epub
 
падключыць
слоўнікі

Леанід Гаўрылкін

Зямля дзяцей нашых

Частка першая
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
Частка другая
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
Частка трэцяя
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
Частка чацвёртая
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15


Частка першая

 

1

Быў цёплы вясновы вечар. У калгасе адсеяліся, усе былі вольныя, ненатомленыя, і таму ў клубе сабралася багата людзей. Прыйшлі не толькі з цэнтральнай сядзібы, але і з брыгад. Ніна перацягала ў залу ўсе крэслы з бібліятэкі, чытальні, з рэпетыцыйных пакояў, а месца ўсё роўна не хапала, стаялі ўсцяж сцен, у праходах. У памяшканні было не прадыхнуць, хаця вокны і дзверы парасчынялі насцеж. Ніна яшчэ ўчора прасіла старшыню калгаса, каб перанесці сустрэчу з заводскімі шэфамі на вуліцу, на летнюю пляцоўку, дык Леанід Паўлавіч Жук не пагадзіўся, хацеў перад шэфамі пафарсіць новым клубам, які, можа, з тыдзень таму закончылі будаваць. І Ніна цяпер хвалявалася, што канцэрт можа заваліцца: паспрабуй танцаваць у такой гарачыні, калі ў прэзідыуме сядзяць, нічога не робяць, і то ва ўсіх ілбы блішчаць ад поту.

Леанід Паўлавіч расказваў пра калгас, кіраўнікі завода хваліліся сваімі дасягненнямі, затым чытаўся дагавор аб помачы шэфаў у час летніх і асенніх работ. Пасля сходу, як і водзіцца, начальства села ў «Волгі» і паехала ў лес, дзе, казалі, яшчэ з раніцы дыміліся кастры і ў вёдрах булькала юшка...

Для калгаснікаў давалі канцэрт.

Ніна прыкмеціла высокага хударлявага юнака з медалём на грудзях, калі ён яшчэ сядзеў у прэзідыуме. Яна падумала, што хлопец які канструктар ці начальнік цэха. І як здзівілася, калі вядучы аб’явіў, што будзе выступаць фрэзероўшчык ударнік камуністычнай працы Пятро Доўжык, і на сцэну выйшаў той самы хударлявы юнак. І яшчэ больш Ніна здзівілася, калі Пятро Доўжык заспяваў. Голас быў не вельмі гучны, можа, хлопцу проста цяжка спяваць у надыханай зале, але затое шчыры, праніклівы. Відаць, юнак нечым крануў яе, бо потым, калі ён сышоў у залу і сеў на сваё месца, часта паглядвала на яго, ніколькі не думаючы пра тое, што нехта перахопіць яе зацікаўлены позірк... Эх, гэтаму б юнаку вучыцца ды вучыцца, а ён усяго толькі фрэзероўшчык. Відаць, і Пятру Доўжыку прыглянулася дзяўчына, бо як толькі пачаліся танцы, ён адразу ж запрасіў яе. І танцаваў увесь вечар. Калі было надта горача, яны выходзілі на вуліцу, гулялі па скверыку. Над маладымі дрэвамі ляталі хрушчы, у сажалцы, якую яшчэ ўвосень выкапалі ў канцы скверыка, паспелі пасяліцца жабы і цяпер поўнілі цішыню сваім радасным кваканнем. Недзе ў полі крычалі рэдкія кнігаўкі. І так было хораша, ласкава наўкола, што ніяк не хацелася быць адной у такую пару, і, можа, таму Ніна не стала пярэчыць, калі пасля танцаў Пятро Доўжык папрасіў дазволу праводзіць дахаты.

— Я жыву ў другой вёсцы,— толькі і сказала яна.— Кіламетры за тры. І дарога праз лес.

— Нічога. У мяне ногі ёсць.

— Ну, калі не шкадуеце свае ногі...— засмяялася яна.

Ніна пачакала, пакуль усе выйдуць з клуба, потым пазачыняла вокны, выключыла святло, павесіла на дзверы замок. Усё гэта яна рабіла нетаропка, магчыма, знарок нетаропка, каб усе паразыходзіліся і не бачылі, з кім яна пайшла.

— І вы так кожны дзень ходзіце? — спытаў ён ужо за вёскай.

— Як?

— Позна. Адна.

— Не. У панядзелак у мяне выхадны.

— А так адна?

— А з кім жа? Праважаты па штату не паложаны.

— І звяроў не страшна?

— Я іду звычайна дамоў, калі ўсе звяры спяць.

Так усю дарогу да самае вёскі Альхоўка і прагаварылі абы пра што. А калі прыйшлі, то Пятро яшчэ доўга не хацеў развітвацца з дзяўчынай, ды і яна не спяшалася дамоў. Бо як пайшоў яе Барыс у армію, яна не хадзіла вось так ні з кім — колькі прапала вечароў, якіх ужо ніколі не вернеш. Яна паказала хлопцу сваю вёску, схадзілі да ракі — рака, як і вёска, называлася Альхоўкай, пастаялі на беразе, палюбаваліся, як у вадзе адбіваецца месяц. Ля ракі было зябка, і ён, узяўшы Ніну за плечы, далікатна прытуліў да сябе.

— Спозніцеся на работу,— сказала яна, калі ўбачыла, што на ўсходзе пасвятлела неба, а месяц нібы зліняў.

— Мне заўтра ў другую змену,— не думаў развітвацца ён.

— Не, пойдзем,— Ніна ўжо баялася, што як трохі яшчэ пастаяць, то іх убачаць аднавяскоўцы, калі будуць выганяць кароў, і пра гэтае яе гулянне абавязкова перададуць Барысу.

А потым яна яшчэ доўга ляжала ў пасцелі і не спала, не, яна ніколькі не думала пра гэтага нечаканага кавалера, яна толькі, можа, раз ці два ўявіла, як ён ідзе адзін па лясной дарозе, канечне, баіцца — заўсёды страшна першы раз у незнаёмым лесе. На ўсё жыццё запомніць гэтыя праводзіны, дзівак такі. Ад гэтае думкі ці ад чаго другога ёй было весела, яна і заснула з трапяткой і шчаслівай усмешкай на вуснах.

У наступную суботу Пятро Доўжык прыехаў на матацыкле. Адразу зайшоў у кабінецік да Ніны.

— Гэта ты? — яна ніяк не чакала яго і сама здзівілася, што назвала хлопца на «ты».

— А што?

— Я думала, цябе звяры даўно з’елі.

— А яны сама спалі,— адказаў ён яе словамі.

— Ну, як ты дабраўся? Я так хвалявалася за цябе,— сказала і пачырванела.— Думаю, спозніцца чалавек на работу...

— А я зайшоў раніцай да старшыні, сказаў, што адстаў ад сваіх, бо вінаваты дзяўчаты з вашага калгаса. Папрасіў, каб дапамог дабрацца на станцыю. Ён даў сваю машыну, і мяне, як міністра, падвезлі прама да поезда.

У той вечар, калі сабраліся ў клубе хлопцы і дзяўчаты, Пятро Доўжык іграў ім на баяне. Ён, аказалася, хвацка грае. Усе сучасныя танцы.

Пасля гуляў ён адвёз Ніну на матацыкле. Ля двара, праўда, гэты раз затрымлівацца не стаў, далікатна пацалаваў руку, пажадаў спакойнай ночы і паехаў.

Ніна верыла, што кахае свайго Нарыса і будзе кахаць заўсёды. І ў тым, што сустракаецца з Пятром, што ён ледзь не кожную суботу прыязджае да яе, яна нічога дрэннага не бачыла. Больш таго, ёй нават прыемна было сустракацца з хлопцам: культурны, далікатны, нічога лішняга не дазваляе сабе. З такім можна і пасустракацца: не так самотна, ды і час ляціць хутчэй. І, акрамя ўсяго, яна лічыла, асабліва спачатку, што гэты Пятро доўга не наездзіцца да яе ў такую далячынь, што яму ўрэшце абрыдне, і ён перастане ездзіць, а калі не перастане, дык яна неяк скажа, што ў яе ёсць Барыс, што яна чакае толькі яго... А пакуль няхай паездзіць.

І Пятро Доўжык ездзіў, ездзіў кожную суботу. Прыязджаў нават тады, калі ішоў дождж. Ніна разумела, што іх знаёмства зацягваецца, і ўсё ж не гаварыла яму пра свайго Барыса, кожны раз адкладвала гэта да наступнай сустрэчы. А тым часам у вёсцы пачалі мянціць языкамі пра іх. І маці яе не адзін раз спрабавала завесці гаворку з Нінай пра яе захапленне гэтым гарадскім хлопцам. Ніна толькі ўсміхалася: маўляў, хай ездзіць, калі такі дурны.

Аднойчы ў пачатку жніўня Пятро прыехаў не такі, як заўсёды. Звычайна ён ездзіў у простым адзенні, а іншы раз дык у сінім камбінезоне. Цяпер жа хлопец быў у светлым касцюме, белай кашулі, пад гальштукам — такі асветлены, чысценькі, свежанькі. Потым, праўда, высветлілася, што ён і зараз ехаў у камбінезоне, а перад самай вёскай пераапрануўся, касцюм вёз у чамаданчыку, прывязаным да багажніка. Калі яны ішлі ў Альхоўку — матацыкл пакінулі ля клуба, каб у дарозе не запыліцца, бо стаяла якраз сухмень,— хлопец быў нечакана маўклівы, нейкі разгублена засяроджаны. І толькі ля Нінінага двара, калі было вельмі позна і ні ў кога ў хатах не гарэла святло, акрамя той электралямпачкі, што слепа блішчала на слупе, кідаючы ад іх цені на вароты, хлопец узяў Ніну за рукі і доўга перабіраў яе пальцы. Потым як не сваім голасам сказаў:

— Давай, Ніначка, запішамся... А? Бо хутка стане холадна, як тады мне ездзіць? Нос жа адмарожу,— і, ужо асмялеўшы, дадаў: — Толькі не думай адмаўляцца, а то зараз вось звяжу і на матацыкл...

— Не адолееш,— яна гаварыла так лёгка, бяздумна, нібы ўсё сказанае Пятром зусім не тычылася яе.

— Ну, дык што?

— Ты доўга думаў?

— Як убачыў цябе. З той мінуты і думаў.

— У мяне ёсць жаніх. У арміі цяпер.

— То няхай служыць і не хвалюецца, ты пападзеш у надзейныя рукі. Дык як?

— Ты ж доўга думаў, дай і мне падумаць.

— Тыдня хопіць?

— Не ведаю.

— Улічы, у нас на запіс чарга.

— У нас у сельсавеце няма чаргі.

— Дзякую за карысную інфармацыю,— Пятро абняў яе, хацеў пацалаваць. Яна, бесклапотна засмяяўшыся, ухілілася ад пяшчоты, шмыганула пад рукі і кінулася да брамкі так, нібы яе даганялі. Ускочыўшы ў сенцы, колькі часу трымала клямку, баялася, што Пятро ўсё ж пабяжыць услед. Але было ціха. Яна пастаяла трохі і пайшла ў хату.

— Ніна?

— Я.

— А я і не пачула, калі ты зайшла,— маці, уздыхнуўшы, сказала тое, што ўжо не першы раз казала: — Ой, мая донька, выправадзіла б ты яго. А то галаву закружыць, а тут Барыс прыедзе. Хлопец свой, не гэты ветрагон.

— Ніякі не ветрагон,— яе апошнім часам пачыналі злаваць матчыны павучанні.

— Ведаеш ты... Летась да Бебішынай Манькі ездзіў такі. Байструка пакінуў, а самога і след прастыў.

— Гэты не такі.

— Не такі...— упікнула маці.— Багата ты ведаеш. Прыкідваецца, можа, яны гэта ўмеюць, пакуль не даб’юцца свайго.

— Просіць, каб мы пажаніліся,— больш нічога важкага не магла сказаць Ніна ў абарону хлопца.

Маці нейкі час маўчала і, калі здавалася, што ўжо заснула, раптам спытала:

— Не п’е?

— Не ведаю.

— А ты б спытала... А як зарабляе?

— Не пыталася.

— Дарэмна... Канечне, цяпер усе ў горад лезуць. У яго свая хата ці кватэра?

— Ой, мамачка, ты так пытаешся, як я і праўда сабралася за яго замуж.— Ніна адвярнулася да сцяны, акрылася з галавой, нібы можна было адгарадзіцца коўдрай ад думак.

— Хто яго ведае,— цяпер цішэй гучалі словы маці.— Прыедзе той Барыс ці не. Цяпер яны нешта не вельмі з салдатаў дамоў спяшаюцца. Ніколі не ведаеш, дзе знойдзеш, а дзе згубіш. А гэты ездзіць часта і не зблізку, значыцца, упадабаў. Цяпер, чула, гарадскія любяць жаніцца на вясковых. Жыве ў горадзе, і ў вёсцы хата, і дача не трэба... Бульба свая, агародніна...

— Мама, я сплю,— папрасіла Ніна.

Але яна не спала, яна ляжала і прымушала сябе — ёй гэта ўдавалася крыху — думаць пра Барыса, як яны сустракаліся, як хадзілі ў кіно...

І ў чарговую суботу, хоць і ведала, што прыедзе Пятро, ніяк не рыхтавалася да гэтае сустрэчы, бо надумала рашуча і канчаткова адмовіць Пятру, загадаць, каб болей не ездзіў і дарогу забыў да яе. Але недзе пасля абеду яна раптам выняла з шафы сваю самую лепшую сукенку, падпрасавала яе, а потым з гадзіну сядзела ля газавай пліты з нажніцамі, грэла іх і падкручвала свае белыя кудзеркі. Прыбраўшыся, усё часцей і часцей паглядвала на гадзіннік, зыркала ў акно, прыслухоўвалася, ці не трашчыць матацыкл. Прыехаў бы хутчэй той Пятро, сказала б яму ўсё ды і не думала болей ні пра што. Калі нарэшце пад вокнамі затрашчаў матацыкл, яна падхапілася і выскачыла на вуліцу, насустрач Пятру. Адчыніла брамку і спынілася, стаяла і глядзела, як хлопец злез з матацыкла, выняў з багажніка шчотку, абцярушыў пыл з калашын штаноў, пачысціў чаравікі, і тыя люстрана заблішчалі, як ён зняў з галавы каску, прывязаў яе да сядзення. Рабіў усё гэта не спяшаючыся, можа, знарок аддаляў сустрэчу, баяўся, што яна скажа яму зусім не тое, чаго чакаў. Вось ён зрабіў крок да яе і спыніўся, насуплены, прыціхлы.

— Можа, садзіцца ды ехаць назад? — хлопец сумнавата ўсміхнуўся.

— Пайшлі ў хату,— сказала Ніна зусім нечакана для сябе.

Маці якраз сядзела ў парозе і абірала маладую бульбу на вячэру.

— Мама! — Ніна ўзяла Пятра за руку.

Тая глянула на іх, сарамліва радасных і прыціхлых, і ўсё зразумела.

— Праходзьце ж, а я бацьку паклічу,— і яна з бульбінай у руцэ выбегла на двор.

Пятро моцна абняў Ніну.

— Задушыш жа,— уткнулася яна тварам у яго плячо.

Усе наступныя падзеі разгортваліся як у сне. І калі яны ў той жа вечар з бацькамі сядзелі за сталом і абмяркоўвалі, дзе будуць жыць пасля вяселля — само вяселле вырашылі гуляць спачатку ў вёсцы, а потым пераехаць у горад,— дзе запісвацца, у сельсавеце ці ў горадзе,— усё гэта здавалася нейкім нерэальным, як мроіва ў спякотны дзень. Ніне часам здавалася, што яна вось-вось прачнецца і будзе, як і дагэтуль, жыць трывожным чаканнем Барыса, і не будзе ніякага гэтага няпрошанага Пятра. Такое адчуванне не пакідала Ніну і тады, калі яна сядзела за вясельным сталом і ў вушах аж гуло ад шматгалосся, а ўсе не зводзілі з яе вачэй — можа, і бачылі, што творыцца ў яе душы. Каб сапраўды не выдаць сябе, яна мацней трымалася за руку свайго жаніха, і калі ўсе крычалі «горка», яна з такой шчырасцю і смеласцю цалавала Пятра, што нельга было не паверыць у яе моцнае і вечнае каханне да яго.

 

2

Іван Дубавец не думаў быць на вяселлі, бо наогул не ведаў пра яго. Таму ў суботу нічога нікому не сказаў у саўгасе, дзе ён працаваў пасля сельгасакадэміі, меркаваў раніцай вярнуцца назад. Ён выпісаў у канторы пару мяшкоў камбікармоў — прасіла маці, бо не было чым карміць парася і качак, узяў самазвал і паехаў дамоў.

І толькі яны селі з шафёрам перакусіць, як у хату зайшла суседка Ніна Люцік. Іван ведаў яе яшчэ школьніцай. Бегала сінявокае, даўганогае дзеўчанё, у паліто, пашытым з плюшавай матчынай жакеткі, часта заглядвала да іх, прасіла, каб ён дапамог рашыць якую задачку — Іван хадзіў тады ўжо ў дзесяты клас. Потым ён доўга не бачыў яе, паехаў вучыцца, вярнуўшыся, працаваў у аддаленым саўгасе, у сваю Альхоўку наведваўся рэдка. І цяпер ён з захапленнем глядзеў на стройную бландзінку з пунсовым ад хвалявання тварам, якая стаяла ў парозе і, крыху апусціўшы галаву, паблісквала на яго сваімі зеленаватымі,— цікава, яму ўвесь час здавалася, што яны сінія,— вачыма. Ён падхапіўся, паставіў ля стала яшчэ адно крэсла.

— Праходзь, праходзь, во павячэраеш з намі...

— Дзякую, Іван Кірылавіч... Я на хвілінку. Прыходзьце заўтра на вяселле. І вы, Домна Сідараўна,— звярнулася Ніна і да яго маці.— Гадзін у дванаццаць і прыходзьце.

Іван Дубавец пачаў быў адмаўляцца, маўляў, у саўгасе сама работы багата, але, убачыўшы, як дзяўчына часта заплюскала вейкамі, здавалася, вось-вось заплача, ды і маці з дакорам глянула на яго, пагадзіўся.

— Во яшчэ адну празяваў,— сказала Домна Сідараўна, калі Ніна выйшла.

— Дзеўка што трэба! — падтрымаў яе Іван.

Сярод гасцей Іван нікога са сваіх вясковых сяброў ці таварышаў не ўбачыў. Былі ці старыя, ці зусім незнаёмыя, відаць, прыезджыя. Сабралася, праўда, многа таварышак Ніны, сярод іх нямала і даволі прываблівых дзяўчат. З якой-небудзь можна было б і разгаварыцца. Аднак Іван невядома чаго саромеўся аднавяскоўцаў. Ды і дзяўчаткі гэтыя, для якіх ён быў стараваты ўжо, праходзячы міма, кідалі яму хуценька «Здрасце», і ні адна з іх не спыніла на ім хаця б колькі зацікаўленага позірку. Іван стаяў адзін, дыміў цыгарэткай, а калі ўбачыў на вуліцы Міхася Стрыбука, то паспяшаўся яму насустрач.

Некалі з Міхасём Стрыбуком яны разам вучыліся ў школе, нават гадоў колькі сядзелі за адной партай. Праўда, вельмі не сябравалі, можа, таму, што жылі ў розных канцах вёскі, а можа, што вучыліся неаднолькава. Іван Дубавец быў выдатнік, а Міхась Стрыбук ледзь цягнуўся, і не таму, што не меў здольнасцей, ён не меў умоў дома для вучобы. Было іх у сям’і чацвёра, ён самы старэйшы, а бацькі не было,— як з’ехаў на заробкі, так і не вярнуўся,— і Міхасю Стрыбуку даводзілася памагаць маці, якая рабіла цялятніцай, памагаць і дома і на ферме. Пасля сямігодкі Міхась Стрыбук вучыцца далей не стаў, а пайшоў працаваць у лясніцтва. Спачатку рабочым, а потым і лесніком. Гадоў колькі таму назад, калі Іван Дубавец ужо вучыўся ў сельгасакадэміі, Міхася Стрыбука збіла невядомая машына з крадзеным лесам, якую ён хацеў затрымаць, выскачыўшы на дарогу. Гаварылі, ноч ён праляжаў ля лясной дарогі без прытомнасці, пад халодным асеннім дажджом, потым доўга нешта лячыўся па бальніцах, а вярнуўся дамоў інвалідам. Працаваць нідзе не працаваў болей, жыў на пенсію, а ўлетку рыбачыў і нібы развёў пчол.

— Прывітанне, старына! — крыкнуў яшчэ з брамкі Іван Дубавец, бо Міхась кіраваў паўз двор далей.

Міхась спыніўся, стаяў і чакаў, высокі, худы, з вострымі, як у падлетка, плячыма, потым неяк лена падаў руку, адказаў на поціск.

— А што ж ты міма ідзеш? А не на вяселле? Здаецца ж, нявеста нейкая табе і радня? — спытаў Іван Дубавец.

— Далёкая. Мядку я аднёс ёй учора... А на вяселле не пайду. Піць нельга, а так сядзець...

— Я таксама піток не вельмі, пасядзім вось, пагаворым...

— А потым на луг трэба. Пчол паглядзець, як і што... Ды перавезці ў сад, усё роўна ніякай узяткі ўжо...

— А як мёд у гэтым годзе? — пацікавіўся Іван.

— Ды не для мёду я трымаю пчол,— адказаў Міхась Стрыбук так, што стала зразумела: не любіць, калі з ім хто пра мёд гаворыць.— Жыву з імі на прыродзе. Дзень і ноч. Каб не жыў там, можа б, даўно зямельку парыў, а то ўрач гаварыў, што прыкметна палепшала мне. Ды і сам адчуваю. Прыехаў бы калі, пажыў, рыбы палавілі б...

— Работа такая, што... Але як-небудзь прыеду,— паабяцаў Іван Дубавец.— Не ведаю, калі і быў на той рыбалцы...

— Пакуль сабярэшся, дык і рыбалкі не будзе. Кажуць, усё сушыць тут будуць. Не чуў?

— Не чуў.

— Пачуеш — скажаш, як яно і што,— і ён падаў руку на развітанне.— Шчасліва гуляць!..

Сядзець Івану Дубаўцу выпала з Мікітам Пыжыкам, былым калгасным кавалём, які цяпер нідзе не працаваў, рабіў на продаж граблі, трыногі, клямкі для брамак, хадзіў на ўсе памінкі і вяселлі ў вёсцы, а астатні час бавіў ля магазіна ў чаканні, пакуль якая-небудзь кампанія не запросіць у свой гурт.

Хутка Іван пачаў паглядваць, каб як збегчы з гэтага застолля, але вылезці ніяк не выпадала, бо ўсё было застаўлена сталамі і крэсламі, і ніхто не хацеў падняцца і прапусціць яго. І таму, калі Іван убачыў у дзвярах дырэктара саўгаса Марка Куніцу з высокай прыгожай дзяўчынай, у якой былі доўгія чарнявыя валасы, раскіданыя па плячах, ён падхапіўся, каб яны заўважылі яго, замахаў рукамі, запрашаючы да сябе. Марк Куніца стаяў, разгублена ўсміхаўся, саромячыся, што трапіў на чужое вяселле няпрошаным госцем. Дзяўчына ж трымала сябе незалежна, так, нібы яна была тут самае меншае гаспадыняй, акінула хату хуткім позіркам і, узяўшы дырэктара за руку, павяла за сабою.

Уселіся яны якраз насупраць Івана.

— Я думаў, мой загадчык салому сціртуе, а ён тут гарэлку жлукціць,— усміхнуўся Куніца.— Нядрэнна, нядрэнна...

— Мо што здарылася, Ліпавіч? — спытаў Дубавец.

— Усё нармальна. Вось таварыш з тэлебачання абласнога прыехала,— ён схіліў галаву да суседкі.— Марына Данілава. Хоча пагаварыць з табой персанальна. Паехалі ў аддзяленне — цябе няма, мы да цябе дамоў, а ты тут...

— Калі ласка, хоць зараз,— сказаў Дубавец Марыне.

— Ай, хлопчыкі, пагаворым пра гэта потым,— усміхнулася Марына.

— Яна,— Куніца неўпрыкмет кіўнуў на журналістку,— калі даведалася, што ты тут, захацела сама сюды. Кажа, ніколі не была на вясковым вяселлі. Як вас па бацьку, таварыш Данілава?

— Завіце проста Марынай.

— Дык, можа, Марына, усё ж пагутарыце з маім загадчыкам аддзялення, пакуль ён цвярозы? — Куніца хітравата ўсміхнуўся Дубаўцу.

— Нічога. Хай п’е, п’яныя больш шчырыя,— усміхнулася Марына. Ад усмешкі яна адразу ўся пасвятлела, на шчоках з’явіліся ямачкі, надаючы твару нейкую дзіцячую гуллівасць.

— Ну, калі так, то пачакаем, пакуль наш малады спецыяліст закружыцца на пяце,— і зноў на твары з’явілася тая ж яго ўсмешка.

— Пачакаем,— згадзілася Марына, не глянуўшы нават на Куніцу. Яна наогул болей не глядзела на яго, не глядзела і на Дубаўца. Піла, як і ўсе, з захапленнем крычала «горка», адна з першых пайшла вытанцоўваць у вузкіх праходах між сталоў, а праз якую гадзіну ўжо сядзела побач з нявестай і гутарыла пра нешта з ёй, як з даўняй і сардэчнай сяброўкай.

— Ну, цяпер адсюль яе нічым не выцягнеш,— пашкадаваў Куніца, што і яму даводзіцца тут марнаваць час.— Пойдзем.

Яны падаліся на двор. У двары было многа знаёмых і незнаёмых. Мужчыны, расчырванелыя, распараныя, у расхрыстаных сарочках, без пінжакоў, сядзелі, дзе толькі можна было сядзець, курылі, нешта даказвалі адзін аднаму.

Марк Куніца агледзеўся і скіраваў у сад, дзе пад яблыняй ляжалі складзеныя жэрдачкі, якімі звычайна падпіраюць ацяжэлае ад яблык голле ці ставяць на градкі з фасоляй-дзяручкай. На гэтых жэрдачках было крыху прывялай травы. Яны і ўселіся на тую траву. Жэрдачкі, відаць, крыху струхлелі, яны падатліва затрашчалі пад імі.

Марк Куніца выняў пачак цыгарэт, падаў Дубаўцу, а потым узяў і сабе. Дубавец адчуваў, што дырэктар не проста так запрасіў пакурыць, што ён мае да яго нейкую гаворку і, каб ніхто не перашкаджаў, аж у сад вывеў. Таму ён і курыў моўчкі, чакаў.

— Ты гэтую журналістку не ведаў раней? — спытаў Куніца.

— Першы раз бачу.

— Са мной не стала і гаварыць. Давай ёй Дубаўца, і кропка. Я здагадваюся, што яе прывяло сюды. Па дарозе ўсё распытвала пра нашы тарфянікі, пра іх выкарыстанне, пра работу меліяратараў. Адчуваецца, што тое-сёе ведае дзеўка, і ведае нядрэнна. Слухай, Іван, ты зноў куды пісаў?

— Пісаў,— прызнаўся Дубавец.— Пісаў і ў газету, і на тэлебачанне...

— Твае ж пісьмы правяралі.

— Я яшчэ пісаў...

— Слухай, Іван, адкажы мне шчыра...

— Я заўсёды з вамі, Марк Ліпавіч, быў шчыры...

— Ты вось мне скажы,— Куніца паварушыўся, відаць, не вельмі зручна ўсеўся, пад ім тонкія жэрдачкі пагражальна затрашчалі, ён падняўся, стаў перад Дубаўцом.— Можа, цябе не задавальняе твая пасада? Закончыў акадэмію, выдатнік, інжынер, а які ўжо год сядзіш загадчыкам аддзялення. Даводзіцца займацца справамі, далёкімі ад інжынерных. Скажу, я задаволены тваёй работай. А ты, можа, не задаволены, можа, ад тваёй незадаволенасці ўсе гэтыя і скаргі? Дык скажы. Падумаем. Знойдзем у саўгасе што-небудзь такое, што табе болей да душы, каб, значыцца, была задаволенасць. Прызнацца, мне не хочацца адпускаць цябе з саўгаса. Ці, можа, я памыляюся?

— Памыляецеся, Марк Ліпавіч. Паверце, каб усё тычылася толькі мяне, я ніколі б і нікому не скардзіўся. А так... Няўжо вы не бачыце, колькі недаробак нам пакінулі меліяратары? Вазьміце наш магістральны канал... Ля яго ж нічога не расце. Насыпалі пяску, разгрэблі... І ўсё...

— Там лесапаласа запланавана...

— Дзе яна? Няма. І не відаць, каб хто збіраўся яе рабіць. А як дарогу зрабілі з майго аддзялення да цэнтра? Згрэблі зямлю, што была бліжэй да дарогі... Згрэблі ў дарогу ўрадлівы слой глебы. Хіба гэта па-гаспадарску? А цяпер у нас на ўчастку, можа, так і на другіх, не ведаю, былі там-сям пясчаныя выспы. На іх рос нейкі лес. Не вялікі, няхай сабе хмызняк, але ён утрымліваў пясок і ветру разгуляцца не даваў. А цяпер што? Зраўнялі выспы. Цяпер на тым месцы нішто не хоча расці. Дык мала гэтага, пяском вецер засыпае тарфянікі па суседству. У нас створана сістэма двухбаковага рэгулявання. Вясной ваду спускаем, а ўлетку няма чым паліць. Чаму да гэтага часу не робіцца вадасховішча? Ліпскае ўрочышча ўсё перасохла, бо яго не было чым паліваць. Я не магу прымірыцца з усім гэтым, не магу прымірыцца з тым, што такое паўторыцца яшчэ дзе. А што мы сеем на нашых тарфяніках? Жыта і бульбачку. Наколькі іх нам хопіць? На дзесяць — пятнаццаць гадоў? А што потым? Што будуць сеяць нашы дзеці? Ці гэта вас не хвалюе, Марк Ліпавіч? А мяне хвалюе, і вельмі. Ці будзем жыць па прынцыпу: пасля нас хоць патоп? Я так не магу.

— Я таксама не магу.

— Чаму ж вы, Марк Ліпавіч, асуджаеце, што я пішу? І наогул... Мяне здзіўляе таксама, што вы прымірыліся з такім становішчам. Вы хіба не ведаеце, што на мелказалежных тарфяніках рэкамендуюць сеяць толькі травы?

— Ведаю,— усміхнуўся Куніца.— Усё ведаю. Але мне даводзяць план на жыта і на бульбачку. Што мне рабіць?

— Даказваць.

— Лёгка сказаць. Вось ты пішаш пісьмы, яны вяртаюцца ў раён, з раёна прысылаюць мне ці меліяратарам. Мы даём адказы, што факты маюць месца, што прымаюцца меры і гэтак далей.

— Хіба я пішу няпраўду? Кожны з нас павінен змагацца з недахопамі, калі мы сапраўды хочам рухацца наперад.

— Усё правільна, усё правільна. Але ты павінен улічваць, што краіне патрэбен хлеб. Ты даеш яго — і тут галоўная твая праўда. Вось так. Няхай гэтая журналістка і напіша артыкул ці нават выступіць па тэлебачанні, раскрытыкуе нас з табой. Ну і што?

— Значыцца, змірыцца?

— Не. Якраз не, мой дарагі Іван Дубавец. Старацца рабіць усё на месцы. Ездзіць, дабівацца, даказваць.

— Прабачце, Марк Ліпавіч, але ці не баіцёся вы, што мая пісаніна і вам нашкодзіць? — неяк вінавата спытаў Дубавец.

Марк Куніца глянуў на гадзіннік, закурыў. Здавалася, ён прапусціў міма вушэй пытанне Дубаўца.

— Мне пара,— сказаў ён і пайшоў. Дубавец падняўся таксама і патупаў на самлелых нагах услед.

На вуліцы, ужо ля машыны, дырэктар узяў Дубаўца за локаць і даверліва, па-сяброўску сказаў:

— Запомні, Іван, я нікога не баюся. Пакуль буду даваць дзяржаве хлеб, мяса, малако, да таго часу мяне будуць толькі славіць і запрашаць у прэзідыумы. А таму пакуль гэты матор,— ён прыклаў далонь да грудзей,— будзе працаваць, да таго часу буду і я. На маё месца ні ў раёне, ні ў вобласці ніхто не прэтэндуе, бо не кожны асмеліцца ўзваліць на свае плечы такі цяжар... Вось так... Між іншым, я дамогся, каб мне крыху паменшылі плошчы зернявых... І ўбачыш, за пяцігодку я перавяду саўгас цалкам на вытворчасць кармавых траў, калі ты не станеш перашкаджаць сваёй пісанінай. Хочацца, каб і ты зразумеў гэтую механіку...

— Дзякую за клопаты,— сказаў Дубавец...

— Ты не смейся, я сур’ёзна,— сказаў без крыўды Куніца, падаў руку.— Ну, я паехаў, а ты пабудзь тут. Пагавары з ёй па-мужчынску...

Ён па-змоўніцку падміргнуў Дубаўцу.

— Зразумеў ваш намёк,— засмяяўся Дубавец.

— Ты ж разумны чалавек,— паціснуў дырэктар яму руку і сеў у машыну.

Дубавец пакурыў, пастаяў, пакуль «Волга» не выехала з вуліцы, а потым вярнуўся ў хату.

За сталамі ўсе спявалі. Марына стаяла сярод хаты і дырыжыравала рукамі, частым узмахам галавы адкідваючы валасы, каб не перашкаджалі.

Ці, можа, ад выпітага, ці ад гаворкі з дырэктарам, толькі ў Дубаўца не было настрою весяліцца, і ён папрасіў таго-сяго з аднавяскоўцаў сказаць той высокай, з распушчанымі валасамі, калі будзе шукаць яго, што ён пайшоў дадому.

Маці была дома. Яна ў сенцах мяшала кабану цеста.

Дубавец сеў на лаўку ля двара і глядзеў, як пакрысе пачынаюць вывальвацца на вуліцу госці.

Выйшла і Ніна са сваім жаніхом. Яны селі ў пярэднюю машыну. У наступную — іх бацькі. Разануўшы апошні акорд полькі, палез у машыну і сам гарманіст. Ад’ехалі «Волгі», некаторыя з гасцей пайшлі дахаты, а хто вярнуўся назад. Журналісткі не было відаць. Мо з’ехала і ён не ўгледзеў? А можа, дзе ў хаце?

Дубавец заспяшаўся да суседкі. Марына сядзела ў двары на ўслоне з патухлай папяросай у адкінутай руцэ і нешта гаварыла зусім сп’янеламу Мікіту Пыжыку. Той слухаў, усміхаўся і часта круціў галавой так, нібы ў яго самлела шыя.

— Ой, добра, што вы...— яна паднялася насустрач Дубаўцу, кінула папяросу, рукой паправіла свае раскіданыя валасы.— А я думала, ці не з’ехалі вы таксама. Ну, здаецца, тут усё скончылася. Можа, прагуляемся трохі, а то галава...

— Пра што вы з дзедам? — спытаў Дубавец, каб не маўчаць, калі яны ішлі па вуліцы.

— Абы пра што... Думала, якое цікавае слоўца пачую. Глуха. Гаворыць, як з газеты шпарыць. Начытаўся, відаць...

— Ды чытае...

— У вас якая рэчка ёсць? Пакупацца б, а то мне нешта няважна,— яна ўзяла яго пад руку.

— Ёсць рэчка, ёсць,— і ён непрыкметна паскорыў крокі, каб хутчэй знікнуць з вачэй людскіх.

Яны хутка звярнулі ў завулак, прайшлі па ледзь прыкметнай сцяжынцы праз скошаны луг, на якім ужо дружна паднялася зялёная мяккая атава, спыніліся на высокім абрывістым беразе ракі. З берага адкрывалася шырокая далячынь за ракой, там густа стаялі круглыя, як шапкі-будзёнаўкі, стагі, за лугамі цямнелі дубровы, а ніжэй па рацэ праз перадвечаровую смугу прабівалася сінеча сасновых бароў.

— Не думала, што такое хараство ёсць на свеце,— неяк урачыста сказала Марына. Уся яе пастава была такой, нібы яна вось-вось раскіне рукі і ўзляціць над гэтымі прасторамі. І раптам зусім будзённа дадала: — Вы пасядзіце тут, а я пайду пакупаюся.

— Вада ж халодная...

Яна нічога на гэта не адказала, зняла з ног туфлі, спусцілася па абрыве і там пайшла паўз ваду. А хутка пачулася, як яна плёхалася, гучна фыркаючы. Вада забрыніла. Вось і сама Марына паказалася — яна імкліва плыла па рацэ, толькі галава з завязанымі ў пучок валасамі над вадой, а пад вадою — нешта неакрэсленае белае. '

— Ах, якая вада, якая вада! — казала яна, падняўшыся на бераг.— Дарэмна не пакупаліся. Як на свет толькі што нарадзілася...

— Вада чыстая. Ракі водзяцца.

— Прыехаць бы ўлетку сюды ды пажыць у палатцы. У вас малако прадаюць? — яна паглядзела на яго і нечага ўсміхнулася.

— Не вельмі. Дзяржаве носяць, бо за малако калгаснікам прадаюць камбікорм, так што вязіце з сабой згушчоначку.

— Прывязём і згушчоначку... А вы мяне навучыце ракаў лавіць? — і зноў на яе твары гуллівая ўсмешка і ледзь прыкметныя ямачкі.

— Я ж тут рэдка бываю,— разгубіўся Дубавец.

Марына засмяялася.

Яны вярнуліся ў вёску, калі прыкметна звечарэла. Домна Сідараўна сярод двара даіла карову.

— Ідзіце ў хату,— сказала яна і праз плячо хуткім позіркам акінула дзяўчыну.

У хаце Марына папрасіла чаю. Іван, уключыўшы дзяўчыне тэлевізар, каб не сумна было адной, пайшоў на кухню.

— А можа, сырадойчыку вып’еце? — прапанавала Домна Сідараўна, зайшоўшы ў хату з вядзерцам, амаль поўным малака.

— Марына, можа, і праўда сырадою? — крыкнуў Іван.

Марына выйшла, сказала, што вып’е і малака. Села ля стала. Домна Сідараўна падала ёй поўны карэц. Дзяўчына прагна выпіла, пахваліла малако. Домна Сідараўна наліла ёй яшчэ. Цяпер Марына піла нетаропка, смакуючы, разглядала кухню. Домна Сідараўна не ведала, пра што гаварыць з гэтай незнаёмай, і толькі перастаўляла чыгункі, нешта мыла, насіла. Адным словам, была вельмі занятая.

Тым часам за вокнамі зусім пашарэла.

— Ну, што? — дапіўшы сваё малако, Іван падняўся.— Заўтра на досвітку на работу, так што... Мама, пасцялі Марыне тут, а мне дай якую посцілку, пайду на сенавал...

— Нічога не выйдзе,— паднялася Марына.— На сенавал пайду я. Пабыць у вёсцы ды не паспаць на сенавале,— і яна перахапіла посцілку і падушку, якія прынесла Домна Сідараўна.— Вы толькі, Іван Кірылавіч, пакажыце, дзе ён у вас, той сенавал.

Дубавец выняў з шуфлядкі стала ліхтарык і павёў госцю ў дрывотнік. У адной палавіне дрывотніка ляжала сена пад самы брус, і да яго была прыстаўлена лесвіца.

— Лезьце туды,— ён пасвяціў дзяўчыне.

Марына паднялася, і хутка пачуўся яе радасны вокліч:

— Ой, як хораша тут! Ніколі не ўяўляла...

Іван стаяў унізе, свяціў ліхтарыкам некуды ў застрэшша, чакаў, пакуль яна ўляжацца.

— Ну, як вам тут?

— Нармальна.

— То спакойнай ночы!

— А вы што, Іван Кірылавіч, пойдзеце парыцца ў хату? Лезьце сюды. Месца хопіць. Ну, што ж вы там?

— Ды не,— ледзь паварушыў ён раптоўна перасохлым языком.

— Пачуццё адказнасці? — яна хіхікнула.

— Ыгы.

— Вось як загрызуць мяне пацукі, то тады сапраўды будзеце адказваць,— гарэзліва ўпікнула яна яго.— Спакойнай ночы!

Ён моўчкі выйшаў, прычыніў вароты.

У хаце ля стала сядзела Домна Сідараўна, відаць, чакала сына.

— Што за яна? — не вытрывала, спытала маці.

— Па службе,— буркнуў ён і пайшоў спаць.

 

3

Калі Марына Данілава пазнаёмілася з пісьмамі Івана Дубаўца, то чамусьці ўявіла гэтага чалавека старым, вечна ўсім незадаволеным. Ведала яна такіх нямала, што скардзяцца ва ўсе інстанцыі не таму, што змагаюцца за справядлівасць наогул, а больш таму, што не дазваляюць ім рабіць тое, што хочацца. Вось яны пішуць скаргі, прыкрываючы свой вузкі эгаістычны інтарэс гучнымі слоўцамі, правільнымі лозунгамі. І калі Марына ўбачыла Дубаўца на вяселлі, маладога, рослага хлопца, крыху ці то задумлівага, ці то нечым засмучанага, з разумным і ўважлівым позіркам блакітных вачэй, яна зразумела сваю памылку. Аднак тут жа пра сябе падумала, што такія тыпы могуць быць і маладыя, і такія вось вонкава прыстойныя, як гэты. Калі ж на вяселлі яна крыху распытала пра яго і ад усіх, з кім гаварыла, пачула толькі добрае, Іван Дубавец нават заінтрыгаваў яе па-сапраўднаму. Ёй хацелася ведаць, хто ж ён такі, шчыры ён у сваіх пісьмах ці ўсё перабольшвае. Але каб пераканацца ў гэтым, яна вырашыла сама асабіста праверыць тыя факты, пра якія пісаў Дубавец. І таму ў першы дзень нічога не стала гаварыць яму пра пісьмы — ёй не хацелася яго насцярожваць лішнімі допытамі.

Прачнулася яна рана. Праз дзіркі ў даху ледзь цадзілася святло. Дзяўчына чула, як гаспадыня даіла карову, як малако спачатку туга біла ў пустое вядро, а потым глуха шастала пеннымі струменьчыкамі. Загула ля двара машына, пранізліва скрыганула тармазамі. Рыпнулі вароты ў дрывотнік.

— Марына Пятроўна! — паклікаў Іван.

— Я.

— Прачнуліся?

— Певень разбудзіў. У вас такі гарласты певень.

— Карэта пададзена. І сняданак стыне.

— Я зараз...— Марына пачала апранацца.

У хаце на стале і сапраўды ўжо чакаў сняданак.

У талерках ляжалі маласольныя гуркі, свежыя памідоры, смачна дымілася яечня. Марына не прывыкла так рана снедаць, ды і не хацелася яшчэ пасля ўчарашняй пагулянкі. Таму яна выпіла толькі карэц сыраквашы. Іван таксама снедаць не стаў, згроб усё з патэльні ў цэлафанавы мяшочак, кінуў туды кавалак хлеба.

— Дзень вялікі...— толькі і сказаў.— Спатрэбіцца.

У машыне ён прапанаваў Марыне сесці наперадзе, ля шафёра, а сам сеў ззаду. Яна падумала, ці не баіцца ён яе пасля ўчарашняга, і міжволі ўсміхнулася. Дубавец усяго і спытаў у вадзіцеля, калі дырэктар прасіў адпусціць машыну, і зноў зацята маўчаў.

— Учора гаварыла з вашымі,— азірнулася Марына.— Цікава.

— Што цікава?

— Гаварыла з нявестай. Кідае хату, работу ў клубе, хоць, здаецца, ёй работа і падабаецца. Едзе ў горад. А там і кватэры сваёй няма. Ды я не пра гэта. Цікава, што ніякай трывогі пра свой заўтрашні дзень. Гэта ж здорава, што нашы людзі жывуць без трывогі, ведаюць, што ім заўсёды будзе добра.

— Дарэмна мы іх прывучылі да спакою,— буркнуў Дубавец.

— Чаму? — Марына ўлавіла ў яго голасе раздражненне і падумала, што, можа, вось зараз ён і раскрыецца.— Я лічу, што гэта наша вялікая заваёва.

— Часам гэта перарастае ў абыякавасць,— упэўнена, нават з нейкай саманадзейнасцю сказаў Дубавец.— А навошта трывожыцца? Усё будзе нармальна, усё для іх нарыхтавана на доўгія гады наперад, не трэба сапраўды думаць пра заўтрашні дзень. Усяго будзе багата, усяго хопіць на зямлі — і вады, і лясоў, і паветра. Капай, сушы, знішчай: прырода — калодзеж бяздонны...

«Вось ён цяпер такі, як і ў сваіх пісьмах»,— падумала Марына і спытала:

— Вы што, Іван Кірылавіч, супраць меліярацыі?

— Пытанне ваша, Марына Пятроўна, не вельмі... Я за тое, каб да зямлі адносіліся па-гаспадарску. Каб было добра на ёй жыць не толькі нам, але і нашым дзецям і ўнукам.

— А я думала...

— Відаць, вы не вельмі ўважліва прачыталі мае пісьмы,— сказаў ён з нечаканай адкрытасцю.— Вы ж прыехалі іх правяраць?

— Вядома.

— Вася, давай на Ліпскае ўрочышча,— папрасіў Дубавец шафёра.— Паглядзім на месцы.

Машына спынілася на краі роўнага, як адпрасаванага, поля. Яно ляжала чорнае, з частымі шэрымі і жоўтымі лапінамі пяску. На ім нічога не расло. І толькі там-сям чэзла нейкая зжаўцелая трава.

— Бачылі лугі за нашай рэчкай? — вылез з машыны Дубавец.— Дык вось тут год назад амаль такія былі. Праўда, былі і лазнякі, на выспах тырчаў рэдзенькі сасоннік. Але сена бралі багата... Трэба было лазнякі знішчыць, трошкі параўняць, падсеяць травы, даць угнаенняў — і сена б не адгрэбліся. Дык не, рашылі зрабіць культурны луг. Падрыхтавалі плошчу пад арашэнне. Бачыце на гарызонце радком калёсікі?.. Гэта нашы палівачныя машыны. Тры ажно. А тыя вунь зялёныя будачкі — помпы. Усё гатова, каб паліваць... Бяда толькі ў тым, што не паспелі зрабіць вадасховішча і нечым паліваць. Пакуль жа яго зробяць, дык сонца і вецер тут пустыню пакінуць. А план земляных работ выканалі і перавыканалі — дзіва, гэтулькі зямлі перавярнуць! — і прэміі атрымалі, далажылі па інстанцыі. Усе рады. І вецер рады, гуляе тут без усялякіх перашкод... Ну, што? Пытанні ёсць, Марына Пятроўна?.. Няма. Добра. А цяпер, Вася, падкінь нас у Выгары.

Спыніліся ля бульбянога поля, акружанага хмызнякамі. Бульбоўнік сама буяў, месцамі аж палёг, такі высокі падняўся.

— Бульба цудоўная! —усклікнула Марына.

— Рыдлёўка ёсць? — спытаў Дубавец у вадзіцеля.— Дастань-такі.

Узяўшы рыдлёўку, ён падаў яе Марыне:

— Умееце капаць зямлю?

— Я ж беларучка,— пакрыўдзілася Марына.

— Капайце,— не звярнуў увагі на яе крыўду Дубавец.

— Бульбу?

— Ямку. Вось тут,— ён паказаў на ўзаранае.

Марына моўчкі пачала капаць ямку. Выкапаўшы, можа, з паўметра, спынілася, выцерла спацелы лоб, запытальна глянула на Дубаўца.

— Капайце, капайце...

— Так і да Амерыкі дакапаюся,— засмяялася дзяўчына і зноў пачала выкідваць з ямкі цяжкі набрынялы торф. Вырашыла, што будзе капаць, пакуль не спыняць, у яе таксама характар ёсць. Але капаць доўга не давялося, хутка паказаўся белы пясок.

— Хопіць,— спыніў яе Дубавец.— Вось так на ўсёй плошчы. А месцамі пясок яшчэ бліжэй.

— І што гэта азначае? — пакуль нічога не разумела Марына.

— А тое гэта азначае, што калі ваша дачка прыедзе правяраць будучага загадчыка аддзялення, то ёй капаць не давядзецца, пясок будзе наверсе. Вось так. Пытанні ёсць, Марына Пятроўна?

— На такіх тарфяніках трэба сеяць травы...— успомніла Марына, як пра гэта пісаў Дубавец у тэлестудыю.

— А я пра што? — сказаў Дубавец і запрасіў дзяўчыну ў машыну.

Потым, калі ехалі паўз малады чэзлы сасоннік, крануў яе за плячо:

— Паглядзіце на гэты лясочак, Марына Пятроўна. Бачыце, колькі сухіх іголак на галінах. Між тым да восені яшчэ далекавата. Чаму ж сухія іголкі? Дажджоў няма, а грунтавая вада асела. Балоты, што падтрымлівалі яе ўзровень, асушылі. Вось і галадае лясок, марнее. Можа і загінуць. Але гэта яшчэ не галоўны цуд, галоўны цуд далей, за лесам.

Машына з’ехала з дарогі і спынілася ля глыбокай і роўненькай, як нацятая струна, канавы.

— Во, якраз сонейка прыгрэла. Можна пазагараць, рыбку павудзіць,— пацягнуўся, вылезшы з машыны, Дубавец. У яго крыху самлела спіна.— Пакупаемся, Марына Пятроўна? Вы ж любіце купацца?

— У гэтай канаве?

— Якая ж гэта канава? Пачытайце, што там на шыльдачцы ля мосціка напісана.

Марына пайшла і прачытала на бляшанай шыльдачцы: рака Віць.

— Мо хто пажартаваў? — вярнулася яна.— Я нават недзе вершы чытала пра Віць. А хто будзе пісаць вершы пра гэтую канаву?

— Гэта не канава, Марына Пятроўна, а вадасцёк. Спецыялісты кажуць, што без яго не абысціся. А я не веру. Можна ж было зрабіць вадасховішча — і лішнюю ваду туды. І не трэба было б чапаць раку. Тады б мы з вамі зараз палавілі тут рыбку. Спытайце ў Васі, якіх ён тут ляшчоў цягаў не так даўно.

— Па пяць кілаграмаў,— развёў у бакі рукі вадзіцель.

— Вось так, Марына Пятроўна. А цяпер давайце пагаворым пра мае пісьмы. У вас пытанні ёсць? — глянуў на гадзіннік Дубавец.— А то мне трэба ў аддзяленне, чакаюць справы.

— А як у іншых гаспадарках? — толькі і спытала яна.

— Не ведаю. Паглядзіце самі...

— У мяне пытанняў няма.

— Тады паехалі,— скамандаваў Дубавец.

Заданне ў Марыны было зусім канкрэтнае: пастарацца пасля праверкі пераканаць аўтара пісьмаў,— само сабой разумелася, што ў тых пісьмах усё скажалася, перабольшвалася,— напісаць пра гэтага зласліўца, выступіць па тэлебачанні, паказаць грамадству сапраўдны твар такіх нядобразычліўцаў, каб і іншым было павучальна. Гэтае заданне, цяпер Марына ведала пэўна, яна выканаць не зможа. Хутчэй за ўсё яна будзе абараняць Дубаўца, але трэба застацца яшчэ хаця б дні на тры, каб лепей праверыць, вывучыць факты.

— Адкуль у вас можна пазваніць на тэлестудыю? — спытала яна.

— З канторы саўгаса,— адказаў Дубавец. На скрыжаванні дарог ён вылез, папрасіўшы Васю завезці яе ў кантору.— А я пайшоў да сябе.

— Іван Кірылавіч,— паклікала Марына.— Запішыце мой тэлефон. Можа, будзеце ў горадзе, дык пазвоніце.

— Дзякую! — ён выняў сваю запісную кніжку.

 

4

Сакратару райкома Андрэю Цітавічу Кузьмянку апошні час нешта нездаровілася. З раніцы доўга ляжаў у пасцелі, не хацелася падымацца, ноч не знімала стомленасці. Аднак ён кожны раз падымаўся, перасільваючы сябе, выходзіў у двор, аглядаў клеткі з трусамі. Ён, дзе трэба было, падчышчаў, клаў ім траву, нарыхтаваную яшчэ звечара,— яе кожны дзень касіў у райкомаўскім садзіку і завозіў райкомаўскі вартаўнік,— а потым пасвяжэлы вяртаўся ў кватэру, галіўся, снедаў і ішоў на працу.

Раней гэтай ранішняй размінкі яму хапала на ўвесь дзень. Цяпер жа, як толькі ўсаджваўся ў крэсла за сваім рабочым сталом у кабінеце, яго зноў скоўвала незразумелая млявасць. Не хацелася чытаць ні папер, якія цэлым стосам ляжалі перад ім, не хацелася нават нікому званіць.

Сёння ж, каб не бюро райкома, Андрэй Цітавіч, відаць, наогул не выйшаў бы на работу, паляжаў бы дома. Яму і ўрач Пётр Адамавіч Сікора раіў дзянёк-другі пабыць дома, адпачыць.

Кузьмянок папрасіў сакратарку прынесці шклянку моцнага чаю. Тая неяк падазрона паглядзела на яго, але чай усё ж заварыла.

Пасля чаю галава зрабілася нібы святлейшай, і ён пачаў чытаць паперы... Неўзабаве пачалі збірацца члены бюро райкома. Многія любілі прыйсці раней прызначанага часу, яшчэ да пачатку пасяджэння перакідваліся думкамі па тым ці іншым пытанні, што часам было вельмі неабходна. Кожны з іх падыходзіў да першага, каб паціснуць яму руку. Адны ціснулі моцна, па-таварыску, а той-сёй далікатна, нібы баяўся зрабіць чалавеку балюча.

Першым зайшоў Леанід Майсеевіч Борух, начальнік сельгасупраўлення, высокі, нетаропкі, за ім адразу ж адчыніў дзверы другі сакратар райкома Новік Ігар Іванавіч, малады яшчэ хлопец, учарашні камсамольскі работнік, заўсёды падкрэслена сур’ёзны і ўдумлівы. Ён увесь час хмурыў свае чорныя бровы, злучаючы іх над пераносіцай. Яго ў раёне за гэта звалі Ігар Хмуры. Ігар заўсёды стараўся быць ля першага, калі хто заходзіў да таго.

Маўклівы і засяроджаны пракурор сеў ля дзвярэй і пачаў гартаць нейкую кнігу. Рэдактар райгазеты Віктар Іванавіч Заяц ля адчыненага акна курыў, пускаючы дым на вуліцу, пры гэтым ён так выцягваў шыю, што здавалася, спрабаваў разгледзець з другога паверха, што там робіцца ўнізе, пад самай сцяной.

Кузьмянок агледзеў усіх, пазваніў старшыні райвыканкома Мікалаю Сяргеевічу Бусліку.

— Сяргеевіч, цябе толькі і чакаем...

Не паспеў ён пакласці трубку, як у кабінет імкліва зайшла высокая паглядная дзяўчына з доўгімі валасамі, раскіданымі па плячах. Яе, відаць, сакратарка не пускала, бо ў дзвярах незнаёмка азірнулася, гулліва нешта той сказала і зачыніла дзверы.

— Я з абласной тэлестудыі. Маё прозвішча Данілава. Марына Данілава,— яна хутка сарыентавалася, дзе хто, і наблізілася адразу да Кузьмянка.— Хачу вам далажыць...

— У нас зараз бюро,— запярэчыў быў Кузьмянок.

— Але ж яно яшчэ не пачалося?

— Зараз пачнём.

— Пакуль пачняце, дык я ўсё і скажу. А то ў мяне цягнік.

— Сядайце,— запрасіў Кузьмянок.

Яна пасунула крэсла да яго стала, села.

— Я прыязджала правяраць пісьмы, якімі літаральна закідаў нас загадчык аддзялення саўгаса «Усход» Іван Дубавец. Мне было загадана праверыць і выступіць...

— Ёсць такая балячка ў нас,— сказаў Новік і глянуў на першага, каб пераканацца, ці тое ён сказаў. Але стомлены твар Кузьмянка, здавалася, не рэагаваў ніяк.— Ён усё пісаў нам, а цяпер перакінуўся ў вобласць. Трэба не проста выступіць, а расчыхвосціць яго так, каб выходзіць на рэспубліку яму ўжо не захацелася.

— Я і думала так...

— І правільна,— падтрымаў Новіка і Борух.— Тут людзі напружана працуюць, стараюцца, сябе не шкадуюць, а ён усім настрой псуе сваёй пісанінай. І што за чалавек? Нібы ўсе навокал толькі ворагі, а ён адзін праведнік. Я прасіў неяк нашага рэдактара даць фельетон, дык не паслухаўся наш паважаны Віктар Іванавіч.

— Пасылаў я ў саўгас карэспандэнта,— выкінуў за акно недакурак Заяц.— Прыехаў і кажа, што ў яго лепшае аддзяленне ў саўгасе. Навошта ж падрываць аўтарытэт яго перад рабочымі?

— А можа, і правільна,— Кузьмянок сказаў так, што і зразумець нельга было: ухваляе ён начальніка сельгасупраўлення ці рэдактара.

— Ён нашага з вамі аўтарытэту не шкадуе, а мы будзем шкадаваць яго аўтарытэт,— хмыкнуў Борух і звярнуўся да Данілавай: — Пішыце, пішыце... А мы меры прымем.

Марына маўчала, яна чакала, што ж скажа сам Кузьмянок, але ён і не думаў нічога гаварыць.

— Я фельетон якраз пісаць не буду,— Марына гаварыла толькі Кузьмянку.— Я не ведаю, што напішу. Нарыс ці праблемны артыкул. Толькі я буду абараняць Дубаўца і гаварыць пра тыя праблемы, якія ён падымае ў сваіх пісьмах. У мяне склалася сваё ўражанне пра Дубаўца і мяняць яго не збіраюся. Я зайшла, каб спытаць у вас, што ведаеце пра яго яшчэ, акрамя таго, што піша пісьмы.

— Ніякіх дрэнных звестак пра Дубаўца, здаецца, да нас не паступала,— сказаў разважліва Кузьмянок і кінуў позірк на Новіка.

— Гэта праўда,— паспяшаўся падтрымаць першага Новік.— Чаго не было, таго не было.

— У мяне больш пытанняў няма,— паднялася Марына.— Мне ўсё зразумела. Прашу прабачыць, што перашкодзіла.

— Прабачце,— спыніў яе Кузьмянок.— І ўсё ж якое ўражанне на вас зрабіў гэты самы Дубавец?

— Абсалютна чэсны чалавек,— Марына глянула на свой гадзіннік.— І тут не варта было б смяяцца з яго пісьмаў, адпісвацца, а прыслухацца да іх, прыняць меры. Ад гэтага была б толькі карысць. Дарэчы, магу пакінуць іх вам.

— Ведаем іх на памяць,— буркнуў начальнік сельгасупраўлення.

— А наогул, пакіньце, калі ласка,— папрасіў яе Кузьмянок.

— Прашу,— яна выняла з сумачкі колькі канвертаў і паклала на стол перад сакратаром.

— Дзякую вам. Можа, вы пабудзеце ў нас на бюро? — запрасіў сакратар.— Якраз будзем разглядаць пытанне аб выкананні сацыялістычных абавязацельстваў нашымі меліяратарамі.

— З радасцю, але ў мяне цягнік,— і яна імкліва выйшла.

— Прыглянуўся ёй Дубавец,— хіхікнуў Борух.

— Ці яна Дубаўцу,— сказаў пракурор.

— Ды за такой — яно і не грэх,— шчыра ўздыхнуў рэдактар райгазеты. І гэта ўсіх рассмяшыла.

 

5

Катлоў у гэтую ноч спаў доўга і моцна: напярэдадні позна сядзелі ў канторы і складалі тэзісы яго справаздачы на бюро райкома. Зроблена было нямала, і нічога не хацелася прапусціць. Можа, і не будзе патрэбы ўсё гаварыць, можа, начальнік сельгасупраўлення Борух, які рыхтаваў пытанне, сам усё і скажа. А калі ён наваліцца з крытыкай? Тады давядзецца абараняцца, а для абароны трэба мець факты. Катлоў быў спакойны, фактаў у яго было больш чым трэба. Можа, таму ён так моцна і спаў у гэтую ноч...

Прачнуўся, калі зыркае святло ўдарыла ў твар — вечна гэтая жонка забудзе зашторыць акно. Бачыце, ёй тады дыхаць няма чым, а што з-за гэтага святла недасыпаеш кожны раз, дык яна таго не ўлічвае. У кватэры ціха, толькі ў зале прыглушана грала радыё ды на кухні — чуваць было — гаспадарыла жонка. Вось яна загрукала абцасамі ў калідоры.

— Катлоў, ты спіш? — крыкнула Алена Васільеўна.

— Сяджу на ложку. А што?

— Я пайшла.

— Мне ж сёння ў райком...

— Кашулі ў шафе, знойдзеш там,— і яна бразнула дзвярыма...

Катлоў падняўся, пахадзіў басанож па пакоях, памахаў рукамі, каб хутчэй санлівасць прайшла, пагаліўся. Пад вокнамі піпікнула машына — прыехала па яго. У двары гыркнуў Дунай і заціх — таксама не любіў, калі парушалі яго спакой.

Катлоў заспяшаўся, ён не любіў, каб ля двара доўга чакала машына. Ён перабраў свае белыя кашулі, і амаль усе былі без гузікаў. Нарэшце знайшоў адну, у якой не ставала толькі аднаго гузіка, але нічога, пад гальштукам не будзе відаць.

На кухні на стале стаяла патэльня з астылай яечняй. Чайнік быў яшчэ цёплы. Як яму абрыдлі гэтая штодзённая яечня і гэты чай! Палез у халадзільнік, узяў бітончык з малаком. Паспрабаваў, малако пачало скісацца, стаіць некалькі дзён. Аж горкае. Ён выліў малако ў ракавіну, на посуд, кінуў туды і бітон. Эх, пасёрбаць бы зараз якога супіку, самага простага, з бульбачкі, аздобленага падсмажанай са скваркамі цыбулькай! Дык у яго ж Алены Васільеўны няма часу.

Аднак варта было Катлову выйсці з хаты, сесці ў машыну, як адразу пакінулі яго невясёлыя думкі пра сваё ледзь не халасцяцкае жыццё. Ён падумаў, што трэба зрабіць неадкладна, да ад’езду ў райком. Пасядзеўшы на планёрцы ў дыспетчарскай, зайшоў у свой кабінет, пазваніў у трэст наконт запчастак. Потым яму пазванілі, затым зайшоў забеспячэнец з цэлай кіпай розных паперак, потым бухгалтар з чэкамі... Так і праляцела гадзіна. Ён узяў папку з падрыхтаванай справаздачай і выйшаў на вуліцу. Сказаўшы шафёру, каб ехаў да сталоўкі, сам пайшоў пехатой.

— Ну, чым корміш пакарыцеляў прыроды, Фёдараўна? — спытаў ён у маладжавай жанчыны, якая накрывала ў зале на сталы новыя цыраты.

— Будзеце снедаць, Міхайлавіч? Ідзіце да мяне.

Катлоў сеў за маленькі столік у кабінеце загадчыцы сталовай, і адразу ж перад ім з’явіліся салат са свежых памідораў, пельмені і шклянка моцнай кавы.

— Прыемнага апетыту! — сказала Фёдараўна і выйшла. Катлоў толькі і паспеў схапіць позіркам тоўсты тугі вузел на патыліцы, круглыя плечы і прыгожыя, хоць і цяжкаватыя ногі ў бліскучых чорных туфлях. Падумаў: «Вось жа таксама на абцасах, а не грукае, ходзіць ціха, і не чуваць». Пакуль еў, яшчэ падумаў пра тое, што дурныя мужчыны, што ганяюцца за настаўніцамі, доктаркамі, карацей кажучы, за ўсялякімі адукаванымі. Трэба жаніцца вось на такіх, як Фёдараўна. Тады заўсёды будзеш і накормлены, і абагрэты, і абласканы шчодра. Можа, і пражывеш болей, а то ж не жыццё, а суіснаванне: ты сабе, жонка сабе.

У машыне, праўда, Катлоў ужо ні пра што не думаў. Ад каларыйнага сняданку цела налілося цёплай санлівай млявасцю, і ён, адкінуўшыся на спінку сядзення, прадрамаў ледзь не ўсю дарогу.

 

6

У кабінеце Кузьмянка акрамя членаў бюро былі і некаторыя старшыні калгасаў. Адразу ля дзвярэй сядзеў дырэктар саўгаса «Усход» Марк Куніца. Катлоў памкнуўся сесці ля яго, той ужо і пасунуўся, каб даць месца, ды Кузьмянок запрасіў Катлова на вольнае месца, перад сталом, дзе звычайна і садзіліся ўсе, каго слухалі на бюро. Можа, ад таго, што давялося сядзець у цэнтры ўвагі ўсіх, хто быў у кабінеце, ён захваляваўся, хоць ніякіх падстаў для хвалявання і не было: за сваю работу і за работу ўсяго калектыву ён быў больш чым спакойны.

— Вам дзесяць мінут хопіць? — спытаў Кузьмянок.

— Пастараюся,— падняўся Катлоў. Ён паклаў папку на стале, але раскрываць яе нават не стаў, бо нечага і лазіць ва ўчарашнія запісы, калі далі гэтак мала часу, а асноўныя лічбы ён памятае і так. Расказваў, што зроблена, як з планам, колькі калектываў, экіпажаў і рабочых ахоплены сацыялістычным спаборніцтвам, як выконваюцца абавязацельствы. Пахваліцца было чым, бо многа рабочых даўно выканалі свае пяцігодкі, перавыконваюць дзённыя нормы — гэта стала ледзь не правілам для кожнага другога працаўніка. Відаць, нядрэнна ён усё далажыў, бо пытанняў ні ад каго з прысутных не было. Начальнік сельгасупраўлення Борух, які рыхтаваўся таксама, зусім нешматслоўна пацвердзіў, што сацыялістычныя абавязацельствы не толькі асобнымі рабочымі, але і цэлым калектывам будаўніча-мантажнага ўпраўлення выконваюцца і перавыконваюцца. Здавалася, што на гэтым абмеркаванне і закончыцца, бо ніхто не хацеў нічога дадаць да сказанага.

— Дык ні ў кога ніякіх заўваг? — спытаў Кузьмянок.— І прэтэнзій ніякіх таксама? Цікава. Я нават і не падазраваў да сённяшняга дня, што нашы меліяратары так добра працуюць. І ў вас, таварыш Куніца, ніякіх прэтэнзій няма?

— Няма,— падняўся Куніца.

— Дарэчы, Марк Ліпавіч, чаму гэта вы прымірыліся з няправільным выкарыстаннем мелказалежных тарфянікаў у саўгасе? Вашага загадчыка аддзялення Дубаўца гэта хвалюе, а вас не?

— Мяне таксама хвалюе, Андрэй Цітавіч,— адказаў ён, як паслухмяны школьнік, гледзячы аддана ў вочы сакратару.

— А чаму ж вы маўчыце, чаму не ваюеце? — спытаў Кузьмянок незадаволена, яму яўна не падабалася гэтая паслухмянасць, бо ён не верыў у яе шчырасць.

— А што ваяваць, Андрэй Цітавіч? Ну, скажуць мне сёння засеяць травамі ўсе плошчы, дзе я вазьму механізмы перапрацаваць траву, дзе вазьму скаціну, каб скарміць яе? А мы паступова, Андрэй Цітавіч, пяройдзем на травы. Можа, удасца без шуму.

— Цікава, што крыецца ў вас за гэтым «паступова»? — спытаў Кузьмянок і не стаў чакаць адказу, іранічна сказаў, нібы разважаючы сам-насам: — Цяпер ясна, чаму вы маўчыце, што ў вас засталіся без арашэння семсот гектараў залужаных тарфянікаў. Аказваецца, вам сена не трэба,— і, кіўнуўшы Куніцу, каб той садзіўся, спытаў у Катлова: — Можа, вы растлумачыце, Васіль Міхайлавіч, чаму так здарылася?

— Аб’ект здалі мы своечасова,— насцярожана пачаў Катлоў, падумаўшы, што вось цяпер, можа, толькі і пачынаецца сапраўдная гаворка пра яго работу, і стараючыся адгадаць, куды хіліцца яна.— Мы меркавалі браць ваду з магістральнага канала, па разліках гідролагаў яе павінна было хапіць. Але ці таму, што зіма была не багатая на снег, ці што лета сухое, толькі грунтовыя воды селі, вады ў канале аказалася мала, і яна не пайшла на аб’ект. А вадаводы ад канала не праклалі.

— Выхад?

— Выхад можа быць толькі адзін. Хутчэй будаваць вадасховішча.

— Чаму не будавалі?

— Нам перанеслі яго на будучы год. А ў гэтым годзе дадаткова асушылі балота ў калгасе «Зарэчча». Старшыня даўно прасіў, да глаўка дайшоў, вы ж ведаеце.

— Ведаю, ведаю,— уздыхнуў Кузьмянок.— А скажыце, чаму нідзе так і не вырасла ні адна лясная паласа?

— Мы ж не раз гаварылі. Ці скаціна вытапча, ці не паліваюць, ці гербіцыдамі паатручваюць. Прычын багата.

— А можа б, лепей было пакідаць ля каналаў лясныя масівы прыродныя?

— Было б лепей, але ў большасці выпадкаў гэта не прадугледжваецца праектамі.

— А вы што зрабілі, каб перагледзець праекты ў гэтым плане?

— У гэтым плане не, а наогул рабілі...

Аднак Кузьмянок яго спыніў і яшчэ раз спытаў у прысутных, якія ёсць прэтэнзіі да меліяратараў.

Старшыня калгаса «Новы шлях» Мірон Адамавіч Зіневіч падхапіўся першы:

— Як мне быць? Здалі аб’ект пад траву. Па праекту так? Так. А план зерневых які давялі? Што мне рабіць? Узараў тарфянікі, пасеяў жыта. Дык што гэта такое? Праект адзін, а план другі. А падумаеш, дык хлеб ёсць хлеб. А што з травы? Трава ёсць трава. А мне свініну плануюць. Дык не плануйце свініну, плануйце гавядзіну, мне і трава трэба будзе. І што гэта за планаванне? То адно, то другое. І ў меліяратараў так. Быў у мяне луг. Сама касіць, а яны прыехалі, навезлі экскаватараў, давай капаць. Прашу: пачакайце, сена скашу. Чакаць некалі, маўляў, план. Яўна непарадак.— Зіневіч перадыхнуў, хацеў яшчэ нешта сказаць, але махнуў рукой і сеў.

Потым падняўся Станіслаў Юр’евіч Палашанка, старшыня калгаса «Ударнік». Гэты быў зусім не падобны на папярэдняга прамоўцу, нетаропкі, удумлівы, гаварыў важка, дакладна ўзважваючы кожнае слова.

— У нашым калгасе асушылі вялікае балота. Дзякуем меліяратарам. Калгас наш, можна сказаць, пасля гэтага стаў на ногі. Але... Рэчку выпрамілі. Якая там ні рака была, а ўсё ж рака. Была мелкая. Зрабілі глыбокай. Раней вада была, а цяпер цячэ па дну раўчучок. У нас лясок ёсць. Раней колькі там маліны было, чарніц, грыбоў! А цяпер там так суха, што іскрынка пападзе — і ён успыхне як порах. А ў вёсках некаторых у калодзежах знікла вада. Мы ўдзячны меліяратарам за вялікую праробленую работу і яшчэ больш будзем удзячныя, калі яны ніжэй па рацэ паставяць дадатковы шлюз-рэгулятар. Вада ў рацэ падымецца, ажыве наш лясок, вада будзе ў калодзежах. А то з-за гэтых зусім жа дробязных недаробак столькі непрыемнасцей, людзі клянуць усю вашу гіганцкую работу, таварыш Катлоў.

Адразу ж пасля Палашанкі ўсхапіўся Борух.

— Я таксама не магу маўчаць. Прашу, Андрэй Цітавіч, якіх пару слоў мне. Я рыхтаваў пытанне, я і хачу сказаць. Нашы прамоўцы, здаецца мне, павялі гаворку крыху не туды. Дагаварыліся да грыбкоў і малінкі. Калі хлеба ўзялі багата, дык і на лірыку пацягнула. Сентыментальныя сталі. А ўспомніце, паважаныя таварыш Зіневіч, таварыш Палашанка, як вы бегалі, за крыссё лавілі Катлова, каб ён асушыў вам тыя балоты. А цяпер незадаволены. Адсутнасць шырыні мыслення перашкаджае вам аб’ектыўна паглядзець на рэчы. Ідзе гіганцкае пераўтварэнне прыроды, можна нават сказаць, карэннае. Дзякуючы асушэнню балот наш раён павялічыў вытворчасць зерня, мяса, малака амаль удвая. Канечне, недаробкі ёсць. Але ж вы павінны разумець — усё адразу не зробіш. Гэта на доўгія гады. Багата выяўляецца недахопаў і будзе яшчэ выяўляцца, ліквідоўвалі іх і будзем ліквідоўваць. А то калі пачнём разважаць так, як толькі што тут разважалі, мы хутка тых жа меліяратараў зробім ледзь не шкоднікамі. А ў той жа час, калі ідзе слава пра наш раён, дык толькі дзякуючы ім. Калі мы гаворым пра ўдарнікаў, перадавых людзей працы, дык у першую чаргу гаворым пра меліяратараў. Калі мы сёння ездзім па добрых дарогах у раёне, то мы ж павінны падзякаваць меліяратарам. Дык і давайце гаварыць пра гэта, а не пра ягадкі, грыбочкі. Цікава, дарагі таварыш Палашанка, я вас люблю і паважаю, але ці захацелася б вам тых грыбочкаў, каб вы сядзелі без хлеба?

Пасля выступлення Боруха ўсе нібы разгубіліся, не ведалі, што і як гаварыць, паглядвалі на Кузьмянка, чакалі яго слова. Кузьмянок усміхнуўся, сказаў Боруху:

— Ну і мастак ты, Леанід Майсеевіч, сыпануць пяску ў буксы... Толькі пачалася цікавая гаворка, а ты раз — і ўсім кляп у рот. Палашанка вунь за сэрца хапаецца, валідол смокча... Вось ты, Леанід Майсеевіч, сказаў, што мы павялічылі ўдвая вытворчасць хлеба, мяса... А калі падысці да выкарыстання тых жа тарфянікаў крыху інакш? Можа, мы павінны вытворчасць зерня і не павялічваць,— хлеб вырасцяць і ў іншых абласцях,— а вось мяса маглі б даць больш, у пяць разоў, а то і ў дзесяць. Ты кажаш, што недахопы непазбежныя. Увогуле гэта так. Але ж многія з іх можна і прадбачыць было, не дапусціць. Хаця б з тым жа арашэннем у саўгасе «Усход». Калі б вы крышку падумалі, таварыш Катлоў, то, відаць, будаўніцтва вадасховішча не адкладвалі б на цэлы год. І наогул, таварышы, мы чамусьці прывыклі гаварыць пра нашы дасягненні і сарамліва маўчаць пра недахопы. Дык мы не на парадзе. А на бюро, дзе павінны якраз выявіць усе недахопы, каб хутчэй пазбавіцца іх. А вось яшчэ факт. Вы не думалі, чаму сярод меліяратараў удвая перавыконваюць свае планы толькі тыя, што капаюць канавы? Таму што лягчэй асвойваць сродкі на капанні канаў. Гані кубатуру, і ўсё. А чаму няма ўдарнікаў на залужэнні, на лясных палосах, на арашэнні, на будаўніцтве вадасховішчаў? Усё мы робім як прасцей, як лягчэй, не думаем, не імкнёмся думаць... Якія яшчэ будуць, таварышы, заўвагі?

Але ці таму мо, што пасля першага звычайна ўжо не выступалі, ці сапраўды не было чаго гаварыць, толькі больш ніхто не выказаў жадання працягваць спрэчку.

— Якія будуць прапановы? — спытаў Кузьмянок.

— У мяне ёсць,— падняўся Новік і пачаў цвёрдым валявым голасам, нібы выносіў прысуд: — У сувязі са шматлікімі недахопамі ў рабоце нашага будаўніча-меліяратыўнага ўпраўлення, што сведчыць аб неадпаведнасці яго кіраўніка таварыша Катлова патрабаванням часу, прапаную вызваліць Катлова ад займаемай пасады.

— Якія яшчэ ёсць прапановы? — спакойна спытаў Кузьмянок.— Няма? Тады ў мяне ёсць такая прапанова. Я лічу, Леанід Майсеевіч,— ён звярнуўся да начальніка сельгасупраўлення,— што пытанне на бюро падрыхтавана вельмі дрэнна. Але гаворка атрымалася ўсё ж цікавая, карысная. Я думаю, што Катлову будзе над чым падумаць. І мы дадзім яму гэтую магчымасць. Падумаць, зрабіць вывады... А праз які час, можа, праз паўгода ці праз год, вернемся да гэтага пытання. І калі нічога не зменіцца, магчыма, давядзецца зрабіць і арганізацыйныя вывады. Ну як, таварышы, будзем галасаваць за нашы з Новікам прапановы ў парадку іх паступлення?

— Я сваю прапанову знімаю,— паспяшаўся заявіць Новік.

— Так. Засталася адна прапанова,— усміхнуўся Кузьмянок.— Супраць няма? Няма. Ну што ж, таварышы, пытанні на сёння вычарпаны.

Усе, грукаючы крэсламі, падняліся, пачалі выходзіць...

Сённяшнім пасяджэннем Кузьмянок быў задаволены. Застаўшыся адзін, ён адкінуўся на спінку крэсла, заплюшчыў вочы, прыслухаўся да сябе. У голаў лезлі розныя думкі. Кіраванне людзьмі, уплыў на іх паводзіны, настрой усё цяжэй і цяжэй даваліся яму, усё большага і большага напружання патрабавала работа. Ці мо час змяніўся і болей адказнасці лягло на яго плечы, ці мо сам занадта ўзваліў яе на сябе, аблегчыўшы жыццё сваім падначаленым, ці проста здароўе не тое... Відаць, здароўе... Бо раней ён ніколі не чуў свайго сэрца, яго як і не было, а цяпер...

Не хацелася варушыцца, сядзець бы вось так і сядзець, толькі б адкінуць ніжэй спінку крэсла...

Пачуліся крокі, прыглушаныя дываном...

Кузьмянок расплюшчыў вочы, правёў далонню па твары.

За стол насупраць сеў Новік, паклаў перад сабой рукі.

— Ну што, Ігар Іванавіч? — Кузьмянок разумеў, што не проста так зайшоў Новік.

— Прабачце, Андрэй Цітавіч,— пачаў ён падкрэслена сур’ёзным голасам.— Ці ў мяне зусім няма вопыту партыйнай работы, ці я чаго не зразумеў? Андрэй Цітавіч, мне гэта трэба ведаць, я толькі, так сказаць, пачынаю ў партыйных органах. Скажыце, ці не паўплывала на вас гэтая... з тэлестудыі.

— Паўплывала,— нечакана прызнаўся Кузьмянок.

— Я не думаю, што вам варта яе баяцца,— асцярожна заўважыў Новік.

— Ды не ў гэтым плане,— усміхнуўся Кузьмянок.— Прыгожая, чарцяка. Убачыш такую, дык на сэрцы цяплее.

— У гэтым плане і ў мяне пацяплела,— без ранейшай скаванасці сказаў Новік.

— Ну, а калі сур’ёзна,— Кузьмянок падняўся і пачаў парадкаваць на стале паперы,— дык паўплывала, і не гэтак яна, як пісьмы Дубаўца. Яго пісьмы ў райком я чытаў раней, ды яны былі тады больш памяркоўныя, а цяпер... усё большым непакоем і болем прасякнуты кожны радок. І вось яны прымусілі мяне паглядзець на нашу меліярацыю крыху з іншага пункту гледжання. І толькі. І калі я задаў некалькі нечаканых пытанняў, то ўсе, сам бачыў, ажно разгубіліся. Карацей кажучы, тут мы не ўсё ўлічваем... Ва ўсякім выпадку мне асабіста хочацца зразумець аўтара пісьмаў, пагутарыць з ім. Пакуль зразумела адно: ён не абыякавы да нашае справы, да зямлі. А гэта нямала. Вось так, Ігар Іванавіч,— Кузьмянок зноў сеў, адчуўшы нечаканую млявасць у нагах.— А што тычыцца таварыша Катлова, то ён самы, бадай, вопытны меліяратар у нашым раёне. Я ведаю яго даўно. Ён заўсёды радаваў сваім уменнем працаваць, арганізоўваць людзей. Так што такімі кадрамі кідацца ніяк нельга, Ігар Іванавіч.

— Зразумела, Андрэй Цітавіч.

— Іх трэба берагчы, падтрымліваць, дапамагаць ім. І Катлову дапамагчы трэба. Мне здаецца, апошні час ён нейкі інертны. Няма ранейшага, так сказаць, імпэту. Можа, стаміўся чалавек, а можа, захвалілі ў свой час. Не ведаю. Зразумела адно, што яму трэба дапамагчы... Як мяркуеш, ці не паслаць туды сакратаром парткома маладога ініцыятыўнага хлопца? Гэта было б вельмі добра. Я ўжо думаў пра кандыдатуру. Ды няма нікога на прыкмеце. У вас няма? Можа, сярод камсамольскіх работнікаў?

— Падумаю,— падняўся Новік, развітаўся і хутка выйшаў.

Кузьмянок праводзіў позіркам Новіка, глянуў на гадзіннік і толькі хацеў падняцца, як раптам нешта тупа тарганула ў сэрца. Потым востры боль працяў усе грудзі. Узмакрэлі спіна, лоб. Кузьмянок сеў на месца, аддыхаўся, паляпаў па кішэнях — валідолу не было. Асцярожна працягнуў руку да графіна, што стаяў збоку на асобным століку, глытнуў вады. Вада была цёплая і, здалося, прапахла тытунём. Ён счакаў колькі мінут, паспрабаваў падняцца зноў, абапёрся рукамі аб стол. Гэты раз не было балюча, толькі сэрца неяк ліхаманкава закалацілася і зноў узмакрэла спіна. Кузьмянок сеў, паслабіў гальштук, расшпіліў сарочку, націснуў кнопку пад сталом.

Заглянула сакратарка.

— Папрасіце Пятра Адамавіча,— сказаў ён.

Тая выбегла з кабінета. Хутка ў кабінет зайшлі ўрач з медсястрой... Сікора памацаў пульс, медсястра зрабіла ўкол, урач адпусціў яе. Праз які час ён зноў памацаў пульс, паслухаў сэрца.

— Не ператамляцца, не ператамляцца, Андрэй Цітавіч.

— Ды сёння ўсё, здаецца, і спакойна было.

— Ляжаць сёння і заўтра.

— Што сур’ёзнае?

— У вашым узросце ўсё сур’ёзнае,— сказаў Сікора.

— Пётр Адамавіч, толькі чэсна. Мне гэта трэба ведаць. Колькі мне засталося?

— Цяжка сказаць,— павёў плячыма ўрач.— Сэрца ў вас немаладое, але з такім жыць можна. І нямала.

— На маёй рабоце?

— А хіба вам наканавана тут сядзець усё жыццё?

— Яшчэ год пяць хаця б.

— Пасля адпачынку ў вас гэта першы раз?

— Было нешта падобнае ў поездзе. Ехаў з Масквы. Дык я там проста няёмка ляжаў...

— Машына тут ваша?

— Тут.

— У машыну і дахаты. Ляжаць, гуляць па садзе, карміць трусоў можна, а падымаць гіры, скакаць — не,— усміхнуўся Сікора.— Пойдзем, я вас правяду.

 

7

Марк Куніца, які выйшаў з райкома ледзь не першы, на вуліцы чакаў Катлова. Ён ведаў, што ў таго пасля бюро настрой будзе дрэнны. Хацелася падтрымаць у нялёгкую хвіліну чалавека, адвесці ад сябе падазрэнне, нібы гэта ён, Марк Куніца, паскардзіўся на меліяратараў у райком.

Катлоў ішоў насуплены, засяроджаны. Марк Куніца даўно ведаў Катлова, даўно сябравалі, і таму па адным яго выглядзе зразумеў, што ў таго робіцца на душы. Помніў: у такія хвіліны Катлоў браў ружжо і знікаў на суткі, а то і на некалькі дзён у лясах над Прыпяццю. З’явілася думка схадзіць разам на паляванне. Ды якое паляванне цяпер?..

— Дадому, Міхайлавіч? — спытаў спачувальна Куніца.

— Ды трэба недзе перакусіць,— са штучнай весялосцю сказаў Катлоў.— А то дома...

— Лена захварэла?

— Горш. Калі яна хворая, дык сядзіць дома. А то ж у школе. З раніцы да вечара.

— Заглянем у рэстаран? — забег крыху наперад Куніца, каб лепей убачыць твар Катлова: не верыў ён у яго весялосць, бесклапотнасць.

— Заглянем.

Яны пайшлі па тратуары, адзін высокі, цяжкаваты ў паходцы, другі кароценькі, хуткі, вяртлявы. Вадзіцелі адразу зразумелі, куды скіравалі іх начальнікі, і пагналі машыны да рэстарана.

Усцяж тратуара, ля канавы, што аддзяляла яго ад дарогі, густа разрасліся парэчкі. Лісце месцамі пажоўкла, на кустах багата вісела чорных зморшчаных ягад, якія пачалі сохнуць.

— Глядзі, і парэчкі нікому не трэба,— сказаў Катлоў.— А Палашанка расплакаўся, што ў ягоным лесе ягады прапалі.

— Між іншым, казалі там, што зусім інакш планавалася абмеркаванне тваёй работы. Ды перад самым бюро адна журналістка з тэлестудыі падкінула Кузьмянку пісьмы майго Дубаўца — завёўся гэта ў мяне адзін пісака. Ведаеш, іх усюды цяпер хапае. Можа, і яшчэ там якія пісьмы былі, не толькі майго, не ведаю. З-за іх усё так і павярнулася... А чаму ты, Васіль Міхайлавіч, ні слова ў абарону? Гэтулькі зроблена...

— А яны што — не ведаюць?

— Ды і не гэта, прызнацца, мяне ўстрывожыла, Міхайлавіч. А тое, што быў ты нейкі абыякавы. Адкуль такая пасіўнасць? Памятаю, раней жа быў — пальца ў рот не кладзі. А то як хто падмяніў.

— А-а, абрыдла. Сушыш, сушыш, а ім усё мала...

— Ты кінь, Міхайлавіч. Ва ўсіх у нас работа без канца і краю. Можа, дома што не так?

— А што дома? Жонка сабе, я сабе. Поўная свабода,— у голасе Катлова прагучала нібы іронія наконт гэтае свабоды.

— Нешта не грэе цябе гэтая свабода.

— Калі яе няма,— ірвешся да яе, а як ёсць, дык сумна. Аднойчы напіўся, ледзь дадому прыцягнуўся. І ніякай рэакцыі. «У халадзільніку кефір»,— толькі і сказала тое.

— Стаміўся ты, Васіль Міхайлавіч.

— Можа, і так.

— Працуем, працуем, а пра сябе некалі і падумаць... Ёсць ідэя! Заўтра выхадны, давай выедзем куды-небудзь на прыроду. Жонку бяры з сабой, ёй таксама развеяцца трэба.

— А ты адзін?

— Вядома, не.

— Ажаніўся? — аж спыніўся Катлоў, дакорліва глядзеў зверху на мітуслівага Куніцу.— І маўчыш?

— Пакуль не. Але хацеў бы пазнаёміць. Хай бы яны з Аленай Васільеўнай...

— Дык з цябе ж бутэлька, дарагі мой...

— А куды я цябе вяду?

 

8

Пасля абеду Катлоў паехаў да сябе ў кантору паглядзець, можа, з’явіліся якія тэрміновыя справы.

