epub
 
падключыць
слоўнікі

Леанід Панасенка

Пралюбадзейства

Душа Георга Вільгельма Фрыдрыха Гегеля ўтульна расцяклася па паверхні сонечнай батарэі арбітальнай касмічнай станцыі і разам з шматтоннай грамадзінай ціха набліжалася да сваёй даўно забытай радзімы, якую беззваротна пакінула больш за сто пяцьдзесят гадоў таму назад. І душу філосафа, і станцыю падсілкоўваў сонечны вецер, але яны адно аднаму не перашкаджалі, бо першая належала свету Абсалюту, спірытасферы, а другая ўяўляла сабою адно з найдасканалейшых стварэнняў вечнага свету. Гегелева душа, падкрэслім гэта на ўсялякі выпадак, была цалкам матэрыяльная, але нездарма кажуць: ці шмат той беднай душы трэба.

Таму, хто б здолеў убачыць аўру Абсалюту збоку, адкрылася б зусім будзённае відовішча: вакол планеты кіпіць шматслойнае варыва з мільярдаў светлякоў асобных душ, розных, як і зоркі, па яркасці, якія павольна ўсплываюць з паверхні Зямлі, злучаюцца ў спіралі і купы; некуды імчаць ці, наадварот, застываюць у нерухомасці. Нечым падобная на паўночнае ззянне, сусветная душа жыла і змянялася, узрастала з развіццём і памнажэннем цывілізацыі людзей, якая пачалася з яе і жыла не столькі сонечным ветрам і рознымі палямі і выпраменьваннямі, якія пранізвалі сусвет, колькі развіццём і пашырэннем чалавечага духу! Гэта найвышэйшая краса матэрыі ўсведамляла сябе як адзінае цэлае і ў той жа час складалася з мірыядаў індывідуальнасцяў, якія захавалі ў сабе ўсё, што было на Зямлі ад пачатку чалавечага роду. Гэтую сферу духу, вытворную ад чалавека і выгадаваную разам з ім, гэтую таямнічую субстанцыю сам чалавек называў па-рознаму - і богам, і абсалютным духам, і сусветнай душою, але сутнасць яе была аднолькавая: іншабыццё, найвышэйшая энергетычная форма асэнсавання сябе прыродай, арганізаваны пачатак і рухавік светабудовы, пра што ў свой час здагадваўся Платон.

Сутнасць Георга Вільгельма фрыдрыха Гегеля, які пры жыцці шмат сілы і часу аддаў на разважанні такога тыпу, цяпер ведала непамерна болей. Абсалют, а значыцца, і ён, ведалі: душа чалавечая бессмяротная, на жаль, не заўсёды. Вядома, яна бессмяротная, бо з'явілася на свет, здзейснілася. Але нараджэнне чалавека і нараджэнне душы - не тое самае. Бывае, чалавек жыве доўга, завяршае свой тленны шлях, памірае, а душа яго так і не паспявае нарадзіцца. Больш таго, калі адны душы ў іншым жыцці ачышчаюцца ад зямной брыдоты, удасканальваюцца і ўзывышаюцца, а часам нават ператвараюцца ў новыя, больш дасканалыя структуры, дык другія - неданошаныя і неразвітыя, сатканыя са злосці і заган - пакутуюць і згасаюць назаўсёды. Інакш кажучы, ператвараюцца ў першаснае рэчыва спірытасферы, яе будаўнічы матэрыял. Так жыве чалавецтва, штодзённа і штогадзінна ствараючы сваю калектыўную душу, бо, запомніце, і Бог народжаны чалавекам. Так жыве сусветная душа, не толькі памнажаючыся, сілкуючыся чалавечым мурашнікам, але і самаўдасканальваючыся, бо ёсць у зямнога Абсалюту пачатак - першы пробліск свядомасці ў нечай прагалаве, але няма ў яго канца, як няма ліку Абсалютам, раскіданым у Сусвеце... Не-не, пачакайце! Хто сказаў, што развіццё - гэта абавязкова памнажэнне і зліццё ў адзінае і чаму мы павінны яму верыць?! Далей пачынаецца панаванне фантазій і здагадак, а нам пакуль што дастаткова ведаць: кожная сталая душа лічыць абсалютам самую сябе, калі толькі яна на гэта мае права.

