць на тых аб’ектах?

— Ад Чугуя еду, — Віктару не спадабаўся Лузько сваім супакоена-радасным настроем.

— Адзін з лепшых нашых майстроў.

— А можа, адзін з лепшых халтуршчыкаў? — неяк раздражнёна спытаў Віктар.

— Адкуль ты ўзяў?

— Уяўляеш, газакаратажнікі яму гавораць, каб падняў керн, а яму, як гарохам аб сценку. Гоніць свае метры, і ўсё. І Радзімаў там у яго не геолаг, а ануча.

— Гэта з вусікамі?

— З вусікамі.

— Ведаю. Нішто сабе хлопец. Здаецца, разбіраецца.

— Слухай, а ў нас тэстар ёсць?

— А-а, — нібы зразумеў, чым так заклапочан Віктар, паблажліва ўсміхнуўся Лузько. — Ёсць тэстар, і не адзін. Ад асваення новай тэхнікі нікуды не дзенешся... Мы нават аднаго майстра пасылалі вучыцца работаць з тэстарам. Праўда, гэты майстар цяпер звольніўся.

— Шкварнік?

— Ён самы...

— А Круглоў не прыехаў?

— Не.

— Ты хутка едзеш у Прыпяцк?

— Калі ты хочаш пагаварыць з Кругловым, то пачакай. Пакуль тут камісія, яму не да цябе.

— Калі тут камісія, дык можна ўжо нічога і не рабіць? — узлаваўся Віктар, а потым, убачыўшы, што Лузько нібы насміхаецца над яго ўзрушанасцю, замоўк.

— Ну што, супакоіўся? — у голасе Лузько цяпер пачулася нібы спачуванне. — Ты, дружа, не вер адразу таму, што пачуеш, і таму, што ўбачыш. Тут далёка не ўсё так, як здаецца спачатку. Сам у гэтым пераканаўся. Я табе скажу, што гэтыя газакаратажнікі вялікія путанікі. Думаеш, не падымалі керн па іх сігналах? Думаеш, не выпрабоўвалі? Яшчэ колькі. Тэстарам не спрабавалі. Але я табе скажу, калі б была нафта, то знайшлі б... Колькі ў краіне паадкрывалі месцанараджэнняў і пра тэстар нічога не ведалі. Я, канешне, не супраць яго, я за, я нават лічу, што ён будзе паскараць разведку, але каб лічыць, што ўсё ад яго залежыць, не, не магу... І Чугуя можна зразумець. Колькі ён падымаў керн па камандзе газакаратажнікаў — і ўсё дарэмна. Цяпер ён ім проста не верыць. Ты пагавары з Дзятлавым. Ён сам сабе не верыць. А потым... Ты ж ведаеш, у нас тут сядзіць камісія, вельмі аўтарытэтная камісія... І табе на ўчастак аднаго барадатага прывёз. Прафесар з Ленінграда прама сказаў, што калі і знойдуць у нас нафту, дык яна не акупіць затрат нават на паперу, якую патрацілі на розныя пратаколы ды справаздачы... Можаш уявіць, які пануе настрой. Так што супакой пакуль свае эмоцыі і дарэмна не хвалюйся. Ну, што мы будзем шумець, а раптам пошукі зусім спыняць? А не спыняць, дык у нас будзе час пагаварыць, паспрачацца, і не адзін раз.

— Дык што загадаеш мне рабіць? — глянуў падкрэслена недружалюбна зверху ўніз на задаволенага сабой Лузько.

— Што? — прыжмурыў хітраватыя вочкі Лузько. — Па-першае, сястра твая загадала прывезці цябе, яна думае, што мы пасварыліся чаго, і ты носа не паказваеш. А па-другое, самая сітуацыя з’ездзіць на рыбалку. Паедзем у Прыпяцк, я там арганізую... Дарэчы, да мяне абяцаў заглянуць адзін член камісіі—Ступіч Ігар Трафімавіч. Вось пасядзім, пагаворым за юшкай. Думаю, табе будзе карысна з ім пазнаёміцца, ён у даследчым інстытуце загадвае сектарам... Дык паедзем, Віктар Аляксандравіч?

— Дзякую, дзякую, Баціслаў Адамавіч, — у тон яму адказаў Віктар. — Доўга камісія тут будзе?

— Гэты, што я прывёз, можа, на гадзіну. Так што не марудзь, рашай... А наогул, камісія, думаю, яшчэ дзён колькі пасядзіць.

— Во, ледзь не забыўся, — успомніў Віктар пра часопіс, што ўзяў у Гайшы. — Мне тэрмінова трэба Дзятлаў. Тут яго не было?

— Не бачыў. Дык паедзем? — не адставаў Лузько.

— Не ведаю, проста не ведаю. Дзякую. Але мне вельмі трэба Дзятлаў. Можа, дзе дома?.. — і ён падаў Лузько руку. — Наогул, перадай прывітанне Лідзе, я заеду абавязкова, пры першай жа магчымасці заеду, можа, і зараз паеду, калі Дзятлава знайду...

— Пастарайся, а то мы хутка паедзем, — сказаў ужо наўздагон Лузько, прыкметна абрадаваны тым, што Віктар, здаецца, не збіраецца з ім ехаць.

Дзятлаў жыў з жонкай таксама ў Бабрах, на кватэры ў брыгадзіра рыбалавецкай брыгады. Хата яго стаяла не з вуліцы, як ва ўсіх, а ў канцы агарода, над самым берагам Прыпяці, і з вуліцы да хаты вяла вузкая вулачка, парослая мяккай густой травой.

Дзятлаў быў дома. Ён сядзеў у двары на ўслончыку і нажом абскрабаў даўгога зеленаватага шчупака.

— Мая Каця захацела зафаршыраваць, так што запрашаю, — абцёр Дзятлаў руку аб штаны і падаў яе Віктару. — Можа, што здарылася?

— Не, нічога, — прысеў Віктар на чурбак, якіх нямала было параскідана ў двары. — Проста захацеў пабачыць цябе... Думаю, загляну, можа, дома.

— А я даўно дома... З раніцы быў у Прыпяцку, у канторы... Ды лепей бы туды і не ездзіў. Гэтая камісія нарабіла такога перапуду. Касірша і тая ўжо сядзіць і па тэлефоне шукае сабе работу. Чорт яго ведае, можа, і сабе прыйдзецца дзе шукаць.

— Яшчэ невядома ж нічога, проста паніка, — сказаў Віктар.

— Вядома, паніка. Гэта не першая камісія і не апошняя. Я які год тут, і вельмі часта гэтыя камісіі, — гаварыў Дзятлаў і абскрабаў луску ля плаўнікоў дзюбкай нажа. — Я і не ў сувязі з імі... А наогул. Часта думаю кінуць усё ды куды падацца. Абрыдла. Не хочацца быць дармаедам. Ды Каця супраць. Мне то што, не мясцовы, я з Расіі. А яна ў мяне з-пад Петрыкава. Там бацькі ў яе. І дзеці нашы там гадуюцца. А паедзь куды, хто нам іх глядзець будзе? Ды і не хочацца куды ехаць. Прывык тут. Падумаеш, што некуды трэба ехаць, дык сумна становіцца... І ўсё ж прыйдзецца.

— Баявы настрой, Пётр Аляксеевіч, нічога не скажаш, — упікнуў яго Віктар. — Ты мне скажы, чытаеш часопісы?

— Чытаю, — адказаў Дзятлаў. — Праўдзівей, чытаў узімку.

— Ну добра, — падняўся Віктар, дастаў яму з кішэні пінжака часопіс. — Вось пачытай, можа, што карыснае вычытаеш.

— Дзякую, Віктар Аляксандравіч, прачытаю. Ды куды ж вы? Пабудзьце. Праз якую гадзіну і шчупак будзе гатовы. Мая Каця хутка...

— Мяне машына чакае, — сказаў Віктар, хаця і не думаў ехаць на той машыне. Развітаўся. Выйшаў на вуліцу, зялёную, пустынную яшчэ ў гэты час дня, — калгаснікі вярталіся з работы пазней, — і раптам адчуў шчымлівую адзіноту, пачуццё пакінутасці ахапіла яго. Успомніў Тамару, падумаў, што, можа, дзе ёсць ад яе пісьмо. Паспяшыў дамоў. На калёсах сярод двара ляжаў Іван і чытаў. Віктар спытаў у яго, ці была пошта. Той адказаў, не адрываючыся ад кнігі, што былі адны газеты. Зайшоў у свой пакойчык і, адчыніўшы акно, лёг на ложак. Спаць было яшчэ рана, ды і не хацелася. Ляжаў і глядзеў у высокую белую столь. Яго ўвагу прыцягвала жаўтаватая пляма. Відаць, там, пад глінай у дошцы быў смалісты сучок. Пляма нагадвала дзявочую галоўку з кудлатай прычоскай... Непрыкметна задрамаў. Разбудзіў стук у дзверы.

Падхапіўся, сеў. З агарода праз акно цягнула роснай свежасцю.

— Заходзьце! — крыкнуў.

Зайшоў Дымок. Моўчкі сеў на табурэтку ля століка, падпёр галаву рукой, глянуў з-пад ацяжэлых павекаў на Віктара мутнаватымі вачыма.

— Адпачываем, Аляксандравіч?

— А нечага рабіць, Пётр Іванавіч.

— Гэта дрэнна, калі нечага рабіць... Вось і мой Іван днямі ляжыць і чытае. І не абрыдла яму. Можа, яму і трэба такая прафесія, каб многа чытаць? Чорт яго ведае... Можа, таму ён і не захацеў вучыцца па ветэрынара. Я цябе спытаю, што такое ветэрынар сёння? Я вось спецыяліст па службовых сабаках. Дваццаць год ім аддаў, калі служыў на пагранзаставе. А сёння ішоў дамоў, ад самага магазіна і да свайго двара, і ніводнага сабакі не сустрэў. Ведаеце, Аляксандравіч, як мне ўжо абрыдла кастрыраваць парасят, мне, спецыялісту па службовых сабаках... Дык, можа, і правільна зрабіў мой Іван, што не пайшоў на ветэрынара?

— Можа, і правільна, — адказаў Віктар, стрымліваючы ўсмешку, каб не пакрыўдзіць гаспадара.

— Іван! Іван! — клікнула ў сенцах Ірына Савельеўна сына. — Ідзі сырадой піць! Чуеш!

 

Лузько выбраў такі момант, калі ў кабінеце нікога не аказалася, пазваніў у бальніцу, папрасіў, каб паклікалі да тэлефона яго жонку.

— Лідачка, дык як настрой? На ўзроўні? Ну цудоўна!.. Гэта ад таго, што ў нас сёння будзе госць. Хто? Век не ўгадаеш. Той, хто ў нашай кватэры жыў раней. Цяпер ён вялікі чалавек. Дык ты... — у гэты момант у кабінет зайшла супрацоўніца, а пры ёй ён саромеўся загадваць жонцы.

— А што купіць? — дапытвалася тая.

— Ды... глядзі сама.

— А потым скажаш, што не тое...

— Ну, каб выпіць і закусіць... А галоўнае, не затрымлівайся. Я?.. Я, вядома, пастараюся прыйсці раней.

Лузько дамоў пайшоў не праз горад, як хадзіў заўсёды, а праз вузкі завулак спусціўся да ракі і пайшоў па беразе, спадзеючыся ў якога рыбака купіць рыбы хаця б на юшку. Ведаў, што Ступіч за бяседным сталом любіць чарку запіць юшкай. Але як знарок па рэчцы не было ніводнага рыбака. І толькі ля самага маста праз раку, які сыходзіў паступова на невялічкую гарадскую плошчу, сядзеў адзін з тых, відаць, аматараў-рыбакоў, якім абсалютна ўсё роўна, бярэцца рыба ці не, абы гойдацца ў лодцы на хвалях — і ўжо асалода. У яго белым пластмасавым вядзерцы варушылася ў жоўтай вадзе некалькі зняможаных акунькоў.

— Не клюе, халера, — паскардзіўся рыбак. — Відаць, пераменіцца надвор’е...

Лузько тут жа ля маста перахапіў таксі і паехаў на рыбзавод, але і там добрай рыбы не было. Раніцай прывезлі адных шчупакоў, ды і з тых засталіся перабраныя, доўгія, нейкія звялыя, як аджатая старая ануча. На ўсялякі выпадак, пару купіў. А потым заехаў да знаёмага загадчыка гастранома і набыў бутэлечку армянскага каньяку, крыху закусі.

— Па ўсяму гораду давялося гойсаць, — сказаў Лідзе, якая раней яго прыйшла дамоў...

— А я таксама купіла і гарэлкі і віна вішнёвага. Казалі, што смачнае, — пахвалілася Ліда, убачыўшы каньяк.

— Схавай ты гэты кампот і нікому не паказвай, — параіў ён ёй. — Знайшла мне віно... А гарэлка хай будзе. А што ты яшчэ купіла?

— Фарш, — і, убачыўшы зноў дакорлівы позірк мужа, сумелася. — А што? Катлет наробім, ды з маладой бульбай... — і далей ужо гаварыла болей упэўнена. — Кансерваў узяла. Траска ў масле. І некалькі селядцоў.

— Т-а-ак, — хутка ацаніў сітуацыю Лузько. — Вось што, дарагая мая. — Фарш схавай у халадзільнік, траску ў масле сваю таксама ў халадзільнік. А селядцы можна падаць пад маянэзам. Няма, кажаш, маянэзу, дык трэба схадзіць... Не, ты будзь дома, я сам схаджу... А ты пакуль займіся шчупакамі.

— Падсмажыць?

— Ты што?! Хто ж іх смажыць?

— У нас дома...

— У вас дома, у вас дома... — у яго голасе прагучала раздражнёнасць. — Бачу, мы сёння з табой пачастуем госця, — і, заўважыўшы, што яго Ліда ледзь не плача, абняў яе за плечы, прымірэнча сказаў: — Ну добра, Лідачка, зафаршыруем, як-небудзь удваіх... Вось што... Ты наабірай бульбы, але пакуль не вары, а я збегаю ў магазін і, можа, у рэстаране прыхаплю якіх адбіўных,— ён, не чакаючы згоды жонкі, схапіў гаспадарчую сумку і, грукаючы на ўвесь пад’езд абцасамі, кінуўся ўніз, пераскокваючы на кароткіх ножках адразу праз некалькі прыступак.

А праз які час, калі дарагі госць вось-вось павінен быў пазваніць у дзверы, Лузько яшчэ раз прыдзірліва агледзеў стол, на якім урачыста адбівалі святло бутэлькі, ззялі бялютка талеркі з самай рознай закуссю, — тут быў і фаршыраваны і ружаваты (бо варыўся ў цыбулявым шалупінні) шчупак, і селядзец пад смятанкавым маянэзам, і мудрагеліста парэзаны сыр, і маскоўская каўбаска, і выстаўленая асобна, каб лепей кідалася ў вочы, бляшанка печані траскі. Агледзеў кілішкі і крыштальныя кубкі для ліманаду, якія, здавалася, зазвіняць малінава, варта толькі дыхнуць на іх мацней, і застаўся вельмі задаволены.

Ступіч прыйшоў позна, недзе гадзін ля дзесяці.

— Дык з наваселлем вас, са шлюбам і шчасцем! — закрычаў ён адразу, як толькі пераступіў парог і, заўважыўшы Ліду, якая сціпла выглядвала з-за пляча мужа, уручыў ёй прыгожы букецік руж, і пры гэтым з вялікай павагай і далікатна пацалаваў ёй ручку, і тут жа, забыўшыся на жанчыну, расказваў гаспадару: — Уяўляеш, Баціслаў, наш кіраўнік захацеў сёння ўсё закончыць, яму, бачыце, заўтра ў Маскве ў нейкім таварыстве засядаць, ну і затрымаў нас усіх.

— Затое тут не прыйдзецца чакаць. Усё гатова, прашу і за стол, — схіліўшы галаву, квітнеў найсаладзейшай усмешкай Лузько, шырокім узмахам рукі, наколькі дазваляў яму яго кароткі рост, паказваў на шырока адчыненыя дзверы ў залу.

— Як цудоўна, што адразу да стала: я галодны, як звер, — ён акінуў хуткім позіркам закусь. — Бачу, што ёсць сэнс прызямліцца за гэтым сталом.

— Ну і што камісія? — пытаўся Лузько, разліваючы каньяк.

— Ведаеш, Баціслаў, не будзем пра камісію, яна мне і так сядзіць у пячонках, давай лепей піць каньяк і расказваць анекдоты, хоць, можа, павесялім тваю маладзічку, а то нешта яна ў цябе не вельмі вясёлая, — і ён змерыў вачыма Ліду так адкрыта, шчыра, што тая аж пачырванела.

— Падрабязнасці мяне і не цікавяць. Ты толькі скажы, звязваць нам з Лідай вузлы ці абзаводзіцца мэбляй? — дабіваўся свайго Лузько. — А то толькі пачалі жыць больш-менш, і ўсё кідай раптам, шкада неяк.

— А я б і паехала, пакуль не прывыкла добра, — сказала Ліда.

— Бачыш, якая ў цябе жонка малайчына, — падняў кубак Ступіч і пачаў разглядваць бурштынавае пітво. — Я вось табе што, Баціслаў, скажу. Наш кіраўнік камісіі гаварыў, каб быў маладзейшы, то кінуў бы ўсё і прысвяціў сваё жыццё вывучэнню Палескай упадзіны. Кажа, упадзіна надзвычай цікавая ў геалагічных адносінах. І ён сказаў, і не толькі сказаў, але абяцаў запісаць у даведку, што было б злачынствам спыніць яе вывучэнне. Праўда, ён сыходзіць з інтарэсаў навукі, эканоміка яго менш за ўсё цікавіць. Навуцы трэба, значыць, выгадна — яго формула. Так што дазвольце мне выпіць за ваша шчаслівае жыццё ў горадзе Прыпяцку.

— За вашы поспехі! — сказаў Лузько.

Выпілі, закусілі. Ступіч апетытна закусваў, даставаў усяго патрохі з кожнае талеркі і ўсё хваліў Ліду, нават распытваў, як яна ўсё гэта рабіла, маўляў, сам любіць часам пакухаварыць, — лепшы адпачынак ад навуковага роздуму.

— Ігар Трафімавіч,—умяшаўся ў гаворку Лузько, заўважыўшы, як саромеецца Ліда. — Ігар Трафімавіч, я не дазволю, каб вы ставілі маю жонку ў такое няёмкае становішча. Яна вельмі паважае вас і не хацела б крыўдзіць сваім маўчаннем, а з другога боку — яна не любіць выдаваць сакрэты свае кухні.

— О, гэта не проста заўвага бестактоўнаму госцю, — хрумстаў крамянымі памідорчыкамі ў смятане Ступіч. — Здаюся, здаюся, Баціслаў, перад тваёй логікай. Адразу адчуваецца, што ты пачаў мысліць навуковымі катэгорыямі. Можа, ужо і дысертацыю...

— Не. Чакаю, як і дамовіліся. Наконт тэмы, Ігар Трафімавіч.

— Памятаю, памятаю... — заківаў у згодзе галавой Ступіч. — Але ты мог і сам праявіць ініцыятыву. Я напісаў дысертацыю, у якой даказваў, што нафты няма, а ты б напісаў і даказаў, што яна павінна быць, што яна ёсць, яе толькі не знайшлі, — рассмяяўся Ступіч, і цяжка было зразумець, гаворыць ён сур’ёзна ці смяецца. А потым, з’еўшы ладны кавалак фаршыраванага шчупака, гаварыў дзелавіта і шчыра: — Ведаеш, Баціслаў, тут усё залежыць ад таго, якую паставіць перад сабой задачу. Вядома, самае чэснае — гэта ўзяцца за якую складаную праблему і даследаваць яе. На гэта, можа, не хопіць і дзесятка год. Мне мая дысертацыя каштавала сямі год. Праўда, цяпер шум, нават нейкая слава. Але ж мы разумныя істоты і нам слава не вельмі... Не слава, а справа... Што табе важней? Для цябе важней за ўсё хутчэй стаць вучоным. Дзеля будучай плённай работы ў навуцы табе трэба стаць кандыдатам навук як мага хутчэй. А таму варта ўзяць не вельмі складаную, не вельмі праблемную, але вельмі патрэбную народнай гаспадарцы тэму і за які год-паўтара напісаць дысертацыю. Табе больш трыццаці, так што часам асабліва раскідвацца нечага. А што, не так?

— Дык сапраўды, не будзем губляць час і яшчэ па кілішку, — прапанаваў Лузько, якому нібы і няёмка было, што столькі клопатаў у госця пра яго, Лузькову, будучыню.

— Пачакай, Баціслаў, пачакай, а то потым, баюся, у мяне пачнуць блытацца думкі. Дык вось, сыходзячы з таго, што было сказана вышэй, я і дамовіўся з кіраўніцтвам інстытута, што ты будзеш пісаць дысертацыю пра мінеральныя воды беларускага Палесся. Праўда, у план тэму не паставілі, для гэтага трэба, каб ад цябе паступіла афіцыйная заяўка... Матэрыялу на тую тэму ў нашай канторы хоць адбаўляй. Іншая справа, што ён не прыведзены ў сістэму. Ахарактарызуеш запасы вады, асаблівасці яе і гэтак далей. Пра мінеральныя воды Беларусі часам пішуць у газетах, але ніхто не ўяўляе, колькі яе ў нас, якая яна і ці ёсць практычныя магчымасці для яе выкарыстання... Думаю, што з тэмай ты справішся хутка. Сам не раз знаходзіў розную ваду, як кажуць, жывую трымаў у руках. А нашы таварышы, што займаюцца курортным будаўніцтвам, атрымаюць грунтоўны дапаможнік. Практычная карысць ад твае дысертацыі відавочная. Дык не супраць?

— А гэта сур’ёзна? — усумніўся Лузько.

— Абсалютна. Я нават свайму кіраўніку сказаў, што ты ўжо збіраеш матэрыялы. Тэма патрэбная? Патрэбная! Пішы. А станеш кандыдатам, потым бярыся за любую праблему... Ты кандыдат навук, ты незалежны чалавек. А потым — табе вада, мне здаецца, і бліжэй за нафту, — усміхнуўся Ступіч. — Слухай, Баціслаў, мы з табой прымусілі сумаваць даму. Вы, Лідачка, прабачце нам.

— Ды не, нічога, я проста стамілася, — і не стрывала — пазяхнула, запознена прыкрываючы рот рукой.

Лузько аж пачырванеў.

— Слухай, дарагая,—хаця і са сваёй традыцыйнай усмешачкай, але раздражнёна сказаў ён. — Ідзі ты спаць, мы ўжо як-небудзь самі.

— А і праўда, а то вам сумна з намі, — паспачуваў ёй Ступіч. — Я наогул заўважыў, што жанчынам у кампаніі геолагаў сумна нават у святы. Яны ж, геолагі, як у кучу, так і пайшлі спрачацца пра свае адкрыцці, ды ўсе такія вучоныя, як мы зараз з тваім мужам.

— Бульба ж недзе варыцца, — вагалася Ліда.

— Ідзі, самі паглядзім, — загадаў ёй Лузько.

— Ну, дык шчаслівенька вам тут, — яна паднялася і пайшла ў спальню.

— Дык што, Баціслаў, за тваю тэму па келіху? — прапанаваў Ступіч.

— Згодзен, — адказаў Лузько.

А недзе апоўначы, калі на гарадскіх вуліцах не было ні душы, калі недзе далёка за горадам, на Прыпяці, гудзеў буксір, Лузько праводзіў свайго госця ў гасцініцу.

— Ну, дык мы з табой пра ўсё дамовіліся, — не спяшыў адпускаць Ступіч руку Лузько. — Я цябе часта турбаваць не буду, але калі які факт спатрэбіцца для маёй доктарскай, то, можа, не адмовіш... А ты таксама часу не губляй, пакуль накаплівай фактычны матэрыял, прыводзь у сістэму. Як гэта зробіш, звяду цябе з тваім навуковым кіраўніком... І ўсё будзе нармальна. А я, стары, павінен табе сказаць, нядрэнную маладзічку сабе адхапіў. І проста будзе несправядліва, што ў такой харошанькай жанчыны будзе муж не кандыдат навук. Шчыра скажу, яна і доктара заслугоўвае. Скажы мне дзякуй, што нараіў жаніцца, а то б і да гэтага часу хадзіў бабылём.

 

Віктар ляжаў у сваім пакойчыку, наглядаў, як на вішні пад акном таўкліся вераб’і — нешта там не падзялілі, — і думаў, чым бы яму запоўніць вольны час. Хіба пайсці на пляж?

Падняўся, выйшаў у двор.

Ірына Савельеўна, прымасціўшыся на парозе, абірала маладую бульбу, якую, відаць, толькі што прынесла ў кошыку з агарода — на ёй і зямля яшчэ не абсохла. Іван, у майцы і трусах, касматы, можа, з тыдзень няголены, стаяў перад маці, трымаючы разгорнуты геаграфічны атлас, — ён не першы дзень ужо шукаў па карце, куды б паехаць працаваць, чым нямала трывожыў маці.

— Слухай, мам, а калі ўзяць ды махнуць на Сахалін? Праеду праз усю краіну, во нагляджуся. Ты, мам, ніколі не была на Сахаліне? Не ўяўляю, як ты можаш жыць на свеце, не пабачыўшы Сахаліна? Ты ведаеш, Чэхаў некалі на конях ездзіў на Сахалін. На конях! А цяпер — паязды, самалёты! Не, мама, ты проста не разумееш, што сучаснаму чалавеку сорамна жыць, не пабачыўшы Сахаліна.

— Жыву ж, сынку, жыву, — уздыхнула маці.

— Жывеш... Можа, ты і можаш, а я не магу, не магу, і ўсё, — і, убачыўшы Віктара, звярнуўся да яго: — Вы, Віктар Аляксандравіч, як? Адабраеце мой выбар?

— Вядома, — усміхнуўся Віктар. — Але пакуль ехаць на той Сахалін, можа б, з’ездзілі спачатку на рыбалку?

— А што? Гэта думка! — абрадаваўся Іван.

— Даўно б так, — адобрыла гэты намер Ірына Савельеўна.

— І абавязкова з начоўкай, — прапанаваў Іван.

— І дома можна выспацца, — запярэчыла маці.

— Мама, ты проста дрэнна думаеш пра нас, — блазнаваў Іван. — На Прыпяці ловяць толькі гарадскія піжоны. А мы з Віктарам Аляксандравічам паедзем на азёры, за Прыпяць... Вы, Віктар Аляксандравіч, не ўяўляеце, якая рыба там, як мая маці не ўяўляе, што такое Сахалін...

А хутка хлопцы, — Іван у вылінялым лыжным касцюме, з цяжкім рукзаком за плячыма, а Віктар у шырокіх, з мохрыкамі на калошынах, нейкіх старадаўніх штанах самога Пятра Іванавіча Дымка, у якіх, смяялася Ірына Савельеўна, ён некалі яшчэ да яе заляцаўся, са звязанымі двума парамі гумавых ботаў, якія ён нёс у руках, — выйшлі з двара, перасеклі наўспрамкі шырокі школьны двор і праз адарваныя штыкеціны ў плоце аказаліся адразу ж на беразе шырокай і спакойнай затокі. Яна двума канцамі злучалася з ракой, і ў ёй, затоцы, хаця зусім і непрыкметна воку, але цякла вада. Яны пагрузіліся на доўгую і вузкую лодку, якая зыбалася ад малейшага руху. Веславаць папрасіўся Віктар.

— А можаце?

— У нас, канешне, ракі не было, але, памятаю, некалі яшчэ дзесяцікласнікам ездзіў са сваёй школьнай сяброўкай у Гомель, катаў яе па Сожы на лодцы. Я здорава тады яе вадой апырскаў, так што вопыт ёсць, як пасажыраў ахалоджваць.

— Яшчэ нічога, калі толькі гэтым скончыцца, — і ўсё ж Іван аддаў Віктару кароткае вузкае вясло.

Толькі яны адвалілі ад берага, як стала ясна, што Віктару нават на ціхмянай плыні з лодкай не справіцца. Лодку адразу ж пачало ўпарта круціць на адным месцы. А калі Віктар пачынаў асабліва шчыраваць вяслом, то яе тады рэзка кідала ў бакі, і Іван абедзвюма рукамі хапаўся за барты, каб не выкуліцца ў ваду. Нарэшце нейкая невядомая сіла прыгнала лодку і тыцнула носам у ілісты мяккі бераг. Тады вясло ўзяў Іван і без усялякай, здавалася, натугі, нібы жартуючы, заграбаючы толькі з аднаго борта, пагнаў лодку хутка і роўна, як па лінейцы. Перасеклі адну затоку, потым яшчэ. Вёска схавалася за астравамі, парослымі нізкімі каржакаватымі вербамі, пахіленымі вясновай паводкай у адзін бок, і густымі разложыстымі лазнякамі. На самых верхавінах лазнякоў і знізу на голлі вербаў, як патрапаныя брудныя бароды, вісела высахлая рудая трава, якую яшчэ вясной навешала прыбылка.

Дзьмуў лёгкі, але ўпарты ветрык, хвалі глуха пляскаліся аб лодку, ціха гушкаючы яе, як калыску. Пераплыўшы раку, хлопцы выцягнулі лодку на пясчаны, аплецены чорным учэпістым карэннем, бераг, каб хваляй ад якога кацера не захапіла яе, прывязалі ланцугом да гарбатага кораня, пайшлі па вузкай, ледзь прыкметнай сцежцы, прадзіраючыся праз густыя зараснікі прыбярэжных лазнякоў. За лазнякамі адразу пачынаўся роўны скошаны луг, утырканы рэдкімі разгалістымі дубамі і частымі высокімі капіцамі сена. Верхавіны дубоў былі такія густыя, што праз іх не магло прабіцца сонца, і густыя цені ад дрэва доўгімі цёмнымі пісягамі пакрывалі дол. Ішлі доўга. Вось і сонца чырвоным вялізным шаром павісла над далёкім лесам, густы цень пакрыў луг. У лагчынах пачынаў кучаравіцца туман.

— Так мы на Украіну хутка прыйдзем, — не стрываў Віктар.

— Блізка ўжо, — па голасу адчувалася, што і Іван таксама прытаміўся, не ўступаючы ўсю дарогу цяжкі рукзак.

Зусім нечакана, за ніцымі кусцікамі, бліснула наперадзе доўгае і вузкае, месцамі парослае чаротам і сітнягамі, возера. Хлопцы падышлі па хісткаму берагу да самай вады, так каб іх лепей можна было ўгледзець з таго, вышэйшага, месцамі нават абрывістага берага, на якім раслі спрадвечныя дубы.

— Вось туды б перабрацца, — сказаў Віктар.

— Іменна туды і перабяромся, — сказаў Іван голасам чалавека, які ведае, што робіць, усунуў у рот пальцы і засвістаў з усяе сілы. На тым беразе пібы хто сапраўды адазваўся посвістам ці то згасла там рэха.

— Цімо-о-ох! — закрычаў Іван.

— Чую, чую, — пачуўся зусім блізка старэчы бурклівы голас. З-за сітнягоў вынырнула лодка.

— Што гэта за Цімох? — пацікавіўся здзіўлены Віктар.

— Ды сена вартуе. Ён кожны год яго вартуе. Я быў яшчэ зусім малы, мы з бацькам сюды хадзілі на рыбалку, і тады гэты Цімох быў тут. Яго ў нас завуць Вечным Цімохам.

Лодка набліжалася да берага, і ўжо можна было добра разгледзець гэтага Цімоха. Аброслы рыжаватай бародкай дзядок, у ваеннай афіцэрскай фуражцы з чорнай плямай якраз там, дзе сукно датыкалася да галавы, у вельветавай куртцы з кішэняй на грудзях. З кішэні тырчала вузка складзеная газета і аўтаручка.

Стары моўчкі, па-аднаму, перавёз рыбакоў на сваёй счарнелай мелкай душагубцы.

Пад дубамі стаялі калосы, задраўшы аглоблі ўгару. На калёсах было добра прымятае сена, відаць, стары на ім спаў. Паласатая пасцілка вісела на аглоблі. Тут жа стаяў алюмініевы малочны бітон з вадой. Воддаль, куды ўжо не даставала голле дуба, было пагаслае вогнішча, ля яго— закуранае вядзерца, а на замасленай цагліне — патэльня з недаедзенай рыбінай.

Прыкметна бралася на вечар. Пацяжэла ад расы і прыціхла лісце на дубе, вада на возеры заблішчала кволай чырванню зары.

— Як, Цімох, юшку зробім? — спытаў Іван.

— Вячэраць жа трэба, — больш практычна глядзеў на гэта стары.

— Віктар Аляксандравіч, ведаю, толькі з-за юшкі і ішоў сюды, так што прапанова праходзіць аднагалосна. Пакуль я буду глядзець свае сеткі (я іх з-за свае вучобы цэлае лета не чапаў), дык вы, Аляксандравіч, можа б, нацягалі сухалому для кастра, а то сцямнее, дык не вельмі будзе прыемна шукаць дровы па расе. Там, далей на лузе, багата дроў, — Іван дастаў з рукзака сеткі. — А то раніцай можа быць зябка.

— Пойдземце, хлопец дзела гаворыць, — выцяг Цімох з-пад сена на калёсах сякерку.

А калі ўжо зусім адышоў дзень і на лузе, на тым беразе возера, асеў густы туман і дрэвы, і капіцы, адрэзаныя ад зямлі туманам, нібы плылі над лугам, Іван і Віктар селі ў лодку і скіравалі туды, дзе сцяной стаялі трыснягі.

Ля трыснягоў расцягнулі адну сетку, а другую ледзь не ля берага, дзе было неглыбока і расла асака і чарот, але не так густа, каб не прабрацца на вузкай лодцы, і дзе, як яны яшчэ заўважылі з берага, аж кіпела вада — разгуляліся, як сцвярджаў Цімох, чырвоныя карасі.

Праз які час вярнуліся да першай, праверылі і выцягнулі дзве рыбіны: карася і ліня, кілаграмы па два, а то і болей.

— Вось і юшка, — сказаў Іван так абыякава, нібы купіў рыбін у магазіне.

— Як па заказу, — захапляўся Віктар.

— У нас у сетках такія вочкі, што меншая і не магла паймацца, — расказваў ціха Іван, калі плылі назад. — Мы мальву не любім. У нас, у Бабрах, усе ловяць толькі вялікую, і ў нашых азёрах рыбы аж кішыць.

На беразе Іван яшчэ палюбаваўся лінём і карасём.

— Прыгожыя, чэрці, і рэзаць шкада, — аддаў рыбу Цімоху, а сам пайшоў разводзіць касцёр.

Стралялі дубовыя сукі, булькала ў вядры юшка. Цімох падсольваў яе, часта спрабуючы і кожны раз смачна цмокаючы губамі.

— Любіш, Іван, прыроду? — спытаў Віктар, які сядзеў, накрыўшы плечы целагрэйкай і абхапіўшы калені рукамі.

— А што? — Іван палкай абграбаў вакол вогнішча незгарэлыя цурубалкі і запіхваў іх у полымя.

— Ветэрынарыя... Яна блізка да прыроды.

— А-а... — усміхнуўся Іван.—А ведаеце, Віктар Аляксандравіч, справа зусім не ў прафесіі. Якраз і добрая прафесія. Але... — ён памаўчаў, падкінуў яшчэ дроў у касцёр. — Не хачу жыць так, як жывуць мае бацькі. У сэнсе прыпцыпаў. Ідзі, маўляў, на ветэрынара, дык будзеш, як той сыр у масле. Хіба сэнс жыцця ў тым, каб у цябе было болей, чым у другіх? Каб у цябе ў кошыках яйкі ў чулане стаялі? Хіба толькі для гэтага жыве чалавек?

— Як хто, — адказаў Віктар. — Відаць, ёсць і такія.

— Вы вось жа не сталі шукаць больш выгаднай прафесіі?

— Я геолаг. Люблю шукаць скарбы.

— І што знайшлі? — пацікавіўся Цімох, які, здавалася, наогул не прыслухоўваўся да іх гаворкі.

— Нічога.

— Значыцца, пустое дзела, — і стары страціў цікавасць да Віктара, ды і да Івана, узяў міскі, якія былі ў яго, і пайшоў мыць іх на возера.

— Можна за ўсё жыццё нічога не знайсці? — спытаў Іван.

— Можна.

— У нас на кватэры раней жыў Лузько, вы ж ведаеце яго. Як ён хацеў знайсці нафту! Ды не ўдалося. Іншы раз прыйдзе з работы такі раззлаваны. Лепей пайшоў бы ў ветэрынарны, дык ведаў, што кожны дзень нешта карыснае робіш — часта ён так гаварыў. Асабліва як з маім старым сыдуцца, ды яшчэ вып’юць, тады толькі слухай.

— Кожны чалавек па-свойму перажывае свае няўдачы.

— А падумаць, дык і ў вашай рабоце нічога цікавага. А што, не так, Віктар Аляксандравіч? Свердзяць зямлю, свердзяць, а не ведаюць, будзе там што ці не.

— Не зусім так, — сказаў Віктар, ён хацеў быў расказваць Івану пра геалогію, але Цімох, які вярнуўся з чыстымі місамі, паспытаў юшку, абвясціў, што яна самы раз, адна смаката.

Юшка і сапраўды падалася вельмі смачнай. Ці ад таго, што яна сапраўды была такой, ці ад таго, што ўсім захацелася вельмі есці, ці ад таго, што стаяла такая сіняя ноч, росная і зябкая, і, прыгрэўшыся, так добра было сядзець ля кастра.

— Я так разумею, — шкробаў у алюмініевай місцы Цімох, шморгаючы разагрэтым носам. — І не трэба б зямлю глыбока таго... Ну няхай цяпер таго, мелка, а як мелка ўсё забяром, то тады што? Глыбей палезем? А што там такое, мы ведаем? А раптам адтуль хлыне такое, што ўсіх нас затопіць? Смала якая. І наогул... Я так думаю, мілае дзела конік. Прыехаў, распрог, конік пасецца, а ты на калёсах дрэмлеш, паглядваеш на коніка. Любата! Дуб над табой, рыба ў прыродзе плёскае, дзяркач сваё дзярэ — усё, што трэба для радасці. Жыві, чалавеча!

— Ды каб яшчэ хто юшкі наварыў, — сказаў Іван.

— Ды ў вядры, якое зроблена з таго металу, што дасталі з-пад зямлі, — уставіў і Віктар.

— Ну метал можна і даставаць, — пагадзіўся Цімох. — Без яго ніяк нельга.

Узышоў месяц, вялікі і чысты, як толькі што апаласканы ў крынічнай вадзе. Луг таямніча заблішчэў срэбнай расой. Пасвятлела неба, і пахаваліся на ім частыя зоркі.

— Ну, хлопцы, будзем спаць, — неяк вельмі ўжо звычайна, па-дамашняму, сказаў Цімох, накрыў вядро з юшкай газетай і, зняўшы пасцілку, што вісела на аглоблі, палез масціцца на калёсы.

Хлопцы пайшлі начаваць у капіцу. Зарыліся ў свежае, цёплае ў сярэдзіне сена. Віктар глядзеў у бяздоннае месячнае неба. Было ціха, толькі чулася, як недзе за кустамі скубе траву Цімохаў конь ды з другога боку капіцы ўсё варушыцца, не ўляжыцца Іван.

— Што ты там кублішся? — не сцярпеў Віктар.

— Ды нейкі сук трапіў пад бок. — паскардзіўся Іван. — А вылазіць неахвота: сама прыгрэўся...

— Сук, гаворыш... А ты ведаеш, Іван, на чым мы ляжым?

— На сене.

— А пад сенам?

— Зямны шар.

— Абсалютна верна. А ведаеш, мільярды год таму тут, дзе мы ляжым, не расла трава, не было і сена, дубоў, возера... Была камяністая пустыня і было горача, як у Афрыцы. А потым было мора, глыбокае і пустое, без адзінай жывой істоты.

— І без карасёў?

— Карасі, магчыма, і былі, — засмяяўся Віктар. — А потым зноў было суха, горы, пустыня, а потым зноў мора, — і так мянялася некалькі разоў. Завяліся ў моры розныя жывыя істоты, некаторыя з іх сталі абжываць і сушу.

— На выпадак, калі зноў мора высахне, — Іван быў у гуморы.

— Абсалютна правільна... А што было ў вадзе? Уявіць няможна. Вада кішэла ўсялякімі гадамі, дзівоснымі рыбамі, не падобнымі на цяперашніх. Гэтыя істоты, аджыўшы свой век, гінулі, падалі па дно марское, заносіліся пяском, глінай. І вось ад астанкаў тых жывёл пад магутным зямным ціскам паступова пачала ўтварацца нафта. Гэта падзея адбылася трыста мільёнаў год назад... А потым зноў было мора, была суша. На зямлі пачалі расці гіганцкія лясы, падобныя на цяперашнія джунглі. Джунглі паступова гінулі, заносіліся зямлёй, з іх утварыўся каменны вугаль. Дарэчы, праслоі вугалю тут часта сустракаюцца пры бурэнні. А потым зноў было мора. З вады выпадала каменная соль, яе тут накапіліся агромістыя тоўшчы. Гэта адбылося недзе, можа, мільёнаў дзвесце год таму.

— Зусім нядаўна.

— Іменна. У геалогіі — гэта не так і даўно.

— А пазней, бліжэй да нас, у моры развялося шмат малюскаў. Скопішчы іх, загінуўшы, утварылі вялізныя запасы мелу. Прыблізна ў той час і з’явіліся першыя жывёлы, падобныя на цяперашніх. Мора яшчэ некалькі разоў прыходзіла і адыходзіла, а жывёльны і раслінны свет развіваўся і паступова набыў сённяшні выгляд. І як ты казаў, нядаўна, які мільён год таму з'явіліся на зямлі першыя людзі... І ўсё гэта, акрамя пошукаў скарбаў, вывучае геалогія. Многія заканамернасці ў развіцці зямлі пасціглі вучоныя. Ведаючы гэтыя заканамернасці, можна даволі дакладна прадказаць, дзе, напрыклад, можна знайсці тую ж нафту. Так што геолагі, як ты казаў, свердзяць зямлю не там, дзе ім уздумаецца, а там, дзе трэба. У нас на Палессі, бясспрэчна, павінна быць нафта. Але яе не так лёгка знайсці. Нафта не стаіць на месцы, пад вялізным зямным ціскам яна па трэшчынах перамяшчаецца з месца на месца, у асобных лавушках скапліваецца. Вось і трэба патрапіць іменна на гэтыя лавушкі. Але і наткнуўшыся на лавушку такую, не заўсёды атрымаеш нафту. Можна прайсці ў час бурэння нафтаносны пласт і нічога не заўважыць. Тут яшчэ нямала сакрэтаў. Мала яшчэ добра ведаць геалогію зямлі, трэба яшчэ добра ведаць і метады пошукаў нафты. А тут яшчэ ў кожнага геолага свае погляды, свае перакананні. Я табе скажу, што колькі геолагаў, столькі і поглядаў. Вось так... А цяпер, Іван, уяві геалагічную гісторыю зямлі, ну ў выглядзе, напрыклад, тэлевізійнай вышкі.

— Уявіў, — сказаў Іван.

— Малайчына... Дык гісторыя чалавецтва ад самага першага чалавека і па сённяшні дзень будзе займаць які сантыметр на самай вярхушцы гэтай вышкі. А пісанай гісторыі дык зусім будзе з гулькін нос. А цяпер уяві, колькі тваё ўласнае жыццё займае месца на той вышцы...

— Вывад? — спытаў Іван. — Практычны?

— Я назіраў за жыццём геолагаў. Не ведаю, можа, я і памыляюся, але мне здаецца, што геолагі неяк больш дзейсна, можа, нават неяк паспешліва жывуць, працуюць. Яны, можа, як ніхто, добра ведаюць, як многа трэба зрабіць на зямлі... Не бяруся за ўсіх геолагаў, але ў мяне часта бывае такое адчуванне. І тады, ведаеш, як пакутліва, што нічога не зрабіў. Геолаг — вечны шукальнік, самы неспакойны чалавек на зямлі. Я сустракаў людзей, якія не раз мяняюць сваю прафесію, але сярод сапраўдных геолагаў такіх няма... І геолагу ніхто на кватэры не носіць ні масла, ні яек. Так што, Іван, можа, падумаеш ды пойдзеш ў геолагі?

— Ведаеце, Віктар Аляксандравіч, вы са сваёй прапановай якраз паспелі. Каб хоць крыху зацягнулі сваю лекцыю, я ўжо соладка драмаў бы, — голас у Івана і сапраўды быў нейкі санлівы.

— Я сур’ёзна, Іван. Ты не ведаеш, кім ты хочаш быць. Значыцца, табе не падабаецца ні адна прафесія, пра якую ты маеш нейкае ўяўленне. А пра геалогію пакуль у цябе ніякага ўяўлення.

— Абаснаваў...

— Мне яшчэ спадабалася твая чэснасць. Вось ты сам сабе не здрадзіў, не стаў паступаць у інстытут. А для геолага чэснасць... Іван? Ты не спіш?

— Сплю. Я заўсёды сплю, калі мне пачынаюць чытаць лекцыі на маральна-этычныя тэмы.

— Ну, чорт з табой, спі, — Віктар накрыў галаву фуфайкай, каб не так даймалі камары.

 

Пасля таго, як камісія скончыла работу і паехала з Прыпяцка, Круглоў, як і ўсе супрацоўнікі канторы, жыў чаканнем вывадаў камісіі. Усе днямі нічога не рабілі, дырэктар і той загляне з раніцы ў кантору і знікне на цэлы дзень. Круглоў жа і цяпер, як і ў першыя дні прыезду, кожны дзень роўна ў дзевяць быў у сваім кабінеце. Калі паложана было, хадзіў на абед, і ні хвіліны не заседжваўся пасля работы. Перачытваў — каторы раз — запісы ў сваім агульным сшытку, перачытаў усё, што напісалі вучоныя пра геалогію беларускага Палесся.

Аднойчы, калі Круглоў толькі сабраў свае паперы і часопісы, схаваў іх у шуфлядцы стала і сядзеў, чакаючы, пакуль стрэлка гадзінніка пакажа роўна шэсць гадзін, — яшчэ заставалася якая мінута, — у кабінет зайшоў дырэктар канторы Чокан, увесь неяк па-маладому лёгкі, і палажыў на стол перад Кругловым даволі ёмісты рукапіс.

— Вось яно, доўгачаканае заключэнне! — ён не мог стаяць на месцы ад узбуджанасці, прайшоўся па кабінеце, стаў перад галоўным геолагам. — Ведаеце, Мікалай Міхайлавіч, я вельмі баяўся, што раптам вынесуць нашай разведцы смяротны прыгавор. Думаю, ну вось, толькі прыехаў сапраўдны спецыяліст, а яму і не дадуць папрацаваць. Але пранясло, дзякуй богу. Усе гэтыя вучоныя сычы — за працяг разведкі. Разумныя людзі, аказваецца.

Круглова асабліва не ўзрушыла гэтае паведамленне, — ён быў упэўнен, што супраць разведкі камісія катэгарычна не выкажацца, — яго больш за ўсё цікавіла, што прапануе камісія, у якім кірунку рэкамендуе сканцэнтраваць пошукі, але ён нічым не выдаў свае нецярплівай цікаўнасці, абыякава глянуў на рукапіс, падняўся.

— Цікава б пачытаць, ды рабочы дзень скончыўся, так што пазнаёмімся з гэтым дакуменцікам заўтра. —Круглоў пастаяў, нечага пашарыў па кішэнях, ці не шукаў ключ ад кабінета, заўважыўшы на твары Чокана здзіўленне такой абыякавасці, усміхнуўся.

— Хоць, здаецца, сёння па тэлевізары футбола няма, так што вазьму з сабой, можа, выдасца часіна паглядзець, — ён злажыў рукапіс удвая і сунуў яго ў кішэню пінжака.

— Дык, можа, Мікалай Міхайлавіч, збяром народ ды раскажам? — прапанаваў Чокан. — Мне здаецца, што ўжо ніякіх указанняў не будзе.

— А нам яны не трэба, — нібы абразіўся Круглоў. — Як кажуць, самі з вусамі. Абыдземся.

— Дык, можа, усё ж збяром народ ды, так сказаць, мабілізуем на працоўныя подзвігі, Мікалай Міхайлавіч, а то нашы людзі зусім рукі апусцілі...

— Канешне, трэба, канешне, трэба, — гаварыў Круглоў так, нібы гэта даўно ўжо трэба было зрабіць.

— Ды з-за гэтай камісіі, — было падобна на тое, што Чокан апраўдваўся.

Круглоў, як і заўсёды, крыху марудліва, разважна, у засяроджаным роздуме выйшаў з канторы і пайшоў па вуліцы, як хадзіў кожны раз, але на бліжэйшым аўтобусным прыпынку шмыгнуў у аўтобус. Сышоўшы з аўтобуса недалёка ад свайго дома, пайшоў, як даўно не хадзіў, хутка і імкліва.

Варвара Сіманаўна, заўважыўшы непрывычнае ажыўленне ў настроі мужа, спытала:

— Што, можа, рашэнне камісіі прыйшло?

— Прыйшло, — Круглоў хуценька разуўся, павесіў у парозе пінжак.

— Ну і што?

— Разведка працягваецца...

— Вось бачыш, — абрадавалася Варвара Сіманаўна. — А то хацеў уцякаць... — Ну, што ты думаеш рабіць?

— Ды пачытаю.

— Тады я пайшла, — яна ўзяла сумку і ўжо ў дзвярах спытала: — А можа, пройдземся разам? А то сядзіш днямі ў той канторы... Потым пачытаеш.

— Не, не пайду... — ён абуў тапачкі і пайшоў на балкон, дзе ў яго стаяла нізкае, плеценае з лазы, утульнае крэсла і маленькі столік. Пачаў чытаць заключэнне камісіі. Спачатку чытаў усё запар, а потым стаў прапускаць цэлыя старонкі, бо ішлі падрабязныя апісанні зробленых работ, вынікаў выпрабаванняў, характарыстыкі разведаных структур, карацей, тое, што Круглоў ведаў лепш за камісію. А потым ішлі меркаванні за і супраць далейшых пошукаў. Гэтых «за» набралася відавочна больш, і камісія адзінадушна была не проста за працяг пошукаў, а нават за іх пашырэнне на аснове паглыбленых навуковых даследванняў, на аснове ўзбраення разведкі новай, больш дасканалай і прадукцыйнай тэхнікай. Гаварылася пра мэтазгоднасць, вядома, пры адпаведных магчымасцях паспрабаваць бурыць і новыя структуры, аб нафтаноснасці якіх пакуль што няма ніякіх звестак. Калі Круглоў перагарнуў апошнюю старонку, то зразумеў, што здарылася тое, чаго больш за ўсё баяўся: сваімі сцвярджэннямі аб мэтазгоднасці паглыблення нафтаразведкі камісія адразала Круглову ўсялякія шляхі да адступлення. Заставалася адно — ісці наперад, шукаць нафту. Але як? Які новы кірунак прапанаваць? Не ведаў ён гэтага да камісіі, не ведаў гэтага і цяпер. Дык раней ён мог адмовіцца ад кіраўніцтва нафтаразведкай, спаслаўшыся на яе бесперспектыўнасць, а цяпер гэтай магчымасці ў яго не было. Калі б ад яго не чакалі нечага новага, то працаваў бы, як і да яго працавалі, і, можа, яго стрэла б сапраўдная ўдача, як гэта не раз было ў яго жыцці. А цяпер усё не так. Чокан ужо днямі хоча сабраць сваіх людзей, каб яны паслухалі яго, Круглова. Дык людзям жа трэба сказаць нешта канкрэтнае, яснае, каб усе не толькі ўбачылі нейкую перспектыву, а і паверылі ў яе. А што ён скажа?

Ён сядзеў ва ўтульным крэсле, глядзеў праз вершаліны пахіленых вербаў на раку, на якой ля таго берага застылі ў лодках рыбакі-гарошачнікі, і не было ні адчаю, ні ваяўнічай рашучасці, ні жадання змагацца, а было толькі ўсведамленне бездапаможнасці. І ад гэтага быў такі дрэнны настрой, што не хацелася не толькі думаць, а нават паварушыць выцягнутай нагой. З гэтага бяздумнага адзервянення яго вывеў доўгі нецярплівы тэлефонны званок міжгароднай станцыі.

Званіў Бурдзіч.

— Прабач, што званю дамоў. Удзень быў вельмі заняты, а ведаючы тваю пунктуальнасць, вырашыў, што ты павінен быць якраз дома. Хаця лепей было б, каб ты зараз быў дзе на рэчцы. Як там у вас — сонечнае надвор’е?

— Здаецца, — глянуў у акно Круглоў.

— Здаецца, — хіхікнуў Бурдзіч. — Даклад камісіі атрымаў? І якое ўражанне?

— А-а... Лепей бы зусім не было гэтай камісіі. Толькі час аднялі.

— Не разумею, Мікола. У свой час ты абрадаваўся камісіі, а цяпер ёй незадаволены. Мне здаецца, што вывады камісіі даволі аптымістычныя. Я нават і не чакаў такіх. Цяпер мы можам яшчэ доўга спакойна шукаць нафту... А ведаеш, тут даклад камісіі зрабіў уражанне. Нават абяцаюць павялічыць асігнаванні на будучы год, тэхнікі падкінуць таксама абяцаюць, — радаваўся Бурдзіч. — Так што нам з табой, дарагі, толькі працаваць і працаваць... Ну, якія ў цябе там выспелі канкрэтныя прапановы?

— Ды ёсць, — уздыхнуў Круглоў. — Не гаварыць жа пра іх па тэлефоне.

— Прабач, дарагі, што турбую ў час твайго адпачынку. Папрашу цябе, усе твае думкі, прапановы на паперку — і мне. У падтрымцы не сумнявайся. Гарантую.

— Дзякую!

— Ну, будзь здароў! Яшчэ раз прабач, што патурбаваў.

Круглоў паглядзеў на тэлефонную трубку, як на свайго ворага, і паспешліва палажыў на месца. Ён стаяў, глядзеў на бліскучы чорненькі, як жучок, тэлефонны апарат і сам сабе шаптаў: «Канкрэтныя прапановы... Канкрэтныя прапановы...»

 

— Віктар Аляксандравіч, пачакайце! — спыніў Іван Буткевіча ўжо ў двары, выскачыўшы ўслед у майцы і трусах, відаць, толькі з пасцелі. — Вось, вазьміце маю заяву. Вы ж гаварылі ўчора, што едзеце ў Прыпяцк.

— А што за заява?

— Хачу на буравую.

— Ты сур’ёзна?

— Між іншым, якраз так спытаў у мяне бацька, калі я сказаў яму пра гэта.

— А маці?

— А што маці?.. Прасіла толькі, каб ішоў на буравую бліжэй да дому. Лічыць, што я не пражыву без яе смятаны.

— А ведаеш, буравіку смятана не пашкодзіць, — сказаў Віктар.

— І ўсё ж я хацеў бы далей ад дома. Каб поўная самастойнасць.

— Калі дома пераначуеш і паснедаеш, дык гэта ніколькі не прынізіць твае самастойнасці. Добра, я заяву аддам... Хаця...

— Што хаця? — насцярожыўся Іван.

— Сёння нас збіраюць на нараду... У апошні час многа гаварылі, што спыняць разведку, так што...

— Яшчэ лепш, — ніколькі не засмуціўся Іван. — Тады паеду ў Сібір.

— Адтуль, канешне, не прыбяжыш снедаць, — развітаўся Віктар і паспяшыў на ўчастак, дзе ўжо стаяла вахценная грузавая машына.

— Віктар Аляксандравіч, ідзіце сюды, — закрычаў яму Дзятлаў і падаў руку. Сядзелі побач, глядзелі, як з-пад машыны сцелецца дарога, спачатку вузкая, з глыбокімі, залітымі бруднай вадой, каляінамі, вельмі труская, — машыну так кідала, і ў ёй нешта так бразгала і грымела, што і гаварыць цяжка было, — а потым пайшла шаша. Машыну цяпер не калаціла, толькі шапацелі калёсы ды вецер шастаў брызентам.

Машына раптам завішчала тармазамі і, крыху збочыўшы, спынілася. Праз высокі задні борт у кузаў спачатку шлёпнулася паляўнічая стрэльба, а потым за яго схапіліся дзве рукі з тонкімі пабялелымі ад натугі пальцамі і з чырвоным, месцамі аблезлым, лакам на пазногцях. Паказалася дзявочая галава з раскудлачанымі бялявымі валасамі, у якіх тырчалі там-сям сасновыя сухія іголкі, з хусткай, якая з’ехала на шыю. Вочы сінія, і вясёлы твар з тонкім носам і выпуклым ілбом былі зусім непрываблівыя, і не ўпрыгожвала шырокая рэдказубая ўсмешка.

— А што гэта яшчэ за разбойнік? — кінуўся на дапамогу дзяўчыне Віктар. Усцягнуўшы яе за рукі ў машыну, усадзіў паміж сабой і Дзятлавым.

— Вось гэта браканьер, — засмяяўся Дзятлаў.

— Ніякі я не браканьер, — з усёй сур’ёзнасцю сказала дзяўчына, дакорліва паглядзеўшы на Дзятлава.— У нас усё законна.

— У каго гэта — у вас? — пацікавіўся Віктар.

— У пас з бацькам. Мы з ім хадзілі на паляванне. Ды нешта качак нямашака сёлета. Мне абрыдла, дык я дамоў. А бацька застаўся. У мяне стары такі — ніколі з пустымі рукамі не вернецца. А я зусім і не люблю забіваць качак, — расказвала дзяўчына.

— Навошта ж тады было хадзіць на паляванне? — стараўся заваяваць увагу дзяўчыны і Дзятлаў.

— За кампанію... Я з бацькам люблю хадзіць на паляванне, але болей — на ваўкоў. Узімку падстрэлілі аднаго, — і яна па чарзе паглядзела то на Дзятлава, то на Віктара, засмучоная іх недаверам.

— І забілі нават? — з жартам спытаў Віктар.

— Папала адна куля. Стралялі разам.

— Бацькава, вядома, — сказаў Дзятлаў.

— Бацька лічыць, што яго. А я пераканана, што я звера забіла, — упэўнена сказала дзяўчына.

— Сумняваюся, — не верыў Віктар.

— А падкіньце свой капялюшык уверх, зараз, на хаду.

— Я падкіну, — асмеліўся Дзятлаў.

— I я, — храбрыўся і Віктар.

— Кіньце, хлопцы. Будзеце плакаць: у мяне першы разрад па стральбе.

— Канешне, тады ты забіла ваўка, — ужо зусім сур’ёзна сказаў Віктар. — У бацькі ж, вядома, ніякага разраду.

— Ды ніякага ж, — пагадзілася яна. — Ён у вайну, праўда, быў снайперам.

— Шкада, што качку не падстрэлілі, — уздыхнуў Віктар.

— Чаму? — яна адкрыта і здзіўлена паглядзела па Віктара.

— Зайшлі б на дзічыну, у госці... Даўно не спрабаваў дзікай качкі...

— Я таксама, — прызнаўся Дзятлаў.

— А вы заходзьце, — шчыра запрашала дзяўчына. — Праўда, заходзьце. Можа, яшчэ бацька і прынясе што.

— У нас зараз нарада будзе, яна можа зацягнуцца, — пашкадаваў Віктар.

— Дык і добра ж, што зацягнецца. Я лепей падрыхтуюся, ды і мой бацька вернецца з палявання.

— А ваш адрас? — палез па сваю запісную кніжку Віктар.

 

Нараду праводзілі ў кабінеце Чокана, бо большага памяшкання і не было ў канторы. Напрыходзіла столькі людзей, што не было дзе паставіць і крэсла, і таму многія таўпіліся ў прыёмнай, слухаючы праз адчыненыя дзверы. Усе чакалі ад гэтай нарады нечага надзвычай важнага, бо яшчэ напярэдадні разышлася чутка, што з дакладам будзе выступаць сам Круглоў, якога яшчэ нікому не даводзілася слухаць. І хаця на нарадах, з’ехаўшыся з розных мясцін, геолагі, буравыя майстры, геадэзісты, газакаратажнікі, інжынеры звычайна перагаварваліся, часам слухаючы прамовы адным вухам, то цяпер, як толькі падняўся Круглоў, усе адразу прыціхлі.

А Круглоў, ці, можа, адчуваючы такую ўвагу, ці наогул не ўмеў трымацца смела і незалежна перад аўдыторыяй, нешта доўга перабіраў свае паперкі, нібы шукаў якую вельмі патрэбную, а потым іх неяк неахайна згроб і схаваў у пацёртую скураную папку, чым выклікаў лёгкае ажыўленне сярод прысутных, пачаў гаварыць, разглядаючы нешта на стале перад сабой.

— Я ведаю, што многія з вас апусцілі рукі, маўляў, няма нафты, дык нечага і старацца. Я вам скажу, што так думаць не мае права геолаг, пакуль застаецца неразведанай хоць адна, хай сабе і невялічкая, плошча. Таму, хто не верыць у поспех, я б раіў падаць заяву, так сказаць, па асабістаму жаданню, каб сваім скептыцызмам не перашкаджаў, не псаваў іншым настрой... Усім нам прадстаіць вельмі вялікая і напружаная праца. Я паўтараю — усім. Бо некаторыя, можа, думаюць так: вось прыслалі ім новага галоўнага геолага, ён толькі тыцне пальцам у зямлю, і адтуль ударыць нафтавы фантан, — ён стрымана ўсміхаўся сваёй думцы, дастаў хустачку, выцер нос, схаваў хустачку, пераступіў з нагі на нагу. — Дык вось, так думаць нельга. І наогул, нафту нельга знайсці аднаму чалавеку, для гэтага патрабуецца праца ўсяго нашага калектыву, а можа, і не толькі нашага... Як вы ведаеце, у нас некаторы час працавала даволі аўтарытэтная камісія. Думка камісіі — не толькі працягваць пошукі, а і значна пашыраць іх. Прагледзеўшы ўсе матэрыялы разведкі, што вялася тут да гэтага часу, прагледзеўшы матэрыялы геафізікаў, улічваючы думку членаў камісіі, я прыйшоў да вываду, што разведку трэба перанесці на новыя структуры. А то мы топчамся на адным месцы неапраўдана доўга, а дзесяткі структур застаюцца некранутымі. А ў бліжэйшы час, як толькі Мінск зацвердзіць наш план, пачнём будаўніцтва некалькіх свідравін на поўначы Прыпяцкай упадзіны, на Зуеўскай структуры. Я прасіў бы ўсіх улічыць, што наша нафтаразведка перажывае крытычны момант. Калі мы ў бліжэйшыя гады не знойдзем нафту, то нас усіх адправяць на пенсію... Так што мы павінны зразумець сітуацыю і прыкласці ўсе старанні.

— Каб закрыць нафту, — падаў нехта рэпліку. Усе засмяяліся.

— Я вельмі паважаю гумар, — гаварыў далей Круглоў так жа спакойна і ціха, нібы для сябе і Чокана, што сядзеў побач і ледзь не глядзеў у рот галоўнаму. — Асабліва, калі гэты гумар праяўляецца своечасова. Вы, таварышы, павінны глыбока зразумець усю адказнасць моманту і не шкадаваць сябе ў працы, каб нам хутчэй прыйсці да пэўнага фінішу, гаворачы па-сапраўднаму. Вельмі важна, каб работа кожнага з нас не была пустой, а каб кожны наш крок, кожнае наша рашэнне былі навукова абгрунтаваны. Вось так. Калі ёсць у каго што сказаць, вядома, навукова абгрунтаванае, — нечакана для ўсіх Круглоў усміхнуўся, — дык прашу. Калі ласка.

— Можна? — спытаў Віктар, якому не хапіла месца ў кабінеце, і ён стаяў у прыёмнай, слухаючы галоўнага геолага праз адчыненыя дзверы. — Тут таварыш Круглоў нам далажыў сваю шырокую праграму. Я не збіраюся яе абвяргаць, але ў мяне ёсць некалькі думак, якія ўзніклі за той час, як я тут працую. Не ведаю, як усе, але я не вельмі зразумеў Мікалая Міхайлавіча. Ясна, што мы пачынаем шукаць нафту на новай структуры. Гэта ж азначае, што мы павінны распачынаць разведку нібы з самага пачатку. Мы ж нічога не ведаем пра гэту Зуеўскую структуру. Ведаем тое, што і пра астатнія. І таму міжволі ўзнікае пытанне: а чаму іменна Зуеўская? Толькі таму, што такая ёсць? Што мы можам чакаць ад гэтай Зуеўскай? Мне здаецца, што мы не можам ведаць гэтага нават і прыблізна. Хіба не так, Мікалай Міхайлавіч? — нібы прасіў прабачэння за сваё выступленне Віктар. — І атрымоўваецца, што ўвесь накоплены дагэтуль вопыт практычна пойдзе кату пад хвост. Вядома, на Быхаўскай плошчы мы не знайшлі нафты, хочацца сказаць — пакуль што. Але ў мяне, напрыклад, яе нафтаноснасць не выклікае сумнення, бо сустракаецца нямала, хай сабе і пабочных, яе прыкмет. Я пра гэта ведаю з тых дакументаў, якія ўдалося мне прагледзець. Быкаўская структура, як вядома, самая вялікая. І каб там знайшлі нафту, то гэта была б сапраўды прамысловая нафта. Яе хапіла б на многія гады. На жаль, яе там не знайшлі. І мне думаецца, што мы проста шукалі яе не так, як трэба шукаць. А як трэба — я не ведаю, гэтага ніхто з нас не ведае, і мы павінны падумаць разам. А ці не закупорваецца нафтаносны пласт у час бурэння? А ці не прымяняем мы занадта цяжкія растворы? Улічваючы вялікія тоўшчы солі, ці не падумаць наогул над прынцыпова новым растворам? А ці не прабурыць адну-дзве свідравіны на аблегчаным растворы? Я наогул заўважыў цікавую з’яву на Быкаўскай плошчы. Калі праходзілі міжсолевыя карбанатныя адкладанні, то там назіралася хоць і не вельмі актыўнае, але прыкметна павышанае выдзяленне газу. З чым гэта звязана? Ведаем? Не. А раптам там нафта? А чаму б не часцей карыстацца тэстарам, які дае магчымасць выпрабоўваць свідравіну ў адкрытым ствале. Яго, праўда, прымянялі, але такое ўражанне, што яго прымянялі толькі для таго, каб не гаварылі, што тут супраць новай тэхнікі... Карацей кажучы, узнікае шмат пытанняў, на якія хацелася б мець больш пэўныя адказы. І таму ці не лепей было б працягваць разведку на Быкаўскай плошчы, пашукаць, паспрабаваць самыя розныя метады, нешта знайсці, а не пачынаць фактычна ўсё спачатку на Зуеўскай. А потым, мы проста не маем права пакідаць структуру, нафтаноснасць якой не выклікае, здаецца, ва ўсіх нас сумнення. А то прабегаем з адной структуры на другую і ні адной дасканала не даследуем. А потым, ледзь не забыўся, варта было б больш увагі звярнуць і на наш газавы каратаж...

Віктар глянуў на Круглова, які сядзеў, здавалася, зусім абыякавы да таго, што ён гаварыў з такім хваляваннем, і маляваў нешта ў сваім блакноціку. Да Круглова нагнуўся Чокан, нешта спытаў у таго, той кіўнуў галавой, маўляў, хай пагаворыць. Чокан падняўся:

— Таварышы! Не зразумейце мяне так, што мы супраць абмеркавання. Не. Але, дарагія мае, мы не павінны ставіць пад сумненне правільнае ці няправільнае рашэнне. Мы павінны гаварыць з вамі, як лепей выканаць гэтае рашэнне.

— Забараняеце думаць? — спытаў нехта.

— Думаць трэба не наогул, а ў патрэбным кірунку, — і Чокан сеў.

Падхапіўся Дзятлаў. Ён, відаць, не вельмі ўмеў гаварыць на людзях, а таму хваляваўся, не мог сачыць за сваёй думкай, гаварыў нейкімі абарванымі сказамі, блытаўся ў словах і адразу цяжка было зразумець, што ён хацеў сказаць.

— Правільна сказаў Буткевіч. Што, сапраўды, такое наш каратаж? Газавы, вядома. Складаная тэхніка. Людзі. Вучыліся. А што? Ніякой карысці. Сабраліся і гаворым, і раней гаварылі. А што? Чокану нашаму і так нядрэнна. Я падышоў, кажу: Павел Фёдаравіч, у Саратаў трэба камандзіроўка. Ён сказаў — далёка. І ўсё. Чаго туды, у гэты Саратаў? Вось тут напісана, — ён дастаў з кішэні пераломаны часопіс і памахаў ім у паветры. — Там знайшлі нафту. Вось чаму. Газавы каратаж памог. Людзі прыдумалі. Дык паехалі, паглядзім... Колькі тых рублёў? Туды і назад. А то тут можна новыя структуры браць, мільёны на вецер, а нашаму брату ў які Саратаў, дык і нельга. Я і пытаюся, дзе ж праўда? — ён яшчэ пастаяў, а потым махнуў рукой і ўжо не сеў на сваё месца, а выйшаў у прыёмную, стаў ля дзвярэй у калідоры, закурыў.

— Хто яшчэ хоча адкрыць нафту? — засмяяўся Чокан.

— Дазвольце, — падняўся Лузько. Ён у шэрым, добра адпрасаваным гарнітуры, пад гальштукам, выдзяляўся сярод прысутных сваім занадта інтэлігентным выглядам. Не спускаючы маленькіх вочак з галоўнага геолага, развёў рукамі:

— Не разумею, абсалютна не магу зразумець, навошта наладзілі тут спрэчкі. Якія тут яшчэ могуць быць іншыя меркаванні, ды і навошта яны? Нас паклікалі сюды, каб пазнаёміцца з тымі задачамі, якія паставіў перад намі Мікалай Міхайлавіч. Я не бачу ніякіх падстаў ставіць пад сумненне яго вывады. І мы ўсе павінны даверыцца вялікаму вопыту Мікалая Міхайлавіча і з усёй адказнасцю і стараннасцю ўзяцца за работу. І я абсалютна не разумею, навошта нам гэтая дыскусія? Пачынаем гаворку пра Быкаўскую структуру. За дзесяць год там нічога не знайшлі, і нечага там болей сядзець. Ад яе трэба было даўно адмовіцца.

— А ці не баішся, што там знойдуць нафту? — спытаў Дзятлаў.

— Магу пабіцца аб заклад, што яе там не знойдуць, — сказаў упэўнена Лузько і сеў.

— Яно сапраўды, таварышы, — падняўся дырэктар, — правільна гаворыць Лузько. Мікалай Міхайлавіч добра прааналізаваў усё тое, што зроблена да яго тут нашай канторай, і калі прыйшоў да такога рашэння, а іменна, каб пачынаць разведку на Зуеўскай плошчы, то мы павінны не аспрэчваць гэтае, на маю думку, адзіна правільнае рашэнне ў данай сітуацыі, а мабілізаваць усю сваю энергію на выкананне пастаўленай перад намі задачы. Так што я думаю, нечага нам тут разводзіць дыскусію і дарэмна губляць час, а лепей брацца за работу, таварышы.

— Чаму ж, хай людзі выкажуцца, — запярэчыў Круглоў. — Якраз вельмі цікава...

Але болей ніхто не хацеў выступаць, тады ўзяў заключнае слова сам галоўны геолаг.

— Мне цікава было слухаць таварышаў, — сказаў Круглоў. — І шкада, што выступіла мала... Я хачу спыніцца крыху на выступленні Буткевіча. Я, калі ехаў сюды, таксама думаў, што, можа, тут як няправільна шукаюць нафту, што за колькі год ніяк яе не знойдуць. Тыя праблемы, — усміхнуўся Круглоў, — якія называў Буткевіч, зусім ніякія не праблемы. Яны маглі ўзнікнуць ад павярхоўнага ведання матэрыялаў разведкі. Я іх усе дасканала прагледзеў. Спадзяваўся, што знайду якую істотную памылку ў разведцы. І не знайшоў. Запэўняю вас, што і да нас тут працавалі даволі граматныя геолагі і яны біліся якраз над тымі праблемамі, пра якія тут гаварыў Буткевіч. Між іншым, я часта сутыкаўся з актамі выпрабавання свідравін і ў міжсолевых карбанатных адкладаннях. І там не знайшлі нічога, ды і не маглі знайсці. Тэарэтычна я дапускаю, што нафта можа быць у міжсолевых адкладаннях. Але наша практыка яшчэ не ведае прамысловых заляганняў нафты ў аналагічных умовах. Відаць, яе там і нечага шукаць. Я за сваё жыццё прывык давяраць не сваёй фантазіі, а фактам, навуцы. Дык вось, калі я прагледзеў усе дакументы, то, чэсна прызнацца, разгубіўся. Я многа думаў, чаму беларускія геолагі так і не знайшлі нафты. І прыйшоў да адзінай, на мой погляд, правільнай думкі — яны шукалі нафту там, дзе яе няма. Але ставіць пад сумненне дзесяцігадовы вопыт калектыву мы проста не маем права. Сляды нафты... Так, яны сустракаліся. Дык яны якраз і гавораць за тое, што недзе тут нафта ёсць, што яе трэба шукаць. Дзе? Толькі не там, дзе яе шукалі, шукалі і не знайшлі... Я згодзен, што тэстар дапамагае разведчыкам, паскарае разведку, прагрэс ёсць прагрэс, але я, хаця і не супраць тэстара, а цалкам за, не надаю такога ўжо вялікага яму значэння. Колькі месцанараджэнняў адкрылі і без яго! Калі нафта ёсць, дык ёсць. Хочацца сказаць яшчэ пра адну дэталь у выступленні Буткевіча, якая насцярожыла мяне. Бачыце, ён супраць разведкі на новай плошчы толькі таму, што яшчэ невядома, будзе там нафта ці не. Канешне, невядома. Разведка — заўсёды ў нейкай ступені рызыка. Але я спыніўся на Зуеўскай плошчы таму, што яна, мне здаецца, найбольш перспектыўная, чым іншыя. Канешне, цяжка гаварыць, наколькі дакладныя звесткі дае нам геафізіка. Але мяне здзіўляе, адкуль у маладога спецыяліста столькі асцярожнасці, калі хочаце, кансерватызму. І гэта ў маладыя гады. Мяне ў маладосці, ды і цяпер заўсёды цягнула на новае, неразведанае месца... А то які месяц пабыў на Быкаўскай плошчы і ўжо не хоча нікуды ехаць.

— Вы мяне проста не зразумелі, — не стрываў Віктар.

— Таварыш Буткевіч! — пастукаў па стале Чокан. — Спакойненька, спакойненька!..

— Павел Фёдаравіч, — звярнуўся Круглоў да Чокана, — усё нармальна, Павел Фёдаравіч. Моладзь і павінна быць такой. Хаця нястрыманасць ніколькі і не гаворыць пра адсутнасць душэўнага кансерватызму, але ўсё ж сведчыць, што чалавек не супакоіўся яшчэ, здольны на добрыя высакародныя парывы. А што тычыцца выступлення Дзятлава, то я скажу, што камандзіроўкамі ў нас распараджаецца Павел Фёдаравіч, і я не думаю, каб ён быў супраць, калі гаворка ідзе аб нечым карысным. Я наогул хачу сказаць, што ўсякая ініцыятыва, усякія прапановы, вядома, не легкадумныя, а абаснаваныя, слушныя, заўсёды будуць падтрымлівацца.

На гэтым сход і скончыўся.

У Віктара быў дрэнны настрой. З аднаго боку, ён не мог не верыць Круглову, вопытнаму праслаўленаму геолагу, а з другога — не мог пагадзіцца з тым, што яго думкі такія павярхоўныя, што і не заслугоўваюць увагі. Канешне, вінават толькі ён, Віктар: не прадумаў, як даказаць сваё, не сумеў, — а можа, і сапраўды ён вылез з дробязнымі праблемамі?

Ён выскачыў на ганак, спыніўся, не ведаючы, куды ісці. Хіба пачакаць Дзятлава ды ехаць у Бабры?..

— Чаго ж ты не заходзіш? — узяў яго за рукаў Лузько, уважлівы, са шчырай добразычлівасцю на радасным твары. — Ліда мне спакою не дае.

— Некалі, сам жа чуў — трэба на новую плошчу перабірацца, — проста не было чаго гаварыць Віктару.

— Ты што, пакрыўдзіўся? — насцярожыўся Лузько.

— Ды не... Чаго мне крыўдзіцца?

— Ну, можа, за маё выступленне. Дык я табе скажу і цяпер, што ты дарэмна наогул палез са сваімі праектамі. Нас паклікалі не раіцца, а аб’явіць сваё рашэнне. Дык што пераліваць з пустога ў парожняе?

— Слухай, Віктар, успомніў, — падышоў да іх Дзятлаў. — Гэтая дзяўчына, якую мы падвозілі, газеты прадае ў кіёску, што ля ўнівермага.

— Якое гэта мае значэнне? — падаў ён руку Лузько. — Прабач, Баціслаў, нам трэба ісці вось з Пятром у адно месца. Прывітанне Лідзе, як-небудзь загляну. Пайшлі, таварыш Дзятлаў, — і ён скіраваў на вуліцу.

— Ты што, сур’ёзна? — пайшоў той услед за ім.

— А ведаеш, такі настрой, што ўсё роўна, куды ісці. Запрашала ж... Што мы губляем?

 

Яны ехалі на аўтобусе да апошняга прыпынку, а потым стаялі на пустыры, не ведаючы, куды ісці. Крыху воддаль, па той бок шашы, якая бегла шырокай стужкай з горада і вузкай ніткай, агібаючы ўзгоркі, хавалася ў лесе, што сінеў на гарызонце, была вуліца.

Прайшлі па вузкай сцежцы праз густы і росны арэшнік, затым па хісткаму, з дзвюх перакладзін, мастку, пад якім праз каменьчыкі булькаў раўчук з такой празрыстай вадой, што яе нібы і не было там. Потым зноў сцежка павяла іх праз хмызнякі, але цяпер ужо крута ўверх. Спачатку яны ўбачылі ўзгорак, утырканы кучкамі саломы з-пад камбайна, а калі зусім выбраліся з хмызняку, то апынуліся адразу на вуліцы-аднабочцы. Тут стаялі новенькія, у большасці абшытыя шалёўкай і пафарбаваныя домікі. Гэта і была тая вуліца, якую яны шукалі. Прайшлі яе з канца ў канец, дома з патрэбным нумарам не было.

— Яна проста пасмяялася з нас, — нерваваўся Дзятлаў. — А мы як тыя дурні...

— Гэта ўжо цікава, — не хацеў прызнаваць сваю вінаватасць Віктар. Ён падышоў да крайняй хаты і пастукаў у веснічкі. Адказаў сіплы, як праз сон, сабачы брэх. Віктар пайшоў у суседні двор.

— Пайшлі назад, — настойваў Дзятлаў, — а то, можа, яна яшчэ сочыць за намі адкуль ды смяецца.

У суседнім двары веснічкі былі не замкнёны. Віктар адчыніў іх, заглянуў у двор. Сярод двара на раскладушцы ляжала ў купальніку жанчына, прыкрыўшы твар газетай. Віктар кашлянуў, жанчына хуценька села — пад ёй рыпнула кволая раскладушка. Жанчына таксама не ведала дома пад такім нумарам.

— А хто там жыве? — спытала, пазяхнуўшы.

— Адрас запісалі, а імя і прозвішча забыліся спытаць. Яна на паляванне ходзіць. Бацька яе таксама паляўнічы.

— Можа, тая, што ўзімку ваўка забіла? Ёсць у нас такая. У канцы вуліцы падыміцеся на гару, там...

Калі яны падняліся па крутой сцежцы ўгору, то там убачылі некалькі домікаў пад разгалістымі невысокімі бярозамі, якія звычайна растуць, калі для іх багата прастору і святла. Бярозы, відаць, раслі тут і да таго, як пасяліліся людзі.

Праз невысокі штыкетнік згледзелі сваю знаёмую. Яна, абвязаўшы хусцінкай валасы, каб яны не заміналі, ад чаго яшчэ болей здалася непрыгожая тварам — лоб стаў яшчэ болей выпуклы, і нос нібы пабольшаў, — засяроджана чысціла шомпалам ружжо.

— Прывітанне, — са штучнай бадзёрасцю закрычаў Віктар. — Мы думалі, у вас даўно вячэра гатова, а вы яшчэ сваю гармату чысціце.

— А-а, — яна акінула хуткім позіркам хлопцаў, густа пачырванела, паднялася. — Сваё я даўно пачысціла, гэта бацькава.

— Ваш стары дома? — падышоў бліжэй Дзятлаў. — Дык нам, Віктар, трэба хутчэй драпаць адсюль, а то як адкрыюць агонь з чатырох ствалоў.

— У вас пацэліш: бегаеце, як зайцы якія, мабыць, — і яна зноў пачырванела.

— Калі трэба, дык і пабяжыш, — хлопцы не ведалі, што рабіць далей: зразумелі, што іх не чакалі.

— Дык што ж вы там? — узяла сябе ў рукі дзяўчына. — Заходзьце, заходзьце...

— Зайсці яно не цяжка, — гаварыў Віктар. — Але мы прыйшлі не тары-бары разводзіць, а частавацца дзічынай.

— А вы заходзьце. Бацька дзве качкі падстрэліў.

— Тады зойдзем, — сказаў Віктар. Яны зайшлі ў двор. Віктар паставіў на ганак бутэльку гарэлкі, якую яны прыхапілі па дарозе. — А цяпер давайце знаёміцца.

Дзяўчыну звалі Зарынай.

— Вось што, сябры мае, — яна неяк хутка знайшла тую неабходную меру ў адносінах, што хлопцам адразу стала лёгка, і цяпер яны ўжо нічога дрэннага не бачылі ў сваім учынку. — Зараз з вамі возьмемся за вячэру, а то маці яшчэ на рабоце, а стары спіць. Ён пасля палявання ў мяне заўсёды так спіць, што і з двухстволкі не разбудзіш.

— Га, дык мы і качак паспеем паесці, покуль ён прачнецца, — асмялеў і Дзятлаў.

— Мой стары будзе тут як тут, толькі вы адкаркуеце бутэльку. Так што падрыхтуйцеся перанесці ўсе выпрабаванні да канца, з якіх самым нялёгкім будуць качкі. Стары падстрэліў старых птушак, так што прыйдзецца зубамі папрацаваць, — і яна весела засмяялася, забыўшыся, відаць, ці яна наогул ніколі і не сачыла за гэтым, што ў яе непрыгожая ўсмешка і вузкія рэдкія зубы, якія яе адразу рабілі на некалькі год старэй. Пайшла і хутка вярнулася з кошыкам і дзвюма качкамі, якіх трымала за сінія лапы. Прыгожыя, з фіялетавым адлівам, іх галовы звісалі да самае зямлі.

— Нам, можа, хопіць і адной? — спытаў Віктар.

— Не, я вас не адпушчу, покуль ад дзвюх нічога не застанецца, — яна проста не магла стрымаць усмешкі, хаця і старалася гэта рабіць, як толькі цяпер заўважыў Віктар, і нешта жаласлівае да яе варухнулася ў ім. — А то вы хочаце, каб мы потым самі тут пакутавалі... Нічога не выйдзе. А каб вас сумленне не трывожыла, дык сядайце ды памажыце мне абіраць бульбу. Можаце абіраць? Ну і цудоўна.

Калі яны наабіралі цэлую каструлю бульбы, Зарына сказала, каб яны крыху пагулялі паблізу, пакуль усё зварыцца.

— А чаму іменна паблізу, дазвольце вас спытаць? — яўна какетнічаў Дзятлаў.

— Каб потым змаглі знайсці дарогу дамоў: мой стары не ўмее адпускаць гасцей цвярозымі, асабліва пасля ўдалага палявання.

—Тады сапраўды варта разведаць усе дарогі, каб потым не трапіць у якую копанку, — з усёй сур’ёзнасцю, на якую быў толькі здольны, пагадзіўся Дзятлаў.

— Праз гадзіну, не пазней, каб былі, — крыкнула ім наўздагон Зарына.

Хлопцы выйшлі на вуліцу, за крайняй хатай павярнулі на ржышча, за якім недалёка, у нізіне, цямнеў лес.

— Няёмка ўсё атрымалася, — шкадаваў Віктар. — Яна нас не чакала, хіба не заўважыў? Як якія нахабнікі...