У канторы нікога не было, толькі чулася, як у бухгалтэрыі шчоўкалі лічыльнікамі. У яго на стале ляжала папка з паперамі. Ён, стоячы, перабраў пісьмы, заявы — іх можна пачытаць і потым. Было некалькі і тэлеграм. Тэлеграмы прабег вачыма. Дзве былі нязначныя, адна пра адгружаныя механізмы, другая з просьбай не марудзіць з асушэннем вярхоўя ракі Альхоўка. Катлоў адразу ж зрабіў запіс у календары на панядзелак: «Выклікаць Люду Гусак наконт Альхоўкі». У трэцяй тэлеграме з трэста папярэджвалі, што план чацвёртага квартала павялічаны на пятнаццаць працэнтаў. Спачатку Катлоў скамячыў тэлеграму ў кулаку, потым разгарнуў яе, паклаў пад папку, каб да панядзелка разгладзілася. Падышоўшы да акна, ён з нейкай незразумелай разгубленасцю глядзеў у двор, дзе вадзіцелі корпаліся ля сваіх грузавікоў, далівалі масла, запраўлялі машыны бензінам, хто падкачваў калёсы — рыхтавалі тэхніку, каб пасля выхадных не вазіцца з ёй, прыйшоў, сеў і паехаў, куды трэба. Некалі нямала паваяваў Катлоў, пакуль завёў такі парадак. Цяпер гэта стала для ўсіх правілам. У галаве стукала, як маятнік: «План, план, план... Месячны, квартальны, гадавы... І чым больш робіш, тым яшчэ больш патрабуюць...»

Ён выйшаў да прахадной. Там сабраліся меліяратары, стаялі кучкай, пра нешта гаварылі, гучна і бесклапотна смяяліся. Вось зараз скіруюць кампаніяй у сталоўку, а потым, вясёлыя, задаволеныя сабой і жыццём, пойдуць дадому. А чаму ж ім і не быць вясёлымі? План выканалі, атрымаюць добрыя прэміі... А што яшчэ чалавеку трэба?.. Вось выйшла загадчыца склада запчастак Поля, узяла мужа пад руку і павяла, адарвала ад кампаніі. А можа, яны зараз зойдуць у магазін, возьмуць бутэльку — кажуць, яна ў гэтай справе іншы раз не адстае ад мужчын. Катлоў і сам не ведае чаму, але ў гэты момант пазайздросціў Полінаму мужу, якога жонка ледзь не кожны вечар пад руку вядзе дадому. Астатнія рабочыя ўсё яшчэ стаялі ля прахадной. Катлоў, каб не скоўваць хлопцаў, скіраваў на сцежку, што спачатку вілася паўз штыкетнік, якім былі абнесены майстэрні, а потым пад старымі бярозамі паўз бальшак. Жыў Катлоў у пасёлку меліяратараў, у драўляным асабнячку, сярод раскідзістых канадскіх клёнаў.

Дамоў прыйшоў прыцемкамі. Ва ўсіх вокнах гарэла святло. Катлоў падумаў, што, пэўна, нехта прыехаў, і заспяшаўся ў хату.

У зале за сталом, заваленым кнігамі, выразкамі з газет, сядзела яго Алена Васільеўна і нешта зацята пісала. Яна нават не зварухнулася, калі зайшоў ён. Катлоў разуўся, сеў на канапу, моўчкі пасядзеў.

— Што вячэраць? — спытаў нарэшце, хоць добра ведаў, якая вячэра падрыхтавана яму.

— А ты нідзе і не перахапіў? — яна кінула праз плячо хуткі позірк на яго.— Глядзі там, на кухні.

Катлоў не паварушыўся. Ён сядзеў і думаў, усё часцей апошні час думаў пра паводзіны жонкі, пра яе адчужанасць. Калі яна з’явілася і чаму? Можа, яна была ўжо і тады, калі гадавалі сына, не спалі ночы, змагаліся з яго частымі хваробамі, але не заўважылі гэтай адчужанасці, бо агульны клопат аб’ядноўваў іх?..

— Там пісьмо ад сына,— паведаміла яна.

На століку для часопісаў ён знайшоў канверт са знаёмым почыркам. Ліст быў зусім кароткі: купілі мэблю, прэмію за другі квартал не далі, а на яе разлічвалі.

— Трэба грошы паслаць.

— Паслала,— буркнула нібы сама сабе.

— Слухай, Марк запрашаў. Знайшоў нейкую сабе кабету. Хоча пазнаёміць. Запрашаў на юшку. Заўтра раніцай заедзе па нас. Паедзем?

— Якая юшка? У нас настаўніцкая канферэнцыя...

— Вось як!.. Дуная карміла?

— Кінула трохі мяса.

— Піць, можа, хоча.— Катлоў падняўся, наліў у слоік вады, выйшаў у двор. Дунай спаў у сваёй будцы. У бляшанцы перад будкай было поўна вады. «Добра, што хоць пра сабаку паклапацілася...»

Марк Куніца заехаў недзе перад абедам.

— Ледзь дачакаўся,— сказаў Катлоў.

— Заспалі,— засмяяўся Куніца.— А дзе ж твая жонка?

— У яе канферэнцыя.

У «рафіку» было некалькі чалавек.

— Вось, пазнаёмся,— сказаў Марк жанчыне, што сядзела адразу за ім.— Гэта наш галоўны меліяратар Катлоў.

— Дзіна Рэп’ях,— падала яна далікатную, але, як адчуў Катлоў, нечакана моцную руку.

Спачатку дарога была гладкая, і Куніца вёў аўтобусік роўна, толькі чулася шапаценне колаў. Ад гэтага шапацення вельмі хіліла на сон. А потым збочылі на нейкую прасеку.

Катлова цягнула на сон. Ён прылёг на задняе сядзенне. Калі ж машына спынілася, Куніца гучна і весела аб’явіў, што далей ехаць забараняецца, пакуль усе не пройдуць дэзінфекцыю. Катлоў падхапіўся, глянуў у акно. «Рафік» стаяў на беразе нейкага канала. Спачатку і не пазнаць было таго канала. Вакол раслі гонкія бярозы, а крыху наперадзе на козлах вісела над амаль пагаслым вогнішчам чорнае вядро, з якога падымалася пара. Ля вогнішча ля разасланага абруса гаспадарыў незнаёмы мужчына, у талеркі раскладваў адвараную кураціну, чырвоныя памідоры, агуркі...

— Прашу! — шырока расчыніў дзверцы Куніца. Стаяў, глядзеў, якое ўражанне зрабіў яго нечаканы сюрпрыз. А потым вынес з машыны адно крэсла,— пэўна, адвінціў яго загадзя, падумаў Катлоў,— на яго пасадзіў Дзіну («Гэта трон для нашай каралевы»). Астатнія прыселі хто на разасланыя плашчы, хто проста на траву, густую, жорсткую, крыху прывялую — восень была блізка. Куніца ж не садзіўся, усё бегаў, мітусіўся, а потым, калі выпівалі і закусвалі, то, здавалася, і не закусваў, а ўсё сачыў за Дзінай: то падасць ёй памідор, то ў юшцы вылавіць кавалачак пячонкі шчупака і кіне ёй у талерку («Такой смакаты ты, Дзіначка, яшчэ не ела»), то мякчэйшы кавалак кураціны,— ён нібы дэманстраваў перад усімі сваю закаханасць, нібы ў яго з Дзінай усё вельмі сур’ёзна, па-сапраўднаму, і таму пра гэта павінны ведаць усе і радавацца з ім. Каб пераканацца, што гэта так, Катлоў спытаў у Дзіны:

— Вы мо да нас назусім?

— Калі Марк пабудуе ў сваім саўгасе оперны тэатр,— Дзіна гарэзліва засмяялася.

— Вы спявачка?

— Балерына.

— А-а...

— Што так расчараваны? — яна паглядзела на Катлова сваімі чорнымі востранькімі вачыма.

— Шкада... Шкада страціць такога сябра, як Марк, а яшчэ болей шкада страціць такога дырэктара саўгаса.

— Нічога, затое тэатр набудзе цудоўнага адміністратара. Марк, ты ўмееш прадаваць білеты? — і яна зноў залівіста смяялася. У яе былі белыя рэдзенькія зубкі. Вось чаму яна ўвесь час усміхалася неяк стрымана, падумаў Катлоў, бо не хацела паказваць свае непрыгожыя зубы, а цяпер, захмялеўшы, зусім забылася пра іх.

— Умею, умею,— і новы чарпак юшкі ён лінуў ёй у талерку.

— Не трэба, Марк, а то патаўсцею, і мяне не пусцяць у тэатр.

— Ну і добра, пераедзеце да нас,— як бы ўзрадаваўся Катлоў.

— Магчыма, і пераеду,— гэты раз сур’ёзна сказала Дзіна.— У нас у тэатры чорт ведае што робіцца. Я пра ўсё напісала самому міністру. Уяўляеце, за пяць год ніводнай сур’ёзнай партыі...

— Дзіначка, давай за тое, каб цябе выгналі з тэатра, а я для цябе ў саўгасе пабудую хутка такі палац, што твайму глаўрэжу і не сніўся,— ён наліў ёй кілішак каньяку.

Куніца, здавалася, нікога і нічога не бачыў. Для яго існавала толькі Дзіна. Ён не зводзіў з яе вачэй. А калі крыху перакусілі, пачаў спяваць, спяваў украінскія песні, паспрабаваў нават наладзіць танцы, уключыўшы ў машыне радыёпрыёмнік. Ды на траве танцавалася цяжка.

Не, такім Катлоў Куніцу яшчэ ніколі не бачыў.

І ў машыне, калі ўжо надвячоркам ехалі дадому, Куніца нікога не заўважаў. Ён нават не пацікавіўся, чаму раптам Катлоў папрасіў яго высадзіць, калі да дому было яшчэ далёка.

Паклікаўшы Дуная, Катлоў выйшаў з аўтобуса, бо ехалі якраз недалёка ад участка Люды Гусак, з якой і трэба яму было пагутарыць аб тым-сім.

Вагончыкі, у якіх пасяліліся меліяратары, стаялі ў полі, адразу ж за калгаснай фермай. Катлоў ведаў, што і начальнік участка Люда Гусак жыве тут і што калі яна не пабегла ў вёску ў кіно ці на танцы ў клуб, то павінна быць дома.

Люду Гусак ён убачыў праз адчыненае акенца вагончыка. Яна ляжала на жалезным ложку, чытала кнігу. На стале ціха граў транзістар. Катлоў пастукаў у дзверы.

— Ой, якім ветрам? — падхапілася дзяўчына, села, нацягнула плацце на калені, паправіла рукой валасы на галаве.— Мо што тэрміновае, Васіль Міхайлавіч?

— Ды не, ішоў міма. Думаю, загляну. Дадому далекавата... А Дунай мой зусім прытаміўся,— і ён патармасіў за вушы сабаку, які цёрся ля ног.

— Галодныя вы са сваім Дунаем? — паднялася яна. На ёй была цёмна-зялёная караткаватая сукенка. Ён упершыню ўбачыў яе ў выхадным адзенні, а то звычайна дзяўчына хадзіла ў скураной куртцы, штанах і гумавых боціках, не дзяўчына, а гарэзлівае хлапчанё. А цяпер ён нейкі момант любаваўся яе прываблівай постаццю, неўпрыкмет позірк кінуў на прыгожыя, хоць трохі і паўнаватыя, ногі. Галаву дзяўчыны абцяжарвала прыгожая кукса белаватых валасоў.

— Дык вы есці хочаце? — яна нібы пачырванела ад гэтага пільнага позірку.

— Не,— ён адчыніў дзверы, выпусціў Дуная, загадаў яму ляжаць там, вярнуўся ў вагончык. Люда выняла з газавай пліты патэльню з ружовабокімі пірагамі.

— Нічога, Людачка, не трэба,— запярэчыў Катлоў.— Хіба якога чаю.

— Будзе і чай,— яна з вядра, што стаяла на табурэтцы ў кутку вагончыка, лінула карцом у чайнік, паставіла яго на пліту. Запаліла газ.

— У вас мо свята якое? — прысеў ля кухоннага століка Катлоў.— Ваш выгляд і гэтыя пірагі...

— Выхадны, дык захацелася і пабаляваць,— яе кірпаценькі носік надаваў твару нейкі задзірысты выгляд.— А вы і не хочаце пакаштаваць?

— Калі так, то можна...

— Ёсць і віно — партвейн.

— Ого, дык вы тут весела жывяце,— усміхнуўся Катлоў.— Давайце і ваш партвейн.

Яна паставіла ля яго пачатую бутэльку.

— Дык садзіцеся ж,— сказаў ён.

— Ой, я толькі што ад стала. Вы не глядзіце на мяне, вячэрайце,— яна наліла яму ў шклянку віна, падсунула бліжэй патэльню з пірагамі, глянула на гадзіннік.

— Каго чакаеце?

— У кіно сабраліся, павінны зайсці.

— Ён?

— Адкуль ён тут? Тут усіх хлопцаў даўно расхапалі...— яна спынілася пасярод пакоя.— Ну, чым вас яшчэ пачаставаць?

— Нічога не трэба, дзякую. І вы садзіцеся. Ну, хаця б сімвалічна...

Люда прысела, уліла і сабе ў шклянку якую кроплю.

Пірагі здаліся Катлову надзвычай смачнымі. Даўно ён такіх не еў. І наогул з самага пачатку, як толькі пераступіў парог вагончыка, у яго з’явілася адчуванне, нібы трапіў дадому да маці. Гэтае адчуванне яшчэ больш узмацнілася за сталом. Звычайна і маці вось так карміла яго, і амаль вось так, як гэтая Люда, сядзела насупраць, не ела сама, глядзела, як есць ён, і ні пра што не распытвала.

Раптам без стуку ў вагончык зайшла маладая дзяўчына, відаць, з рабочых ці мо хто з вясковых. Спынілася разгублена ў парозе.

— Я зараз,— сказала ёй Люда і спытала ў Катлова: — Вы на машыне?

— Не.

— Па рацыі выклікаць будзеце?

— Я, можа, на вашай дзяжурнай пад’еду.

— Вось што,— у яе голасе з’явілася нечаканая рашучасць.— Паедзеце раніцай, а цяпер вячэрайце і кладзіцеся спаць. Я ж у сяброўкі заначую ў вёсцы. Як, Ніначка, у вас там месца знойдзецца?

— Вядома,— сказала незнаёмая.

— Добра. Тым больш што мне трэба з вамі па праекту пагаварыць,— пагадзіўся Катлоў.— Хачу вам даручыць Альхоўку.

— Вось раніцай і пагаворым,— яна ўзяла лёгкі плашчык, кінула яго на руку.— Спакойнай ночы, Васіль Міхайлавіч!

Праводзіўшы дзяўчат, Катлоў вярнуўся да стала, узяў пірага, вынес яго Дунаю, які ляжаў пад дзвярыма вагончыка, потым выключыў пліту: чакаць чаю не хацелася, распрануўся і лёг спаць. Ад пасцелі несла ледзь улоўным водарам незнаёмых духоў.

Заснуў хутка, як ніколі.

 

9

Кузьмянок які дзень пабыў дома, а ўжо адчуваў сябе някепска. І каб не нядзеля, ён абавязкова выйшаў бы на работу. Зараз у яго з’явілася жаданне з’ездзіць да Івана Дубаўца.

Улюбёны ў свой раён, у сваю зямлю, Кузьмянок больш за ўсё цаніў і ў іншых гэтае пачуццё. Ён лічыў такіх людзей самымі надзейнымі, такім ён лёгка дараваў і памылкі. Вось і пра Дубаўца ён думаў кожны дзень з усё большай цеплынёй. Шкада, што не ўдакладніў, у якой вёсцы той жыве... Хоць навошта гэта? ён ведае, дзе і кім Дубавец працуе. Нават калі яго самога не знойдзе, то будуць людзі, а яны раскажуць усё пра свайго загадчыка.

Аддзяленне, якім кіраваў Іван Дубавец, раскінулася якраз пры дарозе. На гаспадарчым двары нікога не было. Кузьмянок агледзеў камбайны, якія толькі што вярнуліся з поля, але ўжо стаялі на калодках. У сярэдзіне ўсё ачышчана ад мякіны, ланцугі зняты. Тут жа стаялі і бульбаўборачныя машыны. Аднаго позірку было дастаткова, каб зразумець, што яны ў любы момант гатовы да работы, адрамантаваныя, дагледжаныя. Ва ўсім: і як стаялі машыны, і які іх выгляд, адчувалася, што кіруе тут гаспадарлівы чалавек. Невялікая будыніна ля машыннага двара, у якой звычайна раніцай збіраліся рабочыя на нараду, была пад замком. Кузьмянок праехаў праз усю вёску і нікога з дарослых не стрэў. Ён вылез з машыны, акінуў позіркам наваколле і ля самага лесу, дзе жаўцела ржышча і горбіліся круглыя стагі саломы, згледзеў людзей з коньмі. Туды і загадаў ехаць Кузьмянок. Дарога ішла паўз самы канал, і тут жа стаяла ў капіцах сена. Хутка дагналі старога з віламі.

— Куды, дзед? — спытаў Кузьмянок.

— Туды,— неяк няпэўна махнуў рукой стары, не спыняючыся.

— Садзіцеся, падвязём.

— От дзякую, Андрэй Цітавіч,— сеў у машыну дзед.— Вы б, Андрэй Цітавіч, сказалі нашаму начальніку, каб людзей крыху шанаваў. А то ў яго ні выхаднога, ні прахаднога...

— А дзе ён?

— На саломе. Думалі адпачнём у нядзелю, дык салому загадаў вазіць да капцоў. Яшчэ калі тую бульбу капаць будзем, а ён сёння салому возіць. Калі гэта так было, можа і той бульбы не вельмі будзе, а ён возіць... Ці гэта можа вы загадалі, Андрэй Цітавіч, а я вам скарджуся,— засмяяўся стары.

— Не, не загадваў,— прызнаўся Кузьмянок і паабяцаў: — Я вось з ім пагавару... Ну, калі ён не вельмі вам, дык можам забраць,— і паглядзеў хітравата на дзеда.

— Не трэба, таварыш сакратар,— папрасіў стары.— Старатлівы. Нам такі і трэба.

— Дык ты ж сам скардзіўся толькі што.

— Канечне, скардзіўся, але ж...

Іван Дубавец стаяў на стозе і кідаў віламі салому на калёсы. Убачыўшы сакратара, ён спусціўся ўніз.

— Скардзяцца, што людзям адпачыць не даеш,— падаў яму руку Кузьмянок.

— Ды вось, думаю, падкіну салому да капцоў, пакуль суха. А то раптам пойдуць дажджы, сюды потым не заедзеш на калёсах. Тарфянікі гэтыя...

— Вам што — яны не падабаюцца?

— Падабаюцца. Толькі гаспадарыць на іх не ўмеем...

— Вы на партыйнай ці камсамольскай рабоце былі калі? — перабіў яго Кузьмянок.

— У школе быў сакратаром камсамольскай арганізацыі. У арміі — камсоргам батарэі. У сельгасакадэміі — камсоргам факультэта, а потым парторгам факультэта. У партыю паступіў яшчэ ў арміі,— далажыў Дубавец і пачакаў, якія яшчэ будуць пытанні. Потым, усміхнуўшыся, дадаў: — За мяжой родных і блізкіх няма. У бандах таксама нікога не было,— спахапіўшыся, што, відаць, усё ж гаворыць лішняе, сказаў ужо сур’ёзна: — Маці калгасніца, бацька памёр. Быў інвалід вайны. Камуніст.

Кузьмянок бачыў, што хлопец дасціпны, з ім у хованкі гуляць нечага. Узяўшы яго пад локаць і адвёўшы крыху далей, каб ніхто не чуў, спытаў:

— Як вы гледзіце, калі я парэкамендую вас сакратаром парткома будаўніча-мантажнага ўпраўлення меліярацыі?

— Маўляў, пісаць лягчэй лёгкага, а вось як яно на практыцы? З гэтых меркаванняў, Андрэй Цітавіч? Калі з гэтых, то не пайду,— заявіў рашуча Дубавец.

— Вельмі сур’ёзная справа,— упікнуў Кузьмянок.— Не думаў, што ў вас з’явяцца нейкія падазрэнні. Шкада.

— А калі не з гэтых меркаванняў, то... Вы ж самі кажаце — справа сур’ёзная. Такая арганізацыя, там такія зубры. І мяне, без вопыту?

— Сярод такіх зубраў толькі і набірацца вопыту,— сказаў Кузьмянок.

— А раптам наламаю дроў?

— А мы для чаго сядзім? — і Кузьмянок падаў яму руку на развітанне.— Пакуль працуйце, як і працавалі. Мы вас паклічам.

 

10

Катлоў сядзеў на кухні і піў чай. Снедаў.

Пачуўся тэлефонны званок.

— Вася, цябе! — гукнула Алена Васільеўна. Яна стаяла ў прыхожай перад люстэркам і папраўляла прычоску.

Званіў Куніца.

— Як жыццё? — крычаў той весела ў трубку.

— Нармальна,— адказаў, крыху здзіўлены такім пытаннем.

— І ты задаволены нармальным жыццём? — у голасе Куніцы нібы якая насмешка. Гэта ўзлавала Катлова.

— Ну, што здарылася?

— Дык вось, хутка скончыцца тваё нармальнае жыццё.

— Што цямніш? — насцярожыўся Катлоў.

— Хіба нічога не ведаеш? Каго табе даюць парторгам?

— Пакуль не казалі. Відаць, шукаюць.

— Шукаюць,— хіхікнуў Куніца.— Знайшлі! У мяне знайшлі. Майго пісаку..,

— Якога?

— Дубаўца.

— Таго?

— Таго самага... Так што хавай паперу і аўтаручкі. Ён у мяне нядрэнную практыку прайшоў, пісаў пра саўгас, цяпер будзе пісаць пра тваё ўпраўленне. Да Масквы праславішся. Вось чаму ў мяне сёння такі вясёлы голас. Між іншым, магу табе не толькі паспачуваць, але бутэльку каньяку на радасцях паставіць...

— Падкінуў ты мне навіну,— уздыхнуў Катлоў.

— Тваё рашэнне? — спытаў Куніца.

— Зараз жа еду ў райком. Буду адбівацца. Калі, вядома, ты праўду кажаш.

— Магу паехаць з табой. Ты толькі захапі з сабой стрэльбу. Калі няпраўду кажу, можаш шлёпнуць мяне прама на плошчы. І не пісну.

— Не да жартачкаў.

— Я сур’ёзна, Міхайлавіч. Мне ўсё роўна трэба ў райком, каб узгадніць кандыдатуру загадчыка аддзялення... Я хачу адразу ж узяць новага чалавека, забіць, так сказаць, месца, каб раптам не вярнулі назад гэтага пісаку. Хоць мне і шкада тваіх сівых валасоў, але і мне не хочацца сівець раней часу,— ён паклаў трубку.

— Маладзёнак мне знайшоўся,— сказаў, нібы вылаяўся, Катлоў.

— Ну, што там у цябе? — спытала Алена Васільеўна, якая стаяла ля дзвярэй, чакала канца гаворкі.— З райкома? Ці з трэста?

— Куніца,— буркнуў Катлоў.— Еду ў райком.

— Што здарылася? — насцярожылася Алена Васільеўна.

— Нічога не здарылася,— яму не падабалася, што жонка стаіць, выпытвае, бач, працай яго зацікавілася...— З пасады мяне ніхто не знімае.

Алена Васільеўна неяк здзіўлена глянула праз плячо на мужа, усміхнулася і выйшла, загрукала абцасамі ў калідоры.

На кухню болей Катлоў не вярнуўся. Пакорпаўся ў шафе, дзе віселі яго кашулі, узяў першую, палічыў, колькі гузікаў не хапае, абрэзаў столькі ж з астатніх, прышыў. Апрануўшыся, вынес паесці Дунаю, той толькі панюхаў размочаны ў малацэ батон, а есці не стаў. Відаць, і яго ўспела пакарміць Люда Гусак. Катлоў паставіў каструлю з ежай да будкі, каб не пацягалі куры з суседняга двара — сваіх курэй у іх не было,— наліў у шырокую бляшанку з-пад селядцоў свежае вады і выйшаў на вуліцу.

Чакаць доўга Куніцу не давялося. Куніца, як і ўчора, быў надзвычай узрушаны, вочы яго гарэлі радасным бляскам, гаварыў не сціхаючы, і, здаецца, яму самому было цяжка спыніцца.

— У рэспубліцы, не кажучы ўжо пра вобласць, няма той газеты, куды б не пісаў Дубавец,— расказваў Куніца.— Нават зусім нядаўна з вобласці прыязджала адна журналістка, каб напісаць пра яго фельетон. Можа, дзе ўжо і напісала. Добра, каб той фельетон надрукавалі, калі яго ў мяне забяруць, а ў цябе яшчэ не аформяць. І я пазбавіўся б ад яго, і ты меў бы магчымасць адмовіцца ад такой цацы.

Катлоў маўчаў і ўпотайкі злаваўся на Куніцу, што той такі нахабнік, не можа нават схаваць свае радасці. Каб болей не слухаць нічога пра невядомага яму Дубаўца, спытаў пра Дзіну:

— Не паехала яшчэ?

— Збіралася. Ёй сёння трэба было ехаць — заўтра на работу. Адгаварыў. Яшчэ дні тры пабудзе. Спозніцца, то, можа, выганяць. Кажуць, у тэатрах з дысцыплінай строга. Выгналі б, засталася б у мяне. А то ўгаворвае ехаць з ёй. Там у яе кватэра...

— А боршч хоць яна зварыць? — Катлоў і сам не ведаў, чаму яго так раздражняе радасць Куніцы і чаму хочацца неяк азмрочыць чалавеку гэтую радасць.

— Яшчэ які!—усклікнуў Куніца.— Колькі пражыў, а такога не еў. Не ведаю, якая яна там на сцэне, а на кухні — сапраўдная артыстка. Уяўляеш, у абед на трэцяе падае марожанае. Адкуль яно ў нашым саўгасе? Сама робіць. Я ніколі не любіў марожанае, а тут...

Ля райкома Куніца высадзіў Катлова, сказаў, што ім абодвум ісці да сакратара няёмка, што ён пакуль загляне ў сельгасупраўленне, а потым падыдзе. «Ці не выдумаў усё гэта Куніца,— падумаў Катлоў,— што са мною не хоча ісці?» Каб не апынуцца ў няёмкім становішчы, вырашыў спачатку заглянуць да другога, Новіка, высветліць усё. Тым больш што гэтая ідэя наконт Дубаўца хутчэй за ўсё і магла нарадзіцца ў Новіка: сам малады, дык і арыентуецца на маладых.

Новік стаяў за сталом і, звёўшы бровы над пераносіцай, з некім размаўляў па тэлефоне. Відаць, сабраўся ісці, толькі падняўся, зрабіў які крок, тут яго і перахапіў тэлефонны званок.

— Ну, нешта зробім, зробім... Мяне цікавіць канкрэтная лічба. Калі і колькі? Ці я, можа, павінен прыехаць да вас з лічыльнікамі і ўдакладніць вашы рэзервы? Ну, глядзі, Селівончык. Пакуль ты мяне давядзеш да інфаркту, дык я табе спуску не дам.

Катлоў стаяў у дзвярах, пакуль не скончыў Новік крычаць у тэлефон.

Многія ў раёне не любілі Новіка за ягоны павышаны тон, за ягоную катэгарычнасць. А Катлову ён, наадварот, падабаўся. Хай сабе і крычыць, але, галоўнае, ён чалавек слова. І рашэнне прымае адразу, не марнуе час на розныя ўзгадненні.

— Што ў вас? — з той жа інтанацыяй, з якой толькі што размаўляў па тэлефоне, спытаў Новік, забыўшыся сесці.

Катлоў, стоячы ледзь не ў парозе, расказаў пра тое, што пачуў ад Куніцы.

— Наогул не ведаю, чаму такое важнае пытанне вырашаецца без мяне. Ці са мной перасталі лічыцца? — абурыўся Катлоў.

— Чэснае слова, першы раз чую,— сказаў Новік.— Гаварылі неяк, што варта паслаць да цябе парторга маладога, энергічнага. А персанальна каго — гаворкі яшчэ не было. Мне здаецца, гэта паніка, Васіль Міхайлавіч.

— Якая паніка, Ігар Іванавіч? Мне Куніца на радасцях, што пазбаўляецца ад гэтага тыпа, гатоў банкет закаціць.

— Не ведаю,— паціснуў плячыма Новік.— Можа, Андрэй Цітавіч?

Зайшлі да першага.

Той сядзеў, паклаўшы на стол рукі, крыху схіліўшы сівую галаву набок. У гэтай позе Кузьмянок выглядаў раптоўна пастарэлым, нейкім стомленым.

— Андрэй Цітавіч,— пачаў Новік без усялякага ўступу.— Тут вось Катлоў падняў паніку, што яму парторгам даюць Дубаўца.

— А чаму паніку? — Кузьмянок падаўся наперад, падпёр падбародак рукой.

— Мне трэба чалавек, каб дапамагаў у рабоце, а не капаўся ў недахопах,— сказаў Катлоў.— У мяне і без яго пісак хапае.

— Вядома, самая буйная партыйная арганізацыя ў раёне, там трэба вопытны работнік,— падтрымаў Катлова Новік.

— А мы для чаго з табой? — спытаў у Новіка Кузьмянок.

Катлоў зразумеў, што ўсё вырашана Кузьмянком, і вырашана канчаткова, што цяпер пярэчыць няма ніякага сэнсу. Ён толькі са шкадаваннем сказаў:

— Малады ж зусім.

— Нічога, табе будзе лягчэй,— сказаў Кузьмянок.— Малады, энергічны, будзе болей браць на сябе. Работы не баіцца, любіць. Галоўнае — хлопец неабыякавы. А што тычыцца вопыту, дык і вы там падкажаце, ды і нам трэба болей працаваць з кадрамі. Правільна, Ігар Іванавіч? — Новік згодна кіўнуў галавой.— Папрашу толькі пакуль што не вельмі распаўсюджвацца. А то ў нас любяць часам памыць костачкі,— і нечакана, з заклапочанасцю, спытаў: — Як там наконт вадасховішча ў Куніцы?

— Будзем рабіць, хоць...

— Што хоць?

Катлоў спачатку хацеў сказаць, што аб’ём запланаваных работ у саўгасе выкананы за кошт будаўніцтва дадатковых дарог, але падумаў, што гэта можа раззлаваць Кузьмянка, які і настойваў на будаўніцтве тых дарог, не прадугледжаных праектам. Сказаў зусім іншае:

— Рыхтуемся...

— Рыхтуйцеся, рыхтуйцеся, толькі не зацягвайце. Бо калі ў будучым годзе пакінем сенажаці без вады, то...

— Усё зразумела, Андрэй Цітавіч.

— Усяго добрага,— развітаўся Кузьмянок.

У прыёмнай Новік толькі рукамі развёў: маўляў, спачуваю, але, сам бачыш, дапамагчы ніяк не змагу, і паспяшаўся ў свой кабінет.

Куніца чакаў Катлова на вуліцы.

— Ну, што? — спытаў з нецярпеннем.

— Рашэнне першага,— адказаў Катлоў.

— Шкада,— шчыра прызнаўся Куніца.

— Табе што? Табе толькі радавацца застаецца...

— Чаму радавацца? — здзівіўся Куніца.— Не ўдалося адбіць такога хлопца... З цябе бутэлька, Васіль Міхайлавіч, за такую кадру.

Катлоў пільна паглядзеў на Куніцу і тут толькі зразумеў яго манеўр.

— Ну і прайдоха ты,— і замахнуўся, каб агрэць сябрука па карку.

 

11

Развітаўшыся з Катловым, Куніца паспяшаўся на хлебапрыёмны пункт, куды павінны прывезці збожжа з яго саўгаса. Зерне было вельмі засмечанае, але Куніца радаваўся, бо хацеў, каб яго не прынялі. Гэта лета дрэнна ўрадзілі сенажаці — доўга стаяла засуха — і кожны кілаграм зерня ў гаспадарцы не быў лішнім.

Яшчэ здалёк ён пазнаў свае самазвалы, што стаялі не на дарозе перад варотамі хлебапрыёмнага пункта, а збоку, на пляцоўцы перад канторай. Вадзіцелі сабраліся разам і пра нешта гаварылі. «Можа, здалі ды чакаюць якіх папер?» — устрывожыўся Куніца. Спыніўшы свайго «козліка» ля крайняга самазвала, заглянуў у кузаў — там было зерне! — і скіраваў да вадзіцеляў, ды яго перахапіў начальнік сельгасупраўлення Борух.

— Вось ён, наш мудрыла,— сказаў гучна Борух нейкаму незнаёмаму вяртляваму чалавеку з жоўтым партфелем і ў цёмных акулярах, які быў разам з ім.— Вось хто зрывае ўсе нашы планы.

— Прывітанне, Леанід Майсеевіч,— пайшоў Куніца насустрач Боруху з радаснай і ветлівай усмешкай на твары.— Як я рады, што вас сустрэў! Гэта ж чортведама што, Леанід Майсеевіч. Прывёз шэсць самазвалаў хлеба — і не ўзялі ніводнага зярняці. Што, мой хлеб горшы? — абураўся дырэктар саўгаса.— Дапамажыце, Леанід Майсеевіч, слоўца якое там...

— Слухай, Куніца,— стрымана сказаў Борух.— Калі ты кінеш гэтыя свае хітрыкі? У раёне зрываецца план продажу зерня дзяржаве, а ты што вязеш? Ты ж смецце вязеш?

— Што маем,— сціпла адказаў Куніца.— Вы самі бачылі, Леанід Майсеевіч, як засмечаны нашы палі.

— Бачыў, палі як палі... Толькі ў жыце ў цябе нешта багата пшаніцы было, ці не знарок падсеяў? Хочаш на чужых плячах у рай праехаць?

— Што вы, Леанід Майсеевіч,— здавалася, шчыра пакрыўдзіўся Куніца.— Хіба вы мяне не ведаеце? У мінулым годзе Куніца тры планы мяса здаў. У гэтым таксама меней не будзе. Вось і няхай хто за мяне зерне прадасць. Я ўмею рабіць мяса, а зерне... як бачыце. Колькі год прашу, каб перавялі саўгас на вытворчасць мяса. Хіба мяса не гэтак патрэбна?

— Ты ж ведаеш, я не вырашаю.

— Дык у райкоме падтрымайце...

— Вазьмі яго голымі рукамі, калі ён перадавік па мясу,— сказаў Борух чалавечку з жоўтым партфелем...

«Та-ак... Калі зерне застанецца ў саўгасе,— разважаў Куніца, вырульваючы свайго «козліка» на шашу,— ды ўдасца звезці сена з захопаў, то, лічы, саўгас будзе забяспечаны кармамі на цэлы год, яшчэ таму-сяму зможам вясной і пазычыць...»

Куніца глянуў на гадзіннік, было каля дзвюх гадзін, але на абед дадому не паехаў, вырашыў спачатку заглянуць у кантору, даведацца, ці паведаміў хто пра свае захопы,— яго гэта цікавіла вельмі...

Захопы гэтыя — невялікія паляны сярод балот, на якіх людзі з вёсак касілі сена для сваіх патрэб, а хто нават умудраўся і бульбу садзіць там — Куніца выявіў яшчэ ў мінулым годзе, але тады кармоў у саўгасе хапала, і ён іх не чапаў. У гэтым годзе ён аб’ездзіў на кані ўсё неасушаныя балоты навокал саўгаса і налічыў такіх захопаў болей за сотню. Сена было выкашана, на некаторых дзялянках стаяла па некалькі стагоў. Цяпер зразумела, чаму некаторыя палешукі кожную вясну прадавалі на базары сена і бралі немалыя грошы. Аднак вывезці сена цяпер было немагчыма: ніякім транспартам не заедзеш. Эх, каб ведаць, каму належаць дзялянкі, з гаспадарамі гэтых стажкоў дамовіцца б па-добраму! Але ж невядома было, дзе чый захоп. Таму Куніца вывесіў загад, каб людзі самі паведамілі ў кантору аб захопах, а саўгас гарантуе ім сена для ўласнай каровы, яшчэ заплоціць грошы за тыя стажкі.

Такі загад, можа, з тыдзень вісеў у канторы, на фермах, у аддзяленнях, і ніводзін чалавек не прыйшоў і не прызнаўся.

Раздражнёны такім вынікам, прыехаў Куніца дамоў. На стале стаяў абед. Чырвоны боршч пакрыўся бела-ружовымі плямамі — астыў тлушч. Загусцела і тушоная бульба з мясам, марожанае ў талерачках растала і пацякло праз край на белы абрус. Дзіна, уткнуўшыся тварам у падушку, спала. Куніца ціхенька сеў на канапу ля яе ног і нерухома сядзеў колькі хвілін. Хацеў ужо і сам як лаўчэй прылегчы, падрамаць, як Дзіна паднялася.

— Ты?

— Прабач, што разбудзіў. Спі, я пачакаю.

— Ён мяне разбудзіў! — усклікнула артыстычна яна.— Нахабнік! Я месца сабе не знаходжу, два разы боршч падагравала... Ты ж абяцаў роўна ў дзве гадзіны, а прыйшоў...

— Я даўно сяджу,— ён узяў яе руку, палашчыў.— Думаю, хай выспіцца. Бачу, абед стыне, але, думаю, чорт з ім, з гэтым абедам, хай адпачне мая Дзіначка, стамілася ж, родная. Абед можна і халодным з’есці, а сон даражэй за ўсё.

— Дык чаго ты сядзіш? Ідзі, ідзі еш халодны, ну, чаго сядзіш? Ідзі!

— І пайду.— Куніца падняўся, сеў за стол, згроб лыжкай застылы тлушч на край талеркі, пачаў апетытна сёрбаць боршч, хоць і непрыемна было, калі трапляліся крупінкі тлушчу. Але еў ды толькі пахвальваў.

— Ідыёт! — раптам выпаліла Дзіна.

— Я?

— Ты. Думаеш, не бачу, як ты давішся. Перастань чмякаць... На нервы дзейнічаеш.

— Я даўно такога смачнага баршчу не еў. Праўда.

— Ілгун, нахабнік, ён яшчэ будзе здзекавацца,— яна схапіла з канапы невялікую падушку і запусціла ў Куніцу. Падушка трапіла па галаве.

Куніцу разабраў рогат.

— Ты яшчэ смяешся, бессаромны! — і Дзіна схапіла большую падушку, але ці сілы не хапіла кінуць яе ў Куніцу, ці, можа, яна знарок так зрабіла, толькі падушка трапіла на стол, талеркі загрымелі на падлогу, шлёпнуўся і крыштальны графінчык, ажно шкельцы са звонам пасыпаліся.

Куніца смяяўся яшчэ гучней. Дзіна ніколі не чула ад яго такога радаснага, як ёй здавалася, смеху.

— Чаго рагочаш? — стаяла яна на канапе, шырока расставіўшы ногі, з рассыпанымі валасамі па плячах, шчокі пунсавелі, ад чаго твар яе з чорнымі вачыма яшчэ болей папрыгажэў. Яна шукала, што яшчэ запусціць. На спінцы канапы стаяў цяжкі гіпсавы кот — усё, што засталося ў Марка пасля галоднага пасляваеннага дзяцінства. Дзіна схапіла гэтага ката, спачатку замахнулася па Куніцу, а потым усё ж перадумала і бразнула яго аб падлогу. Рассыпаліся чарапкі, пакаціліся па падлозе пазелянелыя пятакі. Няўжо яны засталіся яшчэ ад тых школьных гадоў, калі ён спрабаваў сабраць грошы на канькі? Ён і забыўся пра тыя медзякі, а яны ўсё ляжалі.

Куніца перастаў смяяцца.

— Стараешся, стараешся для яго, а ён,— і яна ўпала на канапу, расплакалася. Але цяпер яго чамусьці ніколькі не краналі яе слёзы.

— Вось што,— падняўся Куніца.— Каб сёння к вечару вашай высокасці ў маім доме не было. Яшчэ не жонка, а ўжо такія сцэны мне закатваеш. Што ж будзе, калі я цябе ўзаконю? Не, мне такое золатца не трэба.

І выйшаў з пакоя. Вадзіцелю сказаў, каб, як збярэцца Дзіна, адвёз яе на станцыю, а сам скіраваў пехатою ў саўгас.

 

Частка другая

 

1

Апошні час заўсёды, калі Катлоў прыходзіў на дыспетчарскую, адразу ж шукаў вачыма Люду Гусак. Калі Люды Гусак не было, трывожыўся, не распачынаў планёрку, пакуль яна не прыходзіла. А калі была на месцы, то яго гэта толькі радавала. Праўда, Катлоў не надаваў ніякага значэння свайму настрою, і яму ў галаву не прыходзіла, каб знарок шукаць сустрэч з дзяўчынай. Карацей кажучы, у іх адносінах нічога не змянілася, усё было так, як і раней, да таго часу, калі Катлоў пасля палявання завітаў да яе ў вагончык. А ўчора Люда Гусак раптам па рацыі знайшла яго і сказала, што трэба сустрэцца і пагаварыць. Дзівачка! Магла зайсці і без усялякай папярэдняй згоды, як не адзін раз заходзіла раней. Значыцца, яна надае нейкае асаблівае, пакуль невядомае яму, значэнне гэтаму візіту...

Ля канторы стаялі грузавікі, што развозілі рабочых. Чаму ж яны сёння так затрымаліся? Але ўсё праяснілася, як толькі Катлоў убачыў чаргу ля касы. З рабочымі павітаўся адразу з усімі, а з Рыгорам Лінем, які стаяў якраз на дарозе, персанальна за руку.

— Чаму, Рыгор, не на аб’екце? Хіба на ўчастак не возяць зарплату?

— Прывозяць,— адказаў Рыгор.— Я, Васіль Міхайлавіч, на рамонце.

— Зламалася што?

— Прафілактычны,— усміхнуўся ў натапыраныя вусы Лінь.

— Ну, давай, давай,— сказаў Катлоў і пайшоў у дыспетчарскую.

Дыспетчар, высокі, бледнатвары чалавек, даўно і цяжка хворы на сэрца, падняўся, каб уступіць начальніку месца, ды Катлоў махнуў рукой, каб той не трывожыўся, і сеў ля стала збоку. Агледзеўся. Сабраліся амаль усе: загадчыкі аддзелаў, начальнікі ўчасткаў, новы сакратар парткома Іван Дубавец. Люды Гусак яшчэ не было. І кожны раз, калі хто ляпаў дзвярыма, Катлоў кідаў хуткі позірк, ці не ідзе яна. Зайшоў прараб Міхайлаў, які працаваў у саўгасе «Усход» — у Куніцы. Высокі, шыракаплечы. У яго быў чырвоны твар, як пасля лазні.

Зайшла Люда Гусак з папкамі праекта ў руках, спынілася ў дзвярах, шукаючы вачыма, куды б сесці. Яна затрымалася ў парозе, можа, на які кароткі момант, але Катлоў паспеў убачыць на дзяўчыне чорнае караткаватае паліто. Новае. Ногі ў чорных лодачках... У твар ён ужо не асмеліўся і глянуць. Павярнуўшыся да дыспетчара, загадаў:

— Вядзіце планёрку.

На працягу ўсёй планёркі Катлоў стараўся не глядзець на дзяўчыну. Ён баяўся, што прысутныя могуць заўважыць яго ўсхваляванасць, і таму сёння як ніколі быў строгі, патрабавальны, багата задаваў усім пытанняў, некага хваліў, некага ганіў, радаваўся, абураўся і сам не ўсведамляў, што ён проста хоча быць сёння перад ёй не такім, як заўсёды, а ў нечым лепшым, без якога ўсё тут было б не так.

Калі планёрка была скончана, Катлоў здзівіўся: замест гадзіны, як правіла, сёння ўсё заняло не болей пятнаццаці мінут. Усе разыходзіліся, паднялася і Люда Гусак. Катлоў прайшоў паўз яе, а калі падымаўся на другі паверх, у свой кабінет, чуў, як, часта стукаючы абцасікамі на лесвіцы, спяшаецца і яна. Азірнуцца, а тым болей спыніцца, пачакаць яе не асмеліўся. У кабінеце распрануўся, сеў за стол, хуценька пераставіў грувасткую непрыгожую попельніцу са стала на акно...

Люда Гусак паклала перад ім на стол папкі, распранулася, павесіла сваё кароткае паліто ў кутку на вешалку, побач з яго доўгім.

Распачаць гаворку перашкодзіў Іван Дубавец. Ён спыніўся ў парозе, спытаў дазволу зайсці. Працуе больш чым месяц, а паводзіць сябе як навічок. Але, здаецца, разумны: не спяшаецца ўмешвацца ў работу, прыглядаецца, вывучае.

— Прашу прабачыць. На секундачку, Васіль Міхайлавіч.

— Ды хоць на гадзіну, Іван Кірылавіч,— яго ж інтанацыяй адказаў Катлоў.— Сядайце, паслухайце, тут вось у таварыш Гусак узніклі нейкія меркаванні па праекту асушэння Альхоўскіх балот.

— Гэта цікава, цікава. Я жыву на Альхоўцы, так што... мае родныя мясціны, так сказаць, з радасцю паслухаю...— і пакуль Люда Гусак разгортвала на стале схему, ён сказаў Катлову: — Я вось сядзеў сёння на планёрцы, слухаў, і ў мяне ўзнікла думка... Што адбываецца на планёрцы? Прарабы, брыгадзіры дакладваюць, што зроблена, што не зроблена. І вы ўяўляеце карціну будаўніцтва такой, якой яе намалявалі вашы падначаленыя. А не кожны з іх заўсёды скажа праўду, іншы раз возьме ды і прамаўчыць.

— Мяне яшчэ ніколі не падводзілі,— адказаў Катлоў і падумаў: «Вось і паказвае сябе, пачынае блох вышукваць».

— Я не думаю, Васіль Міхайлавіч, што хто знарок будзе скажаць факты, хоць і дапускаю такую магчымасць. Часам чалавек у сябе пад носам не бачыць недахопаў...

— Іменна, іменна,— сказаў Катлоў. «Пра сябе, братачка, здаецца, і гаворыш».

— Я што хачу прапанаваць... Мы так рабілі ў саўгасе... Трэба, каб хто з кіраўнікоў, а то і ўсе, пабылі перад планёркай на ўчастках, паглядзелі на свае вочы, як і што там. І на планёрках тады не слухалі падначаленых, што зроблена, што не зроблена, а высвятлялі, так сказаць, прычыны. Такім чынам мы зможам уплываць на дзейнасць калектыву, а галоўнае, прывучым людзей да аб’ектыўнага аналізу сваёй работы, прывучым іх думаць.

Катлоў хацеў сказаць жаўтаротаму выскачку, што ён тут дваццаць гадоў кіруе і не заўважыў, каб людзі яго не ўмелі думаць. Думаюць, ды яшчэ і як, бывае, такія праблемы падымаюць тыя ж падначаленыя, а часам і простыя рабочыя, што аж галава кругам ідзе. Вось хоць бы і гэтая дзяўчына, якая без году тыдзень кіруе ўчасткам, а ўжо прыйшла з праектам, з нечым не згодна, нешта хоча прапанаваць. Думае! — але яму перашкодзіла Люда Гусак.

— Правільна,— сказала яна.— Мы дакладваем, канечне, але часцей патрабуем: дайце тое, гэта... А пра свае недахопы сказаць часам саромеемся.

— Бясспрэчна, думка слушная,— цяпер Катлоў усміхнуўся Дубаўцу.— Але пры нашай загрузцы...

— Меней папер усялякіх пішыце,— упікнула Катлова Люда Гусак.— А то паперы, паперы, не паспяваеш і падшываць.

— Я гатоў уключыцца ў гэта,— Дубавец падняўся.

— Падумаем, падумаем,— паабяцаў Катлоў.— Вы, Іван Кірылавіч, пасядзіце, паслухайце. Ну, давайце, Люда, што там у вас?

— Вось гэта басейн ракі Альхоўка,— пачала яна вадзіць па схеме алоўкам.— Усё вярхоўе яе, як бачыце, вельмі забалочанае. Бліжэй да Прыпяці, куды ўпадае Альхоўка, яна разразае невялікае ўзвышша, пакрытае дубовымі, сасновымі і змешанымі лясамі. Забалочаная плошча складаецца з пяці балот. Тры на правым беразе, амаль верхавыя, мелказалежныя тарфянікі, улетку часта высыхаюць. На левым беразе — два. Адно такое ж, як і на правым, а другое, вялікае, гектараў тысячы на дзве, тарфянікі магутныя, топкае, месцамі глыбакаводнае. Ля самага вытоку Альхоўкі, вось недзе тут, у свой час асушалі гектараў пяцьсот адкрытым спосабам. Праўда, плошчу даўно не эксплуатуюць, яна зноў забалоцілася, зарасла хмызняком, карацей кажучы, патрабуе паўторнай меліярацыі. Праектам прадугледжваецца асушэнне балот на правым беразе пад залужэнне. Вадасток у Альхоўку. У гэтым месцы запланавана частковая чыстка ракі.

— Добры ж праект! — сказаў Катлоў.— Плошчы роўныя, пад’езды цудоўныя, вады, сама кажаш, небагата. За такі аб’ект любы прараб з радасцю ўхапіўся б. Лічыце, што мы яго вам па знаёмству падкінулі...

— Устарэлы праект, Васіль Міхайлавіч,— не падзяляла яна яго аптымізму.— Які дурань яго складаў? Асушым адно, потым пачнём другое. А потым усё спачатку. І гэта пры нашай тэхніцы? Навуцы?

— А што вы прапануеце? — пакуль не разумеў яе начальнік.

— А ўвесь гэты масіўчык, так сказаць, комплексна,— і яна глянула на Катлова, як ён успрымае яе думку. Той утаропіўся ў схему і не варушыўся. Дубавец падняўся і таксама пачаў разглядаць схему.— І пачала б я асушаць з левага, глыбокага балота. Яго асушым, ваду пацягне і з астатніх. Можа, не такія глыбокія каналы давялося б капаць. Хай бы патраціліся болей на выпрамленні Альхоўкі,— без гэтага ў такім варыянце не абысціся,— затое выйгралі б колькі на балотах... На гэтых жа плошчах можна будзе стварыць два такія саўгасы, як «Усход» Куніцы.

Люда Гусак толькі загаварыла, як Катлоў адразу ж разгадаў яе задуму. Сапраўды, праект устарэлы — ні дрэнажу, ні двухбаковага рэгулявання вады...

— Асушыць комплексна ўвесь масіў, зрабіць прадуманую сістэму двухбаковага рэгулявання воднага балансу — гэта ж будзе, Васіль Міхайлавіч, паказальны аб’ект,— даказвала яна сваё, думаючы, што Катлоў не адабрае яе задуму, што так упарта маўчыць.— І ўсяму нашаму ўпраўленню тут на тры гады работы... Стабільнай работы. Усе прэміі і пераходныя сцягі нашы, Васіль Міхайлавіч,— усміхнулася і зноў з папярэдняй сур’ёзнасцю дадала: — А для раёна карысць якая!

— Мяне агітаваць не трэба,— добразычліва глянуў на дзяўчыну Катлоў. Тая не апусціла перад ім вачэй, глядзела даверліва і ўпарта.

— А калі не трэба, то...

— Але змяніць праект, Людміла Аляксандраўна... Вы і не ўяўляеце, якая гэта валакіта.

— Дзеля такога можна пайсці на ўсё,— яна не думала адступаць.

— Ідэя цікавая,— падтрымаў яе і Дубавец.— Хоць у дэталях не разумею, але... Мне прыемна, што чалавек падыходзіць творча...

— Трэба было б паглядзець на месцы, як і што там,— сказаў Катлоў.

— Я была. З тыдзень лазіла. Усё так, як і кажу. І калі трэба, то магу і яшчэ ўсё праверыць.

— Хацелася б на свае вочы... Каб мець падставы змагацца з аўтарам праекта. Як там, яшчэ не заліло?

— Заліло месцамі, але не вельмі...— абрадавалася яна згодзе начальніка.

— Дык, можа, вы пакажаце мне аб’ект, Людміла Аляксандраўна? Тым больш што парторг хоча, каб кіраўнікі былі часцей на месцах.

— Канечне,— яна зыркнула на Дубаўца і нібы сумелася.

— Ну, дык заўтра з раніцы і пачнём. Будзьце ў сябе, я заеду,— сказаў Катлоў і падняўся.

 

2

Барыс Малюк вырашыў пасля арміі ў родную вёску не вяртацца. Заехаць-то ён заедзе, каб пабачыцца з маці, дапамагчы старой, дроў якіх нарыхтаваць ці ў хаце што падрамантаваць, а потым... потым у Сібір на будаўніцтва чыгункі. Туды амаль усе хлопцы з іхняга ўзвода пажадалі ехаць.

Пра сваё рашэнне ён дадому пісаць не стаў, прыедзе агледзіцца, а потым і скажа, а да таго часу, можа, маці і сама зразумее, што яму нечага рабіць у вёсцы... Праўда, часам яго бралі сумненні, ці не пагарачыўся ён? Падумаеш, здрадзіла дзяўчына, дык на ёй свет клінам не сышоўся. А ён з-за яе пакіне, і, можа, назаўсёды, маці, родныя мясціны, па якіх сумаваў заўсёды і куды марыў вярнуцца, каб жыць і працаваць. Думаў ён пра гэта і ў цягніку, нецярпліва паглядаў у акно, адчуваючы, як нарастае ў ім радасць ад блізкае сустрэчы са сваёй зямлёй, і потым, калі ішоў з аўтобуса напрамкі праз дуброву, па той самай сцежцы, па якой яны з Нінай хадзілі некалі ў школу ў цэнтр калгаса, ішоў, глядзеў на ўсё, што так напамінала Ніну...

Барыс выйшаў з лесу, агледзеў пустыя сады, абгароджаныя густым штыкетнікам, на якім там-сям вісеў высахлы гарбузнік, угледзеў слівы, што раслі ў кутку іхняга агарода, і скіраваў па раллі прама на іх. Маці яго, Акуліна Філатаўна, у садзе пад яблыняй цюкала на калодцы сасновае голле, каб было чым заўтра раніцай паліць у печы. Убачыўшы сына, які нібы з зямлі вырас, кінулася да яго, абняла, усхліпнула.

— І не чакала сёння...

— А я прыехаў,— не ведаў, што і сказаць ёй, стаяў разгублены і шчаслівы, глядзеў у пастарэлы твар маці. Яна таксама маўчала, разглядаючы і прывыкаючы да сына. Барыс і ростам выцягнуўся, і тварам узмужнеў, у абліччы яго з’явілася нешта пакуль невядомае ёй.

— Ой, што ж гэта я? — раптам спахапілася яна.— Стаю, а ты, можа, і есці хочаш? Пайшлі ў хату.

— Ну, ты распальвай, а я падсяку дроў,— паставіў Барыс свой лёгкі чамаданчык у хаце і вярнуўся на агарод. Зняў гімнасцёрку і ўзяўся за сякеру. Сякера зусім прытупілася. Відаць, з таго часу, як ён пайшоў у салдаты, яе ніхто і не вастрыў. Барыс знайшоў невялікі брусочак, які, як і помніў, заўсёды ляжаў на перакладзіне варот, ён там ляжаў і цяпер. Вастрыў сякеру і думаў пра няўдалае жыццё свае маці, маладосць якой супала якраз з вайной. Жаніх яе з арміі не вярнуўся, і наогул пасля вайны дзяўчат у вёсцы было багата, а жаніхоў мала, яна так і не выйшла замуж, як і многія яе таварышкі. Хто быў яго бацька, Барыс не ведаў. Малым яшчэ дапытваўся, а падрос, зразумеў, што дапытвацца нечага, бо не было ў яго ніколі бацькі. Праўда, які час спадзяваўся, што маці ці хто іншы скажа, але маці ўпарта маўчала, а з аднавяскоўцаў таксама ніхто нічога не казаў, мабыць, сапраўды не ведалі.

Насекшы дроў, ён унёс іх у хату. Там ужо на прыпечку цвірчэла яечня на шырокай патэльні.

Хутка ён ужо сядзеў за сталом, разагрэты ад выпітага, і нетаропка, смакуючы, ласаваўся дамашняй яечняй. Акуліна Філатаўна сядзела на ўслончыку бліжэй да парога і скубла качку. Яна таксама трошкі выпіла, расчырванелася, ёй таксама было горача, і яна раз-пораз рукавом выцірала спацелы лоб.

— Ну, што ў вас новага? — пытаўся ён.

— Ды нічога... Цяпер добра ўсе жывуць. Старшыня ў нас харошы. У брыгадах фермы пазакрываў, усіх кароў перавезлі ў цэнтр. Там іх машынамі і дояць, і кормяць. І правільна. У брыгадах усё роўна няма каму рабіць, засталіся адны старыя. Цяпер які вучыцца, дык дамоў не вяртаецца, а хто ў армію пойдзе — таксама дамоў потым не едзе.

Барыс маўчаў пра свой намер ехаць у Сібір — скажа як-небудзь потым. І цяпер, калі яна загаварыла пра моладзь, разумеў, што маці хоча выведаць пра яго намеры. Барыс загаварыў пра іншае.

— А як грыбы ў гэтым годзе?

— Былі. Калі ведаць мясціны, дык можна было назбіраць. Трохі насушыла... У нас тут такія лясы, што як ні суха, а грыбы ёсць. Рэчка, балоты, вада і трымаецца. Зялёнак, кажуць, багата вельмі. Дома пабудзеш, дык назбіраем.

Барыс і зараз прамаўчаў пра свае планы.

— Сходзім, сходзім,— сказаў толькі неяк разгублена і няўпэўнена, а потым дадаў больш рашуча: — Абавязкова сходзім, і не адзін раз. Каб тых зялёнак на ўсю зіму было. Я іх вельмі люблю.

Убачыў, як пасля гэтых слоў маці нібы павесялела, паглядзела на сына задумліва, завагалася, гаварыць ці не, а потым усё ж рашылася:

— А ў нас улетку вяселле было. Ніна...

— Ведаю.

— І што яна надумала?.. Бывала ж, забяжыць, пасядзіць, а то і вады прынясе. Як свая была. І раптам... яе маці казала, што да апошняга дня ўсё заглядвала ў паштовую скрынку. Каб ты напісаў ёй, можа б, і не так усё было,— яна ўздыхнула, відаць, перажывала не толькі за сына, але і шкадавала, што Ніна не стала яе нявесткай.— Добрая была дзяўчына.

— Багата гэтых добрых яшчэ будзе,— адмахнуўся Барыс,

— Не, сынку, не кажы. Свая заўсёды лепей. А чужая... Пакуль дапнеш, што за яна, дык і жыць не захочаш.

— Нічога, знойдзем лепшую, мама,— усміхнуўся Барыс.— А хто тут з хлопцаў у вёсцы?

— З тваіх нікога. Рыгор Лінь у меліярацыі, там і жыве недзе, праўда, часта прыязджае да маці, адна ж жыве, дапамагае... Улетку з жонкай быў. Культурная. Такая чыстая хадзіла. Настаўніца. А я лічу, што трэба браць сабе раўню...

— Не думаю я жаніцца, мама.

— А зарабляе гэты Лінь добра, маці хату шыферам накрыў, купіў ёй газавую пліту і балоны возіць... Часта бывае і Іван Дубавец. Цяпер нейкі начальнік. А то думала, што дарэмна вучыўся. Ён жа недзе ў нейкай акадэміі, ці што, вучыўся, доўга вучыўся, а потым у раёне ў саўгасе ці калгасе нейкім, далёка ад нас, загадчыкам рабіў. А цяпер начальнікам партыйным у меліяратараў, на машыне дамоў прыязджае. Бачыш, сынок, яна, навука, у людзі выводзе. Яно табе, думаю, можна было б і павучыцца. Грошай я сабрала, так што...

— Будзе відаць,— няўпэўнена адказаў Барыс. Яго пасля яечні пацягнула на сон. Прылёг на ложак.

— Падрамі трохі, Барыска, падрамі,— Акуліна Філатаўна коўдрай накрыла яму ногі.— А я качку пастаўлю тушыцца на вячэру.

Барыс ляжаў, заплюшчыўшы вочы, чуў, як грукае маці засланкай, як за вокнамі шуміць вецер у голлях таполі, недзе далекавата, праз некалькі мо двароў, гаўкаў сабака. Прыглушана, без злосці. Барыс узяў кніжку, якую не дачытаў у вагоне, пачаў чытаць, але зараз яго ніколькі не хвалявала гэтая кніжка. Ён сеў на ложку, не ведаючы, што рабіць далей.

— У цябе там дровы ёсць? — спытаў у маці, якая акурат увайшла з вядром вады.

— Ёсць, ёсць. Адпачывай.

— Ужо адпачыў...

На другі дзень Барыс прачнуўся рана, хацеў падхапіцца ды ўспомніў, што дома. Таму ляжаў, не падымаўся, і яму прыемна было ляжаць у мяккай цёплай пасцелі. Ляжы хоць дзень, хоць два, колькі хочаш, цябе ніхто не падыме, ніхто не патрывожыць.

Зайшла маці, спынілася ў парозе, пачала расказваць, як ёй жылося тут адной.

Слухаючы маці, Барыс думаў, як цяжка будзе пачуць ёй пра ягоны ад’езд: гэта ж не ў армію на якія два гады, а немаведама куды і, можа, назаўсёды. З’едзеш, абрасцеш сям’ёй, не вырвешся. І глядзеў ён цяпер на яе жыццё, адзінокае і, відаць, без шчасця.— толькі тая і радасць, што сын,— без ранейшай хлапечай бяздумнасці, з большым разуменнем.

Барыс не сказаў маці пра свой намер ехаць у Сібір ні на другі, ні на трэці дзень. І не толькі таму, што шанаваў маці, але ў самога не было той рашучасці, як раней, сам у глыбіні душы пачаў вагацца.

Па-першае, не было адчування адзіноты, якое ахапіла яго, як толькі ён злез з аўтобуса і ступіў на сцежку, па якой так часта хадзілі з Нінай у школу, а па-другое, перагледзець свой намер ехаць у Сібір прымусіў Рыгор Лінь, яго былы аднакласнік, які ў выхадны дзень прыехаў да маці ў госці і, даведаўшыся, што Барыс вярнуўся з арміі, прыйшоў да яго. Гэта ўжо быў шыракаплечы, доўгавалосы, з абветраным тварам мужчына, з натапыранымі белымі вусамі...

Барыс якраз пасля абеду ляжаў, закінуўшы ногі на спінку ложка, драмаў.

— І доўга будзеш адсыпацца?

— Не ведаю...— Барыс падняўся, глянуў праз дзверы, ці няма старой, вярнуўся зноў на ложак.— Накіраванне ў мяне ў Сібір. На будоўлю чыгункі, хутка трэба ехаць.

— А старая зноў адна?

— Уладкуюся, забяру.

— Думаеш, яна пакіне сваю хату? Я сваю колькі ні прасіў, не хоча. Дык тут жа блізка, а ў Сібір... не паедзе,— сказаў Рыгор Лінь, сеў ля стала, выцягнуў свае ногі ў вялізных кірзачах, паставіў на стол паўлітэрку.— Ты давай падымайся ды нясі чаго перахапіць, пагаворым...

— Ведаеш, Рыгор, абрыдла. Кожны дзень гарэлка, гарэлка... Да родзіча зойдзеш, да знаёмага — і ўсюды чарка. Паверыш, другі дзень нікуды не хаджу...

— Ну, дык ты ўжо і забыўся, што гэта такое,— засмяяўся Рыгор.

Барыс прынёс патэльню з ранішняй яечняй, місу з агуркамі, шклянкі.

— Мне трошкі, сімвалічна, так сказаць.

— Як хочаш, а я з радасцю за твой прыезд...— і, закусіўшы, працягваў: — Ідзі да мяне. Памочнікам пакуль што. Год пабудзеш. А потым самастойна. Якраз момант. Мой памочнік звольніўся. Ён на зіму, калі я станаўлюся на рамонт, звальняецца, бо стаўка толькі тарыфная, а ён грошы вялікія любіць, а галоўнае, вучыцца недзе, так што ўзімку сядзіць дома ды свае кніжкі зубрыць. Іван Дубавец у нас партыйны кіраўнік, так што слова закіне... Работа, скажу, нялёгкая, але, думаю, не цяжэйшая, чым у тваёй Сібіры. А грошы? Грошы добрыя. І дома. Сюды прыеду раз, другі — у мяне грыбоў на ўсю зіму. Разы тры-чатыры на рыбалку — і ў мяне рыбы на ўсю зіму з півам піць. Дзе ты такое знойдзеш? І маці пад бокам. Бульба, сала... А потым наша будоўля таксама ўсесаюзная і камсамольская. Я пра ўсё Палессе гавару. Так што працуй, табе і слава, і ўзнагароды... Падумай. І баб колькі хочаш. У кожнай школе маладых настаўніц навалам. Ідзі сватайся: хочаш фізіка, хочаш лірыка. Але настаўніцу не раю. Я ўзяў сабе. Работа ў іх нервовая, ну і мне дастаецца на арэхі,— убачыўшы, што яго разважанні пра жанчын ніколькі не кранаюць Барыса, спытаў нечакана пра іншае: — Ці табе маці свае не шкада? Вырасціла, чакала...

— Маці, канечне, шкада,— уздыхнуў Барыс. Прызнацца ж, што яму ўжо і самому расхацелася некуды ехаць, не хапіла сілы.— Добрыя грошы, гаворыш, можна зарабляць?

— Падумай,— нібы і не пачуў яго пытання Рыгор Лінь.— Праз два гады будзеш жыгуліць, калі захочаш... А мне б хацелася працаваць са сваім хлопцам.

— Падумаю,— адказаў Барыс.

 

3

Ніна Люцік чатыры гады вучылася ў горадзе, жыла на прыватнай кватэры і таму думала, што добра ведае гарадское жыццё. Пасля ж таго, як пасялілася ў мужа, аказалася, што не толькі не ведае, а нават не мае ніякага ўяўлення пра карэнных гараджан. Тут, у сям’і Доўжыкаў, усё было нечаканым для яе: звычкі, распарадак дня, а галоўнае, адносіны да яе. Калі б хоць раз свякруха зрабіла якую заўвагу ці ўпікнула ў чым, дык не, усё ласкавенька, ды з такой радаснай любасцю, як да роднае дачкі. А пра мужа і гаварыць нечага. Іншы раз здаецца нават, што чытае твае думкі наперад. Толькі падумаеш у кіно схадзіць, а ён у той жа дзень прыходзіць з работы і білеты прыносіць, маўляў, ішоў міма, узяў, хлопцы казалі, што кіно цікавае. А то захочаш падмесці падлогу, ён сам за венік, сядзеш бульбу абіраць — і ён за нож, а мясарубку дык ніколі не дазволіць круціць, сам круціць. А то за абедам, калі захочацца ёй вады, толькі азірнецца, каб як з-за стала ямчэй выйсці, а ён ужо спяшаецца да яе са шклянкай.

З часам яе пачынала і раздражняць гэтая дабрата. І калі ў такія хвіліны яна кідала мужу рэзкае «адстань», той толькі з недаўменнем цялёпаў плячыма і моўчкі адыходзіў і не чапаў яе, пакуль у жонкі не з’яўляўся добры настрой. Калі ж такое раптам здаралася пры свякрусе, то Марыя Міхайлаўна сама давала знак сыну не чапаць нявестку, і той слухаўся яе, браў кнігу ці газету, усаджваўся ў крэсла і чытаў. А Ніне здавалася, што свякруха без дай прычыны ўмешваецца ў іх сямейнае жыццё, але, каб сказаць ёй пра гэта, у яе не было да чаго прычапіцца.

Ой, Марыя Міхайлаўна, Марыя Міхайлаўна! Зрабіла б хоць раз што не так, ці сказала б не тое, тады яна, Ніна, запатрабавала б ад Пятра, каб шукаў дзе пакойчык,— ёй часам здавалася, што як толькі яны зажывуць асобна, усё стане на сваё месца. Дык не — свякруха шанавала яе, як родную дачку, а то і лепей. Яшчэ адразу пасля вяселля Ніна хацела пайсці на кватэру. Пятро загаварыў пра гэта з бацькамі.

— Імкненне да самастойнасці — вельмі добрае імкненне,— заўважыў Леў Фёдаравіч, выціраючы ручніком, які вісеў у яго на шыі, спацелы твар.

— Але,— падтрымала Марыя Міхайлаўна, адпіла чаю, паставіла сваю шклянку на сподачак, спытала: — Які сэнс?

— Так, які сэнс? — падхапіў яе пытанне і Леў Фёдаравіч.— Не бачу.

— Вам цесна тут? — дапытвалася Марыя Міхайлаўна.

— Калі цесна, абмяняемся пакоямі,— прапанаваў Леў Фёдаравіч.— Наш большы.

— Можна і абмяняцца,— пагадзілася з ім і свякруха, наліла сабе яшчэ кіпню.— А то пойдзеце... А хто вам варыць будзе? Што вам — дрэнна?

— Сэканомце капейку якую, пакуль можна,— заключыў гаворку Леў Фёдаравіч.

У Ніны тады нічога не знайшлося сказаць супраць, яна толькі падумала, што не хочуць разлучацца са сваім любімым сыночкам, дык так гавораць і, можа, з-за гэтага і да яе, нявесткі, так добра адносяцца. Між іншым, дабрата Марыі Міхайлаўны яе раздражняла болей, чым мужава. Дабраты свякрухі яна не разумела, хоць спачатку і радавалася ёй. Памятае, у першыя дні, як яе толькі прывезлі сюды, Марыя Міхайлаўна, агледзеўшы ўсё яе багацце, пасцель, адзенне, сказала, што ёй яшчэ неабходна мець, і не толькі сказала, а на другі ж дзень павяла ў магазін, купіла пасцельнай бялізны, ёй спадніцу, некалькі сукенак... Ніна, праўда, спрабавала пярэчыць, але Марыя Міхайлаўна толькі ўсміхнулася: «Даюць, дык бяры»... Ніна маўчала і толькі ўпотайкі злавалася.

Адзіны, каго яна сапраўды паважала, быў свёкар Леў Фёдаравіч, паважала за яго нейтралітэт. Здавалася часам, што Льва Фёдаравіча менш за ўсё цікавіць жыццё ў доме. Пасля работы ён абавязкова прымаў ванну, там доўга і з задавальненнем фыркаў — гэтае фырканне разносілася па ўсёй кватэры, потым, распараны, расчырванелы, старанна галіўся, пырскаўся танным трайным адэкалонам і ружовенькі, свежанькі, як навароджаны, ішоў да стала, дзе ўжо дыміўся параю самавар...

Пасля ён глядзеў тэлевізар, калі, вядома, перадавалі хакей ці футбол, больш ніякіх перадач не прызнаваў. Любіў ён яшчэ з суседам пагуляць у шахматы.

Калі раніцай Ніна прачыналася, свёкра ўжо не было дома. Ёй ніколі не ўдавалася пагутарыць са свёкрам пра што-небудзь грунтоўна, хоць іншы раз і хацелася гэтага, толькі і былі тыя кароткія гутаркі, што вяліся за вячэрнім чаем, калі за сталом збіраліся ўсе. Адзін раз, праўда, ён спытаў у яе, ці не хоча яна згуляць у шахматы, яна сказала, што не можа, і ён пасля гэтага, здаецца, страціў да яе цікавасць.

З кожным днём настрой у Ніны пагаршаўся.

Прыйшла неяк Ніна з работы — гэта было недзе ля чатырох гадзін дня — і бачыць: у зале на канапе сядзіць яе маці. Параска Андрэеўна распранула сваю плюшавую жакетку, паклала яе на канапу і сядзіць, накрыўшы плечы хусткай. Ля ног стаіць вялікая, нагружаная з коптурам, кашолка і рэчавы салдацкі мяшок, таксама туга набіты нечым. Кашолка за ручкі, а мяшок за чуб былі звязаны белым даматканым ручніком.

— Добры дзень, мамачка,— кінулася да яе Ніна.— Добра, што прыехала. Як там дома? Што новага? Як бацька? А ты даўно прыехала?

— Раніцай.

— Як — раніцай?

— Ну, гадзін у дзевяць ці ў дзесяць.

— І так сядзіш?

— А што мне рабіць? Села і сяджу. У цёплым ды на мяккім, дык чаму не пасядзець?

— Ела?

— Раніцай дома сырадою напілася...

— А тут не пакармілі?

Параска Андрэеўна паківала адмоўна галавой.

— А дзе ж Марыя Міхайлаўна?

— Пайшла ў магазін. Даўно пайшла.

— І яна не запрасіла цябе паабедаць?

— Яна і сама не абедала. Я ж кажу, як пайшла, так і няма. Яна ў мяне пытала, ці хачу есці, але тады не хацела. А потым яна адразу і пабегла, я нават гэтае не паспела аддаць,— яна кіўнула на свае хатулі.— А потым падумала, што, можа, і добра, што не аддала. Можа, вы тут асобна жывяце?

— Ды не,— адказала Ніна.

У гэты час якраз і зайшла Марыя Міхайлаўна. Яна трымала ў руках па авосьцы, у кожнай з іх па дзве бляшанкі селядцоў. Круглы з адвіслым падбародкам твар аж ззяў ад шчасця, паліто было расшпілена, хустка крыху з’ехала з галавы...

— Настаялася, але цяпер селядцоў на ўсю зіму,— паведаміла яна яшчэ з парога.

Ніна спытала:

— А чаму вы не пакармілі маю маці?

— Яна сказала, што не хоча,— тая не звярнула і ўвагі на настрой нявесткі, выкладала свае бляшанкі на стале на кухні.

— А вы абрадаваліся?

— А чаму ж радавацца? — здзіўлена глянула Марыя Міхайлаўна на нявестку.— Ніна, што з табой, ты што?

Параска Андрэеўна падхапіла за ручнік свае хатулі і панесла іх на кухню.

— Я вось тут прывезла вам свінінкі, качак некалькі абсмажыла, зараз качкі толькі з рэчкі дамоў прыйшлі, дык не вельмі тлустыя, але мой стары кажа, што гэта і лепш, цяпер тлустае не любяць. І пеўніка таксама прырэзала. Прыгожы быў певень, ды апошні час перастаў спяваць...

— Ніна, растлумач...— непакоілася Марыя Міхайлаўна.

— Як мне ўсё абрыдла! — Ніна выбегла ў спальню, упала на канапу, расплакалася.

З кухні чуліся мірныя галасы Марыі Міхайлаўны і Параскі Андрэеўны. У ванне плёскаўся Леў Фёдаравіч, з асалодай фыркаючы.

Зайшоў Пятро.

— Ну, што? — ласкава спытаў, узяўшы за руку.— Блага мо стала?

— Ведаеш,— яна адняла руку.— Шукай кватэру. І не марудзь. Чуеш?

— Ну, добра, добра...

За вячэрнім чаем яна сядзела маўклівая, насупленая. Ні на каго не глядзела. Яна зараз ненавідзела ўсіх — і такога ўважлівага мужа, і чырванатварага, заўсёды здаволенага свёкра, і свякруху, якая даверліва нешта расказвала яе маці.

Павячэраўшы, Леў Фёдаравіч пачаў некуды збірацца. Гэта ніяк не ўваходзіла ў яго ўстаялы распарадак дня.

— Куды? — насцярожылася Марыя Міхайлаўна.

— Схаджу тут да адных. Здаецца, ад іх выселіліся кватаранты, дык, можа, нашых пусцяць.

Марыя Міхайлаўна не пярэчыла.

 

4

Барыс трэці тыдзень быў дома. Нічога не рабіў. Толькі прывёз дроў з лесу, пасек, падрамантаваў плот у садзе, які ледзь ліпеў на падгнілых слупках. Затое спаў кожны дзень, пакуль і бакі не пачыналі млець. Хадзіў па зялёнкі. Грыбоў было багата, але амаль усе чарвівыя. Так было нецікава, і ён перастаў хадзіць у лес. І калі да сустрэчы з Рыгорам Лінем часам яго трывожыла сумленне, што вось які дзень лынды б’е і не думае нічога рабіць, то цяпер ведаў, надыдзе дзень, хоць канкрэтна гэты дзень ён для сябе яшчэ і не вызначыў, і ён пойдзе на працу. Барыс спадзяваўся, маці абрадуецца, што ён застаецца дома, але яна не абрадавалася.

— Цяпер усе вучацца, сынок...

— Гэта ж трэба некуды ехаць,— намякнуў ён на тое, што не хоча пакідаць яе адну.

— Ну і што? Усе едуць... А я сваё пражыла. Пра мяне не думай. Думай пра сябе, тваё ўсё яшчэ наперадзе...

— Ну, што з той вучобы? Пяць гадоў сохнуць над кніжкамі, а потым усё жыццё сядзець на якой сотні? Усе ж начальнікамі не стануць. А ты ведаеш, колькі зарабляюць экскаватаршчыкі? Тры сотні левай нагой, а калі пастарацца... І не вельмі яны на пуп бяруць, не рыдлёўкай капаюць. Сядзі ды торкай рычагамі... І сам сабе гаспадар. Што ні кажы — рабочы чалавек. Ты ж падумай — тых, што вучацца, што сядзяць у канторах, называюць служачымі. А я хачу рабіць...

І ўсё ж Барыс не вельмі спяшаўся на работу, хай не думае той Рыгор Лінь, што ён толькі і чакае, каб хутчэй да яго прыйсці ў памочнікі. У прызначаны дзень ён не паехаў, а паехаў дні праз тры.

Рыгор Лінь выйшаў яму насустрач. Ён быў у замасленым берэце і ў яшчэ больш замасленым камбінезоне. Нават на яго вусах цямнела масляністая пляма.

— Можа, адразу ў кадры, каб аформіцца,— падаў ён Барысу локаць замест рукі, якая была брудная.— Ці паглядзіш, што робім тут?

— Канечне, трэба паглядзець.

У цэху, высокім, шырокім, залітым святлом з вокнаў, стаяла некалькі экскаватараў. Адны з іх высока ўгору паднялі свае стрэлы, нібы што выглядалі там пад дахам, іншыя ўткнуліся імі ў зямлю, як на вадапоі, былі і такія, што нагадвалі груду металалому — разабралі на дэталі.

— Вось мой,— падвёў Рыгор Лінь Барыса да вялізнага экскаватара з апушчаным каўшом, з раскіданымі гусеніцамі.— Разуў яго. Хадавую перагледжу, а потым вышэй пайду.

— І доўга будзеш рамантавацца? — спытаў Барыс і агледзеўся, куды б сесці. Рыгор Лінь прынёс беленькую табурэтку, жэстам запрасіў садзіцца, сам усеўся на кола ад экскаватара, якое ляжала бокам.

— Думаю, доўга. Узімку выпрацоўка не тая, дні кароткія, зямля мёрзлая, багата не накапаеш. Гэта не ўлетку, што ад цямна да цямна — і ёсць дзве, а то і тры нормы. Вось я ўзімку і станаўлюся на ўсю зіму на рамонт. Каб улетку потым не стаяць. І гэты раз думаў так, але, здаецца, не ўдасца. Гаварушка не дасць. Машыніст таксама. Вунь ля крайняга экскаватара корпаецца. Анатоль Уладзіміравіч, ідзі сюды, перакур! — раптам крыкнуў яму Рыгор Лінь, аднак той нават не азірнуўся.— Відаць, крыўдуе стары. Учора на сходцы мы з ім пацапаліся крыху...

— А што вы не падзялілі? — спытаў Барыс.

— Разумееш, ён мой настаўнік. Ну, калі я прыйшоў сюды, то спачатку быў яго памочнікам. Потым самастойна працаваў. А ў гэтым годзе выклікаў старога на спаборніцтва. І перамог,— зарагатаў Рыгор Лінь, яму сапраўды было вельмі весела, што абагнаў славутага майстра.— Цяпер злуецца... Спачатку не паверыў, хадзіў глядзець аб’ект, як і што я рабіў. А, прызнацца, я яго крыху і таго. Ён робіць лепш за мяне. Артыст. Напрыклад, за гадзіну ён зробіць і болей і якасней, чым я. Але ён усё-такі ў гадах. Ходзіць у сем на работу, у сем і дамоў. Улетку. Я ведаў гэта. Я пачаў рабіць з цямна да цямна. Ну, і наварочаў. Ён у мясцовых жыхароў распытаў, як і што. На сходзе выступіў потым, што няправільна падводзяць вынікі. Чалавек, маўляў, парушае ўсе правілы аховы працы, рабіў да знясілення... Канечне, калі зусім не спаць, то, маўляў, яшчэ болей можна было б зрабіць. Але каму такая работа трэба? Трэба заставацца чалавекам, а не ператварацца ў прыдатак да машыны. Маўляў, трэба ўлічваць, колькі і як чалавек можа зрабіць за адзінку часу.

— Ну, і што?

— Нічога. Мне прысудзілі перамогу. Ад факта нікуды не дзенешся. Вось і злуецца, кажа, я не чэсна спаборнічаю... А цяпер ён што прыдумаў! Падаў ідэю працаваць узімку. І выклікаў мяне на спаборніцтва. Тут яго не абскочыш. Ты паглядзеў бы, як ён працуе. Артыст. Нам ужо і аб’ект далі. На Альхоўцы. Але зноў замінка. Нібы праект будуць пераглядаць, ці што. Сказалі, што пакуль будзем на торфапляцоўках. Вось ён зноў злуецца. На торфапляцоўцы майстэрства не трэба. Гэта не канал весці, тут капай, і ўсё,— і зноў гучна зарагатаў Рыгор Лінь, відаць, яго па-сапраўднаму весялілі ўсе гэтыя прыгоды з Гаварушкай.— І ўчора я таксама раззлаваў яго. Бачу, ён на раму прыварвае вушы. Ну, ведаеш, на выпадак, калі экскаватар дзе праваліцца на балоце. Такое бывае, асабліва ўзімку. Зверху замерзне, ну і стаіш. А потым раптам — шух, толькі паспееш з кабіны выскачыць. Тады трэба гэтыя вушы, каб за іх тросы чапляць, выцягваць з багны машыну. Ну, я паглядзеў ды і на свой яшчэ болей гэтых вушэй наварыў, мацнейшых. Раніцай ішоў, глянуў, бачу — аж дыханне ў яго пераняло... Вось так і жывём. Ну, добра, Барыс... Дык ты канчаткова вырашыў?.. Тады ідзі ў кадры, там тваё прозвішча ёсць,— афармляйся і прыходзь сюды, падумаем, калі выйдзеш на работу. І наогул...

Аформілі Барыса даволі хутка, і ён, можа, праз якую гадзіну зноў зайшоў у майстэрню. Рыгора Ліня ля экскаватара не было. Барыс заглянуў у вузкія дзверы ў канцы майстэрні. Там у светлым, чыстым, цёплым пакойчыку за доўгім сталом сядзелі Рыгор Лінь і далёка ад яго, аж за другім канцом стала — Гаварушка. Гаварушка быў невысокі, каржакаваты, шыракаплечы крапак. Твар круглаваты, добры. Блакітныя вочы. На галаве былі рэдзенькія бялявыя валасы, праз якія прасвечвала ружовая скура.

Яны моўчкі сядзелі і елі кожны свой абед, раскладзены на разгорнутых газетах.

— Усё,— сказаў Барыс.— А што гэта вы на розных канцах стала? Давайце бліжэй, ды за пачатак маёй працоўнай біяграфіі,— і ён выняў з унутранай кішэні плашча паўлітэрку і паставіў пасярод стала.

Ні Рыгор Лінь, ні Гаварушка не звярнулі на яе ўвагі.

— Ды я баюся блізка садзіцца, Анатоль Уладзіміравіч у такім настроі, што...— гаварыў Рыгор Лінь і паглядваў на Гаварушку, як той рэагуе на яго словы.

— Дзівак,— цялёпнуў плячыма Гаварушка, аблупіў крутое яйка, з’еў яго, запіў малаком, сказаў добразычліва:— Дзівак ты, Грыша. Думаеш, псіхую, што ты перагнаў мяне кубаметрамі. Я злуюся сам на сябе, што цябе вучыў, вучыў і не навучыў. Хіба справа ў колькасці? Галоўнае — майстэрства. Я хачу, каб ты ўмеў рабіць. Быў майстрам. А надрывацца — гэта ж не выхад. Я таксама мог бы з цямна да цямна. Я хачу, каб радасць ад работы была і быў час на рыбалку схадзіць і з сям’ёй... І майстэрства патрэбна. Яго трэба адточваць. Калі ты майстар, тады ты і работнік. А так ты проста — рабсіла. Надоўга цябе не хопіць, калі будзеш толькі на пуп браць.

— Ды я разумею, Анатоль Уладзіміравіч. Думаеце, не разумею, разумею, што мне яшчэ вучыцца і вучыцца, каб вас дагнаць.

— Ну, дык, можа, за мір? — стаяў Барыс і не ведаў, што рабіць яму са сваёй бутэлькай.— Не несці ж мне яе дамоў?

— За мір можна,— падняўся Гаварушка, узяў бутэльку, паставіў у сваю тумбачку, зачыніў яе на ключ.— У суботу, пасля лазні. Мы з Грышам кожную суботу ходзім у лазню, дык, можа, і ты з намі пойдзеш...

— Вядома,— адразу ж пагадзіўся Барыс.

— А на рабоце сухі закон,— сказаў ён Барысу.— Гэта першы ўрок табе. Каб усёк назаўсёды. Бо ў нашых экскаватараў характар цікавы. Як хто садзіцца п’яны за рычагі, дык экскаватар пачынае капаць яму пад сабой...

— Гэта правільна ён гаворыць,— засмяяўся Рыгор Лінь.— Анатоль Уладзіміравіч у нас мудры чалавек. Скончыў вячэрнюю школу, цяпер завочна ў інстытуце, так што... толькі пасля лазенькі,— і кіўнуў Барысу: — Ну, прызямляйся, перакусі. Можа ж, не абедаў...

— Ды не, не хачу.

— Анатоль Уладзіміравіч кажа, што тых, што без апетыту, і ў меліяратары нельга пускаць.

— Правільна,— пацвердзіў Гаварушка.— Якая ж праца, калі чалавек добра не пад’есць,— ён скамячыў газеты, у якіх быў загорнуты абед, кінуў праз плячо ў скрынку для смецця, а бутэльку з-пад малака сунуў у кішэню паліто, што вісела ў шафе, потым паставіў некалькі крэслаў у рад, прылёг, адну нагу закінуў на спінку крэсла, рукі палажыў пад галаву, глянуў больш уважліва на Барыса.— Дык, кажаш, залічылі? Прынялі, значыцца. Але не думай, што ты ўжо і меліяратар. Меліяратарам станеш, калі мы цябе прызнаем. А то мы можам яшчэ і забракаваць. А калі ў нас не пройдзеш, то ніякія кадры табе не дапамогуць, ніякімі паперкамі не прыкрыешся. А ў нас патрабаванні строгія і без кампрамісаў. Сам разумееш, рабочы народ, без фігляў-мігляў. Вось так. Як, Грыша, правільна кажу?

Рыгор Лінь толькі ўсміхаўся ў свае вусы, часта працуючы сківіцамі. А Барыс падумаў, што не хапала яму яшчэ гэтага самадзейнага мараліста, пачне яшчэ лекцыі чытаць...

— Дык што, Грыша, учынім яму экзамен? Учынім. Так што, хлопча, рыхтуйся. Бяры чыстую бялізну, венічак кучаравенькі, і ў суботу ў пятнаццаць нуль-нуль чакаем цябе ў раённай лазні. Калі з намі на палку ўседзіш, значыцца, наш. Калі не, будзем трэніраваць.

— Згодзен,— абрадаваўся Барыс.— А я думаў чортведама што...

