epub
 
падключыць
слоўнікі

Лідзія Савік

«Я сумленна служыў свайму народу...»

 

 

Сярод празаікаў паслякастрычніцкай генерацыі адно з відных месц належыць Сымону Баранавых — мастаку, які чуйна адгукаўся на важнейшыя падзеі свайго часу. Ён пачынаў пісаць, калі ў нашай літаратуры былі ўжо добра вядомыя творы такіх самабытных майстроў слова, як Я. Колас, К. Чорны, М. Зарэцкі, М. Лынькоў і іншыя, творчасць якіх найбольш інтэнсіўна пачала развівацца ў другой палавіне 20-х — пачатку 30-х гадоў. Гэта быў перыяд імклівага росту беларускай прозы, развіцця буйных яе жанраў — аповесці, рамана, перыяд, калі эстэтычнае наватарства ўсёй савецкай літаратуры набывала вялікія маштабы, вылівалася ў шырокую шматстайнасць форм. Пісьменнікі, цесна звязаныя з працоўным народам, імкнуліся асэнсаваць небывалыя змены ў жыцці, паказаць героя — пераўтваральніка і будаўніка новага ладу ва ўсёй разнастайнасці яго сувязей з эпохай.

Творчых поспехаў дасягалі тыя мастакі, якія знаходзіліся ў самай гушчыні падзей, актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе за новы, сацыялістычны ўклад жыцця. Іменна такім чалавекам быў Сымон Баранавых. Празаіку была ўласціва вострая зацікаўленасць усім, што адбывалася ў краіне. Ён быў з тых пісьменнікаў-першапраходцаў, якія пачыналі распрацоўваць няўзнятыя пласты жыццёвага матэрыялу. Гэта пра іх і пра сябе трапна заўважыў А. А. Фадзееў: «Нам выпала на долю шчасце расказаць людзям пра сацыялістычнае жыццё і пра тое, як яно заваёвана. Нам выпала на долю шчасце — дзіцячымі яшчэ вуснамі вымавіць такія словы ў мастацкім развіцці чалавецтва, якія да нас не мог сказаць ні адзін, нават самы буйны, з мастакоў мінулага».1

Сымон Баранавых (Сымон Якаўлевіч Баранаў) нарадзіўся 1 верасня 1900 г. у вёсцы Рудкова Уздзенскага раёна Мінскай вобласці (родная вёска пісьменніка была разам з людзьмі спалена фашыстамі ў 1943 г.). Бацькі яго былі бедныя, малазямельныя сяляне. Давялося і малому Сымону зведаць цяжкую сялянскую працу: з сямі гадоў ён становіцца пастухом, пасля батрачыць на фальваркоўцаў, памешчыка, каб дапамагчы бацькам. Нягледзячы на гэту непасільную для яго ўзросту работу, Сымон знаходзіў час вучыцца, цягнуўся да кнігі, паступова закончыў чатырохкласную школу.

Сапраўднае прозвішча Сымона — Баран, але калі ў 1920 г. юнака прызываюць у Чырвоную Армію, то ў палкавой канцылярыі запісваюць: Баранаў. І ўжо пазней, на рабфаку, сваё вельмі пашыранае прозвішча ён змяніў на Баранавых. «Захацелася даць прозвішчу нейкую этнаграфічную акрасу,— успамінае Я. Скрыган.— Чамусьці пра гэтакі клопат ён захацеў параіцца са мною...

Вось і сказаў я Сымону:

— Хіба ты забыўся, як у вас на сяле гавораць? Ты цяпер вучышся ў Мінску, а калі прыедзеш дадому, то суседзі скажуць: «У Якава Баранавых сын жа ў госці прыехаў». Гэта значыць не хто прыехаў, а чый сын прыехаў. У аснове прозвішча ляжыць сям’я, гняздо, зборнасць, гурт. Адсюль ты і мяркуй, як табе пісацца.

Сымон падумаў, паўздыхаў, памеркаваў сам сабе... І ў друку паявілася прозвішча: Баранавых. Праўда, мы тады не падумалі, што канструкцыя прозвішчаў з канчаткам на -ых лічыцца сібірскай. Але ж у Сібір з’ехала нямала і нашых людзей, і ўсякая пераемнасць гаворыць і пра пэўную блізкасць...

То, можа, і з прозвішчам мы не нарабілі ніякай бяды».2

У Чырвонай Арміі С. Баранавых праслужыў тры гады (1920— 1923) кулямётчыкам, удзельнічаў у баях з палякамі, быў паранены. Вярнуўшыся ў родную вёску, ён актыўна ўключыўся ў грамадскую дзейнасць. На працягу 1924—1925 гг. працаваў старшынёй сельсавета, членам камітэта ўзаемадапамогі, загадчыкам хаты-чытальні, адначасова з’яўляўся селькорам беларускіх газет. Але ўвесь час адчуваў, што яму не хапае ведаў, што ён павінен вучыцца далей. У заяве аб прыёме на рабфак БДУ С. Баранавых пісаў: «Я сын селяніна, служыў тры гады ў Чырвонай Арміі, цяпер у пераменным складзе 2-й дывізіі, пастаянна працую на гаспадарцы свайго бацькі, у якога гаспадарка складаецца з сямі дзесяцін зямлі, аднаго каня, трох штук дробнай жывёлы. Усяго членаў сям’і сем чалавек.

