epub
 
падключыць
слоўнікі

Лэсьлі Поўлз Хартлі

Конрад і цмок

Калісьці ў адной невялічкай краіне, якая ляжала за пяць дзён язды ад Еўропы, жыў хлопчык. Былі ў яго маці, бацька і два браты. Калі гэтая гісторыя толькі пачалася, хлопчыку споўнілася дванаццаць гадоў. Яму яшчэ не трэба было зарабляць сабе на хлеб, і цэлымі днямі ён гуляў у лесе, а часам назіраў, як ягоныя старэйшыя браты валяць і пілуюць дрэвы. Гэтаксама як іх бацька, браты былі лесарубы; калі-нікалі яны дазвалялі хлопчыку праехацца дадому вярхом на вялізным камлі. Спачатку ён баяўся, а калі перамог страх, што зваліцца, такая язда пачала яму вельмі падабацца. І ён бы, можа, і часцей далучаўся да сваіх братоў, але баяўся, што старэйшы брат, Леа, можа сказаць: «Конрад, пара й табе чым-небудзь заняцца. Ану, патрымай коней пару хвілін» ці «Конрад, ану, падыдзі сюды ды нахілі гэтае маленькае дрэўца, каб мне было зручней сячы». Вядома, Конраду даводзілася дапамагаць, хоць іншы раз яго ўратоўваў сярэдні брат, Рудольф, які казаў: «Леа, ды адчапіся ты ад хлопца, ад яго болей шкоды, чым карысці». Тады Конрад і радаваўся, і сумаваў адначасова, бо ён быў бы й рады дапамагчы, але вельмі баяўся, што коні адціснуць яму ногі ці дрэўца разагнецца й балюча стукне яго.

Конрад моцна любіў сваіх братоў, асабліва Рудольфа, і вельмі ганарыўся імі. Яны былі такія дужыя і спрытныя! Ён быў упэўнены, што нават калі вырасце, ніколі не здолее быць такім, як яны. «Мне не суджана быць лесарубам,» - журыўся хлопчык.

Аднаго разу па абедзе Леа даў яму ў рукі сякеру і болей настойліва, чым раней, узяўся вучыць, як ёю карыстацца. Конрад слухаў не надта ўважліва, а потым так нязграбна махнуў сякерай, што яна, слізгануўшы па кары дрэва, ударыла хлопцу па назе і рассекла чаравік. Леа раз'юшана закрычаў на яго. Конрад заплакаў, кінуў сякеру і, не чакаючы, пакуль Рудольф яго абароніць, пабег у глыб лесу. Ён бег без перадыху, пакуль галасоў з прасекі стала зусім не чуваць.

Лес вакол быў густы і маўклівы. Ва ўсе бакі разбягаліся вузкія сцяжынкі, якія, аднак, нікуды не вялі. Адна канчалася каля закінутае прасекі, другая знікала ў густым зарасніку. Але Конраду, які на памяць ведаў гэтую частку лесу, было зусім не страшна. Ён быў такі злы і пакрыўджаны на братоў, што нават не шкадаваў свайго сапсаванага чаравіка. Але ён вельмі баяўся, што ў яго рассечаная нага, бо тады яму давялося б праглынуць сваю гордасць і крыўду і, вярнуўшыся да братоў, прасіць, каб яго падвезлі, бо дадому было далёка ісці.

Конрад уважліва агледзеў дзірку на чаравіку, але крыві не ўбачыў. Тады ён асцярожна зняў чаравік - шкарпэтка была крыху рассечаная, але нага цэлая. Якое шчасце! «Гэта магія, - вырашыў хлопчык, - белая магія!» Вядома, белая магія сустракаецца куды радзей за чорную, пра якую яму шмат расказвала маці, бо лічыла, што чорная магія прыносіць шмат шкоды людзям, і хвалявалася за свайго сыночка. Ах, як цудоўна было б дзе-небудзь у лагчыне ці гаёчку спаткаць добрую чараўніцу, якая ўратавала яго! Ён агледзеўся вакол і пацалаваў паветра, спадзеючыся прыцягнуць яе ўвагу, але нават калі чараўніца й была побач, дык вырашыла застацца нябачнаю.

І ўсё ж Конрад, узрадаваўшыся, што застаўся цэлы, адчуў, што здольны на любыя прыгоды. Не, ён не будзе вяртацца да братоў - наадварот, ён пакажа ім, што не мае патрэбы ў іх абароне. Хлопчык вырашыў, што пойдзе ў лес далёка-далёка, куды яшчэ ніколі не заходзіў, і вернецца дадому толькі пад самую ноч. Стаяў цёплы восеньскі дзень, у лесе было шмат розных ягад, дый у заплечніку засталіся сякія-такія харчы. І Конрад смела рушыў наперад.

Неўзабаве лес зрабіўся іншы: высокія пагоркі змяняліся на вузкія глыбокія лагчыны, якія хлопчыку даводзілася пераходзіць у сама нізкіх месцах (так яму, прынамсі, здавалася). Ён то караскаўся ўгару, то спускаўся ўніз, прадзіраючыся праз гушчар, бо ніякіх сцежак тут не было. Конрад стаміўся. У тым месцы, дзе чаравік быў рассечаны, грубая скура балюча муляла нагу. Не раз ён збіраўся павярнуць назад, але, калі ўзбіраўся на вяршыню аднаго пагорка і бачыў, што да наступнага зусім рукою дастаць, ён вырашаў прайсці яшчэ крыху і спускаўся ў новую маўклівую лагчыну, залітую сонцам, якое апусцілася ўжо так нізка, што хлопчык бачыў яго, не падымаючы галавы. Ён падумаў, што хутка пачне цямнець, і, спалохаўшыся, цвёрда вырашыў, што далей за наступны пагорак ужо не пойдзе. Але калі ён ускараскаўся на яго, перад яго вачыма ўзнікла ні з чым не параўнальнае відовішча. Каб убачыць такі цуд, хлопчык пагадзіўся б прайсці ўтрая болей. Перад ім раскінулася неабсяжная даліна, залітая мяккім аранжавым святлом, і на самым даляглядзе п аўставала высокая, як гара, і пляскатая, як лязо, скала, з якой нібыта вырастаў замак. Немагчыма было сказаць, дзе канчаецца скала і дзе пачынаецца замак. Конрад напружыў зрок: паветра ў яго краіне было такое чыстае і празрыстае, што ўсё наўкола можна было ўбачыць з вельмі далёкай адлегласці, - замак мог быць і за пяць міляў ад яго, і за дзесць, а можа, і за дваццаць. І тут Конрад прыгадаў, што ў маці на кухні вісіць карцінка, на якой намаляваны такі самы замак. Ён адразу пазнаў яго: гэта быў каралеўскі замак.

Вакол замка адбывалася нешта незвычайнае. Замак быў упрыгожаны сцяжкамі, з яго расчыненых вокнаў звісалі рознакаляровыя дываны і вышываныя золатам тканіны. На ветры трапяталіся чырвоныя стужкі. Уся прастора перад замкам была запоўненая чорнаю масай, якую на дзве часткі разразала дарога. Конрад зразумеў, што гэта абапал дарогі вялікім натоўпам стаяць нейкія людзі, але вершнікі ахоўваюць дарогу і нікога на яе не прапускаюць. А па самай сярэдзіне дарогі, павольна і ўрачыста, па чытыры ў рад, ішлі герольды і трубілі ў трубы. Раптам яны ўсе разам спыніліся і выстраіліся ўздоўж дарогі. Усё аціхла, нават вецер стаіў дыханне, і сцяжкі абвіслі, як анучкі. Удалечыні ўзніклі чатыры вершнікі; за імі, крыху воддаль, ехаў яшчэ адзін. Ягоная вопратка, расшытая каштоўнымі камянямі, зырка блішчала, на шаломе калыхаліся белыя страўсіныя пёры. Вершнік ехаў, крыху нахіліўшы галаву, - можа, ад гордасці, а можа, ад сарамлівасці - цяжка было сказаць. А можа, так ён адказваў на прывітальныя крыкі людзей, якія махалі насоўкамі і падкідалі ў паветра капелюшы?

