epub
 
падключыць
слоўнікі

Леанід Собалеў

Салавей

На фронце пад Адэсаю працаваў атрад разведчыкаў-маракоў. Начамі яны прабіраліся румынам у тыл, прапаўзаючы на жываце паміж мінных палёў, пераходзячы да грудзей у вадзе асенні ліман, заплываючы на шлюпцы далёка за лінію фронту. Яны здымалі часавых ударам штыка ці кінжала, закідалі гранатамі хаты са штабамі, сядзелі пад абстрэлам сваіх жа батарэй, карэктуючы агонь, - няўлоўныя, смелыя, хуткія, «чорныя д'яблы», «чорныя камісары», як са страхам называлі іх румыны.

Сярод іх быў электрык з мінаносца «Фрунзе», прыгожы і статны марак з ганарлівымі вусікамі, якому за гэтыя вусікі і за любоў да кавалерыйскіх штаноў далі мянушку «гусар». Галіфэ, армейскія гімнасцёрка і пілотка былі выкліканы патрэбаю: не вельмі зручна поўзаць па балотах у шырокіх марскіх штанах і ў флоцкіх чаравіках. Разведчыкі выракліся марское формы, але «марская душа» - паласатая цяльняшка - заўсёды была на целе і сінела праз каўнер неаспрэчным доказам прыналежнасці да флоту, і на пілотцы пад зорачкаю горда пабліскваў якарок.

У спякотны пыльны дзень шасцёра разведчыкаў ішлі праз Адэсу з лазні. Хацелася нясцерпна піць. Але піць у горадзе хацелася ўсім, і каля ларкоў тоўпіліся чэргі. Маракі прайшлі тры ларкі, уздыхаючы, паглядалі на гадзіннік. Стаць у чаргу ў іх не хапала часу. Раптам ім пашанцавала: з неба пачулася характэрнае выццё міны. Гэта было на ўскраіне горада, куды міны часта заляталі, і гуд іх - агідны, шчымлівы, доўгі - быў добра знаёмы адэсітам. Чарга распалася, людзі пабеглі хавацца за цагляныя сцены дамоў.

Але міна не ўзарвалася. Яна праскавытала сваю агідную песню і бясследна прапала. Затое каля ларка, адкуль звыклы да ўсяго прадавец так і не пайшоў, стаяў адзін толькі «гусар» і са смакам цягнуў содавую ваду, запрашаючы астатніх маракоў.

Выявілася, што «гусар» мае дар незвычайнай здольнасці да гукапераймання. З яго ружовых поўных губ выляталі самыя нечаканыя гукі: свіст снарада, квохканне курыцы, віск пілы, выццё міны, шчоўканне салаўя, шыпенне гранаты, брэх шчанюка, далёкі гул самалёта. І здольнасць гэта, ледзь толькі выявілася, была адразу накіравана на карысць справы.

«Гусара» аб'явілі «флагманскім сігнальшчыкам», распрацавалі цэлы код і панеслі яго на зацвярджэнне камандзіру. Квохканне курыцы азначала, што каля хаты заўважылі вартавога, краканне качкі - што вартавых двое. Кулямётчык, замаскіраваны ў кустах, выклікаў жаласны посвіст івалгі. Месца збору ўночы пасля налёту на румынаў вызначалася доўгім спевам салаўя, які з захапленнем артыста самазабыўна заліваўся ў кустах ці каля шлюпкі.

Вечарамі, калі разведчыкі адпачывалі пасля небяспечнага рэйду, «гусар» наладжваў у хаце канцэрт. Маракі ляжалі на ахапках сена, і ён, закінуўшы рукі за галаву, свістаў.

У цёмнай хаце, дзе свежа і тонка пахла сенам, ён свістаў чыста і моцна, і праўдзівы, празрысты яго свіст, якому акампанавалі глухія, няспынныя гулы сваіх і чужых гармат і выбухаў (пастаянная сімфонія акружанай Адэсы), гучаў далёкаю мараю пра мірнае, спакойнае жыццё, пра яркае святло на вуліцах і ў залах, пра белыя святочныя ўборы і чыстыя рукі, пра забыты, страчаны спакой, пра ўтульнасць і хату. Маракі слухалі моўчкі, і, калі заміраў апошні гук, які танчэў і пераходзіў у лагодную, разумную цішыню, гігант-камандзір тым глухім вурчаннем, якое іншы раз чуеш у магутнай дымавой трубе лінейнага карабля, нямоцна басіў:

- Шчэ давай... Гарна свішчаш.

І маракі ляжалі на сене і думалі пра вайну, пра лёс і перамогу і пра тое, што будзе яшчэ - абавязкова будзе! - жыццё з такою самаю цішынёю і з песняю-мараю. І гарматы за сценамі хаты выкідалі метал і крышылі тых, хто ўварваўся ў наша мірнае жыццё.

У першым паходзе ў румынскі тыл «гусар» астаўся ў шлюпцы ў чароце - ахоўваць гэты адзіны сродак вяртання да сваіх і, як звычайна, быць «флагманскім сігнальшчыкам». Уночы маракі нарабілі спраў у тыле, знялі два кулямёты, узарвалі хату з румынскім штабам і да шасці раніцы вярталіся да шлюпкі. Крадучыся, яны падыходзілі да чароту. Аднаго неслі на руках - яго раніла разрыўною куляю ў бядро, дваіх таварышаў недалічыліся. У чароце ўсе прылеглі адпачыць і сталі слухаць ноч, каб вызначыць, дзе шлюпка.

Уночы спяваў салавей. Ён шчоўкаў і свістаў, але пошчак быў натужлівы, а спеў перарывісты. Часам ён змаўкаў. Потым спеў ажываў, але такая туга і трывога былі ў ім, што маракі пакінулі цяжкае цела раненага пад аховаю і кінуліся на свіст салаўя.

«Гусар» ляжаў у шлюпцы дагары. У цемры не відзён быў яго твар, а грудзі яго былі ў ліпкай крыві. Аўтамат валяўся на дне, усе дыскі былі пустыя. У чароце маракі наткнуліся на трупы румынаў. Відаць, яны згледзелі днём шлюпку, і тут быў няроўны бой.

«Гусар» не пазнаваў родных галасоў. Ён ляжаў на спіне і хроп цяжка і пакутна. Потым ён набіраўся сілы, і тонкі свіст вылятаў у яго з-пад вусікаў скрозь непаслухмяныя губы, якія пачалі халадзець. Не бачачы, не разумеючы, што тыя, каму ён павінен быў даць выратавальны сігнал, ужо вярнуліся да шлюпкі, ён прадаўжаў свістаць. Ён свістаў нават тады, калі ўсе селі ў шлюпку і, асцярожна апусціўшы вёслы, пайшлі па ціхім цёплым моры.

І салавей - птушка кустоў і дрэваў - спяваў і шчоўкаў над морам. У шлюпцы маўчалі, і толькі часам шумна і доўга ўздыхаў камендор-велікан, які ляжаў побач з «гусарам».

«Гусар» усё свістаў, заміраючы, адпачываючы, цяжка ўцягваючы паветра. Ён усё свістаў, і неба над морам стала ружавець, і шчоўканне салаўя перайшло ў мелодыю.

Абарваная, скалечаная, як і яго цела, яна кідалася над пасвятлелым морам, і маракі, прыслухоўваючыся да яе, грэблі шалёна і хутка.

 

1941



Пераклад: Валянцін Рабкевіч