Прынамсі, душа Георга Вільгельма Фрыдрыха Гегеля была глыбока абыякавая як да клопату касманаўтаў, якія знайшлі невялікія збоі ў рабоце сонечных батарэй, так і да ўсеабдымных праблем, якія хвалявалі ўсю спірытасферу Зямлі: упарадкаванне светабудовы і магчымасць выратавання яе стваральніка і ў пэўнай ступені - сімбіёту - звар'яцелага ў працэсе развіцця розуму чалавецтва. Душа Георга Вільгельма Фрыдрыха Гегеля сузірала самую сябе і занятак гэты, відаць, лічыла найлепшым.

Самалёт ішоў на пасадку, і ў ілюмінатары зноў з'явіўся твар каханай. Крыху бледнаваты, круглявы, загадкавы і недаступны, як гэты месяц, што лунае ў начным небе. Сэрца і горла сціснула спазма. Так здаралася заўсёды, калі Мастак сустракаў ці ўспамінаў сваю мучыцельку; ён павольна і з цяжкасцю праглынуў камяк, каб не задыхнуцца, і заплюшчыў вочы - згасні, месяц, сыдзі, насланнё, колькі ж можна мучыць хворае і неразумнае сэрца.

Але павекі імгненна падняліся, ён прыпаў да ілюмінатара: захацелася неадкладна, зараз жа, убачыць калі не яе, то хоць бы яе дом, тое месца ў прасторы, дзе яна цяпер ходзіць ці сядзіць, дзе знаходзіцца яе невыносна жаданае цела, яе голас, яе валасы, дзеці, кніжкі, словам, усё, што мае дачыненне да яго каханай маленькай жанчыны.

Унізе, пасярод зямнога змроку, цьмяна мігцелі агні невялікага горада. Не, нічога не разгледзець! Незразумела наогул, як можна займацца яго рамяством і быць такім бяспамятным і неназіральным: Мастак ніколі як мае быць не арыентаваўся ў тых гарадах, дзе пабываў ці жыў, не запамінаў твараў і галасоў. Хоць навошта яму здагадвацца, які з тых агеньчыкаў - яе дом. Ён жа і пры дзённым святле ніколі яго не бачыў, ведае толькі дзе, дый то прыблізна. А вось у гасцях у яе быў сотні разоў. Прылятаў у думках, калі яна спала, калі гуляла з сынам, чакаў на кухні, часам усур'ёз шкадуючы, што не можа - бесцялесны - дапамагчы яе спрацаваным рукам, якія неяк мінулым летам цалаваў - дазволіла, незачэпа. Мужа каханай Мастак бачыў аднойчы, мімаходзь і ставіўся да яго спакойна, а дакладней, абыякава, як да нечага чужога, непатрэбнага. Пад час яго таямнічых візітаў яны не сустракаліся. Нават начамі яго не было ў спальні: ці то з'ехаў у доўгую камандзіроўку, ці то ператвараўся ў бесцялесную абстрактную істоту і таксама некуды знікаў.

«Не хлусі хоць сабе, - падумаў Мастак. - Як ты напачатку пакутаваў, раўнаваў! Як папракаў яе, што не дачакалася цябе, выскачыла замуж ледзь не ў дзесятым класе. Вар'ят! Яна праз некалькі гадоў бабуляй стане, а ён, бач ты, пакрыўдзіўся. І нават сказаў ёй пра гэта, стары дурань. Праўда, жартуючы з сябе, але ж сказаў. А галоўнае, ты і цяпер так думаеш, толькі баішся ў гэтым прызнацца. Чакаць бы ёй цябе - да пенсіі ці да сустрэчы на нябёсах».

Ён успомніў па асацыяцыі загадкавае і па яго разуменні бессэнсоўнае сцвярджэнне, што шлюбы здзяйсняюцца на нябёсах, і горка ўсміхнуўся.

«Вось. Каторы раз вяртаюся з нябёсаў, а які сэнс?! Усё, на жаль, адбываецца тут, на зямлі. Па волі выпадку, з-за тугі маладога цела, хвіліннага захаплення. Якія там палавінкі душы, іх з'яднанне... Усе гэтыя палавінкі нейкі час таўкуцца на кірмашы жыцця, а пасля знікаюць. Пачкамі, натоўпам. І няма ім радасці і там. І выратавання няма...»