 

5

Пасля таго як Катлоў разам з Людай Гусак агледзелі балоты ў вярхоўі Альхоўкі, ён канчаткова пераканаўся ў неабходнасці пераробкі праекта. Напісалі пра гэта заказчыку, там пагадзіліся, адаслалі запіску аўтару праекта. Той пазваніў адразу ж, як толькі атрымаў запіску, што аб пераробцы праекта не можа быць і гаворкі. Змірыцца з гэтым Катлоў ніяк не мог: па-першае, ён сам бачыў усе выгоды, якія дасць перароблены праект раёну, па-другое, яму хацелася падтрымаць Люду Гусак і, можа, нават не гэтак падтрымаць яе, як даказаць, што ён, Катлоў, можа ўсяго дабіцца, што няма нічога на свеце такога, каб ён не мог зрабіць дзеля яе. Атрымаўшы па тэлефоне адмоўны адказ ад аўтара праекта, ён адразу ж вырашыў паехаць сам да яго.

На другі ж дзень недзе перад абедам Катлоў быў у Пінску. Аўтара праекта знайшоў адразу. Ён сядзеў у сваім кабінеце і піў чай з тэрмаса, разглядаючы адначасова нейкую схему на планшэце. Гэта быў хударлявы, высокі чалавек, лысы, з доўгім, патоўшчаным на канцы, носам, як хто слівіну прыляпіў, і на гэтай слівіне віселі цяжкія акуляры з моцна выпуклымі шкельцамі. Аўтар праекта глядзеў на Катлова праз акуляры, нібы ніяк не мог зразумець, што гэта за чалавек і што яму трэба ад яго. Катлоў назваўся, паклаў перад ім папку з праектам.

— Вось ваш праект.

Аўтар спачатку доўга разглядаў яго, нібы не пазнаваў.

— Якія ў вас прэтэнзіі да праекта? — спытаў нарэшце.

— А хіба вы не чыталі нашу запіску?

— Чытаў. Там, наколькі зразумеў, гаворка ідзе пра новы праект, а не пра прэтэнзіі да майго праекта.

— Але на аснове вашага. Трошкі перарабіць, трошкі дарабіць,— стараўся быць дружалюбным Катлоў.

— Навошта?

Катлоў разлажыў схему, пачаў тлумачыць, які яны хочуць мець праект і што гэта дасць раёну.

— Памятаю, памятаю,— раптам ажывіўся аўтар.— Яшчэ калі складалі праект, то была такая думка. Каб асушыць увесь масіў. Але па сакрэту скажу, пашкадаваў я раку Альхоўку — такая цудоўная і рыбная рачулка — і лясы на яе берагах. У ніжнім цячэнні. Раку ж давядзецца спрамляць, упадзе ўзровень грунтовай вады, загінуць лясы. Лугі заліўныя таксама. Адным словам, пашкадавалі. Не так многа засталося ў нас такіх цудоўных куточкаў. Кіраўніцтва з намі пагадзілася. І наша і ваша. Ваш жа сакратар Кузьмянок з намі пагадзіўся. Вось і склалі праект на частковае асушэнне тых балот, што істотнай ролі ў жыцці ракі не адыгрываюць.

— Мы лічым інакш.

— Хто гэта вы?

— Я, мае калегі. Нашы кіраўнікі. Раней пагаджаліся з вашым праектам, але час ідзе, цяпер новыя патрабаванні, новы размах гаспадарчай дзейнасці.

— Так, так...— з сумам у вачах паглядзеў аўтар на Катлова.— У вас там не любяць пасядзець з вудай, схадзіць у грыбы?

— За іншых не ведаю, а мне падабаецца, Але мне больш падабаецца, калі перад вачыма шугае пшанічнае мора. Вам, дарэчы, падабаюцца батоны ў магазіне?

— Угадалі. Люблю батоны па трынаццаць капеек. З малаком.

— Здзіўляюся,— сказаў Катлоў, пачаў згортваць сваю схему,— вы меліяратар і...

— Я меліяратар,—перабіў яго гаспадар кабінета і сказаў даволі рэзка: — І бачу свой абавязак у паляпшэнні прыроды, а не ў знішчэнні яе. Меліярацыя — гэта азначае, між іншым, паляпшэнне...

— Ведаем, ведаем,— Катлоў накіраваўся да выхада, але ў дзвярах спыніўся.— А можа, як дамовімся? Можа, у прыватным парадку? Па дагавору? Заплоцім.

— Не.

— Усё роўна ж мы зробім праект, які нам трэба,— не губляў надзеі Катлоў уламаць яго.

— Магчыма.

— Але нам трэба хутчэй. Вы ведаеце тыя мясціны, працавалі. Падумайце. Мы зможам добра заплаціць.

— Я даўно сяджу на дыэце, дарагі тсварыш, і на мой харч мне хапае зарплаты.

— Можа, тады падкажаце, хто б...

— Падказаць — значыць удзельнічаць у змове супраць прыроды...

— Проста не верыцца,— Катлоў зразумеў, што далей весці перапалку з гэтым старым педантам няма ніякага сэнсу, і ён, не развітаўшыся нават, выйшаў. Заглянуў да загадчыка аддзела, а потым і да самога дырэктара інстытута. Яны ад пераробкі праекта не адмахваліся, гаварылі Катлову, каб падаваў заяўку, яны ўключаць у план і гады праз тры зробяць праект, а раней ніяк не змогуць, бо інстытут і так завалены тэрміновымі праектамі.

— Што ж рабіць? — Катлоў зусім разгубіўся.— Нам жа некалі чакаць.

— Паспрабуйце пагаварыць з хлопцамі,— падказаў дырэктар.— Мо хто возьмецца. У нас ёсць такія.

— Зразумела, зразумела,— абрадаваўся Катлоў. Яму падказвалі выйсце якраз тады, калі ён фактычна ўжо страціў усялякую надзею.— А вы б не маглі параіць, да каго звярнуцца?

— Я і так вам многа сказаў,— і дырэктар падаў на развітанне руку.

Катлоў выйшаў у прыёмную, падсеў да сакратаркі, паглядзеў на яе, усміхнуўся.

— Скажыце, калі ласка, хто тут у вашым інстытуце застаецца працаваць і пасля заканчэння рабочага дня, на вечар?

— Я заўсёды іду дамоў у шэсць пятнаццаць, так што не ведаю. Спытайце ў вахцёра, ён круглыя суткі сядзіць,— і яна зноў зашчоўкала на машынцы.

У вахцёра Катлову ўдалося даведацца, з якіх кабінетаў ключы здаюцца позна. А хутка ён і знайшоў інжынераў, якія зацікавіліся праектам. Гэта былі зусім яшчэ маладыя людзі. Адзін барадаты, з насмешлівым выразам на твары. Другі высокі, чыста паголены, светлавалосы, акуратненькі і маўклівы. Першага звалі Вадзім Чаромухін, другога — Іван Лапіцкі. Хлопцы сказалі, што возьмуцца за такі праект, падключаць сваіх сяброў і зробяць вечарамі, але для гэтага трэба, па-першае, каб праект усё ж быў уключаны ў план інстытута,— левых праектаў яны, маўляў, не робяць,— па-другое, спатрэбяцца, відаць, дадатковыя звесткі аб мясцовасці. Трэба, каб спецыялісты на месцы памаглі ім, а галоўнае, каб Катлоў не скупіўся...

Катлоў ішоў на ўсё...

 

6

Кузьмянок, падпёршы рукой галаву, уважліва глядзеў на Куніцу, які сядзеў насупраць і не апускаў перад сакратаром сваіх прыплюшчаных вачэй з ледзь прыхаванай хітрынкай.

— Дык чаму ж вы, Марк Ліпавіч, не прадалі ніводнай тоны зерня дзяржаве? — спытаў Кузьмянок з нейкай даверлівасцю ў голасе: вельмі яму хацелася выклікаць гэтага Куніцу на шчырую гаворку.

— Не ўзялі, Андрэй Цітавіч,— нават крыху абураны тымі, хто не ўзяў яго зерне, адказаў Куніца.— Мы вазілі, Андрэй Цітавіч, некалькі разоў. Не мог жа я прымусіць іх... Вельмі засмечанае, кажуць.

— А тут вось пішуць, што вы знарок падсеялі пшаніцу ў жыта...

— Мне болей нечага рабіць,— хмыкнуў Куніца.— А хто піша?

— Якое гэта мае значэнне?

— Мо які пакрыўджаны?

— А яны ёсць?

— Ёсць. Нават багата. Усе, у каго былі захопы. Я ў гэтым годзе загадаў сена і бульбу здаць у саўгас, як незаконна вырашчаныя на саўгаснай зямлі... Вы ж разумееце, Андрэй Цітавіч, гадамі сеялі, убіралі, прывыклі. І раптам... Павесіў загад, каб кожны паведаміў, дзе чый захоп. Маўчаць. А пісьмы пішуць... Думаюць, дырэктара прыціснуць, дык і пра іхнія захопы забудзе...

— Можа, і так,— пагадзіўся Кузьмянок.— Але ж вы падсявалі ці не?

— Вы хочаце мяне ўпікнуць, Андрэй Цітавіч, што за мяне іншыя калгасы прадавалі зерне,— увільнуў ад прамога адказу Куніца.— Але паглядзіце, колькі я прадаў мяса, за колькі калгасаў я выканаў план...

Нічога не скажаш, Куніца сваім мясам раён падтрымліваў моцна, асабліва апошнія два-тры гады, а вось з зернем ён усё ж неяк змахляваў — у гэтым Кузьмянок быў цвёрда перакананы. Толькі як, не ведаў. Але што б ні зрабіў Куніца, час паказваў, што праўда была на яго баку. Так было і тады, калі прымушалі сеяць кукурузу. Куніца займаў ёй палі ля дарог — для правяральшчыкаў розных, а далей садзіў бульбу, буракі, сеяў траву. А то неяк прымусілі пасеяць зерневыя зусім рана, толькі зямля выйшла з-пад снегу. Куніца пасеяў першы ў раёне, але зноў толькі ўсцяж дарогі. Усякае было. А колькі вымоў давалі яму? Аднак Кузьмянок не памятае, каб Куніца пазычаў кармы, вымольваў іх у дзяржавы. А яшчэ заўсёды сам пазычаў іншым гаспадаркам.

— Не хочаце прызнацца, Марк Ліпавіч,— уздыхнуў Кузьмянок.— Але нічога, пачакаем. Можа, калі-небудзь раскажаце...

— Калі-небудзь, можа,— рассмяяўся Куніца.— Вы ж ведаеце, Андрэй Цітавіч, ні вас, ні раён я ніколі не падводзіў. І не падвяду.

— Я ведаю, але ж пішуць...

— Ды развялося грамацеяў, а ў саўгасе цяпер работы не вельмі, вось і пішуць.

— Калі б толькі мне, а то копіі ў абком партыі, і ў газеты.

— Хай хоць і ў Маскву. Нам з вамі, Андрэй Цітавіч, баяцца няма чаго. Жывём не для сябе, так што...

У пісьмах яшчэ пісалася, што Куніца ігнаруе ўсе планы пасеву азімых, замест жыта вырошчвае траву, бульбы накапаў багата, а далажыў, што мала, і наогул, страціў сумленне камуніста.

— Ну, а меліяратары як, ліквідуюць недаробкі? У прыватнасці, вадасховішча капаюць?

— Робяць. Там у Катлова атрымалася затрымка з чарговым аб’ектам, дык ён усе сілы кінуў у саўгас. Дарэчы, Андрэй Цітавіч, на беразе будучага возера мы пакінулі лесу гектараў дзесяць, і ў тым лесе мы будуем дом адпачынку. Чалавек на сорак.

— Не вялікі?

— Я так лічу, што будзем прымаць на адпачынак і з іншых калгасаў. Пералічыце грошы, суседзі добрыя, і адпачывайце... Пасеку развядзём. Ужо дваццаць калод купілі... Хочацца, каб з саўгаса нікому нікуды не хацелася ехаць, а каб да нас прасіліся. Сярод былых балот — узорны саўгас. Лепшай агітацыі за меліярацыю і не трэба. Прыязджайце, Андрэй Цітавіч, паглядзіце, дык і на мора не захочаце ехаць...

— Абавязкова пагляджу,— падняўся Кузьмянок, падаў руку.— Толькі прашу прасачыць за меліяратарамі, каб у спешцы не зрабілі што-небудзь не так.

— Прасочым,— паабяцаў Куніца і развітаўся.

Кузьмянок узяў пісьмы, што прыйшлі ў райком на Куніцу, напісаў на кожным з іх: «У архіў», а ў перакідным календары зрабіў паметку: «Пабыць у саўгасе «Усход».

У кабінеце станавілася цемнавата — згасаў кароткі асенні дзень. Кузьмянок падняўся, уключыў святло, наважыўся быў паглядзець газеты, але ў прыёмнай затупалі, скрыпнулі дзверы, і ў кабінет зайшлі Новік і Катлоў.

— Прабачце, мо перашкодзілі,— пачаў адразу ад дзвярэй Новік, ён заўсёды так гаварыў, калі яго вельмі хвалявала якая думка.— Вы толькі паслухайце, што прапаноўвае гэты балотны чалавек.

— Слухаю, слухаю,— Кузьмянка ўразіў ажыўлены, нейкі памаладзелы твар Катлова, яго ўзбуджанасць. Даўно ён не бачыў яго такім.

— Гаворка ідзе пра балотны масіў у вярхоўі ракі Альхоўкі,— і Катлоў коратка далажыў пра ідэю комплекснага асваення басейна ракі.

— Вы ўяўляеце, Андрэй Цітавіч, гады праз два-тры раён атрымае больш дзесяці тысяч гектараў зямлі, ды якой,— захапляўся Новік і глядзеў на Катлова так, нібы бачыў яго ўпершыню.

— Чыя ідэя? — спытаў Кузьмянок.

— Да гэтай думкі прыходзілі ўсе, хто знаёміўся з мясцовасцю і праектам, які быў зроблены даўно і, вядома, не мог не ўстарэць. Я сам абхадзіў тыя балоты... Цяпер гэта і мая ідэя,— сказаў Катлоў.

— Ідэя ў прынцыпе цікавая,— няўпэўнена выказаўся Кузьмянок.

— Вы разумееце, Андрэй Цітавіч, мы вясной павінны распачынаць работы на аб’екце. Да таго часу трэба перарабіць праект...

— Да аўтара звярталіся? — спытаў Кузьмянок.

— Звярталіся. Але паколькі гаворка ідзе аб прынцыпова новым праекце, то... Трэба, каб праект уключылі ў план.

— Колькі ж гадоў пройдзе? — усміхнуўся Кузьмянок.

— Хай толькі ўключаць. Я потым дамоўлюся з хлопцамі, яны мне да вясны і намалююць. Я гаварыў. Вось толькі б у план, каб ён прайшоў афіцыйна праз усе інстанцыі. Андрэй Цітавіч, дапамаглі б, можа, праз абком...

— У абласное ўпраўленне меліярацыі не звярталіся? Да Доўгага.

— Званіў,— сказаў Катлоў.— А потым і ездзіў. Усе заяўкі, кажа, разгледжаны, а потым, кажа, для такога праекта трэба дадатковыя разведачныя работы, бо басейн Альхоўкі ніхто сур’ёзна не вывучаў. Параіў пачынаць работы па старому аб’екту. А потым будзе відаць.

— Недарэмна яго і прозвішча Доўгі, любіць расцягваць,— хіхікнуў Новік.

— Я не пярэчу, Андрэй Цітавіч, што трэба дадаткова абследаваць басейн,— пачаў горача Катлоў, не ўбачыўшы ў Кузьмянка асаблівага энтузіязму наконт яго прапановы.— Я сваіх інжынераў мабілізую, ды прышлюць каго, разведаем усё, што трэба. Гэта не праблема. Уключылі б толькі ў план. Ну, на самой справе, Андрэй Цітавіч, навошта нам учарашні дзень успамінаць? Рабіць, дык рабіць па-сучаснаму, як дазваляе нам наша тэхніка, навука. Такія багацці пад бокам ляжаць, а мы, замест таго каб браць іх, карыстацца імі, будзем па крошцы адшчыпваць і думаць, што робім нешта грандыёзнае. Мяне здзіўляе, чаму не разумее гэтага той жа Доўгі. Усе хочуць спакойна жыць,— нецярпліва калясіў ля стала Катлоў, высокі, непрывычна рухавы, ажыўлены.

— А можа, Доўгі мае рацыю? — спытаў Кузьмянок.

Катлоў, які якраз кіраваў ад стала ўбок, раптам рэзка спыніўся і так моцна крутнуўся на месцы, што пад яго нагамі аж зрушыўся цяжкі, разасланы ледзь не на ўвесь кабінет, дыван, рэзка глянуў на сакратара райкома.

— І вы?

— Я не ведаю нічога пра меліярацыйную сітуацыю ў басейне ракі. Не ведаю, што там думаюць вучоныя і як... Мяне хвалюе іншае. Ну, вось, асушым такі вялізны масіў. Хто будзе працаваць на гэтай зямлі? Суседнія калгасы яўна не справяцца.

— Я сам збяру ўсіх кіраўнікоў суседніх гаспадарак і пагавару з імі, калі вы не супраць.

— Пагаварыце, пагаварыце,— не пярэчыў Кузьмянок.

— І калі высветліцца, што ім зямля трэба, то... дапаможаце?

— Вядома... Вы нам толькі скажыце, калі там будзеце збірацца, можа, хто з нас — я ці вось Новік — пад’едзе,— папрасіў Кузьмянок.

— Абавязкова,— і Катлоў так заспяшаўся з кабінета, нібы іменна зараз і пабег склікаць старшынь калгасаў на нараду.

— Ніколі не бачыў такім Катлова,— здзівіўся ўслых Кузьмянок, калі за тым зачыніліся дзверы.

— Што значыць пагаварылі тады з ім на бюро ды далі новага парторга,— заўважыў Новік.— Дарэчы, Дубавец там нядрэнна павёў работу. Катлоў ім задаволены.

— Не, тут нешта іншае,— у роздуме сказаў Кузьмянок.— Тое, што мы абмеркавалі яго работу, што падкінулі маладога парторга, павінна было адбіцца на ім, але не так хутка. Тут нешта іншае, дарагі мой Ігар Іванавіч. Толькі мы не ведаем што...

 

7

У памяшканні было ціха. Нехта пратупаў па калідоры, таропка, дробненька. Ці не бухгалтар пабегла? Заседзіцца, а потым трушком і бяжыць да самага дому.

Вось унізе ляпнулі дзверы, як хто стрэліў з драбавіка,— і ўсё заціхла. А Марк Куніца ўсё сядзеў у сваім кабінеце і не ведаў, чаго сядзіць. Пакуль ён на рабоце, пакуль прымае людзей ці праводзіць нараду, ён адчувае сябе маладым, бадзёрым, поўным сіл і энергіі, а як толькі застаецца адзін, дык у ім як што абрываецца, ні за што рукі не хочуць брацца, становіцца нейкім спустошаным, да ўсяго абыякавым. Вось нават дамоў ісці не хочацца.

— Ой, прабачце, я думала, нікога няма,— заглянула ў дзверы прыбіральшчыца.

— Заходзьце,— падняўся Куніца і выйшаў, на хаду цэлячы рукамі ў рукавы паліто.

Пасля пракуранага кабінета дыхалася асабліва лёгка і глыбока. Паветра, працятае першым марозікам, здавалася як ніколі чыстым. Ён ішоў па амаль апусцелай вуліцы. З акон падалі зыркія слупы святла — яшчэ не ўсе абжыліся, не павесілі на вокны шторы.

Марк Куніца жыў у самым канцы саўгаснага пасёлка, у асобным доміку, абнесеным высокім штыкетам. Адразу ж за штыкетам пачынаўся лес — некалькі каржакаватых соснаў расло прама ў двары. Зайшоў у хату. Распрануўся. Паставіў чайнік. Выняў з халадзільніка бутэльку кефіру — ён і не памятаў, калі купіў яе, колькі яна тут стаіць,— зрабіў некалькі глыткоў. Кефір быў загуслы, халодны, кіслы. Не заўважыў, як выпіў ледзь не ўвесь, адчуў, што ўсё нутро аж акалела. Выпіў нагбом з чайніка цёплай вады — гэта і была яго вячэра, выключыў пліту, прайшоў у залу, усеўся перад тэлевізарам Перадавалі канцэрт. Нейкія старыя бабулькі пралі кудзелю і цягнулі нудныя старыя песні. Выключыў тэлевізар — не хапала яму яшчэ гэтай нудоты, узяў кнігу. Але яму не чыталася: увесь час прыслухоўваецца да тэлефона. Ён кожны вечар чакаў званка ад Дзіны, і з кожным днём у яго цярпення заставалася ўсё меней і меней.

Марк Куніца ляжаў, глядзеў, як далёкія зоркі за вокнамі прашываюць у цёмным шкле адбітак яго спальні, і думаў пра Дзіну...

Пазнаёміўся ён з ёй выпадкова ў Мінску яшчэ ў пачатку лета, калі ездзіў па справах у міністэрства. Патрэбнага чалавека на месцы не аказалася, і ён пайшоў гуляць па горадзе. Загледзеўся і нечакана сутыкнуўся з Дзінай, якая ішла, любавалася архітэктурай...

— Ой, думала, у сцяну ўрэзалася,— засмяялася яна, апаліўшы яго позіркам чарнявых вачэй.

— Ледзь не забілі,— засмяяўся Куніца.

Куніца і сам не ведаў, чаму пакрочыў за ёй назіркам. Ён здалёк бачыў яе чарнявую, гладка прычасаную галоўку. Дзіна, відаць, адчула, што за ёй сочаць, разоў колькі азірнулася, а потым звярнула з праспекта ўправа, пайшла шпарчэй. Куніца не адставаў. Яна зайшла ў мастацкі музей. Ён таксама.

Куніца з цікавасцю разглядаў карціны, але яго ўвагі хапіла, можа, на якую гадзіну. Пачаў злавацца, што незнаёмая гэтая чарнушка як знарок падоўгу прастойвае перад якім-небудзь партрэцікам. Урэшце, калі яна затрымалася ля нейкага пейзажа, не вытрымаў, падышоў:

— Ну, што тут глядзець? Лес, копы жыта. Поле бадзюллем парасло. Гаспадар, відаць, лайдак.

Яна зыркнула на яго з непрыяззю і перайшла ў суседнюю залу.

Гэта раззлавала Куніцу: ён, вядома, не лічыў сябе прыгожым чалавекам, але ўжо і не такім страшыдлам, каб так ад яго шарахацца. І ён яшчэ з большай упартасцю, цяпер ужо без усялякай асцярогі, пачаў ганяцца за ёй. Апошнія залы яна прабегла, не спынілася ні перад адным шэдэўрам. На вуліцы пачакала яго і, калі наблізіўся, спытала:

— Вы доўга будзеце ганяцца за мной? — і яна пагардліва змерала яго, невысокага, амаль аднаго росту з ёй, але шырокага ў плячах.

— Доўга,— адказаў пакорліва.— Дазвольце пазнаёміцца. Марк Куніца.

— Дзіна. Дзіна Рэп’ях,— павагаўшыся, падала маленькую, але моцную далоньку.— Можа, цяпер адстанеце, Марк Куніца?

— Майце на ўвазе, маё прозвішча ад драпежнага звярка, так што... вам нікуды не схавацца.

— А маё прозвішча ад такой расліны, што як учэпіцца, дык нічым не адарвеш.

— Што мне і трэба,— сказаў Куніца. Відаць, ён сказаў гэта надзвычай сур’ёзна, што яна не засмяялася, як раней, нават не ўсміхнулася.

— Зараз пачняце запрашаць мяне ў кафэ ці рэстаран? — у голасе здзеклівая насмешка.

— Якраз не. Я вас хацеў запрасіць на паляванне. На лася ці дзіка. У нас на Палессі гэтых звяроў вельмі багата. Вы былі калі-небудзь у лясах над Прыпяццю?

— Не, не была.

— Ну, вось. І на паляванні таксама?

— Таксама.

— Дык я запрашаю вас. Заб’ём дзіка і перакусім дзічынай. Так што, бачыце, у мяне ніякай патрэбы запрашаць вас у рэстаран.

А хутка яны ішлі і размаўлялі, як даўнія знаёмыя. Ён ужо ведаў, што яна балерына аднаго ўкраінскага тэатра, творчая група якога якраз была на гастролях у Мінску, што яе «заціскаюць» у тэатры тупіца-рэжысёр і яшчэ большы тупіца-дырэктар, што ў яе ўжо няма цярпення, і яна, відаць, хутка пачне пратэставаць, і тады яны пашкадуюць.

У той дзень яны яшчэ гулялі ў нейкім скверы, забрылі ў кінатэатр, цяпер ён і не памятае, што там было за кіно, і наогул ён нічога не запомніў з таго дня, а калі і стараўся ўспомніць, то ўспаміналася толькі яна, Дзіна Рэп’ях, і засланяла ўсё... Кончылася сустрэча тым, што ён даў дзяўчыне свой тэлефон і прасіў пазваніць, як толькі тая захоча прыехаць, хаця ён не вельмі верыў, што яна пазвоніць, а тым больш што прыедзе.

І ўсё ж яна і пазваніла, і прыехала...

Прыехала на пару дзён, як сказала адразу ж на станцыі, калі ён яе сустрэў, а прабыла з тыдзень. Прабыла б і болей, каб ён яе не прагнаў.

Прагнаў, а цяпер хоць локці кусай ад самотнасці.

Марк Куніца падышоў да тэлефона, але званіць перадумаў: а раптам гаварыць не стане пасля таго, што адбылося. Не, трэба паехаць да яе неадкладна. Ён заўтра ж і паедзе, адразу ж на досвітку. А цяпер спаць, спаць, паколькі дарога няблізкая... Заснуў хутка і спаў, аж пакуль не скрыганула тармазамі пад вокнамі «Волга». Заехаўшы на кватэру да свайго намесніка, які звычайна пазней прыходзіў на работу, сказаў, што знікае дні на тры, папрасіў, калі раптам падмерзне, прасачыць за захопамі, а то людзі могуць употайкі павазіць сена, і адразу ж скіраваў на шашу...

У той жа дзень пад вечар ён спыніўся ля пад’езда дома, у якім і жыла Дзіна Рэп'ях.

Дзверы адчыніла пажылая жанчына. Відаць, прычэсвалася. Валасы, чорныя з рэдкімі сівымі пасмамі, звісалі на плечы, закрываючы твар з бакоў. Можа, таму адразу і кінуўся ў вочы Марку Куніцу яе нос, вузкі і доўгі. Па носе ён і здагадаўся, што перад ім маці Дзіны.

— Добры дзень,— можа, і больш, чым патрабавала ветлівасць, пакланіўся Марк Куніца.—Мне трэба Дзіна...

— Дзіна! — крыкнула старая праз плячо некуды ў глыбіню кватэры.

— Хто мяне пытае? — падала голас тая. І вось яна ўжо бяжыць праз залу, спатыкаецца ў доўгім, да падлогі, халаце, кідаецца Марку Куніцу на шыю, нібы паміж імі ніколі і не было крыўднай спрэчкі.— Якім ветрам, Марк?

— Да цябе вось...

— Праходзь, праходзь... Мама, гэта Марк... Ну, садзіся, Марк, садзіся, чаю ці чаго? — яна паказала на крэсла ля стала, села насупраць.

— Надоўга, Марк?

— Па цябе,— ён глядзеў на яе, такую радасна ўзбуджаную, і адчуваў, што быў шчаслівы яе радасцю.

— Як — па мяне?

— Ты ж некалі хвалілася, што шафёрам можаш рабіць.

— Магу. Ёсць правы. Паказаць?

— Вядома.

Яна выскачыла з пакоя і вярнулася хутка сапраўды з правамі вадзіцеля.

— Мяне неяк абяцалі зняць у ролі франтавога шафёра, дык спецыяльна курсы канчала,— са шкадаваннем сказала яна.— Ды не запрасілі, нешта ў іх там памянялася. Кіно, адным словам.

Марк Куніца ўважліва агледзеў правы.

— Нармальныя,— заключыў ён.— Справа ў тым, што ў мяне няма вадзіцеля... Пойдзеш? Будзеш заўсёды са мной. Уся мая дзейнасць, так сказаць, на тваіх вачах. Зарплата не меншая, чым у тэатры. Ну, дык як? — дапытліва глядзеў на яе Марк Куніца і сам здзіўляўся, як гэта яму стукнула ў галаву такое — яе вадзіцелем! — але цяпер адступаць было некуды, чакаў, што адкажа.

— А гэта нават цікава...

— Ты згодна?

— Калі паедзем?

— Вядома, зараз. Чакаць няма часу, у саўгасе работы багата.

— Вось зараз, так адразу?

— Вядома.

— Ой, пачакай толькі...— яна стала сярод пакоя, нібы не ведаючы, што рабіць, за што ўхапіцца.— Трэба б у тэатр пазваніць, а то...— яна кінулася да тэлефона, спынілася.— Не, не буду... Хай пазлуецца хоць раз рэжысёр. Не толькі мне злавацца... Мама! Я еду,— крыкнула яна.

— Вячэра будзе ў халадзільніку, дык разагрэеш,— адказала з кухні старая.

— А, няхай думае, што я вярнуся вячэраць,— па-змоўніцку шэптам сказала яна Марку.— Я зараз, пераадзенуся. Можа, пакуль чаю якога?

— Ды ў дарозе.

Мінут праз дзесяць яна выйшла з невялікім чамаданам, перакінуўшы праз руку лёгкае паліто.

— Паехалі.

— Можа, маці сказаць? — прапанаваў Марк Куніца.

— Не трэба. А то такое пачнецца... З дарогі пазвонім,— і яна скіравала да дзвярэй.

Марк Куніца на хаду перахапіў яе чамадан.

 

8

Іван Дубавец сядзеў у сваім невялічкім кабінеціку з адным акном на вуліцу, сядзеў перад чыстым аркушам паперы і думаў, з чаго пачынаць пісаць сваё выступленне па абласным тэлебачанні. Калі Марына Данілава прапанавала гэтае выступленне, ён пагадзіўся адразу, бо тэма яму здалася няцяжкай. Прыкладаў, можна сказаць, узорных адносін да моладзі ў меліяратараў хоць адбаўляй. Узяць хаця б адносіны таго ж Катлова, вопытнага работніка, да яго, Івана Дубаўца, зусім жа зялёнага пачаткоўца на такой маштабнай у параўнанні з ранейшай кіруючай пасадзе. Напрыклад, Катлоў ні разу не намякнуў на яго нядаўнюю пісаніну ў розныя газеты, хаця ў тых допісах Дубавец валіў на меліяратараў усе грахі — іхнія і неіхнія. Дарэчы, Катлоў, аказваецца, не бюракрат і фармаліст, якім раней уяўляў яго і маляваў у сваіх пісьмах Дубавец, а чалавек на дзіва энергічны, смелы, нястомны энтузіяст. Проста прыемна і карысна яму, маладому партыйнаму работніку, працаваць побач з такім чалавекам. Ды ці мала выдатных людзей побач? Узяць хоць бы таго ж машыніста экскаватара Анатоля Уладзіміравіча Гаварушку. Не стары яшчэ сам, а колькі маладых спецыялістаў выпусціў з-пад свайго крыла, не пералічыць. Камуніст, член партбюро. Вучыцца завочна ў інстытуце. Яго былы вучань Рыгор Лінь сёння сам вучыць маладых спецыялістаў.

І хоць узораў работы з маладымі было нямала, Іван Дубавец сядзеў перад чыстым аркушам паперы і не ведаў, пра што пісаць, з чаго пачынаць.

У кабінет зайшоў Катлоў. Ён быў у карычневым, добра адпрасаваным касцюме, у беласнежнай сарочцы. Івану Дубаўцу стала аж няёмка за свой шэры світэр.

— Дык сёння збіраю старшынь тых калгасаў, што прымыкаюць да Альхоўскіх балот. Разумееш, Кузьмянок не падтрымаў мяне, кажа, што не будзе каму працаваць на асушаных землях, маўляў, у калгасаў не хопіць сілы. Дык я вырашыў пагутарыць з самімі старшынямі. Не веру, каб людзям не трэба была зямля. Пойдзем паслухаем. І з райкома нехта павінен быць. Можа, нават сам Кузьмянок пад’едзе.

— Дзякую, Васіль Міхайлавіч. Абавязкова буду,— сказаў Дубавец.

На кожнае мерапрыемства, на кожнае пасяджэнне Катлоў заўсёды запрашаў парторга, а калі што рабіў без яго, то абавязкова потым заходзіў і расказваў, тым самым як бы дапамагаў яму, парторгу, хутчэй ва ўсім разабрацца, хаця на самой справе ўсё было зусім не так. Катлоў, вядома, хацеў, каб Дубавец хутчэй увайшоў у курс усіх спраў будаўнічага ўпраўлення, але толькі не самастойна, а пад яго, Катлова, кіраўніцтвам, каб ён, парторг, на ўсе падзеі, на ўсе з’явы і праблемы глядзеў яго, Катлова, вачыма, ацэньваў усё так, як ацэньвае ён, Катлоў, карацей кажучы, начальнік хацеў бачыць у новым парторгу не проста аднадумцу, а галоўнае, паслухмянага памочніка. І трэба сказаць, што пакуль Катлову ўдавалася ўплываць на Дубаўца, ляпіць з яго такога партыйнага кіраўніка, які і патрэбен быў яму. А Дубавец не толькі верыў яму, а больш таго, нават захапляўся Катловым як таленавітым і маштабным кіраўніком.

Калі Дубавец зайшоў у кабінет да Катлова, той адразу ж падняўся за сваім сталом,— відаць, ён і не распачынаў нараду, чакаў парторга,— агледзеў усіх, усміхнуўся ім добразычліва, як усміхаюцца дарагім гасцям:

— Мы вас запрасілі, таварышы, вось па якім пытанні. Ёсць думка, каб асвоіць басейн ракі Альхоўка. У выніку раён атрымае багата новых зямель. Але ёсць людзі, якія лічаць, што некаму пакуль што будзе гаспадарыць на тых землях, таму з асваеннем Альхоўскіх балот варта які час яшчэ і пачакаць...

Пакуль Катлоў гаварыў, Дубавец паспеў агледзецца. Ля стала начальніка сядзеў другі сакратар райкома Новік і засяроджана слухаў прамоўцу. Быў тут і Леанід Майсеевіч Борух, начальнік сельгасупраўлення, які рабіў усё нейкія запісы ў блакноціку; сядзеў і Жук Леанід Паўлавіч, старшыня калгаса, з якога быў родам Дубавец,— ён з ім павітаўся кіўком буйной, заўсёды паголенай галавы; былі тут і іншыя старшыні, прозвішчы якіх Дубавец не помніў.

Пасля Катлова пачалі выказвацца старшыні калгасаў. Ніхто не быў супраць дадатковай зямлі. Дубаўца ўразіла толькі тое, што не было агульнай думкі наконт спосабу асушэння. Адны гаварылі адно, другія зусім іншае, былі такія, што ім абы зямля, а як яе будуць асушаць, іх не цікавіла.

— Ну, а вы што маўчыце? — звярнуўся Новік да Жука.— Ваш жа калгас бліжэй за ўсіх да масіву, так што... зацікаўленасць павінна быць большая, чым у каго.

— Калі глядзець на гэта з пункту гледжання нашага калгаса,— пачаў разважліва Жук,— дык я наогул супраць. Не трэба чапаць ні тых балот, ні ракі... Хай будзе, як было. Там жа заліўныя лугі. Сена з іх ніякай травой не заменіш. У нас зрабілі такі эксперымент. Адзін аспірант з Мінска рабіў. Адну групу кароў кармілі і сіласам, і пойлам, і бульбай, і караняплодамі. А сена з заліўных лугоў не давалі. Дык хварэлі кароўкі. Не ўсе, а было. А сярод тых, што елі сена, ні адна не захварэла. Гэта ж таксама эканоміка. Можа, лепей хмызнякі ўбраць, ды месцамі падраўняць, ды тукаў падсыпаць... І затрат небагата, а карысць відавочная. Гэта адзін бок праблемы. А другі такі. Навокал у нас багата лясоў. На тэрыторыі калгаса працуе шэсць грыбаварных пунктаў. Ягад таксама багата. Мае пенсіянеркі ўсю вобласць журавінамі забяспечваюць. А гэта ж і даход калгаснікам, і карысць для дзяржавы.

— Не варта мясцовыя вузкія інтарэсы прыкрываць дзяржаўнымі,— заўважыў Новік.

— Калі глядзець у перспектыву, то, напрыклад, нашаму калгасу зямля не памяшае,— пачаў добра знаёмы Дубаўцу старшыня «Ударніка» Станіслаў Юр’евіч Палашанка. Ён гаварыў энергічна, часам без патрэбы разводзячы рукамі, дорачы ўсмешкі кожнаму, хто яго слухаў і да каго ён звяртаўся. А звяртаўся ён больш да Катлова і Новіка.— Вось толькі што хочацца сказаць. Вы робіце па праектах, а праекты ж часам дрэнныя. Яны часам не адпавядаюць патрабаванням захавання прыроды. Чым яна, гэтая прырода, ужо так нам насаліла, што мы з ёй абыходзімся, як з ворагам? Парабілі з рэчак канавы. Маўляў, інакш нельга. А можа, і можна? Вось зараз сапсуюць яшчэ Альхоўку, і ўсё. У такім раёне, як наш, не будзе дзе і дзеткам пакупацца. Можа б, падумалі там інжынеры, як захаваць рэчку. Адну на ўвесь раён. А потым жа і грыбкі мы ўсе любім. Я не згодзен, каб іх не было...

Дубавец слухаў кожнага і амаль з кожным пагаджаўся. Ён і сам так думаў. Але цяпер ён разумеў, сутыкнуўшыся з практыкай меліяратараў, што, акрамя неблагіх пажаданняў, існуе навуковы разлік. Карацей кажучы, ніхто з прысутных, і сам Дубавец, які не так даўно багата пісаў у сваіх пісьмах пра меліярацыю, не могуць навукова абгрунтаваць свае думкі. Не хапае ведаў у іх, не хапае ведаў і ў яго, Дубаўца. Ён, інжынер, можа расчарціць, як і дзе канаву пракапаць, як збудаваць вадасховішча, а як гэтыя збудаванні паўплываюць на акаляючую прыроду, ён не ведае, ды яго ніхто гэтаму і не вучыў... Цікава, што ж скажа начальнік сельгасупраўлення? Здаецца, ён збіраецца выступаць, вунь хавае блакноцік у кішэню. І сапраўды, падняўся Леанід Майсеевіч Борух.

— Я слухаў тут усіх уважліва. Прыемна, што такая заклапочанасць пра зямлю нашу. Клопат, як кажуць, высакародны. Але ж высакародны клопат і ў нашага Васіля Міхайлавіча Катлова. Гавораць, што не справімся з такой дабаўкай зямлі. Правільна. Сёння не справімся. А заўтра? Пакуль зробяць праект...

— Зробяць хутка,— сказаў Катлоў.

— Ведаем, як робяцца праекты,— адказаў яму Борух.— Не адзін раз рак свісне. А потым той зямлі, якую нам падорыць Катлоў, будзе не тое што багата, а яшчэ і мала. Планы ж вытворчасці сельгаспрадуктаў растуць, так што асушаныя тарфянікі не будуць лішнімі. Гэта сотні тон малака, мяса і гэтак далей.

— Тут таварышы, я падрыхтаваў ад імя ўсіх вас пісьмо ў абком партыі,— падняўся Катлоў.— Падпішам яго, калі не супраць. Гэта дапаможа хутчэй уключыць праект у план.

— А можна зрабіць так, каб сапраўды не чапаць гэтую самую Альхоўку? — спытаў Дубавец.— Цудоўная ж рачулка...

— Усё можна,— засмяяўся Катлоў.— Гэта залежыць ад таго, якую мэту паставіць перад сабой. Ці з вудай сядзець, ці пшаніцу вырошчваць? Дык няма пярэчання, каб звярнуцца ў абком за дапамогай?

 

9

Ідучы на работу, Кузьмянок заглянуў у двор, дзе стаялі клеткі з трусамі. Пагладзіў аднаго, другога. Звяркі ведалі яго руку, давалі сябе памацаць за спіны, за вушы, калі ж гэтая рука тузала іх, падатліва адхіляліся пад яе націскам, але не ўцякалі. Кузьмянок так захапіўся вушастымі цельпукаватымі стварэннямі, што і не заўважыў, як у двор зайшоў сакратар абкома Сініцын. Ён стаяў у раскрытых веснічках, высокі, у цёплым шэрым берэце і ў зялёным, як салдацкі, плашчы.

— Прывітанне, Андрэй Цітавіч,— усміхнуўся Сініцын. Усмешка ў яго была прыгожая, белазубая, як у дзяўчыны.— Я думаю, ён недзе на раёне падымае надоі, а ён цешыцца тут...

— Ды цешуся... у чаканні машыны. Хацеў праехацца на раён, Іван Фёдаравіч, аднак нешта вадзіцель затрымаўся, мо на запраўку паехаў...

— Няхай запраўляецца, паедзем на маёй,— ён паціснуў Кузьмянку руку, акінуў вачыма клеткі.— А ну, пакажы, што там у цябе за шэрае цуда? — і Сініцын скіраваў да клеткі з буйным трусікам, гонарам Кузьмянка.— Ды за такую жывёліну табе, я скажу, медаль трэба. Колькі кілаграмаў?

— Не ўзважваў.

— Які ж ты фермер, што не сочыш за прывагай?

— Ды я не вельмі, у асноўным жонка. Яна біёлаг, зараз на пенсіі...

— Гавары, гавары, а то я не ведаю...— і Сініцын хацеў узяць велікана за вушы, але той адскочыў у куток клеткі — А ён драпаецца ў цябе...

— I я, канечне, іншы раз люблю павазіцца... Супакойвае... А вы, Іван Фёдаравіч, снедалі?

— Дзякую, Андрэй Цітавіч. Тым больш што я люблю свінінку, а не гэтых вушатых...

— Я на дыэце, так што... А потым, Іван Фёдаравіч, іх мяса...

— А што табе застаецца, як толькі хваліць гэтую пасняціну,— і Сініцын зноў усміхнуўся, зырка, белазуба.— А сам снедаў? А калі снедаў, то, можа, паедзем са мной. Я да Куніцы. А ты куды хацеў?..

— Паедзем да Куніцы,— пагадзіўся Кузьмянок, бо на самой справе нікуды не збіраўся ехаць, і падумаў: «Што ж прымусіла Сініцына прыехаць? Ці не дайшлі і да яго скаргі на Куніцу?» Кузьмянок чакаў, што ў машыне Сініцын загаворыць пра гэта, але ён пачаў зусім пра іншае.

— Дык чуеш, Андрэй Цітавіч, учора ў мяне быў ваш Катлоў.

— Быў і ў мяне,— сказаў Кузьмянок.— Вы лічыце, што ён мае рацыю, Іван Фёдаравіч?

— Той, хто жыве будучыняй, той заўсёды мае рацыю,— па-філасофску адказаў Сініцын, і Кузьмянок зразумеў, што ў абкоме партыі Катлова падтрымалі, а пра Катлова падумаў: «Глядзі які, не пазваніў, не пахваліўся...»

— Вы падтрымалі?

— Вядома. Між іншым, мяне крыху здзівіла ваша пазіцыя...

— Я быў супраць,— прызнаўся Куьмянок.— Лічу, што ранавата ў такіх маштабах... У апошнія гады мы нямала перадалі тарфянікаў калгасам. Дык яны што робяць? Кідаюць мінералку, перадаюць яе лясгасам, а пераходзяць на тарфянікі. Выгадней. Ну, дзе пяскі, то няхай. Але часам кідаюць і нядрэнныя землі. А тут Катлоў хоча асушыць такі масіў, які нашым гаспадаркам проста не асіліць. Вядома, пакуль што...

— Калі падыходзіць да прапановы Катлова раённай меркай, то твая праўда... А калі па-дзяржаўнаму? Мы, можа, новы саўгас на гэтых тарфяніках пабудуем. Дадзім табе яшчэ адзін «Усход». У нас ёсць раёны, дзе спяць у шапку, так што грошы знойдзем.

— Калі так, то.. я за,— сказаў Кузьмянок і ўжо пашкадаваў, што сам не падумаў у такім плане, сам не звярнуўся з такой просьбай да Сініцына. І вось цяпер Сініцын і ўпікнуў яго гэтай раённай меркай, хаця, калі ён, Кузьмянок, быў супраць ідэі Катлова, дык яшчэ меў на ўвазе не толькі эканамічны бок праекта.

— На жаль, мы не навучыліся захоўваць рэкі,— нечакана для Кузьмянка сказаў Сініцын.— Але Катлову перашкаджаць не трэба. Людзі шукаюць, думаюць, працуюць творча. А гэта нам з вамі, Андрэй Цітавіч, усяляк трэба падтрымліваць. Творчасць мас — у гэтым наша сіла.

Болей усю дарогу не гаварылі пра што-небудзь значнае, перакідваліся думкамі пра розныя дробязі, а часцей маўчалі. Кузьмянка непакоіла адно — чаго прыехаў у раён Сініцын. Не для таго ж, каб сказаць, што ў яго быў Катлоў, ці наведаць саўгас «Усход». Нават калі ёсць скаргі з таго саўгаса. Не, нешта больш значнае прывяло яго сюды, дык чаму не гаворыць, раней жа заўсёды гаварыў.

Куніцу яны ўбачылі на вуліцы новага саўгаснага пасёлка. Дырэктар саўгаса ішоў праз двары і выцягваў толькі што пасаджаныя кволыя бярозкі. Побач ішоў чалавек у капелюшы, з жоўтай папкай і, размахваючы рукамі, нешта горача даказваў дырэктару. Вось Куніца раптам замахнуўся на яго толькі што выцягнутым дрэўцам — з карэнняў у бакі паляцелі камякі зямлі.

Сініцын моўчкі паглядзеў на Кузьмянка, той цялёпнуў плячыма.

Куніца іх заўважыў, калі яны выйшлі з машыны. Выцер рукі аб крыссе плашча, паспяшаўся да іх. Кепка ў яго з’ехала набок, твар расчырванеўся, бровы ўскудлаціліся — увесь ён нагадваў ваяўнічага вераб’я, які толькі што выскачыў з пераможнай бойкі.

— Гэта што за вандалізм? — спытаў Сініцын.

— Ды гэта ж,— азірнуўся Куніца, але таго чалавека з папкай ужо нідзе не было відаць, змыўся.— Зеленгас. Заключыў з імі дагавор, каб увесь саўгас абсадзіць ліпамі. Я планую пасеку, санаторый для рабочых, і мне трэба ліпавы мёд. А потым ліпы — прыгожа. Уявіце, калі яны зацвітуць, які тут водар будзе. І пчолы звіняць. Яны ж мне прывезлі бярозы. А бяруць за ліпы. Учора папярэдзіў. Не, садзяць. Ну, я і...

— Ясна,— сказаў няўпэўнена Сініцын.

— Мяне больш за ўсё абурае, Іван Фёдаравіч, вось гэтае жаданне абдурыць. Каго ж ты абдурваеш, бюракрат гэтакі? — ён зноў азірнуўся, нібы хацеў знайсці таго з жоўтай папкай.— Каму ты хочаш вочы замазаць?..

— Ну, супакоіўся? — усміхнуўся Сініцын.

— А я і не хваляваўся,— выцер Куніца рукавом спацелы лоб.

— Можа, пагутарым?

— Пойдземце да мяне,— запрасіў іх Куніца і махнуў рукой маладой дзяўчыне, што корпалася ля «козліка», які стаяў на дарозе крыху далей. Дзяўчына села ў машыну і паехала да канторы.

— Нам свае абрыдлі кабінеты... Можа, прагуляемся? — і Сініцын запрасіў Куніцу да сябе ў машыну.— Ну, пакажы нам свае шматгадовыя травы.

Куніца сказаў вадзіцелю, куды ехаць.

— Як ідзе будаўніцтва? — пацікавіўся Сініцын.

— Кароўнік здадзены, канчаем свінарнік, распачалі кацельню. Да зімы не паспеем, завезлі гатовыя катлы,— адрапартаваў Куніца.

Праехалі пасёлак, невялічкую вёсачку, якая нядаўна гублялася сярод непраходных балот, а цяпер здзіўлена паглядвала на свет маленькімі акенцамі з-пад насупленых саламяных дахаў.

— Даваенная яшчэ,— расказваў Куніца.— Будзем зносіць.

— Не супраць людзі? — пацікавіўся Сініцын.

— Як хто... Наогул, не. Тут прыязджаў карэспандэнт і прыстаў да аднаго дзядка, ці не шкада яму балота. Дык яму ведаеце што адказаў дзядок? Я, кажа, раней у раён два тыдні ехаў на кані, а цяпер на лісапеце за паўгадзіны. А ты, дурань, пытаеш, ці не шкада мне балота.

Спыніліся ля роўнага, як адпрасаванага, поля, якое ляжала зялёным дываном.

— Вось мая трава. Узяў два ўкосы. Першы пайшоў на сянаж, другі — на сілас.

Сініцын ступіў на поле, мурог асеў пад яго нагой.

— Ого, трэба ўцякаць, а то Куніца аштрафуе за патраву. Тут павінен быў сеяць жыта?

— Тут,— адказаў Куніца.

— Забараніў?

— Забараніў. Хіба я мог дазволіць пераараць такі луг? Не мог. Тут жа тарфяніку паўметра. Будзем сеяць жыта, дык гадоў праз колькі памінай як звалі той тарфянік. Пад травой жа хопіць тарфянікаў нам і нашым унукам. А трава — гэта мяса. Мяса саўгас прадаў дзяржаве ў гэтым годзе паўтара плана, а да канца года будзе і два.

— Выдатна,— сказаў Сініцын.— Але...

Кузьмянок насцярожыўся, Куніца ж, здавалася, і ўвагі не звяртаў на гэтую шматзначную паўзу.

— Навошта з кіраўніцтвам у хованкі гуляць? — спытаў Сініцын.

— У якія хованкі? — здзівіўся Куніца.

— У мінулым годзе ты па жыце пасеяў траву?

— Пасеяў,— прызнаўся Куніца.

— А потым адмовіўся яе араць...

— Хто ж будзе знішчаць такі луг? Самі ж бачыце...

— І як вы трымаеце такога свавольніка? — Сініцын паглядзеў на Кузьмянка, усміхнуўся.— Вы і не ведалі, што пад бокам у сябе вырасцілі такога? Пакуль мы там думаем, ламаем галовы, як перабудаваць сельскую гаспадарку Палесся, Куніца не чакае нашых указанняў, робіць усё сам і ставіць нас перад фактамі...

— Я не ведаў пра гэта,— пачаў, нібы апраўдваючыся, Кузьмянок.— Я і на абласной партыйнай канферэнцыі гаварыў пра неабходнасць рашуча перагледзець структуру пасеваў на Палессі...

— Чуў я ваша выступленне, Андрэй Цітавіч,— гледзячы на Кузьмянка ў нейкім загадкавым роздуме, сказаў Сініцын, а потым звярнуўся да Куніцы: — Вось што, Куніца. Падрыхтуй запіску на маё імя. Падлічы ўсё. Колькі будзеш даваць мяса, калі пяройдзеш цалкам на яго вытворчасць. Я думаю, Андрэй Цітавіч, у нас хопіць з вамі сілы ўзаконіць яго вопыт.

— Я лічу, што даўно пара. І не толькі з гэтым саўгасам, а наогул перагледзець...

— Ну, дарагі Андрэй Цітавіч, не магу ж я тут прама на полі ўсе праблемы вырашыць,— засмяяўся Сініцын, дружалюбна абняў сакратара райкома за плечы, павёў да машыны.— Пытанне не такое простае, як здаецца. Трэба, каб вы нам пісалі, даказвалі, падлічвалі, каб у нас былі матэрыялы, доказныя матэрыялы. А вы маўчыце, чакаеце ўказанняў зверху, у лепшым выпадку свавольнічаеце,— і ўжо ў машыне працягваў развіваць сваю думку: — Чаму мне падабаецца твой Куніца? Думае чалавек... Відаць, наша задача з вамі, Андрэй Цітавіч, вучыць людзей рабіць у кожнай канкрэтнай сітуацыі тое, што найбольш неабходна. Як ты? — ён цяпер спытаў у Куніцы.

— Я — за,— хуценька адказаў той.

У саўгасным пасёлку ля канторы, куды падвезлі Куніцу, той пачаў запрашаць гасцей да сябе падсілкавацца.

— Дзякуем,— сказаў на развітанне Сініцын.— Прыедзем на твой ліпавы мядок. А сёння ў нас часу не вельмі...

Сініцын нічога не гаварыў вадзіцелю, і той, як толькі выехалі на шашу, павярнуў не ў райцэнтр, а ў супрацьлеглы бок. Кузьмянок сядзеў і думаў, куды ж ён павязе яго цяпер, бо каб ён, Сініцын, хацеў што паглядзень у раёне яшчэ, то спытаў бы ў яго, Кузьмянка, куды і як праехаць, а то ж маўчыць.

Раптам машына, збочыўшы з шашы, спынілася на лясной дарозе ля пракаветных дубоў. Дубы раслі ўперамешку з клёнамі, там-сям свяціліся гонкія бярозкі. Далей пачыналіся саснякі, яны цягнуліся на многія кіламетры, а потым — зноў дубровы, ажно да самай ракі Альхоўкі.

— Я заўсёды, як еду міма, люблю пахадзіць сярод гэтых волатаў. Мала дзе цяпер захаваліся такія дубы,— ішоў Сініцын і, як гарэзлівае хлапчанё, заграбаў нагамі апалае з клёнаў і бяроз лісце. Яно было ў расе — цяпер раса на ім трымалася ледзь не цэлы дзень — і чаравікі ў сакратара блішчалі ад вільгаці. Аднак ён не заўважаў гэтага. Дубы ж яшчэ лісце не абсыпалі, і яно вісела ржавае, пакручанае сонцам і вятрамі. Яны пайшлі па зарослай травой дарозе — відаць, даўно па ёй не ездзілі,— у глыбіню лесу, дзе было ціха, толькі чулася, як зрэдку зрывалася з дрэў цяжкая раса.— У такім лесе неяк маладзееш...

— З таго боку над Альхоўкай дубровы яшчэ прыгажэйшыя. Вы там ніколі не былі? — спытаў Кузьмянок.

— Не давялося...— адказаў Сініцын, памаўчаўшы, працягваў: — Нічога не скажаш, прыгожы ў цябе раён і людзі прыгожыя. Цяпер я разумею, што цябе трымае

Кузьмянок насцярожыўся.

— Іншыя сакратары рвуцца ў вобласць. І гэта заканамерна. Работа наша нялёгкая. Працуем без выхадных. Людзі стамляюцца. Вось і цягне іншага на спакайнейшае месца ды на цяплейшае. Чалавеку ж хочацца і адпачыць. Вы колькі ўжо тут?

— Больш як дваццаць,— адказаў Кузьмянок.

— А не цяжка так доўга на адным месцы? Багата знаёмых, аслабляецца патрабавальнасць.

— А мне здаецца — лягчэй. Ведаеш добра кадры, ведаеш, як да каго падысці. Так што...

— Можа, і так, але новаму чалавеку крыху прасцей, ні з кім і нічым не звязаны.

— Можа быць,— раптам адчуў Кузьмянок, што спрачацца няма ніякага сэнсу, што, відаць, у Сініцына ёсць гатовае рашэнне, толькі ён пра яго не кажа адразу, а разводзіць дыпламатыю, падыходзіць здаля, хаця ён, Кузьмянок, бачыць усё і без гэтых падыходаў, а таму і спытаў зусім нечакана для Сініцына: — Калі лічыце, што не спраўляюся, Іван Фёдаравіч, то... А калі спраўляюся, прашу яшчэ даць магчымасць папрацаваць.

— Планы, задумы? Ці трусоў шкада? — апошнія словы прагучалі нават крыху жорстка.

— Вядома, галоўнае — трусы...

— Даруй за няўдалы жарт.

— Па-першае, хацелася б быць да канца, да самай пенсіі, маю на ўвазе. Ці хаця б да таго часу, пакуль будзе чалавек на змену.

— Лічыш, няма?

— Можа, і ёсць, ды я не ведаю... Але мне хочацца перадаць раён у рукі чалавеку, які б жыў дзеля яго, дзеля яго будучыні, а не глядзеў на гэтую пасаду як на часовую. Такія працуюць добра, але часам дзеля сённяшняга дня забываюць пра заўтрашні. А калі чалавек збіраецца жыць у раёне не часова, ён будзе думаць і пра заўтрашні дзень раёна...

— Ведаеш, Андрэй,— раптам пачаў дружалюбна Сініцын.— Зайздрошчу я табе, урос ты ў сваю зямлю, як гэты волат,— ён пагладзіў рукой па каструбаватай кары дрэва,— і ні з месца. Сам ведаеш, што зроблена за жыццё, і людзі ведаюць. Цэлая гісторыя ў жыцці раёна. А я праездзіў... На многіх пасадах быў, а вось нідзе не пакінуў сябе цалкам... Відаць, у мяне не было такой любові да свайго куточка зямлі, як у цябе.

— Можа, я проста баяўся маштабаў,— сказаў сціпла Кузьмянок.

— Гавары, гавары...— усміхнуўся белазуба, па-сяброўску Сініцын.— Дык, кажаш, не стаміўся? Што ж, кіруй, кіруй. Хацеў табе дапамагчы...

— Дзякую,— сказаў Кузьмянок.— Пастараюся зрабіць усё, каб да нашага раёна не было ніякіх прэтэнзій.

— Ну, навошта так ужо афіцыйна? — Сініцын лёгка ўзяў за плячо Кузьмянка.— Мяне проста пацягнула на сентыментальнасць... Такі цудоўны лес... Ледзь не забыўся пра галоўнае. Пакажы мне тыя балоты, што збіраецца асушыць Катлоў. Дзеля гэтага я і ехаў. Бо засела ў мяне думка пра новы саўгас...

«Гавары, гавары, што дзеля гэтага ехаў,— думаў Кузьмянок,— цяпер я ведаю, дзеля чаго ты ехаў...» А ўслых сказаў:

— Паедзем паглядзім... Там ёсць адно вельмі прыгожае месца.

— Вось і паехалі... Прыкінем, ці падыходзіць тое месца для сядзібы саўгаса,— Сініцын яўна хацеў пераключыцца на іншае, каб Кузьмянок хутчэй забыў, відавочна, непрыемную для яго гаворку.

 

10

— На свінарнік,— сказаў Куніца, калі садзіўся ў машыну.

Дзіна крута развярнула «козліка»...

— Што? Усыпалі? — спытала яна, кінуўшы кароткі позірк на мужа.

— Усыпалі! — хмыкнуў Куніца.— Поўнае адабрэнне маёй праграмы. Сказалі — дзейнічай і не вагайся, маўляў, ты наш разведчык і перадавік.

Машына спынілася ля новага мураванага комплексу. Тры вялікія памяшканні злучаліся паміж сабой галерэямі. Вокны былі ўсюды ўжо зашклёны. Уся будоўля абнесена сцяной з бетонных рашотак. У двары валяўся цагляны і іншы будаўнічы друз, бітае шкло, металічныя канструкцыі.

— Дзе прараб? — закрычаў Куніца, не паспеўшы выскачыць з машыны і не разгледзеўшы, ці ёсць хто з будаўнікоў блізка. І калі на яго пытанне ніхто не адгукнуўся, ледзь не пабег у першыя ж расчыненыя дзверы, якія былі бліжэй. У памяшканні, крыху змрачнаватым пасля вуліцы, ён зноў паклікаў прараба, яго голас рэхам пакаціўся па збудаванні, паўтарыўшыся некалькі разоў у закутках.

— Ён у кацельні,— нечая галава ў мурзатай кепцы высунулася з канавы і зноў схавалася. Там замігалі бліскавіцы электразваркі.

Прараб і сапраўды быў у кацельні. Разгарнуўшы чарцяжы на скрынцы з-пад абліцовачнай пліткі, ён нешта паказваў рабочым.

— Станкі зманціравалі? — спытаў Куніца ў прараба, вітаючыся за руку.

— Распачалі, Марк Ліпавіч.

— Ламаць!

— Як ламаць?

— Усё ламаць! Свіней не будзе. Тут будуць стаяць бычкі-адкормачнікі. Вось пад быкоў і рабіце.

— Мы ж пачалі манціраваць...

— Паламаць!

— А праект? — не верыў сваім вушам прараб.— А абсталяванне? У мяне ж ніякая камісія не прыме кароўнік, калі па плану свінарнік.

— Прыме... А не, дык дамовімся. Я падпішу табе, што зрабіў свінарнік. Не ўложышся ў смету, падлічы, колькі чаго. Але цяпер не гэта галоўнае. Ты мне лепей скажы, што трэба, каб зрабіць кароўнік...

— Рашоткі ў падлогу. Такія, як на комплексе,— сказаў прараб.— Але ў нас іх няма.

— Ведаю. Мы іх у мінулым годзе вам дабывалі.— Куніца на які момант задумаўся.— Вось што... У мяне зараз з тэхнікай не вельмі... Можаш раздабыць грузавікоў пяць на заўтра? У Жытомір. Праз дзень будуць рашоткі.

— Трэба падаць заяўку.

— Падавай. А я паеду ў кантору, буду званіць у Жытомір.

— Дык ламаць? — усё не верыў прараб.

— Ламаць, ламаць...— і Куніца ледзь не пабег да машыны.

Ля канторы сказаў жонцы, каб знайшла загадчыцу магазіна і прывезла да яго, а сам падняўся ў кабінет і адразу ж заказаў Жытомір. Ад нецярпення не сядзелася, ён насіўся па кабінеце, паглядаў у акно, сачыў за сваёй машынай. Вось яна спынілася ў канцы вуліцы, ля магазіна,— там быў часовы магазін, гандлёвы цэнтр будаваўся яшчэ побач з Домам культуры,— пастаяла, назад не павярнула, паехала далей... Паехала па пасёлку шукаць тую загадчыцу. «Гэта ж пакуль не знойдзе, не вернецца...» У другое акно, якое выходзіла ў напрамку жывёлагадоўчага комплексу, было відаць, як згружалі з грузавіка ліпкі-сажанцы на пустыры паміж двухпавярховымі дамамі і фермай. Раптам ён заўважыў, як да комплексу пад’ехаў сіні «козлік». Такая машына была толькі адна ў раёне. На ёй ездзіў старшыня райвыканкома Мікалай Сяргеевіч Буслік. Куніца не здзівіўся ніколькі яе з’яўленню. Ледзь не кожны дзень заглядваў на ферму Буслік, сачыў, каб будаўнікі зрабілі там усё да маразоў. Куніца ніколькі не крыўдаваў на такое апякунства, бо частае з’яўленне Бусліка прыкметна падштурхоўвала будаўнікоў. І быў ён не доўга, заедзе, спытае, гляне і паехаў. А сёння ён нешта затрымаўся. Цікава, што яго там затрымала. Паглядзець бы, дык, як назло, нешта марудзяць з Жытомірам. Куніца пазваніў на тэлефонную станцыю, папрасіў як мага паскорыць заказ. Хутка далі Жытомір. Дырэктара завода не было. Пераключыўся на аддзел збыту. Сказалі, што патрэбная рашотка ёсць, а вось ці адпусцяць яе без нарада, не ведаюць. Хутчэй за ўсё, што не. Ды Куніца і не стаў слухаць да канца, яму важна было ведаць, што яна ёсць. Ён хутчэй развітаўся, паклаў трубку і заспяшаўся на кароўнік.

Буслік, хударлявы, высокі, з буйным мясістым носам на танклявым твары, распякаў галоўнага інжынера саўгаса Юніцкага, распякаў за раўнадушша, за ляноту, у якіх толькі грахах яго ні абвінавачваў, а той стаяў перад ім навыцяжку, разгублены і расчырванелы ад напружанага жадання ўставіць у апраўданне хоць слоўца, ды паўзу ў імклівай гаворцы старшыні не было як адшукаць.

— Дык гэта ж не мы, а «Сельгастэхніка»,— раптам удалося выпаліць некалькі слоў Юніцкаму.

— Вы галоўны інжынер саўгаса,— з яшчэ большай сілай пасыпаліся на яго галаву абвінавачванні,— і за ўсё, што тут робіцца, у першую чаргу адказваеце вы. Толькі вы. Мінулы раз вы мне абяцалі, што праз два дні кацёл будзе стаяць на месцы і нават будзе дыміць. Дзе ваш дым?

— Праз дзень будзе дым,— зноў удалося прарвацца праз слоўны вадапад Юніцкаму.

— Калі б вы былі на справы такі шчодры, як на абяцанні. Праверу праз дзень, і калі не, дык глядзіце ў мяне.

— Што тут за вайна? — падышоў да іх Куніца. Ён сваім незалежным і вясёлым выглядам нібы знарок падкрэсліваў, што яго менш за ўсё цікавіць, чаго тут сам старшыня райвыканкома, і зусім не цікавіць, чаго ён так расхадзіўся.

— Гаспадары, называецца,— акінуў строгім бескампрамісным вокам цяпер абодвух Буслік, але ў голасе было меней металу.— Дайшлі, каб вашым катлом займаўся старшыня райвыканкома. Ці вы думаеце, ваш саўгас абыдуць маразы? А калі сістэма размарозіцца і пяцьсот кароў застануцца без вады? Самі ў вядзёрках насіць будзеце?.. Дык каб жа той работы, а то ўцягнуць кацёл у памяшканне ды прыварыць трубу.

— Заўтра будзе дым,— скараціў абяцаны тэрмін яшчэ на адзін дзень Юніцкі.

— Чаму заўтра? — Куніца, не звяртаючы ўвагі на суровасць Бусліка, бадзёра спытаў у яго.— У вашага шафёра, Мікалай Сяргеевіч, ёсць трос?

— Не ведаю,— нічога не разумеў Буслік.

— Ёсць, ёсць,— падышоў вадзіцель.

— Давай сюды,— камандаваў Куніца.— Вось зараз зачэпім вашым «козлікам», Мікалай Сяргеевіч, і за якую мінуту зацягнем кацёл. Калі вы, вядома, не супраць...

Тым часам Юніцкі, які адразу ж разгадаў манеўр Куніцы, ужо мацаваў трос да катла, паказваючы вадзіцелю, як заязджаць. І «козлік», заехаўшы праз вароты ў кароўнік, даволі лёгка пацягнуў кацёл на жорсткай раме, пад якую Куніца з Юніцкім падкладвалі абрэзкі металічных трубак, якіх тут валялася нямала. Але ў дзвярах кацёл упёрся рамай у парог, і яго давялося падважваць ламамі. Буслік, зняўшы паліто, таксама разам з усімі налягаў на лом і камандаваў уладарна: раз, два — узялі!

А потым усе дружна запіхалі той кацёл у невялікі бакавы пакой, у якім яму і суджана было стаяць аж да таго часу, пакуль не закончаць будаўніцтва цэнтральнай кацельнай. У Бусліка ўзмакрэў лоб ад натугі, і ён, каб не застыць, хутчэй накінуў паліто на плечы.

— Вось гэта канкрэтная дапамога,— сказаў яму Куніца.

— Абрадаваліся, што дармовая сіла,— засмяяўся даволі добразычліва старшыня райвыканкома.

— Знайдзіце зваршчыка,— загадаў Куніца галоўнаму інжынеру,— і каб праз гадзіну кацёл дыміў. Абавязкова. Я праверу.

А ў старшыні райвыканкома спытаў:

— У вас ёсць якая справа да мяне?..

— Не,— павадзіў носам у бакі Буслік.— Паеду, а то яшчэ якую работу знойдзеш,— і, развітаўшыся, пайшоў да машыны.

Куніца таксама падаўся ў кантору, спадзеючыся, што там даўно чакае яго загадчыца магазіна. Але ніхто яго не чакаў, нават ягонай машыны ля канторы не было. Куніца па ўнутраным тэлефоне аддаў тэрміновыя распараджэнні наконт заўтрашняй паездкі ў Жытомір, потым паклікаў эканаміста і, расхаджваючы па кабінеце, заглядваючы ў вокны, пачаў па пунктах дыктаваць, што і як спланаваць, падлічыць у сувязі з пераходам саўгаса «Усход» поўнасцю на вытворчасць малака і мяса. За гэтым заняткам іх застала Дзіна, якая зайшла ў кабінет разам з загадчыцай магазіна.

— Вось што, Піліпаўна, бярыце маю машыну і едзьце ў рыбгас. Я туды зараз пазваню. Вазьміце кілаграмаў дваццаць вэнджанай рыбы, выпішыце на свой магазін, потым разлічымся. І завязіце адразу ў гараж, заўгару.

Дзіна прыехала аж у канцы рабочага дня. Дырэктар саўгаса, убачыўшы машыну пад вокнамі, выйшаў на вуліцу.

— Усё зроблена,— коратка далажыла Дзіна.— Можа, ужо дамоў паедзем?

— Паедзем,— не пярэчыў Куніца.

— А каму гэта рыба? — спытала яна, вырульваючы на дарогу.

— Дырэктару не абавязкова адказваць на пытанні сваіх падначаленых.

— А на пытанні жонкі?

— Жонцы можна. Мае людзі заўтра паедуць у Жытомір па рашотку, дык каб не стаялі ў чарзе.

— Ясна. З-за твае падхалімажнай натуры мы сёння засталіся без абеду і, здаецца, без вячэры.

— Будзем піць чай,— сказаў Куніца.— Мы ўжо даўно не пілі чаю... Карысна. А то я ад тваіх рэгулярных абедаў пачаў абрастаць салам.

 

11

Пасля таго як Катлоў пабыў у абкоме партыі, яму давялося яшчэ багата паездзіць і ў абласное ўпраўленне меліярацыі, і ў трэст, і ў глаўк, пакуль пытанне было вырашана. Самае дзіўнае заключалася ў тым, што ўсе былі «за», усе абяцалі, але ніхто нічога не мог зрабіць, каб паскорыць справу з праектам.

Між тым час ішоў. На добры лад, дык трэба было б ваўсю рыхтавацца да работ на новым аб’екце, і многае можна б зрабіць да маразоў, але ніхто не рыхтаваўся, бо не было пэўнасці, як і што рабіць. І вось, нарэшце, пазванілі, што праект уключаны ў план і, згодна з графікам, гады праз два будзе гатовы. Катлоў рашыў ехаць у Пінск да сваіх знаёмых інжынераў, што абяцалі папрацаваць над праектам. Аднак тыя прыехалі самі. Катлоў прыйшоў раніцай на работу, а яны ўдвух — барадаты курносы Чаромухін і светлавалосы Лапіцкі — сядзелі ў яго прыёмнай. Катлоў па-сапраўднаму абрадаваўся, яго пакінулі сумненні: паверыў, што праект будзе зроблены своечасова.

— Мы спадзяёмся, наша дамоўленасць застаецца ў сіле,— пачаў Чаромухін нібы штучным баском.

— Вядома, вядома,— пастараўся іх запэўніць Катлоў.

— Але каб распачаць работу, трэба дадатковая разведка. Мы ўзялі некалькі дзён за свой кошт і з гэтай мэтай прыехалі. Самім нам, вядома, гэта не па сіле, спадзяёмся, вы нам дапаможаце.

— Вядома,— усміхнуўся Катлоў.— Колькі часу вам спатрэбіцца на гэтую самую разведку?

— Месяц,— адказаў барадаты.

— Гледзячы колькі будзе памочнікаў,— сказаў разважліва светлавалосы. Да гэтага ён увесь час маўчаў, не выказваўся, а толькі кіўком галавы пацвярджаў тое, што гаварыў барадаты.— Асноўныя параметры па басейну мы маем. Але многае трэба ўдакладніць. Асабліва па мелказалежных тарфяніках...

— Колькі вам патрэбна чалавек, каб вы зрабілі ўсё за якія два тыдні? — цяпер Катлоў спытаў у светлавалосага.

— Дваццаць,— выпаліў, не думаючы, барадаты.

— Бадай што так,— пагадзіўся з ім і светлавалосы.— Дзесяць спецыялістаў і столькі ж падручных.

— Добра, хлопцы, людзей дадзім,— сказаў Катлоў.— Але каб людзі ведалі, што і як, для іх варта было б распрацаваць маршруты. Кожнай пары канкрэтнае заданне. За дзень сумееце падрыхтаваць?

— Паспрабуем,— сказаў барадаты.

— Дамовіліся. Вы заўтра працуйце над маршрутамі, а я падбяру людзей, паслязаўтра раніцай сустракаемся. У нашым інтэрнаце вам дадуць пакой. У сталовую пазваню. Звернецеся да загадчыцы Ганны Фёдараўны, яна вам скажа, калі прыходзіць, дзе садзіцца. Карміць будзем бясплатна. У экспедыцыю вам будзе выдавацца харч таксама.

— Ну, што вы, Васіль Міхайлавіч,— нібы засаромеўся барадаты.

Бялявы сядзеў, сціпла апусціўшы вочы, відаць, таксама не чакаў такой увагі.

— Мы, хлопцы, створым вам усе ўмовы, абы праект быў своечасова.

— Прыемна мець справу з такім чалавекам,— сказаў на развітанне барадаты.

— Не падвядзём,— паабяцаў светлавалосы.

Як толькі інжынеры выйшлі з кабінета, Катлоў завітаў да Дубаўца.

— Трэба ваша дапамога, Іван Кірылавіч,— пачаў пачціва Катлоў.— Трэба дабравольцы для аднае пільнае справы.— І ён расказаў Дубаўцу аб сваёй гаворцы з інжынерамі.— Трэба ім дапамагчы.

— А не спяшаемся, Васіль Міхайлавіч? — спытаў нясмела Дубавец.

— Што вы? Чым хутчэй, тым лепш,— нават здзівіўся Катлоў.— Я думаю, трэба сабраць адкрыты партыйны сход,— Катлоў крутануўся так на абцасах, што пад яго цяжкім целам аж зарыпелі масніцы.

— Я не аб праекце,— вёў сваё Дубавец.— А наогул. Бяромся асушаць такую плошчу. Як гэта адаб’ецца на акаляючых лясах, землях? Так хутка гэта не даследуеш...

Катлоў глянуў на Дубаўца, потым на стосік кніг па меліярацыі, што ляжалі на краі стала, усміхнуўся: «Начытаўся ўжо!» — і дружалюбна сказаў:

— А нам гэта, Іван Кірылавіч, і не трэба.

— Як, не трэба?

— Гэтым хай вучоныя займаюцца, робяць вывады... Нам не гэта трэба. Нам прамераць дакладней плошчы, глыбіню торфу і іншае, каб ведаць, дзе што рабіць, які аб’ём работ, кошт і гэтак далей. Мы, браток, з табой практыкі. Каб мы сталі чакаць рэкамендацый вучоных, то немаведама колькі б яшчэ чакалі. А мы вунь колькі балот ужо асушылі... А вучоныя ўсё думаюць, як гэта адаб’ецца на прыродзе, і думанню іхняму канца не бачна.

— Дык гэта ж дрэнна...

— Можа, дрэнна, а можа, і не. Не ведаю,— сказаў Катлоў.— Калі збяром сход?

— Хоць і зараз,— прапанаваў Дубавец.— Калі так тэрмінова трэба.

На партсходзе Катлоў расказаў, якая чакае іх адказная работа, і таму вельмі важна, каб знайшліся добраахвотнікі.

— Ну, хто самы смелы? — пытаўся Катлоў весела, з вялікім унутраным пад’ёмам, упэўнены, што работнікі яго не падвядуць. Тут сядзела Люда Гусак, і Катлову хацелася паказацца перад ёй вясёлым і дасціпным.— Прашу. Першаму будзе магчымасць атрымаць самы цяжкі маршрут.

Ніхто ці не жадаў лазіць па балоце ў асеннюю непагадзь, ці проста не асмельваўся быць першы, бо ўсе маўчалі, апусціўшы вочы, нечага чакалі.

— Я і не ведаў, што ў нас такія сціплыя работнікі.

— Пішыце мяне,— папрасіўся Дубавец.— З асалодай пахаджу.

— Пішыце,— сказала і Люда Гусак і чамусьці пачырванела, апусціўшы вочы.

— Так, яшчэ адна смелая ёсць. Ну, а цяпер мужчынам проста сорамна не запісацца. Пішыце мяне,— сказаў Катлоў сакратарцы, што вяла пратакол.— Падручным да Люды Гусак, паколькі кіраўніком групы не магу з-за адсутнасці спецыяльнай адукацыі.

— Ого! Да такой і я б пайшоў памагатым,— сказаў адзін з інжынераў планавага аддзела.

— Трэба не зяваць, дарагі,— заўважыў яму Катлоў.

А назаўтра, калі сабраліся ўсе, хто запісаўся папрацаваць па заданню аўтараў праекта,— а запісалася болей, чым трэба было,— Катлоў ужо хацеў быў адмовіцца ісці разам з Людай Гусак, але, убачыўшы, што курносы барадач падсеў да дзяўчыны і, пакуль светлавалосы гаварыў і паказваў на схеме, якімі маршрутамі трэба пайсці, перашэптваецца з ёй, перадумаў адмаўляцца.

— Толькі, дарагі таварыш,— Катлоў звярнуўся да светлавалосага.— Падкінь нам які прасцейшы маршрут, а то зойдзем, што і не вернемся.

...Катлоў не пазнаваў самога сябе.

Як толькі пачынала брацца на досвітак, падхопліваўся, снедаў, бег у гараж, рабіў усё з даўно забытай лёгкасцю, нібы яму было не болей дваццаці гадоў, браў машыну і пад’язджаў да інтэрната, дзе ў гэтыя дні жыла Люда Гусак. Спачатку яны ехалі на машыне, пакуль можна было ехаць, а потым кідалі яе, бралі свае прылады і ішлі па маршруту. Абедалі на балоце. Раскладвалі вогнішча, пяклі сала, пілі каву з тэрмасаў. І Катлоў толькі шкадаваў, што так хутка праходзіць кароткі асенні дзень, ён гатовы быў працаваць і ноччу, абы пагадзілася Люда. Праўда, Люда Гусак, здаецца, і не падазравала, што творыцца на душы ў яе начальніка, бо знешне ён нічым не выдаваў сябе.

У суботу Люда Гусак папрасіла Катлова адвезці яе на ўчастак. Калі яны пад’ехалі да вагончыка, зямлю ўжо ахутаў ранні асенні змрок. Было цёмна. Імжэла. Рэдкія вясковыя агні размываліся ў вільготным паветры.

— Ну і ноч...— сказала яна, выходзячы з машыны, спачатку аслепленая цемрай.— Сапраўды, хоць выкалі вочы...

— Асцярожна, не ўпадзіце,— ён узяў дзяўчыну за локаць, правёў да вагончыка.

— Ой, як холадна,— паскардзілася яна.

— А вы чайку гарачанькага, а то і захварэць можна,— параіў Катлоў.

Яна адчыніла дзверы, шчоўкнула выключальнікам, зыркі сноп святла ўпаў на зямлю, на капот машыны.

— Зараз будзе чаёк, заходзьце,— запрасіла заклапочана.— Таксама ж і намерзліся, і нахадзіліся.

— А наогул, можна,— абрадаваўся запрашэнню: не хацелася ехаць аднаму ў сырую і халодную ноч, калі тут, праз адчыненыя дзверы, вее такой хатняй утульнасцю.

— Можа, машыну ў гараж паставіце? — прапанавала дзяўчына.

— А каму яна трэба?

— Тут нашы ходзяць,— сказала яна цяпер крыху цішэй.— Зараз ключ дам...

Ён моўчкі ўзяў ключ, загнаў машыну ў вялікі хлеў, у якім ляжалі запасныя часткі да экскаватараў, бульдозераў, металічныя бочкі, яшчэ нейкі, можа, і непатрэбны металічны лом, зачыніў вароты і пайшоў да вагончыка. Люда пакінула дзверы крыху прыадчыненымі, відаць, для таго, каб ён у цемры хутка знайшоў іх. У вагончыку ў кутку на электраплітцы стаяў чайнік. Люда, паспеўшы змяніць плашч з капюшонам на доўгі халат, а высокія гумавыя боты на хатнія тапачкі з аўчыны, хадзіла нячутна, расстаўляла на стале талерачкі.

Катлоў распрануў скураную куртку, павесіў яе ў парозе, апаласнуў рукі пад умывальнікам, які быў тут жа на сцяне, ля самых дзвярэй, доўга і старанна выціраў іх махровым ручніком,— ручнік быў свежы, відаць, Люда толькі што яго павесіла. Потым сеў на табурэтку, уздыхнуў, сказаў са шкадаваннем:

— Трэба было б захапіць якога сухога бутэлечку.

— Ды вы і без віна п’яныя,.— і яна, гарэзліва глянуўшы на яго, засмяялася, і Катлову раптам стала лёгка і добра, і нічога не трэба было гаварыць, і не было ніякага сэнсу таіцца...

 

12

Марына Данілава вельмі часта ўспамінала Івана Дубаўца...

Ніколі яшчэ не было такога, каб пасля адной сустрэчы, зусім жа кароткай, чалавек запаў так у памяць. Ды хаця б ён, гэты Іван Дубавец, быў ці рэдкай прыгажосці, ці рэдкага розуму мужчына, а то ж самы звычайны, такіх, а часам і больш кідкіх яна бачыла багата,— такая была ўжо ў яе работа, што ўвесь час з людзьмі,— і ўсе яны праходзілі міма, не пакідаючы ніякага следу ў душы. А гэты... І яна надумала з таго раёна, дзе працаваў Дубавец, зрабіць перадачу. А там можна і заехаць да яго, маўляў, так і так, як справы, ці не перашкаджаюць яму тут жыць і працаваць. Калі ж яна пазваніла ў райком і сакратар райкома Кузьмянок парэкамендаваў ёй меліяратараў, дзе, аказалася, сакратаром партарганізацыі рабіў сам Дубавец, то яна адразу супакоілася, бо ведала, што абавязкова сустрэнецца з Дубаўцом і ў яе нямала будзе часу не толькі бліжэй пазнаёміцца з ім і зблізіцца, а і расчаравацца. Яна нават была ўпэўнена, што расчаруецца.

Прыехаўшы да меліяратараў, адразу зайшла да Івана Дубаўца. Ён сядзеў у невялічкім кабінеціку, засяроджаны над нейкімі паперамі. Убачыўшы яе ў дзвярах, ніколькі не здзівіўся, нібы зайшла якая чарговая наведвальніца, адказаў на прывітанне, паказаў сваёй доўгай, нейкай вузлаватай рукой,— о, божа, як яна раней не заўважыла, што ў яго такія доўгія, з непрыемна шырокімі далонямі рукі,— на крэсла насупраць свайго століка:

— Слухаю вас.

«Глядзі, які недаступны»,— села яна і, гледзячы прама ў вочы хлопцу, нечакана для сябе сказала зусім не тое, што думала спачатку:

— Значыцца, мы мяркуем зрабіць перадачу так. На кінаплёнку здымем вашых лепшых рабочых, а ў кадры выступіце вы і раскажаце, як і што...

— Мне ніколі не даводзілася выступаць...

— Нічога страшнага. Вы напішыце сваё выступленне, я яго, так сказаць, падпраўлю... Будзе рэпетыцыя, так што... А цяпер мне хацелася б ведаць, каго вы парэкамендуеце для перадачы, каб сёння сустрэцца з будучымі, так сказаць, героямі, пагаварыць.

Іван Дубавец даў ёй прозвішчы, сказаў, дзе можна знайсці хлопцаў, нават прапанаваў праехацца з ёй, ды яна адмовілася. «Нічога, цяпер ты нікуды не дзенешся!» — развіталася, выйшла і не азірнулася нават на яго акно, калі садзілася ў машыну, хаця і вельмі карцела зрабіць гэта, каб ведаць, ці сачыў ён за ёй...

Калі ў дзень перадачы Дубавец прыехаў на тэлестудыю, Марына надумала сама парэпеціраваць з ім: ёй хацелася пабыць з Дубаўцом, пагаварыць, можа, ёй удалося б як разварушыць яго, прымусіць зацікавіцца ёй, Марынай Данілавай. Яна ў новай сукенцы з мудрагелістай прычоскай — паўдня праседзела ў цырульні — запрасіла яго за стол, села насупраць, пільна паглядзела на яго, такога памаладзелага, у чорным пінжаку, белай сарочцы, пад гальштукам і, як ёй падалося, нібы насцярожанага. Яна паблажліва ўсміхнулася і пачала па-сяброўску:

— Ведаеце, Іван Кірылавіч, тэкст у вас выдатны. Цяпер самае галоўнае, каб яго данесці да гледача. Калі вы будзеце чытаць яго, то ўсё прападзе. Таму давайце яго прагонім колькі разоў, каб ён у вас, як кажуць, быў на языку.

— А я і не збіраўся выступаць па тэксту,— сказаў ён нават з нейкім выклікам.— Я не люблю, калі хто на экране чытае з паперкі. Нечага сказаць, няма нічога ў галаве, дык і не лезь на экран. Так што не хвалюйцеся, у тэкст глядзець не буду. А не верыце, то можаце забраць.

— Не, няхай у вас будзе,— сказала Марына.— А раптам што забудзецца.

— Няхай,— ён сунуў паперку ў кішэню, усміхнуўся.— Можа, спатрэбіцца... Ну, дык што, Марына Пятроўна, будзеце мяне трэніраваць? — ён глянуў на гадзіннік.— А то я хацеў заскочыць у абласную бібліятэку...

— Добра, едзьце ў бібліятэку,— Марына не стала затрымліваць яго.

На рэпетыцыі Іван Дубавец сапраўды гаварыў без паперкі. Трымаўся так, нібы для яго выступленне па тэлебачанні было будзённай і звыклай справай. Больш таго, ён нават расказаў і болей і цікавей, чым было напісана ім жа. Марына пахваліла яго, сказала, каб ён якраз так гаварыў і на перадачы. Але на перадачы, як толькі ўключылі камеры, Івана Дубаўца нібы падмянілі. Некалькі секунд ён глядзеў на камеру, як на якую машыну, што сваімі калёсамі вось-вось раструшчыць яго, напружваўся з усёй сілы, аж на лбе пот выступіў, і ніяк не мог успомніць, што ён гаварыў на рэпетыцыі, з чаго пачынаў тады. Вось раптам схамянуўся, разгублена ўсміхнуўся, паздароўкаўся з гледачамі, пачаў расказваць пра спаборніцтва сярод моладзі, камуністаў. Наогул. Не называў ніводнага прозвішча, ніводнай лічбы, хаця, відаць, і хацелася яму прывесці прыклады, ды проста ён не мог іх успомніць. Нарэшце, пераканаўшыся, што ўсё вылецела з галавы, папрасіў прабачэння, выняў з кішэні пінжака пакамечаныя паперкі і пачаў чытаць іх. І як пачаў, так і не змог адарвацца, пакуль не дачытаў да канца. Пасля выступлення выйшаў са студыі ў калідор чырвоны, з бліскучымі ад поту валасамі.

— Горача ў вас...— сказаў Марыне, якая чакала яго ў калідоры.

— Першы раз яно заўсёды горача,— усміхнулася Марына, на яе шчоках з’явіліся ледзь прыкметныя ямачкі...— Але нічога. Наступны раз усё будзе нармальна. Хаця і цяпер нармальна. У нас усе выступаюць па паперцы, так што ніхто нічога не заўважыў.

— А стаміўся, нібы дзень па балоце лазіў.

— Тэмпература ў студыі высокая.

— Высокая ж...

— Цяпер бы ў басейн пакупацца,— гулліва сказала яна.

— Нядрэнна б,— пагадзіўся з ёй Дубавец, думаючы, што яна жартуе.

— Ёсць магчымасць,— сказала Марына, якая яшчэ ў час перадачы пазваніла дырэктару басейна.— Я сур’ёзна. Паплаваеце, і ўсе хваляванні як рукой зніме.

— А басейн далёка?

— Адразу ж за цыркам. Дзвесце метраў...

— Цудоўна! Не плаваў узімку са студэнцкіх гадоў. Толькі... мы ж не падрыхтаваныя...

— Там усё ёсць.

