epub
 
падключыць
слоўнікі

Людка Сільнова

Зеленавокія воі і іх прыгажуні

БУРШТЫН
ЗЕЛЕНАВОКІЯ ВОІ І ІХ ПРЫГАЖУНІ
ДЗВЕРЫ
ШУКАЛЬНІЦА СКАРБАЎ
ВУЧАНЬ ЧАРАЎНІКА
ТОЙ, ШТО ЛЯГЧЭЙШАЯ ЗА МЯНЕ
ЛЕСНЯРЫ
КАСТРЫЧНІК
* * *
НЯБЕСНАЯ ЦЫГАНКА
ЛІТОЎСКІЯ АРАБЕСКІ
ДАМОК У ЛЕСЕ
ВОГНЕННЫ ВОРАН
ВОЛЬГА
* * *
ТРЫ КОЛЕРЫ
КАХАННЕ
ЛЮБОЎ
ВУСНАЕ КІНО
ПАРТРЭТ
ЧЫТАЮЧЫ "ЗНІЧ КРЫЖОВЫХ ДАРОГ"
РАЗМОВА
ЗЯЛЁНЫ ВОЗ. Лірыка чэрвеня
КОННІК
МАНАЛОГ РЫБІНЫ
* * *
"ПАКУЛЬ!.."
СМУТАК
* * *
АДВЕЧНАЕ ЎРАЖАННЕ
ЧАРАЎНІЦА
ЧАС НУЛЬ
МАРА НЯБЕСНАЯ
ДУДАЧКА
МІЖЗЕМНАЕ МОРА
СЛОВА
КЛАДАЧКА ТОНЕНЬКА
КАЛЯДНАЯ КАЗКА
* * *
СЫН ЯБЛЫНІ
* * *
ВОГНЕННЫ ВОЎК
СЯСТРА
РЫЦАР ГІСТОРЫІ
БЫВАЙ!
Біяграфічная даведка пра адрасатаў прысвячэнняў


БУРШТЫН

Галіне Дубянецкай

Гэта сталасць, сястра.

Гэта цвёрды бурштын на далоні.

Чуеш мора,

пяшчотныя шэпты вады?..

Помніш – шум?

Помніш – вецер над морам? І ў скроні

Біўся крык –

ці птушыны, ці ўзбуджаных душ маладых?..

______________

 

Гэта сталасць, сястра.

Гэта цвёрды бурштын на далоні.

 

 

ЗЕЛЕНАВОКІЯ ВОІ І ІХ ПРЫГАЖУНІ

Леаніду Дранько-Майсюку

Зеленавокія воі,

склаўшы

свае празрыстыя крылы

І прыціснуўшы іх

да руінаў

стагоддзяў і сноў

("Там блукаюць прывіды!

Страшна мне!

Абярніся, мой мілы!.."),

Непрыкметнымі ходзяць

па вуліцах

гарадоў.

 

 

О, вясёлыя воі!

Кахаюць іх там

прыгажуні,

Як сатканыя

з тонкіх матэрый –

з туману, дажджу і святла.

І чакаюць штодня,

срэбны вецер

нясе іх карункі

Над палямі,

па лесе,

па куточках людскога жытла...

 

 

"На агонь паляціце,

але станьце ільдом, –

пішуць руны. –

Будзе звонкі крышталь ваш

у фундаменце тайны

ляжаць..."

Зеленавокія воі

і

вечныя іх прыгажуні

Як абняўшыся моцна

у ружы нявыраслай спяць.

 

 

 

ДЗВЕРЫ

Алесю Разанаву

Ледзь крану – і павольна, марудна

Паплывуць і расчыняцца дзверы...

Адкуль у мяне да цябе, любы,

Столькі даверу?

 

Падарыў ты мне царскую апранаху –

Жыць без страху!..

 

А за тымі дзвярыма вялікімі –

Зыбкі свет, калыханне і лікі;

А за тымі варотамі царскімі –

Блізкай будычыні ўладарства.

 

...Азірнуся. Няўмольна, марудна

Паплывуць і зачыняцца дзверы.

 

 

 

 

ШУКАЛЬНІЦА СКАРБАЎ

Літкансультанту Ўладзіміру Някляеву

– Ну, ёсць асобныя знаходкі...–

Размова зноў была кароткай.

 

І лёгка стала на душы:

Ізноў шукай, шчыруй, пішы!