Адзінокі вершнік набліжаўся да палаца, а гледачы - і Конрад разам з імі - не зводзілі з яго вачэй. Калі да першых прыступак заставалася ўжо ўсяго некалькі крокаў, раптам здарылася неверагоднае.

Паверхня скалы заварушылася, зморшчылася, у скале ўзнікла вялікая дзірка, з якой валіў дым, потым адтуль высунулася галава, падобная да змяінай, чорная як ноч, цвёрдая, як чорнае дрэва, вялізная, як цень ад хмары. Яна пакруцілася сюды-туды на тоўстае шыі і кінулася наперад. Натоўп хлынуў назад, і вершнік застаўся сам-насам з агідным монстрам. Конрад убачыў, як рыцар азірнуўся, - каб ён завярнуў каня, дык мог бы яшчэ захаваць жыццё. Але шукаць паратунку ён не схацеў.

Конрад вельмі спалохаўся. І апошняе, што ён паспеў заўважыць, раней чым даў цягу, - гэта страшэнны ўраган, які раптам узняўся вакол замка і ў адно імгненне паздзіраў з яго ўсе ўпрыгожанні: і сцяжкі, і дываны, і стужкі.

Дрэнныя навіны разлятаюцца хутка. Не было выключэннем і тое, што здарылася каля палаца. Таму дома нават не заўважылі, што Конрад згубіўся. Маці, праўда, некалькі разоў пыталася: «Куды гэта Конрад падзеўся?» - але ніхто не мог нічога ёй адказаць. Старэйшыя сыны і іх сябры толькі і рабілі, што абмяркоўвалі жахлівы лёс жаніха прынцэсы Гэрміёны. Таго дня прынцэса павінна была пабрацца шлюбам з сынам манарха суседняй дзяржавы. Гэта быў вельмі прыемны малады чалавек: галантны, смелы, прыгожы - добрая партыя для прынцэсы.

- А ці бачыла яго прынцэса калі-небудзь раней? - пацікавілася маці.

- Якая розніца?! - абурыўся муж. - Гэты шлюб зрабіў бы нас наймацнейшай дзяржавай! А хто цяпер захоча ўзяць яе ў жонкі?

- Ну, такіх, хто захоча, будзе болей, чым трэба, - упэўнена сказаў Леа. - Прынцэсе толькі семнаццаць гадоў, і яна сама прыгожая дзяўчына ў свеце.

Спрачацца тут было немагчыма, бо Леа сказаў праўду. Пра прынцэсіну прыгажосць расказвалі легенды. Калі ў іншых краінах мужчыны параўноўвалі каханую з ружаю, з сонцам ці зорамі, дык у іх каралеўстве найбольшаю пахвалою было параўнанне з прынцэсаю Гэрміёнай.

Яна была такая прыгожая, што калі яна нешта рабіла ці нават проста размаўляла, - ужо адно гэта псавала яе прыгажосць. Таму прынцэса нічога не рабіла і размаўляла вельмі рэдка. Яна амаль не выходзіла з палаца, шкадуючы сваіх падданых, бо як толькі яны яе бачылі, дык не маглі ўжо кахаць болей нікога, апроч яе. Так яна і жыла ў самоце, і простыя людзі - такія, як Конрад і яго браты, - нічога пра яе не ведалі. Апроч таго, вядома, што прынцэса неверагодна прыгожая.

- Ясная рэч, - разважаў Леа, - новы жаніх павінен быць добра ўзброены і падрыхтаваны да бойкі з цмокам. Што мог зрабіць гэты небарака? Ён шыкоўна апрануты, але ж без зброі... Каралю трэба будзе, відаць, выклікаць паліцыю ці загадаць, каб замуравалі дзірку ў скале, і тады цмок памрэ з голаду.

- Небарака прынцэса! - уздыхнула маці. - Які гэта ўдар для яе!

Потым яны пачалі спрачацца, дзе была прынцэса, калі цмок праглынуў яе няшчаснага жаніха. Адны казалі, што бачылі яе каля акна, другія, - што яна якраз тады малілася ў капліцы. Але ўсё гэта былі толькі чуткі. Нарэшце бацька, стаміўшыся ад спрэчак, сказаў:

- А мне здаецца, што яе нідзе не было.

- Як гэта так? Недзе ж яна павінна была быць, - не пагадзіліся астатнія.

- Ну, я сказаў тое, што думаю, - адказаў бацька.

У гэты момант увайшоў Конрад. Ён чакаў, што яму дадуць дыхту за тое, што ён гэтак позна вярнуўся. І ў любы іншы дзень так бы яно і было. Але тым вечарам усе былі занадта ўсхваляваныя, і яго позні прыход быў успрыняты, як звычайны хлапечы жарт. Конрад хацеў быў расказаць пра тое, што ўбачыў у лесе. Але як толькі пачаў, перад яго вачыма раптам да драбніц усплыло ўсё, што здарылася каля палаца. Хлопчык адразу спалатнеў і змоўк. Браты крыху пасмяяліся з малога і зноў пачалі размову пра цмока, пра прынцэсу ды пра яе жаніха.

Конрад вельмі стаміўся, дарога дадому падалася яму бясконцаю, але пакуль ён ішоў, яго ўвесь час падтрымлівала думка, што бацькі і браты будуць з захапленнем слухаць пра ягоныя прыгоды. Якое ж яго чакала расчараваннс! Леа ўвогуле не зацікавіўся расказам, а Рудольф сказаў, што з такой далечыні наўрад ці можна было што-небудзь добра разгледзець. Што зробіш, яны былі дарослыя, а ён малы... Што ён мог ведаць пра такую сур'ёзную справу?! Браты зноў пачалі балбатаць, абмяркоўваючы, колькі народу, апроч прынца, з'еў цмок ды куды магла падзецца рака чорнай крыві... І такі цудоўны дзень скончыўся для Конрада вельмі сумна.

Увесь каралеўскі двор быў, безумоўна, у жалобе. Дзеля знішчэння цмока быў прызначаны генерал. Але з самага пачатку перад харугвай будучых мсціўцаў, якія падпарадкоўваліся непасрэдна генералу, паўстала неадольная перашкода: цмок некуды знік, не пакінуўшы аніякіх слядоў. Нават дзірка, праз якую ён вылазіў, таксама знікла! Прафесійныя альпіністы, надзейна прывязаныя вяроўкамі, абследавалі кожную пядзю скалы - спачатку дзеўбучы яе кіркамі, а потым разглядаючы ў мікраскопы, - але не знайшлі ані шчыліны. Маленькія кветкі, што чапляліся за скалу і якія прынцэса, па чутках, вельмі любіла, па-ранейшаму раслі і квітнелі, нібыта нічога не здарылася.

Народ быў надта незадаволены працаю экспертнай камісіі. Усе казалі, што камісія шукае не там, дзе трэба, і толькі зацягвае справу. Якія толькі спробы не рабіліся, каб выманіць цмока! Скалу хіба што дынамітам толькі не падрывалі, баючыся пашкодзіць замак.

Да цмока быў накіраваны герольд, які ўвесь ажно калаціўся ад страху. Вучоныя цмакаведы вычыталі ў кнігах, што ў былыя часы цмокі патрабавалі штогадовых чалавечых ахвяраў, і герольд павінен быў запытацца ў цмока, якія той выстаўляе ўмовы. Але цмок нічога не адказаў.

Тады герольду загадалі закрануць цмокаву пыхлівасць, выклікаўшы на бойку з якім-небудзь славутым асілкам каралеўства. Няхай цмок прызначыць дзень і час, і пытанне (так ці іначай) будзе вырашанае назаўжды. Але зноў усё было марна: цмок не адказваў.

Тады герольд асмялеў і заявіў ужо ад сябе, што калі цмок такі баязлівец, дык ён сам гатовы з ім біцца ці нават пакліча малодшага брата. Дарма: цмок і на гэта не звярнуў увагі.