Яны селі ў машыну і паехалі. Ля басейна Іван Дубавец паклікаў з сабой і вадзіцеля. Марына, якая разлічвала, што яны будуць толькі ўдваіх, ужо пашкадавала, што прыдумала ўсё гэта. У яе прапаў усялякі настрой. Але, апынуўшыся ў вадзе, яна забылася на свае крыўды, плавала, скакала з вышкі, нырала, натаміўшыся, вылезла, села на лаўку, адпачывала. А Іван Дубавец плаваў і, здавалася, забыўся на яе. Праўда, адзін раз заўважыла, як ён, калі плыў на спіне, загледзеўся на яе так, што аж галавой ударыўся ў сценку басейна. Такая ўвага хлопца іншы раз, можа б, і абрадавала яе, а цяпер толькі раззлавала. «Бач, як на голую дык вылупіўся...»

— Ну, я пайшла,— сказала яна.— А калі вам хочацца купацца, то купайцеся.

— Ды мы яшчэ паплаваем,— сказаў Іван Дубавец.— Не так часта нам выпадае такая радасць. Калі можна...

— Можна...

 

13

У першыя дні, калі Ніна Люцік з мужам перабіраліся на прыватную кватэру, бегалі па магазінах, куплялі мэблю, посуд, адным словам, усё тое, без чаго нельга пачынаць самастойнае жыццё, дык яна, занятая гэтымі клопатамі, не адчувала той душэўнай неўладкаванасці, як тады, калі жыла ў свякрухі на ўсім гатовенькім. Але праз які час жыццё ўвайшло ў свае берагі, і ў яе зноў пачала з’яўляцца ранейшая раздражнёнасць, такая незразумелая ёй самой незадаволенасць жыццём. Ёй сумна было адной, а калі прыходзіў з работы муж, то весялей не станавілася. І яе вельмі раздражняла тое, што ён прыходзіў кожны раз хаця і відавочна стомлены, але вясёлы, шчаслівы чалавек. Спачатку пад акном мільгала яго імклівая постаць, потым чулася, як ён шоргае ў калідоры нагамі аб анучу, выціраючы іх, нешта напяваючы пры гэтым сабе пад нос. Распранаўся, ішоў мыць рукі, а потым заходзіў на кухню, дзе Ніна пачынала рыхтаваць абед, садзіўся побач, дапамагаў ёй. За абедам часам гаварыў што-небудзь цікавае, бывалі выпадкі, што яму нават удавалася і развесяліць яе. Праўда, ненадоўга. А пасля абеду, калі не трэба было ісці ў магазін, Пётр садзіўся за кнігі — хутка павінен быў ехаць на зімнюю сесію ў інстытут...

Неяк яна глядзела, глядзела на яго спіну з вострым хрыбетнікам пад майкай, паднялася, згрэбла ўсе кнігі са стала на падлогу.

— Ты што? — не зразумеў яе Пятро.

— Мяне на кніжкі прамяняў? — і яна адышла ад яго, ужо раззлаваная на сябе, што зрабіла такое глупства.

— Сказала б,— ён пазбіраў кніжкі, а потым памкнуўся быў прыгалубіць яе.

— Ідзі да сваіх кніжак,— адпіхнула яго і палезла пад коўдру.

— Ніна! — крануў яе за круглае плячо.

— Глядзі ты, не забыўся, як мяне завуць,— хмыкнула яна.

— Ніначка...

— Ладна, ідзі займайся,— раптам прымірэнча сказала яна.— Я сплю.

На другі дзень ён узяў білеты ў кіно.

— Можа, такая дрэнь, як і мінулы раз? — не вельмі абрадавалася Ніна, пачуўшы пра білеты.

Спачатку Пятру хацелася запярэчыць, што не такая ўжо дрэнь быў той фільм, які глядзелі мінулы раз, але змоўчаў, каб яшчэ болей не раздражняць яе.

Ён часта цяпер задумваўся над яе паводзінамі. Была ж такая сціплая, вясёлая, без капрызаў дзяўчына, і на табе. Праўду гавораць, што ўсе дзяўчаты добрыя, а вось жонкі...

Неяк у хвіліну шчырай блізкасці ён не вытрымаў і запытаўся, што з ёй такое, можа, чаго злуецца на яго, ды не кажа.

— Я ўсё зраблю, каб табе было добра,— абяцаў ён.— Толькі скажы... Можа, што пачула нядобрае пра мяне?

— Не.

— А што?

— Я і сама не ведаю,— і тулілася да яго так, нібы хацела, каб ён яе засланіў, схаваў ад таго, чаго яна баялася. І ён лашчыў яе самааддана і пяшчотна, і ў такія хвіліны яму здавалася, што ўсё дрэннае і незразумелае, што было да гэтага, болей не вернецца. Але прыходзіў другі дзень, і ўсё паўтаралася...

...Кіно сапраўды гэты раз было не вельмі цікавае. Пятру яно таксама не спадабалася.

— Сапраўды дрэнь,— сказаў ён, калі выйшлі з кінатэатра.

— Толькі рубель дарэмна аднеслі,— уздыхнула яна.

І гэтае шкадаванне рубля ў той час, калі яна магла і паўсотню выкінуць часам на непатрэбшчыну, узарвала яго.

— Ну, што ты ўсё ныеш і ныеш,— не вытрымаў Пятро.— Кніжку прачытаем — шкадуеш, у кіно сходзім — шкадуеш, рубель страціла — шкадуеш, крок ступіш — і ўжо шкадуеш. Можа, ужо шкадуеш, што нарадзілася, што замуж выйшла?.. І сябе зводзіш, і мяне. Абрыдла.

— Я абрыдла? — яна адскочыла ўбок. Глядзела на яго з-пад белай карункавай хусткі, прыгожая нават у сваёй нянавісці, мыляла ў вялікай узрушанасці вуснамі, нібы хацела сказаць нешта, ды забыла раптам усе словы.— Абрыдла? Ненавіджу! Чуеш? — і яна ледзь не пабегла наперад.

Ніна ішла і не азіралася. Недзе на паўдарозе яна супакоілася і, як часта бывала, ужо шкадавала, што так распусцілася, хацела, каб хутчэй даганяў яе Пятро.

Дачакаўшыся мужа, узяла яго пад руку, прыхінулася, як гэта было ў лепшыя хвіліны іхняй блізкасці, спытала, чаму ён надзьмуты, рассмяялася.

— Ды вечна ты...— сказаў ён, і па голасу яго было чуваць, што ён не толькі дараваў яе выхадку, але і вельмі рады яе цяперашняму настрою.

Як толькі яны прыйшлі на кватэру, адразу ж нырнулі ў сваю бакоўку. Яна не дала яму нават і распрануцца, павісла на шыі...

— Дай хоць паліто павешу...

Яна пачакала, пакуль ён павесіць паліто, і павяла да ложка.

— Ідзі, я табе нешта скажу ціха-ціха...

— Ну? — ён наблізіўся да яе.— Што ў цябе там за сакрэт?

— Вялікі сакрэт,— абхапіўшы рукамі за шыю, зашаптала ў вуха.

— Не пачуў нічога...

— Эх, ты...

— Ну, пусці, а то задушыш...

Яна адпусціла яго, села, дакорліва глянула на мужа.

— Вось каб быў у нас маленькі, я цябе не чапала б, сядзі хоць суткамі за сваімі кніжкамі...

— А-а...— нарэшце дапяў ён, чаго яна хоча. Проста ёй не хапае дзіцяці, без якога ні адна, відаць, жанчына не адчувае сябе шчаслівай.— Я думаў пачакаць які год, пакуль кватэра будзе. На заводзе абяцалі. А там бы і вучобу закончыў, змог бы табе дапамагчы болей.

— Пакуль будзеш вучыцца, дык і жонка збяжыць ад цябе,— і яна зноў горача абхапіла яго за шыю.

— Давай павячэраем, гаспадарам пажадаем спакойнай ночы, яны будуць ведаць, што мы спім, і не зойдуць.

— Добра...

— Дык я зараз падагрэю вячэру, а ты пакуль ідзі паглядзі тэлевізар, можа, што цікавае там. Я цябе паклічу.

Пятро, павесіўшы на шыю жончын фартух з квяцістага саціну, заспяшаўся на кухню, а яна пайшла ў залу, дзе гаспадыня са сваімі дочкамі глядзела тэлевізар.

На экране Іван Дубавец нешта чытаў па паперцы, а што, дык спачатку і не вельмі разабралася Ніна.

— Мой сусед па вёсцы,— пахвалілася яна.

— Цікавы малады чалавек,— сказала гаспадыня.

— Ой, канчалі б гэту нудоту,— паднялася старэйшая дачка гаспадыні, пазяхнула.— Толькі дрэмлецца. Пачнецца кіно, паклічаце,— і пайшла ў спальню.

А Іван Дубавец расказваў пра поспехі маладых меліяратараў, называў прозвішчы, раптам назваў Рыгора Ліня і, ці ёй гэта падалося, Барыса Малюка. Яна пачала болей прыслухоўвацца. Але Дубавец ужо не называў прозвішчы знаёмых аднавяскоўцаў. Відаць, ёй проста падалося, бо адкуль там узяўся Барыс? Казалі ж, што нібы куды збіраўся пасля арміі з’ехаць. Вось з экрана знік Дубавец, пачалося кіно. Паказваліся балоты, палі, пералескі, каналы, як напятыя струны, экскаватары, што разрывалі мокрую твань, на ветры хвалямі хадзіла асака, потым у кадры быў вялізны цэх, рабочыя ў камбінезонах завіхаліся ля экскаватара. Адзін нешта расказваў другому. Яна адразу пазнала Рыгора Ліня. Растлусцеў як ён, а вусы якія!.. Другі, той, якому ён нешта расказвае, стаяў да яе спінай, вось ён павярнуўся тварам — твар на ўвесь экран. Гэта быў Барыс. Ён усміхнуўся, а потым спадылба доўга і ўважліва паглядзеў на Ніну.

Ніна сядзела як аглушаная, да яе нібы ў сне даходзіла, што той вусаты — Рыгор Лінь — нечаму вучыць Барыса і што яны нібы разам збіраюцца працаваць на адным экскаватары. Вось і скончыўся расказ пра меліяратараў, пачаўся нейкі фільм, але яна нічога не бачыла, а калі і бачыла, дык нічога не разумела, што там паказваюць, сядзела і баялася варухнуцца, ёй здавалася, што варта азірнуцца, ці падняцца, ці нешта сказаць, як адразу ж усе здагадаюцца, што творыцца з ёй. І яна сядзела, чакала, пакуль пройдзе гэтае насланнё...

— Вячэра, кажу, гатова,— паклікаў Пятро.

Яна сядзела як акамянелая.

— Пайшлі.

Яна не варухнулася.

— Чуеш? —сказаў у самае вуха, уткнуўшы нос у яе бялявыя валасы.

— Адстань,— матнула яна галавой так, нібы хацела паправіць прычоску.

— Што ты, Ніначка?

— Гэта ты ўсё, гэта ты ўсё,— яна раптам расплакалася, падхапілася, пабегла ў свой пакойчык, упала на ложак тварам у падушку.

— Ды што такое, Ніначка? — нахіліўся Пятро над ёй.

— Гэта ты, гэта ты...— рыданні не далі ёй нічога сказаць.

— Нічога не разумаю... Ніна?

— Адстань! — ледзь не крыкнула яна.

Ён крыху пасядзеў моўчкі, разгублены, няцямны.

— Добра... Можаш нічога не гаварыць. Супакойся, і пойдзем вячэраць. А то ўсё астыне. Чуеш?

— Ідзі! Ідзі,— падхапілася яна, села на ложак, расчырванелая, заплаканая.— Ну, чаго сядзіш? Ідзі, а то астыне... Ідзі!

— Ніна!

— Я сказала — не пайду...

Пятро яшчэ крыху пасядзеў, уздыхнуў і пайшоў на кухню. Як толькі выйшаў, яна падхапілася, падушку і коўдру кінула на крэсла, а сама ўкруцілася ў другую коўдру і лягла на ложку тварам да сцяны.

Раніцай яны моўчкі, не гледзячы адзін на аднаго, паснедалі, моўчкі ішлі на тралейбусны прыпынак, моўчкі ехалі, Ніна сышла раней, Пятро сказаў ёй: «Да вечара!» Яна не адказала. Пасля работы яна адразу ж пайшла на чыгуначны вакзал і цягніком паехала да маці ў вёску. На плошчы ля вакзала ўбачыла невялікі аўтобус, на ўсялякі выпадак спытала ў вадзіцеля, куды едзе, той адказаў, што развозіць меліяратараў па вёсках. Даведаўшыся, куды ёй трэба, сказаў, што будзе праязджаць і паўз яе Альхоўку.

— Хутка?

— Хутка. Сядайце, падвязём.

Ніна зайшла ў аўтобус і прымасцілася на самым заднім сядзенні. Больш за ўсё яна хацела, каб ехаў дамоў Барыс. Хацела сустрэцца з ім і баялася гэтай сустрэчы. Вось праз плошчу да аўтобуса скіравала купка мужчын. Ішлі, махалі рукамі, нешта гучна даказваючы адзін другому...

— Выключай гук! — крыкнуў вадзіцель.— У салоне дзяўчына.

Меліяратары неяк адразу прыціхлі, рассаджваліся моўчкі. Ля яе сеў незнаёмы хлопец. Барыс зайшоў адным з апошніх. Пачуўшы пра дзяўчыну, ён скіраваў да яе.

— Цікава, што тут за аб’ект,— сказаў ён неяк развязна. Адчувалася, што хлопец выпіў не адзін келіх піва. Наблізіўшыся, пазнаў яе. Спыніўся разгублена.

— Аб’ект захоплены,— сказаў той, што сядзеў з ёй побач.

— Ну, калі захоплены...— Барыс пайшоў назад. Усеўся недзе наперадзе, ля вадзіцеля.

Ніна ўжо шкадавала, што села ў гэты аўтобус. Добра, калі яшчэ хто сыдзе на Альхоўку, а калі толькі адзін Барыс? Тады ж хоць скрозь зямлю праваліся. Ёй і зараз няёмка, сядзіць, баіцца вачэй падняць, каб раптам не сустрэць яго позірк, а ён, як назло, сеў ля вадзіцеля на бакавое крэсла і часта страляе вачыма ў яе бок. І што будзе, калі яны раптам застануцца ўдваіх? Добра, калі наогул размаўляць не стане, а калі раптам пачне чапіцца, патрабаваць тлумачэння, а то і паб’е яшчэ.

— Альхоўцы, выходзьце! — аўтобусік скрыгануў тармазамі. Адчыніліся насцеж дзверы, праз іх дыхнула начной свежасцю.

Першым выйшаў Барыс. Саскочыла і Ніна. Колькі часу стаяла, нібы прыкідвала, дзе апынулася, у які бок ісці. Адышоў аўтобусік. Стала цёмна. Наперадзе калыхалася постаць Барыса — ён не стаў чакаць яе. Ніна пайшла ўслед, стараючыся не даганяць, але і не адставаць, каб не апынуцца зусім адной у начным полі. Пачаўся лес. Постаць хлопца нельга ўжо было ўгледзець.

— Што ты там сунешся? Хутчэй пайшлі,— пачуўся яго голас.

У голасе ніякай злосці. Гэта абрадавала яе.

— Ну, як жывецца? — Барыс стаяў зусім побач. Яна, не асмеліўшыся абысці яго, спынілася.

— Нічога, патрошку...— адчула, што ногі яе анямелі і, здавалася, вось-вось падкосяцца.

— А чаму ж патрошку? — і першы рушыў у дарогу.

Яна прамаўчала. А варта было б адказаць яму, і паміж імі, можа, усталявалася б тая лёгкасць у гаворцы, якая не скоўвае субяседнікаў, але ўтварае тую неадольную мяжу, за якой пачынаецца шчырасць.

Ішлі моўчкі. Вакол стаялі стромкія сосны, рэдкія дубы. Загадкавымі постацямі здаваліся кусты ля дарогі...

Звычайна яны заўсёды вось такой ноччу вярталіся са школы пасля камсамольскіх сходаў ці якіх вечароў,— ішлі па гэтай жа лясной таямнічай дарозе, часта спыняліся, цалаваліся, а потым яшчэ доўга стаялі з краю лесу перад вёскай, стаялі пад старым дубам, акружаным густым арэшнікам. Там можна было не баяцца, што хто ў цемры наткнецца на іх ці аслепіць фарамі, выскачыўшы з-за павароту, машына. Ля таго дуба быў пень ад другога дуба, які разбіла маланкай і які потым спілавалі. Яны часта, заслаўшы пень газетай, сядзелі на ім, абняўшыся, і ім не трэба было ніякіх слоў.

Раптам Барыс гучна рассмяяўся. Гэта было так нечакана, што Ніна аж спынілася.

— Ты што? — ёй жудасна стала ад гэтага смеху сярод начной нерушы.

— Ведаеш, раней думаў, калі ты мне трапішся, не ведаю, што зраблю,— прызнаўся ён.— А вось іду, і ніякай злосці.

— Барыс,— сказала яна ціха.

Ён спыніўся, узяў яе за плечы, сіліўся ў змроку разгледзець яе твар, а бачыў толькі, як блішчэлі вочы, і чуў яе частае ўсхваляванае дыханне. Раптам яна нахілілася да яго і расплакалася, як малая, усхліпваючы, гучна шморгаючы носам. Ён стаяў разгублены і маўчаў, чакаў, пакуль яна сцішыцца. Яна доўга не магла супакоіцца.

— Ну, што ты? Што ты? —толькі і гаварыў ён.

— Я і сама нічога не ведаю, як і што...

— Ды кінь ты...

— Як убачыла цябе па тэлевізары...— яна падняла галаву, неяк адкрыта і пранікліва глянула на яго.— Усё кінула і паехала...

Потым Ніна ніяк не магла ўспомніць, ці сама скіравала да таго дуба, ці на руках аднёс яе Барыс. Памятала толькі, што ў галаве ўсё звінела, зямля хісталася пад нагамі...

Недзе апоўначы падышлі да яе двара. Ніна крыху астыла на начной прахалодзе і думала цяпер аб адным, каб як хутчэй нырнуць пад цёплую коўдру.

На наступны дзень яна праспала ледзь не да абеду.

Параска Андрэеўна некалькі разоў заводзіла з ёй гаворку, усё хацела даведацца, як ёй там жывецца, ці не здарылася што, калі прыехала так нечакана сярод нядзелі, у рабочы час. Але Ніна кожны раз адказвала, што ўсё нармальна, што ў яе такая работа, што можна заўсёды на дзень-другі і адлучыцца. Было відаць, што маці не вельмі верыла ёй, неяк часта дапытліва паглядвала на дачку, нібы чакала, што тая раптам усё ж скажа пра нешта галоўнае, пра што яшчэ не сказала. І зусім падазрона стала паглядваць на яе, калі пад вечар да іх зайшоў Барыс. Ён быў вясёлы, прыветлівы, як і тады да арміі.

— А я дачуўся, што прыехала Ніна, дык, думаю, загляну. Можа, на танцы сходзім, а то што ёй тут рабіць адной?

— Якія танцы? — уздыхнула маці і падумала, ці не згаварыліся яны як.

— А я і схаджу,— адказала Ніна і гэтым зусім пацвердзіла матчыну здагадку.

— Ой, глядзі, дачка,— толькі і сказала Параска Андрэеўна ёй.

На танцы яны, вядома, не пайшлі, ды іх, здаецца, і не было ў той вечар...

Ніна хацела ведаць пра намеры Барыса, ці хоча, каб яна вярнулася да яго, але першая не заводзіла гаворку, каб не падумаў, што навязваецца, чакала, што ён сам скажа.

Калі ж праводзіў дамоў, зноў недзе каля апоўначы, яна не вытрывала, спытала:

— Ну, а калі жаніцца будзеш?

— Не думаю пакуль, пагуляю яшчэ...

А яшчэ праз дзень у вёску прыехаў Пятро. Ён прыехаў з таварышам па цэху на яго «Жыгулях». Пятро не крыўдаваў, што Ніна паехала ад яго, наогул паводзіў сябе так, нібы паміж імі была дамоўленасць пра яе паездку да маці. Гэтым самым ён канчаткова супакоіў Параску Андрэеўну.

Ніна ахвотна збіралася ў дарогу, была ціхмяная, супакоеная. Пятро падумаў, што яе, відаць, часцей трэба пускаць да бацькоў, а то ніяк не адвыкне ад вёскі, сумуе, а таму і злуецца і на сябе, і на яго...

 

14

Катлоў дамоў прыехаў позна... Моўчкі распрануўся, пераабуўся ў цёплыя мяккія пантоплі, згроб пачак свежых газет, што ляжалі ў прыхожай на тэлефонным століку, прайшоў у залу, сеў у крэсла, пачаў іх праглядаць.

Алена Захараўна сядзела на ложку і накручвала валасы на бігудзі. Яна была ў ружовай карункавай сарочцы да пят, сядзела, распусціўшы валасы, як русалка. Ён кінуў на яе кароткі позірк: «Старая, а ўсё маладзіцца»— і ўткнуўся ў газету.

— Вячэраць будзеш?

— Не. Пад’еў на ўчастку,— ён сапраўды павячэраў з адным прарабам, той зацягнуў яго, каб пахваліцца, якога хвацкага кухара заманіў да сябе.

— Можа, хутка будзеш і начаваць на ўчастку? — спытала Алена Захараўна. Катлова аж халодным потам праняло. «Няўжо ведае што?» Але прамаўчаў. Зрабіў выгляд, што яе заўвага ніколькі не кранула яго. Зашамацеў газетай, перагарнуў старонку, пачаў чытаць нешта пра хакей, але чытаў, нічога не разумеючы.— Ці, можа, хочаш ордэн зарабіць?.. Будзеш так старацца, дык і да пенсіі не дажывеш.

Катлоў зразумеў, што яна нічога не ведае, проста абурана, што ён так рэдка бывае дома, буркнуў:

— Заняты не болей за цябе.

— Магчыма,— пагадзілася яна.— Толькі я кожны раз шукаю час, каб вырвацца дамоў. А ты стараешся, каб не сядзець дома. Ці, можа, памыляюся? Ну, што ты прыкрыўся газетай?

— Чытаю прэсу.

— І што там вычытаў?

— Пра чобаты-скараходы,— расцягваючы словы, адказаў ён.

— Вось бы табе такія чобаты, ты тады б наогул міма дома прабягаў,— яна зачыніла скрынку ад бігудзі, паставіла яе на шафу, палезла пад коўдру. Цяпер яна не магла назіраць за ім. Катлоў адчуў сябе вальней. Ён адкінуў убок газеты, узяў у калідоры папку, прысеў да стала, каб перагледзець паперы, ці не забыў чаго. Хаця патрэбы пільнай у такім пераглядзе і не было, але яму проста пакуль што не хацелася спаць.

— Ты доўга будзеш там корпацца? — спытала Алена Захараўна.

— А што?

— Ды шамаціш паперкамі.

— Хутка. Трэба ж падрыхтавацца...

— Даклад? Справаздача?

— У Пінск еду.

— Калі?

— Ноччу. У дзевяць раніцы трэба быць там.

Машына стаяла ў двары, яшчэ звечара падрыхтаваная да вялікай дарогі,— ён цяпер ездзіў адзін, без вадзіцеля, адправіў таго ў адпачынак адразу за два гады. Катлоў выехаў з двара, зачыніў вароты. Выруліў на дарогу. Дарога была пустой. Націснуў на «газ» да адказу. Праязджаючы праз пералескі, збаўляў хуткасць, каб не ўрэзацца ў якога-небудзь лася ці дзіка, тут іх хадзіла нямала. Потым з шашы збочыў на пасялковую дарогу, паехаў цішэй. Метраў за сто ад вагончыкаў меліяратараў спыніўся, прыціснуў машыну да плота, дзе рос высокі і густы вішняк, які кідаў густы цень ад месяца. Пастукаў у акенца вагончыка.

— Хто? — ледзь пачуўся ціхі голас.

— Участковы,— адказаў ён. У іх з Людай Гусак была такая дамоўленасць. Калі ў яе раптам хто начаваў з дзяўчат, то яна адказвала тады, што ніякага ўчастковага сярод ночы не пусціць, што па службовых справах трэба прыходзіць раніцай. А калі нішто не перашкаджала, то моўчкі адчыняла яму. Праўда, яшчэ ні разу ніхто ім не перашкодзіў.

Яна чакала яго заўсёды.

Катлоў зайшоў, упоцемках распрануўся, павесіў паліто на цвік ля парога,— ён добра памятаў, дзе той цвік быў,— адзенне склаў на крэсла ля ложка і нырнуў пад цёплую коўдру. Люда ўсё тупала па вагончыку, пасля выключыла святло.

Ён бачыў, як у цемры плыве да яго, павялічваецца белае з размытымі абрысамі воблака, вось яно зараз ахутае яго, і ён забудзе пра ўсё на гэтым свеце...

Катлову падалося, што ён быў у Люды, можа, якіх дзесяць мінут, а ўжо трашчаў будзільнік, абвяшчаў, што досвітак блізка, клікаў яго ў дарогу. Ён падхапіўся. Ужо ў паліто выпіў хуценька, абпальваючы ўсё ў роце, шклянку кавы і выехаў на Пінск.

Катлоў ведаў, што праект уключаны ў план інстытута, і цяпер трэба было дамовіцца, каб яго зрабілі хутка, хаця б да вясны. Ён адразу ж, як прыехаў у Пінск, пайшоў да Чаромухіна і Лапіцкага, якія павінны былі яго рабіць. Хлопцы сядзелі ў сваім кабінеце, перакусвалі. Елі бутэрброды, запіваючы кавай з тэрмасаў. Больш супрацоўнікаў у пакоі не было.

— З-за вашага праекта на абед не ходзім,— сказаў барадаты.— Кавы хочаце?

— Дзякую...— прысеў Катлоў. Ён толькі цяпер адчуў, як гудзе ўсё цела ад стомы.— Ну, і калі?

— Месяцаў за шэсць зробім,— паабяцаў Вадзім Чаромухін.

— Можа, і за пяць,— удакладніў светлавалосы Лапіцкі.

— Можа, і за пяць, калі без выхадных,— пагадзіўся Чаромухін.

— Рэжаце,— уздыхнуў Катлоў.— Без нажа. Мне ж вясной трэба пачынаць работы.

— Што ж вы хочаце, такі праект...— барадаты развёў рукамі.

— Ясна, я разумею,— Катлоў паглядзеў дапытліва на аднаго, другога.— Хлопцы, а можа, падкажаце, як паскорыць можна?..

— Можна,— сказаў Чаромухін, нез’едзены хлеб загарнуў у паперу, сунуў у шуфляду стала, тэрмас схаваў у партфель.— Мы зараз заканчваем адзін праект. Калі б нам дазволілі спыніць над ім працу, то ваш бы зрабілі месяцы за тры. А потым закончылі б і той...

— Мы любім і прэміяльныя,— усміхнуўся Лапіцкі.

— Ды пра што гаворка,— нібы ўпікнуў іх Катлоў.— Мы з вамі дамовіліся. Яшчэ раз паўтараю — у крыўдзе не будзеце. Знойдзем магчымасць і прэміі даць. Вам жа перавялі трохі?..

— Было,— пацвердзіў барадаты.

— Я, хлопцы, слоў на вецер не кідаю. Дзякую, што падказалі. Пайшоў да дырэктара вашага. Я яшчэ загляну...

Дырэктар сказаў, што інстытут можа пайсці насустрач, калі глаўк не будзе супраць. Давялося пабегаць і ў глаўку ад аднаго намесніка да другога. Нарэшце, амаль у канцы дня, атрымаў згоду. Ён тут жа пабег у інстытут і сказаў пра гэта Чаромухіну і Лапіцкаму. Потым, успомніўшы, што яшчэ не абедаў, запрасіў і хлопцаў з сабой у рэстаран... І ўжо калі на вуліцах Пінска загарэліся ліхтары, Катлоў развітаўся з інжынерамі, сеў у машыну. Ля пошты спыніўся, з аўтамата пазваніў жонцы, сказаў, што ён толькі вызваліўся, што дамоў супраць ночы не паедзе, дарога цяжкая, туман, а потым за дзень набегаўся вельмі, так што пераначуе ў гасцініцы, адпачне, а на досвітку і выедзе. А сам сеў у машыну...

І зноў сярод начы стукаў у акенца вагончыка...

— Хто? — пытаўся за шыбай ціхі голас.

— Участковы.

 

15

Яшчэ з ночы ўзняўся халодны паўночны вецер. І хаця вада ў калюжынах рабацінілася пад яго подыхам, не замярзала, але адчувалася, што да вечара не вытрымае, супакоіцца пад ледзяным панцырам. Пасля абеду пахаладала яшчэ болей і стала ясна, што бярэцца на мароз па-сапраўднаму. Калі ноччу падбавіць трохі холаду, то заўтра і трэба звозіць сена з захопаў, бо потым, праз які дзень, там нічога не застанецца. Усе ж, чыё там сена, толькі і чакаюць, як дарогі акрэпнуць.

На вячэрнюю нараду сабраліся не толькі загадчыкі аддзяленняў, аграномы, але і механізатары, рабочыя, што жылі на цэнтральнай сядзібе.

— Калі я аддаў свой загад,— сказаў Куніца,— то думаў, што людзі прызнаюцца. Мы б паглядзелі, як той ці іншы забяспечаны сенам, і калі небагата, то дабавілі б з захопаў колькі трэба, а астатняе забралі ў саўгас. Ніхто не прызнаўся,— і ён, зірнуўшы на прысутных, загадаў: — Заўтра ўсіх рабочых і машыны вазіць сена з захопаў. Пытанняў няма?.. Тады будзем разыходзіцца.

Звечара Куніца доўга не мог заснуць, лезлі ў галаву неспакойныя думкі: ці не занадта ён паверыў у шчырасць людзей і аддаў загад, які фактычна застаўся не выкананы. Палешукі прывыклі глядзець на захопы як на спрадвечна свае і таму не зразумелі яго, дырэктара саўгаса. Што ж зрабіць, каб яны паверылі яму?..

Дзіна даўно ўжо спала. Яна часта і трывожна ўздрыгвала, узмахвала рукамі, нібы і ў сне працягвала руляваць... Стамляецца за рулём, але кідаць работу не хоча. Вось таксама праблема. Што зрабіць, каб яна верыла яму да канца, не дапякала яго сваёй беспадстаўнай і незразумелай рэўнасцю?.. Колькі ўжо возіць яго, нагледзелася, як ён працуе, дзе і з кім сустракаецца, здавалася б, даўно можна было б пераканацца, што ён не які-небудзь ветрагон, дык не, як сляпая, нічога не бачыць ці не хоча бачыць наогул. А, здаецца, разумная жанчына...

Так у роздуме пра саўгас, пра жонку ён непрыкметна заснуў. Сон быў неспакойны, яму нешта снілася, ён сніў і думаў, як жа запомніць гэты сон — ён ніколі не запамінаў сваіх сноў,— каб потым яго расказаць Дзіне...

Сярод ночы нечакана прачнуўся. У спальні было душнавата — напалілі ў хаце, як на вялікія маразы. Ён выйшаў у залу адчыніць фортку — у спальні не адчынялі, каб, раптам раскрыўшыся, не прастудзіцца — і ўбачыў, як на небасхіле калышацца зарыва. Па тым, як яно высока асвятляла неба, было відаць, што гарэла нешта не так далёка... Ці не гарыць пасёлак Пяціхатка, які стаяў у лесе кіламетраў за сем ад цэнтральнай сядзібы,— гарэла якраз у тым баку. Праўда, у тым пасёлку жыве якіх тры сям’і, пенсіянеры,— маўляў, дажывём свой век дома,— а ўсе пераехалі ў цэнтр, пакінулі хаты, нават вокны не сталі дошкамі забіваць. Можа, хто тыя хаты і падпаліў? Дык агонь жа перакінецца і на хаты, у якіх жывуць людзі? Што там зробяць адны старыя?

Куніца пачаў хуценька адзявацца, сваім тупаценнем разбудзіў Дзіну.

— Ты куды? — выйшла са спальні.

— Пажар недзе.

— I я.

— Спі. Я хуценька.

— Я ніколі не бачыла пажару. А потым я не магу дазволіць ехаць абы-каму на даверанай мне машыне.— Яна хуценька, не расчэсваючыся, закруціла ў гулю валасы на галаве, спаласнула твар ля ўмывальніка, схапіла вядзерца з вадой.— Пайшла заводзіць,— і ледзь не выбегла з хаты.

Калі яны выехалі ў поле і наблізіліся да лесу, стала ясна, што гарэлі не Пяціхаткі, бо яны былі недзе правей, а гарэла крыху ўлева.

Чалавек узнік перад машынай нечакана, толькі павярнулі, і ён ледзь не пад калёсы трапіў, нібы яго хто штурхнуў з-за сасны на дарогу. Дзіна ўсё ж паспела націснуць на тармазы. Машыну ледзь не перакуліла, а Куніцу кінула ўперад так, што толькі цудам не вылецеў праз шкло. Незнаёмы чалавек таксама разгубіўся, бо стаў як слуп, аслеплены фарамі, а потым скочыў убок, назад, ды, відаць, перадумаў, зноў кінуўся праз дарогу. За гэты час Куніца выскачыў наперарэз уцекачу, паспеў схапіць яго за рукаў.

— Стой! Хто?

Чалавек спыніўся, азірнуўся і нібы анямеў, маўчаў і толькі жмурыў вочы ад святла — Дзіна бакавую фару павярнула на іх. Куніца пазнаў уцекача. Гэта быў Цімох Красны з Пяціхатак. Ён быў даўно на пенсіі, але яшчэ рабіў у саўгасе: то вады падвязе на поле, то якую запчастку да трактара, то салому да капцоў з бульбай.

— Ты што робіш, Цімох?

— Ды вось іду.

— Дамоў?

— Ды не... Дамоў.

— Дык дамоў ці не?

— Ыгы.

— Садзіся, падвязу.

— Ды я...

— Садзіся, а то яшчэ на якога ваўка наткнешся.

Цімох паслухмяна сеў у машыну.

— Што там гарыць? — спытаў у яго Куніца.

— Што гарыць? Дзе гарыць? — стары вельмі няўдала рабіў з сябе недасведчанага чалавека.

— Ды вось зараз выедзем за хвойнічак. Здаецца, там? А вы не адтуль?

— Адкуль — адтуль? Не, не адтуль...

— Цікава,— сказаў Куніца і болей ні пра што не пытаўся ў старога.

Калі выехалі за хвойнік, за якім было толькі што асушанае балота, але яшчэ не ўхожанае,— часта раслі высокія купіны, ляжалі зваленыя дрэвы,— то ўбачылі, што гарэла якраз на гэтым балоце нечае сена. Гэты захоп добра ведаў Куніца. Ён быў недалёка ад магістральнага канала. Пад’ехалі паўз канал ледзь не да месца пажару. Усе ўтраіх пайшлі на агонь праз хмызнякі. Полымя ўжо абвяла, і толькі ад вецярка сена зырка абвуглівалася, як вялікая галавешка.

— Дай, дзед, папяроску, хоць прыкурым ад стажка,— сказаў Куніца.

— Не курашчы,— адказаў стары.

Куніца пакамячыў цыгарэту ў пальцах.

— Дай прыкурыць...— і працягнуў руку да Цімоха.

Той паслужліва дастаў запалкі, падаў дырэктару.

— Не курыш, а запалкі...

— Ды ў гаспадарцы заўсёды яны таго...

— Так ужо і таго? — усміхнуўся Куніца.— Не кожную ж ноч даводзіцца падпальваць сена?

— Што падпальваць? — нібы і не пачуў стары.

— Сена, кажу...

— Ды бог з табой,— адмахнуўся стары.— Скажаш, Ліпавіч, што...

— Хаця б тарфянікі не загарэліся!

— Не загарацца. Там сухадоліна,— сказаў стары.

— Дык, кажаш, сухадоліна?

Цімох не адказваў...

— Паехалі, калі сухадоліна...— і Куніца, падтрымліваючы Дзіну пад руку, каб не спатыкнулася раптам, павёў яе да машыны. Калі ўселіся і развярнуліся, спытаў у старога:

— Колькі было там сена?

— Тоны тры. А мо і болей.

— Грошы ўнясеш у касу ці з пенсіі вылічым?

— Адкуль тыя грошы?

— Ды няма грошай. Згарэлі... Ці адпрацуеш?

— Адпрацую, Ліпавіч, адпрацую,— хуценька і неяк абрадавана пагадзіўся стары.

— У саўгасе ці ў казённым месцы?

— Навошта ж у казённым, Ліпавіч? — засмяяўся стары.— Там харч, кажуць, не вельмі, а дома, можа, адпрацую.

— Цябе хто бачыў?

— Хіба, можа, заяц які, а так хто мяне можа ўбачыць? І вы б не ўбачылі. А то нагледзеўся на агонь, дык і вас не заўважыў. Думаў — у вачах бліскае, а гэта машына свяціла... А тут дрэвы шумелі, не пачуў, як ехалі. Каб яшчэ ў шапцы вушы падняў, то, можа б, і пачуў...

— І не хваліся,— сказаў дырэктар.— Чуеш?

— Чую. А чым не хваліцца?

— Ну, што машыну не пачуў...

— Вядома, нават бабе сваёй ні гу-гу...

Калі Куніца раніцай прыехаў у кантору, яго чакаў участковы. Ён прыехаў у саўгас, каб правесці следства, бо ёсць падазрэнне, што сена згарэла не выпадкова, а падпалена свядома, і ў сувязі з гэтым ён хацеў бы пагаварыць з рабочымі саўгаса.

— Столькі людзей адарваць ад работы? — запярэчыў Куніца.

— Служба,— участковы і не мог дапусціць, што яму запярэчаць.

— Вось, дарагі мой,— сказаў ветліва Куніца,— згарэла не саўгаснае сена, а нейкага хапугі. Вам скардзіліся? Не... Я забараняю вам выклікаць на допыт рабочых саўгаса.

— Але сена згарэла пасля таго, як вы загадалі звозіць яго ў саўгас.

— Якраз тое, што згарэла, мы не збіраліся звозіць у саўгас. Яно дрэннае, адна асака, я сам глядзеў.

— Пакрываеце, значыць?

— Лічыце як хочаце.

— Я мушу далажыць, што вы перашкаджаеце мне выконваць свае службовыя абавязкі,— участковы падняўся, зашпіліў шынель на ўсе гузікі, выйшаў, грукаючы ялавымі ботамі.

Праз якую гадзіну пазваніў Кузьмянок.

— Што ты там мудрыш?.. Наконт участковага?

— Нічога, Андрэй Цітавіч.

— Але ж сена згарэла?

— І рукі не паспеў пагрэць,— засмяяўся Куніца.

— Дык трэба ж, Марк Ліпавіч...

— Андрэй Цітавіч, я буду дрэнны дырэктар, калі ў такіх выпадках пачну карыстацца дапамогай міліцыі. Пастараюся ў сваёй гаспадарцы сам навесці парадак... Андрэй Цітавіч, тут не проста злачынства, а ўсё значна глыбей. Людзі карысталіся зямлёй як хацелі. Жылі сярод балот як хацелі. Цяпер балоты асушылі. А людзі не хочуць адмовіцца ад сваіх звычак. Меліярацыя ў нашых умовах не толькі паляпшэнне зямлі, а яшчэ і псіхалагічная праблема.

— Пакуль будзеш капацца ў псіхалогіі, табе ўсё сена папаляць.

— Я пакуль так не лічу. Пакуль што адзін знайшоўся.

— Глядзі,— пагадзіўся з ім Кузьмянок.

Толькі Куніца паклаў тэлефонную трубку, як у кабінет зайшоў галоўны заатэхнік, якому было даручана кантраляваць складзіраванне сена ля адной з ферм на ўчастку, недалёка ад Пяціхатак, і далажыў, што сена не возяць.

— Як не возяць? — не паверыў Куніца.

— Не возяць, і ўсё. У каго трактар зламаўся, у каго зубы забалелі раптам, дык у бальніцу пайшоў, а хто кажа, што ўсе не едуць і ён не паедзе...

— Значыцца, байкот? — Куніца, прыжмурыўшы адно вока, неяк нібы насмешліва і дапытліва глянуў на заатэхніка.

— Не зусім, але...

— Што будзем рабіць?

— Не ведаю...

— Вось што,— задумаўся Куніца.— Папрашу вас даць спісы ўсіх, хто не выйшаў на работу. Ноччу прыйдзецца вартаваць сена, каб нам не папалілі яго,— ён пад сталом націснуў кнопку, увайшла сакратарка з прыёмнай.— Парторг тут?.. Як з’явіцца, перадайце, каб сабраў камуністаў і камсамольцаў.

Куніца накінуў паліто, глянуў у акно. Дзіна завіхалася ля машыны з анучай. І што ў яе за натура? Машына аж блішчыць, а ўсё роўна нешта там мые, выцірае. Не пасядзіць спакойна.

— Да меліяратараў! — сказаў Дзіне і палез у машыну.

— Што здарылася, Марк? — спытала, калі выехалі на шашу.

Куніца толькі ўздыхнуў.

Катлова ён застаў у двары, той нешта даказваў свайму галоўнаму інжынеру, размахваючы рукамі. Жэсты былі рэзкія, энергічныя, выдавалі вялікую ўзрушанасць начальніка. Наогул за той час, як не бачыў яго Куніца, Катлоў прыкметна змяніўся: патанчэў з твару, нібы памаладзеў. Заўважыўшы Куніцу, ён пайшоў яму насустрач.

— Да мяне?

— Да цябе.— Яны парукаліся.

— Ну, што там яшчэ мае не дарабілі?

— Прэтэнзій ніякіх... Я за дапамогай, Васіль Міхайлавіч.

— Давай.

Куніца расказаў пра гісторыю з сенам.

— Не можаш прымусіць рабочых? — здзівіўся Катлоў.

— А я і не хачу прымушаць... Трэба, каб рабочыя самі зразумелі, што без кожнага з іх мы можам абысціся, а вось яны без саўгаса... Трэба, каб працавалі на саўгас з большай ахвотай, чым на сябе. Каб, значыцца, калектыў аднадумцаў... Вось так, Васіль Міхайлавіч. Я вам падкінуў парторга, а вы мне на дзень дайце машын. Дарэчы, як ён тут, Дубавец наш?

— Калі шчыра, дык лепшага і не трэба. З галавой хлопец. Дапамагае па-сапраўднаму. Калі трэба машыны?

— У восем раніцы.

— Будуць. А грошы як?

— Рахунак ваш, грошы нашы.

— Ясна. Добра. Я зараз дам каманду.

— Дзякую!

А потым Куніца аб’ехаў захопы, паглядзеў, ці на месцы сена. Стажкі былі некранутыя, хаця да многіх з іх, аказваецца, і пад’езды былі нядрэнныя. Значыцца, людзі баяліся браць ці, можа, не было на чым вазіць.

Калі Куніца прыехаў у кантору, то ў асноўным усе — і камуністы і камсамольцы — сабраліся.

— Вось што, сябры,— сказаў дырэктар.— Вы ведаеце, што сёння нашы рабочыя не вазілі сена. Мінулай ноччу на адным захопе згарэў стажок. Баюся, што яшчэ хто захоча пусціць сваё сена ў неба. На ўсялякі выпадак трэба было б устанавіць дзяжурства. Хаця б чалавек колькі. Хто з вас зможа падзяжурыць? Я запісваюся са сваёй жонкай...

— А ўсім можна з жонкамі? — нехта спытаў і засмяяўся.

— Толькі са сваімі,— сказаў Куніца.

Ахвотнікаў было мала. Куніца ведаў, што мясцовыя не вельмі кінуцца запісвацца, бо не хочуць псаваць адносіны з суседзямі, родзічамі. Ды ён і не настойваў. Яму важна было, каб распаўзлася чутка, што сена вартуецца. А яна распаўзецца, бясспрэчна... Куніца загадаў застацца супрацоўнікам канторы ды загадчыкам аддзяленняў, папрасіў іх праверыць вартаўнікоў на фермах. Вызначылі, якія захопы варта ўсё ж трымаць пад наглядам.

Увечары Куніца з Дзінай, якая не захацела застацца дома, пад’ехалі да тых стажкоў, якія выпала вартаваць ім. Стажкі стаялі ў хмызняку, побач з шырокім полем, упершыню засеяным травой. За хмызнякамі было яшчэ балота, парослае чэзлымі, напалову абламанымі бярозкамі, пакалечанымі хваравітымі вольхамі, чаротамі,— тое балота вырашылі не чапаць, каб не парушаць водны баланс у наваколлі. На ноч мацнеў мароз, высыпалі зоркі.

— Сядзела б дома,— упікнуў ён Дзіну.— А то намерзнешся.

— А ты?

— Што я? Я магу зашыцца ў сена ці за рулём прасядзець ноч.

— Ідэя, Марк! — аж успляснула рукамі Дзіна.— Я ніколі не начавала ў сене. Асабліва вось у такую пару... Гэта ж здорава, Марк! Я зараз, як мышка, залезу ў стог, і ты мяне не знойдзеш,— яна аббегла стажок, рухавая, маленькая, тоненькая. Вось яна спынілася, паспрабавала скубці сена.

— Ой, Марк, яно ж не скубецца...

Марк сам паспрабаваў скубці сена. Спачатку яно і сапраўды не паддавалася, але калі ён крыху зрушыў яго, раскапаў нару, пачало адвальвацца пластамі. Спіна ў Куніцы ўзмакрэла, а спацелы твар абляпіла сенная пацяруха. Нарэшце ён выскуб вузкае і даволі ўтульнае логава. Дзіна нырнула ў яго, і ўжо адтуль чуўся яе вясёлы голас:

— Марк, давай сюды!

Ляжалі ў нары, высунуўшы галовы. Хутка яны настолькі сагрэліся, што хоць распранайся. Куніца адчуў, што яго пацягнула на сон. Але толькі задрамаў, як яго разбудзіла Дзіна:

— Марк, нехта ідзе... Чуеш?

Куніца прыслухаўся. Было ціха, потым недзе за балотам загула машына, гула нядоўга і сціхла — нібы з месца пераехала і стала. Гэтая акалічнасць якраз і зацікавіла Куніцу. Можна было б пайсці праз балота, ды ён пабаяўся. Там, дзе не было травы, вада замерзла добра, вытрымае чалавека, а там, дзе трава, мох — можна яшчэ і праваліцца ў багну. У абход ісці доўга — балота выцягнулася на некалькі кіламетраў. А паехаць — можна спудзіць злодзея, калі там сапраўды ён. А мог быць толькі ён, бо на захопы за балотам не пасылалі нікога, палічылі, што яны далёка і ніхто не адважыцца ехаць туды. А вось нехта ж заехаў. Куніца стаяў, прыслухоўваўся, было ціха навокал, нават нідзе сабака не брахаў: нішто і ніхто не трывожыў гэтую ноч. Яму стала зябка, ён зноў залез у нару.

— Дзіначка, ехаць трэба...

Яна кінулася заводзіць машыну.

— Пачакай,— спыніў ён яе, узяў ключы.— Садзіся ззаду, я павяду. А то яшчэ і не прачнулася...

Яна не пярэчыла, аддала ключы, села ў машыну, падабрала ногі пад сябе, ушылася з галавой у сваю куртку, толькі тонкі нос тырчаў з каўняра,— ёй сапраўды хацелася яшчэ падрамаць. Куніца завёў машыну і, не запальваючы фары, павёў яе спачатку праз хмызняк па даўняй, парослай высокай травой дарозе, выруліў на дарогу паўз магістральны канал і паехаў хутчэй. Над лесам вісеў вузкі месяц, неба было яснае, святла хапала, каб бачыць шэрую палоску дарогі перад сабой. Далёка ўправа, якраз там, дзе канчалася балота і адкуль раней было чуваць гудзенне машыны, слаба ўспыхвала святло, як там хто раздзьмухваў пагаслае вогнішча — шугане прамень у неба ды зноў пагасне, толькі водбліск і трымаецца. Нехта ехаў, пераключыўшы фары на бліжняе святло, асцярожнічаў.

— Спіш? — пацікавіўся ў жонкі.

— Ды не... Тармосіш так, што...

— Падай стрэльбу!

Дзіна падала яму стрэльбу, якая ляжала за спінкай задняга сядзення. Ён паклаў яе побач.

Цяпер святло ад далёкіх фар палыхала бліжэй, набліжалася да дарогі. Значыцца, той невядомы злачынца імкнуў на тую ж дарогу, па якой ехалі і яны. Куніца збавіў хуткасць, не хацеў, каб яго заўважылі. Хай той выедзе на дарогу, а тады ён яго дагоніць. З сенам не разгонішся. І сапраўды, праз які час, можа, у кіламетры наперадзе грузавік з сенам выехаў на дарогу. Куніца паддаў хуткасці. Пад’ехаўшы блізка, заміргаў фарамі, патрабуючы грузавік спыніцца. Той не слухаўся. Паехаў шпарчэй. Тады Куніца паспрабаваў яго абагнаць, ды вадзіцель грузавіка, як толькі Куніца ішоў на абгон, не ўступаў яму дарогу, прымаў улева, прыціскаючы Куніцу да канавы. Куніца разумеў хітрыкі вадзіцеля.

Дастаткова яму выбрацца на шашу — тады абганяй не абганяй, нічога яму не зробіш, не прыстанеш. Скажа, што сваё вязе. Адчыніўшы дзверцы, Куніца пачаў крычаць, каб той спыніўся. Злодзей не слухаўся. Тады, пад’ехаўшы блізка, спыніўся, схапіў стрэльбу і стрэліў у правае кола, каб калі і занясе машыну, дык не ў канал.

Грузавік сапраўды закінула ўправа, ён ледзь не споўз з дарогі. Куніца кінуў у машыну стрэльбу, стаяў, чакаў. З машыны вылез вадзіцель і кінуўся на Куніцу з завадной ручкай.

— Я зараз табе стрэлю! Па казённай машыне...

— А ну, не падыходзь,— выскачыла з машыны Дзіна са стрэльбай.

— Не псіхуй, Арцём,— Куніца пазнаў шафёра з райзага.— Я прасіў цябе спыніцца.

— Я сваё вязу. Законна. І пуцёўка ёсць.

— З якога гэта часу?.. Сваё.

— Кожны год я там касіў...

— А цяпер не будзеш. І гэта трэба ў саўгас здаць.

— Дудкі!..

Хутка на стрэлы пад’ехалі на матацыкле двое з начной варты...

А на досвітку на калгасны двор падышло каля дзесяці грузавікоў ад меліяратараў. Убачыўшы такое, многія і саўгасаўскія таксама выехалі. Раптам і маторы аказаліся адрамантаванымі, і зубы ні ў кога не балелі. Падышлі рабочыя з віламі. Іх аказалася нават болей, чым чакаў Куніца.

За дзень сена звезлі з усіх захопаў. Куніца падабраў нават і тыя капіцы, што былі не на землях саўгаса. Калі сена было ўжо ў сціртах, яго абмералі, падлічылі, апрыходавалі і здалі саўгаснаму фуражыру. Потым Куніца ўзяў на складзе стрэльбу, аднастволку, некалькі патронаў і паехаў у Пяціхаткі. Калі зайшоў у хату да Цімоха Краснага, той мітусліва і разгублена забегаў па хаце, старая кінулася засцілаць стол чыстым абрусам.

— Выспаўся, дзед?

— Дзе ж яно будзе спацца? Ліпавіч, давайце да стала і сваю гэту шафёрку клічце,— запрашаў гаспадар.

— Не, дзякую. Дык не выспаўся, кажаш? Сам вінаваты, я папярэджваў. Вось што, дзед, бяры дубальтоўку, будзеш вартаваць сена. Калі што — не дарую.

— Ніхто і пальцам не кране,— абяцаў той.

 

16

Іван Дубавец прачытаў усё, што было па меліярацыі ў бібліятэцы будаўнічага ўпраўлення, у раённай бібліятэцы, і цяпер кожны раз, калі ў яго быў больш-менш вольны дзень, ён ехаў у абласную бібліятэку. А неяк яго выклікалі на семінар аж на некалькі дзён, дык ён на тым семінары толькі адзначаўся, а потым ішоў у бібліятэку на цэлы дзень.

Спачатку яго непакоіла рака Альхоўка, заліўныя лугі, лясы, што раслі паўз раку аж да самай Прыпяці. Яму не хацелася, каб усё гэта загінула — яго рака, яго лугі, яго лясы, дзе прайшло яго дзяцінства, дзе прайшло яго юнацтва...

Усё цікавае, на яго думку, ён выпісваў у блакноцік — іх нямала ўжо сабралася ў тумбачцы. Іншы раз перад сном ён праглядаў тыя запісы. Але іх ужо назбіралася столькі, што трэба быў не адзін дзень, каб прывесці ўсё ў пэўную сістэму. І ён вырашыў гэтым заняцца, калі адпадзе неабходнасць ездзіць у абласную бібліятэку, калі ўсё ці амаль усё будзе прачытана.

Кожны раз, прыязджаючы ў бібліятэку, Іван Дубавец збіраўся пазваніць Марыне Данілавай. Але чамусьці кожны раз не асмельваўся, адкладваў на наступны раз.

Праўда, у той дзень, калі ён прагледзеў апошнюю падшыўку часопісаў і стала зразумела, што яму які час проста нечага будзе ездзіць у бібліятэку, ён усё ж адважыўся пазваніць. Марына была на рабоце.

— А-а, гэта вы,— чулася, што яна абрадавалася яму.

— Я.

— Адкуль?

— З аўтамата. З горада.

— Доўга тут будзеце?

— Вывучаў тут адну праблему. У вашай бібліятэцы. Ды сёння чытаць нечага, вырашыў пазваніць.

— Вы былі і раней?

— Быў.

— А чаму ж не прызнаваліся?

— Заняты быў, а сёння... Ну, час ёсць. Думаю, пазваню, можа, у басейн...— і ён аж пачырванеў: ніяк сам не чакаў, што ляпне такое глупства.

— Можна было б. Калі б вы пазванілі раней, я дамовілася б. А цяпер і не ведаю, ці можна, тым больш што ў мяне праз паўгадзіны перадача.

— Шкада,— шчыра прызнаўся ён.

— Пачакайце, я пазваню...

— Дык што аднаму?

— Вось што, Іван,— сказала яна рашуча.— Праз гадзіну я свабодная. Прыходзьце ў тэлестудыю.

З тэлефоннай будкі ён выйшаў абрадаваны, сеў у машыну і пад’ехаў да тэлестудыі. Пастаяў некалькі мінут. Першая ўзрушанасць прайшла, і яго зноў ахапіў роздум, а з ім і хістанні: ну, добра, калі будзе басейн, а калі раптам не ўдасца ёй дамовіцца, тады што рабіць? Прывітанне і — бывайце. Дык ці варта дзеля гэтага цэлую гадзіну чакаць?

Дубавец завёў матор і крануўся з месца, выехаў на цэнтральную вуліцу, паехаў шпарчэй, уліўся ў агульны паток. Лепей праехацца, чым стаяць там цэлую гадзіну, пакуль вада замерзне ў радыятары. А потым можна і вярнуцца. А можа, і не трэба? Можа, пазваніць праз колькі дзён?.. Так у ваганнях і не заўважыў, як выехаў за горад. А потым, ад’ехаўшы далёка, пачаў шкадаваць, што не застаўся...

 

Частка трэцяя

 

1

Пераадзеўшыся пасля работы ў свой халацік, які быў вузкаваты для яе цяпер, Ніна прылегла на ложку і непрыкметна заснула. Праспала некалькі гадзін. Прачнулася, калі да яе падсеў Пятро. У пакойчыку было цёмна, акно сінела вечаровай смугою. На даху суседняга дома снег як гарэў: аднекуль адбіваўся і падаў на яго апошні чырвоны прамень сонца.

— Запалі святло,— пазяхнула Ніна.— Даўно дома?

— Не вельмі,— ён уключыў настольную лямпу.— Ну, што ў цябе?

— Нармальна. А ў цябе? — яна бачыла, што яго хударлявы твар аж ззяе.— Можа, прэмію атрымаў?

— Не...— і далей стараўся гаварыць спакойна, як пра нешта звычайнае.— Быў у заўкоме. Расказаў, што чакаю прыбаўкі сям’і. Паабяцалі пакойчык. Пакуль з абменнага фонду. А кватэру потым, адпаведна чарзе.

— Ну і добра,— абыякава сказала яна.

— Ну, не могуць жа яны без чаргі кватэру,— ён падумаў, што яна не задаволена.— Такіх, як я... Добра, што пакойчык. Як, значыцца, рацыяналізатару, завочніку, ну і гарманісту...

— Вячэраў?

— Яшчэ не...

Яна паднялася, хацела ісці на кухню. Ён не дазволіў, сам падагрэў суп, паклікаў яе.

— Я не буду,— адмовілася Ніна.— Я потым...

Была якраз тая хвіліна, калі яе раптам працяў такі заўсёды нечаканы сум, і яна не хацела, каб Пятро што ўгледзеў.

— Табе блага, Ніначка?

— Не.

Яна пасядзела столькі, колькі трэба, як яна лічыла, каб не выклікаць ніякіх падазрэнняў, паднялася, перад люстэркам паправіла валасы, усміхнулася, усмешка атрымалася амаль вясёлая. З ёй яна і зайшла на кухню. Пятро вымазваў талерку скарынкай. Ніна села за стол, сказала, каб браў кашу ў духоўцы.

— Усё ж ты стамляешся,— грукаў каструляй Пятро.— Можа, пагаварыць з начальствам, каб цябе не так загружалі? Будзеш есці кашу?

— Буду.

Ела Ніна хутка, бо ёй непрыемна было, што Пятро так пільна сочыць за ёй, ледзь не ў рот заглядвае. Адставіла талерку, не даеўшы.

— Дзякую.

— Малака, можа? — як прачытаў яе думку, бо яна якраз падумала пра малако.

— Можна.

— Ну, як? — спытаў, калі выпіла малако.

— Што — як?

— Адчуваеш сябе?

— Нармальна...— яна ўсміхнулася.— Што ты ўсё дапытваешся? Адчуваю, як і кожная ў такім становішчы...

— Ведаеш, у заўкоме папрасілі мяне з’ездзіць з канцэртнай брыгадай... Адмаўляцца няёмка было. Але калі табе блага, то...

— Што ты, Пецечка, адмаўляцца не трэба, А то пакой не дадуць.

— Я сам так падумаў.

— Едзь, абавязкова едзь...— яна вырашыла, што сама з’ездзіць у нядзелю ў сваю Альхоўку, можа, там сустрэнецца з Барысам, раскажа яму ўсё. А можа, і не стане гаварыць з Барысам, толькі паглядзіць яму ў вочы і зразумее, ці варта наогул з ім гаварыць.— Ты едзь з канцэртам, а я з’езджу да маці.

— А можа, у наступную нядзелю? — ён не хацеў адпускаць яе адну.

— А можа, я ў тую нядзелю і не змагу. Ды і часу ў цябе не будзе. Экзамены ж на носе. А мне трэба маці сказаць, што купляць.

— Самі ўсё купім,— запярэчыў Пятро.

— Самі, самі...— яна ўсміхнулася, кранула рукой яго чупрыну: ведала, што нават ад невялікай пяшчоты Пятро страчваў усялякую здольнасць пярэчыць.— Маці ўсё роўна прыедзе і прывязе тое-сёе. Скажу, каб не везла непатрэбшчыну. І наогул, скажу, каб падрыхтаваліся там. Улетку з малым паеду на малако... Ты за мяне не хвалюйся...

— Я не хвалююся, я толькі...

— Усё будзе нармальна, у наступны раз з табой з’ездзім,— канчаткова супакоіла яна мужа.

У суботу раніцай Ніна яшчэ спала, калі па Пятра заехалі на аўтобусе. Яна яшчэ крыху пакволілася ў пасцелі, а паснедаўшы, пачала збірацца. Яна складвала ў сумку свае лепшыя сукенкі, тое-сёе з бялізны. Рабіла ўсё хутка, нібы баялася, што раптам хто перашкодзіць яе зборам. Такой лёгкасці ў рухах у яе даўно не было, не хадзіла, а лётала... І не заўважыла, як да чыгуначнага вакзала дабегла. Калі ж села ў вагон, то адчула не тое што стому, а нібы якую вяласць у целе, як бывае з чалавекам у вельмі цёплым пакоі. У яе нават спіна ўзмакрэла. У вагоне было халаднавата. Мароз так заляпіў узорамі вокны, што праз іх ледзь прабівалася святло. Калі ж цягнік крануўся і вагон загойдала, адчула, што ў яе закружылася галава, здалося, што ёй вось-вось стане блага. Яна паклала сумку пад галаву, прылегла. Хутка супакоілася і ў канцы дарогі нават задрамала. І ўсё ж, калі сышла на сваёй станцыі, то сумка і невялікі хатулёк падаліся такімі цяжкімі, што яна ледзь несла іх. Пакуль дайшла да аўтавакзала, у аўтобус набілася гэтулькі людзей, што Ніна і не спрабавала ўціснуцца ў яго. На плошчы, з таго краю яе, які прымыкаў да чайной, стаяла некалькі грузавікоў і трактар з прычэпам. Ля аднаго грузавіка тоўпіліся жанчыны з клункамі. Сярод іх Ніна заўважыла і мужчыну ў доўгім паліто і шэрай шапцы-вушанцы, з вязанкай кніг пад пахай. Гэта быў настаўнік са школы, у якой раней вучылася Ніна. Высветлілася, што машына з іхняга калгаса і што едзе на ёй шафёр Пецька Гуцаў, хлопец, які да арміі не раз завальваўся ў клуб п’яны, ганяў дзяўчат, а адзін раз нажом паласнуў па мяхах баяна, калі баяніст адмовіўся сыграць тое, што ён прасіў. Цікава, які ён цяпер, пасля арміі...

Вось выйшаў з чайной і Пецька Гуцаў, высокі, у салдацкай шапцы, па-заліхвацку пасаджанай набакір. Праўда, не было таго чуба, які кучаравіўся раней. З хлопцам ішла незнаёмая дзяўчына, чырванашчокая, з вясёлымі круглымі вачыма, у штучнай футры і высокай з рыжай лісіцы шапцы. Ён усадзіў яе ў кабіну, потым крыкнуў пасажырам, якія чакалі яго: «Залазьце, пакуль я добры». Залез у кабіну, завёў матор і крануўся з месца, не пацікавіўшыся нават, ці селі людзі. І каб настаўнік не падаў руку Ніне, яна не паспела б узабрацца ў кузаў.

Усе месцы ў кузаве, адразу за кабінай, дзе не так трэсла, былі заняты. Яна села на сваю сумку сярод кузава. Пецька Гуцаў гнаў грузавік шпарка, відаць, дэманстраваў перад суседкай сваё майстэрства. Як яшчэ ехалі па шашы, было нічога, а калі ж звярнулі на грунтавую дарогу, машыну пачало кідаць у бакі і трэсці так, што трэба было трымацца за нешта, каб не ездзіць па ўсім кузаве. Ніна наблізілася да борта, учапілася ў яго рукамі. Машына спынілася, не даехаўшы да цэнтра калгаса.

— Граждане, вікінштэйн, паколькі я кірую да цешчы на бліны. На высадку пяць секунд.

Настаўнік, відаць, заўважыў, што Ніна зблажэла ў твары, дапамог ёй паднесці сумку. А да свае Альхоўкі яна дабіралася сама. Ішла нетаропка. Стаміўшыся, прысаджвалася на які пянёк, адпачывала. Прыйшла ў Альхоўку, калі сонца садзілася за хаты. За вячэрай маці спытала, ці надоўга прыехала. Ніна адказала, што на выхадныя, пра свае ж сапраўдныя намеры не прызналася, вырашыла маўчаць, пакуль не перагаворыць з Барысам. Пасля вячэры адчула ва ўсім целе нязвыклую нечаканую стомленасць. Сказала маці, што хоча спаць, бо рана паднялася...

Сярод ночы Ніне стала блага. Спачатку так разанула ў жываце, што яна падхапілася, спрасонку не разумеючы, што адбылося. У хаце было цёмна, толькі ад вокан падала на падлогу дрыготкае святло. Уцяміўшы, дзе яна, Ніна лягла зноў, адвярнулася да сцяны. Боль паўтарыўся. Востры, нечаканы. Прыслухалася. Які час было спакойна, потым заныла... Як ні лаўчылася легчы, аблягчэння не было.

Ніна паклікала маці. Тая, як толькі пачула, дзе і як ёй баліць, загадала не варушыцца, а сама апранулася і пабегла на ферму, дзе быў тэлефон.

«Хуткая дапамога» забрала Ніну ў бальніцу.

Урач, агледзеўшы яе, сказала, што яна сама сабе нашкодзіла, праехаўшы на грузавіку.

Як ні стараліся, урачы не змаглі дапамагчы.

Ніне паабяцалі, што калі ўсё будзе нармальна, яе выпішуць дзён праз пяць, а можа, і раней. Яна ляжала абыякавая да ўсяго. Такой апустошанасці не адчувала яшчэ ніколі. Ці, можа, гэтая апустошанасць была ад усведамлення, што цэлая паласа жыцця, яе маладосць, мінулася і ніколі не вернецца, ці, можа, ад таго, што так і не ўдалося сустрэцца з тым, хто павінен быў прыйсці на свет, стаць для яе самай дарагой істотай на зямлі. Праўда, ужо на другі дзень яна прыкметна акрыяла. Ёй стала сумна, і гэты сум гаварыў пра тое, што ў яе сэрцы яшчэ не згасла надзея на шчасце, на спакойнае жаночае шчасце.

І калі ў канцы тыдня прыехаў Пятро, абураны, што яна не паведаміла яму пра сябе, Ніна не абрадавалася, але і не прагнала яго.

— Не журыся,— узяў ён яе за рукі.— У нас яшчэ ўсё наперадзе.

Ніна падумала: «А што наперадзе? І хіба ёсць што-небудзь наперадзе? Усё засталося там. Чакаць нечага, нічога не будзе, ды і не можа быць. Хіба пасля такога бывае радасць? Смешна, ён яшчэ глядзіць на мяне з усмешкай. Няўжо яшчэ нічому не навучыўся? Няўжо ён такім і застанецца на ўсё жыццё?»

— А для цябе ёсць сюрпрыз,— сказаў Пятро.

Ніна запытальна глянула на яго.

— Вось,— ён выняў нейкую паперку, складзеную ўдвая.— Ордэр на пакой. Пакой вялікі, светлы, сонечны. Пад вокнамі сквер. Глядзеў. Суседка — нейкая пенсіянерка. Ветлівая інтэлігентка...

«Пакой вялікі, сонечны, светлы, пад вокнамі сквер, у скверы будуць чырыкаць верабейкі, а ён не ўбачыць ні сонца, ні дрэўцаў зялёных, ні верабейчыкаў...» — і яна не стрывала, усхліпнула...

— Ну, што ты? Ніна! — нахіліўся да яе Пятро.— Пажывём, а потым і асобную... А можа, пенсіянерку куды пераселяць... А галоўнае, амаль побач з тваім садзікам... Ну, што ты расплакалася? Не вернеш жа... З кім не здараецца...

— Я проста стамілася,— сказала яна, бо ёй зараз хацелася аднаго, каб ён хутчэй пайшоў.

— Ну, прабач,— Пятро падняўся з табурэткі, на якую прысеў ля ложка, але рукі яе, вялай, як не жывой, не адпускаў, перабіраў яе паслухмяныя пальцы.— Я даведаюся, калі цябе будуць выпісваць, і прыеду. Каб сама не думала ехаць. Можа, што яшчэ перадаць?

— Нічога не трэба...

— Ну, адпачывай, не сумуй,— ён нагнуўся, чмокнуў яе ў шчаку, ціха выйшаў з палаты.

 

2

Барыс прыйшоў з работы ўпоцемку. Распрануўся. Сеў ля стала, задумаўся. Трэба было б схадзіць пад душ, потым згатаваць вячэру ці заглянуць у якую харчэўню. А ў яго ніякага жадання не было і варухнуцца. Стаміўся, праўда, не вельмі, хоць ногі і нылі, дык яны ныюць і ў вопытных экскаватаршчыкаў: панаціскай тугія педалі цэлую змену,— проста нічога не хацелася рабіць, нікуды не хацелася ісці. Сядзеў, пакуль у пакоі зусім не стала цёмна.

Пасля вячэры зноў які час сядзеў, думаў, што рабіць далей,— класціся рана, а запоўніць доўгі вечар не было чым. Пайсці хіба паглядзець «тэлік», дык ён у пячонках ужо сядзіць, той «тэлік». Надакучыла. Апошні час глядзеў часта і багата...

Барыс кінуўся на ложак, закінуў ногі на спінку ложка, падлажыў рукі пад галаву

Спачатку Барысу было цікава працаваць у меліяратараў. Хоць і зараз працуецца нядрэнна, а вось пасля работы... У першыя тыдні, як пасяліўся ў інтэрнаце, было весялей. На танцах у клубе пазнаёміўся з афіцыянтачкай з мясцовага рэстарана. Два вечары было цікава з ёй, а пасля засумаваў. Пазнаёміўся з другой, з бухгалтарам з Дома быту. Строгая, прыгожая, трымалася з гонарам. Чытала вершы. Ясеніна і невядомых Барысу паэтаў. А хутка ці яна растраціла ўвесь свой паэтычны арсенал, ці надакучыла ёй прыкідвацца вельмі строгай, толькі цалавалася і абдымалася яна з ім, як і ўсе... Было ў яго яшчэ некалькі дзяўчат, але каля ніводнай ён не затрымліваўся доўга — не прымала сэрца. Сапраўды, сэрцу не загадаеш... Раней Барыса цягнула яшчэ пазнаёміцца з якой, спадзяваўся, што вось, урэшце, сустрэне тую, адзіную,— хто толькі не марыць пра такое ў маладыя гады! Але не з’явілася яна, а вось апустошанасць прыйшла... Ды часам, калі раптам у натоўпе ці ў аўтобусе або ў іншым месцы мільгане белакурая такая і нечым нагадае Ніну, дык такая неадольная туга паласне па сэрцы...

Хаця б зайшоў зямляк, ці што... Заходзіў жа іншы раз. Зойдзе, убачыць, як Барыс прасуе што-небудзь, весела спытае:

— Што, таварыш Малюк, на танцулькі?

— Угадалі, таварыш Дубавец,— у тон яму адкажа Барыс.

— Абрыдне кожны вечар...

— Не абрыдне, Іван Кірылавіч.

— А то б пачытаў... Можа, вучыцца б куды падаўся. Загляні калі, пагаворым...

Ды некалі было Барысу заглянуць да парторга. А можа, сапраўды зайсці, узяць пачытаць што цікавае, не ляжаць жа ўвесь вечар, залажыўшы рукі пад галаву... Барыс падняўся, выйшаў у калідор, спусціўся на другі паверх — на другім паверсе была гасцініца і там жылі інжынеры і тэхнікі, якія халасцякавалі яшчэ, пастукаў у дзверы.

— Не зачынена,— пачуўся голас Дубаўца.

Барыс павітаўся, спыніўся ў парозе ўражаны: Дубавец у майцы і сінім спартыўным трыко ляжаў на ложку, закінуўшы ногі на спінку, праўда, не ложка, а крэсла, прыстаўленага да ложка, падклаўшы пад галаву рукі...

— А-а, Барыс,— Дубавец сеў, намацаў нагамі пантоплі.— Заходзь, заходзь... Нешта сумна стала, ляжу і думаю, хаця б хто зайшоў. Бывае ж так, увесь час заняты, ну, думаеш, выдаўся б вольны вечарок... А выдасца, дык ляжыш і не ведаеш, чым заняцца. Праходзь, праходзь, будзем чай піць. Свежыной пачастую. Заязджаў да старой, падкінула кавалак мёрзленькага і свежанькага...

— Дзякую, Іван Кірылавіч, толькі што ад свае свежанінкі.

— За кампанію можна яшчэ...

Але Барыс не стаў есці і за кампанію, так і астыла некранутая шклянка чаю, якую яму наліў гаспадар.

— Ведаю я вашага брата, вам пад сальца не чаёк, а чаго б моцненькага... Але, прабач, не трымаю.

— Магу ў хлопцаў раздабыць,— падняўся Барыс.

— Не трэба... Нельга тут... Вось давай паедзем дамоў ды пойдзем з вудамі на рэчку... Там можна і моцненькага... Дарэчы, любіш рыбачыць?

— Узімку не...

— Я таксама. Кажуць, варта пачаць, потым не суняць будзе. А можа, з’ездзім? А то часам не ведаеш, куды дзяваць сябе. Табе бывае сумна? Ну вось. Няма ў нас з табой хобі. Цяпер кожны чалавек, калі не хоча сумаваць, павінен мець хобі... Як працуецца?

— Нічога.

— Без энтузіязму, зямляк...

— Грузім тарфакрошку,— сказаў Барыс.

— А-а... Табе адразу змагацца з балотамі?

— Каб грузіць, майстэрства не трэба. А на канале, напрыклад...

— Гэта ж часова...

— Я разумею...— Барысу не хацелася, каб Дубавец пачаў тлумачыць яму важнасць яго работы.— Можа, пачытаць што ёсць? .

— А што?

— Што-небудзь вясёлае...

— Вясёлага, здаецца, і няма. Ёсць некалькі кніг па меліярацыі. Як яна ўплывае на прыроду. Вось са сваім экскаватарам пракапаеш канал, спусціш ваду з балота, і, думаеш, нічога страшнага? Толькі карысць? Каб жа так! А то ў нашай Альхоўцы знікае вада, у лесе высах чарнічнік, і нам некуды хадзіць па ягады. А ў суседняй вёсцы высахлі калодзежы. Вёска без вады. Ну, гэта я груба. Сувязі больш складаныя і часам вельмі нечаканыя. Наша, брат, такая работа, што крок ступіш сёння, а яно адгукаецца заўтра, а то і пазней. Вось, вазьмі паглядзі. «Чалавек сярод прыроды». Я, брат, так захапіўся гэтай літаратурай...

Дубавец зрабіў паўзу, і яе пастараўся скарыстаць Барыс.

— Дык я пайду, Іван Кірылавіч, пачытаю...— ён падняўся.— Спакойнай ночы, Іван Кірылавіч.

— Прачытаеш, заходзь, яшчэ што-небудзь падбяру,— паабяцаў Дубавец.

Барыс вярнуўся ў свой пакой, улёгся, уключыў лямпу і пачаў чытаць. Як толькі сагрэўся пад коўдрай, пацягнула на сон. Ён і заснуў, не прачытаўшы дзвюх старонак...

 

3

Катлоў сабраў са стала паперы, сунуў іх у шуфляду, карты ўсялякія — у сейф, апрануўся, пазваніў у школу, папрасіў перадаць жонцы, што тэрмінова выязджае ў Пінск і вернецца толькі заўтра. Выйшаў на вуліцу.

— Самі едзеце, Васіль Міхайлавіч? — спытаў шафёр.

— Сам.

— А можа, мне? Дарогі цяпер ведаеце якія...

— Нічога,— сеў за руль Катлоў.— Трэба трэніравацца, а то раптам выйграю машыну па латарэі. Усё нармальна?

— Усё.

— Запаска?

— Парадак.

— Запасны рэмень на вентылятар?

— У багажніку. Дарэчы, Васіль Міхайлавіч, будуць дзе пасажыры, падхапіце. Машына будзе ісці ўстойлівей.

Выехаўшы на шашу, Катлоў уключыў радыёпрыёмнік. Перадавалі музыку. Скрыпка пад кволую і нясмелую часам падтрымку аркестра тужліва расказвала пра нешта вечнае, нязбытнае... Яму стала сумна, і ён ужо шкадаваў, што не ўзяў з сабой Люду. Вядома, калі б паміж імі не было нічога, ён узяў бы яе абавязкова, а так... Хаця чаго хавацца? Чым болей яны будуць хавацца, тым хутчэй пра іх усе даведаюцца. Трэба дзейнічаць адкрыта і смела, і тады ніхто нічога не падумае... Але ж у Пінску той барадаты Чаромухін. Ды адкуль ён, Катлоў, узяў, што Чаромухін яму пагражае? Пагаварыў неяк з Людай, пасмяяўся... Ну і што?

Да канца рабочага дня заставалася мала часу, і Катлоў, баючыся, што хлопцы не дачакаюцца яго, адразу ж паехаў у інстытут, хаця думаў заехаць у гастраном і захапіць старанным аўтарам «гасцінца», ісці вячэраць з імі ў рэстаран не меў ніякага намеру — хацеў хутчэй вярнуцца назад. Хлопцы чакалі яго. Праект у стандартнай папцы ляжаў на стале.

— Зрабілі на месяц раней,— сказаў Чаромухін, і ўвесь яго курносы твар аж свяціўся радасцю.

— На чыгунцы за хуткасць даплачваюць,— сказаў акуратненькі Лапіцкі.

— Я зразумеў,— засмяяўся Катлоў.— Але паглядзім, што за тавар,— ён выцягнуў з папкі некалькі тоўстых сшыткаў. У першым ішлі ўсялякія разлікі, іх было багата, і цяпер разглядаць іх не было часу. Потым былі схемы, карты, агульныя і па ўчастках, даволі ёмістая тлумачальная запіска... Усё як трэба.

— Звярніце ўвагу, зацверджана,— сказаў курносы.— Тры дні бегалі па інстанцыях...

— Давялося там-сям і таго...— зноў уставіў сваё бландзіністы.

— Таксама зразумеў,— Катлоў сунуў праект у партфель.— Можа, дзе пасядзім, хлопцы, пагаворым? Толькі, калі можаце, зараз жа...

— Не абавязкова,— сказаў Чаромухін.— Яшчэ хто ўгледзіць у гэтым непрыстойны ўчынак, тым больш што...

— Вы спяшаецеся,— падхапіў бландзіністы.— Можна пагаварыць і тут. Улічыце, калі якія пераробкі, даробкі, зробім таксама хутка, без чаргі, так сказаць, але... мы матэрыялісты,— і ўсмешка ледзь улоўна кранула яго тонкія губы.

— Мы вас, як бачыце, не падвялі,— заключыў Чаромухін.

— Пакуль што ўсё было нармальна? — глянуў дапытліва Катлоў то на аднаго, то на другога. Хлопцы ў згодзе кіўнулі галовамі.— Дамаўляліся, што будзеце на зарплаце да чэрвеня. За хуткасць патрымаю яшчэ.

— Нармальна,— пагадзіўся светлавалосы.

— Як у мяне зарабляюць экскаватаршчыкі? — засмяяўся Катлоў, падаючы руку на развітанне.— Бывайце, я сапраўды спяшаюся...

Хлопцы праводзілі яго, пажадалі шчаслівай дарогі.

Ехаць было цяжка. Ішоў мокры снег. Варта было набраць хуткасць, як машыну адразу ж заносіла. Стаміўся вельмі. Яшчэ ніколі ён так не стамляўся. Катлоў ужо завагаўся, ці заязджаць да Люды. Можа, кіраваць адразу дамоў? Дык і дамоў сілы не хопіць даехаць.

На яго стук Люда адчыніла клямку, не пытаючыся нават, хто просіцца.

— А можа, я і не я,— засмяяўся Катлоў, увайшоўшы ў пакой.

— Пачула машыну і ў акно бачыла, як падыходзіў,— Люда ўзяла яго паліто, павесіла на цвік.

— Праект,— ён паклаў на стол папку, сам сеў на крэсла, пачаў разувацца.

— На колькі гадоў разлічаны?

— На чатыры.

— Нармальна,— сказала яна.

Катлоў успомніў, як часта карысталіся гэтым словам інжынеры ў Пінску, і падумаў, што, здаецца, раней у Люды такога слоўца не чуў.

— Ведаеш, пра што я думаў у дарозе... Праектанты, здаецца, не ўлічылі, што балоты на правым беразе Альхоўкі мелкія, перасыхаюць улетку, так што можна аб’ект закончыць на год раней...

— З’ясі трохі? — перабіла яна яго.

— Дай якога кампоту...

Яна наліла ў шклянку вады, кінула туды лыжачку варэння, размяшала, падала Катлову.

— Браў бы шафёра,— параіла яму.

— Каб не думаў да цябе заязджаць,— сказаў ён, выпіўшы шклянку.

— Знайшлі б і шафёру,— хіхікнула Люда.— Яшчэ вып’еш?

— Дзякую,— адмовіўся Катлоў, хаця спачатку і хацеў папрасіць яшчэ шклянку: яму не спадабалася, што Люда так лёгка гаварыла пра іх адносіны... Можа, ён наогул абрыдзеў ёй? Катлоў паставіў шклянку і які час сядзеў насуплены. Яна заўважыла яго настрой, прысела перад ім, прыхінулася шчакой да яго халоднай рукі, глянула знізу ўверх аддана і ласкава. І ён зноў адчуў яе блізкасць і роднасць. І хоць трывога прайшла, але канчатковай супакоенасці не было, не было яе і потым, раніцай, калі ён ехаў дамоў на досвітку...

Роўна ў дзевяць Катлоў быў у райкоме. Ён не мог забыць мінулагодняга абмеркавання на бюро, не мог забыць таго недаверу і, здаецца, абыякавасці, якія праяўляў увесь час Кузьмянок да яго ініцыятывы, яму хацелася паказаць сябе перад гэтым стрыманым і таму нібы вечна нездаволеным Кузьмянком.

Катлоў адчуваў, што Новік бліжэй яму па натуры. З энтузіязмам падтрымлівае ўсё лепшае, перадавое, да людзей ставіцца адкрыта, непасрэдна, і таму спачатку зайшоў да яго.

— Вось, гатовы,— Катлоў паклаў перад ім на стол праект.

— Віншую, віншую,— падхапіўся Новік, моцна паціснуў руку Катлову, і яго нахмураныя бровы разышліся. Аказваецца, у Новіка быў светлы і зусім немаршчыністы лоб, як усё адно ў юнака.— Я верыў, але каб так хутка...— ён яшчэ раз паглядзеў на Катлова, нібы ўпершыню ўбачыў яго.— У яго энергіі на дзесяцярых, а мы думалі... Самому паказваў? Не... Пайшлі пакажам. Хай палюбуецца на свае кадры...

І Новік пацягнуў Катлова ў кабінет першага з такой радасцю, быццам ён меў самае непасрэднае дачыненне да ўсіх спраў яго.

Кузьмянок жа не праявіў ні радасці, ні энтузіязму. Ён падняўся, нетаропка сабраў са стала паперкі ў папку, потым разгарнуў схему, схіліўся над ёй.

— Хвацка! — сказаў, а потым, зірнуўшы стомленымі вачыма то на прыціхлага Катлова, то на крыху паніклага Новіка, спытаў:

— Праектант малады?

— Малады,— адказаў Катлоў.

— Яно і відаць. Мы, старыя, становімся сентыментальнымі, а яны... Прыклаў лінейку, махнуў алоўкам — і ракі Альхоўкі як не было. Канава замест яе.

— Канал неабходны, Андрэй Цітавіч,— сказаў Катлоў.

— І ўсё ж шкада рачулкі,— уздыхнуў Кузьмянок.— Апошняя рачулка ў нашым раёне. Некалі партызанамі трапілі ў блакаду. Адседжваліся ў Альхоўскіх балотах. Толькі і карміліся з гэтай рачулкі рыбай, ракамі.— І спытаў раптам па-дзелавому: — На колькі разлічаны праект?

— Гады на чатыры.

— Так. Галоўнае — не спяшацца. Зрабіць так, каб зямля доўга служыла людзям.

— Згодзен, Андрэй Цітавіч... Мы вывучалі праект... Ёсць магчымасць палепшыць тое-сёе.

— Я рад за вас,— сказаў Кузьмянок.— Рад за людзей, калі ў іх вось такая незадаволенасць. Гэта святая незадаволенасць,— ён сеў на сваё месца, глянуў на схему, уздыхнуў.— А ўсё ж шкада рачулкі...

Катлоў выйшаў з райкома з нейкім непрыемным асадкам на сэрцы:

«Пра ракаў успомніў, даліся яны яму...»

 

4

На другі ж дзень, пасля таго як быў прывезены праект, Катлоў склікаў нараду ўсіх тэхнічных кіраўнікоў, прарабаў, брыгадзіраў. Павесіўшы схему на сцяну, расказаў, што трэба зрабіць цяпер, да пачатку наступлення на балота, каб улетку не стаяць ніводнага дня. Дубавец, які сядзеў ля праекта і ўважліва разглядаў яго,— раней пазнаёміцца яму з праектам не было калі,— слухаў начальніка ўпраўлення і міжвольна захапляўся яго маштабнасцю мыслення, уменнем ахапіць увесь фронт работ адным позіркам, вызначыць самыя адказныя кірункі, прадбачыць такое, пра што, здавалася, цяжка загадзя было і здагадацца.

І ў той жа меры, як расло ў Дубаўца захапленне арганізатарскімі здольнасцямі Катлова, раслі трывога і разгубленасць перад самім праектам, перад тым, як ён быў вырашаны...

Катлоў скончыў гаварыць, спытаў, ці ўсё ўсім зразумела. Наліў з графіна шклянку вады, выпіў залпам, сеў за свой стол, выняў цыгарэту, пакамечыў яе ды і паклаў у попельніцу, закурваць не стаў.

— А навошта так часта шлюзы на каналах на правабярэжжы Альхоўкі? — спытаў адзін з інжынераў вытворчага аддзела.— Можна было б зрабіць удвая меней.

— Вось і першая рацпрапанова,— і Катлоў усміхнуўся, глянуў на Дубаўца.— Справа ў тым, што на правым беразе ракі назіраецца вельмі зменлівы рэльеф. І каб падтрымліваць патрэбны ўзровень вады ў каналах і, разумеецца, узровень грунтовых вод па ўсёй тэрыторыі, таму і прадугледжаны так часта шлюзы. Наша ж мэта не проста асушыць балоты, а зрабіць зямлю такой, каб на ёй раслі стопудовыя ўраджаі.

Потым яшчэ гаварылі многія і пра самае рознае. Але ўся гаворка вялася вакол аднаго: колькі экскаватараў паслаць, як арганізаваць харчаванне, побыт механізатараў. І толькі прараб Люда Гусак выступіла з прапановамі, як і што трэба палепшыць у праекце.

Дубавец чакаў, што, можа, хто-небудзь з прысутных загаворыць пра тое, як паўплывае асушэнне Альхоўскіх балот на акаляючае асяроддзе, тады і ён, Дубавец,— нездарма ж ён цікавіўся экалагічнай літаратурай,— падзяліўся б сваімі сумненнямі.

— Ну, а што партыйнае кіраўніцтва думае? — звярнуўся Катлоў да Дубаўца.— Ніякіх заўваг?

— Не,— адказаў Дубавец.

— Калі партыйнае кіраўніцтва падтрымлівае наш праект, то нам застаецца толькі рыхтавацца да работ,— не без іроніі сказаў Катлоў. Ва ўсялякім разе, так падалося Дубаўцу.

Катлоў папрасіў Люду Гусак затрымацца пасля нарады. Тая, убачыўшы, што Дубавец сядзіць на сваім месцы і не думае падымацца, выйшла з кабінета разам з усімі.

Катлоў незадаволена зыркнуў на Дубаўца.

— Вы што хочаце сказаць?

— Ёсць гаворка,— Дубавец прысеў бліжэй да стала Катлова.

Катлоў націснуў кнопку. У кабінет зайшла сакратарка.

— Знайдзіце Гусак...— загадаў ёй Катлоў.

— Сядзіць у мяне, Васіль Міхайлавіч.

— Скажыце, хутка паклічу,— і ўжо без нядаўняй незадаволенасці, а з прыязнай усмешкай сказаў Дубаўцу: — Галава ў бабы, не кожны мужык такую мае. Якія выдала прапановы! Мне здаецца, яе трэба падтрымаць.

— Бясспрэчна,— пагадзіўся Дубавец.

— Я вас слухаю, мой камісар,— Катлоў глянуў на гадзіннік,

«Няўжо ён так спяшаецца пагутарыць з гэтай Гусак»,— падумаў Дубавец, а ўслых сказаў:

— У мяне тут меркаванні па праекту...