— Цяпер шкадаваць позна, — не засмучаўся Дзятлаў. — Вячэра рыхтуецца, і нас будуць чакаць. Наогул, я павінен сказаць, у вас людзі вельмі гасцінныя. Так бадзяешся ад вёскі да вёскі, асабліва гэта часта здаралася, калі я тут практыку праходзіў, — якія там грошы ў студэнта тэхнікума? — зойдзеш у хату, папросіш перакусіць. А сорамна, хоць праваліся праз зямлю. Але цётка так падасць, так цябе да стала запросіць, што ты ўжо і не адчуваеш сябе чужым, а нібы і дома. А яна тут жа стаіць і яшчэ дапытваецца: можа, падліць, дзетка? Між іншым, такая гасціннасць мяне аднойчы і падвяла. Здарылася гэта ў час усё той жа практыкі... Стаяў я ў адных на кватэры пад Петрыкавам. Ведаеш, глядзелі мяне, як дома, ды і лепей. І пакормяць, і з сабой яшчэ дадуць. Я і задумаўся, чаму раптам да мяне такая павага? У іх дачка была, толькі дзесяцігодку закончыла, вучыцца не паступіла, хадзіла ў мясцовую майстэрню, шыць вучылася. Думаю, ці не хочуць, каб я да яе ў прымы? Сумленне ў мяне прачнулася. Што ж, думаю, яны такія добрыя людзі і так да мяне, а я як? Пачаў прыглядацца да дзяўчыны. А ў васемнаццаць гадоў доўга прыглядацца да дзяўчыны не трэба. Я хутка закахаўся. Пачалі з ёй у кіно хадзіць. У тое ж лета і запісаліся... Праўда, я потым зразумеў, што тут проста людзі такія гасцінныя. Ды позна было. Але я ніколькі не шкадую. Больш дзесяці год мы жывём з Кацяй, і лепшай жонкі мне і не трэба, я шчыра табе скажу. Усюды са мной. Дзеці ў старых, а яна са мной. Колькі паездзілі з месца на месца. Гэта вось у Бабрах крыху заседзеліся, ды і то хутка пераязджаць. А ты жанаты?

— Жанаты.

— А дзе яна?

— У сваіх бацькоў.

— Не паехала? — неяк спачувальна спытаў Дзятлаў.

— Ды куды ж ёй пакуль ехаць? — не вельмі хацелася Віктару гаварыць пра сваю Тамару. — Дачка малая...

Па вузкай, ледзь прыкметнай сцежцы праз іржышча яны спусціліся ўніз, дзе пад шатамі густога альшэўніку, густа пераблытанага ажынніку, так што цяжка было і пралезці праз яго, бег раўчук. Ён то разліваўся, ледзь не знікаючы ў густой дзябёлай асацэ, то ўтвараў дзе-небудзь ля старых вымытых карчоў акенцы рыжай— ад тарфянога дна — вады. За гэтым раўчуком, на невялікім узвышшы, пачынаўся высокі сасновы бор. Там-сям сярод соснаў бялелі кволыя бярозы.

— Я, здаецца, разумею, чаму Зарына стала паляўнічай, — абы перамяніць гаворку, сказаў Віктар. — Тут узімку людзі толькі тое і робяць, што адстрэльваюцца ад ваўкоў.

— Можа, пойдзем назад? — паглядзеў на гадзіннік Дзятлаў. — Прызнацца, дык я і есці захацеў...

— А можа, не пойдзем? — завагаўся Віктар. — Усё-такі няёмка. Ну хто мы такія ёй?

— Я ж не хацеў, гэта ты...

— То тады такі настрой быў, што... А цяпер... Ну, памяркуй сам: дзяўчына стараецца, частуе нас, а мы сядзім і баімся вочы падняць на яе, каб не разгадала нашы думкі. А думаем мы пра тое, што старайся не старайся, дарагая, а ты нам зусім не трэба. І стары ж яе, не думай, усё будзе разумець. За чаркай і быць не шчырым...

— Дзівак, мы што, у сваты прыйшлі, ці што? Трэба было не ісці з самага пачатку, а цяпер нечага раскайвацца. Рыхтуецца ж недзе, а галоўнае, я есці хачу, — не думаў адступаць Дзятлаў.

Зарына ўсадзіла іх на верандзе. Блізка, за зашклёнымі сценамі, раслі маладзенькія яблынькі з буйнымі краснабокімі шлапакамі. Пад яблынямі буяў зялёны бульбоўнік. Недзе пад столлю дудзела пчала, што ненарокам заляцела. На стале дымілася бульба, стаяла на шырокай патэльні і яшчэ крыху, заціхаючы, цвірчэла падсмажаная качка. А Зарына ў новай зырка-чырвонай сукенцы ўсё бегала, усё нешта насіла на стол у вялікіх і маленькіх талерачках. У яе жвавых руках, у танклявай постаці, у твары, з якога не сыходзіла крыху разгубленая і нейкая нястрымана-шчаслівая ўсмешка, было столькі сапраўды непасрэднай радасці, што Віктар усё часцей і часцей з незразумелай для сябе цікавасцю паглядаў на дзяўчыну, нібы бачыў яе ўпершыню, не думаючы ды і не заўважаючы цяпер непрываблівую яе знешнасць. І калі яна, агледзеўшы стол і ўспомніўшы яшчэ пра нешта, пабегла зноў на кухню, Дзятлаў сказаў Віктару:

— Не бачу, Аляксандравіч, каб ты асабліва апускаў вочы.

Позна вечарам дзяўчына праводзіла хлопцаў, хаця яны і рашуча былі супраць, да самага рачнога вакзала.

— Ну вось, праз колькі мінут і адыходзіць ваш цеплаход, — падала яна руку на развітанне.

— Будзе проста сорам, калі мы адпусцім адну дзяўчыну дамоў ноччу, — сказаў Дзятлаў.

— А мы яе і не адпусцім адну, — пагадзіўся Віктар. — Зараз адвядзём дамоў, а першым цеплаходам раніцай і паедзем.

— Дамовіліся, — не пярэчыў Дзятлаў такой прапанове. — Толькі хвіліначку пачакайце, пабягу, можа, каго з Баброў убачу на цеплаходзе, папрашу, каб перадалі маёй Каці, што затрымліваюся, а то будзе хвалявацца.

І ён пабег. Яго чакалі доўга. І вось цеплаход адваліўся ад берага.

— Эй, на беразе! — пачуўся раптам голас Дзятлава. Ён стаяў на асветленай палубе і развітальна махаў рукой.

Віктар паказаў яму кулак.

Зарына стрымана смяялася...

 

Частка другая

Ведаючы аб знаёмствах Круглова ў Мінску, Чокан стараўся не падкрэсліваць перад ім, што ён яго начальнік, ніколі не навязваў яму свае рашэнні адразу, спачатку раіўся. І калі адчуваў, што той можа не пагадзіцца, то і не настойваў на сваім, а прымаў думку Круглова. Заўважыўшы, што галоўнаму геолагу падабаецца, калі ён, Чокан, заходзіць да яго ў кабінет пасядзець, пагаварыць, пачаў гэта рабіць часцей, абы была зачэпка. Пасля выхаднога, у панядзелак, Чокан заходзіў да Круглова без усялякай зачэпкі: заўсёды было што расказаць. І на гэты раз ён, у белай сарочцы, без пінжака, зайшоў, павітаўся з Кругловым, такім цяжкім і непавароткім за сваім пісьмовым сталом, сеў насупраць, спачатку паглядзеў нейкімі па-хлапечаму бездакорна-наіўнымі вачыма, са шчырай радасцю ўсміхнуўся:

— Эх, Мікалай Міхайлавіч, дарэмна вы не паехалі на рыбалку. Незвычайны выпадак. Адзін у стагоддзе. Падчапілі вугра, і ведаеце якога?! Доўгага і тоўстага. Цэлае вядро юшкі было і тлушчу, можа, у палец, есці немагчыма, дык злівалі тлушч.

— Можа, там што другое было? — сумняваўся Круглоў.

— Не, не, Мікалай Міхайлавіч... Я вугроў не першы раз лаўлю. Некалі ў Прыбалтыцы... Дык іх там, ведаеце, колькі? А вось на Прыпяці — першы раз... Так што наступны раз не адмаўляйцеся... — ён падняўся, падышоў да дзвярэй.

— Дарэчы, варта было б падумаць аб кадрах, якіх накіруем на Зуеўскую, — сказаў Чокан, нібы толькі цяпер, і то выпадкова, успомніў пра гэта, хаця іменна з-за гэтага і зайшоў. — Павесім загад, няхай людзі прывыкаюць, так сказаць, псіхалагічна. А можа, хто і адмовіцца, замяніць час будзе.

— Вы, відаць, прадумалі? — спытаў Круглоў.

— Ды не... Трэба разам падумаць.

— Ды што разам? Я ўсё роўна кадры дрэнна ведаю.

— Мне ад вас, Мікалай Міхайлавіч, не трэба меркаванні пра ўсе кадры. Мне дайце геолага. Канешне, варта было б туды паслаць найбольш вопытнага: зусім жа новая плошча.

Круглоў адразу ж падумаў пра Віктара Буткевіча. Ён бачыў, што Віктар здольны геолаг, неспакойны, неўрымслівы чалавек.

— Пашлём Буткевіча, — сказаў Круглоў.

— Не зеленаваты? — усміхнуўся Чокан. — Колькі ён працуе ў нафтаразведцы?

— Нічога, — не пагадзіўся галоўны геолаг. — Затое малады, дапытлівы. Ініцыятыўны. У нас нядаўна, не паспеў абжыцца, яму лягчэй будзе пераехаць на новае месца. А што тычыцца яго вопыту, дык мы з вамі для нечага ж тут сядзім. Будзем трымаць яго пад пільнай увагай, бо ад разведкі на Зуеўскай вельмі многае залежыць, — нейкімі стомленымі вачыма паглядзеў на Чокана, даверліва ўсміхнуўся. — А мая Сіманаўна загадвае мне абавязкова адкрыць нафту... Бачыце, ёй спадабалася ў Прыпяцку. Гаворыць, што такіх смачных грыбоў, як тут, нідзе няма. А мы з ёй нямала паездзілі па свеце.

— Дык вы хадзілі ў грыбкі і не хваліцеся, Мікалай Міхайлавіч?

— На базар, вядома.

— Тады вы не бачылі яшчэ грыбоў. Цяпер іх, праўда, не вельмі, але вось-вось пойдуць. Праз які тыдзень можна будзе ехаць. Адзін раз з’ездзім, і хопіць. Як вы?

— З асалодай.

— Дамовіліся.

Чокан яшчэ заглянуў у іншыя аддзелы, пабачыў, як людзі пасля выхаднога выйшлі на работу, з кім пажартаваў, з кім пагаварыў пра сур’ёзнае і толькі потым зайшоў у свой кабінет. Сеў за стол, глянуў на каляндар — ці не запісана там аб чым неадкладным, — задумаўся пра Круглова.

У апошні час, асабліва пасля сходу, ён часта думае пра яго. Так, Круглоў праслаўлены геолаг, у яго вялікі вопыт... Асабістая дружба з Бурдзічам. Усё гэта добра. А вось да разведкі Зуеўскай структуры падышоў занадта павярхоўна. Чокан пра гэта падумаў яшчэ тады, на сходзе, але падумаў, што Круглоў проста мае нейкія такія козыры, пра якія, можа, не хоча гаварыць усім. Але калі Чокан падпісваў напісанае галоўным геолагам абгрунтаванне на разведку Зуеўскай для Мінска, то ў ім ніякіх козыраў не знайшоў. Мінск іх прапановы зацвердзіў, значыцца, абгрунтаванні здаліся дастатковымі. Можа, болей нічога і не трэба. Ну няхай і так. Урэшце, структура не горшая за іншыя. Але навошта туды пасылаць Буткевіча, зусім нявопытнага геолага? Старшы геолаг участка — гэта не абы-хто... Ёсць жа ў канторы і больш вопытныя, са стажам. І зусім неверагодная здагадка апякла Чокана: а раптам Круглоў сам не верыць у гэтую Зуеўскую плошчу, вось і пасылае туды нявопытнага хлопца, каб у выпадку няўдачы было на каго зваліць віну. Тады і яму, Чокану, дастанецца: пад загадам будзе стаяць яго ж подпіс. «А мы зараз праверым, зараз праверым»,— не цярпелася дырэктару. Але цяпер ён не пайшоў да Круглова, каб той раптам не раскусіў яго па позірку, а пазваніў па тэлефоне:

— Дарэчы, Мікалай Міхайлавіч, я забыўся. Вашу прапанову наконт старшага геолага на Зуеўскі ўчастак трэба падаць у пісьмовым выглядзе. Вядома, фармальнасць, але ўсе службы падалі спісы, так што... Каб потым не гаварылі, што я сам усё прыдумаў. Хе-хе... Не, я не баюся. А ведаеце, хто паскардзіцца, ці што, прыедзе які фармаліст правяраць, — на якой падставе такі загад? А вось — прапановы самога Круглова. У нас дэмакратыя, так сказаць, дэмакратыя. Што ж рабіць, Мікалай Міхайлавіч, калі час такі... Калі трэба? Ды хоць зараз. Прабачце, што патурбаваў такой дробяззю...

Тамара ледзь не кожны день атрымоўвала ад Віктара лісты, то нецярпліва кароткія, усхваляваныя, то доўгія і нечакана спакойна-разважлівыя... Але ні задавальнення, ні радасці ад такой увагі мужа не было: яна лічыла ўсё гэта нармальнай, нават звычайнай з явай.

Тамара была пераканана, што Віктар без яе доўга не зможа пражыць, а лепшай і прыгажэйшай ён ніколі не сустрэне. І бадай-што з-за гэтае прычыны яна амаль не пісала яму, хаця ёй кожны раз карцела напісаць ліст у адказ, расказаць, як прайшоў дзень, як расце іх дачка, як яна часта ўспамінае бацьку. Лічыла, што чым меней будзе яму пісаць, тым мацней ён будзе сумаваць па ёй і, на што і спадзявалася, не вытрывае, прыедзе назад. Яна памятала, з якой неахвотай ён ехаў у Беларусь, як ён вагаўся... І яму, якому так адзінока там без сям’і, — яна гэта добра ведала па ягоных пісьмах, — варта будзе знайсці якую-небудзь больш-менш прыстойную зачэпку, і ён вернецца назад.

Але час ішоў, а спадзяванні Тамары не апраўдваліся. Пісьмы ад мужа прыходзілі не так часта, станавіліся больш стрыманымі, больш разважліва-спакойнымі. Па сутнасці, гэта было вельмі заканамерна: чалавек ужываўся ў новыя абставіны, работа ўсё болей і болей ахоплівала яго сваімі клопатамі. Гэта вельмі добра разумела Тамара, але яна ўжо не верыла сама сабе, ёй здавалася, што Віктар пачынае паступова забываць яе, можа, нават дзе знайшоў сабе якую... Ад аднае такой думкі яе начамі непакоіла бяссонніца, і яна тады не вытрымлівала, падхоплівалася, накідвала на голыя плечы хустку ці лёгкую коўдру і пісала звычайна доўгае пісьмо, у якім абвінавачвала мужа ў абыякавасці да яе: пісала пра сваё каханне да яго, якое ён такімі паводзінамі можа і разбурыць; пісала, як сумуе па ім з кожным днём болей і болей; як не хапае яго ў яе жыцці, якое ён зусім апустошыў сваім ад’ездам, як бязлітасны сухавей, што часам налятае на іх гарадок з гарачых стэпаў. Стомленая, засынала, а раніцай ірвала на дробныя шматкі ўсё, што напісала ноччу, саромеючыся сама сябе, маўляў, нечага перад ім паказваць слабасць, бо так можна наогул страціць усялякую ўладу над ім. А Віктар па-ранейшаму спакойна, нават з прыкметным задавальненнем, — ці не здзекуецца з яе? — пісаў пра сваю работу, пра свае меркаванні наконт беларускай нафты, — няўжо ён там сур’ёзна думае, што ён гэта вельмі цікава? — хваліўся, што жыве на кватэры ў прыгожай вёсцы над самай Прыняццю, «якая спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну», пісаў, якія цудоўныя людзі вакол яго, захапляўся сваімі гаспадарамі, асабліва сваёй гаспадыняй Ірынай Савельеўнай, — глянуць бы хоць адным вокам, што там за цуд гэтая Ірына Савельеўна, — якая корміць яго, нібы свайго. А раптам ён так хваліць сваю гаспадыню не толькі з-за смачных абедаў? Тамара з кожным днём усё з большай і большай трывогай думала пра Віктара і ўрэшце не вытрывала, адпрасілася на рабоце на тыдзень і, не папярэдзіўшы мужа, паехала ў Беларусь.

У Прыпяцку яна не пайшла ў кантору, хоць там магла дакладна даведацца, дзе цяпер яе муж. Гэтым яна выдала б сябе. Адразу паехала на рачны вакзал і ўзяла білет на цеплаход да Баброў. Недзе ўжо ў другой палове дня яна, з лёгкім чамаданчыкам, перакінуўшы плашчык праз руку, падыходзіла да дома мясцовага ветэрынара Дымка. У двары на калёсах ляжаў Іван і смаліў на сонцы сваё хударлявае з вострымі лапаткамі цела. Падняўшы ўзлахмачаную галаву, ён які час здзіўлена глядзеў на стромкую прываблівую смуглянку з вельмі чорнымі і шырокімі брывамі, так што цяжка было адвесці і позірк ад іх.

— Адкуль вы такая? — усміхнуўся, не хаваючы свайго захаплення.

Якраз так спытаў некалі ў яе і Віктар, як яна толькі выйшла з мора. Ён тады не адставаў ад яе да самага вечара, запрасіў у кафэ, дзе заказаў такую сціплую вячэру, што ёй было аж няёмка. Даведаўшыся, што ён толькі студэнт трэцяга курса, што ён адпачывае тут па пуцёўцы інстытуцкага мясцкома, болей з ім у кафэ не хадзіла, хаця ён яе і запрашаў, — бачыла, запрашаў і баяўся яе згоды, бо не вельмі быў грашавіты, — сустракаліся кожны дзень на пляжы, а потым, перад яго ад’ездам, яна пазнаёміла Віктара са сваімі бацькамі. Ён ім спадабаўся, і калі Віктар на наступныя канікулы прыехаў да іх, — гэта было ўзімку, то яны і запісаліся.

— Я жонка Віктара Буткевіча, — сказала яна, каб толькі не глядзеў на яе такімі вачыма гэты дзівак, паставіла чамаданчык, кінула на яго плашч.

— Не можа быць! — нібы і сапраўды расчараваўся раптам Іван.

— Чаму не можа быць?

— Ён вас не чакаў.

— А дзе ён?

— На рабоце. Можа, дзе на буравой, а можа, дзе тут, на ўчастку. Збегаць паклікаць?

— Не трэба, — яна паглядзела на гадзіннік. — Можа, сам хутка прыйдзе.

— Калі куды не паехаў, дык хутка.

— А паехаў, дык таксама не паклічаш.

— І то праўда.

— Дык вы, можа, праводзіце мяне ў яго пакой, ці што тут у яго?

— Прабачце, — падхапіўся ён. — Пойдземце. Мяне, між іншым, завуць Іванам, а бацьку — Пятром.

— Вельмі прыемна, Іван Пятровіч.

Ірына Савельеўна прымусіла Тамару паабедаць, хаця яна даволі ўпарта аднеквалася, маўляў, прыйдзе Віктар — тады. «Тады тое і будзе, і, потым, невядома, калі ён прыйдзе, не сядзець жа галоднай», — гаварыла гаспадыня. Калі Тамара абедала, яна не адыходзіла ад стала, расказвала пра Віктара, які ён спакойны, разумны, ціхі, што калі і яна, Тамара, такая, дык яна ніколькі не будзе супраць, каб яны жылі ў яе ўдваіх.

— Ой, ды мы і не думалі пра гэта, Ірына Савельеўна, — дзякавала Тамара. — Мне тут і няма рабіць дзе...

— А наробішся яшчэ, скажу табе, — махнула рукой Ірына Савельеўна. — Мужык пракорміць. Яны тут, пагляджу, дык якраз нядрэнна зарабляюць. А то кінеш аднаго, без нагляду... Ведаеш, як нялёгка аднаму мужыку?

— Паглядзім, Ірына Савельеўна, паглядзім, — у гэтую хвіліну яна гатова была пагадзіцца сапраўды застацца тут.

Пасля абеду Тамара пайшла ў бакавушку і прылегла адпачыць. І хаця яна за дарогу даволі стамілася, нават фізічна адчувала, як ёй хочацца спаць, але заснуць ніяк не магла, перашкаджала нейкая ўнутраная ўзбуджанасць, з якой яна ніяк не магла саўладаць.

Яна не ведала, ці спала, ці не, здалося, што толькі заплюшчыла вочы на якое імгненне і зноў адкрыла іх — перад ёй у дзвярах стаяў Віктар, спакойны, нават нейкі абыякавы, нібы нічога асаблівага ў тым, што яна прыехала, і не было, што так і павінна было быць, усміхнуўся, нібы ўпікнуў: «Што, не вытрывала?»

— Як я цябе ненавіджу, — прашаптала яна. Убачыла, як перасмыкнуўся твар Віктара, разгубіўся. Ёй стала шкада яго. — Не магу без цябе...

І ўскінула рукі яму насустрач...

 

Віктар і Тамара на другі дзень пад вечар зайшлі ў госці да Лузько. Іх, вядома, не чакалі. Лузько адразу ж пачаў дакараць, што не папярэдзілі і зайшлі так позна, маўляў, цяпер і ў магазіне нічога не купіш, так што і пачаставаць, як хацелася б, не пачастуеш. Ліда пабегла на кухню, задзынкала талеркамі. Паклікала мужа, і той хутка выйшаў з кухні з шырокай гаспадарчай сумкай.

— Баціслаў, нікуды не трэба хадзіць, — запратэставаў Віктар. — Не трэба! Не турбуйцеся. Мы вось пасядзім, пагаворым, паглядзім, як вы тут жывяцё...

— Праўда, не трэба, — падтрымлівала мужа і Тамара.

— Ды як жа так?! — выйшла Ліда. — Зайшлі ў госці і...

— Іменна, нічога, — настайваў Віктар.

— Не разумею, — не ведала, што рабіць Ліда.

— Калі вельмі ўжо хочацца пачаставаць, дык пачастуйце чаем, — сказаў Віктар.

— Мне ад гэтага не горш, — аднёс назад на кухню сумку Лузько.

І за чаем, і пасля, як яны сабраліся ў зале, гаворка ў іх не вельмі вязалася. Было ўражанне, што людзі проста не ведалі, пра што ім гаварыць.

Віктар хацеў пайсці, ды неяк няёмка было так хутка развітвацца, і ён сядзеў на канапе і разглядаў часопіс. Тамара сядзела побач і, палажыўшы рукі на калені, глядзела некуды праз акно.

А Ліда стаяла ў дзвярах і паглядвала на гасцей, чакаючы, што яны скажуць ёй пра кватэру. Яна вырасла ў вясковай хаце, дзе ўсе жылі ў адным вялікім пакоі, а потым, калі вучылася ў медвучылішчы і працавала, дык да самага замужжа жыла ў цесным кутку, і цяпер, аказаўшыся ў двухпакаёвай кватэры з усімі выгодамі, думала, што жыве ў немаведама якой роскашы, і рада была, калі хто прыходзіў да іх і хваліў кватэру. Ліда тады вастрэй адчувала сваю радасць, аж пунсавела ад шчасця.

І вельмі засмучалася, калі хто заставаўся абыякавым да яе жытла, як вось цяпер яе госці: Віктар са сваёй жонкай. Ну няхай Віктар маўчыць, дык ён тут не першы раз, прывык, а яна нос свой закапыліла і, здаецца, акрамя сябе, нічога і не бачыць. Урэшце, Ліда не сцярпела і з сялянскай непасрэднасцю спытала:

— Ну, як наша кватэра, падабаецца?

— Анічога, — абыякава сказала Тамара і, сустрэўшы даверліва-прастадушны позірк Ліды, паправілася, пастаралася пахваліць. — Від з акна прыемны, і наогул, калі паставіць добрую мэблю, дык яно не так і дрэнна будзе.

— Ды так здарылася, што паспяшыў тады перад вяселлем, купіў, што трапіла пад рукі, — апраўдваўся за мэблю Лузько. Ён круціў ручкі радыёлы, лавіў добрую музыку і ўсё ніяк не мог спаймаць. — Але хай стаіць пакуль. Лідзе падабаецца...

— А хіба так дрэнна? — кінуўся ў абарону сястры Віктар, заўважыўшы, як тая стаяла, пакусвала губы і ледзь не плакала. — Якраз добра. Утульна, нічога лішняга... Тамара сёння без настрою зусім.

— А чаго яна такая невясёлая? — спытаў Лузько.

— Ды адкуль жа ёй быць вясёлай? — абняў за плечы Тамару Віктар. — Прыехала да мяне жыць, а тут пераводзяць у іншае месца, трэба ехаць назад.

— Ты хочаш, каб я сапраўды прыехала? — уздыхнула Тамара. — Не выйдзе. Калі атрымаеш кватэру, хоць бы такую, як у іх, тады яшчэ падумаю.

— Ну што ж, дарагая, — засмяяўся Віктар. — Дзякуючы табе, я пажыву яшчэ халасцяком.

Тамара адчувала настрой мужа і сказала не столькі для таго, каб апраўдаць сябе ў вачах гаспадароў, колькі для таго, каб суцешыць Віктара:

— Каб жа я адна... А то ў нас малая, ёй хутка ў школу, жыць трэба недзе пастаянна.

— Дык ты, Томачка, бяры сваю дачку і пераязджай. Хай твой швэндаецца, дзе хоча, а ты будзеш жыць у нас. А што? Памесцімся.

Лузько зрабіў выгляд, што не пачуў слоў жонкі, ён засяроджана ўглядаўся, як рухаецца стрэлка ў прыёмніку, а потым, выключыўшы яго, падсеў да Віктара.

— Што за перадачы? Музыкі добрай не паслухаеш...

Віктар зразумеў Лузько, і хаця ён ні пры якіх умовах не пагадзіўся б жыць у іх, але тое, як паводзіў сябе сваяк, крыўдзіла яго, павялічвала і без таго прыкметную мяжу адчужанасці паміж імі. І ён, каб не быць прычынай няёмкага маўчання, спытаў з непадробнай цікавасцю:

— Ну, як табе ў тэматычнай партыі, Баціслаў? Ведаеш, мяне здзівіў твой пераход. Закінуць жывую справу, каб капацца ў паперах? Не разумею...

— Ты яшчэ многа чаго не разумееш, — сказаў Лузько паблажліва. — Ты за мяне гадоў на дзесяць маладзейшы, відаць. Ну вось... А хочаш усё разумець. А калі сур’ёзна, дык... Я, Віктар, каля дзесяці год займаюся, як ты гаворыш, жывой справай. Пры мне разы два мянялі дырэктара, галоўнага геолага трэцяга, здаецца, прыслалі. А што? Нічога. Ды хоць сто разоў мяняй начальства, а калі нафты няма, дык яе і не будзе. Справа ў тым, што нафту адкрываюць не начальнікі ў сваіх утульных крэслах, а геолагі ў полі...

— Вось іменна, — сказаў Віктар.

— І, між іншым, вучоныя, даследчыкі, — працягваў далей Лузько. — Я аддаў разведцы свае маладыя гады, а што? Нічога. Ні мне, ні людзям. Я верыў у беларускую нафту так, як, можа, ніколі ўжо не буду верыць. І цяпер ісці на новую плошчу, усё пачытаць спачатку? Не, не хочу... Хопіць. Хочацца падумаць, паразважаць, абагуліць нешта, карацей, у тэматычнай партыі я буду працаваць як даследчык, як вучоны, калі хочаш. Можа, ўдасца разгадаць якія заканамернасці і памагчы вам, практыкам. А потым — мне проста абрыдла бадзяцца па вёсках. Хочацца пасядзець на месцы. Вось так. Зараз я кожны дзень хаджу абедаць, а я ўжо быў і адвык ад такога, забыўся, што так можа быць. Ведаеш, Віктар, хочацца пажыць звычайным чалавекам...

Віктар адчуў, што Лузько не шчыры з ім, хутчэй — гуляе ў дыпламатыю, хаваецца, а таму без усялякага кампрамісу спытаў:

— Ясна. Карацей, прыстасаваўся, ці як гэта называецца?

— Дзівак, — хмыкнуў Лузько. — Проста, Віктар, я падумаў пра сябе.

— Цікава, цікава, — іранічна ўсміхнуўся Віктар.

— І нечага тут насміхацца, — раптам зусім нечакана ўзарвалася Тамара. — Чалавек во адумаўся і правільна зрабіў, і табе замест таго, каб смяяцца, лепей бы прыслухацца да старшага таварыша, калі жонкі не хочаш слухаць.

— Пачынаецца двухбаковая атака, — сказаў Віктар сястры, сустрэўшы яе спачувальны позірк. — Давайце, давайце... Усё ў вас? Усё. Цяпер, дарагія сябры, дазвольце вам задаць адно пытанне. Што будзе з нашай краінай, з нашай будучыняй, з усімі намі, нарэшце, калі кожны стане клапаціцца толькі пра сябе?

— Вось таму ў цябе няма ні кутка свайго, ні сямейнага жыцця, нічога, — упікнула Тамара мужа.

— Я не крот, — сказаў спакойна Віктар. — Мне мала свае нары.

— Якой у цябе няма, — перабіла яго Тамара.

— А яна мне і не трэба. Нара.

— А што табе трэба?

— Многа мне трэба, вельмі многа. І будучыня чалавецтва, і будучыня мае дачкі, і ты, цяпер і ў будучым, — ён абняў жонку за плечы, — іменна ты, а ніхто іншы, самая прыгожая жонка на зямлі, дзеля шчасця якой я жыву і працую, і пра якую я вельмі часта і многа думаю.

— Ды відаць, як ты думаеш, — прыкметна палагоднела Тамара.

— Кожны з нас павінен думаць пра іншых, і тады мы будзем вечна на гэтай зямлі. А калі мы будзем сядзець кожны ў сваёй нары, то паатручваем самі сябе.

— Цікава, пра што ты думаў, калі рваўся сюды? — пацепнула плячыма Тамара. — Кінуць такую пасаду і працаваць тут радавым геолагам... Не разумею...

— Я ехаў не за пасадай, а шукаць нафту.

— А калі ж ты яе знойдзеш?

— Не ведаю.

— А можа, ніколі, — умяшаўся Лузько. — Хутчэй за ўсё — ніколі. У нас нафты няма.

— Дык чаго яму тут сядзець? — цяпер Тамара звярталася да Лузько.

— Калі шчыра, дык і нечага. І калі там сапраўды была перспектыўная работа, то не варта было зрывацца, — і, убачыўшы, што Віктар спахмурнеў, сказаў прымірэнча: — А можа, яму і пашанцуе, хто ведае. Можа, ён у цябе такі геолаг, што носам нафту чуе...

— Чую, чую, — падняўся Віктар, глянуўшы на гадзіннік.

Ліда шчыра, а Лузько, ведаючы, што ў Віктара з Тамарай ёсць нумар у гасцініцы, запрашалі іх застацца начаваць. Яны, вядома, не пагадзіліся. Правёўшы іх, Лузько, як толькі вярнуўся дамоў, адразу ж пачаў дапякаць жонку:

— Навошта ты ім гаварыла пра кватэру? І, галоўнае, не параіўшыся са мной. А раптам яны пагадзіліся б? Тады што? І ім і нам дрэнна. Яны ж самі не просяцца? Не. Ды чаго ты спяшаешся? — ён сеў ля жонкі, якая, апусціўшы галаву, пакрыўджана маўчала. Шкадуючы яе, сказаў спакайней: — Ты запомні, Ліда, каб у нашай кватэры нікога пабочнага не было. І не таму, што мне шкада. Ты ж ведаеш, мне трэба многа чытаць, працаваць над дысертацыяй, і трэба, каб мне ніхто не перашкаджаў. А потым... У нас будзе малое. Так што месца не вельмі. Ды і маем мы права пажыць цяпер так, як нам хочацца, без чужога вока?

Ліда адчувала, што ў нечым галоўным, у нечым вялікім праўда за яе братам Віктарам, але была свая праўда і ў тым, што гаварыў муж.

— Ну добра, Баціслаў, — паднялася яна. — Я ніколькі не спадзявалася, што яны пойдуць да нас.

— Пасядзі са мной, — пацягнуў ён яе за руку.

— Пайду пасцялю...

Лузько падхапіў Ліду на рукі, аднёс у спальню і кінуў на высокую гару падушак.

— Бачыш, як добра адным, захацеў панасіць жонку на руках і панасіў... — стаяў ён, чырвоны ад натугі, часта дыхаючы.

— Захацеў і кінуў яе, як той мяшок з бульбай, — смяялася шчаслівая Ліда.

 

Адышоўшы крыху ўбок, далей ад драўлянай будыніны з адным акном — мясцовага аэравакзала, — Віктар паставіў жончын чамадан, прылёг на траву, гледзячы ў сіняе бяздоннае неба. Тамара прысела на чамадан, адарвала доўгую травінку і казытала ёю сабе падбародак, углядаючыся туды, дзе на небасхіле тырчалі заводскія трубы Прыпяцка. Абое зацята маўчалі, нібы не было чаго сказаць.

— А можа б, яшчэ пабыла? — нясмела спытаў Віктар.

Тамара нават не варухнулася.

— Чуеш, Тома? Хіба дрэнна мы правялі гэтыя дні? А, Тамара? Ты ж спачатку гаварыла, што прыехала на тыдзень. А пабыла якіх тры дні... Чуеш?

— Чую, чую, — уздыхнула Тамара.

— І?..

— Вось сяджу і думаю, што ты за чалавек.

— І што?

— А толькі пра сябе дбаеш. Бачыш, пабудзь тут з ім, бо яму весялей, бо яму без Томачкі сумна. А тое, што ў Томачкі сэрца разрываецца па дачцэ, дык яму не ішло і не ехала. Я тры дні не пабачыла Раечку і ўжо не магу, а ты... Эх, бацька. Не разумею, навошта ты толькі ажаніўся? Хіба табе сям’я трэба? І наогул... Я тут толькі і чула пра нафту. Табе болей нічога не знайшлося сказаць.

Віктар глядзеў у неба і маўчаў. Было крыўдна слухаць усё гэта. Канешне, зараз можна было б ёй сказаць, як ён кахае яе, як ён чакаў ад яе пісем, як ён думае пра дачку, як ён тут сумуе без іх, і тады б, можа, Тамара супакоілася. Але навошта гаварыць пра тое, што і так павінна быць зразумела, ці яна нічога не бачыць? Не, не можа быць. Навошта ж яна гаворыць такое?

— Ну, што маўчыш?

— Гляджу на неба...

— І што?

— Яно крыху мякчэйшае, чым у вас там, на Поўдні.

— Сказаў, — цяпер раззлавалася, што ён хваліць сваё неба. — Усюды яно аднолькавае.

— Можа, і аднолькавае.

Яна ўважліва паглядзела на яго і нібы ўзрадавалася, што яго так раздражніла, усміхнулася:

— Што ты будзеш рабіць, як паеду?

— Сёння ці наогул?

— Ну, наогул ты нафту будзеш шукаць...

— Канешне. А сёння... яшчэ не ведаю. Спачатку буду сачыць за самалётам, пакуль можна будзе, а потым пайду ў горад, можа, нават схаджу ў кіно, якое нам учора так і не ўдалося паглядзець...

Відаць, яна спадзявалася пачуць нешта іншае, ва ўсякім выпадку, яго намер пайсці ў кіно ёй зусім не спадабаўся.

— А ведаеш, Віктар?.. Мы ніколі не зразумеем адзін аднаго. Цябе гэта не страшыць?

— Чаму не зразумеем? Мне здаецца, я цябе разумею.

— Вось іменна, што здаецца... А я цябе не разумею. Не разумею, і ўсё. Ну тады, няхай, вучыўся. Правільна. А цяпер? Цяпер бы толькі пажыць. Дык не, ляціць сюды... Тут месяц не пабыў на адным участку, і ўжо — на другі. Як ад каго ўцякаеш...

— Ты жонка геолага.

— У твае сястры муж таксама геолаг.

— Сказала...

— А што? Калі чалавек у першую чаргу клапоціцца пра сям’ю, дык ён і не геолаг?

— Прыстасаванец.

— Паслухаць, дык вакол цябе адны толькі прыстасаванцы і жывуць.

— Я не пра ўсіх, а пра мужа сястры. Яму хочацца кожную ноч начаваць дома, абедаць, хадзіць у белай манішцы. Дык хіба гэта геолаг?

— Я, Віцечка, не пракурор, а толькі твая жонка.

— Слухай, мая жонка... Ты памятаеш, пра што я гаварыў табе, калі мы пазнаёміліся?

— Калі ты аслупянеў ад мае прыгажосці і нічога не мог сказаць разумнага? Як, між іншым, і потым...

— Не, калі ішлі запісвацца.

— Іншы раз на цябе находзіла.

— Я гаварыў тады, што ты будзеш жонкай геолага. А геолаг... Гэта чалавек, які не мае права на спакойнае жыццё. Гэта вечны шукальнік. Ён ідзе па зямлі, шукае скарбы і дорыць іх людзям. А побач з ім — яго верны сябра, друг — яго жонка. Заўсёды побач. І калі гора, і калі перамога, радасць. Жыццё цяжкае, але не пустое. Памятаеш, як я гэта табе гаварыў?

— Памятаю... Але з таго часу ты хаця крыху паразумнеў?

— Здаецца. І яшчэ больш пераканаўся, як я быў правы тады... — і ён дапытліва паглядзеў на яе.

— Ну, дарагі мой геолаг, людзі, здаецца, пайшлі на пасадку, — яна паднялася, абцягнула сукенку.

— Пойдзем і мы, — узяў ён чамадан.

Самалёт быў пасярэдзіне поля. Спяшаючыся, абганяючы адзін аднаго, шнурочкам расцягнуліся пасажыры.

— Бачыш, як бягуць, каб лепшае месца захапіць. Хто яны, па-твойму? — спытаў Віктар, ледзь паспяваючы за жонкай.

— Ой! — узмахнула рукамі Тамара. — Толькі ў пісьмах не пішы мне пра гэта, а то звар’яцею.

— Пры адной умове. Калі будзеш пісаць мне часцей.

— Пастараюся, — яна ля самалёта ўзяла чамадан. — Толькі ў пісьмах не забывай пацалаваць дачушку, — у яе вочы заблішчалі, і яна часта заплюскала, раптам парывіста абняла яго, схаваўшы твар у яго на грудзях, а ён гладзіў яе плечы.

— Пусці, прычоску сапсаваў, — не азіраючыся, паднялася ў самалёт.

Віктар не стаў чакаць аўтобуса, пайшоў у горад пехатой, узбоч пыльнай дарогі... Не спяшаўся. Было самотна, як ніколі. Да прыезду Тамары ён часта сумаваў па ёй, але цяпер, калі яна пабыла з ім якіх тры няпоўных дні, адчуваў сябе зусім адзінокім, свет навокал зрабіўся нецікавым, пустым, настолькі пустым, што ні позірку, ні думцы не было за што зачапіцца. Цяпер добра сустрэцца з сябрам, каб той глянуў на цябе і ўсё зразумеў, і большага суцяшэння не трэба. Але да каго пайсці? Да сястры? Не хацелася сустракацца з Лузько — здаецца, няшчыры ён, усё хітрыць. Дык няўжо такім людзям несці свой сум? «І, аказваецца, дарагі Віктар Аляксандравіч, бліжэйшай, чым твая Тамара ў цябе і няма нікога на зямлі». І такая самотнасць ахапіла яго, што калі б раптам апынуўся побач самалёт, дык паляцеў бы наўздагон за Тамарай і ўжо ніколі-ніколі не адпусціў бы яе ад сябе...

Яшчэ не ведаючы, што яму рабіць, куды скіраваць, ён падыходзіў да цэнтра горада. Ля шклянога кіёска спыніўся, разглядаючы стракатыя вокладкі часопісаў. Заглянуў усярэдзіну і сумеўся ад нечаканасці. На яго глядзела з радаснай сарамлівай усмешкай, паказваючы свае рэдкія зубы, Зарына.

— Прывітанне! — сказаў Віктар і адчуў, што чырванее: з’явілася нейкае ж зусім недарэчнае пачуццё віны перад дзяўчынай. У тую ноч, калі праводзіў ад рачнога вакзала дадому, абяцаў прыйсці да яе на работу ці, можа, дамоў, і, вядома, забыўся на сваё абяцанне.

— Купляюць газеты? — болей і не знайшлося пра што спытаць.

— З раніцы, як ідуць на работу, — адказала яна. — А цяпер — не вельмі.

— Дык чаго тут сядзець?

— Да сямі гадзін паложана...

— Доўга яшчэ, — паглядзеў на гадзіннік Віктар. — Слухай, Зарына, пойдзем у кіно. Хочацца што-небудзь смешнае паглядзець.

— Нешта не па-сучаснаму, Віктар Аляксандравіч, — засмяялася яна. — Цяпер запрашаюць на пляж ці ў рэстаран.

— Калі ўжо па-сучаснаму, дык дзяўчына павінна запрашаць хлопца. Вось пагляджу, куды вы мяне запросіце.

— Я вас і зараз запрашаю. На паляванне.

— Цудоўна. На качак?

— Качак перастралялі недзе. Я вас запрашаю на зайцоў.

— Згодзен.

— Як упадзе першы снег,—і яна залівіста засмяялася.

— Згодзен. А я вас запрашаю на пляж на наступнае лета.

— Цудоўна. Я якраз за зіму раздабуду сабе самы модны купальнік.

— А цяпер, можа, сходзім у кіно? — яму неяк лягчэй было з дзяўчынай, сум адступіўся, і ён баяўся, што калі застанецца адзін, то зноў ён вернецца, авалодае ім. — Толькі ж доўга цябе чакаць.

— А я зараз зачыню кіёск, — і яна сапраўды пачала хуценька збірацца.

Білетаў на бліжэйшы сеанс не было.

— Ну вось... — расчаравана сказаў Віктар. — Нам сапраўды нічога не застаецца, як пайсці ў рэстаран.

Асаблівага энтузіязму ў яго словах не чулася. І гэта заўважыла Зарына.

— Не, у рэстаран мы не пойдзем, — не пагадзілася яна.

— Што ж будзем рабіць?

— Я давяду вас да рачнога вакзала, памахаю ручкай услед, а сама пайду дамоў і з нецярпеннем буду чакаць, пакуль выпадзе першы снег.

— Вельмі нават разумна, — адкрыта радаваўся Віктар. Ён не ведаў, што яму рабіць далей, бо заставацца з Зарынай ніколькі не хацелася: самотнасць прайшла, — яна заўсёды праходзіць ад сустрэчы з людзьмі, — ён зноў набыў душэўную раўнавагу, але як пазбавіцца дзяўчыны, не мог прыдумаць, і з гэтага становішча яго выручыла сама Зарына! — Не, вы цудоўная дзяўчына! Я проста рады, што сустрэў вас сёння.

 

Іван Дымок не раз сустракаўся з буравікамі, — многія з іх стаялі на кватэрах у іхняй вёсцы, — бачыў часта іх і ля магазіна, калі яны збіраліся там пасля палучкі, ці ў выхадны дзень, бачыў ля клуба, не раз чуў, пра што яны гаварылі, а калі вучыўся ў дзевятым класе, то іх вадзілі на экскурсію на буравую, і таму нічога незвычайнага, надзвычай цікавага, што б яго захапіла па-сапраўднаму, там не чакаў.

Спачатку Чугуй, калі Іван зайшоў у вагончык, проста не заўважыў яго, а доўга з некім спрачаўся па рацыі, патрабаваў, каб прыслалі зваршчыка. Ён так крычаў, што яго тоўсты карак аж пачырванеў. А потым, павесіўшы тэлефонную трубку па рычаг, пранізліва глянуў на юнака з-пад касматых і вылінелых броваў, спытаў:

— Ну, што скажаш?

— Вы Сяргей Антонавіч?

— Я.

— Я да вас на работу.

— А што ты хочаш рабіць?

— Што-небудзь.

— А што ты ўмееш?

— Скончыў дзесяцігодку.

— Ясна. Значыць, нічога не ўмееш.

— Чаму нічога? Чытаць умею. Лічыць да тысячы.

— Та-ак, — майстар не зрэагаваў на яго дасціпнасць. — На сезон ці назаўсёды?

— Не ведаю.

— Можа, сумна дома сядзець? Захацелася жыцця весялейшага? Ці, можа, жыццё хочаш вывучаць? Хе-хе, — нечакана шчыра і неяк добразычліва рассмяяўся майстар. Аказваецца, у яго быў мяккі выраз твару. — Быў у мяне на буравой адзін хадок у народ. Хадзіў з блакноцікам і ўсё запісваў нашы мацюкі, — і закончыў не тое што вельмі сур’ёзна, а нават жорстка. — У нас трэба працаваць. А ты нічога не ўмееш... Але не гэта галоўнае. Галоўнае — я павінен ведаць, ці варта цябе вучыць? А то другога вучыш, вучыш, а потым толькі яго і бачылі...

— Заяву пісаць, ці як? — перабіў Іван разважанні майстра.

Майстар нечаму ўсміхнуўся, зноў, цяпер больш прыдзірліва, змерыў Івана позіркам, сказаў:

— Пакуль не трэба твая заява. Пабудзеш дзень-другі, дык, можа, яшчэ і не захочаш пісаць.

— Не бойцеся, — запэўніў Іван.

— А я, юнаша, і не баюся. Не ты першы, не ты апошні. У мяне тут многія хочуць злавіць тую самую — а якую, дык і самі не ведаюць, — рамантыку. Ды не ўдаецца. А тут не шукаць трэба, а працаваць. І ўсё. А піжоны якраз гэтага і не любяць, — ён дастаў з кішэні ў штанах круглы гадзіннік, паглядзеў, зноў запіхнуў назад. — А сёння, малады чалавек, дарэчы, можна яшчэ і павучыцца таму-сяму. Вось бачыш, — ён кіўком галавы паказаў на акенца. — Там такі хляўчук з гарбылёў. Гэта наша бытоўка. Ідзі і выберы сабе робу... Потым зойдзеш да мяне.

Іван моўчкі выйшаў. Хацелася плакаць, як малому.

Так непачціва, так зняважліва з ім яшчэ ніхто не гаварыў. «Але нічога, я дакажу вам, што я не піжон, што я...» У хлеўчуку з гарбылёў прама на падлозе валяліся брудныя робы, штаны, каскі, гумавыя боты. Спачатку ён доўга падбіраў сабе каску. Усе яны пахлі потам і газай. Затым адзеў сінія, шырокія, як у Тараса Бульбы, штаны — меншых не знайшлося, — прымерыў робу з брызенту з жоўтымі металічнымі гузікамі. Аднаго гузіка не было, замест яго тоненькім дроцікам быў прывязаны бярозавы сучок. Калі абуў халодныя і крыху вільготныя ўсярэдзіне боты, то сцепануўся так, нібы ступіў на халодную мокрую жабу босай нагой. Знайшоў махрастыя, з грубай мешкавіны, анучы. Абуў іх. Нагам стала мякчэй і ўтульней. Зайшоў да майстра, той неяк здзіўлена паглядзеў на яго, сказаў, што ў гумавіках цяпер гарачавата, але нічога, потым можна знайсці які лягчэйшы абутак, і павёў яго на буравую. Яны прайшлі па мокрых і слізкіх падмостках, абляпаных шэрай глінай, а потым спусціліся і пайшлі па вузкіх кладках. Там, дзе гэтыя кладкі канчаліся, ля вялікай драўлянай скрыні сядзеў юнак у майцы, падлажыўшы пад сябе робу, і боўтаўся невялічкай рыдлёўкай накшталт расплясканага поварскага чарпака ў бруднай вадкасці, якая па жолабу сцякала ў скрыню.

— Вось, Кіга, табе і зменны, — сказаў Чугуй. — Навучы яго.

— Ясна, Сяргей Антонавіч, — сказаў з падкрэсленай пачцівасцю ён майстру і кіўнуў Івану. — Садзіся побач, салага. Ну, хто ты і адкуль?.. Школу, кажаш, закончыў? І ўсё? — і заключыў расчаравана: — Ясна, салага. Хочаш атрымаць карысную грамадскую прафесію. Я зусім не супраць перадаць свой вопыт і веды маладой змене... Па-першае, знімі свой дурацкі халат, а то хутка зварышся, і лепей садзіся на яго, а то дошкі мокрыя, хадавая частка адсырэе, будзеш кульгаць на дзве нагі.

Іван раззлаваўся (сам яшчэ ледзь ад зямлі адрос, матчына малако на губах не высахла, а нос задраў), але Кіга яму дружалюбна падміргнуў круглым арэхавым вокам, і ў яго злосць крыху апала. А Кіга павучаў далей:

— Дык уважліва, калі ласка, слухай. Я рэдка лекцыі чытаю, асабліва павучальныя, гэта здараецца, можа, раз у год, і то ў такі ясны і не вельмі гарачы дзень. Дык вось тое, што цячэ па гэтым жолабе, называецца растворам, між іншым, гліністым. Гэты раствор падымае па трубах з вялікай глыбіні, ад самага забоя, прадукт дзейнасці буравой, яе з’яднанага калектыву — шлам. Шлам асядае вось у гэтай скрыні, а ачышчаны раствор зноў паступае ў насосную групу і выконвае свае непасрэдныя абавязкі спачатку, — насосы пад вялізным ціскам зноў гоняць яго ў свідравіну... А ты будзеш рабіць вось што... Вазьмі гэтую лыжачку... Так. Правільна. У школе па працы, відаць, пяцёрка? А цяпер выкінь вунь тую кучачку шламу. Правільна, правільна. Лепей і не трэба. Яшчэ ты часам павінен ачышчаць жалабы ад гліны, бо калі яе багата наліпае, дык раствор цячэ праз верх, а гэта называецца разбазарваннем дзяржаўных сродкаў. Спадзяюся, ты разумны хлопец і ўсё, што сказаў я, запомніў, зразумеў, і табе можна даверыць гэты адказны пост. Ты выдатна справішся, упэўнен, і адзін, а я пайду і пакуру ў адведзеным для гэтага месцы, бо тут, ля гэтага карыта з гразюкай, курыць строга забараняецца. А каб не страціць давер арганізаванага калектыву, трэба выконваць усе правілы, якія выпрацаваў гэты самы калектыў.

Іван прасядзеў не болей паўгадзіны, а яму падалося, што вельмі доўга. Кожныя пяць мінут паглядваў на гадзіннік. У тым, што ён цяпер рабіў, не бачыў ніякай цікавасці. Але спадзяваўся, што гэты балбатун Кіга, можа, яшчэ не ўсё яму расказаў, бо яму ніяк не верылася, што гэта і была яго ўся работа.

Нарэшце з’явіўся Кіга.

— Уяўляеш, — абураўся ён, — майстар заўважыў маё бадзянне па тэрыторыі ў час вахты і, вядома, зрабіў заўвагу. Я, канешне, палез у спрэчку, пачаў даказваць, што ў мяне зменны ёсць і што сядзець ля яго, значыць, не давяраць чалавеку, у якога, між іншым, сярэдняя адукацыя і вельмі развіта пачуццё адказнасці. Думаеш, паверыў?.. Канешне, пры складанні нарадаў успомніць і якую дзесятку я недапалучу. Так што, малады чалавек, улічвай, вучыся на вопыце старэйшых. Ты можаш нічога не рабіць, нават спаць ля гэтага карыта, толькі не бадзяйся па тэрыторыі ў час вахты, бо тады майстар ніколі не паверыць у твой працоўны энтузіязм. А гэта адразу адаб’ецца на зарплаце, і тваё быццё будзе азмрочана адсутнасцю сродкаў для радасці. Вось так...

А густы раствор усё бег і бег па вузкіх жалабах. Гулі дызелі. І было адчуванне, што гэта яны гудуць ад таго, што ім абрыдла перакачваць суткамі адну і тую ж вадкасць. Іван самлелай рукой зграбаў і зграбаў каменныя крошкі і бяздумна глядзеў, як у скрынцы пеніцца густая вадкасць.

— Ды ты цудоўна авалодаў прафесіяй, — нібы здзекаваўся Кіга. — Калі такія тэмпы захаваеш і надалей, то хутка станеш перадавіком нафтаразведкі і тваім бязгрэшным партрэтам упрыгожаць Дошку гонару ля нашай канторы ў Прыпяцку.

— Гэта і ўсё? — паказаў вачыма Іван на скрынку.

— Мой юны сябра, ты вельмі рана пра гэта пытаешся. На такое пытанне мае права толькі той, хто доўга пражыў на гэтай зямлі, каму, можа, засталося толькі раз уздыхнуць, здзівіцца і спытаць: «І гэта ўсё?» Будзем лічыць, што ты ў мяне нічога не пытаўся... Лепей адкажы на маё пытанне і заадно запомні, якімі пытаннямі можна карыстацца ў маладосці... Ты, як і ўсе абывацелі, відаць, харчуешся сярод белага дня. Я да гэтага практычна хаця і не прывык, але не супраць, болей таго, буду рады, калі пастараешся прывучыць да такой раскошы. У цябе, відаць, для гэтага ёсць адпаведны харч. Хлеба луста, шматок сала... Маці ж не магла адправіць свайго сына ў вялікае жыццё, нічога не даўшы на дарогу.

Іван дастаў скрутак з ежай. Тут сапраўды былі і хлеб, і сала, і ладны смажаны лешчык, і некалькі піражкоў з грыбамі, і доўгая, з-пад імпартнага каньяку, бутэлька з малаком.

— Вось гэта — канкрэтная размова, — аблізаўся Кіга. — Паколькі табе яшчэ хочацца думаць над жыццём, то ты націскай на рыбу, бо ў ёй багата фосфару. А мне трэба многа мужчынскай сілы, бо я на сваю галаву не спадзяюся, а болей на рукі ды на ногі. А таму вазьмуся за сала, калі не пярэчыш. Не адмоўлюся ад піражкоў і малака, хаця гэта будзе і залішнім для майго арганізма, прывучанага да сціплага жыцця. Але не да сумнага... Уся мая бяда ў тым, што я люблю жыць прыгожа... Улічы, большасць людзей не ведаюць сапраўднага жыцця. Закуюць сябе ў маладосці ў сямейныя ланцугі, сядзяць ля сваіх кублаў і не ўяўляюць, што ёсць сапраўднае жыццё... Мяне заўсёды цягнула да незвычайнага. Пасля васьмігодкі доўга працаваў рабочым у розных тэатрах. Я табе скажу, гэта былі незабыўныя гады ў маім жыцці. Але ў мастацтве я канчаткова расчараваўся. І вось цяпер звязаў лёс з нафтаразведкай... Тут добра тым, што захацеў — звольніўся, захацеў — вярнуўся назад. І грошы нічога сабе, не тое што ў мастацтве... Дзякую за харч, дружа, цяпер вось што... Ты, бачу, чалавек самалюбівы, горды, прагнеш самастойнае дзейнасці. Дык вось, ты стой на гэтай ганаровай вахце, а я пайду вунь пад тыя бярозкі, — ён паказаў рукой на беразнячок, што быў за копанкай для раствору, — і прагледжу некалькі светлых сноў. Даўно ў кіно не быў, а мне, калі сярод дня наемся добра, дык заўсёды сняцца светлыя сны. Яны ўзнімаюць нашага брата над шэрай будзённасцю... Дарэчы, як з’явіцца на гарызонце наш строгі майстар, то шпурні камянюкай у тое балота, і я адразу сшуруплю, што да чаго, і буду тут, як па баявой трывозе, — і Кіга, пераскокваючы з каменя на камень, абагнаў копанку і знік у беразнячку...

Першы дзень на буравой прайшоў для Івана ўсё ж больш-менш цікава. Многае сапраўды для яго было новым. А потым нямала яго весяліў і гэты Кіга сваёй балбатнёй. А на другі дзень Іван ледзь дачакаўся канца вахты. А ў канцы трэцяга дня ён заявіў Чугую, што болей на работу не выйдзе.

— Аказваецца, тонкая ў цябе кішка для рабочага чалавека, — сказаў яму майстар.

Іван дома папрасіў маці, каб яна не будзіла яго раніцай. Тая ўсё зразумела адразу і не стала нічога распытваць. Прачнуўся, калі нікога не было дома, ледзь не перад абедам. Ён доўга сядзеў на ганку, і яму нічога не хацелася рабіць. Сядзеў і грэўся на сонцы. А пасля абеду ўзяў кнігі і заваліўся на калёсы, але не чытаў, ляжаў і глядзеў як па пебе плывуць рэдкія белыя воблакі.

Недзе пад вечар прыйшоў Віктар. Ён зайшоў у хату і вярнуўся адтуль са сваім партфелем. Спыніўся ля калёс.

— Скажаш, Іван, сваёй маці, што мяне гэтыя дні не будзе.

— Добра.

— А ты ўжо з работы?

— Не.

— У начную?

— Не.

— Пачакай, хлопча, — падышоў бліжэй Віктар. — Нейкі ты не такі...

— Можа быць, — усміхнуўся Іван.

— А што здарылася?

— Нічога.

— Прагналі з буравой?

— Не. Сам.

— Як сам?

— Сам. Пераканаўся — гэта не тое, што трэба. Ведаеце, Віктар Аляксандравіч, я ж дзесяць класаў скончыў. Сярэдняя адукацыя! Дык дайце мне работу, дзе я магу скарыстаць свае веды. А я што рабіў на буравой? Ну, калі б вас вось зараз ды прымусілі гандляваць газіроўкай? Вам было б гэта зусім нецікава... А мяне ж там пасадзілі ля нейкага карыта — і боўтайся ў гразюцы. Прымітыў? Ды яшчэ і які! Пасядзеў тры дні, і ўсё, не магу болей.

— А Чугуй?

— А што Чугуй?.. Сказаў, што ў мяне тонкая кішка. Дык добра яму разважаць, ходзіць па буравой, рукі ў кішэні — кіраўнік! А пасядзеў бы сам ля таго карыта, што б ён тады загаварыў.

— А ведаеш, што я табе скажу? — падсеў Віктар на калёсы, і тыя чукнуліся пад ім на сваіх зыбкіх рысорах.— Правільна сказаў майстар.

— Правільна?.. — усміхнуўся Іван. — Віктар Аляксандравіч, вы ж самі мне гаварылі пра прызванне, якое прыносіць сапраўдную радасць. Памятаеце, на рыбалцы? А цяпер?

— Гаварыў, Іван. І ўсё, што тады гаварыў, магу паўтарыць і цяпер. Канешне, чалавек павінен работаць там, дзе яму хочацца, але ў сваім жаданні ён не павінен кіравацца нейкім часовым капрызам, а сваім прызваннем... У кожнай справе ёсць не толькі святы, а і будні. Вось ты гаварыў пра Чугуя, пра яго работу, гаварыў так, нібы зайздросціў, а ці ведаеш ты, што гэты Чугуй некалі пяць год з дня ў дзень рабіў тое, на што хапіла цябе толькі на тры дні? Вазьмі нават інстытут, які трэба скончыць, каб стаць геолагам. Пяць год трэба вучыцца, і часам так бывае цяжка, што не захацеў бы той і прафесіі. А практыка? Я цэлы месяц прасядзеў, як ты кажаш, ля таго карыта. Ды што практыка! Я да інстытута два гады на Алтаі цягаў на плячах мяшок з рознымі ўзорамі пароды. Я табе скажу, што чалавеку заўсёды будзе цяжка, калі ён стане дабівацца магчымасці працаваць па свайму прызванню... Цяжкасцей нямала. А няўпэўненасць у сабе? Усякае бывае. Канешне, кожнаму з нас можна так прыстасавацца, што пражывеш без асаблівай натугі. Так, дарэчы, многія і робяць. Прыгрэецца дзе ля цёпленькага месца і сядзіць. А многія гэтым яшчэ і ганарацца: глядзіце, маўляў, як мы ўмеем жыць. Але ім, такім прыстасаванцам, ніколі не зведаць сапраўднага шчасця, сапраўднай радасці, за адно імгненне якой чалавек гатоў аддаць усё жыццё... Уяві сабе канструктара, які доўга працуе над новай мадэллю самалёта. І вось — выпрабаванне. Самалёт у паветры, ляціць! Можаш уявіць, якая радасць у канструктара? А думаеш, у яго не было цяжкасцей? Ды яму, можа, давялося такое перажыць, што прыстасаванец і не сніў... У любой прафесіі больш будняў, чым свят. Ды і што гаварыць... Я вось хачу знайсці нафту... Дык я тут нядаўна. А многія яе шукалі дзесяцігоддзямі і не знайшлі. Слабакі сышлі з дарогі, а некаторыя ўсё шукаюць. Можа, каму і зусім не пашанцуе... А нехта яе ўсё ж знойдзе! Абавязкова знойдзе! І тады прыстасаванец будзе сядзець і думаць, па якому блату гэта таму ўдалося... Ты вось пра Чугуя. Думаеш, ён працуе толькі з-за грошай? Вядома, ён і грошы не супраць зарабіць, але хоча, каб і карысць ад яго працы была, нейкі вынік. Але ён ведае, што да выніку часам ідуць усё жыццё... Ды хіба ён адзін такі? Бывае, што людзі памыляюцца... Упартыя тады шукаюць новую дарогу, але ад свайго не адступаюць. Вось чаму так зняважліва і сказаў пра цябе Чугуй...

— А можа, нафтаразведка — зусім і не маё прызванне? Гэта ж вы ўявілі, што з мяне павінен атрымацца геолаг. А мой бохан лічыць, што я нарадзіўся ветэрынарам.

— Уяві, Іван, толькі ўяві, і не болей, — Віктар глянуў на гадзіннік, злез з калёс. — Чалавек ніколі не ведае, хто ён такі... Часам размова пра прызванне, калі хочаш, проста лухта. Звычайна чалавек пачынае нешта рабіць і паступова ў яго з’яўляецца і любоў да гэтага нешта. Хочаш знайсці сябе, нешта рабі. Лежачы вось так на калёсах, сябе не знойдзеш. У рабоце сябе знойдзеш, калі, вядома, у цябе, як сказаў Чугуй, кішка не тонкая.

— Што вы ўсе за кішкі? — падхапіўся Іван. — Хочаце, дакажу, што не тонкая! Давайце аб заклад, — ён рашуча працягнуў руку Віктару. — Вось пайду на буравую, прараблю год і не пісну.

— Навошта аб заклад?

— Можа, я хачу праверыць сябе.

— Давай, — падаў і сваю руку Віктар. — Я буду рад прайграць табе.

— Пастараюся выйграць, — сказаў Іван.

— Цудоўна. Запомні чысло. А цяпер — усяго, а то на цеплаход спазнюся, хачу з’ездзіць да сваіх старых...

 

Пасля таго як Шкварніку не ўдалося ўладкавацца ў калгасе кавалём, ён хацеў атрымаць якую пастаянную пасаду — ці брыгадзіра, ці загадчыка фермы, яму ўсё роўна было, абы пастаянная работа. Хацеў ён гэтага для таго, каб заняць сябе клопатам надоўга, тады б, можа, не думаў пра работу на буравой, не сумаваў па ёй. А так удзень, калі ён быў ці памочнікам камбайнера, ці сціртаваў салому, ці пералапачваў зерне на таку, яму не было сумна: усё ж заняты. А ўвечары, калі заставалася толькі чакаць, куды пашле працаваць цябе брыгадзір заўтра, рабілася так самотна, што хоць вый. Ды, калі гаварыць праўду, дык і на рабоце яму не вельмі весела было, хаця ён і стараўся, рабіў не горш, а можа, часам і лепш за іншых. Ён стараўся толькі таму, каб не было сорамна перад людзьмі, хаця і не бачыў тут у сваёй рабоце таго вялікага сэнсу, як там, на буравой. І ўсё ж Шкварнік кожны дзень хадзіў на работу, хадзіў, акрамя ўсяго, і з-за павагі да жонкі, якая, здаецца, здагадвалася, што робіцца ў ягонай душы, і кожную раніцу з трывогай сачыла, ці збіраецца ён ісці на работу. І радавалася, калі ён прыспяшаў яе са снеданнем, не хацеў спазніцца ў калгас.

Праз які час нават самому Шкварніку здавалася, што ён звыкся са сваім цяперашнім становішчам, усё меней і меней успамінаў мінулае.

Неяк раніцай Шкварнік сядзеў на ганку і майстраваў з сухой ялініны новае кассё, — старое зламаў, як касілі асаку на балоце, загнаў з разгону касу ў купіну, — і праз адчыненае акно слухаў па радыё абласныя паведамленні. Раптам дыктар паведаміў, што Прыпяцкая кантора разведачнага бурэння пашырае свае пошукі нафты. У бліжэйшы час яны распаўсюдзяцца на новую, перспектыўную, Зуеўскую плошчу... Далей ён нічога не пачуў, — радыё заціхла. Яго выключыла Акуліна. Шкварнік ускочыў у хату, уключыў яго, — прыемны жаночы голас раіў бацькам, як сабраць у школу першакласніка...

Шкварнік, нічога не сказаўшы жонцы, выйшаў з хаты.

Сеў на ганак, закурыў, забыўшыся на недаробленае кассё... Значыцца, разведка працягваецца, значыцца, лічаць вучоныя, што нафта павінна быць, яе будуць шукаць, а сярод тых, хто будзе шукаць, яго, Шкварніка, лепшага майстра, ды не проста майстра, а майстра-выпрабавальніка — не будзе?.. Хіба паехаць у Прыпяцк ды папрасіцца назад? Дык сорамна: каб звольніўся, як чалавек, а то, лічы, уцёк... Збег. Каб не пакрыўдзіліся на яго, самі паклікалі б назад, а то маўчаць. Выслалі дакументы і забылі, нібы ён у іх і не працаваў. А можа, плюнуць і на гэтую Прыпяцкую кантору, і на ўсё тут і падацца ў якую Татарыю, ці наогул у Сібір? Там з рукамі і з нагамі яго схопяць. Дык трэба ж зрываць з абжытага месца жонку, везці яе чортведама куды... Не, пра гэта з Акулінай лепей і не гаварыць. Ён добра памятаў, як яна абрадавалася, калі сказаў, што прыехаў дамоў назусім, што пра нафту болей і чуць не хоча. Яго Акуліна, мясцовая, вясковая жанчына, і жыцця свайго не ўяўляе без суседзяў, без шматлікіх родзічаў-аднавяскоўцаў, без свае хаты, агарода, каровы, без сініх ільноў у полі... Не, яна нікуды з ім адсюль не паедзе. Ведаў, якім горам будзе для яе і яго ад’езд немаведама куды... Калі б ён застаўся тут, на Палессі, яна яшчэ і прымірылася б, як мірылася да гэтага часу...

— Ну, ты кассё сваё зрабіў? — выйшла на ганак Акуліна з міскай у руках. Як мыла яе, так і выбегла паглядзець, што робіць яе Атрох. — А то снеданне на стале.

— Зараз... прысеў перакурыць.

— Ты ж ведаеш, які дзень цяпер. Не лета. Не паспееш і азірнуцца, як вечар, а дзялянка наша немаленькая, — нібы і сапраўды Акуліну больш за ўсё турбавала тая дзялянка. — Дык, можа, узяць абед у поле? Каб не хадзіць туды-сюды. За дзень і выкасім... Пакуль сонца стаіць, а потым, хто яго ведае, як яно будзе. Пачнецца раптам непагадзь.

— Вазьмі і абед, — не адрываючыся ад касся, буркнуў Шкварнік.

А хутка яны выйшлі з двара і скіравалі праз свой агарод, дзе цыбатыя сланечнікі схілялі круглыя ацяжэлыя галовы і на градах прасыхала белабокая цыбуля, прайшлі па вузкай мяжы паўз росны бульбоўнік і выбраліся на палявую дарогу. Яна вяла праз канюшынішча на бугор, дзе ўжо хадзілі калгаснікі, шукалі свае дзялянкі, пабліскваючы косамі на сонцы, якое паднялося над далёкім лесам. На траве вісела буйная раса. На ўзмакрэлыя боты наліпаў шэры пыл, што паднімаўся на дарозе ад хадзьбы.

Першай крочыла Акуліна, несучы кашолку з ежай. З кашолкі тырчалі два высокія глячкі: адзін з малаком, другі з дамашнім хлебным квасам. Акуліна была ў доўгай спадніцы. У вузкім летніку, які туга аблягаў яе постаць і рабіў яе танклява-маладой. І толькі цяжкі пасрэбраны вузел валасоў на патыліцы, што вытыркаўся з-пад белай хусцінкі, выдаваў яе гады.

Шкварнік ледзь паспяваў за ёй, несучы на плячы касу і граблі.

Іхняя дзялянка была адразу за гарой, у нізіне, паўз самую канаву, у якой заўсёды стаяла вада. Канава парасла асакой і месцамі маладым лазняком. Канава аддзяляла поле іхняй брыгады ад суседняй. Па ўсёй дзялянцы, асабліва бліжэй да канавы, парасла такая высокая канюшына, што і жытнішча праз яе не было відаць, хоць камбайнеры і высока пакасілі жыта.

Акуліна спынілася ля ўваткнутай у зямлю надламанай лазіны.

— Вось адсюль і да наступнай меткі наша дзялянка, — агледзела яе яшчэ раз і, не хаваючы радасці, сказала: — І трава ж тут дабрэнная. Вазы два сена будзе. Ды два ёсць... Так што карова наша анігадкі будзе. Абы толькі надвор’е не падвяло, дало ўвабраць...

— Адкуль касіць? — памянташыў касу Шкварнік.

— А я вось пайду да канавы, а ты і касі ад майго следу, — і яна, прыпадняўшы спадніцу, пайшла па высокай траве, аббіваючы каленямі зябкую расу.

Шкварнік зняў пінжак, — ранішняя свежасць кранула яго спіну, — кінуў на кашолку з ежай, мянташку павесіў на рэмень штаноў збоку, узяў касу, прымерыўся. Кассё было доўгае, лёгкае. Размахнуўся раз, другі. Каса хадзіла лёгка, толькі патрэсквалі сцяблінкі пад вострым металам. Важкімі бухматымі ахапкамі лажылася трава ў пакос.

Некалі незадоўга пасля вайны, як толькі Шкварнік аддзяліўся ад бацькі, пабудаваўшы недалёка ад школы, на пустыры, хату, у якой жыў і цяпер, Акуліна прывяла ад сваіх цялушку-сяголетку. Як жа цяжка было пракарміць яе тады! У калгасе сена зусім не давалі, хіба які воз жытняй саломы на рэзку. І людзі вышуквалі ў лесе балацянкі, палянкі, і начамі касілі і адразу ж вазілі на двухколках траву дамоў, сушылі дзе за сенцамі, ці на прыгрэбніку, каб яе яшчэ ніхто і не ўгледзеў. А жнівеньскімі бязмесячнымі начамі хадзілі касіць і жытнішча. А якая трава была тады? Лебяда ды хвошч.

Памятаецца, як аднойчы яго, Шкварніка, прыхапіў у полі старшыня калгаса. Худы, з перабітай на фронце нагой, у гімнасцёрцы з ордэнскімі калодачкамі, ён заўсёды ездзіў на кані і ўдзень, і ноччу. Тады зусім нечакана, як здань, ён вынырнуў з цемры і, не разбіраючыся, хто перад ім, пачаў асіпшым ад крыку голасам сыпаць аднымі мацюкамі, хоць вушы затыкай. Спачатку дасталося Акуліне, першую заўважыў, а потым угледзеў і яго, Шкварніка. «Я вас навучу, як раскрадаць калгаснае дабро, я вас туды-растуды... Каб вашай і нагі тут не было!» Касу ў зямлю, прыламаў пры пятцы, вяроўку парэзаў нажом так, што і звязваць было нечага, і паехаў далей у ноч шукаць яшчэ злачынцаў. І хутка зноў чуўся яго сіплаваты голас, зноў ламалася нечая каса...

Пасля той начной крыўды Шкварнік упершыню падумаў аб тым, каб пакінуць калгас. Але не крыўда на старшыню была галоўнай прычынай. Не. Расла сям’я, а заробкі ў калгасе не раслі, працавалі, як цяпер гавораць, на грамадскіх пачатках, больш за тыя соткі, што былі ля хаты. І Шкварнік паехаў у Прыпяцк. Трапілася на вочы аб'ява, што была наклеена на слуп на аўтобусным прыпынку, ля базару. Набіраліся рабочыя ў геалагічную экспедыцыю. Яму спадабалася, што працаваць прыйдзецца амаль ля дому, ды і заробак абяцалі нядрэнны. А галоўнае, праз кожныя тры вахты давалі адгул, можна было і дома нешта зрабіць па гаспадарцы. Доўга ён працаваў памбурам, потым бурыльшчыкам, памочнікам майстра, майстрам. Колькі разоў вучыўся на розных курсах. І вось цяпер самы кваліфікаваны ў канторы майстар косіць жытнішча з канюшынай...

Шкварнік заўважыў, што падумаў пра сваё становішча без той трывожнай крыўды, якую яшчэ так востра адчуў сёння раніцай, калі пачуў па радыё пра нафтаразведку. Яшчэ зусім невядомая і нечаканая супакоенасць была цяпер у яго на душы. Можа, ад таго, што захапіўся гэтай касьбой?.. Прайшоўшы доўгі пакос, ён уваткнуў касу ў зямлю і памянташыў яе, — доўгі і тонкі звон паляцеў у празрыстым наваколлі.

— Можа, кваску хочаш? — спытала Акуліна, якая ішла ўслед за ім і раструшвала граблямі пакос, каб ён хутчэй прасыхаў.— Я скажу табе, што такога сцёрану ніколі не касілі. Тут яго не два вазы будзе, а ўсе тры, выцірала яна далонню спацелы лоб.

— Разварушыш яшчэ пару пакосаў, дык чатыры скажаш, — засмяяўся Шкварнік. — Слухай, Кулін, нясі-ка ты сваю кашолку, ды перакусім, а то каса не хоча касіць.

Акуліна разаслала чысты настольнік, паляпала па ім рукой, каб не бугрыла трава, палажыла хлеб, яйкі, сала, чырвоныя памідоры, соль у вышчарблянай шклянцы-стограмоўцы — усё, што прынесла.

Даўно не еў Шкварнік з такім смакам. А насупраць сядзела Акуліна і з такой любасцю паглядвала на яго, нібы ўсё не магла прывыкнуць да мужа, як тая салдатка, што пасля доўгай вайны дачакалася любага і доўга яшчэ не магла паверыць у сваё шчасце. Твар яе з адвечным загарам вясковай працаўніцы, з маршчынкамі, што прыкметна збегліся ля рота, і асабліва — вакол вачэй, памаладзеў, так і свеціцца даўняй усмешкай маладой пары.

А сонца паднялося ўжо высакавата і адчувальна грэла ў плечы. Але раса яшчэ трымалася на траве, асабліва ўнізе, дзе быў цянёк. Праз палі, міма іх вёскі, некуды за далёкі сіні лес сігалі электрычныя слупы, і паветра стаяла такое празрыстае, што далёка былі відаць абвіслыя, здавалася, ледзь не да зямлі, правады, асабліва ўдалечыні. І навокал была такая ціша, што чулася, як хрустае трава пад косамі, а калі хто мянташыў касу нават за бугром, дык здавалася, што — побач.

— Прыемнага апетыту, Атрох Ігнатавіч! — пачулася нечакана побач.

— Ой, як з неба зваліўся, — войкнула Акуліна.

— Сапраўды, як з неба, — падняўся Шкварнік. — Дык якім ветрам, Аляксандравіч?

— Ды прыехаў старых адведаць, а яны мне касу ў рукі ды на поле... Там, на бугры, косім. Прайшоў пару пакосаў, і рукі затрымцелі: адвык касіць...

— То садзіся, Віця, снедай з намі, — запрашала Акуліна.

— Ды дзякую, толькі ад свайго снедання.

— Можа, тады кваску нашага? — запабягала Акуліна. У яе інтанацыі, у руках з’явілася нейкая разгубленасць, з якой яна ніяк не магла справіцца, як ні старалася.

— Вось кваску з асалодай, — і ён выпіў поўны паліваны карэц рэзка-кіслага напітку. — Цудоўны ў вас квас, цётка Акуліна, цудоўны!.. Ну як, Ігнатавіч, працуецца ў калгасе?

— Ды так.

— Гэта ж вы, Ігнатавіч, былі на курсах, чуў, вучыліся працаваць з тэстарам?

— Ды абучалі, — неахвотна адказаў Шкварнік. — Нават пасведчанне ёсць. Ды што з яго?

— Вы так гаворыце, нібы не хочаце і ўспамінаць пра сваю работу на буравой, — засмяяўся Віктар. — Няўжо, Ігнатавіч, адвыклі?

— А пачаў адвыкаць, — паглядзеў Шкварнік на Акуліну, якая лавіла яго кожнае слова. — Адвыкнеш, калі ты нікому не трэба.

— Не трэба? — запярэчыў Віктар. — Ды нам майстар, які мае права працаваць з тэстарам, трэба як ніколі...

— Я прасіцца назад не буду, — сказаў цвёрда Шкварнік і ўбачыў, як павесялела ад яго слоў Акуліна.

— Дык вас, Атрох Ігнатавіч, паклічуць, — паабяцаў Віктар. — Абавязкова паклічуць. Я сам перагавару з дырэктарам. Ну дык як, Ігнатавіч? На вас можна спадзявацца?

— Мяне ж яшчэ не спісалі на пенсію,—сказаў Шкварнік і пачаў мянташыць касу.

— Дык дзякую вам, цётка Акуліна, за квас, — сказаў Віктар на развітанне. — Скажу маці, каб распытала, як вы яго робіце. Ну пайду, а то мой стары яшчэ без мяне ўсю пайку выкасіць, — і ён пакрочыў, заграбаючы цыбатымі нагамі скошаную траву.

— І прынясла ж яго нячыстая,— не вытрывала Акуліна.

Шкварнік нічога не адказаў. Памянташыў касу, заняў пракос. І хаця раса амаль зусім апала, касілася яшчэ лягчэй, чым з раніцы. Не заўважыў, як і пракос прайшоў. Азірнуўся. Акуліна, як убірала ежу ў кашолку, так і засталася там, забылася, што ёй трэба разграбаць траву.

«Перажывае», — паспачуваў ёй Шкварнік і пачаў новы пракос.

 

Віктар сышоў з аўтобуса і які час стаяў, не маючы сілы рухацца — мала таго, што ногі балелі пасля касьбы, дык і ў аўтобусе давялося сядзець якраз над колам, ледзь не даставаў каленямі грудзей: занямела ўсё цела. Ён бездапаможна азірнуўся — ці няма дзе таксі? Але таксі не было, і Віктар, перасільваючы боль у нагах і асабліва ў спіне, паціху паклыпаў па тратуары. Да канторы крыху разышоўся.

На лавачцы перад канторай сядзеў Дзятлаў і курыў. Віктар, упіраючыся рукамі ў калені, ціха апусціўся побач.

— Хворы? — пацікавіўся Дзятлаў.

— У бацькі гасцяваў, пакасіць давялося, цяпер як пабіты... — паскардзіўся Віктар. — А ты чаго тут, можа, выклікалі?

— Ды не, прыехаў камандзіроўку прасіць. У Саратаў.

— А ты не ездзіў яшчэ?

— Не хацеў ехаць, абы з’ездзіць. Ведаеш, калі там нічога цікавага, дык Чокан жа праходу не дасць. Трэба і не трэба, а будзе ўспамінаць. Ты яшчэ яго не ведаеш. Такая зануда... Гэта пры Круглове прыціх, відаць, баіцца... Паехаць, дык каб недарэмна. З таго часопіса толькі ясна, што пры дапамозе каратажа знайшлі нафту. І ўсё... І нічога больш невядома... Карацей, я напісаў пісьмо, прасіў расказаць падрабязна, як і што. І вось атрымаў адказ.

— А што пішуць? — нецярпліва спытаў Віктар.

— Пачытай.

У пісьме расказвалася, як на адной плошчы доўга шукалі нафту і не маглі знайсці, хаця прызнакі яе былі відавочныя. Звярнулі ўвагу на нязначныя газавыдзяленні пры бурэнні. Задумаліся, як выдзеліць з раствору большую колькасць газу. І прыдумалі даволі просты прыбор. Аналіз газу і дазволіў газакаратажнікам беспамылкова вызначыць нафтаносны пласт.

— Слухай, Пётр Аляксеевіч, нешта ж падобнае і ў нас з гэтым самым газам, — падхапіўся ўзрушаны Віктар і ледзь не войкнуў ад рэзкай болі ў паясніцы і ў нагах.

— А я пра што... — падняўся і Дзятлаў.

— Ды справа і не ў гэтым. Галоўнае, ідэя! Зараз жа пойдзем да Круглова. Мы яго павінны ўсё-такі пераканаць, — і Віктар першы паспяшыў у кантору. Па сцежцы ішоў роўна і хутка, толькі па сходках цяжка было падымаць ногі, і ён неяк смешна з размаху ўскідваў іх адну за другой.

Круглоў чытаў нейкія паперкі, і калі зайшлі да яго хлопцы, то не вельмі ахвотна адарваўся ад іх.

— Прабачце, Мікалай Міхайлавіч, мы па справе, — спыніўся ў дзвярах Віктар.

— Ды праходзьце, праходзьце, — паказаў Круглоў рукой на крэслы перад сталом, счакаў, пакуль хлопцы ўселіся і, не звяртаючы ўвагі на пісьмо, якое адразу Віктар палажыў на стол перад ім, спытаў: — А дзе гэта вы, дарагі Буткевіч, прападаеце? Вас два дні шукалі па ўсіх буравых...

— Тут мае старыя недалёка жывуць, паехаў на дзянёк, а там папрасілі дапамагчы па гаспадарцы, я і затрымаўся. Прашу прабачэння, Мікалай Міхайлавіч, — і, усміхнуўшыся, сказаў: — Болей не буду... Можа, што пільнае, Мікалай Міхайлавіч?

— Работа ёсць работа, — буркнуў незадаволена Круглоў. — І, акрамя ўсяго, павінна быць дысцыпліна. А то заўтра едзем пад Зуеў прывязваць буравыя, а старшага геолага ўчастка няма. Вы павінны ведаць, што ў вас на ўчастку робіцца. Сёння паехалі б, каб знайшлі вас. Ну добра, спадзяюся, гэта апошняя такая непрыемная размова ў нас. Дык што ў вас за справа?

— Вось пазнаёмцеся з пісьмом, — і Віктар падсунуў бліжэй да Круглова спісаны аркуш паперы з вучнёўскага сшытка.

Круглоў прачытаў і, апусціўшы акуляры на нос, дапытліва паглядзеў на Віктара, потым на Дзятлава.

— Я, канешне, разумею, — пачаў сціпла Віктар, — што планы зацверджаны, прыняты нейкія рашэнні і іх трэба выконваць. Усё ясна. Але вопыт саратаўцаў наводзіць на думку: а ці не атрымалася ў нас нешта падобнае і на Быкаўскай плошчы? Можа, мы там таксама кожны раз праходзілі міма нафтаноснага пласта толькі таму, што былі нязначныя газапаказанні? Мікалай Міхайлавіч, а няўжо нельга залажыць адну свідравіну на Быкаўскай і ўсё праверыць, — да таго часу Дзятлаў з Саратава прыедзе, у нас будзе больш дасканалы дэгазатар, — выпрабоўваць свідравіну ў час бурэння тэстарам. Нам жа ніхто не даруе, калі пакінутая намі недаразведанай плошча раптам акажацца нафтаноснай. Ды якая плошча! Адну толькі свідравіну... Гэта ж не мой асабісты капрыз. Геалагічная ідэя, у якую я веру, асабліва пасля пісьма саратаўцаў, і якую трэба праверыць эксперыментальна.

— Каб не каштаваў сотні тысяч гэты эксперымент, то ніхто б не быў супраць, — уздыхнуў Круглоў. — А так... Вось мы праектавалі забурыць на Зуеўскай шэсць свідравін. Структура вялікая, і трэба мінімум шэсць свідравін, каб мець пэўнае ўяўленне аб структуры. А нам дазволілі толькі дзве. Вось так. Самі павінны разумець, Віктар Аляксандравіч, што сітуацыя не вельмі для розных эксперыментаў. Так што прыйдзецца вам пакуль займацца толькі Зуеўскай структурай. Прынята рашэнне, яно зацверджана, і мяняць нічога не будзем. Само сабой зразумела, Віктар Аляксандравіч, што вам ніхто не стане перашкаджаць правяраць свае геалагічныя ідэі на Зуеўскай. Толькі будзем вітаць. Ну а калі разбагацеем, то, можа, яшчэ вернемся і да Быкаўскай. Жыццё само пакажа... На гэтым і спынімся, Віктар Аляксандравіч... Няхай Дзятлаў едзе ў Саратаў, вопыт рускіх сяброў будзем выкарыстоўваць на Зуеўскай плошчы... У вас няма больш нічога?