Тыдні складаліся ў месяцы, а цмок усё не паказваўся. Народ асмялеў. А тут яшчэ прыйшоў ліст ад караля суседняй дзяржавы. Усе думалі, што манарх, улюбёны старэйшы сын якога сустрэў такую страшную смерць, цяпер будзе патрабаваць кампенсацый і пагражаць іх краіне. Але той паставіўся да сумнага здарэння памяркоўна. Ён абвясціў, што здымае з каралеўства адказнасць за смерць свайго сына, бо зразумела, што прадугледзець такую з'яву, як цмок, немагчыма, дый - як бы там ні было - сапраўднаму рыцару пачэсна загінуць дзеля сама прыгожай жанчыны ў свеце. Даведаўшыся пра такія галантныя словы караля, людзі нават пачалі спадзявацца, што, можа, ён сам папросіць рукі прынцэсы Гэрміёны: суседні манарх быў удавец. Але так далёка яго шляхетнасць і рыцарскі дух не зайшлі.

І ўсё ж ад тых, хто хацеў ажаніцца з прынцэсай, не было адбою. Мала таго, пасля здарэння з цмокам іх колькасць павялічылася ў некалькі разоў. Пагалоска пра цмока разнесла імя Гэрміёны ў такія далёкія краіны, куды не даходзіла слава нават пра яе прыгажосць. Што зробіш, цяпер яна была не толькі прыгажуня, але і пакутніца. Казалі, што цмок - гэта цана, якую яна мусіць плаціць за сваё хараство.

Усё гэта ды яшчэ самотнае жыццё прынцэсы зрабілі яе яшчэ болей чароўнаю і прывабнай. Усе, ад караля да апошняга старца, хацелі зрабіць дзеля яе хоць што-небудзь (але што - ніхто не ведаў). Штодня яна атрымоўвала лісты цэлымі торбамі, і ў кожным было напісанае адно і тое ж: прынцэса - найцудоўнейшая дзяўчына ў свеце, аўтар ліста горача яе кахае і хацеў бы сам, замест прынца, ахвяраваць дзеля яе жыццём. Былі такія, хто заходзіў яшчэ далей і выказваў пажаданне, каб цмок з'явіўся зноў: тады яны маглі б прадэманстраваць сваю адданасць прынцэсе!

Але, праўду кажучы, ніхто не верыў, што цмок некалі зноўку з'явіцца. Некаторыя, хто на свае вочы цмока не бачыў, казалі, што цмок - звычайная галюцынацыя: проста ў прынца разарвалася сэрца ад шчасця, што ён апынуўся так блізка да прынцэсы, а потым гледачы, п'яныя ад радасці і хвалявання, усё астатняе выдумалі.

Але большасць была спакойная з іншае прычыны. Цмокі, як землятрусы ці каметы, - з'ява ўвогуле рэдкая. Таму знаўцы тэорыі імавернасцей хоць і прызнавалі, што ведаюць пра іх няшмат, але выказвалі ўпэўненасць, што таму, хто ўжо аднойчы ў жыцці цмока бачыў, другі раз гэта не пагражае.

А некаторыя ішлі яшчэ далей і казалі, што цяпер, як ніколі раней, іх краіна абароненая ад цмокавых візітаў. Іначай кажучы, краіна ўжо свайго цмока перажыла.

Праз паўтары гады цмок ужо здаваўся плёнам чыстай фантазіі, і ўсе прыгадвалі яго толькі з усмешкай. Падчас святаў ды кірмашоў людзі рабілі цмачынае чучала, цягалі яго па вуліцах і разыгрывалі розныя смешныя сцэнкі. А газетчыкі, калі пісалі ў сваіх артыкулах пра якую-небудзь уяўную, на іх погляд, небяспеку, вобразна называлі яе «цмокам прынцэсы Гэрміёны».

Сустракаліся, праўда, і тыя, хто ставіўся да цмока вельмі сур'ёзна (хоць такіх было зусім няшмат), усе яны дагэтуль дзякавалі Богу, што цмок не крануў ні іх, ні іхніх сваякоў, ні крэўных. Тым часам будаваліся новыя фабрыкі і заводы, справы ў краіне ішлі добра, і яна квітнела і багацела штодня.

Час жалобы мінуўся, і нарэшце прынцэсе Гэрміёне быў абраны новы жаніх.

Ён паходзіў з не менш славутага каралеўскага роду, чым першы (газеты пісалі, што нават з яшчэ больш славутага). І яму рыхтавалі яшчэ болей урачыстую сустрэчу. Але гэтым разам усё павінна было адбывацца паводле зусім іншага сцэнарыя, каб ні ў кога не ўзнікла згадак пра мінулы прыём.

Адным з новаўвядзенняў быў узвод кулямётчыкаў, узброеных кулямётамі новай мадэлі. Кулямётчыкам выдалі безліч набояў, што праўда, халастых, і ўзвод павінен быў стаяць непадалёк ад месца, з якога мінулы раз цмок вылез са скалы. Як вядома, першы жаніх, убачыўшы смяротную небяспеку, паспеў крыкнуць толькі нешта накшталт: «Дарагая Гэрміёна!» - адным гэтым паспеўшы засведчыць прынцэсе сваю любоў і адданасць. Часу сказаць што-небудзь яшчэ ў яго не хапіла, і ніхто не мог дакладна прыгадаць нават гэтыя ягоныя словы. Таму новы жаніх прапанаваў, што ён укленчыць на першых прыступках лесвіцы, якая вядзе да замка, і скажа невялічкую прамову - што-небудзь накшталт напалову малітвы, напалову клятвы ў каханні.

І вось дзень вяселля настаў. Падзівіцца на гэтае відовішча сабраўся вялікі натоўп. Усе былі ў цудоўным настроі, бо прыйшлі, каб зрабіцца сведкамі падвойнага свята: па-першае, вяселля іх улюбёнай прынцэсы, а па-другое, яе вызвалення ад цмока. Салют халастымі з кулямётаў змешваўся з гукамі ваеннага марша, што даводзіла гледачоў да экстазу. Калі ж шчаслівы абранец укленчыў, каб красамоўна выказаць Гэрміёне свае пачуцці, запанавала мёртвая цішыня. Ледзь толькі няшчасны прынц вымавіў апошнія словы, як скала задрыжала, пачуўся жудасны рык, і... небарака ўзляцеў у паветра, заціснуты ў страшнай цмачынай пашчы. Трымаючы сваю ахвяру ў зубах, цмок імгненна схаваўся ў скале.

Натоўп быў ахоплены жахам. І яшчэ ўвесь наступны тыдзень у каралеўстве панаваў страх. Рабіліся шалёныя спробы растлумачыць няшчасце шкодніцтвам той ці іншай асобы, некампетэнтнасцю кіраўніцтва дзяржавы. Шмат ні ў чым не вінаватых людзей загінула ад рук ашалелага натоўпу. Патаемна крытыкавалі нават караля.

Адну толькі прынцэсу ніхто не вінаваціў. Як і мінулым разам, у момант трагедыі яна была недзе адна, але ніхто не ведаў дзе. А калі неўзабаве Гэрміёну, якая была амаль у непрытомнасці, знайшлі ў сябе ў пакоі, усе былі ўражаныя яе вытрымкай: ужо праз некалькі хвілін яна села за стол і сваёю рукой напісала некалькі суцяшальных словаў чалавеку, які ледзь не зрабіўся яе свёкрам. Гэты ліст быў надрукаваны ў газетах, і, чытаючы яго, ніхто не змог застацца абыякавым, а шмат хто змахнуў слязу. Прынцэса называла сябе сама мізэрнай і няшчаснай кабетай у свеце, бо прынесла смерць двум вартым павагі й захаплення рыцарам (прычым другі нават болей варты, чым першы). А ў канцы ліста яна дадавала, што, відаць, адзінае выйсце, якое засталося цяпер гаротнай дзяўчыне - назаўжды схавацца за кляштарнымі мурамі. Гэтая заява выклікала буру пратэсту. З усіх куткоў краіны пасыпаліся лісты, падданыя малілі прынцэсу перамяніць сваё рашэнне. Каб дастаўляць гэтыя лісты, давялося пусціць дадаткова дзесяткі паштовых цягнікоў.

Ніякіх перабояў з прэтэндэнтамі на прынцэсіну руку не было - наадварот, іх колькасць значна павялічылася. Прынцэсіна слава расла разам з яе няшчасцем. Яшчэ ніколі Гэрміёна не была такой папулярнай.

Народ моцна парадавала заява вайсковых экспертаў, якія запэўнівалі, што трагічны выпадак не паўтарыўся б, каб кулямётчыкі былі ўзброеныя сапраўднымі, а не халастымі набоямі. «Пару добрых кулямётных чэргаў, - казалі яны, - і не будзе пра што турбавацца!» Народ з радасцю ім паверыў.