 

"Асобныя", але "знаходкі"!..

Каменьчык... ай, які зіхоткі!

 

Стук аб кубачак з гарбатай

Мой аловак, як лапата.

 

 

ВУЧАНЬ ЧАРАЎНІКА

Адаму Глобусу

Я крутану кардонны глобус –

І ўсё агорне пах ядлоўцу...

Сышліся вечнасць і імгненне

У час дзівоснага кручэння.

 

І замільгалі у прасторы

Краіны, рэкі, моры, горы;

І ўсё яны вышэй, вышэй,

Ўсё натуральней для вачэй!..

 

– Даволі! Хопіць! Прыпыніць як?

Нічога не магу зрабіць я...

Сышліся вечнасць і імгненне

У час шалёнага кручэння!

 

 

ТОЙ, ШТО ЛЯГЧЭЙШАЯ ЗА МЯНЕ

Галіне Дубянецкай

Я зайздрошчу той,

што лягчэйшая за мяне.

Я за поўняю на небе схаваюся –

так мне сорамна!

 

Дажджом на зямлю ўпаду –

усё яе ўспамінаць буду,

Лёгкую, ласкавую хмарку...

 

А як прыдзе Ноч,

ружаў грому з неба нарву

На тонкіх, блішчастых маланках –

 

Той, што лягчэйшая за мяне.

 

 

ЛЕСНЯРЫ

Алесю Разанаву

Жыў Алесь

Без Алесі

Ў цемным лесе

Паэзіі.

 

Не ў цэнтры стаяла

Яго леснічоўка...

У вочы ведаў

Кожную птушку – беларускае слоўка.

 

Як прачынаўся –

Ад самага рання

Ішоў на паляванне –

Вершаскладанне.

 

Лес скаланае стрэл:

"Ба-бах!"

Пацэліў у сэнс –

Вялікага дзікага вепрука!..

 

Жыў Алесь –

Без Алесі,

Як ён, супярэчлівай,

І гарэзлівай,

 

З вачыма чорнымі парэчкавымі.

 

І ніхто яму, ледзь прачнецца,

Не смажыў смачнай яечні.

 

І свае паляўнічыя раны

Увечары сам забінтоўваў старанна.

 

...Пасярод непрыбранага пакойчыку

Ляжыць зэдлік,

Дагары чатыры ножкі, –

Як падстрэляны вепручок.

 

 

 

КАСТРЫЧНІК

Веляміру Хлебнікаву

Каструбаваты кастрычнік – кароль-месяц

Скарчанелых ад холаду дрэў,

Карункавых карчакоў у аголеным лесе,

Дзе толькі мокрых варон кароткі картавы спеў:

 

– Кар!..

 

 

* * *

Уладзіміру Някляеву

Каханы мой, мой апантаны!

Душы маёй вар'яцкі крэн!

Арэлі шчасця разгайданыя,

Як звон спаднічка ад калень.

 

 

Якою птушкай абярнешся,

Высока ў небе летучы?

Пужаюся! Мо мне здаецца:

Варона каркнула ў начы?

 

 

Усё заліў разліў салоўкі

Ў малочна-бэзавых кустах...

О, дайце мне якія зёлкі,

Каб пал няўрымслівы ачах!

 

 

Каханы, грошык прыхаваны

На мой бяззорны, чорны дзень!..

Дрыжаць, гудуць на кухні краны,

Спаднічка ліпне да калень.

 

 

НЯБЕСНАЯ ЦЫГАНКА

Наталлі Васільевай

Ён

уварваўся ў маё жыццё -

Нібыта

гадальных карт адкрыццё!..

 

На пальцах

у сінякосай цыганкі

Блішчаць і спяваюць

пярсцёнкі-маланкі.

 

А чорная

ў сотні фальбонаў спадніца -

Бясконцых нябёсаў

прастор, таямніца.

 

Кашуля наросхрыст:

валодай, стыхія,

Агонь аці вецер,

ці словы якія!

 

"О, як мне адолець

няведання боль?

Скажы мне, ты - мой

цемнавокі кароль?.."

 

Бунтуюць грамы

і змяяцца маланкі

Пад пальцамі ў грознай,

празрыстай цыганкі!

 

 

 

ЛІТОЎСКІЯ АРАБЕСКІ

Сяргею Дубаўцу

1

...І Дуб, што ўзяў ў жонкі Сон,

Якой краінай трызніць ён?