Прашу камісію ВНУ звярнуць на маю просьбу належную ўвагу як сапраўднаму бедняку, які толькі імкнецца прынесці плады карысці для нашага Саюза, для якога я шчыра хацеў бы ісці наперад...»3

Уступныя экзамены С. Баранавых здаў добра і быў прыняты на рабфак. «Як сёння, бачу Сымона Баранавых у палінялай гімнасцёрцы, на якой яшчэ не паспелі выцвісці чырвонаармейскія пятліцы, у доўгім кавалерыйскім шынялі, які ён надзяваў пры любым надвор’і»4 ,— успамінаў М. Хведаровіч.

На рабфаку ў поўную сілу разгарнулася актыўная, дзейсная натура Сымона. Яго шчырая, адкрытая душа прыцягвала людзей, і нездарма ў хуткім часе ён апынуўся ў цэнтры студэнцкага жыцця: абіраўся ў рэдкалегію насценгазеты «Голас рабфакаўца», прымаў удзел у выпуску вуснай газеты, у мастацкай самадзейнасці. У п’есе Я. Коласа «Забастоўшчыкі», якая была пастаўлена студэнтамі, Сымон выконваў адну з галоўных роляў. На прадстаўленні п’есы прысутнічаў сам Я. Колас і застаўся задаволены. Поспехі на сцэне былі значныя, і Сымон з вялікім захапленнем выступаў у драматычным гуртку пры клубе імя КІМа. Усе, хто ў той час бачылі С. Баранавых на сцэне, прадказвалі яму шлях артыста. Аднак літаратура была першым і адзіным захапленнем і любоўю Сымона. Ён пачынаў з невялікіх селькораўскіх допісаў і, знаходзячыся ў асяроддзі здольнай, таленавітай моладзі, пісаў вершы, апавяданні, фельетоны, якія змяшчаліся спачатку ў насценгазеце, затым — у рукапісным часопісе «Голас рабфакаўца», а пасля — у перыядычным друку. Пісаў ён звычайна ноччу. Нялёгка было з пачатковай адукацыяй вучыцца на рабфаку, праграму сярэдняй школы прайсці за тры гады. Але настойлівая прага ведаў, сіла волі спадарожнічалі Сымону ўвесь час навучання, і ў 1928 г. пасля паспяховага заканчэння рабфака Сымон Баранавых быў прыняты на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. У тым жа годзе ён уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. На гэты час прыпадае яго знаёмства з многімі беларускімі паэтамі і празаікамі. Ён захапляецца творамі Я. Купалы, Я. Коласа, К. Чорнага.

Па сведчанні М. Хведаровіча «...да Баранавых часта заходзіў і Янка Купала з цёцяй Уладзяй. У сярэдзіне трыццатых гадоў паміж Янкам Купалам і Сымонам Баранавых усталяваліся шчырыя, сяброўскія адносіны. Сымона амаль заўсёды можна было бачыць за гасцінным Купалавым сталом. Цёця Уладзя называла яго ласкава: наш Сымонка. Сымон адказваў такой жа шчырай павагай, адданасцю сям’і Янкі Купалы. Ён, як мог, стараўся сэрцам адказаць на бацькоўскую ўвагу Янкі Купалы»5. Да пяцідзесяцігадовага юбілею народнага песняра Беларусі С. Баранавых пераклаў на прозу верш «А зязюлька кукавала» і прысвяціў гэты невялікі твор юбіляру, які пад назвай «Матчын сын» быў змешчаны ў газеце «Літаратура і мастацтва» (1932, 10 верас.). У хатняй бібліятэцы С. Баранавых захаваліся многія кнігі, зборнікі вершаў Я. Купалы. На адной з іх рукой паэта зроблены надпіс:

«Міленькаму і даражэнькаму Сымону

Янка. Менск, 2/VІІІ—32 г

Пасля заканчэння ў 1931 г. Беларускага дзяржаўнага універсітэта С. Баранавых быў накіраваны ў Беларускі радыёцэнтр, затым працаваў адказным сакратаром рэдакцыі літаратурна-мастацкага штомесячніка «Беларусь калгасная». Перайшоўшы працаваць у бібліятэку Дома пісьменніка, ён бліжэй знаёміцца з вядомымі беларускімі празаікамі і паэтамі. Частымі наведвальнікамі бібліятэкі былі К. Чорны, У. Хадыка, П. Броўка, Э. Самуйлёнак, А. Куляшоў, Ю. Таўбін, 3. Астапенка.

