epub
 
падключыць
слоўнікі

Леся Украінка

Песні пра волю

Вось яны крочаць. Сцяг іх палае,

Быццам агонь. Мужна ідзе, наступае

Шэры натоўп. Многа смелых людзей,

«Песня пра волю» ірвецца з грудзей.

 

«Смела, сябры!» Але песня рыдае.

«Смела, сябры!» Як на смерць заклікае.

Страшна, які безнадзейны той спеў.

Хто ж пад яго наступаць бы умёў?

 

Не, не пра волю той спеў. Пра няволю

Плача, сумуе і тужыць да болю

Голас, зусім раўнадушны да слоў,

Плач пахавальны раздаўся ізноў.

 

«Смела, сябры!» То ў турму ці на страту

Гэтак вось смела натхняе брат брата,

Плача бяззбройны над братам-байцом,

Нібы ў зямлю зарывае жыўцом.

 

Лепей маўчы, калі іншай не маеш

Песні: напэўна ты духам згасаеш

Ці паніхідам настаў ужо час,

Як воля пад сцягі сабрала ўсіх нас!

 

Ведаю спеў той! Ён быццам атрута.

Бедныя душы, ў кайданы закуты,

Спеў той стварылі. Ён змалку нам горкі,

Нам, што раслі пад паўночнаю зоркай.

 

Мы нарадзіліся ў злую хвіліну,

Выйшлі у шлях прадсвітальнай гадзінай.

Чулі напеў гэты кожнай парой,

Ён нам казаў: не сустрэцца з зарой!

 

Што да таго вам, народжаным раннем?

Лепш праспяваць бы тут песню кахання,

Волі і юнай і буйнай сваёй,

Рана спяваць паніхіду па ёй.

 

Хай расцвіце ваша доля, як рута,

Бо не патрэбна вам песня-атрута.

Досыць: мы сыты песняй такой,

Вы ж захапляйцеся песняй другой.

 

Новаю песняй, каб сонейкам ззяла,

Каб так, як полымя, вечна шугала,

Каб разам з песняй чырвоны наш сцяг

Цуды тварыў на прасторах жыцця!

 

Коладзяжнае, 01.12.1905



Пераклад: Алесь Астапенка