І звонка б'юцца жалуды

Аб мёрзлую зямлю жады.

 

 

2

"Чык-чыкчык! Чык-чыкчык! Чык-чыкчык! Чык..!

Ляціць, разагнаўшыся чорны цягнік.

 

Чорны цягнік - па рэйках, нікому

Ніколі не бачаных і невядомых.

 

І дзе яго шлях далейшы праляжа -

Ніхто не ведае, ніхто не скажа.

 

Які наш лясок перарэжа ці ніву

Надвое - не думае толькі шчаслівы...

 

 

3

Пайду шукаць маю Літву

Уздоўж нябёс, па хараству

Апалых зорак, што з Зямлі

Павевы ветру намялі...

 

 

 

ДАМОК У ЛЕСЕ

Алегу Бембелю

Толькі

бадзяга

смутны

Увойдзе

у гэты

дом.

Ніякіх групавых экскурсій,

З калодзежа піцця нагбом!

 

 

Толькі

бадзяга

смутны

Толькі

стомлены

дух...

Прыляжа на ложак з рутаў -

І спыніцца вечны рух.

 

 

ВОГНЕННЫ ВОРАН

Глебу Артханаву

Вогненны воран

На чорнай сасне

Сённяшняй ноччу

Прымроіўся мне.

 

 

Важна, па-царску

Воран сядзеў,

Быццам бы казку

Каркнуць хацеў.

 

 

Вогненны воран...

Гэта сасна

Трэшчынай лёсу...

Часу - няма.

 

 

ВОЛЬГА

Вользе Седаковай

"Вольга!" - ускрыкну я ціха,

Быццам бы "Воля!" і "Нельга!"...

 

Ты бярэш - і наўмысна камечыш,

Адмыслова і таямніча

(А галоўнае - вельмі смела!),

Нашага жыцця прастору -

Тую вялікую, тонкую, дзіўную хустку,

На якой і кветкі, і птушкі,

і сонца, і месяц,

і звяры, і людзі,

і - дарогі...

 

А нашто - толькі Богу вядома,

Маладому, якога ты любіш.

(І сышліся на складках рэчы,

і спляліся рукамі людзі,

і кароткімі сталі дарогі,

і наблізіліся краіны...

Страсянеш - і нічога не будзе.)

 

 

* * *

Алесю Разанаву

Да цябе падысці -

Будзе усё, як сад, цвісці!

 

А з табой загаварыць -

Быццам сонца запаліць!

 

Дакрануцца да рукі -

Засінеюць васількі

 

У жытнёвым полі,

Дзе мой дух сваволіць...

 

 

ТРЫ КОЛЕРЫ

Адаму Глобусу і Анатолю Сысу

Дзень і ноч паўтараю ўтрапёна:

Жоўты, сіні, чырвоны.

 

Гэта колеры нашых імёнаў

Жоўты, сіні, чырвоны.

 

Гэта колеры нашых сцяжынак,

Па якіх, быццам дзеці, бяжым мы.

 

А змяшаеш іх, вышай названых, -

Будзе колер зямлі узаранай.

 

 

КАХАННЕ

Вітаўту Чаропку

Гэтую кнігу

Мы чыталі з табой удваіх.

Мы былі маленькія

Брат і сястра.

А кніга была вялікая.

Яна ляжала ў нас на каленях.

Я сядзела злева ад цябе, а ты - справа.

І ты ўсё спяшаўся перагортваць старонкі...

 

У гэтай кнізе

Былі вялікія прыгожыя малюнкі

І вельмі мала тэкста.

Яе падарыў нам хтосьці з гасцей.

Недзе там, у залі, гучала вясёлая музыка,

Нешта адбывалася.

А мы сядзелі тут,

У маленькім дзіцячым пакойчыку,

І гарталі гэтую дзіўную кніжку,

І гладзілі гэтыя цікавыя малюнкі...

 

Я помню драпіны

На тваіх каленках

І што ссунуліся ўніз мае белыя панчошкі...

Калі гэта было?

Сто гадоў таму? Ці - вечнасць?

І скажы мне - адкуль

У альбоме маёй душы

Гэтая жоўтая фотакартка?..

 

 

 

ЛЮБОЎ

Любові Турбіной

Яна адсутнаю была,

Але - у сутнасці інакшай -

Нас абдымала і вяла

Настаўніцай, сястрою нашай.