— Не, — падняўся Віктар і паморшчыўся ад болю.

За ім моўчкі выйшаў і Дзятлаў.

— Непрабіваемы стары, — сказаў ён.

— Сваё гне, — пагадзіўся Віктар. — Ну, ты зараз пойдзеш к Чокану? Тады ідзі, а я потым, бо мне таксама трэба.

Дзятлаў быў у дырэктара доўга. Віктар не стрываў бы і зайшоў, ды ўсеўся ў прыёмнай у даволі ўтульным крэсле і не хацеў не тое што падымацца, а і варушыцца. Ён усё думаў пра гаворку з Кругловым і толькі цяпер бачыў, які нясмелы, які ненастойлівы быў ён, Віктар, паводзіў сябе, як які прыкладны школьнік. Круглоў сказаў, а ён і паслухаў, не стаў пярэчыць, не стаў крычаць, змагацца за сваю думку, за сваю ідэю, якая, асабліва цяпер, здавалася правільнай. І толькі варта здзіўляцца, чаму яе не зразумеў Круглоў і раней, і зараз... І Віктару прыходзілі цяпер вельмі дакладныя думкі, вельмі моцныя словы, што каб выказаць іх галоўнаму геолагу, то ён не адмахнуўся б так лёгка ад яго. Ён сядзеў і злаваўся на сябе, злаваўся на Дзятлава, што зайшоў той да дырэктара і сядзіць... Няўжо трэба цэлая гадзіна, каб падпісаць камандзіроўку?

А калі Дзятлаў выскачыў з дырэктарскага кабінета, ледзь не з усёй сілы грукнуўшы дзвярыма, то Віктар не адразу і заўважыў, што той занадта ўжо часта лапае па кішэнях, відаць, не ведаючы, што хоча і знайсці ў іх. Нарэшце ён перахапіў паветра і сказаў, як стрэліў:

— Ідыёт!

Сакратарка, якая да гэтага засяроджана пісала на машынцы, паглядзела на Дзятлава і неяк стрымана хіхікнула.

— Ды што такое, Пётр Аляксеевіч? — апёршыся рукамі на спінку крэсла, падняўся Віктар.

— Вось скажы, ты даўно мяне ведаеш, я быў калі п’яны? Скажы?.. А той ідыёт думае, што я толькі тое і раблю, што валяюся пад платамі. Баяўся камандзіроўку падпісваць. Ідыёт! «Яшчэ пападзеш у саратаўскі выцвярэзнік». Чуў? Не ведаю, адкуль у яго такое жаданне прынізіць чалавека? Ну быў раз, быў, дык не гаварыць жа пра гэта дзесяць гадоў запар.

— А што там у цябе было? — спытаў Віктар. — Ты нешта мне гаварыў на вяселлі ў Лузько...

— Ну было... А фактычна нічога і не было. Заседзеўся з сябрамі ў рэстаране, а апошні цеплаход і адышоў на Бабры. Ну я і стаў патрабаваць у начальніка рачнога вакзала, каб даставілі мяне дамоў. Бачыце, не мог я жыць, не пабачыўшы Кацю. Мяне і даставілі ў выцвярэзнік. Дык калі гэта было?

— Што ж, Пётр Аляксеевіч, дырэктар правільна робіць. Ведаеш такую байку? Цыган, адпраўляючы па ваду свайго цыганёнка, адхвастаў яго вяроўкай. «За што?» — пытаюцца людзі. «А каб гладыш не разбіў, — адказвае цыган. — А то разаб’е, дык позна наказваць будзе». Так і наш дырэктар.

— Твая праўда, — рассмяяўся Дзятлаў.

 

— Ты ж глядзі, не забудзь пра лінолеум, — сказала Ліда мужу, праводзячы яго на работу. Яна яшчэ раз прыдзірліва агледзела яго, разгладзіла на спіне складку, якая ўтварылася, калі Лузько, задраўшы рукі, прычэсваў чупрыну, чмокнула ў шчаку і яшчэ раз наўздагон напомніла: — Не забудзь жа пра лінолеум!..

— Добра, добра, — памахаў ён рукой жонцы так, нібы адагнаў камара ад вуха, і паспяшыў па ступеньках уніз. На ім была беласнежная сарочка, ад якой ішоў прыемны пах свежае вады і воцату, зялёны гальштук з жоўтымі кроплямі на ім, — якраз такі гальштук быў у Ступіча, калі той прыязджаў з камісіяй, — у касцюме, адпрасаваным да вострых стрэлачак на штанінах. У апошні час ён кожны дзень хадзіў на работу ў касцюме, пад гальштукам, і ўсё не мог прывыкнуць, здавалася, нібы ідзе першы раз. Раней ён адзяваўся так вельмі рэдка, а цяпер жонка прыдзірліва сачыла за яго знешнасцю. І нават тады, калі яму раптам хацелася адзець сваю спартыўную куртку, у якой звычайна хадзіў на работу раней, халасцяком, дык яна была супраць.

Яшчэ з большай патрабавальнасцю, чым да знешнасці мужа, яна ставілася да абсталявання кватэры, асабліва пасля таго, як у іх пабыла Тамара і не ўхваліла іх мэблю.

Спачатку зрабілі невялічкі рамонт. Калі залу абклеілі шпалерамі блакітнага колеру з маленькімі ружовымі кубікамі, то высветлілася, што люстра з зеленаватымі плафонамі ўжо не падыходзіць. Замянілі люстру. Падлогу перафарбавалі ў больш светлыя таны. Дыван, што быў у зале, перанеслі ў спальню. А новы дыван у залу на базе райспажыўсаюза падбірала сама Ліда. Замянілі і ложкі. Праўда, Ліда вельмі хацела купіць імпартныя, але імпартных якраз не аказалася, дык яна і задаволілася ложкамі вытворчасці мясцовай фабрыкі, бо яны былі такога ж колеру і так блішчэлі, як і імпартныя. І калі, здавалася, усё было зроблена, ёй захацелася заслаць падлогу ў калідоры і на кухні лінолеумам: лягчэй будзе выціраць пыл, ды ён будзе і не так збірацца.

Ля канторы ў гэтую раніцу было шматлюдна. Стаяў і невялікі абшарпаны канторскі аўтобус. Лузько хацеў прашмыгнуць міма непрыкмечаным, але яму насустрач выйшаў Шкварнік. Ён не столькі быў рады бачыць геолага, колькі рады быў свайму вяртанню наогул, і недзе ў душы думаў, што гэта таксама для ўсіх падзея.

— Прывітанне! — буркнуў Лузько, а потым, нібы апомніўшыся, зацікаўлена спытаў: — Што, вярнуўся, Атрох Ігнатавіч?

— Ды прыехалі на машыне, пагрузілі і прывезлі.

— Трэба было на колькі дзён раней, а то ўчора знялі ваш партрэт з Дошкі гонару.

— Ды ліха з ім, — махнуў рукой Шкварнік. — А як у вас справы, Адамавіч? Чуў, ажаніліся? Віншую, віншую. З добрай сям’і дзяўчына. Ведаю. А цяпер вы дзе, на ўчастку?

— Не. У тэматычнай партыі. Вы прабачце, Атрох Ігнатавіч, мне трэба пазваніць там. А вы заходзьце, заходзьце калі, — і Лузько паспяшыў развітацца. Зайшоўшы ў кабінет, ён пазваніў знаёмаму прарабу, з якім дамаўляўся яшчэ раней наконт лінолеуму, і той сказаў, каб гадзін у дванаццаць, як будзе абед у будаўнікоў, пад’ехаў і забраў. Лузько адразу ж пабег да Чокана, пакуль той не паехаў, папрасіць машыну. У калідоры нос у нос сутыкнуўся з Віктарам, які быў у выцвілых вельветавых штанах, кортавай тэнісцы і ў куртцы з башлыком. На галаве блінцом ляжаў карычневы берэцік.

— А-а, Баціслаў, — спыніўся той. — Што ты, як жаніх, прыбраўся? Едзеш з намі?

— Сваё ад’ездзіў, — усміхнуўся Лузько.

— Ці не рана? — І, некага заўважыўшы з патрэбных яму людзей, Віктар ледзь не пабег па калідоры.

Дамовіўшыся з дырэктарам наконт машыны, Лузько вярнуўся ў свой кабінет, але адразу, як заўсёды, сёння за работу ўзяцца не мог, сядзеў і праз акно сачыў, як ля аўтобуса збіраюцца геолагі, інжынеры, геафізікі, мантажнікі, майстры — усе, каму трэба і не трэба было, — але ж цікава! — ехаць на Зуеўскую плошчу. Усе весела гаманілі, смяяліся.. Ці даўно сам, учарашні студэнт, малады геолаг, вось з такім жа хваляваннем ехаў на прывязку першых буравых на Быкаўскую плошчу? Нібы ўчора! А колькі было надзей на поспех!.. Праходзілі гады, а надзеі не апраўдваліся... Дык нечага цяпер з патаемным сумам глядзець у акно, дарагі мой Лузько, у цябе ўсё гэта было, усё гэта ты даўно зведаў і паспеў забыць, і калі сумна табе цяпер, што ты не з усімі ля аўтобуса, — табе ж ніхто не перашкаджае паехаць з імі, — а таму, што ўспамінаецца твая ранняя маладосць, дарэмна згубленыя гады... Не, не там, не на буравых твая дарога ў будучыню, а кліча цябе зусім іншая далячынь, цябе чакае навука! І хай покуль недзе ў душы насміхаецца з цябе гэты зялёны Буткевіч! Хай яшчэ пашукае столькі нафту, як ты, ды нічога не знойдзе, тады яшчэ невядома, якую песню запяе! Лузько задаволена ўсміхаецца сваім разважанням.

— Хай едуць!..

Лузько кожны дзень з раніцы, покуль у яго была свежая галава, рабіў выпіскі для будучай дысертацыі. З кіраўніцтва ніхто не цікавіўся, што робіцца ў тэматычнай партыі. Чокан наогул ёю ніколі не займаўся і недзе лічыў, што яна зусім непатрэбная канторы. А ў Круглова, здаецца, проста не дайшлі яшчэ рукі да яе. Так што Лузько з двума сваімі падначаленымі рабілі, што ім хацелася. Ён часта ім даручаў выпісваць штось для сябе, і тыя добрасумленна выпісвалі, нічога не падазраючы. Яны прывыклі выконваць даручэнні начальства, не вельмі цікавячыся, што для чаго. Такім чынам, за кароткі час Лузько не толькі сабраў багаты матэрыял, але многае паспеў запісаць на спецыяльныя невялічкія карткі з ватманскай паперы, каб потым пры напісанні дысертацыі яму было зручней жангліраваць фактамі.

Перад самым абедам Лузько сабраў запіскі зноў у папку і схаваў яе ў шуфлядку, замкнуў, ключык палажыў у кашалёк, у якім насіў грошы і дакументы. Узяў машыну і завёз дамоў лінолеум. Пасля абеду заслаў ім калідор і кухню, месцамі прыбіў яго цвікамі. Ісці на работу на якія паўгадзіны не было ніякага сэнсу, тым больш што начальства ўсё ў ад’ездзе, і ён, адчыніўшы насцеж дзверы на балкон, прылёг на канапе адпачыць. Спаў не моцна, бо чуў, як прыйшла з дзяжурства жонка, як тупала на кухні, бразгала посудам, а потым зайшла ў залу, села ля яго, прыхілілася тугімі грудзямі.

— Стамілася? — абняў яе за плечы.

— Было блага... Адзін раз дык ледзь прытомнасць не страціла. Глаўурач заўважыла, адправіла дамоў. А цяпер нібы і лепей. Добра, што хоць апетыт не прапаў, а многія ж есці нічога не могуць...

— Ну і як у калідоры? — спытаў Лузько, не дачакаўшыся ад жонкі ацэнкі яго дзейнасці.

— Добра. Дзякую, Баціслаў! — але ў голасе яе не было ніякага захаплення: яе проста нішто не радавала.

— Ну, што яшчэ табе трэба ў кватэры? — спытаў Лузько незадаволены.

— Нічога, — спакойна адказала яна, зусім не рэагуючы на яго настрой, — Ведаеш, Баціслаў, цяпер будзем збіраць грошы табе на паліто. Тваё зімовае паліто зусім знасілася...

 

Праз гадзіны паўтары прыехалі на месца. Спыніліся на шашы. Управа быў роўны, з рэдкімі бародаўкамі лугавых мурашнікаў, поплаў, а за ім, мо праз якіх кіламетры два, падымаўся цёмны сасновы лес. А з другога — балота, роўнае, выкашанае па краях, і купністае пасярэдзіне. На купінах тырчала асака. Там-сям падымаўся нясмела рэдкі сітняг. Адразу за балотам, ці, можа, толькі так выдавала адсюль, з шашы, шнурочкам выцягнулася вёска. З таго канца яе, ледзь не на гарызонце, бялеў над чырвоным дахам белы высокі будынак. Калгасны к клуб ці школа.

— А тут недалёка будзе і па малачко бегаць, — пажартаваў нехта.

— Чаго бегаць, можна ў прымы прыстаць, дык гэтага дабра будзе бясплатна колькі хочаш, — сказаў Чугуй. Ён павольна вылез з аўтобуса, агледзеўся, пачакаў Шкварніка, і яны ўдвух адышліся крыху ад ўсіх. Чугуй працягваў нешта расказваць Шкварніку. Яны і ў аўтобусе сядзелі побач і прагаварылі ўсю дарогу.

Хлопец з доўгімі валасамі, як даўно нястрыжаны, і з ускудлачанай бародкай, у вузкіх шэрых штоніках, пабітых частымі блішчастымі заклёпкамі, паставіў на мосцік з бетонных труб, праз якія з поплава сцякала вясной і ў дажджы вада ў балота, сваю трыногу і пачаў, прыжмурыўшы вока, углядацца ў акуляр тэадаліта. Чугуй і Шкварнік падышлі да юнака з рэйкай.

Барадаты нешта доўга круціўся ля тэадаліта, а потым, не адрываючыся ад акуляра, махнуў рукой, і юнак, можа, які сямікласнік, у сінім школьным гарнітурчыку, у кароткіх штоніках, пайшоў з паласатай рэйкай у руках, а барадаты махаў яму рукамі браць правей ці лявей. Вось барадаты даў знак спыніцца і сам пайшоў у адзначаным кірунку. Усе рушылі ўслед за ім. А ён моўчкі спыніўся і забіў драўляны колік у зямлю.

— Вось тут і будзе наша першая буравая, — сказаў Чокан так, нібы ён сам толькі што адшукаў месца для буравой.

— Месца цудоўнае, — не змаўчаў і Круглоў і звярнуўся да высокага, хударлявага, чамусьці нягледзячы на цёплы дзень, у шэрым даўгаполым плашчы брыгадзіра мантажнікаў. — Колькі, Нікіфаравіч, дзён будзеш будаваць буравую?

— Дзён? — усміхнуўся ён, паказваючы металічныя— аж сінія — шчыльныя зубы. — Болей месяца. Пакуль яшчэ ўсё завязуць! У нас жа, ведаеце, Міхайлавіч, пакуль раскачаюцца...

Чонану не спадабаліся апошнія словы брыгадзіра мантажнікаў, і ён па-начальніцку рэзка сказаў:

— Больш месяца? У такіх умовах? Ля самай, лічы, дарогі? Каб з нас людзі смяяліся? Даю вам дзён дваццаць.

— Шэсць, — падказаў чалавек у плашчы.

— Дваццаць пяць — і ні дня больш, — закончыў Чокан і, не чакаючы, пакуль брыгадзір мантажнікаў выкапае капец на месцы будучай буравой, вярнуўся на шашу, дзе на мосціку зноў круціў свой тэадаліт барадач. Ён нешта доўга праз акуляр разглядаў балота, потым дастаў з нагруднай кішэні схему, праверыў кірунак і ўпэўнена махнуў рукой.

— Віншую, Ігнатавіч, — смяяўся Чугуй над Шкварнікам. — Твая буравая будзе якраз у балоце. Ля буравой можна будзе лавіць уюноў падсакам. Ведаеце, колькі ўюноў у такіх балотах? Процьма. Ты ж, Ігнатавіч, тады не забудзь на юшку запрасіць. Даўно не еў юшкі з уюноў.

— Не радуйся загадзя, — не адрываючы вачэй ад хлопчыка, што з паласатай рэйкай падыходзіў да балота, сказаў Шкварнік. — Можа, мая буравая будзе і за балотам.

А хлопчык спачатку ішоў абмінаючы купіны і па шыю хаваючыся за асакой, потым пачаў скакаць з купіны на купіну: відаць, там пачалася вада. І вось ён раптам спыніўся на адной купіне, бездапаможна азірнуўся. Барадаты ля тэадаліта рашуча махнуў яму рукой, маўляў, ідзі далей. Пад агульны смех той пачаў знімаць штаны. Павесіў на суседнюю купіну, наверх палажыў пінжак і, высока падымаючы над галавой паласатую рэйку, рушыў далей.

— Глядзі, загоніш мне буравую ў балота, — сказаў Чокан барадатаму.

— А пры чым тут я? — той не адрываўся ад акуляра.

— Між іншым, Павел Фёдаравіч, каб нафта ведала, што праз мільёны год над ёй утворыцца гэтая калюжына, — сказаў Круглоў Чокану, — то яна абавязкова перабралася б у іншае месца, каб нас з вамі не турбаваць.

Нехта з прысутных стрымана хіхікнуў. Чокан азірнуўся, але не заўважыў хто.

Барадаты ля тэадаліта махнуў рукой, і паласатая рэйка застыла амаль сярод балота.

— Та-ак, — уздыхнуў Чокан. — Недарма мне сёння сон паганы сніўся.

— Трэба б знак там паставіць, — сказаў Круглоў майстру мантажнікаў.

— Ды ён там лазіну ўваткне якую, — адказаў той. — Чаго нам усім лазіць у балота? Будзем будаваць, разбяромся.

— І пабудуем буравую метраў на сто ўбок? — незадаволена сказаў Круглоў.

— Ну і сярод балота, — пачаў быў пярэчыць і Чокан, але яго не стаў слухаць Круглоў, пайшоў да аўтобуса, развязаў рукзак і дастаў высокія паляўнічыя боты, абуў іх і, нічога нікому не гаворачы, скіраваў на балота.

— Вось што такое вопытны геолаг, — сказаў Шкварнік Віктару, які ў час паездкі прыслухоўваўся да кожнага слова галоўнага геолага, сачыў за кожным яго рухам.

Круглоў дайшоў да месца будучай буравой, спыніўся, агледзеўся і выйшаў на бераг па той бок балота. Абышоўшы яго, вярнуўся, сказаў дырэктару:

— З таго краю бліжэй да буравой, чым з гэтага. Адтуль трэба будзе і пад’язджаць.

— Можа б, крыху яе перасунуць? — пачаў не вельмі рашуча пярэчыць Чокан. — Пры нашых абмежаваных сродках...

— Вы заўсёды так совалі буравыя?

— Не заўсёды, Мікалай Міхайлавіч, — сціпла, але цвёрда гаварыў Чокан. — Мпе, акрамя ўсяго, даводзіцца думаць пра сродкі. Уяўляеце, колькі тут будзе непрадугледжаных выдаткаў? А дзе іх узяць? Прыйдзецца ж пяском засыпаць балота. А калі буравую пабудаваць бліжэй да берага, перасунуць па хрыбту ўправа ці ўлева метраў на сто? У час бурэння ўсё роўна свідравіна адхіліцца ў які-небудзь бок.

Спакойны і цвёрды тон падзейнічаў на Круглова. Ён дастаў карту і ўважліва стаў разглядаць яе, а потым моўчкі злажыў і схаваў у кішэню.

— Нельга, Павел Фёдаравіч, — сказаў ён, хаця ад яго ўсе ўжо чакалі ўступкі. — Чацвёртая буравая спраектавана якраз там, дзе самая верхняя кропка структуры. І калі ёсць наогул тут нафта, дык яна ў першую чаргу павінна быць пад гэтай калюжынай. Мы яшчэ не ведаем, наколькі памыліліся геафізікі. І можа, тая сотня метраў, на якую адсунемся ўбок, і не дазволіць нам трапіць у скопішча нафты...

— Акрамя ўсяго, Мікалай Міхайлавіч, — стаяў на сваім Чокан, — пры такіх умовах мы не ўкладзёмся ні ў якія графікі. Мы яшчэ самі не ведаем, колькі часу трэба, каб засыпаць тую багну пяском. А пры такіх умовах я не магу гарантаваць, што пабудуем буравую ў тэрмін. А за план у нас спытаюць, і моцна спытаюць.

— Месяц туды, месяц сюды — не так і страшна, — паглядзеў Круглоў на гадзіннік і сказаў, ні да кога не звяртаючыся, быццам сам для сябе: — Але ж пара і ехаць...

Чокан усю дарогу думаў пра паводзіны Круглова... Ён не ведаў аднаго: галоўны геолаг быў у такой ступені вялікі пунктуаліст, што ніколі не адступаў ад прынятых рашэнняў, і раздражняўся, калі яго штурхалі на тое, каб змяніць сваю думку, а таму шукаў у яго паводзінах зусім іншага падтэксту. Ці незадаволен Круглоў ім, дырэктарам? Дык чаму раней ён ніколі не праяўляў гэтага, а раптам сёння, так нечакана. А можа, у іх з Бурдзічам адбылася адпаведная гаворка? І таму ў Круглова, разумеецца, няма ніякай патрэбы аберагаць аўтарытэт свайго дырэктара. Хутчэй — яно так, бо раней Круглоў ніколі так сябе не паводзіў, так адкрыта не супярэчыў яму, дырэктару. Хаця, не можа быць... Бо каб было што сур’ёзнае, то яму, Чокану, паведамілі б яго сябры. А потым жа да сённяшняга дня іх адносіны з галоўным геолагам былі такія, што лепшых і не трэба. Хаця што гэта былі за адносіны, калі разабрацца? Чокан з першага дня ва ўсім падтрымліваў Круглова, і здавалася, што поўнасцю заваяваў яго давер. Аказваецца — не, і сёння гэта стала ясна. Ды што з таго, што ён яго падтрымліваў ва ўсім? Круглоў не вельмі дамагаўся гэтай падтрымкі, — вельмі яна яму трэба, яго ж падтрымлівае сам Бурдзіч! — а потым, можа, ён успрымаў яе, як якую заканамернасць, нічога асаблівага ў ёй і не бачыў. Канешне, так... Чыста службовыя адносіны. А дружба паміж імі так і не ўзнікла. І ён, Чокан, не падумаў раней пра гэта, быў задаволены тым, што было. І дарэмна. Хаця яшчэ зусім не позна нешта і зрабіць. Запрасіць як-небудзь Круглова на рыбалку ці ў грыбы. Пасядзець дзе пад дубамі ў сяброўскай кампаніі... Так трэба і зрабіць.

 

Чокан па тэлефоне запрасіў да сябе Лузько. Той зайшоў і паслушліва спыніўся ў парозе.

— Ну, што ты там стаў? — сказаў дружалюбна, як толькі ўмеў, Чокан. — Ідзі падсаджвайся, ды бліжэй. Справа вось у чым, Баціслаў Адамавіч. Сёння быў раніцай на базары, бачыў — прадаюць белыя грыбы. І багата...

— Ды іх цяпер, кажуць, навалам, — сказаў і Лузько.

— Неяк наш галоўны прасіў, каб яго звазілі ў грыбы. Чалавек не ведае тут мясцін. Яго можна зразумець. Тым болей што нам не так цяжка звазіць яго, ды і самім заадно з’ездзіць. Як ты, Баціслаў Адамавіч, паедзеш з намі?

— Хто ж адмовіцца ад такога, Павел Фёдаравіч? — пагадзіўся Лузько.

— Ну і выдатна. Дык вось... Бяры маю «Волгу» і праедзь у разведку. Ведаеш Лясную за Прыняццю? Не ведаеш? Шкада. Але нічога, мой шофер ведае. Там грыбаварам працуе Зосім Касач. Дык няхай ён пакажа табе грыбное месца.Скажаш, што ў гэту нядзелю будзем...

— Ясна, Павел Фёдаравіч. Калі ехаць?

— Хоць і зараз, калі цябе нішто не трымае.

Лузько сабраў на стале паперкі ў папку, папку замкнуў у шуфлядцы і, нават не сказаўшы, што яго сёння ўжо не будзе, развітаўся і выйшаў. На вуліцы спакойна, нават крыху знарок марудліва, каб болей супрацоўнікаў канторы яго заўважыла, падышоў да машыны, нетаропка адчыніў дзверцы, нечага яшчэ азірнуўся, нібы і сапраўды што зацікавіла яго ў канцы вуліцы, сеў у машыну. Праз ветравое шкло была відаць толькі яго галава, якую ён стараўся ўзняць вышэй.

А праз якую гадзіну яны ўязджалі ў невялічкую вёсачку, вакол ахіленую лесам. Хаты тут стаялі з аднаго боку, за імі не было, як звычайна, прысад, а пачынаўся адразу сасоннік. А агароды былі праз вуліцу насупраць кожнай хаты за старадаўнім плятнём з тоўстае лазы, якая месцамі ля зямлі паспела пусціць парасткі так густа, што, здавалася, пляцень тырчыць з хмызняку. Пляцень быў аблытаны гарбузнікам, і па ім там-сям віселі цяжкія паласатыя гарбузы. За агародамі адразу пачынаўся нізкарослы алешнік; там, відаць, працякаў лясны раўчук.

Хата грыбавара стаяла ў канцы вёскі. Яна была невялікая, але новая, з карункавым пафарбаваным франтонам, карункавымі блакітнымі аканіцамі, абгароджаная роўненька напілаваным штыкетнікам. Перад домам, на лясным раўчуку, была зроблена, магчыма, самім гаспадаром немудрагелістая плаціна, і перад ёй утварылася невялікае возера, у якім спакойна адбіваліся і альшэўнік на тым беразе, і высокае неба. На беразе возера, пад старымі разгалістымі грушамі-дзічкамі стаялі два счарнелыя ад дыму катлы для варкі грыбоў і невялікая доўгая і вузкая будыніна з абапалкаў, крытая толлю, як потым высветлілася, — склад для апрацаванай і неапрацаванай прадукцыі.

Машына спынілася якраз ля гэтага склада і коратка прасігналіла. Спачатку на кухонным акне захісталася занавеска, — нехта пацікавіўся з хаты, — а потым выйшаў на ганак чалавек гадоў пад сорак у матроскай цяльняшцы з закасанымі рукавамі і ў салдацкім галіфэ, у кедах. Галава яго была амаль лысая, толькі за вушамі тырчалі сівыя касмылі валасоў. З-пад абвіслых броваў глядзелі глыбокія чорныя вочкі. Чалавек пастаяў на ганку, пакруціў у бакі сваім мясістым, з чырванаватай дзюбкай, носам, нібы каго хацеў тэрмінова ўгледзець.

— Я ад Чокана, — падышоў да яго Лузько і, заўважыўшы, што яго словы не зрабілі ніякага ўражання, дабавіў: — З нафтаразведкі.

— Ды ведаю, — сказаў, расцягваючы гукі, Касач. — Курыць ёсць? А то паслаў сваю за папяросамі, дык пакуль сходзіць тая торба, здохнуць можна.

— Цыгарэты, — дастаў пачак Лузько.

— Можна і цыгарэты, калі нічога лепшага няма, — узяў чорнымі нагцістымі пальцамі цыгарэту, пакамечыў, закурыў. — Як трава. Ніякага смаку. Імпартныя, — ён сеў на калодку ля штыкету.

— Ну як грыбы? Ёсць? — падсеў да яго Лузько.

— Свежых няма, паварыў. Праз гадзіну, можа, пачнуць прыносіць. Сёння багата нашых у лес пайшло, — ён выняў з кішэні штаноў гадзіннік, доўга глядзеў на яго і марудліва запхаў зноў у кішэню.

— Я пытаюся — у лесе?

— У лесе ёсць.

— Вось мяне Фёдаравіч і паслаў разведаць... У нядзелю думае прыехаць. Аднаму таварышу хоча паказаць, так сказаць, нашы лясныя багацці.

— З вобласці ці рэспублікі той турыст? — спытаў Касач.

— Як сказаць, — завагаўся Лузько. — Хіба не ўсё роўна?

— Начальства рознае бывае, і грыбы розныя таксама бываюць, — сказаў неяк загадкава Касач.

— Начальства мясцовае, — падышоў шафёр. — Наш новы галоўны геолаг. Замяніў Ступіча.

— Ступіча ведаў, — сказаў Касач. — Быў неяк у мяне з Фёдаравічам.

— Наш галоўны хаця і мясцовы таварыш, але добра вядомы ў краіне. І ў Мінску, і ў Маскве. Ён, ведаеце... — пачаў Лузько выпраўляць недарэчнае, як ён лічыў, умяшанне ў гаворку шафёра.

— Дарагі мой...

— Баціслаў Адамавіч, — падказаў Лузько.

— Дарагі мой Адамавіч, — паглядзеў Касач чорнымі вочкамі. — Высокае начальства далёка, яно нас не ведае, і мы яго не бачым. А з мясцовым трэба жыць разам. Я ў арміі быў радавым. Хто для мяне быў самы вялікі начальнік? Узводны. Так і тут. Ты спытай у свайго Фёдаравіча, хто такі Касач.

Падышла высокая, мажная і з маленькім прыгожанькім тварам жанчына ў сіняй шаўковай сукенцы, абвіслай у падоле, села на калодку і заняла столькі месца, як яны ўдвух, падала мужу зялёную, з кляёнкі, сумку, поўную пачак папярос.

— Гродненскіх табе набрала.

— Ну добра, — сунуў Касач пачак у кішэню галіфэ, падняўся. — Дык мы, Люсь, зараз у лес паедзем, хутка вернемся, ды калі будзеш прымаць грыбы, то гавары, каб болей у партызанскі лес не хадзілі. У нядзелю там людзі будуць.

У нядзелю на досвітку Лузько стаяў ля свайго дома і чакаў машыну. Чокан абяцаў заехаць за ім. Ён прастаяў, можа, болей за гадзіну. Паветра прыкметна пасвятлела. Заядлыя грыбнікі ўжо праехалі на сваіх мапедах і матацыклах. У паветры вісеў дым ад іх матораў. Пацягнуліся і да рачнога вакзала людзі з кошыкамі. Скопліваліся яны і на аўтобусных прыпынках. Лузько абрыдла чакаць, ён падняўся да сябе ў кватэру.

— Баціслаў? — заварушылася жонка.

— Хіба не спіш? — ён падышоў да яе. — Слухай, там, на кухні, знойдзеш вараныя яйкі, у халадзільніку — памідоры і смятана. Можа, які салацік зробіш. Хлебны квас там таксама ёсць.

— Дзякую. Лажыўся б адпачываць, — параіла Ліда. — Можа, яны зусім не заедуць...

І ў гэты момант пад вокнамі задудзела машына. Лузько як ветрам здзьмула, ён забыўся і развітацца з жонкай, кулём скаціўся ўніз па лесвіцы. У машыне сядзелі Чокан і Круглоў з жонкай.

— Не, з геолагамі нешта трэба рабіць, — нібы і сапраўды абураўся дырэктар. — Аднаго ледзь разбудзіў, і гэтага ад жонкі не адарваць.

У лес прыехалі, калі сонца паднялося і яго промні прабіліся праз густалістыя дубы і празрыстыя верхавіны соснаў, запальваючы ўсімі колерамі вясёлкі буйныя кроплі расы. Машыну пакінулі на просецы — там, дакуль даехалі тады Лузько з Касачом, — далей ехаць не было куды: пачыналася нізкае месца, колы буксавалі ў вільготным і падатлівым поплаве.

— Вось за гэтай нізінай і грыбы, — паказаў Лузько на густы алешнік. Ён ішоў першы, аббіваючы расу з лісцяў, разрываючы нагамі густы калючы ажыннік. — Недзе тут павінен быць партызанскі лес.

— Партызаны ведалі, дзе хавацца, — Круглову цяжкавата было ісці ў літых гумавіках. Ногі грузлі глыбока і гучна чмокалі, калі ён іх выцягваў з твані.

— Пад горадам столькі лясоў, дык занесла іх чортведама куды, — не стрывала і Варвара Сіманаўна, якая разула свае тапачкі, каб не замачыць іх, і ішла босай.

Лузько і сам пачынаў сумнявацца, ці правільна іх вядзе, шкадаваў, што тады не агледзеў дарогу, на слова паверыў Касачу. А можа, яны ідуць зусім не ў той бок? Паглядзеў на сонца: не, здаецца, з кірунку не збіліся. Глянуў на гадзіннік. Аказваецца, яны не ішлі яшчэ і болей дзвюх мінут. Лузько толькі хацеў падзяліцца сваім сумненнем, але алешнік раптоўна абарваўся, і паказаўся парослы верасам бугор. Па схіле яго і вышэй стаялі ўперамешку сосны, дубы, бярозы. Кучкамі рос арэшнік. Падняліся на ўзгорак. На яго самым краю былі відаць некалькі ямак з абваленымі краямі. Месцамі з-пад ігліцы тырчала струхлелае бярвенне.

— Партызанскія зямлянкі, — сказаў Чокан.

Круглоў, часта дыхаючы, стаяў як зачараваны, глядзеў навокал і слухаў спевы непатрывожанага птаства.

— Грыбы! — першай заўважыла баравікі Варвара Сіманаўна. Яна нагнулася над цэлай купкай чорнагаловікаў. — Коля, ты толькі паглядзі! Гэта ж сапраўднае цуда! Ды асцярожней ступай, а то, як слон, грыбы патопчаш. Паглядзі, які прыгажун стаіць ля самай твае нагі, ды левай, левай!.. І вунь ззаду ў цябе, і за той ямкай. Ды ты толькі паглядзі, Коля! Не, ты немагчымы, такі грыб растаптаць!..

— Што хочаце, а такое я бачу ўпершыню, — гаварыў ашаломлены Круглоў. Ён дастаў з кошыка сталовы нож, тыцнуў яго некалькі разоў у зямлю, ачысціў ад хлеба і далікатна пачаў падразаць баравікі.

Лузько хадзіў збоку, каб не забягаць наперад начальству, але і не вельмі далёка, каб увесь час былі на відавоку і Круглоў, і Чокан. Заўважыўшы, што Чокан прысеў на стары пень, паспяшыў да яго.

— Зусім нецікава, — сказаў Чокан. — Рэжаш, рэжаш і разагнуцца нельга. Спіна самлела.

— Мне таксама знадаела, — паскардзіўся Лузько.

— Некуды грыбы дзяваць, — падышоў да іх з поўным кошыкам Круглоў. — Чым далей у лес, дык болей і болей. Прама пад носам з зямлі лезуць. Мая Варвара Сіманаўна ачумела ад усяго, — ён, стомлены, прылёг на траву і тут жа падхапіўся, дастаў раструшчаны баравік, засмяяўся. — Падумаў, што жывое пад бок трапіла...

— А вы, Мікалай Міхайлавіч, грыбы — у багажнік, — параіў Лузько.

— Правільна, — сказаў Чокан. — Тым больш, што грыбы моцныя, як каменні. Паўлік! — паклікаў шафёра. — Аднясі грыбы Мікалая Міхайлавіча і Варвары Сіманаўны і высып у багажнік. Толькі не забудзь пад ніз наслаць дубовых ці якіх галінак...

— У мяне плашч там.

— Яшчэ лепш. Кошык жа назад прынясі. Як, Варвара Сіманаўна, яшчэ па кошыку нарэжам? — спытаў Чокан у жанчыны, якая таксама прысела перадыхнуць.

— Ды тут і шукаць нечага, — сказала Варвара Сіманаўна. — Каб хто сказаў, што так могуць расці грыбы, то нізашто не паверыла б. Я вырасла пад Масквой, там таксама грыбоў нямала, але каб столькі... А самае дзіўнае, нават неверагоднае, што нікога тут няма. Бывала ж грыбны лес аж стогне ад галасоў. Крычаць, аукаюць... А тут? Аж нецікава.

Шафёр прынёс кошыкі. Круглоў з жонкай падняліся і пайшлі рэзаць грыбы.

Сонца стаяла ўжо даволі высока. У лесе паветра прагрэлася, не было ўжо той ранішняй прыемнай прахалоды. Круглоў зняў свой пінжак і хадзіў у адной тэнісцы. У яго зноў быў ледзь не поўны кошык баравікоў.

— Можа, Коля, паедзем ужо? — папрасілася Варвара Сіманаўна. — Ці тут іх рэзаць, ці пайсці на базар купіць, усё роўна.

— Ды і паедзем, — пагадзіўся Круглоў, глянуўшы на гадзіннік. — Ау! Фёдаравіч! Ау! — і, засмяяўшыся, сказаў жонцы: — Вось я табе і пааукаў.

— А чаго вам спяшацца? — падышоў да іх Чокан.

— У майго ж Міхайлавіча рэжым, — сказала Варвара .Сіманаўна.

— Я, як дырэктар канторы, загадваю не хвалявацца, — засмяяўся Чокан. — Усё будзе ў норме.

— Загад кіраўніцтва трэба выконваць, Варвара Сіманаўна, — і Круглоў зноў пачаў падразаць баравічкі. Але цяпер браў не ўсе запар, а адшукваў толькі аднаго памеру і аднаго колеру — з самымі цёмнымі галоўкамі. Так было цікавей.

Па дарозе з лесу заехалі да Зосіма Касача. Касач іх чакаў, сядзеў на калодцы ля двара ў асляпляльна белай нейлонавай сарочцы, у чорных новых, хаця даўно і не прасаваных, штанах і ў тапачках на босых нагах. Ён адразу падышоў да машыны, як толькі тая спынілася.

— Прывітанне, Філатавіч, — адчыніў дзверы машыны Чокан. Але не выходзіў. А мы вось з грыбоў ехалі, думаем, заедзем, паглядзім, як ты тут жывеш. Даўно ў цябе не быў.

— Калі ласка, калі ласка, заходзьце ж у хату, — запрашаў гаспадар. — Ну як грыбы? Пападалася што-небудзь?

— Што-небудзь,— хмыкнуў Круглоў. Ён вылез размяць самлелыя ногі, бо ўсю дарогу трымаў на каленях цяжкі кошык з грыбамі. — Я ніколі такіх грыбоў не бачыў. Шкада, што касы не захапілі.

— Не можа быць, — нібы і не верыў Касач.

— Дрэнныя ў цябе лясы, таварыш Касач... Зусім дрэнныя, — сур’ёзна пачаў Чокан. — Як пабудзеш у іх, дык так есці хочацца, хоць карчы грызі.

— А гэта чыстая праўда, чыстая праўда, — праглынуў слінкі Круглоў.

Пакуль госці мылі рукі, гаспадыня насіла на стол закусь.

— А самагоначка ёсць? — паціраў рукі Чокан.

— Ёсць, ёсць, — дастаў з шафы і паставіў на стол пару бутэлек каньяку Касач.

— Цікава, цікава, як вы гоніце такую самагонку? — весяліўся Чокан, здзіўляючыся такому зусім нечаканаму пачастунку. І ўжо за сталом, калі паднялі не па аднаму кілішку і за грыбы, і за Круглова, і за жанчын, у прыватнасці — за Варвару Сіманаўну і за гаспадыню — ён ціха сказаў Лузько, які пастараўся сесці з ім побач:

— Нічога не разумею, нічога не разумею. Гэты Касач заўсёды быў скупаваты, а то...

— Што вы, Фёдаравіч, ён заўсёды паважаў мясцовае начальства, — сціпла адказаў Лузько.

— Ведаў я, каго пасылаць у разведку...

— Вучымся ў старшых.

— Не, ты, браце, мастак, мастак. Прызнаюся, я цябе недаацэньваў, я хачу, Баціслаў, выпіць за цябе, — падняў чарку Чокан. — Сябры, я прашу зараз выпіць за нашага малодшага таварыша, але ветэрана беларускай нафтаразведкі, які працуе на Палессі ўвесь час, як толькі закончыў інстытут. Прашу, сябры!

У Прыпяцк прыехалі пад вечар. Спачатку завезлі дамоў Круглова з жонкай. Лузько з шафёрам дапамаглі ім занесці грыбы.

— Ну, як думаеш, стары застаўся задаволены? — спытаў у Лузько Чокан, калі той вярнуўся ў машыну.

— Нічога не сказаў. Пакуль ён будзе абмазгоўваць гэтую падзею з навуковых пазіцый, — адказаў Лузько.

— Не, ты, браце, мастак, вялікі мастак, — захапляўся дырэктар сваім падначаленым. — Вось даб’юся адзінкі намесніка і вазьму цябе.

 

Дзятлаў узяў на вакзале таксі і адразу ж паехаў у кантору, хаця было сем гадзін вечара і там, ведаў, нікога не будзе, але спадзяваўся, што раптам якая нарада і тады ўсіх, каго ён хацеў бачыць, яшчэ застане. Але ў канторы на дзвярах вісеў замок. Дзятлаў падлічыў, колькі ў яго засталося грошай, і сказаў шафёру, каб ехаў на Бабры.

Каця, як толькі ўбачыла пад вокнамі таксі і свайго Пецю, які выходзіў з машыны, паспяшыла яго сустракаць, бо па вопыту ведала, што муж прыязджаў на таксі дамоў тады, калі не мог трымацца на нагах. Яны сутыкнуліся ў сенцах. Ён абняў жонку за плечы, прыхінуў да сябе.

— Ды пусці ўжо, — не вельмі спяшалася яна вызваляцца з абдымкаў. — Бачу, што малайчына. Разлічыўся з таксістам?

— Канешне. А ты бегла разлічвацца? Якая ты ў мяне!

— Ды кінь ты, — яна лёгка адштурхнула яго. — Нацалуешся яшчэ.

У хаце Дзятлаў дастаў са свайго дарожнага абшарпанага чамадана пакунак, разгарнуў яго і накінуў на плечы Каці вялікую квяцістую хустку з тонкімі і доўгімі махрамі. — А падыходзіць. Ведаеш, угледзеў у магазіне, прыгожая ж вельмі хустка, купіў, а потым толькі падумаў, ці падыдзе яна табе.

— Недарэмна ж з’ездзіў?

— Яшчэ як недарэмна!.. Уяўляю, якія ва ўсіх будуць твары, калі пра ўсё раскажу. А то нас, каратажнікаў, дык і за людзей не лічылі... А ведаеш, пад Саратавам, там нафту знайшлі каратажнікі. І тут мы яе знойдзем. Абавязкова. Аказваецца, геолагі без нас як сляпыя. Толькі гэтага не разумеюць. Я ім раскажу. Газавы каратаж не абы-што, як некаторыя думаюць. Калі ім, вядома, карыстацца разумна. Праўда, мы самі ў многім вінаватыя, але не ва ўсім. Ад нас не патрабавалі, ад нас нічога не чакалі, на нас не спадзяваліся, нас толькі цярпелі, і ўсё. Ну, мы насы і апусцілі. Можа, і сапраўды мы лішнія людзі? А там паглядзеў. Верыш, я стаў сябе паважаць. І я прымушу і іх паважаць нас, і яны будуць паважаць нас, калі сапраўды хочуць знайсці нафту. Я табе скажу, Каць, што каратаж — гэта ўсё. Яны тут думаюць, што гэта нешта несур’ёзнае. Цяпер убачаць. Мне б толькі хутчэй зрабіць гэты самы прыбор... І Віктар Буткевіч, упэўнен, не памыляецца. Яго мы ўзброім газавым каратажам і знойдзем нафту... Уяўляеш, з-за чаго паспрачаўся гэты Буткевіч з нашым галоўным геолагам?..

Каця мала што разумела і таму сказала:

— Ды давай адпачываць, а то натаміўся за дарогу, аж пад вачыма пасінела.

— Не, я яшчэ схаджу да Дымка. Мне трэба абавязкова ўбачыць Буткевіча.

— Ды яго не будзе дома, — не хацела адпускаць яна мужа да ветэрынара.

— Адкуль ты ведаеш?

— Цяпер тут нікога няма. Амаль усе пераехалі... Кажуць, недзе пад Зуевым пачынаюць разведку, так што — хто туды, а хто ў Прыпяцк. Хто куды. Тут жыве колькі хлопцаў з буравых, якія не закончылі бурыць, ды і тыя збіраюцца пераязджаць. Так што і хадзіць табе нечага.

— Не, Буткевіча цікава ўбачыць.

— Заўтра і ўбачыш. Не тут, дык у Прыпяцку. Ты ж паедзеш ў кантору?

— Абавязкова. Да пачатку работы трэба, каб там каго застаць.

— Тым болей — нечага хадзіць, калі заўтра рана падымацца. А то і не выспішся.

— А гаспадары нашы хутка будуць? — спытаў ён у жонкі, раздзяваючыся.

— Позна, можа, дзе сярод начы, — адказала яна. — Яны кожны вечар на лодцы плаваюць, сена на астраўках розных косяць.

На другі дзень раніцай першым жа цеплаходам Дзятлаў адплыў у Прыпяцк. Ля канторы ён сустрэў дырэктара, які якраз ішоў на работу.

— Ну што, прыехаў? — спытаў Чокан. — І што цікавае прывёз?.. Добра, добра. Дык зойдзем да Мікалая Міхайлавіча.

Круглоў сказаў, што варта было б сабраць усіх, хто ёсць у канторы, няхай людзі паслухаюць. Чокан адразу ж пагадзіўся з галоўным геолагам, загадаў сакратарцы запрасіць геолагаў і інжынераў да яго ў кабінет. Дзятлаў хваляваўся, ён ніяк не чакаў, што яму прыйдзецца трымаць справаздачу перад такой шматлікай аўдыторыяй.

— Калі ласка, калі ласка, Пётр Аляксеевіч, — запрашаў яго дырэктар.

— Дык вось. Я ездзіў у Саратаў. Некалькі дзён правёў у адной экспедыцыі. Шукаюць нафту. У іх усё так, як і ў нас. Маю на ўвазе геалогію. Якраз як у нас на Быкаўскай. Саляное асяроддзе і ўсё такое. Газавыдзяленне, як і ў нас. Ледзь-ледзь... Газавы каратаж і ў іх, як і ў нас. Газакаратажпікаў за людзей не лічылі. Было. Цяпер зусім не так. У Саратаве дрэнна ведалі свае нетры, як і мы свае. Мы таксама кідаемся шукаць нафту па плошчах, якія зусім дрэнна разведаны геафізікамі. Практычна — усляпую.

Круглоў пры апошніх словах неяк загадкава кашлянуў. Чокан пастукаў алоўкам па стале.

— Прабачце, Пётр Аляксеевіч, калі ласка, пра свой каратаж...

— А ён не мой, — адказаў Дзятлаў.

— Я ў сэнсе, каб канкрэтней, канкрэтней, а не наогул, таварыш Дзятлаў.

— А я хіба не канкрэтна? — ён абвёў усіх маўклівым позіркам, потым, гледзячы ў падлогу перад сабой, працягваў: — Я хацеў падвесці да галоўнага, так сказаць, паслядоўна. Ну добра, — ён азірнуўся на дырэктара. — Буду зусім канкрэтна, Павел Фёдаравіч... Там у іх на буравых, як і ў нас, бралі газ для аналізу сумарнікам, так сказаць, той газ, які сам выдзяляўся з раствору. Канешне, дзе багата гэтага газу, там добра. А калі яго мала, як у нас? У саратаўцаў таксама выдзялялася мала газу. Былі такія, гаварылі ў сувязі з гэтым, што нафты няма... І вось там газакаратажнікі стварылі вельмі просты прыбор. Назвалі яго тэрмавакуумным дэгазатарам. Ну, сама назва ўказвае на прынцып яго работы... Пры дапамозе гэтага прыбора з гліністага раствору выдзяляецца ўвесь газ, які паспеў там растварыцца. Адсюль і аналізы дакладныя. Сам прыбор на дзіва просты. Набіраюць раствор у звычайную кефірную бутэльку і ў спецыяльнай колбе разаграваюць да таго часу, пакуль з яго не выдзеліцца ўвесь газ. Гэты газ і паступае на аналіз. Вось схема гэтага прыбора... — Дзятлаў дастаў з унутранай кішэні пінжака невялічкі папяровы скрутак, разгарнуў яго, паказаў усім і палажыў на стол перад Кругловым. — Як бачыце, некалькі колбаў, гумавых трубак, зажым, і ўсё. І вось пры дапамозе гэтага прымітыўнага прыбора і знайшлі там нафту... Гэта здарылася тады, калі аналіз газу паказаў, што бурыцца нафтаносны пласт.

— Вельмі проста, — падаў рэпліку нехта з прысутных.

— Скажыце, Пётр Аляксеевіч, калі выпрабоўвалі тую свідравіну? — спытаў Віктар. — У час бурэння ці пасля?

— Адразу ж пасля аналізу газу, — адказаў Дзятлаў і гаварыў далей: — Само сабой зразумела я не магу даць гарантыі, што пры дапамозе новага прыбора мы адразу ж знойдзем нафту, але не сумняваюся, што ад прыбора будзе карысць. Я пераконан, што пры дапамозе новага дэгазатара нам удасца выдзеліць нафтаносны пласт, калі, вядома, ён ёсць...

Дзятлаў задумаўся, нібы ўспамінаючы, што ён яшчэ не сказаў.

— У вас усё? — спытаў Чокан.

— Здаецца, — і сеў на сваё месца.

— Так, таварышы, — сказаў Чокан. — Я думаю, мы правільна зрабілі, паслаўшы Дзятлава ў Саратаў. Усё, што ён сказаў, сапраўды цікава. Пытанні ёсць да таварыша Дзятлава? Няма. Якія будуць меркаванні?

— Ды што тут меркаваць! — падаў голас Лузько, якому не хацелася губляць час, як ён лічыў, дарэмна. — Усё ясна. Трэба хутчэй заказваць гэты прыбор, і няхай газакаратажнікі карыстаюцца ім.

— Канешне, — падтрымаў Лузько і Круглоў.

— Вось што, таварыш Дзятлаў, дайце нам схему гэтага прыбора, і мы закажам яго. Толькі дзе ж яго заказаць? — задумаўся Чокан. — Хаця, што цяпер думаць пра гэта? Давайце пакуль чарцяжы, а там будзе відаць... Усё, таварышы.

— Дазвольце, — падняўся Віктар. — Я доўга не затрымаю. Я невыпадкова запытаў у Дзятлава, калі выпрабоўвалі тую свідравіну. Я ўсё ж лічу, што нам трэба хаця б адну свідравіну забурыць на Быкаўскай і, апіраючыся на больш дакладны аналіз газу, паспрабаваць выдзеліць нафтаносны пласт і выпрабаваць свідравіну ў час бурэння тэстарам. Я не магу проста прымірыцца з тым, што мы так лёгка адмовіліся ад Быкаўскай структуры.

Круглоў усміхнуўся. Услед ледзь не засмяяўся Чокан. Пачуўся смех сярод прысутных. Віктар бездапаможна азірнуўся і сеў пакрыўджаны.

Дзятлаў адчуваў сябе ў цэнтры ўсеагульнай увагі, і недзе ў глыбіні яго падымалася і расла радасць ад усведамлення свайго не апошняга месца ў канторы. Дык гэта цяпер, калі ён толькі расказаў, што бачыў, а што будзе, калі і на практыцы ўсе пераканаюцца, што такое газавы каратаж і хто такі газакаратажнік Дзятлаў. Ён выйшаў у калідор, стаў сціпла ўбаку і пакурваў, бачыў, як міма праходзілі супрацоўнікі канторы і, як яму здавалася, неяк па-новаму паглядвалі на яго, нібы бачылі ўпершыню яго, Дзятлава, пра якога раней нічога цікавага і не чулі.

— Ну, усё нармальна, Пятро? — падышоў да яго Лузько, у белай манішцы, пад гальштукам. — Малайчына. Толькі любіш ты кінуць камень у агарод начальства...

— На тое яно і начальства, — падышоў Віктар, — каб яму не спалася спакойна. Няхай ведаюць, што мы ўмеем думаць не горш за іх.

— Гэта добра ў тым выпадку, калі і не лепей за іх, — сказаў Лузько і звярнуўся толькі да Буткевіча: — Між іншым, забудзь ты гэтую Быкаўскую структуру, што ты да яе прычапіўся? Ну, кінулі яе — і чорт з ёй. Ніхто рашэння мяняць не будзе. А то ўсе ведаюць: як падымаецца Буткевіч, значыцца, будзе гаварыць пра Быкаўскую. Смяюцца ж... Я, ведаеш, зубы паламаў на той Быкаўскай, і табе ахвота?

— Мне сваіх зубоў не шкада, — сказаў Віктар.

 

Іван Дымок сказаў дома, што ў панядзелак ад’язджае на буравую.

Быў пачатак кастрычніка. Гэты месяц звычайна на Палессі стаіць ясны і цёплы, што і не верыцца ў восень, і каб не аголеныя дрэвы, не пажаўцелае лісце пад платамі, не нямая маўклівасць у лясах, дык вясна, і толькі. Але ў гэтым годзе пачатак месяца быў дажджлівы і халодны. Па радыё перадалі, што чакаюцца раннія марозы, таму ў калгасе ўсе сілы кінулі на бульбу.

Ірына Савельеўна таксама хадзіла ў поле. У суботу яна прыйшла з работы рана, бо занадта спорны дождж ішоў. Яна стамілася, акалела зусім, не адчувала ні рук, ні ног. Хустка і целагрэйка скрозь былі мокрыя. А Іван, не даўшы маці і адпачыць, выпаліў пра свой ад’езд. Яна спакойна сказала, што ён нікуды не паедзе, а потым, убачыўшы, што яе словы не падзейнічалі на сына, расплакалася.

— Куды панясе цябе ў такую непагадзь? Згібееш там, пабачыш. Сядзі дома ў сухім ды ў цяпле, не гоняць жа. А калі ісці куды, дык лепей на завод, там хоць дах над галавой...

А Іван і не вельмі слухаў, што гаварыла маці, ляжаў на канапе і дачытваў кнігу пра бурэнне глыбокіх свідравін, — не хацелася быць у брыгадзе зусім цёмным чалавекам, — чуў, як ля хаты свішча ў вербах вецер, як аднастайна, нудна барабаніць у шыбы дождж. І ў тым, што ён, Іван, едзе ў такую непагадзь і чорт ведама куды, бачыў нават нешта мужнае, нават ганарыўся сабой, радаваўся, што здольны на такое. І таму, калі Ірына Савельеўна занадта настойліва пачала ўпрошваць яго не ехаць, ён раздражнёна адказаў:

— Ды кінь ты! Расплакалася...

— Ты ж яшчэ нічога не бачыў, — старалася адгаварыць маці. — Ты думаеш, там, як і дома, цябе і дагледзяць, і накормяць, і напояць?

— Дагледжуся і накармлюся.

— То я цябе не ведаю.

— Некалі ж самому прыйдзецца жыць.

— То ж некалі. А цяпер...

— І цяпер пражыву.

— Пражывеш. Ой, маўчы! Ты раз пажыў сам...

— Перастанеш ты ці не? — не любіў Іван, каб напаміналі яму пра яго трохдзённую работу на буравой. — Там не так і страшна, як ты думаеш. Людзі ж працуюць.

— Вось пагібееш на холадзе, тады ўспомніш сваю матку...

Сам Пётр Іванавіч Дымок прыйшоў дамоў у гэты дзень пад самы вечар, як звычайна ў добрым настроі, але, як і заўсёды ў такіх выпадках, меў вельмі ясны розум.

— Я забараняю! — гаварыў ён, стоячы сярод хаты і. раскачваючыся ва ўсе бакі, як маятнік. — Ты чуеш? Чуеш, сын? Маці плача, а таму я забараняю! Я ўсё жыццё не дапускаў, каб твая маці плакала, аберагаў яе спакой. А ты?.. Я забараняю! Я маю права ці не? Я пытаюся: я маю права забараніць ці не? Я яшчэ раз пытаюся — маю права ці не? — Ён які час упарта глядзеў на сына, а потым зрабіў крок, нечакана моцна закрычаў: — Ды кінь ты сваю дурацкую кніжку, паслухай, што я гавару!

— Давай, гавары, слухаю, — перастаў чытаць Іван.

— Ты слухаеш? Цудоўна! Нарэшце я дачакаўся, што мяне слухае родны сын. Дзякую табе, сынок! Дык вось, я забараняю, разумееш? Забараняю! Ясна?

— Ясна, — сказаў Іван і зноў пачаў чытаць.

Пагаварыўшы такім чынам з сынам, ён пайшоў на кухню і ўсцешыў сваю жонку, паведаміўшы ёй, што забараніў сыну нават і думаць пра буравую.

На другі дзень Іван яшчэ з большай рашучасцю адстайваў сваё права па самастойнае жыццё. Між іншым, самому Пятру Іванавічу раніцай, калі думалася спакойней, чым учора, нават падабалася такая ўпартасць сына. Ён пазнаваў у ім сябе, маладога, рашучага. Некалі ён якраз у такім узросце паехаў у горад паступаць у ветэрынарны тэхнікум і не паступіў. Дамоў не вярнуўся, уладкаваўся на склад вартаўніком, за зіму лепей падрыхтаваўся і ўсё ж паступіў вучыцца. Дамоў прыехаў са студэнцкім білетам у кішэні. Марыў вучыцца ў інстытуце і вучыўся б, каб не вайна. І цяпер ён радаваўся Іванавай упартасці, толькі не паказваў гэтага ды шкадаваў, што пачынае сын з такой работы, якой адзін раз ужо не вытрымаў. Не вытрымаў улетку, а цяпер жа халодная восень, а потым будзе і зіма. Хаця што думаць пра зіму? Адолее восень, дык адолее і зіму.

— Ты яму болей цёплага адзення напакуй, — сказаў ён жонцы зусім нечакана для яе. — Світараў, усялякіх там шкарпэтак.

— Дык ты яму дазваляеш? — спачатку і не паверыла Ірына Савельеўна.

— Хай едзе.

Ірына Савельеўна болей не пярэчыла, а дастала самы вялікі чамадан, які толькі быў у хаце.

— На полюс еду, ці што? — абураўся Іван, калі маці пачала складваць у чамадан цёплыя рэчы, нават палажыла аўчынную бацькаву безрукаўку, якую той некалі прывёз з вайны.

— Ты толькі, хлопец, не вельмі там фарсі, — не звяртаў увагі стары на рэплікі сына. — Адзявайся цяплей. Ты і не ўяўляеш, як яно пад адкрытым небам. А то так прастудзішся, што хопіць на ўсё жыццё.

— Як толькі выйду за парог, дык на мяне адразу ж накінуцца ўсе хваробы, — пратэставаў Іван.

— Дарэчы, Савельеўна, — камандаваў Дымок. — Палажы яму трохі ліпавага цвету. А ты, Іван, як толькі адчуеш, што перамёрз, прастудзіўся, прыходзь, заварвай ліпавы чай і пі, пакуль дзесяць патоў не выйдзе. Ды з мёдам. Ты, Савельеўна, яму мёду палажыла? Глядзі ж, Іван, мёд у гарачы чай не кідай, бо тады з яго ніякай карысці, а з лыжачкі ліжы, ці на скібку з маслам. Таксама нядрэнна.

— Ой, — стагнаў Іван. — Можа, скажаце, каб я і карову ўзяў з сабой і піў там сырадойчык?

— Смяяцца будзеш потым, а цяпер слухай ды матай на вус, — ушчуваў Дымок. — Бацька болей за тваё пажыў на свеце, і ў яго табе зусім не сорамна таму-сяму павучыцца. І вось што... Са мной ты можаш размаўляць як хочаш, я цябе ведаю, не пакрыўджуся. А вось там, у калектыве, каб асабліва не выпендрываўся. Выскачак нідзе не любяць. Начальству не грубі, слухайся. Каб занадта не заносіўся. Людзі ўсе харошыя. І ніхто табе дрэннага не пажадае, калі сам не будзеш шкодзіць. І ніколі не спяшайся. А то ёсць такія, што не разбяруцца, а пашумець любяць. І выходзіць тады адзін смех і ніякага табе аўтарытэту. Спачатку пераканайся, што несправядлівасць, а потым...

— Быць паслухмяненькім? Цішэй вады і ніжэй травы? Так? — абураўся Іван.

— Я хачу, каб ты не быў легкадумны, дурань. Як цяпер, напрыклад, са сваім пытаннем.

— Добра, — пагадзіўся Іван. — Яшчэ якія будуць указанні?

— Будуць, сын, будуць, — сеў Дымок на канапу, памаўчаў, абдумваючы, як бы лепей і тактоўней сказаць. — Вось што, сын. Запомні, што без навукі цяпер ісці ў жыццё цяжка... Дык каб з дзеўкамі не вельмі, а то якая ажэніць, не да навукі будзе.

У панядзелак з раніцы сеяла халодная імжа. Дарогі абраслі ледзяной карой так, што аж буксавалі машыны. Ад наледзі трашчала голле на дрэвах.

Дымок пад’ехаў на «козліку», якога выпрасіў у старшыні калгаса, каб адвезці на буравую сына і паглядзець, дзе ён там будзе працаваць, дзе жыць. Стары сам перанёс у машыну чамадан, вузлы з верхнім адзеннем і пасцеллю.

Іван стаяў ля машыны і ўсё ўпрошваў маці, каб не мерзла на вуліцы, а ішла ў хату, а Ірына Савельеўна не слухала і ўсё стаяла, пакуль Іван не сеў у машыну, пакуль машына не схавалася за паваротам...

 

Кіга лічыў, што яму вельмі пашанцавала ў жыцці, ва ўсякім выпадку — два разы.

Першы раз, калі шукаў сабе кватэру, а другі — калі сустрэўся на буравой з Іванам Дымком. Таму ж, што трапіў у брыгаду лепшага майстра канторы Шкварніка, ён не надаваў асаблівага значэння. Што ні гаварыце, а ён не раўня тым салагам, што толькі прыйшлі ў брыгаду і ходзяць ля буравой са страхам, каб што ні звалілася на іх галаву. А потым Кіга сам пайшоў у тую брыгаду, у якую захацеў. Спачатку, калі ў Чугуя не было чаго рабіць, ён разлічыўся, сказаўшы, што не ў яго натуры сядзець без работы, і тыдні тры падарожнічаў па Прыпяці, пакуль не праездзіў усе грошы. Назад да свайго былога майстра вяртацца не пажадаў, бо, як ён растлумачыў у аддзеле кадраў, працаваць у розных начальнікаў весялей, чым увесь час у аднаго, і папрасіўся ў брыгаду Шкварніка.

Калі Кіга прыехаў на буравую, вядома, спазніўшыся на два дні, яго затрымалі ў Прыпяцку нейкія загадкавыя абставіны, пра якія ён нікому не расказваў, — Шкварнік яму нічога не сказаў: ён, відаць, лічыў Кігу закаранелым летуном, таму толькі спытаў, ці надоўга той да яго.

— Цвёрда?—не любіў адразу адказваць на пытанні Кіга.

— Цвёрда.

— Да канца бурэння, паколькі мяне заўсёды цікавіў і цікавіць вынік, — нават не маргнуўшы вокам, адказаў Кіга. Убачыўшы, што Шкварнік ніколькі не супраць яго, спытаў: — Скажыце, калі ласка, якія перспектывы наконт катлапункта на буравой, паколькі ў мяне ніякіх карэнняў у вясковым асяроддзі, і праблема харчавання звязана з маёй прадукцыйнасцю працы.

— Абяцалі і катлапункт і нават інтэрнат... — адказаў Шкварнік.

— Вы намалявалі цудоўную перспектыву, а пакуль што мне неабходна знайсці якое прыстанішча. Спадзяюся, што вы не супраць, каб я заняўся гэтым?

— Калі ласка, калі ласка, — дазволіў яму Шкварнік. — Уладкоўвайцеся і прыходзьце.

Рабочыя, што знайшлі сабе кватэры ў вёсцы, раілі Кігу пайсці адразу да калгаснага брыгадзіра. Кіга, будучы бездакорна ветлівым чалавекам, падзякаваў таварышам за іх каштоўныя парады і, акінуўшы позіркам вёску, спытаў пра хату, што стаяла з гэтага канца вуліцы, бліжэй да буравой, і выдзялялася з усіх хат блакітным бляшаным дахам. Яму сказалі, што гэта хата незанятая, але туды вадзіў аднаго брыгадзір, дык гаспадары наадрэз адмовіліся ўзяць кватаранта, хаця і жывуць толькі ўдваіх.

— Правільна, — сказаў Кіга. — Трэба ж шурупіць. Яны ведалі, што да іх папрашуся я, — і ён выйшаў з шалёвачнай канторкі, дзе была і бытоўка, і месца для рацыі, па пясчанаму, яшчэ не ўтаптанаму добра насыпу, дайшоў да поплава, а там праз луг наўспрамкі скіраваў да хаты. Хутка яго летнія сандалеты ледзь трымаліся на нагах. Яны размяклі, і на іх наліпла столькі гразі, што цяжка было нагам. Ля хаты ён пабоўтаў нагамі ў глыбокай калюжыне, у якой плавалі гусіныя пер’і, і зайшоў у хату. Сівы дзядок з тоўстым шарфам на шыі і з бледнай лысай галавой сядзеў за сталом і, начапіўшы акуляры на нос, чытаў газету, а старая ў цёплай целагрэйцы ляжала на палку ля печы і, падклаўшы пад голаў руку, драмала.

— Прывітанне! — сказаў весела Кіга і спыніўся, чакаючы, пакуль з яго сандалетаў сцячэ вада на анучку, што ляжала ў парозе. — Я, здаецца, трапіў туды, куды мне і трэба. Мне так і сказалі, што ў гэтай хаце жыве стары, які вельмі любіць чытаць газеты, і старая, якая больш за ўсё паважае чысціню ў пакоях. І правільна робіць, бо чысціня — гэта здароўе на доўгія гады.

— Праходзьце, садзіцеся, — высунуў з-пад стала табурэтку стары, паправіў акуляры, у якіх адно шкельца было расколата, аглядзеў незнаёмага юнака.

— Дзякую, — сеў Кіга і схаваў ногі пад табурэтку.— Так, так... Значыцца, вы ўдваіх і жывяце? Мне так і гаварылі. Гэта ж трэба. І ваду самі носіце? І гэта ў такія гады... І дровы самі пілуеце? Ды што і гаварыць... І вам ніхто не дапамагае? — ён паглядзеў на старога, потым на старую, якая села на палку і, здавалася, спрасоння нічога не разумела, стараўся хутчэй разгадаць, хто ж у гэтай хаце камандуючы.

— А каму мы трэба, старыя? — пазяхнула бабуля.

— Калі мне расказалі пра вас, я доўга думаў... Як так, думаў я. У наш час, калі чалавек чалавеку... Нашы, напрыклад, хлопцы з буравой шукалі кватэры, дзе б ім смачна варылі і мякка слалі. А я, думаю, пайду да старых, можа, ім і весялей будзе перажываць старасць. У наш жа час як бывае? Дзяцей росціш, росціш, а яны потым параз’язджаюцца, жывуць у гарадах побач з гастраномамі, а старым толькі паштоўкі на свята прысылаюць. А што, бабулька, хіба не так?

— Ды так. Мае і дзеці, і ўнукі заўсёды прысылаюць паштоўкі, — пахвалілася яна.

— А я так лічу: пра нас клапаціліся, з-за нас недасыпалі і недаядалі, мы таксама павінны клапаціцца пра старых. Вось я і думаю, пайду да іх, можа, чым і дапамагу. Правільна я надумаўся? — звяртаўся ён да старой, бо вырашыў, паколькі дзед чытае газеты, цікавіцца міжнароднай палітыкай, то ў яго проста нестае часу на хатнія клопаты.

— Ці не на хвацеру хочаце да нас? — нарэшце ўсё зразумела старая.

— Я б, канешне, мог бы і доўгі час жыць у вас, — паблажліва і нават неяк спачувальна гаварыў Кіга, — ды ў нас на буравой павінен быць свой інтэрнат, так што, можа, на які месяц-другі.

— Не-е, дзетка, — адмоўна пакруціла галавой старая. — Мне і брыгадзір вашых прыводзіў, дык я адмовіла. У нас, дзетка, ніяк няможна. У нас і дзеці свае, і ўнукаў багата. І ў Мінску, і ў Гомелі, і ў Варонежы гэтым, і ў Светлагорску і ў... Дзе гэта яшчэ, стары?

— У Мічурынску.

— Во, і ў Мічурынску, увесь час забываю гэты Мічурынск, — засмяялася старая. — І ездзіла туды колькі разоў... Дык улетку, як паз’язджаюцца ўсе, і ў двары цесна, не тое што ў хаце. І ў хаце спяць, і на гарышчы спяць, і ў дрывотніку, і ў пуні, і ў садзе. Там сабе такі будан змайстравалі і спяць.

— Яны ўлетку да вас прыязджаюць? — перапытаў Кіга. — Тады ўсё нармальна. Пажыву ў вас з які месяц, а калі спадабаецца — і болей. Але не далей вясны, так што...

— А вы самі адкуль? — пацікавіўся стары.

— Не ведаю нават, — сказаў сціпла Кіга. — Выхоўваўся ў дзетдоме. Калі б у мяне былі бацькі, я таксама, можа, жыў бы ў якім Мічурынску, а не хадзіў тут па хатах. Гэта ж добра, што вось так яшчэ натрапіш на харошых людзей, а ёсць жа такія, што на парог не пусцяць, кабана хлебам кормяць, а табе скарынку пашкадуюць.

— Яно-то так, дзетка, але ж, — і старая дапытліва глядзела на дзеда.

— Хай нажыве, — распарадзіўся той.

Кіга ніколькі не здзівіўся згодзе, ён толькі пашкадаваў, што дарэмна стараўся спадабацца старой, трэба было адразу пачынаць размову з дзедам, з ім жа можна было пра міжнароднае становішча пагаварыць. Праўду кажуць, век жыві і век вучыся. Але нічога, з дзедам увечары трэба пра палітыку завязаць размову, каб канчаткова замацаваць за сабой заваяваныя пазіцыі ў гэтай хаце.

А праз які час Кіга сядзеў з гаспадарамі за сталом ледзь не на покуце і вячэраў. Паколькі ён хацеў вельмі есці, то сваю дыскусію з дзедам вырашыў адлажыць на пасля, але стары не разумеў хлопца і, як чалавек дасведчаны ў разнастайных сферах грамадскага жыцця, цяпер ацэньваў дзейнасць беларускіх нафтаразведчыкаў.

— То ж трэба, — абураўся ён. — Навокал столькі пясчаных выспаў, дзе нішто не расце і ад якіх ніякай карысці гаспадарцы, а яны лезуць у балота, засыпаюць яго пяском. Хутка ж і качку некуды будзе выпусціць. Шукалі б сабе нафту ў тых пясках, а то лезуць у балота.

— Геолагаў цікавяць нетры зямныя, — глыбакадумна заўважыў Кіга.

— Ды не слухай ты, дзетка, яго, — махнула рукой старая. — Як што скажа, дык аж слухаць брыдка. Яны ведаюць, што робяць. Ды і які дурань на буграх тых пясчаных стане шукаць нафту? Дзе балота, там і месца ніжэйшае, канешне ж, туды і тая нафта будзе збягаць. А дзе ты бачыў, каб яна сама ўверх пацякла?

— Вам, бабулька, можна ісці да нас геолагам, — пахваліў яе Кіга.

— Не, дзетка, не кажы, — не пагадзілася старая. — Гады не тыя. Каб маладзейшая, дык і пайшла б. А што? За жыццё ўсялякай работы давялося перарабіць багата, і людзі ніколі не скардзіліся на мяне. І гіёлагам вашым была б... А што? — абурылася яна, калі ўбачыла, што дзед яе дакорліва заківаў лысай галавой. — Памятую, да вайны ў нас ля вёскі гіёлагі зямлю таксама капалі. Праўда, не ў балоце, а далей туды, за дарогай. Казалі, што да солі дакапаліся. Старшыня калгаса ў кантору прыносіў тую соль. Памятаю, такая чарнаватая, як з зямлёй, але салёная... У вайну нашы ўспомнілі пра гэта. А ведаеш, як цяжка без солі? Ну, сабраліся нашы мужыкі і пайшлі капаць. Капалі, капалі, вельмі глыбока капалі, глыбей, чым калодзежы ў нас капаюць, а да солі і не дакапаліся. Казалі, можа, яна растала, тады часта дажджы ішлі і вады багата было ўсюды.

— Бабулька, пад намі па ўсяму Палессю ляжыць соль у два кіламетры таўшчынёй, — аўтарытэтна заявіў Кіга. — Гэтай солі хопіць усім людзям на зямлі і на ўвесь час, пакуль і жыць будуць.

— А бог ты мой, — аж успляснула рукамі гаспадыня. — То ж недарма гаварыў нябожчык Дудзянок, што каб яшчэ пакапалі глыбей, то і дакапаліся б. Дык не паслухалі... Патаміліся ўсе вельмі. Наедку, дзетка, тады добрага не было.

Начаваў Кіга ў тую ноч у светлай палавіне хаты на нікеляваным ложку з панцырнай сеткай. Пад яго галавой ляжалі дзве пуховыя падушкі. Потым ён расказваў таварышам на буравой, што яго галаве быў аказан такі гонар таму, што гаспадары вельмі кемлівыя людзі, змаглі адразу па-сапраўднаму ацаніць яе. А раніцай гаспадары прымусілі апрануць тоўстую, цёплую, відаць, самаробную целагрэйку. Стары ўнёс з чулана запыленыя, са збітымі абцасамі, але даволі яшчэ моцныя ялавыя боты. І тут толькі Кіга канчаткова зразумеў, што яму з кватэрай надзвычай пашэнціла.

Кігу як чалавека, які меў ужо нейкі вопыт работы на буравых, прызначылі верхавым. Хаця быць верхавым у зімовы час і не вельмі прыемна, але Кіга абрадаваўся такому прызначэнню, — гэта ўсё ж адказны ўчастак, а не тое што сядзець ля карыта са шламам, — а галоўнае, у яго было цяпер цёплае адзенне. І ён сядзеў у бытоўцы сцішана, не балбатаў лішняга, паводзіў сябе так, як і варта сапраўднаму рабочаму — падкрэслена салідна і незалежна.

На буравой ішлі апошнія падрыхтаванні да работы. Дызялісты правяралі па чарзе рухавікі, часта заводзілі іх. Над балотам вісеў шызы дым, як туман. Прывезлі машыну бурыльных труб, чакалі яшчэ адну. У чаканні гэтай другой машыны ўсе і сабраліся ў бытоўцы. Трашчалі дровы ў жалезнай грубцы. Ад яе ішло моцнае цяпло, і многія хлопцы, расшпіліўшы целагрэйкі, ляжалі проста на падлозе, курылі. Шкварнік, каб не губляць час, правяраў у навічкоў веды па тэхніцы бяспекі.

У гэты час якраз і пад’ехаў на «козліку» Дымок з сынам.

— Прывёз сына, — парукаўся ён са Шкварнікам, якога добра ведаў з тых часоў, як той працаваў пад Бабрамі і стаяў на кватэры ў іхняй вёсцы. — Не спазніліся?

— Ды не, — сказаў Шкварнік. — Якраз. Яшчэ і не пачыналі бурыць, хаця і даўно павінны былі. Вунь сусед мой за дарогай, Чугуй, ужо калі бурыць, а тут пакуль вазілі пясок, — навозяць за дзень, а за ноч ён як куды праваліцца, — потым пакуль будавалі саму буравую, дык час і прайшоў. Цяпер мы Чугуя не дагонім... А кватэру знайшлі сыну?

— Ды не шукалі: думалі даведацца ў вашых, як і што, можа, хто падкажа. Каб добрых гаспадароў, каб яны варылі яму і ўсё такое. Прадуктаў будзе столькі, колькі трэба.

Кіга выйшаў з бытоўкі і здалёк, толькі кіўком галавы павітаўся з Іванам, павітаўся з несхаванай зняважлівасцю, як з нядаўнім дэзерцірам, але, пачуўшы апошнія словы старога Дымка пра прадукты, імгненна ацаніў сітуацыю, сказаў:

— Я даўно ведаю вашага сына, ён вельмі таварыскі хлопец, і, калі вы не супраць, вазьму з сабой. Мае гаспадары людзі добрыя і толькі рады будуць.

А праз які час Кіга, несучы цяжкі чамадан, заводзіў Івана і яго бацьку з вузламі ў хату, як да сябе дамоў. Зайшоўшы, ён убачыў, што ў хаце гаспадара няма, а толькі бабулька, — яна ляжала на палку ля печы.

— Бабуся, — Кіга вельмі быў ласкавы, — у мяне вялікая радасць, у мяне свята, бабуся. На нашу буравую прыехаў працаваць мой сябра, вы толькі бачылі б нашу сустрэчу, то зразумелі б, якая гэта для мяне радасць была. Дык я запрасіў яго да сябе ў госці, — і, убачыўшы недаўменне на твары ў Дымка, сказаў яму: — А вы, Пётр Іванавіч, што спыніліся ў парозе? Праходзьце, праходзьце...

Старая моўчкі спаўзла з палка, накінула па плечы целагрэйку, а галаву і забыла прыкрыць хусткай, шмаргнула за дзверы.

— Ну што стаіце? — камандаваў Кіга. — Пётр Іванавіч, харч і ўсё такое — на стол і — хутчэй. Не марудзьце, калі ласка, потым самі ўсё зразумееце.

І калі стары са спахмурнелым тварам і з дробнымі стружкамі на полах кажушка, — ён нешта майстраваў у дрывотніку, — у суправаджэнні старой зайшоў у хату, то Кіга не даў яму і рота адкрыць.

— Заходзьце, заходзьце, бацька, а то зачакаліся вас тут. Распранайцеся, калі ласка, ды за стол, а то Пятру Іванавічу ехаць трэба.

Дзед не мог устаяць пад такім націскам...

За сталом Кіга адразу пачаў гаворку пра палітыку, і ў яго з дзедам завязалася доўгая дыскусія па самых актуальных міжнародных праблемах. А калі ўсе навіны былі абгавораны, ужо ў самым канцы застольнай бяседы Кіга спытаў у старога, якія дровы лічацца самымі лепшымі і, пачуўшы, што дубовыя, паабяцаў ад імя Пятра Іванавіча, што на днях яму завязуць машыну дубовых дроў. Стары не пярэчыў супраць дроў, не пярэчыў ён і супраць таго, каб у іх жыў і Іван.

— Дзе адзін, там і двое пражывуць,— сказаў ён старой.

На развітанне Дымок прасіў Кігу, як больш вопытнага, не пакідаць без увагі сына.

— Не прападзём, — запэўніў Кіга. Ён ведаў, што ля Івана яму будзе жыць нядрэнна.

 

Пад вечар пайшоў снег.

Ён падаў густа, з нейкай сіратлівасцю, спяшаўся накрыць зямлю, каб нідзе не засталося ніводнай чорнай плямы. І калі аднекуль падкрадваўся парывісты вецер і змятаў з дарогі лёгкія, як пух, сняжынкі, тады неба яшчэ больш цямнела і гусцей сыпала снегам.

Віктар ішоў з канторы, і ў яго быў такі настрой, нібы яго чакала вялікая радасць, блізкае свята. Ля гасцініцы спыніўся, не хацелася заходзіць туды, у нумар, у якім акно глядзіцца ў брудны абрыў і ў якім на стале стаіць жоўтая вада ў графіне. Ведаў, што там прападзе гэтая душэўная ўзнёсласць. Куды ж можна схадзіць? Раптам ён глянуў на гадзіннік і ледзь не пабег наўспрамкі праз плошчу, да універмага, недалёка ад якога стаяў газетны кіёск. У кіёску гарэла святло. Зарына ўжо зачыніла акенца і збіралася дамоў. Віктар пастукаў.

— А-а, гэта ты, — адчыніла яна акенца. — А я думала куды з’ехаў ці, можа... Адзін раз, праўда, цябе бачыла, некуды нагнуўшыся бег. Я доўга за табой сачыла, думаю — зараз урэжацца ў некага ці ў слуп які, во будзе цікава, — яна шырока ўсміхнулася, ды, мабыць, успомніла пра свае рэдкія зубы, патушыла ўсмешку.

— Першы снег, — сказаў Віктар. — І заўтра нядзеля.

— А-а, — яна паглядзела на яго, усміхнулася вачыма. — Ты хочаш забіць зайца?

— Не вельмі. Але я не магу дапусціць, каб ты не выканала свайго абяцання.

— Дзякую за клопаты.

— Калі табе не вельмі хочацца ісці на паляванне, то я, вядома, настойваць не буду, — сказаў ён абыякава.

— Пачакай, — яна павесіла замок на дзверы і ўжо ў дарозе да аўтобуснага прыпынку спытала: — А ў цябе стрэльба ёсць?

— Каб жа была.

— Боты паляўнічыя?

— Што-небудзь знойдзецца.

— І то няблага. Ой, мой аўтобус! Каб заўтра як раней быў у нас, — і яна пабегла садзіцца.

На другі дзень раніцай, калі ад снегу яшчэ зырчэй чым звычайна гарэлі электрычныя ліхтары, Віктар першым аўтобусам паехаў да Зарыны. Тая ўжо чакала яго ў кароткім лёгкім кажушку з шырокім белым каўняром, у шапцы-вушанцы з шэрага зайца, у сініх, з-пад лыжнага касцюма, штанах і высокіх падшытых валёнках. Дзве стрэльбы, пабліскваючы рулямі, віселі ў парозе.

Яны выйшлі на агарод, дзе маладыя яблыні былі абвязаны хваёвым голлем ад зайцоў, і наўспрамкі праз поле скіравалі да недалёкага лесу. Зарына, як толькі крыху адышліся ад саду, узяла ў Віктара сваю стрэльбу, — ён нёс дзве, — і, папрасіўшы Віктара не размаўляць, адышлася ўбок і цяпер ішла ад яго метраў за сто.

— Ды адкуль тут зайцы? — крычаў ёй Віктар, які нават не стаў знімаць з пляча сваю стрэльбу.

— Ціха! — папрасіла яна яго.

— Пад бокам у горадзе — зайцы?

— Тады пабачыш...

І раптам прама з-пад ног Віктара выскачыў вялізны шарак. Ён спачатку высока падскочыў угору, відаць, з перапуду. Чутна нават было, як чмякнуўся ў снег і памчаў, прыціснуўшы вушы да спіны, прама на лес, шырока і так лёгка сігаючы, што, здавалася, не кранаўся лапамі і зямлі. Зарына ўскінула стрэльбу, але страляць не стала, баючыся падстрэліць Віктара, які з усіх ног кінуўся за зайцам. Перад самым лесам шарак раптам крута павярнуў управа і пасігаў на хмызняк. Перасекшы хмызнякі, зноў скіраваў на лес. А Віктар усё бег і бег за зайцам, хаця яго даўно ўжо не бачыў.

Спачатку Зарына смяялася, стоячы на месцы, а потым пайшла па слядах Віктара, каб таму не так далёка было вяртацца назад. Калі дайшла да рэдкага хмызняку, то ўбачыла, як у нізіне перад лесам Віктар стаяў ля сцірты і за нечым пільна сачыў. Зарына сунула пальцы ў рот і моцна, па-хлапечы, свіснула. Віктар азірнуўся і пайшоў насустрач дзяўчыне.

— Не, цяпер я пераканана, што прырода вельмі і вельмі памылілася, — смяялася яна яму яшчэ здалёк. — Ты, Віктар, дарэмна не нарадзіўся бобікам.

— А хіба я бегаю горш за бобіка? — Ён быў надзвычай узбуджаны сустрэчай з зайцам.

— Горш.

— Хіба?

— Бобік ніколі так далёка не пабяжыць за зайцам.

— Ведаеш, ён недзе тут, у сціртах, схаваўся.

— Вось іменна — недзе.

— Куды цяпер пойдзем?.. Можа, усё ж прачэшам гэтыя сцірты?

— З табой усё роўна дзе хадзіць.

— Буду маўчаць як рыба.

— І калі яшчэ раз так прабяжыш, то цябе дамоў прыйдзецца на плячах несці.

— Я ж, можа, геолаг.

— Зайцы і геолагаў не шкадуюць, — яна пастаяла, агледзелася. — Вось што, Віктар. Пойдзем праз той лес, там поле, і калі там яшчэ ніхто не пабегаў, то, можа, і падымем якога...