Сапраўды, трэба, каб падрыхтоўка да прынцэсінага вяселля цалкам вялася вайскоўцамі!

Галоўнакамандуючы аддаў загад наступным разам нікога з пабочных асобаў на ўрачыстую цырымонію вянчання не дапускаць. Ён вырашыў, што хоць цмокавы дні ўжо і злічаныя, але лепей з ім усё ж не жартаваць. Эскорт новага жаніха (а жаніх ужо быў абраны) павінен быў складацца выключна з прафесійных вайскоўцаў, вымуштраваных і добра ўзброеных.

І вось вайскоўцы выступілі па дарозе да замка на зыходныя пазіцыі. Сонца зіхацела на тысячах іх сталёвых шаломаў. Выгляд у іх быў непераможны!

Але - на жаль! - ледзь толькі прынц прамовіў словы кахання, як скала расшчапілася і з'явіўся цмок. Сустрэча яму была падрыхтаваная вельмі цёплая: дзесяць тысяч вінтовачных куль і залпы кулямётнага агню вылецелі яму насустрач! Але жорсткія цмокавы вочы нават не міргнулі. Ён быў пазбаўлены толькі аднае радасці: калі ён схапіў прынца, агонь не сціх, і прынц, пакуль цмок цягнуў яго ў сваё логвішча, быў увесь прадзіраўлены кулямі. Прынца забіў уласны эскорт, хоць у разлікі вайсковых экспертаў гэта, відаць, не ўваходзіла.

Каралеўскія хронікі наступных двух гадоў поўныя суму. Любы гісторык з радасцю прапусціў бы гэтыя жахлівыя старонкі з жыцця краіны.

Запасы прынцаў - прэтэндэнтаў на прынцэсіну руку - усё ж не былі невычэрпныя і маглі ўрэшце скончыцца. Таму было вырашана прымаць прапановы ад рыцараў, якія мелі шляхетнае паходжанне, але былі больш знакамітыя сваімі баявымі подзвігамі, чым рангам.

Сем ддзён найлепшых рыцараў адзін за адным павінны былі выклікаць цмока на смяротную бойку. Усе спадзяваліся, што калі цмок і пратрымаецца ўсе гэтыя сем дзён запар, дык, прынамсі, ужо стоміцца і на восьмы дзень будзе няздольны супрацьстаяць прынцу блакітных крывей, які, па чутках, асаблівай удаласцю не вылучаўся.

Але... цмок зусім не стаміўся, а наадварот - практыка пайшла яму на карысць, і ён расправіўся з прынцам гэтак жа лёгка, як і з сямю яго папярэднікамі.

На гэтым скончыўся першы этап. Шляхетная кроў лілася галонамі, але ўсё яшчэ знаходзіліся рыцары, якія прагнулі выпрабаваць лёс. Потым пачаўся ажыятаж, часткова заснаваны на дэмакратычным руху ў краіне, а часткова на пачуццях, якія былі ў кожнага мужчыны (вартага так называцца) да прынцэсы Гэрміёны. Чаму гонар вызваліць прынцэсу належыць толькі прывілеяванаму класу?! Кароль пагадзіўся, што гэта несправядліва, і народ выставіў свайго кандыдата - дужага, суровага каваля.

Пра шлюб каваля ды прынцэсы і гаворкі, вядома, не было. Каваль нават не марыў пра гэта. Стоячы каля прыступак, што вялі ў палац, разам са сваімі вернымі сябрамі, якія, рызыкуючы сабою, прыйшлі падтрымаць яго (бо гледачоў на той час ужо не дапускалі), каваль з радасцю сказаў бы некалькі словаў - калі не кахання, дык хоць нянавісці да цмока. Але яму было забаронена што-небудзь казаць, і, відаць, менавіта гэта захавала яму жыццё, бо цмок каваля не ўшанаваў - не выйшаў.

Цмокаў гнеў і прага крыві былі скіраваныя выключна на тых, хто па-сапраўднаму кахаў прынцэсу і мог, прынамсі тэарэтычна, пабрацца з ёй шлюбам. Цмок не быў ворагам людзей, ён быў асабістым ворагам прынцэсы.

Як толькі гэта зразумелі, было нарэшце прынятае адзінае разумнае рашэнне. Кароль - што праўда, насуперак сваёй волі - вымушаны быў даць згоду, і герольды абвясцілі, што любы, хто заб'е цмока, возьме шлюб з прынцэсаю і атрымае палову каралеўства ў дадатак.

Падданыя зноў уздыхнулі з палёгкай. І чаму толькі ніхто раней не дадумаўся да такога простага рашэння? Надзея лунала ў паветры; публіку зноў дапусцілі да відовішча; бойкі адбываліся штодня, і, хоць канец у кожнай быў аднолькавы, газетчыкі заўсёды знаходзілі нешта падбадзёрвальнае: то цмок згубіў зуб, напрыклад, то на яго чорных грудзях з'явілася нейкая шэрая пляма, то ён спазніўся на некалькі секунд ці растаўсцеў ад добрага жыцця, а то нават усміхнуўся і выглядаў амаль добразычліва. Небаракам-героям таксама знаходзілася некалькі прыемных словаў, і асаблівая ўвага надавалася іх красамоўным прамовам, прысвечаным прынцэсе. Толькі паводле прамоваў і можна было параўнаць спаборнікаў паміж сабой, бо іх дыялогі з цмокам нічым не розніліся. Цмоку вельмі не даспадобы былі кампліменты, якімі асыпалі прынцэсу. Чым болей гарачыя былі словы кахання, тым жудаснейшы быў канец.

Леа, Конрадаў брат, быў адзін з першых валанцёраў і загінуў па-геройску. Конрад вельмі сумаваў па сваім энергічным, нецярплівым браце. Хіба маглі бацькі падумаць, што цмок, які спачатку падаваўся такім жа далёкім, як кароль і прынцэса, знойдзе сабе ахвяру ў іх доме. Але яны ганарыліся сваім сынам, гэта іх падтрымлівала і памяншала боль. Конрад штодня занепадаў духам. Ён вельмі баяўся, што і Рудольфу, яго ўлюбёнаму брату, можа прыйсці ў галаву думка выклікаць цмока на бойку. Праўда, Рудольф быў не такі гарачы, як Леа, і апроч таго ён быў заручаны з адной мілай дзяўчынай. А жанатым мужчынам было забаронена біцца з цмокам, хоць, вядома, знаходзіліся такія, хто хаваў, што жанаты, і паміраў потым ад цмокавых зубоў смерцю халасцяка.

Конрад карыстаўся любою нагодай, каб пахваліць Шарлоту, Рудольфаву нарачоную. Увесь час ён маліў Рудольфа хутчэй ажаніцца з ёю. Хвалюючыся за брата, Конрад аднойчы адважыўся нават сказаць, што Шарлота падаецца яму нават прыгажэйшай і чароўнейшай за прынцэсу. Рудольф загадаў яму змоўкнуць. калі ён не хоча, каб яго пабілі.

- Я нічога не кажу, прынцэса вельмі прыгожая, - не здаваўся Конрад, - але яна бялявая, а ты заўсёды казаў, што табе падабаюцца толькі брунеткі. А якія чароўныя валасы ў Шарлоты! Чорныя, як крылы ў крумкача! Калі ласка, паабяцай, што пабярэшся з Шарлотай гэтым месяцам.

- Як я магу? - адказаў Рудольф. - У мяне няма ні грошай, ні дома. Куды я прывяду жонку?

Конрад ведаў, што гэта не зусім так. Хоць Рудольф і лічыўся за весялуна і зуха, але траціў ён няшмат, і сякія-такія грошы ў яго вяліся. А сам Конрад, хоць зарабляў не шмат, але зусім нічога не траціў.

- Калі ты паабяцаеш згуляць вяселле праз два тыдні, - маліў ён, - я аддам табе ўсе мае грошы і не пайду ва ўніверсітэт, а застануся лесарубам.

Уявіце сабе, як цяжка было беднаму хлопцу зрабіць такую прапанову. Але Рудольф толькі пасмяяўся.