З многімі беларускімі пісьменнікамі С. Баранавых давялося шмат паездзіць па краіне, па Беларусі, удзельнічаць у калектывізацыі. З групай маладнякоўцаў (М. Зарэцкім, В. Кавалём, В. Сташэўскім, М. Хведаровічам) у 1930 г. ён наведаў па запрашэнні Самахвалавіцкага райкома партыі вясковыя клубы раёна, у тым ліку і родную вёску, якая была далучана да калгаса «Бальшавік», разам з Ц. Гартным пабываў у калгасах Слуцкага раёна, дзе пазнаёміўся з працай калгаснікаў. Некаторыя з іх з’явіліся потым прататыпамі яго герояў у аповесці «Новая дарога». Надзвычай карыснай была паездка на адкрыццё Днепрагэса (1932) у складзе беларускай дэлегацыі, у якую ўваходзілі Я. Купала, А. Александровіч, М. Лынькоў, П. Галавач. Актыўная грамадская работа, цесная сувязь з жыццём народа дапамагалі С. Баранавых у яго творчай дзейнасці.

На той час пісьменнікаў падзялялі на розныя катэгорыі: пралетарскія, сялянскія, спадарожнікі. У 1933 г. была створана арганізацыя сялянскіх пісьменнікаў, куды ўвайшоў С. Баранавых. Яна пачала выдаваць свой штомесячны часопіс «Беларусь калгасная», адказным сакратаром якой ён быў прызначаны. У часопісе друкаваліся мастацкія творы пра сялянскае жыццё, змяшчаліся артыкулы супрацоўнікаў райкомаў, наркамата земляробства, калгаснага актыву. Часопіс выходзіў цікавым і змястоўным нягледзячы на тое, што С. Баранавых працаваў у часопісе адзін — рэдактар быў няштатны. Што б ні рабіў С. Баранавых, ва ўсім адчувалася яго вялікая самааддача, актыўная жыццёвая пазіцыя. У хуткім часе, пасля выхаду ў свет аповесці «Новая дарога», С. Баранавых пакінуў службу, каб займацца толькі пісьменніцкай дзейнасцю. Мяркуючы па ўсім, С. Баранавых мог вырасці ў сапраўднага майстра, мастака-эпіка. На жаль, яго творчасць была непрацяглай (1927— 1936). Незвычайны лёс С. Баранавых, таленавітага беларускага празаіка, выклікае моцнае і балючае пачуццё суперажывання яго драматызму. «Шкада маладых год жыцця, шкада дарагой свабоды, і за што гэтыя пакуты? Не сумуй,— пісаў ён жонцы ў адным з пісем,— што так далёка заеду ад цябе. На Калыме, кажуць, жывуць не дрэнна... Я да гэтага часу не ведаю, каму «трэба» было арыштоўваць чалавека, які горла перагрызе любому ворагу за маю, дарагую мне, Савецкую ўладу... Тое, што я спазнаў у жыцці — ніхто не раскажа, ні адна кніга... Калі б я мог вярнуцца да сваёй літаратурнай працы — я мог бы напісаць эпапею... »6

Малады пісьменнік, якому так хацелася ствараць новыя раманы, аповесці, паспеў толькі паспрабаваць сваё пяро да той незабыўна-жахлівай ночы 3 лістапада 1936 года, калі яго беспадстаўна арыштавалі, выслалі ў Новасібірскую вобласць, а затым на Калыму, адкуль яму не суджана было вярнуцца... Памёр пісьменнік у самым росквіце сіл (1942), далёка ад роднай Беларусі. Абставіны склаліся так, што ён не змог ажыццявіць свае творчыя планы, якіх у яго было шмат. Але і тое, што ён паспеў зрабіць, ставіць яго імя побач з лепшымі празаікамі таго часу. Яго апавяданні, аповесці, раман — самабытная, цікавая і яркая старонка ў развіцці нацыянальнай літаратуры. Яны сведчылі, што фарміраванне творчай індывідуальнасці празаіка адбывалася інтэнсіўна, бо пісаў ён пра тое, што яму было добра вядома, блізка і дорага — пра жыццё свайго народа.

Шлях С. Баранавых у літаратуру звычайны, традыцыйны. Пачынаў ён, як і многія беларускія празаікі 20-х — 30-х гадоў, з селькораўскіх допісаў і карэспандэнцый, спрабаваў пісаць вершы. Аднак пачаткам яго мастацкай творчасці лічыцца 1927 г., калі ў газеце «Чырвоная змена» было надрукавана першае апавяданне «У млыне». Усяго ім было напісана каля дваццаці невялікіх апавяданняў і нарысаў. Многія змяшчаліся ў газетах і часопісах.

Першыя апавяданні С. Баранавых — гэта своеасаблівыя, блізкія да нарысаў, рэалістычныя замалёўкі сялянскага побыту. Часцей за ўсё іх сюжэт быў заснаваны на выкрыцці адмоўнага, якое моцна яшчэ трымалася, нягледзячы на жыватворчыя павевы Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Пісьменнік як бы выхопліваў асобныя кавалкі жыцця, праз якія найбольш яскрава высвятлялася сацыяльная характарыстыка таго або іншага персанажа, яго асабістыя якасці, выяўляліся адносіны аўтара да сваіх герояў і навакольнага свету.

С. Баранавых, як і М. Лынькоў, К. Чорны, В. Каваль, П. Галавач, — пісьменнік выразна сучаснай тэмы. Ён імкнуўся адлюстраваць жыццё, тыпы людзей у самых розных абставінах і сітуацыях, быў больш схільны да псіхалагічнай прозы К. Чорнага, хоць і ў яго творах ёсць адзнакі пафаснай маладнякоўскай узнёсласці.