Хаця лес здаваўся і недалёка, але ішлі да яго доўга. Сонца паднялося і павісла на гарызонце. Не такі жвавы стаў і Віктар. Сцішыўся і ледзь паспяваў за Зарынай, якая, як яму здавалася, знарок ішла вельмі хутка, хаця яна ішла так, як і раней, а можа, нават крыху і цішэй. А калі апынуліся ў лесе, то яна забылася і на зайцоў, разглядала сосны пад бухматым снегам, пахіленыя бярозкі. Спыніцца ля якой сасонкі і любуецца, якімі ўзорнымі камякамі панавісаў на яе галінках снег...

Мінавалі лес, скіравалі на поле, якое роўнымі радамі, як хапала вачэй, перасякалі невысокія гарбы з пазразанага куп'я і хмызняку. Відаць, тут яшчэ не так даўно, можа, нават гэтым летам, асушвалі балота.

— Можа, прачэшам поле? — бадзёра спытаў Віктар, спадзеючыся, што Зарына не пагадзіцца.

Зарына глянула на Віктара, які ішоў услед з апушчанай галавой, і ёй хацелася рассмяяцца.

— Абавязкова прачэшам.

Але хутка Віктар зноў разышоўся, ад стомленасці не засталося і следу, — цяпер ён крочыў не ўслед за Зарынай, а збоку і нават крыху наперадзе, несучы напагатове стрэльбу. Зарына ж несла сваю стрэльбу, павесіўшы на плячо.

— Не паспееш і стрэліць, — сказаў ёй Віктар.

— А я і не думаю страляць. Бо тады будзем спрачацца, хто забіў зайца. А галоўнае, я хочу, каб ты забіў яго, бо калі вернешся са свайго першага палявання без нічога, то з цябе не атрымаецца паляўнічы.

Па полю ісці было цяжка, ногі то траплялі ў ямку, то спатыкаліся аб бугры пад снегам. Часта пападаліся нейкія канавы.

— Можа, пойдзем назад? — не вытрываў Віктар, калі яны прайшлі ледзь не большую палову поля, і хаця б што жывое сустрэлася.

— Добра, — спагадліва сказала Зарына. — Дойдзем да лесу, там ёсць вялікая паляна, — некалі жыў ляснік, — яна ўся зарасла яблынямі-дзічкамі, там ёсць зайцы і тады, калі іх нідзе няма.

— Для першага разу велікаваты маршрут, — сказаў ён і засаромеўся.

Калі ўвайшлі ў лес, то Віктару адразу кінулася ў вочы, што ён увесь быў спаласаваны лыжамі, так, што, здавалася, не было месца, дзе не ступала нага чалавека.

— Паглядзі! Якія тут зайцы? — засумняваўся Віктар. — Колькі людзей перабыло!

— А дзе багата зайцоў, там і паляўнічых багата. Але нічога! Наш заяц нам застанецца.

— Не, нечага тут хадзіць, — рашуча сказаў Віктар. — Нечага нам тут рабіць. Пайшлі назад, а то да вечара і дамоў не пападзём. Я стаміўся.

— Віця, бачыш, наперадзе светла, там тая паляна, зусім жа блізка. Там ніхто не быў, міма швэндаюць, а туды не здагадаюцца зазірнуць. Мы толькі з бацькам ведаем пра тую паляну. Пайшлі, Віцечка. Дзеля цябе ж стараюся.

Віктар моўчкі падаўся наперад. Зарына ішла ўслед і ледзь не пырскала са смеху. І вось лес нечакана расступіўся, і Віктар убачыў знаёмыя хаты пад знаёмымі бярозамі. Ён стаяў які час ашаломлены і нічога не разумеў. Зарына спынілася побач і пацягнула носам:

— Тушонай зайчацінай пахне! — і залівіста рассмяялася, задаволеная сабой.

У хаце Віктара прымусілі разуць цяжкія і адсырэлыя боты, падалі сухія, цёплыя, прама з пячуркі, валёнкі. Зарына таксама пераадзелася, надзела чорнае вузкае плацце, у якім яшчэ болей пастрайнела, абула лёгкія туфлі і цяпер, пастукваючы высокімі абцасікамі, насілася з кухні ў залу вясёлая, узбуджаная, нібы і не прайшла толькі што многія кіламетры. Віктар сядзеў на канапе, самлелы ў хатнім цяпле, кідаў частыя позіркі на Зарыну, такую радасна-шчаслівую і нават па-свойму прыгожую, іменна — прыгожую, — як гэта ён адразу не заўважыў гэтага! — і думаў, што яму не трэба болей сюды хадзіць, не трэба болей сустракацца з ёй. І гэта будзе самае лепшае, што ён зможа зрабіць для яе.

 

Тамара доўга ляжала ў пасцелі. Яна чула, як паднялася маці, як яна пускала з кранаў ваду, як збіралася на базар. Чула, як яна зайшла ў спальню, спытала ў яе, ці не спіць, пастаяла, уздыхнула нечаму і выйшла. Потым чула, як прылапацела Раечка, як цягала за коўдру, будзіла яе і, не дабудзіўшыся, пабегла, і хутка галасы ўнучкі і дзеда гучалі ўжо ў садзе.

А Тамара ляжала пад лёгкай прастынёй, глядзела ў столь, і ёй не хацелася падымацца, не хацелася нічога рабіць. У апошні час, асабліва ў выхадныя дні, калі ёй не трэба было ісці на работу, яе ахоплівала такая неадольная абыякавасць да ўсяго, што іншы раз яна магла праляжаць у пасцелі, покуль маці не вярталася з базару.

Адразу пасля прыезду з Прыпяцка яна адчула пустату на сэрцы, больш трывожную, больш глухую, чым некалі пасля ад’езду Віктара. Тады яна хаця і не вельмі, але верыла, што ён, можа, адумаецца, вернецца, цяпер жа такой веры не было. І спачатку яна змагалася з гэтай пустатой як магла. Яна вечна была занята, ні хвіліны не магла пасядзець без работы: ці перамывала вокны, ці мыла бялізну, ці націрала паркет, — адным словам, нават тады, калі не было ніякай работы, знаходзіла яе. Нечакана яна пачала вязаць дачцэ паліто, хаця да гэтага ніколі не займалася вязаннем. Некалькі дзён, акрамя вязання, нічога не хацела і ведаць. А вечарамі, лежачы ў пасцелі, доўга чытала, пакуль не ахопліваў цяжкі неспакойны сон... А на рабоце, у планавым аддзеле заводакіраўніцтва, працавала зацята, засяроджана, не адрывалася на якую мінуту, каб пагаварыць з сяброўкамі, што вельмі ахвотна рабіла яшчэ не так даўно. Сяброўкі яе паводзіны тлумачылі па-свойму: з’ехаў мужык, ды, відаць, і не піша. А можа, нават і прагнаў яшчэ, калі ездзіла да яго. Прасілася ж на тыдзень, а прыехала праз тры дні.

Дома бацькі таксама заўважылі перамену ў яе паводзінах. Стары нічога не казаў, а маці, Аксана Андрэеўна, вытлумачыла гэта тым, што, маўляў, стараецца жанчына, той жа з’ехаў чортведама куды, і ўсе клопаты аб сям’і ляглі на яе плечы. Так яна сказала, а сама падумала, што сумуе дзеўка, і тут жа яна не вельмі памылялася.

Тамара ўсяляк хавала сваю апустошанасць. У размовах гаварыла, што ёй яшчэ і лепей без мужа, спакайней, што яна нізашто не паедзе ўслед за ім, і ён гэта ведае, таму і не заве, бо некуды зваць, кватэры няма і не будзе. Пакуль не знойдуць нафту, ніхто ніякіх кватэр даваць не збіраецца, і можа, наогул так стане, што Віктар сам яшчэ хутка прыедзе. І вось з-за гэтай сваёй балбатні яна не сустракала ні ў кога ні разумення, ні спачування. І калі хто заводзіў гаворку пра яе жыццё ці пра яе адзенне, ішло яно да твару ці не, на што сама Тамара ў апошні час не звяртала ніякай увагі, то яна адказвала так, што потым ні ў кога не было ахвоты з ёй шчыраваць. І людзі, з якімі яна яшчэ зусім нядаўна жыла ў дружбе і якія ёй здаваліся вельмі добрымі і спагадлівымі, цяпер, як яна лічыла, былі чэрствымі эгаістамі.

З кожным днём Тамара рабілася ўсё болей і болей раздражнёнай, ёй усё цяжэй і цяжэй станавілася змагацца з сабой, але паступова яе гэтая апустошанасць, беспрадметная мітуслівасць акрэсліліся ў канкрэтнае пачуццё, у пачуццё неўтаймаванага суму па Віктару. Прыйшла пакутлівая яснасць: яна так і не зможа без яго. Яна ведала цяпер, што абавязкова паедзе да Віктара, болей таго, яна думкамі была з ім там, на Палессі, і таму тут яе больш нішто не цікавіла, нішто не трэба было ёй. І калі ў будзённыя дні яна яшчэ раніцай падымалася, спяшыла на работу, то ў выхадныя дні проста не ведала, за што ёй і ўзяцца. І каб не жаночая, часам пазбаўленая ўсялякай логікі гордасць, — сказала неяк дома, што нізашто да яго не паедзе, — дык даўно б аб’явіла ўсім аб сваім рашэнні, а так пакутавала і маўчала. Усё чакала якога зручнага моманту, якой зручнай зачэпкі... Можна б напісаць мужу, хай бы прыехаў па яе, тады б ніхто нічога і не ведаў, усе гаварылі б — прыехаў і забраў. Але пісаць яму пра гэта таксама не дазваляла гордасць.

— Мамачка! — закрычала пад самым акном Раечка.—Мамачка-а! Ты чуеш?

Тамара паднялася, падышла да акна:

— Ну, чаго табе?

— Мамачка, ідзі паглядзі, які мы з дзедам кавун знайшлі, — у Раечкі аж вочкі ад здзіўлення расшырыліся і пакруглелі. — Я валушыла, валушыла і не павалушыла, і дзед не павалушыў. Ідзі паглядзі, мамачка!

— Зараз, дачушка.

Яна выйшла ў сад. Пахадзіла з Раечкай, паглядзела кавун, паласаты, вялізны, які нельга і «павалушыць», а потым падумала схадзіць у горад, — можа, на людзях не так сумна будзе. Яны з дачкой хадзілі з магазіна ў магазін, не раз спыняліся ці ля прыгожай сукенкі, ці ля якога паліто, і кожны раз Тамара ўспамінала Віктара, думала, што добра б спытаць, ці падабаецца яму рэч, а то купіш, а ён не адобрыць. Заглянулі і ў магазін мужчынскага адзення. Там якраз прадавалі цёплыя зімовыя шапкі. Якраз такія, якую хацеў сабе Віктар. Некалі гаварыў. Купіла без усялякага вагання. Там, у Беларусі, зіма не тое што тут. У берэціку не паходзіш. Дома шапку нікому не паказала. Захавала ў шафу і стала пераадзяваць дачку, бо яна ў горадзе запэцкала свой сарафанчык марожаным. У гэты час і прынёс ёй пісьмо бацька.

— Толькі што паштальён быў, — сказаў Даніла Феафілавіч. — Ад Віктара.

— Ад таты пісьмо, ад таты пісьмо! — запляскала ў далоні малая.

Гэтае пісьмо было не падобнае на іншыя, звычайна спакойна разважлівыя, у якіх ён болей пісаў пра сваю работу, пра таварышаў і меней за ўсё пра сябе. Цяпер ён пісаў толькі пра сябе, толькі пра свае адносіны да яе, Тамары.

«Ты неяк мне сказала, што мы ніколі не зразумеем адзін аднаго. Можа здарыцца і так, калі мы будзем з табой жыць, як жывём цяпер. Памыляецца той, хто лічыць, што людзі жэняцца толькі пасля таго, як зразумелі адзін аднаго, знайшлі шмат агульнага. Мне здаецца, што якраз такія людзі меней за ўсё жэняцца. Мы ніколі не любілі дзяўчат у сваім класе, у сваёй групе (у інстытуце), а заглядвалі на іншых, хаця свае былі і не горшыя, а можа, і лепшыя. Я доўга думаў пад гэтым. З жаніцьбы толькі і пачынаецца пазнанне адзін аднаго, і яно можа цягнуцца доўга, мне здаецца, да таго часу, пакуль і будзе каханне. Мы мяняемся кожны дзень і, калі не будзем жыць разам, з часам усё горш і горш будзем разумець адзін аднаго. Сям’я тады трымаецца, калі жывуць усе разам. Я не магу болей жыць без цябе, без Раечкі. І калі ты хочаш, каб у нас была моцная сям’я, то прыязджай да мяне з дачкой. Нам тут будзе горш, чым там, але і цяжкасці мы павінны пераадольваць разам. Мне здаецца — ты гэта разумееш якраз так, як і я. Я проста ўявіць не магу, што ты можаш думаць інакш. Ты павінна прыехаць, я чакаю цябе. Праўда, адразу ж, атрымаўшы пісьмо, не едзь, — хаця нічога страшнага не станецца, калі і прыедзеш, — але пакрыху рыхтуйся. Як толькі я падшукаю які пакой, адразу ж паведамлю. Цалуй Раечку. Да хуткай, спадзяюся, сустрэчы!»

За рашуча катэгарычным зместам пісьма Тамара ўгадвала пакуль што незразумелую ёй узрушанасць Віктара, нават нейкую разгубленасць. Што там здарылася? Ці не баіцца ён за сябе? Ці не задумала там якая паляшучка заняць яе месца ў яго сэрцы?.. Ды ўсё гэта дробязі. Галоўнае, ён не можа без яе, кліча яе. І яна, канешне, паедзе.

Калі Аксана Андрэеўна вярнулася з базару, то з сянец яшчэ пачула нейкі незвычайна вясёлы лямант у хаце. Зазірнула ў пакой да дачкі. Тамара з Раечкай, узяўшыся за рукі, вадзілі карагод вакол крэсла, на якім ляжала шэрая зімовая шапка, прытопвалі нагамі і спявалі:

— Мы паедзем да таты! Мы паедзем да таты!

 

Нягледзячы на тое, што Круглоў быў вядомы геолаг у краіне і за ім хадзіла слава першаадкрывальніка не аднаго месцанараджэння нафты, у прысутнасці яго Віктар заўсёды захоўваў самастойнасць, ніколькі не думаючы ні пра свой службовы рост, ні пра тое, на якім рахунку ён будзе ў кіраўніцтва, заўсёды адстойваў свае меркаванні, чаго не рабілі ў канторы астатнія, паралізаваныя аўтарытэтам галоўнага геолага. І хаця Віктару яшчэ так і не ўдалося даказаць Круглову сваё, ён усё ж паважаў яго, нават любіў, і любіў іменна за тое, што ў яго было таксама нешта сваё, што той быў такі незалежны, такі самастойны, такі непахісны ў сваіх поглядах, настойлівы ў дасягненні мэты. І кожны раз, калі Віктар быў у канторы,— а ў канторы ён быў цяпер вельмі часта, бо на буравых пакуль што яму, геолагу, практычна нечага было рабіць, — ён стараўся зайсці да Круглова, пасядзець, пагаварыць, тым болей што Круглоў, асабліва пасля таго, як крыху схлынула напружанасць пошукаў далейшага кірунку ў нафтаразведцы, не быў супраць гэтага, яму нават падабалася, што да яго заходзіла моладзь.

Лузько ж любіў, каб яго заўважала начальства. Падазраваючы і ў Віктара тыя ж імкненні, вельмі раўнаваў яго да галоўнага геолага. Кожны раз, калі Віктар заходзіў да Круглова, адразу ж заходзіў да яго і ён. І, самае дзіўнае, што не празяваў ні разу, нібы сачыў спецыяльна. Калі Віктар заўсёды заходзіў да галоўнага і, прывітаўшыся, чакаў, пра што ў яго спытае той, ці прыходзіў сам з якім пытаннем, якое тычылася непасрэдна работы, то Лузько заходзіў і заўсёды, як правіла, паведамляў што-небудзь далёкае ад іх работы, але заўсёды цікавае сваёй нечаканасцю. І на гэты раз ён зайшоў узбуджана-рухавы, вельмі задаволены мінулым днём, — ён цяпер заўсёды быў вельмі задаволены кожным днём, бо канчаў выпіскі для дысертацыі, — і весела сказаў, звяртаючыся толькі да Круглова, нібы Віктара і не было ў пакоі:

— А ведаеце, Мікалай Міхайлавіч, я як ішоў з абеду, дык бачыў паляўнічага... Нёс зайца, здаровага, як цялё.

— Кажуць, у гэтым годзе зайцоў не вельмі, — сказаў Віктар. — Мне вопытны паляўнічы гаварыў.

Але Лузько нават не звярнуў увагі на словы Віктара, ён чакаў, што скажа Мікалай Міхайлавіч.

— Некалі і я любіў пабадзяцца са стрэльбай, — сказаў задумліва Круглоў. — Асабліва ў тайзе, вось дзе было паляванне!

— Канешне, тут не тайга, — падхапіў Лузько. — Але і тут можна схадзіць.

— Баюся, што зайцоў будзе, як тады грыбоў, — і Круглоў неяк іранічна, прыжмурыўшы вока, паглядзеў на Лузько.

Лузько крыху пачырванеў, і здалося, што разгубіўся, але на адзін які момант, так што ніхто гэтага і не заўважыў.

— Дарэчы у мяне атрымаліся цудоўныя баравічкі, — ухапіўся Лузько за грыбы. — Цуд! Праўда. Вось давайце зойдзем пасля работы, пачастую. А што? Мікалай Міхайлавіч? — і, не чакаючы згоды Круглова, сказаў Віктару: — А што, Віктар? Зойдзем? У мяне жонка ў дэкрэтным, сядзіць дома, сумуе. Яна будзе вельмі рада, калі мы зойдзем. Віктар? Мікалай Міхайлавіч?

— За кампанію заўсёды гатоў, — пагадзіўся Віктар, якому хацелася пабыць з галоўным геолагам у неафіцыйнай абстаноўцы, пагаварыць, болей даведацца пра яго.

— А можа, Баціслаў Адамавіч, адкладзём гэты візіт? — сказаў Круглоў так, што, было відаць, ён не супраць і пайсці. — А то турбаваць жанчыну...

— Нічога, мы яе не патурбуем, Мікалай Міхайлавіч,— запярэчыў Лузько. — Я сам усё зраблю.

— Вас тут чакаюць, Аляксандравіч, — адчыніла дзверы сакратарка дырэктара.

Віктар выйшаў. У калідоры стаяла Зарына. Яна была апранута, як на работу звычайна не апраналася — у новым паліто, абшытым і наперадзе, і знізу, і на рукавах футрай рыжай лісіцы. І каўнер, і шапка таксама былі з лісіцы. І ўся яна была такая залаціста-карычневая, што яе сінія вочы цяпер падаліся яшчэ больш сінімі і нейкімі таямніча-глыбокімі. І яе шырокая ўсмешка была сапраўды даволі прываблівай. Зарына радасна засаромелася, што зрабіла ўражанне на Віктара і, апусціўшы галаву і чырванеючы, хуценька, як завучаны ўрок, прагаварыла:

— Я тут білеты ўзяла ў кіно. Кажуць, вельмі цікавы фільм. Камедыя. Думаю — вазьму, а раптам ён таксама не глядзеў і зможа пайсці, а фільм ідзе апошні дзень... Я і не ведаю, як вы. Да пачатку засталося паўгадзіны, але калі зараз паехаць аўтобусам, яшчэ можна паспець, — і яна так паглядзела на Віктара, што той зразумеў: адмаўляцца няможна, бо пакрыўдзіцца вельмі.

— Зараз, Зарына, толькі развітаюся з таварышамі, — ён заглянуў у кабінет да Круглова і сказаў Лузько, што мусіць адмовіцца ад запрашэння з-за непрадбачных абставін, і, апрануўшыся — паліто сваё ён звычайна пакідаў у геалагічным аддзеле, — выбег на вуліцу.

Зарына стаяла на аўтобусным прыпынку з такім выглядам, нібы яна не мела ніякага дачынення да яго, Віктара. Яна нічога не гаварыла і ў аўтобусе, толькі зрэдку паглядвала на Віктара і, сустрэўшы яго позірк, хутка адводзіла вочы. І ўсё нервова пакусвала губы, старалася прытушыць усмешку.

У кінатэатры, зірнуўшы на афішу, Віктар даведаўся, што фільм ідзе не апошні дзень, а потым нічога цікавага ў фільме не ўбачыў. Сядзеў і чакаў з нецярпеннем, калі ён скончыцца. А выходзячы з кінатэатра, спытаў у Зарыны, хаця разумеў усю недалікатнасць пытання, хто ж ёй мог расхваліць такую сумную і пустую камедыю? Яна адказала:

— А ніхто мне нічога не гаварыў, — і весела, як і тады, на паляванні, калі яны нечакана аказаліся ля дома, рассмяялася.

— Адзінае, што было добра, дык гэта холад у кінатэатры. А калі б цёпла, дык можна б было і заснуць.

— Не ведала, што там будзе холадна, — сцепанулася яна ўся. — А то б валёнкі захапіла. У мяне, праўда, ногі памёрзлі...

— Пайшлі хутчэй, — ён узяў яе пад руку.

Аўтобуса як знарок доўга не было. Другія падыходзілі адзін за адным, а патрэбны, як дзе знік. Ад ракі цягнула марозным ветрам, прабірала да касцей. Праз плошчу паўзлі снежныя пісягі і тухлі пад калёсамі аўтобусаў і ў зрэджаных кусціках, што аддзялялі тратуар ад вуліцы. Зарына, падняўшы каўнер паліто і насунуўшы на лоб сваю касматую шапку, прытанцоўвала, хавалася за Віктара ад ветру.

— Пойдзем пагрэемся ў гастраноме, ці што, — папрасілася яна. — Праз акно і ўбачым аўтобус.

— Што нам рабіць у тым гастраноме? — сказаў Віктар. — Калі ўжо грэцца, дык зойдзем да мяне ў гасцініцу, пап’ём чайку, пагаворым...

У гасцініцы яна вельмі захаплялася нумарам, такім маленькім, такім утульненькім. Тут жа расказала, што яшчэ ніколі не жыла сама ў гасцініцах і, ёй здаецца, што гэта, недзе, страх як цікава. Пахваліла канапку, нават села на яе.

— Ты ж распраніся, — сказаў ёй Віктар.

— Ой, а я і забылася, — яна распранула паліто і кінула яго на крэсла як непатрэбную рэч, а потым, нібы спахапілася, узяла і павесіла на цвік у шафе. Яна была ў зырка-жоўтай кароткай сукенцы. Такія сукенкі тады яшчэ толькі ўваходзілі ў моду ў сталічных гарадах, і гэта для Віктара было зусім непрывычна. Ён як ні стараўся не глядзець на яе высокія ногі, але кожны раз паглядваў на іх, баючыся, каб яна не заўважыла яго гэтыя позіркі.

— Ну, дзе ж ваш чай? — села яна ля стала.

— Зараз будзе, — Віктар выйшаў і хутка вярнуўся з алюмініевым чайнікам, поўным кіпеню. Чайнік паставіў на стол, разарваў пачак чаю і палову высыпаў у яго. — Я цябе пачастую такім напіткам, якога ты ніколі не піла. Такі чай п’юць толькі геолагі ў тайзе... Ну вось, а цяпер будзем сядзець і размаўляць. Толькі пра што мы будзем размаўляць?

— Хаця б пра кіно, што прагледзелі, — сказала яна, нагінаючыся з дзіцячай непасрэднасцю над шклянкай, бо за яе, гарачую, нельга было схапіцца рукой.

— Сумнае кіно, — сказаў Віктар.

— Згодна, — сказала Зарына.

— Так, пра кіно пагаварылі. А цяпер пра што?

— Чаму ўзімку зайцы бываюць белыя, а лісіцы застаюцца рыжыя?

— Каб лісіца не заўважыла зайца, а заяц мог убачыць яе здалёк, — сказаў Віктар.

— Так, пагаварылі пра звяроў, а цяпер пра што?

— Ты, Зарына, вучыцца далей думаеш?

— І не толькі думаю. А і рыхтуюся.

Разгаварыліся пра навуку, пра прызванне, пра геалогію, пра Палессе...

І хаця цяпер Віктар вельмі захапіўся гаворкай, ён усё ж зрэдку ўпотайкі паглядваў на гадзіннік. Было даволі позна. Але напомніць пра гэта дзяўчыне ён лічыў не зусім тактоўным, ды з ёй яму было добра, так што і не вельмі хацелася, каб яна пакінула яго. І ў той жа час ён вельмі ясна ўсведамляў, што калі яна пабудзе ў яго яшчэ, то можа так здарыцца, што ён тады зусім не адпусціць яе, тым больш што і яна паводзіла сябе так, нібы і сапраўды не збіралася дамоў. І варта было Віктару падумаць пра гэта, як ён, перабіўшы Зарыну ў самым цікавым месцы, нечакана сказаў:

— А мы, між іншым, і заседзеліся.

— I праўда, — паглядзела яна на свой гадзіннік. — Недзе прайшоў і мой апошні аўтобус.

— Хвіліначку, Зарына. Прашу прабачэння, — і ён выйшаў з нумара. Вярнуўшыся, убачыў, як Зарына, дастаўшы з сумачкі маленькае люстэрка, папраўляла перад ім сваю прычоску. — Усё нармальна, зараз будзе таксі.

— Якое таксі? — спачатку нічога не зразумела дзяўчына. — А-а, таксі, — і пачала апранацца.

У машыне ехалі моўчкі. Віктар адкінуўся на мяккую спінку, паглядваў на Зарыну, якая сядзела і ўпарта глядзела перад сабой, маўклівая, нібы пакрыўджаная. Ля свайго двара, не выходзячы з машыны, павярнулася тварам да Віктара, хутка, неяк нечакана, абхапіла яго за шыю, тыцнулася тугімі халоднымі губамі яму некуды ля носа і выскачыла, забыўшы зачыніць дзверцы.

— Смелыя дзеўкі пайшлі, — сказаў Віктар, саромеючыся перад незнаёмым чалавекам.

— Я такую рыжую да раніцы б не адпускаў, — чмыхнуў носам шафёр.

І ў машыне, і ў нумары гасцініцы, калі Віктару доўга не хацелася спаць, ён успамінаў пра Зарыну, і яму надзвычай прыемна было ўспамінаць усё, што гаварыла яна, як гаварыла, як рэагавала на яго словы, успамінаў яе нечаканы і такі няўмелы пацалунак, і нешта трывожна-светлае, даўно забытае расло ў ім, папаўняла яго. Патушыўшы святло, ён доўга ляжаў, глядзеў у акно, дзе аднекуль зверху ўніз па заснежанаму абрыву лілося месячнае святло...

А раніцай, першае, што ён зрабіў, напісаў пісьмо жонцы, прасіў, каб тая не марудзіла з прыездам.

У канторы адразу ж зайшоў да дырэктара.

— Да вас, Павел Фёдаравіч, па тэрміновай справе, — пачаў ён яшчэ ў парозе.

— Што здарылася? — падняўся яму насустрач Чокан. Дырэктар у гэтую раніцу быў ветлівы, нават вясёлы. Наогул, пасля таго, як яму ўдалося пасябраваць з Кругловым, у яго паводзінах, нават рухах з’явілася болей упэўненасці, рашучасці. Цяпер рэдка хто бачыў яго раздражнёным.

— Трэба кватэра.

— А я думаў чортведама што... Уляцеў, як з пажару. Дык, гаворыш, 'кватэра трэба? — сеў у крэсла, правёў далонню па паліраванаму сталу, паглядзеў на яе, ці не сабіраўся пыл.

— Едзе жонка. З дачкой. А потым жа я, Павел Фёдаравіч, маю права, як спецыяліст, якога перавялі загадам, так што...

— Дарагі мой, — з нейкай бацькоўскай ласкавасцю паглядзеў на Віктара Чокан. — З усёй душой, як кажуць, але... Ды вы садзіцеся, садзіцеся. Скажу вам шчыра, мясцовыя ўлады глядзяць на нас, як на часовых людзей, і таму не хочуць раскідвацца кватэрамі. Я быў у гарсавеце і тут, у Прыпяцку, і ў Зуеве... А пытанне ні з месца. Праўда, дамовіўся ў Зуеўскім райспажыўсаюзе, каб прадалі нам паўдзесятка фінскіх домікаў... Там жа, пад Зуевым, і будзем будаваць свой пасёлак. Часовы, вядома... Вось, дарагі мой, на сёння і ўсе нашы перспектывы...

— Калі будуць домікі? — спытаў Віктар.

— Вы згодны? — здзівіўся Чокан.

— А што рабіць? А потым, яно, можа, будзе і нядрэнна... Як на дачы...

— Гаварылі, што хутка. Можа, праз тыдзень, а можа, і праз месяц.

— Можна спадзявацца? — падняўся Віктар.

— Спадзявайцеся, абавязкова спадзявайцеся, — працягнуў праз стол руку на развітанне дырэктар. — Спадзяваннямі жыве чалавек...

 

Лузько сабраў усе матэрыялы, якія толькі былі ў іх канторы, пра мінеральную ваду. І не толькі сабраў, а паспеў сістэматызаваць іх. Заставалася зрабіць некаторыя разлікі, скласці розныя табліцы і графікі, а потым і засесці за напісанне дысертацыі але апошняе, лічыў ён, — гэта ўжо механічная работа. Вось толькі не быў упэўнены, ці дастаткова матэрыялу, бо вельмі ж хутка ён яго сабраў. І каб пазбавіцца гэтага сумнення, ён пазваніў Ступічу, папрасіў, каб той сам прагледзеў усе выпіскі, не паказваючы іх пакуль навуковаму кіраўніку.

— А ты ўсё, усё выпісаў? — спытаў Ступіч.

— Усё.

— Ён яшчэ і сумняваецца, — у голасе не папрок, а хутчэй захапленне. — Прызджай. У любы час.

Лузько злажыў усе паперкі ў ёмісты партфель, а партфель схаваў у дарожны чамадан пад чыстыя, з накрухмаленымі каўнерыкамі, сарочкі, якія прымусіла ўзяць з сабой Ліда.

— Можа, возьмеш чаго перакусіць на дарогу? — успомніла Ліда, як маці, збіраючы куды ў дарогу бацьку, заўсёды давала які пакунак з ежай.

— Навошта? — здзівіўся Лузько. — Колькі тут ехаць, ноч якую. І ў Мінску. Наогул, за мяне менш за ўсё турбуйся, ты сама лепей тут... асцярожней. Глядзі, каб нічога такога. Падлогу не мый, пабудзе. Вярнуся з Мінска, памыю, бялізну — таксама...

— Ты толькі доўга не будзь.

— Я хутка. Слухай, ты хацела, каб я што там купіў?

— Ведаеш, паглядзі, — яна прысела ля яго.— Вось што... Не, ты запішы, а то з-за свае навукі забудзеш... Так. Запісвай. Імпартныя гардзіны. Цяпер, можа, якія вазоннікі будуць пад кветкі, арыгінальныя. Наша адна ўрач такія прыгожанькія прывезла з Мінска... Чарапяныя, але вельмі модныя... І байкі прыгожай. І сабе трэба начную сарочку пашыць, ды і потым для малога спатрэбіцца, а то ў нас у магазіне ляжыць такая цёмная, што толькі на анучкі...

Лузько агледзеў кватэру, у якой толькі за апошні час з’явіўся новенькі імпартны дыван і цяпер вісеў над канапай да самай столі, круглы насценны гадзіннік, што мацаваўся на пазалочаным ланцугу, на высокую, з чэшскага шкла, вазу, якая пералівалася ўсімі адценкамі вясёлкі, — усё гэта Ліда купіла, як толькі пайшла ў дэкрэт, — паціснуў плячыма.

— Здаецца, нічога болей не трэба...

— Хаця б на гэта хапіла грошай.

— Вазьмі з кніжкі, — параіла Ліда.

— Там якая сотня засталася.

— Сотня ўсё роўна не грошы.

— Добра, — уздыхнуў Лузько.

На другі дзень раніцай Лузько заходзіў у кабінет, дзе працаваў Ступіч. У кабінеце было некалькі сталоў, паўз сцены густа стаялі шафы, набітыя папяровымі скруткамі. Такія скруткі кучамі ляжалі і на шафах. За сталом, ля акна, сядзеў лысы таўсцячок і нешта засяроджана вылічваў на арыфмометры. Не падымаючы галавы, ён адказаў, што Ступіч недзе ў міністэрстве, а потым, убачыўшы, што Лузько не збіраецца нікуды ісці, спытаў у яго, хто ён такі.

— Сябра. Разам працавалі ў Прыпяцку.

— Пазваніце яму дамоў, — параіў таўсцячок.

Ступіч сапраўды быў дома. Ён, у паласатай піжаме і раскошных пантоплях, сустрэў яго ў парозе, дапамог распрануцца, правёў у залу, падсунуў да століка, заваленага кнігамі і часопісамі, крэсла, усадзіў Лузько, а сам усеўся на канапе, падабраўшы ногі пад сябе і пакінуўшы на падлозе пантоплі, якія наскамі глядзелі ў розныя бакі, нібы збіраліся разбегціся.

— Ну, расказвай, Адамавіч, як ты там... Сына яшчэ няма?

— Ды вось-вось...

— Выдатна. А як нафта?

— Забурылі дзве свідравіны на Зуеўскай. Круглоў спадзяецца, што там нешта ёсць. Хаця, акрамя інтуіцыі, ніякіх падстаў. .

— Хай пашукае, хай пашукае, — усміхнуўся паблажліва Ступіч. — Вядома, яму няма сэнсу шукаць там, дзе нічога не знайшлі мы з табой. Відаць, ён не такі дурны. Але я пераконан: не знойдзе яе і пад Зуевым... Між іншым, маю дысертацыю запрасілі ў ЦК. А там для адной толькі цікавасці не чытаюць.

— Дык, можа...

— Пакуль, канешне, ніякага можа. Пакуль шукаць нафту будуць. Аўтарытэтная камісія — за, так што... А пазней... Недзе ж людзі сядзяць над будучымі планамі... Можа, якраз з-за гэтага і цікавяцца маёй дысертацыяй... Дарэчы, як твая дысертацыя?

— Якая дысертацыя? Я ж званіў... Матэрыялы такія-сякія ёсць, але не ведаю, хопіць іх ці не,.— і Лузько дастаў з чамадана пульхны партфель, кінуў яго на канапу Ступічу. — Вось, паглядзіце, ёсць тут аснова для навуковай працы ці не?

— Ён яшчэ пытаецца пра аснову, — узважыў адной рукой партфель Ступіч. — Тут па дзве дысертацыі. Кілаграмаў дзесяць...

— Дык, можа, прагледзіце як, калі час будзе, а калі трэба будзе — я пад’еду...

Ступіч нічога не адказаў, пайшоў у калідор да тэлефона. Пакуль там набіраў нумар, Лузько разглядаў цяпер больш уважліва кватэру, якая была з двух пакояў, можа, нават меншых, чым раней, у Прыпяцку. Мэбля выпадковая. У кутку ў зале стаялі самаробныя кніжныя паліцы з ізаляцыйных пліт. Многа кніг ляжала высокімі стосамі прама на падлозе — не месціліся на паліцы. На стале — газеты мо за тыдзень. Адным словам, у кватэры быў той неахайны беспарадак, які сведчыў, што гаспадары вельмі заняты пільнымі справамі і ў іх проста не застаецца часу на побыт ці яны нават не звяртаюць увагі на яго.

— Сіл Сілыч? — загаварыў раптам у тэлефонную трубку Ступіч. — Добрай раніцы, Сіл Сілыч... Ды прыхварэў крыху... Тут адзін геолаг прыехаў з Палесся, я вам гаварыў пра яго... Так, Сіл Сілыч. Дзякую, Сіл Сілыч.

— Зараз, — палажыў трубку і крыкнуў Лузько: — Зараз, дарагі мой, едзем да прафесара Траццякова!

— Я ж хацеў, каб спачатку вы...

— Пакажаш Сіл Сілычу, раскажаш. І я паслухаю.

— Ды я...

— Ты баішся, ці што?

— Ды не, але...

— Дзівак, — рассмяяўся Ступіч сіплаватым баском упэўненага ў сабе чалавека. — Гэта ж зусім нядрэнна, што ты так хутка сабраў матэрыял. Не забывай, што ты — далёка не навічок у геалогіі, не гімназіст які, як называе наш Сіл Сілыч жаўтаротых студэнтаў, а больш дзесяці год аддаў разведцы. Ведаеш дзе і што. А потым — ты здольны чалавек і табе даўно пара ісці ў навуку, — ён адзеў гарнітур і цяпер перад люстэркам укладваў на галаве валасы так, каб меней былі відаць залысіны. — Ведаеш, калега, — заўваж, я цябе ўжо называю калегай, — у нашым інстытуце нямала прыгожых жанчын, і мне зусім не хочацца, каб на мяне яны глядзелі абыякава. А як ты наконт жанчын? Хаця, што я пытаюся? Ты ж працаваў над дысертацыяй...

— Я сваё адбегаў. А цяпер жонка маладая, самі ведаеце, — сказаў Лузько.

— Гы... Калі пры маладой жонцы не пабегаеш, дык пры старой тым болей. Але нічога. Вось станеш кандыдатам навук, тады... Ды я зусім не пра гэта. А пра тое, што не ўмеем мы жыць. Забываем, што жыццё даецца нам адзін толькі раз. Трэба і папрацаваць добра і на прыгожанькіх палюбавацца паспець... Ну, пойдзем?— ён яшчэ раз акінуў сябе позіркам у люстэрку, паправіў на галаве пыжыкавую шапку...

Іх адразу ж прыняў Траццякоў, невысокі, лысы, чырванатвары, з вялікім ротам і тоўстымі губамі, каржакаваты чалавек. Ён у шэрым світары і шырокім даўгаполым чорным пінжаку даволі жвава, ледзь не подбегам, выйшаў ім насустрач, парукаўся, энергічным жэстам рукі паказаў на крэсла Ступічу, а потым Лузько, запрасіў садзіцца. Лузько ведаў гэтага чалавека па падручніках, па артыкулах у навуковых часопісах і не ўяўляў яго такім, занадта ўжо нейкім праставатым.

— Та-ак, — спыніўся ён перад Лузько. — Значыцца, геолагам на Палессі? Та-ак... Цудоўна! А я некалі ў тундры гадоў пятнаццаць сваімі бакамі адаграваў вечную мерзлату... Але затое столькі насабіраў фактаў, што мне і жыцця не хопіць іх абагуліць... Ды якія факты!.. Не вельмі давяраю тым вучоным, што адразу пасля інстытута ідуць у аспірантуру. Зялёныя гімназісты! Ты ідзі патапчы зямлю, панюхай яе, пагрэй сваімі бакамі, хе-хе, паназірай і, калі табе захочацца спасцігнуць нейкія заканамернасці ў тых фактах, якія сабраў, тады — ідзі ў навуку. А інакш табе проста нечага рабіць... Але, прабачце, маладыя людзі, у мяне, відаць, старэчая балбатлівасць, — ён сеў за стол, склаў рукі на жывоціку, які цяпер быў больш прыкметны. — Ну, што ў вас там, малады чалавек? Паказвайце, расказвайце...

Лузько падхапіўся, дастаў з партфеля папкі і палажыў перад вучоным.

— Добра, добра, — Траццякоў які час моўчкі разглядаў запісы, а потым пачаў распытваць пра план дысертацыі, пра асноўныя яе палажэнні, колькі плануецца раздзелаў, пра што будзе кожны з іх. Лузько пачаў расказваць, а вучоны то корпаўся ў паперках, то паглядваў невідушчымі вачыма на Лузько, чухаў за вухам алоўкам і неяк смешна, толькі над пераносіцай, маршчыніў круты лоб. Лузько раптам падумаў, што яго ніколькі і не слухае Траццякоў, разгублена паглядзеў на Ступіча, але той сядзеў і маляваў нешта ў маленькім блакноціку. Лузько затараторыў, абы хутчэй расказаць. Тады Траццякоў адарваўся ад паперак і здзіўлена глянуў на яго, папрасіў паўтарыць апошнюю думку, бо ён не ўлавіў яе. Лузько загаварыў спакойней, але гэты спакой яму даваўся яшчэ цяжэй, і калі ён скончыў, то адчуў, як узмакрэла сарочка на спіне. Траццякоў які час яшчэ перакідваў паперкі так хутка, нібы іх пералічваў, а не чытаў. І вось ён загарнуў апошнюю папку, прыхлопнуў яе далонню і загаварыў, звяртаючыся больш да Ступіча:

— Вы разумееце, я ўвесь час даказваю сваім гімназістам, што трэба спачатку панюхаць зямельку, а потым ісці ў навуку. Тэарэтычна гэта гучыць так: ідзі ў навуку з практычным багажом. Вось з гэтага, — ён пагладзіў растапыранымі пальцамі па папках, — іншы лаўкач напісаў бы доктарскую, а наш малады калега яшчэ сумняваецца, ці дастаткова ў яго матэрыялу для кандыдацкай, ён памаўчаў, глянуў на гадзіннік. — Вось што, дарагі Лузько...

— Баціслаў Адамавіч, — падказаў Ступіч.

— Вось што, дарагі Баціслаў Адамавіч... У пачатку трэба даць гісторыю пытання. Гэта, вядома, чыстая фармальнасць, але ад яе ніяк не можам чамусьці адмовіцца. І ў канцы абавязкова пра заканамернасці. Гэта неабходна будзе для практыкаў... Каб ведалі, у якім кірунку весці разведку. Не губляйце часу, малады чалавек, і пішыце. А мінімум вы здалі?.. Не. Гэта горш. Але нічога, пішыце заяву... Здадзіце. Па геалогіі я вам хоць зараз пастаўлю выдатна... — Траццякоў падняўся, пачаў хуценька апранацца, дастаўшы з шафы паліто. — Вы мне прабачце, маладыя людзі, але ў мяне няма болей часу, трэба ісці...

— Ну, лічы, што ты — кандыдат, — сказаў Ступіч у калідоры Лузько. — Калі праз рукі Сіл Сілыча прайшоў, то ўсё... Я скажу, табе вельмі пашанцавала. Акрамя ўсяго, стары сёння ў гуморы. Адным словам, з цябе бутэлька.

— Дык, Ігар Трафімавіч, можа, заглянем куды? — радаваўся Лузько так, нібы ён і сапраўды стаў ужо кандыдатам.

— А што? Зараз і пойдзем... Слухай, а ты якую мову замежную ведаеш?

— Вучыў некалі нямецкую.

— А як мінімум?

— Буду вучыць.

— Доўга будзеш вучыць. Прыйдзецца табе дапамагчы. У нас у інстытуце адна бабенцыя — Ліна Гусева — сябруе з загадчыцай кафедры замежных моў педінстытута. Па-першае, дапаможа табе мінімум хутчэй спіхнуць, а па-другое, выпівон без жанчыны — прымітыўная п’янка.

— Абавязкова запрасі, — сказаў Лузько.

Хутка Ступіч з’явіўся ў суправаджэнні высокай маладжавай жанчыны. Вузкі каўнер яе чорнага кароткага паліто і тапачка былі з цёмна-карычневага собаля. Жанчына першай спускалася па лесвіцы, пастукваючы тонкімі абцасікамі высокіх чобацікаў. Яна ўразіла Лузько падкрэслена-простай, але вытанчана-элегантнай і, можа, таму даволі кідкай знешнасцю. Але пасля таго, як яна акінула яго хуткім і не вельмі ўважлівым позіркам і болей за ўсю дарогу не звяртала на яго ўвагі, а ўсё гаварыла толькі са Ступічам, ён пакрыўдзіўся і неяк міжвольна, часта ўпотайкі паглядваючы на яе, стараўся адшукаць у яе знешнасці нешта такое, што б дало магчымасць прынізіць яе ў сваіх вачах. Але чым болей прыглядаўся, то ўсё болей і болей яна здавалася яму прыгожай жанчынай.

У рэстаране за сталом яна села, па-мужчынску закінуўшы нагу на нагу і выставіўшы танклявае круглае калена. Закурыла доўгую папяросу і, пускаючы дым перад сабой уверх, прыжмуранымі вачыма разглядала Лузько, нібы ацэньвала яго. Ён адчуваў сябе даволі ніякавата пад гэтым позіркам.

— Учора пайшла, хлопчыкі, на канцэрт у філармонію, — расказвала Ліна. — Такі пошленькі спявак, такі пошленькі... Ну, ніякай думкі. Сумна стала, раззлавалася і, не даседзеўшы да канца, прыйшла дамоў... Лягла, схапіла на паліцы кнігу, якая трапілася. Томік Талстога. Льва. Даўно яго не чытала. У школе некалі нас вучылі, што ён геніяльны пісьменнік. А ўчора сама пераканалася. Абавязкова пачытайце, хлопчыкі, Льва. Цяпер. Вось гэта быў стары!..

І наогул, жанчына аказалася даволі гаваркой. Хутка Лузько ведаў пра яе ўсё. Многа чытае, у юнацтве скакала з парашутам, ездзіла на матацыкле, цяпер купіла «Запарожца». Чырвонага колеру. Замуж не выйшла, жыве з маці.

— Раней па тайзе хадзіла, дык некалі было, — смяялася яна.—А цяпер страшнавата заводзіць сям’ю: адвыкла быць гаспадыняй. Я, як і жыву ў Мінску, дык ні разу яшчэ не зварыла сабе абеду. Які ж нармальны мужчына захоча жыць са мной? А што, не так?

Пілі многа і бязладна. Ліна танцавала па чарзе: то з Лузько, то са Ступічам. Лузько быў крыху ніжэй за жанчыну і, калі танцаваў з ёй, хадзіў, задраўшы галаву...

— Вы спыніліся ў гасцініцы? — схілялася яна да яго.

— Не. З поезда і — да Ступіча. А цяпер начным цягніком дамоў.

— Дзівак. — Яна матнула галавой, адкінуўшы валасы, што лезлі ёй у вочы. — Чаго спяшацца? Пагулялі б тут. Ці так часта бываеце ў Мінску?

— Не, не часта. Дома ў мяне там... Адным словам, трэба вяртацца хутчэй...

— А калі прыедзеце?

— Замежную здаваць.

— А дысертацыю напісалі?

— Амаль.

— Калі мне абрыдла тайга, я таксама напісала дысертацыю. А цяпер вось тут, у інстытуце.

— Цікава?

— Усяляк бывае. Будзеце ў Мінску, званіце.

— Дзякую.

А позна ноччу, калі ўжо і тралейбусы не хадзілі, яны ўсе ўтраіх пайшлі на вакзал. Па дарозе гарланілі песні. Пры расстанні Лузько цалаваўся з Лінай, нагінаючы яе за шыю дужымі рукамі, а яму ў спіну грукаў кулакамі Ступіч і крычаў, што выкліча на дуэль.

А потым Лузько сядзеў у агульным вагоне, глядзеў у чорнае акно, за якім ўсё радзелі і радзелі агеньчыкі, бачыў у акне свой бляклы і перакошаны шклом адбітак. Уяўляў, як Ліда кінецца да яго чамадана паглядзець пакупкі і нічога там не знойдзе. А што ён ёй скажа? А так і скажа, што шлях у навуку не вельмі просты, — трэба не шкадаваць грошы на асятрыну і шампанскае. Вось так, паважаная Лідзія Аляксандраўна... Непрыкметна пад гойданне рыпучага вагона задрамаў.

У Прыпяцк прыехалі, калі пачало світаць. Галава балела, цяжка было глядзець на снег. Як захварэў. У буфеце на вакзале выпіў бутэльку перакісшага кефіру, нібы палягчэла. Дамоў пайшоў пешшу, баяўся, што ў аўтобусе раптам стане блага. А грошай на таксі не было, іх ледзь хапіла на білет у агульным вагоне.

Званіць не стаў, каб не разбудзіць жонку. Дастаў ключ, адчыніў дзверы, разуўся ў парозе, патупаў у спальню. Ліды не было. Паклікаў — не адгукнулася. На тумбачцы ля ложка заўважыў абрывак газеты, на якім алоўкам было напісана: «Баціслаў, я ў роддоме...»

 

Віктар пазбягаў сустрэч з Зарынай. Сам таго не ведаючы, ён баяўся яе, баяўся, што не хопіць волі, рашучасці сказаць ёй, што нічога паміж імі не можа быць, як не было і да гэтага часу. А калі ён даў які повад ёй спадзявацца, дык просіць дараваць яму... Але адчуваў, яму нялёгка будзе сказаць гэта. Лепей не сустракацца, сама павінна ўсё зразумець. А можа, і зразумела... Колькі дзён яны не бачыліся? Ад таго чацвярга, калі хадзілі ў кіно... Хаця і не так многа.

І Віктар кожны дзень хадзіў на работу не праз плошчу, дзе каля універмага стаяў газетны кіёск, а ад гасцініцы адразу праз парк спускаўся да ракі і па лёдзе крочыў аж за мост, а там падымаўся ў горад і па вуліцы дабіраўся ў кантору. Прыходзіў, як правіла, рана, каб застаць якую вахценную машыну ды з’ехаць на дзень куды на буравую.

І на гэты раз ён стаяў ля канторы разам з рабочымі. Чакалі машыны, якая як паехала на заправачную, дык мінула за паўгадзіны, а яе ўсё не было.

— Зайдзіце да мяне, — раптам паклікаў яго Чокан. А ў кабінеце, не паспеў Віктар і парог пераступіць, наляцеў на яго з пытаннямі. — Ты дзе прападаеш днямі? Учора ніяк не мог знайсці цябе... Ведаю, што на буравых. Ды я і не пра гэта. У Зуеў прывезлі фінскія домікі. Учора быў там, нават паглядзеў месца, што адвялі пад пасёлак. Месца за горадам, — сам разумееш, ніхто не дазволіць у горадзе ставіць часовыя збудаванні, — але затое ледзь не на самым беразе Дняпра. Улетку там будзе як на дачы. Так што, калі не перадумаў, бяры грузавік, заедзь на буравыя, папрасі хлопцаў, дапамогуць. Сам ведаеш, будаўнікоў у штаце няма. Ды там і рабіць нечага, гатовыя дэталі сабраў — і жыві. Учора нашы вазілі... Паедзеш?

— А што застаецца мне рабіць? — сказаў Віктар. — Кватэры ж пакуль не будзе?

— Ды не. Пакуль, вядома, — засмяяўся Чокан. Любіў ён, калі падначаленыя не бралі яго за горла.

Віктар выехаў на машыне з гаража і ўбачыў на вуліцы Дзятлава. Той стаяў ля газетнай вітрыны і засяроджана чытаў. Віктар папрасіў шафёра спыніцца.

— Пётр Аляксеевіч, ідзі сюды! — крыкнуў ён яму. — Ты чаго тут стаіш?

— Хацеў на Зуеўскую праехаць, ды спазніўся.

— Трэба, трэба... — нібы ўпікнуў Віктар. — Учора быў у Чугуя на першай. Ніякай карысці ад твайго прыбора, я табе скажу.

— Як ніякай? — насцярожыўся Дзятлаў.

— Учора ў Чугуя якраз бурылі міжсолевыя, а газакаратажнікі маўчаць. Глуха. Ніякіх паказанняў.

— Значыцца, там ніякай нафты, — упэўнена сказаў Дзятлаў.

— Наогул, адзначаліся крыху павялічаныя газавыдзяленні. Але ледзь-ледзь...

— Керн?

— Два разы падымалі. Суха.

— На буравую?..

— Заедзем. Абавязкова. Ты мне наогул сёння трэба. Дапаможаш хату перавезці?

— Што за пытанне!

— Садзіся ў кабіну, — пасунуўся бліжэй да шафёра Віктар. — У кузаве акалееш.

Адразу заехалі на першую буравую. Іх сустрэў тэхнік-геолаг Радзімаў. Ён быў у кароткім кажушку. Відаць, замёрз, бо падняў каўнер і ўвесь схаваўся ў ім, і толькі з аўчыны тырчаў доўгі нос, падпёрты рыжым пучком камкаватых вусікаў.

— А ў вас тут зіма, — сцепануўся ад холаду і Віктар. Пасля разагрэтай кабіны ў полі, дзе дыхаў марозны вецер, падалося вельмі холадна. Прайшлі ў канторку.

— Ну як тут у вас? — падаўся Віктар бліжэй да жалезнай грубкі, у якой гарэў вугаль. — Дзе сам Чугуй?

— Майстар паехаў у Зуеў.

— Ад газакаратажнікаў ніякіх навін?

— Учора пад вечар нібы пачаў парастаць газ. Так цягнулася гадзіну. Я загадаў падняць керн. Сухі.

— Пакажы.

Радзімаў дастаў са скрынкі, што стаяла пад сталом, цяжкі круглы стаўбунок, як адпаліраваны па баках.

— Ды сухі, — задумліва разглядаў яго Віктар. — Міжсолевыя прайшлі?

— Бадай-што... — сказаў Радзімаў.

Зайшоў Дзятлаў, які адразу, як толькі прыехалі, пабег на газакаратажную станцыю. Выраз яго твару быў такі, што Віктар, глянуўшы на яго, не стаў ні пра што пытацца.

— Падводзяць мяне міжсолевыя, — расшпіліў паліто і паправіў шалік Віктар.

— Ведаеце, Віктар Аляксандравіч, тут вельмі многае незразумела, — дастаў Радзімаў карту. — Глядзіце, па праекту як... Па паказаннях геафізікаў міжсолевыя амаль на трыста метраў вышэй, чым на самай справе. А можа, геафізікі і не памыліліся? Можа, тыя міжсолевыя і сапраўды вышэй? Толькі не пад намі. Можа, мы ідзём міма хрыбта структуры? А што? І тады, канешне, нафты не будзе. Яна сабралася вышэй... Вялікія разыходжанні ў нас з геафізікамі, Віктар Аляксандравіч.

— А ты малайчына, Радзімаў, — падаў яму на развітанне руку. — Я некалі пра цябе дрэнна падумаў. Толькі мы не ведаем — ці пад намі той хрыбет структуры, ці збоку. Каб праверыць, трэба некалькі свідравін. А іх, на жаль, няма... На буравой нікога, акрамя тых, што на вахце?

— У вёсцы. У чатыры гадзіны будуць, — выйшаў іх праводзіць Радзімаў. Ён аж ззяў ад радасці, што яго пахваліў Віктар, ішоў да машыны, апусціўшы каўнер, і холаду не заўважаў.

— Відаць, праўду казаў Круглоў, што калі ёсць нафта, дык ёсць. І звышдакладныя прыборы не трэба. А калі няма, дык няма. А што, не так, Пётр Аляксеевіч?

Дзятлаў нічога не адказаў.

Скіравалі на чацвёртую...

Цяпер, калі ўсё засыпаў снег, не відаць было, што буравая стаіць сярод балота. Кругом белая раўніна і толькі з боку вёскі яе перасякала дарога, па якой вазілі на буравую трубы, пясок. Крыху ў бок ад буравой сінелі тры вагончыкі, выставіўшы ў неба тонкія, з бляшаных труб, коміны. Дызеляў яшчэ не было чуваць, — перашкаджаў матор машыны, — але відно было, як з шасці труб, што глядзелі ўверх, як гарматы, ішоў густы сіні дым.

— Глядзі, Шкварнік вагончыкі паставіў, — здзівіўся Дзятлаў, які некалькі дзён не быў на буравой.

— Падрыхтаваўся да вясны. Вясной вакол іх будзе разліў. Не хадзіць жа па вадзе хлопцам у вёску, — сказаў Віктар. — У іх там і сталовая будзе.

— Перажывае стары, што Чугуй вырваўся наперад...

— Дык Чугуй жа мо на месяц раней пачаў бурыць.

На буравой іх ніхто не сустрэў: сядзелі ў вагончыках і з-за дызелей не пачулі, як пад’ехала машына. Віктар пайшоў шукаць Шкварніка. Яго перахапіў Дзятлаў, які ўжо збегаў на газакаратажную станцыю.

— Пойдзем, пойдзем, — узяў яго пад руку. — Шкварнік цябе сам знойдзе, — і павёў да машыны, што стаяла крыху воддаль, на самым краю пясчанага насыпу. Калі яны падняліся ў сярэдзіну даволі цеснага, застаўленага рознымі прыборамі, пакойчыка, то ён сказаў дзяўчыне з белым, крыху скуластым тварам: — Гайша, вось таварыш не верыць у мой прыбор. Зараз мы яму прадэманструем.

— Ды бачыў я тваю прыладу, — не вельмі хацелася Віктару губляць час.

— Бачыў, ды не ўсё. Пачакай, не пашкадуеш, — і Дзятлаў загадаў дзяўчыне: — Вазьмі спачатку аналіз газу паплаўковым дэгазатарам, — і Віктару растлумачыў: — Як бралі і раней.

Гайша пакруціла рукаяткі на стэндзе са шматлікімі цыферблатамі.

— Бачыш, — радаваўся Дзятлаў, паказваючы на шырокую папяровую стужку. — Бачыш, што піша. Прамая. Пуста. Няма ніякага газу. А зараз паглядзіш, што пакажа аналіз пры дапамозе майго дэгазатара.

Гайша ўзяла пустую бутэльку з-пад кефіру, збегала на буравую і прынесла яе адтуль поўную бруднага раствору. Выліла ў колбу, якая гумавай трубкай была злучана з цэлай сістэмай шкляных трубак, замацаваных на драўляным квадратным шчыту. Падагрэла колбу на спіртоўцы.

— Бачыш! Бачыш! — ледзь не крычаў Дзятлаў. — Бачыш, што піша. Пікі... — ён тыцкаў пальцам у папяровую стужку. — Гайша, а як учора было?

— Учора было меней, — адказала дзяўчына. — Але не на вельмі.

— Вось у гэтым і ўвесь фокус, Віктар Аляксандравіч. Газ павялічваецца. Калі так будзе і далей, то, я табе скажу, залатая галава ў нашага Круглова. Я пераканан, што нашы нафтаносныя пласты вельмі мала насычаны газамі, таму мы і не маглі вызначыць дакладна нафтаносны пласт.

— Дык, можа, Шкварнік цяпер і праходзіць нафтаносны пласт? — упікнуў Віктар Дзятлава.

— Не, — не зразумеў той жарту. — Я табе проста хацеў паказаць, як дакладна працуе мой дэгазатар. Але... Калі газ будзе нарастаць, то... А потым важна, які хімічны склад будзе яго...

— Добра, пайшлі, — першым спусціўся па жалезных прыступках з машыны Віктар. Тут якраз да іх і падышоў Шкварнік. — Ну як, Атрох Ігнатавіч, бурыцца?

— Ды не вельмі, Аляксандравіч. Абсталяванне старое... Ноччу ледзь «свечку» ўсю не згубілі — так растворам раз’ела разьбу... Добра, што ўгледзелі... — ён пагладзіў рыжае шчаццё на падбародку.

— А хлопцы задаволены вагончыкамі?

— Не ўсе, Аляксандравіч. Палавіна не перасяліліся, засталіся ў вёсцы. Але нічога: вясна падыдзе, вада разальецца, дык нікуды не дзенуцца, — і ён усміхнуўся нібы сам сабе.

— Атрох Аляксандравіч, мне трэба некалькі хлопцаў. Хачу сабе фінскі домік перавезці.

— Знойдзем, знойдзем табе хлопцаў, — паабяцаў Шкварнік.

За два рэйсы домік і перавезлі. Згрузілі яго на пустыры, за горадам. Некалькі домікаў тут паспелі ўжо і сабраць. У якім кіламетры ад будучага пасёлка цягнулася шаша на Зуеў, а з другога боку яшчэ бліжэй працякаў Дняпро, але ракі не было відаць, толькі там-сям з-пад снегу чырванелі рэдкія зараснікі вербалозу. Недзе за ім і была рака. На ўзгорку, крыху далей, тырчаў паласаты перавальны слуп, але гэта, відаць, ужо на тым беразе.

— Жывапісная мясціна, — смяяўся Кіга, які, нягледзячы на тое, што яму трэба было заступаць на вахту ноччу, захацеў першым дапамагчы Віктару.

— Некалі тут вырасце вялікі горад. Вось толькі знайсці б нам нафту, — падбадзёрваў больш сам сябе Віктар.

— І імёны першых жыхароў будуць напісаны пры ўваходзе ў мясцовы краязнаўчы музей, — у тон Віктару сказаў Кіга і рассмяяўся.

— І ўсё ж незразумела, — абураўся Дзятлаў. — Няўжо нельга было адвесці ўчастак бліжэй да горада? Хай бы пажыў тут наш Чокан ды яго жонка пабегала ў горад па хлеб...

Віктар і ў гэты дзень, і ў наступныя не паехаў у Прыпяцк, начаваў у Шкварніка на буравой, а ўдзень майстраваў свой дом. Паставіць сцены, накрыць дах, заслаць падлогу яму дапамаглі хлопцы з буравой Шкварніка. Некалькі разоў прыязджаў і сам майстар, дапамог зманціраваць ацяпляльную сістэму. Калі зашклілі вокны, то Віктар, раскачагарыўшы кацёл антрацытам, заставаўся начаваць. Спаў прама на падлозе, на ахапку сена. А ўдзень фарбаваў рамы, падлогу, абклейваў сцены шпалерамі. Ён заўсёды, калі пачынаў што рабіць, дык не мог адарвацца, пакуль не заканчваў. І цяпер, нягледзячы на тое, што ўжо разы два Круглоў па рацыі перадаваў, каб Віктар выехаў у кантору для справаздачы, ён не паехаў у Прыпяцк, пакуль не завёз у домік і мэблю — стол, ложак вялікі і малы для дачкі, некалькі крэслаў, шафу. Гардзіны купляць не стаў: хай прыязджае жонка, сама і падбярэ. А потым сеў за новы стол і напісаў жонцы пісьмо.

«Пішу табе, Томачка, у нашым новым доме. Закончыў урэшце яго будаўніцтва, пра што і спяшаюся паведаміць. Шкадую, што не майстар мастацкага слова, а то я табе так апісаў бы яго, што ты, прачытаўшы, не сядзела б і гадзіны, а адразу — на першы самалёт і — да мяне. І ўсё ж я паспрабую апісаць табе наш дом. За вокнамі ва ўсе бакі такі прастор, якога ты нідзе і ніколі не бачыла. Зямля праглядаецца да самага гарызонта і нават далей. Яна ляжыць пад снегам, і я не магу сказаць, у які бок ад нас луг ці ворыва. За заснежаным полем па чорнай шашы няспынна бягуць машыны. Яны нам заўсёды будуць напамінаць пра вірлівае жыццё, якое не стаіць на месцы. Гулу іх матораў зусім не чуваць, так што ноччу нішто не парушыць нашага сну. З другога боку зусім блізка цячэ славуты Дняпро. Але ён цяпер пакуль што спіць пад снегам. Уяўляеш, якая будзе карціна, калі ён разальецца ва ўсю магутную шырыню вясной! Мясцовыя жыхары, — днямі тут пасяліліся дзве сям’і, паселяцца хутка яшчэ некалькі, як бачыш, пасёлак наш будзе даволі шматлікі, — сцвярджаюць: паводка да нас не дастане, бо пасёлак стаіць на высокім месцы. А калі людзі гавораць, то яно так і будзе. Набыў такую-сякую мэблю, так што табе не трэба будзе везці яе з сабой. Здаецца, істотная палёгка ў дарозе. А калі адкінуць жарты, дык вось сяджу адзін у пустой кватэры і, прызнаюся, першы раз у жыцці бачу, як пуста без цябе, без нашай Раечкі. Чакаю. Сёння еду ў Прыпяцк рабіць справаздачу за мінулы год. Пакуль ты атрымаеш маё пісьмо ды прыедзеш, я якраз і зраблю яе. Тэлеграфіруй прыезд...»

Віктар павесіў новы, яшчэ ў салідоле, замок на дзверы і на першай жа вахценнай машыне выехаў у Прыпяцк.

 

Віктар узяў з сабой у гасцініцу справаздачу, каб вычытаць яе пасля машыністкі — удзень не паспеў гэтага зрабіць, — хацеў заўтра ж раніцай здаць яе Круглову, бо яму вельмі абрыдла важдацца з ёй, а галоўнае, з дня на дзень чакаў прыезду жонкі. Нядаўна ён атрымаў ад яе пісьмо. Пісала, што звольнілася з работы, адправіла багаж, а праз дзень-другі выязджае і сама з дачкой.

Ён так засяродзіўся, што і не заўважыў, як у нумар зайшла Зарына. Пачуў толькі, як ляпнулі дзверы, калі зачыніліся. Адарваўся ад свае справаздачы і ўбачыў яе — яна стаяла ў парозе ў паліто, абвешаным рыжымі лісамі, у цёмным шаліку на галаве. У руках трымала невялічкі чамаданчык. Яна неяк няпэўна ўсміхалася, бездапаможна варушыла вуснамі, нібы хацела што сказаць, але не магла.

— Ну праходзь, садзіся, — запрасіў ён яе. З'яўленне Зарыны было для яго такім нечаканым, што ён таксама прыкметна разгубіўся. — Ды праходзь, садзіся. Што ж ты стаіш. Давай тваё паліто, — ён дапамог ёй распрануцца, павесіў яе паліто ў шафу, падаў крэсла. — Прызямляйся, Зарына.

Яна села, моўчкі глядзела, як Віктар зноў прыпаў да сваіх паперак.

— Прабач, Зарына, я ўжо старонку дачытаю...

Яна перадыхнула, напілася з графіна вады, паправіла прычоску. Было відаць — крыху прыйшла ў сябе.

— Ну, што новага? — спытаў Віктар.

— Што новага?.. — яна нібы задумалася. — Багата новага... Я з дому, Віктар.

— Я так і зразумеў: не магла ж ты так позна сядзець на рабоце.

— Я зусім з дому, Віктар. Сабралася і прыйшла да цябе, Віктар.

— Ну і добра зрабіла. Будзеш госцяй. Я рад.

— Я не ў госці.

— Па якой справе? — ніяк не мог зразумець Віктар дзяўчыну.

— Па справе... — яна зноў разгублена ўсміхнулася, апусціла вочы, які час маўчала, а потым з нечаканай рашучасцю глянула на Віктара. — Я не магу болей дома, Віктар. Не магу... — і раптам захліпала. Яна, відаць, і сама не чакала такога, а таму твар схавала ў далонях, заціскала сабе рот, ад чаго яе рыданні былі яшчэ мацнейшымі. Яна ўся сутаргава калацілася.

— Зарына! Зарына! Ды што з табой? — ён бездапаможна бегаў вакол стала, не ведаючы, што рабіць. Потым наліў шклянку вады, падаў ёй. Яна ўзяла ваду, але піць не стала, пакусвала губы, нешта доўга і ўпарта разглядала ў той шклянцы, а потым падняла вочы на Віктара, і, мабыць, яго разгублены выгляд развесяліў яе, усміхнулася.

— Даруй мне, Віктар.

— Ды нічога, бывае, — ён неяк машынальна паглядзеў на гадзіннік.

— Я нікуды не спяшаюся...

— Ды я так... Пра аўтобус падумаў. Але сапраўды яшчэ часу многа.

— Мне некуды ехаць, Віктар.

— Як некуды? Можа, дома з бацькамі пасварылася?

— Не. Яны нічога не ведаюць.

— Чаго не ведаюць?

— Што я пакінула іх.

— А куды ты збіраешся ехаць?

— Я прыехала, — яна апусціла вочы. — Я не магла інакш. Болей не магла, Віктар. Ты не праганяй мяне, калі ласка. Я не магу больш так. Мне нікога не трэба. Нецікава. Не магу, Віктар, — і закончыла амаль шэптам:

— Не магу... Без цябе, — і апусціла галаву, сядзела, чакала, што скажа ён.

Віктар стаяў ля яе і маўчаў. Потым ён адчыніў у акне фортку, але з двара моцна пацягнула холадам, і ён зачыніў яе. Сеў за стол насупраць, не ведаў, як пачаць з ёй гаворку. Крыўдзіць яе не хацелася, хацелася, каб яна зразумела яго, даравала яму.

— Зарына... Я вельмі рады, што ты зайшла да мяне. Праўда, Зарына. Я ніколі не забуду нашы сустрэчы, асабліва, як мы з табой палявалі зайцоў. Я вельмі рады, Зарына, што мне пашчасціла сустрэць такую цудоўную дзяўчыну, як ты, Зарына. Чэсна. А то пражыў бы на свеце і не ведаў, што ёсць такія... Я думаў, што ў нас будзе добрае сяброўства. Але не атрымалася. Ты заўважыла, што ў апошні час я не сустракаўся з табой. Не, не таму, што быў вельмі заняты... Не. Я лічыў, што калі мы перастанем сустракацца, то гэта будзе лепей, лепей у першую чаргу для цябе. Бо наша дружба пачала перарастаць у нешта такое, на што я не маю права. Я вельмі паважаю цябе, вельмі паважаю, Зарына, і таму не мог дапусціць, каб ты пакутавала з-за мяне. Я не магу быць тым, кім павінен быў стаць для цябе. У мяне, Зарына, ёсць жонка і дачка. Я не магу дапусціць, каб яна расла сіратой. Даруй, Зарына, што я не сказаў табе пра гэта адразу... Зарына, ты разумная дзяўчына, ты зразумееш мяне... Я вельмі дзякую табе за тваю шчырасць. Павер мне, я хачу, каб у тваім жыцці было многа радасці і шчасця. І яно будзе ў цябе. Табе хутка дваццаць. Можа, табе здаецца, што ад жыцця і чакаць ужо нечага, але гэта не так. Тваё жыццё, Зарына, толькі пачынаецца. У цябе яшчэ ўсё наперадзе, усё... Яшчэ ні ў аднаго галава закружыцца, павер мне, Зарына. І не крыўдуй на мяне.

А Зарына сядзела, апусціўшы галаву, упарта разглядала нейкую кропку на стале. Рацтам паднялася, хутка пачала апранацца.

— Зарына! Зарына! — хацеў ён яе спыніць.

— Што — Зарына? Нягоднік ты!.. — Яна схапіла свой чамаданчык і выскачыла.

 

Зіма была цяжкая не толькі для Івана Дымка, але і для ўсіх...

Бурылі марудна, бо старое абсталяванне часта псавалася. Акрамя таго, з самага пачатку бурэння выявіліся вялікія разыходжанні з геалагічным нарадам, які быў складзен згодна папярэдняй разведкі плошчы геафізікамі. Шкварніку загадалі часцей падымаць керн, чым планавалася, каб потым мець больш дакладнае ўяўленне аб геалогіі структуры. А зіма выдалася снежная і халодная: Часта рабочыя, адстаяўшы васьмігадзінную вахту на буравой, бралі рыдлёўкі і ачышчалі механізмы ад снегу.

Бурыльшчыкі ўвесь час выбіваліся з графіка, раней зацверджаны план не выконвалі, а змяніць яго ніхто не хацеў, хаця і пагаджаліся з тым, што ўзніклі сапраўды непрадбачаныя абставіны. Людзі сядзелі на адной зарплаце, без прагрэсіўкі. Былі такія, што і кідалі работу. Прыходзілі новыя. Іх трэба было вучыць. Не адну змену сам майстар адстаяў за бурыльшчыка.

Для Івана ж зіма была яшчэ цяжэйшай, чым каму. Не адзін раз, ідучы дамоў стомлены, у адзенні, аброслым наледдзю, думаў, што болей не вернецца на буравую: чорт з ім, што пабіўся аб заклад з Віктарам, няхай і пацешыцца, што выйграў. Але пасля таго як вячэраў, адаграваўся на печы, на якой добра было паляжаць доўгім зімовым вечарам з кнігай, адсыпаўся, у яго праходзіў адчай, і раніцай ён ішоў на работу, каб вечарам зноў праклінаць той дзень, калі надумаўся стаць буравіком. Хто ведае, можа б, Іван і не вытрымаў, каб не Кіга з яго ўстойлівым у любых умовах аптымізмам. Часта, гледзячы на сябра, ён гаварыў:

— Не кісні, калега. А то потым будзе сорамна за сябе.

І хаця за зіму Іван і Кіга настолькі пасябравалі, што з боку нельга было разабраць, — ды яно так і было, — хто з іх верхаводзіць, хто на каго больш уплывае, усё ж Іван заўсёды лічыўся з думкай Кігі. І не толькі таму, што Кіга быў старэйшы і больш вопытны ў жыцці, а, галоўным чынам, таму, што той думаў, гаварыў і рабіў часам не так, як усе, а заўсёды па-свойму. Акрамя ўсяго, Івану было вельмі цікава з ім. Здавалася, што хлопцаў не разліць вадой. Але былі выпадкі, калі ў душы Івана, як гаварыў Кіга, абуджаўся неўтаймаваны, сляпы, вясковы анархізм. І тады іх дружба падвяргалася сур’ёзнаму выпрабаванню.

Першы разлад паміж імі адбыўся тады, калі на буравую прывезлі вагончыкі для рабочых. Многія не пагадзіліся ў іх жыць, бо не хацелі самі сабе варыць абеды, і жылі ў вёсцы, пакуль на буравой не адкрылі сталовую, — асобны вагончык, які дзяліўся на дзве палавіны. У адной была кухня, у другой палавіне — зала з некалькімі столікамі. Іван жа не захацеў жыць на буравой і потым. Кіга ж настойваў перасяліцца ў вагончыкі адразу.

— Ты як хочаш, а я не пайду, — заявіў Іван.

— Ты што?! — больш за ўсё Кігу здзівіла, што Іван, аказваецца, зусім абыякавы да таго, будуць яны жыць разам ці паасобку, а значыцца, яму напляваць і на іх дружбу. — А я думаў, што ў нас сапраўдная дружба. Аказваецца, ты, як так ліверная каўбаса, напіханы ад пятак да галавы сляпым вясковым анархізмам, які так і не ўдалося табе ўтаймаваць, хаця не так мала ты жывеш у пралетарскім асяроддзі.

— Пры чым тут дружба? — у сваю чаргу абурыўся і Іван. — Не бачу ніякага сэнсу ў тым, каб ісці жыць у тыя душагубкі. Хіба тут дрэнна? Спім, як дома. Нам вараць смачныя абеды. А там? Усё самім. Ды і не гэта галоўнае. Галоўнае, што тут ціха, а там дызелі... І на рабоце дызелі, і спаць ляжаш — таксама дызелі. Звар’яцець можна.

— Ты не ўяўляеш, як смачна спіцца пад гул дызеляў, сказаў спакойна Кіга; ён яшчэ не верыў у тое, што Іван не пагодзіцца з ім. — Магчыма, што ноч-другую не паспіш, а потым прывыкнеш. Чалавек да ўсяго прывыкае. Ды хіба галоўнае ў гэтым?.. Ну, хто ты тут? Ты ж сам сабе не гаспадар. Ты тут на правах самай задрыпанай калоніі. Скажуць збегаць па ваду і бяжы, накалоць дроў — і пойдзеш сякерай махаць. Што пададуць есці — еш і хвалі, не абурайся, марыянетка. Кнігі скаргаў няма. А там сам сабе гаспадар. Свабода! Што хочаш, тое і робіш. Хочаш спаць — спі. Загуляўся позна, ні ў каго не трэба прасіць прабачэння. Ты разумееш: свабода! Ды за яе ж лепшыя сыны чалавецтва жыцця не шкадавалі. А тут яна сама ў рукі плыве, а ты адмахваешся.

— Нам і тут ніхто не перашкаджае.

— Яшчэ чаго не хапала! Але мне дастаткова ўсведамлення, што я ад некага залежу, што я некаму абавязан, каб не адчуваць сябе поўнасцю свабодным.

— Глупства гаворыш...

— Твая нязгода са мной мне падабаецца, — не крыўдзіўся Кіга. — Яна сведчыць пра тое, што ў тваёй душы прабіваюцца парасткі самастойнасці. Ты выспяваеш як асоба, а значыцца, рана ці позна ўзнімешся да майго ці, інакш кажучы, да сапраўды пралетарскага разумення рэчаіснасці.

— Тут я пайшоў з работы і нікому не кланяюся, а там, на буравой, увесь час на вачах у майстра. А ты мне гаворыш пра свабоду...

— А, між іншым, я не залежу ад майстра. Што я зарабіў, дык тое мне і запішы, таварыш майстар. А не так зрабіў, скажы—як трэба. Я дзякуй скажу. Мы з майстрам звязаны вытворчасцю. І толькі. Дык гэтай жа залежнасцю я ганаруся. Я не адзін, нас многа, цэлы клас!.. Разумееш? А тут, у гэтай хаце, мой настрой залежыць часам ад таго, ці добры апетыт у гаспадарскага парсючка. А я не хачу слухаць нават ад сваіх гаспадароў пра апетыт іх парсючка, мне, можа, хочацца слухаць у гэты час музыку нашых класікаў дзевятнаццатага стагоддзя...

— Ты мне столькі нагаварыў... Неабходна пажыць у цішы, каб дызелі не перашкаджалі ўсё гэта абдумаць, — не здаваўся Іван.

— Ну, думай, — не стаў болей спрачацца з ім Кіга, сабраў свае рэчы ў турысцкі рукзак і выйшаў, не развітаўшыся з Іванам, які ў гэты час ляжаў у светлай палавіне хаты на канапе і ледзь не плакаў, думаючы, што іх дружбе наступіў капец.

І сапраўды, паміж імі з’явілася нейкая адчужанасць. На рабоце сустракаліся, часам і гаварылі, але заўсёды пра што-небудзь нязначнае, а потым, пасля змены, Іван ішоў на сваю кватэру ў вёску, шкадуючы, што ў свой час не пагадзіўся з Кітай, бо яму аднаму сапраўды было сумна. І каб толькі Кіга цяпер сказаў яму пераязджаць на буравую, пераехаў бы адразу. Але той маўчаў, а Івану зрабіць першаму крок да прымірэння не дазваляла гордасць. Ведаў, што калі ён зробіць гэты крок, то Кіга не праміне ўпікнуць яго, маўляў, заўсёды трэба слухаць старэйшых.

Але настаў такі дзень, калі Іван, нічога нікому не гаворачы і нават не думаючы, як да гэтага аднясецца Кіга, з усімі сваімі пажыткамі перасяліўся на буравую. Гэта было нават нечаканым для праніклівага Кігі, і той падумаў, ці не паспрачаўся Іван там з гаспадарамі, але распытваць не стаў.

— Я так і ведаў, — сказаў ён толькі. — Ідзі і займай ложак побач з маім. Я адразу ўсім сказаў, што гэта твой ложак, так што ён чакае цябе.

І ніхто не падазраваў, што прычынай перасялення Івана была чарнявая Гайша — дзяўчына з далёкай Татарыі, якая пасялілася на буравой разам са сваёй газакаратажнай станцыяй. Зразумела, што пра гэта не здагадвалася і сама Гайша.

А Іван, пасля таго як убачыў яе ўпершыню, увесь час толькі і шукаў выпадку, каб як сустрэць яе яшчэ і яшчэ раз.

Іван звычайна сядзеў у вагончыку і сачыў у акенца, калі пойдзе ў сталовую Гайша. Тады, крыху счакаўшы, ішоў і ён. У сталовай садзіўся так, каб без асаблівых падазрэнняў можна было часцей паглядваць на яе. Яму не раз карцела зайсці да дзяўчыны на газакаратажную станцыю, як гэта рабілі многія з яго таварышаў, пасядзець, пагаварыць, але баяўся, думаў, што варта яму толькі наблізіцца да той станцыі, як усе здагадаюцца, што творыцца ў яго сэрцы. Праўда, разам з хлопцамі ён не раз заходзіў туды. Хлопцы адзін перад другім аж са скуры вылазілі, стараліся прыцягнуць да сябе ўвагу дзяўчыны, а ён рабіў выгляд, што яна, Гайша, яго ніколькі і не цікавіць, чытаў якія часопісы ці занадта ўважліва разглядаў розныя прыборы, у душы праклінаючы сябе за нясмеласць, за нерашучасць. Гайша, бліжэй пазпаёміўшыся з буравікамі, часам заходзіла да іх пагуляць у даміно. Іван, які ніколі да гэтага не гуляў у даміно і не любіў, як ён лічыў, гэтую бяздумную гульню, цяпер раптам стаў заядлым даміношнікам, і кожны раз, калі прыходзіла Гайша, стараўся сесці так, каб гуляць з ёй у адной пары. І калі яму гэта ўдавалася, то быў шчаслівы цэлы дзень. Нарэшце яму стала ясна, што закахаўся ў дзяўчыну моцна і, здаецца, безнадзейна. І чым болей ён хаваў пачуцці, тым цяжэй станавілася змагацца з імі, а каб прызнацца ва ўсім дзяўчыне, ён і думкі не дапускаў. Іван пачаў пра свае адчуванні запісваць у блакноцік, які спецыяльна для гэтага купіў у Зуеве. Ён запісваў свае думкі, мары, пра ўсе выпадковыя сустрэчы з ёй, пра тое, як яна паглядзела на яго, што яму сказала. Стараўся ў яе позірках, у яе, хай сабе і зусім выпадковых, словах знайсці якія-небудзь адзнакі яе асаблівай увагі да яго.

Ішоў час, а ў паводзінах Гайшы ніякіх змен не назіралася. Ён быў для яе, як і ўсе. Гэта ён калі-нікалі заўважаў у хвіліны душэўнай цвярозасці. І Іван прыходзіў да думкі, што трэба абавязкова пагаварыць з ёй, расказаць ёй усё. Не раз збіраўся гэта зрабіць і кожны раз не знаходзіў у сябе смеласці. Тады яму прыйшла ў галаву думка — аддаць Гайшы свой блакноцік. Яна прачытае і ўсё зразумее. Вось толькі трэба спісаць яго ўвесь, да самай апошняй старонкі — Іван усяляк аддаляў той дзень, калі павінна ўсё вырашыцца...

А з кожным днём яго ўсё болей і болей ахоплівалі раней не зведаныя пачуцці. Ці галіўся электрабрытвай, стоячы перад маленькім люстэркам у вагончыку, ці ішоў на вахту, ці за вагончыкамі, далей ад вачэй, рабіў зарадку з Кігай, — Кіга яго спачатку сілай прымушаў, а потым усё ж прывучыў, — усюды адчуваў на сабе позірк Гайшы, нібы яна сочыць за ім, нібы яна заўсёды побач. Ён адчуваў яе побач з сабой і тады, калі тая ездзіла на выхадны ў Прыпяцк. Яму хацелася ўсё рабіць лепей, і самому хацелася стаць прыгажэйшым. Ён кожны дзень галіўся, сачыў за адзеннем. З дому прывёз выхадны касцюм і ўсе свае белыя кашулі, — маці сказаў, што яны часта ходзяць у Зуеў на танцы, — нават робу і тую акуратна праглядаў кожны раз, адзяваючы, абшкрабаў засохлую на ёй гліну.

Перамену ў паводзінах юнака першы заўважыў майстар. Неяк на сходзе Шкварнік так і сказаў, што Іван Дымок пачынае адчуваць смак у рабоце, што калі так пойдзе і далей, то з яго атрымаецца сапраўдны нафтавік.

Насталі ясныя лютаўскія дні. Ноччу ўсё аж трашчала ад марозу, а ўдзень у зацішку так прыгравала сонейка, што шлёпаліся ў бліскучы рыхлы снег рэдкія капяжы, можна было пасядзець на цёплай металічнай трубе і пагрэцца. Недарэмна гавораць — люты-бакагрэй.

Неяк у час вахты, пасля таго, як толькі апусцілі ў свідравіну новае долата і для ўсіх памбураў наступіла кароткая перадышка, Іван выйшаў туды, дзе за буравой ляжалі бурыльныя трубы і было зацішна і сонечна, усеўся на іх. Азірнуўся: навокал не было нікога, — хлопцы пайшлі ў курылку смаліць цыгарэты, — дастаў блакноцік, перачытаў учарашнія запісы, а потым алоўкам пачаў пісаць далей.

«Цябе няма сёння на буравой... Але, як ні дзіўна, не магу паверыць у гэта. Увесь час адчуваю цябе побач з сабой, так моцна адчуваю, што, здаецца, варта працягнуць руку, і яна кране твае валасы... Вось і зараз я пішу, а мне здаецца, што ты стаіш за маёй спіной і праз плячо чытаеш, што я пішу, і ўсміхаешся. Я нават бачу тваю ўсмешку. А ведаеш, мне засталося запісаць усяго некалькі старонак, і ўся кніжачка мая будзе спісана, і тады я перадам яе табе... Я цябе так моцна кахаю, што любое тваё рашэнне для мяне будзе святым. Можа, ты і не захочаш ісці са мною ў жыццё, што ж... Пайду адзін, бо мне, акрамя цябе, нікога не трэба. Але мне не верыцца, каб ты адмовілася ад мяне. Не можа памерці тое, што нарадзілася ў маёй душы. Такога не дапусціць само жыццё. Бо зусім жа невыпадкова я працую на той буравой, — каб ты ведала, як я не хацеў спачатку працаваць тут, — на якую прыехала потым і ты...»