- Трымай свае грошы, даражэнькі Конрад, яны спатрэбяцца, калі прыйдзе твая чарга біцца з цмокам.

Такі адказ Конрада зусім не абнадзеіў, і ён пачаў думаць, якім іншым чынам уратаваць брата. Кароль абяцаў засыпаць золатам таго, хто прыдумае, як пазбавіцца ад цмока. Старыя бабкі, калекі і адданыя мужы дасылалі розныя прапановы. Напрыклад, дазволіць якому прэтэндэнту на прынцэсіну руку пранікнуць у палац крадком, - прапанова не прайшла, бо нават калі ён і здолее прайсці ў палац, дык цмок усё роўна застанецца жывы і здаровы. Прапаноўвалі змяніць каралеўскага чарадзея на якога іншага, больш кампетэнтнага. На гэта міністр унутраных спраў адказаў, што на перавозе коней не мяняюць, што каралеўскі чарадзей мае сусветную вядомасць, што ніхто не ведае замка лепей чым ён, і, сама галоўнае, што чарадзей - адзіны прынцэсін сябар, і было б вельмі жорстка пакінуць яе без яго падтрымкі і парады.

Адзін разумнік (відаць, незадаволены ўладамі) нават дазволіў сабе заўвагу, што калі нічога не зменіцца, дык прынцэса так і застанецца ў дзеўках. Газеты паднялі яго на смех, і ён згубіў працу.

«Каб толькі я мог прабрацца ў палац, - марыў Конрад, - можа, я там што-небудзь бы прыдумаў. Трэба напісаць прынцэсе ліст, але вельмі тактоўна».

Ён пачаў пісаць ліст, але асадка не слухалася яго. Яна нібыта мела сваю волю, якая змагалася з ягонай. Замест каштоўных прапаноў на паперы з'яўляліся куртатыя фразы кшталту «маё жыццё ў вашай уладзе», «нельга жадаць лепшай смерці»... Стаміўшыся, ён дазволіў асадцы пісаць самой. Калі ліст быў гатовы, ён з жахам убачыў, што з-пад яго пяра выйшла невялічкае прызнанне ў каханні да прынцэсы, падобнае да тых, што амаль штодня змяшчалі газеты ў калонцы гістарычнай хронікі (якая не надта адрознівалася ад некралогаў). Конрад адкінуў паперку і пачаў пісаць зноў. Гэтым разам справа пайшла лепей. Ён паставіў подпіс, надпісаў на агортцы: «Прынцэсе Гэрміёне» - і занёс ліст на пошту. Хлопец ведаў, што прынцэса атрымае ягоны ліст толькі праз некалькі дзён, а то і тыдняў, бо ёй дасылаюць вельмі шмат лістоў...

Калі Конрад вярнуўся дадому, ён знайшоў у сваім пакоі Рудольфа, які стаяў каля стала і нешта трымаў у руцэ.

- Ха-ха-ха! - засмяяўся ён. - Я цябе раскусіў!

Конрад не зразумеў, што той мае на ўвазе.

- Ага, - сказаў Рудольф, хаваючы рукі за спінай, - дык ты мне хлусіў. Ты сам закахаўся ў прынцэсу. Ты ўгаворваў мяне не біцца з цмокам, бо сам хочаш яго забіць і здабыць сабе славу!

Рудольф смяяўся, а напалоханы Конрад закрычаў:

- Не, ты нічога не разумееш!

- Ану, паслухай, - сказаў Рудольф і пачаў чытаць Конрадава прызнанне ў каханні. Спачатку кпліва, потым больш сур'ёзна, а скончыў са слязьмі ў вачах, голасам, які дрыжаў ад пачуццяў, што захапілі яго.

Хвіліну абодва маўчалі. Конрад працягнуў руку, каб забраць паперку, але Рудольф не аддаў яе.

- Аддай, - папрасіў Конрад.

- А навошта яна табе? - запытаў брат.

- Я хачу яе спаліць! - закрычаў Конрад.

- Не, - усміхнуўся Рудольф і ціхенька адштурхнуў Конрада. - Няхай пабудзе ў мяне, можа, калі прыдасца, хто ведае?!

Ён выйшаў, забраўшы паперку з сабой. Конрад гатовы быў памерці, бо зразумеў, што зрабіў дурасць.

Ён меў рацыю. Праз два дні Рудольф, паміж іншым, паведаміў, што прапанаваў сябе за прэтэндэнта на прывілей вызваліць прынцэсу Гэрміёну з-пад цмокавай улады і што ягоная прапанова была прынятая.

- Бойка адбудзецца ў аўторак, - весела аб'явіў ён, - бедны стары цмок!

Маці загаласіла. Бацька моўчкі выйшаў з хаты і не вяртаўся больш за гадзіну. Конрад сядзеў, утаропіўшыся вачыма ў сцяну, і нічога вакол сябе не бачыў. Нарэшце ён запытаў:

- А як жа Шарлота?

- Ну, - легкадумна адказаў Рудольф, - яна рада, што я пайду. Яна ўсё разумее і сама вельмі шкадуе прынцэсу. «Я ведала, што ты захочаш біцца з цмокам, - сказала яна мне. - Я буду чакаць цябе».

- І гэта ўсё? - не паверыў Конрад.

- Яна мяне блаславіла.

Конрад задумаўся, потым запытаў:

- А ты прызнаўся ёй, што кахаеш прынцэсу?

Рудольфу зрабілася няёмка:

- Як бы я ёй такое сказаў? Гэта было б не надта прыгожа. Ну і потым, я ж не па-сапраўднаму кахаю прынцэсу. Проста тое прызнанне, што ты напісаў, прымусіла мяне адчуць, нібыта я яе кахаю. (Конрад згодна кіўнуў.) Я паспрабую кахаць яе, пакуль будзе ісці бойка. Калі цмок не паверыць мне, дык не выйдзе, і я згублю свой шанец. Але, - дадаў ён павесялеўшы, - я прачытаю тваё прызнанне, і гэта падмане цмока.

- А потым?

- Потым я вярнуся і ажанюся з Шарлотай. Яна мне верыць і ўсё разумее. А ты падаруеш нам крыху сваіх грошай, усе я не вазьму, бо я ж не хцівы.

Ён выйшаў пасвістваючы. Конрад самлеў ад жаху.

 

Каралеўскі палац, які шмат вякоў таму быў пабудаваны на скале, з трох бакоў абкружанай глыбокімі прорвамі, заўсёды лічыўся непрыступным. Казалі, што ў самой скале было выбіта больш пакояў, чым пабудавана з каменю на скале. У познія часы архітэктары ўпрыгожвалі толькі знешні выгляд палаца - дадавалі элегантныя вежкі ды балкончыкі.

Улюбёным прынцэсіным месцам у палацы быў пакой, так глыбока схаваны ў тоўшчы скалы, што сонечнае святло трапляла туды толькі пры дапамозе складанай сістэмы люстраў. Немагчыма было здагадацца, якая пара года на двары, бо цэлы год у каміне гарэў агонь. Уваход у гэты пакой быў толькі адзін - па стромкай вузкай лесвіцы, але, па чутках, выхадаў з яго было некалькі: цёмныя, нізкія праходы, якія, напэўна, вялі да патаемных сховішчаў у скале. Стагоддзямі ніхто імі не карыстаўся і не цікавіўся, але прынцэса захаплялася ўсім таямнічым і ведала праходы як свае пяць пальцаў. Часам яна нават палохала бацькоў - раптам узнікала перад імі нібыта з паветра.

Гэрміёна сядзела ў глыбокім фатэлі ля каміна і гартала нейкія паперы. Прачытаць іх яна не магла, бо не хапала святла. Раптам на паперы ўпаў нечы цень. Прынцэса падняла вочы. Перад ёю стаяў чалавек. Як ён тут апынуўся, яна ведала не больш за нас з вамі, але зусім не здзівілася і не напалохалася.

- Ну што, - сказаў чарадзей (безумоўна, гэта быў ён), - ты ўсё яшчэ незадаволеная?

- Учора, прынамсі, усё прайшло цудоўна, - прашаптала прынцэса.

- Ты прачытаеш мне, што ён сказаў? - папрасіў чарадзей.

- Дай святла, - загадала прынцэса.