Лепшыя апавяданні С. Баранавых вызначаюцца дынамічнасцю сюжэта, вострай канфліктнасцю, займальнасцю, дасціпным, мяккім гумарам. Нельга не пагадзіцца з меркаваннямі М. Гарэцкага, які, аналізуючы апавяданні 20-х — 30-х гадоў, пісаў: «Сымон Баранавых умее даваць невялічкія, просценькія, але вельмі жывыя сцэнкі, кавалачкі жыцця, напісаныя з дасканалым веданнем і разуменнем справы, з тонкаю нагляднасцю і з чыста народным гумарам. Яму асабліва ўдаюцца апавяданні з дзіцячымі перажываннямі, малюнкі кірмашу, вяселля, выпіўкі, бойкі, пляткарства і г. д.— наогул жанравыя бытавыя зарысоўкі, асабліва чым-небудзь смешныя. Апавяданне С. Баранавых вядзе роўна і спакойна, без траскучай фразеалогіі, без тэндэнцый і падкрэсліванняў, не ўпадаючы, з другога боку, у засмучэнне,— піша як свой аб сваім і аб сваіх. Ён стаіць на тым ідэалагічным шляху ў літаратурнай беларускай творчасці, які вядзе да здаровага народнага рэалізму, да блізкіх народным масам інтарэсаў і гісторый і да лёгкай і роднай дзеля іх формы жывога, трошку камічнага апавядання. Вобразы ў С. Баранавых простыя, народныя, жывыя апавяданні яго з прыемнасцю і з карысцю дзеля сябе будзе чытаць селянін, рабочы, савецкі служачы — наогул масавы сучасны чытач»7.

Аповесць «Чужая зямля», якая была надрукавана ў часопісе «Маладняк» у 1928 годзе і мела назву «На абрэзках зямлі»,— гэта першая спроба С. Баранавых у буйным празаічным жанры. Пісьменнік ставіў перад сабой задачу — паказаць сацыяльнае расслаенне вёскі напярэдадні вялікіх змен у яе жыцці. Але ўдалося яму шматгранна і глыбока высветліць толькі адзін аспект праблемы — сутнасць кулацкай ідэалогіі, тое, што адыходзіла назаўсёды, аджывала свой век. Што датычылася адлюстравання новага, то тут поспехі аўтара больш сціплыя, ён змог раскрыць толькі некаторыя яго прыкметы, паказаць кола знешніх падзей: умацаванне Савецкай улады пасля таго, як закончылася вайна з палякамі, перадзел кулацкай зямлі; змены ў паводзінах былых парабкаў, якія перастаюць баяцца гаспадароў, смела адстойваюць свае правы.

Старонкі, прысвечаныя жыццю кулакоў-хутаранцаў, іх сямейнаму ўкладу, норавам, звычаям, напісаны больш цікава. С. Баранавых наогул у адлюстраванні старога побыту вёскі, раскрыцці вобразаў сялян адчуваў сябе вельмі ўпэўнена, бо, па-першае, па ўласнаму вопыту добра ведаў гэта асяроддзе, а па-другое, ідучы ў рэчышчы, пракладзеным папярэднікамі, імкнуўся паглыбляць традыцыю рэалістычна-канкрэтнага ўвасаблення рэчаіснасці.

Наступныя аповесці С. Баранавых «Межы», «Новая дарога» (праблемна і тэматычна звязаныя з «Чужой зямлёй»), раскрываюць найбольш складаныя моманты жыцця сялянства. Пісьменніка цікавяць пытанні калектывізацыі, якую ён імкнуўся паказаць літаральна па гарачых слядах падзей, а таксама новы чалавек, глыбіня яго свядомасці. Працягваецца шматграннае спасціжэнне рэчаіснасці, адкрыццё яе новых пластоў. Па гэтых аповесцях можна прасачыць як тое, што змянялася ў творчай індывідуальнасці празаіка, так і тое, што заставалася нязменным. У «Межах» і «Новай дарозе» ў параўнанні з папярэднімі творамі прыкметна павысілася мастакоўская культура, глыбіня выяўлення ўнутранага свету чалавека, яго адносін да сацыяльна-гістарычных змен, майстэрства кампазіцыйнай пабудовы, уменне абгрунтавана паказваць сацыяльнае размежаванне вёскі. Тут празаік амаль пазбавіўся ад другарадных апісанняў, выпрацаваў свае прыёмы псіхалагічнага аналізу характараў. Гэтыя аповесці больш дасканалыя ў мастацкіх адносінах, чым «Чужая зямля», якую можна лічыць своеасаблівым эксперыментам, подступам да больш значных і глыбокіх твораў.

У 20—30-я гады былі напісаны многія аповесці і раманы, галоўнай мэтай адлюстравання якіх сталі падзеі калектывізацыі («Узнятая цаліна» М. Шолахава, «Брускі» Ф. Панфёрава, «Нянавісць» І. Шухава, «Лапці» П. Замойскага, «Капкан» Я. Пярміціна, «Адшчапенец» Я. Коласа, «Вясна», «Ідзі, ідзі» К. Чорнага, «Вязьмо» М. Зарэцкага, «Язэп Крушынскі» 3. Бядулі, «Мядзведзічы» К. Крапівы, «Чорная Вірня» Б. Мікуліча, «Спалох на загонах» П. Галавача і інш.).

