epub
 
падключыць
слоўнікі

Леся Украінка

Світальныя агні

Ноч цёмная люд спрацаваны прыкрыла,

Пад чорным крылом прытуліла,

Ўсяму загадала: засні!

Вячэрнія згаслі агні,

Ўсіх ночка ўладарна скарыла.

 

Хто спіць, хто не спіць, а скарыся злой сіле.

Шчаслівы, хто сон бачыць мілы!

Адна я не сплю давідна,

Наўкола, скрозь цемра адна,

Наўкола ўсё спіць, бы ў магіле.

 

Раскінула цёмная ноч свае чары,

Нахлынулі сны, нібы хмары;

Як чорныя мары страшныя,

Мне сняцца такія дзіўныя

Няпэўныя здані, пачвары.

 

Душу маю прывіды злыя змарылі,

Паўстаць жа не мела я сілы...

І раптам світальны прамень

Прабіўся праз жудасны цень -

Світання агні засвяцілі.

 

Агні тыя дня перамогу прарочаць,

Знікае ў іх цемра той ночы;

Хоць сонца праменні йшчэ спяць, -

Світання агні ўжо гараць,

Агні запаліў люд рабочы.

 

Устань, хто жывы, ў каго думка паўстала!

Гадзіна для працы настала!

Не бойся дасветнай імглы, -

Світання агні запалалі,

Калі йшчэ зара не зайграла.

 

За вокнамі - светлая сцежачка. Днее.

Надзея у сэрцы квітнее.

Агні залатыя мігцяць,

Вясёлкі праменнем зіхцяць

І клічуць: за працу, з надзеяй!

 

1892



Пераклад: Сяргей Дзяргай