 

І на высокае гары,

Дзе нам вятры студзілі скроні.

Свае адвечныя дары

Паднесла ў сонечных далонях.

 

Нам расказала пра святло,

Духоўны свет фізічных тайнаў.

І ўсё прасякнута было

Яе спагадай незвычайнай.

 

Кармілі дзеці галубоў

На слонімскай ахоўнай плошчы...

Надзея, Вера і Любоў.

А з іх галоўная - апошняя.

 

 

ВУСНАЕ КІНО

Міколу Раманоўскаму

Нашае каханне -

вуснае кіно,

Бо не на экране -

ў галаве яно.

 

Нехта прамаўляе

ў вечны мікрафон,

Мроіць, выдумляе

гэту казку-сон;

 

Не адно стагоддзе,

і не толькі нам,

Зноў і зноў даводзіць...

Ісціну? падман?

 

Зноўку гераіня

з кубкам у руце,

Пацалунак стыне

ружай на шчаце.

 

І нясуцца коні,

І дрыжыць зямля...

Вечная пагоня!

Вечная гульня!

 

...Высахла натхненне -

скончыўся раман.

У адно імгненне

скурчыўся экран.

 

Дык няхай ліецца

страшнае віно!

Не прымай да сэрца:

вуснае кіно.

 

 

ПАРТРЭТ

Анатолю Сысу

1.

Блакітны вачыма, адзеннем блакітны,

Ён лесам народа як быццам вагітны.

Прарочыць яму найвялікшыя слёзы

Агідны крумкач на засохлай бярозе...

2.

- Нарэшце ты! Здароў, Блакітны!

Ужо цябе мы зачакаліся.

Усе паперы пераблыталі,

Пакуль шумелі і спрачаліся...

 

- А божухна! Ды ён Блакітны!

Канец, не дажыву да пенсіі,

Як распачне пра прыкарытных

І надрукуе свае песні...

 

- Дзень доборы, мой блакітнавокі!

Цябе адразу я пазнала.

Табе блакітныя валошкі

Я на кашулі вышывала...

 

 

ЧЫТАЮЧЫ "ЗНІЧ КРЫЖОВЫХ ДАРОГ"

Антаніне Хатэнка

Жыццё, ты поўнае паэзіі -

Раптоўнай, бабчынай, гарэзлівай!..

 

Як быццам жылу перарэзалі:

Цячэ й цячэ ў наш свет паэзія...

 

 

РАЗМОВА

Ігару Бабкову

- Што адчуваеш? Ноч?

- Я адчуваю моц,

Моц, залаты цень

Пасярод ночы - Дзень!

 

 

 

ЗЯЛЁНЫ ВОЗ. Лірыка чэрвеня

Еўдакіі Лось

Каляіны мая - патанулі ў леце.

У дажджлівы чэрвень лёс мяне завёз.

Ў навальнічным леце, маляўнічым свеце

Раптам апынуўся мой дзявочы воз...

 

Мне даносіць вецер дзіўны пах шыпшыны,

І рыпіць рахмана на ухабах вось.

Патанулі ў леце мая каляіны...

Не перакуліся, мой зялёны воз!

 

 

 

КОННІК

Анатолю Сысу

Да цябе - ідуць мае сны,

Да цябе - ідуць мае мары.

Да цябе мой конь вараны

Па жыцці ляціць зацугляны.

 

І няма прывабней красы,

І няма пранізлівей шчасця -

Ў тыя валасы-каласы

На ляту скаціцца і ўпасці!

 

Хваля болю хлыне затым.

Адляціць душа да нябёсаў...

Меншае жаданнем адным -

Аб далейшай еднасці лёсаў.

 

 

 

МАНАЛОГ РЫБІНЫ

Уладзіміру Някляеву

Адпусці мяне ў воды празрыстыя,

Малады шэравокі рыбак,

Дзе стракозы, дзе вольхі вячыстыя,

Дзе чакае мяне мой шчупак!

 

Ён пад голлем старога алешніку

Скаламуціць ваду у журбе...

Адпусці мяне ў воды нягрэшныя,

Я не стану сяброўкай табе.

 

Замалая, нямая, халодная,

Ну, нашто я табе - акрамя

Як вячэра ў часіну галодную?

І забудзеш маё ты імя...

 

Вось і вочы табе я запырскала.

Ці то слёзы? Не ўцямлю ніяк...