— Цікава, цікава...

— Мне не хацелася пры ўсіх, бо раптам што не так... Не спецыяліст, так сказаць.

— Нічога,— паблажліва сказаў Катлоў і падрыхтаваўся слухаць.

— Рака будзе спрамляцца? — спытаў Дубавец.

— Бясспрэчна.

— І будзе праменькая канава?..

— Чаму ж канава? — усміхнуўся Катлоў.— Назва застанецца. Назвы рэк звычайна пакідаем, хаця, лічу, і не трэба было б... Нашто называць ракой тое, што на яе не падобна?

— Канечне,— разважанні Катлова абрадавалі Дубаўца. Яму раптам падумалася, што начальнік таксама супраць спрамлення.—Усю лішнюю ваду вясной будзем скідваць у акіян?

— А куды ж?

— Вада грунтовая навакол панізіцца. Заліўныя лугі, дубровы, лясы з часам высахнуць.

— А-а, табе шкада грыбкоў у альхоўскіх лясах? — рассмяяўся Катлоў.

— Шкада. Шкада, калі такая прырода загіне,— шчыра прызнаўся Дубавец.— Але гэта не галоўнае. Можа б, наогул не варта ў такіх маштабах, бо...

Але Катлоў не даслухаў яго думку. Калі спачатку яму на імгненне падумалася, што ў парторга сапраўды ёсць сур’ёзныя пярэчанні, то цяпер, калі пераканаўся, што ніякіх пярэчанняў няма, не надаваў ужо значэння гаворцы. Насмешліва спытаў:

— Слухай, камісар, ты ведаеш карціны Шышкіна «Палессе» і «Жыта»?

— Бачыў,— няўцямна адказаў Дубавец, збіты з думкі.

— І якая ваша любімая?

— Дзве, здаецца...

— А мая любімая «Жыта», а не тое жывапіснае балота. Люблю, калі перад вачыма жыта...— І закончыў зусім патэтычна: — Хачу, каб на маім Палессі шугала жытнёвае мора. Ад краю да краю, так сказаць. Дзеля гэтага я працаваў і працую... І гэты праект... Ажыццяўленне яго дасць магчымасць раёну значна павялічыць вытворчасць сельгаспрадукцыі.

— Прабачце, Васіль Міхайлавіч, задачы свае мы ўсе ведаем...— перабіў яго цяпер Дубавец.— У мяне па праекту адна думка... Добра, мы пабудуем шлюзы. Багата шлюзаў. Вясной, вядома, ваду спусцім, каб можна было працаваць на зямлі. Ваду спусцілі. Закрылі шлюзы. А лета сухое. Вады ў канавах няма. Зямля перасыхае. Якая карысць ад шлюзаў, якіх хай і багата?

— А крыніцы?

— А колькі іх там? Мы ведаем? Не. Там у сухое лета балоты высыхаюць. Высахлі ж сёлета... Асабліва на правым беразе.

— Ну, сёлетні год не тыповы. Засуха...

— А мне здаецца, калі дзяржава адпускае такія вялізныя сродкі на асушэнне балот, то мы павінны будаваць такія сістэмы, якія б гарантавалі штогоднія ўраджаі, не ўплывалі шкодна на акаляючую прыроду. Такія сістэмы можна распрацаваць. Я чытаў.

— Тэарэтычна ўсё можна,— сказаў раздражнёна Катлоў. — Ён пачынаў разумець, куды хіліць Дубавец, які, аказваецца, не такі ўжо і недасведчаны, як падалося спачатку.— Не мы з вамі праекты складаем.

— Лічу, што даны праект недасканалы, зроблены паспешліва, не ўлічвае апошніх дасягненняў навукі.

— Ого! — аж падняўся з-за стала Катлоў.— Не ўлічвае дасягненняў навукі? Ды гэты праект прадугледжвае двухбаковае рэгуляванне вадзянога стоку. Яшчэ толькі пераходзяць на яго ўкараненне, а ты... Устарэў праект! Ха!

— Шкадую, што вы мяне не зразумелі,— падняўся Дубавец.— Я перакананы, што сёння можна пабудаваць больш дасканалую сістэму. І я пастараюся гэта даказаць. Я лічыў, што мы з вамі разам, але... Шкада...

— А каму вы будзеце даказваць?

— Па інстанцыях.

— Хадзіце, пішыце,— і Катлоў прымусіў сябе бесклапотна рагатнуць.— Я чуў, вы наконт пісаніны вялікі мастак.

— Лічыце як хочаце,— уздыхнуў Дубавец і выйшаў.

Катлоў падняўся, паглядзеў у акно, хаця яму і нічога не трэба было выглядаць у тым акне, потым пазваніў у райком Кузьмянку.

— Ну, дзякую, Андрэй Цітавіч, за маладога, энергічнага, ініцыятыўнага парторга...

— Не разумею вас, Васіль Міхайлавіч,— здзівіўся Кузьмянок.— Вы захапляліся Дубаўцом, і раптам такія інтанацыі ў голасе.

— Я і зараз захапляюся,— сказаў Катлоў.— Ён сапраўды самастойны хлопец. Сёння праявіў абсалютную самастойнасць і вялікую ініцыятыву, прызнаў праект на асушэнне Альхоўкі недасканалым, адсталым. Уяўляеце, самы сучасны праект!

— Цікава...

— Я думаю, ён хутчэй за ўсё пабяжыць да вас. Вы пагаварыце з ім, каб ён не таго... А то пачне пісаць. Шкоды ад яго пісаніны ніякай, але крыўдна за раён... Так што, Андрэй Цітавіч...

— Не хвалюйцеся, Васіль Міхайлавіч. Прымем меры. Як справы?

— Абмеркавалі праект. Калектыў сустрэў яго з вялікім энтузіязмам.

— Ну, жадаю поспехаў! — развітаўся Кузьмянок.

Катлоў сеў на сваё месца і які час сядзеў моўчкі, абапёршыся галавой на руку. Размова з Кузьмянком не вельмі задаволіла яго, бо ў голасе сакратара ён не адчуў ні абурэння, ні асуджэння ўчынку Дубаўца. Ліберал гэты Кузьмянок...

Стукнулі дзверы, і Катлоў падняў вочы. У кабінет зайшла Люда Гусак.

— Прабач, я чакаю, чакаю, ды...

— Праходзь.

Люда Гусак села ля стала насупраць. Прыгожая, з новай прычоскай, якая маладзіла яе твар, у белай кофтачцы, што відаць была з-пад чорнага пінжака, глядзела сваімі шырокімі вачыма на Катлова і ўсміхалася.

— Ну, як мае прапановы? — спытала.

Катлоў не адказаў, толькі ўздыхнуў.

— Якія непрыемнасці?

— Вось скажы, ну чаму так? Калі ў людзей усё добра, абавязкова знойдзецца нягоднік, які кіне лыжку дзёгцю ў бочку мёду. Дубавец папёр супраць праекта. Бачыш, яму шкада рачулкі, у якой у дзяцінстве купаўся. Сказаў, што будзе змагацца супраць. А ён тып такі... Упарты.

— Энергічны,— усміхнулася яна.

— Уяўляеш, што будзе? Вядома, даказаць нічога не дакажа, а папсаваць нам з табой нервы папсуе. Карацей кажучы, мілая мая Гусак, пахне сур’ёзным канфліктам. Начальніка і парторга... У данай сітуацыі, ведаеш... Каб у будучым канфлікце не выкарысталі нашы з табой адносіны. Знойдуцца злыя людзі, што не супраць будуць падліць масла ў агонь. Так што... Не крыўдуй, але для нашай жа агульнай справы.

— Пакуль не будзем сустракацца,— зразумела яна Катлова.

— Ну, не зусім, вядома, але... будзем глядзець па абставінах. Можа, я ўсё і перабольшваю... Але гэта не галоўнае. Зараз давай разбяром, так сказаць, па пункціках твае прапановы... Запросім галоўнага інжынера і памазгуем калектыўна...

 

5

Дубавец вельмі перажываў, што яны з Катловым не зразумелі адзін аднаго.

«Ён лічыць, што я сапраўды які пісака... Не, расчаруецца. Хай сушыць, хай капае, хай ходзіць у героях. Не зразумее сам, людзі дапамогуць зразумець... А можа, і не дапамогуць?.. Можа, і людзі будуць лічыць, што ўсё правільна, ва ўсякім разе людзі гэтага пакалення. Вучоныя пішуць жа, што змены ў прыродзе адбываюцца не так хутка, каб выклікаць хваляванне, заклапочанасць у людзей сваёй відавочнасцю...» Але калі першае ўзрушэнне прайшло, калі ён супакоіўся, то на цвярозую галаву разважаў ужо інакш. Ён не мае права стаяць убаку, калі ведае, што замахваюцца на прыроду, на зямлю сваіх дзяцей. Трэба змагацца з гэтым. Але як? Хочаш не хочаш, а прыйдзецца табе, браце, станавіцца пісакам, як казаў Катлоў. Іншага выйсця і няма. Трэба падрыхтаваць запіску і паслаць... А куды паслаць? Хаця пра гэта нечага думаць: будзе запіска, тады можна падумаць пра адрасата...

Некалькі дзён ён сядзеў над запіскай. Прыходзіў як мог раней з работы, зачыняўся ў сваім пакойчыку ў інтэрнаце, ставіў на стол чайнік кіпню і корпаўся ў паперах, пакуль не звальваў яго сон. Прагледзеў усе свае запісы і пераканаўся, што яны, нягледзячы на навуковую бясспрэчнасць, насілі агульны характар... Насіла агульны характар і яго запіска. Ён са злосцю пакамячыў яе, шпурнуў некуды ў парог, патушыў святло і лёг спаць.

Раніцай ён, праўда, знайшоў яе, разгладзіў і схаваў у папку. Хай ляжыць, можа, спатрэбіцца... А пакуль трэба з’ездзіць у райком, і калі там пагодзяцца з ім, то, відаць, скажуць, што рабіць далей...

У прыёмнай сакратарка сказала, што ў Кузьмянка людзі. Дубавец вырашыў чакаць. Праседзеў мінут дваццаць. Потым падумаў, што можна ж зайсці і да Новіка. Можа, нават лепш зайсці да Новіка. Малады, амаль равеснік, з ім лягчэй будзе паразумецца.

Густа звёўшы бровы над пераносіцай, Новік чытаў нейкую паперку, крэслячы асобныя месцы алоўкам. Які час ён нібы і не заўважаў Дубаўца. Потым адкінуўся на спінку крэсла, хапіў паветра так, нібы прабег стометроўку, паскардзіўся ўслых: «Ну і пішуць, і чым толькілюдзі думаюць?..» Запрасіўшы Дубаўца сесці, пацікавіўся, з чым той прыйшоў.

Дубавец пачаў расказваць...

— Зразумела,— перабіў яго Новік. Ён быў у Кузьмянка, калі званіў яму Катлоў, папярэджваў аб сваім разладзе з парторгам. Другі сакратар быў перакананы, што Кузьмянок не падтрымае Дубаўца, і таму цяпер і не стаў слухаць да канца парторга:

— Вось што я скажу вам, Іван Кірылавіч. Тое, пра што вы гаворыце,— не наша кампетэнцыя. Для гэтага ёсць спецыялісты, інстытуты, вучоныя... А мы з вамі не такія спецыялісты, каб меркаваць аб такіх тонкасцях...

— Калі ідзе гаворка пра зямлю, на якой жывём, то, мне здаецца, мы не можам стаяць убаку,— ён сказаў гэта нават з нейкім выклікам: яму не спадабалася пазіцыя Новіка.

— Вядома, калі гаварыць наогул. Але ж гаворка ідзе пра спецыяльныя пытанні...— Новік нават паспрабаваў усміхнуцца.

— Прашу прабачэння, Ігар Іванавіч,— і Дубавец пакінуў яго кабінет.

Дубавец пастаяў крыху ў прыёмнай, каб неяк супакоіцца, сабрацца з думкамі, і толькі накіраваўся да дзвярэй, як адтуль выскачыў Куніца. Ён прашмыгнуў пад руку Дубаўца, спыніўся:

— Ледзь не збіў цябе. Здароў! — і падаў руку.

— Што бяжыце так, Марк Ліпавіч?

— А-а... Ведаеш, Іван, некалі пяшком хадзіць. Усім трэба Куніца, усе яго на кавалкі рвуць. Цэлую восень і зіму Куніцу па судах цягалі,— ён гаварыў пра сябе ў трэцяй асобе, так, відаць, лягчэй было абурацца той несправядлівасцю, што рабілася вакол яго,— аднаму злодзею прастрэліў кола, дык усё судзіўся. Ледзь злачынцай мяне не зрабілі. І ніхто ў раёне не бачыў, што Куніцу ледзь да інфаркту не давялі. Праўда, з’ездзіў у абком да самога Сініцына, той цыкнуў, дык адсталі... А цяпер, калі ў калгасах з кармамі не вельмі, а ў Куніцы яны ёсць, усім трэба Куніца. Прыехалі б да мяне ды папрасілі. Дык не, бягуць да Кузьмянка, каб ён мне загадваў...

Куніца нарэшце выгаварыўся і спытаў зусім пра другое:

— Слухай, Іван, нешта вы з копанкай... таго. Увосень узяліся, а цяпер бачу — нешта не тое. Мне да вясны трэба вадаём, каб можна ваду затрымаць. Паганяй там свайго Катлова. Ну, я пабег, а то ўжо піпікае. Абсалютна нецярплівы ў мяне вадзіцель,— хіхікнуў Куніца і развітаўся з Дубаўцом.

Кузьмянок стаяў за сталом і некаму гаварыў па тэлефоне:

— Баішся ты шапку паламаць... Ды ён толькі быў у мяне, так і сказаў, хай сам прыедзе... А чаму для цябе я павінен прасіць сена? Завошта ты мне такія даручэнні даеш? Як ты баішся за сваю шкуру! Не злупіць тры, гарантую. Ну, адну, можа...— Кузьмянок засмяяўся.— Добра. Гонар свой зацугляй. За кожную карову, якая падзе, не адну, а сем шкур злупім, так што выбірай... Усяго! — і, убачыўшы ў кабінеце Дубаўца, паскардзіўся: — Старшыні не хочуць ехаць прасіць кармы да твайго былога шэфа. Ведаюць, што Куніца так не дасць, што-небудзь папросіць узамен...

— Ды Куніца такі,— сказаў Дубавец.— Ён нідзе не праміне... Я да вас, Андрэй Цітавіч...

— Слухаю вас,— сеў у крэсла Кузьмянок.

— Я вельмі хацеў, каб мяне зразумеў Катлоў. А ён не зразумеў. Я не магу адступіць, таму і прыйшоў да вас. Быў у Новіка. Новік мяне не падтрымаў.

— Вы толькі не хвалюйцеся.

У гэты момант якраз і ўвайшоў у кабінет Новік.

— Я ў курсе, Андрэй Цітавіч,— пачаў яшчэ з парога ён.— Каб дарэмна не марнаваць час, трэба паклікаць Катлова, памірыць іх ды на гэтым і закрыць пытанне.

— Мне мірыцца з Катловым няма чаго. Я не згодзен з праектам у першую чаргу, а не з Катловым,— сказаў Дубавец.

Кузьмянок кіўнуў Новіку, каб той не перашкаджаў. Новік неяк пакрыўджана перасмыкнуў губамі, хацеў ужо ісці, а потым, павагаўшыся, застаўся, прысеў на крэсла.

— У чым жа вы не згодны з праектам? — спытаў Кузьмянок, у той жа час даючы знаць Дубаўцу, што Новік не перашкода для іх гаворкі.

— Супроць самога выканання праекта я нічога не маю... Тэхнічна праект выкананы выдатна... Я не згодзен у прынцыпе. Не той падыход.

— Устарэлы праект? — спытаў Кузьмянок.

— Самы прагрэсіўны на сённяшні дзень,— уставіў Новік, разлічваючы гэтым самым адсекчы ўсялякую крытыку праекта як устарэлага.

— Можа, ён і самы прагрэсіўны, не ведаю,— працягваў Дубавец.— Але многае не ўлічваецца, ды і падыход, на мой погляд, да асушэння антыграмадскі,— і Дубавец выказаў усё, што ўчора гаварыў Катлову наконт праекта.— Вы ж самі падумайце, Андрэй Цітавіч, у такіх маштабах умяшанне ў прыроду і ні слова пра тое, як паўплывае гэта на мікраклімат, на акаляючае асяроддзе. Я не вучоны, але ведаю, што такі вялізны масіў мы проста перасушым. Што будзе з лясамі, з нашымі славутымі дубровамі, калі не стане ракі Альхоўкі? А заліўныя лугі? Спытайце ў любога ветэрынара ў наваколлі, усе ў адзін голас скажуць, што каровы ніякіх хвароб не ведаюць, калі пасуцца на тых лугах ці ядуць сена з іх. У сасновых гаях і дубровах не мы, дык нашы дзеці пабудуюць санаторыі... Кажуць, там геолагі знайшлі мінеральную ваду. Я абараняю не толькі раку, а ўсё тое, што навокал...

— З малымі рэкамі мы сапраўды нешта не тое робім,— пагадзіўся Кузьмянок.— Была рака — гэтае цудоўнае тварэнне прыроды, а мы з яе робім практычна канаву. Глядзець няма на што... Праўда, вучоныя сцвярджаюць, што інакш і нельга.

— Псіхалагічны бар’ер,— уставіў Новік. Ён наогул цяпер паводзіў сябе болей упэўнена, чым раней, і выказваўся без ранейшай аглядкі на першага.— Прыйдуць нашы нашчадкі, убачаць зямлю такой, якой мы яе пакінулі, будуць лічыць, што яна такая і павінна быць, што яна самая прыгожая на свеце. Дзяржава адпускае вялікія сродкі на асваенне балот. Праз дваццаць год наш край будзе не пазнаць. Гэта будзе казка, толькі створаная чалавекам.

— Баюся, што праз дваццаць год будуць шукаць таго злачынцу, які так сапсаваў прыроду,— адпарыраваў Новіку Дубавец.— Таму што ў будучым прыгажосць людзям можа болей будзе патрэбна, чым сёння.

— Давайце па праекту,— буркнуў Кузьмянок незадаволена, глянуўшы на гадзіннік. Відаць, час яго падганяў.

— Вось па праекту,— заспяшаўся Дубавец.— Мы не маем права так паніжаць грунтовыя воды, як гэта прадугледжана праектам, бо мы не ведаем, чым гэта ўсё скончыцца. Гісторыя нам не даруе нашы памылкі, ніколі не даруе.

— Гісторыя, гісторыя,— зноў хмыкнуў Новік.— Вы даруйце мне, Андрэй Цітавіч, але я не магу маўчаць. Уся гісторыя — гэта гісторыя асваення прыроды чалавекам. І мы канчаткова асвоім прыроду, да гэтага ідзём. Яна будзе служыць нам столькі, колькі трэба.

— Каб узяць у рукі прыроду, трэба дасканала ведаць яе законы,— усміхнуўся Дубавец.— Рака, Андрэй Цітавіч, вы самі казалі, тварэнне прыроды. А мы яе знішчаем. Але не гэта страшна. Страшна, што мы спускаем ваду вясной, а дзе мы возьмем яе ўлетку? Так мы ўсё тут высушым. Хутка палын не будзе расці.

— Не хвалюйся, вучоныя даказваюць, што наша Палессе штогод падымаецца на два міліметры,— зноў засмяяўся Новік,— так што ў гістарычнай будучыні ўсё роўна...

— Тут не да жартаў,— сказаў Дубавец.

— Давайце аб праекце...— зноў папрасіў Кузьмянок.

— У мяне ўсё,— сказаў Дубавец.

— Крытыкаваць — гэта мала. Што мы зможам прапанаваць?

— Канечне, я не магу прапанаваць новы праект. Але нейкія прапановы ёсць. Па-першае, трэба пабудаваць такую сістэму, каб не спускаць вясной ваду, а пакідаць тут, каб яна заўсёды была пад рукамі. Цяпер другое. Сярод балот нямала розных пясчаных узгоркаў, выспаў... На гэтых выспах трэба запланаваць лес. А то ўсё пад адну мерку. На пяску расці нічога не будзе, мала гэтага, пясок будзе разносіцца ветрам, будзе засыпаць пасевы... А навука ведае сёння нямала такіх сістэм, якія лепш падышлі б сюды. Ну, напрыклад, вертыкальны дрэнаж. Дае магчымасць не толькі трымаць на патрэбным узроўні ваду, але і цалкам аўтаматызаваць гэты працэс. І не трэба раку спрамляць. Вадасховішча, праўда, пабудаваць трэба. Дык гэта ж на доўгія гады, на дзесяцігоддзі... І ніякай шкоды акаляючай прыродзе. Ну, чаму мы пра гэта не думаем? У цяжкім сорак трэцім партыя пра лясы клапацілася, бо думала пра нас, сённяшніх. А сорак восьмы? Усё разбурана, а партыя таксама пра прыроду думала, усе ведаем пастанову пра лясныя палосы... А тут...

— Можна помпы паставіць і паліваць, калі спатрэбіцца,— сказаў Новік.

— А дзе ваду браць?

— Прыпяць пад бокам.

— Прыпяць не бяздонная...

— Добра, усё ясна,— нібы падвёў вынікі гаворцы Кузьмянок.— Усё ж, якія канкрэтныя прапановы ў вас, таварыш Дубавец?

— Я лічу, што гэты праект зроблены паспешліва. Без глыбокага навуковага аналізу тых вынікаў, якія будзем мець пасля рэалізацыі праекта. Такі падыход да прыроды — злачынства перад будучымі пакаленнямі. Трэба дабівацца прынцыпова іншага падыходу да вырашэння гэтай праблемы.

Кузьмянок выслухаў апошнія словы Дубаўца неяк разгублена, потым падняў тэлефонную трубку, набраў нумар.

— Гараж? Пад’язджай, зараз едзем,— і, паклаўшы трубку, сказаў больш Новіку: — Хачу праехаць у саўгас да Куніцы. Паглядзець, колькі ў яго там сена назапашана... — Ён выйшаў з-за стала, прайшоўся, размяў самлелыя ногі, сеў не на сваё месца, а за стол для наведвальнікаў насупраць Дубаўца.— Я сто разоў з вамі згодзен. Мне, як і вам, шкада ракі, шкада той вады, што спускаем вясной у мора, шкада грыбных лясоў і заліўных лугоў. І я, як і вы, не ведаю, як зменіцца прырода ў выніку такой маштабнай дзейнасці меліяратараў. Карацей, у нас з вамі адны шкадаванні ды пажаданні, а ў Катлова распрацаваны канкрэтны праект, зацверджаны інстанцыямі. Што мы з вамі можам супрацьпаставіць праекту? Шкадаванняў ды пажаданняў мала, каб аспрэчваць праект. Трэба нешта пэўнае, навукова абгрунтаванае. Каб якое доказнае заключэнне вучоных, нейкія разлікі. У нас жа з вамі нічога няма. Чым біць Катлова, аўтараў праекта? Нечым. А ў іх праект, план, дзяржаўны план, між іншым, які трэба выконваць абавязкова.

— Значыцца, без заключэння спецыялістаў не абысціся? — спытаў Дубавец так, нібы ён гатовы быў прадставіць такое заключэнне.

— Ніяк,— адказаў з мяккай усмешкай у вачах Кузьмянок.— Адзінае, пра што можам гаварыць з вамі канкрэтна, гэта пра раку. Я паспрабую папрасіць Катлова, каб ён параіўся з аўтарамі праекта, ці нельга абысціся без спрамлення Альхоўкі.

— Дзякую і за гэта! — падняўся Дубавец. Апошнія словы яго акрылілі, усё ж гэта хай і невялікая, але падтрымка. Ды і чыя? Самога Кузьмянка, з якім у раёне лічыліся ўсе. Лічыўся, вядома, і Катлоў.

— Рана дзякаваць, дарагі, рана,— і ён падаў Дубаўцу руку на развітанне.— А тое, што вы думаеце пра заўтрашні дзень,— гэта добра.

 

6

Дубавец разумеў, што ніхто не стане зараз мяняць праект. Але адмовіцца ад барацьбы ён таксама не мог, ён гатовы быў зачапіцца хоць за якую выратавальную саломінку. Такой саломінкай была рака Альхоўка. Сам Кузьмянок сказаў, што раку шкада, абяцаў нават перагаварыць з Катловым. Але Дубаўцу не цярпелася, ён не мог чакаць, пакуль Кузьмянок перагаворыць. Сам пайшоў да начальніка, як толькі прыехаў з райкома. Катлоў пра нешта спрачаўся з бухгалтарам. Гаворка ў іх была нялёгкая, бо бухгалтар, стары лысы Пархута, выціраў сваю лысіну, якая пакрылася ружовымі плямамі, а Катлоў нервова камячыў у пальцах цыгарэту.

— Я сказаў усё,— падняўся Пархута.

— Не бойцеся, Данілавіч. Вам трэба мой другі подпіс. Я падпісаўся. Выконвайце і, вядома, не крычыце на кожным скрыжаванні...

— Зразумела, але...

— Гэта ж, Данілавіч, дзеля справы... На фронце быў? Ну вось. Там часам для перамогі ішлі і на хітрасць. Так і ў нас. Пераможцаў не судзяць,— усміхнуўся Катлоў старому.— Вось гэта пацвердзіць і наш камісар...

Пархута развёў рукамі: маўляў, здаюся, і выйшаў.

— Вось гавораць — творчасць, творчасць...— нібы паскардзіўся Катлоў Дубаўцу.— А якая тут можа быць творчасць, калі ўсялякія бюракратычныя пункцікі, інструкцыі не даюць кроку ступіць. Бухгалтэрыя павінна памагаць нам, кіраўнікам, працаваць, а не стаяць на дарозе... Ну, як у цябе там? — раптам спытаў у Дубаўца, хаваючы ў вачах хітраватую ўсмешку. Відаць, ён ведаў пра яго наведванне райкома.

— Мне хацелася б, Васіль Міхайлавіч, каб вы мяне зразумелі,— падсеў да стала Дубавец.

— Мне таксама,— шчыра сказаў Катлоў.

— Мне зусім не хочацца праславіцца пісакай, як вы казалі... Але... Я ж, здаецца, маю права на свае погляды...

— Бясспрэчна, бясспрэчна,— Катлоў быў вельмі задаволены такім пачаткам гаворкі. Яму падумалася, што Дубавец прыйшоў ці не замальваць свае грахі перад ім.

— Я ведаю, Васіль Міхайлавіч, што праект у цэлым адвергнуць цяпер немагчыма. Але ўнесці папраўкі...

— Вядома, можна. І мы ўносім. Хаця б вось па заяўцы Гусак. У адным месцы скарачаем шлюзы, у другім — дабаўляем. Афармляем як рацпрапанову. Аформім і вам, так што...

— Не для мяне, а дзеля людзей, можа, гэта і гучна сказана, дзеля і тых, што прыйдуць сюды пасля нас. Можа б, захавалі раку, не чапалі? Можа, знайсці які іншы варыянт?

— А што?

— Не ведаю.

— І я не ведаю... Тут усё падлічана, дзе выпраміць раку, як, на якую глыбіню, каб вясной скінуць ваду. Нельга ж затрымліваць пасяўную.

— А можа, паглыбіць, ці што, а не спрамляць?

— Баюся, што і спрамленая не справіцца з нагрузкай, а не то што паглыбленая. Вы не ўяўляеце, колькі вады вясной хлыне. Пяць балот... Сотні гектараў.

— А што рабіць? — нібы прасіў якой парады Дубавец.

— Для мяне такога пытання няма...

— Ёсць праект. Праект зацверджаны высокімі інстанцыямі. Што ж тут думаць? Так?

— Вядома,— пагадзіўся з ім Катлоў.— І вы, паверце мне, каб не раслі на гэтай Альхоўцы, таксама спакойна глядзелі б на ўсё гэта.

— Магчыма,— падняўся Дубавец.— Паспрабую пагутарыць з Доўгім...

Начальнік абласнога ўпраўлення меліярацыі Міхаіл Андрэевіч Доўгі быў якраз у сябе ў кабінеце. На стале перад ім была разаслана схема, над якой схіліўся ён і яшчэ некалькі чалавек. Адзін стаяў каленьмі на крэсле, нешта махаў алоўкам, прымяраў, забыўшыся на прыліплую да адвіслай губы цыгарэту. Раней Дубавец ніколі не сустракаў Доўгага, але па тым, як той гаварыў з астатнімі і як пачціва слухалі яго, ён здагадаўся, што менавіта гэта і ёсць Доўгі.

— Вы да мяне? — раптам убачыў яго праз густы папяросны дым Доўгі.

— Да вас, калі вы Доўгі Міхаіл Андрэевіч.

— Я, я Доўгі. Я зараз...— і потым сказаў тым, што горбіліся над схемай: — Ну, таварышы, тут засталіся дэталі. Ідзіце да галоўнага інжынера і з ім давядзіце да кандыцыі...

Калі ўсе выйшлі, Доўгі адчыніў акно, патрымаў крыху, зноў зачыніў і сеў за стол на сваё месца.

— Я вас слухаю...

— Я Дубавец, парторг Катлова.

— Ясна. Чуў пра вас.

— Наконт праекта асваення Альхоўскіх балот.

— Таксама чуў... Катлоў званіў...

— Тады вам усё вядома,— панылым голасам сказаў Дубавец.

— Якраз цікава вас паслухаць.

Дубавец выказаў усе свае прэтэнзіі да праекта.

— Дарагі мой, практычна вы адмаўляеце ўсю асушальную меліярацыю,— засмяяўся Доўгі.— А яна адыгрывае рашаючую ролю ў стварэнні матэрыяльнай базы для сельскай гаспадаркі нашага Палесся.

— Скажыце, Міхаіл Андрэевіч, няўжо вы ніколі не адмянялі ніякі праект?

— Чаму ж. Часам бывае, што калгасы патрабуюць новую зямлю. На пясках не хочуць гаспадарыць. Ці асушаныя тарфянікі спрацуюць, давай ім новыя. Калі бачым такое, то і валакіцім праект. Але ў даным выпадку... Няма ніякіх падстаў.

— А тут ніякіх прагнозаў наконт таго, да якіх нечаканых змен у прыродзе прывядзе ажыццяўленне гэтага праекта.

— Пры чым тут аўтар праекта? Навука не мае дакладных прагнозаў. А мы, практыкі, не можам чакаць, пакуль з’явяцца тыя прагнозы... І наогул так ставіць пытанне бесперспектыўна. Нікому нічога не дакажаш. Каб у вас быў замест гэтага свой праект ці хаця б пэўнае ўяўленне наконт таго, чаго вы хочаце.

— Я ведаю, чаго хачу,— Дубавец усю дарогу думаў, што сказаць, калі раптам будзе зададзена яму такое пытанне.

— Цікава,— і Доўгі ўсеўся ямчэй у сваім крэсле.

— Хацелася б такі праект, каб з гэтых балот не прападала ніводнай каплі вады. Ваду з іх вясной і ад дажджоў збіраць у вадасховішчы. На асушанай тэрыторыі пабудаваць вертыкальныя шчыліны, так называемы вертыкальны дрэнаж, ад іх правесці металічныя трубы да помпавай станцыі, якая ўстанаўліваецца на беразе вадасховішча. У шчылінах, ці ў спецыяльных калодзежах, паставіць датчыкі грунтавой вады. Калі вады болей, чым трэба для нармальнага развіцця раслін, датчыкі сігналізуюць аб гэтым на помпавую станцыю. Уключаюцца помпы і адкачваюць па трубах ваду. Вада апусцілася да неабходнага ўзроўню, помпы па камандзе ўсё тых жа датчыкаў спыняюць работу. Можна так пабудаваць сістэму, што кожнае поле, кожны кавалак зямлі будзе незалежны ад суседніх палёў. Вада прыйдзе туды, дзе яна трэба. Такім чынам ствараюцца ідэальныя ўмовы для вырошчвання ўраджаяў траў, збажыны і г. д. у любое надвор’е. Можна прадугледзець магчымасць скідваць лішнюю ваду з вадасховішча ў раку. Такім чынам не парушаецца водны баланс у наваколлі, не чапаем раку. Акаляючую прыроду захоўваем у некранутасці. Як кажуць, і нам добра, і нашчадкам нашым. Ці можна пабудаваць сёння такія цалкам механізаваныя меліяратыўныя сістэмы? Лічу, што можна. Тут, галоўнае, электрычнасць. А пры ўсеагульнай электрыфікацыі...— і Дубавец, убачыўшы ўсмешку на твары Доўгага, якая яму падалася занадта скептычнай, абарваў сваю думку, насцярожана паглядзеў на начальніка, з дзіцячай прастатой і даверлівасцю спытаў: — Мяне занесла, Міхаіл Андрэевіч?

— Ды я за такія сістэмы, дарагі мой, рукамі і нагамі. Гэта ж тое, пра што мы, меліяратары, толькі і марым. Але... Хаця ў прынцыпе іх можна будаваць і сёння, але мы яшчэ не падышлі да гэтага. Ні навука, ні праектныя інстытуты, ні прамысловасць не гатовы.

— А калі не гатовы, дык, можа, зусім не чапаць і Альхоўку, і балоты ў яе вярхоўі? Пачакаць, пакуль будзем гатовы. А цяпер не псаваць прыроду. Яшчэ невядома, што для нас каштоўней — ці цяпер тыя некалькі тысяч гектараў асушаных па-варварску тарфянікаў, ці некранутая прырода, з якой нашы нашчадкі з большым умельствам абыдуцца?

— Бясспрэчна, нашчадкі навучацца,— сказаў Доўгі.— Мы сёння лепей усё робім, чым яшчэ гадоў дзесяць таму назад. Тады сушылі, і ўсё. Цяпер і шлюзы, і дрэнажы, і вадасховішчы. Прыйдзем і да такіх сістэм, пра якія вы расказвалі. Усё ўпіраецца ў эканоміку. Раней мала адпускалася грошай на гектар, цяпер болей, але не столькі, каб рабіць ідэальныя меліяратыўныя сістэмы. Аднак усё ідзе да гэтага.

— А Катлоў праз які месяц пачне спрамляць Альхоўку.

— Пачне,— пацвердзіў Доўгі.— План. Святы для ўсіх нас закон. Адмяні гэты праект, цэлае ўпраўленне без работы, сотні людзей... Што вы! Гэтага ніхто не дапусціць.

— А можа, усё ж не чапаць раку? Можа, яе пачысціць, паглыбіць дзе трэба, але...

— Нашы палескія рэкі са слабым ухілам руслаў і таму патрабуюць спрамлення. Гэта агульнапрызнаны факт.

— А можа, які канал прарыць, а раку ўсё ж не чапаць?

— Асушым балоты, усё роўна рака загіне... Ад гэтага нідзе не дзенешся.

— Плаціны на ёй пабудаваць... Разлічыць так, каб не загінула.

— Але ж трэба разлічыць. Хто гэтым будзе займацца? Ды і часу няма. Тут той выпадак, калі абставіны вышэй за нас. А потым, я вам скажу, і гэты праект не такі ўжо дрэнны. Двухбаковае рэгуляванне вады, дрэнаж... Ва ўсялякім выпадку, такія сістэмы пакуль што апраўдваюць сябе.

— Вось іменна, пакуль што...— сказаў Дубавец.— Дрэнаж працуе, як правіла, недасканала. Каналы зарастаюць. Шлюзы размывае, а часта і зусім разбурае вясновымі паводкамі, ліўнямі... Колькі грошай ідзе на рамонт?.. Дык лепей адразу пабудаваць дасканалую сістэму, якая б служыла дзесяткі гадоў.

— Вядома, лепей,— пагаджаўся Доўгі.

— У чым жа справа? — на які момант Дубаўцу падалося, што вось зараз Доўгі сваёй уладай і вырашыць усе праблемы.

— Дайце мне сёння такі праект, пра які вы гаварылі. Дайце. Але яго няма...

— Што ж рабіць? — разгубіўся Дубавец.

— Каб такі праект стварыць, трэба адпаведныя рэкамендацыі вучоных. А наколькі мне вядома, у нас на Палессі па таму ж вертыкальнаму дрэнажу толькі праводзяцца доследы. І пакуль яны не закончацца... А мы не можам стаяць на месцы. Цяпер пра вашы трубы, датчыкі, аўтаматычныя помпавыя станцыі. Іх таксама няма. Іх трэба зрабіць... Карацей кажучы, дарагі мой, вы хочаце абагнаць час... Мы да гэтага прыйдзем, хаця б таму, што ў вёсках людзей меней і меней. У нас ужо сёння не хапае руславых раманцёраў і іншых спецыялістаў. Так што аўтаматычныя сістэмы проста, як кажуць, на парадку дня...

Дубавец падняўся, надзеў шапку. Развітаўся. У дзвярах яго раптам спыніў Доўгі.

— Слухайце, таварыш Дубавец. А загляніце вы ў наш універсітэт. Можа, знойдуцца там энтузіясты?

У прыёмнай рэктара універсітэта сакратарка ўсё дапытвалася ў Дубаўца, з якім пытаннем ён хоча зайсці да таварыша Кавалёва. Дубавец жартаўліва адказваў, што ў яго сельскагаспадарчае пытанне, аднак сакратарка чамусьці не верыла. Раптам ёй хтосьці пазваніў, яна пачала распытваць па тэлефоне пра фасон і кошт нейкай імпартнай рэчы. Карыстаючыся момантам, Дубавец прашмыгнуў у кабінет без дазволу.

— Прашу прабачыць,— спыніўся ў парозе, убачыўшы за сталом чалавека, які схіліў коратка стрыжаную сівую галаву над паперамі.

— Вы праходзьце, а то я і не пачую вас на такой адлегласці,— і рэктар ледзь усміхнуўся.

Дубавец адчуў сябе лёгка, раскавана і сумеў коратка расказаць, чаго ён хоча.

— Вось гэта нармальная размова, а то я спачатку падумаў, што зноў наконт прыёму,— прызнаўся неяк па-сяброўску рэктар.— Яшчэ да прыёмных экзаменаў далёка, а таты і мамы пачынаюць ужо абіваць парогі. Хоць [...] куды... Але гэта ў парадку адступлення. А цяпер па вашым пытанні... Згодзен з вамі цалкам. Я таксама стаю за глыбокае і ўсебаковае вывучэнне ўплыву любой меліярацыі на прыродныя комплексы і на гэтай аснове — за доўгатэрміновае прагназіраванне. Мы ва універсітэце стварылі праблемную лабараторыю, якая і прызвана займацца гэтым комплексам пытанняў.

— Мне трэба думка вучоных па канкрэтным аб’екце,— сказаў Дубавец.— І трэба яна не ў аддаленай будучыні, а ў бліжэйшы месяц, бо потым будзе позна, потым нічога ўжо не паправіш.

— Мала ж вы хочаце,— цяпер рэктар усміхнуўся так, як пасміхаюцца з якой недарэчнасці, потым матнуў галавой, нібы хацеў скінуць з твару гэтую гуллівую ўсмешку ў такой сур’ёзнай сітуацыі, і сказаў са шчырым шкадаваннем:— Калі няма навукова абгрунтаванага прагнозу наогул, то адкуль ён возьмецца і па канкрэтным аб’екце? Вы ж ведаеце, наш універсітэт малады, а праблемная лабараторыя яшчэ маладзейшая, так што, самі разумееце... Але... Кіруе лабараторыяй прафесар Казельцаў, вялікі энтузіяст гэтай справы. Раю пагутарыць з ім, можа, чым і зможа дапамагчы... Дарэчы, мы зараз даведаемся, ці на месцы ён,— рэктар набраў нумар.— Васільевіч? Прывітанне! Дык віншую, дарагі. Так сказаць, практыка грукае ў твой навуковы храм і просіць парады... У мяне. Зараз будзе,— і, трымаючы трубку ў руцэ, відаць, збіраўся яшчэ некаму званіць, сказаў: — Ідзіце па калідоры ўправа, сто семнаццаты пакой... Кірыл Васільевіч Казельцаў... Запішыце.

— Запомніў,— падняўся Дубавец.

Казельцаў быў яшчэ даволі маладжавы, з густым чубам чалавек. Ён, узброіўшыся партатыўнай вылічальнай машынкай, нешта падлічваў. У гэтым жа пакоі за асобнымі столікамі сядзела яшчэ некалькі зусім маладых людзей — ці не студэнты-старшакурснікі — і адна танклявая дзяўчына ў джынсах раскладвала ў скрыначкі невялікія картонныя карткі...

— Я да вас, Кірыл Васільевіч.— Дубавец падышоў да прафесара.— Можа, не ў час?..

— Не, якраз добра, што зайшлі. Гэта,— ён паказаў на прысутных,— мае дыпламанты і аспірантка. Нам, тэарэтыкам, вельмі цікава паслухаць, так сказаць, практыка. Рэктар, бачу, мяне вам прадставіў. А, адкуль і хто вы?

Дубавец назваўся.

— Садзіцеся, садзіцеся,— падняўся Казельцаў, і хаця Дубавец паспрабаваў супраціўляцца, ён усё ж узяў яго паліто, аднёс і павесіў недзе за шырмай, вярнуўся, сеў за стол, сказаў сваім дыпламантам і аспірантцы: — Паслухаем, сябры, практыка.

Дубаўцу давялося расказваць сёння ўжо трэці раз пра свае клопаты.

— Так, так,— Казельцаў пастукаў ногцямі па стале і нетаропка, узважваючы кожнае слова, але ў той жа час і з захапленнем пачаў гаварыць не столькі для Дубаўца, колькі для сваіх вучняў: — Вось што, дарагія мае... Я ўсё часцей і часцей думаю пра тое, што дарэмна наша навука так доўга не займалася прагназіраваннем вынікаў умяшання чалавека ў прыроду. Праўда, эпізадычныя даследаванні праводзіліся, але комплексных, усеабдымных не было, ды, шчыра кажучы, і неабходнасці асаблівай у гэтым не адчувалася. Бо да гэтага часу паляпшэнне ўмоў існавання чалавека за кошт прыродных рэсурсаў у асноўным адбывалася на прагматычнай аснове, людзі ганяліся за хуткім вынікам, не намагаючыся заглянуць у будучыню. Прырода вытрымлівала гэты націск, далёка несмяртэльны для яе. Але з часам сітуацыя ўскладнілася. Прырода крычыць «S0S». Даўно крычыць. І вось ён,— прафесар кіўнуў на Дубаўца,— гэты голас пачуў. І калі прыродзе не дапамагчы, не працягнуць ёй руку, то можа стварыцца даволі крытычнае становішча для існавання калі не для сённяшніх людзей, то для будучага пакалення. Вучоныя даўно вядуць дыскусіі на гэтую тэму. Праўда, практыкі лічылі, што мы, тэарэтыкі, проста панікуем. І вось вам, сябры, ужо і практык запанікаваў. Яго прыход да нас — гэта вельмі знамянальна. Гэта ўсіх нас абавязвае да многага. Мы ў вялікім даўгу перад людзьмі. Прыйшоў таварыш за дапамогай, ён хоча сёння ведаць, што рабіць, як рабіць, каб не пашкодзіць прыродзе. А мы, на вялікі жаль, не ведаем. Панікавалі, панікуем, а з даследаваннямі адсталі. Што мы яму можам з вамі сказаць? Як жыве янот-паласкун, як паводзяць сябе бабры, як расце дуб, чаму ўсыхае асіна, чаму не растуць грыбы ці ягады і колькі мурашнікаў трэба на гектар лесу, каб яго не кранулі шкоднікі,— мы вельмі багата ведаем у дэталях. А вось у комплексе, да якой мяжы дапушчальна ўмяшанне чалавека ў тым ці іншым рэгіёне, каб не парушыць непапраўна жыццё прыроды, мы не ведаем. Узяць хаця б наша Палессе. Вывучэннем яго займаюцца дзесяткі навуковых устаноў. Накоплены вялізны фактычны матэрыял. Усё — і жыццё балота, і лесу, і флоры, і фауны вывучана не ў цеснай сувязі аднаго з другім, а паасобку. Вядома, пры такім падыходзе да прыроды нельга сур’ёзна гаварыць пра навуковае прадбачанне. Сёння вельмі важна глыбока спасцігнуць усебаковыя ўзаемныя сувязі ў прыродзе. А потым на аснове гэтага вывучэння стварыць матэматычную мадэль рэгіёна ўсяго Палесся. Калі будуць створаны такія мадэлі, тады няцяжка будзе даваць рэкамендацыі і праектным інстытутам, бо мы будзем ведаць, дзе тая чырвоная мяжа, за якую пераступаць строга забараняецца... А потым ад матэматычных мадэляў асобных комплексаў навука пяройдзе да распрацоўкі матэматычнай мадэлі ў цэлым па праблеме чалавек — прырода... Праўда, мы не замахваемся ў сваёй лабараторыі на стварэнне глабальных матэматычных мадэляў, наша мэта больш сціплая. Мы хочам на Палессі выдзеліць некалькі больш-менш адасобленых рэгіёнаў і для іх пастарацца стварыць такія мадэлі. Я веру, што навука справіцца з гэтымі задачамі, якія з усёй вастрынёй паставіла перад ёй жыццё... Вось так, дарагія мае...

Дубавец толькі цяжка ўздыхнуў. Ён зразумеў, што тут, у гэтай праблемнай лабараторыі, заняты такімі грандыёзнымі задачамі, што ім не да нейкай там рачулкі Альхоўка, якой на салідных картах і не знойдзеш.

Казельцаў нібы адгадаў яго думкі і цяпер, звяртаючыся толькі да яго, сказаў:

— А што тычыцца вашай канкрэтнай просьбы, то мы зараз дапамагчы не зможам. Вядома, мы маглі б, праўда, пасля дадатковага вывучэння басейна ракі...

— Альхоўка,— падказаў Дубавец.

— Альхоўка. Дарэчы, рыбная?

— Асабліва ракаў багата...

— Трэба запомніць,— Казельцаў зрабіў нейкі запіс у календары.— Дык вось. Нават калі б мы і далі вам нейкія рэкамендацыі, то ісціннасць іх была б няпоўная, таму што рэкамендацыі даваць, вывады рабіць можна, як я казаў, пасля вывучэння самае мала цэлага адасобленага, дастаткова самастойнага рэгіёна. Па-другое — гэта ўсё так хутка не робіцца... А што калі вам, малады чалавек, звярнуцца за дапамогай да грамадскай думкі. Прэса, тэлебачанне... Ёсць цэлая кагорта адміністратараў, якія што агню баяцца гэтай самай грамадскай думкі. Часам пад яе абстрэлам становяцца падатлівымі.

— Дзякую,— падняўся Дубавец.

Прафесар вынес -з-за шырмы яго паліто і нават паспрабаваў дапамагчы апрануцца. На развітанне прасіў не забываць, заходзіць, адным словам, трымаць у курсе.

Дубавец паехаў на тэлестудыю.

Некаторы час пасля апошняй сустрэчы з Марынай, яшчэ ўвосень, Дубавец часта ўспамінаў яе, нават разоў колькі меў намер з’ездзіць да яе, але кожны раз нешта перашкаджала яму. Потым ён і зусім не думаў пра яе, ва ўсялякім разе не марыў пра сустрэчу.

Марыну ён застаў у сваім пакоі.

— А-а, вы... Добры дзень! — адарвалася яна ад пісаніны, узмахнула галавой, каб адкінуць з твару валасы, але яны не паслухаліся. Тады яна паправіла іх рукой, паднялася, паставіла крэсла бліжэй да свайго стала, запрасіла садзіцца. Было відаць, што яго прыход усхваляваў дзяўчыну.— Ну, расказвайце, якім ветрам? — На пачырванелых шчоках ледзь вызначыліся ямачкі.

— Ды вось заехаў...

— У басейн захацелася? — засмяялася.

— Вядома. Жыць болей не магу без басейна.

— Зараз дамовімся.

— Не трэба, я жартую.

— Мне самой хочацца паплаваць.

— Я па справе...

— Ну, расказвайце тады.

— Вы ж бачылі нашу рэчку...

— Вядома. Я тут нават хацела сабраць невялічкі калектыўчык і паехаць туды пажыць у палатках... Вось было б здорава!

— Праз які год вы яе не ўбачыце. Апошнія часіны дажывае наша Альхоўка. Трэба ратаваць раку...

Выслухаўшы расказ Дубаўца да канца, Марына сказала:

— Я даўно збіралася выступіць на гэтую тэму. Да нас прыходзяць часта пісьмы, што пасля асушэння балот знікае вада ў калодзежах, высыхаюць сады, узмацняецца ветравая эрозія на мінеральных глебах. А цяпер вы расказалі... Я абавязкова выступлю. Нават на тым тыдні.

— Па тэлебачанні — гэта добра. Але лепей, каб у газеце. Па тэлебачанні тыя, каму трэба, могуць пачуць, а могуць і не пачуць. А ў газеце пачытаюць...

— А мы і па тэлебачанні, і ў газеце...

 

7

«ОЙ, РЭЧАНЬКА-РЭЧАНЬКА, ЧАМУ Ж ТЫ НЯПОЎНАЯ»

Меліярацыя балот прынесла немалую карысць нашым саўгасам і калгасам. На асушаных тарфяніках пры ўмелым гаспадаранні атрымоўваюць вялікія ўраджаі збажыны, агародніны, сеяных траў. Прыйшло і новае жыццё ў вёскі, раней адрэзаныя ад свету непраходнымі балотамі. Праляглі аўтамабільныя магістралі там, дзе толькі балотныя птушкі гаспадарылі. Дзесяткі саўгасаў выраслі на месцы непралазных балот.

Возьмем, напрыклад, Альхоўскі раён. Іменна дзякуючы меліярацыі адзін з самых адсталых раёнаў выйшаў у перадавыя ў вобласці па вытворчасці прадуктаў жывёлагадоўлі, па культуры земляробства. Многія калгасы і саўгасы за гэты час адбудаваліся амаль нанова. Значна пашырылася і бытавое абслугоўванне насельніцтва. Жыццё земляробаў і жывёлаводаў настолькі палепшылася, што ні ў кога не ўзнікала сумнення ў карысці асушальнай меліярацыі. Мы напісалі «не ўзнікала» зусім свядома. Справа ў тым, што ў апошні час такія сумненні ў таго-сяго з’яўляюцца. І падставы для іх з’яўлення даюць самі меліяратары сваёй не такой ужо і рэдкай неахайнасцю ў рабоце, сваім часам вельмі неразумным умяшаннем у жывую прыроду.

За апошні час такіх прыкладаў сабралася столькі, што настаў час гаварыць і пра некаторыя ўрокі меліярацыі, якія карысна ведаць усім тым, хто яшчэ прыцэльваецца да неасушаных балотных масіваў.

Возьмем прыклады з таго ж Альхоўскага раёна.

У саўгасе «Усход» некалькі год назад асушылі нізінны луг. Луг быў няроўны, з частымі ўпадзінамі, пясчанымі ўзгоркамі, пакрытымі сасняком уперамежку з іншымі дрэвамі. І вось гэтую тэрыторыю «акультурылі» меліяратары. Можна было б пакінуць невялічкія ўпадзіны-азёрцы, у якіх збіралася б вясной вада і якія падтрымлівалі ўзровень грунтовых вод. Можна было б не чапаць парослыя дрэвамі і хмызнякамі пясчаныя ўзгоркі. А на астатняй тэрыторыі ўбраць хмызнякі і, між іншым, не чапаць асобных дубоў-волатаў, якія там-сям раслі і не толькі лашчылі вока сваёй прыгажосцю, а былі і прыстанішчам для такіх птушак, як буслы. І тады луг сапраўды служыў бы доўга і гаспадарчым і эстэтычным запатрабаванням чалавека. Але меліяратары не маглі са сваім размахам апусціцца да такіх дробязей. Яны знішчылі на ўсёй тэрыторыі пералескі, не пашкадавалі дубоў-волатаў, зрэзалі бульдозерамі ўзгоркі, засыпалі пяском балацянкі. Тэрыторыя атрымалася роўненькая, як адпрасаваная. Няма за што зачапіцца і воку. А на мясцінах, дзе былі ўзгоркі, цяпер пясчаныя плямы, над якімі вецер узнімае воблакі белага пяску і разносіць па наваколлі, часам пасыпаючы і суседнія плантацыі сельгаскультур. Можа б, яшчэ што і расло на гэтай роўнядзі, каб паліваць. Але паліваць якраз і няма чым, хаця і каналы прарыты, і шлюзы стаяць. Бо вясной ваду скідваюць у Прыпяць, а ўлетку яе няма дзе ўзяць. Пабудаваць бы вадасховішча, дарэчы, якое прадугледжвалася планам, дык не, не спяшаюцца нешта з ім. Відаць, чакаюць, пакуль вецер зусім разнясе па свеце перасохлую глебу.

Дарэчы, хочацца сказаць некалькі слоў і пра тое, як самі меліяратары нараджаюць часам пяскі там, дзе іх ніколі не было. Амаль паўсюдна ў раёне — сама назірала— на асушаных плошчах нават глыбокіх тарфянікаў цягнуцца цэлыя палосы бялюткага пяску, на якіх, вядома, нічога не расце. Адкуль жа гэты пясок тут, дзе раней была багна? Пасля асушэння, як вядома, робіцца планіроўка плошчы. Куп’ё, карчы, хмызнякі зграбаюцца ў вялізныя валы. Потым капаюцца глыбокія траншэі і ў іх хаваюцца гэтыя валы. Траншэі засыпаюцца. Засыпаюцца неахайна. Разам з хмызнякамі, карчамі адпраўляюць на той свет і ўрадлівы слой. На паверхні ж аказваецца беленькі пясочак ці гліна. Вядома, на такой «акультуранай» глебе нішто не хоча расці. Такія з’явы я назірала і ў саўгасе «Усход», і ў калгасах «Новы шлях» і «Ударнік».

Ці давайце ўспомнім лёс малых рэк, калі яны траплялі пад увагу меліяратараў. Рака Віць... Была прыгожая нетаропкая рачулка, якая блішчала на сонцы тонкай нітачкай вады сярод зялёных лугоў, пералескаў. Яна працякала па тэрыторыі саўгаса «Усход» і калгаса «Ударнік». Мясцінамі рака дасягала глыбіні некалькіх метраў. Было дзе адвесці душу і аматарам рыбнай лоўлі і заядлым купальшчыкам. Турысты з Масквы, Ленінграда любілі правесці свае адпачынкі на яе прываблівых берагах. Як жа выглядае гэтая рачулка пасля яе «акультурвання»? Цяпер яна нічым не адрозніваецца ад звычайнага раўчука. Узровень вады ў рэчышчы большую частку года не перавышае дзесяць — пятнаццаць сантыметраў, расліннасць на яе берагах перавялася, фактычна ўсё рэчышча амярцвела. У некаторых вёсках калгаса «Ударнік» знікла вада ў калодзежах, а ў лясах каля былой ракі перасталі радзіць грыбы, ягады. Штучна створанае новае рэчышча не адпавядае ні гаспадарчым, ні культурна-бытавым патрабаванням.

Наогул, паўстае пытанне — а ці можна пры асушальнай меліярацыі абысціся без знішчэння малых рэк. Аказваецца, можна. Але для гэтага, па-першае, трэба захацець, а па-другое, трэба часам падыходзіць да складання праектаў не шаблонна, а творча, у кожным асобным выпадку шукаючы адпаведнага рашэння праблемы. Але многія аўтары праектаў і выканаўцы ідуць найлягчэйшым шляхам. Навошта ламаць галаву, дзе пракапаць той канал, калі ёсць прыродны вадасток у выглядзе маленькай рачулкі. Капай яе, спрамляй, знішчай, тым больш што няма ні гаспадароў, ні абаронцаў у малых рачулак і нікому яны не паскардзяцца. А пра тое, што гэтыя маленькія непрыкметныя рачулкі робяць паўнаводнымі вялікія рэкі, нашы наватары стараюцца не думаць. А дарэмна!

Карацей кажучы, цяпер ужо мы не маем проста права распачынаць асушэнне асобных балот і балотных масіваў без уліку накопленага вопыту, без уліку апошніх вывадаў навукі. А тым не меней такія прыклады, на вялікі жаль, сустракаюцца. Так, нядаўна Альхоўскае БМУ меліярацыі (начальнік т. Катлоў Васіль Міхайлавіч) атрымала праект на асушэнне забалочаных плошчаў у вярхоўі ракі Альхоўкі. Праектам прадугледжана асушэнне балот пры дапамозе ганчарнага дрэнажу, будаўніцтва мноства шлюзаў для двухбаковага рэгулявання ўзроўню вады, так называемае рашучае спрамленне ракі Альхоўкі. Праект як праект. Нават у нечым і прагрэсіўны: усё-такі двухбаковае рэгуляванне ўзроўню вады. Гэта вельмі добра. Але толькі ў тым выпадку, калі будзе што рэгуляваць. Ды на гэтае пытанне, як і на многія іншыя, праект адказу не дае. Ну, напрыклад, якой вадой жывіцца рака? Крынічнай ці паводкавай, якая акумулюецца ў балотах, што ў вярхоўі ракі, і якія збіраюцца асушаць? Невядома ні для меліяратараў, якія будуць асушаць балоты, не было гэта вядома і аўтарам праекта. І вось уявіце цяпер, што праект рэалізаваны, балоты асушаны, рака ператворана ў глыбокі і стромкі, як нацятая струна, канал. Першая вясна. З вялікіх плошчаў паводкавая вада, якая раней асядала ў сваёй большасці ў балотах, хлыне па канале. Хуткае цячэнне будзе размываць яго берагі. У нізоўях былой ракі будзе такі разліў, якога тут ніколі не бачылі. Праўда, ён будзе кароткі, вада хутка сыдзе ў Прыпяць. Але гэтага будзе дастаткова, каб змыць значна ворныя землі... Дарэчы, няма ў праекце прадказанняў, якую трэба чакаць паводку і як хутка яна будзе працякаць. Ды не будзем болей пра паводку. Вада сышла. Тарфянікі падсохлі так, што можна на іх выпускаць сельгасмашыны. А каб глеба не перасохла, мы закрылі наглуха шлюзы. Але дажджоў ідзе мала, а крыніц падземных на тэрыторыі балот няма ці зусім няма (вывучэннем гэтага ніхто не займаўся), і тая вада, якую паспелі затрымаць у каналах, паступова высыхае. Тарфянікі перасыхаюць, ураджай гіне, над палямі вісіць чорны пыл, як сведка безгаспадарчасці чалавека на зямлі, дзе ён шукаў залатое дно, а стварыў пустыню. Вынік з усяго сказанага можа быць адзін: што тэрыторыя, якую сабраліся асушаць, не даследавана, вывучана павярхоўна і, як вынік, зроблены фармальны праект. А можа, і не трэба б чапаць раку, а можа б, варта не паскупіцца, пабудаваць ёмістае вадасховішча ды ўсю паводкавую ваду вясной туды, а ўлетку яе на засмяглыя палі помпамі, якія маглі б працаваць у аўтаматычным рэжыме, а частку вады і рэчачцы пазычыць, каб не пажоўклі буйныя травы на яе берагах. Адным словам, пытанняў узнікае шмат. І гэта лепш за ўсё гаворыць за тое, што праект зроблены паспешліва. Дарэчы, быў на асушэнне Альхоўскіх балот яшчэ адзін праект, які прадугледжваў захаванне цалкам ракі і толькі частковае асушэнне балот у яе вярхоўі. Відавочна, што яго рэалізацыя не ўнесла б катастрафічных змен у прыроду з-за невялікіх маштабаў. Але вось гэта маламаштабнасць і не давала жыцця начальніку Альхоўскага БМУ меліярацыі т. Катлову. Яго шырокая натура прагнула вялікага размаху ў рабоце, і Катлоў паставіў пытанне аб змене старога праекта новым. Адказныя таварышы адобрылі навацыі Катлова і натхнілі яго на іх датэрміновае здзяйсненне. Катлоў, чалавек надзвычайнай энергіі, змог дабіцца, што новы праект быў зроблены ў рэкордна кароткі тэрмін. Мы ніколькі не хочам кінуць цень на добрасумленнасць Катлова, на яго жаданне зрабіць больш і лепш, але шкада, што яго энергія, яго ініцыятыва часам грунтуюцца на навуковай недасведчанасці. І, вядома, у гэтым не яго віна, а віна тых, хто павінен гэтым займацца,— навуковых калектываў, праектных інстытутаў.

Праект зацверджаны, будаўнікі рыхтуюцца да палявых работ. Праз месяц-паўтара ў наступ на балоты выйдзе магутная тэхніка, і тады ўжо будзе позна. А пакуль ёсць час, мне здаецца, яшчэ можна перагледзець праект, знайсці такі варыянт, каб захаваць раку, прадугледзець дзе якое вадасховішча, і ад гэтага будзе толькі карысць і тым непаўторным дубровам і барам, што бесклапотна шумяць на берагах Альхоўкі, і будучым асушаным тарфянікам, якія за ўвагу і клопаты адплоцяць чалавеку высокімі ўраджаямі.

А пакуль чуеш у вёсках, над ракой Альхоўкай, як спяваюць дзяўчаты «Ой, рэчанька-рэчанька, чаму ж ты няпоўная?», то, акрамя шчымлівага лірызму песні, адчуваеш у ёй і водгук той непазбежнай праблемы, якая паўстане перад альхоўскімі жыхарамі, калі не будзе хаця б часткова перагледжаны цяперашні праект.

М. Данілава

 

8

Разгуляліся сакавіцкія мяцеліцы. За якія гадзіны дарогі замятала так, што машыны не маглі прабіцца, пакуль не прасунуцца бульдозеры. Толькі за дзень раз’ездзяць дарогу, а за ноч яе яшчэ болей засыпле. Гэтыя начныя завеі больш за ўсё злавалі Катлова. Колькі разоў ён парываўся паехаць на ўчастак да Люды Гусак і кожны раз вяртаўся з паўдарогі. Аднойчы ён выехаў раней, пакуль на дарозе было багата грузавікоў і трактараў — калгасы спяшаліся закончыць вывазку на палі ўгнаенняў. Па бальшаку праехаў добра. Ад бальшака да ўчастка было кіламетры тры. Кідаць машыну ля дарогі пабаяўся. Паспрабаваў праехаць і метраў праз сто засеў у снезе. Давялося ісці на ўчастак, браць трактар. Трактар не толькі выцягнуў яго машыну, але, праехаўшы ад участка да бальшака і назад, пратаптаў неблагую дарогу, па якой можна было лёгка праехаць. Але Катлоў не асмеліўся — яго многія паспелі пабачыць, і цяпер рызыкоўна было заставацца ў Люды Гусак.

А праз дзён колькі ўтаймаваліся мяцеліцы і наступіла цяплынь. Пачаў раставаць снег, і толькі дарогі трымаліся моцна. Катлоў сабраўся паехаць да Люды Гусак, але недзе пасля абеду яна сама завітала да яго. Люда была не ў рабочым адзенні — высокіх чобатах, кажушку і шапцы-вушанцы, а ў паліто з каўнерыкам з блакітнай норкі і ў капялюшыку з футры таго ж колеру. Шчокі ў дзяўчыны гарэлі, нібы прайшлася яна па марозе, а вочы глядзелі з такой шчырай радасцю, што Катлоў аж сумеўся ад такой нечаканай праявы пачуццяў.

— Я толькі збіраўся да цябе,— прамармытаў разгублена: не бачыў яе такую яшчэ ніколі ў сваім кабінеце.

Яна раптам засмяялася.

«Ох, як мне хочацца пацалаваць гэты кірпаты носік»,— падумаў ён. Спачатку хацеў сказаць пра гэта ўслых, ды нешта занадта смелае ў яе гарэзлівым смеху спыніла яго.

— Добра, што заехала, а то б пастукаў... Уяўляю! — яна зноў засмяялася.— Я пусціла ў вагончык тэхніка Маню Крупкіну... Анічога дзевачка!

— Ды кінь ты,— яму не спадабалася яе лёгкасць у думках, ён насцярожана спытаў: — Мо пераехала на другую кватэру?

— Ды не...— яна села ля стала і дапытліва глянула на Катлова і зноў нечага ўсміхнулася.— Адпусціце мяне, Васіль Міхайлавіч, на колькі дзён,— і, убачыўшы, як несхаваная разгубленасць з’явілася на твары Катлова, дадала: — Пакуль на ўчастку работы ніякай, хачу да маці з’ездзіць. Даўно не была.

— А дзе ваша маці?

— Пад Брэстам.

— Можа, і мне ўзяць камандзіроўку ў Пінск ці ў Брэст?.. Адвязу і прывязу.

Люда Гусак на які момант сумелася, а потым спытала:

— А навошта? Каб і дома ведалі пра нашы адносіны? Не. Гэта не трэба ні вам, Васіль Міхайлавіч, ні мне. Я яшчэ замуж хачу выйсці.

— А чым я дрэнны жаніх? — прымусіў сябе Катлоў сказаць без паныласці.— Я не жартую. Сур’ёзна. А што? Пажэнімся і паедзем куды-небудзь у нечарназёмную паласу асушаць балоты.

— Не, Васіль Міхайлавіч. Вядома, дзякую, але... Ці вы паспяшаліся нарадзіцца, ці я спазнілася...

— Розніца ў гадах?

— Яна.

— Жывуць і з большай розніцай.

— Няхай жывуць...

— Люда! Я сур’ёзна,— ён узняў на яе вочы. Яна стаяла перад ім расчырванелая, юная, са схаванай у даверлівых вачах іранічнай смяшынкай.— Я даўно хацеў сказаць пра гэта. Я ніколі не быў бабнікам і калі дазволіў сабе такое, то таму, што сур’ёзна. Я не магу болей так... Не хачу хавацца.

— Нічога, трошкі можна і пахавацца,— хмыкнула яна.

— Трошкі. Я лічыў, што ў нас па-сапраўднаму.

— Па-сапраўднаму. Але...

— Не разумею.

— А каб весялей было,— раптам выпаліла яна.

— Каб весялей, значыцца?

— Ыгы.

— Так, так,— ён перахапіў паветра.

— А ўявіце, як адной там у будцы. У такія гады. Па-воўчы завыеш. А так...— яна не стала далей гаварыць.

— Дзякую за шчырасць,— застукаў Катлоў ногцямі па стале, разглядаючы, як у яго паліраванай паверхні адбіваецца люстра, што вісела якраз пасярод столі.

Яна падышла да яго, паклала руку на плячо:

— Не апускай носік,— чмокнула ў шчаку, шапнула:— Я хутка вярнуся. Трэба ж да маці. Добра?

— Добра.

Мінуў тыдзень, а Люда Гусак не вярталася. А вясна брала сваё. Сонца моцна прыгравала, дарогі станавіліся рыхлымі. У нізінах збіралася вада, адбіваючы ў сабе сінечу неба. І толькі начамі студзіў марозік, пакрываючы калюжыны тонкім лядком.

Катлоў ведаў, што пройдзе яшчэ які тыдзень і дарога на ўчастак да Люды Гусак надоўга, аж пакуль не падсохне зямля, будзе для яго закрыта. Не паедзеш жа на грузавіку і не перавядзеш Люду Гусак у інтэрнат у гарадок меліяратараў. А калі яна і пяройдзе сюды, дык тут, на вачах ва ўсіх, сустракацца не будзеш.

Катлоў колькі разоў па рацыі звязваўся з участкам, спадзяваўся, што Люда прыехала ды не падае голасу. Аднак яе не было. А мо там дзе захварэла? Мо што здарылася з маці? А можа, знайшла сабе жаніха, гаварыла ж пра замужжа? Ці мо не думае вяртацца? Тысячы пытанняў непакоілі Катлова. Ён увачавідкі пачынаў губляць усялякую цікавасць да работы. Некага слухаў, некаму нешта загадваў, і наогул, каб не яго падначаленыя, якія штодзённа турбавалі, прапаноўвалі, патрабавалі, то ён, відаць, сам бы нічога наогул не рабіў.

Алена Захараўна заўважыла перамену ў паводзінах мужа.

— Ці не захварэў? — спытала ўвечары, калі ён сядзеў, як і заўсёды, у крэсле. Толькі цяпер не чытаў газеты, а нібы драмаў, адкінуўшы галаву на высокую спінку.

— Не,— ён лена павёў галавой.

— Ці ператаміўся?

Катлоў нічога не адказаў.

— Відаць, ператаміўся,— працягвала ўдакладняць дыягназ жонка.— Вядома, не маладзёнак жа. Асіліць такі праект... Табе, дарагі мой, трэба адпачыць. Узяў бы пуцёўку ды з’ездзіў бы куды. Улетку не пусцяць... Ці да сына. Даўно не былі. А можа, разам з’ездзім? На канікулах.— Яна пастаяла і, не дачакаўшыся адказу, пайшла да пісьмовага стала, выняла з партфеля сшыткі...

Катлоў пайшоў спаць. Раніцай у вызначаны час ён сядзеў у кабінеце. Апошнія дні нікуды не выходзіў, чакаў яе званка. Нават ні разу не заглянуў у рамонтныя майстэрні, хаця раней туды наведваўся ледзь не штодзённа. І сёння сядзеў, чытаў нейкую справаздачу. Зазваніў тэлефон. Катлоў падняў трубку.

— Ты мяне яшчэ памятаеш?—у трубцы гуллівы голас Люды Гусак.

— Дзе ты прападала? — ажывіўся Катлоў.

— Я ж казала...

— Адкуль звоніш?

— Са станцыі. Можа б, пад’ехаў? А то мяне нагрузілі цыбуляй, не падняць. Чаго добрага, надарвецца твой начальнік участка, хто табе балоты сушыць будзе?

— Чакай.

Катлоў выскачыў з кабінета, пад яго цяжкімі хуткімі крокамі аж застагнала падлога ў калідоры.

Люда Гусак з лёгкім чамаданчыкам прагульвалася перад станцыяй. Яна была ў тым жа паліто, у тых жа чобаціках, толькі яе капялюшык сядзеў на галаве болей натапырана, аказваецца, прычоску зрабіла стаўбунаватую ды і пафарбавала валасы ў цёмна-карычневы колер. Яна была такая нечакана прыгожая, што Катлоў захваляваўся ад наплыву любасці і міжвольна азірнуўся, ці няма блізка каго са знаёмых. Падышоў да яе нетаропка, нібы ішоў па сваіх справах, а з ёй сустрэўся зусім выпадкова.

— Прывітанне, таварыш Гусак.

— А, таварыш Катлоў,— і яна засмяялася.— Па мяне?

— Па цябе.

— Ну, паехалі,— яна першая скіравала да машыны.

— Дзе ж цыбуля твая?

— Я павінна была крычаць па тэлефоне, што засумавала па табе?

Ехалі моўчкі. Ён часта паглядваў на яе. Усмешка, як той сонечны зайчык, блукала па яе твары. Калі праязджалі праз гарадок меліяратараў, Катлоў паддаў газу, каб хутчэй яго праскочыць, а за гарадком ехаў цішэй, каб на ўчастак трапіць, як пачне змяркацца.

...Катлоў прыехаў дамоў позна ноччу. Выспаўся хутка. Прачнуўся з маладой лёгкасцю ва ўсім целе. Зрабіў зарадку, а потым старанна галіў твар і непрыкметна для самога сябе напяваў нейкую легкадумную мелодыю.

— Ці не газета цябе так хутка вылечыла? — спытала Алена Захараўна, якая сядзела ля стала і вызваляла галаву ад бігудзі.

— Учора трохі выпіў і спаць. І вось як агурчык...— сказаў ён і толькі потым нібы апамятаўся: —А пры чым тут газета?

— Хіба не чытаў?

— Ну, нешта, вядома, чытаў...

— У абласной артыкул пра ваш Альхоўскі праект. Крытычны. Я ў школе яшчэ прачытала. Там усе чыталі...

— А дзе газета?

— Не ведаю. Дома газеты не глядзела...

Катлоў на часопісным століку знайшоў учарашнюю абласную газету і на другой старонцы ўбачыў пад буйным загалоўкам артыкул Марыны Данілавай. Прачытаўшы, супакоіўся...

— Дэмагогія абаронцаў прыроды,— весела сказаў ён.— Сала любяць, а грыбкоў, ягадак ім шкада. Нічога не зробіш, людзей на зямлі болей і болей, і прыходзіцца выбіраць паміж хлебам і ягадкамі.

— Мне здаецца, артыкул абгрунтаваны.

— Чуў я гэтыя абгрунтаванні ад свайго парторга. Без яго, вядома, не абышлося. Але ўсё гэта драбяза-а,— праспяваў Катлоў. Ён паводзіў сябе так, нібы артыкул наогул не тычыўся яго.

— І што будзеш рабіць?

— Напішам адказ: так і сяк, маўляў, і ўсё. Не першы раз.

Але на рабоце, у цішы свайго кабінета, Катлоў яшчэ раз, цяпер больш уважліва, перачытаў артыкул. Тое, што гаварылася нібы з насмешкай пра яго энергічнасць, узрушыла яго, пазбавіла стрыманасці. Хацеў быў пазваніць у райком, але падумаў і вырашыў паехаць, і зараз жа, папрасіць, каб райком абараніў яго ад нахабніцтва з боку Дубаўца.

Яго адразу прапусцілі да Кузьмянка. Сакратарка нават не дакладвала, а толькі са спачуваннем паглядзела на Катлова і сказала, каб заходзіў. У кабінеце былі Кузьмянок і Новік.

— Мы якраз тут пра цябе,— падняўся насустрач Кузьмянок. Катлоў паціснуў яму руку, потым Новіку, які сядзеў ля сцяны, закінуўшы нага на нагу.

— Сёння пра мяне ўся вобласць гаворыць,— засмяяўся з бадзёрай штучнасцю Катлоў.— Вядомы чалавек. Як касманаўт які.

— Як ацэньваеш? — спытаў першы сакратар.

— Як той чэхаўскі герой. Страшэнна рады, што «пропечатали».— Катлоў крутнуўся па кабінеце, нібы не знаходзячы, дзе сесці, а потым плюхнуўся побач з Новікам.— Тут без Дубаўца не абышлося. Аргументы яго. Можа, нават пад яго дыктоўку напісана. Адным словам, памочнік у мяне што трэба...

— Мне таксама здаецца,— сказаў Новік.— Дзіўная рэч. Чалавек у гадах — наватар, шукальнік, а малады парторг, наадварот,— кансерватар, калі наогул не рэакцыянер у пытаннях меліярацыі.

— Фармуліровачка,— толькі ўсміхнуўся Кузьмянок, але пярэчыць не стаў.

— Бачыце, гэтаму Дубаўцу хочацца пад старасць яшчэ з вудай пасядзець на той Альхоўцы, вось і змагаецца... Куніца некалі мяне папярэджваў, што пісака...

— Не будзем шукаць вінаватых, Васіль Міхайлавіч,— сказаў Кузьмянок ціха, але з такой цвёрдасцю ў голасе, якая папярэджвала ўсялякае пярэчанне.— Не Дубавец, не Данілава, а абласная газета выступіла. Мы павінны рэагаваць на крытыку.

— Я так лічу, Андрэй Цітавіч,— пачаў разважліва Новік.— Перад раёнам стаяць зусім пэўныя канкрэтныя задачы. І не мы павінны думаць над глабальнымі праблемамі, пра якія гаворка ў артыкуле. Хай пра гэта думаюць вучоныя. Афіцыйны адказ хай напіша Катлоў. Не мы праекты складаем. А што — не так, Андрэй Цітавіч?

— Можа, і так,— няўпэўнена адказаў Кузьмянок, а потым звярнуўся да Катлова: — Напішыце ў рэдакцыю, што з артыкулам азнаёміліся, што адзначаныя недахопы маюць месца. Пра праект, хто складаў, хто зацвярджаў. Каб ветліва, далікатна, з павагай да газеты.

— Зразумела, Андрэй Цітавіч.

— І не адкладвайце.

З кабінета ўслед за Катловым выйшаў і Новік. У калідоры ён узяў яго пад руку і даверліва напаўголасу сказаў:

— Я вам па сакрэту скажу, Васіль Міхайлавіч, асцярожнічае наш Кузьмянок. Звычайна ён — жалеза. Прынцыповы і бескампрамісны. А як пра меліярацыю гаворка, зусім другі... Не магу зразумець яго. Хаця б з гэтым артыкулам. Данілава падышла тэндэнцыйна, без глыбокага ведання, так сказаць. А памятаеш, увосень, калі цябе на бюро слухалі, яе прасілі застацца. Не засталася... Я на тваім месцы не пасаромеўся б напісаць адказ...

Перад лесвіцай на першы паверх Новік спыніўся, паціснуў руку Катлову, прыязна ўсміхнуўся:

— Вам нечага асцярожнічаць, Васіль Міхайлавіч. Вы робіце сваю справу, і робіце выдатна...

Катлоў у машыне думаў, які адказ напісаць у газету. На самай справе, навошта асцярожнічаць? Напісаць так, як раіў Новік.

У прыёмнай Катлова сядзела Люда Гусак.

— Я да вас, Васіль Міхайлавіч, па праекту...— паднялася яна яму насустрач.

Сакратарка, якая друкавала нешта на машынцы, паведаміла Катлову, што яго па тэлефоне шукаў Доўгі.

Катлоў прапусціў у кабінет Люду Гусак, зайшоў сам.

— Зараз закажу вобласць, і тады, Людачка, будзем гаварыць.

Яна не стала распранацца, а толькі расшпіліла свой кажушок, каб лаўчэй было сядзець, чакала, пакуль Катлоў набіраў нумар. Заказаўшы Доўгага, Катлоў распрануўся, павесіў паліто, сеў на сваё месца.

— Я вас слухаю, таварыш Гусак,— і паглядзеў на яе радаснымі вачыма.

— Мне рабочыя прынеслі газету, прачытала і — да цябе.

— Драбяза! — хмыкнуў Катлоў.— Не першы і не апошні раз.

— Я думала, заставяць мяняць што.

— Што мяняць?

— Ну, каб раку не чапалі... Можа, і сапраўды раку не чапаць?.. Можна канал вывесці прама на Прыпяць...

— Усё роўна рака загіне, калі балоты асушым.

— Пару якіх плацін паставіць — вада будзе трымацца на ўзроўні. Лугам, лясам ніякай шкоды. І рыць канал па цаліку лепей, чым спрамляць раку. Там балацянкі, старыцы часта, а тут грунт. Праўда, у адным месцы ўзгорак. Зрэжам. А галоўнае, ёсць што напісаць у газету. І істотнае. Яны нас за раку крытыкуюць, а мы яе не чапаем...

Катлоў выслухаў Люду Гусак, моўчкі падняўся, выняў з сейфа праект, разаслаў на стале схему.

— Вось тут,— і яна махнула пальчыкам ад самага глыбокага балота ў бок Прыпяці.— З яго пачаць. Гэта балота пацягне ваду з астатніх, на іх працаваць будзе любата. Я хацела яшчэ на сходзе сказаць пра гэта, ды не асмелілася. Абмежавалася драбязой.

— Залатая мая галоўка,— Катлоў абняў яе за плечы, хацеў пацалаваць, ды яна вынырнула з-пад яго рукі, нібы ёй было няёмка пад яе цяжарам. Катлоў падняўся, схема з краёў скруцілася ў дзве трубкі.— Ну, таварыш Гусак, афармляйце рацпрапанову. І хутчэй. Мы не можам доўга чакаць, нам хочацца хутчэй падтрымаць таленавітага чалавека. Можа, вам падкінуць каго на дапамогу?

— Спраўлюся сама, таварыш Катлоў,— адказала Гусак.

— Вы, аказваецца, не хочаце дзяліцца славай.

— Я да славы аж ірвуся. Няўжо не заўважылі?

— Нічога, хутка праславімся,— засмяяўся Катлоў.— Падкінуць пра нас фельетончык...

— Гэта ж добра,— весялілася і Люда Гусак.— Хай ведаюць людзі, якога я буйвала прыручыла.

— Стоп,— ляпнуў па стале рукой Катлоў.— У службовым кабінеце пачынаецца лірыка. Забараняю! Гаворым пра справу. За колькі дзён аформіце прапанову?

Адказаць Люда Гусак не паспела. Забрынчаў тэлефон. Катлоў падняў трубку. Шапнуў Людзе, прыкрываючы далоняй мікрафон, што на провадзе Доўгі.

— Добры дзень, Міхаіл Андрэевіч. Катлоў гаворыць. Я вас слухаю... Не толькі чыталі, Міхаіл Андрэевіч, але і рэагуем... Крытыку зверху мы заўсёды... таго... У нас тут ёсць прапанова, калі вы не супраць. Будзем выклікаць аўтара праекта. Раку не будзем чапаць. Пракапаем канал напрасцяк у Прыпяць. Па ім не толькі можна будзе спускаць ваду, а калі-нікалі і з Прыпяці пазычыць. Рака не прападзе. Пару плацін, і ўсё... Вада ў рацэ, вядома, будзе не тая, але ў наваколлі захоўваем узровень грунтовых вод... Мы таксама думаем аб ахове прыроды, а не толькі ў газетках. Добра. Добра... Да сустрэчы, Міхаіл Андрэевіч.— Катлоў паклаў трубку.— Доўгі запрашае да сябе аўтара праекта і нас з нашымі прапановамі. Калі будзе гатова твая прапанова?

— Праз два дні.

— Нешта хутка,— неяк падазрона паглядзеў Катлоў на Люду Гусак.

А тая стаяла, утаропіўшыся ў скручаную ў дзве трубкі схему, і нібы не хацела з ім сустракацца позіркам.

 

9

Дубавец заўважыў, што пасля артыкула ў газеце Катлоў змяніў да яго адносіны. На дыспетчарскіх не падаваў руку, як рабіў звычайна, а вітаўся з усімі кіўком галавы, не выдзяляючы яго, парторга. Праўда, акрамя вось такой абыякавасці, Катлоў больш нічым не выдаваў свае непрыязі. Калі Дубавец заходзіў да яго, ён гаварыў ветліва, нешта раіў, нешта не раіў, з нечым згаджаўся, з нечым не. І цікава, за ўсе гэтыя дні ні разу не загаварыў з ім пра артыкул у газеце.

Дубавец стараўся не трапляць на вочы Катлову. Праводзіў на ўчастках сходы, дапамагаў у брыгадах выпускаць насценныя газеты, афармляць наглядную агітацыю, не прапускаў ніводнага камсамольскага сходу, бываў на розных нарадах і семінарах у раёне, адным словам, быў заняты кожны дзень з раніцы да вечара. У той жа час ён не мог не заўважыць, што ва ўпраўленне прыехаў курносы барадач, адзін з аўтараў праекта. Ён бачыў праз акно, як той ішоў з Людай Гусак у кантору, а потым яны, з імі быў цяпер і Катлоў, селі ў машыну і некуды паехалі. На другі дзень яны таксама некуды ездзілі. Дубаўца гэта ўжо зацікавіла. Спытаў у сакратаркі, дзе начальнік, сказала, што выпісаў камандзіроўку ў абласное ўпраўленне меліярацыі.

— Цікава,— сказаў Дубавец, хаця так і хацелася спытаць, ці не па выкліку. Што па праекту, не сумняваўся, бо навошта ж тады везці з сабой аўтара праекта?

Праз які тыдзень пасля таго, як артыкул з’явіўся ў газеце, Дубаўцу пазваніла Марына.

— Слухаю вас,— падняў трубку Дубавец, спачатку не пазнаўшы яе голасу. Звычайна такі прыгожы, а галоўнае, вясёлы, цяпер гэты голас быў нейкі бясколерны, пазбаўлены жыццёвай сілы.— Хто гэта?

— Данілава,— адказала яна пакрыўджана.

— А-а, Марына,— абрадаваўся Дубавец.— Добра, што пазванілі. Я разы два званіў вам, ды вас не было. Хацеў падзякаваць за артыкул. Выдатны артыкул!

— Падзякавалі,— з дакорам сказала Марына.— Век такой падзякі не забуду.

— Ды што такое?

— Прыкідваецеся?

— Чэсна.

— А што вы напісалі ў рэдакцыю? Як рэагавалі?

— Не ведаю. А хто пісаў?

— Я не ведаю, хто пісаў, хто падпісваў. Мне сказалі толькі... што пісьмо ад вас.

— Чэсна, не ведаю. А што там?

— Што артыкул напісаны нядобрасумленным чалавекам, там, вядома, іншыя словы, а падтэкст такі. Маўляў, аўтар не разабраўся ў праблемах, перакрэсліў усё станоўчае, што зроблена меліяратарамі ў раёне, свядома спыніўся на недахопах, якія бываюць, але часцей з-за недасканаласці праектаў. А што тычыцца новага праекта, то будаўнічае ўпраўленне само лічыць многае ў ім недасканалым, што праект дапрацоўваецца, у прыватнасці, вырашана раку не чапаць, ну і гэтак далей... і што я не пажадала разабрацца на месцы, што мяне нават запрашалі на бюро, дзе абмяркоўвалі падрабязна праблемы меліярацыі ў раёне, а я не засталася... Адным словам, рэдакцыя напісала пісьмо ў наш камітэт і праз колькі дзён на сходзе — мая персанальная справа.

— Чорт ведае што,— абурыўся Дубавец.— Вось што, Марына, не адчайвайцеся. Тут нейкі перагіб. Не хвалюйцеся. Усё будзе нармальна.

— Пабачым...

— Ну, бывайце!

— Да сустрэчы!

Адразу ж пасля тэлефоннай размовы Дубавец пайшоў да Катлова. На месцы таго не было, сказалі, што бачылі ў рамонтных майстэрнях. Дубавец скіраваў туды. Катлоў стаяў з начальнікам майстэрні і, паклаўшы блакноцік на гусеніцу экскаватара, нешта запісваў. Ён азірнуўся на Дубаўца, які спыніўся воддаль, але зрабіў выгляд, што яго не заўважыў, і працягваў размаўляць з начальнікам майстэрні. Дубавец цярпліва чакаў. Ён паспеў перачытаць ледзь не ўсю газету, што вісела ў вітрыне ля дзвярэй майстэрні, пакуль Катлоў нагаварыўся.

— Можа, да мяне, камісар? — спытаў той, развітаўшыся з субяседнікам.

— Да вас, Васіль Міхайлавіч...

— А чаму маўчыш? Я думаў, захацеў газетку пачытаць на свежым паветры.

— І газетку пачытаць... у чаканні.

— Хм...— хмыкнуў Катлоў.— Зойдзем да мяне.

— Можам і на свежым паветры...

— Слухаю.

— Вы пісалі рэагаванне на артыкул?

— Я. А што?

— Маглі б і мяне пазнаёміць...

— А-а...— Катлоў неяк пранікліва паглядзеў на Дубаўца. Яго позірк, відаць, павінен быў азначаць, што ён вельмі добранька разумее парторга.— Я хацеў, але вас не было... Прызнацца, Іван Кірылавіч, мяне абурыла выступленне газеты. Аўтар зваліў усё на нас. Нібы мы з вамі і вырашаем усе праблемы меліяратыўнага будаўніцтва. Мы ж толькі выканаўцы, выканаўцы чужых задум, планаў, праектаў. Аўтар проста не ведае азбучных ісцін. Я і напісаў пра гэта ў газету.

— Ваша справа,— адказаў Дубавец.— Аднак вы абвінавацілі журналістку ў скажэнні фактаў. Усе ведаюць, якую ролю вы адыгралі ў фарсіраванні апошняга праекта. Ды і раней тое-сёе ад вас залежала. Можа, не вы зацягнулі будаўніцтва вадасховішча ў саўгасе «Усход»? Кубаметры вы, вядома, зрабілі на каналах, нават прэміі атрымалі, а... вадасховішча няма? Так што не будзем прыбядняцца, Васіль Міхайлавіч, не такія вы ўжо і сляпыя выканаўцы. Прашу вас, Васіль Міхайлавіч, напісаць другое рэагаванне. Выправіць сваю памылку...