- Пасажыр, мы прыляцелі.

Далей усё пайшло аўтаматычна: багаж, прыпынак тралейбуса, чаканне, сам тралейбус, дом, сям'я, рытуал сустрэчы, вячэра, вячоркі перад талевізарам, нарэшце, спальня...

Але ўвесь час, пакуль адбываліся гэтыя дзеянні, Мастак неадчэпна думаў пра сваё позняе і нейкае, як і ўсё яго жыццё, безнадзейнае пачуццё.

Хто ведае, калі гэта пачалося?..

Ён доўга жыў сам па сабе, меў зносіны з навакольным светам толькі па патрэбе і наіўна лічыў, што добра ведае яго, ну а жанчын - тым болей: пустыя, хлуслівыя, крывадушныя; яшчэ горш, калі Бог дадаў у гэты вінегрэт крыху розуму ці характару. Як ні дзіўна, ён шкадаваў іх, як шкадаваў дзяцей і звяроў, адчуваў патрэбу ў іх, бо асабістае жыццё яго не склалася, і адначасова пазбягаў.

Вось такі ён прыйшоў у Майстэрню, дзе сустрэўся з светласкураю жанчынаю-рэстаўратарам, разумнаю і начытанаю, з задавальненнем гаварыў з ёю на розныя тэмы і, як і многія іншыя, лічыў яе «сваім хлопцам». Разам палілі, пілі каву... Пазней, праз паўгода, яна з'ехала ў доўгую камандзіроўку. Ён засумаваў, але сапраўднай прычыны сваёй душэўнай тугі не зразумеў, бо іх, гэтых прычын, заўсёды было шмат. Тыдні праз тры яна патэлефанавала з далёкага горада (здаецца, ён нешта прасіў купіць, проста так, як просяць многія, - каб сябры не забывалі), і ён задыхнуўся, пачуўшы яе голас, а вусны яго раптам самі па сабе загаварылі ў слухаўку забытыя словы: каханая! Родная! Адзіная!

Потым яна вярнулася з камандзіроўкі, і пачалася новая фаза іх адносін - на жаль, без якіх-небудзь звычайных у такой сітуацыі дзеянняў.

Гэта былі размовы, у якіх Мастак адразу заблытваўся, як у завеі, часцей за ўсё яго маналогі, з якіх яна выбірала сказ ці слова і нешта адказвала, а калі ён нарэшце прыстасаваўся да яе манеры зносін і стаў пільна ўзважваць кожнае слова і фразу, вяртаючыся да іх, Рэстаўратар аднойчы заявіла: «Вы выдзіраеце з размовы асобныя кавалкі».

Сказанае і нясказанае, пачутае і непачутае ў адказ тоўпілася цяпер у яго ўзбуджанай памяці, загаралася, апякала то надзеяй, то болем, часцей болем, занадта часта:

«Я не магу без цябе, разумееш?!»

Маўчанне.

«Паслухай. Нехта ж павінен гаварыць табе вар'яцкія словы, цалаваць вочы, цалаваць тваю скуру, каб яна не звяла».

Агульныя словы - і камяк у горле, і няма чым дыхаць.

«Тое, што душа прачнулася, - не бяда. Але яна абудзіла і гэтае нікому не патрэбнае цела. Разумееш, ёсць туга, самота цела. Яно раптам успомніла, што яно таксама жывое. Не, не - я не дамагаюся цябе. Хоць і не хачу падманваць: няма ў свеце жанчыны, жаданай больш за цябе».

Маўчанне.

«Няхай пакахае з літасці, з міласэрнасці. Яна ж добрая. Яна абавязкова пашкадавала б чужое заплаканае дзіця... Гордасць? Пляваць. Я мілаваў бы яе так, я знайшоў бы такія словы... не ведаю цяпер - якія, але раніцай яна не змагла б пражыць без мяне ні хвіліны».

«Ты пазбягаеш мяне». - «Я не пазбягаю, я бягу ад вас». - «Не збягай так хутка. Не знікай назаўсёды. Ну, знікнеш ты. А потым раптам адчуеш, што я патрэбны табе. І прыйдзе твая чарга пакутаваць, разумееш?! Я не хачу гэтага...»

Маўчанне.