У тую ж хвіліну пакой напоўніўся залацістым святлом. Гэрміёна гартала паперы.

- Рудольф, Рудольф, - мармытала яна. - А, вось і ён. Табе сапраўды цікава, што сказаў гэты небарака?

- Тое ж, што і іншыя?

- А што ж яшчэ? Але гэта асабліва ўдалы экземпляр, - хоць прынцэса й намагалася, каб яе голас гучаў абыякава, было відаць, што яна вельмі задаволеная.

Яе цень, які нібыта жыў сваім уласным жыццём, закалыхаўся, зморшчыўся і зрабіўся меней прыгожым. Прынцэса павярнула галаву і заўважыла гэта.

- Зноў гэты цень за сваё, - раздражнёна сказала Гэрміёна і загадала чарадзею: - Прыбяры яго!

Цень знік.

Прынцэса ўтульней уладкавалася ў фатэлі і чароўным голасам, але імітуючы вясковае вымаўленне, пачала чытаць:

«Міласцівая Прынцэса!

Ва ўсе часы людзі шкадавалі мінулае і баяліся будучыні, але ніколі яшчэ гэта не было так слушна, як цяпер. Бо ў мінулым не было Прынцэсы Гэрміёны; у далёкай будучыні, мілы анёл (дай табе Бог жыць вечна), не будзе прынцэсы Гэрміёны - не будзе дзеля каго жыць, не будзе дзеля каго гінуць. Таму я кажу: няшчаснае ўчора, горкае заўтра! Я бласлаўляю сённяшні дзень, бласлаўляю гэтыя чароўныя хвіліны, калі жыццё і смерць зліліся ў адно, каб саслужыць табе апошнюю службу, каб праспяваць апошнюю песню!»

Прынцэса змоўкла, потым запытала звычайным голасам:

- Хіба ён не заслужыў, каб яго з'елі?

- Заслужыў, Ваша высокасць, яшчэ й як!

- А цяпер, - зноў загаварыла прынцэса, і яе голас загучаў жыва і ўсхвалявана, - я хачу прачытаць табе нешта зусім іншага кшталту. Нічога падобнага я яшчэ не атрымлівала.

Ціхутка, нібы сабака, які завінаваціўся, зноў прабраўшыся на сцяну, цень паказаў, што прынцэса нахмурылася ў задуменні.

Было з чаго. Ліст быў напраўду вельмі дзіўны. Аўтар шчыра прызнаваўся, што ён не надта смелы, не надта моцны і зусім не ўмее біцца. Ён нават мышэй баіцца, дык што ён можа супраць цмока? Ён пісаў, што прынцэса, якая, на яго погляд, вылучаецца не толькі прыгажосцю, але і немалым розумам, першая зразумее марнасць гэткай ахвяры. Але ён увесь час думае пра яе, шкадуе яе і быў бы шчаслівы зрабіць для яе якую-небудзь, хай сабе і невялічкую, паслугу. Ягонае сэрца сціскаецца, калі ён уяўляе, як пакутуе бедная прынцэса, калі чакае зыходу бойкі паміж цмокам і яе чарговым рыцарам. Як ён хацеў бы палегчыць гэтыя цяжкія хвіліны! Ён лічыў бы за вялікі гонар, каб Гэрміёна дазволіла яму пабыць побач (няхай нават за дзвярыма) у горкі час выпрабавання.

- Шкада, што не магу гэтага дазволіць, - уздыхнула прынцэса. - Ён мне падабаецца. Мне падабаецца, што ён не прапануе аддаць сваё жыццё. Мне падабаецца, што ён разумее, што жанчыне не надта прыемна глядзець, як мужчыны гінуць праз сваю пыху ды славалюбства. Мне падабаецца, што ён лічыць мяне разумнай. Мне падабаецца, што ён шануе мае пачуцці і гатовы быць побач у цяжкую хвіліну, хоць ніякай славы гэтым не здабудзе. Я ўпэўненая, што, каб ён быў побач, дык заўсёды ведаў бы, у якім я гуморы, і што мне патрэбна, ён увесь час клапаціўся б пра мяне. Ах, ён падабаецца мне з тысячы розных прычын! Мне нават падаецца, што я кахаю яго!

- Ваша высокасць! Ваша высокасць! - занерваваўся чарадзей. - Прыгадайце, калі ласка, умовы заклінання.

- Паўтары мне іх, я забылася, - загадала прынцэса.

 

- Калі ён любіць,

А ты не,

Дык хутка быць

Яму ў труне,

 

- весела прапеў чарадзей.

- Вось і ўсё, што трэба ведаць, - уздыхнула прынцэса, якая, праўду кажучы, цудоўна памятала заклінанне, - бо так заўжды было, так заўжды і будзе. Што ж, кажы далей.

 

- Калі ён любіць,

Як і ты,

Дык шанец ёсць,

Але які?

 

- прадэкламаваў чарадзей крыху цішэй.

- Але ж калі «ён» - гэта Конрад, дык ты мог бы паспрабаваць адгадаць, праўда? - какетліва сказала прынцэса. - Ну, а якая апошняя ўмова?

Чарадзей панізіў голас да шэпту:

 

- Калі ты любіш,

А ён не,

Нішто цябе

Не ўберажэ.

 

- Ха, ха, ха! - зарагатала прынцэса, і цень на сцяне закалыхаўся, як матылёк над кветкай. - Мне ўсё роўна, я кахаю гэтага Конрада!

- Ён яшчэ юнак, Ваша высокасць, яму ўсяго семнаццаць.

- Мой улюбёны ўзрост, я кахаю яго!

- Гэта летуценнік, а не мужчына, ды яшчэ баязлівец і гультай!

- Я кахаю яго!

- Пакуль вы чыталі, я выклікаў ягоны вобраз: у яго няма пярэдняга зуба!

- Мне абрыдлі прыгожыя твары з правільнымі рысамі! Я кахаю яго!

- Ён рудавалосы, увесь у рабацінні ды яшчэ й неахайны.

- Нічога, я кахаю яго.

- Ён любіць насякомых і розных гадаў, ягоныя кішэні поўныя павукоў ды сараканожак.

- І я іх палюблю.

- Яму падабаюцца вадаспады, кветкі, горы...

- Кахаю яго яшчэ болей!

- Але, - сказаў чарадзей, раптам зрабіўшыся суровым, - я не ўпэўнены, што ён кахае вас!

- А, - ускрыкнула прынцэса, - дык менавіта таму я ў яго й закахалася!!!

Абодва змоўклі. Цень уздыхнуў і споўз на падлогу.

- Не можа быць, каб ён мяне не кахаў, - прамармытала прынцэса. - Мяне ўсе кахаюць, значыць, і ён таксама.

Яна падняла вочы на чарадзея, чакаючы, што ён пацвердзіць, але той знік. Тут Гэрміёна заўважыла згубу.

- Чарадзей! Чарадзей! - закрычала яна. - Ты забраў Конрадаў ліст. Вярні яго!

Але калі чарадзей і пачуў яе, дык не падаў выгляду. Калі Конрадаў ліст быў надрукаваны ў газетах, пасыпаліся абураныя водгукі. Палічылі, што ягоная прапанова абражае прынцэсу. «Сын лесаруба наймаецца ў мамкі!» - крычалі загалоўкі газет. Вядома, тлумачылі газетчыкі, прынцэса хацела б, каб ёй было на каго абаперціся ў цяжкія хвіліны, і кожны жадаў бы падтрымаць яе, пачынаючы з бацькі-караля. Яна цудоўна магла б абысціся без сына лесаруба. Але прынцэса не хацела, каб нехта бачыў яе пакуты і пакутаваў праз гэта сам. Таму яна збірала апошнія сілы і прымала цяжкія ўдары лёсу ў адзіноце. Дзе ўжо хлопцу-недарэку зразумець такія тонкія пачуцці, пісалі газеты, але куды глядзелі ягоныя бацькі?! Двух сыноў яны выхавалі героямі, але трэці...