Кіга, які працаваў верхавым, убачыў Івана зверху, калі злазіў уніз і, апынуўшыся на зямлі, падышоў да яго, памацаў трубы рукамі, сеў побач.

— Цёплыя, чэрці, — засмяяўся. — Цяпер зразумела, чаму цябе ўвесь час цягне на гэтыя трубы. Тут як у маткі на печы. Жыве, калега, у табе вёска, жыве... Ну, пра што задумаўся?

— Так, — не спадабалася Івану, што Кіга перашкодзіў яму.

— Відаць, да мая. закончым бурыць... — не заўважыў яго настрою Кіга. — Кінеш зусім ці на другую буравую пойдзеш?

— Будзе відаць, — няпэўна адказаў Іван.

— А ведаеш, калега, я ганаруся табой. Упарты ты, як чорт.

— А ты як? — Іван не хацеў, каб Кіга хваліў яго. — Ты ж неяк гаварыў, што на буравой толькі да вясны.

— Але пакуль тое лета, дык мяне тут, на буравой, чакае светлая радасць. Не ведаю, калі яна будзе, але яна будзе, няхай крыху пацяплее. Не ведаю толькі, доўгай будзе ці кароткай. Думаю, што кароткай, бо доўгая радасць ужо не радасць, а толькі прывычка...

— Спадзяешся — нафту знойдзем?

— Дзівак. Проста здзіўляюся, што ты мяне так і не зразумеў да канца. Для мяне галоўнае зрабіць сваё жыццё прыгожым, незалежным, каб у мяне былі свае святы. Свята на маёй вуліцы.

— Зразумееш цябе, калі гаворыш толькі намёкамі. Ты і сам не ведаеш, чаго хочаш. Так наогул... — пасля таго як Іван закахаўся, у яго ярчэй праяўлялася яго самастойнасць.

— Няўжо ты не заўважыў, якая прыгожанькая татарачка тут бегае? Вось яна і будзе маё свята.

— Не разумею, — насцярожыўся Іван.

— Святая наіўнасць, — хіхікнуў Кіга з адчуваннем свае мужчынскае перавагі.

— Ты яе кахаеш? — нясмела спытаў Іван.

— Што-о-о? — засмяяўся Кіга. — Да ты зусім першабытны чалавек. Кахаеш... Я сустракаў людзей, якіх сапсавала літаратура, як класічная, так і сучасная. Але каб так... Аб’ехала цябе цывілізацыя, аб’ехала... Хіба могуць апусціцца лепшыя людзі нашай эпохі да такой дробязі, як каханне. Яны даўно зразумелі, што каханне толькі ўскладняе жыццё... Ды і дзеўкі не вельмі любяць закаханых. Закаханыя нясмелыя, баязлівыя. Абыдуся і без кахання. А ў мяне, ведаеш, ніколі не было татарачкі.

— Так яна і пабяжыць да цябе.

— Вядома, не пабяжыць. Баба ніколі не пабяжыць да цябе першая, трэба самому старацца... Трэба паступова чмурыць яе так, каб яна паверыла, што ты з-за яе аслеп, а потым, калі яна зусім размякне, не траць часу. Мне, праўда, яшчэ не ўдалося дамагціся свайго, але я недалёка ад мэты. Яна пачынае баяцца мяне, значыцца, няма ўпэўненасці ў сабе. Гэта нядрэнны прызнак. Бачыш, паехала на выхадныя. Ёй можна было і тут пасядзець, ехаць некуды, ні бацькі, ні маці ў тым Прыпяцку. Канешне, пакуль холадна, мароз, то ніякіх умоў для кахання, так сказаць. Але прыйдзе вясна. І таму я зацікаўлен, каб мы прыхапілі і вясну. Ды калі такімі тэмпамі будзем бурыць, то яшчэ і лета тут сустрэнем...

— Ты будзеш на ёй жаніцца? — спытаў Іван, не гледзячы на Кігу, каб не выдаць сябе.

— Я яшчэ з глузду не з’ехаў, калега, — засмяяўся Кіга. — Жэняцца тыя, ад каго ўцякаюць дзеўкі. А мне жаніцца не трэба. А потым, слухай, няўжо ты думаеш, што гэтая маладая дзяўчынка Гайша хоча замуж? Навошта ёй у такія гады сямейныя ланцугі... Я ўпэўнен, што яна ніколькі не супраць таго, чаго я дабіваюся. Толькі яна, як і ўсе дзеўкі, хоча, каб за ёй пабегалі. Яна таксама жывы чалавек, і ёй таксама хочацца падурэць. Кожнаму з нас трэба перабясіцца ў маладосці. Перабесіцца і гэтая Гайша, а потым выйдзе замуж за таго, за каго захоча. Бабы ўсе так робяць. Дружыць з адным, а бегае да другога. Вадзіць за нос у іх называецца — дружыць. І гэтая татарачка ночкі цёмныя будзе дзяліць са мной, а ў жаніхі возьме якога закаханага лапавухага дурня.

Іван падхапіўся зусім нечакана, схапіў Кігу за каўнер.

— Нягоднік! — і колькі было сілы ўдарыў кулаком пад сківіцу.

Кіга ад нечаканасці разгубіўся, а Іван усё мясіў і мясіў кулаком у твар, у грудзі, не разбіраў куды і ніяк не мог спыніць сябе, нібы перад ім быў і не Кіга, а няўмольная злая сіла, якую трэба проста знішчыць, і зараз жа. Кулак яго даўно быў чырвоны ад крыві — расквасіў Кігу нос, — але і гэта не магло спыніць яго. Кіга, закрываючыся рукой, паспрабаваў упрасіць Івана суняцца, і, калі яму гэта не ўдалося, адпіхнуў яго ад сябе моцным ударам нагі некуды крыху ніжэй грудзей. А калі Іван, аслеплены нечаканай боллю, схапіўся за жывот рукамі, Кіга падняўся і ўдарыў яшчэ раз кулаком у бок. Удар быў моцны, Іван не ўтрымаўся на нагах, паслізнуўся, упаў і ўдарыўся галавой аб сталёвую трубу. У вушах загрымелі званы, а ў вачах забліскалі маланкі, пайшлі мітуслівыя рознакаляровыя кругі — ён страціў прытомнасць...

 

Спачатку Івана ўразіла цішыня. Які час ён ляжаў, прыслухоўваўся і не мог зразумець, дзе знаходзіцца. Паварушыў галавой — патыліцу як апякло, так балела. Расплюшчыў вочы і ўбачыў бялюткае снежнае поле над сабой. Павёў позіркам, убачыў электралямпачку, што вісела на звітых дратах, заляпаных белай глінай. Потым убачыў шырокія і высокія вокны, зацягнутыя зялёнымі шторамі, і побач, ля ложка, на табурэце жанчыну ў белай касынцы і белым халаце. Сядзела і нешта вязала з ружовых нітак.

Івап паварушыўся.

— Вам нельга падымацца, — сказала медсястра. — Урач забараніў.

— А ён глядзеў?

— Глядзеў.

— І што?

— Нічога страшнага, але....

— Што але?

— Трэба, каб яшчэ паглядзеў хірург. Баліць?

— Так, нічога. Толькі патыліца. Крыху.

— Ну, ляжыце.

Іван раптам успомніў пра свой блакноцік і захваляваўся— дзе ён?

— Адпусціце мяне.

— Ляжыце ціха.

— Ну, прынясіце мае шмоткі.

— Нельга.

— Я сам схаджу.

— Нельга.

— Вы ж самі сказалі, што нічога страшнага.

— Вас павінен паглядзець хірург.

— А дзе ён?

— У яго — тэрміновая аперацыя. Прывезлі пакалечаных матацыклістаў.

— Доўга ён будзе іх сшываць?

— Не ведаю. Можа, і доўга.

— А дзе мае шмоткі?

— Не турбуйцеся вы за іх. Яны ў нашай кладоўцы.

— Сястра, там у кішэні курткі павінен быць блакноцік.

— Вам нельга чытаць.

— Блакноцік з маімі запісамі.

— Не прападзе.

— Ну, калі ласка!

— Нічога не будзе, хлопец. Ляжы спакойна, а то прывяжу, — ласкава сказала жанчына.

— Хто мяне прывозіў?

— Не ведаю.

— Калі ж будзе хірург?

— Пацерпіце... Нядоўга засталося чакаць. Не варушыцеся асабліва. А раптам што-небудзь сур ёзнае з галавой? Толькі сабе нашкодзіце...

Іван зразумеў, што нічога не даб’ецца ад гэтай добрай і ўпартай жанчыны, і болей не размаўляў з ёй.

Ён ляжаў і думаў пра Гайшу, уяўляў, як яна заўтра, вярнуўшыся з выхаднога, даведаецца пра яго і — хто ведае? _ раптам кіне сваю газакаратажную станцыю, не стапе нават чакаць спадарожную машыну і пабяжыць у Зуеў. У бальніцы яе не будуць пускаць, але яна прарвецца, зойдзе да яго ў палату, нахіліцца над ім, накрые яго лоб маленькай далоняй. Ён так ясна ўявіў гэта, што ў грудзях аж часцей затахкала сэрца... А раптам Гайша не толькі нікуды не паедзе, а нават і не падумае пра яго, а калі што і пачуе, дык і не стане распытваць... А ўвечары ў сталовай да яе падсядзе Кіга і будзе смяшыць яе, а потым пойдзе праводзіць. Яны будуць стаяць ля дзвярэй яе машыны, дзе яна і працавала і жыла, ён будзе набівацца да яе ў госці, а можа, і не будзе набівацца, а зойдзе нахабна... І Гайшы некага будзе паклікаць па дапамогу... І карціны самыя нечаканыя праносіліся ў яго галаве. Ён хацеў спыніць іх жудаснае мільгаценне, але не мог... Пра што б ні пачынаў думаць, кожны раз вяртаўся да Гайшы. А тут, як назло, пад вокнамі грукалі машыны, — і хто толькі дадумаўся пабудаваць бальніцу на шумнай вуліцы! — па калідоры моцна тупалі нагамі, нібы цішэй і прайсці нельга... Ён хацеў перавярнуцца на бок, — надакучыла ляжаць на спіне, — і зноў працяў знаёмы боль патыліцу. І Іван сцішана ляжаў, глядзеў у бялюткую, як малады снег, столь і ўспамінаў Гайшу, калі і як яе бачыў, што і каму яна сказала, як паглядзела на яго.

Зайшоў у палату ўрач, сеў ля яго ложка на табурэт. Які час нібы пра нешта думаў ці, можа, адпачываў.

— Ну, як? — спытаў нарэшце.

— Нібы нічога, — усміхнуўся Іван. — Я проста не памятаю, як мяне прывезлі...

— Так, так, — ён паслухаў яго пульс, павадзіў пальцамі перад вачыма, пастукаў па каленях малаточкам, папрасіў падняць адну нагу, потым другую, памацаў патыліцу. — Моцная ў цябе галава, але паберажы яе, другі раз можа і не вытрымаць такога ўдару. Вельмі баліць?

— Калі не варушыш, зусім не баліць.

— А калі гаворыш?

— Не.

— Дзяжурыць ля гэтага хлопца не трэба, — сказаў ён сястры. — Патрымаем дзень-другі ды і выпішам, — і ён моўчкі скіраваў да дзвярэй.

— Перажывае, — сказала медсястра хлопцу. — Матацыкліст адзін не выжыў... Вы ж вечна носіцеся, покуль галовы не паламаеце, — яна кіўнула яму на развітанне і выйшла.

Прыход урача і яго дыягназ настолькі супакоілі Івана, што ён, не дачакаўшыся і той вячэры, якую яму павінны былі прынесці, непрыкметна заснуў. Праспаў глыбокім сном да самага рання. Прачнуўся, калі ў вокны біла сонца. Галава цяпер, калі варушыў ёй, яшчэ балела, але не так востра, як учора. Можна было цярпець. І наогул, ён адчуваў сябе даволі бадзёра. Сеў. Пакратаў рукой галаву. На патыліцы, крыху збоку, быў вялізны гузак, які балюча ныў ад дотыку.

Іван схадзіў у сталовую, а потым зайшоў у прыёмны пакой, даведаўся, дзе яго адзенне, упрасіў медсястру звадзіць яго ў кладоўку. Там абшарыў усе кішэні — блакноціка нідзе не было. Ён пачаў патрабаваць, каб яго зараз жа выпісалі. Яму сказалі: выпішуць не раней, як заўтра раніцай. Іван вярнуўся ў палату, ляжаў і думаў, дзе б мог згубіцца блакноцік. Гэта ж як трапіць хлопцам у рукі, праходу не дадуць, засмяюць. Пасушыць зубы любяць. Тады на буравую хоць не вяртайся. Яно-то можна і не вярнуцца, але ж Гайша... А Гайшы можна напісаць пісьмо... А потым жа гэты блакноцік мог заваліцца дзе паміж труб ці ўпасці пад падмосткі ў снег, і тады яго ніхто там не знойдзе. Апошняя думка крыху супакоіла Івана...

Недзе перад абедам у палату зайшоў Кіга. Ён быў у белай сарочцы, пад гальштукам, у новым гарнітуры, які яны разам з Іванам, можа, з тыдзень таму купілі ў Прыпяцку і які ёп ні разу яшчэ не адзяваў. І каб Іван бачыў, як ён, Кіга, выглядае цяпер, ён неяк неахайна накінуў халат на плечы, абы толькі лічылася, што ў халаце. Хаця Іван сустрэў Кігу без усялякай дружалюбнасці, але, убачыўшы яго твар, — вакол левага вока расплылася жоўта-фіялетавая пляма, а ніжняя губа распухла і ў адным месцы была рассечана, — міжвольна ўсміхнуўся. А Кіга, здавалася, і не звяртаў на яго ўвагі, бесцырымонна адсунуў яго ногі на другі край вузкага ложка, адкінуў прасцірадла і сеў сам, перад гэтым палажыўшы на тумбачку пакунак з яблыкамі.

— Купіў на базары. Не магу гарантаваць, што ў іх уцалелі якія-небудзь вітаміны, але ад нечага рабіць пагрызці можна. Ну, я вельмі рад, калега, што табе нішто сур’ёзнае не пагражае. Мне сказала дзяжурная медсястра. Ды, я думаю, для цябе гэта і не навіна, табе, відаць, таксама пра гэта сказалі. Праўда, табе не маглі сказаць, што мой адзін зуб пакінуў сваё месца і што мая губа таксама патрабавала нейкага рамонту. Але я табе скажу шчыра, калега, што мая асоба заслугоўвае і большай увагі з боку тваіх кулакоў. Я цябе не тое што недаацэньваў, я цябе, аказваецца, зусім не ведаў, як гэта ні дзіўна, бо нейкую колькасць не толькі солі мы з табой з’елі, а і тых каўбас, якіх нямала ты павазіў ад свайго ветэрынара. Між іншым, калі ты мяне і агрэеш чым-небудзь, хаця б і яблыкамі гэтымі, дык, скажу, правільна зробіш, бо я не толькі падабраў на полі бою твой блакноцік, а нават уважліва прачытаў яго, — і ён палажыў блакноцік побач з яблыкамі на тумбачку. Іван не паварушыўся, ён з жахам чакаў каментарыяў Кігі да яго запісаў. — Я вельмі рады, што ты згубіў яго. Хаця там і няма яе імя, але я здагадаўся, пра каго ўсё напісана. А магла ж рухнуць наша дружба з-за жанчыны. З-за жанчын ваююць каралі, а мы з табой — не каралі, а звычайныя рабочыя хлопцы, і хопіць нам дзяўчат на зямлі, так што ваяваць з-за іх не будзем .. Я віншую цябе, бо цяпер не так часта сустрэнеш хлопца, каб так самаахвярна стаяў за гонар дзяўчыны... Вось так. Ды не глядзі на мяне ваўком, я нічога нікому не скажу. І запомні, пакуль я на буравой, тваю Гайшу ніхто і пальцам не кране. Слова друга. А цяпер ты мне нічога не гавары, бо абавязкова скажаш якое-небудзь глупства. А я не люблю глупства, — ён падняўся.— Ад цябе я, вядома, перадам Гайшы прывітанне, а цяпер пайшоў, бо мне сказалі, каб асабліва не заседжваўся.

— Пачакай, — папрасіў Іван.

— Слухаю, — зноў сеў Кіга.

— Слухай, хто ты такі?

— Не разумею...

— Усё гаворыш, гаворыш. Я не заўсёды і разумею, калі ты праўду гаворыш, а калі лухту нясеш.

— Усе гавораць, і я гавару, — сціпла ўсміхнуўся Кіга. — Не хочацца адставаць ад людзей. Канешне, я нямала нагаварыў табе лухты. Я звычайны хлопец, з дзетдома. Пасля дзесяцігодкі вучыўся год на філалагічным. Не ўмеў паважаць выкладчыкаў, выключылі. Але галоўнае не ў гэтым. Проста цяжка было на адной стыпендыі. Вось так... Працаваў на заводзе, цяпер на буравых. Астатняе выдумаў. Я многа выдумаў, калега. І пра жанчын многа... Было, канешне, але... Але вось такой, каб жыцця для яе не шкада, не было... Праўда, ёсць адно сонейка Прыпяцку, ды нешта не вельмі хоча мне свяціць. Вось і ўсё, — ён падняўся. — А цяпер ляжы і думай, хто я такі. Будзь здароў, — і ён, паправіўшы на плячах халат, выйшаў.

А праз дзень Івана выпісалі з бальніцы.

У сваім вагончыку Іван нікога не застаў: усе якраз былі на вахце. Ён праз акенца стаў разглядаць буравую. Там, відаць, толькі што паднялі свечкі і мянялі долата. На сваёй верхатуры стаяў Кіга, аблакаціўшыся на агароджу, нечым цікавіўся ўдалечыні. Галава яго, як і заўсёды, была без каскі. Майстар не адзін раз рабіў яму заўвагу наконт гэтага, але ён і слухаць не хацеў, маўляў, на вышыні яго галаве нішто не пагражае, хіба толькі якая зорка зваліцца з неба.

Вось выскачыла са свайго вагончыка і пабегла на буравую з кефірнымі бутэлькамі Гайша. Яна была ў сінім халаце і зыркай касынцы. Не дзяўчына прабегла, а нібы мільгануў сонечны зайчык. Іван адчуў, як у яго грудзях нешта варухнулася і як загарэліся ў яго шчокі. Ён выйшаў з вагончыка, спыніўся, глыбока ўздыхнуў, каб стылым паветрам хаця б крыху астудзіць сябе ў грудзях, і нетаропка падаўся на буравую, спадзеючыся стрэць дзяўчыну, калі яна будзе вяртацца назад. Праўда, ён стараўся рабіць выгляд, што яго нішто асабліва не цікавіць, а што ён ідзе на буравую проста пабачыцца з сябрамі.

Якраз на падмостках яны і сустрэліся. Гайша так разгубілася, што спачатку хацела кінуцца назад і нават адступіла на які крок. Гэта і надало смеласці Івану.

— Ну, як ты тут?

— Я? Нічога, — падняла свае чорныя вочы на яго, і ён раптам адчуў, што гэты позірк яго нібы паралізаваў, і ён не ведаў, пра што далей гаварыць з ёй.

— Ну... што ты рабіла?

— Вось, — яна падняла бутэлькі з бруднай вадкасцю.

— І ўсё?.. А што яшчэ?

— Чытала, — цяпер яна ўсміхнулася.

— Што?

— Кнігу.

— І як? Цікавая? .

— Вельмі.

— Пакажы...

— Зараз, — і яна хуценька прагрукала абцасікамі па падмостках паўз яго і пабегла ў свой вагончык. Іван праводзіў позіркам дзяўчыну і не заўважыў, як да яго падышоў Кіга. Ён быў у расхрыстанай целагрэйцы, а з галавы аж ішла пара.

— Прывітанне, дарагі. А я ўбачыў зверху цябе і куляй уніз. Ну як?

— Нармальна.

— А з ёй? Пагаварыў? Сказаў?

— Сказаў.

— А яна? Што?

— Што кніга вельмі цікавая.

— Ёлупень! — абурыўся Кіга.

— Чаму? Я спытаў пра кнігу, яна адказала.

— Такі момант! Такі момант! Сама ўсё сказаць. Разумееш? Не, мала я тады табе таго... Не паразумнеў. Хаця Горкі і пісаў, што калі хлопец паб’ецца за дзяўчыну, дык становіцца сапраўдным мужчынам. А ты?.. І доўга ты думаеш з ёй гаварыць пра кнігі?

— Усё жыццё...

— Ды яна ад цябе праз месяц збяжыць...

Гайша выйшла з вагончыка з кнігай і, убачыўшы хлопцаў, спынілася на прыступках.

— Ідзі, чакае, — штурхануў Кіга ў плечы Івана і зноў палез на сваю верхатуру.

Праўда, цяпер ён не спяшаўся.

 

Частка трэцяя

Круглоў першы сказаў, што трэба было б ісці дамоў. Чокан адразу яго падтрымаў. І як іх ні ўпрошваў Лузько застацца яшчэ, яны не пагадзіліся. Падзякавалі гаспадарам за гасціннасць, выйшлі з-за стала. Лузько дапамог апрануцца, праводзіў іх на вуліцу, а калі вярнуўся, то ўбачыў, што Віктар з Тамарай таксама збіраюцца.

— Не, не, мае даражэнькія, вас нікуды не пушчу, распранайцеся, распранайцеся...

— Аўтобус наш хутка, — запярэчыў Віктар. — Спознімся.

— Прашу, дарагія мае, не хвалявацца. Абяцаю, што ўсё будзе найлепшым чынам. Будзеце начаваць дома, а не — дык і ў нас месца хопіць... Давайце яшчэ пасядзім як людзі, без гэтага начальства, — запрашаў Лузько Віктара і Тамару. — Хоць пагаворым шчыра... А то былі як на якім сімпозіуме, а не на сяброўскай бяседзе, — пасадзіўшы іх за стол, сеў і сам, зняў чорны пінжак, у якім быў увесь вечар, і расслабаніў на шыі крыху гальштук.

— Сам вінаваты, — упікнула яго Ліда.

— Канешне сам, Лідачка, канешне сам,— не крыўдаваў Лузько. — Бо без гэтага нельга... Круглова я даўно яшчэ запрашаў,—во хай пацвердзіць Віктар. Ну, а дырэктара паложана запрасіць, так сказаць, па штату, а то і хрэсьбіны будуць непаўнацэнныя, як тое вяселле без генерала...

Тое, што Лузько іранічна гаварыў пра сваё начальства, надало рашучасці Віктару.

— А я сур’ёзна спачатку думаў, што тут які сімпозіум, — сказаў ён. — А потым мне падалося, што ты проста вельмі любіш начальства, што не можаш абысціся без яго нават на сваім сямейным свяце. А цяпер, калі ты так зняважліва гаворыш пра начальства, я проста нічога не разумею...

— Калі ты хочаш ведаць праўду, я начальства ніколі асабліва не любіў і не люблю. Але лічу, што з ім трэба жыць у атмасферы дружбы і ўзаемаразумення.

— Маўчы ўжо, — сказала яму Ліда. — Ён не любіць начальства. Ды ён за яго ў палонку палезе... Памятаю, цяжарная хадзіла, мне так было блага, што з ложка падняцца сілы не хапала. А ён кінуў мяне на цэлы дзень, а сам з начальствам у грыбы... А што — не так?

— Успомніла, — незадаволена хмыкнуў Лузько. — Я паўтараю, ніколі не любіў і не люблю начальства. Арганічна! — ён цвёрда выгаварыў кожны гук у слове, кожнае слова, як гэта звычайна робяць вельмі ахмялелыя людзі, — я хачу толькі, каб начальства не перашкаджала мне жыць. А то, глядзіш, і дапаможа. У мяне такі жыццёвы прынцып, калі хочаце. Вы, канешне, зараз пачнеце пра чалавечы гонар, пра падхалімаж... Ёсць. Але тут усё чэсна. Не думайце, што начальства верыць у маю любоў да яго. Яно лепей вас разумее мяне, бо яно тое самае робіць у адносінах да сваіх непасрэдных кіраўнікоў. І калі яны мяне паважаюць, дык не за гасціннасць, а за тое, што я такі ж, як і яны, што я стараюся быць падобны на іх. І тут ніхто не гаворыць пра сяброўства, пра шчырасць. Калі хочаце, дык у маіх адносінах да начальства ёсць свая шчырасць, толькі зусім не тая, якую вы маеце на ўвазе. Так трэба. Трэба, і кропка. Праўда, я позна гэта зразумеў... Але нічога...

— Значыцца, па формуле: хочаш жыць дык круціся? — спытаў Віктар.

— Не, даражэнькі мой, — паківаў пальцам Лузько. — У даным выпадку не тое слова. Вось арыентавацца — бліжэй да зместу.

— Так можна і сябе згубіць. І не будзеш ведаць, дзе ты, а дзе не ты...

— Можна, калі не прыняць мер. Калі перастараешся. Для гэтага чалавек павінен стварыць свой мікрасвет. Інікога туды не пускаць. Ты, жонка, дзеці... Ну, можа, які родзіч. І ўсё. Вось тут і твая незалежнасць, вось тут твая і самастойнасць.

— Не разумею, — паціснуў плячыма Віктар. — Чалавек павінен...

— Я ведаю, што ты хочаш сказаць, — перабіў яго Лузько. — Ты неяк гаварыў пра гэта... Пра прызванне, што чалавек павінен жыць для людзей. Ведаю, ведаю, Віктар Аляксандравіч. Усё правільна. Усё правільна. Ты інакш і не можаш думаць. У цябе такі ўзрост. Я таксама так доўга думаў. Але з узростам у чалавека нараджаецца новы светапогляд... Хаця, прызнаюся, я не супраць жыць так, як ты гаворыш, але пры адной умове, калі так жыць будуць усе... Ты хочаш, каб я працаваў для людзей, а яны ў гэты час гадавалі свае жывоцікі? Не, не згодзен. Лепш сваё жыццё я прысвячу сабе. Хаця гэта і не зусім правільна. Канешне, у першую чаргу я раблю нешта карыснае для людзей, але цяпер я раблю гэта з пункту гледжання — а што мне будзе ад гэтага, якая карысць? — Лузько на які момант завагаўся, а потым падумаў, што родзічу нястрашна гаварыць усё, тым болей што яму вельмі хацелася пахваліцца сваім уменнем жыць. — Я вось практычна, можа, які год, ды і меней, як над гэтым задумаўся. І вынік. За гэту зіму, лічы, фактычна напісаў кандыдацкую дысертацыю. Падрыхтаваў мінімум па замежнай мове. Хутка паеду здаваць экзамен. Адвязу Ліду з малым у вёску, — там якраз карова ацялілася, — і паеду... Вось чаму я перавёўся ў тэматычную партыю... Абаранюся, і я — незалежны чалавек. Буду ў якім-небудзь інстытуце чытаць лекцыі, так сказаць, выхоўваць у падрастаючага пакалення высокія ідэалы. Вось так. І тады няхай мае начальнікі асыпяць мне солі на хвост... Запомні, мой друг, тут нафты не было і не будзе. Даказана.

— І ўсё ж мне хочацца яе пашукаць, — сказаў Віктар.

— Мне таксама некалі хацелася, — іранічна ўсміхнуўся Лузько. — Мне верылася, што адзін я толькі ўсё разумею, а вакол мяне ніхто нічога не разумее. Адны дурні!.. І вось вынік: многія мае аднакурснікі сядзяць у міністэрствах, загадваюць кафедрамі, кіруюць трэстамі. Думаеш, яны таленты, геніі! А ты ведаеш, што з усяго курса толькі мяне аднаго рэкамендавалі ў аспірантуру. Адмовіўся. Рамантыка перашкодзіла. І хто я сёння са сваёй рамантыкай? Практычна — радавы геолаг. А дзесяць гадоў майго маладога жыцця як і не было. Добра, што хоць зусім не загінуў. А то ёсць такія, што і спіліся. Але нам гэта ніколькі не пагражае, так што давай яшчэ па адной, ды я табе скажу, што мне даўно табе хацелася сказаць...

— Не, не, хопіць, — запярэчыла Тамара. — Нам яшчэ ехаць дамоў. Ды з малой...

— Ну як хочаце... Мне нікуды не ехаць, — наліў сабе Лузько, выпіў адным глытком, закусіў хрумсткім баравічком. — Я некалі гаварыў табе, што ты дарэмна сюды прыехаў. Не паслухаў, застаўся. Ну застаўся, дык застаўся. Дык паслухай мяне. Пакуль малады, пакуль ёсць сілы, пакуль галава не стамілася, не губляй часу. Падумай пра сябе. Падумай пра навуку, пра вучоную ступень. Я прыглядаўся гэты час да цябе, ты дапытлівы, здольны... Як кажуць, усе падставы.

— Канешне, канешне, — сказаў Віктар так, што і не зразумець было, згаджаецца ён ці не.

— А ты не таго... — сказала мужу Тамара. — Чалавек праўду гаворыць. Паслухай. Калі табе жонка не аўтарытэт.

— Пачынай зараз жа збіраць матэрыялы для дысертацыі, — не звяртаў на іх увагі Лузько. — І не заўважыш, як збярэш. Пра тэму я пагавару ў інстытуце. Дык ты ж будзеш чалавекам. А так... Вось шуміш, крычыш, нечага дабіваешся. І думаеш, чаго даб’ешся? Нічога не даб’ешся. Па сабе ведаю. А калі не супакоішся, дык цябе проста спачатку пачнуць ігнараваць, не заўважаць, а пры выпадку, каб не путаўся пад нагамі, спіхнуць куды-небудзь, і будзеш сядзець дзе ў глухамані са сваімі геніяльнымі ідэямі без усялякай перспектывы на будучыню. Калі б мне хто разумны параіў у свой час, я даўно быў бы, можа, прафесарам.

— Ды што гэта такое? Няма болей пра што і пагаварыць ім, — умяшалася Ліда, заўважыўшы, што брату ніколькі не падабаюцца разважанні яе мужа. — Як разам, дык толькі пра кар’еру. Хаця б што цікавае расказалі, а то...

Тамара зусім па-свойму зразумела Ліду, падумала, што тая недзе стамілася за вечар — начэй з малым не дасыпае, — хоча адпачыць, а яны такія далікатныя госці, што пра гэта ніяк не здагадаюцца, пакуль не намякнеш, паднялася, сказала мужу:

— Давай збірацца, Віктар. А то і аўтобус празяваем.

— Ды пара, — глянуў ён на гадзіннік.

Тамара выйшла ў спальню, дзе Раечка загулялася з цацкамі, якіх загадзя нямала ўжо накупляў Лузько, і хутка вярнулася з малой. Тая ўсхліпвала.

— Гэта ж не хоча ехаць. Спадабалася ёй тут... Ну, сціхні, не плач, разнюнілася, не малепькая!

— Не, не, я вас не пушчу, — запратэставаў Лузько, калі ўбачыў, што і Віктар вылазіць з-за стала. — Ліда, там жа ў цябе недзе быў кампот?

— Ды піць хочацца, — зноў сеў Віктар.

— Аўтобус жа, — не цярпелася Тамары.

— Хочу кампоту-у, — захныкала і Раечка.

— Вось бачыце, і дачка хоча кампоту, — і Лузько пабег памагаць жонцы паліваць кампот...

Раптам пад вокнамі прасігналіла машына.

— Вось цяпер і паедзеце, — пакінуў на плечы паліто Лузько. — Я праводжу вас.

На вуліцы іх чакала «Волга» Чокана.

— Вось садзіцеся і едзьце, — паказаў рукой на машыну Лузько.

— Нічога не разумею, — паціснуў плячыма Віктар.

— Карысць ад дружбы з начальствам, — засмяяўся Лузько. — Садзіцеся і не сумнявайцеся. Машыну папрасіў спецыяльна для вас.

Да Віктаравага доміка, які стаяў з таго канца пасёлка, дарогі не было, а толькі вузкія сцежкі, раскапаныя ў глыбокім снезе. Раечка за дарогу раздрамалася і ісці ніяк не хацела, яе нёс на руках Віктар. А пакуль дайшлі да свайго доміка, то ў малой на марозным паветры сон і прайшоў. Спачатку малая стаяла сярод залы, азіралася так, нібы папала ўпершыню сюды, і раптам жаласліва расплакалася.

— Што з табой, дачушка? — устрывожыўся Віктар.

— Ён яшчэ пытаецца, — сказала Тамара. — Тут самой хочацца плакаць: пасля кватэры і раптам у гэтую дзірку.

Віктар па настрою жонкі адчуў, што скажы цяпер якое слова не так, і выбухне скандал, а таму і маўчаў.

— Кладзіся спаць, — яна загадала і яму.

— Слухаюся, — ён узяў пачак свежых газет і палез у пасцелю.

Тамара яшчэ доўга не лажылася. Сядзела на ложку і накручвала бігудзі.

— Хаця б ноч дала галаве адпачыць, — пашкадаваў яе Віктар.

— Ты хочаш, каб я тут зусім апусцілася? Сам нікуды не імкнешся, нічога не дабіваешся...

— А ведаеш, п’янкі іншы раз вельмі карысная рэч, — адчуў Віктар, куды хіліць Тамара. Ды з гэтым Лузько хоць сто пудоў солі з’еш, нічога пра яго не даведаешся. А перабраў — і раскрыўся, як на споведзі. Я падазраваў, што ён прыстасаванец, але каб такі... І самае цікавае, што яшчэ стараецца стварыць сваю нейкую філасофію. Мікрафіласофію. Каб, значыцца, тэарэтычна апраўдаць сябе хаця б перад самім сабой... Страшны чалавек, я табе скажу...

— Сказаў... — хмыкнула Тамара. — Проста ён думае пра сям’ю, умее жыць, — у яе голасе непрыхаваная зайздрасць да Лузько і асуджэнне яго, Віктара, які не ўмее жыць...

— Няўжо ты хочаш, каб я быў такі, як ён? — з дакорам сказаў Віктар.

— А дысертацыя табе сапраўды б не пашкодзіла.

— Сказала... Не, навука — гэта вельмі сур’ёзна. Туды трэба нешта прынесці, карыснае навуцы, патрэбнае ёй. Праўда, некаторыя ідуць туды за доўгім рублём, як і наш зяцёк. А я не магу, я проста не здольны на такое.

— А на што ты наогул здольны? — упікнула яго Тамара.

Яму болей не хацелася гаварыць з ёй. Ляжаў сцішана і думаў пра сваё жыццё, пра Тамару, якая такая радасная і нават шчаслівая была спачатку, як толькі прыехала да яго, і вось... Месяц не пажыла, а ўжо засумавала. Праўда, яна яшчэ ніколі адкрыта не сказала пра сваю незадаволенасць, пра яе настрой можна было толькі здагадвацца па розных, часам выпадковых дробязях... Адчуваючы яе настрой і тлумачачы яго тым, што Тамара ўсё ніяк не прывыкне да новых абставін, сумуе па родным паўднёвым горадзе і што гэта ў яе, можа, і не так хутка, але пройдзе, ён усяляк стараўся ёй дагадзіць, рабіць так, каб не было лішніх падстаў ёй хвалявацца. Ён і дамоў стараўся раней прыходзіць, а калі была магчымасць, мог і ўвесь дзень прасядзець дома. Яна лічыла, што так і павінна быць. І калі здаралася, што затрымліваўся дзе, то была незадаволена... І чым усё гэта можа скончыцца? І што ён, Віктар, можа зрабіць, каб змяніўся яе настрой? Замяніць кватэру? Пакуль што ніякай перспектывы. Уладкаваць Тамару куды на работу? Ды нялёгка ж будзе ёй хадзіць у Зуеў, а потым і Раечку некуды дзяваць. Да бацькоў у вёску адвезці? Ці пагадзіцца Тамара? Хутчэй — не... Ды, урэшце, справа зусім не ў тым, будзе занята работай Тамара ці не. Пакуль Тамара будзе думаць пра яго кар’еру, а не палюбіць яго імкненні, яго пошукі, яго справу так, як ён любіць усё гэта, пакуль яна не пачне хвалявацца за яго няўдачы, за яго поспехі, да таго часу ёй будзе нецікава, сумна з ім... Можа, яе звазіць да сябе на работу, на буравыя, каб яна пазнаёмілася з людзьмі?.. Не, гэта нічога не дасць, а толькі болей расчаруецца, калі ёй там не спадабаецца. Трэба, каб яна сама зацікавілася тым, што ён робіць.

Такія думкі прыходзілі яму ў галаву перад сном.

...Спачатку па вокнах паласнула святлом фар, потым зусім блізка загудзела машына. «Некага чэрці носяць»,— прачнуўся Віктар, нацягнуў на галаву коўдру. Чулася, як зусім блізка скрыганулі тармазы. Нехта затупацеў па мёрзлай зямлі. Заварочалася на канапе Раечка. «Ідзі паглядзі, можа, раскрылася дзіця», — праз сон загадала Тамара. І ў гэты час нецярпліва загрукалі ў дзверы.

— Цішэй там, не глухія, — пайшоў адчыняць. — Так усіх пералякаць можна. Хто там?

— Я. Дзятлаў.

— А што такое? — спытаў Віктар, адчыняючы ключом замок.

— Пішам, — зайшоў у сенцы. — Здаецца, бураць нафтаносны пласт. Аналіз газу паказвае...

— Глыбіня? — нацягваў Віктар штаны.

— Дзве трыста.

— Пясчанікі, значыцца. Керн?

— Пакуль прыедзем, падымуць.

— Што здарылася? — выйшла, захінаючыся ў доўгі халат, Тамара.

— Здаецца, нафта, — сказаў Віктар. Накінуў на шыю шалік, апрануў паліто, на гузікі не стаў і зашпільваць, чмокнуў жонку ў шчаку і выйшаў.

Тамара бачыла праз акно, як машына, развярнуўшыся, знікла ў начной шэрасці.

Толькі фары яшчэ доўга паласавалі заснежанае поле.

Праз мінут дзесяць Дзятлаў з Віктарам былі на першай буравой у Чугуя. Адразу ж пайшлі на газакаратажную станцыю. Паглядзелі апошнія аналізы газу. Яго склад сведчыў, што сапраўды праходзілі нафтаносны пласт.

— Даю галаву адсекчы, што гэта — нафта, — гарачыўся Дзятлаў. — Я павінен сказаць, што у Круглова — вочы. Праз зямлю бачаць...

Зайшоў на станцыю і Чугуй, які, відаць, у гэтую ноч і не клаўся спаць.

— Як керн, Сяргей Антонавіч? — спытаў Віктар.

— Недзе раніцай павінны падняць, — глянуў на гадзіннік Чугуй. — Калі нічога не здарыцца, дык, можа, да дзесяці і ўправімся.

Хаця Віктару практычна пакуль што нечага было рабіць на буравой і можна было б паехаць дамоў, але ён настолькі быў узрушаны, яму так не цярпелася, што яго нішто не цікавіла. Сядзеў у бытоўцы, паглядваў на гадзіннік: ці хутка дзевяць, каб потым звязацца па рацыі з Кругловым і далажыць пра сітуацыю.

— Можа, Аляксандравіч, адскочым паснедаем? — спытаў у Віктара Чугуй. — Да дзевяці будзем тут.

— Не, я не хочу. А вы едзьце, едзьце, Сяргей Антонавіч, — адмовіўся Віктар.

— Няўжо, Алякандравіч, спадзеяцеся? — усё яшчэ скептычна адносіўся Чугуй да газакаратажнікаў.

— Спадзяюся, Сяргей Антонавіч, спадзяюся. Але... Паглядзім керн...

У дзевяць гадзін Віктар звязаўся па рацыі з канторай. Галоўны геолаг, выслухаўшы Віктара, загадаў, калі керн будзе цікавы, адразу ж даставіць яго ў Прыпяцк. Гаварыў Круглоў спакойна, нават крыху абыякава, нібы гаворка ішла не пра адкрыццё нафты, а пра што-небудзь звычайнае, паўсядзённае.

Калі паднялі керн, Віктар адразу ж заўважыў у некалькіх месцах на ім характэрныя масляністыя плямы. Гэта былі драбнюсенькія кропелькі нафты. Геолаг аж заскакаў ад радасці. Чугуй жа, патрымаўшы ў руках цяжкі цыліндрык, застаўся абыякавы.

— Такія бачыў, — сказаў ён. — І не раз. На Быкаўскай. А нафты не было.

— Калі выпрабоўвалі? У час бурэння? Тэстарам? — спытаў Віктар.

— Ды не. Потым.

— Вось тут і закапана сабака, як кажуць. Пакуль вы бурылі свідравіну да канца, пакуль апускалі калону, дык гліністы раствор і закупорваў калектар, і нафта не магла і носа паказаць. Вось так. А мы паспрабуем выпрабоўваць у адкрытым ствале, зараз жа, можа, нават сёння.

— Так адразу? — не паверыў Чугуй.

— Іменна.

— А раптам пласт не вытрывае дэпрэсіі?

— А раптам зямля расколецца? — рассмяяўся Віктар. — Радзімаў! — крыкнуў ён, хаця тэхнік-геолаг ні на крок не адыходзіў ад яго ў гэтае ранне. — Дай у што керн загарнуць.

Загарнуўшы керн у цэлафан, Віктар загадаў Чугую пакуль не бурыць, і разам з Дзятлавым на яго ж машыне-«лятучцы» выехалі ў Прыпяцк.

У канторы яны адразу ж зайшлі ў кабінет да Круглова. Круглоў хаця і чакаў іх, але сустрэў даволі спакойна, нават незадаволена наморшчыўся, убачыўшы іх такімі нястрымана-ўзрушанымі.

— Вось! — паклаў Віктар перад ім керн.

— Нафта, Мікалай Міхайлавіч, — радаваўся і Дзятлаў. — Вы ведалі, дзе трэба бурыць, Мікалай Міхайлавіч.

— Інтуіцыя! — сказаў Віктар, які добра памятаў, што ў абгрунтаванні Круглова наконт неабходнасці разведкі Зуеўскай плошчы доказнасці было не вельмі.

— Мне заўсёды смешна слухаць пра інтуіцыю, — Круглоў спакойна і нібы падкрэслена марудліва, як падалося хлопцам, дастаў з шуфлядкі стала лупу, працёр яе, падсунуў бліжэй да сябе цёмна-шэры стаўбунок і, пакачваючы рукой, пачаў уважліва разглядаць яго. — Ніякай інтуіцыі, дарагія мае, няма. Ёсць перакананне, якое грунтуецца на фактах. Я быў перакананы, што на Зуеўскай плошчы знойдзем нафту. Праўда, я не мог гэта даказаць, бо факты былі ў мяне вельмі хісткія, але па вопыту ведаў, што не пустыя... І таму ў даным выпадку сапраўды ёсць падстава гаварыць пра інтуіцыю. Та-ак, усё правільна, усё правільна, керн сапраўды нафтаносны. Сапраўды... Але радавацца пакуль што рана, — ён па чарзе паглядзеў на ўзбуджаных хлопцаў. — Будзем радавацца, калі атрымаем прыток прамысловай нафты.

Віктар здзіўляўся вытрымцы Круглова. «Не, гэты ніколі не страціць галавы», — падумаў ён пра яго.

— На мой погляд, Мікалай Міхайлавіч, — пачаў ён стрымана і амаль спакойна, — трэба зараз жа, неадкладна, выпрабоўваць свідравіну, пакуль калектар не забіла гліністым растворам.

— Забіць растворам калектар, канешне можа, — схаваў зноў у стол лупу Круглоў. — Але, я вам скажу, калі нафта ёсць — дык ёсць. Колькі ні выпрабоўвай...

— Гледзячы, колькі часу пройдзе, — сказаў Віктар.

— Канешне, — нечаму ўсміхнуўся Круглоў і глянуў па Віктара. — Трэба, калегі, меней хвалявацца, не паддавацца настрою, а болей думаць, думаць. Паколькі выпрабаванне па праекту не прадугледжана ў час бурэння, то наконт гэтага трэба параіцца з дырэктарам.

— Пачнуцца зараз перагаворы, парады, — сказаў Дзятлаў Віктару ў калідоры.

— Паглядзім, — Віктар стараўся быць такім жа спакойна-разважлівым, нетаропкім, як і Круглоў.

Чокан бегла агледзеў керн, абнюхаў, тэрцнуўшы ў яго некалькі разоў кароткім тупым носам, моўчкі выслухаў меркаванні галоўнага геолага.

— Вы, Мікалай Міхайлавіч, за выпрабаванне таксама? — нібы здзівіўся Чокан.

— Канешне, — сказаў Круглоў. — Хаця яно і не прадугледжана праектам, але я за. Калі мы атрымаем нафту цяпер, то выйграем час. А то пакуль падрыхтуем свідравіну да выпрабавання.— дык колькі часу пройдзе?.. А так, калі будзе нафта, нам зараз жа дазволяць забурыць яшчэ некалькі свідравін. У выніку значна раней здадзім плошчу эксплуатацыйнікам. Для дзяржавы кожны сэканомлены рубель не лішні...

«Ён думае ўжо пра будучае!» — захапляўся Віктар галоўным геолагам.

— Тэстар жа ў нас ёсць? — спытаў Круглоў у Чокана.

— Ёсць. І Шкварніка вучылі працаваць на ім, — адказаў дырэктар. — Праўда, прымянялі рэдка.

— Нічога страшнага. На Украіне, і на Паўночным Каўказе ім даўно карыстаюцца... Так што, Павел Фёдаравіч, пішыце загад і... — пазяхнуў Круглоў. — Відаць жа, трэба загад, паколькі такое выпрабаванне не прадугледжана праектам.

— Справа ў тым, што такія керны мы ўжо бачылі, і не раз, — задумліва сказаў Чокан. — А нафты так і няма. А мы маем права рызыкаваць толькі тады, калі атрымаем прыток нафты.

— Канешне, Павел Фёдаравіч, пакуль што гарантый ніякіх, — сказаў Круглоў.

— Дык вось, — пачаў дырэктар з той жа інтанацыяй у голасе, якая сведчыла, што ён прыняў канчатковае рашэнне. — Я, таварышы, таксама не маю права змяніць праект, зацверджаны ў Мінску. Па-першае, гэтае выпрабаванне ставіць пад зрыў выкананне плана гэтага месяца, які хутка канчаецца. А самае галоўнае — мы пазбавім прэмій рабочых. Што яны скажуць тады? Ды і куды спяшацца? Закончым бурыць, — там бурыць засталося на дзень-два, — абсадзім свідравіну стальной калонай, і тады выпрабоўвайце, колькі хочаце. Урэшце, акрамя ўсяго, у нас вытворчасць, а не выпрабавальны палігон.

— Дык, выходзіць, мы ўсе тут сядзім для таго, каб заганяць у зямлю дзяржаўныя сродкі згодна плана, а не шукаць нафту? — праз зубы працадзіў кожнае слова Дзятлаў.

— Вытрымку, вытрымку, маладыя людзі, — сказаў Круглоў, убачыўшы, што і Віктар ледзь-ледзь трымаецца, каб не сказаць у раздражнёнасці якое глупства. — Усе мы тут для таго, каб шукаць нафту. Але ў кожнага свая канкрэтная задача. Вось што, Павел Фёдаравіч, свідравіну, канешне ж, трэба выпрабоўваць цяпер. Я згодзен у даным выпадку з Віктарам Буткевічам. Хаця, вядома, і не хацелася б парушаць праект, тым больш што гэта можа адбіцца на прэміях для рабочых. Давайце запросім Мінск. Хай афіцыйна дазволіць...

«А ты, аказваецца, слабак на крутых паваротах, — падумаў пра Круглова Чокан.

— А што, гэта ідэя. І мы абавязкова запросім Мінск, і нам дазволяць, калі гэта на карысць справе. Але ў нас амаль няма вопыту выпрабавання ў адкрытым ствале...

— Мяне гэта не вельмі турбуе, — сказаў Круглоў. — Хай пра гэта думаюць нашы інжынеры. Я ведаю, што тэстарам карыстаюцца многія, чаму мы павінны адставаць?

Паклікалі галоўнага інжынера канторы Дзямідава. Зайшоў высокі хударлявы мужчына гадоў пад сорак. Ён сказаў, што Шкварнік умее карыстацца тэстарам і што ён некалькі разоў выпрабоўваў ім свідравіны на Быкаўскай, што тут нічога складанага няма, абы пласт вытрымаў дэпрэсію.

— Можна праверыць па керну, — сказаў Віктар.

— Вось якая моладзь пайшла, — цяпер у словах Чокана адчувалася болей згоды. — Яшчэ не ўяўляюць, які там пласт, а патрабуюць выпрабавання... Вось што, ідзіце ў лабараторыю, праверце керн. А мы за гэты час сазвонімся з Мінскам, — і крыкнуў наўздагон ужо Дзямідаву: — Перадайце па рацыі Шкварніку, хай пакуль здасць сваю буравую намесніку, а сам рыхтуецца да выпрабавання на першай, — распараджаўся з нечаканай рашучасцю Чокан: хай не забываюць, што ў канторы ўсё ж першая скрыпка ён, дырэктар.

Усе выйшлі, у кабінеце засталіся Чокан і Круглоў. Чокан, убачыўшы занадта абыякавы настрой галоўнага геолага, расцаніў яго як нежаданне асабліва актыўна ўмешвацца ў падзеі, не браць на сябе ўсю паўнату адказнасці, — значыцца, не верыць, што ў выпадку няўдачы, яго там, у Мінску, не асудзяць, — а не зразумеў таго, што Круглоў усе гэтыя месяцы жыў напружаным чаканнем вынікаў разведкі. А калі ўбачыў нафтаносны керн, пераканаўся, што і тут, у Беларусі, удача не абмінула яго, і нервовае напружанне неяк адразу спала, з’явілася незвычайная супакоенасць і такая ўпэўненасць у сябе, што ён нікому не перашкаджаў, ды ніколькі і не хацелася праяўляць ініцыятыву. Круглоў сваё зрабіў, цяпер няхай робяць іншыя, што ім паложана рабіць.

— Вы будзеце гаварыць? — пацікавіўся Чокан. — Усё ж Бурдзіч вам не тое, што мне.

— Можаце і вы пагаварыць, — Круглоў ямчэй усеўся ў крэсле, выцягнуў ногі, пазяхнуў, яму раптам захацелася паспаць.

І калі пранізліва зазваніў тэлефон, ён нават не варухнуўся. Трубку падняў Чокан. Ён коратка расказаў Бурдзічу, што ў іх тут адбываецца, і папрасіў дазволу на выпрабаванне.

=— Рабіце, што лічыце неабходным, — нібы быў чым незадаволены Бурдзіч. — Я ж Мікалаю Міхайлавічу гаварыў...

— Справа ў тым, Дзмітрый Зосімавіч, што трэба ад вас афіцыйная паперка, каб нам не запісалі прастой, выпрабаванне не па праекту: рабочыя, разумееце...

— Будзе вам паперка, — паабяцаў Бурдзіч. — А там Круглова блізка няма? Дайце яму трубачку, — і калі ўзяў трубку галоўны геолаг, спытаў з сумненнем: — Слухай, Мікола, што — сапраўды... нафта?

— Усё можа быць, — неяк неахвотна адказаў Круглоў. — Але пакуль гаварыць пра яе рана, хаця... Адным словам, усё трэба дакладна праверыць.

— Ну, жадаю поспехаў!.. Адразу, ж пазваніце мне. Хоць сярод начы. Жадаю поспехаў!

— Ну вось, Мікалай Міхайлавіч, — ужо без ранейшага недаверу глядзеў Чокан на Круглова, радасна паціраючы рукі. — Ну вось, цяпер усё ўзаконена, цяпер усё нармальна. Будзем выпрабоўваць, колькі нам хочацца. Можа, Мікалай Міхайлавіч, і мы паедзем на буравую? Усё ж, што ні гаварыце, а момант вельмі адказны...

А на буравой Шкварнік рыхтаваўся да выпрабаванняў. Калі недзе пасля абеду з канторы прыехалі туды кіраўнікі і ўсе, каму таксама хацелася пабыць пры гэтым гістарычным моманце, то ўсё было гатова, інжынеру Дзямідаву засталося толькі праверыць гэтую гатоўнасць.

Віктар ні на мінуту не адставаў ад Шкварніка і Дзямідава. Яму здавалася, што без яго ўмяшання абавязкова зробяць што-небудзь не так, у яго ўвесь час нараджаліся самыя нечаканыя прапановы, — ці не лепей зусім парожнімі апусціць трубы, каб адразу атрымаць нафту, а калі ўжо нельга парожнімі, дык запоўніць іх вадой, ды не вельмі. Прапановы яўна раздражнялі Дзямідава і выклікалі спагадлівую ўсмешку ў Шкварніка, які толькі хлопаў па плячы Віктара і супакойваў:

— Не хвалюйся, Аляксандравіч, усё будзе як трэба.

Чокан блукаў па буравой з такім выглядам, нібы ад кожнага хацеў пачуць, якое распараджэнне патрабуецца ад яго, дырэктара канторы. І было відаць, што вельмі крыўдаваў, бо цяпер ён якраз нікому і не трэба.

Круглоў жа нават не зайшоў і на буравую, а як які турыст, што прыехаў сюды палюбавацца пейзажам, пахадзіў вакол, а потым скіраваў у бытоўку, дзе ўсеўся ямчэй на табурэтку і, выцягнуўшы ногі бліжэй да жалезнай грубкі, у якой тлелі вуголлі — з-за суматохі на буравой забылі на грубку і ніхто не падкінуў туды дроў, — здавалася, драмаў.

Тэстар паўгадзіны быў у свідравіне, а вада ў трубах, якую павінна была пачынаць выцясняць нафта, не падымалася.

— Далей трымаць няма ніякага сэнсу, — сказаў Дзямідаў.

— Згодзен, — сказаў і Шкварнік.

— А можа, яшчэ трошкі? — прасіў то Дзямідава, то Шкварніка Віктар. Ён ніяк не мог прымірыцца, што выпрабаванне не дало ніякіх вынікаў. — Давайце пачакаем, а?

— Калі яна ёсць, дык недзе хоць крыху ды пасачылася, — з нецярпеннем паглядваў на гадзіннік Дзямідаў.

— Паспеем падняць, — не адступаў ад свайго Віктар.

— А раптам прыхопіць... — вагаўся Дзямідаў. — Раптам якія трэшчыны ў пласту, хто ведае?

— Не хапала нам яшчэ аварыі, — насцярожыўся Чокан, да якога урэшце дайшло, пра што ішла гаворка, і даў каманду бурыльшчыку падымаць тэстар.

Бурыльшчык варухнуў рычагом, і дызелі, якія ледзь тахкалі, магутна зараўлі, густа задыміўшы з труб, што, як гарматы, глядзелі ў неба за буравой... Спачатку талевы блок нібы і ўздрыгануўся і падаўся ўверх, а потым зноў застыў на месцы. Бурыльшчык скінуў газ і даў нагрузку раптоўна, рыўком. Але і цяпер інструмент зрушыць з месца не ўдалося. Паспрабаваў павярнуць яго ротарам — дарэмна. Дызелі стомлена заціхлі...

— Селі, — сказаў вінавата бурыльшчык.

— Як селі? — не паверыў Віктар.

— Звычайна. Прыхапіла.

— Тэстар, — выказаў думку Дзямідаў. — Хутчэй за ўсё яго.

— А можа, і вышэй дзе, — сказаў бурыльшчык.

Шкварнік маўчаў і спагадліва пазіраў на Віктара. Яму ў гэты момант больш за ўсё было шкада маладога геолага, які так разгубіўся, нібы тут толькі ён адзін і вінаваты ва ўсім.

— Не ўмеюць ні... — плюнуў са злосці Дзятлаў.

— Я як адчуваў, што гэтым скончыцца... — сказаў Чокан Віктару. — А гэта ад таго, што ўсё некуды спяшаемся. Спяшаемся і вось... Можа, яшчэ можна выхапіць? — спытаў у Дзямідава.

— Трубы парвём.

— А калі асцярожна... — падаў голас Чугуй. Ён стаяў і ўжо прыкідваў, колькі пройдзе часу, пакуль ліквідуюць аварыю.

— А можа, паспрабуем? — падтрымаў Чугуя і Шкварнік.— Ціхенька.

Паспрабавалі яшчэ раз падняць трубы. І на гэты раз нічога не ўдалося.

Адчуўшы па рабоце дызеляў, што на буравой адбываецца нешта неверагоднае, прыйшоў Круглоў. Ён, здавалася, і ўвагі не звярнуў на паведамленне Чокана, што прыхапіла інструмент, спытаў пра нафту.

— Здаецца,няма, — сказаў Дзямідаў. — Вада ў трубах не паднялася.

— А калі ёсць, дык ледзь-ледзь, — выказаў сваё меркаванне Шкварнік. — Але пра гэта даведаемся, калі падымем трубы.

— Нічога не даведаемся, — сказаў Дзямідаў. — Бо для ліквідацыі аварыі прыйдзецца запампоўваць у свідравіну нафту. Не адну тону, а некалькі дзесяткаў. Так што там усё перамяшаецца...

— І мы не даведаемся, было што ці не? — спытаў Віктар. *

— Канешне, у даным выпадку, — і Дзямідаў звярнуўся да Чокана. — Дарэчы, Павел Фёдаравіч, трэба сёння ж пастарацца завезці сюды нафты хаця б тон сорак.

— А дзе яна ў мяне? — абурыўся дырэктар. — Лёгка сказаць — завезці.

— Але марудзіць нельга, з кожным днём ліквідаваць аварыю будзе цяжэй і цяжэй, так што...

— Та-ак, — задумаўся Чокан, потым нібы спахапіўся і энергічна спытаў у інжынера: — Што яшчэ трэба для ліквідацыі аварыі?.. Так, ясна. Займайцеся тут, а я паехаў у Прыпяцк дамаўляцца наконт нафты — і ён паспяшыў да машыны.

— Я таксама паеду, — сказаў Круглоў. — Усё роўна нічым не дапамагу.

Віктар не чуў, што гаварылі, пра што спрачаліся Дзямідаў са Шкварнікам і Чугуем, ён стаяў і стараўся ўсвядоміць тое, што адбылося. Ну добра, тэстар прыхапіла... Але ж дзе нафта? Яна павінна ж была падняцца па трубах... А яна ёсць там, ёсць, бо чым жа растлумачыць яе сляды ў керне, адкуль яна ўзялася там? А можа, гліністы раствор за гэты кароткі час закупорыў калектар і нафта не змагла прабіцца? Дык за такі час вельмі закупорыць калектар раствор не мог. Застаецца адно: там проста мала нафты. Ці наогул мала, ці, можа, не дабурыліся яшчэ да яе скопішча, ці прайшлі міма... Але як бы там ні было, варта паўтарыць выпрабаванне. Ды цяпер Чокан нізашто не дазволіць паўтарыць яго ў адкрытым ствале.

Пад вечар прыехалі на буравую першыя бензавозы з нафтай...

А ноччу выхапілі інструмент. Як аказалася, яго прыхапіла на параўнаўча невялікай глыбіні, у гліністых праслоях — чыстая выпадковасць.

А яшчэ праз дзень бурыльшчыкі дасягнулі крысталічнага фундамента. Далей бурыць не было сэнсу. Свідравіну пачалі рыхтаваць да выпрабаванняў.

Чокан ведаў, што пры паўтарэнні аварыі, яму першаму прыйдзецца адказваць перад вышэйшымі інстанцыямі за зрывы ў рабоце, а таму з выпадку аварыі на першай буравой запрасіў тлумачальныя запіскі ў Дзямідава, Дзятлава, Шкварніка і Віктара Буткевіча. Потым напісаў даволі ёмісты і грунтоўны загад, у якім аналізаваліся недахопы ў арганізацыі выпрабаванняў свідравін наогул і канкрэтна аб легкадумных адносінах да выпрабавання на першай. За дрэнную падрыхтоўку да выпрабаванняў адказных таварышаў строга папярэджваў, нават абяцаў зрабіць адпаведныя арганізацыйныя вывады. Загад павесіў у калідоры канторы на дошцы, на якой звычайна вывешвалі розныя аб’явы.

Хай усе ведаюць, што дырэктар канторы Чокан ніколі не быў разявай...

 

— Нешта, дарагі мой калега, не бачу прагрэсу, не бачу, — Кіга ляжаў на вузкім ложку, падняўшы ногі на нікеляваную спінку, курыў цыгарэту, пускаў струменьчыкам дым і сачыў, як ён расцякаўся пад столлю. — Дык, можа, я дарэмна абараняю твае інтарэсы, штодзённа адбіваю націск нашых бугаёў? Пакуль што яны баяцца мяне, лічацца, але калі зразумеюць, што я і сам не гам і другому не дам, то... Што ты мне скажаш на гэта?.. Ну, што маўчыш? Я абараняю твае інтарэсы на даным этапе і хачу ведаць, што стараюся недарэмна. Ты чуеш, што я гавару, ці не?

Іван таксама ляжаў на сваім ложку, побач, — хлопцы адпачывалі пасля абеду. Рабіў выгляд, што драмаў, хаця ўсё чуў. Маўчаў. А што ён мог сказаць? Сапраўды, хваліцца не было чым. Тое, што ён закахаўся па вушы ў Гайшу, яна бясспрэчна ведала. І калі б яна таксама яго кахала, то павінна была б паводзіць сябе інакш, а то ўсё робіць так, нібы хоча, каб Іван хутчэй выкінуў яе з галавы. У першыя дні пасля вяртання з бальніцы была ўсё ж нейкая яснасць у іх адносінах. Ва ўсякім выпадку, так здавалася Івану. Ён часта заходзіў да дзяўчыны, насіў ёй кнігі, запрашаў да сябе ў вагончык пагуляць у даміно. І яна прыходзіла. Іншы раз ён праводзіў яе да газакаратажнай станцыі. Бачыць яе, гаварыць з ёй і быць перакананым, што болей ніхто не стаіць у цябе на шляху — спачатку большага шчасця і не трэба было Івану... А потым усё змянілася. Праўда, яна і цяпер прыходзіла да іх у вагончык пагуляць у даміно, але ішла дамоў заўсёды так нечакана раптоўна, што Іван толькі і паспяваў праводзіць яе вачыма... Кіга, заўважыўшы такую перамену ў яе паводзінах, сказаў Івану, што так і павінна быць, бо дзяўчына чакае ад яго кахання, а ён ходзіць ды носіць ёй кнігі беларускіх класікаў, чаго ёй абсалютна мала.

Неяк Іван зайшоў да яе ў час работы. Яна была там, як і заўсёды, адна. Хацеў сказаць, як ён моцна кахае яе, але сэрца так тахкала, а думкі так блыталіся ў галаве, што не змог і слова вымавіць. Ён нагнуўся да яе, прашаптаў ціха, як выдых, яе імя. Дзяўчына азірнулася, здаецца, здзівілася. З таго часу яна яшчэ болей пачала пазбягаць яго.

— Ну, што маўчыш? — не адставаў Кіга. — Ці, можа, сапраўды спіш?

— Не сплю... Вось думаю, за колькі дзён ліквідуюць аварыю на першай у Чугуя.

— Ха! Насмяшыў... — Кіга павярнуўся на бок (пад ім застагнала панцырная сетка), прытушыў недакурак у попельніцы, што стаяла на тумбачцы ля ложка... — А ведаеш, калега, што аварыі ў нашым жыцці проста неабходны, яны заўсёды рухалі і рухаюць прагрэс наперад. Вось у Чугуя здарылася аварыя. Людзі будуць ламаць галаву, чаму яна здарылася, што трэба зрабіць, каб яна болей не паўтаралася. Узнікне нейкая новая тэхнічная ідэя, з’явяцца новыя, больш складаныя, больш надзейныя механізмы... Праходзіць час, і зноў аварыя, зноў людзі думаюць, зноў з’яўляецца новая тэхнічная ідэя — чалавецтва ідзе наперад. Так што, дарагі мой, аварыі — з'ява заканамерная, і з-за гэтага нам з табой хвалявацца нечага, тым больш што на данай ступені свайго духоўнага развіцця мы ўсё роўна не пададзім ніякай новай тэхнічнай ідэі. Лепей давай гаварыць пра тое, дзе мы з табой гаспадары... Ты не спіш?.. Добра. Дык вось я і кажу, што ў цябе, калега, у адносінах з Гайшай не бачу ніякага прагрэсу, ты толькі прыкметна схуднеў у апошнія дні, хаця на нашым катлапункце харч і не пагоршыўся. І я, як твой сябра, не магу дапусціць, каб ты губляў вагу і далей такімі тэмпамі... Чаму перастаў праводзіць Гайшу дамоў? Чаму не сходзіш з ёй у поле пагуляць? Вечарамі, калі месяц на небе, а вакол снежная пустыня, уяўляеш, як добра з дзяўчынай прайсці хаця б у вёску, у клуб?

— Ды...

— Ну што ды? Не хапае адвагі?

— Ды не.

— А што?

— Здаецца, яна сама не вельмі... Я аднойчы, не так даўно, запрашаў схадзіць у кіно. Не пайшла. А на другі дзень, калі пайшлі ўсе нашы — пайшла. Вось і зразумей яе.

— Ну запрасі ў Зуеў ці разам з’ездзіце ў Прыпяцк. Схадзіце ў рэстаран, у тэатр. Грошай не шкадуй. Яна паверыць табе, калі адчуе, што ты дзеля яе гатоў на ўсё.

— Між іншым, я неяк запрашаў паехаць у Прыпяцк, але...

— Дрэнна запрашаў.

— А як трэба?

— Не ведаю, але трэба так запрашаць, каб не адмовілася... Слухай, калега, а можа, у яе сэрцы нічога няма да цябе? Пуста. Я хачу сказаць, што табе трэба проста неадкладна высветліць, як яна адносіцца да цябе, і чым хутчэй ты гэта зробіш, тым лепш. Нельга маладому хлопцу так доўга сядзець на якары без усялякай перспектывы выйсці ў адкрытае мора. Калі не, дык рашуча абсячы канцы, і ўсё. Не адна Гайша на свеце.

— Адна, — сказаў Іван.

— Хіба?

— Абсалютна.

— Ясна. Масты для адступлення спалены. Што ж, застаецца толькі ісці наперад, але больш рашуча. І не спыняцца на дасягнутым, як ты зрабіў.

— Што ты мне раіш наогул? — раззлаваўся Іван. — Ты скажы, што мне рабіць сёння, што мне рабіць заўтра. Канкрэтна!

— Во, цяпер веру, што ты закаханы... Але што табе рабіць канкрэтна — я не магу так адразу сказаць, гэта не агульныя ісціны гаварыць, тут трэба добра пашурупіць... А паколькі пасля абеду кроў у асноўным сабралася ля страўніка, а ў галаве яе амаль няма, то давай паспім, а потым і памяркуем, — і ён павярнуўся тварам да сцяны. А Іван усё не мог улегчыся ямчэй, часта рыпеў сеткай. — Не, дарагі мой калега, бачу, ты спаць не будзеш. Прыйдзецца прымусіць паварушыць свой кацялок... Ты верыш, што я шчыра хачу дапамагчы табе?

— Ну.

— Дык вось... Калі мы сёння вечарам збяромся гуляць у даміно, ты не гуляй, а сядзі ўбаку і назірай за Гайшай. Каб не празяваць, значыцца. А як пойдзе, ты адразу ж за ёй. Добра?

— Добра.

— А там глядзі... Вось так. А цяпер давай паспім. Во хто ведае, можа, табе пашчасціць ноч і не спаць.

У гэты вечар, калі ўсе, хто меў час, сабраліся ў вагончыку гуляць у даміно, як і заўсёды, прыйшла Гайша. Іван паглыблена чытаў, седзячы воддаль, і зрэдку паглядваў на дзяўчыну. Яна ж, здавалася, нічога вакол не заўважала. Гуляла і тады, калі палова рабочых, што былі ў вагончыку, разышліся спаць.

«Ці не знарок затрымліваецца? — падумаў Іван. — Можа, ёй што сказаў Кіга?»

— Ну, хлопчыкі, падзяліце даміно. І на мяне — таксама, а я зараз,—яна паспешліва паднялася і выйшла. Іван, які ўсё, вядома, і бачыў і чуў, нават і не зварухнуўся, верыў, што дзяўчына зараз сапраўды вернецца. Але яна не вярнулася. Хлопец выйшаў на вуліцу і ўбачыў, што ў яе акенцы запалілася святло.

— Празяваў? — падышоў да яго Кіга.

— Я думаў, яна вернецца.

— Уцякла. Гэта вельмі добра. Значыцца, некага баіцца. Каго? Канешне, цябе. Упэўнен, што яна ўсё ведае. Я сачыў за ёй, за кожным яе рухам, — як і заўсёды Кіга быў упэўнен у сабе. — Яна спачатку вельмі здзівілася, што ты не сеў з ёй гуляць. Але прамаўчала. Зрабіла выгляд, што нічога не здарылася. І ў той жа час некалькі разоў употайкі паглядзела на цябе. Значыцца, ты для яе не пустое месца. Вось што, мой калега. Ідзі-ка ты зараз да яе, пакуль не ўлеглася спаць. Запрасі прагуляцца перад сном. Ідзі!

Іван пайшоў. Кіга не паспеў раскурыць і цыгарэту, як ён вярнуўся.

— Не асмеліўся? — абурыўся Кіга.

— Што ты, пастукаў у дзверы, — радаваўся Іван, што яму ўдалося пераадолець сябе. — Адчыніла. Не паспеў і рот раскрыць, як яна заявіла, што хоча спаць, і перад самым носам зноў зачыніла дзверы. Вось так... — Іван памаўчаў і махнуў рукой. — Ліха з ёй, не хоча — не трэба.

— Нечага кіпяціцца, мой дарагі, — стаяў у дзвярах Кіга і не прапускаў Івана ў вагончык. — Трэба ўсё сур’ёзна абдумаць. Іншая справа, што ты, калега, не можаш цвяроза думаць. Але нічога, у цябе ёсць сябра, які нядрэнна шурупіць. Слухай, а як яна сказала, што хоча спаць, з насмешкай ці са шкадаваннем?

— Сказала — і ўсё. Не заўважыў. І ключ павярнула ў замку.

— Гаворыш, ключ павярнула? Та-ак. Гэта ўжо нешта. Яна недзе падумала, што будзеш ламацца ў дзверы. А гэта значыць... Яна не верыць у тваё каханне, — упэўнена паставіў дыягназ Кіга. — Ты занадта доўга не праяўляў ініцыятывы. Спачатку, можа, і верыла, а цяпер не верыць. Думае, што ты хочаш дабіцца ад яе свайго, і ўсё. Яна цябе проста правярае. Думае, калі ў цябе сапраўдныя пачуцці, то цябе можна і за нос павадзіць. Лагічна? — і сам сабе адказаў: — Вельмі лагічна. А калі так, то не станем паддавацца на правакацыю. У нас ёсць мужчынская гордасць, і мы не дазволім, каб нас экзаменавалі, а дазвольце, таварыш Гайша, лепей спачатку мы вас праэкзаменуем. Мы для яе, калега, зробім, так сказаць, псіхалагічную аварыю, невялічкі штуршок, каб яна перадумала свае паводзіны... Вось што, ты некалькі выхадных не быў дома. Адпрасіся ў Шкварніка на тыдзень, не будзе адпускаць — скажы, што я за цябе папрацую. Хаця мы разам да майстра сходзім. І нікому ні слова, куды паехаў... А тут я пагляджу за ёй... Вось так, калега, калі не хочаш, каб яна з цябе анучку зрабіла.

На другі ж дзень раніцай Іван на вахценнай машыне, якая адвозіла чарговую змену рабочых на выхадны дзень, выехаў у Прыпяцк. Да Гайшы не зайшоў, хаця звычайна, калі ехаў на выхадны, заходзіў, пытаўся, якія кнігі ёй прывезці.

Дома Іван не выседзеў тыдзень, а праз чатыры дні вярнуўся на буравую, за што на яго адразу ж наляцеў Кіга, абвінаваціўшы хлопца ў адсутнасці волі, характару, а потым сказаў зусім іншым голасам, дружалюбным і нават радасным:

— А наогул, калега, віншую! Між іншым, ты дамашняй каўбаскі не прывёз? А то даўно не еў... Тады давай, я буду есці і расказваць... Дык вось, — ён узяў хлеба, доўгі сухаваты кавалак каўбасы, ад якога адразу ж разнёсся па вагончыку водар часнаку. — Спачатку яна паводзіла сябе так, нібы нічога і не здарылася. Ну, думаю, прапаў мой калега. Але сёння ў абед падсела за мой столік. І нібы між іншым спытала, дзе гэта мой сябра, што яго так доўга не відаць. А я так спакойненька і паведаміў, што ты звольніўся, што даўно атрымаў разлік і ўсё такое. І ўявіць не можаш, які быў эфект! Яна так разгубілася, што пасля баршчу адразу выпіла кампот і пабегла, забыўшыся на адбіўную. А сёння, я табе скажу, адбіўная была, як ніколі. Цэлы лапаць. Так што ідзі да яе... Ды не цяпер, а пад вечар... Цяпер мы яшчэ пасядзім ля твайго рукзака. Мне вельмі спадабаліся каўбасы.

— Там у мяне яшчэ сухія ліны і некалькі пляшак прыпяцкага піва, — пачаў даставаць Іван усё, што прывёз.

— Цудоўна, цудоўна! — радаваўся Кіга. — Кажуць, што прыпяцкае піва самае лепшае... Вось мы зараз будзем смактаць костачкі лінёў і запіваць півам. Дарэчы, пару лінёў загарні ў газету і занясі ёй. Вось табе будзе і зачэпка. Скажы — прынёс пачастунак. У іхняй жа Татарыі, можа, такой рыбы і няма. Слова за слова, а там... Само сабой усё пойдзе...

Калі звечарэла, Іван пайшоў да Гайшы. Кіга бачыў, як той стукаў у дзверы, як потым яны адчыніліся...

У гэты вечар Кіга доўга чытаў, лежачы ў сваім ложку. Але Івана так і не дачакаўся...

 

Лузько яшчэ на вакзале ў Мінску, калі садзіўся ў вагон, адчуў, як моцна трымаецца на ім водар Лініных духоў. Стоячы ў тамбуры, каб яго ніхто не бачыў з пасажырыў, ён старанна абнюхваў рукавы пінжака, гальштук, нават каўнерык сарочкі. Усё паасобку мела свой адменны пах, і тым не мепей Лузько адчуваў водар духоў. Ведаў, што Ліда па гэтаму водару адразу здагадаецца, што ён быў з нейкай жанчынай, пачне дапытвацца, а ён, канешне, не здолее пераканальна адказаць, — ды хіба жанчыну ў чым пераканаеш? — і не мінаваць скандалу. Тым болей што ў апошнія дні Ліда стала нейкая нервовая: ці ад таго, што малако ў грудзях прапала і яна вельмі перажывае за здароўе дзіцяці, якое занадта ж рана мусіла падкармліваць, ці проста ад недасыпання — ператамілася.

Хаця бадай-што нечага турбавацца: наперадзе немалая дарога, а там, у Прыпяцку, можна будзе зайсці ў цырульню, пагаліцца і так наадэкалоніцца, што на ўсю вуліцу ад цябе будзе несці шыпрам. Лузько зайшоў у вагон, прымасціўся ля акна, глядзеў, як ружавеюць заснежаныя палі ад узыходу сонца, і ўспамінаў з прыемнасцю і ў той жа час з нейкай неўсвядомленай расчараванасцю начную паездку за горад, дзе сярод бясконцых снягоў стаяў як не казачны домік, у якім так утульна і хораша было ад патрэсквання сучкоў у жалезнай грубцы.

Пасля таго як Лузько амаль паспяхова здаў кандыдацкі экзамен па замежнай мове — атрымаў чацвёрку, — ён са Ступічам і Лінай, якія ў час экзамену «перажывалі» за яго ў калідоры, і яшчэ з зусім незнаёмай таўстухай Касяй, якую Лузько наогул бачыў першы раз, вырашылі адзначыць гэтую надзею. Лузько, абрадаваны ўдачай, дазваляў запрошаным заказваць усё, што ім хацелася. Трэба сказаць, тыя не вельмі саромеліся. Калі не елася ўжо і не пілося, ішлі танцаваць. Ступіч увесь час танцаваў з Лінай, кожны раз спяшаючыся з ёй выйсці з-за стала: баяўся, што яе перахопіць Лузько. Лузько вельмі хацеў патанцаваць з Лінай, такой прываблівай і такой прыгожай — яна спецыяльна, як прызналася, адзела сваё лепшае плацце, — а яму кожны раз даставалася кароткая, тоўсценькая, хаця даволі вяртлявая, і лёгкая ў танцы, Кася.

Пасля кароткага перадыху, калі з пісталетным выбухам была адкаркавана бутэлька шампанскага і прагна выпіта разагрэтымі танцорамі, Ліна сама запрасіла танцаваць Лузько.

— А то бачу — ніяк не адгоніш гэтага Ступіча, — усміхнулася яна яму, калі выходзіла на пляцоўку перад аркестрам.

— Ступіч паводзіць сябе, як вялікі эгаіст, — сказаў Лузько.

— А мы давай пакараем яго за такі эгаізм, — прапанавала Ліна, калі яны зрабілі першы круг. — Ведаеш, мне так абрыдла сядзець сярод гэтых тлустых пыс, хочацца ў поле, дзе снег, завея, халодныя зоркі... Дык як, згодны апынуцца ў заснежаным полі? Як там хораша, можна адчуць толькі пасля такога тлуму.

— У вас што, у памочніках які Хатабыч?

— Не, ёсць болей надзейны сродак. Ну?

— У мяне на сем гадзін раніцы білет на цягнік. —завагаўся Лузько.

— Цудоўна! Уся ноч наперадзе! Згаджайцеся, а то на наступны танец не запрашу.

— Кіруем да дзвярэй? — спытаў ён з п’янаватай зухаватасцю.

— Абыдзем круг і... — пагадзілася яна. — Каб не заўважылі.

— Не заўважаць. Яны так цікава паміж сабой размаўляюць, што наогул нікога не заўважаюць, — сказаў Лузько. Яна засмяялася і пацягнула яго за руку да выхада.

Лузько ўспамінаў, як яны, узяўшы паліто, адразу кінуліся да дзвярэй, як перасеклі плошчу, нырнулі ў нейкі цёмны пад’езд. У двары стаяў прыцярушаны снегам «Запарожац». Ліна адчыніла дзверы, прапусціла Лузько, а потым сама села за руль, завяла матор і выехала на вуліцу. А хутка, коўзаючыся па ўхабістай прасёлачнай дарозе, іх «Запарожац» абмацваў фарамі заснежанае поле, вырываючы з цемры чорныя кусты альшэўніку, асобныя дрэўцы... Потым звярнулі з дарогі, крыху праехалі і забуксавалі — наперадзе быў глыбокі снег.

— Відаць, ніхто не ездзіў, — пашкадавала Ліна. — Узімку мала хто прыязджае сюды. Толькі ў выхадны дзень, на рыбалку... Прыйдзецца пехатой. Тут зусім недалёка.

Ліна выключыла матор. Яны выйшлі. Снег, зляжалы за зіму, трымаўся пад нагамі, не правальваўся.

— А адчуваеш, як дыхае вясной? І снег, і мароз, і зоркі, але вясна блізка.

— Мароз нібы памякчэў...

— Эх, проза!..—Ліна азірнулася на Лузько, які крочыў за ёй. — Дарэчы, запалкі ёсць?

— Павінны быць.

Неяк нечакана перад вачыма вырасла цёмная будыніна, якую Лузько спачатку прыняў за капіцу сена. Ліпа адчыніла скрыпучы замок, зайшла ў сярэдзіну, пстрыкнула запалкай. На стале ў слоіку з-пад маянэза стаяла стэарынавая свечка. Яна запаліла яе. Па сценах заскакалі палахлівыя цені. Гэта быў невялікі пакойчык, абклеены шпалерамі, з двума акенцамі ў чатыры шыбкі кожнае. Паўз сцяну стаяла канапа, у вуглу — белы кухонны столік. Збоку, бліжэй да дзвярэй, была жалезная грубка, якую можна часта сустрэць у геолагаў у іх часовых жытлах. Ля грубкі насыпана нашчаляных смалістых лучынак, і тут жа, на газеце, ляжалі акуратныя цаглінкі брыкету.

— Умееш распальваць? — яна распранулася. — Дык давай... Праз дзесяць мінут будзе цёпла, хоць дзверы адчыняй.

Лузько таксама распрануўся і стаў распальваць лучынкі. Калі тыя загарэліся, зверху палажыў брыкету, зачыніў дзверцы, і ў грубцы адразу весела загуло. Пацягнула цяплом.

Ліна аднекуль дастала алюмініевы чайнік, паставіла на грубку.

— Хутка будзем чай піць, — сказала яна. — А ведаеш, я заўсёды, як засумую па тайзе, дык еду сюды. П'ю чай, успамінаю былыя паходы... Я сказала пра гэта Ступічу, дык на смех падняў. Ну, і няхай цяпер там забаўляецца з той таўстухай Касяй... Ты і не ўяўляеш, як мне часам бывае сумна без тайгі.

— А што перашкаджае паехаць туды? — Лузько ўсеўся на канапе, выцягнуў ногі. У твар яму дыхала цяплом ад грубкі. Ад настылай канапы ішоў яшчэ холад.

— Маці ў мяне тут. Адна. Старая, не пакінеш, — расказвала яна. — А потым, і ў тайзе ўвесь час нялёгка, асабліва нашаму брату, жанчыне. Ды цяпер і не паедзеш, тут работа, цікавая работа. Ну, а калі сумна стане, я сюды...

— А што гэта за прыстанішча? — Лузько ўсё яшчэ не разумеў, куды ён трапіў.

— Ды тут, на пустыры, пісьменнікі пасяліліся. Аднаму не спадабалася, нібы не расце садавіна, дык я купіла ў яго дачу. А мне якраз падабаецца. Асабліва ўлетку. Пустыр, недалёка балота. Мясцовыя класікі, праўда, яго возерам завуць і купаюцца ў ім. І рыба ёсць. Дробненькая, але на юшку ідзе... Ну вось і наш чай кіпіць. Нам спяшацца некуды, будзем сядзець, гаварыць... — яна паставіла чайнік на стол, з шуфлядкі дастала пячэнне, цукар, шклянкі... — Бяры табурэтку, падсаджвайся... Хаця не, пачакай... Ідзі, мы падсунем столік да канапы...

Лузько падхапіўся і пачаў дапамагаць ёй.

На стэарынавай свечцы трапятала полымя...

За некалькі мінут да адыходу цягніка Ліна прывезла яго на вакзал. «Хутчэй бяжы, а то спознішся», — загадала яму.

...Лузько сядзеў ля акна, глядзеў, як ружавеюць заснежаныя палі ад узыходу сонца, і ўспамінаў свае начныя прыгоды. Было крыху прыкра, што не мог ніяк пазбавіцца ад незразумелага пачуцця вінаватасці перад жонкай, і чым бліжэй пад’язджаў да Прыпяцка, тым гэтае пачуццё станавілася вастрэй і вастрэй. І ў той жа час не згасала радасць за сябе, мужчыну, якога абрала такая прыгажуня, як Ліна, па якой сохне сам Ступіч. І гэтая радасць, гордасць за сябе былі такія моцныя, што потым, калі ён ішоў па Прыпяцку наадэкалонены, з задавальненнем паглядваў на свой адбітак у вітрынах магазінаў, бачыў сябе з узнятай галавой, сам сабе здаваўся нават вышэйшы ростам.

Яго жонка з малым жыла ў бацькоў у вёсцы — адвёз туды перад ад’ездам у Мінск, — ехаць у вёску аўтобусам не хацелася, і ён вырашыў зайсці ў кантору і папрасіць у Чокана машыну.

Але ў канторы нікога з кіраўнікоў не было. Аказалася, усе паехалі на першую Зуеўскую, дзе пасля заканчэння бурэння прыступілі да выпрабавання.

«Так яшчэ лепш», — падумаў Лузько.

 

Чокан, Круглоў і майстар Чугуй сядзелі ў бытоўцы і гаварылі пра надвор’е, пра марозы, якія зацягваюцца, пра тое, што павінна быць гарачае і сухое лета, як сцвярджаюць старыя, і здавалася, што нікога з іх асабліва не турбуе, што свідравіна ўжо не першую гадзіну стаіць пад выпрабаваннем. А Віктар не мог спакойна сядзець. Ён часта выскакваў паглядзець, ці не пабегла па жалабах вада — яна павінна пабегчы, калі з глыбінь пачне яе выцясняць нафта. Вада не падымалася, толькі ў вузкай трубе на яе паверхні з’явілася крыху пены, столькі, што Віктар і не звярнуў увагі на яе. Ён вярнуўся ў бытоўку і сказаў, што трубы варта патрымаць яшчэ...