— Якую памылку? — Катлоў спыніўся.— Твая Данілава піша, што я замахнуўся на гэты гнілы раўчук, які называецца ракой Альхоўкай, і я павінен апраўдвацца? А ці ведае яна, што мы, меліяратары, прапанавалі аўтару праекта адмовіцца ад спрамлення ракі і прарыць канал адразу на Прыпяць? І ты не ведаеш? Дрэнны ты камісар, калі не ведаеш... А пісаць я нічога не буду. Я, не ў прыклад некаторым, паважаю арганізацыю, у якой працую, так што, прабачце, не магу... Калі болей нічога няма ў вас, я пайду.

— Не маю права вас трымаць, Васіль Міхайлавіч,— развёў рукамі Дубавец.

— Дзякую, дарагі, дзякую,— і Катлоў скіраваў на склад.

Дубавец які момант стаяў як аглушаны. Ён усяго чакаў, толькі не такой гаворкі. Відаць, Катлоў хоча выклікаць яго, Дубаўца, на скандал. А тады ўсё будзе проста: не спрацаваліся, не сышліся характарамі. І яго, парторга, перакінуць у другое месца. Ніхто ж не стане замахвацца на вядомага і паважанага кіраўніка Катлова! Не, дарагі Катлоў, скандалу ты не дачакаешся: Дубавец хоча застацца тут, на гэтай пасадзе, і не таму, што баіцца пагалоскі, маўляў, не ўжыўся ў саўгасе, не ўжыўся і тут, а таму, што не губляе надзеі дамагчыся свайго. Тым больш што нечага ўжо дабіўся: рака Альхоўка, здаецца, выратавана...

А цяпер трэба ратаваць Марыну Данілаву.

Дубавец узяў машыну і паехаў у райком.

Кузьмянок сядзеў за сталом крыху нахіліўшыся, яму, відаць, нешта нездаровілася. Дубавец убачыў, як апошні час іх першы здорава пастарэў, зжаўцеў тварам. Кузьмянок павітаўся кіўком галавы, усміхнуўся. Усмешка атрымалася не столькі ласкавая і добразычлівая, як хваравітая. Дубавец ужо шкадаваў, што патурбаваў чалавека.

— Слухаю,— сказаў Кузьмянок і рукою падпёр левую шчаку.

— Я па вельмі далікатнаму пытанню, Андрэй Цітавіч... Я разумею, што Данілава, можа, і залішне крытыкуе кіраўніцтва раённай меліярацыі, можа, трэба было б кінуць большы папрок праектным інстытутам. Але праблемы, пра якія піша, існуюць. Іх трэба вырашаць. Адным словам, я не сумняваюся ў шчырым жаданні Данілавай памагчы нам. А Катлоў напісаў такі адказ у газету, што аўтару пагражаюць сур’ёзныя арганізацыйныя вывады. Вядома, аўтарытэт такіх кіраўнікоў, як Катлоў, трэба берагчы. Але ж... І Данілаву шкада. Можа, вы пазванілі б і сказалі, каб не каралі там дзяўчыну. Прашу прабачыць, Андрэй Цітавіч, можа, я і няправільна стаўлю пытанне, але...— Дубавец замаўчаў, адчуваючы сябе ніякавата. Які час маўчаў і Кузьмянок.

— Я пазваню,— сказаў ён ціха, як для сябе, і пачаў ці не шукаць патрэбны нумар у невялічкай чырвонай кніжачцы, якую выняў з шуфляды стала. Убачыўшы, што Дубавец па-ранейшаму сядзіць, паўтарыў:

— Я пазваню...

Дубавец падзякаваў і выйшаў з кабінета.

 

10

Кожную вясну, асабліва калі наступала рэзкае пацяпленне, Кузьмянок адчуваў сябе вельмі дрэнна. Спалася трывожна, з нейкімі жахлівымі прывідамі, ад якіх пацеў моцна і якія адразу ж выветрываліся з памяці, як толькі прачынаўся. Раніцай не хацелася падымацца, цягнула яшчэ падрамаць. Іншы раз ён і драмаў пазней, але падымаўся тады з яшчэ больш цяжкай галавой і ледзь адольнай лянотай ва ўсім целе. Кожны раз да снедання па заведзенай звычцы ішоў даглядаць сваіх трусоў. Карміў іх, чысціў клеткі. Звычайна вяртаўся пасвяжэлы, бадзёры, у добрым, нейкім сцішана-ласкавым настроі. Зараз жа не цягнула яго і да клетак. І калі ішоў туды, дык без ранейшай радасці. У такія дні ён не ездзіў на раён, не хацеў адлучацца, баяўся, каб раптам у дарозе не стала зусім блага. І, як назло, цяпер у райкоме збіраліся самыя непрыемныя справы. Ведалі, што сакратар на месцы, ну і закідвалі яго ўсялякімі скаргамі, ананімкамі...

На аднаго толькі Куніцу сабралася больш дзесятка пісьмаў. Праўда, іх пісалі і крыху раней. Пісалі ў розныя інстанцыі, газеты, і вось цяпер усе скаргі сабраліся на стале ў Кузьмянка. А пісалі ў іх праўду і няпраўду. Пісалі пра самаўпраўства Куніцы, што паводзіць сябе ў саўгасе, як кароль у сваім каралеўстве, злоўжывае ўладай... Пісалі, як і капцы бульбяныя рабіў двайныя — капаў ямы, засыпаў бульбу, а казаў, што бульба хаваецца без ям, адразу на зямлі, пісалі, што жонку трымае дома, як графіню якую, на працу не пускае, а каб яна не адчувала сябе ўтрыманкай, аформіў яе шафёрам да сябе на легкавушку. Кузьмянок разумеў, што Куніца натура даволі складаная, у яго і добрага і дрэннага на дзесяцярых хапіла б. Але ёсць у яго і тое, чаго не адымеш. Жыве, працуе, часам ідзе на розныя хітрыкі толькі дзеля росквіту свайго саўгаса.

Кузьмянок вырашыў паклікаць Куніцу і шчыра пагутарыць з ім. Прыйшоўшы наступнай раніцай у райком, ён застаў Куніцу ўжо ў прыёмнай. Быў той у скураной куртцы, у вязанай з брылём шапачцы. Што значыць — жонка артыстка, падумаў Кузьмянок, і мужа прымушае не адставаць ад моды.

— Заходзь, Марк Ліпавіч,— Кузьмянок прапусціў яго першым у кабінет.— Ну, што скажаш?

— Нічога,— нават разгубіўся Куніца.— Мне ўчора пазванілі з вашай прыёмнай, каб я пад’ехаў...

— Правільна, правільна,— сеў на сваё месца Кузьмянок.— Як справы ў саўгасе?

— Нібы нічога.

— Добра,— сакратар выняў з папкі цэлы стос канвертаў.— Вось пісьмы. Скардзяцца. На цябе.

— Пабочныя пішуць, не з саўгаса.

— Чаму так думаеш?

— Мае заварушыліся, калі сена з захопаў звезлі. Але ўбачылі, што нікога не пакрыўдзілі, і супакоіліся. Сена таму-сяму яшчэ і дабавілі. Заатэхнік абышоў усіх, параіў, які рацыён, і ўсё такое... Я лічу, што рабочыя ўсё малако не з’ядуць, будзе лішняе — прададуць дзяржаве...

— Вельмі правільна,— падтрымаў яго Кузьмянок.

— Так што мае задаволеныя. Днямі двое прыйшлі і сказалі, што іх захопы не знайшлі. Самі прывезлі сена ў саўгас. Пісаць могуць толькі чужыя. Мелі таксама захопы... Той шафёр да гэтага часу ўсё піша.

— Жонку вы сваім вадзіцелем аформілі?

— Было,— прызнаўся Куніца.— Але... цяпер меры прыняты. Пайшла ў дэкрэт. Пакуль малое падгадуе. Палац культуры пабудуем. Прызначу мастацкім кіраўніком. Хай адкрывае балетную школу для дзетак...

— А як з кармамі?

— Хапае. Вырашылі купіць і адкарміць звыш плана пару соцень бычкоў.

— Цудоўна,— Кузьмянок паклаў канверты ў папку.— Усё. Жадаю поспехаў, Марк Ліпавіч!

Куніца падняўся, у дзвярах спыніўся, на які момант завагаўся, гаварыць ці не гаварыць.

— Вы нешта хочаце сказаць? — спытаў Кузьмянок.

— Мы прыкінулі свае магчымасці, Андрэй Цітавіч... Можам дапамагчы бульбай калгасам... Я чуў, што ў некаторых сеянка загінула.

— У вас капцы з двайным дном?

— Не,— усміхнуўся Куніца.— Мы яе проста добра захавалі.

— Падлічыце і пазваніце, колькі тон зможаце прадаць. Толькі ў будучым так моцна захоўваць не варта,— Кузьмянок зрабіў націск на слова «захоўваць».

— Будзе відаць па абставінах,— ветліва раскланяўся Куніца.

Кузьмянок пасядзеў які час моўчкі, потым націснуў кнопку пад сталом — зайшла сакратарка з прыёмнай.

— Вось што, Ева Восіпаўна, пад капірку надрукуйце адказы ва ўсе інстанцыі, што пры праверцы факты не пацвердзіліся, і мне на подпіс...— і ён аддаў ёй папку з пісьмамі-скаргамі на Куніцу.

Кузьмянок разумеў, што могуць знайсціся такія, хто абвінаваціць яго ў фармальным падыходзе да пісьмаў, але не баяўся гэтага. Верыў, што такія людзі, як Куніца, ніколі не падвядуць у галоўным — у сваёй адданасці справе. Дабіцца б, каб ва ўсіх калгасах і саўгасах былі такія Куніцы, ён, Кузьмянок, лічыў бы гэта самым значным дасягненнем у сваёй рабоце. І хай той жа Куніца ў нечым хітрыць, але ён сваімі «вывіхамі» часам выпраўляе тыя недакладнасці, якія, глядзіш, там-сям і праявяць сябе: і ў планаванні, і ў кіраванні гаспадаркай.

Зазваніў тэлефон. Кузьмянок без ахвоты ўзяў трубку, адказаў.

— Слухаю...

Званіў Сікора, урач.

— Як адчуваеце сябе? — пытаўся ён.

— Нічога. Раніцай цяжкавата, а расходзішся...

— Я так і чакаў... Перапад тэмпературы, ціску. Усё лагічна. Было б дзіўна, Андрэй Цітавіч, каб было інакш. Я перадаў вам пілюлі, папрымайце, як сказана ў інструкцыі. Вясна, арганізм без вітамінаў...

— Дзякую, Пётр Адамавіч.

— Няма за што,— Сікора паклаў трубку.

Кузьмянок падняўся, прайшоўся па кабінеце. У крайнім акне, што было ля дзвярэй, адчыніў фортку... Што значыць нейкі званок! Пазваніў урач, пацікавіўся здароўем, сказаў, што перадаў флакончык вітамінаў. Здавалася б, зусім дробязны клопат, але і такая самая будзённая ўвага як надае сілы!..

Як віхор, уварваўся ў кабінет Новік. Ён нагадваў чалавека, які толькі што зрабіў адкрыццё, над якім біўся доўга і безнадзейна. «Вось на каго яшчэ не дзейнічае ні адліга, ні мароз,— падумаў Кузьмянок пра Новіка.— Малады...»

— Мы з вамі, Андрэй Цітавіч, ламалі галаву, адкуль у гэтага Катлова такая нечаканая энергія, такая нястрымная ініцыятыва? Лічылі, што там малады парторг... Аказваецца, зусім не тое. Каханне! — і Новік паклаў перад Кузьмянком спісаны буйным почыркам двайны аркуш паперы з вучнёўскага сшытка ў клетачку.— Жанчына!

Кузьмянок прабег вачыма ліст, у якім расказвалася аб злачыннай і амаральнай сувязі старога і атлусцелага начальніка будаўнічага ўпраўлення Катлова з падначаленай, маладзенькай і нявопытнай, Людай Гусак. Гэтая амаральная дзейнасць адбываецца пад бокам у раённага начальства, што сведчыць пра канчатковае і невылечнае нахабства старога грахаводніка. У калектыве ўсе страшэнна абураны і просяць райком партыі ўмяшацца і ўшчэнт знішчыць такое загніванне, ачысціць атмасферу ад амаральнасці.

— Ананімка?

— Ананімка.

— Можа, хлусня?

— Магчыма,— з нечаканай лёгкасцю пагадзіўся Новік.— Але...

— Ёсць падстава падазраваць, Ігар Іванавіч?

— Не. Але...

— А што але?..

— Я ўзяў і супаставіў некаторыя факты. Цікавыя напрошваюцца вывады. Паглядзім на апошнія падзеі. Ваюе з Катловым хто? Дубавец. Вось і падкінуў пісьмо. Мы ж ведаем, што большага аматара да пісьмаў, як Дубавец, у нас няма. Разлік просты. Не ўдалося перамагчы Катлова, дык яго можна зваліць за амаральнасць. Заадно і праект пахаваць. А каб не ўзнікла падазрэнне, што піша Дубавец, падкінуў у гэты ж час некалькі ананімак і на Куніцу. Ён працаваў з Куніцай і добра ведае яго грашкі. Логіка? — і Новік глядзеў на Кузьмянка, чакаючы пахвалы свайму ўменню аналізаваць складаныя сітуацыі.

— Жалезная,— пагадзіўся Кузьмянок.— Адна толькі дэталь... Дубавец ніколі не хаваў свайго прозвішча. На мой погляд, гэта даволі істотная дэталь.

— Я не сцвярджаю, Андрэй Цітавіч, што мае разважанні абсалютна правільныя, гэта, так сказаць, толькі гіпотэза. Галоўнае, што рабіць з пісьмом? Можа, Андрэй Цітавіч, выкінуць гэты ананім у сметніцу і такім чынам закрыць пытанне?

— Каб жа гэтым закрылі пытанне, але... Нехта напісаў і сочыць, што мы зробім. Аддадзім пісьмо Дубаўцу, хай на партыйным бюро абмяркуе. Па-першае, той, хто піша, пра гэта будзе ведаць, супакоіцца. Па-другое, там лепей ведаюць Катлова. Высветліцца ўсё адразу. А галоўнае, убачым, ці пісаў Дубавец. Калі ён, то пастараецца раздзьмуць кадзіла, і гэта будзе відаць.

— Вельмі разумна, Андрэй Цітавіч. Вельмі. Але...

— Што яшчэ?

— Там членам бюро жонка Катлова. Яна дырэктар мясцовай школы.

— Ведаю...— Кузьмянок задумаўся.— Не страшна. Калі што ёсць, дык жонка даўно ведае. Не схаваеш. Не пацвердзіцца — жонцы толькі радасць. А пацвердзіцца, мы Катлову, як і кожнаму, за такое ніколі не даруем.

— Зразумела,— Новік яшчэ пастаяў крыху і выйшаў.

 

11

Дубавец сядзеў у сваім кабінеце і перачытваў пісьмо, якое яму перадаў Новік. Нехта ведаў, калі напісаць. Якраз тады, калі іх адносіны з Катловым, як напятая струна: крані мацней — лопне. Што ж рабіць? Як праверыць? З чаго пачынаць? Не пойдзеш жа распытваць самога Катлова ці Люду Гусак? Можна пакрыўдзіць людзей... Думай не думай, нікому не перадаручыш, давядзецца займацца самому. Зразумела, што без размовы з Катловым не абысціся.

Катлоў незадаволена глянуў на Дубаўца, калі той зайшоў, але нічога не сказаў, адсунуў убок нейкія паперы, над якімі сядзеў, падрыхтаваўся слухаць.

— Тут вось... гляньце,— паклаў перад Катловым пісьмо Дубавец.— Перадалі з райкома, каб абмеркавалі на бюро.

Катлоў перачытаў пісьмо, запытальна глянуў на Дубаўца.

— Што будзем рабіць, Васіль Міхайлавіч?.. Можа, без абмеркавання напішам адказ у райком?

— Не, трэба абмеркаваць,— сказаў у роздуме Катлоў.— І не толькі абмеркаваць, але і праверыць.

— І Новік загадаў праверыць.

— Давай з’ездзім да Люды Гусак, пагаворыш з ёй,— Катлоў быў упэўнены, што Люда нічога не скажа, а ў той жа час Дубавец будзе мець права заявіць, што была праверка.

— Давайце з’ездзім...— нават абрадаваўся такой прапанове Дубавец.

У гэты ж дзень яны і паехалі на ўчастак. Шаша ўжо вызвалілася ад снегу на ўсю шырыню заасфальтаванай паласы. Даехалі хутка. Ад шашы пайшлі пешкі па самай узбочыне дарогі. Дарога была яшчэ кепская — мокры снег размешаны трактарамі з граззю. З аднаго боку — глыбокая канава з вадой. Месцамі сухая броўка звужвалася так, што даводзілася ісці як па жэрдцы, балансуючы рукамі.

Люда Гусак у высокіх мужчынскіх гумавіках з адкасанымі халявамі была на гаспадарчым двары. Убачыўшы іх, яна заспяшалася насустрач.

— Вось, у госці заглянулі,— сказаў Катлоў.— Удвух.

— І то добра,— засмяялася Люда.— А то адзін ды адзін.

— І дахадзіўся, што пачалі ананімкі пісаць,— сказаў Катлоў.

— Некаму зайздросна,— заключыла Люда Гусак.

Дубавец не ведаў, з чаго пачынаць гаворку, і ён проста падаў Гусак пісьмо.

— Што скажаце на гэта?

— Анічога не скажу,— глянула толькі на пачатак ліста, а далей і чытаць не стала.— Гэта мая асабістая справа. Што хачу, тое і раблю. А вось каб дазналася, хто гэта напісаў... Пытанні яшчэ будуць, Іван Кірылавіч? .

— Не,— засмяяўся Дубавец.— Сам бы з радасцю пабегаў за вамі, ды не хочацца начальніку настрой псаваць.

— А вы паспрабуйце адбіць,— засмяялася і Люда.— Ну што, сапернічкі, можа, вас чайком пачаставаць? Хочаце?

— Чаму ж толькі чайком? — запярэчыў Катлоў.— Мяне каньячком, а дваіх — дык толькі чайком.

— Знойдзецца і каньячок.

— Не, дзякуем,— адмовіўся Катлоў. Яму не падабалася ледзь не адкрытасць у гаворцы Гусак.— Паедзем.

— Ну як, камісар? — спытаў Катлоў, калі ехалі назад.

— Разумная баба,— адказаў Дубавец.— Нават усур’ёз не прыняла. З гумарам.

Больш не гаварылі. Катлоў задумаўся, а Дубавец прыхінуўся да сядзення і глядзеў, як спаўзае з узгоркаў снег, як, набрынялы вадой, ён сінее ў нізінах, яшчэ белы ляжыць пад дрэвамі, нібы ўчора выпаў.

— Прыгожы лясок,— павярнуўся Катлоў да Дубаўца.— Прагуляемся?

— Можна,— аж здзівіўся Дубавец, што начальніка раптам пацягнула на лірыку.

— Вася, пачакай,— загадаў Катлоў шафёру.

Яны моўчкі пайшлі па пясчаным узлобку, які цягнуўся ад дарогі да бярозавага гайка. Там-сям пракідаліся зялёныя кволыя сасонкі. Снег сышоў, мокры пясок пад нагамі быў падатлівы. Катлоў спыніўся, упёрся рукой у тоўстую крывую бярэзіну. Нехта збіў кару ўнізе, як усё роўна зачапіў воссю калёс. З раны сачыўся бярозавік.

— Цёплая,— памацаў бярозу і Дубавец.

— Вось што, дарагі мой,— пачаў Катлоў без усялякага ўступу.— У пісьме ўсё праўда... Люблю я Люду. Не пабачу колькі дзён, сам не свой раблюся. Такога ў мяне, здаецца, не было ніколі. Можа, і было ў маладосці, ды забыўся,— Катлоў паглядзеў уверх, як скрозь бярозавае голле цэдзіцца сінеча неба.— Больш таго, я хацеў ажаніцца з ёю. Не дала згоды. Не ведаю, што ў яе галаве. Жыве са мной, а чакае прынца. Адным словам, пасля таго як яна адмовілася, я неяк больш крытычна пачаў ставіцца да нашай сувязі. Пра разрыў гаварыць нельга: рада, калі прыязджаю, чакае... Але, здаецца, наперадзе ў нас ужо значна меней, чым было... Мог бы і на бюро расказаць. Але не буду. Мне што? Я сваё пражыў. А яна пачынае толькі. Дзяўчына надзвычай здольная. Псаваць ёй біяграфію не варта. Я сам добра ўсё разумею, але пакуль што адмовіцца ад яе не магу. Яна неяк на тыдзень з’ехала да маці, то ад суму месца сабе не знаходзіў... Калі на бюро ніхто нічога доказнага не скажа, я прызнавацца, вядома, не буду. Дзеля яе.

— Добра, што сказалі, Васіль Міхайлавіч.

— Я буду вельмі ўдзячны вам.

— Васіль Міхайлавіч,— абарваў яго рэзка Дубавец.— Ваша шчырасць — лепшая для мяне ўзнагарода... Вы разумееце, пісьмо на бюро мы не можам не абмяркоўваць. Думаю, усё будзе нармальна.

Катлоў неяк скептычна ўсміхнуўся, відаць, у гэтую хвіліну пашкадаваў, што расказаў усё парторгу. І гэты настрой заўважыў Дубавец, паспрабаваў яго супакоіць:

— Тут, Васіль Міхайлавіч, я вас не падвяду.

— Яшчэ раз дзякую,— Катлоў паглядзеў уверх скрозь голле, потым пагладзіў ствол дрэва далонню: у паветры закружылася белымі лусачкамі пацяруха ад бяросты.— Ну што, надыхаліся свежым паветрам? Паехалі,— і першы скіраваў да машыны.

Калі яны праязджалі праз пасёлак меліяратараў, то якраз спыніўся аўтобус, што прыйшоў з райцэнтра. З аўтобуса разам з іншымі выйшла, як падалося Дубаўцу, і Марына Данілава. Ва ўсялякім выпадку, нейкая жанчына, якая была ў такім жа паліто з шырокім рыжым каўняром і ў такой жа вязанай шапачцы, як і ў Марыны. Калі Дубавец азірнуўся яшчэ раз, то ўбачыў купку людзей, што ішлі па тратуары, і сярод іх ён не паспеў ужо разгледзець Марыну ці падобную на яе жанчыну.

— Мо знаёмую ўбачыў? — спытаў Катлоў, заўважыўшы, як занепакоіўся Дубавец.

— Здаецца, памыліўся,— адказаў ён і падумаў, што калі гэта сапраўды Марына, то яна не міне яго, якія справы ні прывялі б яе сюды. Зайшоўшы да сябе ў кабінет, ён прычасаўся, склаў у стосік раскіданыя на стале паперы, тое-сёе зусім схаваў, сеў і пачаў складаць план пасяджэння бюро. Недзе глуха стукала пішучая машынка, нехта нібы малатком заганяў цвік у падлогу, а ў двары пад акном газаваў дызель... Вось ляпнулі дзверы, тыя, што з вуліцы. Яны на спружыне і заўсёды так грукаюць, калі іх адчыніць і кінуць. Свае ведаюць, не кідаюць. Значыцца, зайшоў, а можа, выйшаў нехта чужы. Не, зайшоў, бо пачуліся крокі на лесвіцы. І раптам як хто зашкрабаў за дзвярыма.

— Можна? — пачуўся вясёлы голас Марыны.

— Заходзьце, заходзьце,— сказаў, не падымаючы вачэй, нібы і сапраўды быў вельмі засяроджаны. Марына, з усмешкай на ўвесь твар, стаяла ў дзвярах расчырванелая, відаць, ёй было гарачавата ў зімовым паліто. Валасы, як заўсёды, распушчаныя, выбіваліся з-пад шапачкі.— Ну і што?

— Як што? — яна гучна засмяялася.

— Ды праходзьце ж, праходзьце... Што смеяцеся?

— Вы так на мяне паглядзелі, нібы я з неба звалілася...

— Я ў тым сэнсе, як там на рабоце? — хацеў ён за сур’ёзнай размовай схаваць сваю такую здрадніцкую разгубленасць.

— Дзякую,— яна села, падабрала ногі.— Усё нармальна. На сходзе мяне не абмяркоўвалі. Адмянілі.

— Выдатна. А як даехалі?

— Поездам, а потым аўтобусам.

— Добра, добра,— Дубавец адчуваў, што павінен гаварыць, ды не мог сабрацца з думкамі.— Ну, цяпер па які матэрыял, ці як?

— Не...— яна ўсміхнулася ледзь прыкметна. На шчоках з’явіліся ямачкі і хутка зніклі, больш нішто і не выдавала яе ўсмешку. Толькі вочы захоўвалі ўвесь час нейкі гуллівы выраз.— Я прыехала падзякаваць вам, што выручылі.

— І ўсё? — ён адчуў, што гаворыць глупства.

— Ваша машына на хаду?

— На хаду. А куды ехаць?

— Як куды? Адвезяце мяне назад. Сходзім у басейн. Я дамовілася.

— Не блага было б. Але ж трэба рыхтаваць партбюро.

— Я і забылася, што вы такі заняты чалавек,— без крыўды сказала яна.— Прабачце. У колькі ідзе аўтобус?

— Навошта аўтобус? Я падкіну вас на станцыю.— ён, вядома, мог бы адвезці яе і ў горад, нішто яму не замінала, але знарок сказаў так: хацеў бачыць, як яна зрэагуе. Калі прыехала не проста падзякаваць, а каб сустрэцца з ім, то тады ён павязе яе хоць на край зямлі.

— Можна і так,— крыху сумеўшыся, сказала Марына і глянула на гадзіннік.— Якраз павінна паспець.

У машыне яна была маўклівая, засяроджаная. Дубавец рабіў выгляд, што вельмі пільна сочыць за дарогай, але часам неўпрыкмет кідаў погляд на яе. І ад таго, што яна была такая сумная, яго грудзі ажно распірала буйная радасць. Але ён маўчаў, стараўся паказаць, нібы яго ніколькі не хвалюе, што побач сядзіць Марына, болей таго, напускаў на твар робленую заклапочанасць, нецярпліва паглядваў на гадзіннік.

Ля станцыі яны выйшлі з машыны.

— Дзякую,— Марына падала руку. Яна была засяроджана строгая, такая, якой бачыў яе ў студыі, калі дзяўчына займалася падрыхтоўкай перадачы.— Чэсна, вы мяне выратавалі...

— Дзякую і вам за артыкул. Здаецца, Альхоўку не будуць чапаць.

— Няма за што. Прабачце, што патурбавала і тады сваім званком і цяпер... адарвала ад работы. Але я не магла не заехаць і не падзякаваць. Вы мне вельмі дапамаглі, ну, дзякую, што і падкінулі да станцыі,— яна ўсміхнулася.— Болей не магу вас затрымліваць, Іван Кірылавіч.

— Што вы! Можа, перакусім? Якраз абед.

— Вы ж заняты.

— На гэта час знойдзецца.

Не чакаючы згоды, Дубавец скіраваў на станцыю, дзе быў рэстаран.

— Ну, што будзем есці? — ён падаў Марыне меню.

— А мне ўсё роўна. Абы-што...

— Прынясіце нам абы-што,— сказаў жартаўліва Дубавец афіцыянтцы.— Няма такога ў меню? Тады першае, другое... Можа, і шампанскага па келіху, Марына Пятроўна?

— У рабочы час я не п’ю,— незадаволена сказала яна.

Дубавец адчуў, што настрой у яе сапсаваўся канчаткова, і таму, калі афіцыянтка адышла, пачаў расказваць ёй, як у раёне сустрэлі яе артыкул...

Марына сядзела крыху сумнаватая і ніяк не рэагавала на яго расказ, здавалася, нават і не слухала.

З рэстарана выйшлі на перон. Хадзілі па ім, перакідваючыся рэдкімі нязначнымі словамі, як людзі, якія даўно абрыдлі адзін аднаму, ды не маглі чамусьці ніяк разысціся.

На старых ліпах ля вадакачкі таўкліся гракі. Ля дзвярэй збожжасховішча, што было непадалёку ад перона, скакалі вераб’і. Паміж шпал стаялі чорныя калюжыны з масляністымі разводамі.

— Вясна... Хутка ажыве наша Альхоўка,— Дубавец адчуваў, што варта неяк Марыну разварушыць, развесяліць.— Прыязджайце да нас на рыбалку. Вы ж выратавалі нашу раку...

Падыходзіў цягнік. Пасажыры са скверыка, дзе сядзелі на лаўках, высыпалі на перон.

— Ну, дык як, Марына Пятроўна, наконт рыбалкі? — Дубавец не на жарт устрывожыўся: ці не занадта далёка ён зайшоў у сваёй чэрствасці. Спытаў ласкава, без усялякай афіцыйнасці: — Ну, дык як?

— А ў вас дзяўчына ёсць? — нечакана спытала Марына, гледзячы, як падыходзіць цягнік, нібы лічыла вагоны ці выбірала, у які ёй сесці.

— Як вам сказаць...

— Прыеду, а яна з рэўнасці ўтопіць мяне ў той жа Альхоўцы,— і яна кінула дапытлівы позірк на Дубаўца.

— Здаецца, ёсць,— прызнаўся ён ціха, а потым імкліва абхапіў яе рукамі за плечы, нясмела пацалаваў у халодную шчаку. Марына падатліва і радасна прыхінулася да яго...

 

12

У той дзень, калі намячалася партыйнае бюро, Катлоў доўга ляжаў раніцай у пасцелі, не спаў, думаў: сказаць пра ананімку жонцы ці не.

Чуваць было, як Алена Захараўна ў зале перабірала сшыткі, кнігі, пакавала іх у сумку, вось шчоўкнула замком, патупала на кухню. Там стукнула глуха дзверцамі халадзільніка, звякнула нажом, недзе кінула яго на стол, потым задзвынкала лыжачкай у шклянцы з чаем.

— Катлоў, ты што, захварэў? — раптам успомніла пра яго.— Катло-ооў? — у голасе нечаканая гарэзлівасць.

— Чу-у-ю-ю! — яе ж інтанацыяй адказаў ёй. Падняўся, пацягнуўся, узяў электрабрытву і пайшоў у ванную. Галіцца не спяшаўся, хацелася, каб жонка пайшла, пакуль ён возіцца. Пачуўшы, што яна грукае абуткам у калідоры — яна заўсёды абувалася перад самым выхадам,— выйшаў. Алена Захараўна стаяла перад люстэркам, ужо накінуўшы паліто, папраўляла на шыі квяцісты шалік. Ніколі ён не бачыў у яе гэтага шаліка. І навошта ён ёй, жанчыне ў гадах, такі квяцісты? «На вясну дурэе баба»,— падумаў. Ён абмінуў яе і пайшоў у залу...

— У колькі тое бюро? — спыталася ўслед Алена Захараўна.

— У пяць.

— А парадак дня? Не ведаеш?

— Мая персанальная справа,— спыніўся пасярод залы, азірнуўся.— Нехта ананімку на мяне падкінуў. Вось і загадалі разабрацца.

— Пра што?

— Што з дзеўкамі гуляю.

— Ха! Я думала, што сур’ёзнае,— сказала яна з вясёлым гарэзлівым дакорам і пайшла.

Пасяджэнне бюро звычайна праводзілі ў кабінеце Катлова.

Пачалі збірацца члены бюро. Першым зайшоў экскаватаршчык Гаварушка. Ён прыходзіў без спазнення, заўсёды ў светлым гарнітуры, пад гальштукам. З ім прыйшоў бухгалтар, затым — токар з рамонтных майстэрняў і старшы інжынер з планава-вытворчага аддзела.

Апошняй зайшла Алена Захараўна.

Яна была ў сваім цёмным касцюме, які цесна аблягаў фігуру, у квяцістай кофтачцы. На галаве высокая, укладзеная хвалямі прычоска, як у дзяўчыны. Раніцой такой прычоскі не было, не інакш, як з’ездзіла ў цырульню. Прычоска рабіла твар нейкім легкадумным. Катлоў глядзеў на жонку, нібы ўпершыню бачыў яе. Больш пільна, чым калі-небудзь, спынілі на ёй свае позіркі і астатнія. Гэта заўважыла Алена Захараўна, радасна ўсміхнулася, потым надала твару сур’ёзнасць, глянула на гадзіннік, папрасіла прабачэння, што спазнілася, сціпленька села ля самага краю стала, паклала на стол сваю чорную сумачку, а на сумачку — рукі, а потым схавала іх пад стол, відаць, убачыла: яны ў яе ўжо не тыя, якімі былі ў маладосці. Гэты рух заўважыў Катлоў. Нечаканая жаласць да яе варухнулася ў яго сэрцы. І яму на якое імгненне падумалася, што не ўсё яшчэ загінула паміж імі, што недзе ў глыбіні яго тлее, аказваецца, пачуццё...

— Ну, думаю, разбяромся з самым непрыемным, а потым пяройдзем да іншых пытанняў,— сказаў Дубавец.— Пярэчанняў няма? У райком паступіла ананімнае пісьмо. Яго пераслалі нам, сказалі, каб мы разабраліся і далі яму адпаведную ацэнку. Я зараз прачытаю гэтае пісьмо.

«Паважаныя сакратары райкома партыі! — чытаў Дубавец.— Як вядома, нашы кіраўнікі прызначаны не толькі для арганізацыі выканання і перавыканання вытворчых планаў, а яшчэ і для выхавання ў людзей адданасці ўсеагульнай народнай справе, народу, нарэшце, сям’і, адным словам, яны павінны быць прыгожыя ва ўсіх адносінах, устойлівыя... А скажыце, як можна верыць начальніку БМУ меліярацыі т. Катлову, як можна ісці пад яго кіраўніцтвам на штурм працоўных рэкордаў, калі ён, страціўшы маральную чысціню, звязаўся з маладзенькай і нявопытнай дзяўчынай, начальнікам участка Людай Гусак?..»

Дубавец, прачытаўшы пісьмо, адразу ж глянуў на Алену Захараўну. Але тая сядзела як і сядзела, ніякіх змен ні ў яе паставе, ні ў выразе твару, нібы гэтае пісьмо зусім не тычылася яе.

— Што скажаце, таварышы? — спытаў Дубавец.

— Мы думалі, наш начальнік стары, а ён, аказваецца, ого! — засмяяўся токар з рамонтных майстэрань.

— Я правяраў пісьмо,— сказаў Дубавец.— Вядома, факты не пацвердзіліся.

— І не маглі пацвердзіцца,— падтрымаў сакратара Гаварушка.— Вы паглядзіце на Алену Захараўну і падумайце, ці можа Катлоў пакінуць такую жанчыну?

— Нам трэба даць ацэнку пісьму,— Дубавец хацеў, каб хто выступіў.— А так будзем жартаваць, а жартачкі ў пратакол не занясеш.

— У нас хіба няма сметніцы? — спытаў бухгалтар.

— Я разумею, што вы не хочаце крыўдзіць Васіля Міхайлавіча. Але... Хто хоча ўзяць слова?

— Дазвольце,— сказала Алена Захараўна і, пачакаўшы, пакуль Дубавец дасць ёй слова, паднялася.— Вось тут адзін таварыш вельмі разумна спытаў, ці няма ў нас сметніцы... Мяне здзіўляе пастаноўка пытання на бюро. Ну, сказалі ў райкоме разабрацца і абмеркаваць. Паўтараю, разабрацца і абмеркаваць. Гэта значыць, што павінны былі разабрацца, а потым абмеркаваць, калі б было што абмяркоўваць. Наколькі я зразумела, факты не пацвердзіліся. Такім чынам, абмяркоўваць нечага. І мы, разумныя, здаецца ж, людзі, замест таго каб займацца нечым карысным, сядзім і сушым мазгі над нейкай мяшчанскай пісанінай. І тым самым фактычна становімся на пазіцыі ананімшчыка, падтрымліваем яго. І наогул, таварыш Дубавец, як вам не сорамна чытаць гэтую пошлую бязглуздзіцу пры мне, пры маім мужы? Рана пачалі трымцець перад паперкай, таварыш Дубавец. Вам, як партыйнаму кіраўніку, трэба ў першую чаргу верыць людзям.

Алена Захараўна адсунула крэсла далей, падышла да Дубаўца, які сядзеў, апусціўшы вочы, узяла пісьмо, тут жа парвала яго на дробныя кавалачкі, аднесла ў сметніцу, што стаяла ў кутку ля стала Катлова.

— Скажыце, Іван Кірылавіч, у райкоме, што ананімку знішчыла я, жонка Катлова. Працягвайце, калі ласка, пасяджэнне.

— Пераходзім да другога пытання,— падняўся Дубавец.

...Пасля бюро Катлоў з Аленай Захараўнай пайшлі дамоў разам. Да пасёлка было не вельмі далёка. Бралася на прыцемкі, машын амаль не было. Катлоў хацеў, каб з імі пайшоў разам і Дубавец — не хацелася заставацца адразу пасля бюро з жонкай,— але той як пайшоў занесці ў свой кабінет паперы, так і застаўся, а можа, і знарок затрымаўся, каб не замінаць ім. Пра пісьмо нават не ўспаміналі...

— Ну, што такі насуплены? — як бы спагадліва спытала жонка.

— А што — радавацца?

Дома, распрануўшыся, яна пайшла на кухню, і пакуль Катлоў распранаўся ды мыўся, Алена Захараўна паспела падагрэць і паставіць на стол вячэру. Падала яе ў залу. Прынесла адразу ўсё, нават чайнік, каб потым не бегаць на кухню. Яна так заўсёды рабіла, калі была ў настроі. І калі ўжо сядзелі за сталом, елі і паглядвалі на тэлевізар — там паказвалі нейкі спектакль,— яна, як падалося Катлову, ні з таго ні з сяго раптам сказала:

— Гэта я, канечне, ва ўсім вінавата. З-за гэтай работы не толькі пра мужа, але і пра сябе хутка забудзеш,— яна дапытліва паглядзела на яго, усміхнулася і з ранейшай гарэзлівасцю дадала: — А ты таксама добранькі. Не можаш з дзеўкай падгуляць, каб увесь раён не ведаў...

— Навучуся як-небудзь,— сумеўся Катлоў.

— Пабачым...

— Усё яшчэ наперадзе.

— Вядома, табе ж усяго толькі пяты дзесятак,— яна выпіла чай, паставіла шклянку і сцішана сказала: — Стамілася сёння, Вася. Паносіш на кухню посуд, а я пайду спаць.

Катлоў раптам падумаў, што хутчэй за ўсё яна нічога дакладна не ведае, але здагадваецца пра ўсё. Хаця чаму б той невядомы аўтар не мог напісаць і ёй? Можа, ёй яшчэ і раней напісаў, ды бачыць, што ніякай рэакцыі, тады і ў райком падкінуў пісьмо. А калі так, як растлумачыць яе паводзіны на бюро? Жаданнем адстаяць гонар сям’і, гонар свайго мужа, каб не пахіснулася раптам яго службовае становішча?..

Катлоў аднёс на кухню посуд, перамыў, потым яшчэ пасядзеў у зале ў крэсле, пагартаў газеты за колькі дзён і толькі потым пайшоў у спальню. Калі адчыніў дзверы, то яму пачуўся нібы жончын усхліп. Прыслухаўся. Ціха. Алена Захараўна ляжала, уткнуўшы твар у падушку...

І тая жаласць, якая сёння на працягу дня кранала яго сэрца, зараз ажыла з новай сілай. Катлоў ціхенька лёг, захацеў прыхінуць да сябе жонку, але тая ўпарта не адрывала твар ад падушкі. Ён з нечаканай пяшчотай гладзіў яе плечы, валасы, а ў вачах стаяла Люда Гусак, і яму здавалася, што ён і лашчыць не жонку, а яе, і як ні стараўся, так і не мог адагнаць гэтае насланнё...

 

Частка чацвёртая

 

1

Пятро Доўжык рабіў усё для таго, каб неяк зацікавіць Ніну жыццём. Стараўся знайсці гадзінку,— а часу ў яго не вельмі ставала: трэба было рыхтавацца да летняй экзаменацыйнай сесіі,— каб схадзіць у магазін, дапамагчы на кухні, прыбраць у пакоі. У суботу і нядзелю яны хадзілі ў кіно ці проста гулялі па веснавым горадзе, у парку, кармілі лебедзяў у сажалцы...

— Слухай, Ніначка, колькі разоў я збіраюся ў цябе спытаць, ды ўсё неяк не выпадае,— пачаў ён аднойчы, калі яны вярталіся з чарговай прагулкі.— Ну, чаму ты такая?

— Якая?

— Ведаеш, іншы раз здаецца, што ты не жывеш, а павіннасць адбываеш. Без усялякага смаку. Можа, што не так?

— Усё так,— адказала яна абыякава.

— Можа, што малога ў нас няма?

— Урачы пакуль не раілі... Паспеем яшчэ...

— Паспеем-то паспеем, але... Сам не ведаю, што такое, але так і чакаеш, што вось-вось адбудзецца нешта паганае. Няма ўпэўненасці, што ў нас з табой назаўсёды. А без гэтага жыць... Я хачу, каб у мяне была ўпэўненасць...

— Выдумляеш ты абы-што.

— Можа, і выдумляю,— пагадзіўся ён, зразумеўшы, што гаворкі не атрымалася.

Калі ж засталося некалькі дзён да ад’езду Пятра на экзамены, Ніна прыкметна ажывілася, павесялела: у яе з’явілася канкрэтная мэта — падрыхтаваць мужа да ад’езду. Купіла яму новую бялізну, падрыхтавала некалькі тэнісак, колькі пар шкарпэтак, нават купіла новы чамадан, бо той, з якім ён ездзіў раней, выцерся па баках, а галоўнае, быў заняты адзежай. Пятра трывожыў яе настрой, трывожыў настолькі, што хацеў ужо і не ехаць на экзамены. Ды падумаў, што гэта не жыццё, калі трэба так трымцець за яе кожны раз, і паехаў. На вакзале пры развітанні спытаў:

— Што будзеш рабіць без мяне?

— Працаваць.

— Сумаваць не будзеш?

— Пастараюся,— яна пацалавала яго, а потым і падштурхнула, каб ішоў садзіцца, бо цягнік ужо крануўся з месца.

Які час яна стаяла і махала яму ўслед рукой...

А потым пайшла ў горад.

Самае дзіўнае і нечаканае было для Ніны тое, што яна не адчувала самотнасці, а нават нейкую палёгку. Ішла і ног пад сабой не чула.

Паўз тратуар стаялі высокія каштаны, кідаючы на асфальт цені. У начышчаных да бляску вітрынах адбівалася сонца. Імкліва бегалі тралейбусы — у гэты час дня пасажыраў было няшмат.

Раптам Ніна размінулася з доўгавалосымі хлопцамі з разбухлымі партфелямі ў руках.

— Анічога сабе мамзель,— пачула яна голас аднаго з іх.

Ніна засмяялася з гэтага нязграбнага, але ўсё ж камплімента. Яна цяпер гатова была смяяцца з-за ўсялякай дробязі.

Ля магазіна тканін тоўпіліся людзі. Зайшла ў магазін. Прадавалі квяцісты шоўк на сукенкі. Шоўк ёй спадабаўся. Яна нават стала ў чаргу. Але пастаяла нядоўга: паспее яшчэ купіць, а можа, калі і прыгажэйшы трапіць на вочы. Цяпер яна кожны дзень будзе швэндацца па магазінах... Непрыкметна дайшла да завулка, дзе яны жылі. Ці ад таго, што раптам апынулася пасля гаманлівай вуліцы ў ціхім завулку з пахіленым штыкетнікам, з вішнямі, што звесілі сваё драбналістае голле над галавой, і з зялёнай травой паўз сцежку,— усё гэта напомніла ёй родную вёску,— ці ад таго, што ўявіла, як зойдзе ў невялічкі пакойчык, у якім прыйдзецца доўгі вечар сядзець адной, ёй стала так сумна, так захацелася ў сваю Альхоўку. Яна паскорыла крокі з цвёрдым намерам хутчэй сабрацца і паспець на цягнік. Аднак паспець яна ўжо не магла. Ніна знямогла ўпала на ложак. Які час ляжала ў нямой няцямнасці, а потым, не раздзяваючыся, заснула. Недзе сярод ночы, калі ўжо даволі моцнай прахалодай дыхала ў адкрытую фортачку, прачнулася, нацягнула на сябе коўдру.

У суботу на рабоце Ніна сказала, што паедзе да маці і ў панядзелак, відаць, не вернецца. Забегла дамоў, схапіла сумку, якую загадзя падрыхтавала, і заспяшалася на цягнік. Увечары, калі вёску ахутваў змрок, разбаўлены святлом ад месяца, што вісеў недзе за рэчкай, яна падыходзіла да бацькавай хаты. У вёсцы было ціха, у рэдкіх хатах гарэла святло. Бацькі яе, праўда, яшчэ не спалі, сядзелі за сталом, вячэралі.

— А-а, дачушка,— і маці дапытліва глянула на Ніну.

— Пятро паехаў на экзамены, а я сюды,— сказала так, нібы ў чым апраўдвалася.

— Садзіся, павячэраеш,— Параска Андрэеўна паставіла яшчэ адну талерку, наліла супу.— Добра, што спазнілася з вячэрай, дык во і цябе дачакаліся. Гэта ж сёння кароў з бацькам пасвілі.

Параска Андрэеўна паднялася, прынесла гладыш малака.

Ніна асцярожна зняла падпаленую плеўку, каб яна раптам не пакрышылася, наліла поўную шклянку жаўтаватага малака, панюхала, парадавалася яго духмянасці і выпіла.

— Глядзі, донька, халоднае.

— Смачнае,— і яна выпіла яшчэ адну шклянку.— Ну, што новага ў вас?

— Ды нічога... Адсеяліся. Расце ўсё сама. Нядрэнна расце, слава богу...

— Хто прыехаў, хто мо паехаў куды?

— Усе на месцы.

— Вяселлі якія былі?

Параска Андрэеўна адразу здагадалася, што дачка не столькі навінамі вясковымі цікавіцца, як хоча пачуць пра Барыса. Пасля ж пытання пра вяселлі канчаткова пераканалася, што яе цікавіць толькі ён.

— Якія вяселлі, калі халасцякоў няма. Дубаўцу ўсё некалі, кіруе... Барыс, казалі, з’ехаў на Альхоўскія балоты. Дома не паказваецца. Маці яго казала, што ні слыху ні дыху...

На другі дзень Ніна дакладна ведала ад аднавяскоўцаў, на якім балоце працуе Барыс. Ды галоўнае было не гэта, а тое, што ён усё яшчэ халасцякуе.

Чым бліжэй быў дзень вяртання Пятра са сваіх экзаменаў, тым усё трывожней станавілася на душы ў Ніны. Яна кожны раз кідалася да акна, як толькі чула тарахценне якога матацыкла. Увечары, калі прыходзіў аўтобус, сядзела на лавачцы і паглядвала ў канец вуліцы, ці не пакажацца Пятро...

А ён прыехаў зусім нечакана, у самым пачатку дня. Ніна ў лёгкім спартыўным касцюме, кедах і ў белай хустачцы, каб у галаву сонца не паліла, сядзела на мяжы і церабіла буракі. Ля двара нечакана затарахцеў матацыкл, чыхнуў раз-другі і заціх. З вуліцы пацягнула бензінавым смуродам. Ніна схавалася за вугал хлява, прыслухалася. Вось ляпнула фортка.

— Прывітанне, мама,— пачуўся радасны голас Пятра.

— А-а, здароў, здароў,— адказала Параска Андрэеўна. Яна якраз нешта рабіла ў двары.

— Не спазніўся?

— Куды?

— Ну, сена грэбці, вазіць...

— Яго яшчэ і не касілі.

— А я спяшаўся. А дзе ж Ніна?

— А можа, у хаце. Ну, праходзь, праходзь...

Ніна падхапілася і пабегла па мяжы, збіваючы нагамі навіслае лісце ад буракоў, у канцы гарода пералезла праз жэрдкі і, нагінаючыся, каб не так было відаць, пайшла паўз платы. Мінуўшы такім чынам некалькі гародаў, а потым жыта, якое выкаласілася ў рост чалавека, скіравала да лесу...

 

2

— Ты паедзеш са мной на балота? — пытаўся Рыгор Лінь у Барыса. Яны сядзелі ў летнім кафэ «Вецярок», якое толькі што адкрылася пасля зімы, і пілі халоднае піва.

— Гаворыш так, нібы хочаш, каб я адмовіўся,— раззлаваўся Барыс.

— Каб потым не падвёў. Сярод сезону застацца без памочніка...

— Не застанешся. Слова.

— Слова і ёсць слова,— Рыгор Лінь усміхнуўся ў свае натапыраныя вусы.— Май на ўвазе — ад світання да світання. Як кажуць, не зробіш у майцы, не зробіш і ў фуфайцы. За лета два планы павінны даць. Раз. Добра зарабіць — два. Перамагчы ў спаборніцтве Гаварушку — тры. І амаль без выхадных. Толькі за харчам у вёску, і ўсё. Бяры бялізну і ўсё такое... Суп умееш варыць?

— Не вялікая мудрасць...

— Добра. Яшчэ па келіху?

— Ды піва не вельмі,— адмовіўся Барыс.— Жывот толькі пучыць...

— Піва, вядома, дрэнь. Але там і такога не будзе,— ён узяў келіх і пайшоў да бочкі...

Барыс абрадаваўся па-сапраўднаму, што яму давядзецца працаваць цэлае лета на нейкім глухім балоце, далёка ад свае вёскі, дзе пакуль што ўсё вельмі нагадвае яе, Ніну. А за лета ён, як кажуць, перарасце сваё няўдалае каханне, загоіцца ягоная рана...

Лагер быў на востраве. Яшчэ па замёрзлым балоце туды завезлі тэхніку, бочкі з саляркай, вагончык для жылля, слані, нават машыну дроў. Вясной, калі вада крыху апала і можна было пачынаць капаць канал, хлопцы ледзь дабраліся да свае стаянкі.

Барысу падабалася на востраве. Яму яшчэ помнілася вайсковая служба з яе дысцыплінай, а тут ніхто іх не кантраляваў, нават ніхто з начальства не заглядваў. Жыві як хочаш!

Акрамя іх, на востраве пасяліліся Гаварушка са сваім памочнікам, а потым далучыліся і дрывасекі, што зводзілі лес на пясчаных выспах між балот, дзе планаваўся магістральны канал. Адным словам, сумаваць хлопцам не даводзілася. Звечара доўга сядзелі ля кастра, гаварылі пра рознае. А раніцай спалі, пакуль і сонца не прыгравала.

Канал пачалі капаць ад самага глыбокага і топкага балота да рэчкі, каб яна сцягнула часткова ваду з балота, а потым ужо весці магістральны канал на Прыпяць, якім вырашылі замяніць спрамленне ракі Альхоўкі. Весці канал ад балота да ракі трэба было праз балоцістую мясціну. Трапляліся даволі топкія балотцы«вокны», былі, праўда, і сухадолы з чырвонымі смалянкамі. Ды такіх узвышшаў выпадала зусім мала. Так што ў асноўным рабілі на сланях.

За каўшом цягнуўся брудны паток вады. Вада залівала выкапанае. Патрэбна было сапраўды ювелірнае майстэрства, каб і адкосы рабіць роўненькімі, і шырыню дна аднолькавай трымаць.

Цяжкасці сустракаліся на кожным кроку. Нават дабрацца да экскаватара было праблемай. Кавальеры былі такія топкія, што па іх ісці было немагчыма. Гэта потым, праз колькі дзён, калі вада сцячэ болей, яны зацвярдзеюць і змогуць трымаць чалавека. Пакуль жа карысталіся кладкамі — доўгімі абапалкамі, збітымі папарна. Пройдзеш па такой кладцы да яе канца, пакладзеш перад сабой тую, што нёс у руках, а потым выцягнеш з топкага глею першую, па якой толькі што ішоў, і пакрочыш з ёй у руках далей. І так да самага экскаватара ці ад экскаватара да вострава, дзе атабарыліся.

На экскаватары, які быў у Рыгора Ліня, прадугледжвалася працаваць удвух. Першыя дні яны так і рабілі. Рабілі не ад зары да зары, як абяцаў Барысу Рыгор Лінь, а нават меней за восем гадзін у дзень.

— А гаварыў — ад цямна да цямна,— неяк сказаў Барыс.— Я дык ніколькі не стамляюся...

— Усё яшчэ наперадзе,— усміхнуўся Рыгор.— Трэба, каб ты асвоіўся, уцягнуўся. Рванеш адразу — надарвешся. Тады ніякай выпрацоўкі і смак да работы згубіш.

Прыйшлі ў свой лагер рана, перакусілі, потым падаліся на балота цягаць лінёў, на вячэру была юшка.

Прачнуўшыся раніцай, Барыс нікога не ўбачыў у лагеры. Экскаватаршчыкі былі на балоце. Працаваў і Рыгор Лінь. Барыс зразумеў, што раскачка кончылася. Паснедаўшы ўчарашняй юшкай, ён пайшоў да экскаватара. Кладкі былі ў Рыгора Ліня, і таму Барыс скіраваў у абход. Дзе па сухадолу, дзе абыходзячы топкія мясціны, дзе пераскокваючы з купіны на купіну, ён дабраўся ледзь не да самага экскаватара. Засталося якіх метраў дзесяць, але адолець іх нельга было. Рыгор якраз праходзіў «акно». Працаваў на сланях. Тоўстыя дубы пад цяжарам машыны пагрузіліся ў твань, так што і гусеніцы былі ў вадзе. Барыс стаяў колькі мінут, але Рыгор Лінь яго не заўважаў. Тады Барыс заклаў пальцы ў рот і свіснуў некалькі разоў. Рыгор прыглушыў матор, вылез з кабіны, крыкнуў, каб узяў правей, абагнуў «акно» і выйшаў да экскаватара спераду. Хутка Барыс быў на паляне, парослай высокай травой, рэдкімі кусцікамі. Пайшоў насустрач экскаватару, але Рыгор махнуў рукой, каб пачакаў. Барыс нагнуў альховы куст і ўсеўся на спружыністае голле. Сядзеў і глядзеў, як працаваў яго сябра. Страла хадзіла раўнамерна, без рыўкоў, не спыняючыся ні на секунду. Можа, замірала толькі на якое імгненне, калі коўш угрызаўся ў размяклы торф. Разгружаў коўш на хаду. Падыме стралу, нават дасць ёй убок невялічкі разгончык, адпусціць коўш — і твань ляціць па інерцыі далей ад таго месца, дзе страла пачынае рух назад. Экскаватар у руках Рыгора быў жывой істотай. Гэта быў вышэйшы клас. Так Барыс не ўмеў. І ён сядзеў і сачыў за кожным рухам экскаватара, бачыў, які засяроджаны Рыгор у сваёй кабіне. Часам іх позіркі сустракаліся, і тады Рыгор задаволена ўсміхаўся, ведаючы, што Барыс не толькі сочыць за яго працай, а і любуецца ёй.

Праз які час Рыгор Лінь мінуў «акно» і з’ехаў са сланяў на цвёрдае. Відаць, раней яшчэ прайшоў па трасе і ведаў, дзе якая зямля.

— Здаецца, топкія мясціны мінулі,— вылез з кабіны Рыгор і, стоячы на гусеніцах, моцна і са смакам пацягнуўся.— Цяпер да самай рачулкі без сланяў пойдзем.

Ён паглядзеў наперад, дзе, можа, за які кіламетр і была рачулка, схаваная высокім алешнікам, а потым спытаў у Барыса:

— А як там Гаварушка?

— Ён болей пракапаў...

— Вядома, па сухадоле. Але, як дойдзем да рэчкі, мы таксама пяройдзем на сухадол. Пачнём ад старыцы і да Прыпяці. Там кубоў насількаем, бо амаль адзін пясочак... Ну, садзіся за рычагі і — пакуль не стомішся. Галоўнае, не спяшайся, каб не перарабляць. А хуткасць прыйдзе сама...

Калі Барыс сеў за рычагі, Рыгор яшчэ пастаяў, паглядзеў, як у таго атрымліваецца.

— Чуеш, Барыс, я адскочу дамоў. Калі спазнюся, выйдзеш з раніцы.

— Добра.

Барыс нетаропка чэрпаў каўшом зямлю, адносіў яе ўбок, спыняў стралу, разгружаў коўш. Калі Рыгор адышоўся далёка, паспрабаваў разгружаць на хаду, як рабіў Рыгор. Першы раз зямля высыпалася з краю канала, частка яе трапіла назад у канал — паспяшаўся коўш адкрыць. Другі раз надаў хуткасць страле, а коўш адкрыць затрымаўся. Стралу так матнула па інерцыі, што ледзь не пераламала. І Барыс мусіў адмовіцца ад сваіх эксперыментаў. Капаў як умеў, сачыў, каб адкосы былі роўныя да самага дна, каб меней потым папраўляць іх рыдлёўкай.

Барыс намеціў наперадзе альховы куст і задумаў сёння ж дацягнуць канал да яго. Працаваў спакойна, як і вучыў Рыгор. Не аглядваўся, ці многа зроблена, не падлічваў, колькі засталося да канца дня, а глядзеў, каб атрымлівалася добра, роўна, прыгожа. І ўсё ж паглядваў на альховы куст, асабліва тады, калі сонца пачало ніжэй і ніжэй апускацца. А калі яно павісла над самым лесам, чырвонае, астылае, Барыс заспяшаўся і адзін раз грабянуў каўшом лішняга,— цяпер будзе ў адкосе як раўчак. Аж настрой у хлопца прапаў. А тут яшчэ пару метраў не дацягнуў да намечанага куста: пачало змяркацца. Таму без адчування задаволенасці заглушыў матор, шкадуючы, што няма на небе месяца, а то б свайго абавязкова дамогся. Прыйшоў у лагер прыцемкам. Рабочыя павячэралі, палеглі спаць. Вогнішча ледзь дымілася. Ля яго стаяла вядро з цёплым супам. Супу было небагата, на дне толькі. Барыс сеў на паленца, між ног паставіў вядро і пачаў чэрпаць лыжкай суп якраз так, як Рыгор Лінь працаваў стралой свайго экскаватара. Павячэраўшы, адчуў, як моцна стаміўся. Ногі самлелі, сталі як акамянелыя, самлела і сярэдзіна. Ён ледзьве падняўся, зайшоў у вагончык і кінуўся на свой тапчан. Ужо лежачы, раздзеўся, нацягнуў на сябе коўдру. Заснуў амаль імгненна.

Недзе ў падсвядомасці яго жыла пакутлівая думка, што не зрабіў намечанага, а галоўнае, сапсаваў адкос. Відаць, гэтая думка і падняла яго яшчэ на досвітку. Барыс адзеўся, узяў кавалак хлеба, адрэзаў сала, наліў у бутэльку вады і, абіваючы гумавікамі буйную расу з травы, паспяшаўся да экскаватара, які вытыркаў з ранішняга туману сваю стралу, нібы аглядваў, што навокал яго робіцца.

На экскаватары на які момант спыніўся, прыслухаўся. Хмызнякі і куп’ё хаваліся ў тумане, усход ледзь ружавеў, недзе зусім блізка залопала крыламі і крыкнула качка, як хто яе спужаў. Мо які бабёр. Ля экскаватара паднялася вялікая птушка, лена махнула доўгімі крыламі і, як планер, бясшумна паплыла над зямлёй, хаваючыся ў белых палосах туману. Ці не шэры то жораў быў? Барыс ведаў, што жоравы тут жывуць, ды ніколі яшчэ не даводзілася іх бачыць. У бліжэйшых кустах цененька ціўкала слаўка, а далей, недзе ля ракі, нешта ўздыхала, як у бочку ўсё роўна. З дзяцінства чуў Барыс, што такія гукі падае вадзяны бык. Адтуль жа, ад ракі, далятаў і салаўіны пошчак, гучны, з рознымі каленцамі. У канале ў чорнай вадзе гуляла рыба-маляўка, ганяючы па вадзе кругі. Таўкліся камары.

Праз якую хвіліну-другую Барыс завядзе матор, і ўсе гэтыя балотныя гукі знікнуць на ўвесь дзень, будзе толькі гурчэць матор ды плюхацца вадой і гразёю коўш экскаватара...

Шызы дымок ад матора паплыў над вадой. Барыс сеў на астылае за ноч сядзенне, узяўся за рычагі, упёрся нагамі ў педалі. Страла ўздрыгнула, нібы прачнулася, кінулася ўбок, завісла над купінай, абшчэрыла яе зубастай зяпай, падняла ўверх,— з доўгіх, як распушчаныя косы, каранёў сцякала вада,— аднесла і кінула купіну, і тая лягла набок. Хутка на яе плюхнулася другая, трэцяя, а потым іх усіх засыпала белым пяском і паліло чорнай з разбоўтаным маладым торфам вадой...

Барыс не заўважаў, колькі часу мінула, аж пакуль сонца не прыпякло яму ў спіну. Ён насцеж адчыніў дзверцы кабіны, падняў перад сабой шкло — дыхнула балотнай сырасцю, водарам нагрэтых траў, тым цёплым балотным духам, які заўсёды трымаўся над разагрэтай багнай.

Ён падняў стралу, затармазіў, скінуў абароты. Вылез з кабіны. Адчуў, як зайшліся ад стомы ногі і спіна. Пахадзіў вакол машыны, паглядзеў, ці ёсць масла ў маторы, даліў крыху саляркі, сеў на разагрэтую раму, выняў хлеб, сала. Перакусіўшы, запіў вадой. Вада ў пляшцы паспела добра ўжо нагрэцца.

Барыс хацеў ісці ў кабіну, ды раптам згледзеў у балоце злева, бліжэй да ракі, як нібы вялізная птушка ўзмахнула крыламі і зноў схавалася. Прыгледзеўся — яшчэ мільганула ў лазняках. Але цяпер гэта не было падобна на крылы, а як хто ў чорным выскачыў з-за куста. Барыс зразумеў, што ад ракі па балоце прабіраецца чалавек, пераскокваючы з купіны на купіну. Пакуль што нельга было пазнаць, мужчына гэта ці жанчына.

Чалавек які час стаяў, здаецца, выбіраў, на якую бліжэйшую купіну скокнуць. Барыс падумаў, што, можа, хто заблудзіўся або цялё шукае... Праз колькі мінут стала бачна, што гэта была жанчына, акурат як Ніна. Няўжо Ніна? Барыс не верыў сваім вачам. Адкуль яна тут? Яна падышла бліжэй. Цяпер іх аддзяляла вузкая балацянка. Ніна наважылася скокнуць праз яе.

— Стой і ні з месца!—закрычаў Барыс.— Чуеш?

— Чую, чую! — яна радасна замахала рукамі.

— Сядзі, я пакажу, як ісці. А то толькі булькнеш...

— Ну, паказвай...

— Ідзі туды,— ён кіўнуў у бок ракі, а сам паспяшаўся ёй насустрач.

— Куды ты выбралася? — сустрэў яе якраз у канцы балацянкі. Яна была ў сінім трыко, мокрая па самую шыю.

— Да цябе.

— Як? — не зразумеў ён.

— А вось так... Хіба не бачыш?

— І як ты тут толькі прабралася? Такія балоты...— у голасе заклапочанасць і трывога.

— А на крылах,— Ніна абрадавалася ягонай заклапочанасці.

Яны пайшлі да экскаватара.

— Нічога не разумею.

— Я ж сказала, да цябе. Не прагоніш? — і так паглядзела на яго, што ён усё зразумеў.

— Я ж...— Барыс спыніўся, узяў яе за плечы. Ніна прыхінулася да яго і расплакалася. Ён маўчаў і толькі рукой гладзіў яе валасы, адчуваючы, як з яе мокрага адзення сцякае цёплая вада.

— Ты ж загінуць магла...

— Убачыла экскаватар і напрамкі...

— А як даведалася?

— Там яшчэ адзін экскаватар...

— Гаварушкі.

Яна выцерла, як малое, кулаком мокрыя вочы, насцярожана глянула на яго, спрабуючы ўсміхнуцца.

— Мая змена, Ніна, яшчэ не скончылася, але...— ён хацеў сказаць, што гатоў зараз жа ісці ў лагер, на востраў.

— Ну і цудоўна! — Ніна абрадавалася.— Ты рабі сваё, а я гразь хоць абмыю ды пасушуся.

Барыс залез у кабіну, узяўся за рычагі. Але ніяк не мог цяпер засяродзіцца. Разы два зачарпнуўшы няўдала, вылез з кабіны. Ніна, адышоўшыся далей, уніз па каналу, раздзелася, вымыла сваё трыко і на альховым кусце павесіла сушыцца. Сама ж голая сядзела на купіне і боўтала ў вадзе нагамі. Паглядзець збоку — дык забаўляецца сабе малое, ды і толькі. Барыс зноў сеў за рычагі. Крыху супакоіўся і працаваў, пакуль і не падышла да яго Ніна. Яна была ў чыста вымытым і амаль сухім трыко, валасы падабрала ў вузялок на патыліцы.

— Стамілася?

— Трохі. На сонцы прыгрэлася, ледзь не заснула.

— Зараз пойдзем у лагер.

Рыгор Лінь на вогнішчы варыў у вядры капусту. Водар яе разліваўся наўкола.

— Прывітанне! — крыкнуў Барыс.— Як з’ездзіў?

— Выдатна,— Рыгор не падымаў галавы.— Вось жонка качан перадала, дык...

Убачыўшы Ніну, ён пачаў папраўляць на жываце майку, затым спытаў у Барыса:

— Адкуль?

— У балоце вылавіў. Зачапіў каўшом, падняў. Думаў, чорт які. Прыгледзеўся — дзеўка,— Барыс гучна засмяяўся.

Пасля абеду ўсе разышліся працаваць. У лагеры засталіся толькі Барыс з Нінай.

— Можа, хочаш адпачыць? — спытаў ён.

— Не.

— Давай так... Я збегаю ў вёску, а ты што прыдумай... Харч у яме за вагончыкам...

— А мне можна з табой?

— Я ж сказаў,— у голасе строгасць. Аднак, адчуўшы, што ён залішне ўжо строгі, сказаў мякчэй: — Да вёскі не блізка, буду спяшацца, а ты і так стамілася.

Ніне на хвіліну падалося, што Барыс не рады яе прыходу, таму і строгасць такая.

— Можа, я дарэмна, Барыс, прыбегла?

— Ты што? Я ў балота палез далей ад людзей, каб цябе забыць... Вось так. Колькі разоў хацеў табе напісаць, ды...

— Даруй мне, Барыс.

— Ладна. Ведала, што робіш...

— Спачатку нічога не ведала. Сядзела дома. Была на гародзе. Як пачула яго матацыкл, то і пабегла ў лес. Пабаялася, што не змагу адмовіцца, паеду з ім. Ведаеш, пры маці... А ў лесе надумалася вось да цябе,— яна памаўчала, пасля дадала: — Прагоніш, назад дамоў не пабягу. Дзе-небудзь у балоце...

— Пакуль не развядзешся, не зможам запісацца.

— Хіба гэта галоўнае, Барыс?

— Хачу, каб грунтоўна, каб ты не думала...

— Я нічога і не думаю. Прыйшла, каб назаўсёды з табой... Калі не супраць...

— Я — «за»! — Барыс радасна прытуліў яе і пацалаваў.

— Вось што,— пачала яна заклапочана, як гаспадыня.— Пойдзеш у вёску, пазвані там, каб маці перадалі, дзе я, а то з міліцыяй шукаць будуць.

Барыс вярнуўся гадзіны праз тры. Ніна на кастры пякла дранікі. Іх багата было ў вялікай каструлі. На патэльні, што стаяла на цаглінках, цвірчэла свініна з цыбуляй. Барыс выняў бутэлькі, а потым не стрымаўся, схапіў адзін дранік, макнуў з патэльні, падзьмухаў трохі і ў рот.

— Ну, я табе скажу! — захапляўся Барыс.— Чаму ты раней не прыбегла?

Ніна, расчырванелая ад вогнішча, увагі не звярнула на яго пахвальбу.

— Пазваніў?

— Пазваніў.

— Каму?

— У калгасную кантору. Там якраз быў брыгадзір з нашай Альхоўкі.

— Добра. А хлопцы хутка будуць?

— У прыцемках...

— Дранікі астынуць. Іх свежанькія трэба.

— Зараз усе будуць на месцы.— Барыс узяў сякеру, высек альховую жэрдку, павесіў на яе белую майку, жэрдку прымацаваў над вагончыкам.— Зараз збягуцца. У нас такая дамоўленасць, як трэба ўсім сабрацца, падымаем што-небудзь.

І сапраўды, хутка пачалі збірацца рабочыя. Прыйшоў Гаварушка са сваім памочнікам, прыйшлі і дрывасекі, а потым — Рыгор Лінь.

— Я чую, цягне цыбулькай,— сказаў ён і пахваліў Барыса.— А ты, дзед, нядрэнна папрацаваў. Ніна, можаш ганарыцца ім.

Толькі ўселіся ля самаробнага стала, на якім у місах дыміліся яшчэ гарачыя дранікі, стаяла шырокая патэльня з падсмажанай цыбуляй і свінінай, узвышалася вядро з юшкай, лусты хлеба, бутэлькі з гарэлкай, не паспелі выпіць і па першым разе, як з хмызнякоў нечакана з’явіліся Катлоў і Люда Гусак. Абое былі ў гумовых ботах, у саламяных капялюшах.

— Яны во што робяць, а мы думалі, ад світання да світання за рэкорды змагаюцца,— павітаўся з усімі за руку Катлоў.

— Просім да стала,— запрасіў Гаварушка.

— Калі ласка, калі ласка,— падала Ніна гасцям відэльцы.

— Начальства хочаце ўлагодзіць,— смяяўся Катлоў.

— У нас урачыстасць,— сказаў Лінь.— Барыс Малюк у балоце знайшоў гэтую русалку. Яна пагадзілася стаць яго жонкай,— ён паказаў на Барыса.— Так што за шчасце маладых!

— Дваццаць пяць год у меліярацыі, а першы раз бачу, каб вяселле вось так, у балоце...

— Не вяселле, а рэпетыцыя,— удакладніў Барыс.

— Выдатная рэпетыцыя... З радасцю прыму ўдзел,— пагадзіўся Катлоў.— Вось толькі з чобатаў ваду...— ён адышоўся, разуўся, выліў рыжую ваду з чобатаў, адкінуў іх убок і сказаў Людзе Гусак: — Пайшлі, прараб, калі запрашаюць...

Ён пасадзіў Гусак, а потым сеў і сам побач.

— Глядзі ты, у іх дранікі, юшачка, і наогул...

— За здароўе маладых! — падняўся Гаварушка.

— Запісаліся? — спытаў Катлоў.

— Не,— сказаў Барыс.— Потым...

— А то прывезлі б сакратара сельсавета.

— Яна і так не збяжыць,— засмяяўся Барыс.

— Адсюль не збяжыш,— пагадзіўся Катлоў.— Хіба на верталёце... Ну, за шчасце! — ён пачакаў, пакуль вып’е Люда Гусак, а потым і сам перакуліў са шклянкі ў рот.

— Як працуецца? — спытаў Катлоў.

— Малайцы яны,— сказала Люда Гусак.— Не думала, што столькі зрабілі,— і загадала Ліню: — Як да рэчкі канал дацягнеце, адразу на старыцу і ганіце да самай Прыпяці. Просека зроблена, так што...

— Такія дубкі,—уздыхнуў адзін з дрывасекаў.— Шкада глуміць... Правей узялі б, дзе пуста, дык не.

— Там высока, вялікі аб’ём земляных работ,— растлумачыла Люда Гусак.

— Што вы пра работу ды пра работу,— абурыўся Катлоў.— Хто гарэлку купляў? Ты, Малюк? Эх, не ўмееш выбіраць. Горкая, зараза,— і закрычаў «горка». Яго дружна ўсе падтрымалі.

Барыс і Ніна тут жа даказалі, што ім зусім не горка.

— Ну і дранікі, ну і дранікі,— хваліў яду Катлоў.— Я вельмі рады, што нашаму меліяратару трапілася такая маладзічка... Вось што, начальнік участка,— звярнуўся ён да Люды Гусак.— Залічыце яе ў штат. Няхай хлопцам абеды варыць.

Люда Гусак выняла з палявой сумкі аркуш паперы, падала Ніне.

— Пішыце заяву... Прашу залічыць поварам. Подпіс. Чысло.

Ніна напісала заяву, Катлоў падпісаў яе.

— З папаўненнем рабочай сям’і! — сказаў Катлоў. Пасля гэтага тосту ён падняўся, паднялася і Люда Гусак.— Паедзем мы... А то кінулі машыну... А як будуць у вас яшчэ такія дранікі, перадайце па рацыі, прыеду.

— Будзе зроблена,— паабяцаў Лінь.

І калі Катлоў і Гусак пайшлі, Лінь спытаў у Гаварушкі:

— Ну, што скажаш, Анатоль Уладзіміравіч?

— Добры ў нас начальнік,— нібы і не зразумеў, пра што пытаецца ў яго Рыгор Лінь.

— А заўважылі, што з чобатаў толькі ён выліваў ваду? А яна — не. Не ляцела ж яна ў паветры?

— Такую і я на руках насіў бы,— засмяяўся адзін з дрывасекаў.

— Ды кіньце вы,— абурыўся Гаварушка.— Катлоў любіць без шафёра ездзіць. А то нагаворыце... Давайце яшчэ раз вып’ем за здароўе нашай паважанай Ніны, падзякуем ёй, што сумела пакахаць меліяратара. Праца наша, Ніна, нялёгкая. Але дзе б ні былі, у якім балоце ні сядзелі б, мы не забываем пра свой дом, пра свае сем’і... Дык за тое, сябры, каб і ў Барыса і Ніны была дружная, шчаслівая сям’я!

 

3

Куніца трывожыўся болей, чым сама Дзіна.

Варта было ёй ноччу паварушыцца ці прамармытаць што скрозь сон, ён тут жа будзіў яе і распытваў, што з ёй.

— Ой,— абуралася Дзіна.— Спі ты, усё нармальна.

Штодня ён стараўся падняцца раней, прыгатаваць сняданак і абед, праветрыць пакоі, мокрай анучай выцерці падлогу. А калі ішоў на работу, то наказваў, як толькі што якое, каб адразу званіла яму, а як не знойдзе яго, то каб выклікала «хуткую дапамогу».

Сёння ён паснедаў, выйшаў у двор, завёў машыну — у гэтыя адказныя дні машыну Куніца пакідаў у двары, каб у выпадку чаго не губляць часу на выезд з гаража,— потым забег зноў у хату.

Дзіна ляжала ў ложку.

Ён чмокнуў яе ў шчаку і выйшаў. Пабыў на новым комплексе, дзе заканчвалася будаўніцтва апошняй чаргі, заехаў на сянажныя ямы, паглядзеў, як возяць сенаж, і толькі недзе каля дзесяці гадзін трапіў у кантору.

Куніца прайшоў у свой кабінет, падняў трубку, хацеў быў пазваніць дамоў, ды перадумаў. Можа, Дзіна паснедала і якраз адпачывае. Яна заўсёды злуецца, калі ён перашкаджае ёй адпачываць. У кабінет зайшлі галоўны інжынер са скруткам чарцяжоў, некалькі рабочых. Але Куніца не паспеў і даведацца, хто з якім клопатам прыйшоў да яго, як зазваніў тэлефон. Куніца падняў трубку.

— Марк...— пачуўся голас жонкі. Голас слабы, як стогн...

— Дзіна! Дзіна! — закрычаў Марк, але ў трубцы пачуліся толькі гудкі. Ён паклаў трубку, сказаў галоўнаму, каб займаўся тут справамі, выскачыў з кабінета. Па лесвіцы спускаўся, пераскокваючы адразу цераз некалькі прыступак. Завёўшы машыну, газануў з месца. Калі пад’язджаў да свайго доміка, убачыў, як з двара вынеслі на насілках яго Дзіну. Праз хвіліну машына «хуткай дапамогі» кранула з месца.

Куніца паехаў услед. Мяркуючы па тым, як шафёр спяшаўся, Дзіне было недзе сапраўды блага. «Хуткая дапамога» па райцэнтры ішла з уключанай сірэнай.

Спынілася ля ганка радзільнага аддзялення райбальніцы. Дзіну на насілках панеслі ў памяшканне. Марк паспеў спытаць, мо ёй што трэба. Дзіна толькі ўсміхнулася пасінелымі вуснамі. Ён памкнуўся за насілкамі ў памяшканне, але яго не пусцілі. А нейкая медсястра, такая нахабніца, яшчэ і пасмяялася з яго, маўляў, цяпер абыдуцца і без яго, а яму лепш ісці ў чайную ды выпіць чаго для супакаення.

Куніца зайшоў у кабінет галоўнага ўрача. Пётр Адамавіч Сікора нешта засяроджана пісаў у тоўстым сшытку. Яго круглы бледны твар з мяшкамі пад вачыма быў халодны і абыякавы.

— Пётр Адамавіч!

— Слухаю,— ён узняў галаву, відаць, здзівіўся, убачыўшы Куніцу такім разгубленым.

— Жонку завезлі ў раддом.

— Цудоўна! Хутка вас павіншуем.

— А што мне рабіць?

— Ідзіце працуйце. Як што, знойдзем і паведамім. Я скажу...

Куніца паехаў дахаты. З дому зноў пазваніў... Яго папрасілі сказаць нумар тэлефона і паабяцалі, як толькі што будзе, адразу ж пазвоняць. Ён пасядзеў колькі часу ля тэлефона, але ж нельга было сядзець ля яго бясконца. Пайшоў на кухню, перакусіў. Есці спяшаўся, як хто яго падганяў.

Потым узяў кнігу, лёг.

Надышоў вечар. Куніца непрыкметна заснуў. Але хутка пачуў, як патрабавальна затрашчаў тэлефон. У кватэры было цёмна, толькі праз акно падаў слуп святла ад электралямпачкі, што вісела на слупе. Падхапіўшыся, Куніца чамусьці спачатку ўключыў святло, а потым схапіў тэлефонную трубку.

— Слухаю.

Яму падалося, што ў трубцы нібы нехта хіхікнуў, а потым жаночы голас, не хаваючы вясёлага настрою, сказаў:

— Дык віншуем вас! Дачка і сын.

— Як дачка і сын? — нічога не разумеў Куніца.

— А так. Дачка і сын,— і зноў усё тое ж хіхіканне.

— Жартуеце.

— Не. Двойня.

— Двойня? — толькі цяпер да яго ўсё дайшло.— А праверана?

Там ажно зарагаталі. Куніца зразумеў, што сказаў глупства. Кінуў трубку, выскачыў на двор, сеў у машыну. У райцэнтры пад’ехаў да гастранома. На дзвярах вісеў замок. Глянуў на гадзіннік — было а дванаццатай ночы. Паехаў у радзільнае аддзяленне. Там сказалі, што ўсякія сустрэчы наогул забаронены, а перадачу можна прывезці раніцай: сок, кампот, садавіну і нічога мяснога. Яшчэ сказалі, што хлопчык і дзяўчынка вылітыя бацька, толькі больш спакойныя: ноччу спяць.

Куніца зразумеў, што можа яшчэ і заўтра ён не ўбачыць сваіх дачку і сына. Але нічога. Галоўнае, яны падобныя на яго і, бач, такія разумненькія, што спяць сабе, і ўсё. Ён ехаў і спяваў. Выехаў з райцэнтра зусім з другога боку, як трэба было яму, і пагнаў машыну па асфальце. Яму хацелася з некім падзяліцца сваёй радасцю. Але ж да каго паедзеш ноччу?

Успомніў, што тут, у пасёлку меліяратараў, жыве яго былы загадчык аддзялення саўгаса. Пад’ехаўшы да інтэрната, спытаў у дзяжурнай, у якім нумары жыве іх парторг. Тая сказала. Куніца піхнуў дзверы, яны адчыніліся. У пакоі гарэла святло. Дубавец ляжаў на ложку і чытаў.

— Якім ветрам? — падхапіўся Дубавец.

— Віншуй! — працягнуў руку Куніца.— Дачка і сын. Адным залпам. Вось так.

— Віншую!.. З гэтага выпадку, так сказаць...

— Усё зачынена.

— Шкада,— сказаў Дубавец.— А ў мяне няма.

— Нічога,— Куніца наліў з чайніка, што стаяў на стале, шклянку вады, выпіў.

— А можа, чаю?

— Абыдземся... Як працуецца?

— Ды так...— вяла адказаў Дубавец.

— Не чуецца энтузіязму ў голасе.

— А-а...

— Што незадаволены?

— Доўга гаварыць,— Дубаўцу не хацелася расказваць пра свае няўдачы ў змаганні супраць праекта, каб не падумалі, што ён скардзіцца ўсім пра свае балячкі: ведаў, у Куніцы і Катлова даўняе сяброўства.— Куды едзеш?

— Заехаў да цябе, каб пахваліцца. Буду ездзіць усю ноч, спяваць песні. А раніцай у бальніцу.

— Табе ўсё роўна куды ехаць?

— Абсалютна.

— Паеду з табой. Падкінеш у Альхоўку? Усё збіраюся да маці і ніяк не выберуся. То адно, то другое.

— Паехалі!

 

4

Пасля таго як Дубаўцу не ўдалося дамагчыся карэннага перагляду праекта, работа страціла для яго ўсялякі сэнс. Праўда, ён праводзіў сходы, семінары, удзельнічаў у розных нарадах, камісіях, арганізоўваў абмен вопытам паміж брыгадамі, участкамі, сачыў за афармленнем нагляднай агітацыі, насценных газет, але ўжо не было ранейшага запалу, рабіў усё фармальна.

Калі ноччу да яго заехаў шчаслівы Марк Куніца, Дубавец нават абрадаваўся. І яшчэ болей абрадаваўся магчымасці з’ездзіць дамоў.

Дубавец нічога не расказваў Куніцу пра сваю работу, пра свой настрой. Яму не хацелася гаварыць пра сумнае і панылае чалавеку, аглушанаму радасцю.

Марк усю дарогу спяваў. Здавалася, ён нават забываў, што побач сядзіць Дубавец.

— А ты хутка? — спытаў Куніца.

— Што? — не зразумеў яго Дубавец.

— Ажэнішся?

— Не ведаю.

— А ёсць яна?

— А як жа,— адказаў Дубавец і адчуў, што яму прыемна прызнацца, што ў яго ёсць яна.

— Не марудзь. Я дурань, што цягнуў...— прызнаўся Куніца.— Сёння ў мяне былі б дарослыя дзеці... А можа, раней я і не адчуваў бы так востра радасць, як зараз,— і Куніца зноў нешта заспяваў сваё.

Перад самай вёскай ён спытаў у Дубаўца:

— Там, можа, у тваёй старой знойдзецца што глынуць, каб трохі тармазнуць нервішкі.

— Думаю, знойдзецца,— паабяцаў Дубавец.

Домна Сідараўна, мусіць, не спала. Толькі Дубавец стукнуў у шыбку, адразу ж пачулася тупаценне ў хаце, а хутка і клямка бразнула ў сенцах.

— Мы, мама, з Маркам Ліпавічам.

— Ну, заходзьце, заходзьце,— яна, не ўключаючы святла, знікла ў светлай палове хаты, потым выйшла ўжо адзетая.— А я ўчора яшчэ думала, чаго гэта цябе ўсё няма і няма?.. Ні выхадных табе, сынок, нічога...

— Сезон, мама, гарачы,— сказаў Дубавец.

— Дык, можа, пад’есці чаго вам? — спытала яна.

— Не толькі пад’есці... У Марка Ліпавіча, мама, нарадзіліся сёння сын і дачка.

— Віншую вас! — усміхнулася яна.

— Дзякую,— пакланіўся цырымонна Куніца.

— Бачыш, сынок, як людзі... А ты ўсё халасцякуеш,— сказала і выйшла ў сенцы. Вярнулася з місай яек, бутэлькай.

— Тут у мяне настоеная толькі. На почках бярозавых...

— Пойдзе і настоеная,— Дубавец стаў дапамагаць маці збіраць на стол.— Прашу, шчаслівы бацька!

За сталом Куніца разамлеў, прыхінуўся спінай да сцяны — ён сядзеў на ўслоне за сталом,— твар страціў сваю свежасць, валасы пасмачкамі раскідаліся ва ўсе бакі. Вочкі, востранькія, з хітрынкай, цяпер былі абыякавыя, санлівыя...

— Ведаеце, Марк Ліпавіч,— прапанаваў Дубавец.— Заўтра ў вас дзень нялёгкі, так што...

— Горача ў хаце,— махнуў галавой Куніца, каб як пазбавіцца зморанасці.

— Я і кажу,— працягваў Дубавец.— Цяпер ехаць некуды, ноч. Да раніцы паспім, адпачнём. Як, Марк Ліпавіч? Залезем на сенавал ды на свежым паветры...

І калі ўжо ўкладваліся, Куніца сказаў:

— Вось што, дарагі свабодалюбівы халасцяк. Я таксама быў такім. Думаў, што бог. Калі хачу, з кім хачу, з тым і пайду. Свабода, і ніякіх абмежаванняў... Толькі цяпер зразумеў, што багі маюць жонак, гадуюць дзяцей...

Не паспеў Дубавец адказаць, як Куніца захроп.

Заснуў хутка і Дубавец. І відаць, праспаў бы доўга, каб не певень, які разбудзіў яго на світанні. Толькі адкрычаў певень, ляснула клямкай у сенцах маці, адчыніла ў хлеў вароты — яны, відаць, ніколі не мазаныя, піскліва зарыпелі. Задзынькала малако ў даёнку... Зусім блізка нехта пачаў кляпаць касу і так моцна кляпаў, што рэха аддавала аж у другім канцы вёскі. Пратарахцеў матацыкл...

Дубавец ціхенька злез з сенавала, у хаце адзеў усё старое, знайшоў у чулане свае вуды, якімі і не памятае, калі вудзіў. Кручкі аж заржавелі. За хлявом на гародзе накапаў чарвякоў і пайшоў на раку.

Ён памятаў: заўсёды рыба добра бралася ў затоне, куды звычайна прыганялі кароў на вадапой. Затон быў шырокі, каля нізкага і вытаптанага каровамі берага мелкаваты, але там, дзе бруіла цячэнне, глыбокі. Паўз край гэтага затона можна было дайсці да глыбокага, усесціся там у лазовым кусце, які ўзнімаў свой корч над вадой... Але цяпер затон настолькі абмялеў, што яго можна было перайсці, не знімаючы штаноў. Лазовы куст, адкуль заўсёды вудзіў Дубавец, быў цяпер на высокай, падточанай знізу вадой купіне, з якой бародамі звісала карэнне, высахлае на сонцы. А ўнізе ля купіны была брудная лужына, у якой у поўнай бяспецы гулялі апалонікі. У засушлівыя гады, ды і то ў канцы лета, Альхоўка рабілася мелкаводнай, але ўсё ж не такой, як зараз. Былі мясціны, дзе чарот, які заўсёды рос у вадзе, стаяў на сухім. Прайшоўшы ўніз па рацэ, Дубавец спыніўся на тым абрывістым беразе, з якога ў мінулым годзе яны з Марынай любаваліся краявідамі. Гэта было ў той дзень, як яны пазнаёміліся на вяселлі ў Ніны Люцік. Тады вада падыходзіла да самага абрыву, цяпер яна адступілася, адкрыўшы палоску бялюткага пяску. Дубавец спусціўся на гэты пясок, закінуў вуды. Рыба бралася нядрэнна. Хутка ў яго вядзерцы пляскаліся плоткі і акунькі. Хацелася лавіць і лавіць, але трэба было дамоў, каб паспець пачаставаць Куніцу свежай рыбай. У завулку сустрэў Стрыбука.

Стрыбук — у саламяным капелюшы з абгарэлым з аднаго боку брылём, у ботах — ішоў, перакінуўшы цераз плячо мяшок з нечым лёгкім, натапыраным.

— На рыбалку, Міхась? — пацікавіўся Дубавец.

— На пасеку. Чакаю, вось-вось рой вылеціць. Каб не празяваць,— сказаў ён і, заглянуўшы ў вядзерца, здзівіўся: — Рыба? У рэчцы?

— У рэчцы... Слухай, Міхась, а што гэта з нашай рэчкай?