«Беларуская проза, у тым ліку і аповесць С. Баранавых «Межы», дзякуючы ўдумліваму даследаванню сацыяльных працэсаў, адкрывала заканамернасць карэннай перабудовы вёскі і разам з тым спасцігала характар знамянальных зрухаў, што адбываліся ў псіхалогіі беларускага сялянства»8. Складаны і напружаны працэс перавыхавання чалавека станавіўся ідэйна-тэматычным цэнтрам шматлікіх твораў пра калектывізацыю, значнасць якіх была ў тым, што яны раскрывалі гістарычны змест эпохі, спасцігалі магістральную лінію сацыяльнага развіцця грамадства.

Калі ў творах многіх пісьменнікаў разглядаецца тыповы для таго часу канфлікт дзвюх супрацьлеглых сіл — кулака і бедняка, то С. Баранавых у «Межах» не ў меншай ступені цікавіць асабістае, інтымнае жыццё селяніна. Выразна выявілася жаданне аўтара раскрыць сутнасць натуры серадняка, ад пазіцыі якога шмат у чым залежаў лёс калгаснага руху.

Аповесць «Межы» не вылучаецца шырокім ахопам падзей у прасторы і часе. Асноўная каштоўнасць твора ў тым, што пісьменнік адлюстраваў грамадскія працэсы праз раскрыццё ўнутранага свету чалавека, яго клопатаў, думак, перажыванняў. С. Баранавых адступае тут ад традыцыйнага прыёму, характэрнага для пазнейшых твораў беларускай прозы пра калектывізацыю, у якіх галоўнай дзеючай асобай абавязкова выступаў новы для вёскі чалавек, прадстаўнік рабочага класа. На першы план ён выводзіць перадавых, найбольш свядомых сялян, якія ўтвараюць калгас па ўласнай ініцыятыве, без агітацыі і дапамогі збоку. У аповесці няма асабліва драматычных калізій, імклівых змен падзей, матэрыял для яе ўзяты з таго часу, калі да вёсак яшчэ толькі пачыналі даходзіць малавядомыя паняцці: «камуна, калектыў, калгас» і класавая барацьба не была яшчэ такой абвостранай, як у часы суцэльнай калектывізацыі.

Перад сялянамі паўстае мноства розных пытанняў, на якія яны жадаюць атрымаць пэўныя адказы. У першую чаргу іх цікавіць, якую яны будуць мець «выйгранку» ад калгаса. Падрабязна і праўдзіва адлюстраваў пісьменнік ваганні, роздум сялян перад рашучым крокам, паказаў, «як праз тоўсты пласт наноснага, узгадаванага часам, умовамі жыцця і быту патрыярхальнай вёскі, яе кансерватыўнымі традыцыямі, усё больш выразна праяўляюцца рысы новай свядомасці, новага светаразумення. З якімі маральнымі набыткамі, з якім духоўным багажом ідуць у новае жыццё, што замінае ім знішчыць тыя межы, якія спрадвеку аддзялялі аднаго чалавека ад другога — вось асноўныя пытанні ў творы»9.

Калі «Межы» адлюстроўвалі самы пачатак калектывізацыі, то ў «Новай дарозе» С. Баранавых паказаў моманты суцэльнай калектывізацыі, што патрабавала больш глыбокага раскрыцця падзей, чалавечых характараў, матываў іх дзейнасці. Для «Новай дарогі» характэрны прыём шматфарбнага пісьма, пошукі сродкаў для рознабаковага паказу жыцця, ускладненасць сюжэта, напружаны драматызм, нават дэтэктыўныя моманты, псіхалагічнае напаўненне вобразаў, іх ідэйная акрэсленасць. Пісьменнік тут падаў воблік новага чалавека, прадстаўніка рабочага класа, які дапамагае сялянам у правядзенні калектывізацыі. Аўтар меў ужо дастаткова вопыту і жыццёвых фактаў, што дазвалялі праўдзіва і шырока разгарнуць глыбінную плынь апавядання. Ужо сама назва твора — «Новая дарога» — гаворыць аб зменах, звязаных з распаўсюджваннем у сялянскім асяроддзі ідэй калектывізацыі. Што нясуць яны ў народнае жыццё — вось праблема, галоўная для аўтара і яго герояў. Пісьменнік не толькі сцвярджаў неабходнасць і жыватворнасць калектыўнай працы, але даследаваў сам працэс, выяўляў тыя сілы, якія затрымліваюць яго. Ён амаль пазбаўляецца ад прыёмаў плакатнага, чыста знешняга апісання вобразаў кулакоў, як гэта было ў «Межах» (вобразы Капруся, Аўласа), павярхоўнага раскрыцця ідэйнай задумы, спрошчанага, невыразнага вырашэння сацыяльных і маральна-этычных канфліктаў. Месцам дзеяння, асноўнай тэматыкай, нават некаторымі персанажамі «Новая дарога» перакрыжоўваецца з «Межамі». Але «Новая дарога» — гэта не просты працяг папярэдняга твора, у ёй можна назіраць «прынцыпова новыя якасці ўсёй беларускай прозы, прыкметныя зрухі ў структуры асноўнага ў той час жанру — аповесці. Перш за ўсё тут трэба адзначыць тэндэнцыю да ўзбуйнення жанру, да ўмацавання жанравай асновы аповесці, умацавання змястоўнасці яе формы»10 .