Адпусці мяне ў воды празрыстыя,

Малады, спалатнелы рыбак!

 

 

* * *

Адаму Глобусу і Анатолю Сысу

Мазгі, адпачніце хвілінку!..

Нас трое. Тры знакі прыпынку,

Тры таленты мы паэтычных:

Шматкроп'е, Пытальнік і Клічнік.

 

Мы быццам трохкутнік класічны -

Любоўны, адвечны, трагічны!

Тры таленты мы паэтычных:

Шматкроп'е, Пытальнік і Клічнік.

 

Тры ролі ў спектаклі сталічным,

Тры маскі пачуццяў лірычных...

Тры таленты мы паэтычных:

Шматкроп'е, Пытальнік і Клічнік.

 

 

"ПАКУЛЬ!.."

Вітаўту Чаропку

"Пакуль!" -

З тваіх вуснаў выляцела куляй

 

І трапіла мне у сэрца.

"Пакуль!" - рыкашэтам назад нясецца.

 

Пакуль паміж намі спагада, любоў,

Ты мне не кажы гэтых вогненных слоў.

 

 

 

СМУТАК

Адаму Глобусу

А сёння

жанчыны

у чорных ватоўках

зграбалі жоўтую прыгажосць -

асенняе лісце -

пад ліпамі...

 

 

 

* * *

Анатолю Сысу

Чакала ад яго

спагады і збавення,

Гарачага агню

язычніцкіх замоў,

А выйшла толькі ўсё

як непаразуменне,

І не злучылі нас

Каханне і Любоў.

 

Ён сёння - чорны птах,

за ім палююць дзеці.

Вялікі чорны птах

з параненым крылом.

Балюча мне чытаць

хоць у якой газеце

Яго шляхетны верш,

пашкоджаны агнём.

 

Абвугленных радкоў

мне страшна дакранацца,

Сціскаецца ў грудзях

сляпое сэрца зноў.

Здаецца, падышла б...

Няма чаму здавацца:

Не захацелі нас

Каханне і Любоў.

 

 

АДВЕЧНАЕ ЎРАЖАННЕ

Міколу Цудзіку

Мастак, сучасны і заўсёдны,

Свет адлюстроўвае прыродны,

І паўтарае яго пэндзаль

Прыроды вытанчаны вензель

На палатне чатырохкутным -

Як быццам на крыжы пакутным

У рысах кветак, траў, бяроз

Згадзіўся смерць прыняць Хрыстос!..

 

 

ЧАРАЎНІЦА

Раісе Баравіковай

"Кватэра, дзе мерка зялёнага цюлю

На вокнах гасцінай навекі застыла...

Няўжо я нікога адсюль не ўратую?

Няўжо я сваё чараўніцтва забыла?"

 

І лёгка прайшла праз аконныя дзіркі,

Бязважна ступіла на ворс дывановы.

Абрала дзіця - і захутала ў пыльнік,

Змяніўшы дыван на дзірван і дубровы...

 

І з гэтай пары маё сэрца блукае,

Дзе пахне чабор, дзе зязюля кукуе.

Гукае - і ўсё чараўніцу шукае...

 

 

 

ЧАС НУЛЬ

Чайцы па імені Джанатан Лівінгстон - Алесю Разанаву

Я ніхто, мяне няма.

Блізкія па звычцы бачаць.

Учарашніх апранах

Рэшткі між людзей маячаць.

 

Я ніхто, мяне няма.

Я пачула зорак зовы,

Шоргат блізкага крыла,

Дзёрзкі ўскрык невыпадковы.

 

О, бывай, мая радня,

Мае людцы дарагія!

Бо смяротная гульня

Ўдасканальвання стыхія!

 

І не ведаю сама,

Што адбудзецца са мною.

Звон далёкага звана

Паміж небам і зямлёю...

 

 

 

МАРА НЯБЕСНАЯ

Ігару Сідаруку

Хачу быць кветкай

У ціхім садзе,

У залатым нябесным градзе...

 

І каб ты на мяне глядзеў,

Вачэй поўны,

Агністы леў...

 

 

 

ДУДАЧКА

Юрасю Барысевічу

Тваё імя да дудачкі падобнае:

Простае, вузкае.

Да вуснаў паднясу яго я,

Падзьму - і музыка!..

 

Тваё імя ляціць галубкаю

Да падваконня,

Раскрыўшы белы веер гукаў:

Даверу момант...