«Што здарылася, родная? Чым я цябе напалохаў, адштурхнуў? Чым пакрыўдзіў? Няўжо можна пакрыўдзіць каханнем? Я ж ведаю, адчуваю - я не чужы табе. Чаму ты так балюча б'еш - кожны раз наводмаш? Мы ўжо не маладыя, адзіная мая. Ты не хочаш пра гэта думаць? Ты адчуваеш сябе вечнаю і юнаю? Цудоўна! Менавіта такою я і бачу цябе. І ўсё ж такі ўяві: а раптам я апошні, каму ты па-сапраўднаму патрэбная?! А можа, наадварот - першы?»

Маўчанне.

«Растлумач мне толькі адно: чаму? Чаму ты не можаш адказаць на маё пачуццё? Ёсць дзве прычыны, паміж якімі бездань. Або я не любы табе, чалавек з натоўпу, інакш кажучы, Чужы. Скажы гэта - і я знікну з твайго жыцця. Або іншае: ты не вольная, лёс абставін, безнадзейнасць нашых адносін, боязь, што яны могуць нашкодзіць нашым дзецям».

Маўчанне.

Мастак выйшаў на лоджыю, запаліў.

Цёплыя нябёсы, з якіх ён дзве гадзіны таму вярнуўся, дыхалі ледзь чутным водарам квітучай лаванды. Там, за дамамі, яе цэлыя палеткі. Ён адразу ўявіў, як напісаў бы Яе, голую, у світальных промнях сонца, сярод бэзавай смугі суквеццяў - яна лунае ў гэтым адчувальным і адначасова эфірным тумане. Не, не лунае, - падумаў Мастак, успомніўшы яе манеру адзявацца, усю яе постаць. - Не, лунаць на карціне яна не можа, бо ні дух яе, ні яе сарамлівае цела не створаны для гэтага. Яна - зямная, таямнічая. На карціне яе цела будзе вырастаць са сцяблін, прадаўжаць іх, а грудзі - вось што будзе лунаць! - будуць збіраць залацістымі ад пылку саскамі, - вось яны, пацяжэлыя вечаровыя пчолы, - фіялетавы нектар.

Прывід быў такі яркі, што Мастак застагнаў.

- Што з табою? - спыталася жонка, адарваўшы позірк ад тэлевізара, дзе ішоў дэтэктыў пра маёра Земана.

- Баліць... - неакрэслена адказаў Ён і прычыніў балконныя дзверы.

І зноў у памяці замільгалі блікі яе ўсмешак, рэха слоў, водбліскі мінулых думак.

«Жаданая мая... адзіная... Я так баюся слоў, хоць ты, напэўна, лічыш мяне пустым балбатуном. Што адбываецца? Ты ўжо не збягаеш - ты пазбягаеш мяне, быццам я... Я не разбуральнік. Хай будзе сям'я. Твая, мая... Я згодны на ўсё. Кветка мая духмяная, восеньская мая... Мільёны людзей на зямлі кахаюць адно аднаго па-за шлюбам...» Маўчанне.

«Дапамажы мне. Нічога не абяцай, нічым не абдорвай. Скажы толькі: «Ты мне патрэбны», - і я буду шчаслівы. Было ж нешта той, мінулай зімою. Нешта ў табе пацягнулася насустрач - я ж бачыў, памятаю. Што змянілася, любая?!»

Маўчанне.

«Яна паводзіць сябе так, быццам я вінаваты ва ўсіх яе жыццёвых расчараваннях і крыўдах (я не ведаю іх, не слухаю плётак і не веру ім). Адчуванне такое, быццам я расплачваюся за чужую здраду. Балюча, горка, прыкра... Я цяпер кожны дзень хаваю па надзеі. Гэта ўсё роўна, што хаваць самога сябе, толькі па частках».

«Не збягай назаўсёды, каханая!»

«Я ведаю, што трэба зрабіць: не гаварыць ніякіх слоў, моўчкі ўзяць тваю галаву ў далоні, пацалаваць вочы, прытуліцца шчакою да шчакі - і ты абавязкова адкажаш, і ўсё вырашыцца. Але я баязлівец. Пракляты баязлівец. Я баюся, што ты можаш спалохацца, адштурхнуць, заплакаць, і тады ўсё будзе скончана, усё загіне. Не застанецца нават таго малога, што ёсць цяпер. Не застанецца надзеі».