У «Новай дарозе» пісьменніку ўдалося стварыць не толькі вобраз новага чалавека — кіраўніка калгаснага руху, глыбока і нешаблонна раскрыць сутнасць кулацкай натуры, але і паказаць той прагрэсіўны напрамак, які выводзіў краіну на шырокі шлях сацыялістычнага будаўніцтва.

Аповесці «Чужая зямля», «Межы», «Новая дарога», як і папярэднія творы С. Баранавых, сведчаць пра яго добрае веданне беларускай вёскі, яе побыту, звычаяў. Яны былі напісаны як непасрэдны водгук на падзеі пачатковага этапу калектывізацыі, раскрывалі істотныя моманты гэтага перыяду. Галоўная ўвага празаіка была засяроджана на драматычна складаным лёсе селяніна ў працэсе калектывізацыі. Творы С. Баранавых былі найбольш блізкія і зразумелыя людзям, якія вызваляліся ад векавечных аднаасобніцкіх устояў, таму празаік пісаў іх мовай, максімальна набліжанай да паняццяў і ўяўленняў свайго чытача, датычылася гэта апісанняў прыроды ці стану людзей.

Гады стварэння аповесцей С. Баранавых — гэта якраз той час, калі наша маладая проза пазбаўлялася ад маладнякоўскай «бурапены», незвычайных, вобразных асацыяцый, гучнага, на сённяшні погляд, наіўнага і знешняга аздаблення фразы, слоўных эфектаў. У аповесцях С. Баранавых гэтыя моўныя ўпрыгожванні, хоць і ў меншай ступені, чым у творах іншых празаікаў-маладнякоўцаў, але ўсё ж даволі адчувальныя, асабліва ў «Чужой зямлі» і «Межах». Зразумела, што ідэйна-мастацкія прыёмы маладнякоўскай прозы аказвалі адпаведны ўплыў на творчасць пісьменніка, таму побач з выразнымі пластамі сялянскай лексікі ў яго аповесцях прыкметны сляды стылявога арнаменталізму, гучнаслоўя, квяцістасці, празмернай экспрэсіўнасці: «Месяц глыбей запусціў у чорнае неба свае клыкі, больш сярдзітым зрабіўся. Як дзікі кабан, наставіўшы хіб, хацеў рынуцца і распароць адвіслы жывот чарназорнаму небу — парадзісе ваўчыцы, хацеў раніць яго аж да самай крыві». «Нібы падстрэлены звер, бег стары час наўцёкі. Бег, спатыкаўся... Спатыкаўся і бег... Каб аблізаць свае крывавыя раны, каб захавацца ад людскога вока — загаіць свае раны ў пацёмках, бег стары час у невядомую далячынь».

Есць шмат дыялектызмаў (скерпалася, джэгаючы, збіцца з трыбу, чнару, госці наюдзілісь і г. д.). Што датычыць дыялогаў, унутраных маналогаў, то пісьменнік тут болып дакладна і строга перадаў жывую гутарковую мову персанажаў з мэтай грунтоўнай характарыстыкі вобліку, інтарэсаў, запатрабаванняў, інтэлекту. Паступова пераадольваючы свае захапленні, прыхільнасці да маладнякоўскай традыцыі, адчуваючы яе недахопы, С. Баранавых у аповесці «Новая дарога» і асабліва рамане «Калі ўзыходзіла сонца» амаль зусім не ўжываў непраўдападобныя параўнанні, розныя ўпрыгожванні, імкнуўся да стрыманага, дакладнага пісьма, выпрацоўваючы свой непаўторна-індывідуальны стыль.

Апавяданні, аповесці заканамерна прыводзілі амаль кожнага пісьменніка да жадання паспрабаваць свае сілы ў жанры рамана. У С. Баранавых шлях да рамана таксама традыцыйны. Ужо аповесць «Новая дарога» вылучалася многімі «раманнымі» адзнакамі: пашыраным сацыяльна-гістарычным фонам, актыўным удзелам станоўчага героя ў пераўтваральным жыцці, паглыбленым аналітызмам і псіхалагізмам, выкарыстаннем рэтраспектыўнага плана, шматлікімі сюжэтнымі адгалінаваннямі.