 

Тваё імя? Стовокі і столапы

Магутны звер

Нябачныя прасторы краты

Сціскае, рве!!!

 

Тваё імя - лясное рэха: хуткае

І не далёкае.

Скрозь ноч яго шапчу ціхутка я -

І чую водгукі.

 

 

 

МІЖЗЕМНАЕ МОРА

Леаніду Дранько-Майсюку

Між земляў зла, між земляў гора -

Нябачнае пяшчоты мора.

 

Яно калісь - усіх нас прыме,

Ласкава хвалямі абніме.

 

І зразумеем мы, што шчасце

Не ў бацькаў - матчын дом вяртацца.

 

...Ляжыць на беразе рудое

Ламачча: скіпетр? ці зброя?

 

 

 

СЛОВА

Алесю Адамовічу

Не спачатку - ў канцы было Слова,

Было Слова над ровам.

 

Няўжо ўсё чалавецтва - на дровы,

Каб шугала да скопішчаў зоркавых?

 

Як зацягвае ў дзірыну чорную

Усю нашу гісторыю!

 

І злавеснай касмічнай вароны

Карк над каркам шалёны...

 

 

 

КЛАДАЧКА ТОНЕНЬКА

Алесю Разанаву

...І мы станем багіней і богам,

Створым свет са слоў, з "анічога".

 

І па кладачцы - тоненькай, серабрыстай -

Папераводзім у свет той чысты

 

Усіх, каго любім, усё, што шкадуем,

У вобразах - яркіх, жывых: уратуем.

 

 

 

КАЛЯДНАЯ КАЗКА

Ігару Сідаруку

Анёл уструбіў узвышана

На блішчастай трубе:

"Палюбі бліжняга,

Як самога сябе!.."

 

І белых сняжынак прыгаршчы

Кінуў ён на зямлю.

"Палюбі бліжняга..."

Менск. Каляды. Люблю.

 

 

 

* * *

Алесю Разанаву

"Ты маленькая", - кажа Ён.

"Ты вялікая", - кажа Свет.

 

 

"А, ты там-та і там-та..." -

рассеяна губляе Ён.

"Ты заўсёды у цэнтры ", -

запэўнівае мяне Свет.

 

"Ты - нешта..." - недагаворвае Ён.

І спяшыць.

Ён заўседы спяшыць!

"Ты - усё" - уліваецца ў мяне Свет

і поўнасцю ўмяшчаецца

у межах майго цела.

 

Прыслухоўваюся: недзе там і Ён,

Маё вечнае, неразумнае дзіця...

 

 

 

 

СЫН ЯБЛЫНІ

Міхаілу Шэлехаву

- Сын яблыні

Прысніўся сёння мне.

Ён плакаў

На зялёным дзірване,

А побач -

Выгіналася мяжа,

Каля якой,

Спавіты, ён ляжаў...

 

- Сын яблыні

Прысніўся ноччу мне.

Стаяў пад ёй -

Нагамі ў дзірване,

Рукамі -

Ў белапеннае галлё.

І сэрца

Калацілася маё!..

 

- Сын яблыні

Ізноў прысніўся мне.

Сядзеў адзін

На ссохлым дзірване.

А ў небе - хмара

Белая плыла,

Як быццам яблыняй

Раней была...

 

 

 

* * *

Славаміру Адамовічу

Мне хочацца абкласці цябе кветкамі,

Малады, смуглявы паэт.

 

Белымі і ружовымі гваздзікамі,

Вільготнымі лілеямі кахання.

 

Каб ты стаў шчаслівы і ціхі,

Каб цябе пакінула ліха...

 

І з чаго яна ўзнікае,

Невыносная любасць такая?..

 

Не са смецця расце верш, а з болю:

Што ніколі - так - не збліжуся з табою.

 

І ніколі ўжо, ніколі не дарую

Твайго слова сілу, дзёрзкую і злую.

 

 

 

ВОГНЕННЫ ВОЎК

Генадзю Бардышаву

Ты ўжо вогненны воўк,

ваўчаня,

ты ўжо вогненны воўк.

І па лесе са слоў

цяпер рыскаць табе па начах,

не шкадуючы лап,

І шукаць невядомых, нябачных,

танчэйшых за нітку

дарог.

(І прыручанага каня

чуць на ўзлеску

далёкі спалоханы храп!..)

 

 

Ты ўжо вогненны воўк,

ваўчаня,

ты - навучаны воўк!