— Вы ж, меліяратары... Уяўляеш, раптам сярод дня наша Альхоўка набухла, як у вялікія дажджы. Месцамі нават з берагоў выйшла. Так было мо з тыдзень, а потым пачала мялець прама на вачах. Аказалася, вашы прарылі канаву з балота ў рэчку. Вада хлынула. Сышла. Рака пачала сохнуць. Я быў там, глядзеў... Цяпер капаюць канал на Прыпяць. У двух месцах праз дуброву. Колькі дубоў паглумілі! Не бачыў? Як разбойнікі. Не мог сказаць, што так нельга?.. Як балоты... а то рэчцы нашай каюк. І заліўным лугам. Ты ведаеш, ці ты тады яшчэ вучыўся? Нашаму ветэрынару прэмію далі, матацыкл з каляскай, што ў калгасе скаціна не хварэла. Думаеш, заслуга ў гэтым таго ветэрынара? Сена з заліўных лугоў. Там такая траўка ёсць, што калі яе карова з’есць, то ніякая хвароба яе не возьме. А пасадзі скаціну на адзін кукурузны сілас, тады пабачыш. І антыбіётыкаў не хопіць...— убачыўшы, што Дубавец нахмурана маўчыць, раптам прыязна ўсміхнуўся яму.— Слухай, Іван, ты ж збіраўся прыехаць да мяне на пасеку. Чакаю, чакаю... Мёд з разнатраўя ведаеш які?

— Прыеду.

— А калі?..

— Можа, праз тыдзень...

— Ну, добра,— ён падаў руку Дубаўцу і, сціскаючы яе ў сваёй шурпатай агрубелай далоні, спытаў: — Няўжо нельга як без шкоды? Ты ж там усё-такі не апошні чалавек.

— Ваяваў. Не ўдалося...

— Чакаю ж,— Стрыбук развітаўся.— Прыязджай. Там у мяне ёсць адно азярцо...

— Дзякую! — і Дубавец паспяшаўся дамоў.

Маці якраз паліла ў печы. Пякла аладкі. Іх цэлая купка ляжала на стале на чыстым абрусе. Побач стаяла патэльня з некранутай яечняй.

— А дзе ж Марк? — спытаў у маці Дубавец, хаця і так добра ведаў, дзе ён: ля двара машыны Куніцы ўжо не было.

— Паехаў твой Ліпавіч. Падхапіўся і паехаў.

— Снедаў хаця?

— Казала, дык не сеў. Папрасіў толькі карэц сыраквашы.

Дубавец не стаў чакаць рыбы, з’еў яечні, аладак са смятанай і падаўся на шлях, каб не празяваць ранішні аўтобус.

У райцэнтры скіраваў у райком. Ён вырашыў пагаварыць яшчэ раз з Кузьмянком, каб той усё ж неяк паўплываў на Катлова, хай бы перагледзелі праект — яшчэ ж не позна. Тыя каналы, што пракапалі, можна і закапаць.

Кузьмянок быў у белай тэнісцы, пасвяжэлы — нядаўна вярнуўся з адпачынку.

— Што ў вас тут? Расказвайце,— прывітаў ён Дубаўца.

— Я зноў па праекце, Андрэй Цітавіч.

— Ты яшчэ не супакоіўся?

— Быў супакоіўся, а потым... Я сёння з вёскі. Рака абмялела. З аднаго толькі балота спусцілі ваду, а яна ўжо — верабей пяройдзе. А што будзе, калі асушым увесь масіў? А калі лета засушлівае? Чым паліваць? Вадасховішча не плануецца. Як так можна, Андрэй Цітавіч? Дзе вы бачылі, каб, напрыклад, будавалі завод па выпуску аўтамабіляў без маторнага цэха? Недарэчнасць! Усім ясна, аўтамабіль без матора ездзіць не будзе. А вось цэлую сістэму асушальную без вадасховішча будаваць можна. Гэта ж злачынства. Заліўныя лугі загінуць, лясы, відаць, таксама. Я разумею, Андрэй Цітавіч, што зараз будаўніцтва спыніць немагчыма, але ўдасканаліць праект яшчэ можна. Канечне, лепш за ўсё было б пабудаваць замкнутую асушальную сістэму, поўнасцю механізаваную, з аўтаматычным кіраваннем. Я не кажу, што гэта выгадна эканамічна ва ўсіх адносінах — не трэба абслугу вялікую,— гэта гарантуе ўраджай у любых умовах, а галоўнае, не адбіваецца адмоўна на акаляючым прыродным асяроддзі. І мяне, Андрэй Цітавіч, калі прызнацца, ужо не столькі хвалюе сама гэтая балотная праблема, а думка — няўжо ўсе мы такія бяссільныя? Быў я ў розных вучоных. Усе разумеюць, але... Яны, бачыце, заняты глабальнымі праблемамі аховы ўсё той жа прыроды. А каб захаваць тую ж рачулку Альхоўку, лугі ля яе, акаляючыя лясы, ні ў кога няма часу. Маўляў, дробязь. Як жа мы зробім нешта вялікае, калі будзем ігнараваць дробязі?

— Мяне таксама хвалююць гэтыя праблемы,— сказаў Кузьмянок, падняўся, лёгка, неяк зухавата прайшоўся па кабінеце, спыніўся перад Дубаўцом.— Хвалюе лёс Альхоўкі, лёс лугоў, лясоў, наогул вельмі хвалюе наша ўмяшанне ў арганізм прыроды без дастатковай навуковай разведкі. Але што я магу? Спыніць работы не магу. Прасіць зрабіць новы праект не магу: гэты ж нядаўна зрабілі і зацвердзілі. Ды і наогул ніхто новага праекта рабіць не стане. За якія сродкі? А потым яшчэ не даказана, што гэты праект такі ўжо дрэнны. Двухбаковае рэгуляванне воднага рэжыму. На сённяшні дзень — гэта самыя прагрэсіўныя сістэмы, фактычна толькі пачынаюць шырока прымяняцца, так што... Вы ж разумееце, што для лепшага межаў няма. З часам будзем паляпшаць існуючыя сістэмы, удасканальваць іх. Будзем удасканальваць і гэтую.

— З часам...— уздыхнуў Дубавец.— Ці не лепей адразу?

— Лепей, ды не выходзіць...

— А што рабіць цяпер?

— Што рабіць? Што рабіць? — паўтарыў Кузьмянок, сеў на сваё месца, спытаў нібы самога сябе: — Што рабіць?

Потым, уважліва паглядзеўшы на Дубаўца, усміхнуўся аднымі вачыма:

— Зараз ужо думаць, як удасканальваць яе. Бо, відаць, яе прыйдзецца ўдасканальваць. І, відаць, вам... У вас наперадзе нямала работы, Іван Кірылавіч.

— Ды пры такім падыходзе і нашым дзецям хопіць,— падняўся Дубавец.

 

5

Пасля таго як Рыгор Лінь з Барысам, пракапаўшы канал да ракі, пераехалі на новае месца, яны аказаліся наперадзе Гаварушкі. Вялі канал ад старыны да Прыпяці. На востраў хадзіць было далекавата, ды і ў калодзежы, які там выкапалі, вада асела настолькі, што раніцай ледзь вядро набіралася, і то з пясочкам. Перасяліліся да старыцы. Раскінулі лагер пад дубамі, ля нятопкага і не парослага травой берага.

— Цяпер вы тэмпы свае збавіце,— смяяўся Гаварушка,— а я хутчэй пайду, бо мне з кожным днём бліжэй да жытла нашага, а вам далей і далей...

— А ў нас наперадзе Прыпяць,— гаварыў Рыгор Лінь.

— Я раней да старыцы дайду, чым вы да Прыпяці. Потым яшчэ вас на прычэп вазьму.

— Казала Насця, як удасца,— засмяяўся Лінь.— Ніна, ты меншыя порцыі кладзі ім, каб хутчэй стамляліся,— гаворка якраз была за снеданнем.— А нас з Барысам адпаведна...

— Ніначка не такая ў нас,— Гаварушка падняўся, яго круглы твар свяціўся ўсмешкай, падышоў да Ніны, пацалаваў ёй руку.— Дзякуючы вам, Ніначка, мы ўсе адчуваем сябе як дома.

Барыс аж перасмыкнуўся. І не таму, што Гаварушка ля яе такі ўвішны, а таму, што яна рада гэтаму, ахвотна працягвае руку і так ззяе ад шчасця, што і на яго, Барыса, забылася...

Трэба сказаць, Барыс цяпер не так ставіўся да Ніны, як спачатку. Спачатку да пачуцця кахання прымешвалася адчуванне свае мужчынскай перавагі — гэта ж да яго на балота прыбегла жанчына! Цяпер жа апошняе пачуццё не толькі паблекла, але і забылася. Ён не бачыў нічога незвычайнага ў яе ўчынку. Больш таго, усё часцей і часцей, асабліва вось у такія хвіліны, калі яна аж млела ад увагі гэтага таўстапузага Гаварушкі, думаў, ці варта наогул з ёй звязваць жыццё: яна ж некалі здрадзіла яму, а потым — свайму мужу, і яшчэ невядома, як яна будзе паводзіць сябе далей. А можа, у яе наогул такі характар? Ёсць жа такія... І варта было гэтай думцы пасяліцца ў галаве аднойчы, як яна часцей і часцей пачынала трывожыць яго, прымушала больш пільна прыглядацца да Ніны, часам бачыць падазронае там, дзе раней нічога не заўважаў бы.

Неяк за абедам хлопцы сказалі, што засумавалі па драніках. Асабліва жадаў дранікаў Рыгор Лінь. Ён ажно цмокаў языком, калі гаварыў пра іх, а вусы тапырыла ўсмешка.

— Ну, што вы ўсе заладзілі — дранікі, дранікі,— абурыўся Гаварушка.— А як вы лічыце, лёгка вось гэтымі рукамі нацерці бульбы на такую араву? — і ён узяў маленькую вузкую руку Ніны ў сваю шырокую дзябёлую далонь і ласкава, неяк па-бацькоўску пагладзіў яе.

Барыс ўсё бачыў гэта, і яго асабліва не хвалявала, што Гаварушка ўзяў яе руку,— ён добра ведаў, што той любіць быць у кампаніі з прыгожымі дзяўчатамі, любіць загаворваць ім зубы, такі ў чалавека ўжо характар,— а вось тое, што гэтая ўвага, ласка відавочна падабаліся Ніне, яго зноў вывела з раўнавагі. Барыс пры ўсіх нічога не сказаў, аднак суп не стаў есці, пабоўтаўся ў ім лыжкай ды і адставіў місу. Ніна падышла да яго, нахілілася.

— Можа, не смачны? — спытала ціха.

— Не...

— А што ж ты?

— Наеўся.

Ніна толькі ўздыхнула і падала яму талерку з грэчневай кашай.

Кашу Барыс еў таксама без усялякай ахвоты. Ніна здагадалася, што з хлопцам творыцца нешта няладнае, але вось што, не магла даўмецца. Падумала, ці не захварэў. Спытала, мо што баліць, але Барыс крутнуў галавой — не.

— Ён таксама дранікамі захварэў,— сказаў Рыгор Лінь.

— Ага, дранікамі,— Барыс адсунуў талерку на сярэдзіну стала. Ніна падала яму шклянку кампоту. Ён выпіў кампот і пайшоў у вагончык. Ляжаў і прыслухоўваўся да галасоў.

— Вось што,— камандаваў Гаварушка.— Калі мы хочам дранікаў, дык паможам Ніначцы наабіраць і нацерці бульбы. Дамовіліся?

У адказ Барыс нічога не пачуў: нехта ўключыў прыёмнік. Спачатку пішчала, трашчала, а потым прарвалася музыка.

— Паколькі твайму благавернаму спаць захацелася, можа, патанцуем са мной, Ніначка?

Барыс аж падняўся, каб пачуць, што яна адкажа.

— Некалі, Анатоль Уладзіміравіч. Талеркі трэба памыць,— адмовілася яна.

— Я гатоў памагчы і талеркі...

Барыс ужо шкадаваў, што схаваўся ў вагончык, цікава было б пабачыць, ці згодзіцца яна з Гаварушкам мыць посуд. Гэта ж трэба ісці да старыцы. Але Барыс не стаў падглядваць у акенца, ляжаў і толькі напружана прыслухоўваўся да гукаў, да галасоў. Раптам пачулася, як нехта падымаецца ў вагончык. Гэта была Ніна. Барыс прытварыўся, што спіць. Ніна разулася, басанож падышла да ложка. Халоднай і крыху вільготнай рукой кранулася яго лба, потым раздзелася і нырнула пад коўдру. Прыхінулася да яго ўсім целам, каб хутчэй сагрэцца...

Калі Барыс прачнуўся, сонца было ўжо высакавата. Выглянуў у акенца. На канале ківаўся экскаватар — Рыгор Лінь працаваў. Барыс нацягнуў спартыўнае трыко, выйшаў з вагончыка. Гаварушка сядзеў ля століка з Нінай і абіраў бульбу. Ён нешта расказваў, і Ніна аж пырскала ад смеху. Барыс знарок гучна з ім павітаўся.

— Запісвайся ў нашу брыгаду,— запрасіў яго Гаварушка.

Барыс узяў нож і пачаў рэзаць бульбу.

— Э-э, даражэнькі, ты ўсю бульбу так перавядзеш у шалупінне,— сказаў Гаварушка.— Ніна, дай яму тарку, хай бульбу дзярэ...

Да абеду напяклі цэлы тазік з коптурам дранікаў, насмажылі патэльню мяса з цыбуляй. Усе хвалілі Ніну. І хвалілі, здаецца, больш, чым звычайна, можа, і знарок: заўважылі, што Барыс злуецца, не падабаецца яму такая ўвага да яго жонкі. Гаварушка паабяцаў пасля такога абеду выканаць дзве нормы за змену. Барыс прамаўчаў. Пасля абеду заглянуў у бытоўку, пераапрануўся, пайшоў да экскаватара. І як толькі Рыгор Лінь выйшаў з кабіны, туды адразу залез Барыс, хаця звычайна пры перазменцы яны любілі крыху пастаяць, пагаварыць.

— Ты што? — Ліня здзівілі такія паводзіны таварыша.

— Дранікаў аб’еўся,— і ўжо больш лагодна дадаў: — Цябе таксама гэты лёс чакае.

— Можа, з Нінай пасварыўся? — не паверыў яму Лінь.

— Я ж сказаў,— Барыс нагамі намацаў педалі, узяўся за рычагі і пачаў хутка размахваць стралой.

Лінь паглядзеў якую мінуту на яго работу і пайшоў у лагер.

Барыс хацеў працаваць да таго часу, пакуль не прыйдуць і не паклічуць яго. А можа, сама Ніна, не дачакаўшыся, прынясе яму вячэру? Калі любіць ды паважае, абавязкова павінна прыйсці...

Бралася на вечар. Далёка за лесам, на буравой, загарэліся агеньчыкі, недзе над Прыпяццю павіс месяц, у лагеры, відаць было, шугала вогнішча — водбліскі ад яго калыхаліся, вырываючы з цемры сілуэты вагончыкаў,— а Барыса ніхто не клікаў, да яго ніхто не ішоў. Ён падумаў, што, можа, пра яго і зусім забыліся, а можа, нават Ніна з Гаварушкам недзе абрадаваліся, што яго няма. Ён выключыў матор і пайшоў у лагер. Яшчэ здалёку пачуў, як грымела музыка. А калі выйшаў з-за кустоў на паляну, то не паверыў сваім вачам. На стале на ўсю моц гарланіў транзістар, і ўсе танцавалі пад гэтую музыку. Мужчыны, узяўшыся за рукі, вадзілі карагод, часта прысядаючы і выкідваючы перад сабой то адну, то другую нагу. У цэнтры Ніна размахвала хусцінкай. Убачыўшы Барыса, яна кіўнула яму на каструлю, што стаяла на століку, накрытая ручніком. Барыс падышоў да стала, паклаў у міску бульбы з мясам, з’еў, выпіў карэц кампоту.

— Ну твая і дае,— падсеў да яго Гаварушка.— Зацеяла самадзейнасць. Каб пасля заканчэння канала паказаць канцэрт. Будзем пець, танцаваць.

— Вось што я надумала! — падскочыла да іх Ніна. Яна была вельмі ўзрушана. Вочы ў паўзмроку ажно ззялі.— Давайце развучым танец меліяратараў... Можна нават экскаватар паказаць. Анатоль Уладзіміравіч,— схапіла яна Гаварушку за руку.— Станавіцеся тут, а ты,— сказала яна Ліню,— тут. Бярыце яго за талію, Анатоль Уладзіміравіч, трымайце. А ты, Рыгор, нагінайся, ды лепей жа нагінайся. Ну, вось і экскаватар. Барыс, станавіся на чацвярэнькі, будзеш гусеніцай...

— Нічога сабе гусеніца,— смяяўся Лінь.

— Хлопчыкі, калі пад музыку, то павінна быць вельмі смешна.

— Я не хачу стаяць на чацвярэньках пад тваю музыку,— сказаў Барыс, падняўся і пайшоў у вагончык. Яго абурыла, што Ніна, занятая сваёй самадзейнасцю, амаль перастала думаць пра яго, нібы ён і не муж ёй. Ён толькі паспеў скінуць пінжак, як уляцела Ніна.

— Ты чаго? — спытала яна яшчэ ў дзвярах.

— Што — чаго?

— Не прыкідвайся. Думаеш, не бачу.

— Я таксама бачу.

— Што ты бачыш?

— Як ты выстаўляешся перад гэтымі... Спачатку дранікі, потым танцулькі. Збрыдзеў Барыс?

— Ты што? Жартуеш ці сур’ёзна?

— Я ніколі не жартую, як некаторыя.

Барыс, вядома, не здагадваўся, што іменна цяпер Ніна ажыла ўпершыню пасля таго, як выйшла з бальніцы, адчула сябе душэўна здаровай, поўнай нерастрачаных сіл, і яе пацягнула да работы, напружанай, вясёлай. У яе абудзілася тое, што некалі і прывяло дзяўчыну да прафесіі культмасавіка. І, акрамя ўсяго, ёй хацелася парадаваць Барыса і яго сяброў, таму яна і задумала гэты канцэрт. Аказваецца, усім да душы гэтая задумка, толькі не Барысу, на падтрымку якога яна больш за ўсё разлічвала.

— Што маеш на ўвазе?

— Сама ведаеш.

— Ага...— яе зусім не пакрыўдзіла тое, на што ён намякаў, яна пра гэта і не думала, а тое, як ён гаварыў з ёй груба, з нейкай нават нянавісцю.— Дык вось які ты... Запомні — пакуль я не твая жонка. І нечага мне ўказваць, як мне жыць.

— Баюся, што і не станеш, калі будзеш так паводзіць сябе.

— Прасіцца не стану...

— Не я да цябе прыбег...

Гэтыя словы ўдарылі, як плётка. Трохі апамятаўшыся, яна ціха сказала:

— Ну што ж, болей не прыбягу,— і яна пачала збіраць свае рэчы ў рукзак, які купіла ў магазіне, калі хадзіла ў вёску па хлеб.

Барысу было б самае лепшае калі не папрасіць прабачэння, дык хаця б прамаўчаць, а ён яшчэ болей падліваў масла ў агонь.

— Давай, давай, збірайся. У цябе ёсць да каго бегчы. Можа, даруе. Толькі ведай: назад дарогі няма.

Ніна нічога не сказала. Закінула за плечы рукзак, а потым, успомніўшы пра кнігі, выняла іх з тумбачкі. Адну кнігу да сярэдзіны дачытаў Барыс, якраз там была закладка. Ніна выкінула закладку, выйшла.

— Ну і бяжы! — Барыс не памятае, ці гэта ён сказаў ёй услых, ці толькі падумаў так. Але ўжо праз мінуту гатовы быў кінуцца ўслед, ды стрымаўся — ён усё-такі мужчына, а мужчыны ў іхняй Альхоўцы за бабамі ніколі не бегалі. Пабяжы раз, потым пачне з цябе вяроўкі віць. Супакоіў сябе тым, што, можа, яна яшчэ і вернецца. Ну, куды яна пойдзе супраць ночы? Кругом лес, да бліжэйшай вёскі каля дзесяці кіламетраў. Выскачыць, асвяжыцца ды і вернецца. Ляжаў, прыслухоўваўся, ці не ідзе. Калі вернецца, ён тады, канечне, яе пусціць, дазволіць застацца, але гэта потым. Спачатку ж зробіць выгляд, што аб прымірэнні не можа быць і гаворкі. Хай папросіць добранька.

Але Ніна не вярталася. Спачатку было ціха. А потым пачуўся голас Гаварушкі — вось яшчэ бабскі заступнік знайшоўся:

— Скажы, што такое?

— Спытайце ў яго,— ледзь чутна адказала Ніна. Відаць, ёй перашкаджаў плач.

Які час зноў было ціха.

І раптам як каманда:

— Пайшлі!

«Цікава, хто і куды кліча там?»

Пачуліся крокі на прыступках у вагончык. Ці не прымусілі яе хлопцы вярнуцца назад? Малайцы! Так і павінны рабіць сапраўдныя сябры. Ну, няхай ідзе, а ён будзе спаць. Спаць, і ўсё. Барыс павярнуўся тварам да сцяны, заплюшчыў вочы. «Цікава, што яна скажа? Ці, можа, ціха ляжа на ложак, і ўсё? Хутчэй за ўсё так і будзе, бо нечага ёй і сказаць яму...» Адчыніліся дзверы ў іх бакоўку, вось крокі наблізіліся да ложка... І раптам нечая моцная рука паварочвае яго за плячо.

— А ну, адкрывай свае фары! — гучыць над вухам голас Рыгора Ліня.

— Што вы будзіце? — пакрыўджана сказаў Барыс, расплюшчыў вочы. Ля ложка — Рыгор Лінь і Гаварушка.

— Ты што ёй сказаў? — спытаў Рыгор Лінь.

— Як што? — рабіў выгляд Барыс, нібы нічога не разумее.

— Што яна пайшла...— дапытваўся толькі Рыгор Лінь. Гаварушка маўчаў.

— А-а, што пайшла. Гэта ж наша асабістая справа.— Барыс пастараўся нават усміхнуцца.

— Прыраўнаваў? — не адступаў Лінь.— Хоць скажы — да каго? Да мяне ці да яго? — і ён вачыма паказаў на Гаварушку.

— Ах ты, нікчэмны перажытак,— сказаў ціха Гаварушка, але ў яго стрыманым голасе адчувалася вялікая ўзбуджанасць.— Дык гэта ты прыраўнаваў да мяне, бацькі трох сыноў. Эх ты, таварыш называецца. Які ж ты чортаў меліяратар, калі сваім не верыш? Ну, што ляжыш? Выбірай. Альбо сабірай свае манаткі і на ўсе чатыры, каб нас не абражаў, ці зараз жа бяжы і вярні яе. І калі яна табе даруе, то і мы даруем. Можа, і забудзем гэтую гісторыю. Так? — спытаў ён у Ліня.

— Так,— пагадзіўся той.

— Доўга чакаць? — сказаў Гаварушка.

— Да трох,— сказаў Рыгор Лінь.— Раз, два, тры...

Барыс не варухнуўся. Ён проста не верыў, што хлопцы зробяць нешта сур’ёзнае, думаў, пажартуюць ды і адстануць. Але Гаварушка, як толькі Рыгор Лінь сказаў «тры», схапіў яго за плечы, падняў, падвёў да дзвярэй і каленам падштурхнуў ніжэй спіны. Барыс, як быў у майцы і трусах, так і вылецеў за дзверы.

— Ідзі, пакуль не адышлася далёка, а то доўга будзеш даганяць,— і Гаварушка выйшаў услед.

— Пайшоў? — спытаў Рыгор Лінь.

— Пабег,— засмяяўся Гаварушка.

Барыс Ніну нагнаў хутка. Яна адышлася недалёка. У канцы старыцы сядзела на сваім рукзаку, абхапіўшы рукамі калені. Яе вузкая спіна сагнулася ў дугу, пад трыко вызначыліся вострыя лапаткі. Барыс пастаяў моўчкі, правёў рукой па яе валасах, халаднавата сырых, нібы асела на іх раса.

— Ну, хопіць...

Ніна не адказала.

— Ладна, Ніна.

Ніна і не варухнулася.

— Пайшлі,— а потым усміхнуўся: — А то хлопцы мяне заб’юць, калі вярнуся без цябе.

— Правільна зробяць.

— Пайшлі! Чуеш?

— Каб ты зноў мяне дакараў? Не.

— Даруй. Болей не буду.

— Хутка ты адумаўся,— Ніна ўсё яшчэ не верыла яму.

— Адумаўся. Чэсна.

— Запомні, дарую апошні раз,— яна паднялася, кінула яму свой рукзак і першая пайшла да вагончыкаў.

Хлопцы сядзелі ля вогнішча, курылі, пра нешта ціха гаварылі.

Яны моўчкі прайшлі паўз іх...

 

6

Быў апошні дзень квартала. Катлоў з раніцы зайшоў у дыспетчарскую — улетку, калі работы было багата, людзей збіралі ў дыспетчарскую толькі раз у тыдзень,— папрасіў звязаць яго з участкамі. План, згодна з весткамі, перавыконваўся ўсюды. Катлоў запісаў дадзеныя і падаўся да сябе ў кабінет. Сеў за стол, набраў нумар кіраўніка трэста, далажыў аб ходзе работ, сказаў, што калі б трэст падкінуў пару новых дрэнажаўкладчыкаў, то пад восень на значнай плошчы змаглі б нават закласці дрэнаж і здаць часткова зямлю калгасам. У трэсце паабяцалі падкінуць пару машын. Пасля гэтага Катлоў пазваніў у гараж, папрасіў свайго шафёра падрыхтаваць машыну і падагнаць да канторы. Ён не бачыў Люду Гусак з таго дня, як яны разам ездзілі на балота, частаваліся там дранікамі. Праўда, ён разоў колькі заязджаў да яе на ўчастак, але яе не было, гаварылі, што на аб’екце. Ноччу ж Люда забараніла ездзіць, сказала, што цяпер на ўчастку жыве багата рабочых, асабліва моладзі, і ёй не хочацца, каб яны ведалі пра іх. Катлоў, вядома, пагадзіўся, ён апошні час наогул быў асцярожны. А ўчора знайшоў яе па рацыі і сказаў, каб чакала яго з раніцы на ўчастку: маўляў, ён, Катлоў, хоча паглядзець, як ідуць работы на Альхоўскім аб’екце.

Убачыўшы праз акно, што машына пад’ехала, Катлоў падняўся, але ў гэты момант у кабінет зайшоў Дубавец. Ён быў у новым светлым гарнітуры пад гальштукам. Катлоў ведаў пра яго старанні забракаваць праект, ведаў пра паездку і да Доўгага, і да вучоных, ведаў, што артыкул у газеце з’явіўся не без дапамогі сакратара парткома, ведаў і пра нядаўні візіт да Кузьмянка, але больш не крыўдаваў, быў упэўнены,— у гэтым ён пераканаўся пасля таго памятнага бюро,— што чалавек шчыра клапоціцца пра зямлю. Ну і няхай сабе клапоціцца, калі ён так уяўляе гэтыя клопаты.

— Ну, што скажаш? — Катлоў падняўся насустрач Дубаўцу.

— Вось еду ў раён, на семінар. Зайшоў даведацца, ці не прадбачыцца ў нас што-небудзь важнае?

— Колькі дзён семінар? — спытаў Катлоў.

— Два.

— Здаецца, не... Дарэчы, зайдзі там у рэдакцыю ці, можа, пазвані сваёй журналістцы. Быў на балоце. У Гаварушкі і Ліня. Я табе скажу: волаты, а не хлопцы. Зрабілі ў тры разы болей, чым я чакаў. А потым гэты Лінь. Ён жа падрыхтаваў сабе зменнага Малюка, які цяпер працуе не горш за яго, свайго настаўніка. Гэта ж тэма для газетчыкаў. Зайдзі, хай пахваляць хлопцаў. Такіх герояў павінны ведаць людзі. І наогул...— Катлоў зрабіў паўзу, больш пільна прыцэліўся позіркам на Дубаўца, хацеў лепей разгледзець, як уразіцца той зараз пачутаму.— План другога квартала, здаецца, перавыконваем, і перавыконваем значна. Што першае месца ў вобласці наша — не сумняваюся. А калі б яшчэ не ваша вайна з праектам, Іван Кірылавіч, што крыху затрымала работы нам, то мелі б першае месца ў рэспубліцы, калі не ў краіне. Што вы скажаце на гэта? — і хоць апошнія словы былі не чым іншым, як папрокам Дубаўцу, але яны былі сказаны так прыязна і па-сяброўску дружалюбна, што крыўдаваць ніяк нельга было.

— Што я скажу? — засмяяўся Дубавец.— Падымаю рукі. Здаюся. Хаця, прызнацца, і шкадую, што не ўдалося даказаць сваё...

— Магу толькі паспачуваць,— усміхнуўся сціпла Катлоў.— Нічога не зробіш, абставіны вышэй за нас. Ды і ўзяўся ты не за сваё. Гэта хай акадэмікі спрачаюцца, ломяць галовы над усялякімі праблемамі, а мы практыкі... Але не будзем, у кожнага з нас бываюць свае думкі... Будзем жыць заўтрашнім днём. Я спадзяюся, што ў нас няма больш падстаў сварыцца. Думаю, што з такім парторгам нашы меліяратары яшчэ пакажуць сябе не раз. І для вас, я скажу, гэта будзе карысна. Узначальваць партарганізацыю, як наша, у такія маладыя гады... Не ў кожнага такая ўзлётная пляцоўка. Вас хутка заўважаць, ацэняць, папомніце маё слова. Каб мне такі пачатак!..

— Яшчэ хвіліна — і вы, здаецца, узнесяце мяне да міністра,— засмяяўся Дубавец. Ён, вядома, не ўспрымаў сур’ёзна начальніка: проста радуецца чалавек і перавыкананаму плану, і таму, што ён, Дубавец, фактычна капітуляваў перад ім.

— Будзеце і міністрам, будзеце...— сказаў Катлоў.— Толькі не грэбуйце прэсай,— убачыўшы, што Дубавец раптам незадаволена паморшчыўся, дадаў: — Не дзеля вас, дзеля людзей. А то часам крыўдна, чалавек гераічную справу робіць, а пра яго ні гу-гу.

Дубаўцу пачынала надакучваць гэтая гаворка. Ён падаў руку Катлову:

— Мне пара...

— Вось яшчэ што, ледзь не забыўся,— не спяшаўся развітвацца Катлоў.— На магістральным хлопцы задумалі мастацкую самадзейнасць. Паварыха тая ўсё закруціла. Канцэрт у полі! Такога яшчэ ў маёй практыцы не было. Варта было б падтрымаць. Га? Вакол самадзейнасці заўсёды шуму багата.

— Слава? — іранічна спытаў Дубавец.

— Слава славай, а бяры шырэй. Можа, гэты вопыт ды распаўсюдзіць? А то там-сям, мне здаецца, залішне ўжо бутэлькі сушаць, ды ў карты...

— Ну, не на ўсіх участках паварыхі такія. Яна культасветвучылішча канчала...

— Дык, можа, яе і прызначыць інструктарам па гэтай лініі? Хай ездзіць, вучыць людзей. Як?

— Падумаць варта,— пагадзіўся Дубавец.— Ну, я паехаў у райком.

— Бывай! — і, праводзячы позіркам Дубаўца, Катлоў падумаў: «Здаецца, прыручылі...»

Ён міжвольна забубнеў сабе пад нос, як і заўсёды, калі ў яго быў найлепшы настрой. А цяпер у яго для добрага настрою падстаў было болей, чым калі.

Катлоў пазачыняў шуфляды стала, кабінет не стаў замыкаць, збег па прыступках уніз, сеў у машыну — яму не цярпелася падзяліцца сваёй радасцю з Людай Гусак. Толькі завёў матор і пачаў вырульваць на вуліцу, як праз адчыненае акно яго паклікалі.

— Васіль Міхайлавіч! Васіль Міхайлавіч! — крычала, напалову высунуўшыся ў акно, дзяжурная з дыспетчарскай, крычала так, нібы здарылася нешта непапраўнае, не меней, як пажар.

— Што? — адчыніў дзверцы Катлоў, але з машыны не вылазіў.

— Васіль Міхайлавіч!

— Ды што такое?

— Вас Гусак кліча. Тэрмінова.

— Іду! Іду! — зрабіў незадаволены выраз твару Катлоў, лена вылез, каб усе бачылі, што ён не спяшаецца, хоць яму вопрамець хацелася кінуцца ў дыспетчарскую.

Катлоў зайшоў у дыспетчарскую, узяў трубку.

— Слухаю.

— Ой, Васіль Міхайлавіч...— ледзь не плакала Люда Гусак.

— Што такое? — устрывожыўся Катлоў.

— Ды на магістральным...

— Аварыя?

— Не ведаю...

— Дык чаго ты хныкаеш? — раззлаваўся Катлоў.— Гавары толкам.

— Плывуны... І

— І ўсё? — здзівіўся Катлоў.

— Усё.

— А я думаў чорт ведае што. Падняла паніку.

— Канал жа заплывае,— хныкала Люда Гусак.

— Першы раз такое, ці што? Для гэтага бетон ёсць.

— Я таксама думала ўчора...

— А сёння?

— Перастала... Учора трохі заплыло, я таму і не казала. Прайшлі яшчэ сто метраў ці болей — за ноч усё заплыло. Сёння раніцай заехалі наперад, пракапалі — плывуны яшчэ большыя.

Катлоў маўчаў. Раптам ён зразумеў усю агромністасць катастрофы, якая спасцігла яго і яго ідэю. Бяда прыйшла адтуль, адкуль ніяк не чакалася.

— Ну, што ты там? — перадыхнула Люда Гусак.

— Ды так...

— Я проста не ведаю, што рабіць,— паскардзілася Люда.

— Чакай, я зараз...

...Экскаватары стаялі нерухома. Адзін з іх быў ля канала, а другі крыху наперадзе, ля вырытай ямы, там, дзе павінен быў прайсці канал. Яма ледзь не да верху заплыла шэрай густой граззю. Гразь зверху там-сям успела падсохнуць і была цяпер як прыпудраная белым пясочкам. Гаварушка з Барысам Малюком ляжалі, раздзеўшыся да пояса, загаралі на сонцы.

Люда Гусак, убачыўшы машыну, пайшла насустрач.

— Ну, паказвай,— сказаў Катлоў, абы толькі што сказаць, і накіраваўся да канала. Спыніўся ля краю. Які час глядзеў моўчкі. Люда стаяла збоку, апусціўшы галаву, нібы яна і была ва ўсім вінаватая.

— Ну, што рабіць, Васіль Міхайлавіч? — спытала афіцыйна: хлопцы, убачыўшы начальства, селі і прыслухаліся да іх гаворкі.

— Булькнуць у гэтае павідла, ды і ўсё,— усміхнуўся Катлоў.

— Вясёленькі гумар...— нібы ўпікнула начальніка Люда.

— Прызнацца, такіх плывуноў не бачыў,— сказаў Катлоў.— Глыбока?

— Метры два.

— Ну, што прапануеш рабіць, Людміла Аляксандраўна? — пачатковая разгубленасць прайшла, ён яскрава ўбачыў памеры катастрофы, уявіў вынікі яе і ўжо думаў, як дзейнічаць, каб знайсці выйсце з гэтага становішча. У яго заўсёды было так. Калі пачынаў думаць, як дзейнічаць, адразу ж набываў вонкавы спакой і ўпэўненасць у сабе.

— Самае разумнае было б перайсці да першапачатковага варыянта. Спраміць раку,— прапанавала Люда Гусак.— Не так ужо многа мы пракапалі тут...

— Гэта правільна, але...— і, павярнуўшыся да Люды, ціха, нібы хто іх мог падслухаць, сказаў: — Па-першае, не будзем пакуль падымаць паніку. Па-другое, плывуны ў адным месцы. Вы зразумелі? Я зараз жа еду ў кантору, пастараюся выклікаць спецыялістаў ці мо камісію якую, аўтара праекта... Ад гэтага канала адступаць не будзем... Важна знайсці выйсце ў прынцыпе. А пакуль экскаватары пераправіць на правы бераг, хай там капаюць. Там сушэй. Каб не гублялі час. Па ўсім відаць, тут работы адновім не так хутка. Думаю, без бетаніравання сценак не абыдземся, а гэта доўгая песня.

Да іх падышлі Гаварушка і Малюк Барыс. Гаварушка спытаў:

— Дык што нам рабіць, Васіль Міхайлавіч?

— Вам скажуць,— не вельмі ветліва адказаў Катлоў, незадаволены тым, што ім перашкодзілі.

— Толькі б хутчэй, а то загараць абрыдла,— прабурчаў Гаварушка.

Гаварушка і Малюк адышліся, зноў ляглі на траву.

Катлоў з Гусак, накіроўваючыся да машыны, прайшлі паўз іх. Катлоў гучна, відаць, знарок, каб і хлопцы пачулі, сказаў начальніку ўчастка:

— Я зараз паеду званіць у Пінск, а вы тут пакуль разбярыцеся з экскаватарамі, каб хлопцы не гулялі.

Катлоў сеў у машыну і пагнаў яе праз луг да шашы так, што здавалася, яна вось-вось перакуліцца. У канторы ён звязаўся з Пінскам і папрасіў тэрмінова выслаць спецыялістаў ці якую камісію, каб вырашылі, што рабіць з плывунамі... Абедаць дамоў не паехаў, перакусіў у сталовай. Потым надумаўся заглянуць у райком, хоць і сам не ведаў, што ён там скажа, каму паскардзіцца і чым яму там змогуць дапамагчы. Праўда, у дарозе ўжо, калі быў у райцэнтры, перадумаў ехаць у райком, спыніўся ля гастранома, купіў бутэльку каньяку, цыгарэт і скіраваў на канал. Спадзяваўся яшчэ застаць там Люду Гусак. Але на канале нікога не было. Стаялі ў нямым здранцвенні, задраўшы свае стрэлы ў неба, экскаватары. Каб як збавіць час, Катлоў прайшоўся ўзбоч канала да самай старыцы — канал быў роўненькі, сценкі як адпаліраваныя,— потым завярнуў да лагера меліяратараў. Меліяратары, відаць, раз’ехаліся. Вогнішча было прысыпана сырым пяском. Ад пяску падымалася пара. Катлоў, трохі пастаяўшы ля былога вогнішча, нетаропка пайшоў да машыны.

Сонца садзілася за небасхіл. Цяпер, калі ехаць на ўчастак не спяшаючыся, якраз прыцемкам можна і прыехаць.

Як і звычайна, паставіўшы машыну пад старой ліпай, воддаль ад вагончыкаў, Катлоў пайшоў пеша. Там, здавалася, нікога ўжо не было. Блекла гарэла лямпачка на слупе, што стаяў перад гаражамі пасярод двара. Вакол яе таўкліся начныя матылькі. У вокнах вагончыка было цёмна. «Няўжо яшчэ не прыехала?» — падумаў Катлоў, але на ўсялякі выпадак пастукаў у акенца. Раптам пачуліся глухія крокі па падлозе — тупала басанож,— і ціхі насцярожаны голас Люды Гусак:

— Хто там?

— Я,— ціха адгукнуўся Катлоў.

— Хто вы? — перапытала Люда Гусак.

— Участковы. Пашпартны рэжым...

— Вось што, таварыш участковы,— раззлаваны голас за дзвярыма,— нечага ноччу правяраць, заўтра раніцай прыходзьце, я нікуды не збягу.

«Няўжо ў яе хто ёсць? Я ж гаварыў, што прыеду...» — стаяў у разгубленасці Катлоў. Самае лепшае было б павярнуцца і пайсці. Ён так і думаў зрабіць, ужо крыху і адышоўся ад вагончыка. Але яму захацелася зараз жа ўсё высветліць. Урэшце, ён, як начальнік будаўнічага ўпраўлення, мае права заглянуць да свайго падначаленага ў любы час, тым больш што ў гэтага падначаленага на ўчастку бяда. Няхай участковаму не адчыніла, а яму, Катлову, адчыніць, нікуды не дзенецца. Ён вярнуўся і зноў пастукаў у акенца, на гэты раз болей рашуча і патрабавальна.

— Хто там? — цяпер ужо ў Люды Гусак яўна раздражнёны голас.

— Я, Катлоў,— голас цвёрды, такі, што не запярэчыш, начальніцкі.

— Я зараз, Васіль Міхайлавіч,— ужо без ранейшай злосці сказала яна. У вагончыку загарэлася святло. Праз прыадхінутую фіранку былі відаць вугал століка і частка ложка.

Люда выйшла з вагончыка, крыху сцепанулася, як ад холаду, і такім добразычлівым і падкрэслена ветлівым голасам, нібы гэта і не яна з мінуту назад лаяла «ўчастковага», спытала:

— Што здарылася, Васіль Міхайлавіч, што вам не спіцца? — і засмяялася.

— Хто там у цябе? — спытаў Катлоў насуплена.

— У мяне? — здзівілася яна.— Нікога.

— Тады нічога не разумею...

— Ну, хто прыедзе? Камісія ці аўтар? — яна нібы і не чула яго слоў.

— Прыедуць. Спецыялісты. І, відаць, аўтары. Дакладна не сказалі...— Катлоў памаўчаў, паглядзеў уважліва на Люду, на яе галаву ў бігудзях, адкрытую шыю, на рукі, якія яна трымала, скрыжаваўшы на грудзях, і раптам захацелася абняць яе, прыхінуць да сябе. Ён і зрабіў бы, можа, так, каб ведаў, што гэтыя рукі ўзляцяць яму насустрач. Але яны як замкнёныя ляжалі на грудзях.— Люда, дык што такое?

— А што?

— Як быццам не разумееш...

— Стамілася,— сказала Люда, але сказала так, што відаць было: сама не верыць у тое, што гаворыць.

— Ну, гаварыць ты можаш што хочаш, але...— ён, вядома, ёй не паверыў.— Здаецца, у нас адносіны былі такія, што ты магла б сказаць мне і праўду. Ты не хочаш, каб я да цябе ездзіў? Так?

Яна кіўнула галавой.

— Але так раптоўна?! Я нават не магу паверыць у гэта. Раптам без цябе? Ты ж ведаеш, кім ты для мяне была і ёсць. Я ніколі не быў бабнікам і не дзеля забавы...

— Калі-небудзь трэба ж усё канчаць. Гады ідуць. А так што? А мне, можа, таксама сям’ю трэба, не векаваць жа, як той зязюлі...

— Я думаў пра гэта. Для мяне большага шчасця і не трэба было б. Але...— ён замоўк, сустрэўшы на сабе яе дапытлівы позірк.— Ты ж сама адмовілася. Хаця...

— Не магу ж я сябе прымусіць, Васіль Міхайлавіч.

— Было ж...— пачаў ён.

Але Люда перабіла:

— Было. А цяпер няма. Прабачце, Васіль Міхайлавіч, мне холадна пасля пасцелі. Бывайце,— і яна зачыніла дзверы перад самым яго носам.

Катлоў нібы аслупянеў. Потым усвядоміў, што стаяць яму пад вокнамі сваёй падначаленай ніяк нельга. І ён пайшоў. У галаве стукала і звінела. Ён раптам спыніўся, угледзеўшы, што ідзе ў супрацьлеглы бок ад сваёй машыны. Вярнуўся, сеў за руль, але які час не заводзіў матор, чакаў, можа, усё ж прыбяжыць Люда, апамятаецца, што нагаварыла лішняга. Але ніхто не ішоў. Завёў матор і, спачатку не ўключаючы фар, паехаў да шашы. На шашы вёў машыну ціха, нібы чакаў, што хто яго нагоніць і ўсё гэтае насланнё развеецца... І толькі недалёка ад гарадка меліяратараў з сілай націснуў на акселератар, укладаючы ў гэты рух усю сваю роспач і ўвесь нявыказаны адчай.

Калі ён зайшоў у двор, то ледзь не спатыкнуўся аб Дуная, які кінуўся, каб лізнуць у твар гаспадару. Катлоў сеў на ганку, Дунай стаў лапамі яму на калені і аддана глядзеў у самыя вочы.

— Дунайчык, Дунайчык...— Катлоў гладзіў па галаве сабаку, перабіраў яго мяккія і падатлівыя вушы.

Раптам бразнулі дзверы, выйшла Алена Захараўна.

— Вася, ты?

— Я.

— А чаго сядзіш тут?

— Ды вось гутарым з Дунаем. Дунай цікавіцца, ці багата ў лесе зайцоў...

— А я чую, нехта ляпнуў брамкай і не ідзе... Дык чаго ж будзеш сядзець?..

Катлоў падняўся і ступіў у сноп святла, што падаў праз адчыненыя дзверы на ганак. З кухні дыхала пахам смажанага мяса і кропу.

— Смаката! — ён, спыніўшыся ў парозе, пацягнуў носам. Успомніў, што раней, калі былі маладзейшыя і сын хадзіў у школу, заўсёды такі водар стаяў у кватэры.— Шкада, што ў машыне каньяк забыў.

— Не шкадуй. Знойдзецца і дома. Сын прыехаў...

 

7

У кабінеце Катлова сабраліся ўсе тэхнічныя кіраўнікі будаўнічага ўпраўлення меліярацыі, начальнікі ўчасткаў. Быў тут і адзін з аўтараў праекта барадаты Вадзім Чаромухін. Былі члены камісіі, якія даследавалі плывуны на магістральным канале. Акрамя кіраўніка камісіі, доктара тэхнічных навук, прафесара Кузняцова, на нарадзе прысутнічалі і два інжынеры, што прыехалі з ім. Дакладваў Кузняцоў. Усе ўважліва слухалі яго. Толькі Катлоў, як заўважыў Дубавец, паводзіў сябе неспакойна, быў узбуджаны, нецярплівы, часта падымаўся, нешта яму ніяк не сядзелася. Кідаў частыя позіркі на аўтара праекта і Люду Гусак — яны сядзелі побач на крэслах недалёка ад дзвярэй і ціха, ледзь паварочваючы галовы адзін на аднаго, аб нечым перагаворваліся,— здавалася, што ён хоча зрабіць ім заўвагу, але ці не ведае, як гэта зрабіць, ці проста не асмеліцца. Убачыўшы яго настрой, Люда Гусак штурхнула локцем свайго суседа: маўляў, маўчы, і яны больш не размаўлялі. Дубавец заўважыў, што Катлоў нібы паспакайнеў, лаўчэй усеўся і пачаў уважліва слухаць прафесара.

— Плывуны, вядома, магутныя,— падводзіў вынікі сваім разважанням Кузняцоў.— І калі аўтары праекта будуць настойваць толькі на гэтай трасе, то ёсць два выйсці. Першае: па ўсёй трасе канала забіць палі і на іх замацаваць бетонную трубу. Але гэты варыянт такі дарагі, што яго ніхто не зацвердзіць. Другое выйсце: паспрабаваць зрабіць канал з адкосам адзін да пяцідзесяці. Але... Каб глыбіня канала была да трох метраў, то яго шырыня будзе недзе каля трохсот метраў. Як бачыце, аб’ём земляных работ вялікі, але гэта будзе значна танней, чым першы варыянт.

— Нічога сабе канальчык! — не стрываў Катлоў.

— А як жа дуброва? — спытаў Дубавец.— Там жа скрозь дубы...

— Прыйдзецца пад корань,— і прафесар зрабіў такі ўзмах рукой, нібы ўжо зараз далоняй падсякаў тыя дубкі.— Але адкосы канала можна будзе абсадзіць дрэвамі, так што з гадамі зялёныя насаджэнні адродзяцца. І ў першым і ў другім выпадку работы багата. Самае ж разумнае выйсце — вярнуцца да ранейшага варыянта. Зрабіць вадасцёк праз раку Альхоўку, для чаго неабходна хаця б частковае яе спрамленне.

— Іншага выйсця фактычна і няма,— падаў голас аўтар праекта.— Бо яшчэ невядома, ці дазволіць камітэт па ахове прыроды знішчаць дуброву...

— Відаць, вернемся да ранейшага варыянта,— сказаў Катлоў і паглядзеў на Дубаўца.— Як ні шкада Альхоўкі, але...

— А раптам і там плывуны? — спытаў Дубавец.

— Каб яны там былі,— усміхнуўся паблажліва аўтар праекта,— то рака даўно заплыла б...

Нарада заканчвалася...

Дубавец разумеў, што знішчана і тая невялікая перамога, якой ён у свой час дамагаўся. Цяпер нічога не застаецца і ад яе. Дарэмныя клопаты, дарэмныя намаганні... І цяпер ужо нікуды не пойдзеш, ніхто не падтрымае,— не падтрымалі тады, калі нічога яшчэ не рабілася, то зараз ніхто і слухаць не стане.

«А што, калі?..»

І ён прыняў тое адзінае рашэнне, якое і мог прыняць у гэтай складанай сітуацыі.

У той жа дзень Дубавец склікаў партыйнае бюро. З’явіліся ўсе, не прыйшла толькі Алена Захараўна.

Як ні стараўся Дубавец быць спакойным, але адчувалася, што ён вельмі хвалюецца. Цяжка чамусьці давалася кожная новая думка. Ён непакоіўся, ці зразумеюць яго, ці падтрымаюць, ці не застанецца ён адзін са сваёй прапановай. Гэтая няпэўнасць і пазбаўляла Дубаўца разважлівага спакою і ладу ў думках, чым ён звычайна вызначаўся.

— Сёння абсалютна зразумела, што плывуноў на канале магло і не быць. Бо каб больш дасканала правялі разведку, то знайшлі б іншае месца для канала. Мы гэтага не зрабілі, мы некуды спяшаліся і атрымалі па заслугах. Ліхаманкава рыхтаваліся да праекта, ліхаманкава рабілі праект, а цяпер гэтак жа ліхаманкава шукаем выйсце з таго становішча, у якое трапілі. Усё сведчыць аб недастаткова сур’ёзным падыходзе да вельмі адказнай справы. І сёння няма ніякіх гарантый, што ў будучым не выявяцца яшчэ якія-небудзь нечаканасці і, магчыма, яшчэ больш сур’ёзныя... У сувязі з гэтым прапаную абавязаць камуніста Катлова Васіля Міхайлавіча спыніць усе работы на аб’екце, пакуль не будзе дасканала даследавана мясцовасць і на гэтай больш грунтоўнай аснове не будзе складзены праект, які быў бы і больш дасканалы і належным чынам адпавядаў бы прыродным умовам, не парушаў іх. Мы багата любім гаварыць аб беражлівых адносінах да прыроды, аднак трэба не гаварыць, а рабіць гэта на практыцы... Можа, хто выступіць, можа, у каго ёсць іншыя прапановы?

Усе насуплена маўчалі. Адзін Катлоў сядзеў і ўсміхаўся сам сабе, усміхаўся іранічна, і гэтая ўсмешка была здзеклівай і абражальнай. Катлоў яўна насміхаўся з яго, Дубаўца.

— Прашу, таварышы! — стаяў за сталом Дубавец.

— А што тут выступаць? — цялёпнуў плячыма Катлоў, правёў рукой па галаве, нібы зняў з яе якое павуцінне, акінуў усіх членаў бюро позіркам, нібы жадаючы праверыць, што думаюць яны, затым са здзіўленнем глянуў на Дубаўца.— На нарадзе гаварылі і перагаварылі, так што ўсё ясна. Не ведаю як хто, а я абсалютна супраць такой прапановы. Не магу ж я галасаваць супраць самога сябе,— ён адкінуўся на спінку крэсла, здавалася, абыякавы да таго, як і што вырашаць члены бюро. Катлоў быў перакананы, што нават тады, калі Дубаўца і падтрымаюць, райком партыі абавязкова адменіць гэтае рашэнне, бо такім рашэннем Дубавец не толькі перакрэслівае аўтарытэт Катлова ў раёне, а перакрэслівае і ўсю дзейнасць будаўнічага ўпраўлення, а на гэта ніхто не пойдзе. І Катлоў быў упэўнены, што ў выніку Дубавец нашкодзіць сам сабе, калі ўжо не нашкодзіў, бо сваёй прапановай ён фактычна падсякаў той сук, на якім сядзіць. Нічога не скажаш, жаўтароты, не хапае жыццёвага вопыту, вось і ламае дровы. Ну і няхай, калі не прыслухоўваецца да старэйшых...

— Можа, усё-такі ёсць якія меркаванні ў каго? — Дубавец яўна страчваў цярплівасць. Недзе мільганула думка, што раптам яго ніхто не падтрымае, тады прыйдзецца адмаўляцца ад пасады. Адчуў, як майка прыліпла да спіны.

— Ды ўсё ясна,— сказаў Гаварушка.

— Згодны з маёй прапановай? — спытаў Дубавец.

— Ёсць прапанова ў мяне,— сказаў старшы інжынер з планава-вытворчага аддзела Пятро Рыбак.— Абавязаць камуніста Катлова вярнуцца да першапачатковага варыянта праекта.

— Так,— сказаў Дубавец.— Яшчэ якія прапановы? Няма?

— Як бачыш...— сказаў Катлоў, паглядзеўшы на гадзіннік.

— Тады ставім прапановы на галасаванне. Галасуем у парадку паступлення...— сказаў Дубавец.— Чатыры «за»...

Ён не мог нават схаваць свае радасці, голас загучаў усхвалявана, вочы заблішчалі ад расчуленасці.

Катлоў не паверыў і сам яшчэ пералічыў паднятыя рукі.

— Хто супраць? — спытаў Дубавец.— Тры. Большасцю галасоў прымаецца першая прапанова: абавязаць камуніста Катлова спыніць усе работы на аб’екце Альхоўка.

 

8

Была якраз сярэдзіна лета, дні стаялі сухія, гарачыя. І толькі ў памяшканні райкома, якое хавалася пад раскідзістымі густымі таполямі, цэлы дзень трымалася прахалода. Кузьмянок цяжка пераносіў гарачыню. На пыльных, разагрэтых сонцам прасёлкавых дарогах у яго пачынала балець галава. І таму ў такія дні ён рэдка ездзіў па раёне. Калі і была раптам пільная патрэба наведацца куды, дык стараўся з’ездзіць раніцай, пакуль сонца яшчэ не паспявала высушыць расу і разагрэць асфальт, ці пад вечар, калі прыкметна спадала гарачыня і не так награвала брызент яго «козліка». Большасць часу праводзіў Кузьмянок у сваім кабінеце. Дарэчы, такі яго распарадак дня ўлетку, калі ў калгасах і саўгасах штодзённа ўзнікала сотні праблем, падабаўся ўсім у раёне: кожны ведаў, што першы на месцы і можна хутка, як тут гаварылі, аператыўна вырашыць любое пытанне.

Катлоў пазваніў Кузьмянку ў пачатку абедзеннага перапынку. Ён коратка расказаў аб рашэнні камісіі...

— Значыцца, будзеце спрамляць раку? — перапытаў Кузьмянок у Катлова, нібы ўсё яшчэ не верыў у гэта.

— А што рабіць, Андрэй Цітавіч? Па навуцы так выходзіць. І па праекце так было. А там, калі праект складалі, усё праверылі, усё падлічылі, усё ўлічылі. Адступілі ад праекта і атрымалі па шапцы. Ад самой матухны-прыроды атрымалі.

— Аказваецца, з прыродай жартаваць небяспечна, Васіль Міхайлавіч?

— Яшчэ як! Трэба ўсё падлічыць... Але, мушу далажыць вам, Андрэй Цітавіч, што замінка з магістральным каналам ніколькі не паўплывае на ход выканання планавых заданняў. Справа ў тым, што мы ішлі са значным перавыкананнем плана. Гэта раз. А па-другое, мы аператыўна перакінулі частку тэхнікі на тыя ўчасткі, дзе можна было ў гэты час весці работы. Так што, Андрэй Цітавіч, усё нармальна.

— Ну, добра, калі нармальна,— сказаў Кузьмянок.— Жадаю поспехаў!

Ён адразу ж падумаў пра Дубаўца. Як ён успрымае ўсё гэта? З чыстай верай ён змагаўся за адмену праекта, хай не дамогся поўнай перамогі, але ж даказаў, што Альхоўку чапаць не варта. Невялікая, але ўсё ж перамога, тая перамога, якая ўмацоўвае веру ў сілу чалавека, у справядлівасць, нараджае аптымізм, натхняе на новыя ўчынкі.

І раптам ад той першай невялікай перамогі не застаецца і следу. Ці не выкліча гэта паныласці, расчаравання? Калі такі настрой раптам нахлыне на Дубаўца, то ці не страціць ён актыўнасці, ці не прамяняе сваю ваяўнічасць на прыстасавальніцтва, на кампраміс? І тады не атрымаецца з Дубаўца актыўнага салдата партыі, упартага, нязломнага.

І таму, калі ў канцы дня зайшоў Новік і паведаміў, што Дубавец без узгаднення з райкомам партыі на партыйным бюро абавязаў Катлова спыніць усе работы на Альхоўскім аб’екце, Кузьмянок не абурыўся, як гэта трэба было чакаць, а абрадаваўся за маладога партыйнага работніка, за яго намер да канца змагацца за сваё.

А потым нібы апомніўся, што яму, першаму сакратару райкома, ніяк не варта радавацца такому самавольству, і са шкадаваннем сказаў:

— Малады яшчэ..,

— Малады, але ранні. Замест таго каб вучыцца, часцей раіцца з намі, дык ён... Я, як толькі мне Катлоў паведаміў пра гэта, адразу ж пазваніў Дубаўцу, а ён мне: маўляў, не маю права на самастойнасць, ці што? Маўляў, калі даверылі, дык давярайце да канца, а калі не, тады вызваляйце. Яму, бачыце, тады там нечага рабіць.

— А чым ён тлумачыць такі ўчынак? — спытаў Кузьмянок.

— Вядома ж, клопатамі пра дзяржаўныя інтарэсы,— іранічна ўсміхнуўся Новік.— Але, Андрэй Цітавіч, ёсць нейкі парадак. Ставіць пытанне аб тым, што тычыцца ўсяго раёна, і абмінуць нас я лічу вельмі няправільным.

— Вядома, вядома,— сказаў Кузьмянок з такой інтанацыяй, нібы думаў зусім пра іншае, а не пра гэтага свавольніка Дубаўца.— Канечне, пытанне тычыцца ўсяго раёна, і не толькі гэта. Усё, што робіцца ў раёне, мы павінны ведаць. І вядома, нам з вамі, можа, і спакойней жылося б, каб нашы кадры ўсе пытанні ўзгаднялі з намі. Але як жа тады быць з самастойнасцю, з той самай творчай ініцыятывай, якую мы так стараемся выхоўваць у нашых падначаленых? Га, Ігар Іванавіч?

— А калі тая ініцыятыва заводзіць не туды?

— Будзем папраўляць людзей, вучыць...— Кузьмянок ніяк не мог даўмецца, чаму Новік такі агрэсіўны да Дубаўца.

— Папраўляць, канечне, наш абавязак, Андрэй Цітавіч, але папраўляць варта тых, хто хоча сапраўды пазбавіцца ад сваіх памылак, а гэты...— Новік на імгненне задумаўся, падшукваючы словы для ацэнкі Дубаўца.— А гэты ж, мне ўяўляецца, проста недалёкі чалавек. Ваяваць з праектам, над якім працавалі, і доўга, лепшыя спецыялісты, які зацвердзілі людзі не раўня Дубаўцу, гэта, мала сказаць,— легкадумнасць. Няўменне мысліць. Прыняў рашэнне, а цяпер будзе размахваць ім, як пугалам, перакананы ў сваёй праваце. Паспрабуйце такому падказаць. Чулі б, Андрэй Цітавіч, як ён размаўляў са мной па тэлефоне! Нібы ён адзін толькі ўсё разумее, а мы нічога, усе мы бюракраты... Зазнаўся чалавек. Вы яго падтрымалі, вось ён і падумаў, што ўсё яму дазволена.

— Разумееце, Ігар Іванавіч, у жыцці часам усё больш складана, чым нам здаецца.— Кузьмянок паглядзеў на Новіка, падумаў, ці зможа ён зразумець тое, што ён скажа.— Бывае так. Чалавек не бачыць далей свайго носа. Але ён паслухмяны, добры выканаўца. І яго хвалім, цэнім. А дай нешта самастойнае, і ён у тупіку. Ці наламае дроў, і, самае страшнае, наламае іх у галоўным. А бываюць людзі, што жывуць вялікай мэтай, бачаць далёка. Так сказаць, мысляць стратэгічна... Яны могуць нарабіць памылак, і нямала ў дробязях, але ў галоўным яны, як правіла, не памыляцца. Вось вы гаворыце, што Дубавец адарваны ад жыцця. А можа, ён бліжэй да яго, чым той-сёй з нас. Чорт яго ведае. Сёння мы лічым тугадумам Дубаўца, што ён адхіляе праект. А раптам высветліцца праз колькі год, што гэты праект сапраўды мала таго што недасканалы, дык яшчэ і шкодны?.. Я не хачу апраўдваць Дубаўца, вядома ж, яму варта было б параіцца з намі, хоць ён мог і не ведаць, што гэта варта зрабіць, і ніколькі не думаў ігнараваць райком, а проста, захоплены ідэяй, забыўся пра нас з вамі. Я думаю, што хлопец ён не без здольнасцей. А галоўнае, шчыры... Ну, гэта ўсё філасофія. У нашага брата пад старасць з’яўляецца жаданне паразважаць... Што вы прапаноўваеце, Ігар Іванавіч?

— Ёсць прапанова, Андрэй Цітавіч. Бясспрэчна, Дубавец на сённяшні дзень аказаўся не на вышыні... Ад адсутнасці вопыту, а можа, і ведаў. Карацей кажучы, мне здаецца, яго варта паслаць у вышэйшую партшколу. Ад нас якраз патрабуюць кандыдатуру. Званілі з абкома, прасілі падабраць здольнага, таленавітага, перспектыўнага. Дубавец адпавядае гэтым патрабаванням.

— А ён паедзе? — спытаў Кузьмянок.

— Урэшце, ёсць жа і партыйная дысцыпліна...

— Так, яму вучыцца бадай што не пашкодзіць,— пагадзіўся Кузьмянок,

 

9

Марына імкліва выбегла з доўгага вузкага калідора ў вестыбюль, спынілася. Толькі што на экране яна дапытвала нейкага гарадскога начальніка, чаму марудна вядзецца рамонт кватэр і на нізкім якасным узроўні, і была вельмі ўзбуджаная гэтай гаворкай, твар палымнеў, разагрэты студыйнымі ліхтарамі. Яна выняла з сумачкі хусцінку, выцерла лоб, шыю, а потым кіўнула Дубаўцу, і абое пайшлі да машыны, што стаяла ля пад’езда.

— Заедзем да мяне, тое-сёе прыхапіць трэба,— а потым, калі мінулі адну вуліцу, звярнулі на другую, Марына дадала: — Ды яно пара ўжо цябе і бацькам маім паказаць.

— Можна і не паказваць.— Ён не зводзіў вачэй з вуліцы, па якой шпацыравала нямала моладзі: многія ішлі і па праезджай частцы. Таму ехаць трэба было асцярожна.

Марына глянула на яго, усміхнулася, нібы знайшла што смешнае ў ягоных словах.

— А то забракуюць яшчэ,— адказаў ён на яе ўсмешку.

— Я ўспомніла, як адзін пазнаёміўся са мной на танцах. Такі прылізаны, прыгожанькі... Першы вечар паводзіў сябе яшчэ даволі сціпла, нават здаўся разумным, на другі пацікавіўся, хто мае бацькі. Я сказала, што бацька работнік гандлёвай базы. Дык потым не адставаў ні на крок, нікому не дазваляў са мной танцаваць. Давялося прагнаць. Пашкадавала хлопца, бо каб даведаўся праўду, то нямала пакутаваў бы, пакуль дадумаўся, як пазбавіцца ад мяне. А другі, пазнаёміўшыся, дык усё жыллёвай плошчай цікавіўся. Калі даведаўся пра нашы чатыры пакоі, адразу ж прапанаваў ажаніцца. Я, між іншым, не супроць была, але гэты сам збег. Пабыў у нас разы два і збег.

— Хата не спадабалася?

— Спадабалася. Мой стары давёў. Так што я цябе не павяду. Іншым разам пазнаёмлю, калі часу будзе болей... Ты пачакай, я прыхаплю свой рукзак...

Яна і сапраўды не запрасіла яго з сабой, выскачыла з машыны і праз колькі хвілін вярнулася ўжо ў спартыўным трыко, кедах, з рукзаком, які вісеў на адным плячы.

— Дарэчы, да нас на тэлестудыю завітаў рэдактар з Беларускага тэлебачання. Паехаў на выхадныя да маці, некуды пад Мазыр. Я гаварыла з ім наконт работы ў Мінску. Месцы ў іх ёсць. Абяцаў паглядзець сёння маю перадачу. Хвалявалася вельмі. Не сапсавала? Ты ўсю прагледзеў?

— Усю. Нармальна,— адказаў Дубавец.

Калі яны міналі вёску Альхоўку, стаяла ўжо ноч. Спачатку Дубавец хацеў заехаць да маці, напаіць Марыну сырадоем, але цяпер перадумаў: не варта было турбаваць старую. Заедуць і потым, калі будуць вяртацца. Праехалі Альхоўку не спыняючыся. Ды гэтага Марына і не заўважыла. Спахапілася яна, калі выехалі на луг і машыну пачало кідаць на дарозе, што ішла паўз раку. Спытала:

— І Альхоўку тваю мінулі?

— Мінулі.

— А я думала, пераначуем, а раніцай на рыбалку.

— Раніцай і пойдзем. А пераначуем у полі. У палатцы,— сказаў Дубавец.— Ці, можа, не хочаш у полі?

— Чаму? Яшчэ цікавей... Толькі ты ж не вячэраў.

— Нічога, вытрымаем.

Наперадзе ў надрэчным тумане заблішчаў агеньчык. Ён хутка набліжаўся. Агеньчык, як аказалася, гарэў злева ад дарогі. Рака, адбіваючы начное зорнае неба, ціха струменіла справа. Дубавец пільна прыглядаўся, ці не будзе якой сцежкі з дарогі да вогнішча. Але ні сцежкі, ні нават якога следу ўлева не было. Дубавец заехаў так далёка, што вогнішча засталося ззаду. Тады ён развярнуўся і скіраваў назад. Праехаўшы крыху, убачыў на дарозе чалавека. Гэта быў Міхась Стрыбук. У расхрыстанай куртцы, гумовіках. Ён махнуў рукой, каб ехалі за ім, і першы пайшоў па дарозе, а потым скіраваў управа, ледзь не напрамкі праз скошаны луг, абмінаючы цёмныя стагі.

Спыніўся Міхась Стрыбук ля дуба, тоўстага, каржакаватага, з шырокай густой кронай, якая засланяла наперадзе паўнеба. Побач, на беразе азярца, у якім адбіваўся кавалачак неба з воблакам, асветленым месяцам, было вогнішча. Дровы згарэлі, і цяпер толькі зырка свяцілася адно вуголле. Ля кастра — задымленае вядзерца, накрытае газетай. Газета, каб не здзьмула раптоўным ветрыкам, прыціснута сукаватым паленцам. Далей за вогнішчам цямнеў, як капіца сена, будан.

— А я думаў, ужо вас не будзе,— сказаў Міхась Стрыбук, як толькі Дубавец з Марынай вылезлі з машыны.— Хацеў вядро з юшкай дамоў несці. Ды, думаю, пачакаю.

— Вось і добра,— Дубавец паціснуў яму руку.— Прыехалі б раней, але Марына была на перадачы. Ну, а вячэраць што ёсць?

— Вядома.

Марына як выскачыла з машыны, так адразу і прысела ля вогнішча, відаць, праняло яе прахалодай. Міхась Стрыбук кінуў некалькі ламачын на вуголле, яны спачатку густа задымілі, потым успыхнулі зыркім полымем. І стаў добра відаць ля будана самаробны столік і расстаўленыя вакол яго камлюкі, каб было як сядзець. Потым Стрыбук вынес з будана белыя алюмініевыя міскі, расставіў іх, паднёс вядро, пачаў разліваць юшку. Дубавец выняў з машыны пляшку гарэлкі...

— Ну, за ваш прыезд,— падняў шклянку Міхась Стрыбук.

— Ой, хлопчыкі, хутчэй давайце, а то мне зябка,— папрасіла Марына.

— Так заўсёды, калі ад вогнішча адыдзеш,— сказаў Міхась Стрыбук.— І за нашу Альхоўку!

— Выпіць можна,— сказаў Дубавец.-—Але ці ёсць сэнс. Не будзе хутка Альхоўкі. Будуць з Альхоўкі рабіць канаву, Міхась.

— Не ўдалося адстаяць? — спытаў Міхась Стрыбук.

— Ой, давайце вып’ем. А то як пачне Іван пра сваю Альхоўку, дык да раніцы не скончыць. Ну, за ваша здароўе, хлопчыкі! — і яна не стала чакаць, выпіла і хутка засёрбала юшку.— Якая смачная! Цёпленькая ды яшчэ і з перчыкам.

— Змагаўся,— сказаў Дубавец.— І дазмагаўся. Адпраўляюць на вучобу. У партыйную школу. Так сказаць, за актыўнасць. Я таму і заспяшаўся да цябе ў госці, бо потым не будзе як: Катлоў не дасць «козліка».

— Значыць, усё?—перапытаў Міхась Стрыбук, нібы не верыў, што пачуў.

— Усё ці не ўсё — бог яго ведае... Давай, Міхась, яшчэ па кроплі за ўсё разумнае, якое ўсё ж павінна перамагчы,— і Дубавец зноў наліў у шклянкі.— Жыццё цудоўнае! Я табе скажу, Міхась: пакуль будзе на зямлі вось такая юшка, то ёсць сэнс жыць...

— За юшку, хлопчыкі! — усклікнула і Марына. Яна, відаць, крыху ап’янела і цяпер гаварыла гучней, чым звычайна.— Прызнацца, я ніколі яшчэ не ела такой юшкі.

— За юшку!—падтрымаў тост і Міхась Стрыбук.

Пасля гэтага тосту ні Дубавец, ні Міхась Стрыбук ужо больш не гаварылі пра свае праблемы. Ці на іх найшоў гарэзлівы настрой, ці Марына, якая пачала спяваць студэнцкую жартоўную песню, нагнала яго, толькі хлопцы цяпер і спявалі, і спрабавалі танцаваць, ды паднялі такі пыл ля вогнішча, што Марына рашуча запратэставала. Тады яны, Дубавец і Стрыбук, пачалі мерацца сілай, качаліся ў адным клубку па траве. Нечакана выявілася, што хударлявы і драбнейшы, чым Дубавец, Стрыбук лёгка паклаў на лапаткі буйнога і некалі ў школе яшчэ мацнейшага Дубаўца... Потым хлопцы задумалі пакупацца. Стрыбук сказаў, што хаця яму ўрачы і забараняюць купацца, але дзеля сяброўства, дзеля ўспамінаў ён гатовы з дна возера выхапіць той крутарогі месяц, які за гэты час падняўся высока і адбіваўся ў вадзе. Марына была супраць купання. Маўляў, патопіцеся, але Іван Дубавец таксама хацеў у ваду і памкнуўся ўжо быў распрануцца, ды Марына перашкодзіла. Тады ён паспрабаваў уцячы, яна пагналася за ім. Ён бег па беразе азярца, следам за ім са смехам гналася Марына, часта хапаючыся за кашулю, якая выязджала са штаноў і матлялася за спінай. Ён вырваўся, але вось Марына і зусім дагнала яго, абхапіла за шыю...

 

Калі яны вярнуліся, прыціхлыя і змарнелыя, то вогнішча перагарэла ўжо, курыліся толькі вуголлі, з якіх аблятаў шызы попел. Стрыбука не было.

— Міхась! — паклікаў Дубавец.— Міха-а-сь!

Адказу не было.

— Можа, утапіўся? — спытала Марына.

— У яго недзе тут пасека, пайшоў, можа, туды...— Іван падгроб пад галаву болей сена.— Вазьмі пінжак, накінь на ногі.

— Ды цёпла ж...

— Каб камары не кусаліся.

— Ой, як тут хораша! — яна паклала галаву яму на руку...

Было ціха. Чулася, як на дубе зашапацела лісце, лена, неахвотна — ці то перадранішні ветрык паварушыў яго, ці якая начная птушка праляцела блізка, а мо і села на верхавіну дрэва. Недзе побач, ці не ў хмызняках за возерам, падала голас заранка.

— Марына,— шэптам спытаў Дубавец.— Чуеш? Спявае! Ведаеш хто?

Марына не адказала. Яна спала.

Раніцай Іван Дубавец прачнуўся першы. Марына, скруціўшыся ў калачык, соладка спала. Ён выпаўз з будана. Ля вогнішча сядзеў Стрыбук.

— Прывітанне, стары! — ціха сказаў Дубавец, падышоў, падаў руку, сеў побач.— Дзе ты ўчора прапаў?

— Нідзе не прапаў... Я ўсю ноч сядзеў тут.

— Кажы... Я падумаў ужо, што здарылася. Чуў, як я крычаў? Клікаў цябе...

— Не.

— Значыць, цябе і блізка не было...

— Быў. Але я спаў. Як вы пабеглі, я падумаў, што вы вельмі далёка можаце забегчы, так разагналіся, і я высплюся, пакуль вернецеся. Пайшоў да сябе на пасеку і лёг спаць.

— А далёка твая пасека?..

— Блізка... Праз яе будзем ісці, пакажу... Там, за пасекай, азярцо ёсць. Усё лета бярог, сам рыбу не лавіў і глядзеў, каб ніхто не лавіў. Думаю, які сябра пад’едзе... Я там сетачку кінуў учора.

— Сетачку? — перапытаў Дубавец.

— Не думай, што я браканьер. Рыба ў гэтых азярцах узімку ўсё роўна загіне. Вада прамярзае да дна, а дзе і не прамярзае, дык рыба ўсё роўна гіне... Так што лепей вылавім. Можа, хадзем? Пакуль твая прачнецца, мы і свежай юшкі наварым.

— Не, Міхась, давай пачакаем,— сказаў Дубавец,— ёй таксама будзе цікава. Яна ж вырасла ў горадзе, ніколі не бачыла вось такога.

— Пачакаем,— пагадзіўся Міхась.

— Ну, як здароўе тваё, Міхась? — спытаў Дубавец.

— Як табе сказаць... І добра, і дрэнна... Цяпер добрае. Як і не хварэў. І кожнае лета так, як жыву на пасецы тут, на лузе. І сіла ёсць... Узімку ж палку дроў раскалоць не магу. На лузе, ведаеш, паветра, травы ўсялякія... Зойдзеш, дыхнеш і чуеш, як у цябе нібы крылы вырастаюць. Такія лугі... Вось пойдзем праз пасеку, паглядзіш.

— Не пакасілі?

— Пакасілі. А там лазнякі, што каса не ідзе. І нямала... Калі касіць пачынаюць, прыедуць, паглядзяць, пагавораць, што трэба было б іх, лазнякі, як звесці, а потым і не чапаюць. Забываюць да наступнай касьбы... Вось у тых лазняках і стаяць мае вуллі...— Міхась Стрыбук паварушыў дровы ў кастры. Перавернутыя галавешкі ўспыхнулі зырка, стала горача, ён адсунуўся далей.— А ўзімку дрэнна. Асабліва пад вясну... Іншы раз хвароба так разгуляецца, што хоць у бальніцу кладзіся. Ды неахвота. У свой час наляжаўся. Тры гады запар...

З будана выпаўзла Марына, паднялася, пацягнулася, узмахнула рукамі, засмяялася.

— Добрай раніцы, хлопчыкі!.. Сонца аж вочы слепіць... Вада цёплая?

— Купацца можна,— сказаў Міхась Стрыбук.— Там, за дубам, бераг з пясочкам.

Марына пайшла па беразе туды, куды параіў Міхась, стройная, высокая, з сенам у раскіданых валасах, якія яна на хаду закручвала ў вузел на патыліцы, каб не замачыць у вадзе. Дубавец заўважыў, як пільна паглядзеў ёй услед Міхась Стрыбук, і ўсміхнуўся, задаволены,— яму заўсёды было радасна, калі бачыў, што яго Марына падабаецца некаму. І каб схаваць гэтую радасць ад Міхася, якому будзе непрыемна, што падлавілі ягоны позірк, Дубавец нагнуўся і пачаў дубчыкам пераварочваць вуголле, нібы шукаў што ў ім. Але Міхась Стрыбук і не думаў хавацца ад сябра.

— Прыгожая,— уздыхнуў ён.— Жонка ці проста так?..

— Думаю...

— Ты яшчэ думаеш? Я на тваім месцы ні хвіліны б не думаў...

— Хлопчыкі, ідзіце сюды. Тут так цудоўна! — клікала іх Марына. Чуваць было, як яна з ахвотаю плёскалася ў вадзе.

Пасля снедання пайшлі глядзець сетку. Абагнулі возера, вузкае, звілістае, ля якога быў іх лагер, потым прайшлі трохі па пакошы, і раптам ледзь прытаптаная — відаць, акрамя Міхася Стрыбука, тут ніхто і не хадзіў — сцежка нырнула ў высокую, па самыя плечы, траву. Тырчалі белыя суквецці палявога кропу, путаў ногі дзікі гарох, развесіўшы фіялетавыя маністы сваіх кветак, даспявала лугавая аўсяніца... Там-сям праз траву праглядваліся тоўстыя лазіны, а часам і густыя, раскідзістыя кусты.

Першым крочыў Міхась Стрыбук. За ім — Марына і Дубавец. Міхась Стрыбук ішоў нетаропка, абмінаючы густыя зараснікі, калі траплялася асака, папярэджваў Марыну, каб ішла асцярожней, бо можна парэзацца. У адным месцы ён спыніўся і сказаў Дубаўцу:

— Уяўляеш, колькі тут сена можна браць. Ачысціцца ад лазнякоў ды крыху акультурыцца, не трэба і асушваць. Заліўны луг ёсць заліўны...

— А куды ты нас вядзеш, Сусанін? — спытаў Дубавец.

Міхась Стрыбук нічога не адказаў. Які час зноў ішоў моўчкі. Потым спыніўся.

— Прашу азірнуцца, прыгледзецца,— сказаў Міхась Стрыбук.— Уважліва толькі...

Марына глянула на Дубаўца, усміхнулася, няўцямна паціснула плячыма.

— Нічога не бачыце? —спытаў Міхась Стрыбук.

— Лаза, трава, кветкі, ну, яшчэ пчолы на кветках, наперадзе дуб, ну і вы, Міхась, Марына,— сказаў Дубавец і засмяяўся. Ён успрымаў гэтыя пытанні Міхася Стрыбука як якое дзівацтва.

— А гляньце ўправа,— і Стрыбук паказаў, куды трэба глянуць.

— Пчолы,— за густым лазовым кустом Дубавец убачыў вулей. Ён быў пафарбаваны ў зялёнае, і адразу яго цяжка было прыкмеціць.

— Бачу і я,— абрадавалася Марына.

— Між іншым, мы ўжо мінулі пяць такіх домікаў. Спецыяльна вёў так, каб пабачыць, ці заўважыце... Не заўважылі...— Ён сказаў пра гэта, не хаваючы гордасці за ўменне маскіраваць сваю гаспадарку.

— А паглядзець бліжэй можна? — спытала Марына.

— Вядома,— пагадзіўся Міхась Стрыбук.

Марына расхінула траву, зрабіла некалькі крокаў і з піскам, хапаючыся за галаву, кінулася назад.

— Ой, пчала!

— Стой! — нечакана ўладна крыкнуў Міхась Стрыбук, і калі Марына, якая нават мінула сцежку, па якой ішла, вярнулася назад, спакойна сказаў:—Там далей ямка, відаць, ад бомбы яшчэ, заплыла тванню... А ад пчалы не трэба бегаць, тады не кране.

Ля дуба, пад яго ценем, трава хоць была і густая, але не такая высокая. На ёй яшчэ трымалася ранішняя раса.

— А тут нічога не бачыце? — спыніўся Міхась Стрыбук і хітравата паглядзеў на сваіх спадарожнікаў.

— Не,— закруціў галавой Дубавец.

Нічога не ўбачыла і Марына.

— А на дубе...— падказаў Міхась Стрыбук.

На дубе, там, дзе ад ствала ўбок адыходзіў тоўсты сук, была прымацавана лубянка. Яна сваім шэрым колерам злівалася з колерам кары дрэва.

— Ну і канспіратар,— засмяяўся Дубавец.

— Там таксама пчолы? — пацікавілася Марына.

— Няма. Я стаўлю для таго, каб які рой заляцеў. Пазалетась заляцеў... Пчаляр, бывае, празявае, ну, рой і паляцеў. Учора бачыў, нібы лёталі пчолкі. Можа, ужо і заляцеў. Пагляджу потым. Ну, пайшлі. Назад бліжэй будзе. Я хацеў паказаць вам сваю пасеку. Ды ледзь не забыўся, мяшок жа трэба захапіць.— Ён сігануў убок, дзе з-за кустоўя віднеўся толевы дах буданчыка. Вярнуўся з крапіўным мяшком.

Хутка кончыліся зараснікі, адкрыўся скошаны луг з частымі стагамі, раскідзістымі рэдкімі дубамі-волатамі. Прайшлі крыху прама, а потым перасеклі вузкую і доўгую старыцу, парослую чаротам і лілеямі. Дубавец пераносіў Марыну. Яна блазнавала, павісшы ў яго на шыі, матляла нагамі, пырскаючы вадой, і адзін раз яны ледзь не зваліліся абое ў твань. Звярнулі ўлева і хутка апынуліся на беразе невялічкага азярца. Вакол яго не было ні дрэў, ні кустоў. І ў самым возеры расла асака, толькі пасярэдзіне пакідаючы чыстым невялікае акенца. Берагі былі не абрывістыя, і асаку часткова пакасілі і ў вадзе. Адным словам, гэты вадаёмчык ніяк не нагадваў возера, а нейкую лужыну, запоўненую дажджамі. Дубавец і не думаў, што іменна да гэтага возера яны ішлі, і таму, калі ля яго спыніўся Міхась Стрыбук, здзіўлена спытаў:

— Тут і рыба?

— Паглядзім,— няпэўна адказаў Міхась Стрыбук.

Ён пільным позіркам змераў вадаёмчык, потым, не адрываючы вачэй ад нечага такога, што бачыў ён і чаго не бачылі ні Дубавец, ні Марына, пачаў разувацца. Скінуў штаны, застаўся ў трусах.

— Пачнём,— шэптам сказаў Міхась, глянуўшы на Дубаўца з таемнай усмешкай. Ён зайшоў у ваду, спыніўся там, дзе пачыналася асака. Прыгледзеўся, нібы ўстрывожыўся. Хутка нагнуўся, памацаў у траве рукамі. Разгублена азірнуўся. Зайшоў у ваду яшчэ крокі два. Вада была яму ўжо па пояс. Памацаў у адным месцы рукамі, у другім. Зноў нічога не знайшоў. Потым рэзка сігануў убок, ледзь не ўпаў у ваду.

— Вось яна! — радасна закрычаў і выцягнуў набрынялую ў вадзе вяроўку. Падцягнуў яе да сябе.— Заблыталі, чэрці. Ну, зараз пачнецца цырк... Трымай!

Ён кінуў вяроўку Дубаўцу:

— Цягні, а я буду дапамагаць, бо там накручана так, што адразу не справіцца.

Дубавец пачаў цягнуць. З травы паказалася скручаная сетка. Але вось раптам нешта бліснула на сонцы золатам. Гэта былі тлустыя ліні і чырвоныя карасі.

— Ну, як? — смяяўся Міхась Стрыбук.

— Не варушацца нават! — радаваўся Дубавец.

— Заблыталіся,— тлумачыў Міхась Стрыбук.— Звечара, відаць, пазалазілі...

Калі выцягнулі на бераг усю сетку, пачалі браць рыбу. У Дубаўца і Марыны гэта ніяк не атрымлівалася. Пакуль яны вымалі па адной рыбіне, Стрыбук паспяваў кінуць у мяшок не меней як паўдзесятка. Накідалі амаль паўмяшка.

Схаваўшы сетку на пасецы, вярнуліся на тое месца, дзе і начавалі. І хутка ў вядры булькала юшка, а на патэльні смажыліся карасі. А тую рыбу, што засталася, падсалілі і схавалі ў цянёк у лазовым кусце, каб потым Дубавец з Марынай узялі яе з сабой.

— Гэтак многа! — хацеў быў запярэчыць Дубавец.

— На сабе не несці. Маці ў печы пасушыць, з півам — смаката. Сабраўся ў лазню, лінька ў кішэню, і ты там кароль...— узнёсла, узбуджана гаварыў Міхась Стрыбук, відаць, удалая рыбалка вельмі ўзрушыла яго, і ён цяпер не мог супакоіцца, шукаў, чым бы яшчэ здзівіць, парадаваць сваіх сяброў. І калі селі абедаць, Міхась, раптам адставіўшы ўбок талерку, сказаў:

— А зараз паспрабуем печанага шчупачка!

Дубавец і Марына, асалавелыя і ад пітва і ад наварыстай юшкі, прамаўчалі.

Міхась падаўся да будана, выцягнуў з-пад сена сетку, невялікую, можа, метры два ці тры, прывязаў яе да доўгай альховай жэрдкі і, прайшоўшы па беразе возера крыху далей, дзе расла рэдкая трава, апусціў сетку ў ваду, адгарадзіўшы ёю невялічкую затоку. Кінуў у гэтую затоку нейкі сук. Чулася, як у вадзе гучна боўтнула. Міхась пачаў падымаць сетку.

Марына і Дубавец ляжалі ля разасланых газет, на якіх былі раскіданы талеркі, хлеб, зеляніна, мёд у сотах, стаяла вядзерца з юшкай, пяклі свае спіны на сонцы, моўчкі назіралі за Стрыбуком.

— Злавіў, глядзі! — усклікнуў Дубавец, убачыўшы, як у сетцы забіліся ладныя шчупакі.

— Яны ў яго там былі прывязаны,— засмяялася Марына.

Міхась Стрыбук вярнуўся засяроджаны, з выглядам, нібы зрабіў самую звычайную і самую будзённую справу, растрыбушыў рыбін, абмазаў іх глеем і кінуў у вуголле...

На другі дзень яны ад’язджалі. Міхась Стрыбук праводзіў іх да машыны, прынёс рыбу.

— Ой, дзякую, Міша. Я, здаецца, яшчэ ніколі так не адпачывала,— сказала на развітанне Марына.

— Што за адпачынак? — не пагадзіўся Міхась Стрыбук.— Каб прыехалі на тыдзень ці два... Прыязджайце, праўда. Хутка мёд буду качаць. Праз пару тыдняў.

— У гэтым годзе, відаць, не атрымаецца. А на будучы год збяромся з Марынай ды на цэлы месяц у твае лугі...— паабяцаў Дубавец.

— На будучы год некуды будзе ехаць,— з сумам сказаў Міхась Стрыбук.— З балот ваду спусцяць, дык тут ні адна кветка не расцвіце.

Дубавец толькі ўздыхнуў і падаў руку на развітанне, а ўжо ў машыне спытаў у Марыны:

— А што, калі ўсё ж напісаць запіску Кузьмянку? Адчуваю, што падтрымае мяне, але... яму трэба даць у рукі матэрыялы... У мяне ж тое-сёе сабралася.

— Можна, вядома, паспрабаваць,— сказала Марына.

 

10

Пакуль праектанты і вучоныя думалі, што рабіць з плывунамі, на канале работы былі спынены, і экскаватаршчыкам аддалі ўсе адгулы, якіх сабралася ў іх нямала, бо хлопцы працавалі без выхадных: стараліся не губляць часу ўлетку.

Паехалі дамоў і Ніна з Барысам.

— Да каго ж пойдзем? — спытала яна, калі аўтобус, які развозіў рабочых, завярнуў у альхоўскую вуліцу.