Вызначаючы асноўныя моманты сваёй творчай біяграфіі, С. Баранавых пісаў: «1935 год — працую над раманам на тэму: Камсамол у падполлі ў час польскай акупацыі Беларусі. У гэтым жа рамане пад назвай «Калі ўзыходзіла сонца» выкрываю нацдэмаў як прадажных псоў. У 1936 годзе заканчваю першую кнігу рамана і здаю ў друк. Раман атрымаў добрыя водгукі ў Саюзе савецкіх пісьменнікаў...». Пазней, знаходзячыся далёка за межамі роднай Беларусі, С. Баранавых у лістах да жонкі Надзеі Іванаўны прасіў захаваць рукапіс рамана, спадзеючыся калі-небудзь яго дапісаць. Адносна лёсу рамана паведамляў А. Пальчэўскі: «С. Баранавых увосень (1936) перадрукоўвае яго, здае два экземпляры ў выдавецтва, для выданняў у 1937 г., а два сябрам пачытаць, каб атрымаць парады. Твор цудам уцалеў. Адзін экземпляр з чатырох надрукаваных на машынцы Сымон даў пачытаць сям’і Рудакоўскіх11!. Пазней раман быў вернуты Сымонавай жонцы Надзеі Іванаўне, якая здолела захаваць яго і да нямецкай акупацыі, і ў час яе.

У 1957 г. мне пашчаслівіла рэдагаваць гэты твор. Больш як праз 20 гадоў напісання чытач змог пазнаёміцца з харошым раманам. Самому аўтару не давялося ўбачыць кнігі»12.

Раман і сапраўды з’яўляецца адным з найбольш значных і па-мастацку завершаных твораў С. Баранавых. Ён вылучаецца стройнасцю, зладжанасцю кампазіцыі, дынамічнасцю, драматызмам сюжэта, цікавымі, змястоўнымі вобразамі, лаканічнасцю, апрацаванасцю мовы.

Пісьменнік імкнуўся перадаць атмасферу непрымірымасці, непакоранасці беларускага народа перад акупантамі. У гэтым плане раман працягвае асноўны напрамак папярэдніх твораў — паказ барацьбы двух светаў у паслякастрычніцкі час. Камуністы і камсамольцы падполля, створанага ў невялікім павятовым горадзе, увасабляюць ідэю гераічнай барацьбы і перамогі над класавым ворагам. Гэта бясстрашныя, самаадданыя змагары за Савецкую ўладу, якая несла людзям святло новага жыцця. З гуманістычных пазіцый вырашаў аўтар праблему гераічнага. «Думка пра чалавека як найвялікшай каштоўнасці складае найбольш прываблівы бок гэтага твора»13. Паказваючы нябяспечную, мужную барацьбу сваіх герояў, пісьменнік праўдзіва выяўляў слабасці і недахопы іх непрыкметнай, але такой неабходнай працы. У рамане няма той ідэалізацыі вобразаў маладых патрыётаў, рамантызацыі іх незвычайных подзвігаў, якія назіраліся ў маладнякоўскай аповесці, заснаванай на падобнай тэматыцы («Свінапас» М. Чарота, «Двое» А. Вольнага, «Партызан» Я. Нёманскага). С. Баранавых пераадолеў «хваробу» росту, ды і пэўная адлегласць часу спрыяла аб’ектыўнай інтэрпрэтацыі падзей 20-х гадоў. Ю. С. Пшыркоў, адзначаючы станоўчы вопыт, здабыты беларускімі празаікамі ў адлюстраванні мінулага, які «дапамог глыбей зразумець характар і сутнасць рэвалюцыі і грамадзянскай вайны», ставіў раман «Калі ўзыходзіла сонца» побач з такімі значнымі дасягненнямі беларускай прозы, як «Дрыгва» Я. Коласа, «Бацькаўшчына» К. Чорнага, «Праз гады» П. Галавача, «Будучыня» Э. Самуйлёнка»14.

Раман С. Баранавых, як і яго лепшыя аповесці, вытрымаў выпрабаванне часам. Разам з аўтарам сённяшні чытач захапляецца лёсам маладых герояў-падпольшчыкаў.

Пісьменніку хацелася пранікнуць у сутнасць характараў, зразумець матывы паводзін людзей, якія змагаліся за вызваленне.

І хоць раман застаўся няскончаным, але першая частка яго ўжо сведчыла, што пісьменнік дасягнуў значных поспехаў у стварэнні запамінальных характараў, сацыяльна абгрунтаваных, глыбока праўдзівых. У рамане дакладна выяўлена пазіцыя аўтара ў адносінах да сваіх герояў, а экскурсы ў мінулае, апісанні сялянскага, местачковага, гарадскога побыту, уменне раскрыць востранадзённыя праблемы тагачаснага жыцця сведчылі аб імкненні празаіка па-мастацку асэнсаваць вялікія рэвалюцыйныя пераўтварэнні ў жыцці беларускага народа, раскрыць багацце душы разняволенага чалавека, працаўніка зямлі.