Менш патрэбны табе

стануць бляклыя,

без палявання дні...

А як золак успыхне

між дрэваў -

тонкі пунсовы шоўк, -

Пад ялінай зялёнай

і вечнай

прыляж і засні:

 

Ты ўжо Вогненны воўк.

 

 

 

СЯСТРА

Вользе Седаковай, паэтцы

Сястра! Гэта ты? Адгукніся

Мне з цемры глыбокай, жывой.

З табой гэтак блізка сышліся

Мы тут, у вандроўцы зямной!

 

І радасна мне, і трывожна

Паслухаць аповесць тваю.

А можа, і мне што няможна?

І я што замала раблю?

 

Адкуль ты? З Кітайшчыны мілай,

Вялікіх пяшчотных глыбінь?

Якая вясёлая сіла

У іхніх няхітрых "янь-інь"!

 

І я там калісьці бывала,

І я там калісьці жыла.

І тое жыццё ўпадабала

І доўга забыць не магла.

 

Для шчасця не важныя рэчы:

Рассыпваюцца пад рукой.

Адно толькі - радасць сустрэчы

З такімі ж, такім жа, такой...

 

- Сястра! Гэта ты? Адгукніся

Мне з цемры глыбокай, жывой.

З табой гэтак блізка сышліся

Мы тут, у вандроўцы зямной!

 

 

 

РЫЦАР ГІСТОРЫІ

Ігару Грабенчуку

1.

Рыцар гісторыі!

Серабрыстыя

Латы твае

ад кожнага руху

маланкамі бліскаюць!

 

Тваё разбуральнае,

нястрыманае дыханне

Кладзецца на вецер -

і, як галубы,

трывожна буркочаць вулканы.

 

Травой па вясне

паўстаюць гарады -

І жаўцеюць

па восені войнаў.

Манахамі,

ціха й павольна,

блукаюць тады

Па забыцця белым снезе

ўчарнелыя птахі -

вароны...

2.

Рыцар гісторыі,

Ордэна крывавай Пунсовай подвязкі!

Глянь: над Еўропай

дымам гаркавым

сцеляцца даўнія казкі!

 

Быццам бінтамі-пялёнамі,

ногі яны спавіваюць,

Вэлюмам, шнурам шаўковым

пяшчотна і моцна трымаюць...

 

Што "падвязана",

ці будзе калісь развязана -

Пэўна разблытана,

спрошчана, поўна спазнана?

 

Рыцар гісторыі!

Ордэн падвязкі Пунсовай

 

Мечам і полымем піша

свае запаветныя словы!..

3.

" - Юны рыцар! Мой мілы, бяды нам тае!

Знімі шолам з бялявай сваёй галавы.

Пакладзі мне кудзеры твае

На калені з лілей і травы..."

 

 

 

БЫВАЙ!

Міколу Раманоўскаму

Я сказала табе: "Бывай!"

Гэтых гукаў пунсовых суквецце

Падхапіў з маіх вуснаў вецер

І панёс за сівы небакрай...

 

Я сказала табе: "Бывай!"

Гэта значыць: "Вітаю сустрэчу!

Ты ў мінулым, у будучым - вечным

Гэтаксама няўмольна ўзнікай!"

 

І хай вецер далёкі нясе

Па глыбокім, сцюдзёным Сусвеце

Гэтых гукаў пунсовых суквецце:

"Да сустрэчы! Бывай пакрысе!.."

 

 

Біяграфічная даведка пра адрасатаў прысвячэнняў

 

1. Адамовіч Алесь (1927-1994) - беларускі пісьменнік, празаік, літаратуразнавец, крытык. Аўтар кніг "Я з вогненнай вёскі..." (у сааўтарстве з Я.Брылём і Ў.Калеснікам), "Выберы - жыццё", "Апакаліпсіс па графіку", аповесці "Апошняя пастараль".

2. Адамовіч Славамір (1962-) - беларускі паэт, журналіст. Аўтар кніг паэзіі "Каханьне пад акупацыяй", "Плавільшчыкі расы".

3. Артханаў Глеб (1955-) - расейскамоўны паэт, аўтар перакладу "Бхагаватгіты" на расейскую мову, а таксама паэзіі і прозы беларускіх аўтараў.

4. Бабкоў Ігар (1964-) - беларускі паэт, філосаф. Аўтар кніг паэзіі "Solus Rex" і "Герой вайны за празрыстасць".

