Ух, і мароз! Як ні цісніся ў камячок - прабярэ да касцей. Апранаха ж вельмі ліхенькая: маміна кофта зусім выцерлася. Худзенькая шыя ўся наверсе і зрабілася шыза-чырвоная ад холаду, ногі з хадакоў вылезлі. Не замерзлі адны вялікія вочы, што ўжо атупелі ад болю, яны разгублена глядзяць на белы будынак вакзала. Народу вельмі многа, ідуць і туды і сюды, а папытацца няма ў каго. У шумнай заклапочанай мітусні натоўпу маленькая фігурка астаецца адзінокая.
Ці ён прыехаў, ці не?
Сібір жа вунь якая вялікая. Высаджваўся ў Чалябінску, бадзяжнічаў па Омску. Але штосьці кепска атрымліваецца. Галоўнае - месцаў няма, а Паўлушка нясмелы. У Чалябе, каля аддзела народнай асветы, хлапчукі набілі і, што настарцаваў, адабралі. Пайшоў зноў на цягнік.
Ехаў і ў вагоне, і на пляцоўцы, і ў прыбіральні (дух цяжкі, а так нічога - цёпла), і ў скрыні пад вагонам. У Омску зноў адлупцавалі. Праўда, тут трохі і зарабіў за што - піражкі ў адной пані з багажу ўкраў. А быццам бы такая ўжо ласкавая была, усё выпытвала, пакуль аціраўся каля яе:
- Куды едзеш? Дзе бацькі?
І шкадавала:
- Ты, - кажа, - у аддзел народнай асветы! Яны абавязаны... Хіба можна? Раздзеты, галодны!!!
- Месцаў няма, - паныла цягнуў Паўлушка.
А яна закусвала. Адвярнулася, дык Паўлушка хоп з кашолкі піражок!
Убачыла... Як завішчыць! Ну, збілі. Такім чынам... зноў паехаў.
Дык цяпер прыехаў ці не?
Стаіць Паўлушка на платформе. Таўхануць - адыдзе. Прабяжыцца крыху, зноў стане. Есці вельмі хочацца... Учора еў. Сунулі як падарэйку. Красці страшна: балюча б'юць, а костачкі і без таго баляць.
Мароз даймае. Вочы не замерзлі, а плачуць. Ад холаду слёзы льюцца, і ўжо трэсці пачало. Трэба ў горад.
У каго б гэта папытацца, куды ісці?
Вось гэты быццам нічога. І таксама адзежка неважнецкая.
- Дзядзечка, як у горад прайсці?
- А чаго табе ў горад? Чаго там не бачыў? Такіх там і без цябе поўна.
З вышыні на дробненькага, скурчанага глядзяць усмешлівыя вочы. Падбадзёраны Паўлуша па звычцы хлусіць:
- Брат там у мяне. У кульерах служыць.
- Хлусіш, хлопец. Дзе ў кур'ерах?
- А ў гэтай... як яе... у чаке, - выгаворвае першае, што трапіла на язык.
Дзядзька ў кепскай вопратцы смяецца:
- Бач ты яго, што прыдумаў? Ну бяжы, галышня... куды-небудзь ды трапіш. У чаку ці куды... Ідзі за вакзал...
Паказаў дарогу. Смяецца, а вочы шкадуюць.
- Эх ты, чака!.. Здохнеш, як верабей... Ну, добра, бяжы... На вось, вазьмі.
Выняў з кішэні кавалак хлеба, падае. Пабег Паўлушка. У кулаку мёрзлы хлеб. Прагна хапае яго на бягу. Нічога, тут пашкадавалі.
Ужо цямнее. Горад нішто сабе. Народу шмат.
- Дзядзечка, дай на хлеб!
- Цётачка, падарэце на кавалачак хлебца!
- Таварыш, дзе аддзел народнай асветы?
На хлеб не далі. Многія просяць. Аддзел народнай асветы зачынены. Зайшоў з двара. Мужык у паўкажушку сказаў:
- Заўтра прыйдзеш. Бачыш жа, ноч. Ды па двары не цягайся. Яшчэ сцібрыш што-небудзь.
Зноў на вуліцы. Аўтамабіль ту-ту-ту... Гудуць, шумяць, нясуцца... Коні па мёрзлай дарозе выстукваюць. Народу колькі! На вуліцах відната.
- Дзядзечка, дай на хлебца кавалак.
- Цётачка...
- Таварыш...
Не даюць.
Хлапчукоў на вуліцы многа. Гандлююць:
- Папяросы найвышэйшага гатунку!
Эх, каб гандляваць! Капусты гарачанькай на барахолаўцы купіў бы. Ногі нешта не ідуць. Галоўнае, што стаміўся. Есці ўжо і не хочацца.
Рукі, бачыш, белымі арламі. Трэба на вакзал. Там пераначаваць. Кепска ногі ідуць. Хутка вакзал... Трэба адпачыць усё-такі. Прытуліўся цёмным камячком да плота.
Спаць хочацца.
Дзіва якое! Мамка і тата тут... А памерлі ж даўно...
Соладка спіцца.
Прыстыў да плота цёмны камячок. Заплюшчыліся вочы, больш не пытаюць.
Скончылася Паўлушкава кар'ера.
1921