— Віктар Аляксандравіч, — спагадліва сказаў яму Круглоў. — Пасядзіце, адпачніце... Калі яна там ёсць, дык нікуды не дзенецца...

— А можа, з труб адкачаем ваду? — спытаў Віктар у Круглова. Калі б тут не было галоўнага геолага, ён даўно б загадаў адкачаць яе, але калі тут сам галоўны геолаг...

— Віктар Аляксандравіч, — паглядзеў на гадзіннік Круглоў і сказаў спакойна, занадта па-будзённаму:—Хай падымаюць. Думаю, што болей трымаць трубы няма ніякага сэнсу. Паглядзім, што там...

І зноў у бытоўцы цякла гаворка, далёкая сваім зместам ад выпрабавання...

Калі паднялі ўсе трубы разам з выпрабавальнікам, то ў апошняй трубе аказалася нафта.

Яе было мала, не болей вядзерца, але яна была!

Віктар кінуўся ў бытоўку, крыкнуў у адчыненыя дзверы:

— Нафта! — і пабег зноў назад.

Круглоў спакойна падышоў апошнім, памачыў палец у цёмна-карычневую вадкасць, паглядзеў на яе, панюхаў, усміхнуўся. А болей ніякіх пачуццяў. І таму побач з непамерна ўзрушанымі бурыльшчыкамі, геолагамі, інжынерамі выглядаў нават нечым незадаволеным чалавекам.

— Мала, мала, — сказаў, угледзеўшы Віктара і інжынера Дзямідава. — Паспрабуйце яшчэ раз. Павялічце дэпрэсію... І трымайце як можна даўжэй... — потым агледзеў усіх. — І хаця нафты мала, але мы яе атрымалі. Я віншую вас, сябры. Цяпер ніхто не будзе сумнявацца, што ў нетрах беларускай зямлі ёсць нафта. Гісторыкі, магчыма, сённяшні дзень будуць лічыць днём адкрыцця беларускай нафты, але нам, геолагам, пакуль што радавацца рана. Мы павінны знайсці яе прамысловыя запасы. Я лічу, што трэба паўтарыць выпрабаванне. А раптам... Віктар Аляксандравіч, потым даложыце аб выніках, — і ціха сказаў Чокану, які стаяў побач: —А мы, Павел Фёдаравіч, паедзем у Прыпяцк. Нешта я сябе не вельмі адчуваю. Баюся, каб не захварэў. Відаць, трэба адаспацца...

Апошнія яго словы чуў і Віктар. Так, яму, галоўнаму геолагу, які прыехаў сюды знайсці нафту, цяпер можна і адсыпацца. Нафта знойдзена! Пятнаццаць год шукалі яе, а ён прыехаў, і праз якія паўгода — калі ласка. Так, цяпер яму, Круглову, можна ехаць.

Віктар таксама мог бы паехаць дамоў — болей сутак ён сядзіць на буравой, — але разумеў, што тая колькасць нафты, якую атрымалі пры першым выпрабаванні, усё ж насіла болей сімвалічны характар. Пра рэальнае адкрыццё гаварыць было проста рана. І ён хацеў дазнацца, чым скончыцца другая спроба выклікаць прыток нафты. І таму застаўся на буравой, спадзеючыся крыху адпачыць і тут.

Але паспаць не ўдалося, — ці перашкаджалі дызелі сваім гулам, ці, можа, напятыя чаканнем нервы ніяк не маглі супакоіцца. У галаве гуло ад бяссонніцы.

Трубы пачалі падымаць толькі ў канцы дня. Усхапіўся паўднёвы вецер — сыры і пранізлівы. Стала холадна, і Віктар зайшоў у бытоўку, дзе трашчала вуголле ў грубцы і было цёпла, як у лазні. Сеў на табурэтку ля століка і глядзеў праз акенца на буравую... Вось пачнуць падымаць апошнія трубы, ён тады і выйдзе.

Нечакана задрамаў...

Але калі тэхнік-геолаг Радзімаў крануў яго за плячо, адразу прачнуўся.

— Віктар Аляксандравіч, Віктар Аляксандравіч!

— Што? — падхапіўся, спачатку не разумеючы, дзе ёп і што з ім.

— Нацадзілі тону. Нафты тону нацадзілі, кажу.

— А-а... Не вельмі, але гэта ўжо нешта... Добра, перадайце па рацыі Круглову, а я паеду дамоў. Машына ёсць?

— Ёсць, Віктар Аляксандравіч, ёсць, — сказаў Радзімаў.

 

Жыць у часовым пасёлку, фактычна — на пустыры, у аддаленасці ад горада, было нялёгка. Праз месяц і праз два Тамара так і не змагла прывыкнуць да новых абставін. Яе часта ахопліваў сум, які часам перарастаў у роспач. Спачатку яна хавала свой настрой ад Віктара: бачыла, як ён стараецца, каб ёй было лепей, ды і лічыла, што гэты настрой у яе часовы. Праўда, былі моманты, нават дні, калі яна з балючай яснасцю пачынала разумець, што ніколі тут не прывыкне, будзе пакутаваць, пакуль істотна не зменіцца іх жыццё. І Віктар разумеў яе, часта супакойваў, вось толькі б знайсці нафту, тады тут, на месцы гэтага часовага пасёлка, вырасце цэлы горад, горад нафтавікоў. А ў горадзе абавязкова будзе лялечны тэатр — гэта ўжо для Раечкі...

— А потым зноў цябе пацягне некуды шукаць нафту, — не верыла Тамара яму, хаця гаварыла і без крыўды.

— І тут работы хопіць на ўсё жыццё, — супакойваў ён яе.

А ў апошні час Віктара як падмянілі. Ён нібы забыў, што ў яго ёсць жонка, дачка, якія чакаюць яго. І не толькі днямі, а суткамі прападаў на буравых. Вось і цяпер ужо колькі дзён не прыходзіў, нібы без яго і сапраўды не абыдуцца там. Пыталася ў суседа—бурыльшчыкам на першай робіць, — сказаў, што сядзіць у бытоўцы і перажывае. Дык перажываць жа можна і дома.

Іншы раз Тамара проста не верыла яму, не верыла, што нармальны чалавек можа так захапляцца работай. Ці не разлюбіў ён яе, жонку, што не хоча сядзець дома?.. Але гэтая думка была занадта ўжо недарэчнай і жахлівай, і Тамара адганяла яе ад сябе.

Яна па-ранейшаму кахала мужа, але цяпер гэтае каханне не было такім бяздумным, як раней. Побач з ім, каханнем, часам ужывалася і самая звычайная нянавісць да Віктара. Яна яго ненавідзела за тое, што ён так аддаецца рабоце, што ён такі правільны, што яго нельга ні ў чым і абвінаваціць. Яна ненавідзела яго за тое, што ён быў не такі, як яна, і не хацеў быць такім, як яна. Былі хвіліны, калі яна са шкадаваннем успамінала сваё незалежнае, устойлівае жыццё ў бацькоў, да якога, здавалася ёй, ужо няма дарогі, і якое ніколі не пабудуе яна са сваім мужам: Віктар жыў зусім інакш і хацеў, каб і яна пайшла за ім. Але чаму за ім яна, а не ён за ёй? І часам у адзіноце, калі Раечка спала, яна да слёз шкадавала сябе, сваю загубленую, як яна лічыла, маладосць... Хай жа ён толькі прыйдзе, хай, яна яму скажа пра ўсё, што накіпела ў яе на сэрцы. Усё!.. Але вось прыходзіў Віктар стомлены, няголены, галодны, і яна, абрадаваўшыся яму, забывала тыя словы, поўныя гневу і нянавісці, якія ёй прыходзілі ў галаву яшчэ якую паўгадзіну таму... Яна не магла суняць у сабе гэтую радасць і злавалася ўжо не на яго, а на сябе, што такая адыходлівая, што такая бязвольная. І таму, калі прынеслі пісьмо, адрасаванае Віктару — адрас быў напісан жаночай рукой, — то яна нават абрадавалася гэтаму пісьму: вось будзе зачэпка, і яна ўсё, усё выкажа яму. Ад каго ж гэтае пісьмо? Вядома, ад жанчыны. Яна хацела надрэзаць канверт, але ў апошнюю хвіліну перадумала, — не, яна не шпіён, яна не паступіцца сваёй чалавечай годнасцю, а аддасць пісьмо яму ў рукі, як толькі ён зойдзе, і паглядзіць, як пачне выкручвацца. Ды не, яму не ўдасца выкруціцца.

Тамара палажыла пісьмо на столік, на відным месцы, каб Віктар адразу яго заўважыў: вельмі важна, як ён будзе паводзіць сябе, калі заўважыць канверт... І адно ўсведамленне таго, якую пастку яна падрыхтавала мужу, развесяліла яе. Крыху супакоіўшыся, яна ўзялася рабіць вячэру, часта паглядваючы на гадзіннік.

Надышоў вечар, Тамара даўно ўлажыла спаць Раечку, а Віктара пе было. Пайшлі ўжо другія суткі, як яго не было. Так доўга ён яшчэ ніколі не затрымліваўся.

Тамара падсунула бліжэй да ложка таршэр, узяла кнігу і прылегла, не раздзяваючыся. Ніяк не магла засяродзіць увагі на кнізе: з галавы ўсё не выходзіла пісьмо, на якім адрас быў напісаны жаночай рукой.

І яна ўрэшце не вытрымала, узяла канверт, яшчэ раз агледзела яго — зваротнага адраса не было. Ага, нейкая яшчэ хоча схавацца, але нічога, галубка, не выйдзе. І Тамара разарвала канверт.

«Віктар Аляксандравіч, адразу прашу прабачэння за гэтае, можа, зусім недарэчнае пісьмо. Але я проста не магу не напісаць. Я ўзненавідзела вас пасля таго, як вы фактычна прагналі мяне з гасцініцы. Мне было крыўдна за вас, але больш за ўсё я крыўдавала на сябе за тое, што пайшла да вас. Я павінна была ведаць, што вы чалавек чэсны, ніколі не пойдзеце на тое, каб некаму сапсаваць жыццё. Вы прагналі мяне. Мне было вельмі сорамна за сваё прыніжэнне, што я гатова была расстраляць вас з драбавіка, каб толькі той аказаўся пад рукамі. Во як я вас узненавідзела тады. Вы недзе цяпер пагарджаеце мной, як легкадумнай і несур’ёзнай дзяўчынай, ветрагонам. Але не спяшайцеся. Вы павінны мяне зразумець. З першага разу, як я толькі ўбачыла вас, калі вы падвозілі мяне на машыне, я пакахала вас. Я доўга хавала гэтае пачуццё, сама сябе старалася пераканаць, што ў нас з вамі толькі дружба. Ды з вашага боку і была толькі дружба, вы не маглі мяне пакахаць, у вас сям’я, вы чэсны чалавек. Гэта ж добра, што я сустрэла вас. Не ўяўляю, што было б са мной, каб замест вас аказаўся які нягоднік. І ў той жа час я пераканалася, што я з такой знешнасцю, — я зусім аб’ектыўна ацэньваю сваю знешнасць,— нікому і ніколі не спадабаюся. І ўсё ж я вам падабалася! Я верыла ў гэта. Мне тады падалося, што вы — мой першы і апошні! Я прыехала да вас у гасцініцу, а вы прагналі мяне. І правільна зрабілі! Я толькі цяпер зразумела гэта... А потым, калі я страціла ўсялякае права нават на дружбу з вамі, я зразумела, як моцна я паспела вас пакахаць! Я толькі пра вас і думала. Ледзь розум не страціла. Мне радасна было думаць пра вас, успамінаць нашы сустрэчы. Я заўсёды брала білеты ў кіно на тыя месцы, дзе мы з вамі сядзелі, калі хадзілі ў кіно разам. Я брала два білеты, каб ніхто не сядзеў на вашым месцы. Я глядзела кіно і ўяўляла, што і вы побач са мной. І мне хацелася толькі аднаго, каб фільм не канчаўся, а цягнуўся доўга, доўга... Я заходзіла ў кафэ і садзілася за той столік, за якім мы некалі сядзелі. Заказвала тое ж марожанае, што заказвалі з вамі. Упарку гуляла па тых жа сцежках, па якіх хадзілі разам. Кожны дзень на работу і з работы знарок рабіла кругаля, абы толькі прайсці міма вашай канторы. Аднойчы з канторы выйшаў чалавек якраз у такім пінжаку, у якім хадзілі і вы. Я паспяшыла ўслед, хацела ўжо паклікаць вас, але ў гэты момант чалавек азірнуўся, і я ўбачыла вусы і доўгі нос над імі. Я ледзь не расплакалася. А потым ехала ў аўтобусе, успамінала тыя вусы і нос, і мне было смешна, і я смяялася, а на мяне здзіўлена паглядвалі пасажыры.

Я спачатку думала, што вы — маё першае і апошняе каханне... Аднойчы зайшла ў кантору, даведалася ваш адрас і хацела напісаць, і нават напісала, а потым знішчыла сваё пісьмо: як гэта можа нейкая непрыгожая паляшучка прэтэндаваць на вас!.. Я так думала тады... Цяпер усё ў мінулым, але я заўсёды буду памятаць вас, як маё першае каханне, якое пакінула ў душы вялікі след, нарадзіла нязгасную веру ў сапраўднае на зямлі, веру ў сябе. У мяне адбыліся такія падзеі ў жыцці, якія дазваляюць мне пра нашы з вамі адносіны (а больш правільна — пра мае да вас адносіны) гаварыць у мінулым часе. І калі я пішу пісьмо цяпер, дык толькі хачу, каб ведалі, як я ўдзячна лёсу, што сустрэла вас. Заставайцеся такім заўсёды. Мне будзе прыемна ўсведамляць, што на зямлі ёсць людзі, як вы, што ёсць прыгожае, сапраўднае. Дзякую за ўсё! Не крыўдуйце. Я прашу ў вас прабачэння. Ведайце, што ёсць на зямлі чалавек, які для вас ніколі нічога не пашкадуе. Хацелася б пабачыць вас, пагаварыць, параіцца. Хаця, ведаю, раіцца і не зусім абавязкова... Але не пашкодзіла б. Я проста не ведаю, што мне рабіць. Хаця ўсё, што адбываецца цяпер са мной, тычыцца толькі мяне. Жадаю шчасця! Зарына».

Прачытаўшы пісьмо, Тамара спачатку вельмі здзівілася, што яе Віктара, Віктара, якога яна добра ведае, можна так любіць... У яе нават варухнулася зайздрасць да невядомай Зарыны, што тая здольная на такія пачуцці, а вось у яе, Тамары, такога няма. А можа, іменна такога кахання і не хапае Віктару?.. Ды якое яна мае права на Віктара!.. А потым абурэнне Тамары перайшло і на Віктара. Аказваецца, тут без яе ён чортведама што вырабляў... Ясна, чаму так доўга не прывозіў сюды яе, Тамару...

Яна яшчэ раз, цяпер больш разважліва, перачытала пісьмо Зарыны. Аказваецца, Віктар нібы і ні пры чым, ён нават прагнаў з гасцініцы тую прайдзісветку. Маладзец, Віктар! Яна заўсёды верыла ў яго. Ды і пра сваё каханне тая невядомая Зарына піша ў мінулым часе. Але чаму яна наогул піша, чаму дабіваецца сустрэчы? Ці не хоча яна проста задзець самалюбства Віктара? Ці хоча пераканаць Віктара, што да яго яна нічога не мае і яму нечага яе баяцца, маўляў, з гасцініцы не давядзецца выганяць. Не, тут нейкія хітрасці... Можа, Зарына мела на ўвазе, што пісьмо пападзе да жонкі Віктара, і, каб не выклікаць падазрэння, напісала пра свае пачуцці ў мінулым часе?.. Як бы там ні было, а трэба не дапусціць іх сустрэчы, ні ў якім разе! Бач, параіцца захацела!. Не, гэтага не будзе, ніколі не будзе! Віктар яе, толькі яе! На ўсё жыццё! Нягледзячы на тое, што там нехта любіць яго без памяці. Ну і няхай. Затое ў іх дачка! Тамара можа часам ненавідзець, часам не паважаць, часам скандаліць з ім, але ён яе!.. «Не, шаноўная Зарына, табе ніколі не ўбачыць Віктара, ніколі!» І тут жа прыйшло рашэнне: ні ў якім разе не паказваць пісьмо Віктару... А раптам Зарына нават дзе выпадкова сустрэне яго. Віктар даведаецца пра пісьмо і тады ёй, Тамары, не даруе, зразумеўшы, што яна не верыць яму. Пакрыўдзіцца. Не, Віктару трэба аддаць пісьмо, абавязкова аддаць, хаця б для таго, каб паглядзець, як ён да яго аднясецца. А самой пастарацца застацца абсалютна спакойнай, падкрэслена абыякавай, нават папрасіць у яго прабачэння, што разарвала канверт, не ведала, маўляў, што пісьмо сакрэтнае, думала ад якіх родзічаў... А раптам пры чытанні Віктар сапраўды сябе нічым не выдасць, а потым пачне сустракацца з Зарынай? А яна, жонка, і ведаць нічога не будзе... І тады невядома, чым усё скончыцца. Завёз у гэтую глухамань ды яшчэ і пакіне...

Крыху нават паплакала над сваім будучым гаротным лёсам. Не, трэба нешта зрабіць, каб гэтага не здарылася. А што? Самае лепшае — дабіцца, каб сама Зарына не захацела сустракацца з Віктарам. А як? Мяркуючы па пісьму, Зарына, бясспрэчна, дзяўчына высакародная, рамантычна-ўзнёслая, чуллівая. Трэба і ўдарыць па яе гэтых струнах, ударыць так, каб яны зазвінелі моцна, ускалыхнулі яе свядомасць; пераканаць яе, што яна не павінна не толькі сустракацца з Віктарам, а нават і думаць пра яго. Сустрэцца з ёй? Яшчэ чаго не хапала, каб яна, Тамара, шукала нейкую там Зарыну. Яна напіша пісьмо. Іменна — пісьмо. Прасіць яе ні аб чым не стане. Гэта было б, бясспрэчна, прыніжэннем свае годнасці. Са злосцю і абурэннем таксама не будзе пісаць, — падумае, што яна баіцца яе, — не, яна напіша сяброўскае, нават спачувальнае пісьмо, каб Зарына адчула, што Тамара нават сур’ёзна не ўспрымае яе, а толькі шкадуе, жадае ёй дабра. Моцныя, упэўненыя ў сабе людзі заўсёды добрыя...

Тамара паднялася, абула пантоплі, накінула на плечы коўдру і, прысеўшы ля стала, канцамі яе прыкрыла ногі, — па падлозе хадзіў вецер, — і пачала таропка, часам не дапісваючы слоў, пісаць.

«Добры дзень, незнаёмая мне Зарына! Мне, на вялікі жаль, не давялося Вас сустрэць, але я ўяўляю Вас прыгожай паляшучкай».

Тамара задаволена ўсміхнулася: нядрэнную шпільку яна ёй падпусціла!

«Піша Вам жонка Віктара, якога вы мелі няшчасце пакахаць. Я прачытала Ваша пісьмо, мне даў яго Віктар. Хай Вас гэта не здзіўляе, у нас з ім ніколі не было сакрэтаў. Ён мне неяк раней расказваў пра вашы з ім сустрэчы. Я прасіла, каб ён вас запрасіў у госці, ён не пагаджаўся. А цяпер, як я прачытала Ваша пісьмо, я таксама зразумела, што гэтага не варта было рабіць. Я даказвала Віктару, што Вы кахаеце яго. Ён мне не верыў.

І вось Ваша пісьмо. Я вельмі добра пасмяялася над ім, што ён быў такі сляпы і нічога не бачыў. Вось так.

Не хвалюйцеся, Зарына, я нікому ні слова не скажу пра Ваша пісьмо, больш таго, я вельмі прасіла і Віктара (мы, жанчыны, павінны ж неяк дапамагаць адна адной), каб ён таксама нікому нічога не гаварыў, а то ён у мяне такі фарсун. Абяцаў маўчаць.

Між іншым, я Вам скажу, што ў большасці сваёй жанацікі часам не супраць кароткага легкадумнага знаёмства, але ніколі не пойдуць на тое, каб гэтае знаёмства разбурыла сям'ю, калі яны, вядома, не апошнія нягоднікі. Даведаўшыся пра ўсё з Вашага пісьма, Віктар вельмі шкадуе, што нічым не можа дапамагчы вам, бо ніколі не будзе чалавек шчаслівы, калі прынясе няшчасце іншаму. Ніколі не трэба забываць пра гэта і цяпер, і потым, калі вы будзеце яшчэ з кім знаёміцца. Думайце не толькі пра сябе, а яшчэ пра каго-небудзь. Я яшчэ ніколі не сустракала шчаслівай сям’і, якая б нарадзілася на няшчасці другой. У чалавека, які б ён ні быў нягоднік, заўсёды ёсць памяць. Ён ніколі не адчуе паўнаты шчасця, калі будзе ведаць, што карыстаецца крадзеным, хаця б таму, што злодзей ніколі не даражыў і не даражыць крадзеным. Між іншым, часам сустракаюцца людзі, якія квапяцца на чужое, забываюць, што ў кожнага чалавека яно сваё, толькі яго трэба мужна і цярпліва чакаць».

Чакаць... Тамара задумалася. Хіба мала яна чакала свайго шчасця? І чаго дачакалася? Віктар не можа жыць на адным месцы. Яго так і цягне туды, дзе горш. Дабіўся свайго. Сам суткамі прападае на буравых, не спіць і не есць, і яны з дачкой нудзяцца днямі ў гэтай хібарцы сярод пустога поля. Як у турме якой. І колькі можна чакаць лепшага? І ці дачакаешся наогул? Дык, можа, і не варта за яго так трымацца, і нечага пісаць гэтае пісьмо нейкай там Зарыне, якая сама пра сябе піша, што непрыгожая. Хоча — дык няхай бяжыць за ёй, хоць сёння...

Тамара парвала пісьмо і кінула ў вядро для смецця, выключыла святло, зашылася пад коўдру з галавойі — акалела аж, пакуль сядзела ды пісала. Сагрэлася і заснула.

Сярод начы пастукаў у акно, што было адразу ля ложка, Віктар. Адчыніла. Ён быў аброслы густой чорнай шчацінай, ад таго, падалося, схуднелы, з вялікімі бліскучымі вачыма.

— Ну, старая, — абняў ён жонку. — Віншуй. Знайшлі нафту... Круглоў, скажу табе — геолаг. Адным словам, галава.

— Віншую, — яна чмокнула яго ў халодную шчаку, адзела халат. — Можа, есці хочаш?

— Як воўк, — ён памыў рукі, сеў за стол. — Праўда, нацадзілі яе нямнога, але яна ёсць. Даказана. Усе такія радасныя. А галоўнае, сам Круглоў робіць выгляд, што нічога асаблівага не здарылася, што так і павінна было быць. Мудрыла, я табе скажу.

— Чаю падагрэць ці малака нап’ешся? — паставіла перад ім патэльню з яечняй.

— Нап’юся малака, — ён адразу накінуўся на ежу. Глытаў, здавалася, не перажоўваючы.

— Тут табе пісьмо, — не стрывала Тамара. — Я, праўда, не ведала ад каго, на канверце адраса зваротнага не было, дык разарвала. Нейкая Зарына піша.

— Ведаю такую, — не хаваўся Віктар.

— Прызнаецца ў каханні.

— Вось бачыш, — усміхнуўся ён. — А ты мяпе недаацэньваеш, а мяне яшчэ дзяўчаты любяць.

Віктар быў абсалютна спакойны. Пасля таго нервовага напружання, якое ён перажыў на буравой у час выпрабавання і пасля той радасці, якая ахапіла яго потым, у яго не было сілы ні на разгубленасць, ні на хваляванне. Адчуванне вялікай стомленасці ахапіла яго яшчэ там, на буравой, і цяпер тут, за сталом, яна стала зусім неадольнай. Пра гэтую яго душэўную апустошанасць Тамара не здагадвалася, яго спакой яна прыняла за поўную абыякавасць да пісьма нейкай там Зарыны, з якой, можа, дзе выпадкова сустрэліся і якая сама чаплялася да хлопца, пакуль той узяў ды не прагнаў яе.

— Дык вазьмі, — падала яму канверт.

— Палажы, потым прачытаю,—сказаў, не падымаючы вачэй ад патэльні.

Тамара хуценька сабрала са стала посуд, мыць не стала, а паспяшыла ўслед за мужам у спальню, каб паглядзець, як ён будзе чытаць тое пісьмо, які выраз твару будзе ў яго пры гэтым. Віктар ляжаў на ложку, не накрыўшыся нават коўдрай, і моцна спаў. А канверт трымаў у руцэ, у яго нават не хапіла сілы выцягнуць з яго ліст...

 

Ступіч у гэтую раніцу асабліва старанна пагаліўся новенькім лязом так, што твар яго блішчаў. Паснедаў даволі сціпла: з’еў адно яйка ўсмятку ды выпіў шклянку моцнае кавы, каб больш жвава варушыліся ў галаве думкі. Апрануўся, узяў глыбокі партфель, у якім насіў матэрыялы для свае доктарскай дысертацыі, баючыся пакідаць іх на ноч у службовым кабінеце, падышоў да вузкага высокага люстра ў калідоры. Знешнасць у яго была залішне афіцыйная, як у якога дыпламата. Хаця сёння ў Ступіча не зусім звычайны дзень: на вучоным савеце павінны разгледзець яго матэрыялы да доктарскай дысертацыі і дазволіць узяць двухгадовы акадэмічны водпуск для завяршэння навуковай працы.

У тралейбусе і потым, па дарозе з тралейбуснага прыпынку ў інстытут, ён яшчэ і яшчэ раз абдумваў, што будзе гаварыць на вучоным савеце, пра якія вывады скажа, а пра якія прамаўчыць, каб не выклікаць зусім непатрэбнай у даным выпадку дыскусіі.

Ён і не заўважыў Ліну, якая стаяла на ганку.

— Ты што гэта сваіх не заўважаеш? — спыніла яна яго.

— А-а, гэта ты. Добрай раніцы! — разгублена сказаў Ступіч. — Ну пойдзем!

— Ды пачакай жа, — трымала яна яго за рукаў. — Я цябе спецыяльна чакала.

— Што здарылася? — недружалюбна спытаў Ступіч. Пасля таго вечара, як яна ўцякла з Лузько з рэстарана, ён пазбягаў з ёй сустрэч, ігнараваў. Пакрыўдзіўся.

— Ты радыё сёння чуў? — глядзела на яго насмешліва і ў той жа час спачувальна.

— Не, не чуў. Спаў. Ледзь наогул не праспаў, — бадзёра адказаў Ступіч, падкрэсліваючы перад ёй, што яго ніколькі не хвалюе гэты вучоны савет. — Звечара доўга чытаў нейкі раман... А потым заснуў так, што жонка ледзь разбудзіла. А што? Можа, яшчэ якога касманаўта запусцілі?

— Міну. Між іншым, пад цябе, — спачатку сказала з нейкім выклікам, заўважыўшы яго недружалюбнасць, а потым паведаміла з адпаведнай асцярожнасцю, не адразу, шкадуючы яго: — Праўда, я добра не разабрала. Якраз умывалася, дык вада шумела. А потым кінулася, толькі пад канец пачула. Гаварылі, што нібы атрымалі нафту на Палессі. Я падумала, трэба папярэдзіць цябе, а то падкінуць на савеце пытанне...

— Дзякую! — шчыра сказаў ён.

— Што думаеш рабіць? — спытала Ліна.

Ступіч паціснуў плячыма: для яго гэтая навіна была сапраўднай нечаканасцю.

— Табе трэба зараз жа пазваніць на радыё і ўдакладніць, — прапанавала яна.

— Правільна. Зараз пойдзем і пазвонім, — стараўся быць спакойным Ступіч. У яго яшчэ заставалася надзея, што Ліна раптам памылілася, не разабрала. — Пойдзем да сябе ды і пазвонім.

— Ты што? Пакуль што не трэба і паказвацца ў інстытуце, — параіла яна. — А раптам праўда? Тады ж трэба нешта тэрмінова прыдумаць, Ігар Трафімавіч.

— А што прыдумаеш? Супраць фактаў не пойдзеш.

— Не, не, Ігар, нельга быць такім бясклопатным. А раптам праўда, тады табе проста нельга ісці на вучоны савет, цябе ж зарэжуць... Можа, варта на сёння і захварэць, — яна гаварыла так заклапочана, так напорыста, так усхвалявана, што ён паддаўся на яе ўгаворы. Яны зайшлі ў першы ж пад’езд нейкага інтэрната і пазванілі на радыё.

На радыё сказалі, што сапраўды была перададзена інфармацыя пра адкрыццё на Зуеўскай плошчы нафты. Нафта была атрымана пры выпрабаванні першай свідравіны.

— Слухай, Ігар, ідзі дамоў і пазвані сакратарцы, што захварэў, — настойвала Ліна. — А да наступнага вучонага савета ты што-небудзь прыдумаеш. А то ж цябе проста абсмяюць з тваёй канцэпцыяй. Упэўнена, яны ўсё ведаюць.

— Не, не падыходзіць, дарагая Ліна Пятроўна, — ён паглядзеў на Ліну і падумаў, якая яна яшчэ па-жаноцку наіўная. — Гэта не выйсце.

— Ты пойдзеш на вучоны савет? — здагадалася яна.

— Абавязкова.

— Нічога не разумею, Ігар.

— Я пайду і зніму сваё пытанне. Пакуль што трэба адмовіцца ад акадэмічнага водпуску. Калі з адкрыццём нафты сур'ёзна, у што я пакуль не магу паверыць, то прыйдзецца пераглядаць усе свае вывады, і тады за два гады я проста не паспею напісаць доктарскую дысертацыю. Вось так.

— І так можна, — адобрыла яго задуму Ліна.

Ступіч сапраўды спачатку хацеў заявіць аб сваім рашэнні на навуковым савеце, пры ўсіх. Але потым падумаў, што гэта будзе залішне парадна і не зусім сціпла, і таму, не заходзячы да сябе ў кабінет, скіраваў да дырэктара інстытута. Траццякоў стаяў за сваім сталом і пераглядаў паперкі ў тонкай скураной папцы, рыхтаваўся да пасяджэння.

— Ну што, хвалюемся? — падаў яму руку Траццякоў. — Дарэмна, дарэмна. Ведаю твае матэрыялы. Упэўнен, ты хутка напішаш доктарскую, так што...

— Сіл Сілыч, я дзякую за добрыя словы. Але я, Сіл Сілыч, прашу зняць маё пытанне наогул.

— Як зняць? — паглядзеў спадылба дырэктар. — Вы што? Без водпуску будзеце пісаць пяць год. Ведаеце, колькі заяў у мяне... Але я лічу, што вы больш, чым хто, маеце права... Ваша работа мае практычнае значэнне.

— Ведаю, Сіл Сілыч.

— Тады, даруйце, я не разумею, — развёў рукамі Траццякоў.

— Вы слухалі сёння радыё?

— Чуў. Ну і што?

— На Палессі знайшлі нафту.

— Па-першае, Палессе вялікае. Па-другое, вашы назіранні за геалагічнымі заканамернасцямі вельмі цікавыя. І адкрыццё не пашкодзіць вам, а, наадварот, можа ўзбагаціць вашу дысертацыю цікавымі ідэямі. Тут пахне сапраўды навуковым адкрыццём. Хіба вас не натхняе такая перспектыва?

— Вельмі натхняе, Сіл Сілыч. Але пакуль усе мае доказы зводзяцца да таго, што на Палессі нафты няма. А яна ёсць. Значыцца, ці я нешта не ўлічыў, што ставіць пад сумненне наогул усе мае вывады, ці мы сапраўды маем справу з невядомымі для нас заканамернасцямі. У любым выпадку справа ідзе аб нейкай новай канцэпцыі. Я хочу яшчэ раз усё праверыць, а потым...

— Вы канчаткова ўсё прадумалі?

— Прадумаў, Сіл Сілыч,

— Та-ак... Я вас віншую, калега. Я ведаю, як вам цяжка было прыняць такое рашэнне... Што ж, вельмі прыемна, што ў маім інстытуце працуюць чэсныя і мужныя вучоныя. Цікава, цікава... — нібы сам пра сябе разважаў Траццякоў.

— Мне не абавязкова быць на вучоным савеце, Сіл Сілыч?

— Калі ласка, калі ласка, — не пярэчыў Траццякоў.

Ступіч развітаўся скупым кіўком галавы і выйшаў з кабінета. У гэты ж дзень ён пазваніў у Прыпяцк. Лузько якраз быў дома.

— Прывітанне, Баціслаў! — сказаў Ступіч. — Ну, як жыццё?

— Ды нічога, дзякую. Вось сяджу адзін, сумую. Жонка з малым у вёсцы.

— А чаго ніколі не пазвоніш?

— Вы не звоніце, Ігар Трафімавіч, ды і я... А навін асабліва ніякіх.

— Як гэта ніякіх? У вас там усе навіны...

— Ды якія навіны? — з нейкай раздражнёнасцю спытаў Лузько. Адчувалася, што ён ведае пра нафту, ведае, што іменна з-за яе зараз і звоніць Ступіч, і ў той жа час не хацеў пра яе гаварыць. «Відаць, не ў гуморы, — падумаў Ступіч пра яго, — яно і зразумела, чалавек аддаў пошукам нафты лепшую частку жыцця і без усялякіх вынікаў. І раптам...»

— Дык гэта, можа, толькі ў нас на радыё адкрылі пад Зуевам нафту?

— Ужо раззванілі... — абурыўся Лузько. — Якая нафта? Не нафта, а смех адзін. Першы раз нацадзілі паўкубаметра, пры паўторным выпрабаванні кубаметр, а потым яшчэ паўкубаметра. Хіба гэта нафта, Ігар Трафімавіч?

— Сапраўды — нафтавая рака, — засмяяўся Ступіч. Гэтыя звесткі ўсцешылі: ён сам сцвярджаў, што сляды нафты ёсць, а няма прамысловых запасаў, дзеля якіх толькі і варта разгортваць разведку ў вялікіх памерах. — А як на гэта рэагуе Круглоў?

— Ходзіць, як імяніннік. Я толькі не ведаю, чаго ён радуецца. Мне здаецца, гэта такая лухта...

— Як лухта?

— Ды якая гэта нафта?

— Але ж нафта...

— Як сказаць...

— Ну што ж марудзіш? Гавары, мяне баяцца, нечага, — сказаў Ступіч.

— Асаблівага сакрэту і няма. Справа ў тым, што перад самым заканчэннем бурэння першай свідравіны, там прыхапіла інструмент. Рабілі нафтавую вапну для ліквідацыі аварыі. Закачалі больш паўсотні тон нафты... Ну дык вось, у нас некаторыя і гавораць, што цяпер, пры выпрабаванні, атрымалі раней закачаную туды нафту. Праўда, не ўсе схільны так лічыць. Асабліва інжынеры, але некаторыя геолагі... Сапраўды, магла ж нафта пад вялікім ціскам запоўніць там усялякія шчыліны... На глыбіні. Ну вось. А цяпер мы яе і атрымалі.

— Колькі дзён бурылі пасля ліквідацыі аварыі? — спытаў Ступіч.

— Ды, можа, суткі якія. Што, не можа быць хіба? — завагаўся Лузько.

— А што думае Круглоў?

— Ды яму ніхто нічога не гаворыць. Пра гэта толькі шэпчуцца, і то не ўсе.

— Чорт яго ведае... — сказаў Ступіч. — Круглоў жа вопытны разведчык...

— Вядома, вопытны... Але, Ігар Трафімавіч, я думаю так... Ён можа недзе сумнявацца таксама, але нікому не гаворыць, тым болей што паспелі раззваніць па радыё. А потым наша кантора хоча звярнуцца ў Мінск, каб дазволілі пашырыць бурэнне. Так што, канешне, Круглову зусім нявыгадна, каб гэтыя сумненні ўзніклі ў вярхах. А раптам яшчэ знойдзецца і вялікая нафта. Можа так разважаць Круглоў?

— Верагодна, верагодна, — адказаў Ступіч. — Ясна, што гэта пакуль меркаванні. Іх варта было б праверыць. Параўнаць атрыманую нафту з той, якую запампоўвалі ў час аварыі. Хаця б па асноўных параметрах — удзельная вага, колер, як гусцее на холадзе...

— Гэта можна зрабіць, — паабяцаў Лузько.

— Выдатна. Тады ў нас будуць нейкія падставы для навуковых вывадаў. Вынікі аналізу, свае меркаванні вышлі мне. Толькі не марудзь. Дамовіліся?

— Дамовіліся, Ігар Трафімавіч.

— Ну і выдатна. А як рыхтуешся да экзамену?

— Чытаю філасофію. Цяжка даецца. Забыў усё. Нават не ведаў, што так цяжка будзе яе вучыць.

— Трэба падрыхтаваць... Галоўнае, абы філасофію здаў, а спецыяльнасць здасі. Усяго!.. Чакаю пісьмо...

— Прышлю.

— Ну — будзь! — і Ступіч павесіў тэлефонную трубку. Праз дзень Ступіч атрымаў ад Лузько пісьмо. Яно было аддрукавана на машынцы і без подпісу — асцярожны, чорт! Лузько паведамляў, што атрыманая нафта на першай Зуеўскай свідравіне вельмі падобная на тую, якая запампоўвалася туды пры аварыі. Такое падабенства наводзіць на думку, што атрыманая нафта хутчэй за ўсё не пластавая, і таму пра адкрыццё нафтавага месцанараджэння гаварыць няма ніякіх падстаў...

— Дзмітрый Зосімавіч, гаворыць Ступіч, — ён пазваніў Бурдзічу. — Мне трэба з вамі сустрэцца. І неадкладна, Дзмітрый Зосімавіч. Вельмі важная справа.

— А пра нафту чуў? — спытаў Бурдзіч.

— Чуў, чуў. Вось у сувязі з гэтым і хачу зайсці да вас.

— Закрыць хочаш нафту? — засмяяўся Бурдзіч. Відаць, у яго быў нядрэнны настрой.

«Паглядзім, як будзеш хіхікаць, калі з пісьмом пазнаёмішся», — падумаў Ступіч і сціпла сказаў:

— Дзмітрый Зосімавіч, я атрымаў цікавае пісьмо. Мне здаецца, вам трэба было б з ім пазнаёміцца. Я пакуль што яго нікому не паказваў, хачу паказаць яго вам...

— Я чакаю вас зараз жа, — сказаў Бурдзіч.

 

І хаця Круглоў вельмі чакаў новых звестак з першай буравой, але на работу не спяшаўся, ішоў нетаропка, павольна. Паглядзець — дык на шпацыры стары, і толькі.

Цяпер ён не сумняваўся, што нафта ў зямлі беларускай ёсць... Хай атрымана яе ўсяго некалькі кубаметраў. Але гэтыя кубаметры мелі такое вялікае значэнне, што і пераацаніць цяжка. Асабліва для навукі. А галоўнае, пацвердзілася яго думка, да якой у канторы амаль усе адносіліся скептычна: наконт нафтаноснасці Зуеўскай структуры. Адным словам, Круглоў сваё зрабіў — прыехаў і ўсім даказаў, што ў прынцыпе на Палессі нафта ёсць. І няхай пакуль няма прамысловай, але, пройдзе час, будзе і яна. Будзе адкрыта! Не можа быць, каб яе не было ў нетрах. Але чаму ж яна так доўга не даецца чалавеку? Можа, і сапраўды ў нечым правы Буткевіч? Можа, тая, асноўная нафта, і сапраўды дзе ў міжсолевых, міма якіх праходзяць бурыльшчыкі без увагі. Дык не, тут жа, на першай, ніякіх газапаказанняў з міжсолевых. Ды і не можа іх быць. Практыка паказвае, што ў міжсолевых адкладаннях нафта сустракаецца вельмі рэдка. Моладзь... Ёй і нафту хочацца знайсці не там, дзе яе шукалі бацькі. А вось наконт, магчыма, занадта цяжкага для туташняга геалагічнага асяроддзя гліністага раствору Буткевіч і мае рацыю... Сапраўды, ніхто ж спецыяльна не даследаваў, які раствор трэба для мясцовых структур. Бяруць па шаблону, як усюды, ды яшчэ крыху і цяжэйшы для большай гарантыі. Трэба б нашай лабараторыі разам з тэматычнай партыяй даследваць гэтую праблему і падрыхтаваць адпаведныя рэкамендацыі.

Круглову апошняя думка падалася настолькі важнай, што ён спыніўся і ў сваёй запісной кніжцы, там, дзе ён рабіў запісы аб неадкладных справах, занатаваў яе. Напісанае падкрэсліў двойчы — вельмі важна!

У канторы галоўны геолаг адразу ж зайшоў да радыста, папрасіў звязаць яго з першай Зуеўскай. Ля рацыі аказаўся майстар Чугуй.

— Ну што? — спытаў Круглоў, павітаўшыся.

— Нічога цікавага. Выпрабавальнік трымалі цэлую ноч, а...

— І колькі нафты?

— Паўкубаметра. А можа, і меней.

— Што думаеце рабіць далей?

— Лічым, што не варта выпрабоўваць адзін і той жа пласт. Будзем падымаць вышэй.

— Паспрабуйце яшчэ гэты.

— Колькі можна, Мікалай Міхайлавіч? Я ж кажу, паўсутак трымалі выпрабавальнік...

— Патрымай суткі, — раздражнёна загадаў Круглоў і павесіў трубку.

Круглоў зайшоў у свой кабінет, распрануўся, спыніўся ля акна і доўга стаяў, ахоплены роздумам, механічна пастукваючы пальцамі па падаконніку. Ён перабіраў у памяці ўсе выпадкі са свае шматгадовай практыкі і нічога падобнага на тое, што было цяпер, не мог успомніць. Ён нідзе не сустракаўся з такімі адхіленнямі ад нормы, з такімі загадкавымі праявамі, якім проста не знаходзіў тлумачэння. Нафта тут, як заварожаная. Пакажацца і знікне... А можа, наогул яе няма? Але ж гэта зусім неверагодна. Хай невялікія запасы, але павінны быць. Геафізікі адкрылі і апісалі сотню структур, у кожнай з якіх можа сабрацца нафта...

У сваім жыцці Круглоў удзельнічаў у адкрыцці дзесяткаў месцанараджэнняў нафты і газу і ў Крыму, і ў Манголіі, і на Украіне, і на Каўказе, а тут, у Беларусі, раптам аказацца ў такім тупіку... Хаця пакуль што адчайвацца няма ніякіх падстаў. Яму, Круглову, упершыню ўдалося даказаць, што нафта на Палессі не міф, не легенда...Вось нельга гаварыць пра прамысловыя запасы, але яшчэ ёсць час, трэба толькі больш настойліва, больш упарта шукаць і думаць, думаць і шукаць.

Раптам у кабінет літаральна ўляцеў дырэктар канторы Чокан, нейкі радасна-легкадумны, нястрымана-ўзбуджаны.

— Віншую, Мікалай Міхайлавіч! Уся рэспубліка сёння віншуе вас, увесь...

— Прабачце, Павел Фёдаравіч, нічога не разумею.

— Вы хіба не чулі? Мікалай Міхайлавіч! Адстаяце ад жыцця, адстаяце... Сёння гаварылі па радыё пра адкрыццё...

— Вы жартуеце, Павел Фёдаравіч, — не верыў яму Круглоў.

— Ды не, Мікалай Міхайлавіч, — Чокан хацеў яшчэ нешта сказаць, але тут заўважыў, што галоўны зусім не ў настроі, замаўчаў.

— І хто мог паведаміць такое глупства?

— Чаму глупства?

— А таму, што нафты няма. Сёння ноччу выпрабоўвалі яшчэ раз, нацадзілі меней чым паўкубаметра. Гэта не нафта, Павел Фёдаравіч.

— Але ж яна ёсць, — павесялеў Чокан, ён думаў, што Круглоў раздражнёны з-за чаго другога. — І нічога, што па радыё перадалі. Хай ведаюць людзі!

— Калі б я не бачыў, што вы жартуеце, — сказаў далікатна Круглоў, — я б смяртэльна пакрыўдзіўся на вас... Становішча такое, Павел Фёдаравіч, што не да параднай шуміхі. Мы ж дамовіліся: пакуль што ніякіх звестак у прэсу не даваць. Хто ж гэта мог зрабіць?

— З нашых ніхто не даваў, — сказаў Чокан, хаця яму ўчора пад вечар і званілі з Мінска, атрымаўшы допіс нейкага свайго пазаштатнага карэспандэнта, правяралі факты. — Гэта нехта з раённых газетчыкаў паслаў матэрыял. Людзі ж гавораць... А калі першы раз выпрабоўвалі, самі бачылі, колькі там было цікаўных. Не схаваешся, кругом населеныя пункты...

— І на радыё сядзяць безадказныя людзі. Ім абы сенсацыя. Я гэтага не магу зразумець, Павел Фёдаравіч. Трэба папярэдзіць усіх нашых людзей, каб нікому ніякай інфармацыі без нашага з вамі ведама.

— Канешне, канешне, — сказаў Чокан. — Можна нават загадам правесці.

— Не будзе лішнім, — пагадзіўся Круглоў.

— Тады пайду і падрыхтую такі загад, — і Чокан выйшаў.

І калі паведамленне з буравой аб начным выпрабаванні толькі засмуціла Круглова і навяло на роздум, то звестка, з якой да яго завітаў Чокан, зусім вывела старога з раўнавагі, канчаткова сапсавала яму пастрой. А трэба было іменна цяпер, можа, як ніколі, напружана думаць, аналізаваць, супастаўляць, можа, варта б падняць дакументы ранейшай разведкі, якія ён хаця і падрабязна вывучаў раней, але цяпер многае забыў. Ды ўсё яшчэ раз параўнаць, паспрабаваць вылучыць, можа, якую заканамернасць. Але для такіх паглыбленых даследванняў трэба спакой, якога якраз і не было...

Круглоў не мог нічым займацца, хадзіў насуплены, маўклівы і толькі па некалькі разоў у дзень звязваўся па рацыі з першай Зуеўскай, цікавіўся вынікамі чарговых выпрабаванняў.

Нічога суцяшальнага не было.

А яшчэ праз колькі дзён пра адкрыццё беларускай нафты паведаміла і маскоўскае радыё.

Круглоў пазваніў у Мінск Бурдзічу.

— Дзмітрый Зосімавіч, — ледзь стрымліваў сябе Круглоў. — Мы ж дамовіліся пакуль што не паведамляць нікуды пра нашы так называемыя адкрыцці.

— А-а, Мікола, — нібы абрадаваўся Бурдзіч. — Я табе якраз збіраўся званіць... Ну, што ты разышоўся?..

— А тое, што я не ведаю, каму гэты шум патрэбен? У мяне слоў...

— Ды ты пра што, Мікола?

— Сёння з Масквы перадалі...

— А-а... — засмяяўся Бурдзіч. — Хай гавораць, у іх работа такая... Ну як поспехі там, Мікола?

Па тым, як лёгка Бурдзіч адносіцца да шуміхі, паднятай журналістамі, Круглоў здагадаўся, хаця і не паверыў сваёй здагадцы, што ён сам мае дачыненне да гэтай інфармацыі, можа, нават спрыяў ёй, сыходзячы з якіх дзяржаўных інтарэсаў, невядомых Круглову, ну хаця б дзеля таго, каб падняць аўтарытэт беларускай нафтаразведкі. Дык хіба такім шляхам яе падымаюць? Карацей, Круглова так абурылі паводзіны Бурдзіча, што яму болей і не хацелася гаварыць з ім ні пра што, а таму ённават падкрэслена рэзка спытаў, каб хутчэй спыніць гаворку:

— А чаго вы хацелі мне званіць?

— Тут даволі непрыемная рэч, — відаць, не вельмі хацелася гаварыць Бурдзічу. — Дарэчы, колькі вы там атрымалі нафты?

— Калі?

— Пры выпрабаванні.

— Мы некалькі разоў выпрабоўвалі.

— Пры апошнім?

— Паўкубаметра, — уздыхнуў Круглоў.

— Чым вы гэта тлумачыце?

— Што ёсць нафта...

— Ды што з табой там, Мікола?.. Чаму яе так мала?

— Пакуль нічога не ясна. Прычын можа быць многа. Можа, калектар забіла гліністым растворам, можа, не патрапілі ў скопішча нафты, прайшлі міма, а можа, яе наогул там з гулькін нос... Трэба прабурыць некалькі свідравін, каб усё высветліць.

— А не атрымалі вы пры выпрабаванні нафту, запампаваную туды пры аварыі?

— Мне такое глупства ў галаву не прыходзіла, — адрэзаў Круглоў.

— А вось некаму там з вашых прыйшло. Я не жартую, Мікола. У адну нашу ўстанову з Прыпяцка прыйшло пісьмо. Тут, праўда, яно адразу трапіла ў рукі добраму чалавеку... Дык вось невядомы аўтар сцвярджае, што пры выпрабаванні вы атрымалі раней запампаваную туды нафту. Прыводзіць і вынікі аналізу, праўда павярхоўнага, той і другой нафты. Падабенства відавочнае. Вось так... Што загадаеш мне рабіць?

— Што — у вас там няма куды смецце выкідваць? — засмяяўся Круглоў.

— Каб вы там атрымалі гэтай нафты хаця кубаметраў пяць, я даўно б выкінуў гэтае пісьмо ў сметнік і табе б нічога не гаварыў... А так... А раптам копіі гэтага пісьма пайшлі і ў іншыя інстанцыі? І будуць правяраць сігнал. Ты ж павінен ведаць, як цяпер ставяцца да пісьмаў працоўных. А хочацца, каб гэтага не здарылася, бо я ведаю, што для цябе гэтыя праверкі.

— Выходзіць, мяне ўжо трэба і абараняць?

— Ну навошта ж, Мікола, такая крайнасць? Зразумей толькі ўсё правільна. Я проста не маю права не прарэагаваць на сігнал. Калі не я, дык гэта зробяць іншыя, што будзе не лепей. Карацей, чакай камісію. Ятут падабраў нядрэнных хлопцаў... У крыўду не дадзім, Мікола, — у голасе Бурдзіча была бадзёрая ўпэўненасць.

— Чорт ведае што робіцца, — абурыўся Круглоў.

— Не вешай носа, стары, — параіў Бурдзіч. — Усё будзе нармальна. Будзь здароў, мацуйся...

У тэлефоннай трубцы нешта шчоўкнула, як зламалася, а потым доўга тоненька пішчала...

Круглоў нарэшце ўспомніў пра тэлефонную трубку, паклаў яе на месца. Падняўся, глянуў нечага на гадзіннік, пачаў апранацца. Было такое адчуванне, што яму трэба некуды вельмі спяшацца. Ён хутка прайшоў па калідоры, выйшаў на вуліцу і скіраваў да аўтобуснага прыпынку. Там азірнуўся: аўтобус быў яшчэ ў канцы вуліцы. Не стаў чакаць. Задыхаўся: вуліца наперадзе крута брала ўверх. На гэты раз чакаць аўтобуса давялося доўга. Даехаўшы да цэнтральнай плошчы, злез. Азірнуўся разгублена: тут толькі зразумеў, што яму нікуды і не трэба спяшацца. Першапачатковая ўсхваляванасць прайшла. Засталіся ва ўсім целе млявасць і стомленасць. Скіраваў дамоў. Дома не стаў распранацца, а дастаў з кішэні пінжака акуляры, павесіў іх на нос, паглядзеў на Варвару Сіманаўну, якая стаяла ў сінім халаце ў дзвярах на кухню і насцярожана сачыла за мужам.

— Ты, Вар, бачыла калі-небудзь жывога жуліка? Не? — ён неяк марудліва і цяжка ўсміхнуўся. — Дык паглядзі, ён перад табой.

— Вельмі ж сімпатычны жулік, — засмяялася Варвара Сіманаўна.

— Я не жартую...

— Ну, добра, добра. Распранайся.

Распрануўся.

— Я, канешне, ведаю, перакананы, што там хлусня. Камісія, калі ў ёй будзе хоць адзін разумны геолаг, разбярэцца. Але само падазрэнне... Я ніколі такога не чакаў ад Бурдзіча. Хаця ён лічыць, што выратоўвае мяне.

— Вось што, рашуча сказала Варвара Сіманаўна. — Я думаю, табе трэба тэрмінова падаць заяву. Звальняйся, і ўсё. Калі яны так з табой, дык нечага тут сядзець.

— Вось калі звольнюся, тады ўсе павераць, што я сапраўды жулік.

— Няхай думаюць, што хочуць. А мы паедзем, і ўсё.— Настойвала Варвара Сіманаўна.

— Не, Вар, цяпер якраз я звольніцца і не магу. Вось хіба тады, калі ўсім стане ясна, што тое пісьмо — брыдкая хлусня, калі Бурдзіч зразумее, вось тады... Я дакажу ім сваё, а потым... потым паглядзім.

 

З таго дня, як Ліда з малым паехала ў вёску да бацькоў, Лузько ні разу не падмятаў падлогу ў кватэры, не засцілаў раніцай ложак, а проста накрываў пасцелю коўдрай, каб вечарам не трэба было разбіраць яе... На падаконніках, на радыёпрыёмніку, на стале — ляжаў пыл. На кухні ўсе талеркі, шклянкі згрузіў у ракавіну да самых кранаў. У кватэры не засталося ніводнай чыстай шклянкі. Дайшло да таго, што раніцай Лузько піў каву з паліванага карца. Ён так і стаяў на стале з рыжай плямай на дне ад высахлага напітку. Дзесяткі бутэлек — малочных, піўных — займалі палову кухні.

І каб навесці хаця які-небудзь парадак у кватэры, Лузько адразу ж пасля абеду — абедаў ён цяпер у рэстаране — пайшоў дамоў. Падрамаўшы на канапе, каб вечарам не хацелася спаць, калі раптам прыйдзецца сядзець позна, узброіўся вядзёркам з вадой і анучай, пачаў паводзіць чысціню. Выставіўшы жывоцік, ён хадзіў па кватэры і выціраў пыл усюды, дзе ён быў. А потым вымыў падлогу. Бутэлькі з кухні перанасіў у кладоўку. Паплёскаўшыся ў ванне, узяў свежыя газеты і прылёг на канапе. Ад непрывычнай работы балела спіна і нылі рукі. Ён ляжаў, накрыўшы твар газетай ад святла, адпачываў.

Забарабаніў званок.

Лузько хуценька нацягнуў штаны і, на хаду ловячы нагамі пантоплі, пабег адчыняць.

Зайшоў Ступіч, расчырванелы з марозу, з інеем на апушчаных вушах шапкі.

— Што, не чакаў так рана? — распранаўся ён. — А я, брат, так падумаў: чым ісці ў гасцініцу, сядзець там і чакаць вечара, дык лепей адразу зайду да цябе...

— Ну праходзьце, Ігар Трафімавіч, праходзьце, гэта ж я падлогу мыў, дык яшчэ не высахла. Адзін жыву, так што... — Лузько схапіў невялічкі столік і падсунуў яго бліжэй да канапы, заслаў газетай... — Зараз закусь падрыхтуем і...

— Не спяшы, Баціслаў. Паспеем яшчэ. Наперадзе часу многа. Давай пасядзім, пагаворым... — ён сеў на канапу, выцягнуў доўгія ногі... — Чаму ж не пытаешся пра вывады камісіі?

— А што пытацца? Усё ясна. Гавораць, што...

— Ды не зусім «што»... Канешне, лабараторныя аналізы паказалі, што нафты вельмі падобныя. Але гэта яшчэ не доказ. Я, між іншым, адзін з усіх членаў камісіі настойваю, што нафту атрымалі пластавую, а не закачаную...

— Вось гэта ход! — усклікнуў Лузько.

— Не разумею, пра які ход ты гаворыш...

— Ну, каб не падумалі, што мы з табой заварылі ўсю гэтую кашу... Хе-хе...

— Запомні, Баціслаў, мне хочацца дакапацца да ісціны... У навуцы без гэтага нельга. Сёння я настаяў, каб у прысутнасці камісіі было зроблена выпрабаванне свідравіны... У аналізы не вельмі веру. Аказваецца, вы запампоўвалі ў свідравіну ўкраінскую нафту. Наогул, на зямлі нямала месцанараджэнпяў з падобнымі нафтамі, а тут жа ўкраінская. Амаль побач. А раптам украінскае і наша, беларускае, месцанараджэнне, калі такое ёсць, аднаго паходжання... Разважаць, канешне, можна ўсяляк. А ў навуцы галоўнае факты. Аб’ектыўныя факты — і толькі. Мне перш за ўсё самому трэба было пераканацца, ці ёсць тут сапраўды нафта. Доўга трымалі выпрабавальнік... Нацадзілі некалькі літраў. Канешне, смешна гаварыць пра адкрыццё... Мне, канешне, па-чалавечы шкада Круглова. Не хацеў бы быць на яго месцы. Між іншым, я вельмі рашуча настойваў, каб не запісвалі ў акт, быццам ёсць усе падставы лічыць, што пры выпрабаванні атрымалі раней закачаную туды нафту. Навошта ставіць пад сумненне чэснасць такога вопытнага геолага, як Круглоў. Тым больш што гэта не мае асабліва прынцыповага значэння... Галоўнае, што яшчэ раз даказана — нафты няма. І як даказана! Бліскуча! Пасля такога, як пра адкрыццё нафты раззванілі на ўсю краіну. Уяўляеш?.. А ведаеш, адзін з членаў нашай камісіі, праўда, не сур’ёзна, а нібы жартам сказаў, што нібы знарок аб’явілі аб адкрыцці нафты, каб болей пажыць на Палессі, маўляў, прыгрэліся тут, дзе гарады і вёскі, не тое што ў пустыні ці тайзе. Уяўляеш? Адзін так сказаў, а колькі так падумала?..

— Цікава, цікава, — не зводзіў вачэй са Ступіча Лузько. — І што цяпер будзе з нашай нафтаразведкай?

— Калі чэсна, Баціслаў, дык не ведаю. Канешне, не хацелася б, каб яе спынілі, але гэта ад нас не залежыць. Калі хочаш, на будучы год могуць і не даць грошай... Цяпер, пасля вывадаў нашай камісіі, мне здаецца, ні ў кога не хопіць смеласці працягваць яе ў ранейшых маштабах...

— Нашы ўсе зразумелі гэта. Некаторыя кінуліся шукаць работу сабе ў іншых месцах. Некалькі геолагаў ужо звольнілася.

— Лагічна, вельмі лагічна, — усміхнуўся Ступіч. — Калі карабель гіне, усё жывое пакідае яго.

— Між іншым, Ігар Трафімавіч, можа, і мне не варта заставацца на гэтым караблі? — і Лузько дапытліва паглядзеў сваімі глыбокімі вочкамі на Ступіча.

— Я чакаў гэтай размовы, — памаўчаўшы, сказаў Ступіч. — Болей таго, Баціслаў, я прыйшоў да цябе, каб пагаварыць пра гэта. Я прыгледзеўся тут да ўсяго і скажу, што табе ўжо няма чаго рабіць у гэтай канторы. Матэрыялу ў цябе для дысертацыі болей чым трэба. І калі ты сапраўды вырашыў прысвяціць сябе навуцы... Як ты? Канчаткова абраў для сябе гэтую дарогу?

— Канешне, — так паспешліва адказаў Лузько, што Ступіч аж паглядзеў з недаверам на яго.

— Каб потым не шкадаваў. Запомні, дысертацыю напісаць — гэта яшчэ не стаць вучоным. Навука — яна патрабуе ўсяго чалавека. Я табе прызнаюся, што я спачатку таксама з нейкай лёгкасцю ішоў у той храм, а аказалася, што там, можа, як нідзе, няма месца для спакою. Канешне, калі сур’ёзна займацца навукай, а не толькі карміцца з яе. Так што тут трэба ўзважыць усе за і супраць... Хаця, не трэба нічога ўзважваць. Калі пачынаеш узважваць, значыцца, цябе не цягне даследчая работа. Тут павінна быць нешта такое, як першае каханне. Дзеля яго забываеш усё, і ніякіх «за» і «супраць» проста не існуе. Вось так і толькі так...

— Я, Ігар Трафімавіч, навуку абраў для сябе на ўсё жыццё, — Лузько падняўся. Было падобна на тое, што ён сапраўды ўсхваляваны такой шчырай размовай. — І з гэтай дарогі, якая б яна ні была цяжкая, не збочу.

— Да нас у інстытут пойдзеш?

— Большага шчасця для мяне і не трэба, Ігар Трафімавіч.

— Я перагавару з Сіл Сілычам, — паабяцаў Ступіч. — У нас месца ёсць. Сіл Сілыч, здаецца мне, пра цябе нядрэннай думкі. Вядома, пакуль што ніякіх гарантый я не магу даць, але ўсе падставы ёсць спадзявацца...

— Разумею, разумею, — паспешліва пагаджаўся Лузько, нават не даслухаўшы да канца. — Не гарыць, я і пачакаю...

— Хаця, табе скажу, Баціслаў, цябе б і не варта было пускаць у інстытут, а то ўсіх дзевак у нас паадбіваеш...

— Ігар Трафімавіч, на Ліну больш і вокам не кіну, — засмяяўся Лузько.

— Ну добра, Баціслаў, калі пра жанчын загаварылі, значыцца, нам няма болей пра што сур’ёзнае гаварыць. Цяпер можам і па келіху. Нясі, што ў цябе там...

 

Паніка дасягнула і чацвёртай Зуеўскай.

І цяпер кожны раз, калі рабочыя збіраліся разам, то толькі і гаварылі пра тое, хто куды будзе пераязджаць.

— А я нікуды да самага канца,—адзін Кіга, здавалася, не губляў настрою. — Цікава паглядзець, чым усё скончыцца. .

Шкварнік хадзіў маўклівы, насуплены. Кожны стараўся не пападацца яму на вочы. Ведаючы яго настрой, не лез з пытаннямі. Бачылі як ён наляцеў на Івана, якога болей чым каго цікавіў далейшы лёс нафтаразведкі, і які адразу ж, як толькі да яго дайшлі трывожныя чуткі, падсеў да майстра — гэта было якраз у час абеду, у сталовай, — і спытаў: ці праўда, што разведачная кантора ліквідуецца?

— Што вы, як баба якая, плёткі збіраеце? — адрэзаў Шкварнік.

Іван і да гэтага з трывогай чакаў, калі скончаць бурыць свідравіну, але раней у яго была надзея, што можа ўдасца і пасля працаваць з Гайшай на адной буравой, а калі і не ўдасца, дык нічога страшнага, абы на Зуеўскай плошчы. Заўсёды можна сустрэцца, калі захочацца. І вось жахлівыя чуткі пра спыненне нафтаразведкі. Ён вырашыў перагаварыць з Гайшай, пачуць, што яна думае наконт такой змрочнай перспектывы.

— Цудоўненька, — абрадавалася тая. Яе чорныя вочы аж заблішчалі ад радасці. — Я ж паеду дамоў! Ты і не ўяўляеш, як мне хочацца дамоў! — Яна гаварыла толькі пра свой дом, пра бацькоў, па якіх засумавала.

— Як дамоў? — насцярожыўся Іван.

— Сяду і паеду. Цягніком ці самалётам.

— Нешта ты лёгка гаворыш пра гэта.

— Табе добра, бацькі блізенька, захацеў — з’ездзіў.

— А я? — пакрыўджана спытаў Іван. Яму ўжо ўяўлялася, што ён для яе быў толькі забавай.

— А што ты?

— Як што?

Яна не адказала, толькі зыркнула на яго, стрымана ўздыхнула.

— Вельмі проста ты пра гэта гаворыш, — упікнуў ён яе.

А пасля Іван ляжаў на ложку, падлажыўшы рукі пад галаву, гледзячы невідушчымі вачыма некуды ў столь. Ён яшчэ ніколі ў жыцці не адчуваў сябе такім адзінокім, такім пакінутым, такім няшчасным. Беспрасветна змрочным яму ўяўлялася жыццё, у ім, акрамя падману, акрамя здрады, болей нічога і няма. А ён са сваімі пачуццямі, са сваімі парываннямі нікому і не трэба, нікому, нават Гайшы... А калі так, дык нечага яму тут сядзець, праз гадзіну яго і духу тут не будзе.

Ён высунуў з-пад ложка чамадан і пачаў упакоўваць рэчы. У апошні час ён, дурань, напрывозіў з дому і белых сарочак, і пару гарнітураў, і некалькі чаравікаў, розных гальштукаў: хацеў жа адзявацца, каб радаваць сваім выглядам вочы Гайшы... Хацеў быць чысценькім, прыгожанькім, а яна плявала на яго, чысценькага, прыгожанькага...

— На выхадны? — зайшоў у вагончык Кіга.

— Не, — буркнуў Іван, не падымаючы галавы.

— Да Гайшы?

— Ты большага глупства не прыдумаў?

— Можа, і глупства, але заканамернае.

— Мой дарагі калега, — Іван каленам прыціснуў вечка чамадана. — Каб у маёй прысутнасці яе і імя нават не ўспамінаў, калі хочаш застацца маім сябрам. Гэта па-першае. А па-другое, я не на выхадны, а зусім.

— Дзівак! А што пра цябе падумаюць Шкварнік, Буткевіч?

— Пляваць, — сказаў Іван.

— Пасварыўся?

— На ўсё жыццё.

— Ясна. У такім узросце і кахаюць на ўсё жыццё, і сварацца на ўсё жыццё. А прычына?

— Ды ведаеш, — пачаў быў расказваць Іван, але адчуў, што яму нечага і расказаць. — Яна зусім не такая, як я думаў.

— Ты думаў? — перапытаў Кіга. — Ён думаў! Неверагодна. Закаханы думаў! — і Кіга, абняўшы калені рукамі, качаўся на ложку і рагатаў. Сцішыўшыся, загадаў:— Вось што, калега, дай-ка твой чамаданчык, — ён узяў чамадан і падсунуў яго пад свой ложак. — Возьмеш без майго дазволу — растаўку тваю нюхаўку на мачалку. Гэта па-першае. А па-другое... Па-другое, ты і раней нічога не шурупіў, а цяпер дык і зусім без адзінай шарошкі ў галаве. Вось так. Адаспішся, тады пагаворым, — і закончыў жартаўліва: — Ты ж мяне так прывучыў да дамашніх каўбас, што я здохну без іх... Ці табе не шкада мяне?

— Прабач, я гэту дэталь не ўлічыў, — сказаў Іван і зноў плюхнуўся на свой ложак, павярнуўшыся тварам да сцяны.

— Вось зараз ты заняў вельмі зручную пазіцыю для паглыбленага роздуму над сваімі ўчынкамі, і я табе не буду перашкаджаць, — сказаў Кіга. — Але ведай: далёка не пайду і буду трымаць пад неаслабнай увагай подступы да нашага жытла, так што ўцячы табе не ўдасца, — і ён выйшаў.

Іван падхапіўся і прынік да акенца. Убачыў, як да буравой пад’ехаў «казёл», з яго выйшлі Віктар і Дзятлаў і адразу скіравалі на газакаратажную станцыю. Значыцца, пакуль што Гайша нікуды не зможа паехаць... Эх, пагаварыць бы зараз з Віктарам, у яго ж недзе ўсе апошнія навіны пра нафтаразведку. Ды не гаварыць жа з ім пры Гайшы: яна тады адразу зразумее яго і яшчэ будзе смяяцца. Лепей пачакаць, пакуль яны выйдуць са станцыі, не вечна ж ім там сядзець.

Іван апрануўся і зноў прынік да акенца. Вось і Шкварнік скіраваў да газакаратажнай станцыі, з якой якраз выйшлі Віктар і Дзятлаў. Вось яны сустрэліся, парукаліся. Стаяць, размаўляюць.

Іван падышоў да іх. Віктар спачатку яго не заўважаў, бо стаяў да хлопца спіной і вельмі горача гаварыў майстру:

— Атрох Ігнатавіч, я прашу вас, каб пастаянна сачылі за растворам. Каб ні ў якім выпадку яго ўдзельная вага не была большай той, пра якую дамовіліся. Практычна адна ваша свідравіна і засталася. А астатнія закончылі... А болей пакуль Мінск не дазваляе распачынаць... Ва ўсякім выпадку, да асобага распараджэння Бурдзіча... Можа, лёс беларускай разведкі сёння залежыць ад вашай свідравіны. Так што... А галоўнае — раствор, Атрох Ігнатавіч...

— А раптам там нафта, Віктар Аляксандравіч? — спытаў Шкварнік і акінуў геолага насмешлівым позіркам, маўляў, ён яшчэ і пра нафту думае. — Можам і не ўтрымаць?

— Я згодзен і на аварыю, абы нафта,— сказаў Віктар.— Бо калі тут нічога не атрымаем, то... А мне верыцца, што ў нас ёсць нафта. Яна ёсць і на Быкаўскай, ды толькі не змаглі яе знайсці. Нечага мы з вамі не ведаем, Атрох Ігнатавіч. Бо больш нічым я не магу растлумачыць і тыя газапаказанні і іншыя з’явы, якія там назіраліся...

— Прывітанне! — скарыстаў перапынак у іх гаворцы Іван.

— А-а, — падаў яму руку Віктар. — Значыцца, працуем? Адчуваю, што хутка прыйдзецца мне расплачвацца з табой.

— Ды хутка, Віктар Аляксандравіч, калі толькі да таго часу нас не паразганяюць...

— І вось так усе, — паскардзіўся Шкварнік. — Як падмянілі людзей... Усім тлумачу, што гэта толькі чутка. У сваім жыцці я нямала наслухаўся такіх чутак. Кожны год што-небудзь было. Але і да гэтага часу шукаем нафту... І будзем шукаць не адзін год. А што — не так, Віктар Аляксандравіч? — майстру хацелася, каб Віктар пацвердзіў яго думку, але Віктар ці не зразумеў старога, ці проста не бачыў у гэтым сэнсу.

— Канешне, разведку могуць спыніць, можа, яе і спыняць, — сказаў ён. — Для гэтага дастаткова аднаго подпісу якой-небудзь адказнай асобы ў Маскве. Але гэта ніколькі не будзе даказваць, што ў нас няма нафты... Больш таго, як толькі нам удасца атрымаць нафту, тады толькі і пачнецца сапраўдная разведка.

— Мне вельмі важна ведаць, — не адставаў Іван. — Нас цяпер разгоняць ці не? Іменна цяпер мне трэба ведаць гэта, Віктар Аляксандравіч.

— Ну, з такой катэгарычнасцю, як ты пытаешся, я адказаць не магу, бо не ведаю, — усміхнуўся Віктар. — Але па ўсім відаць, што, як ты кажаш, разгоняць. Я табе скажу, калі па-дзяржаўнаму падыходзіць, дык і трэба. У краіне нафты нямала і ў другіх месцах, толькі здабывай. А мы тут толькі грошы пераводзім, а вынікаў, як кот наплакаў. Але гэта будзе, Іван, і не сёння, і не заўтра. Думаю, ты яшчэ паспееш займець сабе двухгадовы стаж перад інстытутам... — і зноў звярнуўся да Шкварніка. — Дык вы тут глядзіце, Атрох Ігнатавіч. Як толькі заўважаць што газакаратажнікі, адразу ж падымайце керн. І шукайце мяне, дзе б я ні быў.

— Усё будзе зроблена, Віктар Аляксандравіч, — паабяцаў Шкварнік.

Як толькі Віктар з Дзятлавым паехалі, Іван адразу ж пайшоў да Гайшы. Тая сустрэла яго, як і сустракала заўсёды, светлай усмешкай, радасным бляскам вачэй. Івану стала аж ніякавата, што ён яшчэ нядаўна думаў пра яе абы-што.

— Зараз з Буткевічам гаварыў, — пачаў ён яшчэ ў парозе.

— І што табе сказаў Буткевіч? — нечаму ўсміхнулася.

— Сказаў, што нас могуць сапраўды таго... Калі мы не знойдзем нафту.

— Прыйдзецца яе знайсці, — паабяцала Гайша. — А то ты не перажывеш расстання.

— Гайша, а раптам нафты ніякай і не будзе? А? Нідзе ж не было, а то раптам тут. Тады як? Я сур’ёзна, Гайша, — ён нясмела ўзяў яе за руку.

— Не ведаю, — прашаптала яна. — Прыйдзецца сапраўды ехаць дамоў.

— А я?

— Не ведаю. Я не ведаю, што ты думаеш рабіць.

— Я цябе не пушчу.

— А што мне тут рабіць? У мяне такая спецыяльнасць...

— Ну тады я паеду з табой. Як ты? Я сур’ёзна, Гайша. Я хачу, каб усё жыццё разам. Разумееш? Як ты?

— Яшчэ пытаешся...

 

Вясна набірала сілу...

На ўзгорках растаў снег і паказалася чорная ралля, а ў нізінах ён яшчэ сінеў, набраклы вадой. Сцежкі і дарогі, утаптаныя за зіму, пацямнелі, нібы падняліся над зямлёй, моцна трымаліся пад нагамі. Лёд на Дняпры адышоў ад берагоў, і начамі чулася, як стагнаў ён ад непасільнага напору вады, які мацнеў з кожным днём. Вось-вось павінен быў пачацца крыгаход.

У вокны, шырокія і чыстыя, цэлы дзень біла зыркае святло, яно, можа, болей як што напамінала Тамары пра вясну.

І калі яшчэ ўзімку ёй жылося болей-меней спакойна: прыемна нават было сядзець у добра напаленай хаце, калі на вуліцы выла завіруха, то цяпер у пакоях здавалася і цесна, і душна, і пыльна... А выйсці не было куды. Толькі хіба пахадзіць па пасёлку, дзе ў зацішку снег растаў і адкрылася чорная топкая зямля, ступіўшы ў якую не лёгка было выцягнуць і нагу. І Тамары ўспаміналася вясна ў яе родным горадзе, дзе дрэвы даўно пазелянелі і дзяўчаты ў зыркіх сукенках гуляюць па вуліцах... І яе Раечка даўно б скакала ў «класікі» на асфальтавай сцежцы перад домам. Станавілася невыносна сумна, яна проста не знаходзіла сабе месца. Сабрацца ды пайсці ў горад, дарога ж няблізкая, ды разбітая машынамі вельмі. Пазаўчора пайшла на базар — вярнулася з мокрымі нагамі.

Але і сядзець дома было невыносна...

Яна сабралася сама, сабрала дачку, выйшлі на вуліцу.

«Нават і пасядзець недзе, — раздражнёна падумала Тамара. — Трэба сказаць, каб якую лаўку зрабіў, ці што...»

— А куды мы пойдзем, мама? — не стаялася на месцы малой.

— Адстань!

Суседка Фрося, жонка бурыльшчыка Азарава, які з сям’ёй прыехаў аднекуль з Паўночнага Каўказа, выцягвала з хаты коўдры, прасцірадлы і развешвала іх на дроце, які быў напяты паміж вуглом доміка і слупам, на якім вісела электрычная лямпачка. Тая лямпачка не гарэла яшчэ з зімы. Фрося была ў доўгай, відаць, мужавай целагрэйцы, і высокіх, таксама мужчынскіх, гумавых ботах.

— Што, цётка Фрося, сушымся? — падышла да яе Тамара, трымаючы за руку Раечку.

— Сушымся... яна азірнулася, засмяялася. У яе быў вузкі сухі твар. І калі смяялася, дык востры падбародак вытыркаўся наперад. — Грузіцца будзем.

— Куды?

— У кантэйнер, вядома. Мой кажа, можа, прадаць усё, а там купіць, тым больш што не вельмі рэчы якія. Уся мэбля засталася там, на кватэры... А я загадала, каб з’ездзіў па кантэйнер. У руках усё не павязеш, а багажом — капейка немалая. Кантэйнерам танней, ды і ўсё складзём... А то прадаваць. Тут прадасі, а там ці купіш... — цётка Фрося сыпала словамі без упынку, Тамара ледзь дачакалася, пакуль яна сціхла.

— Пераязджаеце куды? — пацікавілася.

— А вы хіба не? Мой кажа, усе пераязджаюць, то і вы хутка паедзеце, — зноў затараторыла Фрося.

— Мы нікуды не едзем, — сказала Тамара.

— Не едзеце, дык паедзеце. Карасікі едуць, Смірновы едуць, Куцця едзе, дык гэта толькі з нашага пасёлка. Мой казаў, што тут застаюцца толькі мясцовыя. Ды і тых доўга трымаць не будуць... Я як толькі пачула, што тут ўсё, каюк, дык свайму і сказала, каб ехаць. Нечага сядзець у гэтай пустыні. А то ваўкамі завыем хутка. Я не магу без людзей, я прывыкла да вобшчаства... Там жа, у нас, магазіны пад бокам, а са станіц як навязуць кавуноў ды дынь — выбірай, не хачу... Там і кватэра, і ўсё. Добра, што не здалі. Мой казаў здаць, а я кажу — не. Паглядзім, што там за рай, а потым. Вось і паглядзелі... Я ж там дворнікам была ў адным домакіраўніцтве і ў другім. А падмятала ля аднаго дома. Ведаеце, у горадзе там так напутана, што гэтыя дамавыя начальнікі самі не ведаюць, дзе што. А ноччу вартаўніком у яслях. Звечара пазамыкаю і — спаць. І мужык іншы раз прыпрэцца. Як дома. Раніцай падмяла, і ніякіх клопатаў. І амаль дзве сотні. А тут? Я тут нікому не трэба. Не, тут я нізашто не застануся, хай мяне золатам абсыпяць. З мяне хопіць. Гэта геолагам давай славу, а мы людзі простыя, нам жыць трэба. Кажы ж свайму — нечага тут сядзець. Ні людзей паглядзець, ні сябе паказаць. А ты ж маладзічка відная... — і яна зашморгала цяжкімі чобатамі ў хату.

— Мама, мама! — тузала за руку маці Раечка, якой абрыдла стаяць. — Мама...

— Ды ціха ты! — раздражнёна сказала Тамара, павярнула назад, дамоў. Убачыла, як малая пакрыўджана захліпала, пагладзіла яе па галоўцы. — Ну, добра. Ты пагуляй тут, толькі ў ваду не лезь. Добра?

— Добра, — кіўнула галавой малая. — А ты?

— Мне дамоў трэба... — і яна, чмокнуўшы дачушку ў шчочку, паспяшыла ў хату. Не распраналася. Села на канапу і расплакалася, як малая. Наплакаўшыся, бяздумна глядзела, як праз поле, па бліскучай ад сонца шашы беглі ў розных кірунках машыны...

— Мам! Мам! — зайшла Раечка. Яна ўпала ў мокры снег. Знізу на белай футры была мурзатая пляма. На падлогу капала вада.

— Што, Раечка? — нібы апомнілася Тамара.

— Чаму ты такая, мама?

— Якая?

— Такая, — і захныкала.

— Ой, мая ты харошая, — яна прыхінула малую да сябе. — Ой, ды ты ўся... — распранула яе і пайшла змываць брудную пляму з футры.

Віктар прыехаў дамоў недзе адразу пасля абеду. І хаця Тамара і не чакала яго на абед — ён рэдка прыязджаў так рана, — але ўсё ж накінулася на яго:

— Пазней не мог?

— Затое прыехаў зусім, — здавалася, ён і ўвагі не звяртаў на яе настрой.

— Як зусім? — устрапянулася Тамара.

— На работу сёння не еду. Пойдзем у Зуеў. Там, казалі, кіно цікавае ідзе.

— А-а, — расчаравалася яна.

— Ты не рада?

— Вельмі рада, Віктар, — у голасе быў непрыхаваны сум. — Мне якраз не хапала толькі кіно. Толькі і марыла пра яго. Дзякую за ўвагу!

— Ды што з табой! — стаяў, трымаючы паліто ў руках, нічога не разумеючы.

— Нічога. Мый рукі.

Віктар адчуў — настрой у жонкі такі, што лепей з ёй пакуль што не заводзіць гаворку. Моўчкі памыў рукі, сеў за стол. Тамара паставіла перад ім абед, села насупраць, разглядала яго так, што ён аж ніякавата адчуваў сябе пад яе пільным позіркам.

— Ну — як?

— Смачна, — адказаў ён, хаця разумеў, што пытаецца яна зусім пра другое.

— Ды смачна ж, — яна ўздыхнула, моўчкі зноў паглядзела на яго, а потым сказала, як упікнула: — А Фрося збіраецца ехаць. Муж паехаў па кантэйнер.

— А-а, — адразу зразумеў яе. — Мне гаварылі, што ён звольніўся.

— А ты?

— Што я?

— Не звальняешся?..

— Між іншым, у нас многія звальняюцца. І не толькі рабочыя. І геолагі. Адзін паехаў у Магілёў шукаць ваду, — засмяяўся.

— Абласны цэнтр...

— Ды кінь ты, Тома.

— Фрося ў горадзе вуліцы падмятае і то не хоча тут сядзець. А я?.. Ты мяне пасадзіў тут, як у клетку. З дачкой... Хаця б бачыла, дзеля чаго. А то ж не бачу.

— Слухай, Тамара, — стараўся Віктар гаварыць спакойна. — Я разумею, што табе тут не весела. Асабліва цяпер. Я і сапраўды вельмі заняты на рабоце. Можа, завезці вас да маіх бацькоў у вёску?

— Ха! Вельмі весела...

— А што? Там і Ліда са сваім малым якраз. Вось удзвюх і...

— Не хапала мне яшчэ стаць нянькай.

— Дзівачка, — сказаў Віктар. — Што, у малога там маці няма, ці што?

— Слухай, Віктар. Я нават не веру, што ты ўсё гэта гаворыш сур'ёзна. Усе бягуць адсюль без аглядкі, а ты ўчапіўся. Што цябе тут трымае? Не разумею. І мы свету не бачым, і сам не жывеш, як людзі. А я... жыць хачу! Ты чуеш? — і яна, закрыўшы твар рукамі, расплакалася гучна, жаласліва.

— Мамачка, не трэба! — кінула Раечка лялькі, з якімі гулялася ў кутку пакоя, уткнулася тварам у прыпол, лавіла і цалавала яе рукі. Яна заўсёды баялася, калі мамка крычала на бацьку. — Не трэба, мамачка, не трэба!

Віктар разумеў, што тлумачыць цяпер што-небудзь жонцы няма ніякага сэнсу. І яму было крыўдна за Тамару, у якой не хапае ні вытрымкі, ні нават тактоўнасці, каб не заводзіць спрэчку пры дачцэ, і балюча было за дачку, за яе яшчэ ж зусім кволенькае сэрца, і ён прымусіў сябе ўсміхнуцца.

— Слухай, Тамара, — абняў яе. — Ды супакойся, калі ласка... Паслухай, Тамара. Ты вось думаеш, што я ледзь не вораг табе. Гэта не так. Я заўсёды хацеў, каб тваё жыццё не было пустое. Праўда. Канешне, нам цяжка, асабліва табе. Я што? Сабраўся і пайшоў, а ты дома адна. Разумею, як табе нялёгка, вельмі разумею.

— Дзякую, — сказала яна. — Я і не ведала, што ты такі ўважлівы.

— Я не ведаў, што так атрымаецца, думаў, і з кватэрай хутчэй будзе, і наогул... Заўтра нас усіх склікаюць на нараду ў Прыпяцк. Можа, сапраўды аб’явяць аб спыненні разведкі. Гавораць жа... І людзі, сама бачыш, раз'язджаюцца... Але я покуль паехаць не магу, Тома. Цяпер. Я адказваю за буравыя. А потым, мне хочацца дачакацца канца бурэння чацвёртай, што на балоце... Калі чацвёртая акажацца сухая, то...

— А калі на чацвёртай нафта?

— Тады, сама разумееш... Тады тут такое пачнецца... Але хутчэй за ўсё нічога не будзе. Гэта было б занадта неверагодна, каб яна там аказалася...

— А не акажацца, і цябе перавядуць зноў у якую глухамань. І зноў усё спачатку?

— Калі тут не будзе нафты, мне тады будзе ўсё роўна куды ехаць... Я марыў знайсці яе на сваім Палессі... Даўно марыў... А калі не будзе, дык...

— Вернемся назад?

— Сядзець жа тут не будзем, — няпэўна адказаў Віктар, але Тамары дастаткова было і такога адказу.

 

Счакаўшы пару дзён пасля ад’езду камісіі, каб Бурдзіч паспеў пазнаёміцца з яе матэрыяламі, Круглоў пазваніў яму.

— Прывітанне, Дзмітрый Зосімавіч, — гаварыў бадзёра, упэўнена Круглоў.

— А-а, Мікола, — сказаў Бурдзіч так, нібы і чакаў яго званка. — Нешта ты вясёлы.

— Я заўсёды быў вясёлы, Дзмітрый Зосімавіч.

