epub
 
падключыць
слоўнікі

Леся Украінка

Мара, будзь вернай!

Мара, будзь вернай! Я ж так без цябе гаравала!

Столькі бязрадасных дзён, столькі бяссонных начэй...

Ты адна ў мяне, я з табою адной сябравала,

Асвятляй жа мой шлях, разгарайся ярчэй!

 

Мара, будзь вернай! О, як я люблю твае чары,

Вобразаў рой дарагіх, сэрцам абуджаны гук!

Нас цяпер не разлучаць жахлівыя, чорныя хмары,

Я з табой не баюся ні смерці, ні мук.

 

Мара, хацела б я шчасця хоць трошкі пабачыць.

Толькі жыццё ў мяне ёсць, - што ж, і яго забірай!

Час прабіў, я выходжу на бой, каб свой лёс перайначыць,

Каб пракласці дарогу ў нязведаны край.

 

Толькі - жыццё за жыццё! Будзь заўсёды жывою!

Слова, як меч, навастры, - траціць не варта надзей.

Хто адрокся ўсяго і спаліў караблі за сабою,

Не памрэ, не здабыўшы дабра для людзей.

 

Мара, арол мой, так сумна мне сёння чагосьці, -

Дай жа мне крылы свае, сэрца маё загартуй!

Мне патрэбна вясна, мне патрэбен агонь маладосці,

А калі разаб'юся - даруй мне, даруй!

 

03.08.1905



Пераклад: Юрка Гаўрук