— Канечне, да мяне,— сказаў Барыс з такой упэўненасцю, якая не дапускала ніякага пярэчання, і дадаў з лагоднай усмешкай: — Здаецца ж, ты мая жонка... Ці, можа, усё яшчэ сумняваешся?

— Сумняваюся,— усміхнулася Ніна. Яна, калі пыталася ў Барыса, да каго пайсці, думала пра сваіх бацькоў, якія на яе недзе пакрыўдзіліся і, відаць, моцна, бо за гэты час, як Ніна жыла на балоце, яны не перадалі ёй нічога ні з яды, ні з яе адзення. І цяпер яна прыкідвала, як лепей зрабіць: заехаць адразу да сябе дамоў ці потым, як асталюецца ў Барыса. Відаць, лепей усё ж спыніцца ў яго, тым больш што Барыс гэтага хоча, а потым схадзіць дамоў, і не адной, а ўдваіх: пры Барысе, можа, не стануць сарамаціць яе вельмі, а што будуць сарамаціць, у гэтым яна не сумнявалася.

— Вось адпачнём дзень-другі, сходзім у сельсавет, тады перастанеш сумнявацца,— прыхінуў яе Барыс да сябе, потым падняўся, ускінуў на плячо вузел з рабочым адзеннем, якое прыхапілі, каб памыць, скіраваў да выхада.

— Мне ж трэба развод аформіць,— сказала яна, калі выйшлі з аўтобуса.

— Тады абыдземся без гэтых фармальнасцей. Пакінем на восень, часу будзе болей,— ён моцна піхнуў кірзачом брамку, тая з грукатам сарвалася з клямкі. Барыс спыніўся, выкінуў левую руку ўперад.— Прашу, гаспадыня!

Яна з нечаканай разгубленасцю на твары моўчкі прайшла ў двор.

Маці Барыса ў сенцах таўкла качаргой неабіраную бульбу ў нізкай і шырокай ражцы. Яна ніколькі не здзівілася іх з’яўленню, нібы яны заўсёды жылі разам і не былі ў доўгай адлучцы, а выйшлі з хаты на якую хвілінку ды зноў вяртаюцца назад.

— Вось і добра, што прыйшлі,— сказала Акуліна Філатаўна.— Абедаць будзем разам, я якраз збіралася,— і яна абскрэбла драўлянай рыдлёвачкай з качаргі наліплую бульбу, паставіла качаргу ў куток за дзвярыма, а сама пайшла ў хату. І адразу ж забрынчала засланкай у печы.— Мыйце рукі ды садзіцеся. Можа ж, галодныя?

Барыс сеў за стол, акінуў позіркам талеркі з баршчом, агуркамі, тушонай бульбай, папрасіў:

— Мама, а можа б, па кроплі? Усё-такі твой сын як-ніяк ачалавечыўся, так што... Можа, і Нініных бацькоў паклікалі б?

— Паклічам,— неяк няпэўна адказала жанчына і, убачыўшы на твары нявесткі засмучанасць, дадала з большай рашучасцю: — Вядома, паклічам. Без гэтага ніяк нельга. Падрыхтуемся і паклічам. Не клікаць жа на боршч.

І ўсё ж яна прынесла маладым запыленую бутэльку хатняй вішнёўкі.

Пасля абеду Акуліна Філатаўна сабрала посуд са стала, памыла — нявестцы не дазволіла, сказала маладым, каб адпачывалі.

— Мабыць жа, стаміліся з дарогі, а я пакуль на рэчцы перамыю, што там у вашых вузлах.

— Не трэба,— спыніў яе Барыс.— Спяшацца нечага, памые і Ніна. Там нашы робы, іх трэба не ў рэчцы, а якім парашком.

— І праўда ж,— неяк паныла сказала Ніна. Яна засмуцілася, але не тым, што ёй давядзецца мыць тыя замусоленыя робы, а тым, як сказаў пра гэта Барыс: узяў і загадаў ёй, нібы яна і не раўня яму, а якая падначаленая.— Я не стамілася, магу нават і зараз.

— Зараз не трэба,— зноў у Барыса той жа ўладны тон, на які, праўда, зрэдку ён збіваўся яшчэ там, на балоце.— Адпачні, Нінка, сёння і так нахадзіліся.

— Ды я не стамілася,— стаяла на сваім яна.

— Усё роўна не трэба,— не пускаў яе Барыс.

— Добра, памыю іншы раз, а цяпер збегаю дамоў,— сказала Ніна.— А то, можа ж, мае бачылі, як ішла. Пакрыўдзяцца, калі не загляну.

— Сходзім разам. Адпачнём і сходзім,— у голасе Барыса адчувалася нецярплівая раздражнёнасць: не любіў, калі пярэчылі яму.

— Хай збегае,— падтрымала яе свякруха.— Ёй перагаварыць жа пра ўсялякае трэба, а потым разам сходзіце,— відаць, яна добра ведала пра настрой бацькоў Ніны і не хацела пускаць туды сына, пакуль не сходзіць нявестка.

Ніна які час пастаяла ў роздуме, нібы яшчэ вагалася, а потым моўчкі выйшла з хаты.

У двары праз штыкет яна ўбачыла сваю маці, якая якраз вярталася з агарода з абярэмкам бацвіння. Ніна спынілася на ганку, чакала. Параска Андрэеўна зайшла ў двор, кінула бацвінне на зямлю, выцерла рукі аб спадніцу і нібы толькі зараз убачыла дачку.

— А-а, гэта ты...

— Не рада, ці што, мамачка?

— Рада, аж танцую,— Параска Андрэеўна прайшла паўз яе ў хату.

— Дык, можа, ісці назад? — Ніна ледзь трымалася, каб не заплакаць.

Параска Андрэеўна спынілася ў сенцах, глянула на дачку праз плячо:

— А чаго ж тады не пыталася, калі пабегла на балота?.. І не папярэдзіла. Мы з Пятром тваім ды бацькам ледзь не ўсю вёску перавярнулі. Пётр хацеў у міліцыю заяўляць, ды бацька твой спыніў.

— Я ж перадавала і пісала.

— Перадавала... Калі перадавала? На трэці дзень? Пісала. Малайчына. Не забыла зусім. Ну, чаго стаіш? Пайшлі. Паглядзіш, да чаго дабегалася.

Ніна прайшла за маці ў светлую палавіну хаты і ўбачыла ля канапы на падлозе свае два чамаданы, вузел з пасцеллю, паліто, звязкі кніг,— адным словам, усё, што яна пакінула на гарадской кватэры. Нават тапачкі. Яе ажно рассмяшылі гэтыя тапачкі, з растаптанымі заднікамі, яны стаялі так, нібы Ніна толькі што скінула іх з ног.

— З тыдзень таму прывёз.

— І што сказаў? — пацікавілася Ніна.

— А што ён скажа?

— Мала што.

— Прыехаў на легкавушцы з нейкім. Моўчкі занёс у хату, паставіў. І паехаў... Ой, дачушка, біць цябе трэба, біць і прыслухоўвацца, ці дыхаеш. А потым яшчэ...

— Няўжо я так нашкодзіла? — павесялела Ніна, бо ўбачыла, што маці гаворыць без ранейшай пакрыўджанасці: значыцца, даравала.

— Гэта ж трэба,— працягвала абурана старая, але болей для прыліку ўжо.— Такі хлопец. Добры, клапатлівы, прыгожы. З сям’і харошай. А як ён шанаваў цябе! Думаеш, сляпая, не бачыла? Усё бачыла. Думала, хоць дачка пажыве. Ён жа плакаў той раз, калі ты збегла. Далёка твайму Барысу да яго. Гэты шанаваць так не будзе, сам любіць, каб яго шанавалі... А як жа! Рос у мамачкі адзіненькі ды любіменькі... Не захацела шчасця свайго, цяпер капайся ў балоце са сваім Барысам. Акрамя жаб, нічога не пабачыш. Ды, не дай бог, піць пачне. Тады паспытаеш гора. Ой, пагляджу, як цяпер некаторыя п’юць, толькі дзівішся, як яшчэ пасля гэтага жывуць. Ой, дачушка! — і яна, разжалобіўшы сама сябе, выцерла слёзы.

— Не трэба, мама, усё будзе добра,— як мага ласкавей сказала дачка і, каб перавесці гаворку на іншае, паставіла чамадан на канапу, адчыніла.— Паглядзім, як і што тут...

Усё было адпрасавана, акуратна складзена — няўжо сам прасаваў, складваў?

— Мо чаго нямашака? — пацікавілася маці.

— Усё ёсць,— усміхнулася Ніна.— І памыта і папрасавана.

— Гэты не памые і не папрасуе,— буркнула Параска Андрэеўна.

— Ой, мама,— Ніна падышла да маці, абняла, прыхінулася да яе пляча.— Прыйшла ў госці, а ты... Ну, выгані сваю дачку, выгані... Скажы, я пайду.

— Ужо і пабурчаць нельга,— шморгнула носам Параска Андрэеўна,— хто ж на цябе тады і пабурчыць, як не матка родная,— і яна расплакалася.

— Ну, чаго ты, мама?

Параска Андрэеўна нічога не адказала, супакоілася і ўжо будзённым голасам спытала:

— Есці хочаш?

— Мы паабедалі.

— А дзе ж Барыс?

— Спіць.

— Дык прыходзьце ж увечары. Старому скажу, каб баньку прапаліў. А потым збярэмся, пасядзім.

— Дагаварыліся ж, каб у іх пасядзець.

— Ну, няхай і ў іх,— не пярэчыла Параска Андрэеўна.

Барыс не хадзіў на работу і пасля таго, як скончыліся ўсе яго адгулы, бо на балоце пакуль што не было чаго рабіць. А Ніну зусім разлічылі, але сказалі, што пры першай жа патрэбе яе зноў паклічуць. Толькі не сказалі, калі ж тая патрэба будзе. І яны з Барысам днямі прападалі то на рэчцы, то ў лесе. Дома амаль нічога не рабілі, ды ім, як маладым, і не давалі нічога рабіць. («Пагуляйце, пакуль гуляецца, а то хутка скончацца вашы гулі».)

Неяк яны, Барыс і Ніна, вярнуліся з лесу і прынеслі ледзь не кошык лісічак. Сядзелі ў парозе, перабіралі, а Акуліна Філатаўна кідала іх у кіпень, які булькаў на газавай пліце адразу ў дзвюх каструлях — сабе адна каструля, а другая для маці Ніны, Параскі Андрэеўны.

У хату, пастукаўшы ў дзверы і не дачакаўшыся адказу, зайшоў старшыня мясцовага калгаса Жук. Ён быў у джынсавых штанах са скуранымі нашлёпкамі на кішэнях і белай расхрыстанай тэнісцы.

— Заходзьце, заходзьце, Леанід Паўлавіч,— Акуліна Філатаўна схапіла табурэтку, абмахнула яе падолам, паставіла ля кухоннага століка.— Сядайце, калі ласка.

— А-а, як ведаў, што тут лісічкі...— Ён сеў на табурэтку, падцягнуў калашыны, відаць, яны ціснулі яму ў каленях.— Дык як жывяце?

— Ды я не скарджуся. І пенсія добрая, і сена калгас даў, так што жыць можна.

— Цяпер, Акуліна Філатаўна, без пенсіянераў ні туды ні сюды. Я проста прападу, калі страчу сувязь з вамі. Цяпер у мяне і засталіся адны пенсіянеры. Цяпер, я скажу табе, Філатаўна, уся сіла ў пенсіянерах. Можа ж, глядзіш тэлевізар? Хто там спявае? Як які хор з вёскі ці з раёна — адны пенсіянеры. І зразумела, моладзі ў вёсках небагата, а культуру трэба развіваць, вось і развіваем так званую этнаграфічную самадзейнасць... Яно падумаць, Філатаўна, дык пенсіянерам толькі і спяваць. Часу вольнага багата, не тое што ў маладых. Маладым во яшчэ хочацца і па лісічкі збегаць, і пазагараць на рэчцы, ды і ад работы пакуль што іх ніхто не вызваліў... Прыйшоў, Філатаўна, прасіць цябе пайсці загадчыкам клуба... Бо мне ў райкоме сказалі, што я вельмі запусціў культурную работу ў калгасе.

— Што ты, Паўлавіч. Які ж з мяне загадчык? — адмахнулася Акуліна Філатаўна.— Ніколі ў жыцці не была ніякім загадчыкам.

— Не была, а цяпер пабудзеш. Пенсія ды сто рублёў зарплаты. Хіба дрэнна? — старшыня, здавалася, гаварыў вельмі сур’ёзна.

— Ой, Паўлавіч, мне і тысячы не трэба. Я ледзь у двары ўпраўляюся. Няма ўжо сілы, Паўлавіч.

— Ну, а што мне рабіць, калі твая нявестка не хоча ісці ў клуб? Я ніколькі не буду супраць, калі ты адправіш яе замест сябе.

— Ну і Паўлавіч, ну і Паўлавіч,— смяялася Акуліна Філатаўна, задаволеная тым, што сам старшыня прыехаў запрашаць на работу яе нявестку.— Няхай сама і думае...

— Як, Ніна Пятроўна? — звярнуўся старшыня да Ніны.— З якога чысла пачынаем?

Ніна, трэба сказаць, абрадавалася такой прапанове. Яна і сама апошні час думала, каб вярнуцца зноў у клуб, нават неяк сказала пра гэта Барысу, аднак той не пагадзіўся з ёй: маўляў, пераедзем у райцэнтр, дзе павінны ім даць кватэру, дык які сэнс уладкоўвацца тут, у калгасе. Ніна пасля таго не загаворвала з ім болей. І цяпер, бачыла, Барыс ніколькі не абрадаваўся, сядзеў насуплены, маўклівы.

— Як, Барыс? — спытала Ніна.

— Падумаем,— адказаў Барыс, не падымаючы вачэй.

— А што тут думаць? — засмяяўся старшыня.

— Хіба гарыць? — насуплена спытаў Барыс.

— Так-так,— пастукаў пальцамі па стале Жук.— А я думаў, у мяне будзе вясёлы механізатар. Люблю вясёлых людзей, а ты, браце, занадта сур’ёзны. Але мне сур’ёзныя патрэбны таксама. Га, Барыс, сын Іванаў? Можа, асядлаеш «Беларусь»? Калі ты будзеш і на трактары такі сур’ёзны, як цяпер, трыста ў месяц гарантую. Не меней. А будзеш працаваць весела, дык, можа, і болей. Падумаем, Барыс Іванавіч? А там, у цэнтры, і кватэра з усімі выгодамі. Распачалі будаваць.— Жук падняўся, але не пайшоў, затрымаўся, чакаючы ад яго адказу.

— Дык вы не спяшайцеся, Паўлавіч,— папрасіла яго Акуліна Філатаўна.— Зараз во лісічкі будуць.

— Дзякую. Няма за што, Філатаўна, мяне частаваць лісічкамі: не ўмею, так сказаць, працаваць з моладдзю. Ну, бывайце, маладыя людзі,— і ён скіраваў да дзвярэй.— Усяго добрага вам, Акуліна Філатаўна.

— Яны яшчэ падумаюць, Паўлавіч, падумаюць...— праводзіла старая старшыню аж на вуліцу.

— Дык што будзем рабіць? — спытала Ніна ў мужа. Барыс маўчаў, нібы і на самой справе меркаваў, што яму рабіць.— Работу я ведаю. Люблю. Работа не цяжкая. Занятая вечарамі, затое днём дома.

— Вось іменна,— буркнуў Барыс.

— Што іменна? — насцярожылася Ніна.

— Я дзень на рабоце, ты вечар... Сустракай цябе кожны раз, а калі спаць?

— Ніхто мяне не ўкрадзе,— усміхнулася Ніна, але ўсмешка атрымалася нейкая няўдалая.

— А потым...

— Што потым?

— Танцулькі розныя, канцэрцікі, аглядзікі...

— Не верыш?

— Я раз паверыў,— і, убачыўшы, як спахмурнела Ніна, паправіўся: — І на ўсё жыццё, але... П'яныя ўсялякія хлюсты. Прыжэніцца які. Я ведаю, нічога не здарыцца, але...

Барыс замаўчаў. Маўчала і Ніна. Сядзела панылая, забыўшыся нават пра лісічкі. Маці, вярнуўшыся ў хату, па гэтым зацятым маўчанні зразумела, што паміж маладымі нешта адбылося.

— Думаеце? — яна звярнулася адразу да абаіх, памаўчала, не ведаючы, што далей казаць, засмяялася.— Во часы насталі. Сам старшыня дамоў прыязджае, просіць на работу... А мы не радуемся, а яшчэ думаем. Па мне ж дык і думаць нечага. Каб мне такое ў свой час, можа, не так хутка і старасць прыйшла б. А то як успомню, як даіла тых кароў ды сена, салому цягала, гной вычышчала... Адкуль толькі тыя сілы браліся? А ніякай жа механізацыі... А тут у рукі работа ідзе. Чыстая, культурная. І сто рублёў. Што яшчэ трэба для жанчыны?.. Ці жаноцкае гэта дзела па балотах цягацца?

— Вось што,— сказаў Барыс так, нібы і не чуў маці, а працягваў разважанні з жонкай.— Калі застануся ў меліярацыі, то нечага хадзіць у той клуб. Перабяромся ў райцэнтр, і тады дзе хочаш, там і працуй. А калі дам згоду на трактарыста, пойдзеш у клуб. Я заўтра схаджу ў іх кантору, пацікаўлюся, як і што там...

 

11

Кузьмянок сам паехаў на партыйны справаздачна-выбарчы сход да меліяратараў.

Яму хацелася паслухаць даклад Дубаўца — цікава, што ён скажа пра свой ад'езд на вучобу. Заадно хацелася паглядзець, як сакратар трымаецца перад камуністамі, а галоўнае, як камуністы ацэньваюць яго работу і яго самога.

Дубавец — у строгім чорным гарнітуры, пад гальштукам — стаяў за нізенькай для яго трыбунай крыху прыгорблены і чытаў, амаль не адрываючыся ад паперы. Адчувалася, што кожнае слова было абдумана, узважана. Нічога лішняга. Важка, коратка, ясна. І ні слова пра свае нязгоды з дырэктарам.

«Малайчына,— падумаў Кузьмянок,— на дробязі не разменьваецца».

І ўсе, хто выступаў потым, гаварылі толькі пра тыя праблемы, якія ўзняў у сваім дакладзе Дубавец, і маўчалі пра адносіны Дубаўца і Катлова, нібы паміж абодвума кіраўнікамі і не было ніякага канфлікту. Гэта крыху засмуціла Кузьмянка: ён чакаў, што камуністы будуць абараняць свайго сакратара,— падтрымалі ж яны яго на бюро,— прапаноўваць пакінуць у арганізацыі, не адпраўляць на вучобу. А яны нібы знарок маўчалі. Ці ведалі, што Дубавец накіроўваецца на вучобу па рашэнню райкома партыі і, паважаючы Кузьмянка, не гаварылі пра гэта.

Але адразу ж пасля выступлення бухгалтара ўсё змянілася. Як толькі бухгалтар сказаў, што Дубавец не разумее значэння дзяржаўнага плана — гэта праявілася ў рашэнні спыніць работы на Альхоўскім аб’екце, што адбілася на вытворчых паказчыках упраўлення і на заробках рабочых,— то ў зале нехта аж прысвіснуў, а па радах прабег стрыманы пошум.

Кузьмянок больш уважліва паглядваў на Дубаўца. Сядзіць засяроджаны, прыкметна напружаны. Часта чухае патыліцу, хутчэй, вядома, па звычцы, не ўсведамляючы гэтага жэсту. Здаецца, хлопец адчувае настрой аўдыторыі.

Кузьмянок перавёў погляд на Катлова. Сядзіць супакоены, нават радасны, што ідзе ўсё так гладка. Няўжо Катлоў не навучыўся разумець псіхалогію калектыву?

А можа, наогул развучыўся гэта рабіць? А можа, і не ўмеў? Вядома, ён прыроджаны гаспадарнік, але і гаспадарніку трэба ж арыентавацца ў людзях.

«Вось, здаецца, выступілі ўсе,— думаў Кузьмянок.— Але так і не сказана нічога такога, што трэба было б растлумачыць прысутным».

Падняўся Гаварушка.

— Я з месца,— сказаў ён глухаватым голасам, потым кашлянуў і загаварыў гучней. Па голасу, які часта перапыняўся, і па чырвані, што заліла яго круглы твар, нібы чалавек толькі з лазні выскачыў, было відаць, што ён вельмі хвалюецца.— Я вось чаго не разумею, і мае суседзі таксама не разумеюць. Дубаўца пасылаюць на вучобу. Ну, што ж, вучоба — справа патрэбная, разумею, сам завочна вучуся, так што, як кажуць, практычна адчуваю. Але адно пытанне. Каго і калі вучыць? І якой навуцы? Вось наш Дубавец. Нядаўна скончыў інстытут. Якой навуцы вучыць такога чалавека? Думаю, што яго трэба вучыць прымяняць свае веды на практыцы. У нас ён і вучыцца іх прымяняць. Я лічу, не трэба яму перашкаджаць. Вось калі ў яго не будзе хапаць гэтых ведаў, так сказаць, чалавек не зможа забяспечыць даручаны ўчастак, тады абавязкова трэба вучыцца, калі хочаш, каб гэты самы прагрэс не спіхнуў цябе з дарогі. У сувязі з гэтым у нас такое пытанне. Навошта адпраўляць вучыцца Дубаўца? Растлумачце, калі ласка, а то ў нас тут усялякае гавораць.

— А што гавораць? — спытаў весела Катлоў.

— Ну, што вы, Васіль Міхайлавіч, супраць, каб парторгам быў Дубавец! Не палюбілі, так сказаць, адзін аднаго,— усміхнуўся Гаварушка.— Дык скажыце, калектывам паспрабуем як-небудзь памірыць вас,— і Гаварушка сеў.

У зале спачатку загулі, а потым, як па камандзе, сціхлі. Усе чакалі, што скажа Катлоў.

— Разумееце, таварыш Гаварушка,— пачаў дружалюбна Катлоў.— Дубавец здольны, ініцыятыўны, недзе нават таленавіты арганізатар. У будучым, у недалёкім будучым,— паправіўся Катлоў,— з яго атрымаецца кіраўнік, і не просты, а, як кажуць, з размахам, з дзяржаўным размахам. Маштабны, так сказаць. Але...— Катлоў зрабіў паўзу, агледзеў усіх, патрабуючы да сябе асаблівай увагі.— Але яму не хапае вопыту. Практычнага, а галоўнае, палітычнага. Глыбіні разумення. Гэта выявілася ў гісторыі асушэння басейна Альхоўкі. Праект быў зацверджаны, адпушчаны сродкі, так сказаць, запушчана машына... Але непрадбачаныя абставіны. Плывуны. Няшчасце, канечне. У той час, як мы шукаем выйсця з гэтага становішча, Дубавец склікае партыйнае бюро і навязвае яму рашэнне — спыніць работы на аб’екце. Чаму? Ды таму, што ён вырас на Альхоўцы, любіць свой родны кут, як і ўсе мы любім свой родны кут, і не хоча, каб псавалі прыроду ля яго вёскі. Дарэчы, пад гэты настрой падпалі і некаторыя члены бюро, вёскі якіх таксама стаяць на Альхоўцы. Людзі, а ў першую чаргу сам Дубавец, не змаглі размежаваць асабістае і агульнадзяржаўнае, не змаглі адолець асабістае ў імя агульнанароднага. Скажам чэсна, не выспеў яшчэ Дубавец Іван Кірылавіч як палітычны дзеяч. І таму вучоба яму будзе вельмі карыснай. Яго пасылаюць вучыцца, каб захаваць яго як кіраўніка, бясспрэчна, здольнага і энергічнага чалавека. Правільна я растлумачыў? — звярнуўся ён да Кузьмянка.

Кузьмянок толькі ўсміхнуўся: няхай будзе і так. Але, глянуўшы на Дубаўца, які насупіўся, падаўшыся ўсёй паставай наперад, зразумеў, што той не згодзен з тлумачэннем Катлова і, відаць, будзе выступаць, і пашкадаваў, што не выступіў сам, не растлумачыў. Катлоў у прынцыпе адказаў правільна, вось толькі не чапаў бы гэтае асабістае і дзяржаўнае, яно, відаць, і было б добра. А то раптам Дубавец пачне аспрэчваць Катлова? Ва ўсялякім выпадку, ён нешта збіраецца гаварыць...

ЗАКЛЮЧНАЕ СЛОВА ПАРТОРГА

Я не думаў браць заключнае слова, але мяне абвінавацілі ў самым недаравальным для камуніста ўчынку, а іменна ў тым, што я пераблытаў асабістае і грамадскае, у сваёй рабоце пачаў кіравацца асабістымі інтарэсамі, больш таго, нібы і членаў бюро падбухторыў да гэтага ж. І таму я мушу растлумачыць свае паводзіны, каб усе ведалі, чаго я тут хацеў, чаго дамагаўся... Так, гэта правільна, што мая барацьба з поглядамі Катлова на меліярацыю, з яго дзеяннямі пачалася іменна з таго моманту, як над ракой Альхоўкай навісла пагроза яе поўнага знішчэння. Гэта праўда, што Альхоўка для мяне не проста чыстая і рыбная рачулка, што пралягла праз лугі, дубровы і сасновыя бары, а мая родная рачулка, на якой я вырас і якая засталася ў маім сэрцы на ўсё жыццё. Болей таго, я не магу ўявіць сваіх мясцін без Альхоўкі.

Знішчыць Альхоўку азначае знішчыць маё дзяцінства, маё юнацтва. Але, таварышы, усё гэта ўяўляецца мне далёка не асабістым, і не толькі таму, што Альхоўка дарагая ўсім, хто ўбачыў свет і вырас на яе берагах, а таму і галоўным чынам таму, што гаворка ідзе аб адносінах чалавека да прыроды наогул, аб адносінах кожнага з нас да гэтай надзвычай актуальнай праблемы сёння. Бо як нідзе, тут інтарэсы кожнага з нас зліваюцца з інтарэсамі грамадства, бо нельга супрацьпастаўляць асабістае і грамадскае там, дзе ідзе гаворка аб жыцці людзей наогул, а значыцца і аб жыцці калі не кожнага з нас, дык дзяцей нашых пэўна.

Чалавек заўсёды называў прыроду сваёй маці, сваёй калыскай і ў той жа час адносіўся да яе як няўдзячны сын, нават, мала сказаць, па-варварску. Чалавек бяздумна браў ад яе ўсё, што трэба было яму для жыцця, і з кожным стагоддзем браў усё болей і болей, і з кожным стагоддзем яго апетыты раслі, і пры гэтым ён усё больш гучна і нахабна трубіў аб пакарэнні прыроды, аб сваіх новых перамогах над ёй, і ў гэтых перамогах яшчэ да нядаўняга часу знаходзіў сабе славу, бачыў у іх свой гонар, сваё прызначэнне на зямлі, больш таго, многія і сёння яшчэ не адмовіліся ад сваіх драпежніцкіх парыванняў, забыўшыся, што кожны з нас — дзіця прыроды, і кожны з нас без яе проста асуджаны на пагібель.

Але нашы продкі не задумваліся пра гэта, не задумваліся, калі выпальвалі на вялікіх плошчах лясы, каб сеяць жыта, даючы волю вятрам і эрозіі глебы, не задумваліся, калі выпасвалі хатнюю жывёлу на лугах да таго, пакуль там не ўтваралася пустыня, а потым перасяляліся на новыя месцы; не задумваліся, калі спускалі ў рэкі сцёкавую ваду ад сваіх паселішчаў і невялікіх яшчэ тады гарадоў, нашы продкі не задумваліся над усім гэтым, бо перад імі прырода была яшчэ бясконцай, перад імі было яшчэ багата наперадзе неабжытых прастораў, і яны не вучыліся, ды і не было практычнай патрэбы ў гэтым, разумнаму карыстанню прыроднымі багаццямі.

Сёння ж чалавецтва асвоіла і абжыло кожны кавалачак зямлі, які можна было толькі асвоіць і абжыць. Карацей кажучы, мы дайшлі да той чырвонай мяжы, пераступаць якую без дэталёвай навуковай разведкі вельмі і вельмі рызыкоўна. Цяпер кожнае, нават самае нязначнае, умяшанне ў прыроду можа прывесці да такіх вынікаў, якіх мы і не чакаем.

Чалавецтва, асабліва апошні час, усё болей і болей пачало прыглядацца да забалочаных ці да перасушаных зямель, якімі раней не карысталася і якія сёння хоча прымусіць працаваць на карысць сабе. Меліярацыя зямель набыла вялізныя маштабы і яшчэ большыя набудзе ў недалёкай будучыні, бо нельга спыніць прагрэс, нельга спыніць развіццё грамадства, нельга перашкодзіць чалавеку рабіць сваё жыццё лепшым і лепшым. І менавіта таму меліярацыя зямель набывае сёння адну з самых актыўных форм умяшання чалавека ў прыроду, у яе перабудову. І таму тут, у меліярацыі, вельмі рызыкоўная і небяспечная ўсялякая легкадумнасць, адсутнасць навуковага, паўтараю, навуковага падыходу да кожнай праблемы, вялікай і малой, бо сёння нават невялікае ўмяшанне ў прыроду ў адным месцы дае адразу ж адчуць сябе ў другім.

Тут мяне назвалі ледзь не ворагам меліярацыі. Так, я вораг, вораг бяздумнага ўмяшання ў прыроду. Я за меліярацыю, але толькі за такую, якая б не парушала раўнавагі ў прыродзе, а рабіла б яе яшчэ больш устойлівай, якая б не пагаршала прыроду, а рабіла б яе яшчэ больш прыгожай і больш магутнай у сваіх творчых праявах, я за меліярацыю на дасканала выверанай навуковай аснове.

Гісторыя нямала ведае павучальных прыкладаў, калі знішчалася прырода на вялікіх плошчах, бо людзі, не ўзброеныя навуковымі ведамі, хацелі ад яе болей, чым яна магла даць.

Прыкладамі можа з’яўляцца знішчэнне лясоў на вялікіх плошчах, асабліва ў горных раёнах свету, пасля чаго вырасла да нябачных раней памераў эрозія глебы, панізіўся ўзровень грунтовай вады, высахлі крыніцы і рэкі,— у выніку ўсё гэта прывяло да апусташэння значных раёнаў свету. Агаліліся Горы Грэцыі, былі знішчаны ўшчэнт кедравыя лясы Лівана, аблыселі Еўропа, Амерыка. Хаця цывілізацыя прыйшла ў Амерыку пазней, але Амерыка пастаралася не толькі не адстаць ад Старога свету, а яшчэ ў многіх варварскіх праявах у адносінах да прыроды і абагнаць яго. Толькі за апошнія два-тры стагоддзі колькасць лясоў у свеце паменшылася ўдвая. І якую ж узнагароду атрымаў чалавек за такую актыўнасць? За сто гадоў эрозія знішчыла на планеце больш двух мільярдаў гектараў урадлівай глебы. Палова гэтай зямлі стала пустыняй, палова ж проста страціла сваю біялагічную актыўнасць.

А колькі гумусу зносіць вецер з урадлівых палеткаў?

У 1934 годзе з Вялікіх раўнін ЗША ўраганы знеслі больш трохсот мільёнаў тон гумусу. Бурай былі знішчаны тысячы гектараў урадлівых зямель. У Еўропе больш пяцідзесяці мільёнаў гектараў падвяргаецца воднай эрозіі. Разараўшы стэпы ў Расіі, чалавек стварыў умовы для ветравой эрозіі зямель на вялікіх плошчах. Так, у Варонежскай, Растоўскай, Саратаўскай, Курскай і інш. абласцях штогодна спісваецца шмат зямель. У Арменіі на значных плошчах цалкам змыты ворны слой зямлі. У Азербайджане таксама шмат тэрыторый падвергнута воднай эрозіі. На Украіне багата зямель зааўражана. Ветравая эрозія часткова захапіла і нашу рэспубліку. Штогоднія страты ў краіне ад эрозіі глебы вельмі вялікія. Калі мы будзем гаспадарыць так і далей, то да канца гэтага стагоддзя чалавецтва страціць яшчэ 700 млн. гектараў глебы. Дарэчы, на ўтварэнне 2—З сантыметраў яе прырода затрачвае каля тысячы гадоў.

Козы, авечкі нанеслі непапраўную шкоду прыродзе Грэцыі, знішчылі лугі ў Турцыі, у Татрах, высакагорныя лугі на востраве Святой Алены.

Пустыні Паўночнай Афрыкі, сярод іх самая вялікая — Сахара, пустыні Аравіі, Індыі, Месапатаміі, Ірана, Аўстрыі, Цэнтральнай Азіі ўтварыліся пад уплывам жывёлагадоўлі.

У выніку адсутнасці элементарных ведаў, у выніку наіўнай веры ў бясконцасць прыроды цэлыя цывілізацыі, якія квітнелі ў свой час, назаўсёды зніклі з твару зямлі. Такім чынам, у вайне, аб’яўленай чалавекам прыродзе, прайграе не толькі прырода, а чалавек таксама.

Людзі, вядома, заўважалі адмоўныя вынікі свайго ўздзеяння на прыроду і стараліся неяк абмежаваць сваю дзейнасць у гэтым кірунку. Такія спробы былі ў старадаўніх дзяржавах: Кіеўскай Русі, Егіпце, Вавілоне, у краінах Далёкага Усходу, Індыі, у краінах нашага Закаўказзя. У пятым стагоддзі да нашай эры Платон раіў разводзіць лясы на ўзвышшах Атыкі для барацьбы з эрозіяй. Вядома, што ў XIV стагоддзі была створана спецыяльная арганізацыя, здаецца, у Францыі, якая павінна была сачыць за захаваннем лясных і водных багаццяў. Яраслаў Мудры абмяжоўваў промысел дзікіх звяроў і птушак. Рускі цар Пётр Першы стварыў ляснічае ўпраўленне, якое сачыла за рацыянальным выкарыстаннем лясоў. Забаранялася, напрыклад, высякаць лясы паўз рэкі... А пазней у многіх краінах узнікаюць таварыствы па захаванню прыроды. Перадавыя вучоныя свайго часу заклікалі да рацыянальнага карыстання прыродай. Але кардынальна гэтая праблема так і не была вырашана. Па-першае, людзі не мелі дастатковых ведаў аб узаемаадносінах у прыродзе — дарэчы, мы і цяпер не можам пахваліцца такімі ведамі, хаця ведаем і нямала,— а галоўнае, у грамадстве, дзе панавалі і пануюць драпежніцкія законы, дзе капіталісты думалі і думаюць аб уласных інтарэсах, а не аб інтарэсах грамадства, і нельга было вырашыць гэтыя праблемы. Ніякі капіталіст не стане садзіць лясныя палосы на сваёй зямлі, калі карысць ад гэтага будзе суседу.

Велізарныя магчымасці для сапраўды рацыянальнага карыстання дабротамі прыроды адкрыліся перад намі, людзьмі сацыялістычнага грамадства, дзе галоўным законам жыцця стаў клопат пра дабрабыт не асобных абраннікаў грамадства, а ўсіх яго членаў, дзе вузкае і бесперспектыўнае ўласніцкае «маё» заменена ўсеагульным, адкрываючым прастор для творчай энергіі мас, словам «наша». Прырода стала нашай ад вішанькі пад вокнамі ў гародчыку кожнага з нас да неабсяжных прастораў сусвету. Нам жыць у гэтым асяроддзі і нам клапаціцца пра яго.

У нашай краіне заўсёды надавалася першаступеннае значэнне рацыянальнаму, навукова абгрунтаванаму карыстанню багаццямі прыроды. У першыя ж дні Савецкай улады было зацверджана больш двухсот дэкрэтаў і распараджэнняў аб ахове прыроды. Каля дзевяноста з іх было падпісана самім Леніным. У нялёгкім васемнаццатым падпісваецца дэкрэт аб лясах. Дэкрэтам катэгарычна забаранялася высякаць лясы там, дзе яны дапамагаюць захоўваць зямлю ад ветравой эрозіі, замацоўваюць берагі рэк, спыняюць пяскі.

Ленін асабліва падкрэсліваў неабходнасць навуковага падыходу да карыстання прыродай.

У 1924 годзе ствараецца Усесаюзнае таварыства па ахове прыроды.

У самы цяжкі перыяд Вялікай Айчыннай вайны друкуецца ўрадавая пастанова аб лесе, у выніку чаго былі выратаваны ад знішчэння лясныя масівы вакол гарадоў.

Адразу ж пасля вайны для барацьбы з засухай урад вырашае пачаць садзіць лясныя палосы.

Апошні час урад зацвердзіў некалькі вельмі важных законаў аб карыстанні зямлёй, вадой, лясамі, зямнымі нетрамі. Ахова прыроды стала адной з галоўных задач грамадства ў перыяд будаўніцтва камунізма.

Акаляючае асяроддзе сёння мяняецца вельмі хутка, і мяняецца не ў лепшы бок. У такіх умовах кожнае новае ўмяшанне ў прыроду проста недапушчальнае без дасканалай навуковай разведкі, без дакладнага вызначэння, да якіх вынікаў гэтае ўмяшанне прывядзе.

Меліярацыя ў нас вядзецца ў вялізных маштабах, і яна будзе пашырацца яшчэ. Працуючы на самым перадавым рубяжы пераўтварэння прыроды на вялікіх прасторах, мы не маем права быць легкадумнымі, павінны яшчэ з большай адказнасцю падыходзіць да свае работы. Меліярацыя сёння павінна весціся на зусім новым якасным узроўні. У нашай краіне больш двухсот мільёнаў гектараў забалочаных зямель. Цяжка ўявіць, да якіх змен у прыродзе можа прывесці іх асушэнне, калі мы зробім яго так, як рабілі да гэтага часу. А, на вялікі жаль, мы не вельмі далёка пайшлі наперад у параўнанні з нашымі папярэднікамі. Некалі, яшчэ ў дзесятым стагоддзі, на Русі асушаліся землі для будаўніцтва гарадоў. Для гэтага капалі канавы і спускалі ваду. Капалі канавы для асушэння балот і ў дзевятнаццатым стагоддзі ў Пскоўскай, Смаленскай, Віцебскай губернях. У Беларусі капалі канавы для асушэння балот князі Радзівілы. Канал Агінскага і Каралеўскі (Днепра-Бугскі) канал садзейнічалі асушэнню акаляючых зямель. У канцы мінулага стагоддзя з мэтай асушэння балот капала канавы і каналы так званая Заходняя экспедыцыя генерала І. І. Жылінскага. Экспедыцыя накапала багата канаў. Ачысціла і адрэгулявала каля 130 кіламетраў рэчак, асушыла каля мільёна гектараў балот і забалочаных зямель. Мы таксама яшчэ зусім нядаўна капалі канавы і спускалі ваду. Праўда, некалі палешукі капалі канавы рыдлёўкамі, цяпер у наступ на балоты пайшлі экскаватары. Але і гэтая магутная і разумная тэхніка капае ўсё тыя ж канавы. Толькі ў вялікіх маштабах. Скідвалі з вялікіх плошчаў ваду ў акіян. А яшчэ той жа І. Жылінскі гаварыў, што вада павінна садзейнічаць найбольш поўнаму росквіту гаспадаркі. І калі ўлетку прыпякала сонейка, не ішлі дажджы і над нашымі пераасушанымі тарфянікамі вецер узнімаў воблакі пылу, мы ўспаміналі пра вадзіцу, якую ж самі спусцілі ў мора і якую ніякай сілай ужо не маглі вярнуць назад. Спахапіліся і пачалі будаваць сістэмы так званага двайнога рэгулявання. Набудавалі шлюзаў, якія, скінуўшы з іх лішнюю ваду, зачынялі наглуха. Але калі вада, што заставалася, высыхала, то зямельку паліць не было чым, бо ў большасці выпадкаў мы чамусьці забываліся будаваць вадасховішчы, а там, дзе пабудавалі іх, аказалася, што дрэнаж, на які ўскладалі надзеі, працуе дрэнна. Засмеціўся ці быў зроблены няякасна. Тады мы пачалі тэрмінова купляць і манціраваць дажджавальныя ўстаноўкі. Яны, цяжкія, каштуюць вялікія грошы, а галоўнае, для іх трэба ўсё тая ж вада, якую мы спусцілі ў рэчку. І тады мы цягнем трубы праз палі і лясы ад рэчкі... да нашага поля. Калі яшчэ ваду бярэ адна-дзве гаспадаркі, яе хапае, а раптам прыстасуюцца многія? Што будзе з рэчкай? А тут яшчэ і нафтавікі падключаюцца, бо ім таксама трэба вады багата, каб яе запампоўваць на глыбіні і пры яе дапамозе выціскаць з нетраў нафту. А рака выпрамленая, як струна, лішняй вады не трымае, цячэ хуценька, маленькая. Акрамя ўсяго, на ўсіх палетках ля такой ракі аселі грунтовыя воды, гінуць заліўныя лугі, лясы. Абмяленне рэк можа прывесці да пагібелі нашых азёр... Але я спадзяюся, што людзі, урэшце, зразумеюць, калі не зразумелі, што нельга раскідвацца такім багаццем, як вада, разлічаць, колькі вады трэба для нашага Палесся, узвядуць плаціны на малых рэках, пабудуюць вадасховішчы. Гэта будзе. Падлічваць мы навучыліся.

Я выступаю не супраць асушэння Альхоўскіх балот наогул, спрамлення той жа Альхоўкі, а супраць такога асушэння, якое мы распачалі. Хіба мы ведаем, чым усё гэта скончыцца для тых жа заліўных і каштоўных лугоў на яе берагах, для лясоў, што растуць навокал, для мікраклімату раёна! Як у выніку зменіцца акаляючае асяроддзе? Ці не парушым мы істотна біялагічную раўнавагу? Ці не набудуць змены ў прыродзе раптам шкодны для чалавека кірунак? Я не магу прымірыцца з тым, калі некаторыя гаспадарнікі падмяняюць ці стараюцца падмяніць законы прыроды сваімі валявымі рашэннямі, і тады канал раптам заплывае глеем, таму што, аказваецца, плывуны, пра якія не здагадваліся раней, не хочуць падпарадкоўвацца самаму строгаму і патрабавальнаму адміністратару.

Прырода не хоча дараваць нам, калі мы не лічымся з яе законамі. Чалавек павінен выпрацаваць мерку для сваіх паводзін у прыродзе, каб захаваць яе для сябе ж.

Нам часам здаецца, што калі мы выклікаем штучны дождж на абмежаванай тэрыторыі, лятаем у космас, то нам і падуладныя сілы прыроды. Але, на жаль, яшчэ многія свае сакрэты прырода не адкрыла чалавеку, і з гэтым нельга не лічыцца.

А цяпер некалькі слоў аб выкарыстанні асушаных тарфянікаў. Тарфянікі — каштоўная глеба. Пры разумным выкарыстанні яны змогуць служыць чалавеку даволі працяглы час. А іншы раз глядзіш на тое, як гаспадарым мы, дык міжволі думаеш, ці не збіраемся мы жыць толькі некалькі год, нібы ў нас няма дзяцей, не будзе ўнукаў. Сеем бульбу, жыта, капусту... І кожны год страчваем да сямі сантыметраў глебы. Пры такім гаспадаранні нашы тарфянікі хутка знікнуць. І што тады застанецца нашым дзецям? У нас на Палессі нямала прыкладаў, калі на паверхню выйшлі пяскі.

А на тых жа пясках не хоча расці нават самая непатрабавальная да ўмоў трава. На тарфяніках жа кармавыя травы будуць расці вельмі добра і, акрамя ўсяго, захаваюць іх ад разбурэння.

Не разумею, хто нам перашкаджае перавесці гаспадаркі на вытворчасць малака і мяса? План? Дык план жа складаюць людзі.

Чаго ж я дамагаюся?

Я хачу, каб на Палессі асушалі балоты, вырошчвалі на іх высокія травы, кармілі жывёлу, прадавалі дзяржаве багата малака і мяса. А галоўнае, ні каплі вады не скідвалі ў мора. Пакідалі тут. Каб мы не залежалі ні ад дажджоў, ні ад засухі. Яшчэ, дарэчы, І. І. Жылінскі імкнуўся да рэгулявання вільготнасці глебы пры дапамозе водарэгулюючых збудаванняў. Дык тады ён не мог ажыццявіць сваю задуму з-за агульнай тэхнічнай адсталасці. Цяпер жа мы на такой ступені тэхнічнага развіцця, што паўсюдна можам будаваць замкнутыя меліяратыўныя сістэмы. Што гэта азначае? Возьмем нашы Альхоўскія балоты. Іх можна, напрыклад, асушыць вертыкальным дрэнажом. Ад кожнага калодзежа правесці трубы да помпавай станцыі, якая павінна стаяць на беразе вадасховішча. У вадасховішчы мы сабралі з балот усю лішнюю ваду. У калодзежах стаяць датчыкі ўзроўню грунтавой вады. Панізілася грунтавая вада ніжэй патрэбнага для раслін узроўню — аўтаматычна ўключаюцца помпы і гоняць ваду на палі. Вады дастаткова — помпы аўтаматычна адключаюцца. Прайшоў ліўневы дождж. Датчыкі сігналяць, што на полі вады болей чым трэба. Уключаюцца помпы і гоняць яе ў вадасховішча. Багата яе ў вадасховішчы — можна частку скінуць і ў раку. Такія аўтаматычныя замкнутыя сістэмы ствараюць умовы для вырошчвання гарантаваных ураджаяў. Мы не залежым ад надвор’я і ў той жа час захоўваем той гідралагічны баланс у прыродзе, які склаўся да гэтага. Захоўваем акаляючую прыроду, захоўваем малыя рэкі, а калі трэба, то і дапамагаем ім вадзічкай, яна заўсёды ёсць у нас у запасе. Сістэма даўгавечная, працуе без людзей, што павінна даць вялікі і эканамічны эфект. Можам мы рабіць такія сістэмы? Бясспрэчна. Дорага? Меліяратыўная сістэма, тая, пра якую я гавару, гэта той жа завод, які будзе працаваць з карысцю толькі тады, калі ўсе цэхі пабудаваны і працуюць. І на такую сістэму трэба адпускаць столькі грошай, колькі трэба. А не эканоміць. Нікому ж у галаву не прыйдзе пабудаваць, напрыклад, аўтамабільны завод без маторнага цэха з мэтай эканоміі сродкаў. Бо ўсе ведаюць, што аўтамабіль без матора не паедзе, гэта проста куча металалому. А вось меліяратыўныя сістэмы без вадасховішчаў там-сям робім. А што гэта за сістэма, калі яна без вады? Няма сродкаў, каб ахапіць дасканалымі сістэмамі балоты, якія запланавалі пад асушэнне? Не будзем спяшацца, за нас даробяць нашы дзеці. Каб знішчыць каштоўныя тарфянікі, ім не спатрэбіцца болей намаганняў, чым нам, затое яны, можа, навучацца больш разумна карыстацца тымі ж балотамі, чым мы карыстаемся зараз.

Тым больш што ніхто не вызваліў нас ад абавязку думаць пра зямлю дзяцей нашых.

Зараз на Захадзе вучоныя прарочаць чалавецтву змрочны заўтрашні дзень. Мы сваёй разумнай работай павінны развеяць гэты гістарычны песімізм чалавецтва, пасеяць веру ў творчыя сілы чалавека, у магутнасць яго розуму, у тое, што зямля дзяцей нашых будзе лепшай, чым наша. Аптымізм — галоўная рыса нашага жыцця.

Так я думаю, так буду думаць, і не толькі думаць, а і рабіць, дзе б я ні быў, на якой пасадзе ні працаваў бы, бо маё сумленне камуніста не дазваляе думаць і рабіць інакш.

 

12

У склад новага партыйнага бюро Катлоў не прайшоў. Спачатку ён не паверыў у гэта. Можа, якая памылка? Дык не... Вось папрасілі членаў бюро застацца, а яго ніхто не запрашае. Катлоў падняўся і разам з усімі скіраваў да выхада, ішоў і прыслухоўваўся, ці не паклічуць яго раптам назад. Ніхто не клікаў...

Катлоў шукаў вачыма Люду Гусак. Ён бачыў, як яна праціскалася да дзвярэй, а ў вестыбюлі раптам згубіў яе. Ён абагнаў усіх, спыніўся ля выхада, каб пачакаць яе. Усе выйшлі, а Люды не было. Няўжо ўспела выскачыць? Заспяшаўся на вуліцу, убачыў, як Люда Гусак перасякае плошчу, ідзе туды, дзе ля скверыка звычайна спыняюцца аўтобусы... Катлоў азірнуўся, ці не ідзе за ім Алена Захараўна — яе зноў абралі членам бюро,— а потым падумаў, што, пакуль яны там будуць засядаць, выбіраць парторга, ён успее перагаварыць з Людай Гусак, і смялей ужо рушыў праз плошчу, услед за дзяўчынай. Але Люда Гусак не спынілася на аўтобусным прыпынку, пакрочыла далей, проста да зялёных «Жыгулёў», што стаялі крыху воддаль. Цікава, хто ж гэта з яе ўчастка набыў машыну? Можа, сама Люда, ды не хацела прызнацца? Убачыў, як насустрач ёй адчыніліся дзверцы аўтамабіля. Люда Гусак, прыгнуўшыся, нырнула ў машыну. Машына адразу ж пыхкнула сінім дымком, развярнулася, прамчала паўз Катлова. Ён заўважыў, што за рулём сядзеў Вадзім Чаромухін, які нават не глянуў на яго. Здаецца, не заўважыла яго, Катлова, і Люда Гусак. Хаця якое значэнне гэта мела цяпер?

Які час Катлоў стаяў знямелы, як аглушаны. Потым, схамянуўшыся, падумаў, што варта было б вярнуцца ў клуб, бо няёмка пакідаць без увагі сакратара райкома. Але толькі да сярэдзіны перасек плошчу, як убачыў, што ад клуба ад’ехала «Волга» Кузьмянка.

— Дамоў? — раптам ля яго аказалася Алена Захараўна.

Ён, праводзячы позіркам машыну Кузьмянка, не заўважыў, як яна падышла.

— А куды ж? — Ён глянуў на жонку, паспрабаваў усміхнуцца.— Дамоў... Мне толькі і сядзець цяпер дома.

— А я падумала, што ў які Пінск сабраўся...

Зыркнуў на яе — сур’ёзна ці мо жартуе? Не, здаецца, сур’ёзна. Твар спакойны, прыкметна стомлены ад працяглага сядзення ў надыханым памяшканні.

— У Пінск... Хай цяпер туды хто другі ездзіць.

Да самае хаты ішлі моўчкі. Моўчкі зайшлі і ў хату. Катлоў разуўся, узяў газеты, прайшоў у залу, лёг на канапу. Чытаць не хацелася, паклаў рукі пад голаў, ляжаў, утрапёна гледзячы некуды ў столь. Ці доўга праляжаў у такім здранцвенні, не ведаў. Паўз яго колькі разоў прашамацела крыссем халата жонка, аднак не спынілася ні разу, нічога не сказала. Потым доўга і надакучліва грукала патэльняй, талеркамі на кухні. «І што яна там разгрукалася?.. Як знарок».

— Ну, ідзі вячэраць,— паклікала яна.

Ён не варухнуўся.

Яна зайшла ў залу:

— Я думала, спіш.

Катлоў маўчаў.

— Ці, можа, спадзяешся павячэраць у сваёй каханкі? — у голасе жонкі спакой, нават няма і намёку на дакор.— Ну, спадзявайся, спадзявайся. Толькі спачатку яна свайго барадача накорміць, а потым ужо і цябе.— Алена Захараўна павярнулася і выйшла на кухню зноў.

«Аказваецца, сачыла. Ці не стаяла дзе там спецыяльна ля акна?.. Значыцца, усё ведала, а маўчала, таілася, а калі хоць у пельку галавой, дык яна тут са сваімі кпінамі... Разлічыла, калі сама балюча будзе...— І ён ледзь стрымліваў сябе, каб не расплакацца.— А як спакойна і абыякава гаварыла... Нібы пра што зусім пабочнае, што ніколькі яе самой і не тычыцца... Не, яна яго не любіла і не любіць... Тады, калі навісла небяспека над яе сямейным спакоем, заварушылася крыху. Гузічкі, катлеткі... А цяпер зноў супакоілася, і яе менш за ўсё цікавіць ён. Абы муж, каб як у людзей... Не, яна не толькі не любіць яго, але і не паважае, не лічыцца з ім, і ёй напляваць, што яму зараз цяжка...»

Катлоў чуў, як Алена Захараўна зноў зайшла ў залу, пастаяла, але, нічога не сказаўшы, выйшла. Цяпер у спальню. Значыцца, вырашыла не чапаць яго. Пачуўся лёгкі электрычны трэск. Ага, знімае свае сінтэтычныя сукенкі. «Трэба ж хадзіць такой наэлектрызаванай...» Вось зарыпеў спружынамі матрац. Уляглася. Канечне, што ёй да яго, ён ёй ніколі не трэба быў...

Прыніжаны і пакінуты, ён так і заснуў на канапе не раздзяваўшыся.

Назаўтра прачнуўся на досвітку, прачнуўся ад холаду. Спіна акалела да болю ў паясніцы. Ногі ў чаравіках аж здранцвелі. Ён падняўся, пасядзеў, думаючы, што рабіць далей, потым выйшаў на кухню. На стале стаяла патэльня з некранутай яечняй, дзве паўнюткія шклянкі з астылым чаем. «Значыцца, яна таксама не вячэрала». Катлоў згроб яечню са шкваркамі ў газету, узяў некалькі тонкіх скібачак хлеба, загарнуў і іх, сунуў пакункі ў кішэні пінжака, прыхапіў у шуфлядцы стала ліцэнзію, якую з месяц таму купіў і ўсё ніяк не мог выкарыстаць, у кладоўцы ўзяў стрэльбу, выцягнуў з патранташа некалькі патронаў і ціха, каб не грукнуць дзвярыма, выйшаў. У калідоры абуў свае паляўнічыя гумовыя боты, настылыя за ноч. Як толькі ён адчыніў дзверы, Дунай кінуўся на грудзі, пачаў дыхаць у твар, стараючыся яго лізнуць. Ад гэтай звыклай ласкі сабакі неяк адразу адлягло на сэрцы, і Катлоў выйшаў з двара ўжо трохі весялейшы. Дунай бегаў вакол яго кругамі, а потым, ужо за пасёлкам, зразумеўшы, куды кіруе гаспадар, бег наперадзе нетаропкай трусцою, нібы цяпер ён ужо вёў гаспадара туды, куды трэба было.

А Катлоў ішоў па полі, а потым і па лесе, не знімаючы з пляча стрэльбы, не чакаючы сустрэчы ні з якім зверам, нават і не думаючы пра гэта. Ішоў спустошаны, нейкі абыякавы да ўсяго. Адчуўшы стомленасць у нагах, спыніўся. Навокал стаяў прыціхлы перад блізкай восенню лес. Падбег Дунай, лёг ля яго, высунуўшы язык. Катлоў убачыў амаль счарнелы пень, густа абсыпаны тоўстымі апенькамі, падышоў, нагой збіў кволыя грыбкі, наламаў ад рабіны галінак, заслаў імі пень, прысеў. Выняў з кішэні сняданак, кінуў скарынку і трохі загусцелай яечні Дунаю. Той прагна глынуў і скарынку і яечню, а потым ляжаў, паклаўшы голаў на выцягнутыя лапы, і не зводзіў вачэй з гаспадара. Катлоў са смакам еў смажанае сала з хлебам — здавалася, ніколі не еў такога сала і такога смачнага хлеба.

Навокал было ціха. Чулася, як зрэдку шмякалі на дол жалуды, з лёгкім шапаценнем зрываўся і прызямляўся на траву рана зжаўцелы ліст. Асабліва багата лісця насыпалася пад бярозамі. Здалёк падавала голас сарока. «Цікава, чаго яна там раскрычалася?» Моўчкі, нізка над зямлёй, абгінаючы раскідзістыя кусты арэшніку, праляцела нейкая невядомая яму птушка. Ці не зязюля? Не паспеў добра разгледзець. Аднекуль даносілася аднастайнае парыпванне, як хто адчыняў і зачыняў заржавелыя, даўно не мазаныя ў завесах вароты. Катлова здзівіў гэты гук у глухім лесе, і яму захацелася даведацца, адкуль ён. Падняўся і пайшоў на гук. Раптам стала ціха, Катлоў спыніўся, прыслухаўся. Зарыпела амаль побач. Агледзеўся. Убачыў дзве гонкія і высокія сасны, што раслі з аднаго камля, а вышэй разыходзіліся, упіраючыся адна ў адну сукамі. Калі нават лёгкі ветрык калыхаў іх вершаліны, сосны ледзь бачна хісталіся і церліся сукамі адна аб адну. Рыпелі. Адтуль, дзе сукі працерлі ў дрэве канаўкі, сачылася жывіца... Вечна пакутуюць два прыгожыя дрэвы, а разысціся не могуць. Вось так і яны са сваёй Аленай Захараўнай. Як гэтыя дзве сасны, жывуць побач, ім бывае балюча, а разбегчыся не могуць. А былі ж часіны, калі ім было шчасліва... Была ж у іх маладосць, была і маладая радасць. А потым гадаваўся сын... Калі ж засталіся адны, не заўважылі, як сталі чужыя адно аднаму, хаця, як гэтыя дзве сасны, засталіся разам, злучаныя лёсам навечна.

Катлоў, думаючы аб сваім, крочыў і крочыў у глыб лесу, забыўшыся нават, што ён усё ж прыйшоў на паляванне. Побач бег, шастаючы па траве, Дунай. Але чым далей паглыбляліся ў лес, то ўсё болей і болей сабака паводзіў сябе неспакойна. Вось Дунай спыніўся, увесь неяк натапырыўся, гаўкнуў, прабег наперад, яшчэ гаўкнуў, а праз які час пачуўся яго зацяты ўсхваляваны брэх. Брэх даносіўся з аднаго месца, нібы Дунай спыніўся і клікаў да сябе свайго гаспадара.

Катлоў зняў з пляча стрэльбу і паспяшаўся на гэты брэх. Выбег на лагчыну, густа парослую лазняком. Пад нагамі зачаўкала твань— недзе блізка, відаць, было балота. Брэх чуўся з-за густога лазняку. Катлоў кінуў позіркам навокал — абходных сцежак не было. Пачаў прадзірацца праз зараснікі напрамкі. Калі ж кусты расступіліся, ён убачыў такога дзіка, што спачатку і вачам сваім не паверыў. Пад густымі нізкарослымі елачкамі, прыўзняўшыся на пярэднія ногі, сядзеў, як гара, дзік і гудзеў на Дуная, што той патрывожыў яго спакой. Катлоў узняў ружжо і, амаль не цэлячыся, смалянуў у спіну пад левую лапатку. Дзік як маланка рвануўся з месца, і, каб не магутны працяглы трэск, можна было б і ўсумніцца, што якую секунду таму назад перад вачыма сядзела такое ікластае страшыдла. Сабачы брэх разам з лясным пошумам імкліва аддаляўся, але ніяк не губляўся ў лясной глушэчы. Катлоў перазарадзіў стрэльбу і заспяшаўся ўслед. У ім прачнуўся паляўнічы азарт, тая салодкая трывога, якая выцясняе з сэрца ўсе пакуты, пакідаючы толькі адно жаданне — хутчэй бы дагнаць таго звера.

На траве, там, дзе прабягаў дзік, былі відаць кроплі крыві.

Катлоў бег без усялякай перасцярогі, хоць ведаў, што падбіты дзік вельмі небяспечны для паляўнічага. Мяркуючы па брэху Дуная, звер уцякаў не з той хуткасцю, як раней: губляў сілы.

Кончыўся вялікі лес, пачаўся дробны густы сасоннік.

Брэх чуўся ўжо недалёка. Ці не залёг стомлены і аслаблены звер?

Катлоў краўся цяпер з вялікай перасцярогай.

Раптам дарогу перагарадзіла зваленая навальніцай вялізная, некалі пакінутая на развод, сасна з сухімі абламанымі сукамі, з аблезлай месцамі карой. Дунай быў адразу ж за дрэвам і кідаўся з брэхам на густыя маленькія сасонкі. Ён ажно асіп ад напружанага брэху, і гэты брэх цяпер быў не такі звонкі, як у пачатку гону.

Было зразумела, што недзе за сасонкамі і залёг дзік. Можа, нават ужо і нежывы...

Катлоў, трымаючы напагатове стрэльбу, пачаў узбірацца на звалены ствол дрэва, спадзеючыся з яго вышыні ўгледзець дзіка. Аднак нічога не ўбачыў. Падумаў, што звер, можа, яшчэ і не так блізка. Гэта яго разумны Дунай проста не адважваецца падыходзіць бліжэй. Катлоў вырашыў спусціцца на зямлю і прайсціся крыху наперад, але, злазячы з дрэва, зламаў нечакана сук. Пачуўся сухі трэск. І ў гэта ж імгненне з сасонніку куляй вылецеў на Катлова дзік. Дунай маланкай скочыў яму наперарэз. Дзік крамсануў клыком па жываце сабаку — і той бязгучна мякка шлёпнуўся на зямлю. Катлоў паспеў стрэліць з двух ствалоў прама ў рот раз’юшанаму зверу і адскочыць убок. Звер рухнуў на зямлю і прасунуўся па ёй, узараўшы перад сабой клыкастым лычом баразну. З ноздраў і вушэй яго курыўся сіні дым...

Ды Катлоў ужо не глядзеў на дзіка. Ён кінуўся да Дуная. Той ляжаў нерухома, толькі перабіраў заднімі лапамі ды часта дыхаў раскрытай зяпай. Вочы, нібы шкляныя, былі нерухомыя, адбівалі ў сабе зялёны навакольны свет. Жывот у сабакі быў распаласаваны, як кінжалам, з раны ішла кроў, дымілася пара. Катлоў разарваў на сабе белую майку, абвязаў ёю Дуная. Потым узяў яго на рукі, як бяруць немаўлятка, і, абагнуўшы зваленую сасну, пабег напрамкі праз малады сасоннік туды, дзе, ведаў, павінна быць вёска, а ў вёсцы — ветэрынар. Ён бег і не заўважаў, што стрэльба, якая вісела на адным плячы, біла прыкладам па назе вышэй калена, не заўважаў таксама, як ад нечага цёплага макрэе яго жывот... Дунай цяжка абвіс у яго на руках і толькі зрэдку праз зубы цадзіў такі цененькі і жудасны гук, нібы хацеў завыць адчайна, ды сілы не хапала.

«Патрымайся, мой дарагі Дунайка, патрымайся... Ну, яшчэ трошкі. Яшчэ трошачкі, даражэнькі, і ўсё будзе добра. Цябе паглядзяць, дадуць укол, і зажыве твая рана... Патрымайся, Дунайка, не пакідай мяне, ты ж у мяне адзіны ва ўсім свеце... Патрымайся, Дунайка, патрымайся, дарагі... Вось вылечым цябе і пачнём жыць з табой па-новаму, усё будзе не так, як было, усё будзе правільна, Дунайка. Дунайчык! Ты чуеш? Дунайка!..»

Дунай раптам яшчэ болей пацяжэў. Катлоў спыніўся, прыслухаўся — Дунай не дыхаў.

Ён апусціў сабаку на зямлю, а сам стаяў які час нерухома. У грудзях балюча ныла, горкі камяк перасеў у горле і не даваў дыхаць. «Дунайка, родны. Што ж мы нарабілі? Навошта нам усё гэта было? Навошта мне былі тыя плывуны, тая Гусак, той дзік?.. У мяне ж была работа, у мяне ж была Лена, у мяне ж быў ты, Дунайка. Усё ж магло быць інакш, усё... Даруй, Дунай, даруй...»

І Катлоў не ўсведамляў, гаварыў ён услых ці толькі думаў так...

 

13

Пасля сходу Дубавец адразу ж паехаў да Марыны. Яны яшчэ напярэдадні дамовіліся, што яна будзе чакаць яго дома. Адчыніўшы дзверы, Марына нават не стала ні пра што распытваць, адразу ж павяла ў залу, дзе за сталом, застаўленым талеркамі і фужэрамі, сядзела маладая пара — яна з пышнай прычоскай, у белай сукенцы, а ён у квяцістай тэнісцы і ў пазалочаных акулярах. Калі ён пацягнуўся відэльцам па закусь, Дубавец заўважыў у яго на пальцы шырокі залаты пярсцёнак. На нейкі момант незнаёмы так і застыў з працягнутай рукой, убачыўшы ў дзвярах Дубаўца.

— Знаёмцеся,— увайшла ў пакой Марына.— Гэта і ёсць мой Дубавец,— яна падсунула да стала яшчэ адно крэсла.— Садзіся, Ваня. Вось твая талерка. Што будзеш есці?..

— Я ўсяедны. А што гэта ў вас за свята ў будні дзень?

— Цябе чакалі,— сказала Марына і наліла яму віна.

— Выдатна, сёння я і не абедаў якраз,— засмяяўся Дубавец.

— А ў мяне прыемная навіна. З Мінска паведамілі, што мяне бяруць у рэдакцыю,— пахвалілася Марына.— Я ўжо і заяву падала аб звальненні. Вось і запрасіла сваіх сяброў. Ой, я ж і не пазнаёміла вас. Мая школьная сяброўка Люба. Яе муж Мікалай Архіпавіч. Кандыдат навук, у лясным інстытуце ўзначальвае нейкую, прабач, Мікола, не ведаю якую, лабараторыю...

— Таму што сакрэтная,— засмяяўся гучна Мікалай Архіпавіч, хоць нічога смешнага ў тым, што ён гаварыў, не было. Відаць, чалавек ужо выпіў і быў у такім настроі, калі добра смяецца без усялякае прычыны.— Ну, паехалі, Іван. За знаёмства! — і кандыдат навук, нічога не чакаючы, выпіў, заплюшчыў вочы, потым перадыхнуў, заматляў галавой.— Смачная!

— Ну, і каго там абралі? — пацікавілася Марына ў Дубаўца, калі той закусіў.

— Нікога.

— Як так?

— Кузьмянок сказаў, што яшчэ параюцца, каго рэкамендаваць сакратаром... Не хочуць камуністы мяне адпускаць.

— Дык, можа, і сапраўды не адпусцяць? — насцярожылася Марына.

— Не ведаю.

— А ты?

— А што я? Камуністы прагаласавалі. А цяпер як райком.

— Сам вінаваты,— раздражнёна сказала Марына, а потым нібы спахапілася і дадала больш разважліва: — Каб рашуча сказаў, што хочаш вучыцца, то... Ты ж ведаў, што я дамагаюся пераводу ў Мінск...

— Я ж сказаў, што нічога яшчэ невядома,— у голасе Дубаўца чулася і пакрыўджанасць і ў той жа час і вінаватасць.

— Марына, што ты накінулася на чалавека, як той коршак,— пачаў Мікалай Архіпавіч.— Чалавеку, можа, аказалі давер. Гэтым жа трэба ганарыцца, а ты... Вось давайце яшчэ за народны давер.

— Вельмі весела,— сказала Марына,— тут усё ляціць чорт ведае куды, а ты...

— Ды нічога не ляціць,— сказаў Дубавец.— Я ж сказаў, што нічога яшчэ невядома.

— Вось іменна, што невядома. Невядома цяпер, што рабіць з пераходам у Мінск, невядома, мне звальняцца ці забраць заяву назад...— упікнула яго Марына.

— Я ж прасіў не спяшацца з заявай,— як мага лагодней сказаў Дубавец.

— Ну, скажы, Мікола,— пацягнулася Марына да яго сваім кілішкам, але піць не стала, ахопленая нейкімі думкамі, забылася пра сваё пітво.— Хіба я не тое кажу? Людзі рвуцца ў сталіцу, а тут такая магчымасць...

— Абсалютна правільна,— аўтарытэтна сказаў Мікалай Архіпавіч.— Я, напрыклад, цяпер вельмі шкадую, што ў свой час не застаўся ў Мінску, а паехаў на перыферыю...

— Яму яшчэ дрэнна,— цялёпнула плячыма Люба.— Кватэра ў цэнтры горада. Машына. Гараж. Не разумею...

— Ты лічыш, калі стала загадчыцай нейкага там кафэ, дык усяго ўжо і дасягнула,— хіхікнуў Мікалай Архіпавіч. Ён прыкметна ап’янеў і быў залішне ўзбуджаны.— А для інтэлігентнага чалавека няма мяжы...

— Ой, не смяшы лепей,— аж успляснула рукамі Люба.— Гэта ж як што, дык і хапаецца за сваю інтэлігентнасць. Ды каб не маё кафэ, то яшчэ невядома, ці патлусцеў бы ты ад свае навукі...

— А потым,— пачала Марына, убачыўшы, што паміж Мікалаем Архіпавічам і Любай выспявае спрэчка,— у Мінску можна змагацца за прыроду яшчэ з большым поспехам, чым тут...

— Паглядзім,— сказаў няпэўна Дубавец.

 

14

У прыёмнай Кузьмянок папрасіў сакратарку тэрмінова выклікаць Катлова, Куніцу і Дубаўца і зайшоў у свой кабінет. Прычыніў вокны — іх заўсёды прыбіральшчыца адчыняла, і таму ў кабінеце трымалася ранішняя свежасць,— сеў за свой стол, адкрыў папку з рознымі паперамі, пісьмамі. Праўда, пісьмаў цяпер, улетку, як і кожны год такой парой, было меней, чым увосень і ўзімку, калі вяскоўцы мелі болей часу.

Заглянуў у кабінет Новік. Ён быў, як ніколі, спахмурнелы, заклапочаны. «Цікава, якія гэта праблемы так яго заклапоцілі?» — падумаў Кузьмянок, моўчкі назіраючы за другім сакратаром.

— Мне расказалі пра сход,— сказаў Новік і са спачуваннем паглядзеў на Кузьмянка.

— Ну і што?

— Гавораць, не ўдаўся сход...

Зайшла сакратарка і паведаміла, што Куніца зараз будзе, а Катлова і Дубаўца нідзе не знайшла.

— Шукайце,— загадаў ёй Кузьмянок і спытаў у Новіка:— Вы хочаце сказаць, Ігар Іванавіч, што я вінаваты?

— Учынкі кожнага з нас атаясамліваюцца з райкомам,— сказаў Новік і не апусціў вачэй пад паглядам Кузьмянка.

— Цікава, цікава,— усміхнуўся Кузьмянок.— Я, напрыклад, ніколі не імкнуўся свае ўчынкі прыпісваць каму іншаму, я заўсёды іх выдаваў за свае. Гэта па-першае. А па-другое, я не лічу ўчарашні сход няўдалым. Калектыў сумеў даць ацэнку таму ж Катлову, якога мы з вамі лічылі ледзь не анёлам.

Апошнія словы Новік успрыняў як папрок у свой адрас, насуплена сказаў:

— Ну, так, Андрэй Цітавіч, можна далёка зайсці. Знайшоўся адзін крыкун і павёў за сабой усіх. Выкарыстаў мясцовы патрыятызм...

— Лічыце,— усміхнуўся Кузьмянок,— што я аказаўся не на вышыні: не змог навязаць сходу вашу думку,

Новік моўчкі праглынуў гэтую калючку.

— Так, так,— сказаў Кузьмянок.— Канечне, Ігар Іванавіч, мы з вамі маглі б навязаць любому сходу любое рашэнне. А потым лягчэй за ўсё дзейнічаць па інструкцыі, тут розуму вялікага не трэба. Сутнасць жа нашага з вамі кіраўніцтва ва ўменні ў кожным канкрэтным выпадку зразумець людзей, сумець даць партыйную ацэнку іх намаганням. А ў вас, Ігар Іванавіч, якраз вось такога ўмення, наколькі я паспеў заўважыць, пакуль і няма...

— Можа, мне параіце пайсці на месца Дубаўца, Андрэй Цітавіч, і прайсці лікбез партыйнага пачаткоўца? — з насмешкай спытаў Новік.

— Канечне, было б карысна.

— Я мушу далажыць аб нашай гаворцы ў абком партыі.

— Дакладвайце, дакладвайце,— ужо неяк абыякава паглядзеў на яго Кузьмянок.

Новік рэзка павярнуўся, ледзь не зваліўшы крэсла, ля якога стаяў, і хуткімі крокамі выйшаў з кабінета.

Кузьмянок прагледзеў паперы, пісьмы, потым выняў папку з шуфлядкі стала, у якую складваў ананімныя пісьмы на Катлова. Іх было некалькі. Большасць пра яго работу, пра незаконныя выплаты аўтарам праекта, якія часова былі залічаны ў штат упраўлення, атрымлівалі зарплату і нават прэміі. І калі да ўчарашняга сходу Кузьмянок не вельмі верыў у гэтую пісаніну, то цяпер інакш паглядзеў і на тыя факты, пра якія паведамлялася ў ананімках.

У кабінет уляцеў, як хто гнаўся за ім, Марк Куніца. Ён быў у тэнісцы. Саламяны капялюш трымаў у руцэ і размахваў ім, другой рукой выціраў на лбе пот. Не паспеў паздаровацца з Кузьмянком, а ўжо паглядваў на гадзіннік.

— Спяшаецеся?

— Не я спяшаюся, Андрэй Цітавіч, а час... Час не стаіць на месцы. А тут сянаж, сілас, уборка, дома дзеці маленькія... Вось,— ён выняў з кішэні невялікі блакноцік, разгарнуў яго.— Вось лісток, тут пятнаццаць пунктаў, што трэба зрабіць толькі ў райцэнтры і ўсё да абеду. Сельгастэхніка, майстэрні, канцэнтрат «Малютка», прысыпка, мэбля ў клуб і гэтак далей...

— Не буду вас доўга трымаць, Марк Ліпавіч. Як вы гледзіцё, калі мы вас парэкамендуем начальнікам будаўнічага ўпраўлення меліяратараў?

— Замест Катлова?

— Замест.

— Адмоўна. Абсалютна адмоўна.

— А можа, падумаеце, Марк Ліпавіч?

— Не,— зыркнуў зноў на гадзіннік Куніца.— Я ніяк не магу пакінуць саўгас, Андрэй Цітавіч. Столькі наабяцаў людзям. І механізацыю, і кватэры, і дом адпачынку, і бальніцу... Я павінен жа ўсё гэта зрабіць... Зрабіць усё, што задумаў,— Куніца нецярпліва падняўся.— Калі ўсё, то я, можа, пабягу?

— Бяжы, бяжы,— сакратар прыязна ўсміхнуўся яму на развітанне.

У самым канцы рабочага дня, калі Кузьмянок сабраўся дамоў, у дзвярах пры выхадзе з райкома ён сутыкнуўся з Катловым.

Катлоў быў у расхрыстанай сарочцы, у пакамечаным пінжаку, у паляўнічых гумавіках. Няголены. Шчэцце на шчаках было з густой сівізной, а на падбародку — рыжае, як на галаве. Ён які момант разгублена глядзеў на Кузьмянка, не знаходзіўся, што сказаць.

— Прывітанне, Васіль Міхайлавіч,— падаў яму руку Кузьмянок.— На паляванне сабраліся?..

— Я да вас, Андрэй Цітавіч... Пагаварыць...

— Зараз пагаворым,— Кузьмянок не хацеў вяртацца да сябе ў кабінет на другі паверх. Ён акінуў позіркам скверык з маладых ліпак, які разросся перад райкомам і аддзяляў яго ад вуліцы, альтанку, што стаяла ў гэтым скверыку.— Пасядзім у альтанцы...

— Андрэй Цітавіч,— пачаў Катлоў яшчэ на хаду.— Я сустрэў Куніцу, ён пытаецца, чаму я рана задумаў на пенсію? Гэта праўда, Андрэй Цітавіч?

— Ранавата вам на пенсію, Васіль Міхайлавіч,— адказаў Кузьмянок, а потым, усеўшыся ў альтанцы на лаўку, уважліва паглядзеў на разгубленага Катлова і дадаў: — Мы не можам раскідвацца такімі кадрамі.

— Выходзіць, Куніца... Ён мастак пажартаваць,— засмяяўся Катлоў.

— Пра пенсію, вядома, пажартаваў.

Катлоў задумліва памаўчаў.

— Я разумею, Андрэй Цітавіч, што для кіраўніка вельмі дрэнна, што яго не абралі членам бюро. Але ў маёй практыцы такое не першы раз. І нічога. Працаваў. Так што не магу паверыць, каб з-за гэтага...

— Не толькі з-за гэтага.

— Але ж да сходу, здаецца, ніякіх прэтэнзій не было?

— Не паспелі.

— План выконвалі, нават перавыконвалі... А што плывуны, дык хто ж вінаваты? Праектанты прагледзелі.

— А хто іх падганяў?

— Але ж за гэта мяне, здаецца, хвалілі?

— Самае дрэннае, Васіль Міхайлавіч, што вы шукаеце сабе апраўдання.

— Я гавару так, як ёсць. Аб’ектыўна.

— Аб’ектыўна? — спытаў Кузьмянок, разглядаючы жоўтыя «Жыгулі», што спыніліся ля кінатэатра насупраць райкома. З машыны выйшаў шыракаплечы, з натапыранымі белымі вусамі мужчына і стройная танклявая жанчына.

— Мой экскаватаршчык Рыгор Лінь,— сказаў Катлоў, злавіўшы позірк сакратара райкома.

— А чаму ж вы, Васіль Міхайлавіч,— працягваў думку Кузьмянок,— маўчыце, што болей за паўгода трымалі тых праектантаў на зарплаце экскаватаршчыкаў. І яшчэ выплочвалі прагрэсіўкі, прэміі...

— Вы ж ведаеце, Андрэй Цітавіч, цяпер ніхто нічога за так не робіць.

— А я думаў, што ананімшчыкі паклёпнічалі на вас. Лічыў, што вам удалося так хутка прабіць праект дзякуючы сваім арганізатарскім здольнасцям, энергіі, свайму ўменню пераконваць людзей...

— Што мне рабіць, Андрэй Цітавіч? — Катлоў падняўся. Ён даставаў ледзь не да даху альтанкі і, можа, таму стаяў, крыху апусціўшы галаву.

— Самае лепшае не чакаць разгляду вашай персанальнай справы на бюро райкома, а падаць заяву.

— І куды вы мяне плануеце?

— Думаю, вам варта застацца ў сваёй сістэме. Узначаліце які ўчастак. Упэўнен, што вы зможаце яшчэ сябе рэабілітаваць.

— Дзякую за давер,— Катлоў яшчэ нешта хацеў сказаць, але толькі махнуў рукой у нейкім адчаі і пайшоў...

А Кузьмянок які час глядзеў яму ўслед і думаў, зразумее ён што ці крыўда канчаткова затуманіць яму галаву. А потым выняў з кішэні таблетку валідолу, паклаў яе пад язык, сядзеў і чакаў, пакуль яна растане.

 

15

Марына Данілава чмокнула ў шчаку Дубаўца і, вылезшы з машыны, загадала:

— Глядзі ж, Ваня, адразу заедзь у райком, скажы, што хочаш вучыцца. І пазвані мне,— махнула ручкай, усміхнулася і схавалася за цяжкімі дзвярыма тэлестудыі.

Дубавец праводзіў яе, рашучую і нейкую нястрымную ў паходцы, доўгім позіркам, а потым уключыў хуткасць, пачаў вырульваць на галоўную вуліцу.

Супярэчлівыя пачуцці валодалі ім. Яму было прыемна думаць пра Марыну і ў той жа час не падабалася яе катэгарычнасць, якая асабліва прагучала ў яе апошніх словах наконт яго вучобы. Сама надумала пераязджаць у Мінск, і ён, выходзіць, павінен бегчы за ёй. А яго могуць і не пусціць. Ды ён і сам вагаецца. Бо ехаць зараз, калі не закончана барацьба за выратаванне ракі Альхоўкі, калі камуністы не хочуць адпускаць яго, ніяк нельга. Гэта ж будзе як здрада. Але гэтага яна, Марына, не хоча разумець, бо думае толькі пра сваё, уласнае. А калі ўзяць і застацца? Яна, хутчэй за ўсё, паедзе ў Мінск, і тады іх дарогі разыдуцца. Гэтага таксама не хацелася. Хоць навошта загадзя пакутаваць? Можа, у райкоме прынята рашэнне наконт яго, і яму, Дубаўцу, застанецца толькі падпарадкавацца.

Кузьмянок выйшаў з-за стала насустрач Дубаўцу, павітаўся, запрасіў сесці, сам сеў побач, паглядзеў на яго прыжмуранымі, як ад зыркага святла, вачыма, спытаў:

— Ехаць вучыцца ці заставацца працаваць? Гэта цябе хвалюе?

Дубавец моўчкі кіўнуў.

— А як сам хочаш? — усміхнуўся Кузьмянок.

— Як я хачу? — задумаўся Дубавец.— Я хачу ведаць, што будзе з Альхоўскімі балотамі. Спатрэбілася мая запіска ці не? Вы чыталі?

— Вядома. І не толькі я. У бліжэйшы час будзе прынята рашэнне аб спыненні работ да поўнага і ўсебаковага вывучэння басейна ракі. Дазволена толькі асушыць мелкія балоты на правым беразе Альхоўкі пад залужэнне. Па старому праекту.

Дубавец не мог схаваць свае радасці, шчаслівая ўсмешка не пакідала яго твару.

— Дзякую вам, Андрэй Цітавіч!

— Гэта вам дзякуй, дзякуй ад райкома, ад жыхароў раёна,— сказаў Кузьмянок.— Я рады за вас. Рады, што вы не пабаяліся пайсці супраць усіх. Малайчына. Партыя зусім не зацікаўлена ў бяздумных выканаўцах... Дык як, Іван Кірылавіч? Застаяцеся працаваць ці паедзеце вучыцца? — і, відаць, заўважыўшы разгубленасць хлопца, адказаў сам за яго: — Паедзеце вучыцца, Іван Кірылавіч. Праўда, спачатку я думаў пакінуць вас на рабоце, а калі даведаўся, што работы на Альхоўцы будуць спынены, падумаў, што для вас якраз час павучыцца. Свайго вы дамагліся. Альхоўцы нішто не пагражае... А потым мы з вамі стаім напярэдадні карэннай перабудовы вёскі, карэннай перабудовы сельскай гаспадаркі нашага Палесся. Вас чакае адказная работа. Тады вучыцца не будзе калі. А пакуль выпадае магчымасць, павучыцеся. Палітычная адукацыя вам не пашкодзіць. Толькі адна ўмова, Іван Кірылавіч. Пасля вучобы вы павінны вярнуцца ў свой раён. Абавязкова. Мы старэем, так сказаць. Трэба маладая змена... Можа, мяне і заменіце.

— Зразумеў,— падняўся Дубавец, думаючы, што гутарка скончана, але яго зноў усадзіў Кузьмянок, крануўшы рукой за плячо, спытаў:

— Каго б вы, Іван Кірылавіч, рэкамендавалі на сваё месца?

— Калі з цяперашніх членаў бюро, то Гаварушку. Перадавы рабочы, актывіст. Завочна канчае інстытут.

— Гаварушку? Ведаю такога,— Кузьмянок падняўся, падышоў да стала, зрабіў запіс у перакідным календары, вярнуўся назад.— Ну, Іван Кірылавіч, ідзі рыхтуйся. Перад ад’ездам зойдзеш, пагаворым яшчэ...

З райкома Дубавец выйшаў акрылены. Ён едзе вучыцца! А потым... потым ён зноў будзе працаваць у сваім раёне. Яму вераць, на яго спадзяюцца. А галоўнае, барацьба з Катловым закончылася поўнай перамогай. Ён зараз жа паедзе дамоў і пра ўсё раскажа Міхасю Стрыбуку. Толькі спачатку заедзе на пошту і пазвоніць Марыне. Вось абрадуецца! А цікава, як яна ўспрыме тое, што яму пасля вучобы трэба будзе вярнуцца назад?

...Выехаўшы на бальшак, пагнаў машыну хутчэй. Спяшаўся ў сваю Альхоўку. Праехаўшы некалькі кіламетраў, убачыў Ніну Люцік. Яна, у блакітнай кароткай сукенцы, з белай сумкай праз плячо, апусціўшы галаву, як што шукала пад нагамі, ішла па сцежцы, што вілася нітачкай пад бярозамі, якімі быў абсаджаны бальшак, ішла задумліва, не азіралася.

— Дамоў, зямлячка? — прыпыніўся Дубавец.— Садзіся, падвязу.

Яна без асаблівай радасці села ў машыну.

— Дзень добры вам, Кірылавіч! А я на станцыі чакала, чакала аўтобуса, ды і не дачакалася,— Ніна паспрабавала нацягнуць падол сваёй кароткай сукенкі на круглыя калені.

— З горада?

— Ездзіла ж,— неахвотна адказала. Дубавец адчуў, што ёй не хочацца гаварыць пра той горад.

— Як жывецца, працуецца?

— У калгасным клубе раблю. І бібліятэка на мне. Работы хапае.

— А як наогул жыццё?

— Ды нічога, здаецца.

— Нешта не весела адказваеш,— ён больш уважліва паглядзеў на яе. Яна сядзела, ухапіўшыся за «скабу» перад сабой, хаця дарога была роўная, машыну не кідала.— Можа, што здарылася? На рабоце ці дома?

— Усё нібы нармальна.

— А чаму нібы?

— А таму, што толькі нібы,— адказала яна, і іранічная ўсмешка кранула куточкі яе вуснаў. І вось гэтая іранічнасць надала смеласці Дубаўцу спытаць далей:

— А ўсё ж як? Цікава ведаць халасцяку пра сямейнае жыццё. Пакуль халасцяк, дык усе сямейныя праблемы наперадзе...

— Добра, што наперадзе. А тут і не наперадзе, і не ззаду,— яна засмяялася, цяпер больш шчыра, хаця таксама з ранейшай іроніяй.— Яшчэ ў школе дружыла з Барысам. Пра другога і не марыла. Калі пайшоў у армію, чакала, так ужо чакала... А ў тую вясну, сама не ведаю, які нячысцік мяне папутаў. Закружыў мне галаву Пятро. Замуж выйшла. Ведаеце ж. Думала, ну, шчасцейка прываліла. Аказваецца, Барыс... Я да яго... А ён... Раўнівы страшэнна. Прыйду з клуба, цэлы допыт учыняе. З кім сустракалася, з кім гаварыла. Слухае, маўчыць. А па вачах бачу, не верыць... Я ж з-за гэтага ў машыну да вас баялася садзіцца. Як убачыць, жыць не дасць. Ну, хіба так можна? А дамоў прыйдзе... Хаця б трохі калі памог... Ды гэта яшчэ нічога. Каб не раўнаваў. Проста не ведаю, што рабіць. Нельга ж, каб так не верыць. Ну, што мне рабіць, Іван Кірылавіч? — спытала яна ціхім голасам, нібы не ў Дубаўца спытала, а сама ў сябе.— А можа, я сама ва ўсім вінаватая? Ці мне проста не шанцуе? Ці, можа, так ва ўсіх? Ды ўсе маўчаць, а я не ўмею хаваць сваіх балячак?

Дубавец не ведаў, што ёй адказаць. Ехалі моўчкі.

Паўз дарогу, як кінуць вокам, па абодва яе бакі, ляжалі калгасныя палі. На жытнішчы жаўцелі кучкі саломы, што параскідалі камбайны. Буяў бульбоўнік. Зелянелі атавай лугі. Палі часта перасякалі глыбокія і прамыя, як напятыя ніткі, каналы. Сярод палёў там-сям сіратліва раслі асобныя дрэвы...

А не так даўно тут шумелі асокамі балоты, здавалася, з вечна непраходнай багнай, бясконцымі чаротамі, высокім куп’ём і рэдкімі чорнымі вокнамі вады...

І вось балот як не было.

Іх пакарыў чалавек.

І ў сэрцы Дубаўца расла радасць за чалавека, за яго розум і магутнасць.

Была і трывога...

 


1977-1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гаўрылкін Л. Зямля дзяцей нашых: Раман. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1980. – 288 с.
Крыніца: скан