— А камісія?

— Ці мала іх было ў маім жыцці? А потым, я абсалютна не згодзен з яе вывадамі. І не толькі я. А і адзін з членаў камісіі.

— Ведаю, ведаю. Праўда...

— Сумняваецеся? Мне здаецца, абсалютна чэсны таварыш...

— Чорт яго ведае. Не разабраў. Ён даказваў увесь час, што няма нафты, і раптам... Але з ім нельга не пагадзіцца, гэта праўда. На жаль, так думае толькі ён, а члены камісіі...

— Хочаце сказаць, што нам пагражае...

— Дзівак, — засмяяўся Бурдзіч... — Камісію я пасылаў. Я. Разумееш? І пратаколы я трымаю ў шуфлядцы майго стала... Мы будзем іх вывучаць столькі, колькі нам хочацца... Як лічыш, да канца года я паспею пазнаёміцца з вывадамі камісіі?

— Думаю, часу хопіць, — абрадаваўся Круглоў. — Толькі...

— Новая ідэя?

— Не зусім новая, але...

— Ну давай.

— Мы раней планавалі прабурыць некалькі свідравін на Зуеўскай, — пачаў расказваць без упынку Круглоў пра добра абдуманы план. — Мы не ведаем, што пакажа чацвёртая свідравіна, але тыя літры нафты, якія мы атрымалі на першай, пераконваюць мяне ў тым, што нафта недзе побач. Толькі дзе, вось пытанне. А таму лічу мэтазгодным забурыць свідравіны на суседніх структурах... А на якой з іх сустрэнем нафту, тую потым і пачнём даследаваць дэталёва...

— Калі знойдзеш нафту, тады іншая гаворка будзе... А цяпер рабі, як лічыш мэтазгодным. У мяне няма пакуль падстаў не падтрымліваць цябе.

— Пастараюся не падвесці, Дзмітрый Зосімавіч. Толькі нашым планам, зацверджаным вамі, прадугледжаны свідравіны ў асноўным на Зуеўскай...

— А вы прышліце мне запіску. Ад канторы. Афіцыйна, па ўсіх правілах. Мы дазволім. Толькі не марудзьце...

— Хутка вышлем, — паабяцаў Круглоў.

— Жадаю поспеху, Мікола! Бывай! — і Бурдзіч паклаў трубку.

Круглоў які час сядзеў і не варушыўся. Міжвольная ўсмешка асвятляла яго твар. Прыкрасць ад усведамлення няхай і прыдуманай некім вінаватасці, перад якой яшчэ зусім нядаўна адчуваў сябе бездапаможным, праходзіла. Было ясна, што трэба рабіць далей. Выйшаўшы з-за стала, ён паправіў на носе акуляры і нетаропка скіраваў у кабінет дырэктара канторы.

Чокан за апошні час аж счарнеў. На галаве засвяцілася болей сівых валасоў, вочы запалі, як пасля пакутлівай хваробы. Яго звычайна круглы, няпэўных абрысаў, твар павастрэў, больш рэзка абазначыўся крыху раздвоены на канцы падбародак. І не дзіва: за ўвесь час кіраўніцтва канторай ён не перажываў яшчэ такой ганьбы. Было ўсялякае, але каб калі-небудзь і хто-небудзь падумаў пра іх, ці сказаў ім, што яны звычайныя жулікі, авантурысты, такога яшчэ не было. Гэта ж толькі ўявіць, як на розных сходах і нарадах пад смяшкі і хіхіканне ўсёй залы будуць расказваць, як яны «адкрылі» на Палессі нафту... Ды гэта яшчэ што? А то і зусім возьмуць і звольняць яго, ды яшчэ з такой фармуліровачкай, што хоць вешай за плечы рукзак, а на твар сетку і — у тайгу. Пачынай усё спачатку... Прызнацца, дык ён з дня на дзень і чакаў звальнення, нават у думках падрыхтаваўся да яго і жонцы дома некалькі разоў намякаў на магчымыя непрыемнасці. Больш таго, ён нават хацеў, каб тое рашэнне аб яго звальненні было хутчэй, каб не жыць у гэтай пакутлівай невядомасці. На спагаду не спадзяваўся. Ведаў, як строга цяпер ставяцца да ўсіх, хто прыпісвае, тым болей што маецца афіцыйны дакумент аўтарытэтнай камісіі.

Чокан бачыў, што і Круглоў таксама ходзіць сам не свой. І таму нямала здзівіўся, калі да яго ў кабінет зайшоў галоўны геолаг у відавочна добрым настроі. Сеў з боку стала, які час моўчкі глядзеў праз акуляры на дырэктара.

— Вось што, Павел Фёдаравіч, я толькі што гаварыў з Бурдзічам.

«Ясна, чаму ззяеш, як медны кацялок», — падумаў Чокан.

— Што-небудзь прыемнае сказаў Бурдзіч?

— Прыемнае, — не стрываў усмешку Круглоў. — Там вырашылі пакуль што ніякага ходу вывадам камісіі не даваць. Так што ў нас ёсць час спакойна працаваць, так сказаць, ёсць магчымасць рэабілітаваць нашу нафтаразведку.

— Баюся, што нічога не атрымаецца, — прыкметна павесялеў і Чокан. — На што мы можам спадзявацца? Не бачу рэальнай перспектывы. Ну, прабурым яшчэ некалькі свідравін, а далей што? У мяне такое ўражанне, што калі мы і далей будзем працаваць так, як да гэтага часу, то нафты нам не бачыць, як сваіх вушэй. Прабачце, Мікалай Міхайлавіч, за шчырасць, але ў мяне такое адчуванне. Асабліва пасля гэтай камісіі. Я разумею, што не так лёгка знайсці выйсце, але... Між іншым, вы ніколі не думалі над тым, што, магчыма, у нечым правы і нашы маладыя геолагі?.. Павінна ж быць нейкае выйсце з тупіка!

— Пакуль што ніякага тупіка не бачу, — неяк скептычна ўсміхнуўся Круглоў, а потым расказаў аб сваіх меркаваннях наконт далейшай разведкі. — Я пра свой план далажыў Бурдзічу. Бурдзіч абсалютна не супраць, каб у бліжэйшы час забурыць па адной свідравіне на суседніх структурах. Прасіў толькі, каб мы пісьмова падрыхтавалі свае прапановы.

— Вы сур’ёзна? — падняўся Чокан, потым зноў сеў.

— Наконт афіцыйных прапаноў? — не зразумеў яго Круглоў. — Вядома. План разведкі нам зацверджан у Мінску, і толькі Мінск можа яго змяніць... Фармальнасць, але...

— Я не пра гэта... Наконт вашага плана далейшай разведкі.

— Канешне, сур’ёзна, — здзівіўся Круглоў.

— Прабачце, Мікалай Міхайлавіч, — дырэктар перайшоў ледзь не на афіцыйны тон. — А падставы? Відаць, ёсць жа нейкія падставы для такога рашэння?

— Галоўная падстава тая, Павел Фёдаравіч, — Круглоў нібы не заўважыў настрою Чокана, гаварыў даволі дружалюбна, — што гэтыя структуры ніхто і ніколі яшчэ не разведваў.

— Значыцца, Мікалай Міхайлавіч, па прынцыпу, куды пальцам тыцнуў, там і буры.

— Павел Фёдаравіч, прабачце...

— Не, Мікалай Міхайлавіч, гэта вы мне прабачце,— цяпер Чокану не сядзелася, ён абышоў вакол стала, стаў насупраць Круглова. — Я вам шчыра скажу, Мікалай Міхайлавіч. Я вельмі рады быў, калі вы прыехалі працаваць да нас. Я верыў у вас заўсёды. Я і цяпер у вас веру. Я заўсёды вас падтрымліваў і буду падтрымліваць. Але... Я скажу вам шчыра. Вас не зразумеюць. Ад вас чакаюць сапраўды нечага новага, і раптам... Вы ведаеце, Мікалай Міхайлавіч, што вы прыйшлі да таго, з чаго некалі пачыналі вашы меней вопытныя папярэднікі. І выходзіць, прабачце за параўнанне, мы як былі сляпымі кацянятамі, такімі і засталіся.

— Я вас не разумею, — нецярпліва забарабаніў па стале пальцамі Круглоў.

— Пры ўсіх самых найлепшых маіх адносінах да вас, Мікалай Міхайлавіч, — сеў на сваё месца дырэктар і далей гаварыў болей спакойна, — я не магу дапусціць, каб мільёны народных сродкаў траціліся дарэмна, як гавораць рабочыя, заганялі ў зямлю, дзякуючы глыбока навукова абгрунтаваным прагнозам геолагаў.

— Вось вы пра што, — паблажліва ўсміхнуўся Круглоў. — Памылка ўсіх вас ў тым, што вы ўсе чакалі ад мяне такіх ідэй, якія б адразу вывелі нафтаразведку з тупіка. Вы павінны ведаць, што аракулаў сярод геолагаў не было, няма і не будзе. Той геолаг сапраўдны геолаг, які кожны раз у канкрэтнай сітуацыі сумее прыняць найбольш правільнае рашэнне. У данай сітуацыі маё такое рашэнне. І я не вінават, што такое, як вы гаворыце, было. Пакуль што я не бачу іншага, больш рацыянальнага рашэння. Правільнае яно ці не — пакажа практыка. Вось так... Калі ёсць у вас іншыя прапановы, давайце абмяркуем. А калі няма, дык не будзем губляць час на пустыя спрэчкі..— галоўны геолаг падняўся, у дзвярах спыніўся. — Я зараз падрыхтую запіску Бурдзічу, добра было б яе сёння і выслаць. Вы яшчэ будзеце?

— Баюся, Мікалай Міхайлавіч, што я не падпішу яе.

— Ваша справа. Пашлю без вашага подпісу. Тлумачыць, чаму вы не падпісалі яе, не стану. Гэта прыйдзецца рабіць вам.

 

Чокан хацеў адразу ж, як толькі выйшаў ад яго галоўны геолаг, сесці і напісаць Бурдзічу пісьмо, расказаць усю праўду, як тут яго сябра Круглоў шукае нафту, бо рана ці позна, а ўсё роўна некалі ж стане вядомым усё Бурдзічу, і тады той у першую чаргу спытае за недахопы ў яго, Чокана, дырэктара канторы, які замест таго, каб кіраваць калектывам, сядзеў і хлопаў вушамі. Канешне, смешна нават спадзявацца, што Бурдзіч зараз жа зрэагуе на яго пісьмо, болей таго, ён хутчэй за ўсё яшчэ і не паверыць яму, Чокану. Ну і няхай! Затое, калі ўсё ўсім стане вядомым, гэта пісьмо прыгадзіцца яму, як доказ таго, што ён своечасова сігналізаваў, своечасова біў трывогу. Добра, калі так, а раптам ты напішаш і ты ж будзеш вінаватым, і ніхто не стане разбірацца?.. А навошта ўсё браць на сябе?.. А калі напісаць ад імя калектыву? Калектыў — гэта сіла! Іменна калектыў павінен сказаць сваё важкае слова.

Трэба сабраць нараду ўсіх геолагаў і інжынераў канторы і абмеркаваць новы план Круглова. Чокан верыў, што многія падтрымаюць яго, дырэктара, ён памятаў, якія былі спрэчкі, калі абмяркоўвалі план разведкі Зуеўскай структуры... Пасля нарады ён і напіша пісьмо. І тады гэта будзе не яго ўласная думка, а думка ўсяго калектыву, тады ад яго паслання не так лёгка будзе адмахнуцца і Бурдзічу.

На нарадзе галоўны геолаг расказаў аб зменах у плане далейшай разведкі. У канцы свайго выступлення ён асабліва падкрэсліў тое, што не бачыць сэнсу ў тым, каб будаваць новыя буравыя на Зуеўскай плошчы. Маўляў, нельга паўтараць памылкі папярэднікаў, якія колькі год прасядзелі на Быкаўскай, загналі ў зямлю дзесяткі мільёнаў рублёў і нічога не знайшлі. І таму неабходна забурыць па адной свідравіне на суседніх структурах. І, відаць, для таго, каб новы план разведкі не выклікаў асаблівых і, як лічыў Круглоў, непатрэбных цяпер дыскусій, ён паведаміў, што гэты план цалкам адобран Мінскам і што ім нічога не застаецца, як выконваць яго.

Але, здавалася, ніхто і не збіраўся выступаць. Сядзелі, перагаворваліся, а хто чытаў газету ці нешта маляваў у блакноціку. Было такое ўражанне, што нікога нішто тут не цікавіць, — у адносінах да большасці прысутных яно так і было, — а толькі чакалі ўсе, калі скажуць, што можна разыходзіцца. Такія паводзіны прысутных ніяк не ўваходзілі ў планы Чокана. І ён, каб разварушыць людзей, падняўся сам і паўтарыў усё тое, што зусім нядаўна выказаў Круглову у сваім кабінеце. Усе насцярожана прыціхлі. Каб дырэктар адкрыта, перад усімі, пайшоў супраць галоўнага геолага, такое было ўпершыню. Віктар, які спачатку не толькі не думаў выступаць, а, праслухаўшы галоўнага геолага, канчаткова вырашыў звольніцца, і звольніцца неадкладна, нават не чакаючы заканчэння бурэння чацвёртай Зуеўскай, бо пры такіх адносінах да разведкі яму тут абсалютна нечага рабіць, цяпер, пасля выступлення Чокана, зразумеў, што яшчэ не ўсё страчана, што яшчэ варта пазмагацца, і ён папрасіў слова.

— Паважаны Мікалай Міхайлавіч, — пачаў ён як ніколі разважліва. — Вы некалі пры першай сустрэчы з намі ад усіх патрабавалі навуковага падыходу да пошукаў. Правільна патрабавалі. А дзе ж ён, гэты ваш навуковы падыход? Ну добра. Быкаўскую пакінулі. Хаця, на маю думку, зусім дарэмна. Я пра гэта ўжо неяк гаварыў. А вось з тым, што мы пакідаем Зуеўскую, я не магу прымірыцца. Тымі літрамі нафты, якую мы атрымалі на першай, нафтаноснасць структуры даказана. Нафта ёсць. І калі мы не атрымалі пакуль што яе прамысловы прыток, дык толькі таму, што не ўмеем шукаць. Дык не кідаць жа трэба структуру, а, відаць, варта падумаць над новай методыкай пошукаў, падысці да пошукаў сапраўды па-навуковаму. Відаць, ёсць нейкі сакрэт у нашай нафты, і гэты сакрэт трэба і шукаць. А то мы сапраўды сёння пачынаем з таго, як тут гаварыў дырэктар, з чаго некалі пачыналі нашы зусім нявопытныя папярэднікі.

Больш ніхто не захацеў выступаць.

Круглоў, спаслаўшыся на тое, што Віктар нічога новага не сказаў у параўнанні са сваімі ранейшымі выступленнямі, ад заключнага слова адмовіўся.

Складвалася ўражанне, што і геолагам і інжынерам усё роўна было, дзе збіраюцца шукаць нафту. Відаць, таму, што многія з геолагаў хацелі звальняцца і многія з іх ужо заявы падалі, адным словам, настрой у людзей быў такі, што горшага і не трэба. Такой пасіўнасці ў калектыве не назіралася ніколі. Канешне, да гэтага давёў людзей Круглоў сваёй дзейнасцю, думаў Чокан. І седзячы за сталом, разглядваючы панылыя твары геолагаў, інжынераў, Чокан яшчэ больш умацоўваўся ў сваёй рашучасці напісаць Бурдзічу ўсю праўду пра яго сябра. Можа, сам Бурдзіч яшчэ не ведае добра, які Круглоў цяпер, і проста слепа давярае яму...

Калі ў кабінеце засталіся галоўны геолаг і дырэктар, Чокан з ранейшай ветлівасцю сказаў:

— Я, бясспрэчна, пашлю ў Мінск вашы прапановы, Мікалай Міхайлавіч, але, як я гаварыў, падпісаць іх не змагу. Гэта пярэчыць маім поглядам, маім перакананням. Вядома, калі Мінск зацвердзіць вашы прапановы, я буду выконваць. Распараджэнні вышэйшых органаў для мяне заўсёды былі законам.

— Прымусіць вас, паважаны Павел Фёдаравіч, паставіць свой подпіс я не магу, — усміхнуўся Круглоў, паправіў акуляры на носе, нібы яны перашкаджалі яму лепей разглядзець Чокана, зноў усміхнуўся нейкай сваёй думцы.

— Я, канешне, — гаварыў Чокан, стараючыся не глядзець на Круглова, — не стану хаваць сваю думку і мушу напісаць пра яе таварышу Бурдзічу.

— Пішыце, пішыце, — уздыхнуў Круглоў, нібы пашкадаваў Чокана, і выйшаў з кабінета.

Чокан сядзеў і доўга яшчэ не адважваўся ўзяцца за тонкую ручку, якая ракетай тырчала з гранітнага абломка, адшліфаванага з аднаго толькі боку, там, дзе быў надпіс залатымі літарамі, усё яшчэ вагаўся. Усмешка Круглова і яго гэтае «пішыце, пішыце», сказанае з яўным шкадаваннем, крыху збянтэжылі яго. Але Чокан цяпер верыў, што Круглоў зусім не той геолаг, якім яго лічаць усе, — можа, ён быў калі славутасцю, толькі не цяпер, — бо нічога ж новага, нічога арыгінальнага так і не прапанаваў. Якраз так шукалі нафту і да яго. Не, можна пра ўсё маўчаць, толькі .не пра гэта. І гэта будзе не паклёп, гэта будзе чэсная, прынцыповая гаворка...

Чокан дастаў з шуфлядкі стосік паперы і пачаў пісаць:

«Паважаны т. Бурдзіч Дзмітрый Зосімавіч!

Вы атрымаеце наш план далейшых разведачных работ і пад ім не знойдзеце майго подпісу. Гэта невыпадкова. Справа ў тым, што я ў прынцыпе не згодзен з планам галоўнага геолага. У прынцыпе я не супраць пашырэння разведкі, я супраць яе пашырэння ў даным выпадку таму, што яна распаўсюджваецца зусім на выпадковыя структуры, — іх тут неразведаных болей сотні, не лішнім было б разведаць усе, але хто нам дасць такія сродкі?.. Так шукаць нафту, як шукае яе Круглоў, можна было б толькі тады, калі б не было такой навукі, як геалогія. І тым болей мяне здзіўляе, што Круглоў, вопытны геолаг, так упарта адстойвае свой пункт гледжання, не хоча прыслухацца да думак тых геолагаў, хаця тыя таксама нешта ж разумеюць у геалогіі.

У свой час на Быкаўскай структуры, а яшчэ раней і на іншых структурах, геолагі нападалі на сляды нафты. Многія, у тым ліку і я, схільны былі да таго, каб правесці дэталёвую разведку перспектыўных плошчаў. Круглоў жа ні з кім не пагадзіўся і настаяў на разведцы дрэнна вывучанай Зуеўскай структуры. Пры заканчэнні бурэння першай свідравіны газакаратажнікам і маладому нявопытнаму геолагу В. Буткевічу падалося, што бурыцца нафтаносны пласт. В. Буткевіч стаў дабівацца выпрабавання ў адкрытым ствале. У нас няма яшчэ значнага вопыту выпрабавання такім спосабам ды яшчэ на вялікай глыбіні, і я быў супраць яго, я настойваў, каб выпрабоўвалі свідравіну пасля заканчэння бурэння, як мы звычайна і рабілі. Круглоў мяне аб’явіў ледзь не кансерватарам. Канешне, пры такой умове я не стаў пярэчыць і цяпер раскайваюся, бо выпрабаванне закончылася аварыяй, на ліквідацыю якой пайшлі дзесяткі тысяч рублёў. Круглоў застаўся абыякавым да аварыі. Праўда, я мусіў усё ж прыцягнуць вінаватых да адказнасці, аб чым сведчыць адпаведны загад.

Калі на першай Зуеўскай пры выпрабаванні была атрымана нафта, то Круглоў паспяшыў аб’явіць аб адкрыцці ледзь не прамысловага месцанараджэння. Канешне, пра месцанараджэнне гаварыць рана, але што структура нафтаносная — гэта не выклікае ў мяне ніякага сумнення. Як вы ведаеце, аўтарытэтная камісія прыйшла да іншых вывадаў, але з яе вывадамі я рашуча не згодзен. Я, як горны інжынер, вельмі ясна ўяўляю, што пры выпрабаванні атрымаць столькі раней запампаванай туды нафты ніяк немагчыма. Карацей, я перакананы, што пры выпрабаванні атрымана пластавая нафта. Дарэчы, так лічыць таксама і Круглоў. І замест таго, каб адстойваць свой пункт гледжання, мабілізаваць усе веды, свой вопыт, навейшыя дасягненні геалагічнай навукі і глыбока, грунтоўна даследаваць Зуеўскую структуру, Круглоў з неверагоднай легкадумнасцю прапануе разведаць іншыя структуры. Такія дзеянні гавораць за тое, што чалавек, відаць, адстаў ад сучасных дасягненняў навукі, не ведае сучасных метадаў разведкі, сучаснага перадавога вопыту. Круглоў сваім беспрынцыпным, але поўным вялікай амбіцыі, кіраўніцтвам давёў геалагічную службу ў канторы да таго, што большасць геолагаў страцілі веру ў сябе, творча не ставяцца да свае працы, не праяўляюць ініцыятывы. Яны ўжо перасталі верыць самі сабе, што самае страшнае. На апошняй нарадзе, напрыклад, калі абмяркоўвалі новыя планы Круглова, большасць геолагаў вяло сябе вельмі пасіўна. Яны ведаюць, што да іх думкі ўсё роўна ніхто не прыслухаецца. Хаця, трэба сказаць, былі даволі абгрунтаваныя выказванні супраць плана Круглова, але, як і трэба было чакаць, галоўны геолаг застаўся на сваіх пазіцыях. Канешне, у такой атмасферы працаваць цяжка, і не дзіўна, што многія падалі заявы аб звальненні...

Я ведаю, што вы, Дзмітрый Зосімавіч, і Круглоў даўнія сябры. Я, паверце, нічога не маю супраць Круглова як чалавека. Але, ведаючы вашу прынцыповасць, я пішу вам. Хачу, каб вы мелі дакладнае ўяўленне аб той сітуацыі, якая склалася ў нашай канторы дзякуючы Круглову. Я не магу дапусціць, каб гэтая сітуацыя яшчэ больш пагоршылася... Адным словам, калі Круглоў не паставіцца крытычна да сваіх рашэнняў, то пытанне ставіцца так — ён ці я. Я не магу спакойна глядзець на ўсё гэта, а паўплываць на падзеі не маю сілы, бо Круглоў адчувае вашу падтрымку ва ўсім. Адным словам, я не магу ўзяць на сябе цалкам адказнасць за работу канторы ў сучасны момант...

Калі не будуць прыняты рашучыя меры, я мушу звярнуцца тады ў іншыя інстанцыі...»

Напісаўшы апошні сказ, Чокан задумаўся: а ці не вельмі рашуча? Хаця, няхай будзе так, хай ведае Бурдзіч, што яму не ўдасца, калі захоча, схаваць грахі Круглова. А калі Бурдзіч задумае звольніць яго, Чокана, дык ён тады пакажа гэтае пісьмо там, дзе трэба.

Ён націснуў кнопку пад сталом, зайшла сакратарка з прыёмнай.

— Вось вазьміце і аддрукуйце мне два экземпляры, — загадаў ёй.

І калі сакратарка выйшла, ён, слухаючы, як у прыёмнай застракатала пішучая машынка, сядзеў і ўсё яшчэ прыкідваў за і супраць свайго пісьма Бурдзічу... А раптам праўда за Кругловым, раптам Круглоў знойдзе нафту? Хай. сабе і выпадкова... Што ж, тады яму, Чокану, дадуць іншую работу. А калі нафты не будзе? Зноў пачнуць ездзіць камісіі адна за адной, і ў першую чаргу спытаюць у яго, Чокана, куды ён глядзеў... Не, трэба, каб Бурдзіч ведаў праўду пра Круглова.

 

Яшчэ ніколі ў Віктара не было такога дрэннага настрою, як пасля нарады ў Чокана...

Ён выйшаў з канторы і спыніўся на ганку, не ведаючы, куды ісці.

— Ну што? — падышоў да яго Лузько. — Куды кіруеш?

— Вось думаю. '

— Можа, заглянем да мяне? — прапанаваў ён. — Я адзін цяпер, пасядзім, пагаворым. Ці, можа, дамоў спяшаешся?

— Не вельмі, — яму сапраўды не вельмі хацелася дамоў: пачне жонка распытваць пра нараду і, калі даведаецца, што разведка працягваецца, што яе ніхто і не думае спыняць, пачне яшчэ болей дапякаць яго, каб звальняўся.

— Тады пайшлі...

— Пайшлі, — пагадзіўся Віктар толькі таму, што яму ўсё роўна было куды ісці, што рабіць.

Спачатку ішлі моўчкі.

— Ну і як табе нарада? — спытаў Лузько.

— А ведаеш, што я сёння падумаў пра Круглова? Ён, здаецца, не той чалавек, за якога мы яго прымаем. Адкрыў, адкрыў... Ну, адкрыў. А калі? Калі геолагаў было мала, калі шукалі абы-як, калі ніхто не лічыў, колькі каштавала тое адкрыццё. Ён і тут так шукае. Не знайшлі на Быкаўскай, давай Зуеўскую. Паспрабаваў Зуеўскую — нічога, давай другія яму плошчы. Ведаеш, як гэта называецца? Авось і павязе. Каб быць такім разведчыкам, я табе скажу, не трэба быць і геолагам. Дай нашаму Шкварніку тэхніку, дык ён усё Палессе пасвердзіць і без нас, геолагаў. Адным словам...

— Бачу, ты цалкам расчараваўся, — усміхнуўся Лузько.

— Ты ўгадаў, — уздыхнуў Віктар. — Відаць, сапраўды не варта было ехаць.

А хутка яны сядзелі на кухні ў кватэры Лузько і вячэралі. Лузько паводзіў сябе не толькі як гаспадар, а і наогул, як старэйшы і больш вопытны чалавек, які мае права і павучаць, і раіць, упэўнены, што яго парады будуць абавязкова карыснымі.

— Ну і што думаеш рабіць далей? — цікавіўся ён у Віктара.

— Як што?

— Тут застаешся ці збіраешся куды вастрыць лыжы? Я зразумеў цябе так, нібы не збіраешся тут заставацца.

Не ведаю, не думаў яшчэ. Ясна толькі адно, што так працаваць я не магу. І калі ніякіх змен не будзе, прыйдзецца звольніцца.

— Іх не будзе, Віктар, — упэўнена сказаў Лузько.

— Тады, як ты сказаў, буду вастрыць лыжы... А ты?

— Што я? — засмяяўся задаволены сабой Лузько. — У мяне амаль гатовая дысертацыя, адобраная аўтарытэтнымі таварышамі... Год-другі —а можа, і хутчэй — і я кандыдат навук. Так што мяне менш за ўсё цікавіць лёс нафтаразведкі. Я ў любым выпадку з часам перайду працаваць у інстытут. Адным словам, лічы, нейкае больш-менш трывалае месца на зямным шарыку заваёвана... Кандыдат навук — гэта кандыдат навук. Гэта на ўсё жыццё. Не нейкая там пасада, партфелік... Адным словам, Аляксандравіч, я не раіў бы табе звальняцца. Паедзеш адсюль — і што? Лепшае што атрымаеш? Не думаю. Праездзіш усё жыццё — і якім быў, такім і застанешся. Я б табе раіў заняцца дысертацыяй. Матэрыялу тут хопіць на дзесяткі дысертацый. І не заўважыш, як станеш кандыдатам навук. А тады хай табе солі на хвост насыпяць. Вось так. Потым яшчэ падзякуеш мне... Ну, можа, яшчэ патрошкі? — узяўся за напалову адпітую бутэльку.

— Не, хопіць...

— Ну, дык як глядзіш на вучоную кар’еру?

— Станоўча гляджу. Але не ўсім жа быць вучонымі. Я хачу быць, Баціслаў, геолагам, хачу шукаць нафту. І толькі.

— Не разумею я цябе.

— Баюся, што і не зразумееш, — усміхнуўся Віктар і падняўся. — Дзякую за вячэру. Пайду, можа, яшчэ патраплю дамоў.

— Ды ты што? Усе аўтобусы прайшлі.

— На таксі. А таксі не будзе — на спадарожнай якой. Машыны ходзяць...

— Ды кінь ты, — нібы і сапраўды хацеў утрымаць яго Лузько.

— Не, пайду. Жонцы абяцаў, — выйшаў з-за стала Віктар. — Дзякую!

Ён хутка збег па лесвіцы і закрочыў па вуліцы так, нібы і сапраўды куды спяшаўся. На плошчы спыніўся, зразумеўшы, што ісці яму якраз і няма куды. Агледзеўся.

У горадзе снегу ўжо не было. Неба яшчэ святлела дзённым святлом. З Прыпяці цягнула вільгаццю і холадам, чулася, як там шаргацелі крыгі. Па тратуарах гулялі купкамі дзяўчаты, пастукваючы абцасамі бліскучых туфель па настыламу яшчэ асфальту. Прайшлі хлопцы з транзістарам. Высокі тэнар спяваў пра трывожнае і неспакойнае каханне. о . .

Віктар скіраваў праз плошчу туды, дзе ззяў шырокімі вокнамі гастраном. Ля яго быў аўтобусны прыпынак. Якраз падышоў аўтобус. Глянуў на нумар. Адчуў, як трывожна варухнулася сэрца. Ускочыў у гастраном, купіў самую прыгожую каробку цукерак і паспяшыў у аўтобус. Сышоў на апошнім прыпынку. Па знаёмай сцежцы спусціўся да мастка праз роў, у якім яшчэ ляжаў снег, потым падняўся на ўзгорак. Вось і знаёмыя бярозы, на адной з іх вісіць на вяровачцы гладыш, і ў яго ледзь улоўным для вуха звонам капае бярозавік. Неўзабаве і знаёмы дом. У вокнах на вуліцы цёмна, але ў тых, што ў двор, гарыць святло. Ля форткі спыніўся, выцер насоўкай твар, які гарэў так, нібы доўга сядзеў ля жаркага вогнішча.

Дома была маці Зарыны.

— Добры вечар, Домна Капітонаўна, — бадзёра павітаўся Віктар. — Даўно не быў, думаю, дай загляну, як вы тут жывяце.

— Ды даўно, — паднялася жанчына, цярнула ручніком табурэтку. — Садзіся...

— Дзякую, — прысеў ён, трымаючы ў руках каробку з цукеркамі, не ведаючы, што з імі рабіць. — А дзе ж Авяр’ян Агеевіч?

— Пайшоў браканьераў лавіць. Гэта ж яны, каб ім ужо тая рыба поперак горла стала, страляюць рыбу, што на нераст ідзе. З ружжа. Міліцыя паехала, і мой з імі...

— А Зарына дзе? — як мага абыякава спытаў Віктар.

— Ой, Зарына... — уздыхнула старая. — Пайшла ж у кіно. З Генкай. З вашай канторы хлопец.

— А як прозвішча?

— Не ведаю. Такі кучаравенькі. Як не на рабоце, так і тут. Кветкі ўсё носіць. Дзе іх толькі і бярэ цяпер?.. Ты ж паглядзі, — яна адчыніла дзверы ў залу, уключыла святло. На стале ў слоіках і глячыках стаялі некалькі букетаў жывых кветак. — Я і Зарыне гаварыла, каб загадала яму не насіць іх, гэта ж колькі грошай трэба. Цяпер кветкі сама ў цане, ды яшчэ і якой. І сама казала яму, а ён усё роўна сваё: носіць і носіць... «Ажанюся, тады перастану насіць», — кажа. Такі дзівак...

— Ну, павіншуйце яе ад майго імя, — ён аддаў цукеркі. — Можа ж, і вяселле хутка.

— Хто ж яго ведае, — яна рукой выцерла вочы, якія так па-здрадніцку заблішчалі. — Ды няхай самі, як хочуць... А вы садзіцеся, во чаю пап’ём. А там і стары вернецца... А можа, і Зарына з Генкам падыдуць... Яны заўсёды пасля кіно прыходзяць. Генка кажа, што не хоча крыўдзіць будучую цешчу і не адмаўляецца ад яе вячэры, якую яна спецыяльна рыхтавала для будучага зяця. Такі дзівак!.. А стары мой крыху недалюблівае яго. Хлопец пагаварыць любіць, паразважаць, а мой стары маўчун, як тая рыба, — відаць было, што Домне Капітонаўне падабаўся той незнаёмы Віктару Генка. — Ды сядайце, Віктар Аляксандравіч, сядайце.

— Не, дзякую, вельмі дзякую, Домна Капітонаўна, — развітаўся ён.

Віктар ішоў па горадзе і не думаў пра тое, што ўжо даўно быў вечар, што хутка будзе ноч і варта было б паклапаціцца, дзе пераначаваць... Такой душэўнай апустошанасці, такой абыякавасці да ўсяго на свеце і да сябе ён яшчэ не ведаў ніколі...

Гарадская плошча была бязлюдная. У многіх вокнах не гарэла святло — людзі спалі. Яшчэ мацней, чым надвячоркам, чулася, як на Прыпяці шаргаціць лёд. Віктар перасек плошчу і скіраваў на тую вуліцу, якая вяла да маста праз Прыпяць, спадзяваўся, што раптам пападзецца якая спадарожная машына на Зуеў. А не пападзецца, дык пойдзе пешшу... Будзе ісці. Хоць усю ноч. Раптам заўважыў, што ў рэстаран яшчэ пускаюць. Зайшоў. Калі няма куды спяшацца, то можна пасядзець і ў рэстаране... Да яго адразу ж падышла афіцыянтка. Адчуў, што ажывіўся, весялей паглядзеў навокал: з'явілася мэта — трэба сядзець і чакаць, пакуль прынясуць гарэлку, якую, чамусьці, трэба выпіць... Людзі часцей за ўсё п'юць не ад радасці і не ад гора, а калі на душы пустэча, калі ніякага настрою, калі не бачна іншых сродкаў вярнуцца да напоўненага жыцця...

Віктар ап’янеў адразу. Ва ўсім целе з’явілася нястрыманая лёгкасць, а рукі і ногі сталі як не свае, так і падмывала зрабіць нешта незвычайнае. Хацелася, каб усе бачылі, як яму лёгка і весела, і каб вакол яго ўсім таксама было лёгка і весела.

На ўсю залу грымела музыка, якая вылятала з драўлянай скрыні пад празрыстым зверху каўпаком. Да скрыні падыходзілі мужчыны, кідалі капейкі, і яна з механічнай добрасумленнасцю выдавала кожнаму яго порцыю музыкі.

Віктар таксама накіраваўся да гэтай скрыні, спыніўся перад ёй, і, апусціўшы рукі глыбока ў кішэні штаноў, прыгнуўся, і крыху падаўся тулавам наперад. З зацятай упартасцю разбіраў слова на замежнай мове, якім называлася гэтая музычная скрыня, і ніяк не мог з асобных складоў скласці нешта цэлае. Азірнуўся. Убачыўшы недалёка ад сябе афіцыянтку, паклікаў пальцам яе да сябе.

— Скажы, мілая, што гэта такое — хі-фі? На якой мове такое слова — хі-фі?

— Таварыш, — сказала строга афіцыянтка. — Ідзіце на сваё месца, я падыду і растлумачу.

— Не, ты скажы мне цяпер, — ён узяў яе за руку вышэй локця. — Што гэта значыць — хі-фі?

— Пусціце! Я гавару вам.

— Хі-фі!!! — сказаў раптам Віктар ёй на вуха, як па сакрэту. — Гэта значыць хі-хі-хі...

— Слухай, друг, — падышоў шыракаплечы дзяцюк з кароткім чубчыкам і ўставіўся на яго шклянымі вачыма. — Слухай, друг! — у голасе яго гучалі адкрыта трагічныя ноткі, як у акцёра на сцэне. — Ідзі і сядзь, а то засякуць. Ці табе хочацца начаваць у выцвярэзніку?

— Дзякую табе, — абняў Віктар незнаёмага. — Як ты правільна сказаў. Ты і сам не ведаеш, як ты здорава сказаў... Мне сапраўды вельмі патрэбен выцвярэзнік. Разумееш? Выцвярэзнік! А ты думаеш, мяне здагадаюцца туды пусціць? Нізашто. У іх не хопіць для гэтага гуманізму. Але нічога! Друг, дай тваю руку. Вось так. Аднаму табе прызнаюся, што я сам туды пайду... Толькі дап’ю сваю гарэлку. Хочаш выпіць са мной, друг?

— Не, я цябе сам хочу пачаставаць, — запярэчыў незнаёмы. — Як толькі цябе ўбачыў, я адразу падумаў: вось ён, каго я павінен сёння пачаставаць. Я атрымаў ганарар за гумарэску і сёння весялюся сам. Што — я павінен смяшыць толькі людзей? А я, можа, сам хачу весяліцца. Пайшлі, частую, — і ён пацягнуў Віктара за свой стол. Яму падсунулі крэсла, перад ім паставілі талерачку з вінегрэтам. Новы сябра наліў яму келіх.

— За дружбу! сказаў Віктар. — За тваё здароўе, друг! — і пачаў піць. Зрабіўшы некалькі глыткоў, панюхаў тое, што было ў шклянцы. Вакол стрымана хіхікнулі. — Ты чым мяне частуеш, гад? Ты мяне вадой частуеш, гад! — і ён выпляснуў у твар свайму новаму другу ўсю ваду, падняўся. — Я не хачу з табой побач сядзець! Друг знайшоўся. Хі-фі — і толькі...

Шыракаплечы дзяцюк з мокрым чубам, які прыліп рэдкімі пасмамі да лба, кінуўся на Віктара. Яго за рукі ўтрымлівалі сябрукі.

— Валодзя, Валодзя! — угаворвалі яго. — Кінь ты! Бачыш, чалавек зусім п’яны. Адаспіцца і прыбяжыць яшчэ прасіць прабачэння. Валодзя, Валодзя!..

— Не трэба мне яго прабачэння, — вырываўся той. — Ён, бяздарнасць, мяне вадой! Мяне! Ён хаця ведае, хто я такі?!

Вакол пачалі збірацца цікаўныя.

— Слухай, таварыш, — звярнуўся да Віктара адзін з кампаніі гэтага самага Валодзі. — Ты, калега, калі павячэраў, дык ідзі дамоў. Ні табе, ні нам скандал не трэба. Наш гумарыст і так нядаўна быў у міліцыі. Калі яшчэ раз пападзецца, то не даруюць. А ў яго двое малых...

— Ну, малым я заўсёды рады дапамагчы, — горда сказаў Віктар і скіраваў да выхада. І хаця да рэстарана ён збіраўся ісці праз мост на дарогу на Зуеў, цяпер павярнуў у другі бок і хутка аказаўся зноў на гарадской плошчы. Убачыўшы ля будынка з цёмнымі вокнамі міліцыянера, падышоў да яго:

— Прашу прабачэння! Бачу, вы адзін...

— Я вас слухаю, — паправіў рэмень на шынялі міліцыянер.

— Дарагі таварыш, адпраўце мяне ў выцвярэзнік, — папрасіў Віктар. — Мне трэба быць цвярозым. Абавязкова. Мне трэба над многім падумаць.

— Ідзіце і праспіцеся, грамадзянін, — загадаў той. — Калі вам сапраўды думаць захацелася.

— Захацелася! — з выклікам сказаў Віктар. — Вам таксама б не пашкодзіла. А то стаіцё і нічога не ведаеце. І не хочаце ведаць. А таму і не здагадваецеся, што ў вас пад нагамі. А хіба нетак? Вось скажыце, што ў вас пад нагамі?

— Грамадзянін!..

— Што вы заладзілі — грамадзянін, грамадзянін... Болей слоў няма? Я пытаюся, вы ведаеце, на чым стаіце? Не. А паглядзіце сабе пад ногі. Ды не так трэба глядзець, а глыбей, глыбей... Не можаце? Я таксама не магу. Дык адпраўце мяне ў выцвярэзнік. А можа, разам пойдзем, таварыш міліцыянер?

— Я вас папрашу!

— Не, гэта я вас папрашу, — не адставаў Віктар. — Вось вы ведаеце, якое месца на тэлевышцы займае ваша жыццё?

Самае дзіўнае было ў тым, што Віктар вельмі добра ўсведамляў і нават крытычна ацэньваў свае дзеянні, нібы назіраў за сабой збоку, здзіўляючыся сваім выкрутасам. Але спыніцца не мог. Урэшце міліцыянер не вытрываў яго бязладнай балбатні і пранізліва зацвірчэў у свой свісток. Аднекуль з’явіліся маладыя хлопцы, схапілі Віктара, заламалі за спіну рукі, хаця ён і сцвярджаў, што пойдзе сам, і павялі.

— Вы здурнелі, ці што? — стараўся ён наладзіць кантакты са сваімі праважатымі. — Замест таго, каб паразважаць з чалавекам, дык вы яму рукі за спіну... Эх, вы!.. Не хочаце зразумець свайго брата, не хочаце... Канешне, рукі за спіну лягчэй, чым зразумець.

— У аддзяленні зразумеюць хутка, — смяяліся дружыннікі.

У міліцыі, у невялікім пакоі з лаўкамі, накшталт тых, што стаяць у парку, на стале сядзеў дзяжурны лейтэнант і, абапёршыся адной нагой на табурэтку, дрынкаў на гітары. Не адрываючы вачэй ад струн, спытаў:

— Буйны?

— Ды не... Толькі балбоча абы-што.

— Няхай пасядзіць. Машына пайшла на станцыю. Потым завязём у выцвярэзнік.

— Хоць адзін чалавек знайшоўся, — Віктар сеў на лаўку, самлелыя рукі, якія цяпер балюча адыходзілі, палажыў на калені. Першае ап’яненне, якое рабіла яго надзвычай легкадумным, прайшло. Балела галава, аж расколвалася. У роце збіралася горкая слюна. Здавалася, вось-вось — і стане зусім блага. Віктар мацней прыціснуўся патыліцай да халоднай сцяны і заплюшчыў вочы. Было агідна за самога сябе. А тут яшчэ гэты лейтэнант са сваёй гітарай. Нібы не па струнах дрынкае, а па яго нервах... Раптам гэтае дрынканне сціхла.

— Прозвішча? — пачуўся голас дзяжурнага. — Та-ак, Віктар Буткевіч. Ясна. Год нараджэння? Дзе жывеш? Працуеш? Ага, геолаг. Што ж гэта, дарагі, з табой? — голас нібы і спачувальны.

— Я нічога не рабіў...

— Усе вы нічога не рабілі, калі сюды пападаеце, — у голасе зноў строгасць. Відаць, не любіць, калі перад ім апраўдваюцца.

— Праўда, таварыш лейтэнант. Сумна стала. Ну, вядома, выпіў. Хацеў забыць гэты сум...

— А тут грамадскасць не дазволіла? — усміхнуўся дзяжурны.

— Іду па гораду. Бачу, міліцыянер сумуе.

— Пры выкананні службовых абавязкаў, — паправіў яго лейтэнант. — А не сумуе.

— Ну вось, бачу, сумуе пры выкананні службовых абавязкаў, захацелася пагаварыць з чалавекам. Відаць, малоў нейкае глупства. Вось і тут... Я, таварыш лейтэнант, проста стаміўся. Вы дазвольце, прылягу, адпачну крыху і, убачыце, буду чалавекам... У норме, так сказаць...

— Ладна, кладзіся, — і дзяжурны зноў узяў у рукі гітару...

 

Калі Дзятлаў, які падмяняў Гайшу, — Гайша на некалькі дзён паехала ў Прыпяцк, — убачыў, што газу з раствору выдзяляецца ўсё больш і больш, ён часцей пачаў браць яго на аналіз. Кігу, які прыйшоў на газакаратажную станцыю, папрасіў дапамагаць, і той цяпер толькі тое і рабіў, што бегаў з кефірнымі бутэлькамі па раствор. Па аналізу газу было відаць, што там, на глыбіні, долата пачало крышыць нафтаносны пласт. Па буравой разнесліся чуткі, што газакаратажнікі нешта заўважылі. Хлопцы з начной змены, якія павінны былі якраз адпачываць, не клаліся спаць наогул. Усе чакалі... Шкварнік таксама хваляваўся, але сядзеў у сваім вагончыку, запаўняў нарады. Недзе апоўначы, калі на папяровай стужцы хроматэрмографа пачалі выпісвацца вострыя пікі, Дзятлаў папрасіў Шкварніка тэрмінова падняць керн, а сам паехаў па Віктара. Віктара дома не было, жонка сказала, што ён не прыехаў яшчэ з Прыпяцка.

І толькі на досвітку Дзятлаў знайшоў яго ў аддзяленні міліцыі. Віктар, адну руку падлажыўшы пад галаву, а другую звесіўшы ледзь не да падлогі, моцна спаў. Дзятлаў падзёргаў яго за нос. Віктар заматаў галавой, нешта замармытаў і расплюшчыў вочы.

— Ну, ачухаўся? — спытаў Дзятлаў.

— Здаецца, — сеў, пазяхнуў.

— Дзе цябе толькі не шукаў. І дома, і ў Лузько, і там, за ровам, быў...

— Не мог пазней прыехаць, сама сон нейкі глядзеў,— паправіў далонню чупрыну, глянуў на Дзятлава. Ну, што там?

— На чацвёртай газапаказанні...

— Керн?

— Сказаў Шкварніку.

— І як?

— Можа, дзе і паднялі.

— Вы прабачце мне, таварыш лейтэнант, а мне трэба ехаць. Работа, — падняўся Віктар.

— Ідзіце, ідзіце, — дазволіў лейтэнант. — Жадаю поспехаў!

На буравую яны прыехалі, калі сонца паднялося высока і ў нізкіх месцах блішчалі азёры талай вады. З узгоркаў падымалася пара. Вакол буравой таксама разлілося цэлае мора. Праехалі па зімняй дарозе, якая ляжала сінім ільдом, што добра бачыўся праз празрыстую ледзь-ледзь жаўтаватую ваду. Усе рабочыя — і тыя, што стаялі на вахце, і тыя, што павінны былі адпачываць пасля начной змены, — сабраліся ў вагончыку майстра. Дзверы былі адчынены насцеж. Перад Віктарам усе расступіліся. На стале, на кавалку цэлафану, стаяў чорны цыліндрык, керн. Там-сям па ім відавочна выступалі масляністыя кроплі, нібы пот.

Віктар агледзеў керн і, не хаваючы радаснай усмешкі, спытаў у Шкварніка:

— Як раствор?

— Як вы і сказалі, Віктар Аляксандравіч. Аблегчылі крыху.

— Добра... Трэба, Атрох Ігнатавіч, зараз жа каго паслаць па тэстар. Ён недзе на першай. І будзем выпрабоўваць.

— Зараз?

— Іменна зараз. Потым будзе позна.

— Без дазволу, Віктар Аляксандравіч?

— Пакуль той дазвол, дык...

— Віктар Аляксандравіч, я не магу без дазволу. Раптам зноў аварыя.

— Атрох. Ігнатавіч, Атрох Ігнатавіч, — гарачыўся Віктар. — Вы разумееце, што вы гаворыце? Гіне ідэя! Разумееце?

— Усюды бюракратызм! — абураўся Дзятлаў. — Віктар Аляксандравіч, давайце без яго. Не зможам, ці што?

— Каб яшчэ не аварыя на першай, а так...—нібы апраўдваўся Шкварнік.—Звяжыцеся з начальствам па рацыі.

— Па рацыі? — нервова засмяяўся Віктар. — Ды нашаму дырэктару трэба вось гэтым кернам пад нос, тады, можа, паверыць... Добра, Атрох Ігнатавіч, я паеду ў Прыпяцк. А вы тут усё ж рыхтуйцеся да выпрабавання. Думаю, мы дазволу даб’ёмся.

Прыехаўшы ў кантору, Віктар і Дзятлаў адразу ж пайшлі ў кабінет галоўнага геолага. Круглоў сядзеў за сталом і разглядаў геалагічныя карты. Яны займалі ўвесь стол і краямі звісалі да падлогі.

— Вось! — і Віктар паставіў прама на карту керн, разгарнуў цэлафан. На цэлафане засталіся жаўтаватыя масляністыя плямы.

— Нафта, Мікалай Міхайлавіч! — урачыста сказаў Дзятлаў.

Круглоў нетаропка і доўга разглядаў керн праз лупу.

— Нафтаносны яўна, — Віктару падалося, што Круглоў нібы сумняваецца.

— Бачу,— паморшчыўся галоўны.

— Між іншым, Мікалай Міхайлавіч, керн паднялі з міжсолевых, — сказаў Віктар. — І на Быкаўскай трэба б дасканала даследаваць міжсолевыя...

— Неверагодна, проста неверагодна, — не мог адарваць вачэй ад керна Круглоў. — Ніколі не думаў пра міжсолевыя, ніколі не думаў... Ды раней нідзе і не сустракалася мне такое. Калі тут акажацца нафта, то... — ён не дагаварыў, падняўся, паглядзеў на хлопцаў. — Канешне, трэба выпрабоўваць. Але без дазволу Чокана нам не абысціся. Зайдзіце да яго.

Дырэктар сядзеў за сваім сталом, абхапіўшы галаву рукамі. Ён нават не паварушыўся, калі хлопцы без усялякага папярэджання ўварваліся да яго ў кабінет і паставілі перад ім керн.

— Керн, — сціпла сказаў Віктар.

— Бачу, што не рэпа, — буркнуў, не падымаючы вачэй ад стала, дырэктар.

— Нафтаносны, — удакладніў Дзятлаў.

Цяпер Чокан падняў вочы на Дзятлава.

— Здаецца, нафта, Павел Фёдаравіч... — Віктар бачыў настрой дырэктара і стараўся гаварыць памяркоўна.

— Нафта, нафта, — дырэктар падняўся, падышоў да высокага, як шафа, зялёнага сейфа ў кутку, наліў з графіна, што стаяў на сейфе, шклянку вады, выпіў. — Дзесяць год адно і тое ж. А дзе яна, ваша нафта? Дзе? Няма!

— Будзе! — Дзятлава смяшыла раздражнёнасць дырэктара.

— Ты, — дырэктар ледзь не ў грудзі Дзятлава тэрцнуў пальцам, — яшчэ будзеш адказваць мне за аварыю на першай. Носішся з газавым каратажам, як з пісанай торбай, людзей толькі баламуціш, а вынікаў ніякіх.

— Вынік у вас на стале, — ледзь не закрычаў Дзятлаў, пакрыўджаны за свой каратаж.

— Я даволі наглядзеўся на гэтыя чуркі, — Чокан зноў схапіўся рукамі за галаву і, здавалася, забыўся на хлопцаў. Нешта вельмі пакутлівае прыгнечвала яго, што яму цяпер было і не да нафты. Сказаў ціха, нібы сам сабе: — А нафты як не было, так і няма.

— Мы, Павел Фёдаравіч, лічым, што трэба тэрмінова выпрабоўваць свідравіну, — сказаў Віктар.

— Зноў у адкрытым ствале? — устрывожыўся Чокан.

— Канешне, — адказаў Віктар.

— Вы лічыце, што мне адной аварыі мала? Вы хочаце падкінуць мне яшчэ адну? — гарачыўся дырэктар. — Не, хопіць мне і адной. Ніякіх выпрабаванняў! Ніякіх! Чуеце? Заяўляю з усёй катэгарычнасцю...

— Дык вы супраць? — пачаў загортваць керн у паперу Віктар.

— Здаецца ж, сказаў вельмі ясна, — падняўся Чокан, даючы зразумець, што гаворка скончана. — Тым больш што інжынер Дзямідаў звольніўся і некаму займацца выпрабаваннем. А без спецыяліста я не маю ніякага права вам дазволіць...

— У майстра Шкварніка ёсць афіцыйны дакумент на права працаваць з тэстарам, — нагадаў Віктар. — Відаць, вы самі яшчэ накіроўвалі яго на курсы...

— Накіроўваў, накіроўваў... Ну і што, калі накіроўваў? А без інжынера дазволіць не магу, — стаяў на сваім Чокан.

— Трымціце за сваё месца? — выпаліў Дзятлаў.

— Ну, ведаеце, — Чокан адразу і не знайшоўся, што сказаць. — Я вас па-п-прашу, як кажуць, дзверы з таго боку... Навучыцеся размаўляць з кіраўніцтвам, а потым заходзьце...

Круглоў сустрэў хлопцаў усмешкай.

— Ну, дазволіў?

— Бюракрат, — толькі і сказаў Дзятлаў.

— Нічога не разумею, — абураўся Віктар. — Нібы незадаволен, што паднялі нафтаносны керн.

— Ды яму зараз не да нафты, — растлумачыў галоўны геолаг. — У яго адбылася нейкая непрыемная гутарка з Бурдзічам, вось ён і не можа ніяк супакоіцца. Разышоўся не на жарты.

— Дык што нам рабіць, Мікалай Міхайлавіч? — яшчэ верыў у галоўнага геолага Віктар. — Нафтаноснасць відавочная... Абыдземся і без інжынера, Мікалай Міхайлавіч. Шкварнік, мне здаецца, нядрэнна ведае справу.

— Яно можна выпрабоўваць і без інжынера, — сказаў Круглоў. — І ніхто нічога не скажа, калі ўсё будзе нармальна. А раптам аварыя? Хто будзе адказваць? А потым, што мы з вамі разумеем у гэтым, калі гаварыць шчыра. Гэта ж інжынерная работа... Так што пры ўсім жаданні я не магу даць афіцыйна дазвол на выпрабаванне. Я тэрмінова звяжуся з украінскімі сябрамі, хай нам падашлюць інжынера.

— Гэта добра, але, — не пагадзіўся Віктар. — Пакуль запросім, ды пакуль прыедзе. А тут трэба выпрабоўваць зараз, заўтра, можа, будзе і позна.

— І ўсё ж я... — развёў рукамі Круглоў. — Не магу. Пры ўсім сваім жаданні.

— А што нам рабіць? — спытаў Віктар.

— Вы, Віктар Аляксандравіч, у даным выпадку маеце тыя ж правы, як і я, — сказаў галоўны геолаг. — Так што...

— Дзякую за параду, — цырымонна раскланяўся Віктар.

Хлопцы пайшлі з кабінета.

— Ну, што скажаш? — абураўся Дзятлаў. — Наш галоўны проста баязлівец...

— Што ж, — задумаўся на момант Віктар. — Начальства грызецца, а чубы нашы трашчаць, — і весела глянуў на Дзятлава, відаць, прыняўшы нейкае рашэнне, сказаў: — А нам сваіх чубоў і не шкада. Так? Газуем на буравую!

Шкварнік іх чакаў. Толькі спынілася машына, адразу ж падышоў да яе.

— Вы адны? — спытаў расчаравана.

— А хто яшчэ трэба, Атрох Ігнатавіч? — вылез з машыны Віктар, абцягнуў вузкія вельветавыя штаны, якія падняліся на каленях, калі сядзеў у кабіне.

— А інжынер? Дзямідаў?

— Няма яго. Збег, — сказаў Віктар пра інжынера, як пра нешта зусім нязначнае. — Прывезлі тэстар?

— Да выпрабавання ўсё гатова, Віктар Аляксандравіч, — далажыў Шкварнік. — Але без інжынера...

— Эх, Атрох Ігнатавіч, вы такі вопытны майстар, спецыяльныя курсы закончылі, а пытаецеся пра інжынера,— засмяяўся Віктар. — А самі хіба не зможам?

— Мала што, але паложана, Віктар Аляксандравіч, — пашкадаваў майстар.

— Ды не паложана, Атрох Ігнатавіч, — уздыхнуў Віктар. — Больш таго, дырэктар не дазваляе выпрабоўваць. Катэгарычна...

— Баязліўцы, — сказаў Дзятлаў. — Але мы не такія! Так, Атрох Ігнатавіч?

— А калі аварыя? — усё зразумеў майстар.

— Тады ўсё будзе залежыць ад начальства, — неяк вінавата ўсміхнуўся Віктар. — За свавольства, за парушэнне правілаў нас, а больш правільна — мяне, бо я загадаю вам рабіць выпрабаванне, аддадуць пад суд, што Чокан, вядома, і пастараецца зрабіць, асабліва цяпер, калі ён забараніў...

— А калі атрымаем нафту, то пра нас напішуць ва ўсіх газетах, па тэлебачанні пакажуць, — нельга было зразумець, ці сур’ёзна, ці пажартаваў Дзятлаў, ды і ўвагі на яго рэпліку ніхто не звярнуў.

Патрохі вакол іх сабраліся рабочыя. Стаялі, прыслухоўваліся.

— Я вам, Атрох Ігнатавіч, загадваць не буду, ды і не маю права, — сказаў Віктар. — Але мне трэба ваша дапамога, сам не змагу. І, канешне, рабочыя. У выпадку аварыі, усю адказнасць бяру на сябе.

— Віктар Аляксандравіч, выпрабоўваць свідравіну буду я, і адказваць буду я, — ён цвёрда сцяў свае тоўстыя губы, пільна і нібы дакорліва паглядзеў на Віктара. — Я, можа, усё жыццё чакаў такога моманту... А потым, Віктар Аляксандравіч, табе яшчэ і рана адказваць за такое, у цябе яшчэ ўсё жыццё — наперадзе... — і загадаў усім: — Вось што, хлопцы. Падрыхтаваць плашчы, праверыць усё, і праз колькі мінут пачнём.

— Пакурым, — дастаў пачак цыгарэт Дзятлаў. — А то хлыне нафта, дык не пакурыш...

— А пласт вытрывае? — камечыў у тоўстых загрубелых пальцах цыгарэту Шкварнік.

— Павінен, мяркуючы па керну, — няўпэўнена сказаў Віктар. — Гарантый ніякіх, Атрох Ігнатавіч.

— Ну што ж, — затаптаў у зямлю недакураную цыгарэту стары. — Трэба некаму паехаць у Зуеў ды выклікаць на ўсякі выпадак пажарныя...

Віктару здавалася, што рабочыя занадта марудна апускаюць тэстар, хаця бачыў, што тыя вельмі стараюцца. Ён хадзіў па драўлянаму памосту, паглядваў на Шкварніка, які спакойна стаяў з бурыльшчыкам ля пульта кіравання і сачыў за прыборамі. Віктар зноў — які раз! — паглядзеў на гадзіннік, — з таго часу, як пачалі апускаць тэстар, прайшло не болей дваццаці мінут. Падумаў, што гадзіннік стаіць. Паднёс да вуха. З-за магутнага гулу дызеляў не пачуў нічога. Паглядзеў на цыферблат. Секундная стрэлка абагнала кароткую, потым даўжэйшую — мінутную — і пабегла па другому кругу. Гадзіннік ішоў. Віктар збег па драўляным насціле ўніз, пачаўкаў у чаравіках па растаптанай зямлі наўспрамкі да вагончыкаў, дзе вакол самаробнага стала сабраліся рабочыя, не занятыя на буравой. Было ціха, бязветрана, адчувальна прыгравала сонца.

— Хлопцы, даміно ёсць? — спытаў Віктар. — Ёсць? Давайце заб’ём казла...

— У нас, Віктар Аляксандравіч, казлы бекаюць пад сталом, — вынес даміно Кіга.

— Пабекаем, — сеў за стол Віктар, — калі заслужым.

Але гульня нікога не захапляла. Хаця, як і заўсёды, з усёй сілы ляпалі па стале, як і заўсёды, «казлы» бекалі пад сталом, а астатнія ў гэты час калацілі кулакамі па верху; хаця спрачаліся і радаваліся, але адчувалася, што ніхто сур’ёзна гульню не ўспрымае: усе толькі робяць выгляд, што сапраўды цікавяцца гульнёй. На самай справе ўсіх і Віктара цяпер па-сапраўднаму хвалюе зусім іншае, і ўсе толькі і думаюць пра тое іншае, ды вось час для яго яшчэ не настаў, і таму ўсе мусяць займацца такой нікчэмнай драбязой, як гэтае даміно. І таму, калі раптам дызелі заціхлі, — з іх знялі нагрузку, бо тэстар быў апушчаны, — і загулі ціха і манатонна-аднастайна, усе, не сказаўшы ні слова, кінулі гульню якраз перад самым канцом і пайшлі на буравую. Сабраліся на драўляным памосце, маўчалі, паглядвалі на трубу, з якой спачатку павінна пайсці вада...

Шкварнік крыху настаяў з усімі, а потым адышоўся, сеў на лавачку ля ўкапанай у зямлю бочкі з пяском, закурыў. Да яго падышоў і Віктар.

— Патрымаем з гадзінку, — сказаў Віктар.

Шкварнік моўчкі паглядзеў на гадзіннік.

А Дзятлаў раптам, як што ўспомніўшы, пабег на газакаратажную станцыю і вярнуўся адтуль з кавалкам кардону і парожняй бутэлькай з-пад кефіру. Відаць было, як ён нешта рабіў з гэтай бутэлькай ля трубы, што тырчала са свідравіны, а потым адыходзіў і апускаў у бутэльку запалку. На яго ніхто не звяртаў увагі. І раптам ён, выскачыўшы з буравой, закрычаў:

— Газ! Ідзе газ!

Усе кінуліся да яго. А ён які час стаяў з бутэлькай у руках, разгублены і шчаслівы...

— Дзе той газ? — пацікавіўся Кіга.

Дзятлаў зноў пабег да трубы і, хутка вярнуўшыся, пры ўсіх кінуў у бутэльку запалку. У ёй успыхнула полымя, прагучаў кароткі выбух, як хто шлёпнуў шапкай аб падлогу.

— Усім лішнім пакінуць буравую! — загадаў Шкварнік. — Астатнім заняць свае месцы, — і спытаў у Віктара: — Можа, будзем падымаць?

— А можа, пачакаем? Хай болей набяжыць.

— Давай патрымаем яшчэ мінут колькі, — і падышоў бліжэй да бурыльшчыка, каб у любы момант падаць каманду, і не зводзіў вачэй з трубы выпрабавальніка, з якой штуршкамі, усё больш частымі, выплёхвалася ў жолаб вада. На ёй лопаліся бурбалкі.

Віктар стаяў і глядзеў на гадзіннік, чакаў, калі сыдуць тыя мінуты, але не дачакаўшыся, сказаў Шкварніку, што можна падымаць трубы. Майстар кіўнуў бурыльшчыку, той націснуў на рычаг, дызелі адразу ўзвылі, талевы блок, павізгваючы на канатах, марудна папоўз уверх...

— Нафта! — закрычаў Кіга, які стаяў ля ротара і першым заўважыў, як з трубы закучаравілася цёмна-карычневая пеністая вадкасць.

Віктар са Шкварнікам абняліся... На вачах у старога былі слёзы.

 

Лузько разбудзіў тэлефонны званок.

Спачатку, праз сон, ён падумаў, што звоняць у дзверы, і кінуўся адчыняць іх, а потым, ачухаўшыся, схапіў тэлефонную трубку.

— Нешта доўга ты спіш, — гучаў, як і заўсёды, бадзёры голас Ступіча. — Прывітанне, стары. Ну, як ты там, не перадумаў?

— Што? — яшчэ не мог зразумець Лузько, пра што ідзе гаворка.

— Як што? Наконт работы ў нашым інстытуце.

— Ды не, не перадумаў, Ігар Трафімавіч, — канчаткова прачнуўся Лузько. — А што там ёсць?

— Слухай уважліва. Я гаварыў з Сіл Сілычам. Сіл Сілыч, як ведаеш, займаўся праблемай вечнай мерзлаты ў тундры. Мерзлата яму, відаць, прыелася, цяпер ён зацікавіўся Палессем, хоча заняцца комплексным вывучэннем геалогіі Прыпяцкай упадзіны. Набірае групу геолагаў. Адным словам, Сіл Сілыч ахвотна згадзіўся ўзяць цябе ў групу навуковым супрацоўнікам. Праўда, каб для цябе не было нечаканасцю, зарплата не вельмі, але гэта пакуль не абароніш дысертацыю. Але я раю ісці зараз, потым можа і не быць месца. Карацей, я сказаў Сіл Сілычу, што ты праз колькі дзён пад’едзеш.

— Дзякую, Ігар Трафімавіч...

— Калі прыедзеш?

— Можа, нават і заўтра. Сёння з’езджу ў вёску, пагавару з жонкай...

— Правільна. І папярэдзь пра зарплату. І што які час без кватэры давядзецца пажыць. Каб не была супраць.

— Пастараемся даказаць, Ігар Трафімавіч.

— Жадаю поспехаў! Глядзі ж, не падвядзі мяне.

— Дык мы ж яшчэ ўбачымся, Ігар Трафімавіч?

— Я заўтра адлятаю ў Ялту. Адпачываць. Білет на самалёт у кішэні. Краіна клапоціцца пра здароўе сваіх вучоных... Няхай не засмучае цябе мой ад’езд: усё дамоўлена. Сіл Сілыч цябе чакае...

Лузько адзеўся, глянуў на гадзіннік. Хаця да дзевяці было далёка, але ён паспяшыў у кантору, каб не празяваць дырэктара і папрасіць у яго машыну з’ездзіць у вёску да жонкі. Але па дарозе перадумаў ехаць, успомніўшы, што ад хаты, дзе жыве Ліда, зусім недалёка сельсавет і што няцяжка будзе запрасіць яе да тэлефона. Так і зрабіў. Першы раз вёску далі хутка, а другі раз, калі ўжо ля тэлефона недзе павінна была сядзець Ліда, чакаў болей двух гадзін: пачаўся рабочы дзень і загрузка тэлефоннай сеткі вельмі ўзрасла. Ліда ніколькі не засмуцілася тым, што спачатку і кватэры не будзе, — хаця можна зрабіць спробу абмяняцца з Прыпяцка на Мінск, — і што зарплата да абароны кандыдацкай дысертацыі таксама будзе не вельмі, а нават абрадавалася, што яны пераязджаюць у сталіцу. Такая размова з жонкай настолькі натхніла яго, што ён вырашыў ні ў якую разведку не ездзіць, а сёння ж падаць заяву аб звальненні і паехаць адразу на работу. У канторы зайшоў у свой кабінет, спачатку яму не кінулася ў вочы, што нікога з яго супрацоўнікаў не было на месцы: яны ніколі асабліва не сядзелі, калі не было іх кіраўніка. Сеў за стол і на беласнежным аркушы паперы нетаропка з асалодай напісаў заяву... Але дырэктара ў кабінеце не аказалася. Сакратарка сказала, што ён з самае раніцы паехаў на Зуеўскую, бо там, здаецца, атрымалі нафту. Пра адкрыццё яна гаварыла даволі абыякава, бо ў канторы даўно ўсе прывыклі адносіцца да такіх звестак скептычна. Лузько таксама не вельмі паверыў дзяўчыне і паспяшыў да Круглова. Галоўнага геолага ў кабінеце таксама не было, ён — Лузько ўгледзеў праз акно — стаяў у двары і нечага азіраўся па баках.

Да яго і паспяшыў Лузько.

— Мікалай Міхайлавіч, пра якую гэта нафту тут трубяць усе? — спытаў, як пажартаваў, маўляў, што яшчэ за чарговае глупства.

— Ды трубяць жа, — абураўся стары. — Проста неверагодна. Разумееце, у міжсолевых. Я, канешне, бачыў керн, але ніколі не думаў, каб так хутка і так многа. Гавораць, там фантан. Вялікая нафта! Трэба тэрмінова паехаць, а ў канторы ніводнай машыны. Дырэктар, як пачуў пра нафту, схапіў сваю «Волгу» і туды, забыў нават, што ў яго ёсць галоўны геолаг.

— Зараз будзе машына, Мікалай Міхайлавіч, — адразу сарыентаваўся ў абстаноўцы Лузько. Адну толькі хвіліначку, Мікалай Міхайлавіч.

Ён забег у кантору і набраў нумар старшыні райвыканкома.

— Міхаіл Мітрафанавіч! Звоніць Лузько... Вы чулі? Ды вы яшчэ нічога не чулі? .Пад Зуевам нафта, вялікая нафта... Гэта ж на граніцы з вашым раёнам. Вы не хочаце паглядзець? Так, так... Дык адмяніце нараду, перанясіце яе, Міхаіл Мітрафанавіч. Гэта ж гістарычная падзея! Шкада, Міхаіл Мітрафанавіч, шкада... Дарэчы, вы нам свае машыны не дасцё? А то з галоўным геолагам выехаць на месца не можам... Міхаіл Мітрафанавіч, ведаеце, з раніцы ўсе машыны ў разгоне, а тут раптам гэтая вестка... Ды толькі што перадалі. Дзякую, вельмі дзякую, Міхаіл Мітрафанавіч. З мяне паўлітэрка... нафты, хе-хе. Усяго добрага!

А праз некалькі мінут да канторы падышла «Волга».

— Мікалай Міхайлавіч, прашу, — і Лузько паслужліва адчыніў пярэднія дзверцы машыны, сам сеў адразу за шафёрам, каб лепей было бачыць Мікалая Міхайлавіча і каб таму пры гаворцы не трэба было вельмі круціць галавой.

Лузько яшчэ раней заўважыў, а цяпер, калі Чокан паехаў адзін на буравую, — канешне ж, знарок не ўзяў з сабой галоўнага, — ён канчаткова пераканаўся, што паміж Чоканам і Кругловым адбыўся разлад і, здаецца, вельмі глыбокі.

— Мяне проста здзіўляе, што Чокан так, — загаварыў у машыне Лузько. Спадзяваўся, што Круглоў раптам пачне з ім шчыраваць, а калі і нічога не скажа, дык гэта таксама аб нечым будзе гаварыць. — Я проста не магу зразумець дырэктара...

— А яго і нечага разумець, — Круглоў не азірнуўся на Лузько, а глядзеў прама перад сабой, на вузкую брукаваную дарогу, што стрэлкай уразалася ў высокі сасновы лес, у якім яшчэ ў нізінах ляжаў снег. — Пачуў пра нафту, абрадаваўся, што і забыўся на ўсіх. А потым... — але так і не закончыў думку.

Вакол буравой разлілося сапраўднае возера. І толькі з таго боку, ад вёскі, праз ваду быў вузкі пясчаны насып. І на тым насыпе, і перад ім на лузе стаялі дзесяткі машын — пачуўшы пра нафту, папрыязджалі цікаўныя з Зуева, з суседніх вёсак. Многія вадзіцелі, убачыўшы натоўп на буравой, спынялі машыны і ішлі паглядзець, што там такое. Некалькі машын стаяла на абочыне шашы. Круглоў і Лузько пакінулі сваю машыну таксама на абочыне — не рызыкнулі ехаць па раскоўзанай прасёлачнай дарозе — і пайшлі пехатой...

Шкварніку са сваімі рабочымі і пры дапамозе пажарнікаў, чырвоныя машыны якіх стаялі ля самых вагончыкаў, ледзь удалося адцясніць натоўп далей ад буравой.

З трубы, праведзенай у яму, выкапаную загадзя, з шумам пырскаючы, вылятала пеністая вадкасць. Дырэктар канторы, калі прыехаў, захацеў паглядзець на нафту, пераканацца, што яна сапраўды ёсць. Яма напалову ўжо была запоўнена. Перад натоўпам бегаў Кіга, — нос, шчака і лоб яго былі запэцканы, — і крычаў, каб ніхто і не падумаў закурыць, бо з нафтай выходзіць такі газ, які можа так бабахнуць, што ўсім адразу будзе каюк. Калі ён заўважыў Круглова і Лузько, то падбег да іх і паказаў на купку людзей, што стаяла з другога боку буравой, — мясцовыя кіраўнікі, супрацоўнікі канторы з Прыпяцка і сам Чокан.

Чокан лічыў, што сваім пісьмом у Мінск распачаў з Кругловым такую вайну, якая ніяк не зможа скончыцца прымірэннем. І таму цяпер захацеў скарыстаць сам факт адкрыцця нафты супраць галоўнага геолага, і не калі-небудзь, а зараз жа, каб, між іншым, і паглядзець, якое ўражанне яго выпад зробіць на галоўнага геолага.

— Бачыце, Мікалай Міхайлавіч, — пачаў ён даволі ветліва. — Нафта... А вам не здаецца, Мікалай Міхайлаііч, што з той трубы вылятае не толькі нафта, а і ўся ваша канцэпцыя наконт пясчанікаў, у якіх мы яшчэ дваццаць гадоў шукалі б і нічога не знайшлі б. — І, убачыўшы, што Круглоў не знаходзіць што і сказаць, стаіць і толькі ў нейкай бездапаможнасці варушыць вуснамі, вырашыў, што болей «біць» старога не варта, і сказаў прымірэнча: — Вось, Мікалай Міхайлавіч, мы павінны з вамі пакланіцца ў ножкі гэтым свавольнікам — і ён паказаў на Віктара і Дзятлава. — Гэта яны падаравалі нам нафту, хаця і заслугоўваюць звальнення за грубейшае парушэнне дысцыпліны.

— Не трэба маліцца, — усміхнуўся Віктар: Яго абурыла выхадка Чокана, які не зрабіў для адкрыцця нафты і таго, што зрабіў Круглоў. — Вы, таварыш дырэктар, проста гаворыце глупства. Хто як не Мікалай Міхайлавіч настойваў на разведцы Зуеўскай структуры, а мы усе, у тым ліку і вы, былі супраць яго прапановы, так што...

— Настойваў, — з’едліва ўсміхнуўся Чокан. Ён і не рад быў ужо, што распачаў гэтую гаворку, бо думаў, ніхто не стане абараняць галоўнага геолага. — Ён некалькі дзён таму настойваў адмовіцца ад Зуеўскай, а распачаць разведку новых чатырох структур...

Лузько, у якога хаця і ляжала ў кішэні заява аб звальненні і якога ў Мінску чакала пасада, усё ж палічыў за лепшае не ўмешвацца ў спрэчку і адышоў ад усіх, нібы чым пільна зацікавіўся на буравой.

А Круглоў, здавалася, наогул не звярнуў увагі на словы Чокана, урачыста павіншаваў усіх з вялікай перамогай, з адкрыццём нафты, падзякаваў Віктару, Дзятлаву і Шкварніку, а потым з той заклапочанасцю, якая сведчыць, што чалавек заняты справамі і ў яго няма часу на розную там балбатню, папрасіў Віктара паказаць геалагічны журнал і акт аб выніках выпрабавання...

Віктар і Круглоў у суправаджэнні Шкварніка пайшлі ў вагончык майстра.

 

Тамара доўга чакала мужа з Прыпяцка, куды ён паехаў на нараду. Сядзела і чытала, спадзявалася, што ён вернецца, як і звычайна, вельмі позна. Але ішла ноч, а яго не было. Тамара адчыніла акно, — пацягнула сырой прахалодай толькі што расталай зямлі. Прыслухалася. Не чуваць гулу машын, нідзе нават не відаць іх фар. Шаша як вымерла. І толькі за Зуевам тахкаў па рэйках цягнік... Ці ад холаду, ці ад нейкай раптоўнай і незразумелай жахлівасці яна ўся сцепанулася, паспешліва зачыніла акно і закрыла яго шторай. Падышла да канапы, на якой спала Раечка, прысела ля яе, пагладзіла па галоўцы. Малая праз сон усміхнулася, перавярнулася на другі бок і заснула яшчэ смачней. Ля дачкі яна заўсёды адчувала сябе не такой адзінокай. Потым лягла ў пасцелю, але святло не стала тушыць. Дзе ж так позна затрымаўся яе Віктар?.. Можа, нарада зацягнулася, не паспеў на аўтобус? Калі так, дык прыедзе раніцай, на вахценнай машыне. Зноў узяла кнігу, каб як адбіцца ад трывожных думак...

Спала нядоўга. Прачнулася на досвітку. У пакоі стаяла ранішняя шэрань. Блякла гарэла пад зялёным абажурам электралямпачка. Кніга ляжала на падлозе. Першым чынам падумала пра Віктара: чаму затрымаўся, што з ім? А раптам дзе трапіў у аўтамабільную катастрофу. Чула — цяпер такое бывае часта. А можа, на буравой што здарылася? Ён жа ў яе занадта цікаўны, усюды ўлезе. Расказвалі, як аднаму агрэла тросам па галаве, дык усю скуру на патыліцу залупіла... Не, каб здарылася што сур’ёзнае з мужам, то ёй бы даўно паведамілі. Хутчэй за ўсё недзе загуляўся. Ведае, што хутка паедзе адсюль, дык, можа, дзе развітваецца з той самай Зарынай...

Ёй болей не спалася...

Яна паднялася, накінула на плечы паліто, абула пантоплі, выйшла на вуліцу. Недзе за Дняпром, які разліўся да самага небасхілу, падымалася сонца. Яно толькі ўгадвалася па больш асветленаму краю неба, па ружовых адбітках на воблаках. Кругом жа далягляд, — домікі, і заводскія трубы Зуева, і тэлеграфныя, слупы паўз шашу,— хаваўся яшчэ ў ранішняй смузе. На пажоўклай мінулагодняй траве — цурубалках дзядоўніку і палыну — віселі буйныя, як слёзы; кроплі расы. Пасля хатняга цяпла Тамары раптам стала вельмі зябка, яе ўсю аж калатнула. Яна вярнулася назад і залезла ў яшчэ не астылую пасцелю. Тупатам па скрыпучай падлозе разбудзіла малую. Тая стала прасіцца да яе... Прытуліўшы да сябе малую, ляжала і чуйна прыслухоўвалася, ці не загудзе машына. Было ціха, і толькі на бярозцы, якую Віктар, як толькі сышоў снег, прыцягнуў з лесу з камкамі мерзлай зямлі па карэннях і пасадзіў пад акном, — паўдня ў нядзелю ломам дзёўб ямку,—гаманліва таўкліся вераб’і. Неўпрыкметку зноў задрамала. Прачнулася ад духаты ў пакоі, — у вокны біла высокае сонца, ад яго аж нагрэліся цяжкія льняныя шторы. У кватэры стаяў пах фарбы... «І чым толькі тут фарбавалі, што ўсё не выветрыцца»,— абуралася ў думках. Хуценька адзелася, ляпнула клямкай дзвярэй.

— Мама, куды? — захныкала ў пасцелі Раечка.

— Ляжы, дачушка, ляжы, мілая, я пайду ў каго спытаю, дзе наш тата, і адразу ж вярнуся.

У пасёлку ўжо некалькі домікаў стаяла з забітымі вокнамі. Тамара прайшла адразу да самага крайняга, у якім жыў рабочы, што працаваў па чацвёртай Зуеўскай і ля якога ўжо гулялі малыя ў «чыжыка». Акно на кухню было адчынена насцеж.

— Прывітанне вам! — падышла пад акно Тамара. — Зінаіда Сяргееўна, твайго дома не было? А то мой не начаваў сёння...

— Быў пад раніцу... Цяпер ён часта на ноч не ходзіць, людзей не хапае. Прыбег, перадрамаў і пабег зноў. Там нешта ў іх паказалася, гаварыў. Будуць выпрабоўваць.

Вестка пра выпрабаванне, якога яна з нецярпеннем чакала і якое, аказваецца, будзе значна раней, чым гаварыў Віктар, абрадавала Тамару. Значыцца, сёння ці заўтра ўсё будзе ясна, і ёй не так доўга засталося тут пакутаваць... Тамара, выправіўшы дачку гуляць на вуліцу, сама пачала збірацца ў дарогу. Перабрала ўсе рэчы. Чыстыя адразу ўпакоўвала ў чамаданы, брудныя паспела перамыць, перасушыць на сопцы і нават адпрасаваць. Што не ўлезла ў чамаданы, пазвязвала. Посуд таксама ўвесь перамыла і ўпакавала, пакінула толькі самае неабходнае: тры талеркі і тры лыжкі. Ёй так абрыдла ўсё тут, яна так хацела хутчэй адсюль з’ехаць, што працавала з ахвотай, не заўважаючы стомы. К вечару ўся кватэра нагадвала вакзал: усю залу займалі чамаданы, клункі, скрынкі. Калі звечарэла, яна накарміла Раечку, улажыла спаць, а сама прысела і стала перабіраць у памяці, што яшчэ забыла ўпакаваць. Яна не тое што не чула, як загула зусім блізка машына, а, заклапочаная, проста не звярнула на гэты гул ніякай увагі. Віктар уляцеў у хату і, перасігваючы доўгімі нагамі праз клункі, падбег да жонкі, схапіў яе на рукі і закружыў вакол сябе так, што яе стройныя прыгожыя ногі, прыкметна пабялелыя за зіму, ледзь не чапляліся то за стол, то за спінку канапы.

— Ой, пусці, ад цябе мазутай нясе, — прасілася яна.

— Не мазутай, Томачка, а нафтай. Самай сапраўднай нафтай,— ён апусціў, стомлены, задыханы, некалькі разоў глыбока пацягнуў у грудзі паветра, усміхнуўся так, як малое ўсміхаецца на новую цацку. — Знайшлі нафту, знайшлі! — і зноў памкнуўся падхапіць жонку на рукі.

— Як знайшлі? — адбеглася ад яго Тамара і села на канапу. У яе крыху кружылася ў галаве і ўсё гойдалася перад вачыма.

— А вось так... Толькі на паўгадзіны якой далі ёй волі, дык пабегла столькі, каб ты толькі бачыла. Цэлае возера. Адным словам, ёсць у нас нафта, і не проста нафта, а прамысловыя запасы. Ты ведаеш, што гэта такое? Нават і ўявіць цяжка, якія вялізныя змены чакаюць наш край... Вось так, Томачка, — ён падсеў да яе на канапу, абняў за плечы, пацалаваў у шыю праз рассыпаныя чорныя валасы. — Ну, а цяпер, можа, пакорміш свайго першаадкрывальніка? Галодны як воўк.

— Адстань...

— Тамара! — ён зноў памкнуўся абняць яе.

— Адстань! — цяпер яна крыкнула з нейкай нават істэрычнасцю, аж малая заварочалася праз сон, закрыла твар рукамі і сутаргава захныкала.

— Ды што з табой?

Яна нічога не адказала, а толькі гучней захныкала.

— Ясна, — здавалася, толькі цяпер Віктар заўважыў чамаданы. Які час сядзеў моўчкі і, калі Тамара крыху супакоілася, пачаў разважліва: — Тамара, Томачка, ды ты ж паслухай. Мы знайшлі нафту. Цяпер — па-сапраўднаму. Цяпер тут сама ўсё пачынаецца... І жыць будзе лепей. Тут вырастуць новыя пасёлкі, гарады, тут зусім іншае жыццё будзе, і вельмі хутка будзе новае жыццё.

— Я так і ведала, я так і ведала...

— Што ты ведала?

— Ты пра ўсё думаеш, і пра нафту думаеш, і пра новыя гарады думаеш, а пра нас, пра сябе...

— Томачка! — ён узяў яе за плечы. — Томачка!

— Не чапай мяне! — яна скінула яго рукі і пабегла ў спальню.

Віктар стаяў сярод пакоя і не ведаў, што рабіць. Было вельмі крыўдна, што самы блізкі яму чалавек, да якога ён так спяшаўся са сваёй радасцю, не зразумеў яго.

Віктар пастаяў ля малой, паправіў на ёй коўдру, выйшаў на вуліцу...

Была ноч. Над Зуевам вісела святло ад вулічных ліхтароў. А з другога боку, далёка, там, дзе сыходзілася зямля з небам, трымцелі агеньчыкі, як якія іскры ад вогнішча начлежнікаў. Там была чацвёртая буравая, пра якую заўтра напішуць усе газеты...

Ён сеў на ганку і прыхінуўся да сцяны. Дрэва, разагрэтае за дзень, яшчэ не астыла. Было цёплае. Ці, можа, толькі падалося Віктару?

Пятра Дзятлава спасцігла расчараванне. Ён думаў, што з адкрыццём нафты — гэта ж такая падзея! — нешта адбудзецца з ім асабіста, і тады ўсе ўбачаць, што ён чалавек не абы-які, а незвычайны. Але на справе з ім нічога не адбылося, болей таго, у талакнечы на буравой, калі туды паз’язджалася багата цікаўных, на яго нават забылі. Ім ніхто не цікавіўся, пра яго ніхто не распытваў. Разгублены і недзе ў глыбіні душы абураны, хаця гэтыя пачуцці з-за моцнай радасці і не змаглі ахапіць яго цалкам, ён сноўдаўся сярод людзей і, падыходзячы да каго-небудзь, пачынаў — які раз за гэты дзень! — свой расказ пра адкрыццё месцанараджэння заўсёды аднолькава:

— А вы ведаеце, каб не газавы каратаж...