Маўчанне.

«Часам мне здаецца, што ты - рыба, русалка. Спрадвечна халодная, раўнадушная, ненароджаная жанчына. Ты нарадзіла дзяцей, але ўсё роўна нічога не разумееш у каханні. Прабач, калі гэта не так».

Маўчанне.

«Так, я ненармальны, псіх. Але і ты, павер, вельмі дзіўны чалавек. Ты як тая «чорная скрынка», што застаецца цэлая ў авіякатастрофах. Ты рэч у сабе. Навошта? Дзеля чаго? Каму ты адкрытая? Сабе? Не веру. Можа, Богу? Але што яму, далёкаму, да цябе, да мяне, да маіх пакутаў?! Як жахліва не ведаць: гульня ці пачуццё, забарона ці капрыз, прынцып ці... Што я наогул ведаю пра цябе? Вось пра сябе дакладна ведаю - псіх. Кожны нармальны чалавек даўно б адступіўся... Што яшчэ мяне трымае і мучыць, дык гэта падазрэнне: а раптам ты яшчэ больш ненармальная, чым я, раптам табе балючай, горш, у што я, шчыра кажучы, не веру».

- Што з табою? - спытала жонка. - Ты быццам мёртвы.

- А я і праўда мёртвы, - згадзіўся Мастак. - Ты што - толькі цяпер заўважыла?

Жонка не пачала, як звычайна, кпіць. Ці то адчула, што яму блага, ці то засумавала.

- Ты з дарогі, кладзіся сёння раней.

У ложку яна мякка прытулілася да яго пляча. Ён заплюшчыў вочы і ледзь не застагнаў: уявіў, што побач тая, другая, жаданая да апошняй клетачкі. Вось яна, адзіная, духмяная і шаўкавістая, яго каханая. Ён стаў прагна цалаваць яе цела...

- Што з табою? - здзівілася жонка.

У гэты ж позні час у другім доме адбылося нешта падобнае.

Адчуўшы на плячы мужаву руку, Рэстаўратар нечакана прыгадала Мастака - вялікае дзіця, пакрыўджанае ёю, - і ледзь не захлынулася ад хвалявання: як дрыжаць у яго вусны і перарываецца голас, гэта ж ён побач, гэта яго рука...

І нават дзеці нарадзіліся пасля гэтага вечара ў абедзвюх сем'ях - нармальныя, добрыя дзеці. Праўда, ціхія, як і ўсе дзеці, зачатыя без вялікага кахання. Праўда і тое, што не гэта галоўнае ў нашай аповесці і што аповесць пра цёплы веснавы вечар на гэтым не скончылася.

Жонка пра нешта спыталася, але Мастак зрабіў выгляд, што спіць.

«А душа ж толькі што адыходзіла, - падумаў ён. - Не было яе, адлятала. Не ад шчасця, вядома. Якое там шчасце. Знікла і не вярнулася. Дзе ж ты была, душа мая? Пачакай... Здаецца, разумею. Яна зноў лётала да Яе! Чаму ж тады?.. Якое дзіўнае адчуванне. Здаецца, што я сапраўды быў са сваёй каханай, што яна адказала нарэшце на маю любоў... Адчуванне такое, быццам адбылося нешта незвычайна рэдкае, дзівоснае. І ў той жа час... Чаму ж ты так шчыміш, душа? Чаму ты плачаш?»

Мастак не ведаў пра існаванне спірытасферы, не мог уявіць яе, тым больш убачыць, але слабое водгулле незвычайнай з'явы, што адбылася толькі што ў ёй, дайшло да яго разумення, прымусіла радавацца і пакутаваць адначасова.

Ніхто з людзей, у тым ліку і касманаўты арбітальнай станцыі, якая ў той час праходзіла над Чорным морам, не бачыў (дый не мог убачыць), як з розных канцоў соннага горада, быццам сігнальныя ракеты, узляцелі ў глыбіні космасу дзве зорачкі, дзве чалавечыя душы, як яны завяршылі свае высокія парабалы насустрач адна адной і на момант зліліся, а пасля, крыху пацямнелыя, упалі назад, на зямлю.