Пасля смерці Рудольфа Конрад быў такі няшчасны, што амаль не выходзіў з лесу: ён хадзіў па толькі яму вядомых сцежках, думаў пра братоў і часам плакаў. Сяброў у яго не было, і таму спачатку ён не тое, што не зважаў, а нават і не ведаў, якія кплівыя рэчы кажуць пра яго ўсе навокал. Але добрыя суседзі не маглі не растлумачыць ягоным бацькам, якую ганьбу наклікаў іх малодшы сын на ўсю правінцыю. Нават улады пачалі ўжо цікавіцца, чаму гэта з іх мясцін нашмат меней валанцёраў змагацца з цмокам, чым з іншых? Тут ужо пачала непакоіцца ўся правінцыя, бо пайшлі чуткі, што чакаюць афіцыйнага прызыву юнакоў, якія маглі б прадэманстраваць сваю адданасць і гераізм каля замкавых муроў.

Конрадавы бацькі ўсё гэта ад яго ўтойвалі. Вядома, ім было вельмі прыкра, што іх сын напісаў такі недарэчны ліст, але яны бачылі, як цяжка ён перажывае смерць братоў, і не хацелі псаваць яму настрой яшчэ болей.

Але даволі хутка Конрад пра ўсё даведаўся. Часам, калі ён гуляў па лесе, а асабліва ўначы, зусім побач пралятаў камень ці кій. Калі ж ён падлавіў аднаго з нягоднікаў - хлопца крыху маладзейшага за яго - і запатрабаваў растлумачыць прычыну такой увагі, той абазваў Конрада самымі брыдкімі мянушкамі і недвухсэнсоўна сказаў, што Конрадаў ліст зганьбіў добрае імя іх вёскі.

Конрад доўга думаў і нарэшце вырашыў, што яму засталося толькі адно: ён павінен сам біцца з цмокам.

Калі яго браты рыхтаваліся да бойкі, дык яны рабілі розныя фізічныя практыкаванні, выбягалі на прагулкі, нават не паснедаўшы, харчаваліся толькі карыснымі арганізму пажыўнымі, але зусім нясмачнымі стравамі. Убачыўшы які-небудзь куст дзіўнае формы, яны ўяўлялі, што гэта цмок, прышпорвалі каня і раз'юшана накідваліся на яго з сякераю. Нічога такога Конрад не рабіў, ды каб ён нават і паспрабаваў узмахнуць сякерай, не злезшы папярэдне з каня, дык абавязкова зваліўся б, бо добра трымацца на кані так і не навучыўся.

Не захацеў ён і траціць свае грошы, каб набыць прыгожыя дарагія даспехі ды шалом з пёрамі. Яго зусім не турбавала, спадабаецца ён гледачам ці не.

Уся падрыхтоўка была вельмі простая і танная. Адзінае, над чым яму давялося паламаць галаву, была прамова ў гонар прынцэсы.

Конрад цудоўна ведаў, што павінен вымавіць словы кахання, бо іначай цмок не з'явіцца. Але пасля смерці Рудольфа ягоная абыякавасць да прынцэсы перарасла ў варожасць, амаль у нянавісць. Ён не мог прымусіць сябе сказаць, што кахае яе, нават схлусіць не мог. Таму ён падбіраў такія выразы, якія дурному агіднаму цмоку падаліся б словамі кахання, а для прамоўцы азначалі б нешта зусім іншае.

Конрад, як і ўсе яго папярэднікі, атрымаў афіцыйны ліст, запячатаны вялікай чырвонаю пячаткай, у якім было шмат кампліментаў і вызначаўся час бойкі. Конрад выехаў з дому вельмі рана, яшчэ ў прыцемку. Ён ехаў на кані, якога яму пазычыў бацька: коні цмока не спакушалі. Конрад з задавальненнем пайшоў бы й пешкі, але апроч ежы яму трэба было цягнуць сякеру, а да замка было далёка - семнаццаць міль. На ім была старая вопратка, бо шкада было псаваць новую. Хлопец ціхенька ехаў па маўклівых вуліцах, людзі спынялі працу і выходзілі з хат, каб зірнуць на яго. Усе ведалі, куды ён едзе, і які лёс яго чакае. І хоць яны і не віталі яго голасна, але ж і не кпілі з яго. Ужо гэта было прыемна.

Нарэшце на даляглядзе паўстаў замак, і Конраду да драбніц прыгадалася ўсё, што ён бачыў два гады таму. Ажно душа зайшлася ў хлопца, але ён не спыніўся і мужна паехаў далей.

Конрад не паспеў з'есці свой сняданак, і торбачка з харчамі так і вісела ў яго на шыі. Калі ён прыгадаў гэта, яму зрабілася няёмка і боязна, што людзі пачнуць смяяцца. Але смяяцца амаль не было каму - нікога не вабіў спектакль, бо ўжо занадта часта яго гулялі.

І ўсё ж, калі ён пад'ехаў бліжэй да замкавых муроў, народ пачаў збірацца. Нейкі маленькі хлопчык прадудзеў на трубе ў вуха Конрадаваму каню. Той напалохаўся, адскочыў убок, і, як Конрад ні хапаўся за ягоную грыву, конь усё ж яго скінуў.

Усе вакол зарагаталі. Ну як не пасмяяцца з героя, які нават на кані ўтрымацца не можа?!

Конрад пасаромеўся зноў залазіць на каня і ўзрадаваўся, калі нейкі добразычлівы чалавек прапанаваў патрымаць жывёліну, пакуль Конрад будзе заняты з цмокам.

Конрад уяўляў сабе, як дзіўна ён выглядае: пешкі, у запыленай вопратцы, ды яшчэ з сякерай, на якую ён абапіраўся, як на кій. Натоўп, якому падабаліся прыгожыя, вясёлыя, зухаватыя героі, прыняў яго вельмі халодна.

Зусім іначай на яго з'яўленне адрэагавалі ў замку. Прыціснуўшыся тварам да вакна і стаіўшы дыханне, прынцэса Гэрміёна назірала за кожным ягоным крокам. «Гэта ён, гэта мой Конрад! - у захапленні шаптала яна. - Ах, чарадзей, ну, пачакай яшчэ хвіліну! Дай мне яшчэ разок зірнуць на яго!»

Конрад усё бліжэй падыходзіў да замка, яму вельмі хацелася чым-небудзь парадаваць гледачоў, але ён толькі і здолеў, што нервова ўсміхнуцца. У ягонай кішэні ляжала пляшачка з хлараформам, якую ён папярэдне загарнуў у насоўку. Яшчэ ніхто да яго не спрабаваў выкарыстаць супраць цмока што-небудзь, апроч звычайнай сталі.

Раптам Конрад заўважыў, што вакол нікога не засталося. Гадзіннік на замкавай вежы прабіў тры разы. Час надышоў!

Конрад павольна зняў капялюш, у якім ляжала паперка з напісанай на ёй прамовай на той выпадак, калі раптам усе словы вылецяць з галавы. Потым ён укленчыў і сказаў:

- Найчароўнейшая прынцэса! Нарэшце надышла хвіліна, якую я так доўга чакаў. З якімі пачуццямі? Здагадацца не цяжка. Тыя, што прыходзілі сюды да мяне, узносілі табе хвалу, дык хто я такі, каб дадаць да іх словаў хоць гук? Але ж я ведаю, што ты, дарагая прынцэса, шануеш не словы, але сэрца, з якога яны сыходзяць.

У гэтую хвілю скала расчынілася і над Конрадам навіс цмок. Ён разявіў пашчу, з якой высунуўся доўгі чырвоны язык. Юнак адчуў на сваім твары гарачы цмокаў подых. Словы замерлі на ягоных вуснах, але, прыгадаўшы, што ў капелюшы ляжыць напісаная прамова, Конрад дастаў паперку і загаварыў зноў:

- Усе аднолькава кахалі цябе, але не ўсе маглі красамоўна выказаць свае пачуцці. Некаторыя казалі, што іх каханне хоць і вялікае, але яно ўсяго толькі жолуд, які з часам ператворыцца ў магутны дуб. Але калі я прыгадваю, што ты зрабіла для мяне: выратавала ад сумнага жыцця ў закінутай лясной вёсцы; падняла з невядомасці на вяршыню славы; летуценнік зрабіўся ваяром, гультай стаў паляваць на цмокаў! - дык у мяне не хапае словаў, каб аддзячыць табе, і я не магу кахаць цябе болей, чым кахаю цяпер!