Нафтаразведчыкі і так усё ведалі пра газавы каратаж і таму не вельмі слухалі яго, а пабочныя нічога не разумелі ў яго расказе і таксама не вельмі слухалі. І Дзятлаў, вядома, заўважыў гэта, і яго глыбокія вочкі пад высокім выпуклым ілбом пачыналі разгублена паглядваць на субяседніка, і ён, Дзятлаў, спыняў свой расказ на сярэдзіне, адыходзіў, шукаючы вачыма каго-небудзь, хто б са шчырай зацікаўленасцю і з удзячнасцю выслухаў яго...

Яшчэ болей здзівіла Дзятлава, як аднесліся да гэтай падзеі самі разведчыкі, геолагі, буравікі. Пастаялі, паглядзелі, а калі нафту перакрылі, то пакрыху і разышліся. Ніякіх мітынгаў, ніякага шуму. Ён хацеў быў хаця б з Віктарам адзначыць гэтую падзею, дык і той, як толькі вызваліўся, адразу ж паспяшыў дамоў, да свае Томачкі. І калі ехалі ў аўтобусе работнікі канторы і некалькі рабочых з буравой у Прыпяцк, то паводзілі сябе так, нібы нічога і не адбылося, нават і не гаварылі пра нафту, а, як і звычайна ў дарозе, расказвалі анекдоты, кпілі адзін з аднаго. А ў Прыпяцку адразу ж разбрыліся па кватэрах ці пабеглі на аўтобусны вакзал, каму трэба было ехаць яшчэ ў якую вёску...

У Прыпяцку Дзятлаў зайшоў у кантору, спадзеючыся, што яшчэ, можа, яго куды паклічуць, падзякуюць ці запросяць на якое ўрачыстае пасяджэнне. Бо не можа ж быць, каб ніяк ужо і не адзначылі гэтую падзею. Але ніхто і нічога не збіраўся рабіць. Расчараваны і пакрыўджаны, ён пайшоў на аўтобусны прыпынак. Нічога, ён адзначыць гэтую падзею дома са сваёй Кацяй. Узяў таксі, пад’ехаў да гастранома, прыхапіў бутэльку каньяку і шампанскага... Па дарозе таксісту падрабязна расказаў пра адкрыццё нафты і пра тую ролю газавага каратажа, якую ён адыграў пры гэтым. Таксіст, чалавек, які навучыўся слухаць і не чуць самыя разнастайныя скаргі і споведзі сваіх пасажыраў, моўчкі гнаў машыну, часта паглядваючы на свой гадзіннік. У вёсцы ён адмовіўся зайсці ў хату, хаця Дзятлаў і вельмі цягнуў яго.

— Жонка! А дзе аркестр, а дзе кветкі? — закрычаў Дзятлаў, пераступіўшы парог. — Хіба так павінна сустракаць краіна сваіх герояў?

Каця з заспанымі вачыма, у пакамечаным плацці, у пантоплях — абрэзках са старых валёнкаў, — выйшла са светлай палавіны, пазяхнула, а потым паглядзела на мужа, паківала галавой:

— Паспеў недзе... А кляўся, што век не будзеш.

— Што ты, Каця. Ні крупінкі ў роце не было, — ён паставіў на стол бутэлькі. — Галодны як воўк і шчаслівы, як палкаводзец, што выйграў вайну.

— Пра якую вайну мелеш? — пачала адкрываць заслонку ў печы.

— Ды што ты адразу за заслонку? Каця! Павіншуй. Адкрылі нафту, — і палез да яе з пацалункамі.

— Колькі разоў ты яе адкрываеш? — не вельмі верыла яна, ды ёй не так і важна было цяпер, што там адкрылі ці закрылі, галоўнае — прыехаў дамоў муж, рады ёй, хоча есці. — Ну, пусці, дастану вячэру..

— Ды сапраўды, Каця. Адкрылі. Налілі яе столькі там, што эшалонамі не перавазіць. Хіба не чула?

— Нічога не чула. Сёння бачыла Івана Дымка, ён у бацькі гасцюе са сваёй маладухай, нічога не казаў, — яна паставіла на стол патэльню са смажанай і ўжо крыху высахлай зверху рыбай, вывернула ў глыбокую міску бульбу. Паставіла гладыш сыраквашы.

— Яны хіба тут? — схапіўся за шапку Дзятлаў. — Яны ж нічога не ведаюць. Ім жа трэба сказаць...

— Куды ты? — строга спытала жонка.

— Паклічу. Гэта ж такая радасць...

— Ды садзіся ты, — раздражнёна сказала Каця. — Ты думаеш, яны дома сядзяць? Бачыла, як ішлі ў клуб, там артысты нейкія прыехалі... Садзіся, заўтра скажаш. Ды і позна ўжо...

Дзятлаў кінуў позірк на ходзікі, што цікалі ў кутку, ля самых абразоў, пад сталом, павесіў шапку зноў на крук у парозе, сеў за стол.

— Дык садзіся і ты, Каця... А можа, старых паклікаць? Спяць? Ну, няхай спяць. Тады адсвяткуем з табойудваіх... — ён адкаркаваў бутэльку...

— Дай-ка я, — узяла бутэльку ў яго. — А то набярэшся супраць начы. — І Каця наліла яму паўшклянкі, а сабе — толькі дно закрыла.

— Не, Кацечка, за такую падзею толькі поўныя трэба наліць. Ты і не ўяўляеш, што гэта такое. Гэта... гэта...— не знаходзіў, з чым параўнаць. — Гэта, як амаль тое ж, што чалавека ў космас першы раз... Разумееш? Вось паслухаеш заўтра радыё. І пра твайго мужа скажуць. Ты думаеш, муж у цябе абы-хто... Не, не абы-хто!.. Цяпер пра твайго мужа пачуюць усе. А ты не хочаш наліць як паложана. А ты ведаеш, каб не газавы каратаж...

 

Пасля таго як Іван пад страхам, што нафтаразведка вось-вось закрыецца і яго каханая назаўсёды паедзе ў сваю Татарыю, высветліў свае адносіны з Гайшай, яны набылі такую яснасць і пэўнасць, што цяпер ніякія змены ў нафтаразведцы не маглі адбіцца на іх. Гайша захацела пазнаёміцца з бацькамі Івана. Іван жа хацеў прывезці дамоў не проста нявесту, пра якую нямала лішняга будуць гаварыць, а галоўнае, пачнуць раіць пачакаць з жаніцьбай, — жаніцца яшчэ рана, маўляў, спачатку трэба стаць чалавекам. А прыехаў дамоў з жонкай — калі ласка, знаёмцеся, між іншым, мая законная, і не думайце, што я ў вас усё маленькі, а лепей запісвайцеся кандыдатамі ў дзеда і бабу. І таму ён адпрасіўся ў майстра на некалькі дзён «для афармлення сваіх адносін з грамадзянкай Гайшай Ібрагімавай у адпаведных органах Савецкай улады», як напісаў у заяве пад дыктоўку Кігі.

Запісаўшыся ў адным сельсавеце пад Прыпяцкам, дзе старшынёй працаваў свой чалавек, аднавясковец, Іван і Гайша, якая цяпер стала ўжо не Ібрагімава, а Дымок, у той жа дзень выехалі ў Бабры.

Ірына Савельеўна якраз развешвала бялізну на дроце, што быў напяты праз увесь двор, ад шулы да хлеўчука, калі адчыніліся веснічкі і зайшлі маладыя.

— Прывітанне, маці, — засмяяўся Іван, як толькі пераступіў парог. — Прынімай гасцей.

— Заходзьце ў хату, заходзьце, — сказала яна, абрадаваная тым, што сын нарэшце завітаў дамоў, і крыху здзіўленая, што прыехаў з нейкай незнаёмай чарнявай дзяўчынай, яўна не з мясцовых. «Можа, якую ў госці запрасіў, — падумала спачатку, — а тая і паехала, цяпер жа дзяўчаты смелыя пайшлі. А можа, і нявеста? Можа быць, хлопцу дваццаты год, не маленькі... Хутчэй за ўсё нявеста, — разважала яна, успомніўшы, які ўсхваляваны, узбуджаны, нейкі штучна смелы зайшоў сын у двор... — Добра, што хоць прывёз паказаць, не таіцца ад бацькоў». Яна хутчэй развесіла бялізну, паправіла на галаве хустку і паспяшыла ў хату.

Іван і Гайша сядзелі за кухонным сталом і пілі сыраквашу. Яна з вялікага паліванага карца, а ён — нагбом з гладыша, — прывычка, якая засталася з дзяцінства.

Сярод хаты стаяў іх невялічкі чамадан.

— З дарогі так піць захацелася, — засаромелася дзяўчына, апусціла свае чорныя вочы.

— Дык ёсць жа бярозавік, — сказала Ірына Савельеўна. — Я зараз прынясу.

— Хочаш бярозавіку? — спытаў Іван у Гайшы. — Ты і не ўяўляеш, якая гэта смаката...

І калі старая ўнесла поўны літровы слоік крыху мутнаватага — пачаў скісацца — бярозавіку, Іван, нібы жартуючы, сказаў:

— Між іншым, знаёмся, мама. Мая законная.

— Ой, ды ці мала ў цябе яшчэ будзе гэтых законных, — засмяялася Ірына Савельеўна.

— Праўда, мама. Мая жонка. Гайша.

Гайша паставіла карэц, паднялася, не ведала, як ёй зараз быць.

— Дык і няхай твая, — толькі цяпер старая перастала сумнявацца. — Ну, добра, што вы так... Вось прыехалі, не забываеце. Ды вы тут адпачывайце, а я пайду бацьку вашага пашукаю, тады пасядзім і пагаворым.

— Дарэмна ты так адразу, — упікнула Гайша Івана. — Так нечакана для яе, што...

— А што тут хавацца? — раздражнёна сказаў Іван, бо і сам бачыў, як балюча ўспрыняла яго звестку маці. Так пакрыўдзілася, што і не павіншавала іх. — Нічога, перамелецца... — ён узяў чамадан, занёс яго ў бакавы пакойчык, у якім жыў раней Лузько, а потым Віктар. — Вось тут і будзем з табой гасцяваць. Ну, як, падабаецца?

— Падабаецца, але...

— Што але? — ён абняў яе, прыхінуў да сябе.

— Мне здаецца, твая маці не вельмі абрадавалася мне.

— Канешне, — не пярэчыў Іван. — Яна ўсё думала, што я маленькі, і раптам...

— Ну, калі ты вялікі, дык выйдзі, калі ласка, я пераадзенуся, — папрасіла яна.

— І ты доўга будзеш мяне саромецца? — стаяў ён у дзвярах.

— Ідзі, ідзі, стаў, — і яна выштурхнула яго ў плечы з пакоя.

Іван выйшаў у двор, дастаў з паштовай скрынкі, што вісела на нізкіх варотах, газеты, сеў на ганку, перагортваў іх, часта паглядваючы на вуліцу, ці не ідзе там бацька. Ён не баяўся сустрэчы з ім, не хацеў толькі, каб ён лаяў яго пры Гайшы. А што яму дастанецца на арэхі, ён не сумняваўся. Наогул, дзікая рэч, чалавек зусім дарослы, на сваёй зарплаце сядзіць, і не на маленькай, ажаніўся, зусім самастойны стаў, у сельсавеце яго запісалі на чале сям’і, — гэта ж толькі ўдумацца ў гэтае слова! — а сядзіць і баіцца сустрэчы з бацькам, як і некалі ў далёкім дзяцінстве, нарабіўшы якой шкоды...

Раптам ляпнула фортка і, накульгваючы на адну нагу болей, чым заўсёды, з авоськай у руках, з якой тырчалі бутэлькі, бляшанкі кансерваў, зайшоў бацька. Ад яго не адставала маці і несла прама ў руках некалькі боханаў хлеба. Іван падняўся, чакаў, што скажа стары.

— Атрымаў вышэйшую адукацыю? — сказаў ён.

— Атрымаў, — усміхнуўся Іван.

— Эх, галава, — тыцнуў у лоб сыну Дымок пальцам з калючым, даўно не абразаным пазногцем так моцна, што аж балюча драпнуў скуру. — Два вухі, і толькі. Мы яшчэ з табой пагаворым.

— Ды што гаварыць, — усхліпнула Ірына Савельеўна.

— Ды кіньце вы, — раздражнёна сказаў Іван, але не вельмі гучна, каб не пачула Гайша. — Загаласілі, як над якім нябожчыкам.

— Загалосіш, калі вырасцілі дурня, — і, абмінуўшы сына, Дымок пайшоў у хату.

Іван, баючыся, каб стары не нагаварыў чаго Гайшы, паспяшыў услед за ім. Але ў хаце ён не пазнаў свайго бацьку. Больш ветлівага, больш гасціннага, больш шчаслівага чалавека ён ніколі не бачыў. Стары цырымонна павітаўся з нявесткай: пакланіўся ёй, потым абняў і тройчы пацалаваў, павіншаваў.

— Глядзіце толькі за гэтым баламутам, — сказаў ён і выцер далонню слязу.

Цяпер і Ірына Савельеўна таксама расцалавалася з нявесткай.

— А я спачатку і не паверыла,—сказала яна, апраўдваючыся, што адразу не павіншавала. — Думала, жартуе сын. А яно і праўда...

— Ну ты, маці, меней слоў, а болей дзела, а то нашы маладыя, можа, яшчэ і галодныя, — і зыркнуў на сына, які адразу павесялеў, каб асабліва не радаваўся, бо абяцаная гаворка з ім яшчэ наперадзе. Але маўклівая пагроза бацькі на гэты раз толькі рассмяшыла Івана.

Селі за стол.

Дымок, цяжка ўздыхаючы, доўга адкаркоўваў бутэльку. Потым наліў усім у шклянкі, агледзеў іх і, дзе здалося меней, даліў.

— Сабе мог бы і меней, — сказала Ірына Савельеўна.

— За шчасце паложана поўную, — і ён асцярожна падняў сваю шклянку. — І каб на слёзы не засталося. Ну дык жывіце, дзеткі, і нас, старых, не забывайце.

— Няхай будзе ў вас шчасце і... — голас у Ірыны Савельеўны пацішэў, яна, відаць, далей не магла гаварыць без слёз, а таму толькі паглядвала моўчкі то на Івана, то на Гайшу, такіх яшчэ маладзенькіх,— зусім жа школьнікі яшчэ! — і выпіла, а астатак цырымонна выплеснула цераз плячо, — нашым ворагам на слёзы.

— А плакаць, маці, не трэба, такому сыну радавацца трэба, а не плакаць, — і цяжка было здагадацца — .Дымок здзекуецца ці праўду гаворыць. І каб ён болей чаго не сказаў адкрыта супраць яго, Гайшы, супраць іх жаніцьбы, Іван перабіў бацьку:

— Дзякую вам, мае... ды з сённяшняга дня ўжо нашы бацькі, за добрыя пажаданні. Будзем старацца, каб вы ніколі не крыўдавалі на нас і не саромеліся нас... — ён зрабіў адзін глыток і паставіў шклянку. Гайша таксама амаль не піла.

Зноў наступіла няёмкае маўчанне. І ўсе рабілі выгляд, што старанна закусваюць, што пакуль яшчэ не да гаворкі.

— Та-ак, — палажыў на талерку відэлец Дымок, звярнуўся да маладой. — Ну і. што думаеце рабіць далей?

— Унука, — сказаў Іван.

Гайша залілася чырванню, пакусваючы губы, ніжэй нагнулася над талеркай.

— У цябе не было розуму і не будзе, — сказаў сыну бацька. — Я не з табой, а з ёй гавару.

— У Беларусі нам, нафтаразведчыкам, відаць, хутка работы не будзе, — сказала Гайша. — І мы з Іванам паедзем на радзіму да мяне. Я буду працаваць, а Іван паступіць у інстытут.

— Ён ужо раз паступаў, — цяжкім позіркам пасвятлелых вачэй паглядзеў Дымок на сына.

— А цяпер у інстытут бяруць толькі сямейных, — быў у гуморы хлопец, бо адчуваў, што самае страшнае, чаго ён баяўся, мінула, бацькі не падвялі яго.

— Паступіш і цяпер якраз так... — не верыў яму бацька.

— Паступлю. Цяпер у мяне стаж...

— Дык што, маці, — звярнуўся Дымок да жонкі. — Можа, за будучага інжынера вып’ем?

— Ды хопіць табе ўжо, — утрымлівала яго Ірына Савельеўна і сказала маладым: — Ніколі ж не п’янеў, а то як якая пошасць напала на чалавека. І небагата вып’е...

— Небагата ж, — шматзначным позіркам абвёў усіх Дымок. — Але колькі б я ні выпіў, ты, старая, на мяне не крычы, не падавай дрэнны прыклад нявестцы... А лепей ідзі ды падрыхтуй мне карэц салодкай вады ды цукру паболей, а то сэрца нешта маё сёння не хоча работаць. Трэба яго падмацаваць. Ну, ідзі, а я пакуль з нявесткай пагавару, — ён узяў сваю шклянку і бліжэй падсеў да Гайшы, лёгка палажыў караткапалую моцную далонь на яе худое вострае плячо. — Дык вы адкуль?

— З Татарыі, — адказала дзяўчына. Пад позіркам яе чорных глыбокіх вачэй Дымок апусціў свае, пакруціў галавой, нечаму здзіўляючыся, а потым дружалюбна сказаў:

— Ты ж ведаеш, Гайша, — можа ж, мой будучы студэнт, хе-хе... нічога не гаварыў, — я ж ветэрынар. Ды я не які-небудзь там парасячы доктар, чым зрабіў мяне мой складаны лёс, я спецыяліст па службовых сабаках. Толькі цёмныя людзі не ўяўляюць, што гэта такое... А ў вас там ёсць яны, ну — службовыя сабакі? Аўчаркі і розныя там...

— Пра аўчарак не ведаю,—адказала Гайша.— А вось у аднаго нашага знаёмага быў чорны дог. Вялікі такі, як добрае цялё.

— Нават дог? Цікава, цікава, — задумаўся.

Зайшла Ірына Савельеўна, паставіла перад старым вялікі карэц.

— Чуеш, Ірына? — адпіў трошкі Дымок, аблізаў ліпкія ад салодкай вады губы. — У іх там нават догі водзяцца. Значыцца, Ірына Савельеўна, усё правільна, усё правільна, — ён выпіў увесь карэц, падняўся, сказаў яшчэ раз, што ўсё правільна, і, цяпер яшчэ мацней пакульгваючы, чым перад абедам, пайшоў і лёг на канапу, расшпіліў гузікі ў сарочцы...

— Перабраў стары, — Ірына Савельеўна нібы апраўдвалася за яго, падышла, паправіла пад ім падушку.

— Ну вось, афіцыйная частка і закончылася, — засмяяўся Іван.

— Ой, хаця б не балбатаў абы-што, — цыкнула на яго маці.

Гайша моўчкі пачала насіць посуд на кухню.

Яны меркавалі пажыць дома каля тыдня, але на трэці дзень раніцай зайшоў Дзятлаў і расказаў, што адбылося на чацвёртай Зуеўскай.

У той жа дзень Іван і Гайша выехалі на буравую.

 

— Вось бачыш, а ты хацеў адсюль уцякаць, — сказала Варвара Сіманаўна мужу, калі ён прыехаў дамоў з буравой. — Я як адчувала, што тут нафта...

— Дзякую, дзякую, — перабіў ён яе. — Заўтра раніцай еду ў Мінск, ты падрыхтуй мне касцюм...

— Падрыхтую, падрыхтую, а ты ідзі вячэраць. А то зусім выбіўся з рэжыма... І не выспішся...

— У вагоне дасплю, — і ён пайшоў у ванную мыцца.

Памыўшыся, павячэраўшы, ён адразу лёг спаць. Але заснуць не мог, хаця было і позна, і звычайна ў гэты час ён заўсёды спаў. А цяпер сон ніяк не мог адолець яго— не праходзіла ўзбуджанасць мінулага дня... А тут яшчэ як знарок ля дома спынілася машына і ніяк не заводзіцца, гудзе старцёрам, прама галаву свідруе. Круглоў не сцярпеў, падняўся, зачыніў балкон... Толькі пачаў быў драмаць, Варвара Сіманаўна, думаючы, што ён яшчэ не спіць, спытала, у якім касцюме паедзе. Ён раздражнёна адказаў, што яму абсалютна ўсё роўна, у якім касцюме ехаць, і павярнуўся на другі бок — тварам да сцяны.

Варвара Сіманаўна дастала карычневы ў тонкую ледзь прыкметную блакітную палосачку касцюм, ад якога патыхала нафталінам.

— Апошпі раз ты ў гэтым касцюме таксама ездзіў дакладваць пра нафту, — сказала яму Варвара Сіманаўна.—А ён і добры касцюм, зараз такіх і матэрыялаў няма.

Поезд адыходзіў на досвітку.

У купэ было душна. Пад столлю гарэла бляклая лямпачка. Ніхто не спаў. Ехала жанчына з гадавалым хлапчуком, капрызлівым і непаседлівым, і нейкая старая, якая без упынку смактала бяззубым ротам абаранак і запівала нагбом з бутэлькі ліманадам. І хаця ў Круглова быў білет на ніжнюю полку, давялося ўступіць яе жанчынам, а самому лезці на верхнюю, што яму яшчэ болей сапсавала настрой. Ён улёгся галавой да акна. Праз прыадкрытую фрамугу цягнула свежым паветрам. Адчувалася стомленасць ад хваляванняў апошніх сутак, ад таго, што выбіўся з рэжыму, што добра не паспаў ноччу. На сон пацягнула хутка. Але спаў неспакойна, амаль зусім пе спаў, бо чуў, як часта ўздыхае старая, як усё не можа заснуць малое, і маці ласкава ўшчувае яго... Круглоў чуў усё і ў той жа час усведамляў, што спіць, болей таго, нават бачыць сон. І ад таго, што ён не пераставаў чуць людскія галасы, постук калёс на рэйках, не пераставаў усведамляць, што ён у дарозе, ад гэтага сон яго толькі пабываў жахліва-рэальпы характар...

...Была вузкая і бясконцая дарога ўверх, як якая лесвіца ў шматпавярховым доме, толькі без адзінага павароту, а па баках замест сцен рос звычайны лес — бярозы, дубы; унізе — густы ажыннік уперамешку з арэшнікам. Чым вышэй узнімалася гэтая лесвіца, дрэвы станавіліся большымі, з больш кашлатымі і густымі вершалінамі, праз якія ледзьве цадзілася сонечнае святло...

І Круглоў пайшоў па гэтай лесвіцы, блытаючыся ў шырокіх штанінах старамоднага касцюма, карычневага, у блакітную палосачку.

І вось лесвіца скончылася. Вачам адкрылася шырокая паркетная пляцоўка, усланая мяккімі дыванамі, густа атуленая з усіх бакоў нікеляванымі буравымі вышкамі.

Пасярод стаяў карычневы стол на грувасткіх ножках, а за сталом сядзеў у глыбокім крэсле сам Бурдзіч. Над ім вісеў у выглядзе пляжнага парасона блакітны купал, і на купале былі намаляваны зоркі. Перад Бурдзічам ляжала на шырокай талерцы некалькі кернаў, аблітых нафтай, як смятанай. Ён рэзаў гэтыя керны, як каўбасу, адрэзаны круглячок мачаў у густую нафту і кідаў у рот, запіваючы з карца ў выглядзе металічнай бочачкі. Пітво было ліпкае, і ад яго блішчалі губы. Яно сцякала па падбародку і капала на беласнежную манішку.

— Еш, — ласкава сказаў Бурдзіч і падкінуў яму на талерачку зусім не крануты керн.

Круглоў не вельмі верыў у тое, што зможа з’есці такі моцны, як адпаліраваны, керн, але ўзяў — нічога не зробіш, калі частуе начальнік. Укусіў, і, на здзіўленне, керн падаўся пад яго старымі зубамі. Ён нават адчуў яго смак, — якраз як сланечнікавая халва, якую ён вельмі любіў некалі ў дзяцінстве.

— А цяпер мы з табой і пагаворым. Дарэчы, дзякую табе за нафту. Ну, гавары. Думаю, недарэмна падымаўся так высока, відаць, нешта хочаш сказаць... Я не памыліўся, Мікалай Міхайлавіч?

— Так, Павел Фёдаравіч, — прызнаўся Круглоў. — Я не хачу быць галоўным геолагам, Павел Фёдаравіч.

— Я так і ведаў, — аж пляснуў далонямі па каленях Бурдзіч. — Не, я вас не пушчу. Бо хто ж будзе кіраваць людзьмі, калі мы разбяжымся? Хе-хе-хе... А што табе, Мікола, і сапраўды цяжка?

— Якраз наадварот.

— Дык гэта мы выправім. Падкінем табе пару таленавітых геолагаў, і табе адразу пацяжэе. Ведаеш, як цяжка працаваць з таленавітымі людзьмі! Яны носяцца з рознымі ідэямі, а працаваць прыходзіцца самому. А трэба браць цягучых сераднячкоў. Мае ўсе калегі толькі і ганяюцца за сераднячкамі. Таленавітых далей ад сябе. Але калі табе лёгка, то можам парачку падкінуць таленавітых, хе-хе... Яны будуць дапаўняць цябе.

— Я ўсё жыццё абыходзіўся без дапаўнення, — пакрыўдзіўся Круглоў. — Мне абрыдлі гэтыя дапаўненні. Хачу пажыць без іх.

— Сам усё хочаш рабіць? — засмяяўся Бурдзіч. — Тады мы не зможам трымаць цябе па пасадзе галоўнага геолага.

— Я і прыйшоў прасіць аб гэтым...

— Колькі жыву на свеце, але ўпершыню бачу, каб чалавек адмаўляўся ад пасады. Усе лезуць, а то... А ў чым справа, таварыш Круглоў? — раптам падкрэслена афіцыйна спытаў Бурдзіч.

— Адным словам не скажаш.

— Можна падрабязна. Час у нашых руках.

— Ты ж ведаеш, Дзмітрый Зосімавіч, мне некалі ў інстытуце прарочылі вялікую будучыню.

— І не памыліліся. Хто болей за цябе адкрыў месцанараджэнняў?

— Нічога ты не ведаеш, — уздыхнуў Круглоў.

— Ну, добра, добра. Тады расказвай, а я пакрыху буду сілкавацца, — і ён зноў пачаў наразаць керн, як каўбасу, мачаць у нафту, есці і запіваць.

— Ты ж, можа, памятаеш, як мяне адразу пасля інстытута накіравалі геолагам участка на Украіну. Не паспеў там як след і агледзецца, не тое што зрабіць нешта самастойнае, як мяне перакінулі ў Сярэднюю Азію. Спачатку загадчыкам геалагічнага аддзела ва ўпраўленні, а затым — галоўным геолагам: тады кадраў з вышэйшай адукацыяй не вельмі было, так што... Адным словам, з таго часу я не вылазіў з галоўных...

— Можа, большага захацелася? — спытаў спачувальна Бурдзіч. — Давай да мяне ў намеснікі. Гэта ж ідэя! А?

— Я ніколі не працаваў сам, я толькі кіраваў іншымі, — сам сабе здзіўляўся Круглоў, што нясе такую лухту. Але спыніцца не мог. Спадзяваўся толькі на тое, што ўсё гэта не на самай справе, а толькі ў сне. — А я хачу пабыць радавым геолагам. Я пражыў доўгае жыццё, мне мала засталося, а я так і не ведаю, на што здольны. За мяне заўсёды ўсё рабілі падначаленыя. Я толькі дазваляў ці забараняў.

— Кіраваць ініцыятывай мас — у гэтым сэнс нашай дзейнасці.

— Яно-то так, але...

— Нічога не разумею... Абсалютна...

— Амаль заўсёды пры разведцы новых месцанараджэнняў нафты, першаадкрывальнікам якіх я лічыўся, спачатку былі нейкія геалагічныя ідэі. Усякія ідэі. Колькі геолагаў, столькі і ідэй.

— Ты ж таксама геолаг, — заўважыў Бурдзіч, выціраючы губы белай насоўкай.

— Нават калі ў мяне і з’яўлялася якая ідэя, дык вечна спазняўся. Не паспяваў. Але я быў кіраўнік і таму заўсёды лічыўся сярод аўтараў ідэі, якую прапаноўвалі мае падначаленыя. Вось і тут пад Зуевам... Няхай хто дакажа, што я не маю дачынення да адкрыцця нафты... Ніхто не дакажа.

— А ты, аказваецца, шкодны чалавек, Мікалай Міхайлавіч,— паківаў відэльцам Бурдзіч.

— Дзмітрый Зосімавіч, я ў тым узросце, калі настрой начальства мяне ўжо не палохае, — усміхнуўся паблажліва Круглоў. — Я казаў, мне некалькі год да пенсіі. За гэты час хачу пераканацца: я сам здольны на што-небудзь ці не? Змагу я ўзбагаціць людзей цікавай сваёй ідэяй ці не? .

— Не разумею, — у голасе Бурдзіча прагучала пагарда. — Што перашкаджае табе зрабіць гэта цяпер?

— Падначаленыя. Не паспееш і падумаць, а яны ўжо пра гэта крычаць уголас. А я хачу сам. Сам, без усялякай падказкі. І не так важна, што я адкрыю, мне абы пераканацца, што я здольны на адкрыццё. Больш мне нічога не трэба. Тады прызначай мяне хоць міністрам. Я тады чэсна буду глядзець у вочы сваім таленавітым падначаленым.

— Гэ... — нарэшце зразумеў Бурдзіч Круглова. — Чаго захацеў... Я таксама не супраць стаць радавым незалежным адкрывальнікам.

— Вам што? Вам лягчэй за ўсё гэта зрабіць.

— А як? — ажывіўся Бурдзіч.

— Фіць — і ўсё.

— І праўда, — абрадаваўся Бурдзіч, свіснуў сваімі тлустымі ад нафты губамі, якія перад гэтым склаў у трубачку, і знік. Засталася толькі роўная паліраваная пляцоўка — ні стала, ні мяккіх дываноў... Круглоў напружваецца, каб разглядзець па гэтай пляцоўцы свайго начальніка, прачынаецца і яшчэ які час упарта глядзіць на вагонную, пакрытую лакам, полку, на якой спаў...

Балела галава, і ўсё цела было вялае, як пабітае. Быў дзень. За акном плылі тэлеграфныя слупы са струнамі шматлікіх правадоў, роўная палоска хмызнякоў... Круглоў выйшаў у тамбур. Тут дыхалася свяжэй і лягчэй. Але вяласць у целе і боль у галаве не праходзілі. Стукала сэрца, аж аддавала ў скроні. Ці не захварэў?..

На вакзале ў Мінску зайшоў у медпункт. Змерылі тэмпературу, паслухалі сэрца, нічога падазронага не знайшлі. Параілі болей спаць і часцей гуляць на свежым паветры. Ён выйшаў з вакзала.

Потым Круглоў доўга сядзеў у прывакзальным скверы. Нават крыху перадрамаў. А потым скіраваў пехатой да высокага шэрага будынка, падняўся на ліфце на дзевяты паверх, папрасіў сакратарку далажыць аб ім. Бурдзіч сам выйшаў у прыёмную, пад руку завёў яго ў кабінет, усадзіў у мяккае крэсла за круглым столікам у кутку. Сам сеў насупраць:

— Ну расказвай, што там у цябе... Віншавальную тэлеграму атрымаў? Цудоўна, цудоўна. І чаго я цябе раней не запрасіў да нас?.. Ну расказвай, Мікола...

— Ды што расказваць? Нафта ёсць. Прамысловая. Якія запасы, пакуль гаварыць рана. Аказваецца, яна была зусім не там, дзе яе шукалі да гэтага. Тут, так сказаць, свая спецыфіка. Адным словам, толькі цяпер, калі знойдзены сакрэт нашай нафты, мы можам распачаць сапраўдную разведку. Трэба сродкі, трэба тэхніка, людзі...

— Будзе ўсё, Мікалай Міхайлавіч, цяпер будзе, — паабяцаў Бурдзіч.

 

Хаця Віктару і нечага было рабіць на свідравіне ў Шкварніка, ён ўсё роўна прыязджаў сюды амаль кожны дзень. Тут, сярод таварышаў, — за час выпрабавання свідравіны ён добра з усімі здружыўся, — неяк хутчэй праходзіў час, ды і меней думалася пра сваё ўласнае. На людзях ён прыкметна ажываў. І ўсё ж, нягледзячы на гэтую знешнюю ажыўленасць, у ім угадвалася глыбокая абыякавасць да ўсяго, нібы з чалавека ўзялі ды і вынялі душу. I калі яму Шкварнік сказаў, што яго па рацыі шукаюць па ўсіх буравых, просяць перадаць, каб тэрмінова выязджаў у кантору, то і да гэтага Віктар аднёсся болей чым абыякава.

— Пачакаюць, — адмахнуўся ён. Сядзеў з рабочымі ля вагончыка на сонцы і слухаў, як памбур Сідарчук, былы фотарэпарцёр зуеўскай раённай газеты, расказваў пра лоўлю акунёў рукамі.

— Едзь, Аляксандравіч... Можа, на якое павышэнне выклікаюць, і хітравата ўсміхнуўся. — Цяпер, кажуць, там сама партфелікі дзеляць. Якраз і машына ідзе ў Прыпяцк.

Ён сядзеў у кузаве, прыхінуўшыся спіной да кабіны, глядзеў, як вузее ўдалечыні шаша, становіцца, як нітка, і зусім губляецца на гарызонце сярод счарнелых палёў. На машыне больш нікога не было, і Віктару ніхто не перашкаджаў думаць пра Тамару. Надзея, што яна вернецца, памяншалася з кожным днём, і з кожным днём ён усё болей і болей лічыў, што ва ўсім вінаваты толькі ён адзін. Ён і цяпер успамінаў тую апошнюю гаворку, — які раз! — каб знайсці хай сабе і самае нікчэмнае апраўданне для сябе, і не знаходзіў.

Тады ён прыйшоў дамоў, як і часта гэта было, пазнавата, прыйшоў стомлены, але радасна ўзбуджаны. За вячэрай расказваў Тамары, як яны выпрабоўвалі першую Зуеўскую свідравіну ў міжсолевых і атрымалі магутны прыток нафты. І самае неверагоднае было ў тым, што нафта аказалася ў некалькіх гарызонтах. Ён гаварыў і зрэдку паглядваў на жонку. Яму здавалася, што яна ўважліва слухае яго. Яна і сапраўды сядзела і не зводзіла з мужа вачэй.

— Кажуць, у вас там трэст арганізуецца, — сказала раптам зусім нечакана для Віктара, не даслухаўшы яго да канца. .

— Магчыма, — адказаў неахвотна: яму не спадабалася, што Тамара не даслухала яго. — Разведка расце, так што вельмі верагодна.

— Кажуць, ён будзе ў абласным цэнтры.

— Хутчэй за ўсё. Вялікае начальства не захоча жыць абы-дзе.

— А ты?

— Я не начальства. Я радавы геолаг, — пачаў ён здагадвацца, куды хіліць жонка.

— А калі радавы, дык вечна думаеш жыць у полі? Раечцы няма з кім гуляць, ніводнай равесніцы.

— Дадуць кватэру. Цяпер хутка.

— У якім Зуеве ці Прыпяцку?

— Вядома, — ён палажыў лыжку, выпіў кампот. — Можа, спаць будзем?

— Ты пацікаўся наконт трэста, — даводзіла сваё Тамара. — Там жа, відаць, таксама патрэбны будуць геолагі?

— Ты хочаш, каб я прасіўся ў чыноўнікі? — крыху нават разкавата спытаў ён.

— Навошта прасіцца, — развяла яна рукой. — Можна проста, пажадаць. Некаму сказаць пра сваё жаданне. Ад цябе не адмахнуцца. Ты ж як-ніяк першаадкрывальнік.

— Я? — шчыра здзівіўся Віктар.

— Ты.

— Ну, ведаеш. Адкуль ты ўзяла?

— Усе так гавораць. Нават Лузько.

— Ну калі і Лузько гаворыць, то... можа быць.

— Смяешся?

— Вядома.

— Хіба не ты? А хто ж? Круглоў, можа?

— І не Круглоў... — і, заўважыўшы, што яна прыкметна пачынае раздражняцца, сказаў са спакойнай разважлівасцю: — Мне здаецца, Тамара, што ніхто не ведае, хто ж першаадкрывальнік. Нельга выдзеліць каго-небудзь аднаго. Уяўляеш? Ну, сама падумай... Хто першаадкрывальнік? Ці той вучоны, які першым сказаў, што на Палессі павінна быць нафта, ці той геафізік, які апісаў структуру, ці той жа Круглоў, які захацеў разведаць Зуеўскую, ці той майстар, які ў гэты час бурыў свідравіну? Хто ж першаадкрывальнік? Усе. Так што, як бачыш, я ў цябе фактычна і ніякі не першаадкрывальнік.

— Але ж і ты сярод іх.

— Крыху.

— Значыцца?

— Не, Томачка, я прасіцца не буду. Не той выпадак. А потым... Ведаеш, я наогул пра гэта не думаў. Ды і навошта? Гэта той выпадак, калі за чалавека павінны падумаць другія. Каму, так сказаць, паложана.

— Цікавы ты чалавек. Нічога табе не трэба. Ні навука, ні трэст. Табе ўсё роўна, як і дзе будзе жыць твая жонка, дачка... Жывеш так, нібы не адзін раз збіраешся жыць.

— Іменна таму, што я жыву адзін толькі раз, я і хачу сваё жыццё пражыць па-сапраўднаму. Па-свойму. Не паўтараць чужое, — сказаў даволі рэзка Віктар.

— Між іншым,—у голасе Тамары з’явілася таксама непахісная цвёрдасць, — між іншым, я таксама хачу пражыць сваё жыццё. І не ў гэтай глухамані. Мне абрыдлі гэтыя бадзянні... Я згодна жыць так, як ты хочаш. Але каб я бачыла, што так жывуць усе. Ты прыглядзіся, як жывуць гэтыя твае шукальнікі... Сябе не забываюць. А чаму мы павінны быць лепшымі за іх? Чаму? І наогул, чаму ты хочаш, каб я жыла так, як ты? А чаму ты не хочаш жыць так, як хачу я? — і раптам зусім нечакана для Віктара спытала: — Ты мяне кахаеш?

— Ты сама добра ведаеш.

— А калі кахаеш, то пойдзеш да свайго кіраўніцтва і пагаворыш наконт трэста. І не цягні. А то лепшыя месцы захопяць. Кажуць, адсюль просяцца людзі.

— Тамара, а ты мяне кахаеш?

— Пакуль не ведаю, — і яна пільна паглядзела на яго. — Не ведаю. А потым — хіба табе не ўсё роўна?

— Не. ‘ .

— Не верыцца нешта. Бо тады ты жыў бы зусім інакш.

— Паслухай, Тамара. Я табе растлумачу.

— Мне жыццё трэба, а не твае тлумачэнні.

— Ды паслухай жа!

— Слухаю.

— Між іншым, Томачка, у нас з табой ёсць нейкія абавязкі перад жыццём, ухіляцца ад якіх...

— А я не ўхіляюся. Я працавала і буду працаваць. Дзеля грамадства, між іншым. Хачу вырасціць разумнай дачку. Дзеля грамадства таксама. Дагаджаю мужу, які таксама працуе для грамадства. Згодна рабіць усё, толькі не ў гэтай глухамані... — Яна прыкметна распалялася, але яе стану не тое што не заўважыў Віктар, ён на які момант раззлаваўся на жонку, і яму сапраўды ўсё роўна было тады, які ў яе там настрой.

— Ты хаця разумееш, што гаворыш?

— Разумею. І табе тлумачыла. Ды, здаецца, дарэмна... — яна перадыхнула і сказала амаль спакойна: — Я табе неяк гаварыла, што мы ніколі не зразумеем адзін аднаго. Так яно і ёсць.

— Гаворыш глупства!

— Вядома, я заўсёды гавару толькі глупства... Што ж, шукай сабе другую, якая не будзе гаварыць табе глупства, — і яна пачала збіраць рэчы.

— Што ты робіш?

— Што бачыш.

— А ты ведаеш, што калі я жыву, калі нешта раблю ў гэтым жыцці, дык толькі таму, што ты ў мяне. Не магу без цябе...

— Пражывеш і без мяне. Знойдзеш якую Зарыну.

— Я не магу без цябе. Чэсна.

— І тут ён толькі пра сябе, толькі пра сябе.

— Тамара!

— І заўсёды так. Што ж, жыві, як хочаш, шукальнік!

— А чаму я для цябе, а не ты для мяне? — страціў усялякую вытрымку Віктар.

— Таму, што ты мяне кахаеш.

— Ну, ведаеш!

— Што?

— Гэта ўжо сапраўды эгаізм. Дзеля сваіх інтарэсаў ты гатова пазбавіць мяне ўсяго, — і работы, і будучыні, усяго таго, без чаго я не я. А калі так... то куды хочаш. Не трымаю!

— Ха! Ён думае, што зможа мяне ўтрымаць.

— Услед не пабягу.

— Вядома. Ты проста не дарос, каб пабегчы ўслед за каханай жанчынай.

І яна пайшла ў спальню.

Ён доўга моўчкі сядзеў ля стала. А потым, адсунуўшы далей ад сябе талеркі з недаедзенай вячэрай, шклянку кавы, да якой так і не дакрануўся, і, палажыўшы галаву на рукі, задрамаў. Недзе пад раніцу прачнуўся, размяў самлелую спіну, рукі, пастаяў ля ложка, на якім спала Раечка, абдымаючы падушку, і ціха, каб нікога не разбудзіць, выйшаў.

А калі вярнуўся з работы вечарам, то і жонкі, і дачкі дома не было.

Ён не стаў іх шукаць. А як упаў ніц на канапу, так і праляжаў усю ноч у нейкім цяжкім здранцвенні, не заснуўшы ні на адну хвіліну.

Да ўсяго ў жыцці ў яго раптам з’явілася глухая зацятая абыякавасць, і толькі, калі заставаўся адзін, вось як цяпер на машыне, усё пакутлівей успамінаў дачку, жонку, думаў пра іх з усё большым усведамленнем свае віны.

Круглова ў кабінеце не аказалася. Сказалі, што ён у дырэктара. У прыёмнай сядзеў Дзятлаў.

— А ты чаго тут? — парукаўся з ім Віктар.

— Ды вось выклікалі.

— Мяпе таксама. Зойдзем разам?

— Там Лузько. Прасілі пачакаць.

— Тады пакурым, — сеў побач з Дзятлавым. — Нам няма куды спяшацца...

Пасля таго як адкрылі нафту, Лузько колькі дзён хадзіў з заявай у кішэні, не адважваўся аддаць яе дырэктару: чакаў, пакуль крыху ўляжацца шуміха. А то падумаюць, што спецыяльна ўцякае, маўляў, шукаў, шукаў нафту і нічога не знайшоў, вось і сорамна людзей з-за свае такой бездапаможнасці. У той жа час яму з кожным днём усё цяжэй і цяжэй было заставацца ў канторы: пра яго не гаварылі ні па радыё, ні па тэлебачанні, пра яго не пісалі ў газетах, нібы ён і не працаваў тут, не быў адным з першых шукальнікаў нафты. Яму часам здавалася, што перастаюць заўважаць яго наогул, нават хто-ніхто ўжо і не вітаецца, сустрэўшыся ў калідоры. А калі так, то ён цяпер абавязкова звольніцца, вось толькі счакае колькі дзён і падасць заяву...

Аднойчы раніцай яго паклікалі ў кабінет дырэктара.

Чокан выйшаў з-за стала яму насустрач, потым запрасіў садзіцца, прапанаваў закурыць.

«Відаць, прызначылі ўпраўляючым трэста, што такі вясёлы», — падумаў пра Чокана Лузько.

— Ну як жыццё? — быў вельмі ўважлівы і цікаўны Чокан. — Як жонка? Навука твая як?

— Ды нічога. Дзякую. А ў вас як?

— Навін у нас многа. Вось арганізуецца разведачны трэст. Многа навін.

— Хто ж узначаліць яго? Вы?

— Не... Хутчэй за ўсё буду намеснікам. А пакуль даручана падбіраць кадры, — ён падняў тэлефонную трубку, набраў нумар. — Мікалай Міхайлавіч? Тут прыходзяць людзі, так што...

Зайшоў Круглоў. Ён у апошнія дні, здавалася, аж памаладзеў. Пасвятлеў тварам, у рухах з’явілася больш рашучасці, упэўненасці. Ён сеў, кіўнуў Чокану. каб гаварыў той.

— Вось што, дарагі Баціслаў Адамавіч, — Чокан дапытліва паглядзеў на Лузько. — Вы ў нас працуеце больш дзесяці год. Добра ведаеце Палессе, ведаеце нашых людзей. Хутка станеце кандыдатам навук. Як вы лічыце, калі мы вас прапануем загадчыкам геалагічнага аддзела будучага трэста. І вопыт, і веды... Мы вось з Мікалаем Міхайлавічам гаварылі з Мінскам. Там не пярэчаць. Што вы нам скажаце?

— Я, відаць, пагаджуся... — нават крыху разгубіўся ад такой прапановы Лузько. — Але мне б параіцца з жонкай... Але, відаць, я згаджуся. Так сказаць, з радасцю... Мне будзе прыемна і карысна папрацаваць пад непасрэдным кіраўніцтвам Мікалая Міхайлавіча. Адным словам, я ўдзячны вам, так што, — канчаткова заблытаўся ў словах...

— Лічы, дарагі, што табе павязло, — сказаў яму дружалюбна Чокан.

— Я вельмі дзякую, вельмі дзякую, — падняўся Лузько. — Можна ісці? — ён бегаў сваімі хуткімі вочкамі то з дырэктара на галоўнага геолага, то з галоўнага на дырэктара.

— У вас тэрміновае што? — спытаў Круглоў.

— Ды не, Мікалай Міхайлавіч.

— Тады пасядзіце. Вам, як будучаму загадчыку аддзела, не лішнім будзе папрысутнічаць, — і сказаў Чокану: — Буткевіч у прыёмнай.

— А што ж прапануем яму? — спытаў у Круглова Чокан.

— А калі мы прызначым яго галоўным геолагам канторы тут, у Прыпяцку? Работа самастойная. Працуй, праяўляй ініцыятыву.

— А не малады? — запярэчыў Чокан. — Кіраваць такім калектывам... А ён гарачы яшчэ. Супакоіцца б яму крыху. А то...

— Вытрымкі ў яго сапраўды не хапае, — пагадзіўся з дырэктарам і Круглоў. — Хаця геолаг ён сапраўдны...

— Не пярэчу, — сказаў Чокан. — Але я ўстрымаўся б ад яго прызначэння на самастойную работу. Гэта ад яго не ўцячэ. А пакуль не пашкодзіла б яму крыху набрацца вопыту... Даручым адказны ўчастак, а раптам не пацягне. Сапсуем біяграфію маладому чалавеку. Ні яму, ні нам гэта не трэба.

— І такое можа быць, — усміхнуўся Круглоў. Здавалася, што яму абсалютна ўсё роўна, кім будзе працаваць Буткевіч. Але калі Круглову, можа, і сапраўды было ўсё роўна, то гэта не было ўсё роўна Лузько, як будучаму загадчыку геалагічнага аддзела трэста. Ён быў упэўнен, што калі Буткевіча прызначаць галоўным геолагам Прыпяцкай канторы, то ён, Буткевіч, абавязкова вернецца на Быкаўскую і, чаго добрага, знойдзе нафту, знойдзе там, дзе яе дзесяць год шукаў і не знайшоў ён, Лузько. А таму ён быў цяпер зацікаўлен у тым, каб Буткевіч атрымаў такую пасаду, дзе б ён максімальна быў пазбаўлены самастойнасці, увесь час быў пад кантролем.

— Можна мне, — сціпла сказаў Лузько. — Гэта сапраўды так, што Буткевіч чалавек гарачы. І яму карысна было б папрацаваць ну, напрыклад, геолагам у аддзеле трэста. Набраўся б вопыту, а потым...

— А гэта думка, — адразу зразумеў Лузько дырэктар.

— А ці пойдзе? — усміхнуўся Круглоў. — Мне здаецца, ён да канцылярскай работы не вельмі...

— Дадзім кватэру, абжывецца, супакоіцца, — упэўнена сказаў Чокан. — Так яму і прапануем.

Буткевіч болей чым абыякава аднёсся да прапановы працаваць у трэсце. Не адмовіўся і не пагадзіўся.

— Нешта не бачу энтузіязму, дарагі мой, — шчыра здзівіўся Чокан. — Вас і кватэра не радуе.

— Не радуе,— прызнаўся Віктар.

— Прабачце, а чаму ў вас такі настрой? — спытаў Круглоў.

— У вас там нешта ў сям’і?—спачувальна пацікавіўся Чокан.

— Гэта да справы не адносіцца, — адрэзаў Віктар.

— Можа, вы ў нас наогул не жадаеце працаваць? — занерваваўся Чокан.

— Не ведаю, — сказаў Віктар. — Там, дзе вы прапаноўваеце, не вельмі. А можа, і буду. Пабачу. Хутчэй за ўсё — не. Я, пэўна, застаўся б у вас, каб вы мне даручылі даразведаць Быкаўскую структуру. Нават самым-самым радавым геолагам тады б застаўся.

— Дзівак! — засмяяўся Чокан. — Ды туды цяпер ніхто і не паедзе. Ні рабочы, ні майстар. Кругом столькі новых свідравін, перспектыўных свідравін. Адкрыцці, прэміі. А там? Выпрабоўваць былыя свідравіны? Хто гэта захоча сядзець на тарыфнай стаўцы.

— Я сам падбяру брыгаду, — запэўніў Віктар.

— Там дзесяць год шукалі, столькі сродкаў з’елі... Я лічу, што няма ніякага сэнсу вяртацца туды, калі столькі другіх сапраўды перспектыўных структур. Я абсалютна супраць, — і Чокан паглядзеў на Круглова, відаць, чакаючы ад яго падтрымкі.

— Вельмі правільна гаворыць Андрэй Сямёнавіч, — уставіў сваё і Лузько. — Сапраўды, колькі можна? Дзесяць год шукалі. Усяк спрабавалі. І нічога. Калі на Зуеўскай яна ёсць, дык знайшлася. Канешне, няма ніякага сэнсу вяртацца на Быкаўскую.

— На што вы разлічваеце, Віктар Аляксандравіч? —спытаў галоўны геолаг.

— Улічыць вопыт Зуеўскай, ну і, сыходзячы з мясцовых умоў, — адказаў Віктар.

— Мая такая думка, — Круглоў змерыў позіркам Чокана, Лузько. — Многа таямніц нам пакінула Быкаўская. Мы не маем права адмахнуцца ад іх. Тым больш што новых свідравін бурыць не будзем, так што і сродкі трэба не вельмі вялікія. А калі і прабурым адну-дзве, дык таксама нічога страшнага. Я думаю, Андрэй Сямёнавіч, можна задаволіць просьбу Буткевіча.

— Дзякую, можна ісці? — падняўся Віктар.

— Можна, можна, — неяк адкрыта спачувальна глядзеў Чокан на Віктара, — хай зойдзе Дзятлаў, калі ён там...

Дырэктар канторы, незадаволены падатлівасцю Круглова, яго ўступкай Буткевічу, адразу ж, як толькі Дзятлаў зайшоў, пачаў рашуча і цвёрда, каб было ясна ў першую чаргу самому Дзятлаву, што яго рашэнне канчатковае і мяняць яго ён не дазволіць нікому.

— Практыка паказала, таварыш Дзятлаў Пётр Аляксеевіч, што ў нашых умовах газавы каратаж мае вялікае значэнне. Прынята рашэнне значна пашырыць яго і ўзмацніць. Да нас прыедзе некалькі інжынераў з вышэйшай адукацыяй. Прыбудзе новая тэхніка. Багата тэхнікі. Адказнасць кіраўніка газавага каратажа ўзрасце ў значнай ступені, і таму...

— Я заўсёды адчуваў гэту, так сказаць, адказнасць,— уставіў Дзятлаў.

— І таму, — працягваў Чокан, — нас не зразумеюць, калі гэту пасаду будзе займаць чалавек з сярэдняй адукацыяй. Вы малады і таленавіты чалавек. І проста несправядліва будзе, калі вы застанецеся без вышэйшай адукацыі. Мы тут з Мікалаем Міхайлавічам раіліся, як вам дапамагчы. Калі б вы былі не сямейны чалавек, мы вас накіравалі б у інстытут. Стыпендыю далі б... А так... Вам трэба вучыцца завочна. Мы вырашылі даць вам магчымасць падабраць сабе такую работу, якая дазволіла б вам вучыцца...

Круглоў заўважыў, як захваляваўся Дзятлаў, як пачаў часцей дыхаць, як ён парываўся нешта сказаць і ўсё стрымліваўся, счакаў, пакуль усё скажа Чокан, і сам пачаў падкрэслена дружалюбна і спагадліва:

— Вы зразумейце, Пётр Аляксеевіч, мы жадаем вам толькі лепшага. Мы не хочам, каб само жыццё выкінула вас за борт... Трэба вучыцца. Узначальце, напрыклад, лабараторыю і вучыцеся. Разведка пашыраецца, у будучым спатрэбіцца вельмі многа спецыялістаў,так што яшчэ і напрацуецеся і накіруецеся. У вас яшчэ ўсё наперадзе, Пётр Аляксеевіч.

— Тым больш што вы не з тых, хто трымаецца за месца, — уеў яго Чокан.

Дзятлаў неяк разгублена глянуў на Круглова, потым на Лузько, рэзка махнуў рукой і ледзь не выбег з кабінета.

 

Буткевіч выйшаў з канторы. Спыніўся, задумаўся, куды б падацца. Хіба ўзяць ды з’ездзіць на Быкаўскую, усё роўна пакуль рабіць нечага, паглядзець, як і што там. А па дарозе заглянуць у Бабры да Дымка, пагаварыць наконт кватэры, — не ездзіць жа з-пад Зуева на Быкаўскую. Так ён і вырашыў.

Не паспеў дайсці і да аўтобуснага прыпынку, як яго нагналі Іван Дымок і Кіга. Абое былі ў новенькіх гарнітурах, пад гальштукамі, як жаніхі.

— А мы вас у канторы шукалі, — сказаў Кіга.

— Што тэрміновае? — спыніўся Віктар.

— Дык як, Віктар Аляксандравіч? — спытаў Іван. — Хто выйграў, хто прайграў? Хаця яшчэ да года крыху і не хапае...

— А-а, — успомніў Віктар, як ён некалі пабіўся з Іванам аб заклад. — Будзем лічыць, што ты выйграў. Віншую!

— Віншаваннем не абыдзецеся, Віктар Аляксандравіч, — засмяяўся Кіга.

— Што хочаце?

— Віктар Аляксандравіч, да вас будзе адна просьба, — пачаў Іван. — Цяпер якраз набіраюць у вучылішча нафтавікоў у Зуеве. Накіруйце Кігу...

— А ты? — спытаў Віктар у Івана.

— А я... Я буду паступаць вучыцца на аддзяленне журналістыкі.

— Прызванне?

— Не ведаю... Памятаеце, Віктар Аляксандравіч, як вы на рыбалцы расказвалі пра геалогію. А я ляжаў, глядзеў на неба, слухаў вас і думаў, як бы пра ўсё гэта напісаць... І такое часта са мной, так што...

— Та-ак, добра, — і звярнуўся да Кігі: — А вы чаму ж у вучылішча, а не на філосафа якога?

— Рабочаму класу таксама трэба філосафы, — засмяяўся Кіга. — А калі гаварыць сур’ёзна, дык вучыцца няма калі. У маім жыцці, Віктар Аляксандравіч, пачынаецца светлая паласа. Пакуль з’явілася яна, а потым, відаць, будзе і сям'я. Сям’ю трэба карміць, так што не да філасофіі, Віктар Аляксандравіч. А вунь і яна стаіць, чакае, паглядвае строга, — і ён паказаў на дзяўчыну ў зыркай хустачцы, у блакітным плашчыку, што стаяла крыху воддаль, праз вуліцу, ля аўтобуснага прыпынку, глядзела на іх і смяялася шырокай, рэдказубай шчаслівай усмешкай.

Віктар пазнаў Зарыну. Адчуў, як нейкі балючы сум праняў яго.

— Дарэчы, Віктар Аляксандравіч, — папрасіў Кіга. — Будзеце пісаць накіраванне, дык не пішыце Кіга. Маё сапраўднае прозвішча Кірылаў. Кірылаў Генадзь Андрэевіч. Скарочана — Кіга.

 

Спачатку Тамара думала паехаць у Зуеў ці ў Гомель, спыніцца ў якой-небудзь гасцініцы, знайсці работу, а потым і кватэру. Ехаць да сваіх бацькоў спачатку яна не планавала, бо не хацела іх трывожыць, а галоўнае, не хацела быць перад імі вінаватай дачкой, якая ў свой час іх не паслухалася і вось засталася ні з чым. Але ў самы апошні момант усе планы пераблыталіся. Па-першае, яе вельмі ўразіла тое, што ў гасцініцы не было месцаў, праўда, ёй, паколькі яна была з малой, зусім не адмовілі, прапанавалі пераначаваць на раскладушцы ў калідоры... А па-другое, яна падумала, што Віктар адразу ж кінецца, ўслед за імі і, знайшоўшы іх у гасцініцы, ды яшчэ ў калідоры на раскладушцы, забярэ з сабой, а ў яе, адчувала, не хопіць сілы адмовіцца. З гасцініцы Тамара паехала на чыгуначны вакзал... Хацела спыніцца ў пакоі для маці і дзіцяці, але ў яе yе было транзітнага білета і яе туды не пусцілі. Да цягніка на Сімферопаль заставалася не болей гадзіны, і яна паспяшыла ў білетную касу, хутка знайшоўшы апраўданне свайму ўчынку — ёй некуды ж трэба ехаць, а галоўнае, яна яшчэ дома сказала Раечцы, што паедуць да дзеда...

Ні Даніла Феафілавіч, ні Аксана Андрэеўна і не падазравалі, што прывяло іх дачку дамоў.

— А мне дык учора і соy прысніўся, — расказвала Аксана Андрэеўна. — Нібы ўцякла з заапарка вавёрка і бегае ў нас па пакоі. Яе ў горадзе шукаюць, і міліцыя, і піянеры, а яна села мне на плячо ды і кажа: «Нікому, цётачка, не кажы, што я тут...» Прачнулася і кажу старому — дачка прыедзе. А ён не верыць... Ці, можа, што ў вас там здарылася? — нечакана спытала Аксана Андрэеўна. Але адчувалася, што гэтае пытанне турбавала яе з самага пачатку, як толькі ступіла на парог дачка.

— Ды нічога, усё нармальна, — адказала Тамара.

— Тата нафту знайшоў, а мама не хацела, каб ён яе шукаў, і лаяла тату, — выдавала маці Раечка. — Дык мы ўзялі і паехалі.

Старая цяпер з адкрытай падазронасцю паглядзела на дачку.

— Ды знайшоў жа нафту, — сказала Тамара з нечаканай для сябе гордасцю за мужа. — Ну, канешне, нямала гаварылі пра яе, нават спрачаліся, — засмяялася. — У Віктара наогул цяпер вельмі багата работы, суткамі на буравых... Кватэры няма, ды і невядома, калі і дзе яна будзе — у Зуеве ці ў Прыпяцку, так што і на работу не ведаеш, дзе ўладкавацца.

— А тата нас не любіць, — з дзіцячай непасрэднасцю шчыравала Раечка.

— Ды наш тата такі: то любіць, то не любіць. Калі ты, Раечка, маму слухаешся, то тата нас любіць, — смяялася Тамара, папраўляючы банцік на галоўцы ў малой.

— А я чытаў у газеце пра беларускую нафту, там і пра Віктара пісалі, — сказаў Даніла Феафілавіч толькі для таго, каб завесці гаворку пра другое, адчуўшы, што дачка нечага не кажа і не хоча казаць.

— У якой газеце? — ажывілася Тамара.

— У «Известиях». Там і фотаздымак быў. Буравая і людзі ля яе...

— А я прагледзела... Вы пакажыце, тата, газету. Пойдзем, Раечка, нам дзед газету пакажа, — яна ўзяла яе за руку і павяла ўслед за старым у другі пакой. — Там і пра нашага тату напісана...

Тамара так нічога і не расказала бацькам. Але яны, а болей — маці, ці пра нешта здагадаліся самі, ці пра што распыталі ў малой, толькі занадта часта заводзіла гаворку пра яе жыццё з Віктарам, і кожны раз Тамара адказвала аднолькава, што ў іх усё, усё нармальна, лепей і не трэба. Стары маўчаў, толькі пыхкаў папяросай, а Аксана Андрэеўна ўздыхала, гледзячы на дачку з адкрытым спачуваннем. Хутка гэта пачало раздражняць Тамару, раздражняць такімі частымі напамінкамі пра мужа, пра якога яна думала ўсё больш і больш, напамінкамі пра іх адносіны, у якіх яна і сама пакуль ніяк не разбярэцца. Яна ўсё часцей успамінала апошні год свайго жыцця з Віктарам, і іх жыццё ў параўнанні з яе цяперашнім, хай сабе і бесклапотным, але нейкім пустым, было, аказваецца, такім цікавым, такім змястоўным. Яна пачынала разумець, што мінулы год не прайшоў для яе бясследна, што ў яе разуменні жыцця адбыліся нейкія істотныя зрухі, аб якіх яна і не падазравала там і якія толькі цяпер тут пачынала ўсведамляць. Яна была ўпэўнена, калі ехала да бацькоў, што тут пацячэ яе жыццё наладжана і прывычна, як і некалі, але хутка, літаральна праз некалькі дзён, зразумела, што яна ўжо не можа так жыць, як жыла раней, што ёй тут нечага не хапае. А без гэтага «нечага» нават нецікава жыць... Яна толькі цяпер, калі надумалася пакінуць Віктара, адчула, якое месца ў яе жыцці ён займае...

Праз колькі дзён Тамара сказала бацькам, што едзе назад, а Раечку пакіне ў іх, пакуль яны там не атрымаюць кватэру...

...Іх домік у пасёлку стаяў замкнёны — у ім ніхто не жыў.

У Прыпяцку Тамара даведалася, што Віктар цяпер на кватэры ў Бабрах...

 

Віктара захапіла работа...

Цяпер яму было не так адзінока, меней сумаваў па жонцы. Наступіла разважлівая яснасць. Праўда, было крыўдна на Тамару, што яна так і не зразумела яго. Ну і няхай кідае, едзе шукаць лепшага, услед ніхто не пабяжыць... Ён хацеў, каб яна сама вярнулася, бо гэта было б яго перамогай: яна не зможа вярнуцца такой, якой была, яна зможа вярнуцца хоць крышачку, але іншай... Адным словам, ён не стаў яе шукаць, не стаў пісаць, званіць... Ён ведаў сваю жонку і не памыляўся, калі лічыў, што іменна такая барацьба за яе будзе самай дзейснай...

Ён жыў сваёй працай і чаканнем...

І ў яго надоўга хапіла б і характару і вытрымкі, каб раптам не выклікалі ў гарвыканком па ордэр на кватэру. Без жончынага пашпарта ордэр выдаць адмовіліся. І гэтая акалічнасць вельмі абрадавала Віктара: цяпер у яго была прычына шукаць жонку.

Ён не ведаў, дзе яна, але быў перакананы, што паехала да сваіх бацькоў, — куды ж яна магла яшчэ паехаць? Але перад тым, як узяць білет на самалёт і паляцець да яе, вырашыў заехаць у сваю вёску, а раптам яна там. Ён жа не раз прапаноўваў ёй пажыць у вёсцы.

— Адзін? — сустрэла яго маці. — А чаго ж сваіх не вёз, хай бы тут Раечка пабегала. Сама цёпла стала.

— Я і не думаў ехаць, мама, — хлусіў Віктар. — Проста недалёка давялося быць, дык заехаў... А Ліда ў вас? — хацеў перамяніць тэму гаворкі.

— Ну як там твае? — нібы і не чула яго пытання Кацярына Васільеўна.

— Ды нічога. Вось кватэру даюць. А што ў вас тут новага?

— Бачыла Шкварнічыху, плакала, ім таксама далі кватэру. Пераязджаць не хоча...

— Нічога, пажыве ў горадзе, назад не захоча, — сказаў Віктар. — Ні пра дровы клопатаў, ні пра ваду...

— Яно-то так, але... — раптам спахапілася старая. — Ой, што ж гэта я гавару, гавару, а ты, можа, есці хочаш?

— Дзякую, пакуль не хочу. Можа — потым.

Віктар пайшоў у сад. За хлевам, у зацішку на сонейку, на раскладушцы ляжала Ліда. Побач стаяла каляска ў чырвоную зыркую клетку — імпартная, — з малым. Ліда драмала, з рук на дол выпала кніга, якую яна чытала. Віктар хацеў паправіць на калясцы карункавую занавеску. Ад яго неасцярожных, відаць, рухаў сястра прачнулася.

— А-а, гэта ты? — села.

У мажнай ленай жанчыне, пад якой, здавалася, ледзь ліпела кволая раскладушка, цяжка было пазнаць цыбатую, хударлява-танклявую дзяўчынку, якой яна была яшчэ зусім нядаўна.

— Ды я, — узяў пасечанае бярозавае паленца, якое, як і памятае, заўсёды валялася ў садзе, паставіў яго тырчма, сеў. — Ну, як малое?

— Ды нічога, толькі спіць багата. Можа, ад таго, што на свежым паветры, ці што... Паесць і спіць... — яна смачна пазяхнула. — Я таксама ўвесь час спаць хачу: ноччу часта прачынаешся. Ну, як там у цябе? Кватэру даюць?

— Даюць.

— Дзе?

— У Прыпяцку...

— А чаго ж ты ў Гомель не захацеў? Там, кажуць, і кватэры лепшыя. Мой прыязджаў, казаў, дом глядзеў. Хутка здадуць. Падлога паркетная. Паркетная лепш, чым такая... А ў Прыпяцку што? Тут паркету ніколі не дачакаешся.

— Канешне, — падняўся Віктар.

У гэты ж дзень першым аўтобусам ён выехаў у Прыпяцк. Круглова застаў яшчэ ў канторы. Той не пярячыў, каб ён з’ездзіў па сям’ю. Узяўшы білет на самалёт, ён на таксі паспяшыў у Бабры, каб пераадзецца, захапіць свой дарожны партфель.

У пакойчыку, у якім ён жыў, на ложку адпачывала Тамара. Сярод пакоя стаяў знаёмы чамадан.

— Прывітанне! — сказаў Віктар так, нібы расстаўся з жонкай сёння раніцай і паміж імі не было ніякай сваркі. — Твой пашпарт ў цябе?

— У мяне. А навошта? — яна глядзела на яго і не магла зразумець, адкуль у яго гэты хай сабе і знешні спакой, гэта вытрымка.

— Ордэр на кватэру без твайго пашпарта не даюць, не вераць, што ты ў мяне ёсць.

— Ну, што яшчэ? — прысеў Віктар на табурэтку. Балела паясніца і нылі рукі: за дзень давялося перарабіць нямала. Перамылі ўсе вокны, — а мыць шыбкі, заляпаныя фарбай і цэментам, не так і лёгка было, — расставілі мэблю, разабралі і працерлі кнігі. І калі здавалася што ўсё зроблена, Тамара абавязкова знаходзіла яшчэ якую-небудзь работу. Недзе пасля абеду Віктар толькі прылёг на канапу адпачыць, як жонка раптам выявіла, што ў ваннай падлога месцамі заляпана цэментным растворам і што яе лепей пачысціць зараз, бо калі не зрабіць гэтага цяпер, дык яна і застанецца такой надоўга.

І Віктар, стоячы на каленях, сашкрабаў цэмент старым тапорыкам.

— Стаміўся? — падышла Тамара.

— Яно б нічога, каб не ехаць на буравую...

— А абавязкова?

Ён прамаўчаў. За апошні год, асабліва пасля яе ўцёкаў ад яго, нешта неадольнае з’явілася паміж імі. Віктар гэта адчуваў вельмі добра. Ці ёсць такое адчуванне ў яе, не ведаў, але думаў, нават быў упэўнен, што ёсць, а цяпер, калі стараецца паказаць сваю любасць і ўвагу да яго, дык мо проста стараецца пераадолець сябе, пераадолець тую адчужанасць паміж імі, якую яна, можа, адчувае яшчэ вастрэй за мужа.

— А можа, і не абавязкова? — паўтарыла яна сваё пытанне. — Стаміўся ж... І наогул, пабылі б дома...-

— Абавязкова, Тамара Данілаўна, — падняўся ён і, убачыўшы, як засмуціў яе яго ледзь не афіцыйны зварот, сказаў больш лагодна: — Абавязкова трэба быць. Выпрабаванне на Быкаўскай намячаецца. Мне здаецца, там павінна быць нафта, хаця за колькі год яе там і не знайшлі.

— Ясна, — весялей глянула на мужа.

«Што ёй ясна?» — падумаў і сказаў:

— Так што мне проста неабходна ехаць. А тут ты як-небудзь і сама ўжо справішся...

— Ды спраўлюся, — пастаяла яна задумліва, а потым неяк нясмела спытала: — Віктар, а мне можна з табой?

— На буравую?

— Я хачу паглядзець, як там у цябе будзе.

— У кватэры яшчэ такі вэрхал...

— Паспеецца, — здавалася, яе не вельмі турбавала тое, што не ўсё зроблена ў кватэры. — Ці, можа, нельга?

— І чаму табе раптам захацелася?.. — не разумеў ёняе.

— Чаму — раптам? — села па канапу, апусціла рукі на калені. Нібы пакрыўдзілася. Ён памкнуўся быў сесці побач, прыхінуць яе да сябе, але толькі сказаў:

— Паедзем, калі хочаш...

На буравую прыехалі пад вечар. Там ужо брыгада Шкварніка рыхтавалася да выпрабавання свідравіны. Меркавалася, што яно надоўга не зацягнецца, і таму тут не было ні вагончыкаў для рабочых, ні бытоўкі, стаяла палатка, пара буданоў з голля і сена і лятучка — крытая машына з рацыяй. У гэтай лятучцы жыў сам Шкварнік. Воддаль стаяла машына газакаратажнікаў.

— Ну, як тут? — спытаў Віктар у Шкварніка.

— Прастралялі, — адказаў той. — Стаім на прамыўцы. Пад раніцу пачнём... Так што лепей пад’ехаць пад раніцу. А то тут начаваць...

— Нічога. Заначуем? — паглядзеў Віктар на жонку.

— Нават цікава, — яна нібы і абрадавалася.

— Можна ў маёй машыне, — дазволіў Шкварнік.

— Лепей у будане на сене, — папрасілася Тамара і засаромелася. — Я яшчэ ніколі не начавала ў полі.

— Можна і там...

— А што тут газакаратажнікі робяць? — пацікавіўся Віктар.

— Яшчэ з раніцы прыехаў Дзятлаў. Мне падалося, крыху таго, пад мухай. Спаў пад бярозамі. А цяпер з хлопцамі пайшоў па грыбы... Ты, Аляксандравіч, з ім пагавары, — папрасіў Шкварнік. — Каб ён не вельмі. А то добры хлопец і прападзе.

А ўвечары, калі ўсе кагалам сабраліся ля вогнішча і елі гарачыя адвараныя баравічкі, Дзятлаў падсеў да Віктара і, смачна аблізваючы свае тонкія губы, спытаў:

— Ну як расцэньваеш апошнія падзеі, Аляксандравіч?

— Міжнародныя? — не падымаў вачэй ад талеркі Віктар.

— Што трэст арганізавалі. Як там партфелікі падзялілі?..

— Аніяк... — усміхнуўся Віктар. — Мяне цікавіць толькі нафта. Гэта наогул. А ў даным выпадку вось гэтыя баравічкі...

— Ну — няхай мяне абышлі, — абураўся Дзятлаў. — Няхай я пешка. Можа, і сапраўды трэба ўзмацніць газавы каратаж, дык узялі чалавека з вышэйшай адукацыяй. А я што? З сярэдняй адукацыяй. Іх, канешне, не цікавіць, якая ў мяне галава. А ты? Чаму цябе абышлі? Гэтаму дурню Лузько далі партфелік, а табе? Не ведаеш? А я ведаю... Таму што і ты і я проста шарошкі. Самыя звычайныя шарошкі. Тыя, што на долаце. Усё жыццё круцімся, крышым пароду... А за намі сунецца ўвесь буравы снарад. Па гатовенькаму. Ступяцца шарошкі, заменяць новымі, а старыя — на металалом, на сметнік, як мяне, ды і цябе. Усю славу сабе, усе пасады сабе, а мы толькі шарошкі... Круцімся, пакуль зубы ёсць...

— Ты што, Пятро, славы захацеў? — засмяяўся Віктар.

— Не славы, а справядлівасці.

— А ў чым, па-твойму, гэтая справядлівасць?

— Каб кожнаму тое, што заслужыў... Вось ты... З галавой, першы геолаг, можна сказаць. А ты тут, а не там... Чаму?

— Вось таму, дарагі Пётр Аляксеевіч, што першы, як ты кажаш, то я і тут.

— Ну давай, давай, Аляксандравіч, паразважай, паразважай пра прызванне і наогул... Перад сном яно і нядрэнна лекцыю паслухаць, нервовую сістэму супакойвае...

— Лекцыі не будзе, — Віктар паставіў міску, падняўся, усміхнуўся. — Пайшлі, я пастараюся супакоіць тваю нервовую сістэму.

Яны пайшлі ад буравой па дарозе, на край лесу, дзе пачыналася поле аж да самага небасхілу. Тамара таксама была з мужам. Віктар доўга ўглядаўся ўдалячынь, потым сказаў:

— Бачыш? Палыхае. Вунь там... Бачыш? Ты ведаеш, што там за зарніца? Там палыхае факел, там па трубах пульсуе нафта, якую знайшлі мы з табой... То наша з табой зарніца. Вось тут і сэнс нашага жыцця і вышэйшая справядлівасць. Каб у кожнага чалавека была свая зарніца... Мы з табой, дарагі калега, шукальнікі... А ты мне пра нейкія пасады... А потым... Наша яшчэ ўсё наперадзе... Вось станем старымі, тады завядзём сабе цёплыя кабінеты, каб было багата батарэй пад прыгожымі драўлянымі рашоткамі. На падлозе мяккія дываны. Вокны абклеены — не дзьме. І абавязкова — электрычны чайнік... І будзем сядзець у мяккіх крэслах, пісаць справаздачы пра работу іншых, а жонкі нашы будуць пазваньваць, ці пе забылі выпіць лякарства... А пакуль... І тут запалім з табой факел, а потым пойдзем далей... А за намі ўслед будуць калыхацца зарніцы... А мы будзем ісці і ісці...

— Прыгожа, але...

— Вось іменна, прыгожа, — не даў дагаварыць Дзятлаву Віктар. — Што ў параўнанні з ёй, гэтай прыгажосцю, нейкая там пасада?

— Аляксандра-а-ві-і-ч!—раптам пачуўся голас Шкварніка.

— Нас, здаецца, клічуць, — сказаў Віктар. І яны ўсе паспяшылі на буравую.

На буравой іх чакаў Лузько. Ён, як толькі заўважыў Віктара з жонкай, вылез з машыны і паспяшыў ім насустрач, ветлівы, уважлівы. Адразу ж закідаў іх пытаннямі, хаця, было відаць, адказы яго ніколькі і не цікавілі.

— Прывітанне! А вы тут... І ты? — падаў руку і Тамары. — Калі ж ты прыехала? Прыехала і носа не пакажаш. Зазналіся, дарагія мае, зазналіся. Заязджаў да вас на кватэру, некалькі разоў заязджаў, зачынена. І наогул, вы жывяце там ці не? Суседзі казалі, што вас яшчэ ні разу і не бачылі. А як жа вас убачыш, калі вы тут удваіх. Яно, вядома, рамантыка... Ну, як тут?

— Ды ніяк... — сказаў Віктар. — Пакуль што ніяк.

— Яно заўсёды будзе ніяк, — упэўнена сказаў Лузько. — Час толькі згубіш...

— Будзе відаць...

— Але не будзем пра справу, — засмяяўся раптам. — Я зусім не з-за гэтага прыехаў. Я прыехаў, каб цябе, Віктар, убачыць. І вельмі рады, што застаў вас абоіх. Я хату атрымаў, дык усе кажуць, што яна рассохнецца. Так што прыязджайце ў нядзелю на ўваходзіны. А можа, нават у суботу? А? Сходзім у тэатр. Там нейкі тэатр на гастролях. У мяне і пераначуеце. Кватэра вялізная. Ну дык як, Віктар, Тамара? Магу машыну за вамі прыслаць.

— Калі нафту атрымаем, то прыедзем, — паабяцаў Віктар.

— Бачоначак у падарунак,—сказала Тамара.—Нафты.

— Баюся, што тады не дачакаюся вас. Я тут, на гэтай Быкаўскай, дзесяць год прасядзеў, так што ведаю... Ды жарты жартачкамі, а вы павінны прыехаць. Нафту можна замяніць каньяком, — і ён пачаў развітвацца. — Паеду, а то мой шафёр спяшаецца. У яго жонка ў роддоме, ці што...

Позна вечарам, калі ўсе, нагаманіўшыся ля вогнішча, разышліся хто на вахту, хто спаць, Віктар і Тамара, уладкаваўшыся ў будане, ляжалі і слухалі начныя галасы лесу. Было ціха, бо дызелі не працавалі — яшчэ не спускалі выпрабавальнік у свідравіну.

— А будзе нафта, Віктар, якую ты абяцаў Лузько? — у голасе Тамары не толькі зацікаўленасць, але і прыхаваная трывога.

— Павінна...

— Хаця б знайшлі яе. Уяўляю, які твар будзе ў гэтага Лузько.

У будане цёмна і крыху душнавата. Тамара, нібы баялася чаго, цесна прынікла да мужа і, здаецца, ужо драмала: у яе колькі разоў варухнулася рука, нібы шукала сабе ямчэйшага месца, — у жонкі, прыкмеціў, заўсёды было так, калі засынала.

Віктар упершыню сёння, асабліва пасля яе пытання пра нафту, з невядомай яму цяплынёй падумаў пра Тамару, падумаў, што яна зусім не такая, якой была яшчэ нядаўна, што нешта новае, пакуль што і не зразумелае яму, з’явілася ў яе, і што яму вельмі радасна будзе прывыкаць да гэтага новага...

 

Лузько прачнуўся. Сеў на ложку, звесіў ногі, кранаючыся пальцамі халаднаватага, крыху шурпатага, калі павозкаць пальцамі, паркету. Праз адчыненыя дзверы разглядаў залу, амаль пустую, з адзіным сталом пасярэдзіне і з невялічкай кніжнай паліцай паўз сцяну. Больш мэблі на залу і не хапіла, новай яшчэ не купілі, а з той, што была ў Прыпяцку, большую частку не ўзялі — не захацела Ліда везці старое ў новую кватэру. А што прывезлі, паставілі ў спальні і ў кабінеце, як назвала жонка невялічкі пакой побач са спальняй. Лузько сядзеў і думаў: падымацца і збірацца на работу ці паляжаць крыху, тым болей што часу хапае. І ён зноў палез пад яшчэ не астылую утульную коўдру. Але паляжаць не давялося — зазваніў тэлефон. Лузько пачакаў, думаў — Ліда падыме трубку, але тая, відаць, была нечым занятая, і тады ён сам лена падышоў да тэлефона, незадаволена буркнуў:

— Лузько слухае.

Званіў Ступіч з Мінска...

— Як жыццё? — цікавіўся той.

— Ды нічога, — не вельмі хацелася шчыраваць Лузько.

— Дык што ж ты мяне, дарагі, падвёў?—упікнуў Ступіч. — Я лічыў, ты даўно ў Мінску. Прыехаў з адпачынку, а тут цябе ніхто і не бачыў. Хаця б паведаміў, што не прыедзеш. Ведаеш, Сіл Сілыч незадаволены. Ён чакаў цябе... Сёння заходжу да яго, а ён у мяпе так ветліва і пытаецца: а дзе ж твой таварыш, якога ты рэкамендаваў.

— Калі ветліва, значыць, не злуецца, — весялей адказаў Лузько: здаецца, непрыемнага ад гаворкі чакаць нечага.

— Табе весела?

— Сам жа кажаш, што Сіл Сілыч не вельмі.

— Трэба ведаць Сіл Сілыча. Калі ён пачынае з табой гаварыць ветліва, то пішы — прапала. Але нічога, выжывем. А чаму перадумаў?

— Я, канешне, вінаваты перад табой, даруй, але, ведаеш, сям’я. Трэба грошы. Усе мы — грэшныя. Тут прапанавалі ўзначаліць аддзел у трэсце. І кватэру. Няхай не Мінск, але ж абласны цэнтр, не які-небудзь Прыпяцк... Ну і жонка, сам разумееш... Адным словам, нечаканыя абставіны...

— Та-ак, — задумаўся Ступіч. — Не думаў я, што ты — такі... — І ён павесіў трубку.

Лузько вярнуўся на ложак, але ляжаць ужо не хацелася, пачаў адзявацца.

Зайшла Ліда. Яна, распаўнелая, нетаропкая ў рухах, была ў даўнішнім сваім халаце, які ледзь сыходзіўся на ёй.

— Нехта званіў?

— Ды званіў... Ступіч з Мінска.

— І што?

— Крыўдуе, што не паехаў.

— Няхай крыўдуе, — яе ніколькі не кранула паведамленне мужа. — Не трэба мне той Мінск. І тут добра.

— Ды ледзь не збіў з панталыку, — нібы Лузько быў і ні пры чым, а Ступіч яго сілком цягнуў у інстытут.

— Вось толькі б мэблю нам... У суседа быў? Чалавек таксама толькі пераехаў, а ўсё ёсць. І гарнітур, і дываны... Усё. А ў нас?

— Абыдземся пакуль, — Лузько быў незадаволены жончынай зацятасцю.

— Учора заходзіла ў мэблевы магазін, — яна не звяртала ўвагі на яго словы. — Уяўляеш, якая чарга на імпартныя гарнітуры? Дзве тысячы, а можа, і болей. А ведаеш, колькі тых гарнітураў бывае ў год? Якіх дзве сотні... Не, дзесяць год я чакаць не згодна.

— Не ўсё адразу, —з галавы яшчэ не выходзіла гаворка са Ступічам, і яму зусім не хацелася думаць пра тыя гарнітуры.

— Як гэта не ўсё адразу? — у голасе адчувалася нецярплівая раздражнёнасць. — Каб я хадзіла і любавалася голымі сценамі? Каб мне было сорамна перад людзьмі? Не, гэта не для мяне... Ты пазвані наконт мэблі, абавязкова.

— Каму званіць? Я нікога яшчэ не ведаю тут. Толькі ў горад прыехалі...

— Спытай, дзе сусед купляў мэблю... Ну што на мяне глядзіш?

— Думаю, адкуль ты такая?

— Якая? — насцярожылася. — Якая?

— Прыгожая. '

— То-та ж, — яна паляпала далонню яго па галаве. — Дык пазвані, Баціслаў... Захочаш, дык зробіш... Я цябе ведаю...

Лузько ішоў на работу па каштанавай алеі, што працягнулася якраз пасярэдзіне праспекта. Учора ён таксама ішоў па ёй, любаваўся маладымі дрэўцамі, на якіх віселі зялёныя калючыя шарыкі, думаў, як увосень прыйдзе з сынам збіраць каштаны, карычневыя, бліскучыя, як паліраваныя.

А сёння ішоў сумны, задумлівы. Даўно ў яго не было такога настрою.

На лавачцы сядзела парачка. Ён выцягнуў свае доўгія ногі, і шырокія знізу калашыны штаноў леглі на асфальт. Яна сядзела, уставіўшыся некуды далёка перад сабой, сарамліва слухала кавалера і ўсё спрабавала пацягнуць ніжэй на вострыя калені сваю міні-спаднічку.

Ля іх стаяў транзістар і сам сабе нешта расказваў— маладыя людзі яго не слухалі.

Перадавалі апошнія паведамленні.

Калі Лузько пачуў пра Прыпяцк, прыцішыў хаду, прыслухаўся...

«...Сёння раніцай на Быкаўскай плошчы недалёка ад вёскі Бабры пры выпрабаванні семнаццатай свідравіны атрыманы прамысловы прыток нафты з міжсолевых адкладанняў. Як паведаміў нашаму прыпяцкаму карэспандэнту геолаг участка Віктар Аляксандравіч Буткевіч, атрыманая нафта сведчыць аб тым, што на Быкаўскай плошчы можна чакаць значныя запасы «чорнага золата».

Гэта другая нафтаносная плошча, адкрытая беларускімі геолагамі гэтым летам...»


1970-1973?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гаўрылкін Л. Не магу без цябе. Раман. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1975. – 336 с. з іл.
Крыніца: скан