У кропцы іх зліцця загарэлася воблачка кварка-глюённай плазмы - жамчужна-пяшчотнае, маленькае, радасна-патрэбнае Спірытасферы і Абсалюту ўвогуле, больш таго - патрэбнае ўсёй светабудове. Гэта быў акт нараджэння Больш Дасканалай Структуры, якую спірытасфера мусіла яшчэ выняньчыць і выгадаваць, у якой на зямных мовах сто імёнаў, у тым ліку і ласкавае - Анёл.

Не звярнула ўвагі на гэту неардынарную з'яву і душа Георга Вільгельма Фрыдрыха Гегеля, якая па-ранейшаму сузірала самую сябе на панелі сонечнай батарэі арбітальнай станцыі і па-ранейшаму крыху перашкаджала спецыялістам Цэнтра кіраўніцтва палётам.

Раніцаю Мастак як на крылах паляцеў у Майстэрню. Яго любая была на месцы: такая хатняя, усмешлівая, быццам і сапраўды жонка, удзячная за нечаканую праяву маладога кахання.

- Божа мой, як я па табе засумаваў! - выдыхнуў ён.

Не адважваючыся наблізіцца, дакрануцца, ён загаварыў, і яго палкае трызненне было, як заўсёды, крыху бязладнае. Мастак заклінаў і крыўдзіўся, спрабаваў пераконваць і тут жа, спалоханы, што яго няправільна зразумеюць, пачынаў немаведама за што прасіць прабачэння. Калі ён стаў выстройваць складаную лагічную канструкцыю наконт таго, што баіцца нашкодзіць ёй, што магчыма, заняў нейкае месца ў яе жыцці і гэта, магчыма ёй перашкаджае, Рэстаўратар раптам перапыніла яго:

- Ніякага месца ў маім жыцці вы не займаеце.

Ён змоўк на паўслове, быццам бег з усяе моцы і раптам грымнуўся аб сцяну, што невядома адкуль з'явілася на дарозе.

- Амаль усе людзі хлусяць, - нечакана дадала яна, маючы на ўвазе ці то яго любоўнае трызненне, ці то свае жорсткія словы.

Мастак, прывучаны жыццём заўсёды разлічваць на горшае, вінавата прамармытаў нешта і выйшаў з пакоя. Ён ледзьве перастаўляў ногі. Самнамбула, паўтруп, зомбі - у гэты момант ён нічога навокал не бачыў і не чуў. Калі сэрца раней часам калола ці пабольвала, то цяпер яно пякло так, быццам яго апарылі кіпенем. Ён раптам зразумеў: усё канчаецца, так і не пачаўшыся. Нешта ці нехта - яна, ён сам, абставіны? - бязлітасна рве сонечнае павуцінне іх бабінага лета, іх нясмелае прыцягненне аднаго да аднаго, а ён, дарослы разумны мужчына, не ведае, як быць, што зрабіць. Што за гіры, што за атрута гэтыя словы: немагчыма! Позна! нельга!

 

З майстэрні Мастак звольніўся. Ён працаваў дома, шмат піў, шмат выстаўляўся, больш таго - яго заўважылі за мяжою, некалькі карцін купілі пасля выставы.

Пасля нараджэння Анёла прайшло каля чатырох гадоў. Маленькі горад і агульныя справы неаднойчы зводзілі Мастака і Рэстаўратара, але пра пачуцці свае ён болей не загаворваў - пытаўся пра дзяцей, пра навіны, але суха, змрочна, падсвядома асцерагаючыся, каб не адкрылася даўняя душэўная рана, не вярнулася вар'яцтва. Можа, яшчэ і таму хаваў ён пры сустрэчах вочы, што тая, якую раней называў адзінай і самай жаданай у свеце, неўзабаве стала бабуляю, крыху распаўнела і, па дзіўным законе прыроды, напаследак расцвіла: стала духмяная і белая, быццам тыя гронкі акацыі, пра якія ён любіў спяваць у добрай кампаніі.

А Мастак восенню ўзяў ды памёр. Не хварэў, не ляжаў у бальніцах, хоць здароўем асаблівым і не вызначаўся, упаў сярод вуліцы - і не стала яго на зямлі. Інсульт, інфаркт - якая табе розніца, чытач.