Жыццё пісьменніка працягваецца да таго часу, пакуль жывуць яго кнігі. С. Баранавых быў чалавекам, ад нараджэння надзеленым мастацкімі здольнасцямі, якія грунтаваліся на яго цесных, непарыўных сувязях з побытам і традыцыямі сялянскага асяроддзя, дзе ён рос, мужнеў, набіраўся вопыту. Валодаючы абвостраным пачуццём часу, пісьменнік сэрцам адчуваў надзённыя праблемы і запатрабаванні сялянства, са страснай зацікаўленасцю адлюстроўваў іх у творах, чуйна адгукаючыся на праявы новага ў жыцці і псіхалогіі людзей. Сведка і ўдзельнік вялікіх падзей эпохі: рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, калектывізацыі, С. Баранавых разам з іншымі мастакамі слова ставіў і вырашаў складаныя, важныя пытанні развіцця, фарміравання маладой беларускай прозы, садзейнічаў пашырэнню яе жанравых і сюжэтных рамак, уводзіў новыя тыпы жыццёвых канфліктаў, узбагачаў літаратурную мову, распрацоўваў сродкі псіхалагічнага аналізу, традыцыі высокай сацыяльнасці, партыйнай, класавай ацэнкі з'яў рэчаіснасці. На працягу свайго зусім кароткага творчага шляху С. Баранавых прадэманстраваў неабходныя якасці пісьменніцкай натуры — нястомную энергію, працаздольнасць, любоў да жыцця і літаратуры, вернасць абранай тэме. Гэта сведчыла аб тым, як шмат мог бы напісаць гэты таленавіты чалавек цікавых, мастацкіх твораў, калі б жыццё яго не абарвалася так рана і так трагічна. Да апошніх сваіх дзён ён сачыў за поспехамі роднай літаратуры: «Напішы, як жывуць Пятрусь, Якуб, Янка, Кузьма? — прасіў ён у адным з лістоў да жонкі.— Што новага напісалі яны? Якія п'есы ідуць у тэатрах? Я прачытаў у «Звяздзе», што ідзе п’еса Крапівы «Партызаны». Віншую. Савецкая драматургія расце. Крапіва літаратурна ўзмужнеў — рухаецца наперад. Гэта вельмі добра. Радуешся, а з другога боку авалодвае сум: а чаму ж я не магу прынімаць удзелу ў росце савецкай літаратуры, драматургіі? Так! Крыўдна. Беражы, Надзянятка, мой раман. Я калі-небудзь яго дапішу. У мяне вельмі многа задум»15.

Дзякуючы Надзеі Іванаўне Бударкевіч — вернаму сябру і жонцы С. Баранавых, мы маем сёння магчымасць чытаць многія яго творы. Надзея Іванаўна — сумленны чалавек, была надзелена вялікай сілай і мужнасцю, падтрымлівала мужа ў час цяжкіх выпрабаванняў, не адраклася ад «ворага народа», пісала яму пісьмы, слала пасылкі і грошы, наколькі гэта было магчыма ў яе становішчы. Яна захавала дакументы, пісьмы, рукапіс рамана, зберагла іх у час вайны, хаця ў сувязі з акупацыяй перастаў С. Баранавых атрымліваць усё тое, што прывязвала яго да жыцця, умацоўвала веру ў людзей.

Надзея Іванаўна была ўдзельніцай партызанскага руху на Беларусі (сувязная-разведчыца партызанскага злучэння Слуцкай зоны), узнагароджана медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 —1945 гг.».

Адразу пасля вайны яна пачала шукаць сляды мужа, пісала на Калыму па старым адрасе, дамаглася адмены прыгавора С. Баранавых, пасмяротнага аднаўлення яго ў членах СП БССР.

Памерла Н. І. Бударкевіч у 1957 годзе.

С. Баранавых застаўся ў памяці ўдзячных нашчадкаў. Гэта быў чалавек высокай палітычнай свядомасці, маральнага абавязку, прынцыповасці і вялікай чалавечай і грамадзянскай мужнасці. Ва ўсіх сваіх творах ён выступаў зацікаўленым прапагандыстам і агітатарам ідэй Савецкай улады, якая змагалася і змагаецца за шчаслівую будучыню свайго народа.

 

1 Фадеев А.А. За тридцать лет. М., 1959. С. 195.

2 Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн. 1979. С.99.

3 ЦДАКР, ф. 6, воп. 1, спр. 195, л. 1. Справа студэнта рабфака Баранава Сымона Якаўлевіча на 16 лістах.

4 Хведаровіч М. Пра Сымона Баранавых // Полымя. 1947. № 10. С. 180.

5 Хведаровіч М. Пра Сымона Баранавых // Полымя. 1947. № 10. С. 182.

6 ЦДА ЛіМ БССР, ф.46. Воп. 1. Лісты Баранавых да Н.І. Бударкевіч.

7 Гарэцкі М. Творчасць маладнякоўцаў. Сымон Баранаў // Чырвоная змена. 1928. 7 кастр.

8 История белорусской советской литературы. Мн., 1977. С. 56.

9 Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971. С. 101.

10 Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971. С. 104.

11 Рудакоўская Ганна Іванаўна – родная сястра Надзеі Іванаўны, жонкі С. Баранавых.

12 Пальчэўскі А. Сябар далёкіх гадоў. Выбр. тв.: У 2 т. Мн 1975. Т. 2. С. 404.

13 Мушинский М. Окрыленность таланта // Сымон Барановых. Межи. Новая дорога. М., 1976. С. 253.

14 Пшыркоў Ю. Велічная тэма // Полымя. 1957. С. 139.

15 ЦДА ЛІМ БССР. ф. 46, вол. І. Ліст С. Баранавых да Н. І. Бударкевіч ад З чэрв. 1938 г.


1988

Тэкст падаецца паводле выдання: Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. - с. 3-14
Крыніца: скан