5. Баравікова Раіса (1947-) - беларуская паэтэса, празаік і драматург. У сярэдзіне 1980-х гг. вяла моладзевае літаб'яднанне "Крыніцы" пры газеце "Чырвоная змена".

6. Бардышаў Генадзь (1959-) - расейскамоўны паэт, перакладнік вершаў Еўдакіі Лось на расейскую мову.

7. Барысевіч Юрась (1966-) - беларускі культуролаг, аўтар кнігі "Цела і тэкст".

8. Бембель Алег (1939-) - беларускі паэт, філосаф, навуковец, музыкант, аўтар паэтычных кніг "Рэха малітвы", "Саната ростані". Зараз паслушнік манастыра ў Жыровічах.

9. Васільева Наталля (1956-) - мастачка, хатняя гаспадыня.

10. Глобус Адам (1958-) - беларускі паэт, празаік, кнігавыдавец. Аўтар кніг "Парк", "Адзінота на стадыёне", "Дамавікамерон", "Толькі не кажы маёй маме" і інш.

11. Грабянчук Ігар (1968-) - гісторык, краязнаўца.

12. Дранько-Майсюк Леанід (1957-) - беларускі паэт, аўтар кніг "Вандроўнік", "Акропаль" і інш.

13. Дубавец Сяргей (1959-) - беларускі журналіст, празаік, крытык. Галоўны рэдактар газеты "Наша ніва", якая ў 1-ай палове 1990-х гадоў выходзіла ў Вільні.

14. Дубянецкая Галіна (1962-) - беларуская паэтка, аўтарка адмысловых падборак вершаў у перыёдыцы, адзначаных прэміямі.

15. Лось Еўдакія (1929-1977) - беларуская паэтэса. Аўтарка кніг паэзіі "Сакавік", "Лірыка ліпеня" і інш.

16. Някляеў Уладзімір (1946-) - беларускі паэт. Аўтар зборнікаў "Адкрыццё", "Вынаходцы вятроў" і інш. На пачатку 1980-х гг. працаваў літкансультантам у газеце "Знамя юности".

17. Разанаў Алесь (1947-) - беларускі паэт, аўтар паэтычных зброрнікаў "Каардынаты быцця", "Вастрыё стралы" і інш. "Яго паэзіі характэрны філасофскі роздум над глыбокім і бясконцым светам прыроды, быццём і духоўнымі магчымасцямі чалавека" (энц. дав. "Беларусь").

18. Раманоўскі Мікола (1970-) - перакладнік "Трышчана і Іжоты" на старабеларускую мову. Лаўрэат прэміі на лепшы фільм у жанры вуснага кіно.

19. Седакова Вольга (1949-) - расейская паэтэса, аўтарка кніг філасофскай паэзіі "Кітайская вандроўка", "Брамы, вокны, аркі". Некалькі разоў прыязджала ў Беларусь.

20. Сідарук Ігар (1964-) - беларускі паэт, празаік, драматург. Аўтар п'есы "Збавіцель" пра нараджэнне Ісуса Хрыста.

21. Сыс Анатоль (1959-) - беларускі паэт, аўтар кніг "Агмень" і "Пан лес".

22. Турбіна Любоў (1942-) - расейскамоўная паэтэса, аўтарка кніг "Сны-гарады", "Горад любові" і інш.

23. Хатэнка Антаніна (1956-) - беларуская паэтэса, фалькларыстка, аўтарка кнігі "Зніч крыжовых дарог".

24. Хлебнікаў Велямір (1885-1922) - расейскі паэт, філосаф, штукар, вынаходнік.

25. Цудзік Мікола (1949-1999) - беларускі мастак, пейзажыст, шукальнік ісціны.

26. Чаропка Вітаўт (1961-) - беларускі празаік, папулярызатар айчыннай гісторыі, аўтар кніг пра сівую даўніну.

27. Шэлехаў Міхаіл (1954-) - расейскамоўны паэт, аўтар адзінага зборніка вершаў на беларускай мове "Сын яблыні".


2000?

Тэкст падаецца паводле выдання: Сільнова, Л. Зеленавокія воі і іх прыгажуні: Вершы з прысвячэннямі / Людка Сільнова. - Мн., 2000. - 53 с., [3] л. каляр. iл. - (Серыя "Інтэрнэт беларускі")
Крыніца: скан