На пахаванне прыйшло многа людзей. Прыйшла і Рэстаўратар, з сяброўкай. Была яна бляднейшая, чым звычайна, але трымалася малайцом, як заўсёды, хаваючы ўсё ў сабе: ёсць такая парода людзей, незразумелых антыподам.

Развітанне вырашылі зрабіць на вуліцы, і труну вынеслі з кватэры, паставілі на дзвюх лаўках перад пад'ездам.

Анёл, які прыйшоў дапамагчы бацькавай душы, стаў, нябачны, у галавах. Ён мог лёгка вылучыць з агульнай аўры журбы думкі і пачуцці кожнага - чуў і зацікаўлены шэпт двух калег нябожчыка, якія вырашалі, ці дастаткова куплена гарэлкі для памінак, і нечую паскудную думку пра ўдаву зафіксаваў, але ўся яго ўвага была звернута на маці. Яна стаяла крыху воддаль, каля стаптанай клумбы, сяброўка непрыкметна падтрымлівала яе пад локаць. Пасля, калі нехта з арганізатараў пахавання прапанаваў развітацца, анёлава маці рашуча падышла - ён упершыню ўбачыў яе так блізка, побач, - пацалавала Мастака ў вусны і заплакала. Сяброўка адвяла яе ўбок, нешта зашаптала на вуха, але маці сказала: «Няхай... Я паеду на могілкі».

І пакуль аўтобус з жалобнай паласой пыліў сярод лавандавых палеткаў, якія так любіў Мастак і якія неяк жартаўліва ахрысціў «пашай Анёлаў», нябесны сын яго заставаўся каля нябожчыка, і думкі яго былі пра дзіўнае, незразумелае чалавечае быццё.

Вось бацькі яго. Пры жыцці бацькі нават ніводнага разу не пацалаваліся. А яны прыродай былі ж створаны адно дзеля аднаго. Не здолелі пераступіць цераз чалавечыя законы... І вось - раз'яднаныя назаўсёды. Шкада. Так недарэчна. Абсурдна... Няма парадку на зямлі. Не было і ніколі не будзе, бо чалавек трыста разоў несвабодны. Ён трыста разоў звязаны законамі, нормамі, умоўнасцямі, ён трыста разоў нявольнік і нікчэмнасць, але ён жа - дзіўна, дзіўна - і Бог па сутнасці сваёй.

Анёл не зазіраў у матчыну душу - гэта яе, усё яе. А што ёсць там святло і што было яно ў бацькавай душы, дык само яго нараджэнне - выдатнае таму сведчанне. Не кожны дзень у спірытасферы з'яўляюцца Больш Дасканалыя Структуры, а кажучы прасцей, не кожны дзень нараджаюцца Анёлы.

І смутку Анёл асаблівага не адчуваў, бо там, у свеце Абсалюту, няма пачуццяў і эмоцый у звычайным зямным разуменні.

- Не пакутуй так, не трэба, - прыгалубіў ён бацькаву душу. - Усё пройдзе. Праз сорак дзён супакоішся.

У перакладзе з нябеснай на зямную мову ён шкадаваў аб няведанні людзей, асабліва гэтых, родных, што стварылі яго, істоту найвышэйшага парадку. Шкада, што яны, спадзеючыся на бяссмерце душы, не разумеюць простага: усё зямное там страчвае сэнс. Не квітнець больш лавандзе, не згараць у агні жадання, не пакутаваць і не радавацца, не патанаць табе, бацька, у бездані вар'яцтва, якое прымушала цябе ствараць, піць гарэлку, кахаць гэтую белатварую жанчыну, чужую жонку. І нават калі я, праз шмат гадоў, правяду яе душу ў нашы прасторы, вам ужо ніколі не быць разам. Вы не заўважыце адно аднаго, як Георг Вільгельм Фрыдрых Гегель не заўважыў цуду майго нараджэння, бо жыццё і каханне дадзены толькі жывому.

Аўтобус спыніўся на ўзгорку, сярод зялёных дрэў і надмагілляў. Анёл яшчэ раз пагладзіў бацькаву душу і стаў выпростваць свае кварка-глюённыя канечнасці, якія толькі ўмоўна, ад вялікай фантазіі, можна было назваць крыламі.



Пераклад: Галіна Шаранговіч
Падрыхтавана: Уладзімір Васькоў