epub
 
падключыць
слоўнікі

Леся Украінка

«Гавораць вусны: «Ён навек загінуў!»...»

Гавораць вусны: «Ён навек загінуў!»

А сэрца кажа: «Не, ён не пакінуў!»

Ты чуеш, як струна звініць і плача?

Дрыжыць-звініць слязінаю гарачай

Тут, унутры, і б'ецца ў лад са мною:

«Я тут, заўжды я тут, я ўсё з табою!»

 

Заўжды так, ці хачу забыць у песнях мукі,

Ці хто сціскае мне пяшчотна рукі,

Ці любая размова з кім вядзецца,

Ці ў сэрцы пацалунак адзавецца -

Струна звініць, як рэха, нада мною:

«Я тут, заўжды я тут, я ўсё з табою!»

 

Ці апушчуся ў бездань тайных мараў,

Дзе ўсё мільгаюць светлыя пачвары

І здані змрочныя, што робяць чары,

Аж апаноўваюць душу кашмары, -

Мне голас твой звініць, пяе з журбою:

«Я тут, заўжды я тут, я ўсё з табою!»

 

Ці раптам сон заплюшчыць на імгненне

Мне вочы, стомленыя летуценнем,

Я чую і праз цяжкі сон, як кліча

Знаёмы голас любага аблічча,

Звініць тужліва з дзіўнаю журбою:

«Я тут, заўжды я тут, я ўсё з табою!»

 

І кожны раз, як зазвініць ён з ласкай,

Дрыжаць у маім сэрцы тыя краскі,

Што ты не здолеў за жыццё сарваці,

Што не хацеў ты у труну схаваці,

Дрыжаць і вымаўляюць ў лад са мною:

«Цябе няма, але я ўсё з табою!»

 

Кімполунг, 07.06.1901



Пераклад: Мікола Аўрамчык