Сама нервовыя з гледачоў ужо заплюшчылі вочы. А тыя, у каго нервы былі мацнейшыя і хто не зводзіў позірку з Конрада і з цмока, убачылі незвычайную рэч. Цмок быў нібыта не ў сабе: ён хістаў галавою з боку ў бок, доўгі язык лізаў пыл каля Конрадавых ног. Конрад нязграбна выцягнуў з кішэні насоўку, скруціў яе і кінуў у цмокаву пашчу. Жывёліна вылупіла вочы, закхэкала, завішчала і ўжо не выглядала гэтак жудасна. Конрад падняў сякеру і наважыўся ўдарыць па цмокавай шыі. Удар быў няўмелы (не такі ўдар павінен быў бы быць у сына лесаруба), але так ці іначай, усе ўбачылі, як з раны на цмокавай шыі пацякла цёмна-зялёная кроў.

Цмок не ўтрымаўся і вываліўся са скалы зусім побач з Конрадам, якога шалёнымі крыкамі падбадзёрваў натоўп. Той ударыў яшчэ й яшчэ раз. У цмока быў вельмі здзіўлены і бездапаможны выгляд, цяпер з ім магло б расправіцца нават немаўля. Конрад сек шыю, нібыта то было спілаванае дрэва. Ён збіраўся ўжо святкаваць перамогу, калі цмок, сабраўшы апошнія сілы, здолеў запаўзці ў сваю дзірку. Скала за ім адразу зачынілася.

Поле бітвы засталося за Конрадам.

Радасныя крыкі спыніліся, ніхто не ведаў, што рабіць цяпер, і менш за ўсіх сам Конрад, які, нібыта зачараваны, застаўся стаяць каля лесвіцы. Усе, вядома, зразумелі, што цмок моцна паранены, але, можа, ён збірае сілы для новай вылазкі?! Цяжка было паверыць, што непераможнага цмока забіў просты сялянскі хлопец.

Але час ішоў, цмок не з'яўляўся, людзі адзін за адным пачалі падыходзіць да Конрада і віншаваць яго і сябе. І вось ужо ўвесь натоўп вакол плакаў і смяяўся ад нечаканай радасці.

Нарэшце радасныя крыкі пачуліся і ў замку, замільгацелі рознакаляровыя насоўкі, у кожным акне з'явіўся святочны сцяг. З замка ў афіцыйным убранні, з каронаю на галаве і скіпетрам у руцэ, выйшаў кароль. Разам са шматлікай світай ён накіраваўся да лесвіцы. Прыдворныя вакол яго весела балбаталі і смяяліся, але было відаць, што ўрачыстая сустрэча пераможцы не была падрыхтаваная. І гэта цалкам зразумела, бо хто ж мог чакаць, што нейкі сын лесаруба пераможа жахлівую пачвару?!

Прыдворныя крычалі Конраду, каб ён падымаўся ў замак, але ён нічога не мог зразумець, і тады нехта падпіхнуў яго ўгору па лесвіцы да караля. Убачыўшы, што Конрад падымаецца, кароль пайшоў яму насустрач. Яны сустрэліся на сярэдзіне лесвіцы. Кароль абняў і пацалаваў Конрада, а потым павёў яго ў палац.

- А цяпер я хачу пазнаёміць вас са сваёй дачкою, прынцэсай, - урачыста сказаў кароль, калі яны падняліся на верхнюю пляцоўку лесвіцы, і прыдворныя кінуліся віншаваць пераможцу. - Але дзе ж прынцэса? Напэўна, адышлася некуды, зараз з'явіцца. Шкада, што яна прапусціла такое відовішча.

- Гэрміёна! Гэрміёна! - чыстымі звонкімі галасамі клікалі фрэйліны, зазіраючы ў вокны палаца. Людзі, якія стаялі за замкавымі мурамі, падхапілі: «Гэрміёна! Мы хочам бачыць прынцэсу Гэрміёну!» А калі ўлічыць, што да замка збегліся людзі з усяго горада, дык не дзіўна, што крык «Гэрміёна!» можна было пачуць за сотню міль.

Але Гэрміёна ўсё не выходзіла. Людзі ахрыплі, фрэйліны кашлялі і непаразумела глядзелі адна на адну. Кароль нахмурыўся, ён адчуваў, што прынцэсе даўно пара ўжо выйсці да народу. А прынцэсы ўсё не было.

- Дзе ж яна? - хваляваліся прыдворныя. - Трэба тэрмінова знайсці яе, але паведаміць пра ўсё вельмі асцярожна, каб не разнерваваць.

Конрада неяк адціснулі ад караля, і ён пайшоў у палац разам з прыдворнымі. Некалькі чалавек паабяцалі яму, што пакажуць, куды ісці, але з гоманам і смехам кожны далучаўся да сваіх сяброў, і так атрымалася, што Конрад застаўся ў доўгім цёмным калідоры зусім адзін. Але калі ён добра прыгледзеўся, дык убачыў у канцы калідора нейкую постаць. Конрад крыкнуў чалавеку, каб той пачакаў, і шпарка пайшоў па калідоры да яго. Постаць пачала хутка аддаляцца, Конрад ішоў за ёй, але дагнаць не мог. Так яны ішлі праз незлічоныя дзверы, кароткія і доўгія праходы, спускаліся па сходах, якія вялі ўсё ніжэй і ніжэй у тоўшчу скалы. Конрад адчуў халодны подых сутарэння на твары і руках. І вось нарэшце расчыніліся яшчэ адны дзверы, правадыр знік, а Конрад увайшоў у невялічкі пакой. На канапе каля сцяны ляжала прынцэса, галава ў яе была павернутая ўбок, а на бялюткай шыі зеўрала страшная рана. На сцяне быў цень, які мог жыць, пакуль жыла прынцэса. І ледзь Конрад убачыў неверагодную прынцэсіну прыгажосць, як цень растаў.

Конрад укленчыў каля ложка. Невядома, колькі часу ён правёў так, але калі падняў галаву, то ўбачыў, што ў пакоі было поўна народу.

- Ты забіў яе! - ускрыкнуў нехта.

Конрад падняўся.

- Я не забіваў яе. Я забіў цмока.

- Паглядзіце, - сказаў нехта іншы, - у яе на шыі такая самая рана.

- Гэтую рану я нанёс цмоку.

- А гэта што? - запытаў трэці і паказаў на скрутак бавоўны, які быў заціснуты ў прынцэсінай руцэ.

Чалавек узяў з рукі скрутачак і разгарнуў яго. Пакой адразу напоўніўся пахам хлараформа. Гэта была Конрадава насоўка, ў куточку якой было вышытае ягонае імя.

- Дык ты яшчэ й атруціў яе?! - уздыхнуў натоўп.

- Гэтую атруту, - адказаў Конрад, - я кінуў у пашчу цмока.

Двое ці трое прысутных згодна заківалі галавой, але астатнія закрычалі:

- Але калі ты яе не забіваў, дык чаму ж яна памерла?

Конрад затуліў твар рукамі.

- Нашто мне было забіваць яе? Я кахаю яе, - вымавіў ён ледзь чутна. - Я забіў цмока.

Усе заварожана глядзелі на яго і нічога не казалі. Тады ён дадаў:

- Але цмокам была прынцэса.

Падняўся страшэнны шум і гвалт, і з крыкамі: «Хлус! Здраднік! Забойца!» - Конрада выкінулі з пакоя.

Афіцыйная версія была такая: прынцэса сустрэла сваю смерць, калі спрабавала абараніць Конрада ад цмока. Калі ў Конрада пыталіся, ці праўда гэта, ён не адмаўляўся.

Як пераможца цмока ён быў папулярны зусім нядоўгі час, і, наадварот, усё астатняе жыццё на ім ляжала ганебнае таўро: праз яго загінула прынцэса.

Усе - і малыя і старыя - лічылі, што Конрадава віна была ў тым, што ён ужыў хлараформ.

Цяжкія часы, якія перажыла краіна пад цмокавай уладай, хутка забыліся, а слава аб прынцэсе Гэрміёне - нацыянальным скарбе - расла і шырылася ў сэрцах яе суродзічаў.

 

Пераклад зроблены з выдання: A Book of Dragons. Puffin Books, 1978.



Пераклад: Алена Арлова